Дзень у гісторыі. 30 мая. Спалена Жанна д’Арк. Трагедыя на Нямізе. Нарадзіліся спявак С. Мігай, навуковец В. Кіпель. Памёр паэт Г. Бураўкін.

1431 год. У Руане спалена Жанна д’Арк (1412-1431).

Нацыянальная гераіня Францыі, адна з галоўных камандуючых французскіх войскаў у Стогадовай вайне.

Каб цалкам падпарадкаваць Францыю, ангельцам трэба было ўзяць Арлеан.

Жанну наведвалі бачанні яшчэ ў дзяцінстве, а ў 17 гадоў ёй з’явіліся Святыя, пераконваючы ісці да законнага караля Карла VII і выратаваць краіну. Увесну 1429 года яна прыбыла ў замак Шынон, дзе знаходзіўся Карл VII, і абвясціла яму, што яе “галасы” паведамілі ёй: яна абрана Богам, каб зняць аблогу з Арлеана, а затым узвесці Дафіна на трон і выгнаць захопнікаў з каралеўства.

Карл пасля ваганняў перадаў Жанне камандаванне войскамі, з якімі яна адправілася ў Арлеан. Пагалоска, што Жанна – менавіта тая панна, што выратуе Францыю, натхніла войска, і ў выніку шэрагу бітваў, аблога Арлеана была знята, і за гэтым рушыла серыя перамог французскіх войскаў. Яны пераканалі французаў, што Бог лічыць іх справу правым і дапамагае ім.

23 траўня 1430 года Жанна патрапіла ў палон да ангельцаў. На царкоўным судзе ў Руане яна была абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве, асуджана на смерць.

У 1455-1456 гадах у Буржы прайшоў працэс пасмяротнай рэабілітацыі Жаны д’Арк, а 16 мая 1920 года яна была прылічана каталіцкай царквой да святых.

1780 год. Адбылася закладка Кацярынай ІІ і Іосіфам ІІ Іосіфаўскага кафедральнага сабора ў Магілёве.

Будаваўся з цэглы ў 1780-1798 гадах архітэктарам Мікалаем Львовым. 

Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі. Зруйнаваны ў 1937 годзе ў адпаведнасці з ажыццяўленнем генеральнага плана забудовы сталічнага Магілёва. На яго месцы пабудавалі гатэль “Дняпро”. 

У кастрычніку 2011 года агучваліся планы гарвыканкама аб аднаўленні сабора

1888 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Мігай (1888-1959).

Артыст оперы (барытон), спявак Вялікага тэатра, Ленінградскай оперы, прафесар Маскоўскай кансерваторыі, Народны артыст РСФСР.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка.

Скончыў Магілёўскую гімназію, Адэскае музычнае вучылішча, Оперную студыю К. Станіслаўскага.

Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна) і іншыя.

Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў С. Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.

У Магілёве яго імем названы завулак.

Памёр 8 снежня 1959 года ў Маскве. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Ленінградзе (Пецярбургу).

1896 год. У Рагачове нарадзіўся Канстанцін Саннікаў (1896-1965).

Беларускі і савецкі рэжысёр, акцёр, Народны артыст БССР, Лаўрэат двух Сталінскіх прэмій. Дзед Андрэя Саннікава, палітычнага і грамадскага дзеяча, кандыдата у прэзыдэнты на выбарах 2010 года.

На сцэне з 1916 года. Скончыў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працаваў у коласаўскім тэатры, кіраваў 3-м беларускім тэатрам, быў мастацкім кіраўніком купалаўскага тэатра, прафесарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Памёр 12 ліпеня 1965 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

К. Саннікаў у фільме “Несцерка”.

1927 год. Нарадзіўся Вітаўт Кіпель (1927-2022).

Беларуска-амерыканскі грамадскі дзеяч і публіцыст, намеснік Старшыні Рады БНР, доктар мінералогіі, ганаровы доктар Гродзенскага ўніверсітэта, адзін з кіраўнікоў скаўцкага руху беларусаў у эміграцыі і амерыканскага скаўцкага руху.

Разам з жонкай Зорай Кіпель сабраў і сістэматызаваў найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе.

У 1933-1942 гадах разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся ў Мінску, пакуль у 1944 годзе не выехаў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы, Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) са спецыяльнасцю геолага.

З 1955 года жыў у ЗША.  Працаваў у Балтымарскім універсітэце, бібліятэкарам у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, выкладаў у беларускай школе ў Брукліне, супрацоўнічаў з радыё «Свабода». Перадаў на захаванне ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку 171 скрыню з матэрыяламі па беларусістыцы, якія збіраў і сістэматызаваў.

Памёр 3 снежня 2022 года. Пахаваны ў Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі на беларускіх могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам многіх арганізацый, у тым ліку Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшынём Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у т. л. артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях. У 1993 годзе ў Мінску выйшла яго манаграфія  “Беларусы ў ЗША”.

1946 год. У Віцебску нарадзіўся Вальдо Калінін.

Беларускі цыган, падданы Вялікабрытаніі, паэт (на цыганскай і беларускай мовах), перакладчык.

Скончыў Калінінскі педінстытут (зараз – Цвярскі ўніверсітэт), Біблейскі каледж у ірландскім Белфасце.

Служыў у паветрана-дэсантных войсках. Працаваў у Віцебску настаўнікам, загадчыкам кафедры замежных моў Інстытута ўдасканалення настаўнікаў, перакладчыкам рэлігійнай літаратуры. У Ірландыі зацікавіўся старажытнымі яўрэйскай і грэчаскай мовамі, у віцебскай сінагозе вывучыў ідыш.

Перакладчык Бібліі на цыганскую мову.

Пра пераезд у Вялікабрытанію кажа: “Я не лічу сябе эмігрантам, і я не эмігрант. Я паехаў працаваць… беларусы, пакінуўшыя Бацькаўшчыну, якія ніколі ў жыцці не размаўлялі па-беларуску, там, у Лондане, усе пачалі размаўляць паміж сабой на роднай мове.  Мы шануем толькі бел-чырвона-белы сцяг, спяваем гімн “Магутны Божа”… Я ўсюды кажу, што мая Радзіма – Беларусь”.

1933 год. Памёр ураджэнец Пружанаў Сямён Гершгорын (1901-1933).

Матэматык. Прафесар. Працаваў у галіне дастасоўнай матэматыкі.

Скончыў Петраградскі тэхналагічны інстытут. Працаваў у Ленінградскім політэхнічным інстытуце. Займаўся працамі па алгебры, тэорыі функцый, набліжаных і колькасных мэтадах (тэарэма Гершгорына для малых ваганняў у мэтадах функцыянальнага аналізу), колькасным і механічным інтэграванні дыфэрэнцыйных раўнанняў з частковымі вытворнымі.

Аўтар кругавой тэарэмы па тэорыі матрыцаў. Яго даследванні паспрыялі з’яўленню новага класу аналагавых вылічальных машын.

1975 год. У Магілёве нарадзіўся Зміцер Грумо.

Дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі НАНБ, геабатанік, эксперт міжнародных праектаў Глабальнага экалагічнага фонду і праграмы развіцця ААН па пытаннях стварэння асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, развіцця экатурызма, другаснага забалочвання.

Выхаванец біялагічнага факультэта МДУ імя А. Куляшова (1997).

Аўтар першай кнігі па асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях Магілёўскай вобласці.

1990 год. Да Магілёва дайшлі хвалі карпацкага землятруса.

У Магілёве адбываліся землятрусы 29 жніўня 1893 года, 4 балы, 12 лістапада 1896 года, 4 балы. Фіксаваліся хвалі карпацкага землятруса і 4 сакавіка 1977 года ў 4-5 балаў.

Карта праяваў сейсматэктанічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі.

1999 год. Адбылася трагедыя на станцыі метро Няміга.

У пераходзе станцыі мінскага метрапалітэну “Няміга” адбылася масавая таўкатня, у якой загінулі 53 чалавекі і пацярпела больш за 250 чалавек – яны хаваліся ад дажджу з градам. 

Трагедыя адбылася на праваслаўную Тройцу, пры правядзенні “Аліварыяй” піўнога фэсту. Большасць загінулых – асобы 14-20 гадоў, уключаючы 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікаў міліцыі. Большасць загінула ад удушша і траўм. Свята было прыпынена толькі праз гадзіну пасля трагедыі. У краіне была абвешчана трохдзённая жалоба.

На месцы трагедыі, 30 мая 2002 года ўсталяваны помнік у выглядзе 53 ружаў, раскіданых па прыступках, малая каплічка з крыжом. 

Крымінальная справа спынена 25 сакавіка 2002 года ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці. Вінаватых у трагедыі не назвалі. 

2001 год. Адкрыццё для наведвальнікаў філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў в. Яхімоўшчына.

Створаны 24 студзеня 1997 года. У Яхімоўшчыне ў 1906-1907 гадах Янка Купала працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары. Тут паэт напісаў многія свае славутыя вершы, сярод якіх “А хто там ідзе?”, “Ворагам беларушчыны”, “Дайце мне волю”, “Гэта крык, што жыве Беларусь…”, якія пазьней склалі першы зборнік “Жалейка”.

Плошча экспазыцыі філіяла больш за 100 м²: у двух пакоях размяшчаюцца экспазыцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Янка Купала – мемарыяльны.

2009 год. У ЗША памёр ураджэнец Беларусі Аба Шагаловіч (1922-2009).

Беларускі шахматыст, майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР, старшыня шахматнай федэрацыі БССР і член прэзідыуму шахматнай федэрацыі СССР. 

Падрыхтаваў каля 20 гросмайстраў, у тым ліку В.Купрэйчыка, В.Дыдышка, міжнародных майстраў Л. Басіна, А.Капенгута, Дз. Навіцкага.

А. Шагаловіч справа.

2014 год. Памёр Генадзь Бураўкін (1936-2014).

Беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч. Cтapшыня Дзяpжкaмiтэтa БССР пa тэлeбaчaннi i paдыёвяшчaннi, дэпyтaт Bяpxoўнaгa Сaвeтa БССР, пacтaянны пpaдcтaўнiк Бeлapyci ў ААН, нaмecнiк мiнicтpa кyльтypы і друку.

У 2000 годзе, сумесна з Р. Гарэцкім і Р. Барадуліным, стаў ініцыятарам і арганізатарам Усебеларускага з’езда за незалежнасць.

Член Беларускага ПЭН-Цэнтра. Быў кіраўніком назіральнага савета тэлеканала “Белсат”.

Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей, дакументальных аповесцяў, сцэнарыяў для фільмаў, літаратурна-крытычных артыкулаў, перакладаў вершаў рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў. Укладальнік кнігі «Наш Быкаў».

На яго вершы напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). «Калыханку» на яго словы кожны вечар у тэлеперадачы пяюць малым Беларусі.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 26 мая. Царкоўны раскол. Перамога “Меркурыя”. Заснавана “Узвышша”. Нарадзіліся джазмен Э. Рознер, дыктар І. Курган

1695 года. Віцебскі летапіс паведамляе пра незвычайныя метэаралагічныя з’явы.

У ім чытаем запіс, які тычыцца Усходняй Беларусі: “У год 1695. Месяца мая, 26 дня … выпаў па калена снег і ляжаў 3 дні”. 

Халодным былі ўсё XVII і пачатак XVIII стагоддзя – “малы” ледавіковы перыяд, які наступіў у сувязі з вулканічнай дзейнасцю ў Амерыцы. Самымі халоднымі зімы былі ў 1709 і 1710 гадах.

У апошнія гады ў Беларусі майскі снег фіксаваўся 12 мая 2020 года.

1666 год. Сабор праваслаўнай царквы адлучыў раскольнікаў. 

Пачаўся царкоўны раскол. Раскольнікі-стараверы сталі ўцякачамі з Маскоўскай дзяржывы і ўтварылі першую сталую групу рускіх на беларускіх землях з дзвюма буйнымі цэнтрамі – вакол Браслава і Відзаў (цяперашні Браслаўскі раён) і вакол Веткі (зараз раённы цэнтр Гомельскай вобласці). Кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі ў 1691 годзе дазволіў стараверам свабодна жыць у дзяржаве. У Ветцы хаваўся ад рускіх улад будучы кіраўнік сялянскага паўстання Е. Пугачоў. Рускія войскі рабілі набегі, у тым ліку трагічныя ў 1735 і 1764 гадах, на беларускія землі і адводзілі стараабраднікаў назад. Раскольнікі ў ХVІІІ стагоддзі рассяліліся па тэрыторыі Мінскай губерні.

У Магілёўскай вобласці стараабраднікі жывуць ва ўсходніх раёнах, Бабруйску і ў Кіраўскім раёне. У 1914 годзе ў Беларусі пражывала 100 тыс. стараабраднікаў. Пра жыццё стараабраднікаў распавядаюць экспазіцыі Веткаўскага музея стараабраднікаў і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава.

https://vetka-museum.by/

1829 год. Перамога “Меркурыя” беларуса А. Казарскага.

Падчас Руска-турэцкай вайны 18-ці гарматны брыг “Меркурый” атрымаў перамогу над двума турэцкімі 110- і 74-гарматнымі лінейнымі караблямі ў раёне Басфорскага праліва.

Калі “Меркурый” нечакана сустрэўся з турэцкай эскадрай з 18 караблёў, А. Казарскі (1798-1833), ураджэнец беларускага г. Дуброўна, вырашыў уступіць у бой. Больш за 3 гадзіны 115 маракоў Казарскага бясстрашна біліся з 1200 туркамі – і выйшлі пераможцамі.

Па-майстэрску манеўруючы і не даючы суперніку скарыстацца дзесяціразовай перавагай у артылерыі, брыг “Меркурый” збіў ядрамі сваіх прылад усё ветразнае абсталяванне непрыяцеля і пакінуў яго ў “цалкам бездапаможным выглядзе”.

У азнаменаванне подзвігу ў Севастопалі на марскім бульвары быў усталяваны помнік з надпісам на пастаменце: “Казарскаму. Нашчадству ў прыклад…”. 

Знакаміты мастак І. Айвазоўскі напісаў некалькі карцін, прысвечаных гэтаму бою.

1863 год. У баі з расійскімі карнікамі пад Парэччам каля Докшыцаў загінуў Генрых Дмахоўскі (1810-1863).

Беларускі і амерыканскі скульптар, паўстанец (1830-1831 і 1863 гадоў) на беларускіх землях, удзельнік Львоўскага паўстання 1846 года. 

У ЗША вядомы як Генры Д. Сандэрс. Па сённяшні дзень упрыгожваюць памяшканне Кангрэсу ЗША ягонай працы бюсты Дж. Вашынгтона, Т. Джэфэрсана, Б. Франкліна, Т. Касцюшкі.

1885 год. У Мінску нарадзіўся Барыс Дабрынін (1885-1951).

Карстазнаўца, геамарфолаг, падарожнік, доктар геаграфічных навук, прафесар Маскоўскага, Тбіліскага і Кіеўскага ўніверсітэта.

Скончыў прагімназію Бабруйска, гімназію Гомеля, Маскоўскі ўніверсітэт. Акрамя выкладання ва ўніверсітэтах, працаваў загадчыкам  аддзела Інстытута геаграфіі АН СССР.

Аўтар падручнікаў для геаграфічных факультэтаў універсітэтаў, прац па геаграфіі Дагестана, Маскоўскай вобласці, Еўрапейскай часткі СССР і Каўказа, Заходняй Еўропы.

Памёр 4 верасня 1951 года ў Кіеве. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

1910 год. У Берліне нарадзіўся Эдзі (Адольф) Рознер (1910-1976).

Савецкі беларускі джазавы трубач, скрыпач, дырыжор, кампазітар і аранжыроўшчык. Заслужаны артыст БССР (1944).

Жыў і працаваў у Германіі (1910-1933, 1973-1976), Польшчы (1934-1939) і СССР (1939-1972).  

Пасля далучэння Беластока да БССР пазнаёміўся з беларускім кіраўніком П. Панамарэнка – гарачым аматарам джаза, і пад яго заступніцтвам узначаліў новы вялікі джаз-аркестр, які неўзабаве атрымаў статус Дзяржаўнага джаза БССР. Аркестр Рознера атрымаў спецыяльны цягнік для гастроляў, які практычна стаў домам для аркестра. Любыя складанасці або праблемы вырашаліся дзякуючы ўмяшанню П. Панамарэнкі.

Улетку 1940 гады аркестр з вялікім поспехам даў канцэрты ў шматлікіх гарадах СССР і прыняў удзел у дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. У верасні даў канцэрт ў Сочы для І. Сталіна. Сталіну канцэрт спадабаўся.

Біг-бэнд Рознера быў адным з першых савецкіх джазавых аркестраў, які выконваў музыку ў стылі свінг, і сыграў адну з ключавых роляў у засваенні айчыннымі музыкамі гэтага кірунку музыкі.

У 1946 годзе арыштаваны НКУС у Львове разам з жонкай. Прыгавораны да 10 гадоў лагераў і сасланы ў Хабараўскі край, дзе сабраў лагерны аркестр, потым на Калыму. Вызвалены ў 1954 годзе.

Адзін з найбольш папулярных джазавых артыстаў у СССР, чые запісы былі двойчы забаронены. Аўтар джазавых кампазіцый, а таксама танга, вальсаў, песень (на словы Ю. Цэйтліна, М. Пляцкоўскага, В. Маса, М. Чарвінскага, Я. Далматоўскага, У. Харытонава, Л. Кукса, Р. Пажэняна, Б. Дворнага і іншых) і джазавых аранжыровак.

Памёр 8 жніўня 1976 года ў Заходнім Берліне.

1909 год. Нарадзіўся Часлаў Ханяўка (1909-1988).

Беларускі грамадскі дзеяч. Стрыечны брат В. Жук-Грышкевіча.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію, Віленскі ўніверсітэт.

У Другую сусветную вайну ў 1939 годзе ў Вільні стаў сузаснавальнікам Беларускай незалежніцкай партыі.

Падчас нямецкай акупацыі дзейнічаў у Беларускім камітэце ў Беластоку і Беларускім камітэце ў Варшаве.

З пачатку 1950-х жыў у ЗША ў Саўт-Рыверы. Актыўна дзейнічаў у беларускім асяроддзі, сузаснавальнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, адзін з кіраўнікоў арганізацыі «Беларуска-амерыканская дапамога».

Памёр 2 ліпеня 1988 года ў Саўт-Рыверы, ЗША.

Саўт-Рывер. Царква Св. Еўфрасінні Полацкай.

1926 год. Заснавана беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне “Узвышша”.

Заснавана групай былых сяброў літаб’яднання “Маладняк”. Старшыня – К. Чорны, намеснік – К. Крапіва, сакратар – А.Бабарэка. З магілёўцаў у арганізацыю ўваходзілі  В. Шашалевіч,  А. Мрый (А. Шашалевіч). Арганізацыя ставіла перад сабой задачы: дасягнуць вяршыні нацыянальнай літаратуры шляхам вучобы i выхавання талентаў, пераадолення эпігонскіх тэндэнцый i стварэння арыгінальнай школы літаратурнага мастацтва праз развіццё высокай культуры мовы, арганічнае спалучэнне рэалістычных традыцый са смелым наватарствам. Праіснавала па снежань 1931 года. Савецкая крытыка 1930-1950-х гадоў адносіла аб’яднанне да варожых сацыялізму арганізацый. Літаратурныя дасягненні “Узвышша” аб’ектыўна ацэнены толькі ў 1950-1960 гадах.

«Узвышша»: першы рад: Я. Пушча, А. Бабарэка, У. Дубоўка, К .Чорны, З. Бядуля, К. Крапіва. Другі рад: М. Лужанін, С. Дарожны, А. Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка. Мінск. 1929 г.

1926 год. Нарадзіўся Ілля Курган (Эйдэльман, 1926-2019).

Беларускі акцёр, дыктар радыё, “беларускі Левітан”, педагог, заслужаны артыст Беларусі, прафесар кафедры сцэнічнай мовы акадэміі мастацтваў і ўніверсітэта культуры.

Большасці беларусаў вядома фраза: “Гаворыць Мiнск. У мiкрафона Iлля Курган”. У эфіры беларускага радыё І. Курган працаваў з 1949 года. Прозвішча “беларускі Левітан” яму даў сам Левітан пасля выпадку, калі Кургану прыйшлоя вясці трансляцыю пасяджэння ЦК замест Левітана, які спазніўся, а потым канстатаваў: “Вам не патрэбен Левітан, ёсць у вас Ілля Курган!”.

1977 год. Памёр Янка Пачопка (1890-1977).

Беларускі паэт, фалькларыст, аграном, публіцыст, свецкі праваслаўны і культурны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху пачатку XX стагоддзя.

Выдаў шэраг кніг сельскагаспадарчай тэматыкі. Выдавец рэлігійнага выдання «Праваслаўны Беларус». У 1939-1958 гадах працаваў аграномам.

Блізкі сябар Язэпа Драздовіча, які рыхтаваў ілюстрацыі да яго кніг, Міхася Машары.

Аўтар перакладаў з рускай мовы ў «Нашай Ніве», вершаў.

1999 год. Памерла Лідзія Ялоўчык (Лісок, 1911-1999).

Беларуская пісьменніца, паэтэса, педагог.

Вучылася ў Оршы, Гродна.

Працавала на Гродзенскім радыёвяшчанні, у лясгасе, настаўнічала ў школах Гродзенскай вобласці.

Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей. Пісала пераважна пра мінулае, удзяляючы значную ўвагу жыццю беларускай моладзі ў даваеннай Польшчы і ў час вайны.

Фота з адкрытых крыніц.

25 мая ў гісторыі. Дзень памяці Максіма Багдановіча. «Няўдзячнае сэрца». Тэатр оперы і балета. З’явіліся “зайчыкі”.

Міжнародны дзень зніклых дзяцей (International Missing Children’s Day, з 2010 года).

Гэта дата вядзе сваю гісторыю з ЗША, а сімвалам Дня з’яўляецца выява сіняй незабудкі.

У гэты дзень у 1979 годзе па дарозе дадому знік амерыканскі 6-цігадовы школьнік Эвіян Пейтс, яго шукалі ўсім светам, справа атрымала шырокі рэзананс, але пошукі не мелі поспеху. Праз 4 гады пасля гэтай падзеі прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган абвясціў 25 траўня Нацыянальным днём зніклых дзяцей, а яшчэ праз год, у 1984-м, быў заснаваны Нацыянальны цэнтр пошуку зніклых і эксплуатаваных дзяцей.

Неўзабаве дадзеную ініцыятыву падтрымалі і ў шэрагу еўрапейскіх краін, і ў 1997 годзе быў створаны Міжнародны цэнтр пошуку дзяцей, якія зніклі і эксплуатуюцца. Менавіта па яго ініцыятыве ў 2010 годзе і быў заснаваны Міжнародны Дзень зніклых дзяцей.

Зніклае дзіця – гэта надзвычайнае здарэнне сусветнага маштабу, а для бацькоў няма нічога горш дадзенага факту. І заснаванне гэтага Дня стала спробай прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да праблемы знікнення непаўналетніх, да праблемы абароненасці дзяцей ад выкраданняў, цяжкіх жыццёвых сітуацый і супрацьпраўнай эксплуатацыі.

1780 год. Прыём Кацярыны II у Магілёве духоўных асоб.

У доме генерал-губернатара былі прыняты Магілёўскі праваслаўны біскуп Г. Каніскі і біскуп Беларускіх каталіцкіх цэркваў С. Богуш-Сестранцэвіч з канонікамі і іншымі духоўнымі асобамі.

1792 год. Геранёны атрымалі герб «Няўдзячнае сэрца».

Зараз гэта аграгарадок у Іўеўскім раёне. 

Раней існавалі Манівідавы Геранёны (цяперашнія Суботнікі), Жыгімонтавы Геранёны (Зыгмунцішкі) і Гаштольдаўскія, альбо Мураваныя, Геранёны, за якімі ўрэшце і засталася назва. 

Упершыню згадваюцца ў 1411 годзе. У мястэчку Гаштольды пабудавалі замак. Пры каралю Аўгусце III (1733-1763) Геранёны атрымалі магдэбургскае права (паводле іншых крыніц, у 1630-я гады).

1907 год. У Вільні адбыўся з’езд настаўнікаў.

Створаны Беларускі настаўніцкі саюз. Ва ўмовах рэакцыі пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гадоў саюз не змог разгарнуць шырокую дзейнасць і спыніў існаванне.

Адноўлены намаганнямі І. Луцкевіча ў час 1-й сусветнай вайны, але забаронены германскімі акупацыйнымі ўладамі.

І. Луцкевіч

1917 год. У Ялце памёр Максім Багдановіч (1891-1917).

Беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык. Зорка беларускай паэзіі.

Напэўна, няма такога беларуса, які б не ведаў хоць некалькі радкоў з вершаў паэта, не захапляўся ім як асобай і чалавекам.

Яго спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры.

Упершыню пачаў гутарыць на беларускай мове ў 1895 годзе ў в. Вяззе (зараз – Асіповіцкі раён), калі гасцяваў у сваякоў. Там цяпер усталявана мемарыяльная шыльда (на доме сваякоў, з 1986 года – будынак спартовай базы).

Асноўны кірунак яго творчасці – патрыятычнае служэнне сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню беларускага народа.

Сузаснавальнік пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў беларускай паэзіі. Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гістарычнай тэмы і урбаністычных матываў.

Яго творчасць мела першаступеннае значэнне ў гістарычным самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва.

Пераклаў на беларускую мову вершы П. Верлена, Э Верхарна, Г. Гейнэ, А. Пушкіна, Авідзія, Гарацыя і іншых паэтаў, на рускую – творы Янкі Купалы, Т. Шаўчэнкі, І. Франко.

Пахаваны на Старых могілках у Ялце.

У 1980-х гадах уздымалася пытанне пераносу праху паэта з Ялты ў Мінск.

Працуюць музеі паэта ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі, яго імя носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, беларускія школы і бібліятэкі.

Помнікі паэту пастаўлены ў Яраслаўлі, Мінску.

У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА “Гадавіны выдатных асоб і падзей”.

1937 год. Нарадзіўся Сяргей Сідор (1937–1998).

Вучоны, педагог,  доктар педагагічных навук, беларускамоўны прафесар БДУ, дзеяч ТБМ, БНФ, аўтар падручнікаў па геаграфіі Беларусі (1989-1990-я).

У 1971–1974 гадах працаваў на кафедры эканамічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

Часта яго называюць “Смоліч” геаграфіі 1990-х гг., бо яго намаганнямі, геаграфія Беларусі стала вывучацца ў школах як асобны прадмет і на працягу года. Раней геаграфія краіны асобна не вывучалася, хаця падручнікі былі.

Апісаў Беларусь у геаграфічным ракурсе («Геаграфія Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», «Займальная геаграфія Беларусі», «Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах»).

1938 год. У Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета.

Зараз Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета – адзіны ў Беларусі тэатр оперы і балета, адзін з двух музычных тэатраў краіны разам з Музычным тэатрам. Галоўная музычная і тэатральная пляцоўка краіны.

Размешчаны ў гістарычным раёне Мінска – Траецкім прадмесці ў велічным будынку, акружаным маляўнічым паркам.

Будынак оперы – помнік міжнароднага значэння, узор савецкага канструктывізму з элементамі ар-дэко (архітэктары І. Лангбард, Г. Лаўроў).

Пастаноўкі большасці спектакляў у тэатры ідуць на мове арыгінала, а таксама на  беларускай і рускай.

1942 год. Памёр у ГУЛАГу Іван Замоцін (1873-1942).

Беларускі літаратуразнаўца. Акадэмік Акадэміі навук БССР, член-карэспандэнт АН СССР. Доктар філалагічных навук. Прафесар Варшаўскага, Пецярбургскага, Данскога, Беларускага ўніверсітэтаў.

Адзін з пачынальнікаў беларускага літаратуразнаўства XX стагоддзя. Першы загадчык кафедры беларускай літаратуры і этналогіі БДУ. Дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР.

Складальнік і рэдактар выданняў М.Багдановіча, Алеся Гаруна, Паўлюка Труса, Цёткі і іншых.

Арыштаваны ДПУ БССР у 1938 годзе, асуджаны да зняволення ў лагерах.

1943 год. Партызаны ў Шклоўскім раёне паставілі рэкорд.

Партызаны брыгады “Чэкіст” адначасова разграмілі тры варожых гарнізона ў вёсках Шклоўскага раёна.

1948 год. У Польшчы расстраляны сталінскай сакрэтнай службай бяспекі Вітольд Пілецкі (1901-1948).

Жаўнер Другой Польскай рэспублікі, заснавальнік падпольнай арміі супраціўлення, ваенны Арміі Краёвай.

Дзеля таго, каб атрымаць звесткі пра злачынствы нацыстаў, пагадзіўся на ўвязненне ў канцлагеры Асвенцім. Падчас перабывання ў канцлагеры арганізаваў рух супраціву, а ў 1943 годзе ўцёк.

Аўтар першага выведніцкага данясення па Асвенціме, дзякуючы якому Польскі ўрад у выгнанні здолеў пераканаць саюзнікаў пра факты Халакосту. Прыняў удзел у Варшаўскім паўстанні.

Пасля вайны застаўся верным ураду ў Лондане і ў 1948 годзе быў абвінавачаны ў працы на «замежны імперыялізм», пад якім меркавана падразумявалася брытанская разведка МІ6.

Да 1989 года звесткі пра яго лёс і ўчынкі замоўчваліся польскімі камуністычнымі ўладамі..

1964 год. Памёр Васіль Залатароў (1872-1964).

Беларускі кампазітар і педагог. Заслужаны артыст Расіі, народны артыст Беларусі. Прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Пачынальнік беларускай акадэмічнай музыкі.

Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М. Балакірава і А. Лядава, Пецярбургскай кансерваторыі па класу М. Рымскага-Корсакава.

Выкладаў у кансерваторыях і музычна-драматычных інстытутах у Расіі, Украіне, Беларусі. Яго вучнямі былі Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, У. Алоўнікаў.

У беларускую музычную культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах народных легенд «Князь-возера», сімфонія «Беларусь», танцавальная сюіта і уверцюра-фантазія на беларускія тэмы для сімфанічнага аркестра, цыкл апрацовак народных песень для голасу з сімфанічным аркестрам «Кантрасты» і іншыя.

Аўтар манаграфіі «Фуга» – першай рускамоўнай працы, спецыяльна прысвечанай гэтай музычнай форме.

В. Залатароў з выпускнікамі С. Нісневіч, М. Вайнбергам, У. Алоўнікавым, Д. Лукасам, Р. Селіцкім, Л. Абеліевічам, Д. Лукас. Мінск, 1941 год.

1970 год. памёр Мікола Абрамчык (1903-1970).

Беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч, публіцыст, інжынер, Прэзідэнт Рады БНР (1947-1970). Дзеяч беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі, Францыі.

Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру, удзельнік антыкамуністычнага руху, прэзідэнт Лігі за вызваленне народаў СССР. Ініцыятар стварэння беларуская рэдакцыі Радыё «Вызваленне/Свабода».

Пахаваны на могілках Пер-Лашэз у Парыжы.

1991 год. У Мінску пачаўся I Міжнародны кангрэс беларусістаў.

Працаваў 25-27 мая 1991 года.

У Беларусі апошні, шосты кангрэс працаваў 27-29 мая 2015 года.

1992 год. У Беларусі уведзена нацыянальная валюта – беларускі рубель.

Адразу ў народзе атрымала назву “зайчык”.

Народны паэт Ніл Гілевіч са сваімі паплечнікамі адстойваў гістарычную назву для нацыянальнай валюты – талер.

Уведзены былі купюры наміналам ад 50 капеек да 50 рублёў. Наміналы 100, 200 і 500 з’явіліся толькі ў снежні. Курс: 1 беларускі рубель = 10 савецкіх рублёў.

Дзень у гісторыі. 24 мая. Кацярына ІІ і Іосіф ІІ у Магілёве. Першая ЧК, першае “Еўрабачанне”. Нарадзіліся А. Русак, М. Чыгір.

Дзень славянскага пісьменства. 

Дзень святых Мяфодзія і Кірылы, святых праваслаўнай і каталіцкай царквы, братоў-місіянераў, стваральнікаў стараславянскай азбукі і царкоўнаславянскай мовы. 

Мова – душа любога народа, яна з’яўляецца асновай нашага мыслення, таму мову трэба берагчы, вывучаць, паважаць і ведаць. Беражлівыя адносіны да сваёй мовы дазваляюць нам развіваць здольнасць разумець словы, аналізаваць учынкі, думаць, перадаваць атрыманы вопыт, ясна і дакладна выкладаць свае думкі.

1377 год. Памёр Альгерд (1296-1377).

Вялікі князь (1345-1377) ВКЛ, князь крэўскі і віцебскі, адзін з найбуйнейшых вайскаводаў ВКЛ. 

З 80 гадоў жыцця, кіраваў дзяржавай 32 гады. 

Бацька 12 сыноў, у тым ліку Ягайлы, Андрэя Полацкага, Свідрыгайлы, Скіргайлы, Уладзіміра. 

У часы Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым удвая, беларускія землі занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве, што забяспечыла рост эканомікі, развіццё культуры, умацаванне старабеларускай мовы як афіцыйнай.

У 2014 годзе Альгерду ўсталяваны помнік у Віцебску..

1706 год. У Магілёў увайшлі рускія войскі генерала Бауэра.

Рускія войскі – саюзнікі Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй, сталі лагерам пад Машакоўскай гарой. 

У розны час у перыяд 1706-1708 гадоў у Магілёве знаходзіліся рускія ваенаначальнікі: Меншыкаў, Брус, Бауэр, Галавін, Рапнін, Даўгарукі, Сініцкі, Галоўкін, Нотаў, Чамберс. 

Іх атрады, як і 30-тысячнае войска татар, спустошылі горад і наваколлі рабаваннямі. 

8 верасня 1708 года па загаду Пятра I горад быў поўнасцю спалены татарскімі і калмыцкімі палкамі.

1780 год. У Магілёве адбылася сустрэча Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ.

Мэта сустрэчы – абмеркаванне другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Іосіф прыехаў у Магілёў 23 мая. У гонар сустрэчы з Іосіфам, 29 мая на Саборнай плошчы Магілёва быў закладзены Іосіфаўскі кафедральны сабор. Сабор будаваўся з цэглы ў 1780-1798 гг. архітэктарам Мікалаем Львовым ў класіцыстычным стылі. Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі. Зруйнаваны ў 1937 г., бо “не ўпісываўся” ў архітэктуру будучай сталіцы БССР. На яго месцы пабудавалі гатэль “Дняпро”.

У кастрычніку 2011 года тагачасны намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва.

Іосіфаўскі сабор.

1904 год. Нарадзіўся Адам Русак (1904-1987).

Беларускі паэт-песеннік. Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум  і Ленінградскую кансерваторыю. Быў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра, Белдзяржфілармоніі.

Аўтар больш 10 зборнікаў паэзіі, вершаў, вершаў для дзяцей.

На тэксты яго вершаў напісана каля 300 песень. З іх найбольш вядомымі сталі песні: «Бывайце здаровы», «Лясная песня», «Толькі з табою», «Не шукай», «Не за вочы чорныя», «Як правёў мяне Цімох».

Памёр 21 сакавіка 1987 года.

1917 год. Заснавана газета “Грамада”.

Першая беларуская газета ў Мінску, орган Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

Выдавалася да 11 чэрвеня (4 нумары), рэдактар – ураджэнец в. Бацэвічы (зараз Клічаўскі раён), географ, грамадскі дзеяч Аркадзь Смоліч.

1918 год. У Магілёве створана губернская ЧК па барацьбе з сабатажам і контррэвалюцыяй.

Яна стала першай ЧК на тэрыторыі Беларусі. ЧК размесцілася ў будынку Архіерэйскага палаца. З гэтага моманту пачынаюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

1930 год. У Навагрудку нарадзілася Галіна Русак (1930-2000).

Беларускі жывапісец, графік, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамерыканскага руху за правы жанчын. Прафесар.

Нарадзілася ў сям’і беларускага дзеяча Філарэта Родзькі.

З 1949 года жыла ў Амерыцы. Да ад’езду ў Новы Свет скончыла Фрайбургскі і Лёвенскі ўніверсітэты. Адукацыю завяршыла ў Амерыцы. Працавала дырэктарам мастацкай бібліятэкі  Ратгерскага ўніверсітэта.

Яе мастацкая творчасць добра вядомая ў ЗША і Канадзе, дзе яна неаднаразова выстаўлялася ў розных галерэях, але толькі ў 1992 годзе з выстаўкай яе твораў змаглі пазнаёміцца і ў Беларусі.

Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў.

Г. Русак. Сон малочніка.

1948 год. Нарадзіўся Міхаіл Чыгір.

Палітык, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень, вязень сумлення паводле Amnesty International. Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі,

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

1956 год. У швейцарскім Лугана прайшоў першы конкурс песні “Еўрабачанне”.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Бельгіі, Нідэрландаў, Італіі, Люксембурга, Францыі, ФРГ, Швейцарыі.

Да конкурсу дапускалася толькі сольнае выступленне выканаўцаў. Можна было выканаць дзве песьні.  Аўстрыя, Вялікабрытанія, Данія не ўдзельнічалі з-за спазнення правядзення нацыянальных адбораў.

Беларусь удзельнічала ў конкурсе “Еўрабачанне” з 2004 па 2019 год. Першымі прадстаўнікамі краіны стаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін” з песняй “My Galileo” (10 балаў і 19-е месца ў паўфінале).

Самае высокае месца заняў Дзмітрый Калдун у 2007 годзе: 145 балаў і 6 месца ў фінале.

За ўсю гісторыю ўдзелу Беларусь кваліфікавалася ў фінал усяго толькі 6 разоў і толькі аднойчы ўвайшла ў дзясятку найлепшых у фінале (2007). 

У сакавіку 2021 года Беларусь дыскваліфікавана з-за палітычнага падтэксту ў песні “Я навучу цябе” гурта «Галасы ЗМеста”. 28 мая 2021 г. Еўрапейскі вяшчальны саюз пазбавіў членства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі з-за пытанняў адносна правоў чалавека ў краіне на фоне пераследу апазіцыі.

 

 

Дзень у гісторыі. 21 мая. Салідарнасць з палітзняволенымі. Вышэйшая народная рада. “Паўночны полюс-1”. Нарадзіліся кампазітары Д. Стэфановіч, М. Чуркін, К. Кіслы, канструктар С. Туманскі.

Сусветны дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця (World Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development).

Устаноўлены па пастанове Генеральнай Асамблеі ААН 20 снежня 2002 года. 

Мэта – інфармаваць грамадскасць аб каштоўнасці і важнасці разнастайнасці культур і, у прыватнасці, садзейнічаць з дапамогай асветы і сродкаў масавай інфармацыі ўсведамленню пазітыўнай ролі культурнай разнастайнасці.

Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай вязніцы пры невысветленных абставінах памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак (1970-2021).

Станам на 17 траўня 2023 года з палітычных матываў у беларускіх вязніцах утрымліваецца 1480 чалавек.

1794 год. Загадам Тадэвуша Касцюшкі ўтворана Вышэйшая народная рада Рэчы Паспалітай.

Найвышэйшы орган паўстання 1794 года.

У склад Рады ўваходзілі начальнік паўстання, 8 радцаў, якія ўзначальвалі аддзелы, і 32 іх намеснікі, па 4 на аддзел. У Вышэйшай радзе былі ўтвораны аддзелы парадку, бяспекі, справядлівасці, фінансаў, харчовы, ваеннага забеспячэння, замежных спраў, народнай інструкцыі, які наглядаў за школамі, газетамі, прапагандай.

Галоўнай задачай рады была мабілізацыя ўсіх сіл на барацьбу за вызваленне, камплектаванне і забеспячэнне паўстанцкай арміі, арганізацыя новых мясцовых органаў кіравання, стварэнне новай судовай сістэмы, правядзенне ў жыццё пастаноў, распараджэнняў, загадаў Начальніка паўстання і самой рады, вядзенне дыпламатычных спраў, вызначэнне падаткаў. 

Дзейнасць рады лічылася тымчасовай, да вызвалення краіны і ўсталявання пастаянных органаў дзяржаўнага кіравання. 

Рада займалася і рэлігійнымі справамі. Мясцовымі органамі ўлады былі ваяводскія камісіі парадку, у склад якіх мелі ўваходзіць па восем землеўладальнікаў, восем домаўладальнікаў мяшчан і па пяць духоўных асоб. Ніжэйшымі судовымі і адміністрацыйнымі органамі павінны былі стаць дазорныя ўпраўленні, якія ўтвараліся ваяводскімі камісіямі з разліку адзін дазор на 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. У кожнае дазорнае ўпраўленне назначаўся наглядчык, які разглядаў скаргі сялян на паноў, а таксама скаргі пана на непадпарадкаванне сялян. Ён таксама мог разглядаць спрэчкі паміж сялянамі.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1797 год. Нарадзіўся Дамінік Стафановіч (1797-1870).

Беларускі музыкант, педагог, дырыжор. У 1820-1837 гадах кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра. 

Выкладаў музыку i харавыя спевы ў Мінскай гімназіі i прыватным узорным жаночым пансіёне. Пачынальнік беларускага піянізму, адзін з актыўных прапагандыстаў музычнага мастацтва на Беларусі, які садзейнічаў пашырэнню музычнай адукацыі на беларускіх землях.

У гісторыю сусветнай музычнай культуры ён увайшоў як таленавіты педагог, настаўнік выдатнага кампазітара С. Манюшкі. Хоць вучань хутка пераўзышоў свайго настаўніка ў выканаўчым майстэрстве, але Стафановіч умеў прапанаваць Манюшку адпаведныя творы i зацікавіць яго незнаёмымі песнямі i тым самым умацаваць імправізатарскі талент юнака.

Сярод вучняў Стафановіча вялікай папулярнасцю на Беларусі i за яе межамі карысталіся піяніст i кампазітар Ф. Міладоўскі, піяністка i педагог Каміла Марцінкевіч.

1841 год. Памёр гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч Юльян Нямцэвіч (1757-1841).

Палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык.

Удзельнік распрацоўкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года, член Адукацыйнай камісіі (міністэрства адукацыі). Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам і сакратаром Т. Касцюшкі. Трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Пасля вяртання ў Варшаву ў 1807 годзе, займаў пасады сакратара Сената Варшаўскага княства, Царства Польскага, старшыні Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў увайшоў у склад Часовага ўрада. Пасля задушэння паўстання яго маёмасць была канфіскавана, у тым ліку і багатая бібліятэка. На эміграцыі ў Парыжы заснаваў Польскую бібліятэку.

Адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў. Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (7 тамоў). Яго камедыя «Пан Навіна» ставілася ў Віцебску ў 1820 годзе. У падарожжах па Беларусі апісваў помнікі.

1869 год. Нарадзіўся Мікалай Чуркін (1869-1964).

Беларускі кампазітар і фалькларыст, Народны артыст Беларусі.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1898 год. Нарадзіўся Канстанцін Кіслы (1898-1980).

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў у Марыупалі, працаваў кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. 

Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. 

Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1901 год. У Мінску нарадзіўся Сяргей Туманскі (1901-1973).

Савецкі авіяканструктар, акадэмік АН СССР. Лаурэат Ленінскай, Сталінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы.

Зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне высокатэмпературных турбін авіяцыйных рухавікоў, правёў фундаментальныя даследаванні па стварэнні рэактыўных рухавікоў з двухкаскадным кампрэсарам, прапанаваў рэкамендацыі па ўхіленні небяспечных вібрацыйных напружанняў лапатак кампрэсараў і турбін.

У Мінску ўпершыню зацікавіўся авіяцыяй, калі разам са старэйшымі братамі наведваў паказальныя палёты на Камароўскім полі.

Удзельнік грамадзянскай вайны, аперацый супраць басмачоў, камандзір бамбавіка.

Пасля вайны скончыў Ваенна-паветраную акадэмію.

Працаваў у Цэнтральным інстытуце авіяцыйнага маторабудавання, у Лётна-даследчым інстытуце.

1937 год. Палярная паветраная экспедыцыя АН СССР дасягае Паўночнага полюса.

Пасля гэтага ў 11:35 высадзіла дрэйфуючую навуковую станцыю “Паўночны полюс-1”. Кіраваў экспедыцыяй ураджэнец Магілёва акадэмік Ота Шміт.

Станцыю ўзначаліў І. Папанін (яго імя да вайны насіў Магілёўскі педінстытут), яе супрацоўнікамі сталі гідролаг П. Шыршоў, геафізік-астраном Я.Фёдараў і радыст Э. Крэнкель. Пілотам флагманскага самалёта быў Герой Савецкага Саюза М. Вадап’янаў.

1963 год. На пасаду прэзідэнта Ізраіля заступіў Залман Шазар (Рубашоў, 1889-1974).

Ураджэнец беларускага мястэчка Мір, яўрэйскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт, трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).

Дзверы яго прэзідэнцкай рэзідэнцыі заўсёды былі адчынены ізраільскім навукоўцам, пісьменнікам, дзеячам мастацтва і яўрэйскім інтэлектуалам з усяго свету.

Заснавальнік фонда «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу, пераклады на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш, мемуары пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры, паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні.

Адзін з піянераў біблеістыкі на іўрыце. Зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.

Памёр 5 кастрычніка 1974 года.

1974 год. Пушчаны наваполацкі трамвай.

Самы першы электрычны трамвай у Расійскай імперыі пушчаны ў Кіеве (1896), на Беларусі – у Віцебску (1898, праклаў Фернан Гільён) – на год раней, чым ў Маскве і на 9 – за Пецярбург.

Мінскі трамвай працуе з 1929 года. Апошняя трамвайная лінія пабудавана ў Мазыры ў 1988 годзе. Планы на магілёўскі трамвай 1920-1930-х гадоў не былі ажыццёўлены, але Магілёў некалі меў конны трамвай.

Віцебскі трамвай.

2000 год. Памерла  Барбара Картленд (1901-2000)

Англійская пісьменніца. Занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы паспяховы англійскі аўтар.

Напісала 723 кнігі, якія прададзены ў колькасці 1 мільярда паасобнікаў. пасля смерці засталося яшчэ больш за 100 ненадрукаваных раманаў.

Стала знакамітай дзякуючы сваім шматлікім любоўным раманам. Друкавалася і пад імем Барбара Мак-Каркадэйл.

У 1990 годзе ўзведзена ў ранг Дамы-камандора Ордэна Брытанскай імперыі. Дачка Картленд ад першага шлюбу стала мачахай прынцэсы Дыяны. Вядома, што сама Дыяна захаплялася раманамі Барбары Картленд.

Уваходзіць у лік самых перакладаемых пісьменнікаў, паводле базы дадзеных ЮНЕСКА, знаходзіцца на 7-м месцы па колькасці ўлічаных ЮНЕСКА перакладных выданняў.

Яе творы неаднаразова экранізаваны.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень ў гісторыі. 19 мая. Ганна Французская. Ордэн Ганаровага легіёна. Конкурс “Міс СССР”. Асуджэнне М. Чыгіра. Катастрофа Як-130. Нарадзіўся пілот-ас Д. Макіёнак.

Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)

Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.

Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.

Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.

Цікавыя факты.

Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.

Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.

Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.

Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.

Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.

1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).

Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.

Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.

1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).

Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.

Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.

1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).

Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.

У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад  Магілёвам.

Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў. 

З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).

1802 год. Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.

Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».

Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.

1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).

Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.

Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.

Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.

Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.

У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.

1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.

Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.

Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.

З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.

1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).

Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.

Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.

У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.

Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом  Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.

Г. Пех (у цэнтры) з юнымі краязнаўцамі.

1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).

Пераможцай стала Ю. Суханава.

На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.

На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).

Марыя Кежа.

2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.

Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.

У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.

На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).

У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.

Дзень у гісторыі. 16 мая. Забойства А. Баболі. Кароль Ян III Сабескі. “Тарас на Парнасе”. Першы “Оскар”. Нарадзіліся пісьменнік В. Вітка, гімнастка В. Корбут.

Успамін святога Андрэя Баболі (Каталіцкі каляндар)

Андрэй Баболя (30.11.1591 – 16.5.1657) – рэлігійны каталіцкі дзеяч, місіянер. Святар і мучанік. Святы, апякун Пінскай дыяцэзіі. 

Андрэй Баболя праславіўся як знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы і здольны прамоўца, што дазваляла яму перамагаць прадстаўнікоў праваслаўя ў дыспутах і схіляць іх да каталіцызму. Быў празваны «душахватам», «апосталам Піншчыны».

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў схоплены і закатаваны ў Янаве-Палескім (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобл.) атрадам казакаў палкоўніка А. 3дановіча.

Цела Андрэя Баболі пазней перавезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, у 1702 годзе крыпта была эксгумавана і цела знойдзена нятленным. Культ Андрэя Баболі пачаў пашырацца ў Рэчы Паспалітай, потым у Аўстрыі і Германіі. 

Беатыфікаваны ў 1853, кананізаваны ў 1938 годзе. У 1808 яго цела перавезена ў Полацк, у 1924 – у Рым, у 1938 – у Варшаву.

16 мая 2002 года святы Андрэй Баболя абвешчаны патронам Польшчы. Ён таксама ёсць патронам Пінскай дыяцэзіі. У Полацку з 1997 года працуе касцёл Св. Андрэя Баболі.

Дзень памяці ахвяраў вайны 1654-1667 гадоў.

У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у параўнанні з 1648 годам, насельніцтва краіны паменшылася ўдвая. На Магілёўшчыне і Смаленшчыне існаваў партызанскі рух супраць захопнікаў – рух “шышэй”.

1674 год. Абранне каралём і вялікім князем ВКЛ Яна III Сабескага (1629-1696).

Удзельнічаў у войнах супраць Масковіі, казакоў Хмяльніцкага, шведаў у Паўночнай вайне 1655-1660, Асманскай імперыі. Перамог турак і татар пад Хоцінам (1673), выратаваў Еўропу ад турак, разбіўшы іх пад Венай (1683). Мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

1762 год. Нарадзіўся Юзаф Копаць (1762-1827).

Удзельнік паўстання 1794 года, генерал, падарожнік, даследчык Камчаткі, мемуарыст, аўтар «Дзённіка падарожжа ўздоўж усёй Азіі па сушы да порта Ахоцк, акіянам праз Курыльскія астравы да Ніжнекамчацка…» (1817). 

З павагай пісаў пра камчадалаў, чукчаў, якутаў, буратаў i прыводзіў пра ix этнаграфічныя звесткі. Кніга мае навукова-этнаграфічную каштоўнасць, некалькі разоў перавыдавалася (Берлін, 1863; Парыж, 1867; Львоў, 1867), перакладзена на французскую і рускую мовы. Рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

1889 год. Упершыню апублікавана паэма “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына (1834-1903) у газеце “Минскій листок”.

На працягу 1890-х-1910-х гадоў перавыдаваўся неаднаразова, у перыёдыцы і асобна, пад рознымі назвамі, і актыўна распаўсюджваўся ў спісах. Этнограф Е. Раманаў, які падрыхтаваў адно з першых выданняў, сцвярджаў у 1896 годзе, што Тараса “ва ўсякай хаце знайсці можна”.

“Тарас на Парнасе” ўваходзіць ва ўсе праграмы вывучэння беларускай літаратуры, перакладаўся на многія мовы, ілюстраваўся і інсцэніраваўся.

1911 год. Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны працаваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва», «Вясёлкі».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак для дзяцей, п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Памёр 5 ліпеня 1996 года.

1929 год. У ЗША адбылася першая цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”.

Заснавана ўраджэнцам Мінска Лазарам Маерам. Квіток на цырымонію каштаваў 5 даляраў, цягнулася яна 15 хвілін. Першы “Оскар” прайшоў сціпла і сабраў усяго 270 гасцей.

Акцёры і актрысы, якія перамаглі, былі ўзнагароджаны не за канкрэтны праект, а за ўсе фільмы, у якіх яны здымаліся на працягу года.

Першай лепшай актрысай у гісторыі кінематографа стала Джанет Гейнар (“Сёмае неба”, “Вулічны анёл” і “Узыход сонца: песня двух людзей”), а нямецкі кінаакцёр Эміль Янінгс (“Апошні загад” і “Шлях усякай плоці”) стаў першым мужчынай, які атрымаў прэмію кінаакадэміі.

Першы “Оскар” за лепшую рэжысуру быў уручаны Люісу Майлстоуну (“Два аравійскіх рыцара”). Лепшымі карцінамі 1927-1929 гадоў былі прызнаны дзве – “Узыход сонца” і “Крылы”.

Статуэткі таксама атрымалі сцэнарыст Бэн Хэтч і прадзюсер Джэк Уорнер. Чарлі Чаплін, акцёр, рэжысёр і прадзюсер стужкі “Цырк”, быў удастоены прэміі “За выдатныя дасягненні ў кінематографе”. Аналагічную статуэтку атрымала кампанія Warner Brothers за гукавы фільм “Спявак джаза”.

Першая цырымонія ўручэння Оскараў была адзінай цырымоніяй, якая ніяк не транслявалася ў СМІ ці на радыё.

1955 год. У Гродна нарадзілася Вольга Корбут.

Беларуская і савецкая гімнастка. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Занесена ў Міжнародную залю славы гімнастыкі.

У 15 гадоў стала чэмпіёнкай СССР і ўвайшла ў зборную СССР. Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР, шматразовая чэмпіёнка СССР. У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету.

3 1991 года жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл. Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

1986 год. У Гродна адкрыўся Дом-музей Максіма Багдановіча.

Месціцца ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. У гэтым доме з чэрвеня 1892 па кастрычнік 1896 года разам з бацькамі жыў беларускі паэт.

Між іншых у стварэнні калекцыі музея паўдзельнічала беларуская паэтэса Л. Геніюш, музею былі перададзены яе вышыванкі, якія вельмі падабаліся Максіму Багдановічу. Рарытэтны зборнік «Вянок» (1913) музею перадаў яе сын Юрый.

1995 года. Кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў сарваў дзяржаўны сцяг Беларусі.

Ціцянкоў – ураджэнец в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Пасля завяршэння рэферэндуму па дзяржаўнай сімволіцы, ён сарваў з даху Дому ўраду і разарваў на кавалкі гістарычны нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг – дзяржаўны ў 1991-1995 гадах.

1999 год. Памёр Мікола Ганько (1923-1999).

Беларускі дзеяч на эміграцыі. Брат старшыні Саюза беларускай моладзі Міхася Ганько.

У час нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, у 1944 годзе быў на курсах сярэдніх кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі.

З лета 1944 года ў эміграцыі. Быў адным з заснавальнікаў парафіі Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, шматгадовым кіраўніком Згуртавання беларусаў у Канадзе. Адзін з ініцыятараў стварэння таварыства дапамогі дзецям – ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта.

2001 год. Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама званне Ганаровы грамадзянін горада было прысвоена спартсменам і пісьменніку, Герою СССР.

Званне прысвоена алімпійскім чэмпіёнам Святлане Баітавай (гімнастыка), Аляксандру Масяйкову (веславанне), Герою Савецкага Саюза Аляксандру Мініну, тульскаму пісьменніку, аўтару кнігі аб абароне Магілёва ў 1941 года Мікалаю Дружыніну.

Фота. С. Баітава.

2021 год. Памёр Яўген Анішчанка (1955-2021).

Беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, адзін з арганізатараў “Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў”, даследчык гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, гісторыі Беларусі XVII-XIX стст.

Аўтар 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў. Працаваў у інстытуце культуры, Інстытуце гісторыі НАНБ.

У 2004 годзе  абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК. 

На думку аўтара, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя.

Пасля звальнення з НАНБ у 2004 годзе працаваў дворнікам, галоўным архівістам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, у Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце.

Дзень у гісторыі. 13 мая. Раненне Папы Рымскага. Нарадзіліся мастакі С. Жукоўскі, А. Кішчанка, дзеячы БНР Я. Серада, І. Ермачэнка, актрыса С. Станюта, пераможца “Еўрабачання” А. Рыбак.

Успамін Найсвяцейшай Марыі Панны з Фацімы (каталіцкі каляндар).

“Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем” – такія былі словы Маці Божай, якая 13 мая 1917 года аб’явілася тром дзецям-пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце ў партугальскім мястэчку Фаціма. Яна прыходзіла да дзяцей да 13 кастрычніка.

Маці Божая, раскрыўшы далоні, паслала дзецям такое моцнае святло, што яно пранікла ў іх і ў самую глыбіню душаў. Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала: «Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны». Праз імгненне яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні.

1622 год. Памёр Іван Мялешка (?-1622).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1613 годзе ініцыяваў стварэнне ўніяцкага Жыровіцкага манастыра на чале з І. Кунцэвічам, перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў.

Стольнік Гродзенскі, мазырскі падкаморы, маршалак слонімскі, кашталян мсціслаўскі, брэсцкі, смаленскі, член Рады ВКЛ.

Хто Аўтар «Прамовы Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе», якая ўяўляе сабой вобраз сацыяльна-палітычнай сатыры, высмейвае норавы польскай шляхты. 

Аўтар абураецца вынікамі Люблінскай уніі і адстойвае інтарэсы жыхароў ВКЛ, якія пакутуюць ад польскага прыгнёту. Сур’ёзную пагрозу дзяржаўнапалітычнай незалежнасці Беларусі, яе свабоднаму нацыянальна-культурнаму развіццю сатырык бачыў не толькі з боку польскай экспансіі, але i з боку Масковіі. 

Выйсце з такіх складаных для Айчыны абставін аўтар «Прамовы…» бачыў у як мага больш хуткім выгнанні ўсіх чужынцаў, што «да нас улезлі насуперак праву нашаму». Па сваёй аб’ектыўнай накіраванасці «Прамова…» – глыбока патрыятычны літаратурны твор, этапная з’ява ў развіцці беларускай літаратуры, узбагачэнні яе сацыяльнага i духоўна-маральнага зместу.

У XVIІ стагоддзі «Прамова…» бытавала ў шырокіх колах грамадства, неаднаразова перараблялася i дапаўнялася. Існавала мноства разнастайных яе спісаў i рэдакцый, але да нашага часу дайшлі толькі тры рэдакцыі. Упершыню яна надрукаваная Ю. Нямцэвічам у 1822 годзе

1624 год. Нарадзіўся Аляксандр Сапега (1624-1671).

Рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, каралеўскі сакратар, канонік віленскі і варшаўскі, рэферэндарый вялікі духоўны літоўскі, камандзір драгунскай харугвы (1666), біскуп жмудскі і віленскі. 

У 1671 годзе перанёс Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у новую капліцу, дзе ён знаходзіцца і зараз.

Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любліне, Віленскай езуіцкай акадэміі, калегіуме Барталамея Навадворскага ў Кракаве, у Кракаўскім універсітэце, у духоўных установах Падуі, Балоньі, Рыма і Парыжа.

Памёр 22 мая 1671 года. Пахаваны ў кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні.

1870 год. Нарадзіўся Аляксандр Турчыновіч (1870-1917)

Беларускі гісторык, краязнавец, педагог.  

Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут.

Працаваў у Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай, Пецярбургскай гімназіях. 

Адзін з ініцыятараў правядзення вучнёўскіх адукацыйных экскурсій па Расіі. Разам з гімназістамі з Магілёва, Вільні і Гродна ўдзельнічаў у такога кшталту экскурсіях у Маскву, Пецярбург, Кіеў, затым былі Крым, Каўказ, Прыбалтыка, падарожжы па Дняпры, Волзе і Каспійскім моры.

Падарожнік па еўрапейскіх краінах.

Аўтар дапаможнікаў і даведніка для настаўнікаў па экскурсійнай справе, кніг «Пра лёс помнікаў класічнай літаратуры», «Паладыум: галоўныя звесткі з рымскіх старажытнасцей, літаратуры і метрыкі», падручніка “Кароткая, але поўная граматыка лацінскай мовы для гімназій”, нарыса “Стагоддзе Гродзенскай губерні (1802–1902)”.

Пасля 1917 года далейшы лёс невядомы.

Гродзенская мужчынская гімназія.

1875 год. Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі (1875-1944).

Польскі і расійскі жывапісец, пейзажыст беларускага паходжання, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX – першай трэці XX стагоддзя, аўтар 670 шэдэўраў мастацтва. Акадэмік жывапісу Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.

Дзяцінства прайшло Пружанамі.

Вучыўся ў Варшаве, Беластоку, у Маскоўскім мастацкім вучылішчы (аднакласнік В. Бялыніцкага-Бірулі). Удзельнік Таварыства перасоўнікаў, Саюза рускіх мастакоў.

Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад знішчэння.

Пасля таго, як пачалося адкрытае цкаванне мастака, ён выехаў у 1923 годзе ў Польшчу, дзе крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства.

Штогод выяжджаў на пленэры на Гродзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак малюе свае родныя мясціны: Палессе, Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы.

Падчас Другой сусветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у гітлераўскім канцлагеры Прушкаў каля Варшавы.

Яго палотны захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін.

С. Жукоўскі. Рака Нёман. Палатно, алей, 1895

1879 год. Нарадзіўся Янка Серада (1879-1943).

Беларусі педагог, дзеяч нацыянальнага руху, першы старшыня прэзідыума Рады БНР, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай войн,

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня Усебеларускага з’езда (1917), удзельнік мірных перамоваў у Брэст-Літоўску.

Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы, быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульта, выкладчыкам Мінскага беларускага педтэхнікума, арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума, дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, сасланы ў Яраслаўль. У снежні 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены ў лістападзе 1943 года. Далейшы лёс невядомы.

1894 год. Нарадзіўся Іван Ермачэнка (1894-1970).

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, лекар, ад’ютант генерала П. Урангеля, прадстаўнік ураду БНР у Канстантынопалі, консул на Балканах, сузаснавальнік Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэту.

З 1922 года жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава ўніверсітэта, браў удзел у беларускім студэнцкім руху і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі.

У 1940 годзе заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Пасля вайны жыў у ЗША. Працаваў лекарам. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».

1895 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895-1955).

Беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.

У Першую сусветную вайну служыў у расійскім войску, прапаршчык. Падчас службы рабіў фатаграфіі баёў з ворагам, салдат і афіцэраў свайго падраздзялення, пацярпелых, параненых, ахвяр вайны. З атрыманых здымкаў склаў фотаальбом «Памяткі вайны 1914-1917».

Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі на баку чырвоных. Сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. За актыўную грамадска–палітычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы быў арыштаваны і зняволены ў Лукішках, у канцлагеры Бяроза-Картузскі, адкуль вызваліўся ў верасні 1939 года.

Быў загадчыкам бібліятэкі і сакратаром Віленскага беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча, дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна.

У 1948 годзе арыштаваны КДБ, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Памёр у 1955 годзе, пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Аўтар вершаў, артыкулаў, замалёвак, апавяданняў, трох кніг вершаў. Перакладчык Л. Талстога, М. Зошчанкі.

Ілюстратар віленскіх беларускіх календароў-гадавікоў, падручнікаў, фотаальбомаў, буклетаў, дапаможнікаў па мастацтве, разьбе па дрэве.

1905 год. Нарадзілася Стэфанія Станюта (1905-2000).

Беларуская актрыса, легенда сцэны купалаўскага тэатра, Народная артыстка Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій, уладальніца прызоў Міжнародных фестываляў, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Сыграла некалькі дзясяткаў ролей у тэатральных пастаноўках па творах Я. Купалы, З. Бядулі, К. Губарэвіча, У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, К. Крапівы, І. Мележа, А. Макаёнка і іншых.

Здымалася ў многіх кінафільмах, у тым ліку «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Мама, я жывы», тэлефільмах «Мы – хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і іншых.

У яе гонар названа вуліца ў Мінску.

1921 год. Савет народных камісараў РСФСР прыняў дэкрэт аб стварэнні сеткі дамоў адпачынку.

Першымі ў Беларусі запрацавалі дамы адпачынку “Ждановічы”, “Чонкі” (1922), “Мінскі” (1923). З 1930 года запрацаваў Дом адпачынку завода штучнага валакна ў Салтанаўцы.

Ждановічы. 1920-я гады.

1933 год. Нарадзіўся Аляксандр Кішчанка (1933-1997).

Народны мастак Беларусі. Аўтар слыннага “Габелену стагоддзя”, на якім выяўленыя самыя значныя постаці свету і Беларусі – занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, мае памеры 14х19 м, вагой – каля 300 кг.

Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва.

Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, габелене.Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Найбольш вядомыя працы: мазаіка «Беларусь партызанская» на мінскім гатэлі «Турыст», серыя пано на будынках у мікрараёне Усход-1, шэраг габеленаў.

Памёр 11 лістапада 1997 года ў Мінску.

1981 год. У Рыме турэцкі тэрарыст Агджа некалькі разоў стрэліў у Папу рымскага Яна Паўла ІІ.

Натоўп вернікаў сабраўся ў гэты дзень на плошчы Святога Пятра, каб вітаць вярхоўнага іерарха. Ян Павел ІІ ехаў у адкрытым аўтамабілі, які павольна прабіраўся праз натоўп вернікаў. Раптам пачуліся стрэлы, і святы айцец, сьцякаючы крывёй, упаў на рукі свайго сакратара.

23-гадовага тэрарыста-турка Мехмеда Алі Агджу, члена падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі “Шэрыя ваўкі” схапілі на месцы злачынства, а паранены Ян Павел быў тэрмінова дастаўлены ў шпіталь, дзе яму прыйшлося перанесці нялёгкую чатырохгадзінную аперацыю. 

Лекары абвясцілі, што жыццю папы нічога не пагражае: хоць стрэлы былі зроблены амаль ва ўпор, ні адна з куль па шчаслівай выпадковасці не закранула жыццёва важных органаў.

1986 год. У Мінску нарадзіўся Аляксандр Рыбак.

Нарвежскі скрыпач, спявак, кампазітар, канцэртмайстар. Адзіны з беларусаў пераможца “Еўрабачання” (2009).

Вучыўся ў школе пры Беларускай акадэміі музыкі, кансерваторыі ў Осла.  Яго бабулі і дзядулі жывуць у Мінску і Віцебску.

Выконвае музыку свайго бацькі на вершы Максіма Багдановіча. Лічыць, што родная культура паўплывала на яго музычны густ. У 2011 годзе запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies», у беларускай інтэрпрэтацыі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».

1996 год. Пачала выдавацца газета “Педагог” Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова.

З верасня 1997 года – “Універсітэцкі веснік” МДУ імя А. Куляшова. Рэдактары газеты: Л. Шышакова (1996-2018), В. Караткевіч (2018-2019), С. Сомаў (2019-2023).

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 11 мая. Штурм Магілёва. Пушкін у Магілёве. Монтэ-Касіна. Помнікі Т. Касцюшку, К. Тураўскаму. Нарадзіліся барон Мюнхгаўзен, кампазітар І. Берлін. Загінуў Марат Казей.

1655 год. Пасля апошняга няўдалага штурму Магілёва скончылася блакада горада войскамі ВКЛ (аблога доўжылася з 12 лютага).

Апошні штурм ужо фактычна прыкрываў адыход польска-літоўскага войска ад горада. Войскі Радзівіла вывелі з сабой да 10 000 гараджан, частка з якіх – да 2 000 чалавек –  была адбітая пад Талачынам казакамі Яўхіма Каробкі.

Дакладныя страты ўсяго рускага гарнізона невядомыя, але стралецкія і салдацкія палкі страцілі палову свайго складу. Калі праецыраваць гэтыя страты на агульную колькасць, то беззваротныя страты гарнізона склалі каля 2 000 чалавек.

Страты польска-літоўскага войска падчас усёй кампаніі маглі дасягаць 5 000 чалавек, большая частка якіх была страчана падчас працяглай аблогі крэпасці. Аблога Магілёва, такім чынам, стала адной з самых кровапралітных кампаній за час вайны 1654-1667 гадоў.

1720 год. Нарадзіўся Карл Фрыдрых Іеранім фон Мюнхгаўзен (1720-1797).

Саксонскі барон, фантазёр і апавядальнік, які стаў літаратурным персанажам. Імя Мюнхгаўзена стала намінальным, як абазначэнне чалавека, які расказвае неверагодныя гісторыі.

У беларускім горадзе Глыбокае на могілках пахаваны Фердынанд і Вільгельміна фон Мюнхгаўзен, якія памерлі 31 сакавіка 1871 года, іх лічуць нашчадкамі знакамітага фантазёра.

Барон быў на расійскай службе ў 1738-1754 гадах, як паж герцага А. Ульрыха – мужа прынцэсы Ганны Леапольдаўны, удзельніка турэцкай кампаніі ў войску фельдмаршала Мініха, афіцэра Браўншвейгскага кірасірскага палка.

Ажаніўся з рыжскай дваранкай Якабін фон Дунтэн, жыў у маёнтку ў Дунце пад Рыгай.

Апавяданні барона пра жыццё ў Расіі шырока разыходзіліся па наваколлях і нават праніклі ў друк.

У 1781 годзе збор пацешных гісторый быў апублікаваны ў берлінскім альманаху «Даведнік для вясёлых людзей». У 1785 годзе была апублікавана кніга Р. Распе пра прыгоды барона.

Памятнікі барону ўстаноўлены ў Глыбокім, ва ўкраінскіх Хмяльніцкім і Крэменчузе, у Маскве, у Калінінградзе і Гур’еўску, нямецкім Бадэнвердэры, у малдаўскіх Бэндэрах, у Браціславе.

У латвійскім Дунце і на радзіме ў Бадэнвердэры працуюць музеі Мюнхгаўзена.

Помнік Мюнхаузену ў Глыбокім

1820 год. Магілёў наведаў А. Пушкін.

Гэта адбылося падчас яго шляху ў ссылку. Пасля Магілёва прыпыняўся ў Прапойску. Другі раз славуты паэт наведаў горад у 1824 годзе.

У гонар А. Пушкіна ў 1967 годзе вуліца Новачарнігаўская перайменавана ў Пушкінскі праспект, усталяваны мемарыяльная дошка на вул. Ленінская, 33, тры помнікі: у скверы 700-годдзя Магілёва, на тэрыторыі гарвадаканала і каля былога будынка бібліятэчнага каледжа па вуліцы Касманаўтаў. 

Апошні быў адкрыты 6 чэрвеня 2015 года і выклікаў скандал з вершам на пастаменце – урывак з “Паклёпнікам Расіі” на задушэнне нацыянальнага паўстання 1830-1831 гадоў.

Магілёўскія гісторыкі А. Агееў і І. Пушкін адзначылі, што тэкст на помніку ў парушэнне працэдуры не разглядаўся тапанімічнай камісіяй.

Пасля шырокага розгаласу радкі верша «Паклёпнікам Расіі» былі прыбраныя з помніка.

Помнік у скверы 700-годдзя Магілёва.

1833 год. Нарадзіўся Бенедыкт Дыбоўскі (1833-1930).

Расійскі, беларускі і польскі заолаг, прыродазнавец, урач. Член-карэспандэнт АН СССР, акадэмік Кракаўскай акадэміі, даследчык Сібіры.

Доктар медыцыны, прафесар заалогіі i палеанталогіі ў Варшаве. За ўдзел у паўстанні ў 1864 годзе асуджаны на 15 гадоў катаргі i сасланы ў Сібір.

Даследаваў жывёльны i раслінны свет возера Байкал, рэк Амур i Ангара, узбагаціў заалогію шэрагам новых адкрыццяў, вывучаў Камчатку.

3 1882 года прафесар заалогіі ў Львоўскім універсітэце, у якім арганізаваў музей заалогіі з камчацкіх экспанатаў. Вывучаў беларускія азёры Любань, Свіцязь, Чорнае i іншыя, гісторыю і этнаграфію беларусаў.

Пахаваны на Лычакоўскіх могілках у Львове.

Першым сур’ёзным даследчыкам спадчыны Дыбоўскага стаў ураджэнец Дрыбінскага раёна, дацэнт Магілёўскага педінстытута географ Гаўрыла Вінкевіч (1918–2001).

Польская манета ў 10 злотых.

1888 год. У Магілёве(?) нарадзіўся Ірвінг Берлін (1888-1989).

Амерыканскі кампазітар і паэт-песеннік, адзін з «вялікай пяцёркі» амерыканскіх кампазітараў ХХ стагоддзя.

Аўтар каля 700 песень, музыкі для 13 драматычных спектакляў і 7 кінафільмаў.

Сярод найбольш вядомых твораў – «Божа, блаславі Амерыку», якая лічыцца другім, неафіцыйным гімнам ЗША пасля выканання на прэзідэнцкіх выбарах у 1940 годзе.

У розныя часы сам Берлін называў розныя гарады месцам свайго нараджэння – Магілёў, Талачын, Табольск, Цюмень.

1910 год. Прэідэнт ЗША У. Говард Тафт адкрыў помнік Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне.

Пастаўлены непадалёк ад Белага дому, у паўночна-ўсходнім канцы парку Лафаета, на авеню Пенсільваніі. З’яўляецца адным з элементаў Скульптурнага комплексу Амерыканскай рэвалюцыі, размешчанага на пляцах і ў скверах Вашынгтона.

16 лістапада 2010 года ў Варшаве адкрыта копія вашынгтонскага помніка.

1939 год. Загінуў у ГУЛАГу Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, журналіст, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Слуцкую гімназію, Віленскую вайсковую вучэльню, вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. Удзельнік 1 Сусветнай вайны. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года.

Працаваў у Слуцкім павятовым зямельным аддзеле, быў членам камісіі па праверцы дзейнасці Слуцкай ЧК. Жаўрыд выкрыў шматлікія злоўжыванні, за што быў у 1919 года арыштаваны ЧК, быў зняволены.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 года.

Арыштаваны ДПУ 18 ліпеня 1930 года, асуджаны да 5 гадоў лагераў. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў лагераў.

1944 год. Загінуў у баі з нямецкімі захопнікамі 14-гадовы Марат Казей (1929-1944).

Беларускі піянер-герой, партызан. Разам з украінцам Валем Коцікам з’яўляецца самым юным Героем Савецкага Саюза.

Ажыццяўляючы аперацыю ў варожым тыле, апынуўся ў коле фашысцкіх салдатаў і падарваў сябе і іх гранатай.

У 1965 годзе пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

У 1959 годзе ў Мінску ў Піянерскім парку, што на скрыжаванні вуліц Я. Купалы і Куйбышава, усталяваны помнік – Марат Казей за некалькі імгненняў да гібелі.

1944 год. Пачалася чацвёртая і апошняя атака войск саюзнікаў падчас бітвы пад Монтэ-Касіна.

У складзе 2-га польскага корпусу генерала Андэрса беларусы складалі 30%.

З 924 забітых жаўнераў корпусу каля падножжа Монтэ-Касіна пахаваны 264 беларусы. 10 000 беларусаў корпуса ўзнагароджаны Памятным крыжам Монтэ-Касіна.

1952 год. Памёр ураджэнец г. Бялынічы Міхаіл Юшкевіч (1899-1952).

Савецкі ваенаначальнік, генерал-маёр (1941).

Ад 1919 году ў Чырвонай Арміі, удзельнік баёў на Заходнім фронце, камандзір узводу, роты.

Скончыў бранятанкавую школу, курсы «Выстрал».

У Вялікую Айчынную вайну служыў на Далёкім Усходзе: камандзір дывізіі, корпусу, намеснік камандуючага войскамі Далёкаўсходняга фронту.

Ад 1946 года на камандных пасадах у вайсковых акругах.

1953 год. Памёр Гасан Канапацкі (1879-1953)

Беларускі вайсковец, дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху, палкоўнік расійскай арміі, член Беларускай вайсковай камісіі, гетман Беларускіх вайсковых аддзелаў у польскім войску (1919-1921).

Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу. Служыў у Мінску, на Далёкім Усходзе, Калузе. Удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах руска-японскай вайны, у Першай сусветнай вайне. За гераізм стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу.

У верасні 1919 года кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі, магчыма браў удзел у Слуцкім паўстанні.

Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, кіраваў рэдакцыяй часопіса «Беларускі радны».

У 1941-1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».

1994 год. У Тураве на Замкавай гары ўсталяваны помнік у гонар Кірылы Тураўскага (1110-1182).

Царкоўны дзеяч, епіскап тураўскі, Святы праваслаўнай царквы, які таксама шануецца ў грэка-каталікоў Беларусі. Аўтар вядомых царкоўна-асветніцкіх і царкоўна-літаратурных твораў. Быў першым на Русі «стоўпнікам» (самазачынення ў келлі, у «стаўпе»).

Яму належаць 8 слоў-казанняў, 2 прытчы, 2 казанні, 2 пасланні да Васіля ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе выявіліся яго духоўныя перажыванні.

Дні памяці: 28 красавіка і 4 чэрвеня (па юліянскім календары).

Існуе некалькі праваслаўных цэркваў, асвечаных у імя свяціцеля Кірылы: у Мінску, Тураве, Светлагорску, Лондане (2), Таронта, Нью-Ёрку.

Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага – узнагарода Беларускай праваслаўнай царквы.

7 мая. Дзень у гісторыі. Абраз Маці Божай Жыровіцкай. Ордэн Святога Станіслава. Паланецкі універсал. СССР не ўзялі ў НАТА. Знік генерал Ю. Захаранка. Нарадзіўся мецэнат Р. Скірмунт.

Дзень супрацоўнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

7 мая 1895 года рускі вучоны А. Папоў прадэманстраваў вынаходніцтва – радыё. Але яшчэ ў 1890 годзе беларускі вучоны Я. Наркевіч-Ёдка (1848-1905) выкарыстоўваў уласны радыёпрыёмнік для рэгістрацыі навальнічных разрадаў. Дасягненні Я. Наркевіча па радыёпрыёму ўхвалены ў 1898 годзе Французскім фізічным таварыствам. Сусветны дзень радыё адзначаецца 13 лютага.

Першы патэнт на бесправадную перадачу электрычнага сігналу атрымаў у 1872 годзе амерыканскі даследчык, стаматолаг па прафесіі Малон Луміс, які заявіў у 1866 годзе аб вынаходстве спосабу бесправадной сувязі. У ЗША вынаходнікам бесправадной сувязі лічаць Дэвіда Х’юза (1878), а таксама Томаса Эдысана (1876) і Міколу Тэслу (патэнт на перадаючую прыладу з рэзананс-трансфарматарам у 1891 годзе); у Германіі – Генрыха Герца (1888); у Францыі – Эдуарда Бранлі (1890); у Бразіліі – Ландэла дэ Муру (1893-1894); у Вялікабрытаніі – Олівера Джозэфа Лоджа (1894); у Індыі – Джагадзіша Чандру Бошэ (1894-1895).

У заходніх краінах стваральнікам першай паспяховай сістэмы бесправадной перадачы тэлеграфнага сігналу лічыцца італьянскі інжынер Гульельма Марконі (1895-1896).

Свята абраза Маці Божай Жыровіцкай.

Хрысціянская святыня, ушаноўваецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны абраз, знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры.

Абраз – авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ.

З’яўленню абраза на жыровіцкай зямлі папярэднічаў цуд. У 1470 годзе пастушкі, якія пасвілі ў лесе жывелу ўбачылі на дзікай грушцы нейкі прадмет, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся ясныя прамяні. Гата быў маленькі абразок Маці Божай, які ззяў незвычайным бляскам. Хлопчыкі забралі яго і занеслі да свайго пана – літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную святыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровічаў вялікую колькасць набожнага люду.

У 1730 годзе адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі.

Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, абраз Маці Божай Жыровіцкай у срэбным абкладзе перавезлі ў Маскву. У студзені 1922 года стараннямі Жыровіцкага архімандрыта Ціхана Шарапава абраз зноў быў вернуты ў Жыровічы (вывезены ў слоіку з варэннем), але ўжо без абкладу.

1765 год. Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі заснаваў ордэн Святога Станіслава.

Заснаваны ў памяць яго патрона і заступніка Польшчы святога Станіслава. Па царкоўнай легендзе, кракаўскі біскуп Станіслаў быў забіты ў 1079 годзе падчас набажэнства прама ў касцёле каралём Баляславам і пазней, у XIII стагоддзі, прылічаны да ліку святых і прызнаны патронам Польшчы. Ордэн стаў другой дзяржаўнай узнагародай Рэчы Паспалітай, пасля вышэйшай – Ордэна Белага арла.

У 1815 годзе расійскі цар Аляксандар І захаваў ордэн для узнагароды ўраджэнцаў былой Рэчы Паспалітай. Ордэнскае свята адзначалася 8 траўня. 

Ліквідаваны бальшавікамі ў 1917 годзе.

1794 год. Тадэвуш Касцюшка выдаў Паланецкі універсал.

Заканадаўчы акт быў складзены каля мястэчка Паланец пад Сандамірам.

Універсалам сяляне аб’яўляліся асабіста вольнымі, але без зямлі. Пры гэтым цалкам не адмянялася прыгоннае права і не ліквідавоўвалася феадальная эксплуатацыя, але дазвалялася сялянам адыходзіць ад памешчыкаў, што было ў інтарэсах буржуазіі.

Гэты акт быў безумоўна прагрэсіўным, хоць і палавінчатым. Ён паслабляў эканамічны стан памешчыцкіх маёнткаў, абмяжоўваў паншчыну і падрываў значэнне шляхецкіх прывілеяў.

1794 год. Пад Палянамі адбылася бітва паміж паўстанцамі Якуба Ясінскага і расійскімі войскамі.

Паўстанцы падзяліліся на шэсць калон і каля 11:00 рушылі ў атаку пад Палянамі – каля Ашмян. Пры набліжэнні на гарматны стрэл, паўстанцы перашыхтаваліся ў два шэрагі і пачалі артылерыйскі абстрэл. Рускія здолелі адбіць атакі і рушылі ў штыкавую контратаку (5 рот Тамбоўскага палка, Эстляндскі батальён, 3 роты Нарвенскага палка і 2 роты Пскоўскага палка). Расійскія войскі наступалі больш 10 вёрст, аднак не здолелі зламіць баявы строй канфедэратаў.

Са змярканнем палкоўнік Якуб Ясінскі вырушыў у бок Вільні. Рускі палкоўнік М. Дзееў быў не ў стане арганізаваць пераслед паўстанцаў.

Праз 4 дні, 11 мая, Т. Касцюшка надаў Ясінскаму званне генерал-лейтэнанта.

У часы міжваеннай Польшчы, у Палянах быў усталяваны гранітны помнік, які пазней быў знішчаны па загаду мясцовага старшыні калгасу.

Якуб Ясінскі.

1861 год. Памёр ураджэнец Мсціслава Сцяпан Кутарга (1805-1861).

Рускі і беларускі геолаг, прыродазнавец, картограф, падарожнік, стваральнік і першы старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, першы ў Расіі дарвініст і папулярызатар дарвінізму, папулярызатар навукі сярод шырокіх мас. Доктар медыцыны.

Распрацоўшчык шматлікіх пытанняў геалогіі, геалагічных экскурсій.

Аўтар шміатлікіх прац, у тым ліку “Гісторыя зямной кары”, 10-вёрстнай геагнастычнай карты Пецярбургскай губерніі, за якую атрымаў залатую Канстанцінаўскую медаль Рускага Геаграфічнага таварыства

Загадчык кафедры заалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта (1833-1861), настаўнік будучага акадэміка К. Ціміразева.

1868 год. Нарадзіўся Раман Скірмунт (1868-1939).

Гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы. Мецэнат, значны землеўладальнік, віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Дэпутат I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі, дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні. Прэм’ер-міністр БНР. Сенатар Польшчы (1930-1935).

Пасля ўваходу ў Пінск 20 верасня 1939 год савецкіх войск, быў арыштаваны, потым выпушчаны. Хаваўся ў аднаго з селян у в. Парэчча. Быў забіты 7 кастрычніка 1939 года мясцовымі жыхарамі на загад савецкага камісара Холадава. 

Перад смерцю яму далі ў рукі рыдлёўку і загадалі капаць сабе магілу, але Скірмунт адказаў: «Я не заслужыў, каб сабе самому капаць магілу». Перад смерцю яму загадалі адвярнуцца ад забойцаў. Ён адмовіўся: «Я ад людзей ніколі не адварочваўся».

1954 год. Урады ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі адмовіліся прыняць СССР у члены НАТА.

У СССР прапрацоўваліся, умоўна кажучы, „План A“, „План B“ і „План C“.

“План A” прадугледжваў паспяховае ўступленне ў альянс і спробу памяняць яго характар знутры.

Галоўнай мэтай “Плана B” быў нейкі піяр-ход з мэтай паказаць, што гэта менавіта Захад адхіляе Маскву ад НАТА.

Пад час перамоў 1956 года паміж М. Хрушчовым і генсекам НАТА Полем-Анры Спаакам, лідар СССР паскардзіўся, што СССР не прынялі ў НАТА. На гэта Спаак шчыра адказаў, што яму цяжка ўявіць сумеснае камандаванне ЗША і СССР, і што ў выпадку савецкага ўступлення сама сутнасць гэтай арганізацыі страціла б усялякі сэнс.

“План C” быў рэалізаваны. Ён заключаўся ў стварэнні супрацьлеглага НАТА ваеннага блока ўсходнееўрапейскіх дзяржаў – Арганізацыі Варшаўскай дамовы.

1980 год. Першы сакратар ЦК КПБ П. Машэраў уручыў Магілёву ордэн Айчыннай вайны I ступені.

Пастанова Вярхоўнага Савета СССР аб ўзнагароджанні горада за мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі гарады ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарча-культурным будаўніцтве, была падпісана 25 красавіка 1980 года.

1980 год. Памёр Мікола Гарулёў (1919-1980).

Рускі і беларускі савецкі паэт, празаік, перакладчык, сцэнарыст і драматург. Заслужаны работнік культуры. Выпускнік Магілёўскага педінстытута.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў у магілёўскай абласной газеце «За Радзіму», у Дзяржаўным выдавецтве, у часопісе «Советская Отчизна», у Рускім драматычным тэатры, на кінастудыі, у рэдакцыі «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі».

Аўтар вершаў, нарысаў, зборнікаў вершаў, аповесцяў для дзяцей і юнацтва, раманаў, гумарыстычных апавяданняў, п’ес, кінааповесці, сцэнарыях дакументальных фільмаў. Зрабіў літаратурны запіс кнігі М. Каралёва «Сыновья народа».

Пераклаў на рускую мову М. Паслядовіча, М. Зарэцкага, Якуба Коласа, Э. Самуйлёнка, П. Галавача, Максіма Танка, П. Панчанкі, А. Бялевіча, І. Мележа і іншых.

1999 год. Бясследна знік Юры Захаранка (нарадзіўся ў 1952 годзе).

Беларускі палітычны дзеяч. Міністр унутраных спраў Беларусі (1994-1995).

У 1977-1994 гадах служыў у МУС на розных пасадах ў Светлагорску, Гомелі, начальнікам Следчага камітэта МУС. У час прэзідэнцкіх выбараў 1994 году быў у выбарчым штабе кандыдата А.Лукашэнкі.

У 1994 годзе стаў генерал-маёрам і міністрам унутраных спраў.

Падначаленыя яму падраздзяленні МУС у красавіку 1995 года ўдзельнічалі ў збіцці дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія пратэставалі супраць правядзення рэфэрэндуму ў Беларусі, а ў жніўні 1995 разагналі страйк работнікаў Мінскага метрапалітэну.

У кастрычніку 1995 года вызвалены ад пасады міністра. Пасля звальнення займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Актыўна ўдзельнічаў практычна ва ўсіх публічных акцыях апазіцыі. З 1996 года – член Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З лютага 1998 года ў складзе Нацыянальнага выканаўчага камітэта, створанага апазіцыяй – старшыня камітэта па бяспецы.

У студзені 2003 г. Пракуратура г. Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Ю. Захаранкі. Колішні начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў, выказаў здагадку, што Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны. Патрабаванне расследвання знікнення Ю. Захаранкі – адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый.

2011 год. Памерла Ядвіга Раманоўская (1920-2011).

Беларускі арганізатар музейнай справы, захавальніца літаратурнай і архіўнай спадчыны Янкі Купалы, пляменніца Янкі Купалы.

Некаторы час жыла ў сям’і Янкі Купалы ў Мінску. Апошняя сустрэча з Купалам адбылася ў жніўні 1941 года ў Маскве.

На працягу 42 гадоў працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы (1960-2002). Вяла актыўны і паспяховы пошук матэрыялаў аб Янку Купалу, збірала ўспаміны сучаснікаў паэта пра Купалу, прымала ўдзел у стварэнні экспазіцый і выставак у філіялах музея.

Аўтар і рэцэнзент шэрагу альбомаў, кніг, артыкулаў энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала», буклетаў, шматлікіх артыкулаў у перыядычным друку.

Дзякуючы яе намаганням усталяваны мемарыяльныя дошкі, ўвекавечаны мясціны, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю Янкі Купалы

2017 год. Памёр Алесь Рыбак (1934-2017).

Беларускі пісьменнік.

Скончыў БДУ. Працаваў у радашковіцкай, дзяржынскай, бягомльскай раённых газетах, часопісах «Вожык», «Бярозка», газеце «Калгасная праўда», на Беларускім радыё, у Літаратурным інстытуце ў Маскве, выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар вершаў, кніг аповесцей і апавяданняў, раманаў, апавяданняў для дзяцей.

Фота з адкрытых крыніц.