20 ліпеня ў гісторыі. Герастрат і Македонскі. Высадка на Месяц. Даву ў Магілёве. “Гарачы дзень”. Забойства П. Шарамета.

Міжнародны дзень торта (International Cake Day, з 2011 года). 

Прысвечаны сяброўству і міру паміж людзьмі, краінамі, народамі. Ён праходзіць пад дэвізам “I cake you” –  “Я прыйду да цябе з тортам”, што, увогуле, лагічна – як, калі не тортам з гарбатай, адсвяткаваць мір і сяброўства?

Каля вытокаў салодкага свята стаяў “Міланскі Клуб” Каралеўства Любові – супольнасць сяброў, членамі якога з’яўляюцца музыкі, кулінары і іншыя захопленыя творчыя натуры. Менавіта гэты творчы саюз у 2009 годзе пачаў традыцыю стварэння сумесных музычных торцікаў, якая затым была падтрымана і іншымі краінамі. 

Міжнародны дзень шахмат (International Chess Day, з 1966 года). 

Устаноўлены ў гонар заснавання ў 1924 годзе Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЕ, Federation Internationale des Echecs). 

Беларусь у ФІДЕ з 1992 года. За нашу краіну выступаюць 22 міжнародных грасмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыйшлі да нас з Індыі. Паводле археалагічных даных гульня ў Беларусі вядома не пазней за XI стагоддзе: шахматныя фігуры знойдзены ва ўсіх буйных нашых гарадах і іх колькасць – наибольшая ва Усходняй Еўропе.

356 год да нараджэння Хрыстова. У той жа дзень, калі Герастрат спаліў цудоўны храм Артэміды ў Эфесе, у Пеле, сталіцы Македоніі, нарадзіўся Аляксандр III Вялікі (Аляксандр Македонскі, 356-323 гг. да н.э.).

Адзін з найбуйных палкаводцаў і дзяржаўных дзеячаў Старажытнага свету.

1636 год. Памёр Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1589-1636). 

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын Мікалая Крыштафа «Сіроткі».

3 1609 года на чале ўласных атрадаў удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай са Швецыяй, Масковіяй, у аблозе ў 1611 годзе Пскова-Пячэрскага манастыра і ў выправах у 1611-1612 на Маскву.

Стольнік, крайчы ВКЛ, кашталян трокскі, віленскі.

Быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ.

Мецэнат, клапаціўся пра пашырэнне галерэі партрэтаў у Нясвіжы, фундаваў алтар Святога Міхаіла і ўсіх Анёлаў касцёла Святога Міхаіла, разбудаваў замак у Шыдлоўцы.

1812 год. Войскі напалеонаўскага маршалу Даву без боя ўвайшлі ў Магілёў.

За дзень да гэтага з горада ўцяклі адміністрацыя губерні, частка святароў, акрамя праваслаўнага архібіскупа Варлаама – які пазней прысягнуў Напалеону – найбольш заможныя грамадзяне.

Напярэдадні быў аддадзены загад начальніку рускага гарнізонага батальёна Колену не пускаць ворага. Але пасля першай невялікай сутычкі з французамі на вале каля Віленскай заставы, руская пяхота і інваліды адступілі ў бок Быхава. 

Французскія часці адразу занялі плошчу перад ратушай, дзе адбылася сустрэча маршала Даву са світай з кіраўніком губернскага дваранства Кроерам.

1852 год. Дараваны герб Лепелю.

«У чырвоным полі Пагоня». У сучаснай Беларусі афіцыйны статус герб атрымаў 2 чэрвеня 2009 года.

17 тысячны горад, вядомы з 1439 года. У горадзе працуюць ГЭС, малочна-кансервавы камбінат, заводы хлебны, электрамеханічны, камбікормавы, рамонтна-механічны, ільнозавод.

1880 год. Нарадзіўся Гальяш Леўчык (1880-1944).

Беларускі паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Аўтар «Нашай нівы», зборніка вершаў «Чыжык беларускі». Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме.

Блізкі сябар Янкі Купалы.

Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

1931 год. Нарадзіўся Гай дэ Пікарда (1931-2007).

Англійскі даследчык беларускай гісторыі і культуры, музыколаг.

Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт, універсітэт у Сарбоне.

У канцы 1950-х адправіўся з экспедыцыяй на Падляшша, дзе збіраў старажытныя беларускія царкоўныя спевы. Вывучаў творчасць беларускіх кампазітараў М. Равенскага, М. Куліковіча (Шчаглова), жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі ВКЛ.

Займаўся пошукам старажытных беларускіх царкоўных спеваў і іх выданнем. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі – рукапісныя музычныя зборнікі XVI ст. рэлігійнага зместу.

Выкладаў музыку і спевы ў беларускай школе імя Кірылы Тураўскага ў Лондане. Выдаў зборнікі беларускіх спеўнікаў, склаў даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане.

У 1997- 2007 гадах выдаваў англамоўны часопіс «Byelorussian Chronicle».

Памёр 20 красавіка 2007 года.

Яго парэшткі пахаваныя ў крыпце Чырвонага касцёла ў Мінску.

1941 год. Першае паведамленне ў савецкім друку аб баях пад Магілёвам.

Гэта быў нарыс К. Сіманава “Гарачы дзень” у газеце “Известия”.

«Полк, якім камандуе палкоўнік Куцепаў, ужо шмат дзён абараняе горад Д.

– Снарадаў і патронаў у нас дастаткова, а ісці назад мы ўсё роўна не збіраемся. – кажа т. Куцепаў. І калі заязджаеш у размяшчэнне палка, то адразу бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць».

Палкоўніку Куцепава на момант гэтай публікацыі заставалася жыць менш за тыдзень, а «Горад Д.» – гэта Магілёў. Такой была практыка савецкай ваеннай журналістыкі: згадваць канкрэтныя геаграфічныя аб’екты забаранялася з меркаванняў бяспекі, бо нямецкіх дыверсантаў хапала і ў тыле, і на перадавой, а падстаўляць сваіх нікому не хацелася.

1941 год. У Брэсцкай крэпасці, у раёне Беластоцкіх варот у заходняй частцы Цэнтральнай выспы, быў зроблены апошні надпіс.

“Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма”. Лічыцца, што надпіс зроблены Фёдарам Рабавым.

Апошнія абаронцы Брэсцкай крэпасці працягвалі змагацца нават тады, калі немцы былі ўжо за Смаленскам.

А роўна праз 3 гады, 20 ліпеня 1944 года, савецкая армія выйшла на Буг.

1969 год. А 20:17 па сярэднееўрапейскім часе, пілатуемую пасадку на Месяц здзейсніў модуль Eagle карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцовы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.

1970 год. Памёр Алесь Астапенка (1920-1970).

Беларускі паэт, перакладчык. Меў псеўданім Мсьціслаўцы (разам з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным).

Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», рэдактарам і дыктарам беларускай рэдакцыі Усесаюзнага радыёкамітэта, загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», аддзелам піянерскага жыцця часопіса «Бярозка».

Аўтар 4-х зборнікаў паэзіі. Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, грузінскія казкі.

1971 год. Нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Беларускі спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў “KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў “Я нарадзіўся тут”, “Budzma The Best Rock” і іншых.

Запісаў больш за 20 альбомаў.

1977 год. У ЗША памёр Іван Любачка (1915-1977).

Беларускі гісторык.

Выкладаў у Галоўчынскай СШ Бялыніцкага раёна. У 1943 годзе вывезены на працы ў Германію.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957». Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.

2004 год. У Магілёве адкрыўся новы рынак – Віленскі.

Знаходзіцца на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя ваенгарадка №5, па былой вуліцы Віленскай (зараз – Лазарэнкі).

2016 год. У Кіеве загінуў Павел Шарамет (1971-2016).

Беларускі журналіст. Узарваны ў прыватным аўтамабіле.

Працаваў у Беларусі, Расіі і Украіне, на тэлеканалах, у газетах, адзін з заснавальнікаў вэб-сайта «Беларускі партызан», сузаснавальнік «Российского антифашистского фронта», суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў на злабадзённыя тэмы.

Пераследаваўся сілавымі ведамствамі.

23 ліпеня 2016 года быў пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.

У гонар журналіста названы сквер ў Кіеве.

У Магілёўскай вобласці – рэзкае змяншэнне даследчыкаў, дактароў і кандыдатаў навук

Колькасць дактароў навук скарацілася ў два разы, кандыдатаў на 43%, і гэта яшчэ старыя дадзеныя, за 2021 год. Зараз лічбы яшчэ больш жахлівыя.

А мы ўсё святкуем

У хуткім часе ў Магілёў, пасля Гомеля, прыбудзе экспазіцыя «Беларусь інтэлектуальная», якая працавала ў мінскім Белэкспа напярэдадні Дня беларускай навукі –  анансуюць падзею дзяржаўныя СМІ. Але, давайце прааналізуем стан навуковых распрацовак на актуальны час у Магілёўскім рэгіёне.

Магілёўскае абласное упраўленне статыстыкі выпусціла да Дня навукі-2023 актуальны прэс-рэліз са статыстычнымі дадзенымі на 2021 год (засяроджваем увагу на год), паводле якіх у рэгіёне назіраецца прырост навукоўцаў і навуковых арганізацый.

Але параўнальны аналіз сведчыць пра істотнае зніжэнне колькасці даследчыкаў і рэзкае змяншэнне дактароў (напалову) і кандыдатаў навук (на 43%) у параўнанні з базавымі гадамі – 2010-2020.

У прадстаўленым дакуменце даецца лічба ў 25 устаноў, якія у 2021 годзе праводзілі навуковыя даследаванні. Сапраўды, тут назіраецца рост ледзь не на 1/5, бо на працягу 2010-2020 гадоў іх колькасць была нязменнай – 21.

Колькасць персанала  (катэгорыі: даследчыкі, тэхнікі, дапаможны персанал), які займаўся навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі ў 2010-2020 гадах складала 733-774 чалавек. Так што ў 2021 годзе сапраўды адбыўся прырост удзельнікаў распрацовак адразу на 114 чалавек (да 888, на 113%).

Але колькасны рост забяспечылі тэхнікі і дапаможны персанал, вага якіх у 2010-2020 гадах памяншалася і ў вобласці і па краіне (сусветны трэнд): у 2020 годзе іх вага ў вобласці была 33,85%, у 2021 годзе дасягнула паказчыка – 44,70%.

Непасрэдна даследчыкаў ва ўстановах Магілёўскай вобласці ў 2010-2020 гадах працавала 315-512 чалавек. Гэта азначае, што толькі за год 2020/2021 адбылося падзенне іх колькасці да 491 і вагі з 66,15% да 55,30% ад усёй колькасці супрацоўнікаў даследчых устаноў.

Эксперты тут не і спрабуюць выбудоўваць гіпотэзы, па якой прычыне гэта адбылося – ці то каранавірус, ці то масавыя звальненні даследчыкаў з вну.

Тры дактары навук на ўвесь рэгіён

З навуковымі ступенямі ў 2010-2020 гадах працавалі 41-42 даследчыкі, у тым ліку 5-6 дактароў навук, кандыдатаў – 35-37. Тут маюцца на ўвазе навукоўцы, якія займаліся менавіта даследаваннямі, і сюды не ўлічваюцца тыя, хто займаўся толькі выкладаннем.

А вось па стане на 2021 год навуковымі распрацоўкамі ў вобласці займаліся толькі 3 дактары навук (скарачэнне ў 2 разы) і 21 кандыдат (падзенне на 43,3%).

У Магілёўскай вобласці ў 2021 годзе больш за ўсё даследчыкаў працуе у галіне тэхнічных навук – 93,3% (па Беларусі – 59,1%), сельскагаспадарчых – 5,5 (5,3%, значны сектар займае Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках), сацыяльна-эканамічныя і грамадскія – 0,8 (6,5), прыродазнаўчыя – 0,2 (20,6), гуманітарныя – 0,2 (3,5). 

Эксперты выказваюць меркаванне наконт публікацыі дадзеных за 2021 год тымі абставінамі, што статыстычныя паказчыкі па навуцы ў вобласці на 2023 год будуць больш жахлівымі.

Дзень у гісторыі. 9 студзеня. Прэм’ера фільма “Ідзі і глядзі”. Нарадзіліся Рычард Ніксан, кампазітар Уладзімір Солтан. Памёр святар Юзэф Булька

Сцяпан, Стэфан (народны каляндар). 

«На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». Дзень найму парабкаў, слугаў, пастухоў. У пастухі наймешся – уся вёска ў цябе ў абавязку.

Прыйшоў Стэфан – на ім чырвоны жупан (марозны дзень).

У гэты дзень праводзілі абрады абароны ад сурокаў. За вёскай на заснежанай Чырвонай горцы сяляне ставілі 12 калоў ці жэрдак. Каля гэтых калоў дзяўчыны злівалі ваду ў чару згубную, нібы змывалі нуду з сэрца і выплюхвалі яе ў сярэдзіну кола.

Клапаціліся аб канях, паілі іх праз срэбра – вадой, прапушчанай праз срэбнае сіта.

На Сцяпана па ўсіх кутах двара ставілі асінавыя калы – каб ведзьмы не маглі падысці.

Час, калі пачыналіся маладзёвыя вечарынкі, хадзілі калядоўшчыкі па дварах.

1801 год. Нарадзіўся Восіп Кавалеўскі. 

Беларускі філолаг, манголазнавец. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі і  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».

Памёр 21 кастрычніка 1878 года ў Варшаве.

1913 год. Нарадзіўся Рычард Ніксан. 

36-ы віцэ прэзідэнт (1953-1961) і 37-ы прэзідэнт (1969-1974) ЗША. Першы прэзідэнт ЗША, які наведаў Беларусь – 1 ліпеня 1974 года. Пры Ніксане палепшыліся адносіны з Кітаем, было падпісана Парыжскае пагадненне 1973 года пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме, заключаны шэраг дагавароў з СССР пра абмежаванне стратэгічных узбраенняў, прадухіленне ядзернай вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Пры наведванні Беларусі, госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША у асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1927 год. Памёр ураджэнец Ружанаў Аляксандр Дунін–Гаркавіч. 

Член геаграфічнага таварыства, даследчык Поўначы Заходняй Сібіры, краязнавец, лесазнавец.

Герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Працаваў ляснічым у Самарскай, Ніжагародскай, Разанскай, Табольскай губернях. 

За даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ўдастоены малым залатым і вялікім сярэбраным медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Выкладаў у Табольскім зааветтэхнікуме, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы. 

Аўтар 67 прац па краязнаўстве, геаграфіі, этнаграфіі, карты Табольскай губерні, манаграфіі «Табольская Поўнач». Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску, імем вучонага названа вуліца ў Ханты-Мансійску.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Солтан. 

Беларускі кампазітар. Выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Найзначнейшае творчае дасягненне – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча,  найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана – оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях»), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, пecні і музыка да некалькіх кінафільмаў, тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

1966 год. Трагічна загінуў ад рукі бандыта на падставе моўнай нянавісці Ігар Хадановіч (1940-1966). 

Беларускі пісьменнік. 

Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і Мастацтва», у Мінскім абкаме камсамола.

1986 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”

Фільм пра падзеі ў 1943 годзе зняты на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”. Сцэнарысты: Алесь Адамовіч, Элем Клімаў. У фільме вясковага хлопца-партызана сыграў Аляксей Краўчанка.

Фільм узяў 1-ы прыз “Залатая пласціна” на ХХV Міжнародным кінафестывалі ў Авеліна, 1985, Галоўныя прэміі на I Міжнародным кінафестывалі ў Троі, Партугалія, 1985, на XIX кінафестывалі ў Алма-Аце, 1986, Залаты прыз на XIV Маскоўскім Міжнародным кінафестывале, 1985.

1993 год. Будынак мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернуты каталікам. 

Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у стылі віленскага барока.

Касцёл узведзены ў 1710 годзе як езуіцкая рэзідэнцыя, а касцёльныя вежы былі завершаны толькі ў 1730 годзе. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы. 

Кафедральны сабор з 1798 года, у 1820 годзе пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Зачынены ў 1934 годзе і пераўтвораны ў гараж. 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе зноў зачынены. У 1951 годзе будынак ператварылі ў спартыўны комплекс таварыства «Спартак». 21 кастрычніка 1997 года касцёл асвечаны нанова.

2004 год. Памёр Юрый Сідараў. 

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Працаваў у Гродзенскім абласным, Дзяржаўным рускім драматычных тэатрах, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасці ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза.

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў у пастаноўках па творах К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, В. Быкава і шматлікіх іншых. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

2009 год. Памёр Аркадзь Жураўскі. 

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. 

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых).

Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1-13, 1982-1993).

2010 год. Памёр Юзэф Булька. 

Каталіцкі святар, пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна.

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Літве. Пасля сыходу на пенсію з віленскага завода электрычных лічыльнікаў, стаў ксяндзом і 22 гады служыў у Мосары. Прапагандыст здаровага ладу жыцця, зрабіў Мосар турыстычнай Мекай: антыалкагольны музэй, Алея цвярознікаў, Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, помнік Яну Паўлу II, капліцы.

У 2005 годзе стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны.