На пажары ў Магілёве загінула пенсіянерка

Трагедыя адбылася вечарам 31 мая ў шматпавярховым доме па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар, падчас якога загінула пенсіянерка 1956 года нараджэння. Яе цела было знойдзена на балконе. Дачка ахвяры і яе сын, што таксама пражывалі ў кватэры, на момант пажару адсутнічалі дома. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Бабруйску гарэў інтэрнат

Сістэма апавяшчэння “Маланка” спрацавала раніцай 30 мая ў інтэрнаце па Маладзёжным бульвары ў Бабруйску – паведаляе прэс-служба МНС. Гарэў пакой у блоку на восьмым паверсе, у якім пражывае 35-гадовая жанчына. На момант узнікнення пажару яна разам з сябрам знаходзілася ў пакоі. Пара эвакуіравалася самастойна, ніхто не пацярпеў. Прычына пажару высвятляецца, асноўная версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота: МНС

На лецішчы пад Асіповічамі гарэла цэлая сям’я – бацька загінуў, маці атрымала апёкі, дзеці выратаваліся

Трагедыя адбылася ў дачным доміку ў вёсцы Станцыя Ясень Асіповіцкага раёна. позна вечарам 28 мая ў хаце пачаўся пажар. У гэты час там знаходзілася сям’я з чатырох чалавек, бацька 1963 года нараджэння, маці 1975-га і дзве іх дачкі 2000 і 2019 гадоў нараджэння.

Да прыбыцця пажарных жанчына і дзеці здолелі самі выратавацца з дома праз вакно, пры гэтым маці атрымала апёкі 46% цела. Цела яе мужа было знойдзенае ў доме ратавальнікамі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Магілёве сям’я выратавалася ад пажару дзякуючы аўтаномнаму апавяшчальніку

У дзве гадзіны ночы 26 мая ратавальнікам паступіла паведамленне пра пажар прыватнага дома па завулку Сонечны ў Магілёве. Гаспадары, 63-гадовы мужчына і яго 28-гадовая дачка, паспелі выбрацца з хаты і не пацярпелі.

Прыбыўшы на месца пажару супрацоўнікі ратавальнай службы засведчылі гарэнне дома адкрытым полымем і шчыльнае задымленне. У гэты момант у хаце нікога не было, а самі гаспадары знаходзіліся на вуліцы.

Пазней высветлілася, што іх выратаваў усталяваны ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Пажар адбыўся ўначы, калі людзі спалі. На ўзгаранне зрэагаваў апавяшчальнік, ад гуку якога і прачнуўся мужчына. Ён убачыў задымленне і разбудзіў дачку, якая была ў суседнім пакоі. Гаспадары праз веранду выйшлі з будынка, які моцна разгарэўся – паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях

У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце і маёмасць у доме. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: mogilev.mchs.gov.by

Пад Шкловам жанчына распальвала смецце бензінам і атрымала апёкі 40% цела

Удзень 24 мая 62-гадовая пенсіянерка з вёскі Падкняжанне Шклоўскага раёна спальвала бытавыя адыходы і траву побач з домам. Каб агонь разгарэўся хутчэй, жанчына выкарыстоўвала бензін.

Парывам ветру агонь перакінуўся на вопратку, якая загарэлася. У выніку здарэння жанчына атрымала апёкі 40 працэнтаў цела. Пацярпелая шпіталізавана — паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Прычына пажару і моцных апёкаў відавочная – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота ілюстрацыйнае

З-за пажару, у Магілёве эвакуявалі 90 чалавек з інтэрната

Пажар здарыўся сёння раніцай, каля 06:30 на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве – загарэўся швейны цэх, прыбудаваны да інтэрната. Сігнал пра ўзгаранне падала аўтаматычная сістэма апавяшчэння “Маланка” – паведамляе прэс-служба МНС. 90 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей былі эвакуяваныя з будынка інтэрната. Пацярпелых няма, прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

Пад Магілёвам на пажары загінуў мужчына

Трагедыя адбылася апоўначы ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Пажар узнік у кватэры шматпавярховіка на вуліцы Фабрычнай. Ратавальнікамі на месцы ўзгарання было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння, які нідзе не працаваў. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

У двух раёнах Магілёўшчыны дазволілі наведваць лясы – Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім

Забарона на наведванне захоўваецца для ўсіх астатніх раёнаў Магілёўскай вобласці – паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства лясной гаспадаркі.

У цэнтральных і ўсходніх раёнах Беларусі захоўваецца ІV клас пажарнай небяспекі. У Віцебскай і Мінскай абласцях забаронены або абмежаваны да наведвання лесу ў 20 раёнах у кожнай, у, Гомельскай – ва ўсіх раёнах. Забарона наведваць лясы дзейнічае ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці, акрамя Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага – тут знятыя ўсе абмежаванні.

Фота з адкрытых крыніц

На хлопчыку загарэлася вопратка, калі ён варыў сабе пяльмені

У Бабруйску хлопец 2011 года нараджэння застаўся дома адзін і гатаваў сабе пяльмені на пліце. У нейкі момант ён пацягнуўся ў шафу за спецыямі і полымя ад пліты перакінулася на яго кашулю. Самастойна затушыўшы агонь на сабе ў ваннай, хлопчык патэлефанаваў маці, а тая ўжо выклікала медыкаў. З апёкамі падлетак быў шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Трыста кубоў лесу згарэла практычна ў цэнтры Крычава

Днём на адкрытай пляцоўцы крычаўскага камунальнага прадпрыемства па вуліцы Камсамольскай у Крычаве адбылося ўзгаранне штабеля круглага лесу вышынёй 2-4 метра.

У выніку пажару знішчаны 300 кубаметраў лесу на плошчы 200 квадратных метраў. Пры гэтым ратавальнікамі і камунальшчыкамі выратаваны яшчэ 1200 кубаметраў лесу. Ніхто не пацярпеў, прычына пажару высвятляецца – паведамляецца ў аператыўнай зводцы міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Варта заўважыць, што гэта ўжо другое ўзгаранне кубоў лесу на Крычаўшчыне за апошні час. Аб папярэднім выпадку пажару лесу раней пісалі mogilev.media.

Фота ілюстрацыйнае