17 ліпеня ў гісторыі. “Фермапілы ХХ стагоддзя”. Адкрыўся Дыснейленд. Авіякатастрофа пад Данецкам. Нарадзіўся Ян Чачот.

1796 год. Нарадзіўся Ян Чачот (1796-1847).

Беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, фалькларыст, мовазнавец.

Сабраў каля 1 000 аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у 6 зборніках «Сялянскіх песень…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку з якіх апублікаваў у беларускім арыгінале.

У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» зрабіў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу.

Яго руплівая дзейнасць па збіранні беларускага фальклору і спробы ўнармавання беларускай граматыкі з’яўляюцца досвіткам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. У пераважнай большасці выпадкаў паэт называе беларускую мову «славянакрывіцкай мовай» альбо «крывіцкім дыялектам».

Яго вершы актыўна ставіліся на музыку С. Манюшкам: усяго на арыгінальныя тэксты і пераклады вусна-паэтычных твораў Чачота кампазітар напісаў 22 песні, болей, чым на словы любога іншага аўтара.

1854 год. У Аўстрыі пушчана ў строй першая ў Еўропе і ў свеце горная чыгунка.

Найбольш стары ўчастак даўжынёй 42 км, пабудаваны ў 1848-1854, праходзіць праз Земерынгскі перавал паміж Мюрцушлагам і Глогніцам у высакагорнай мясцовасці.

Улічваючы вельмі складаны рэльеф і значныя перапады вышыні, з’яўляецца адным з выбітных дасягненняў грамадзянскай інжынерыі XIX стагоддзя.

Дарога поўнасцю функцыянуе. Яна ў 1998 годзе аб’яўлена аб’ектам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

1924 год. У БССР скасавана старое і ўведзена новае раянаванне  – акругі з раёнамі.

Адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне праведзена на падставе рэкамендацый географа А. Смоліча.

Утвораны 10 акруг – Аршанская, Бабруйская, Барысаўская, Віцебская, Калінінская /цэнтр – Клімавічы/, Магілёўская, Мазырская, Мінская, Полацкая, Слуцкая па 7-12 раёнаў, усяго 100 раёнаў, у тым ліку Асіповіцкі, Клічаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Круглянскі, Бабруйскі, Быхаўскі, Прапойскі (зараз – Слаўгарадскі), Чавускі, Горацкі, Дрыбінскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Крычаўскі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Лупалаўскі, Мсціслаўскі, Магілёўскі, Хоцімскі, Шклоўскі, 1 202 сельсаветы.

1941 год. “Фермапілы ХХ стагоддзя” каля в. Сакольнічы пад Крычавам.

Гэта было сапраўднае пекла. Танкі загараліся адзін за адным. Пяхота, якая хавалася за бранёй, залегла. Камандзіры ў разгубленасці і не могуць зразумець крыніцу шквальнага агню. Здаецца, б’е цэлая батарэя. Агонь прыцэльны. У нямецкай калоне – 59 танкаў, дзясяткі аўтаматчыкаў і матацыклістаў…

Старшы сяржант Мікалай Сірацінін (1921, Арол-1941) застаўся адзін прыкрыць адступленне. Ён размясціўся на ўзгорку ў густым жыце каля калгаснай стайні. Калі на досвітку пайшлі нямецкія танкі, Мікалай падбіў першую і апошнюю машыны калоны, утварыўшы корак на дарозе… За 2,5 гадзіны бою Сірацінін знішчыў 11 танкаў, 7 бронемашын, 57 салдат і афіцэраў.

Калі фашысты ўсё ж выйшлі на пазіцыю Сірацініна, у яго засталося ўсяго 3 снарады з 60. Прапаноўвалі здацца. Мікалай адказаў стралянінай па іх з карабіна.

1942 год. Пачалася Сталінградская бітва.

Сталінградская бітва (17 ліпеня 1942 – 2 лютага 1943) – адна з найбуйнейшых у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.

200 дзён і начэй на берагах Дона і Волгі, а затым ля сцен Сталінграда і непасрэдна ў самім горадзе працягвалася жорсткая бітва. Яна разгарнулася на тэрыторыі ў 100 000 квадратных кіламетраў пры працягласці фронту ад 400 да 850 кіламетраў.

Удзельнічала ў ёй з двух бакоў звыш 2,1 мільёна чалавек.

Нямецка-фашысцкае камандаванне планавала разграміць савецкія войскі на поўдні краіны, авалодаць нафтавымі раёнамі Каўказа, багатымі сельскагаспадарчымі раёнамі Дона і Кубані, парушыць камунікацыі, якія звязваюць цэнтр краіны з Каўказам.

Падчас Сталінградскай бітвы савецкія войскі атачылі і знішчылі галоўныя сілы 4-й танкавай і 6-й палявой армій, разграмілі 3-ю і 4-ю румынскую і 8-ю італьянскую арміі. Страты немцаў склалі звыш 800 000 чалавек, было ўзята ў палон звыш 91 000 чалавек. Агульныя страты суперніка склалі каля 1,5 мільёна чалавек. У Германіі ўпершыню за гады вайны была аб’яўлена нацыянальная жалоба.

Перамога савецкіх войскаў у Сталінградскай бітве стала пераломным этапам падчас Другой Сусветнай вайны. Паражэнне фашысцкага блока пад Сталінградам падарвала давер да Германіі з боку яе саюзнікаў, спрыяла актывізацыі руху Супраціўлення ў краінах Еўропы. Японія і Турцыя вымушаны былі адмовіцца ад планаў актыўных дзеянняў супраць СССР.

Фантан «Бармалей», Сталінград. Фота Э. Еўзерыхіна

1944 год. На другі дзень пасля Партызанскага парада ў Мінску, адбыўся “Марш пераможаных” у Маскве.

Шэсце 42 000 нямецкіх ваеннапалонных працягвалася 2 гадзіны 25 хвілін. Другая група ў 15 000 чалавек прайшла за 4 гадзіны 20 хвілін.

За палоннымі ішлі палівальныя машыны, сімвалічна змываючы бруд з асфальта. Па вуліцах былі праведзены 57 000 нямецкіх вайскоўцаў, якія былі ўзяты ў плен пры Беларускай аперацыі “Баграціён”.

1945 год. У Патсдаме, прыгарадзе Берліна, адкрылася апошняя канферэнцыя лідэраў “Вялікай тройкі” – кіраўнікоў трох найбуйных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой сусветнай вайне І. Сталіна, Г. Трумэна і У. Чэрчыля.

У гісторыі яна вядома як Патсдамская, ці Берлінская, канферэнцыя.

Галоўнай яе мэтай стала вызначэнне далейшых крокаў па пасляваенным ладзе Еўропы. І за 17 дзён кіраўнікі краін-пераможцаў прынялі найважнейшыя рашэнні па ўладкаванні зрынутай Германіі.

1955 год. У амерыканскім Анахайме, на поўдзень ад Лос-Анджэлеса, адкрыўся “Дыснэйлэнд”.

Яго адкрыў амерыканскі “кароль мультыплікацыі” і ўдачлівы кінабізнесмэн Уолт Дысней. “Дыснэйлэнд” – чароўная краіна сімпатычных герояў яго знакамітых мультфільмаў.

Да 1985 года ў “Дыснэйлэндзе” пабывалі 250 мільёнаў наведвальнікаў. У 1971 годзе другі амерыканскі “Дыснэйлэнд” з’явіўся ў Фларыдзе, у 1983-м – падобны парк адкрыўся пад Токіо, а ў 1992-м – пад Парыжам.

Зараз парк працуе на 200 гектарах. У ім пабывала сумарна пад 800 мільёнаў наведвальнікаў.

1956 год. Нарадзіўся Барыс Крайко.

Беларускі географ, педагог.

Выхаванец факультэта прыродазнаўства Мінскага педінстытута (1978).

Працаваў дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі, галоўным рэдактарам часопіса “Геаграфія: праблемы выкладання”.

Суаўтар школьных падручнікаў па геаграфіі.

1959 год. Нарадзіўся Барыс Пятровіч (Сачанка).

Беларускі празаік.

Працаваў у «Гомельскай праўдзе», «Звяздзе», «Літаратуры і Мастацтве», часопісе «Полымя».

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», вакол якога аб’ядналіся самыя знакамітыя ў краіне дэмакратычныя пісьменнікі, перспектыўныя маладыя аўтары, што дало магчымасць паўнавартасна адлюстроўваць сучасны літаратурны працэс.

Старшыня Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Выдавец больш 60 кніг беларускіх аўтараў у серыі «Кнігарня пісьменніка», больш дзесятка кніг у бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў».

Яскравы прадстаўнік экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры, які ў творчасці спалучае адданасць класічнай літаратурнай традыцыі з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі.

1959 год. Нарадзілася Вольга Русілка.

Беларуская паэтэса, літаратуразнавец.

Загадчык кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, кандыдат  філалагічных навук, дацэнт.

Суаўтар падручніка “Родная літаратура” для 7 класа школ, метадычных дапаможнікаў. 

1998 год. Памёр Сяргей Сідор (1937-1998).

Беларускі географ, доктар педагагічных навук, прафесар, грамадскі дзеяч.

Працаваў на геаграфічных факультэтах Магілёўскага педінстытута, БДУ.

Суарганізатар школьнай алімпіяды па геаграфіі, часопіса «Геаграфія: Праблемы выкладання». Адзін з ініцыятараў распрацоўкі новай канцэпцыі выкладання геаграфіі. Заклаў асновы сучаснай беларускай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, навуковай геаграфічнай тэрміналогіі.

Працягваў справу А. Смоліча, стварыў першы ў незалежнай Беларусі паўнавартасны беларускамоўны падручнік па геаграфіі Беларусі.

2000 год. Памерла Эдзі Агняцвет (Каган, 1913-2000).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 26 кніг паэзіі, шэраг паэм, лібрэта, кнігу для чытання ў 4 класе «Роднае слова».

Перакладала на беларускую мову творы рускіх, украінскіх,  французскіх і іншых класікаў. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. Андэрсена.

2008 год. Памёр Віталь Шкраба (1970-2008).

Беларускі прафесійны баксёр.

Двухразовы чэмпіён Беларусі ў суперцяжкай вазе (97 кг), чэмпіён СНД. Праводзіў баі з многімі вядомымі баксёрамі, у тым ліку з Мікалаем Валуевым і Мікалаем Паповым. Акрамя бокса займаўся лёгкай, цяжкай атлетыкай, плаваннем.

Загінуў пры цьмяных абставінах. 

2014 год. Авіякатастрофа Boeing 777 пад Данецкам.

Boeing авіякампаніі Malaysia Airlines рэйса Амстэрдам-Куала-Лумпур быў збіты. Загінулі  283 пасажыры і 15 членаў экіпажа. Найбуйнейшая авіякатастрофа XXI стагоддзя.

Падчас міжнаронага расследвання ўстаноўлена, што самалёт быў збіты ЗРК “Бук” 53-й зенітна-ракетнай брыгады Мінабароны Расіі.

19 чэрвеня 2019 прадстаўнікі міжнароднай сумеснай следчай групы афіцыйна назвалі імёны чатырох падазраваных па справе аб гібелі борта MH17. Гэта – былы міністр абароны самаабвешчанай ДНР І. Гіркін (Стралкоў), а таксама Л. Харчанка, А. Пулатаў і С. Дубінскі. Выдадзена чатыры ордэры на іх арышт.

9 сакавіка 2020 года ў Нідэрландах у судовым комплексе Схіпхала пачаліся слуханні па справе аб забойстве 298 чалавек, а таксама аб наўмысным знішчэнні самалёта. Ніводзін з чатырох падазраваных на судовае паседжанне не з’явіўся.

17 лістапада 2022 года суд прызнаў І. Гіркіна і яго падначаленых С. Дубінскага і Л. Харчанку вінаватымі і датычнымі да знішчэння самалёта «Boeing» MH17 і забойства 298 яго пасажыраў у небе над Данбасам.

15 ліпеня ў гісторыі. Грунвальдская бітва. Вывяржэнне Этны. Бухенвальд. Нарадзіліся Цётка, У. Дубоўка. Памёр чалавек-велікан.

1410 год. Адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ – з другога адбылася вырашальная бітва “Вялікай вайны” 1409-1411 гадоў.

У выніку гэтага пабоішча польска-літоўска-рускія войскі пад камандаваннем польскага караля Уладзіслава II Ягайлы разграмілі галоўныя сілы Ордэна, якія ўзначальваў вялікі магістра Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход, на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 22-23 ліпеня 2023 года пройдзе чарговы маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».

1606 год. Мяшчане Магілёва ўварваліся ў ратушу і разагналі старую раду.

Была абрана новая, у складзе якой пераважалі незаможныя рамеснікі.

Падзея адбылася падчас гарадскога паўстання 1606-1610 гадоў, якое распачалося 20 чэрвеня 1606 года пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча.

Новая рада кіравала Магілёвам больш за два гады, асаблівая ўвага надавалася інтарэсам гарадскіх нізоў.

Нагадаем, што ў гэты час Магілёў налічваў 15 000 жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў, меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў.

1669 год. Скончылася вывяржэнне вулкана Этна на Сіцыліі.

Яно цягнулася з 11 сакавіка. Падчас катаклізму загінула 50 мястэчак і гарадоў, 100 000 чалавек.

Вулкан нарадзіўся 600 000 гадоў таму і з’яўляецца галоўнай славутасцю вострава Сіцылія. Гэта самы высокі з дзеючых у Еўропе і адзін з самых актыўных вулканаў у свеце.

1861 год. Памёр Адам Ежы Чартарыйскі (1770-1861).

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў у расійскім конна-гвардзейскім палку, камер-юнкерам і ад’ютантам Аляксандра I, пасланнікам у Сардзініі, міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага, сенатар-ваявода і член Адміністрацыйнай рады ў Варшаве.

Падчас Паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў.

1876 год. Нарадзілася Алаіза Пашкевіч (Цётка, 1876-1916).

Беларуская паэтэса, адна са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады,  адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара», «Гасцінец для малых дзяцей», вершаў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра.

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

Памерла 18 лютага 1916 года.

1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Дубоўка (1900-1976).

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.

Памёр 20 сакавіка 1976 года.

1925 год. Адноўлена дзейнасць Беларускага камітэта ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.

Лявон Дубейкаўскі

1937 год.  Адчынены канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд.

Афіцыйна створаны ў 1937 у наваколлях Веймара, аднак першыя зняволеныя з’явіліся тут яшчэ ў 1933, калі лагер называўся Этэрсберг. За 8 гадоў каля 250 000 чалавек будуць вязнямі Бухенвальда, з іх памруць або будуць забітыя больш за 56 000 чалавек.

Спачатку нямецкія антыфашысты, а потым, у гады Другой сусветнай вайны, прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей утрымліваліся тут. Асабліва шмат зняволеных загінула ў філіяле Бухенвальда “Дора”, дзе ў падземных цэхах вырабляліся самалёты-снарады “Фаў”.

Лагер вызвалены 10 красавіка 1945 года амерыканскімі войскамі.

Надпіс на браме лагера Бухенвальд “Jedem das Seine” – “Кожнаму сваё”.

1938 год. У Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе калектыў пераехаў у Мінск.

У 2008 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Ставяцца спектаклі для дзяцей, вячэрнія спектаклі для дарослых.

Тэатр гастраляваў у шматлікіх еўрапейскіх краінах.

1940 год. Памёр самы высокі мужчына ў свеце.

Роберт Першінг Уодлоу нарадзіўся ў 1918 годзе ў Олтане, штат Ілінойс.

Калі 27 чэрвеня 1940 года яму ў апошні раз вымяралі рост, ён быў роўны 2,72 м пры размаху рук 2,88 м. Яго максімальная вага дасягала 222,7 кг. Да апошняга дня ён працягваў расці, і да дня смерці яго рост цалкам мог дасягнуць 2,74 м.

1949 год. Нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. 

Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 300 навуковых прац.

Аўтар баек для «Вожыка».

30 чэрвеня ў гісторыі. Тунгускі метэарыт. Першыя трамваі і «кацюшы». Пераадоленне культу асобы.

Міжнародны дзень астэроіда (International Asteroid Day, з 2016 года).

Закліканы павысіць узровень дасведчанасці грамадскасці аб небяспецы сутыкнення з астэроідам і інфармаваць насельніцтва аб мерах па падтрыманні сувязі ў крытычнай сітуацыі. Астэроід перакладаецца як “зоркападобны”.

Дзень устаноўлены ў памяць прылёта Тунгускага вогненнага шара-баліду 30 чэрвеня 1908 года, а 7:00, які ўзарваўся над зямлёй на вышыні 5-10 км. 

Выбухной хваляй у радыусе 40 км быў павалены лес, знішчаны звяры, пацярпелі людзі, узніклі пажары, пачалося “светлых начэй лета 1908 года”.

Выбух быў чутны за 1 000 км, узрыўная хваля рэгістравалася па ўсім свеце.

1655 год. Магілёў наведаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч (1629-1676).

Гэта адбылося на наступны год пасля пачатку 13-гадовай вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў і праз 10 месяцаў, як магілёўцы адчынілі браму маскоўскаму войску (25 жніўня 1654).

Праваслаўны магілёўскі шляхціц Вацлаў (Канстанцін) Паклонскі на пачатку вайны дабраўся да маскоўскага цара, прычым акурат 22 чэрвеня 1654 года, і сказаў яму, што быццам у Магілёве проста спаць і есці не могуць, усе мараць упасці пад справядлівую далонь цара Аляксея.

Ад такіх прыемных навін цар прысвоіў Паклонскаму чын палкоўніка, падарыў 40 сабалёў і 50 рублёў, загадаў сфарміраваць казацкі полк з магілёўцаў.

Але народнае магілёўскае каханне да цара Аляксею Міхайлавічу апынулася некалькі перабольшаным. Жыхары Магілёва хутка расчараваліся ў Маскве.

Падчас вайны Аляксей асабіста пабываў, акрамя Магілёва, у Віцебску, Полацку,  Коўна, Гародні, Вільне.

1859 год.  Француз Жан Блондэн прайшоў па канаце над Ніягарскім вадаспадам.

Пераход адважнага канатаходца на працягу 5 хвілін назіралі 5000 гледачоў.

Пазней ён ускладніў гэты трук: ішоў на хадулях, з завязанымі вачыма, у мяшку, каціў тачку, нёс на плячах свайго мэнэджара Гары Колкорда, усаджваўся на сярэдзіне, рыхтаваў і еў амлет.

1881 год. Нарадзіўся Павел Растаргуеў (1881-1959).

Беларускі мовазнаўца.

Правадзейны член Інбелкульта, доктар філалагічных навук, прафесар. У 1918 годзе чытаў курс лекцый беларускай мовы ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве.

Вывучаў беларускія гаворкі, гаворкі расійска-беларуска-ўкраінскага памежжа, праблемы беларускай літаратурнай мовы.

На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 года прапаноўваў афрыкаты дз і дж перадаваць літарамі сербскага алфавіта —ђ, ћ, а літару й замяніць літарай j – jэхаць, jолка, jунак, мaja.

Памёр 21 сакавіка 1959 года ў Навазыбкаве.

1898 год. Запушчаны электрычны трамвай у Віцебску.

Першы беларускі, на год раней, чым ў Маскве і на 9 гадоў, чым у Пецярбурзе. У Мінску трамвай з’явіўся толькі ў 1928 годзе.

Яшчэ трамваі працуюць ў Наваполацку і Мазыры. 

Першы у Расійскай імперыі трамвай быў пушчаны ў Кіеве. А яшчэ раней трамвай пачаў працаваць у Львове (тады Аўстра-Венгрыя) – 3 мая 1880 года.

У Віцебску працуе музей трамвая. У Магілёве да рэвалюцыі таксама працаваў трамвай, але конны.

1905 год. Расстрэл царскімі карнікамі сялянскага выступлення ў в. Кішчыцы (зараз – Дрыбінскі раён).

Забіта 8, цяжка паранена 15 сялян.

Кішчыцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1643 годзе як сяло з царквой у Басейскім войтаўстве Шклоўскай воласці ў Аршанскім павеце ВКЛ.

Пакроўская царква ў Кішчыцах. У ёй адпяваліся забітыя.

1911 год. Нарадзіўся ліцвін Чэслаў Мілаш (1911-2004).

Польскі паэт, празаік, эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Член Польскай АН у Кракаве. Пляменнік і вучань Оскара Мілаша. Яго брат Андрэй Мілаш казаў: «Мілашы – гэта такія самыя ліцвіны, як Міцкевіч, Гамбровіч, Голубеў, Ясеніца, Ваньковіч, Віткацы ці нават Пілсудскі. Чэслаў гаворыць пра сябе: „Я ліцвін польскай культуры“». 

Скончыў Віленскія гімназію, універсітэт. Працаваў на Польскім Радыё ў Вільні, аднак быў звольнены па абвінавачанні ў падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў на радыё ў Варшаве.

У Варшаве перажыў нямецкую акупацыю. Працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху. Пасля паразы варшаўскага паўстання пераехаў у Кракаў.

Пасля вайны працаваў у Міністэрстве замежных спраў як аташэ па культуры польскага пасольства ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку, у 1960 годзе пераехаў у ЗША, выкладаў славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, Гарвардзе.

У камуністычнай Польшчы афіцыйна лічыўся здраднікам і рэнегатам. Вярнуўся ў Польшчу ў 1993 годзе.

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў на польскай, англійскай, французскай мовах, кніг эсэ, перакладаў, раманаў, аповесцей, успамінаў, «Гісторыі польскай літаратуры».

На беларускую мову яго творы перакладалі шматлікія літаратары, у тым ліку, Л. Баршчэўскі, Ю. Бушлякоў, А. Мінкін, А. Разанаў, М. Танк, А. Хадановіч.

1941 год. На заводзе імя Камінтэрна ў Варонежы сабраны першыя дзве баявыя пускавыя ўстаноўкі БМ-13 – “кацюшы”.

У пачатку ліпеня 1941 года была сфарміравана першая Асобная эксперыментальная батарэя палявой рэактыўнай артылерыі Чырвонай Арміі на чале з капітанам І. Флёравым, узброеная сям’ю баявымі ўстаноўкамі.

14 ліпеня 1941 года батарэя дала залп па захопленым фашысцкімі войскамі чыгуначным вузле Оршы. 

У гонар гэтай падзеі ў Оршы створаны мемарыяльны комплекс «Кацюша».

1956 год. ЦК КПСС прынята пастанова “Аб пераадоленні культу асобы і яе наступстваў”.

У дакуменце ўзнята праблема барацьбы з культам асобы І. Сталіна, які “супярэчыць прыродзе сацыялістычнага ладу і тармозіць пасоўванне савецкага грамадства да камунізму.”

Пасля гэтага узведзеныя помнікі Сталіну сталі зносіць, здымаць шматлікія партрэты. У 1961 годзе ЦК КПСС прызнаў “немэтазгодным далейшае захаванне ў Маўзалеі саркафага з труной І. Сталіна”, прапанаваўшы перапахаваць яго каля Крамлёўскай сцяны.

1965 год. Нарадзіўся Лявон Юрэвіч.

Беларускі літаратуразнавец, крытык, бібліёграф, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі.

Архівіст Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, сябар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Аўтар шматлікіх даследаванняў, у тым ліку  «Беларуская мемуарная літаратура на эміграцыі», «Культура беларускага замежжа», «Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры».

1969 год. Памёр Міхайла Грамыка (1885-1969).

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Выхаванец Магілёўскай гімназіі.

Даследчык радовішчаў нафты. Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе». пошуках нафты на Палессі.

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Янку Купалу, Якуба Коласа, А. Грыневіча.

2014 год. Памёр Сяргей Краўчанка (1949-2014).

Заслужаны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Сярод найлепшых яго роляў: Данілка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Драгун («Парог» А. Дударава), Гайдук («Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча), Захар («Апошні шанц» В. Быкава), Дамаш («Князь Вітаўт» А. Дударава).

2017 год. На вуліцы 50 год УЛКСМ у Бабруйску ўрачыста адкрыты Моладзевы парк.

Узведзены да 630-годдзя горада на пустцы паміж Палацам мастацтваў і ГЦ «Карона». У Парку ўсталяваны каланада з дзвюма аркамі, круглая ратонда для культмасавых мерапрыемстваў, фантан, лаўкі для адпачывальнікаў, дарожкі для пешых і велапрагулак, пасаджана пад тры сотні дрэваў і амаль 4 000 кустоў.

29 чэрвеня ў гісторыі. Ягелончык – збіральнік зямель. Нараджэнне партызаншчыны. Таран над Магілёвам. Вызваленне Бабруйска. Нарадзіўся Сэнт-Экзюперы.

Ціхан (народны каляндар).

Ціхан-суцішнік. На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае.

На Ціхана пявучыя птушкі заціхаюць (акрамя салаўя і зязюлі).

У гэты дзень заканчваецца маладое лета, падыходзіць сталае. Лета перасягнула гарачы ўзрост. Канчаюцца спякотныя дні. Ночы становяцца халаднейшымі.

Дзень завяршэння сяўбы жыта і пачатак вывазу гною. У гэты дзень талакой чысцілі хлявы, двары, а потым садзіліся абедаць усе разам – ладзілі свята для працаўнікоў, якія ўгнойвалі палі.

1440 год. Вялікім князем ВКЛ абраны Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі (1447-1492).

Пры абранні абяцаў вярнуць ВКЛ Валынь і Падолле захопленыя Польшчай, што пазней і было выканана. Вярнуў і Дарагічынскую зямлю. У Казіміра было 13 дзяцей. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. Выдаў Судзебнік, ліквідаваў удзельныя княствы.

Пры яго панаванні васалам Польшчы стала Мазавецкае княства, было далучана Асвенцімскае княства. У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі (1454-1466) вярнуў Памор’е, прыдбаў Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасць. Казіміру давялося амаль штогод адбіваць татарскія наезды. Падтрымаў намер наўгародскіх баяр на чале з Марфай Барэцкай далучыць Вялікі Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.

1455 год. Ва ўрачыстай абстаноўцы папа Калікст III зачытаў булу з заклікам 1 мая 1456 года выступіць у крыжовы паход супраць турак.

У 1453 годзе яны разбурылі 1000-гадовую Візантыйскую імперыю, і перад асманскай дзяржавай ужо трапятала ўся Еўропа. Але з паходам так нічога і не выйшла. А “Турэцкай буле” папы быў прыгатаваны лёс найкаштоўнейшага помніка гісторыі культуры: адціснуты на толькі што запушчаным станку першадрукара Іагана Гутенберга, яна захавалася. У адзіным экзэмпляры.

1875 год. Нарадзіўся Гергард Шэнберг (1875-1954).

Буйны расійскі і савецкі географ.

Скончыў Берлінскі, Цюрыхскі, Пецярбургскі ўніверсітэты.

Прафесар 10 універсітэтаў, загадык кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута (1946-1954), аўтар тэрміна “паўпустыня”, даследчык прыроды Магілёўшчыны.

1896 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Казлоўскі (1896-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, публіцыст.

Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, беларускія настаўніцкія курсы, школу падхарунжых у Варшаве.

Уваходзіў у ЦК Беларускай сялянскай партыі, быў інструктарам мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта па арганізацыі нацыянальнага жыцця ў Ігуменскім павеце, інструктарам 1-га батальёна беларускіх стральцоў. У 1921-1930 гадах служыў у польскім войску, адначасова браў удзел у беларускім нацыянальным руху.

У 1930-х актыўна працаваў у Вільні ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах. Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнага ўрада Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактарам партыйнай газеты «Новы шлях», сакратаром (1939-1940) Беларускай групы дапамогі пацярпелым ад вайны пры Літоўскім Чырвоным Крыжы. Аўтар шэрагу кніг па фізічным выхаванні, паэтычных зборнікаў.

Забіты 13 лістапада 1943 года партызанамі ў рэдакцыі «Беларускай газэты» (рэдагаваў газету з 1941 года). Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Рэдакцыя «Беларускай газеты» і «Голасу вёскі». Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 года

1871 год. Памёр Ксенафонт Гаворскі (1821-1871).

Беларускі гісторык, археолаг, выдавец.

Піянер археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі: займаўся археалагічнымі раскопкамі курганаў каля Полацка, Ушачаў, па р. Дрыса.

Першым у Беларусі падрабязна апісаў структуру курганных насыпаў. Даследчык царкоўнай гісторыі Беларусі. Заходнерусіст.

1900 год. Нарадзіўся Антуан дэ Сент-Экзюперы (1900-1944).

Французскі сусветна вядомы пісьменнік, прафесійны лётчык.

Загінуў у разведвальным палёце.

Вядомы па раману «Планета людзей» і казцы «Маленькі прынц». Паводле яго казкі ў Магілёве скульптарам А. Вараб’ёвым пастаўлена 30 чэрвеня 2017 года скульптура на вул. Будзённага.

1934 год. Памёр Эдвард Пякарскі (1858-1934).

Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.

Акадэмік АН СССР.

Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай, Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветінстытуце. За ўдзел у народніцкім руху сасланы ў Якуцію (1881). Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў вучоным захавальнікам Музея антрапалогіі і этнаграфіі, сакратаром аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР.

Прымаў удзел у экспедыцыях Усходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1894-1896), Аяна-Нельканскай (1914-1917) экспедыцыі.

Аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў. Рэдакар часопіса «Жи­вая старина» (1914-1917).

Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках.

Надмагілле ўнесена ў Пералік аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны федэральнага значэння, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу.

1941 год. Савет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву, у якой заклікалі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых Чырвонай арміяй пры адступленні.

На Беларусі да канца чэрвеня 1941 года дзейнічалі 4 партызанскія атрады, у ліпені – 35, а ў жніўні – 61.

Спачатку атрады былі па 25-70 чалавек, потым – 100-350, былі і да 800 і больш партызан.

1941 год. Лётчык-знішчальнік старшы лейтэнант Анатоль Кобец (1910-1941) здзейсніў у небе над Магілёвам першы таран нямецкага самалёта.

У адрозненне ад аналагічнага выпадку, які адбыўся са знішчальнікам Мікалаем Цярохіным з 161-га авіяпалка, чый подзвіг апеў у баладзе «Сакрэт перамогі» К. Сіманаў, пра таран Кобеца ў друку згадваюць мала і скупа.

Праз некалькі дзён Кобец загінуў у Дрыбінскім раёне.

1944 год. З вызваленнем Бабруйска, Магілёўшчына поўнасцю ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў.

Бабруйск быў пад акупацыяй 3 гады і 1 дзень.

24 чэрвеня 1944 года войскі правага крыла 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага пачалі наступальную аперацыю па авалоданню Бабруйска.  27 чэрвеня ў «Бабруйскім катле» апынуліся варожыя дывізіі 9-й нямецкай арміі – каля 40 000 чалавек.

29 чэрвеня 1944 года горад на Бярэзіне быў вызвалены. «Сёння нашыя войскі цалкам ліквідавалі акружаную ў раёне Бабруйска варожую групоўку. У палон узята 33 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў…». Так пачыналася зводка ад Савецкага Інфармбюро 29 чэрвеня 1944 г.

За гераічнасць, праяўлены пры вызваленні горада, І. Кабякову, Н. Масонаву, К. Навумаву было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза. З ліку ўраджэнцаў Бабруйска гэтага высокага звання былі ўдастоены С. Гарэлік, У. Ярмак, С. Сікорскі.

1958 год. Упершыню бразільцы сталі чэмпіёнамі свету па футболе.

У фінальным матчы шостага па ліку футбольнага чэмпіянату свету на стакгольмскім стадыёне “Расунда” зборная Бразіліі разграміла шведаў – гаспадароў чэмпіянату з лікам 5:2 і ўпершыню заваявала чэмпіёнскі тытул.

Хоць першы гол забілі шведы, гульня фактычна прайшла “пад дыктоўку” гасцей з Паўднёвай Амерыкі, якія прадэманстравалі датуль нябачаны ў Еўропе віртуозны атакуючы футбол. Два рэдкія па прыгажосці галы, якія выклікалі бурнае захапленне гледачоў, правёў на 55-й і 90-й хвілінах самы малады з удзельнікаў турніру – бразільскі нападаючы Пеле, які яшчэ не дасягнуў 18 гадоў.

Гэты чэмпіянат быў першым, фінал якога трансляваўся па тэлебачанні.

Зборная Бразіліі па футболе, 1958 год

1958 год. памёр Фабіян Ярэміч (1891-1958).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, сябра Рады БНР. Адзін з арганізатараў і лідараў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

Удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса (1944).

У 1945-1956 гадах рэпрэсаваны і зняволены савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Выйшаўшы на волю, жыў у Вільні.

Фабіян Ярэміч пад сцягам «Сялянскі саюз» на карыкатуры ў часопісе «Маланка» № 15, 1926

1984 год. Пачаўся рэгулярны рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» Маскоўскай лініі Мінскага метрапалітэна.

Зараз мінскае метро мае 33 станцыі на трох лініях: Аўтазаводскай, Маскоўскай і Зялёналужскай лініі, даўжыня 41,8 км.

Будаўніцтва метро пачалося 3 мая 1977 года. Аб’ём перавозкі пасажыраў метрапалітэнам амаль 220 мільёнаў чалавек. Сярэднясутачная перавозка пасажыраў складае каля 600 тысяч.

2011 год. Званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва» прысвоена Уладзіміру Саханько і Людміле Мішчанка.

У. Саханько (1946-2020) – генеральны дырэктар ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына»,  Л. Мішчанка (н. 1939) – дырэктар Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў. 

Зоркі з іх імёнамі закладзены на плошчы Зорак.

26 чэрвеня ў гісторыі. Здарэнне ў Гамельне. «Люблю Беларусь!». Статут ААН. Мінск – горад-герой. Нарадзіліся У. Матыль, Ю. Несцярэнка

Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным зваротам (International Day Against Drug Abuse and Illicit Trafficking, з 1987 года).

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН для стварэння міжнароднага грамадства, свабоднага ад наркаманіі.

Да 60% насельніцтва Беларусі ва ўзросце да 21 года можа быць аднесена да групы рызыкі.

За апошнія 8-9 гадоў колькасць школьнікаў і студэнтаў, якія ўжываюць наркотыкі, узрасла амаль у 8 разоў. Колькасць смяротных выпадкаў ад ужывання наркотыкаў за апошнія 10 гадоў павялічылася сярод насельніцтва ў Беларусі ў 12 разоў, а сярод дзяцей – у 42 разы.

Рост наркаманіі рэзка абвастрае праблему СНІДу. Колькасць зарэгістраваных у Беларусі ВІЧ-інфіцыраваных штогод падвойваецца. Сярод іх 80% – наркаманы. Колькасць асоб, якія эпізадычна ўжываюць наркатычныя рэчывы дасягае больш за 8,3 тысячы чалавек. Сярэдні ўзрост хворых 20-22 гады.

Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў (International Day in Support of Victims of Torture, з 1987 года).

Менавіта ў гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

Нягледзячы на нормы міжнароднага і нацыянальнага права, прынцыпы чалавечнасці і роўнасці, у некаторых краінах працягваюцца катаванні. Прагрэсіўнае чалавецтва асуджае любыя дзеянні, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

Катаванні з’яўляюцца злачынствам у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права.

1284 год. У нямецкім Гамельне здарылася маркотнае здарэнне, распачатае са спробы выгнання з горада пацукоў, якія распладзіліся.

Жыхары гатовы былі прапанаваць любыя грошы таму, хто выратуе іх ад пошасці. І вось нечакана з’явіўся незнаёмы. З маёмасці пры ім была толькі дудачка. Але якраз з яе дапамогай ён падахвоціўся вывесці грызуноў з Гамельна за добрую плату.

І сапраўды, зайграў на сваім інструменце і вывеў зачараваных музыкай жывёл. “Як проста!” – закрычалі гараджане і адмовіліся плаціць. 

На наступны дзень на вуліцы зноў пачуліся гукі дудкі. І 130 гамельнскіх хлопчыкаў і дзяўчынак адправіліся ў шлях за “ведзьмаком”, які завёў іх у раку Везер, дзе ўсе патанулі.

Гэта гісторыя добра вядомая з казкі пра “Гамельскіх пацукоў” братоў Грым, напісанай у XIX стагоддзі.  

1863 год. У Вільні створаны Выканаўчы аддзел Літвы (Чырвоны ронд).

Цэнтр кіраўніцтва паўстаннем 1863-1864 гадоў на чале з Якубам Гейштарам і членамі К. Каліноўскім і У. Малахоўскім.

Паролем для вызначэння прыхільнікаў паўстання было: 

-«Каго любіш?» 

-«Люблю Беларусь» 

-«То, узаемна».

Паўстанне выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне».

1909 год. Нарадзіўся Антон Адамовіч (1909-1998)

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі, Сябра Рады БНР.

Даследчык творчасці М. Гарэцкага, рэцэнзент кніг, у тым ліку Н. Арсенневай «Сягоння».

Аўтар грунтоўных прадмоў да шматлікіх эмігранцкіх выданняў, у тым ліку У. Дубоўкі, Якуба Коласа, А. Мрыя, аўтар прац па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Супрацоўнік радыёстанцыі «Свабода».

Пахаваны на Беларусіх могілках у Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі.

1923 год. У г. Горкі нарадзіўся Аляксандр Слука (1923–2007).

Сусветна вядомы эканоміка-географ, ганаровы прафесар МДУ імя М.Ламаносава, Ганаровы член Рускага геаграфічнага таварыства, доктар геаграфічных навук.

Выхаванец Горацкай СШ №2. Праз усё сваё жыццё ён пранес сапраўдную любоў, “геаграфічныя пачуцці” да вывучэння праблем насельніцтва, захаваў зусім адмысловае, вельмі цёплае, трапяткое і ўважлівае стаўленне да Беларусі.

Акрамя радзімы, яго другое каханне – Францыя, якую ведаў лепш за большасць французаў.

1927 год. У г. Лепелі нарадзіўся Уладзімір Матыль (1927-2010).

Рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. Народны артыст Расіі.

Вядомы значнаму колу гледачоў па фільмах «Жэня, Жэнечка і „кацюша“», «Белае сонца пустыні» (Дзяржаўная прэмія), «Зорка чароўнага шчасця». 

1940 год. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб пераходзе на васьмігадзінны працоўны дзень, на сямідзённы працоўны тыдзень і аб забароне самавольнага сыходу з працы”.

Згодна з пастановай, рабочыя і служачыя, якія самавольна пайшлі з дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх прадпрыемстваў або ўстаноў, а таксама самавольна перайшлі з аднаго прадпрыемства на другое, аддаваліся суду і маглі падвяргацца турэмнаму зняволенню тэрмінам ад 2 да 4 месяцаў. За прагул без паважлівай прычыны рабочыя і служачыя караліся папраўча-працоўнымі работамі па месцы працы на тэрмін да 6 месяцаў з утрыманнем з заробку да 25%.

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Куляшоў (1941-1999).

Беларускі акцёр, народны артыст.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і ўсё жыццё прысвяціў служэнню ў коласаўскім тэатры (Віцебск).

Акрамя тэатральных пастановак, быў задзейнічаны ў кіно – зняўся ў амаль 40 фільмах, у тым ліку “На Чорных Лядах”, “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, “Плач перапёлкі”, “Дуброўскі”, “Знак бяды”, “Палеская хроніка”, “Людзі на балоце”.

Памёр 22 верасня 1999 года.

1941 год. Расстраляны НКУС у лесе пад Мінскам Зэлік Аксельрод (1904-1941).

Беларускі яўрэйскі паэт, перакладчык беларускай паэзіі на ідыш.

Адказны сакратар яўрэйскага часопісу «Беластокер Штэрн» (Зорка), аўтар 4-х кніг вершаў на ідыш.

Выступаў за захаванне школ на мове ідыш. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці». Пасля гэтага здарэння быў арыштаваны.

1945 год. Прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Сярод стран-заснавальніц былі і Беларусь, і Украіна.

Статут уступіў у сілу 24 кастрычніка 1945 года і гэта дата адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

1965 год. У в. Прыбар Быхаўскага раёна нарадзіўся Юрый Несцярэнка.

Беларускі кампазітар, музыка, краязнавец, выдавец, педагог.

Стваральнік гуртоў “Рок-транс-аўта” (Мінск),  “White Night Blues” (Бялынічы), удзельнік  мінска-полацкай калабарацыі “Тутэйшыя”, магілёўскіх гуртоў “Рынка”, “Фэт Джон” і іншых.

Аўтар артыкулаў ў “Дзеяслове”, кніг для дзяцей, па гісторыі і культуры Бялыніцкага раёна, выпусціў 7 дыскаў.

Разам з А. Макарэвічам запісаў беларускамоўныя каверы на вядомыя песні “Машыны часу”.

1974 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».

Да гэтага, у 1966 годзе такіх званняў ўдастоены Масква, Ленінград (цяпер- Санкт-Пецярбург), Сталінград (цяпер Валгаград), Кіеў, Адэса, Севастопаль, Брэсцкая крэпасць (Крэпасць-Герой), у 1973 – Новарасійск, Керч.

У гонар гэтай падзеі ў 1985 годзе ў беларускай сталіцы ўзведзены архітэктурна-скульптурны комплекс. Ён уключае абеліск (45 м вышынёй) і бронзавую скульптуру «Радзіма-маць».

2016 год. Памёр Сяргей Картэс (1935, Сан-Антоніа, Чылі-2016).

Беларускі кампазітар, Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Я.Купалы, на  «Беларусьфільм», у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

З асобай Картэса звязана адкрыццё беларускага опернага мастацтва для еўрапейскай публікі.

2018 год. Памёр Алесь Зайка (1948-2018).

Беларускі краязнавец. Лаўрэат прэміі імя Тадэвуша Касцюшкі. Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна.

Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, загадваў школьным этнаграфічным музеем у роднай в. Заполле Івацэвіцкага раёна.

Збіраў фальклор, запісваў народныя словы і выразы, фатаграфаваў традыцыйную архітэктуру.

Укладальнік выданняў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Населеныя пункты Івацэвіччыны», «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны». Аўтар кніг некалькіх кніг прозы, працы «Мікратапаніміка Івацэвіччыны».

Яго клопатам у 25 найбуйнейшых населеных пунктах Івацэвіцкага раёна з’явіліся мемарыяльныя дошкі са звесткамі аб першым згадванні вёскі ці мястэчка.

Фота з адкрытых крыніц.

25 чэрвеня ў гісторыі. Выбух на Месяцы. Самы вялікі банкет. Нарадзіўся П. Броўка. Памёр Майкл Джэксан

Дзень сяброўства, яднання славян.

Славяне – буйная моўная і культурная супольнасць народаў свету. На сёння славян у свеце пад 350 мільёнаў чалавек: заходнія (палякі, чэхі, славакі, кашубы і лужычане), паўднёвыя (балгары, сербы, харваты, баснійцы, македонцы, славенцы, чарнагорцы) і ўсходнія (беларусы, рускія, украінцы, русіны).

Афіцыйна свята адзначаецца з 1969 года, калі ў стыку межаў РСФСР, УССР і БССР прайшоў першы фестываль “Славянскае адзінства”. У 1975 годзе там жа ўзведзены манумент Сяброўства – “Тры сястры”. 

Славянскія братэрскія адносіны разбураны падзеямі ў былой Югаславіі, вайной Расіі супраць Украіны.

У 2019 годзе беларускім бокам праведзена рэканструкцыя манумента Сяброўства. У маі 2022 года ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расіі Чарнігаўская абласная адміністрацыя распачала падрыхтоўку дакументаў па дэмантажу помніка.

31 мая 2023 года на дарозе каля манумента адбыўся выбух. Расійскія ваенныя паблікі ўдакладняюць, што дарога была ўзарвана, каб «не дапусціць мерапрыемствы ўкраінскіх дыверсійна-разведвальных груп у Бранскай вобласці Расіі».

Дзень памяці вялебнага Пятра Афонскага (праваслаўны каляндар).

Пётр у VII стагоддзі служыў ваяводам у імператарскіх войсках, жыў у Канстанцінопалі, а потым стаў манахам. Правёў у пустынных месцах, не бачачы нікога з людзей, 53 гады. Адзенне яго спарахнела, а валасы і барада адраслі і пакрылі цела замест адзення. Вялебны Пётр памёр у 734 годзе.

На Русі Пятра празвалі Сонцаваротам. Лічылася, што з гэтага дня сонца кароціць свой ход: дні становяцца ўсё карацейшымі і карацейшымі, а ночы – даўжэйшымі.

У гэты дзень нашы продкі асабліва славілі сонца: уздымаліся на вяршыню якога-небудзь пагорка, дзе маліліся і дзякавалі Пятру за цяпло і святло.

На Пятра Сонцавароту нельга было класціся спаць раней за паўночы: лічылася, што калі гэтага не зрабіць, то можна забыцца пра свае планы. Акрамя таго, не варта насіць чорныя ці занадта цёмныя рэчы – сонца можа пакрыўдзіцца і пойдзе дождж.

“З Пятра сонца на зіму, а лета на спякоту”.

У Пятроў дзень выпадаюць вялікія росы.

Дзень моладзі і студэнцтва Беларусі.

Свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, спазнання і самасцвярджэння, кахання і рамантыкі.

Сваю гісторыю ён вядзе з часоў існавання СССР, калі «Дзень савецкай моладзі» адзначаўся ў апошнюю нядзелю чэрвеня.

У Беларусі 1,6 мільёнаў жыхароў адносіцца да моладзі (кожны пяты). У 2023 годзе маладзевай сталіцай краіны абраны Наваполацк.

1178 год. Пяцёра кентэрберыйскіх манахаў назіралі нейкі выбух на Месяцы.

Мяркуюць, што гэта было сутыкненне метэора з Месяцам, у выніку якога ўтварыўся кратэр Джардана Бруна.

1652 год. Мястэчка Жыровіцы атрымала магдэбургскае права і герб.

Мястэчка – грэка-каталіцкі цэнтр Літвы. Зараз – аграгарадок з 2,5 тысячамі жыхароў, прадмесце Слоніма.

Цэнтр турызму нацыянальнага значэння, уваходзіць у турыстычныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоння», «Мураваны летапіс Слоніма і Жыровіцаў». 

Тут месціцца Свята-Успенскі манастыр (з 1587) з будынкамі і цэрквамі XVII-XVIII стагоддзяў. 

У верасні 1730 года адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай.    

1730 год. Польскі кароль і вялікі князь ВКЛ Аўгуст II Моцны арганізаваў самы вялікі ў сусветнай гісторыі банкет.

На ім было 30 000 гасцей – ледзь не ўдвая болей за армію краіны. Асаблівай прычыны для папойкі не было.

Пры Аўгусце пачалася крайняя ступень анархіі, з 18 сеймаў 11 былі сарваны (не без расійскіх грошай), армія была паменшана з 80 да 18 тысяч, праводзіліся палітычныя і рэлігійныя рэпрэсіі. Апошнімі словамі Аўгуста ІІ перад смерцю былі: «Усё маё жыццё было адзіным бесперапынным грахом».

1905 год. Нарадзіўся Пятрусь Броўка (1905-1980).

Беларускі грамадскі дзеяч, празаік, паэт і перакладчык. Народны паэт, Герой Сацыялістычнай працы, акадэмік АН БССР. Галоўны рэдактар часопіса “Полымя” і выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”.

Аўтар 3-х дзясяткаў кніг паэзіі, шматлікіх аповесцей, лібрэта опер, перакладаў.

Яго творы перакладзены на 27 моў, імя прысвоена выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя”, вуліцам у Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

У Мінску працуе літаратурны музей Петруся Броўкі, у  Пуцілкавічах Ушацкага раёна — хата-музей.

Нягледзячы на ўсе яго заслугі, вядомы такія крытычныя радкі Р. Барадуліна:

Пятрусь Броўка піша лоўка,
Піша лоўка і даўно,
Але ўсё, што ён напіша,
Альбо – дрэнь, альбо – …

1911 год. Нарадзіўся Арсень Булаўка (1911-1994).

Беларускі гідролаг, географ, доктар геаграфічных навук.

У 1939-1941 гадах – кіраўнік Магілёўскай гідралагічнай станцыі. Удзельнік абароны Магілёва.

Распрацоўшчык праблем гідралогіі Беларусі, тэорыі воднага балансу. Узначальваў Мінскую гідраметэаралагічную абсерваторыю.

Аўтар і суаўтар шматлікіх навуковых і навукова-папулярных прац, у тым ліку кнігі “Рака Бярэзіна”.

Рака Бярэзіна

1932 год. Нарадзіўся Часлаў Кудаба (1932-1993).

Беларускі і літоўскі географ-краязнавец, эколаг.

Лаўрэат Дзяржпрэміі Літвы. Барацьбіт за незалежнасць Літвы. Кіраўнік праекта па стварэнню геаграфічнага атласа Літвы, аўтар манаграфій, кніг, артыкулаў аб прыродзе, культуры, экалагічным стане Літвы, Беларусі, пра хараство Нарачанскага краю.

Кніга «Па Віліі: падарожныя запісы» прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія.

1946 год. Распачаў сваю дзейнасць Сусветны банк.

Заснаваны ў снежні 1945 года. Галоўнай мэтай яго стварэння была адбудова знішчанай у Другой Сусветнай вайне Еўропы і Японіі, а таксама дапамога ў развіцці краін Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Цяпер ён працуе з 124 краінамі з 184 краін-членаў.

Беларусь стала членам Групы Сусветнага банка ў 1992 годзе. За перыяд супрацоўніцтва Сусветны банк інвеставаў у значныя для Беларусі праекты больш за 1,7 мільярдаў долараў, у тым ліку «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення», «Павышэнне энергаэфектыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Абыходжанне з цвёрдымі бытавымі адходамі ў Рэспубліцы Беларусь», «Рэабілітацыя раёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», на рэканструкцыю аўтадарогі М6 Мінск-Гродна і іншыя.

1950 год. Армія Паўночнай Карэі напала на Паўднёвую Карэю.

Больш чым 60-тысячная армія Паўночнай Карэі узброеная савецкімі танкамі перайшла дэмаркацыйную лінію ўздоўж 38-й паралелі і ўторглася на тэрыторыю паўднёвай суседкі каб пачаць “нацыянальна-вызвольную вайну” і ашчасцлівіць братоў на камуністычны манер.

У вайне Паўночнай Карэі дапамагалі СССР, 1 мільён кітайцаў, а Паўднёвай – войскі ЗША, якія выступалі пад сцягам ААН.

Вайна завяршылася “ўнічыю” 27 ліпеня 1953 года: захавалася даваеннае тэрытарыяльнае размежаванне. Пры гэтым загінула 9 мільёнаў карэйцаў, 1 мільён кітайцаў, 54 000 амерыканцаў, колькасць савецкіх – невядома. Вядома толькі, што 22 савецкія летчыкі атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

1977 год. Падчас рыбнай лоўлі маланка стукнула рэйнджара нацыянальнага парка Шэнадоа Роя Саллівана і апякла яму грудзі і плечы.

Пацярпелага даставілі ў шпіталь. Гэта было ўжо сёмае пападанне маланкі ў Роя, за што ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса. Упершыню маланка ўразіла яго ў 1942 годзе, пазбавіўшы пазногця на вялікім пальцы нагі. 2-гі выпадак адбыўся ў ліпені 1969 – былі спалены бровы. 3-і ў ліпені 1970 – паранена левае плячо. 4-ы 16 красавіка 1972 – запаліліся валасы. 5-ы 7 жніўня 1973 – ізноў згарэлі адрослыя валасы і апякло ногі. 6-ы: 5 чэрвеня 1976 – пашкоджана шчыкалатка.

Смерць знайшла героя ў верасні 1983 года, калі ва ўзросце 71 года ён стрэліў сам у сябе. Кажуць, што “іскрысты рэйнджар” не змог жыць далей з-за непадзеленага кахання.

1992 год. У Беластоку афіцыйна зарэгістрана Праграмная рада тыднёвіка «Ніва».

Рада выдае тыднёвік польскіх беларусаў. Газета заснавана ў 1956 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. Беларускамоўны тыднёвік асвятляе жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуе матэрыялы па краязнаўстве, аб актуальных падзеях на Беларусі.

Выходзіць старонка для дзяцей «Зорка», перыядычна змяшчаюцца тэматычныя ўкладкі.

Газета імкнецца да яднання беларускага насельніцтва ў Польшчы.

1997 год. Памёр Жак-Іў Кусто (1910-1997).

Французскі акіянограф, контр-адмірал, фатограф, рэжысёр, вынаходнік, аўтар мноства кніг і фільмаў, акадэмік, дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака.

Адзін з вынаходнікаў акваланга, падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак».

Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя.

Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання», «Залатая рыба» (прэмія «Оскар») і «Свет бяз сонца» («Оскар»), якія добра вядомы значнай частцы беларускіх гледачоў.

Існуюць звесткі, што знакаміты вучоны і падарожнік мае беларускія карані, што быццам ягоны бацька Даніель Кусто (1878-1969) эміграваў у Францыю з Лынтупаў сённяшняга Пастаўскага раёна, перарабіў свае беларускія імя і прозвішча Даніла Куст на францускі ўзор. Хаця верагодна гэта толькі прыгожая легенда, бо на інтэрактыўным генеалагічным дрэве сям’і Кусто бліжэйшыя продкі Жак Іва Кусто паходзяць выключна з Францыі.

2009 год. Памёр Майкл Джэксан (1958-2009).

Культавы амерыканскі спявак, танцор, аўтар песень.

Кумір соцень мільёнаў меламанаў 1970-х-2020-х гадоў. Дасягнуў міжнароднай вядомасці ва ўзросце 11 гадоў, «Кароль поп-музыкі», «Чалавек Тысячагоддзя», уладальнік 19 прэмій «Грэмі», двойчы занесены ў Залу славы рок-н-рола – у якасці сольнага выканаўцы і як удзельнік гурта “Jackson 5”. Найвялікім прызнаннем у свеце карыстаюцца ягоныя 3 альбомы з 10: «Off the Wall», «Thriller» і «Bad». «Thriller» занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як дыск-лідар па продажу ў свеце (104 млн копій); ён узначальваў Billboard 200 на працягу 9 месяцаў і не пакідаў чарта больш за 2 гады.  

2011 год. Памёр Раман Тармола-Мірскі (1936-2011).

Беларускі паэт, сцэнарыст.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання.

Аўтар 11 кніг паэзіі, двух кніг для дзяцей. Напісаў сцэнарыі да некалькіх дакументальных фільмаў, у тым ліку «Я не самотны… Максім Багдановіч», да  тэлеспектакля «Зачараваны Валерка».

Дзень у гісторыі. 19 чэрвеня. Вымярэнне радыуса Зямлі. Уцёкі караля. Трагедыі дэпартацыі, Курапатаў, Дальвы. Нарадзіўся В. Быкаў

240 год да н.э. Упершыню быў вылічаны радыус Зямлі.

Гэта было зроблена географам і астраномам Эратасфенам Кірэнскім (276-194 гг. да н. э.) у дзень летняга сонцастаяння ў Александрыі пры дапамозе скафіса – вертыкальнай тычкі-гномана, умацаванага на дне чары (паўсферы).

Скафіс усталёўваюць так, каб гноман прымаў строга вертыкальнае становішча (быў накіраваны ў зеніт). Асветленая сонцам тычка адкідвае цень на падзеленую на градусы ўнутраную паверхню скафіса. 

Эратасфен параўнаў вышыню Сонца ў адзін і той жа момант часу ў двух гарадах – Александрыі і Сіене (Асуан). Пасля вымярэння кут аказаўся 7 градусаў 12 хвілін, гэта значыць 1/50 акружнасці. Такім чынам Сіена адлягае ад Александрыі на 1/50 акружнасці Зямлі. 

Адлегласць паміж гарадамі лічылася роўнай 5 000 стадыям, значыць акружнасць Зямлі – 250 000 стадыяў, а радыус тады складае 39 790 стадыяў. Невядома, якім значэннем стадыя карыстаўся Эратасфен. Калі грэцкім (178 м), то радыус Зямлі 7 082 км, калі егіпецкім, то – 6 287 км. Сучасныя вымярэнні даюць велічыню радыуса 6 371 км – дакладнасць вымярэння проста дзіўная!

1574 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа тайна пакінуў Кракаў.

Генрык (1551-1589), герцаг анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1574), кароль Францыі (1575-1589) Генрых ІІІ.

На элекцыйным сойме ў Варшаве 11 мая 1573 года быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. 24 лютага 1574 года ў Кракаве адбыліся яго каранацыя і прысяга ў адпаведнасці з «Генрыкавымі артыкуламі».

Яго абранне выклікала незадавальненне значнай часткі эліт, шляхты. У шмат якіх ваяводствах пачаўся рух за пазбаўленне Генрыка кароны. Незадавальненне выклікала і яго нежаданне ажаніцца з Ганнай Ягелонкай.

30 мая 1574 года ў Францыі памёр Карл IX і Генрык вырашыў пакінуць польскі сталец.

У Францыі Генрыка абралі каралём пад імем Генрыха III. У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1669 год. Каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абраны Міхал Вішнявецкі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Ведаў некалькі замежных моў.

У лістападзе 1663 браў удзел у вайсковай кампаніі супраць маскоўскіх войскаў, камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек.

Улетку 1672 года ўкраінска-турэцкая армія, захапіўшы крэпасць Хацін, уступіла ў Галічыну. Пасля кароткачасовай аблогі Львова Міхал быў вымушаны заключыць ганебны Бучацкі мір, па ўмовах якога Украіна станавілася незалежнай дзяржавай пад пратэктаратам Турцыі, а Падолле адыходзіла да Асманскай імперыі.

Але сойм Рэчы Паспалітай не зацвердзіў мірнага дагавора, і вайна аднавілася. Па дарозе ў войска, якое збіралася каля Хаціна, Міхал Вішнявецкі памёр у Львове 10 лістапада 1673 года. 

1898 год. У в. Расасна Горацкага павета (зараз – Дубровенскі раён) нарадзіўся Маркел Савіцкі (1898-1975).

Раслінавод, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар БСГА. 

Аўтар больш за 120 навуковых працаў, шэрагу выданняў на беларускай мове.

Распрацаваў методыку сортавыпрабавання, якая на сортавыпрабавальных участках сельскагаспадарчай выставы (Масква) дала ў 1937 годзе 99,8 ц/га, а ў 1940 годзе – 110,9 ц/га азімай пшаніцы.

1912 год. Нарадзіўся Пятро Бітэль (1912-1991).

Беларускі паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік, святар. У 1950 годзе арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Сібіры і Казахстане.

Аўтар паэм «Замкі і людзі», «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага». Перакладчык на беларускую мову твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ю. Крашэўскага, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, Т. Шаўчэнкі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера і іншых.

Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» зроблены ў ГУЛАГу на паперы з мяшкоў з-пад цэменту, захоўваецца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.

1923 год. У Бабруйску нарадзіўся Жозэф Хоцька.

Беларускі геафізік, адзін са стваральнікаў нацыянальнай школы геафізікі. Займаўся пытаннямі сейсмалогіі, зямнога электрамагнетызма. Стваральнік Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі (1958). 

Кандыдат геолага-мінералагічных наук.

Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя.

1924 год. Нарадзіўся  Васіль Быкаў (1924-2003).

Народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай працы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўных прэмій СССР і  БССР, Ленінскай прэміі.

Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна.

Адзін з заснавальнікаў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Народны дэпутат СССР.

Большасць твораў — аповесці, дзеянне якіх адбываецца падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найбольш драматычныя моманты жыцця.

Па яго творах пастаўлены 14 кінафільмаў, у тым ліку «Альпійская балада». На беларускай мове з ўсіх экранізацый зняты толькі два фільмы – «На чорных лядах» і «Народныя мсціўцы».

Многія яго аповесці былі інсцэніраваны тэатрамі СССР, па іх створаны балет, сюіта, опера.

Працуюць мемарыяльны Музей-сядзіба В. Быкава ў в. Бычкі Ушацкага раёна і Музей-дача ў Ждановічах, пастаўлены помнік ва Ушачах.

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Гродне, Лельчыцах, Ждановічах, Смалявічах, Фаніпалі.

У Віцебску, Мінску, ва ўкраінскай вёсцы Вялікая Севярынка ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, ва Ушачах – помнік.

1941 год. Апошняя перадваенная масавая дэпартацыя ў Сібір і Казахстан.

Была скіраваная супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, Украіны, Малдавіі.

За 19-20 чэрвеня толькі з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 000 чалавек.

1941 год. Нарадзіўся Іван Ласкоў (1941-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, крытык, гісторык, рэдактар якуцкага эпасу. Дзяцінства правёў у в. Беразякі Краснапольскага раёна і Магілёўскім дзіцячым доме і № 1, вучыўся ў СШ №2 Магілёва. 

Аўтар «фінскай» канцэпцыі паходжання беларусаў, даказваў, што літва не была балцкім племем.

1943 год. Адбылося Івянецкае паўстанне пры ўдзеле партызанскага атрада з Цэнтра Арміі Краёвай “Стоўбцы”.

Івянец быў захоплены на 18 гадзін, вызвалены вязні турмы, ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду. 

Атрад партызан налічваў каля 150 чалавек (нямецкі гарнізон каля 500 чалавек), большасць з якіх мелі толькі пісталеты і гранаты. Камандаваў атакай паручнік Каспер Мілашэўскі.

Партызаны АК “Стоўбцы”

1944 год. Нацысты знішчылі вёску Дальва на Лагойшчыне разам з яе жыхарамі.

Фашысты сагналі 44 жыхары вёскі ў хату В. Кухаронка і спалілі жыўцом. Загінула 29 дзяцей, 13 жанчын і два мужчыны. Выжыў толькі 13-гадовы М. Гірыловіч, які ў той дзень пасвіў каня за вёскай.

На месцы спаленай вёскі 15 ліпеня 1973 года адкрыты мемарыяльны комплекс – філіял комплекса «Хатынь».

У 1968 годзе пісьменьнік І. Пташнікаў выдаў аповесць «Тартак», прысвечаную Дальве.

1953 год. У ЗША па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць СССР пакараныя смерцю Юліус і Этэль Розенберг.

Іх справа дагэтуль застаецца адным з загадкавых крымінальных працэсаў у гісторыі. Ніхто не ведае напэўна, паведамлялі яны саветам сакрэт атамнай бомбы ці не. Муж і жонка да канца адстойвалі сваю невінаватасць.

У дзень пакарання Розенбергам дазволілі патэлефанаваць у міністэрства юстыцыі. Калі б яны вырашылі прызнацца ў шпіянажы, то выратавалі сваё жыццё. Аднак, замест размовы з міністрам Розенбергі ў апошні раз аддалі перавагу пацалаваць адзін аднаго. Перад смерцю Этэль напісала сынам: “Заўсёды памятайце, што мы былі невінаватыя і не маглі пайсці супраць свайго сумлення”.

1976 год. Нарадзіўся Уладзімір Каткоўскі (1976-2007).

Беларускі блогер, вэб-рэдактар, заснавальнік беларускай Вікіпедыі. Распрацоўшчык беларускамоўнага інтэрфейсу Google, супрацоўнік беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» (з 2002).

Скончыў Амерыканскі універсітэт у Балгарыі па спецыяльнасці «інфарматыка». Працаваў камп’ютарным спецыялістам у Будапешце (Фонд Сораса), Франкфурце-на-Майне.

16 чэрвеня 2006 трапіў у аўтамабільную катастрофу, знаходзіўся ў глыбокай коме. Памёр 25 мая 2007 года.

1988 год. У Курапатах адбыўся першы масавы мітынг памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

У Мінску праходзіць марш, потым – пратэстны мітынг у Курапатах, на якія прыходзіць каля 10 000 чалавек. Менавіта там упершыню паднімаецца нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, і гучаць антысавецкія лозунгі. 

Вось як падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:”Дзень 19 чэрвеня 1988 году, калі адбылося масавае шэсце на Курапаты і мітынг там, жыве ў маёй свядомасці выразна і моцна. Тысячы людзей зайшлі ў Курапацкі лес і ўсе рассыпаліся. Між дрэваў і кустоў ішлі моўчкі, у поўнай цішыні… І толькі крокі і шоргат лясной травы пад нагамі. Мне пачулася ў гэтым нешта містычнае. Я адчуў, што адбываецца нешта, чаго я ня змог растлумачыць. Гэты шоргат людской лавіны – гэты вобраз стаіць у мяне ўвушшу, уваччу, жыве ў маёй свядомасці.”

Паводле розных крыніц інфармацыі, з 1937 па 1941 год толькі ў Курапатах па палітычных матывах забіта ад 40 да 200 тысяч мірных грамадзян.

2019 год. Памерла Іраіда Царук (1928-2019).

Беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Родная сястра палітыка Сяргея Прытыцкага.

Даследчыца гісторыі і культуры Заходняй Беларусі. Дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1973-1986).

Дзень у гісторыі. 15 чэрвеня. Утварэнне Полацкай акадэміі, УЕФА. Бітва на Косавым полі. Трагедыя Борак. “Goodbye my Love, Goodbye”.

Сусветны дзень ветра (World Wind Day, з 2007 года).

Азначаецца па ініцыятыве Еўрапейскай асацыяцыі ветраэнергетыкі і Сусветнай рады па энергіі ветра.

Мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да вялізнага патэнцыялу ветраэнергетыкі.

Развіццё ветраэнергетыкі дапаможа вырашыць вялікае кола праблем не толькі энергетычнага, але і эканамічнага, экалагічнага характару.

На сёння ветраэнергетычныя ўстаноўкі паспяхова дзейнічаюць амаль у 120 краінах свету.

Некаторыя цікавосткі.

Першыя сапраўдныя вятракі з’явіліся ў VII стагоддзя на мяжы Ірана і Афганістана.

Сіла ветра аналізуецца паводле шкалы Бофарта (0-12 балаў).

Самы небяспечны і грозны паток паветра бушуе ў Антарктыдзе: хуткасць 60 км/гадзіну ды яшчэ ў спалучэнні з 60 градуснай вільготнай сцюжай.

Кожнае тарнада эксклюзіўна ў прыродзе. Кожнае з іх мае сваё гучанне, пах, тон, выгляд. Двух аднолькавых няма.

У Беларусі каля 120 ветраэнергетычных ўстановак. Па колькасці іх (50%) і па ўсталяванай магутнасці лідзіруючыя пазіцыі займае Магілёўская вобласць. 

Самы вялікі ветрапарк вобласці размешчаны ў в. Пудаўня Дрыбінскага раёна.

Самы высокі вятрак у Беларусі знаходзіцца ў в. Асмаловічы Мсціслаўскага раёна, вышыня вежы – 142 м. 

Самы магутны вятрак – у Лёзненскім раёне, магутнасць 3,5 МВт.

Русальчыны розыгрышы (народны каляндар).

Трэба засцерагацца русалак.

Русалкі (сірэны, ундзіны) – персанажы міфалогіі, чалавекападобныя істоты ці духі, што жывуць у вадзе або каля вады. Яны могуць знешне амаль не адрознівацца ад людзей, а могуць мець у ніжняй частцы цела замест ног плоскі хвост, падобны да хваста рыбы.

Ва ўсходнеславянскай міфалогіі русалкі пераважна – жанчыны (тапеліцы), у заходнееўрапейскай – звычайна жанчыны з рыбінымі хвастамі.

1389 год. Сербы і баснійцы былі разбітыя асманамі на Косавым полі.

Нягледзячы на гераічнае супраціўленне аб’яднанага войска сербаў і баснійцаў пад кіраўніцтвам князя Лазара, туркі-асманы султана Мурада І атрымалі перамогу, якая фактычна ператварыла Сербію ў васала Асманскай імперыі.

У 1459 годзе Сербія была канчаткова ўключана ў яе склад больш як на 400 гадоў.

1812 год. Адкрыццё Полацкай езуіцкай акадэміі (універсітэта).

Адкрыта на базе Полацкага езуіцкага калегіума (з 1581 года). Мела правы ўніверсітэта. Складалася з факультэтаў тэалагічнага, філасофскага, свабодных навук і старажытных і сучасных моў. 

Установа дала сотні выбітных прафесіяналаў, сярод якіх пісьменнік Я. Баршчэўскі, мастак В. Ваньковіч, філосаф А. Доўгірд.

Акадэмія мела найбуйнейшую ў краіне бібліятэку з 40 000 тамоў. Нашчадак акадэміі – Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

1831 год. Нарадзіўся  Вінцэнт Каратынскі (1831-1891).

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Быў памочнікам-сакратаром у У. Сыракомлі. Выдаў збор твораў У. Сыракомлі.

Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі – «Чым xата багата, тым рада».

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе, напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса.

На беларускую мову ягоныя творы перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

Памёр 7 лютага 1891 года.

1909 год. У г. Круглае нарадзілася Валянціна Філіповіч (1909-1942).

Географ, геамарфолаг, другая беларуская жанчына-геолаг апасля Ганны Місуны, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт.

Загадчык кабінета геамарфалогіі Ленінградскага ўніверсітэта.

Адзін з праектантаў Вялікага Архангельска, даследчыца Ніжняга Прыамур’я.

Рэпрэсавана органамі НКУС.

план Вялікага Архангельска

1936 год. Нарадзіўся Мікола Гіль (1936-2022).

Беларускі пісьменнік, журналіст, перакладчык. Родны брат Ніла Гілевіча, бацька пісьменніка Міколы Віча (М. М. Гілевіч).

Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на рыдыё, у часопісах “Бярозка”,  “Родная прырода”,  галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Мастацтва”.

Аўтар больш за 10 кніг, аўтар кнігі “У времени в плену: Страницы жизни Геннадия Карпенко”.

Перакладаў на беларускую мову творы літоўскіх, венгерскіх і шведскіх пісьменнікаў.

Памёр 14 сакавіка 2022 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Антон Платун (1896-1938).

Беларускі прафсаюзны, палітычны дзеяч. Быў наркамам асветы пры недахопе асабістай асветы, нават акадэмікам.

Удзельнік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў навукі і адукацыі. Ініцыятар “чыстак” у наркамаце.

Рэпрэсаваны сам і двое яго родных братоў.

1942 год. Нацысцкія карнікі вынішчылі разам з 2027 жыхарамі в. Боркі і навакольныя пасёлкі Кіраўскага раёна Магілёўшчыны.

Адзначыўся батальён “Дырлевангер”, які пазней, у сакавіку 1943 года знішчыў Хатынь.

Пасля вайны Боркі былі адноўлены, але суседнія 6 пасёлкаў не адрадзіліся. Аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” напісана на аснове тых страшных падзей. 

На месцы найбуйнейшай па колькасці ахвяр карнай аперацыі супраць мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі ў Кіраўскім раёне створаны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці” (у памяць аб 112 знішчаных вёсках Магілёўшчыны). Рэканструяваны ў 2020 годзе.

1946 год. Нарадзіўся Дэміс Русас (1946-2015).

Вядомы грэчаскі спявак, любімы многімі пакаленнямі беларусаў.

Выдаў каля 40 альбомаў.

Самым папулярным у нашых суграмадзян з’яўляецца ягоны хіт “Goodbye my Love, Goodbye”.

1954 год. У швейцарскім Базелі заснаваны УЕФА.

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (Union of European Football Associations) аб’ядноўвае нацыянальныя футбольныя асацыяцыі еўрапейскіх краін.

Штаб-кватэра з 1995 года знаходзіцца ў швейцарскім Ньёне (раней – ў Парыжы). Беларусь далучылася да УЕФА ў 1993 годзе.

1954 год. Нарадзіўся Іван Крук.

Беларускі фалькларыст.

Даследуе беларускі фальклор, народную культуру, беларускі народны каляндар. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл», «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія».

1979 год. Нарадзілася Юлія Несцярэнка.

Беларуская лёгкаатлетка, алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 метраў.

Бронзавая прызёрка чэмпіянату свету і Еўропы, пераможца міжнародных спаборніцтваў серыі Гран-пры. Майстар спорту Беларусі, майстар спорту Беларусі міжнароднага класа, заслужаны майстар спорту Беларусі. Ганаровы грамадзянін горада Брэста.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 11 чэрвеня. Паэма “Новая зямля”. “The Beatles” сталі рыцарамі. Нарадзіліся Ж.-І. Кусто, Дз. Калдун.

978 год. Уладзімір Святаславіч (960-1015) абвешчаны вялікім князем кіеўскім.

У 980-я гады ён абраў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй Кіеўскай дзяржавы. Вядомы ў гісторыі як Уладзімір Святы, Уладзімір Вялікі, Уладзімір Хрысціцель, у былінах – як Уладзімір Краснае Сонейка.

Уладзімір захапіў у 977 (978) годзе Полацк, забіў полацкага князя Рагвалода і яго сям’ю, акрамя дачкі Рагнеды, якую гвалтам узяў яшчэ адной жонкай.

Ад 7 жонак меў 13 сыноў і не менш за 10 дачок, у тым ліку ад Рагнеды меў Ізяслава (князь полацкі, родапачынальнік полацкай галіны Рурыкавічаў),  Мсціслава, Яраслава (князя растоўскага, наўгародскага, кіеўскага), Усевалада (князя Уладзіміра-Валынскага), Прадславы, Праміславы (жонка венгерскага прынца Ласла Лысага), Мсціславы.

Ласенка А. Уладзімір і Рагнеда, 1770 год.

1910 год. Нарадзіўся Жак-Іў Кусто (1910-1997).

Французскі акіянограф, контр-адмірал, фатограф, рэжысёр, вынаходнік, аўтар мноства кніг і фільмаў, акадэмік, дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака.

Адзін з вынаходнікаў акваланга, падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак».

Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя.

Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання», «Залатая рыба» (прэмія «Оскар») і «Свет без сонца» («Оскар»).

Існуюць звесткі, што знакаміты вучоны і падарожнік мае беларускія карані, што быццам ягоны бацька Даніель Кусто (1878-1969) эміграваў у Францыю з Лынтупаў сённяшняга Пастаўскага раёна, перарабіў свае беларускія імя і прозвішча Даніла Куст на французскі ўзор. Хаця, верагодна, гэта толькі прыгожая легенда, бо на інтэрактыўным генеалагічным дрэве сям’і Кусто бліжэйшыя продкі Жак Іва Кусто паходзяць выключна з Францыі.

1911 год. Нарадзіўся Пётр Савачкін (1911-1975).

Беларускі гісторык, дэкан гістарычнага факультэта БДУ (1955-1973), кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Даследаваў гісторыю Заходняй Беларусі 1920-х гадоў, устанаўлення савецкай улады ў заходніх абласцях Беларусі.

Працаваў загадчыкам кафедры, намеснікам дырэктара Мінскай школы прафруху ВЦСПС (1950-1955), загадчыкам кафедры гісторыі СССР.

Памёр 11 лістапада 1975 года.

1917 год. У Магілёве выйшаў першы нумар газеты “Молат”.

З 10  студзеня 1918 года выходзіла як “Весткі Магілёўскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў”, у лютым 1919 – маі 1925 – «Саха і молат», да 1929 – «Магілёўскі селянін», з лістапада 1929 да 1941 года – «Камунар Магілёўшчыны».

У час Вялікай Айчыннай вайны – орган Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б. Назва падчас вайны і ў 1945-1956 гадах – «За Радзіму». З 12 жніўня 1956 года выходзіць пад назвай «Магілёўская праўда».

Выдавалася на рускай, з 10 кастрычніка 1924 года на беларускай мове.

1923 год. Выйшла ў свет паэма Якуба Коласа «Новая зямля».

Першы беларускі буйны эпічны твор. «Энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства канца XIX – пачатку XX стагоддзя».

Напісана ў 1911-1923 гадах. Пачала стварацца, калі Якуб Колас сядзеў у мінскім астрозе: было напісана гумарыстычнае вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў». 

Пазней на аснове апавядання былі створаны раздзелы «Па дарозе ў Вільню», «Дзядзька ў Вільні», «На Замкавай гары». Дзевяць апошніх раздзелаў (з 29) былі напісаны ў 1921 годзе. Паэма была завершана 5 студзеня 1923 год.

1931 год. Нарадзіўся Уладзімір Мацюхін (1931-2020).

Беларускі фізіёлаг і біяфізік, акадэмік НАНБ, Акадэміі медыцынскіх навук СССР, Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар, Кавалер Ордэна Ф. Скарыны.

Ажыццявіў комплексныя даследаванні па эколага-фізіялагічных і эколага-радыяцыйных праблемах чалавека пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Распрацоўваў сістэмы жыццезабеспячэння пасля буйных радыяцыйных катастроф.

Аўтар больш за 240 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.

Пад яго кіраўніцтвам абаронены 17 кандыдацкіх і 5 доктарскіх дысертацый.

Памёр 13 лютага 2020 года.

1942 год. Нарадзіўся Яраслаў Пятроў.

Беларускі спявак (бас). Народны артыст БССР, саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі.

Выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1973 года – саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі.

Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару.

У рэпертуары – практычна ўсе галоўныя басовыя партыі, у тым ліку ў пастаноўках «Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана, «Хаваншчына» М. Мусаргскага, «Русалка» А. Даргамыжскага, «Іван Сусанін» М. Глінкі, «Князь Ігар» А. Барадзіна.

Удзельнічаў у гастролях у Іспаніі, ПКнязь Ігарартугаліі, Аргенціне. Выконваў партыю Барыса Гадунова на сцэнах оперных тэатраў Варшавы, Уроцлава, Любляны, Сафіі, Буэнас-Айрэса.

1965 год. Англійская каралева Лізавета ўзнагародзіла ордэнам Брытанскай імперыі музыкантаў гурта “The Beatles”.

Першыя ўганараваныя ордэнам музыкі: да гэтага ордэнам узнагароджваліся пераважна вайскоўцы і палітыкі. Ордэны былі ўручаны 26 кастрычніка 1965 года.

Пасля каралеўскага рашэння з усіх бакоў пасыпаліся лісты з пратэстамі. Палата лордаў таксама была супраць, бо па іх словах нельга ўзнагароджваць “хлопцаў, якія адбіліся ад рук”.

Бітлы таксама былі вельмі здзіўлены такім паварот падзей. Яны нават мелі намер адмовіцца ад узнагароды, але ўсё ж вырашыліся прыняць яе – для таго, каб правучыць старэйшае пакаленне.

На самой цырымоніі ўручэння ў Букінгемскім палацы “The Beatles” паводзілі сябе адпаведна з ўласным іміджам – увесь час смяяліся і паводзілі сябе эпатажна.

1982 год. Памёр Рыгор Семашкевіч (1945-1982).

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец, дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук.

Аўтар зборнікаў вершаў, аповесцей, эсэ, верша “Апошняя ноч Каліноўскага”, аўтар прац “Браніслаў Эпімах-Шыпіла”, “Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбургу”.

Даследаваў гісторыю трупы Ігната Буйніцкага.

1985 год. Нарадзіўся Дзмітрый Калдун.

Беларускі папулярны спявак.

Пераможца праекту «Фабрыка Зорак-6», на конкурсе Еўрабачанне 2007 заняў 6-е месца – самае высокае за ўсю гісторыю ўдзелу Беларусі ў конкурсе.

Прыгадаем, што толькі раз на конкурсе “Еўрабачанне” перамог этнічны беларус – Алесь Рыбак у 2009 годзе, у якасці прадстаўніка Нарвегіі.

1993 год. Памёр Віталь Цвірка (1913-1993).

Беларускі жывапісец, педагог, Народны мастак БССР, рэктар Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Займаўся пейзажам і «тэматычным жывапісам», нацюрмортам, пад час шматлікіх падарожжаў па Беларусі пісаў краявіды.

Большасць твораў захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

2020 год. Памерла Рыма Дулаева (1934–2020).

Эканоміка–географ, першы доктар геаграфічных навук сярод асецін, прафесар.

У 1968–1972 гадах выкладала на кафедры эканамічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута, стварыла з ліку студэнтак геаграфічнага факультэта фальклорны ансамбль «ОСА» і аб’ехала з канцэртамі амаль усе райцэнтры Магілёўшчыны.

У 1972–1982 гадах працавала ў НДІ эканомікі Дзяржплана БССР, вывучала пытанні геаграфіі прамысловых вузлоў. Аўтар першай у свеце манаграфіі аб татарах свету. 

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 3 чэрвеня. Першы парашут, першая ахвяра Мураўёва-вешальніка. Бой пад Мілавідамі. “Курапаты – дарога смерці”.

Сусветны дзень ровара (World Bicycle Day, з 2018 года). 

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН. З ініцыятывай заснавання даты выступілі прадстаўнікі Туркменістана. На французкай “velocipede” – “хуткая нага”.

Ровар быў вынайдзены ў 1817 годзе нямецкім прафесарам фон Дрэзам, але тады яшчэ не меў педаляў. Блізкі да сучаснага выгляду сродак перасоўвання быў вынайдзены ў 1884 годзе англічанінам Дж. Кемпам Старлі і атрымаў назву “rover” – “вандроўнік”, якая перайшла у польскую, украінскую, беларускую мовы.

Роварныя рэкорды хуткасці: 268,83 км/г – Фрэд Ромпельберг (Нідэрланды) на саляной раўніне штата Юта, ЗША, 1995 год. У 2010 годзе Маркус Штольц з’ехаў з гары ў Чылі з хуткасцю 210 км/г.

Ровар на Беларусі з’явіўся ў Віцебску ў 1870-я гады. Першай спартовай роварнай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе. Група раварыстаў у 1894 годзе ажыццявіла прабег па маршрутах: Берасце -Кобрын-Вялікарыта-Брэст (145 км) і Брэст-Старая Жабінка-Камянец-Чарноўцы- Брэст (141 км). У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.

Ужо ў 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Еўрасаюза продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў. У Беларусі зараз больш за 3 мільёны ровараў.

Дзень роўнаапостальных цара Канстанціна і маці яго царыцы Алены. 

Святы імператар Канстанцін, які атрымаў ад Царквы найменне Роўнаапостальны, а ў сусветнай гісторыі найменаваны Вялікім, быў сынам цэзара Канстанцыя Хлора, які кіраваў Галіяй і Брытаніяй.

Святая царыца Алена, маці імператара Канстанціна, была хрысціянкай. Будучы кіраўнік усёй Рымскай імперыі – Канстанцін – быў выхаваны ў павазе да хрысціянскай рэлігіі. Бацька яго не пераследваў хрысціян у кіраваных ім краінах, у той час, як ва ўсёй астатняй Рымскай імперыі хрысціяне падвяргаліся жорсткім ганенням з боку імператараў.

1757 год. У Нясвіжы памёр Ян Пашакоўскі (1684-1757).

Педагог і выдавец, гісторык, тэолаг, член ордэна езуітаў, доктар філасофіі,  рэктар Слуцкага і Нясвіжскага калегіумаў, стваральнік і выдавец календароў. Быў папулярызатарам гістарычнай навукі ў ВКЛ.

У адрозненні ад календарнай традыцыі выключыў са сваіх выданняў астралогію, прагностыку і іншыя забабоны, а запоўніў звесткамі з гісторыі і культуры ВКЛ, чым жадаў заахвоціць моладзь да чытання гістарычных прац.

Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Коўне, Крожах, быў прэфектам школы ў Коўне. Выкладаў філасофію ў Вільні, быў выхавальнікам Гераніма Фларыяна Радзівіла, сына Міхала Радзівіла Рыбанькі.

План аднаўлення Нясвіжскага калегіума.

1785 год. Першае выкарыстанне парашута для скачкоў.

Французскі паветраплавальнік Франсуа Бланшар прадэманстраваў у Лондане сканструяваны ім парашут для скачкоў з паветранага шара.

Сам Бланшар апрабаваць сваё вынаходства не вырашыўся і з вышыні 300 м скінуў на парашуце сабаку.

Першы эскіз парашута намаляваў Леанарда да Вінчы ў 1483 годзе. “Калі ў чалавека ёсць шацёр з накрухмаленага палатна шырынёй у 12 локцяў і вышынёй у 12 – пісаў геніяльны вучоны – то ён зможа кідацца з любой вышыні, без небяспекі для сябе”.

Парашут Леанарда быў падобны на сучасны, аднак адсутнасць практычнай патрэбы ў яго прымяненні служыла перашкодай для вырабу падобных прыладаў. Толькі развіццё паветраплавання праз 200 гадоў і частыя катастрофы заахвоцілі вынаходнікаў ушчыльную заняцца стварэннем апарата для паспяховага спуску чалавека з вялікай вышыні.

Упершыню пабудаваў і выпрабаваў такую прыладу французскі фізік Ленорман, які і даў яму назву – “парашут” (ад грэцкага “пара” – супраць і французскага “шуце” – падзенне).

1786 год. Нарадзіўся Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853).

Прыродазнавец, арнітолаг, асветнік. Заснавальнік беларускай арніталогіі. Усё жыццё марыў пра аднаўленне ВКЛ.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, у Варшаве атрымаў урокі малявання ў Норбліна і Арлоўскага. Меў мастацкія здольнасці, што дапамагала яму і ў навуковай дзейнасці: большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна. У Пастаўскім палацы ім была створана галерэя карцін, якая налічвала больш за 300 палотнаў вядомых мастакоў.

Таксама меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах, стварыў музычныя школы і аркестры ў Паставах і Ракішках.

У 1812 годзе ўзначаліў 19-ы пяхотны французскі полк, пазней быў шэфам 3-й кампаніі польскай ганаровай гвардыі, палкоўнікам войск Варшаўскага княства. Удзельнік Лейпцыгскай бітвы. Узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. 

Патрапіў пад амністыю імператара Аляксандра І і пасяліўся ў 1814 годзе ў Паставах.

У 1831 годзе падтрымаў вызваленчае паўстанне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю. Быў арыштаваны, сядзеў у турме.

Распрацаваў сістэму класіфікацыі птушак, якой карыстаюцца сучасныя вучоныя. У Паставах стварыў арніталагічны музей (у калекцыі 3000 птушак з усяго свету і значная колькасць птушыных яек), карцінную галерэю, бібліятэку. Ён упершыню адкрыў гнездаванне ў Беларусі некаторых відаў птушак.

Аўтар больш 20 навуковых прац, у тым ліку “Усеагульная арніталогія, ці апісанне птушак усіх частак свету”, “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага”.

Памёр 1 студзеня 1853 года.

1863 год. Пад Мілавідамі (зараз Баранавіцкі раён) паўстанцы далі бой расійскім карнікам.

Аб’яднаныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем Ф. Юндзіла, І. Лукашэвіча, А. Лянкевіча, Л. Нарбута і агульным кіраўніцтвам К. Каліноўскага далі бой расійскім войскам. Сярод удзельнікаў бітвы былі Ф. Багушэвіч і М. Андрыёлі.

У гэты дзень расійскія войскі з розных бакоў атакавалі паўстанцкі лагер. Бой ішоў з 12 гадзін дня да цемры.

Паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі, але мелі вялікія страты.

На месцы пахавання паўстанцаў усталяваны капліца-помнік (1930-я гады), у 1990 – камень з мемарыяльнай плітой. У 1993 годзе Мілавідскай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

1863 год. За падтрымку паўстання расійскія карнікі расстралялі ў Вільні ксяндза Станіслава Ішору (1838-1863).

Першая ахвяра М. Мураўёва-вешальніка.

8 лютага 1863 года ён зачытаў у касцёле маніфест паўстанцаў. Сам святар пайшоў у паўстанцкі аддзел Л. Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касцёла. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфеста, да чаго ён не меў дачынення.

Ішору спачатку пакаралі 5 гадамі катаргі, але асабіста Мураўёў замяніў пакаранне на расстрэл.

Пакараны смерцю ў Лукішскай турме ў Вільні. Сведкі пакарання ўспаміналі, што святар звярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца і не падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны». 

У 2003 годзе ў Лідзе адкрыта мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам.

1935 год. Нарадзіўся Васіль Зуёнак.

Беларускі паэт, перакладчык з розных славянскіх моў, крытык, літаратуразнаўца. Лаўрэат прэміі ЛКСМБ, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук.

Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, зборніка гумарыстычных вершаў, кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, кніг выбраных вершаў, вершаў і паэм, двухтомніка выбраных твораў, кніг нарысаў і замалёвак, перакладаў.

Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала яго ліра-эпічная пенталогія «Пяцірэчча».

Яго кніга «Нача» пабывала ў космасе: у 1978 годзе яна была дастаўлена касманаўту У. Кавалёнку на арбітальную станцыю «Саюз-6».

1988 год. У газеце “Літаратура і мастацтва” надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”.  

Першая праца пра Курапаты.

Колькасць расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах у Курапатах па розных ацэнках ад 30 да 102 і нават, да 220-250 тысяч

З 1993 года Курапаты занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

4 красавіка 2019 года ўладамі дэмантаваны 70 драўляных, 13 красавіка – усе металічныя крыжы, што былі пастаўлены на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.

30 ліпеня 2004 года Мінскі гарвыканкам перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую, але менш чым праз год гэта рашэнне было адменена. 

1993 год. Памерла Юдзіф Арончык (1908-1993).

Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка (1938).

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працавала ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Тэатры драмы і камедыі пра Белдзяржэстрадзе, мастацкім кіраўніком Мінскага народнага тэатра мімікі і жэсту Беларускага таварыства глухіх.

Мастацтва Арончык вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. 

2017 год. Памёр Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў

Жыў у Віцебску. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную педагагічную вучэльню, Маскоўскі паліграфічны інстытут.  У 1976-1986 гадах быў  старшынём Праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў.