19 ліпеня ў гісторыі. Узяцце Шыпкі. “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”. Арарацкая анамалія. Алімпіада-80 у Мінску.

1450 год. Першая згадка Узды.

Амаль 11-тысячны горад у Мінскай вобласці, цэнтр раёна, на р. Уздзянцы. Цэнтр  кальвінізму. У 1572 годзе тут жыў С. Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. Працуюць кравецкая фабрыка, філіял Слуцкага сыраробнага камбіната.

1814 год. Памёр брытанскі мораплавацель Мэцью Фліндэрс (1774-1814).

Аўтар назвы Аўстралія.

Назва замацавалася за кантынентам пасля выхаду ягонай кнігі “A Voyage to Terra Australis” (выдадзена за дзень да смерці). Даследчык Аўстраліі.

1855 год. Памёр Тамаш Зан (1796-1855).

Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік вызваленчага руху, прыродазнавец, музеязнавец.

Даследчык прыродных багаццяў Урала, вынаходнік золата, аўтар карты Прыўральскага краю, дакладаў для геаграфічнага таварыства. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў, сябра А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі.

Пахаваны на каталіцкіх могілках у Смалянах пад Оршай.

Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў  Гродне.

1869 год. У в. Дубейкава (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, інжынер-будаўнік, паэт

Збіральнік беларускага фальклора.

Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.

Памёр 6 лістапада 1940 года.

1877 год. Рускія і балгарскія войскі пад кіраўніцтвам М. Святаполк-Мірскага (уладальнік Мірскага замка; 1833-1898) адбілі ў турак Шыпку, адкрыўшы сабе шлях на Балканскі паўвостраў. 

Адзначыліся гераізмам на Балканах і беларускія генералы Іосіф Рамейка-Гурка (1828-1901), выхаванец магілёўскай гімназіі Міхал Чарняеў (1828-1898).

1908 год. Нарадзілася фраза “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”.

Падчас IV летняй Алімпіяды ў Лондане біскуп Пенсільваніі Этэльберт Талбот на службе ў саборы святога Паўла вымавіў вядомую фразу “Галоўнае – не перамога, а ўдзел” у сувязі з трагедыяй італьянскага бягуна Пьетры Дорандо.

Пьетры мэтанакіравана рыхтаваўся да марафону, разлічваючы на перамогу. Марафонскі забег праходзіў у вельмі спякотны дзень, прычым старт яго быў дадзены ў самае пекла – у 14:30.

Пьетры пачаў не вельмі хутка, паступова абганяючы канкурэнтаў. Да 32-га кіламетра ён выйшаў на другое месца, на 39-м “зламаўся” ранейшы лідэр, і паміж італьянцам і залатым медалём заставалася ўсяго 3 км дыстанцыі.

Далей разгулялася адна з найвялікшых драм у гісторыі спорту. Канчаткова знясілены Пьетры дабег да стадыёна, дзе яго віталі 75 000 гледачоў. Яму заставалася да фінішу некалькі сотняў метраў, але спартовец страціў арыентацыю і пабег не ў той бок. Калі суддзям удалося растлумачыць гэта атлету, той паспрабаваў разгарнуцца, але ўпаў. Падняцца яму ўдалося толькі пры дапамозе суддзяў, але ён працягнуў бег. Далейшае ўжо было падобным на гладыятарскія баі – на апошніх 200 м дыстанцыі Пьетры падаў 4 разы, паднімаўся з дапамогай суддзяў, але ўсё ж перасёк лінію фінішу.

Узрушаны Артур Конан Дойл, які працаваў на Гульнях рэпарцёрам, напісаў: “Найвялікшыя намаганні італьянца ніколі не будуць выкрэслены з гісторыі спорту незалежна ад рашэння суддзяў”.

Дэлегацыя ЗША заявіла пратэст і пераможцам быў прызнаны амерыканец Джоні Хейс, які прыйшоў другім. Праз 10 дзён адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прызоў. Уручаць прызы павінен быў кароль Эдуард, але, раззлаваны паводзінамі амерыканскіх спартоўцаў, ён адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Замест яго ўзнагароды ўручала ягоная жонка Аляксандра.

Каралева Аляксандра заказала для італьянца спецыяльны залаты кубак.

Лонданская трагедыя зрабіла Пьетры неверагодна папулярным. На працягу наступных 3 гадоў ён удзельнічаў у марафонскіх забегах у розных краінах свету.

1915 год. Нарадзіўся Антон Шукелойць (1915-2017).

Беларускі грамадскі дзеяч у ЗША, этнограф, педагог.

Скончыў Універсітэт С. Баторыя. Ва ўніверсітэце працаваў у этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі, быў сябрам розных беларускіх студэнцкіх арганізацый, спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне, арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета, быў загадчыкам гараддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны НКУС, вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

З 1944 года – у Германіі: адшукваў сляды беларускіх музейных каштоўнасцей.

У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

1927 год. Нарадзіўся Міхась Саўка (1927-1990).

Беларускі і бельгійскі мастак-рэстаўратар. Доктар навук і мастацтва.

У 1944 годзе выехаў у Германію, у 1947 – у Бельгію, дзе вучыўся ў Мастацкай акадэміі, Лювенскім ўніверсітэце, быў членам Згуртавання беларускіх студэнтаў.

Працаваў у Каралеўскім інстытуце мастацкай спадчыны, рэстаўратарам абразоў і скульптур, спецыялізаваўся на рэстаўрацыі касцельных фрэсак.

Як практык, праводзіў з каралевай Бельгіі заняткі па маляванню.

Распрацаваў спецыяльную тэхніку рэстаўравання, пра якую пісаў у прафесійных часопісах. Асобна выдаў працы «Фіксацыя насценнага жывапісу полівінілавым спіртам: вопыт рэстаўратара», «Рэстаўрацыя насценнага пахавальнага жывапісу XIV ст. у склепе Варнятонскай царквы» і іншыя.

Памёр у Бруселі 10 верасня 1990 года. Пахаваны на могілках у Лондане побач з трагічна загінуўшым раней сынам Маркам.

1941 год. Апошні бой батальёна капітана К. Уладзімірава ў в.Гаі Магілёўскага раёна.

Зводны трохротны міліцэйскі батальён (міліцыянты, курсанты Мінскай, Гродзенскай школ міліцыі, Магілёўскай школы НКДБ) трымаў абарону з 13 ліпеня пад бесперапыннымі артылерыйскімі абстрэламі і бамбардзіроўкамі фашысцкай авіяцыі.

Падраздзяленне было спехам сфарміравана і слаба ўзброена, але яго байцы стаялі да смерці.

18 ліпеня Канстанцін Уладзіміраў быў забіты разрывам варожага снарада.

Пасля шасці дзён баёў у жывых з 250 міліцыянераў засталося ўсяго 19 чалавек.

1949 год.  Амерыканскі ваенны самалёт, які рабіў аэрафотаздымку тэрыторыі Турцыі, сфатаграфаваў на гары Арарат дзіўны аб’ект – “Арарацкая анамалія”. 

Анамалія ўяўляе сабой прадмет дзіўнай формы на вышыні каля 4725 м над узроўнем мора і каля 183 м у даўжыню. Пасля 1949 года анамалію фатаграфавалі ў 1973 годзе – амерыканскі спадарожнік-шпіён Keyhole-9 і ў 1976 годзе – разведвальны спадарожнік Keyhole-11. 

Мяркуюць, што “Арарацкая анамалія” – парэшткі легендарнага Ноева каўчэга, які, паводле Бібліі (Ветхі Завет), прычаліў да гары Арарат па завяршэнні Сусветнага Патопу.

У апошні час з’явілася таксама версія, што каўчэг прычаліў у гарах на тэрыторыі сучаснай Чачні. Чачэнцы называюць сябя «нохчо» – «людзі», «людзі народа Ноя».

1957 год. Памёр Мікола Засім (1908-1957).

Беларускі паэт, журналіст.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызан. Працаваў у брэсцкіх газетах «Зара», “Зара над Бугам”, кіраваў абласным літаб’яднаннем.

Друкаваўся ў шэрагу газет і часопісаў, аўтар 5 зборнікаў паэзіі.

1980 год. У Маскве, у “Лужніках”, адкрыліся XXII летнія Алімпійскія гульні (19 ліпеня-3 жніўня).

Іх з прычыны ўводу войск СССР у Афганістан байкатавалі 30 са 111 краін-удзельніц.

Спаборніцтвы праводзіліся і ў Мінску (6 папярэдніх і чвэрцьфінальны матчы па футболу). У Мінску да Гульняў былі пабудаваны алімпійская вёска на р. Свіслач, гатэль “Планета”, мадэрнізаваны аўтадарога-«алімпійка» Масква-Брэст, чыгунка, гарадская інфраструктура.

20 ліпеня 1980 года трохразовы алімпійскі чэмпіён А. Мядведзь у моцны дождж запаліў агонь Гульняў на мінскім “Дынама” (50 067 месцаў, кошт квіткоў ад 0,90 да 2,20 тагачасных рублёў). Са 195 медалеў зборнай СССР, 31 заваявалі беларусы.

2010 год. Памёр Ігар Дабралюбаў (1933-2010).

Беларускі рэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Народны артыст БССР. Працаваў на «Беларусьфільме». Рэжысёр шмалікіх фільмаў, у тым ліку «Іван Макаравіч», «Па сакрэту ўсяму свету», «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы», «Плач перапёлкі».

2021 год. У в. Красніца адкрыты памятны знак “Спаленым вёскам Быхаўскага раёна”.

Красніцу разам з мірным насельніцтвам дашчэнту спалілі нямецка-фашысцкія карнікі 17 ліпеня 1942 года. У агні тады жыўцом загінула 857 чалавек. У асноўным старыя, жанчыны і дзеці.

Трагедыя адлюстравана ў кнізе пісьменніка Авідыя Гарчакова «Попел Красніцы» («Аповесць пра вогненнае сяло»).

17 ліпеня ў гісторыі. “Фермапілы ХХ стагоддзя”. Адкрыўся Дыснейленд. Авіякатастрофа пад Данецкам. Нарадзіўся Ян Чачот.

1796 год. Нарадзіўся Ян Чачот (1796-1847).

Беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, фалькларыст, мовазнавец.

Сабраў каля 1 000 аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у 6 зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале.

У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» зрабіў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу.

Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі з’яўляюцца досвіткам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У пераважнай большасці выпадкаў паэт называе беларускую мову «славянакрывіцкай мовай» альбо «крывіцкім дыялектам».

Яго вершы актыўна ставіліся на музыку С. Манюшкам: усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Чачота кампазітар напісаў 22 песні, болей, чым на словы любога іншага аўтара.

1854 год. У Аўстрыі пушчана ў строй першая ў Еўропе і ў свеце горная чыгунка.

Найбольш стары ўчастак даўжынёй 42 км, пабудаваны ў 1848-1854, праходзіць праз Земерынгскі перавал паміж Мюрцушлагам і Глогніцам у высакагорнай мясцовасці.

Улічваючы вельмі складаны рэльеф і значныя перапады вышыні, з’яўляецца адным з выбітных дасягненняў грамадзянскай інжынерыі XIX стагоддзя.

Дарога поўнасцю функцыянуе. Яна ў 1998 годзе аб’яўлена аб’ектам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

1924 год. У БССР скасавана старое і ўведзена новае раянаванне  – акругі з раёнамі.

Адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне праведзена на падставе рэкамендацый географа А. Смоліча.

Утвораны 10 акруг – Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская /цэнтр – Клімавічы/, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая па 7-12 раёнаў, усяго 100 раёнаў, у тым ліку Асіповіцкі, Клічаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Круглянскі, Бабруйскі, Быхаўскі, Прапойскі (зараз – Слаўгарадскі), Чавускі, Горацкі, Дрыбінскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Лупалаўскі, Мсціслаўскі, Магілёўскі, Хоцімскі, Шклоўскі, 1 202 сельсаветы.

1941 год. “Фермапілы ХХ стагоддзя” каля в. Сакольнічы пад Крычавам.

Гэта было сапраўднае пекла. Танкі загараліся адзін за адным. Пяхота, якая хавалася за бранёй, залегла. Камандзіры ў разгубленасці і не могуць зразумець крыніцу шквальнага агню. Здаецца, б’е цэлая батарэя. Агонь прыцэльны. У нямецкай калоне – 59 танкаў, дзясяткі аўтаматчыкаў і матацыклістаў…

Старшы сяржант Мікалай Сірацінін (1921, Арол-1941) застаўся адзін прыкрыць адступленне. Ён размясціўся на ўзгорку ў густым жыце каля калгаснай стайні. Калі на досвітку пайшлі нямецкія танкі, Мікалай падбіў першую і апошнюю машыны калоны, утварыўшы корак на дарозе… За 2,5 гадзіны бою Сірацінін знішчыў 11 танкаў, 7 бронемашын, 57 салдат і афіцэраў.

Калі фашысты ўсё ж выйшлі на пазіцыю Сірацініна, у яго засталося ўсяго 3 снарады з 60. Прапаноўвалі здацца. Мікалай адказаў стралянінай па іх з карабіна.

1942 год. Пачалася Сталінградская бітва.

Сталінградская бітва (17 ліпеня 1942 – 2 лютага 1943) – адна з найбуйнейшых у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.

200 дзён і начэй на берагах Дона і Волгі, а затым ля сцен Сталінграда і непасрэдна ў самім горадзе працягвалася жорсткая бітва. Яна разгарнулася на тэрыторыі ў 100 000 квадратных кіламетраў пры працягласці фронту ад 400 да 850 кіламетраў.

Удзельнічала ў ёй з двух бакоў звыш 2,1 мільёна чалавек.

Нямецка-фашысцкае камандаванне планавала разграміць савецкія войскі на поўдні краіны, авалодаць нафтавымі раёнамі Каўказа, багатымі сельскагаспадарчымі раёнамі Дона і Кубані, парушыць камунікацыі, якія звязваюць цэнтр краіны з Каўказам.

Падчас Сталінградскай бітвы савецкія войскі атачылі і знішчылі галоўныя сілы 4-й танкавай і 6-й палявой армій, разграмілі 3-ю і 4-ю румынскую і 8-ю італьянскую арміі. Страты немцаў склалі звыш 800 000 чалавек, было ўзята ў палон звыш 91 000 чалавек. Агульныя страты суперніка склалі каля 1,5 мільёна чалавек. У Германіі ўпершыню за гады вайны была аб’яўлена нацыянальная жалоба.

Перамога савецкіх войскаў у Сталінградскай бітве стала пераломным этапам падчас Другой Сусветнай вайны. Паражэнне фашысцкага блока пад Сталінградам падарвала давер да Германіі з боку яе саюзнікаў, спрыяла актывізацыі руху Супраціўлення ў краінах Еўропы. Японія і Турцыя вымушаны былі адмовіцца ад планаў актыўных дзеянняў супраць СССР.

Фантан «Бармалей», Сталінград. Фота Э. Еўзерыхіна

1944 год. На другі дзень пасля Партызанскага парада ў Мінску, адбыўся “Марш пераможаных” у Маскве.

Шэсце 42 000 нямецкіх ваеннапалонных працягвалася 2 гадзіны 25 хвілін. Другая група ў 15 000 чалавек прайшла за 4 гадзіны 20 хвілін.

За палоннымі ішлі палівальныя машыны, сімвалічна змываючы бруд з асфальта. Па вуліцах былі праведзены 57 000 нямецкіх вайскоўцаў, якія былі ўзяты ў плен пры Беларускай аперацыі “Баграціён”.

1945 год. У Патсдаме, прыгарадзе Берліна, адкрылася апошняя канферэнцыя лідэраў “Вялікай тройкі” – кіраўнікоў трох найбуйных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне І. Сталіна, Г. Трумэна і У. Чэрчыля.

У гісторыі яна вядома як Патсдамская, ці Берлінская, канферэнцыя.

Галоўнай яе мэтай стала вызначэнне далейшых крокаў па пасляваенным ладзе Еўропы. І за 17 дзён кіраўнікі краін-пераможцаў прынялі найважнейшыя рашэнні па ўладкаванні зрынутай Германіі.

1955 год. У амерыканскім Анахайме, на поўдзень ад Лос-Анджэлеса, адкрыўся “Дыснэйлэнд”.

Яго адкрыў амерыканскі “кароль мультыплікацыі” і ўдачлівы кінабізнесмэн Уолт Дысней. “Дыснэйлэнд” – чароўная краіна сімпатычных герояў яго знакамітых мультфільмаў.

Да 1985 года ў “Дыснэйлэндзе” пабывалі 250 мільёнаў наведвальнікаў. У 1971 годзе другі амерыканскі “Дыснэйлэнд” з’явіўся ў Фларыдзе, у 1983-м – падобны парк адкрыўся пад Токіо, а ў 1992-м – пад Парыжам.

Зараз парк працуе на 200 гектарах. У ім пабывала сумарна пад 800 мільёнаў наведвальнікаў.

1956 год. Нарадзіўся Барыс Крайко.

Беларускі географ, педагог.

Выхаванец факультэта прыродазнаўства Мінскага педінстытута (1978).

Працаваў дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўным рэдактарам часопіса “Геаграфія: праблемы выкладання”.

Суаўтар школьных падручнікаў па геаграфіі.

1959 год. Нарадзіўся Барыс Пятровіч (Сачанка).

Беларускі празаік.

Працаваў у «Гомельскай праўдзе», «Звяздзе», «Літаратуры і Мастацтве», часопісе «Полымя».

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», вакол якога аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне дэмакратычныя пісьменнікі, перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

Старшыня Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Выдавец больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка», больш дзесятка кніг у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».

Яскравы прадстаўнік экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.

1959 год. Нарадзілася Вольга Русілка.

Беларуская паэтэса, літаратуразнавец.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, кандыдат  філалагічных навук, дацэнт.

Суаўтар падручніка “Родная літаратура” для 7 класа школ, метадычных дапаможнікаў. 

1998 год. Памёр Сяргей Сідор (1937-1998).

Беларускі географ, доктар педагагічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч.

Працаваў на геаграфічных факультэтах Магілёўскага педінстытута, БДУ.

Суарганізатар школьнай алімпіяды па геаграфіі, часопіса «Геаграфія: Праблемы выкладання». Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі. Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, навуковай геаграфічнай тэрміналогіі.

Працягваў справу А. Смоліча, стварыў першы ў незалежнай Беларусі паўнавартасны беларускамоўны падручнік па геаграфіі Беларусі.

2000 год. Памерла Эдзі Агняцвет (Каган, 1913-2000).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 26 кніг паэзіі, шэраг паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова».

Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх,  французскіх і іншых класікаў. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. Андэрсена.

2008 год. Памёр Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр.

Двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг), чэмпіён СНД. Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку з Мікалаем Валуевым і Мікалаем Паповым. Акрамя бокса займаўся лёгкай, цяжкай атлетыкай, плаваннем.

Загінуў пры цьмяных абставінах. 

2014 год. Авіякатастрофа Boeing 777 пад Данецкам.

Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines рэйса Амстэрдам-Куала-Лумпур быў збіты. Загінулі  283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Найбуйнейшая авіякатастрофа XXI стагоддзя.

Падчас міжнаронага расследвання ўстаноўлена, што самалёт быў збіты ЗРК “Бук” 53-й зенітна-ракетнай брыгады Мінабароны Расіі.

19 чэрвеня 2019 прадстаўнікі міжнароднай сумеснай следчай групы афіцыйна назвалі імёны чатырох падазраваных па справе аб гібелі борта MH17. Гэта – былы міністр абароны самаабвешчанай ДНР І. Гіркін (Стралкоў), а таксама Л. Харчанка, А. Пулатаў і С. Дубінскі. Выдадзена чатыры ордэры на іх арышт.

9 сакавіка 2020 года ў Нідэрландах у судовым комплексе Схіпхала пачаліся слуханні па справе аб забойстве 298 чалавек, а таксама аб наўмысным знішчэнні самалёта. Ніводзін з чатырох падазраваных на судовае паседжанне не з’явіўся.

17 лістапада 2022 года суд прызнаў І. Гіркіна і яго падначаленых С. Дубінскага і Л. Харчанку вінаватымі і датычнымі да знішчэння самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 яго пасажыраў у небе над Данбасам.

Дзень ператварыўся ў ноч у Стамбуле

З-за гіганцкага чорнага воблака ў Стамбуле настала ноч – паведамляе sm.news. З’ява працягвалася ўсяго 5 хвілін.

Гэта адбылося пасля праліўнога дажджа, калі над Стамбулам з’явілася гіганцкае чорнае воблака даўжынёй 10 кіламетраў. Воблака пагрузіла ў цемру практычна ўвесь горад. 

Спецыялісты лічаць, што прычынай з’яўлення стала пылавая бура, якая ўзнікла пасля моцнай залевы.

Такая прыродная з’ява з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для жыхароў горада. Яна прыводзіць да зніжэння якасці паветра, падвышанай верагоднасці захворванняў дыхальных шляхоў і іншым непрыемным для здароўя наступстваў.

Фота з адкрытых крыніц

Фінляндыя стала членам NATO

Афіцыйная цырымонія прыёму Фінляндыі ў NATO адбылася сёння, 4 красавіка, у 74-гадавіну арганізацыі,  у яе штаб-кватэры ў Бруселі.

Фінляндыя разам са Швецыяй вырашыла далучыцца да NATI адразу пасля нападу Расіі на Украіну ў 2022 годзе і падала сваю заяўку ў маі мінулага года.

Генеральны сакратар NATO Йенс Столтэнберг лічыць прыём Фінляндыі ў блок лакальнай перамогай у супрацьстаянні з Расіяй.

Пакуль не вырашана пытанне з прыняццем у блок Швеціі, бо супраць яе членства Турцыя, але, паводле слоў Столтэнберга, да ўступлення каралеўства засталося некалькі тыдняў ці месяцаў.

Рэакцыя Расіі

Для Расіі далучэнне Фінляндыі да NATO азначае, што Балтыка стане ўнутраным морам альянсу, а мяжа Расіі з альянсам павялічыцца больш як на 1 000 км. 

Прэзідэнт Расіі У. Пуцін  заявіў:  “У нас няма такіх праблем са Швецыяй і Фінляндыяй, якія, на жаль, ёсць з Украінай… Хочацца ім уступіць у NATO – калі ласка…  мы змушаныя будзем адказваць люстэркава і ствараць такія ж пагрозы для тэрыторый, адкуль ствараюцца пагрозы нам”. І тут ён відавочна мае на ўвазе Беларусь як аб’ект, які будзе выкарыстоўвацца для стварэння пагроз.

У Турцыі новы моцны землятрус

У чацвер, 23 сакавіка, на паўднёвым усходзе Турцыі паміж 12:19 і 13:04 зноў зафіксавалі серыю падземных штуршкоў. Магнітуда самага магутнага складала 5,3 – перадае news.pn са спасылкай на агенцтва Anadolu.

Штуршкі зафіксавалі ў правінцыі Кахраманмараш. 

Магнітуда асноўнага землятрусу дасягала 5,3, пасля яго адбыліся два афтэршокі магнітудай каля 4,0. Эпіцэнтр знаходзіўся на глыбіні каля 7 км.

Аб разбурэннях і пацярпелых пакуль не паведамляецца.

Адзначаецца, што землятрус істотна слабейшы за разбуральныя штуршкі 6 лютага, якія прывялі да гібелі больш як 52 000 чалавек у Турцыі і Сірыі. Тады магнітуда наймацнейшага землятрусу складала 7,7. 

Турэцкія ўлады анансавалі маштабнае расследаванне і распачалі масавыя арышты забудоўшчыкаў і падрадчыкаў, чые будынкі не вытрымалі штуршкоў і цалкам разбурыліся.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Жыхарка Магілёўскай вобласці выжыла пасля землятрусу ў Турцыі і вярнулася на радзіму

Глусчанка Любоў Шапавалава перажыла землятрус у Турцыі і распавяла падрабязнасці трагедыі.

Ураджэнка Глуска ўжо чатыры гады жыве ў турэцкім Газіянтэпе. Любоў Шапавалава апынулася ў ліку трох беларусак, якіх першымі эвакуявалі на радзіму пасля землятрусу. Цяпер яна з дачкой знаходзіцца ў Глуску, а яе муж застаўся ў Турцыі дапамагаць землякам – піша газета “Радзіма”. 

– Са сваякоў мужа ў першую ж гадзіну загінула сем чалавек. Вядома, вельмі страшна было тым, хто апынуўся пад заваламі, але страшна і перажыць вось гэта ўсё, што адбывалася. – распавядае Любоў – У нас і раней бывала, што трасе, але злёгку, нядоўга, секунд пяць… А тут усё доўжылася паўтары хвіліны. Тым больш пачалося ўсё, калі людзі спалі, у чатыры раніцы, 15-17 хвілін пятага. Ложак кідае, усё ўсюды стукае, люстры, шкло звіняць, паніка, цябе ўсяго трасе, ты не ведаеш, бегчы ці не бегчы, што наогул рабіць… Мы спрабуем уключыць святло, але не можам, таму што нас шпурляе направа-налева, наперад-назад… Мы схапілі дзіцяці, я думаю: ну вось-вось спыніцца, але ўсё горш і горш… Слава богу, мы ў рэшце рэшт спусціліся, я прыхапіла коўдру і падушку для дачкі, селі ў машыну. Але на самай справе і ў машыне не адчувалі сябе ў бяспецы: вакол вышынныя дамы, і яны маглі ў любую секунду абрынуцца.

Сям’я Любові Шапавалавай жыве ў ахоўваемым жылым комплексе (прыкладна 20 шматпавярховак, 20 віл, возера, кафэ, цырульня, трэнажорная зала і г. д.), які акружаны плотам. Комплекс размешчаны на ўскраіне горада, і з аднаго боку ад яго – вялікае поле. Менавіта туды вырашылі ехаць, каб схавацца ад стыхіі. Праўда, сітуацыя пагоршылася тым, што ў пачатку лютага ў Газіянтэпе выпаў снег. Падчас асноўных штуршкоў была моцная бура, з-за якой адключылася электрычнасць, і горад трэсла ў поўнай цемры.

– Два дні, груба кажучы, мы жылі ў машыне. – працягвае аповед Любоў Шапавалава – Але ў нас заканчваўся бензін і няма чым было грэцца, прытым што на вуліцы дзесьці -5, яшчэ пачаліся мокры снег і залева. Добра, мы паспелі заправіць машыну, хоць і адстаялі дзве гадзіны ў чарзе, а потым бензін некалькі сутак наогул не прадавалі. Слава богу, адкрылася мячэць, і мы пайшлі туды. У мячэці нас заспеў другі землятрус, і зноў было страшна. Праўда, там мы яго не адчулі, як у сябе ў кватэры на шостым паверсе, але кажуць, што гэты землятрус было яшчэ мацней, чым першы. Яшчэ суткі мы прабылі ў сяброў, у іх таксама шматпавярховы дом, але кватэра хаця б на першым паверсе.

Люба кажа, што іх жылы комплекс практычна не пацярпеў, так як знаходзіцца ў камяністым раёне, не на пяску: раней на гэтым месцы была скала, яе знеслі і пабудавалі дамы. Адразу пасля землятрусу ў Газіянтэпе і некаторых іншых правінцыях Турцыі з-за пагрозы выбухаў прыпынялі падачу прыроднага газу, былі перабоі з вадой. Цяпер усё наладжваецца. 

Адышоўшы ад першага шоку, усе дні да ад’езду на радзіму Люба развозіла гуманітарную дапамогу пацярпелым. У такой сітуацыі шмат машын і валанцёраў не бывае, тлумачыць яна. Яе муж застаўся ў Турцыі, каб дапамагаць людзям.

З першага ж дня Любоў трымала сувязь з консульствам. Яе, як і іншых грамадзян Беларусі, эвакуявалі бортам Мінабароны. Без перажыванняў, вядома, не абышлося. Вылет прызначылі на поўнач, але напачатку самалёт не атрымаў дазволу на пасадку (аэрапорт у Газіянтэпе быў зачынены, усе рэйсы адменены) і прызямліўся ў 300 кіламетрах. 

– Мы ўжо страцілі надзею, што нас забяруць. – успамінае Любоў – Добра, што я магла нешта спытаць, высветліць у супрацоўнікаў, так як больш-менш ведаю турэцкую, а дзве іншыя жанчыны, якія ляцелі са мной, увогуле мовы не ведалі. 

Апынуўшыся нарэшце з дачкой унутры самалёта, яна не магла стрымаць слёз. Чатырохгадовая Зара цяпер ужо смяецца і спявае песенькі, але, калі здарыўся землятрус, вельмі спалохалася. 

– Слава богу, яна не плакала, істэрыкі ў яе не было, але яна ўвесь час пыталася: “Мама, што гэта? Што гэта? Што гэта адбываецца?” – прыгадвае жанчына – Зара энергічнае дзіця, а тут суткі проста сядзела: усе сядзяць, і яна сядзіць. 

Цяпер, калі дома ў Глуску і Люба, і яе сястра Вера, якая таксама жыве ў Турцыі, сям’я спакойная. Сёстры вернуцца ў Турцыю, калі ўсё супакоіцца. 

Фота з архіву Любові Шапавалавай. 

Спрэчка навукоўцаў – свячэнне і падзенне вільготнасці не з’яўляюцца прадвеснікамі землятрусаў

Паявілася яшчэ адна версія геафізікаў наконт жахлівага землятрусаў ў Турцыі.

Рэзкае зніжэнне вільготнасці і свячэнне перад землятрусам у Турцыі нельга лічыць дакладнымі прадвеснікамі сейсмічнай падзеі – сцвярджае доктар фізіка-матэматычных навук, дырэктар Геафізічнай абсерваторыі «Барок» – філіяла Інстытута фізікі Зямлі Расійскай акадэміі навук Сяргей Анісімаў. 

Тыдзень таму назад галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук, доктар фізіка-матэматычных навук С. Пулінец распавёў РІА “Навіны” аб сваёй гіпотэзе, паводле якой “свячэнне выклікае ўзбуджэнне атмасферных газаў”. Акрамя таго, ён адзначыў, што такое свячэнне і рэзкае падзенне вільготнасці – прадвеснікі землятрусаў.

Свячэнні сапраўды часам назіраюцца ў некаторых абласцях атмасферы, у тым ліку і перад землятрусамі, але ключавое слова тут “часам”. Па іх складана нешта прадказаць, бо іх можа і не быць – кажа  Сяргей Анісімаў. 

І падкрэслівае: «Прагназаванне землятрусаў – складаная геафізічная задача, над якой працуюць навукоўцы з усяго свету. Толькі геафізічны маніторынг па сейсмічна актыўных шчылінах, а таксама бесперапынныя назіранні метэаралагічных характарыстык, аб’ёмнай актыўнасці радону, вышынных профіляў электрычных палёў, токаў і праводнасцяў могуць даць магчымасць для параўнання і дакладнага прагназавання».

Па дадзеных вучонага, свячэнне ў Турцыі было выклікана выкідам энергіі, але ў якім менавіта з геафізічных палёў – вызначыць складана.

«Напрыклад, у высокіх шыротах у зоне палярнага авала атмасферныя газы ўзбуджаюцца за кошт энергетычных часціц, якія рухаюцца з блізкага космасу па сілавых лініях геамагнітнага поля і на вышынях іёнасферы аддаюць сваю энергію на ўзбуджэнне атамаў. Далей атрымліваецца ззянне. Так адбываецца пры Паўночным ззянні. Калі мы кажам аб разломе, тое свячэнне выклікаў той ці іншы выгляд энергіі, якая паступіла на вышыні свячэння і ўзбудзіла атамы. Якая менавіта гэта была энергія, мы не ведаем, крыніцай сапраўды быў разлом. Напрыклад, бывае, што іёнасферы дасягае атмасферная гукавая хваля, мы яе не чуем, але яна аддае сваю энергію» – патлумачыў С. Анісімаў. 

Па яго словах, рэзкае падзенне вільготнасці таксама не можа выступаць у ролі прадвесніка землятрусаў.

«Гэта нармальна, што вільготнасць можа мяняцца і падаць з 90 да 20% у некаторых рэгіёнах з прычыны змен надвор’я. Такія прагнастычныя недакладнасці вядуць да некаторых неспадзяванак. Калі я жыву ў катэджы, і ў мяне ёсць метэастанцыя, якая зафіксавала скачок адноснай вільготнасці, то я буду чакаць землятрусу, хоць падстаў для гэтага няма» – сказаў С. Анісімаў.

Гнеў нябёсаў – разгадка дзіўных выбліскаў у атмасферы перад землятрусамі ў Турцыі

Эфектныя блакітныя ўспышкі, якія неаднаразова назіраліся ў паветры за секунды да землятрусаў у Турцыі, адбываюцца з-за наэлектрызаванасці атмасферы над месцам падземнага штуршка – лічаць навукоўцы.

Гэты прыродны феномен мог бы прадказваць новыя падземныя штуршкі – патлумачыў life.ru доктар фізіка-матэматычных навук галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук С. Пулінец, паведамляе pogoda.mail.ru. 

Нагадаем, што ў Турцыі і Сірыі, па апошніх дадзеных, колькасць загінуўшых у выніку разбуральных землятрусаў склала больш за 50 000: у Турцыі 44 218, у Сірыі – больш за 5 900. Пасля землятрусаў адбылося 9 136 афтэршокаў – гаворыцца ў паведамленні ўрадавага Упраўлення па надзвычайных сітуацыях Турцыі.

– У нармальных умовах атмасфернае электрычнае поле складае 100 вольт/метр. Яно генеруецца навальнічнай актыўнасцю на зямлі, распаўсюджваецца па ўсёй планеце. Паміж іёнасферай і зямлёй цячэ вельмі маленькі ток. А перад землятрусам напружанасць электрычнага поля можа быць і 1 кілавольт на метр, і 10 кілавольт, і 40 кілавольт. – кажа доктар фізіка-матэматычных навук С. Пулінец.

Паводле яго слоў, ёсць розныя версіі таго, як менавіта генеруецца гэтае электрычнае поле. Адна з іх – так званы п’езаэлектрычны эфект: калі ўзмацняецца механічны ціск у сярэдзіне цвёрдага матэрыялу, то гэта стварае ў ім электрычнае поле.

– Чым больш крышталічнага матэрыялу, напрыклад граніту, у літасферы, тым мацней генераванае электрычнае поле. І ў гэтым рэгіёне генеруецца электрычнае поле вялікай амплітуды. А калі гэтае поле дасягае велічыні, праўзыходнай прабойную напругу атмасферы, тое адбываецца разрад, сапраўды гэтак жа, як пры разрадзе маланкі. І максімальная напруга дасягаецца як раз перад самым землятрусам. – распавёў вучоны.

Самі ўспышкі адбываюцца ў атмасферы за імгненні да падземнага штуршка, але напружанне электрычнага поля пачынае назапашвацца значна раней, і яго можна вымяраць. 

Існуюць датчыкі напружання электрычнага поля ў атмасферы, якія ўстанаўліваюцца ў спецыялізаваных навуковых арганізацыях. Калі б такое абсталяванне пастаянна працавала ў сейсманебяспечных рэгіёнах, гэта быў бы адзін з эфектыўных спосабаў адсочвання прадвеснікаў землятрусаў. На жаль, пакуль падобныя прадвеснікі часцей фіксуюць ужо “постфактум”, калі землятрус ужо пачаўся, паскардзіўся вучоны.

Незадоўга да новага землятрусу на мяжы Турцыі і Сірыі 21 лютага 2023 г. таксама назіраліся пэўныя «прадвеснікі», і было відаць, што пад зямлёй у гэтым рэгіёне працягваюцца актыўныя працэсы. 

Турэцкі мэр-апазіцыянер, які змагаўся з карупцыяй і выратаваў свой горад, стаў нацыянальным героем

Аккеш Эльмасаглу – мэр горада Эрзін, вядомы ў Турцыі сваёй барацьбой з карупцыяй. Яго горад вытрымаў страшны землятрус, тады як у суседнія паселішчы ў руінах. 

Адной з галоўных прычын пагібелі больш чым 40 тыс жыхароў Турцыі і Сірыі сталі масавыя парушэнні будаўнічых норм і будаўнічыя амністыі. А вось у горадзе, у якім мэр змагаўся з карупцыяй, выстаялі ўсе дамы. Яго імя і дзейнасць абмяркоўваюць вядучыя агенцтвы свету і ўсе газеты Турцыі. 

Раён Эрзіна ў правінцыі Хатай знаходзіцца прыблізна ў 100 км ад эпіцэнтру першага самага страшнага ўдару землятрусу. Нягледзячы на ​​тое, што горад з насельніцтвам 42 тыс. чалавек размешчаны адносна блізка ад раёна разбурэнняў, ён шчасліва ацалеў. Пра пацярпелых не паведамлялася, будынкам нанесены мінімальныя пашкоджанні, і ні адзін з іх не разваліўся.

Чаму Эрзін ацалеў? 

Чаму ў суседніх гарадах, у Сірыі, якая знаходзіцца яшчэ далей ад эпіцэнтру землятрусу, мноства людзей загінула пад заваламі дамоў, а ў Эрзіне не? Безумоўна, геалагічныя ўмовы, асаблівасці грунтоў маглі сыграць сваю ролю. Эрзін стаіць на скалістым узвышшы, і гэтая асаблівасць магла абараніць горад ад катастрофы. Але не толькі яна. 

Ёсць маса фотаздымкаў разбураных турэцкіх дамоў, вакол якіх стаяць ацалелыя дамы, у якіх і пасля землятрусу можна пражываць надалей. Як высветляецца, менавіта парушэнні будаўнічых норм і сталі галоўнай прычынай настолькі маштабных разбурэнняў у Турцыі. 

Сам мэр горада Аккеш Эльмасаглу інтэр’вью ББС кажа, што прычын захаванасці яго горада можа быць многа, і геалогія таксама магла дапамагчы. Але ён падкрэслівае, што ў горадзе падрадчыкі былі мясцовымі жыхарамі, якія не кралі пры будаўніцтве, будавалі акуратна, дамы будаваліся не вышэй за 6 паверхаў і на адлегласці адзін ад аднаго. 

Аккеш паведаміў прэсе: “Я не дазволіў незаконна пабудаваць ні адзіны будынак. Яны злаваліся, крытыкавалі, пагражалі…  Але цяпер маё сумленне мяне не дратуе”.

У 2019 годзе Эльмасаглу выйграў выбары ад апазіцыйнай прэзідэнту Рэджэпу Эрдагану Рэспубліканскай народнай партыі. Увесь час мэр быў пад вельмі моцным ціскам з боку прадстаўнікоў будаўнічага бізнесу, але ён вырашыў гэты ціск вытрымаць. Мэр запэўніў, што не даваў дазволу на сумніўныя праекты нават сваім блізкім. Адным разам ён не адмяніў указ пра штраф і знос будынка, які быў незаконна пабудаваны яго сваяком.

Жыхары Эрзіна ўдзячны будаўнікам і мэру. Многія лічаць, што менавіта барацьба з карупцыяй выратавала іх жыццё. 

Строгія стандарты бяспекі і іх невыкананне.

Строгія стандарты бяспекі ў Турцыі былі ўведзены пасля магутнага землятрусу ў 1999 годзе, калі загінула 17 тысяч чалавек. Пазней яны ўзмацняліся пасля стыхійных бедстваў, у апошні раз гэта было зроблена ў 2018 годзе. Згодна з апошнімі правіламі, будаўнікі ў сейсмічна небяспечных рэгіёнах павінны выкарыстоўваць бетон высокай якасці, які ўзмоцнены сталёвымі стрыжнямі. Калоны і бэлькі павінны эфектыўна паглынаць страсенне ад падземных удараў.

Аднак гэтыя правілы выконваюцца дрэнна. Турэцкі ўрад перыядычна выдае так званыя будаўнічыя амністыі. На самай справе, гэта законнае вызваленне ад выплаты штрафаў за будаўніцтва будынкаў без сертыфікатаў стандартаў бяспекі. У зонах, якія пацярпелі ад землятрусу на поўдні Турцыі, забудоўшчыкі  атрымалі такія амністыі на 75 тысяч будынкаў. 

У Турцыі расце незадаволенасць невыкананнем правілаў будаўніцтва, што і выклікала крах многіх будынкаў падчас нядаўняга землятрусу. Правільна пабудаваныя будынкі вытрымалі нават максімальную магутнасць штуршкоў.

Цяпер жа мэр горада Эрзіна стаў сапраўдным нацыянальным героем, адной з самых папулярных і тыражаваных у СМІ асоб у Турцыі. Відавочна, што гэта зменіць яго палітычную вагу і будзе мець значэнне ў далейшым развіцці ўнутранай сітуацыі ў краіне.  

Фота з адкрытых крыніц.

Ужо 35 тысяч ахвяр землятрусу ў Турцыі і Сірыі

Па стану на 13 лютага колькасць загінуўшых у выніку землятрусу толькі ў Турцыі дасягнула 31 643 чалавек – паведамляюць СМІ. З улікам ахвяр у Сірыі – больш за 35 000. З пацярпелых рэгіёнаў Турцыі эвакуіраваны 158 165 чалавек.

Віцэ-прэзідэнт Турцыі Фуат Октай называў раней колькасць загінуўшых у Турцыі і Сірыі ў 28 192 чалавек, у тым ліку ў Турцыі – 24 617, – паведамляла 12 лютага CNN. 

Па дадзеных валанцёрскай групы «Белыя каскі», агульная колькасць пацверджаных смерцяў у Сірыі складае 3 575.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган назваў землятрус найбуйнейшым стыхійным бедствам для краіны  з 1939 года. Тады землятрус забраў жыцці 17 500 чалавек. Зараз ужо амаль у 2 разы болей.

Нагадаем, што ў Турцыі ў выніку землятрусаў утварылася гіганцкая шчыліна 30 на 200 метраў.

Землятрус магнітудай 6,7–7,8 у Малай Азіі адносіцца да ліку аднаго з самых магутных.

За апошні час па колькасці ахвяр, землятрус у Турцыі саступае толькі Гаіцянскаму. На Гаіці 18 сакавіка 2010 года загінула 222 570 чалавек, атрымалі раненні  311 111, прапалі без вестак – 869.