10 ліпеня ў гісторыі. Паланенне Усяслава. Першы ўпамін Оршы. Пажар у Магілёве, таран пад Магілёвам. Абранне Лукашэнкі.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы падманам узялі ў палон Усяслава Чарадзея.

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (3 сакавіка), на рацэ Ршы (Аршыца) кіеўскія Яраславічы ўзялі ў палон Усяслава Брачыславіча і двух яго сыноў. Пры запрашэнні на перамовы Яраславічы цалавалі крыж, што не зробяць благога. Усяслава з сынамі адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму – «поруб», дзе ён прабыў больш за 14 месяцаў, пакуль у 1068 г. яго не вызвалілі кіяне і не паставілі яго князем.

У сувязі з падзеямі на Ршы звязана першае ўпамінанне пра Оршу.

1781 год. Нарадзіўся Антон Марціноўскі (1781-1855).

Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі.

Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічных навін», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы. 

Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.

1782 год. Здарыўся вялікі пажар ў Магілёве.

У вялікім пажары за Дняпром згарэла 70 дамоў «хрысціянскіх», 5 габрэйскіх, разбурана каля 40 будынкаў.

1857 год. Нарадзіўся Анатоль Бонч-Асмалоўскі (1857-1930).

Рэвалюцыянер-народнік. Грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, мемуарыст, член арганізацый «Зямля і воля» і «Чорны перадзел», член ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У высылцы ў бацькоўскім маёнтку Блонь Ігуменскага павета пры ўдзеле А. Багдановіча арганізаваў сялянскі гурток самаадукацыі.

Неаднаразова арыштоўваўся, быў у ссылцы, у тым ліку ў Сібіры. Удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гадоў.

У час 1-й сусветнай вайны працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам-беларусам. Дэлегат 1-га Усебеларускага з’езда (1917). З 1918 года ў Мінску, удзельнічаў у кааператыўным руху.

З 1926 года жыў у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў. Пісаў успаміны.

Яго драўляная сядзіба Блонь існуе і зараз у якасці раённага краязнаўчага музея.

1871 год. У Магілёве нарадзіўся Барыс Казановіч (1871-1943).

Вайсковец, генерал-лейтэнант. 

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай, грамадзянскай войн.

Адзін з кіраўнікоў Белага Руху. Старшыня Таварыстваў – афіцэраў Генштаба ў Югаславіі, вывучэння Грамадзянскай вайны.

1895 год. У Глыбокім нарадзіўся  Павел Сухі (1895-1975).

Сусветна вядома авіяканструктар самалётаў Су.

Лаўрэат Ленінскай, Дзяржаўнай прэмій, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, доктар тэхнічных навук. Аўтар больш як 50 самалётаў. Яго называлі «квінтэсэнцыя нашай авіяцыі». У Гомелі імем Сухога названы вуліца, тэхнічны ўніверсітэт, устаноўлены бюст. У Глыбоцкай СШ № 1 створаны яго музей. 

1900 год. Нарадзіўся Пётра Сергіевіч (1900-1984).

Беларускі мастак, актыўны дзеяч беларускага адраджэння. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы (1965). 

Яго палотны прысвечаны гістарычным асобам, у тым ліку Усяславу Чарадзею, Ф. Скарыне, К. Каліноўскаму, Р. Шырме, Ф. Багушэвічу, прадстаўнікам розных прафесій. 

Значнае месца ў творчасці мастака займалі купалаўская тэма, тэма жыцця ў Заходняй Беларусі.

Сергіевіч П. Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года, 1955 г.

1917 год.  Першае беларускае таварыства драмы і камедыі дало прэм’ерную пастаноўку п’есы Я. Купалы «Раскіданае гняздо».

Разумеючы сацыяльную і палітычную вастрыню п’есы, была пастаўлена толькі пасля падзення царызму. Была пастаўлена Ф. Ждановічам у Мінску Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі ў памяшканні гарадскога тэатра.

«Раскіданае гняздо» шмат ставілі аматарскія тэатральныя калектывы, нават аматарскі гурток у Глуску.

Новае сцэнічнае жыццё «Раскіданаму гнязду» даў Беларускі тэатр імя Я. Коласа. Прэм’ера спектакля адбылася ў Віцебску 13 снежня 1951 года.

1932 год. У Быхаве нарадзіўся Аркадзь Мацвееў.

Беларускі вучоны ў галіне інфекцыйных захворванняў.

Скончыў Віцебскі медінстытут.

Працаваў галоўным урачом Віцебскай раённай санэпідстанцыі, затым намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце ў Віцебскім раёне.

З 1963 года асістэнт, дацэнт, прафесар, дэкан факультэта Віцебскага медыцынскага інстытута.

Апублікавана больш за 70 яго навуковых прац.

1937 год. Нарадзіўся Леанід Дземідовіч (1937-1999).

Беларускі навуковец-геолаг. Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

З 1959 года працаваў ў Беларускім геолага-разведачным НДІ, з 1970 года намеснік дырэктара, у 1975-1983 дырэктар інстытута. З 1983 года ў БДУ.

Навуковыя працы ў галіне геалогіі, пошуку і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў.

Стварыў схемы класіфікацыі парод-калектараў, стадый і этапаў літагенезу.

1941 год. Пад Магілёвам правёў паветраны таран Мікалай Цярохін (1916-1942).

Лётчык-знішчальнік. Адзін з двух савецкіх лётчыкаў (разам з А. Хлабыставым), якія тройчы ўчынілі паветраны таран, прычым у Цярохіна два тараны – у адным баі.

У баі, растраціўшы ўсе боепрыпасы, таранам збіў «Юнкерс-88» і ўжо пашкоджанай сваёй машынай другім таранам збіў яшчэ адзін «Юнкерс-88».

Загінуў у паветраным баі 30 снежня 1942 года ў Наўгародскай вобласці.

Яго імя носіць адна з вуліц Магілёва. Яго подзвігу прысвечаны верш К. Сіманава.

1942 год. Нарадзіўся Пётр Клімук.

Другі беларускі касманаўт (у космасе ў 1973, 1975, 1978) пасля В. Церашковай, палітычны дзеяч.

Генерал-палкоўнік авіяцыі, кандыдат тэхнічных навук. Двойчы Герой Савецкага Саюза. Апошні трэці палёт 1978 г. здзейсніў разам з польскім касманаўтам Міраславам Гермашэўскім.

1944 год. 21-й вайсковай часці, якія вызначыліся пры вызваленні Магілёва 28 чэрвеня 1944 года надалі найменні “Магілёўскіх”.

У горадзе адноўлена праца радыё, абласной санэпідэмстанцыі, створаны рамонтны завод.

Вуліца Першамайская ў Магілёве, 1944 год

1994 год. Аляксандр Лукашэнка абраны першым прэзідэнтам Беларусі.

7 ліпеня ў гісторыі. Свята Хрысціцеля. Карл ХІІ у Магілёве. Нарадзіліся Я. Купала, М. Шагал Знік Дз. Завадскі.

Дзень Святога Яна Хрысціцеля.

Вялікае царкоўнае свята. Прысвечана памяці хрысціцеля Ісуса Хрыста.

Святкуецца пасля Купальскай ночы (народна-хрысціянскае свята). Лічылася, што раніцай пасля Купальскай ночы сонца «грае». Яно нібыта плавае ў вадзе далёка на гарызонце, «купаецца». «На Купалу сонца грала…» – спяваецца ў народных песнях.

Пасля прыняцця хрысціянства свята стала спалучаць у сабе паганскія і праваслаўныя рысы. Замест бога Сонца людзі пачалі праслаўляць хрысціцеля Ісуса Хрыста.

Ян Хрысціцель нарадзіўся ў сціплай сям’і святара. Да 30 гадоў жыў у пустыні, насіў адзенне з вярблюджай воўны, харчаваўся дзікім мёдам і пладамі пустынных раслін. Ян прадказаў прыход Збавіцеля. На беразе Ярдана прарок уладкоўваў абмыванні, каб пазбавіць людзей ад грахоў і падрыхтаваць іх да з’яўлення Хрыста. 

Ісус прыйшоў да Яго і прыняў сакрамэнт хросту. Кіраўнік Галілеі і Перэі Ірад Анціпа пакараў смерцю Яна за тое, што ён выкрыў яго ў незаконным сужыцці з жонкай брата.

Свята прыпадае на Пятроў пост. Вернікам забараняецца есці мясныя і малочныя прадукты, яйкі, але дазваляюцца рыба і крыху чырвонага віна.

Нельга  выконваць цяжкую фізічную працу, злавацца, лаяцца, аддаваць, прадаваць, пазычаць нешта з дому, падбіраць знойдзеныя на дарозе грошы – гэта можа прывесці да беднасці.

Нельга абліваць вадой цяжарных жанчын, дзяцей і старых, крыўдзіць і біць свойскую жывёлу.

1572 год. Памёр Жыгімонт Аўгуст (1520-1572).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ, апошні з Ягелонаў.

Другая яго жонка, Барбара ўвайшла ў гісторыю як “Чорная Панна Нясвіжа”, здань якой штоноч гуляе па парку і замку Нясвіжа.

Пры Жыгімонце адбылася Лівонская вайна з Масковіяй, заключаны Люблінская унія, зацверджаны Статут ВКЛ, праведзена прагрэсіўная зямельная рэформа, заснаваны марскі флот, праводзілася палітыка канфесійнай талерантнасці, ён дазволіў дзейнасць езуітаў.

Яго ўладарста было перыядам росквіту Адраджэння ў ВКЛ.

1633 год. Пайшоў з жыцця Леў Сапега (1557-1633).

Аадзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго шматлікіх уладанняў – Цяцерын і Круглае (зараз – Круглянскі раён), староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Адна з вуліц Магілёва названа ў яго гонар.

Помнік Л. Сапегу ў Лепелі

1708 год. У Магілёў уступіў шведскі кароль Карл ХІІ з войскам.

5 чэрвеня шведы, узмацніўшыся да 38 000 чалавек, пакінулі лагер у Радашковічах каля Мінска і павольна з прычыны дрэнных пагодных і дарожных умоў рушылі да Дняпра. 

Рускія чакалі яго каля Барысава, але Карл XII ашукаў іх чаканні і бесперашкодна пераправіўся праз Бярэзіну ў мястэчку Беразіно, разбіў рускія войскі пад Галоўчынам (зараз – Бялыніцкі раён). 3 ліпеня шведы рушылі да Магілёва.

Карл XII заняў Магілёў. У горадзе пакінуў невялікі гарнізон, астатнія войскі размясціў за горадам па беразе Дняпра да Буйніч. Зараз гэта частка па Дняпру называецца Карлава даліна.

Прастаяўшы тры тыдні ў Магілёве, шведскае войска рушыла на паўднёвы ўсход да Рослаўля, каб абысці паласу спусташэння перад Смаленскам і стварыць пагрозу з тылу рускай арміі, якая стаяла пад Горкамі.

1864 год. Адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.

Першая не для ваеннага ведамства ў Расійскай імперыі. Распрацоўшчыкам праектаў семінарый быў паплечнік К. Ушынскага, ураджэнец Аршаншчыны, заснавальнік сучаснага краязнаўства, першы метадыст прыродазнаўства і геаграфіі Дз. Сямёнаў (1835-1902).

Адчынена згодна з загадам генерал-губернатара М. Мураўёва, пасля падаўлення паўстання 1863 года замест зачыненай у Маладзечне польскай дваранскай 5-класнай прагімназіі. Існавала ў 1864-1920 гадах, у 1915 пераведзена ў Смаленск.

Семінарыя рыхтавала кадры для пачатковых класаў. Першыя семінарысты вучыліся 2 гады, з 1870 года – 3, з 1907 — 4 гады. Перавага аддавалася дзецям сялян. У семінарыі выкладалі этнографы і фалькларысты М. Нікіфароўскі, Ю. Крачкоўскі.

За 50 гадоў семінарыю скончылі 2 000 чалавек. Сярод іх І. Біч, Ф. Валынец, А. Капуцкі, П. Мятла, М. Чарот, С. Рак-Міхайлоўскі, М. Забэйда-Суміцкі і іншыя.

1869 год. У в. Дубейкава пад Мсціславам нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер і архітэктар. Збіральнік беларускага фальклора.

Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.

1882 год. Нарадзіўся Янка Купала (Іван Луцэвіч, 1882-1942).

Народны паэт, перакладчык, драматург, публіцыст. Акадэмік АН БССР і АН УССР.

Класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Яго творчасць адзначаецца за яркае апісанне сялянскага быту, нацыянальнага характару беларусаў і яго светаразумення.

Янка Купала ў 1913 годзе напісаў паэму “Магіла Льва” – пэўнае прысвячэнне Магілёву. У Магілёве ўпершыню пабываў толькі ў 1926 годзе.

4 чэрвеня 1942 года Купала быў выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркама БССР Івана Былінскага, а 28 чэрвеня загінуў, упаўшы ў лесвічны пралёт 10-га паверха гатэля «Масква». Існуе тры версіі смерці – няшчасны выпадак, самагубства, забойства органамі савецкай бяспекі.

Працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні. Яго імя носяць у Беларусі 246 вуліц ,у тым ліку ў Магілёве (паміж вул. Крупскай і 30 год Перамогі), Нацыянальны акадэмічны тэатр, інстытут мовы і літаратуры НАНБ, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, мінскія парк і станцыя метро, мноства школ, бібліятэк, паркаў.

Помнікі паэту ўсталяваны на Беларусі, у Ізраіле, Польшчы, КНР, ЗША, Балгарыі, Расіі. 

Хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала. Цяпер Дом-музей Янкі Купалы

1883 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Бойна-Радзевіч (1883-1978).

Летчык, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскіх воін. Георгіеўскі кавалер, генерал-маёр. Камандуючы паветранымі войскамі арміі Калчака.

1887 год. У Лёзна нарадзіўся Марк Шагал (1887-1985).

Сусветна вядомы беларускі, рускі і французскі мастак.

Магчыма, адны з яго продкаў – Сегалы, жылі на Школішчы ў Магілёве, а прадзед – мастак Хаім Сегал распісаў драўляную халодную сінагогу ў Магілёве.

Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы, афарміцель спектакляў маскоўскага Камернага яўрэйскага тэатра.

Жыў у Парыжы, ЗША.

У Віцебску працуе мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала, ёсць вуліца і праезд яго імя, у Іерусаліме названа плошча.

1892 год. Падчас правядзення экспедыцыі па Калыме заўчасна памёр Іван (Ян) Чэрскі (1845-1892).

Беларускі геолаг, географ, удзельнік паўстання К. Каліноўскага. Даследчык Сібіры.

Заснавальнік байкалазнаўства, уладальнік трох Залатых медалёў Рускага геаграфічнага таварыства.

У гонар яго названы: хрыбеты ва Усходняй Сібіры (1500 км), у Забайкаллі, пасёлак у Якуціі, пік, гара ў Забайкаллі і іншыя, а такжа вуліцы ў шэрагу гарадоў Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы.

У Верхнядзвінску, у в. Валынцы працуюць музей і экспазіцыі ў гонар Чэрскага. Яго імя носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

1904 год. У в. Таўкачы (цяпер – Шклоўскі раён) нарадзіўся Іван Несцераў (1904-1989).

Старшы лейтэнант Чырвонай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза.

Скончыў Маскоўскую горную акадэмію, працаваў у розных арганізацыях. Удзельнічаў у польскім паходзе (1939), у баях на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Нампаліт камандзіра батальёна 108-й гвардзейскай стралковай дывізіі  старшы лейтэнант Несцераў вызначыўся падчас вызвалення Венгрыі. 4 снежня 1944 года ён адным з першых пераправіўся праз Дунай у раёне горада Эрчы, захапіў і ўтрымліваў прыстань, адбіўшы разам з групай байцоў чатыры нямецкія контратакі.

Пасля вайны жыў і працаваў ва Украіне. Памёр у 1989 годзе ў г. Белая Царква.

1910 год. Нарадзіўся Юзаф Трыпуцька (1910-1983).

Ураджэнец Беларусі,  шведскі мовазнавец-славіст.

Скончыў вілейскую гімназію імя Г. Сянкевіча, Універсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні (1934).

Выехаў у Хельсінкі выкладаць польскую мову. З 1940 года ва Упсальскім універсітэце (Швецыя), прафесар славянскіх моў.

У працах «Мова Уладзіслава Сыракомлі», «Пра мову ўспамінаў Францішка Міцкевіча»  адзначаў беларусізмы аўтараў, спасылаўся на працы Я. Карскага, іншых беларускіх мовазнаўцаў. Аўтар працы пра славянскія, у тым ліку беларускія прыслоўі, беларускія рэаліі ў творчасці Э. Ажэшкі.

Складальнік каталога старадрукаў з Кароны і ВКЛ, у тым ліку кірылічных, у зборах бібліятэкі Упсальскага ўніверстэта. Перапісваўся  з Адамам Мальдзісам.

Памёр 21 ліпеня 1983 года. 

1961 год. Нарадзіўся Вінцук (Валянцін) Вячорка.

Беларускі мовазнавец, журналіст, палітык і грамадскі дзеяч. Старшыня БНФ «Адраджэньне» і партыі БНФ (1999-2007), палітвязень.

Адзін з стваральнікаў і кіраўнікоў моладзевых груп і арганізацый “Майстроўня”, “Талака”, Канфедэрацыі беларускіх маладзёжных аб’яднанняў, няўрадавай грамадскай арганізацыі асветніцкай скіраванасці — Цэнтра “Супольнасць”, старшыня працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Беларусі.

2000 год. У Мінску прапаў без вестак тэлеаператар Дзмітрый Завадскі (1972-2000).

Беларускі журналіст, тэлевізійны аператар.

З 1989 года працаваў на беларускім тэлебачанні. У 1994-1997 гадах быў асабістым аператарам А. Лукашэнкі, потым працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ, у Чачні.

У 1997-1998 гадах неаднаразова пераследваўся, затрымліваўся беларускімі сілавікамі, знаходзіўся пад следствам за аб’ектыўнае асвятленне падзей у краіне.

7 ліпеня 2000 года быў скрадзены беларускімі сілавікамі, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Мінск-2». Пасля яго знікнення заснавана прэмія імя Завадзкага, якую сярод іншых атрымалі кампанія БелаПАН, аператар Ул. Бабарыка і іншыя.

20 чэрвеня. Дзень у гісторыі. Паўстанне ў Магілёве. “Чортава кола”. Нарадзіліся Жыгімонт ІІІ, мастак Г. Вашчанка.

Сусветны дзень бежанцаў (Word Refugee Day, з 2000 года).

Зацверджаны Генеральнай Асамблеяй ААН. У гэты дзень насельніцтва праяўляе салідарнасць з тымі, каму прыйшлося пакінуць свае дамы па тых ці іншых прычынах.

Калі ў 2014 годзе ў свеце было 43 мільёны бежанцаў (з іх 7 мільёнаў дзяцей), то ўжо ў 2023 годзе статус бежанцаў мелі каля 90 мільёнаў.

З пачаткам агрэсіі Расіі супраць Украіны, колькасць бежанцаў узрасла.

Паводле дадзеных Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў больш за 8 мільёнаў украінцаў пакінулі сваю радзіму (кожны пяты), частка з іх вярнулася да папялішчаў і разбітых хат, у галечу і беспрацоўе. Больш за палову з іх застаецца ў 44 краінах Еўропы.

У Беларусі жыве больш за 9 000 грамадзян Украіны, галоўным чынам з Данецкай (28%), Харкаўскай (17%), Луганскай (14%), Херсонскай абласцей (7%), Кіева і Кіеўскай вобласці (6%).

Сусветны дзень абароны сланоў ў заапарках (Іnternational Day of Action for Elephants in Zoos, з 2009 года).

Гэты дзень закліканы звярнуць увагу грамадскасці на жыццё сланоў, якія ўтрымліваюцца ў заапарках, і ставіць перад сабой канчатковай мэтай вызваленне ўсіх гэтых велічных жывёл з няволі. 

Па дадзеных канадскіх вучоных, іх жыццё доўжыцца ў 3 разы менш, чым у натуральных умовах. Самыя буйныя насельнікі заапаркаў часцей пакутуюць ад хвароб, таўсцеюць ад маларухомасці і перажываюць псіхалагічныя стрэсы.

У гродзенскім, віцебскім, мінскіх заапарках сланоў няма, але плануюцца.

1566 год. Нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза (1566-1632).

Кароль польскі і вялікі князь ВКЛ (1587-1632), кароль шведскі (1592-1599). У 1588 годзе зацвердзіў новую рэдакцыю Статута ВКЛ, падтрымаў Берасцейскую унію 1596 года.

Пры ім прыняты пастановы соймаў аб гарантыях правоў праваслаўных. Імкненні да ўвядзення абсалютнай манархію не далі плёну.

Ваяваў са Швецыяй (1600-1629), з Масковіяй (1609-1618), з Асманскай імперыяй (перамога ў Хоцінскай бітве 1621). Шмат у чым яго палітыка спрыяла далейшаму заняпаду Рэчы Паспалітай.

Памёр 30 красавіка 1632 года.

1606 год. У Магілёве выбухнала мяшчанскае паўстанне (1606-1610).

Пачалося пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча (магчыма, поўнае імя – Стахор Міткавіч Рык) на хвалі незадаволенасці злоўжываннямі і хабарніцтвам магістрата.

Пасля ўварвання мяшчан у ратушу (15 ліпеня 1606 года) старая рада была разагнаная і выбраная новая, пераважна з незаможных рамеснікаў. Новая рада кіравала горадам больш за 2 гады, асаблівую ўвагу звяртаючы на інтарэсы гарадскіх нізоў.

Аднак у новай радзе паступова ўтварыўся раскол, і ў жніўні 1608 года частка рады падпісала «ўгодлівы ліст», паводле якога ўлада ў горадзе вярталася да старой рады. Кіраўнік радыкальнага крыла новай рады Хадко Багдановіч быў засуджаны на смерць.

Дзейнасць адноўленага старога магістрата выклікала неаднаразовыя новыя выступленні. Найбольш буйное адбылося ў 1610 годзе, калі гарадскія нізы спрабавалі ўзняць узброенае паўстанне, але яно было задушана войскам, а 5 кіраўнікоў былі пакараны смерцю на Іллінскай горцы.

У далейшым, выступленні мяшчан адбываліся таксама ў 1636 і 1638 гадах.

1740 год. Нарадзіўся Юзаф Сангушка (1740-1781).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, маршалак надворны.

Абіраўся паслом на вальны сойм. На сойме 1767-1768 гадоў абвясціў «Праект рэформы ўраду», які прадугледжваў прыняцце адзінага кодэксу права для ўсёй Рэчы Паспалітай. Падпісаў акт Кардынальных правоў.

Падтрымаў абранне каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1771 годзе таемна далучыўся да Барскай канфедэрацыі.

Памёр 12 мая 1781 года.

1893 год. На прамысловай выставе ў Чыкага запрацавала першае ў свеце кола агляду.

Пабудавана інжынерам Дж. Фэрысам. Яго дыяметр складаў 75 метраў, вага – 2 000 тон. Кола прыводзілася ў рух дзвюма паравымі машынамі. На коле было 36 кабін, памерам прыблізна з аўтобус. У кожнай кабіне было 20 сядзячых і 40 стаячых месцаў. Такім чынам, агульная пасажыраўмяшчальнасць атракцыёна складала 2 160 чалавек.

Абарот кола рабіла за 20 хвілін. Атракцыён газетчыкі ахрысцілі “чортавым колам”.

Пасля закрыцця Чыкагскай выставы кола Фэрыса двойчы пераносілі на іншае месца і канчаткова разабралі ў 1904 годзе.

У Беларусі “чортавы колы” раней працавалі ў шматлікіх гарадах, цяпер  – толькі ў Мінску, Гомелі, Брэсце, Гродна, Віцебску і Хоцімску.

Кола агляду ў Хоцімску.

1928 год. Нарадзіўся Гаўрыла Вашчанка (1928- 2014).

Беларускі жывапісец, Народны мастак БССР, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны і пасляваеннай працы, пра жыццё сучаснага Палесся.

Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі.

Памёр 14 лютага 2014 года.

Гаўрыла Вашчанка. “Радасць быцця”, 1985 г.

1939 год. Нарадзіўся Валерый Раеўскі (1939-2011).

Беларускі тэатральны рэжысёр, Народны артыст Беларусі, Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР.

На працягу 35 гадоў – галоўны рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра імя Янкі Купалы, прафесар акадэміі мастацтваў.

Стварыў амаль паўсотню спектакляў, у тым ліку ў краінах Еўропы паводле твораў А. Дударава, А. Макаёнка, В. Быкава, У. Шэкспіра, Ф. Дастаеўскага і інш. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Памёр 19 лістапада 2011 года.

1941 год. Скончылася апошняя перадваенная масавая дэпартацыя.

За 2 дні да пачатку вайны завершаны акт савецкага генацыду народаў, скіраваны супраць «варожых элементаў» і іх сямей у заходніх абласцях Беларусі, а таксама Украіны, Малдовы.

За 19-20 чэрвеня з Беларусі высланыя ў Сібір і Казахстан 22 300 чалавек. Гэтая “чэрвеньская” дэпартацыя – з серыі департацый, з 22 траўня па 20 чэрвеня 1941 года, якія закранулі Эстонію (10 тыс.), Латвію (15,5 тыс.), Літву, Малдову і Беларусь (30 тыс. чалавек). 

Да гэтага, 23 лютага 1940 года з Беларусі былі высланы 33 700 асаднікаў, 17 600 служачых лясной аховы, 13 красавіка 1940 года выселена 26 800 чалавек, галоўным чынам, супрацоўнікаў паліцыі, настаўнікаў, выхавацелей, святароў, грамадскіх дзеячаў. 29 чэрвеня 1940 года дэпартыравана 22 900 чалавек, у тым ліку значную частку бежанцаў з Польшчы, габреяў.

1948 год. У Вязынцы для наведвальнікаў расчыніў дзверы філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Галаўны музей знаходзіцца ў Мінску з 1944 года, на месцы былога дома паэта.

Акрамя філіяла ў Вязынцы яшчэ працуюць філіялы ў вёсках Харужанцы, Вязынка, Ляўкі (недалёка ад Магілёва) і Яхімоўшчына.

У фальварку Вязынка 7 ліпеня (25 чэрвеня) 1882 года нарадзіўся Іван Луцэвіч, будучы творца Янка Купала.

1963 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Кавалёў.

Беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца.

Доктар філалагічных навук. Жыве ў Любліне (Польшча).

Даследуе праблемы сучаснай беларускай паэзіі, шматмоўную літаратуру ВКЛ, аўтар п’ес на гістарычныя, фальклорныя тэмы. Шмат піша і для дзяцей.

1963 год. У Мюнхене памёр Пётр Сыч (1912-1963).

Беларускі пісьменнік, мемуарыст, герой Монтэ-Касіна, журналіст «Радыё Свабода».

Трапіў у савецкі палон як польскі жаўнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі.

У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Паручнікам прымаў удзел у шматлікіх баях, у тым ліку пад Монтэ-Касіна.

Актыўны дзеяч эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Мемарыял у Монтэ-Касіна.

2001 год. Зацверджаны герб г. Горкі.

Герб 29-тысячнага горада, які ўпершыню згадваецца ў 1544 годзе, паўтарае герб 1867 года. 

Тут ў 1840 годзе адкрылася земляробчая школа – сёння сельскагаспадарчая акадэмія. У 1841 годзе з’явілася метэастанцыя, якая працуе і па сёння.

Дзень у гісторыі. 11 красавіка. Выбух у мінскім метро. Нарадзіліся старшыня Рады БНР І. Сурвіла, архіепіскап Сафроній, алімпіец І. Басінскі, “афганец” А. Мельнікаў. Загінуў Цішка Гартны

Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў (International Day for the Liberation of Concentration Camp Prisoners).

Уведзены паводле рашэння ААН у памяць пра міжнароднае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Бухенвальд”.

Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Нямеччыны і акупаваных ёй краінах было больш за 14 000 канцлагераў. Праз іх прайшло звыш 20 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе налічвалася больш за 260 канцлагераў. Самыя вялікія знаходзіліся ў Мінску, Гомелі, Бабруйску і Полацку. У іх было знішчана звыш 1,5 мільёна чалавек.

Сусветны дзень барацьбы з хваробай Паркінсана (World Parkinson’s Day).

Устаноўлены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Паркінсан – адно з самых жахлівых прозвішчаў, якое можна пачуць у кабінеце неўролага. Яго насіў ангельскі лекар, які падрабязна апісаў загадкавую хваробу. У дзень нараджэння Джэймса Паркінсана ўстаноўлены гэты Сусветны дзень.

Сусветным сімвалам хваробы стаў Чырвоны цюльпан. Справа ў тым, што ў 1980 годзе галандскі садоўнік Ван дэр Веральд, які пакутаваў на хваробу Паркінсана, вывеў новы эфектны гатунак цюльпана ў чырвона-белых танах і назваў яго «Цюльпан доктара Паркінсана».

Хвароба ўзнікае з-за парушэння выпрацоўкі дофаміна – аднаго з нейрамедыятараў (рэчываў, якія служаць для перадачы імпульсаў у галаўным мозгу). Гэта вядзе да парушэння функцый клетак у аддзелах мозгу, якія адказваюць за рухі чалавека. З-за гэтага парушаецца рэгуляцыя рухаў і тонус, што выяўляецца характэрным трэмарам (дрыготкай), агульнай скаванасцю і парушэннем паставы і рухаў.

1927 год. Прынята Канстытуцыя БССР – другая з чатырох.

Першая канстытуцыя БССР была прынята ў 1919 годзе, трэцяя і чацвёртая – у 1937 і 1978 гадах. 

Канстытуцыя развіла агульныя палажэнні Канстытуцыі 1919 года, разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасці. Было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстання роднай мовай, нацыянальным меншасцям забяспечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове, усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай (ідыш) і рускай моў. 

На тэрыторыі ВКЛ Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў фактычна з’яўляліся канстытуцыяй і на большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 года, а ў Гродзенскай, Мінскай i Вiленскай губернях Расійскай імперыі – да 1840 года.

Акрамя таго, 3 мая 1791 года Вялікі сойм прыняў першую канстытуцыю ў Еўропе.

Ян Матэйка, Канстытуцыя 3 мая. 1891 год

1936 год. Нарадзілася Івонка Сурвіла (Шыманец).

Беларуская грамадска-палітычная дзеячка ў эміграцыі, мовазнавец, мастак, старшыня (з 1997) Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

На эміграцыі з 1944 года – Данія, Францыя, Іспанія, Канада.

Скончыла філалагічны факультэт Сарбоны. Працавала ў Беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, выкладала французскую мову ў школах Іспаніі, была перакладчыцай у Канадскім федэральным бюро перакладаў.

У Канадзе ўзначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, уваходзіла ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай рады, сузаснавальніца «Канадскага фонда дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі».

Удзельнічала ў мастацкіх выстаўках як жывапісец.

1937 год. У магілёўскай псіхлячэбніцы загінуў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887–1937).

Беларускі грамадскі і дзяржаўны дзеяч, кіраўнік ураду ССРБ (1919), пісьменнік, паэт, перакладчык, Акадэмік АН БССР.

Удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гадоў, культурна-выдавецкай суполкі «Знание» у Пецярбургу.

Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята (1918), рэдактарам бальшавіцкіх газет «Дзянніца»,«Савецкая Беларусь», аўтарам маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Першы кіраўнік БССР (1 студзеня – 3 лютага 1919), удзельнік грамадзянскай вайны.

Узначальваў Дзяржвыдавецтва,  выдавецтва «Адраджэнне», Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, членам прэзідыума Інбелкульта, рэдактарам часопіса «Полымя», у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук.

У 1922 годзе пры наведванні Берліна наладзіў там выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг.  Удзельнік Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925 год, Берлін). У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Выключаны з ВКП(б) у студзені 1931 года «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны ў 1936 годзе, у красавіку 1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу.

Пахаваны на ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў Магілёве. Тут яму пастаўлены сціплы помнік (1989).

1951 год. Нарадзіўся архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі (з 2002 года) Сафроній (Юшчук).

Скончыў Ленінградскую духоўную акадэмію. У 1987 годзе пастрыжаны ў манахі ў Жыровіцкім манастыры.

Служыў пры Жыровіцкім, Лядзенскім манастырах.

У 2000 годзе стаў біскупам Брэсцкім і Кобрынскім, у 2002 годзе – біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім.

23 жніўня 2009 года на біскупа Сафронія быў учынены напад перад пачаткам літургіі ў кафедральным саборы ў імя Трох Свяціцеляў у Магілёве.

1 лютага 2018 года ўзведзены ў сан арцыбіскупа.

1963 год. Нарадзіўся Ігар Басінскі.

Беларускі спартсмен па стральбе з пісталета. Заслужаны майстар спорту СССР.

Уладальнік Кубка свету, шматразовы чэмпіён свету, чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў Еўропы, СССР і Беларусі ў асабістым і камандным заліках, бронзавы прызёр у складзе зборнай СССР на Алімпіядзе-88 у Сеуле, сярэбраны прызёр алімпіяды-96 у Атланце, сярэбраны і бронзавы – алімпіяды 2000 года ў Сіднеі.

Лепшы спартсмен БССР 1986 і 1987, Беларусі ў 2000 годзе.

1968 год.  У Магілёве нарадзіўся Андрэй Мельнікаў (1968–1988).

Герой Савецкага Саюза, гвардыі радавы 9-й парашутна-дэсантнай роты 345 палка. Загінуў у  Афганістане ў баі на «вышыні 3234» у правінцыі Хост.

Да арміі працаваў трактарыстам у саўгасе “Дняпроўскі”.

Удзельнічаў у шасці баявых аперацыях у Афганістане.

У Магілёве яго імем названа вуліца, СШ №28, у музеі вайсковай часці экспануецца яго кулямёт. На магіле на Польскіх могілках усталяваны помнік з бронзавым бюстам.

Мельнікаў стаў прататыпам аднаго з герояў фільма “9-я рота”.

1986 год. Памёр Міхаіл Ганчарык (1899–1986).

Беларускі навуковец у галіне фізіялогіі раслін і фотасінтэзу, пісьменнік. Доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (1924), дзе ўзначальваў Беларускую секцыю студэнтаў. Кіраўнік Аршанскага філіяла «Маладняка».

Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, намеснікам дырэктара Інстытута біялогіі, дырэктарам Ігарскай доследнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Арыштоўваўся (1933, 1949). Вязень ГУЛАГ, ссыльны ў Сібіры.

Распрацоўваў навуковыя асновы палярнага земляробства. Устанавіў розную патрабавальнасць бульбы да вільготнасці глебы ў антагенезе, даследаваў фотасінтэз у бульбе, адток асімілятаў, уплыў іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялагічныя працэсы раслін.

1995 год. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у парламенце Беларусі абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць ініцыянаванага А. Лукашэнкам рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы.

У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў чорных масках – падраздзяленне КДБ «Альфа» – збілі 19 дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне» і выцягнулі іх з будынка.

2011 год. У 17:56 адбыўся выбух у мінскім метрапалітэне на станцыі «Кастрычніцкая».

Падчас выбуху на станцыі знаходзілася каля 300 чалавек. Непасрэдна ў выніку выбуху загінула 11 чалавек, пазней ад атрыманых траўм яшчэ два чалавекі памерлі ў бальніцы. За медыцынскай дапамогай звярнуліся 204 чалавекі.

Выбух быў прызнаны тэрактам.

Акцыі шанавання ахвяр выбуху ў мінскім метро прайшлі  ў шматлікіх беларускіх гарадах. У Магілёве такая акцыя адбылася 13 красавіка на пл. Леніна каля знака «нулявога кіламетра» і каля Вечнага агню на пл. Савецкай (зараз – Славы).

 

Дзень у гісторыі. 4 красавіка. Дзень інтэрнэту. Перамога Т. Касцюшкі пад Рацлавіцамі. Створана NATO. Нарадзіліся канцлер Л. Сапега, кампазітар М. Шчаглоў-Куліковіч, блаславёны Ю. Кашыра, музыка А. Хаменка.

Міжнародны дзень асветы па пытаннях міннай небяспекі і дапамогі ў дзейнасці, звязанай з размініраваннем (International Day for Mine Awareness and Assistance in Mine Action, з 2006 года).

Устаноўлены 8 снежня 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

У 2023 годзе Дзень праходзіць у межах кампаніі «Размініраванне не можа чакаць» і прыцягвае ўвагу да дзесяцігоддзяў забруджвання выбухованебяспечнымі боепрыпасамі тэрыторыі розных краін. Кампанія ясна дае зразумець, што знішчэнне ўсіх наземных мін не можа чакаць. Будзь то новае забруджванне ў Калумбіі, М’янме, Украіне ці Емене, або старое забруджванне ў Камбоджы, Лаосе, Іраку ці В’етнаме, расчыстка павінна быць завершана суб’ектамі супрацьміннай дзейнасці і дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб забароне мін.

Галоўнай мэтай Дня стане распаўсюджванне ведаў аб тых раёнах свету, якія застаюцца забруджанымі праз шмат гадоў, і дзе пакаленні змянілі сваё жыццё, каб пазбегнуць пагрозы.

Забруджванне выбухованебяспечнымі боепрыпасамі пагражае жыццю людзей, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, пазбаўляе доступу да ворных земляў, усяляе страх, вядзе да адсутнасці бяспекі і тэрарызуе насельніцтва. Больш за ўсё ад яго пакутуюць самыя ўразлівыя жыхары абшчын.

Міжнародны Дзень інтэрнэту. Дзень Святого Ісідара – апекуна Інтэрнэта.

Святы Ісідар – апякун вучняў і студэнтаў. У 2003 годзе папа Ян Павел II афіцыйна назваў святога Ісідара апекуном карыстальнікаў камп’ютараў і інтэрнэту, бо Сусветная сетка – гэта вялізная скарбніца практычных і тэарэтычных ведаў.

Ісідар Севільскі, біскуп Севільскі, атрымаў вядомасць не толькі дзякуючы сваёй набожнасці, але і дзякуючы любві да навук. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Этымалогія”,  па сутнасці, першай ў свеце энцыклапедыі, першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў.

1538 год. Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай ў Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

1557 год. Нарадзіўся Леў Сапега (1557–1633).

Адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго ўладанняў – Цяцерын і Круглае, староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Помнік у Лепелі

1794 год.  Войскі Тадэвуша Касцюшкі перамаглі расійскія войскі пад Рацлавіцамі каля Кракава.

Сілы Тадэвуша Касцюшкі складалі каля 2 400 жаўнераў, 2 000 сялян-касінераў і 12 гармат, а рускага генерала Тормасава – каля  3 000 – 5 000 жаўнераў і ад 12 да 30 гармат.

Бітва мела вялікае значэнне для падняцця баявога духа паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве паказалі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Касцюшка, карыстаючыся ярамі, употай падвёў атрад з 320 касінераў да рускай батарэі і асабіста павёў яго ў атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых, касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. 

Адным з вядомых герояў гэтай атакі стаў селянін Войцех Бартас. Яшчэ адна атака касінераў зламіла супраціўленне рускіх акупантаў і вымусіла іх  да адступлення.

Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі

1846 год. Памёр Лявон Бароўскі (1784–1846).

Літаратуразнавец, педагог і публіцыст, адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Член таварыства шубраўцаў.

Скончыў гімназію ў Паставах, Віленскі ўніверсітэт.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першы назваў геніям.

Яго лекцыямі захапляліся будучыя пісьменнікі С. Даўкантас, С. Станявічус, Ю.Славацкі і іншыя.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам.

Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову.

1893 год. Нарадзіўся Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969)

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы и балета

1896 год. Нарадзіўся Васіль Русак.

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, фалькларыст, выдавец.

Удзельнік І Сусветнай вайны, Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатараў «Саюза абароны краю».

Член прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні – камандзір Другога Грозаўскага палка. Інструктар Беларускай вайсковай камісіі, у 1922 годзе ў Коўне займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў супраць палякаў.

Жыў у Чэхаславакіі, удзельнічау у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, узначальваў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», на нямецкай мове брашуру «Bielarus – Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі, паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Ф. Скарыны (сонца з маладзіком), фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny».

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве габрэйскія сям’і.

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай,  асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года.

1904 год. Нарадзіўся Юрый Кашыра.

Рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1999 годзе.

У 1923 годзе ўступіў у Друйскі манастыр марыянаў. Пастрыжаны ў манахі ў 1926 годзе.

Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі. Пераследаваўся польскімі ўладамі за прабеларускую дзейнасць, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.

У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу Дрысенскага (зараз – Верхнядзвінскага) раёна, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. 18 лютага 1943 года адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы

1949 год. Па ініцыятыве ЗША створаны ваенна-палітычны саюз  – блок NATO.

Блок пачаў сваю дзейнасць у разгар “халоднай вайны”, на аснове Паўночнаатлантычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 года прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Канады, Італіі, Партугаліі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. 

У 1952 годзе да дамовы далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 годзе – ФРГ, 1982 – Іспанія, у 1999 – Чэхія, Венгрыя і Польшча, 2004 – Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія, у 2009 – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія, у 2023 – Фінляндыя. Імкнуцца далучыцца да блока Швецыя і Украіна.

Артыкул 5 – найважнейшы артыкул Паўночнаатлантычнага дагавора – устанаўлівае, што ў выпадку “ўзброенага нападу” на аднаго або некалькіх яго ўдзельнікаў іншыя члены НАТА неадкладна акажуць дапамогу краіне або краінам, якія падвергліся нападу, шляхам ажыццяўлення такога дзеяння, якое яны “лічаць неабходным, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы”.

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дэлегат Усебеларускага з’езда.

У лютым – ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

У снежні 1918 – красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

З 1923 года жыў на эміграцыі ў ЗША. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк», «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд».

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся».

Пахаваны на могілках Элмвуд у Рывер-Гроўв каля Чыкага.

1967 год. Нарадзіўся Алег Хаменка.

Беларускі музыка, лідар гурта «Палац», радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай музыцы.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт «Палац». Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча», «Рок-каранацыя», «Славянскі базар», фальклорных фестывалях Еўропы.

Быў аўтарам і вядучым праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад», радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў», вядучы фестывалю «Камяніца», стваральнік фестываля «Bela music».

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Т.Лісіцкай і Л. Рыжковай выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».

У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба».

1973 год. У Нью-Йорку адбылося ўрачыстае адкрыццё дзелавога і адміністрацыйнага комплексу Сусветнага гандлёвага цэнтра (World Trade Centre).

Сусветны гандлёвы цэнтр (СГЦ) – так называўся комплекс з сямі будынкаў, спраектаваных Мінору Ямасакі, амерыканскім архітэктарам японскага паходжання.

Архітэктурнай дамінантай комплексу былі дзве вежы, кожная па 110 паверхаў – Паўночная (417 м, з улікам устаноўленай антэны – 526,3 м) і Паўднёвая (415 м). 

11 верасня 2001 года комплекс СГЦ быў разбураны ў выніку тэрарыстычных нападаў. Некаторы час пасля заканчэння будаўніцтва вежы былі найвышэйшымі хмарачосамі ў свеце.

2016 год. Памёр Уладзімір Казбярук (1923-2016).

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладаў у Полацкім педінстытуце, працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў.  Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры: ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII – XVIII стагоддзях, беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і іншых.

Дзень у гісторыі. 28 сакавіка. Аварыя на АЭС “Тры-Майл-Айленд”. Нарадзіліся “бацька педагогікі” Я.-А. Каменскі, акцёр І. Смактуноўскі, паэт К. Цвірка. Памёр Марк Шагал.

1584 год. Памёр Іван IV Грозны (Жахлівы, Тыран, 1530–1584).

Першы вянчаны цар усяе Русі. Маці ягоная Алена Глінская з беларуска-літоўскага роду.

У 1572 годзе прыняў удзел у каралеўскіх выбарах у Рэчы Паспалітай, але пасля адмовіўся ад стальца. Войскамі Івана Грознага падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гадоў былі спустошаны многія беларускія гарады, у тым ліку амаль 100-тысячны (паводле звестак У. Арлова) Полацк.

1592 год. Нарадзіўся Ян Амос Каменскі (1592–1670).

Чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч, заснавальнік педагогікі, сістэматызатар і папулярызатар класна-ўрочнай сістэмы.

Каменскі пры наведванні Беларусі мог азнаёміцца са “Статутам Слуцкай школы” (адкрыта ў 1617 годзе Янушам VI Радзівілам), які, верагодна, скарэкціраваў яго погляды, што адлюстраваныя ў пазнейшым трактаце “Вялікая дыдактыка” (напісана паміж 1627 і 1638 гадамі).

1611 год. Пачатак аблогі гарнізона Рэчы Паспалітай у Маскоўскім Крамлі рускім апалчэннем пад кіраўніцтвам атамана Заруцкага, Трубяцкога і Ляпунова.

27 жніўня 1610 года Масква цалавала крыж Уладзіславу, які стаў Маскоўскім царом, а ў ноч на 21 верасня у Маскву увайшлі войскі Рэчы Паспалітай, быў сфарміраваны гарнізон у Крамлі. Камандуючымі гарнізона былі Жалкеўскі, А. Гансеўскі.

Першае апалчэнне пад кіраўніцтвам Дз. Трубяцкога, казакоў І. Заруцкага і П. Ляпунова было падтрымана маскоўскімі паўстанцамі Дз. Пажарскага. Паўстанне было задушана, унутраная розніца паміж казакамі і дваранамі, якая завяршылася забойствам Ляпунова, прывяла да ўцёкаў дваран і фактычнага распаду апалчэння.

1902 год. У в. Расохавічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Сцяпан Маргелаў.

Беларускі эканаміст, географ. Кандыдат эканамічных навук, прафесар.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Падчас вучобы ў аспірантуры НДІ сельскай і лясной гаспадаркі ўваходзіў у Прэзідыум Савета, дзе працаваў разам са А. Смолічам і Г. Гарэцкім.

З 1931 працаваў у Інстытуце эканомікі АН БССР: вучоны сакратар інстытута, загадчык секцыі эканамічнай геаграфіі. Адначасова выкладаў у Інстытуце народнай гаспадаркі.

Распрацоўваў тэорыю размяшчэння ў БССР тэхнічных сельскагаспадарчых культур і перапрацоўчай прамысловасці. Адзін з кіраўнікоў групы па складанні Вялікага атласа БССР.

Арыштаваны ў студзені 1937 года. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 або 16 чэрвеня 1938 года.

1925 год. Нарадзіўся Інакенцій Смактуноўскі (Смактуновіч).

Рускі акцёр беларускага паходжання. Народны артыст СССР. Герой Сацыялістычнай працы.  

Нарадзіўся ў с. Таццянаўка Томскай вобласці ў сям’і беларуса М. Смактуновіча. Ягонага дзеда-егера Белавежскай пушчы ў 1861 годзе саслалі з сям’ёй у Сібір.

Выявы, створаныя Смактуноўскім на сцэне – князь Мышкін у Вялікім драматычным тэатры, цар Фёдар Іаанавіч у Малым, чэхаўскі Іваноў і Парфіры Галаўлёў – увайшлі ў «залаты фонд» тэатральнага мастацтва.

Яго звалі першым інтэлектуальным акцёрам савецкага кінематографа; лепшыя свае ролі ён сыграў у фільмах «Салдаты», «Дзевяць дзён аднаго года», «Гамлет», «Чайкоўскі», «Дамскі кравец» і ў лірычнай камедыі Э. Разанава «Сцеражыся аўтамабіля».

Памёр 3 жніўня 1994 года.

1934 год. Нарадзіўся Кастусь Цвірка.

Беларускі паэт, перакладчык, фалькларыст, этнограф, мовазнавец, гісторык. Кандыдат гістарычных навук. Сустваральнік, кіраўнік і галоўны рэдактар праекта «Беларускі кнігазбор».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў Капыльскім раёне, працаваў у газеце «Рудзенская праўда», на Беларускім радыё, у Доме народнай творчасці, у Міністэрстве сувязі, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР , у выдавецтве «Юнацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі , кнігі «Слова пра Сыракомлю: Быт і культура беларусаў у творчасці „вясковага лірніка“», кніг вершаў і казак для дзяцей, мастацкіх нарысаў, звязаных з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, манаграфіі «Слова пра Сыракомлю». Суаўтар кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму», складальнік тома «Вяселле. Абрад», кнігі ўспамінаў пра З.Бядулю, зборніка твораў Я.Чачота, «Філаматы і філарэты».

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Мархель.

Беларускі літаратуразнавец і паэт, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Працаваў у калгасе, на шахце ў Растоўскай вобласці, настаўнічаў, працаваў у газеце «Мінская праўда», у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Аўтар вершаў, літаратуразнаўчых прац.

Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ стагоддзя, беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі.

Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні», «Вяшчун славы і волі», «Крыніцы памяці: Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа»,  “«Ты як здароўе…»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры” і іншых.

Укладальнік кніг твораў В. Каратынскага, Я. Лучыны, А. Міцкевіча, С. Манюшкі, анталагічнага зборніка «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія XIX ст.», дзе сабраны творы больш як 70 паэтаў, якія апявалі нашу Бацькаўшчыну па-польску.

Выдаў кнігу выбраных перакладаў з польскай мовы «Водгулле» (2000), зборнік санетаў «Згадкі Нясвіжа» У. Сыракомлі і «Зніч любові» Я. Купалы (абедзве 2002).

Памёр 26 жніўня 2013 года.

1972 год. Памёр ураджэнец Магілёва Рувім Фраерман (1891–1972).

Савецкі дзіцячы пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн, ваенны карэспандэнт на Заходнім фронце.

Працаваў карэспандэнтам на Далёкім Усходзе, на Каўказе, Маскве.

Аўтар многіх аповесцей, пераважна для дзяцей, раманаў.

Найбольш вядомы твор – «Дзікі сабака дзінга, або Аповесць пра першае каханне» (1939), па якім пастаўлены мастацкі фільм (1962) і радыёспектакль (1971).

1979 год. Адбылася самая цяжкая аварыя ў дачарнобыльскай гісторыі ядзернай энергетыкі – аварыя на амерыканскай АЭС “Тры-Майл-Айленд”.

Была сур’ёзна пашкоджана актыўная зона рэактара, частка ядзернага паліва расплавілася.

Насельніцтва не эвакуіравалася, але было прапанавана пакінуць пяцімільную (8 км) зону цяжарным жанчынам і дзецям дашкольнага ўзросту. Работы па ліквідацыі наступстваў аварыі вяліся ў 1979–1993 гадах і абышліся ў 975 мільёнаў долараў ЗША. Была праведзена дэзактывацыя тэрыторыі станцыі, паліва было выгружана з рэактара. Аднак частка радыеактыўнай вады ўвабралася ў бетон ахоўнай абалонкі, і гэтую радыеактыўнасць практычна немагчыма выдаліць.

1982 год. У Крычаве нарадзілася Аксана Мянькова.

Беларуская лёгкаатлетка.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне атрымала залаты медаль у кіданні молату. Але, у 2016 годзе пазбаўлена гэтага медаля па прычыне ўжывання допінгу.

Пераможца нацыянальнага адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008» у Беларусі ў намінацыі «Спартсменка года».

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.

1985 год. Памёр уражэнец Лёзна Марк Шагал (1887–1985).

Сусветна вядомы беларускі, расійскі і французскі мастак.

Існуе версія, што яго продкі Сегалы жылі на Школішчы ў Магілёве, а прадзед мастак Хаім Сегал распісаў драўляную Халодную сінагогу ў Магілёве.

Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы, афарміцель спектакляў маскоўскага Камернага яўрэйскага тэатра. Жыў у Парыжы, ЗША.

У Віцебску працуе мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала, ёсць вуліца і праезд яго імя, у Іерусаліме названа плошча.

1991 год. У Магілёве зноў асвечана Ануфрыеўская царква (1798) у Свята-Мікольскім манастыры.

Будаўніцтва храма было распачата ў 1793 годзе пры Георгіі Каніскім.

У гады савецкай улады царква выкарыстоўвалася пад кніжны склад.

5 жніўня 1993 года ў храме адбылося паседжанне Сінода, на якім было вырашана прылічыць да ліку мясцовашанаваных святых свяціцеля Георгія Каніскага, арцыбіскупа Магілёўскага і Беларускага.

У царкве знаходзіцца спіс Баркалабаўскай іконы Божай Маці.

 

Дзень у гісторыі. 15 сакавіка. Дзень Канстытуцыі. Маршы свабоды, недармаедаў і ”Хаўер”. Нарадзіліся выдавец Ю. Завадскі, пісьменнік А. Мрый, гісторык В. Мялешка, Нобелевец Ж. Алфёраў

Сусветны дзень правоў спажыўца (World Consumer Rights Daу, з 1983 года).

Устаноўлены па рашэнні Генасамблеі ААН. 

15 сакавіка 1962 года прэзідэнт ЗША Дж. Кенэдзі, выступаючы ў Кангрэсе, сказаў: “Спажыўцы, па азначэнні, гэта ўсе мы. Спажыўцы – гэта найбуйны эканамічны пласт… Але гэта адзіны голас, якога часцяком не чуваць”.

Амерыканскі прэзідэнт назваў тады чатыры асноўныя і неад’емныя правы спажыўца: на бяспеку, на інфармацыю, на выбар і права быць пачутым.

9 красавіка 1985 года Генасамблея ААН прыняла Кіруючыя прынцыпы для абароны інтарэсаў спажыўцоў.

Дзень Канстытуцыі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на сесіі Вярхоўнага Савета. Набыла сілу 30 красавіка 1994 з моманту яе апублікавання.

Тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета М. Грыб узгадвае, што асноўны закон краіны прымаўся вельмі цяжка і складана – па главах, па раздзелах, літаральна па радках – неабходна было, каб прагаласавалі дзве траціны дэпутатаў.

24 лістапада 1996 года па ініцыятыве А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27 лістапада 1996 года. Дадатковыя змены былі ўнесены ў Канстытуцыю пасля рэферэндуму 2004 года.

У гэты ж дзень у 2022 годзе, год таму назад, уступае ў дзеянне новая Канстытуцыя, прынятая на “рэферэндуме” 27 лютага 2022 года.

Самы першы збор законаў канстытуцыйнага характару – Статут ВКЛ (1529). Статут быў удасканалены ў 1566 і 1588 гадах. Выданне 1588 года захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва.

У Беларусі было да 2022 года некалькі канстытуцый: 1918 (часовая, БНР), 1919, 1927, 1937, 1978 і 1994 года.

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Завадскі.

Віленскі друкар і выдавец.

Вучыўся выдавецкай справе ва Уроцлаве і Лейпцыгу. У 1803 годзе адкрыў друкарню ў Вільні. Калі ў 1805 годзе да яго перайшла ўніверсітэцкая друкарня, ён злучыў дзве друкарні і заснаваў выдавецтва. Быў сябрам масонскай ложы «Гарлівы Літвін».

Яго сыны Адамі і Фелікс, таксама былі выдаўцамі.

Памёр 5 снежня 1838 года. Пахаваны ў Вільні на Антокальскіх могілках.

Абеліск на магіле Ю. Завадскага

1789 год. У губернскіх Магілёве і Полацку адкрыты рускія галоўныя народныя вучылішчы.

Створаны расійскімі ўладамі на анэксіраванай па І Раздзелу тэрыторыі ВКЛ. Адзначаліся нізкім узроўнем адукацыі і русіфікатарскай скіраванасцю. Галоўныя, губернскія, вучылішчы былі 4-х класнымі.

Адкрыццё вучылішча ў Магілёве адбывалася з вялікай помпай: архіяпіскап Г. Каніскі правёў урачыстую службу і ўзначаліў хросны ход з царквы ў вучэльню. 

Па першым часе ў вучылішчах працавалі толькі прысланыя з цэнтральных расійскіх губерняў настаўнікі. 

У 1809 годзе вучылішча пераўтворана ў мужчынскую гімназію.

1881 год. Нарадзіўся Аляксей Назарэўскі.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, дзейнічаў у Заходняй Беларусі.

У 1922 годзе быў абраны ў польскі Сенат, быў членам Беларускага пасольскага клуба. Працаваў у магістраце г. Баранавічы.

Арыштаваны НКУС 2 студзеня 1940 года, асуджаны на 8 гадоў лагераў. У верасні 1941 года быў вызвалены з Сіблага і накіраваны ў Паўладарскую вобласць.

Далейшы лёс невядомы.

1893 год. У в. Палуж (зараз Краснапольскі раён) нарадзіўся Андрэй Мрый (Шашалевіч).

Беларускі празаік, журналіст, перакладчык. Вязень ГУЛАГу.

Настаўнічаў у Краснаполлі, разам з братам і шваграм стварыў першы ў раёне народны тэатр, выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.

Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопіса «Наш край», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша», стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

У 1934 годзе арыштаваны НКУС па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны да лагераў. Зноў арыштаваны ў чэрвені 1940 года, асуджаны і адпраўлены ва Усць-Вымскі канцлагер Комі АССР.

Медкамісіяй прызнаны інвалідам і 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому.

Паводле некаторых звесткак 8 кастрычніка 1943 года забіты рэцэдывістамі ў цягніку.

У Магілёве яго імя носіць бульвар.

1921 год. Нарадзіўся Васіль Мялешка.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар манаграфіі «Могилев в XVI-XVII вв.», даследчык гісторыі Магілёва. 

Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, старшынёй камісіі Акадэміі навук па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства Беларусі.

Вывучаў праблемы класавай барацьбы ў беларускай вёсцы, прааналізаваў тры формы сялянскіх выступленняў: пасіўнае супраціўленне (скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі), узброеныя акцыі (напады на маёнткі, сутычкі з узброенымі атрадамі і інш.), паўстанні  – на Каменшчыне, 1736-1754 і Крычаўскім старостве, 1740-1744.

Памёр 5 верасня 2004 года.

1927 год. Закладзены ДнепраГЭС.

На беразе Дняпра, на скале “Каханне”, каля Запарожжа з’явіўся сцяг з надпісам “Днепрабуд пачаты”. 

Першая чарга ГЭС была пабудавана ў 1932 годзе. Узровень у Дняпры, у тым ліку ў Магілёве, павысіўся, былі затоплены Кабяляцкія парогі (з 2000 г. – помнік прыроды мясцовага значэння) у Оршы.

1930 год. У Віцебску нарадзіўся Жарэс Алфёраў.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў. Яго даследаванні адыгралі вялікую ролю ў інфарматыцы. Акадэмік АН СССР, Расійскай акадэміі, НАН Беларусі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Віцэ-прэзідэнт АН СССР.

Працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце імя А. Іофэ, старшынёй Навукова-адукацыйнага комплекса «Санкт-Пецярбургскі фізіка-тэхнічны навукова-адукацыйны цэнтр» РАН.

Аўтар больш як 500 навуковых прац, трох манаграфій і каля 50 вынаходніцтваў.

Памёр 1 сакавіка 2019 года.

1938 год. Расстраляны ўраджэнец Магілёва Мікалай Красцінскі (1883–1938).

Рэвалюцыянер, дыпламат.

Вучыўся ў Магілёўскай, Віленскай гімназіях, на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. 

Усё жыцце, з 1903 года, быў на службе бальшавікоў, якія яго і расстралялі. За партыйную работу ў Вільна, Віцебску неаднаразова арыштоўваўся. У 1914-1917 гадах быў сасланы на Урал, быў старшынёй Екацярынбургскага рэвалюцыйнага камітэта.

У першыя месяцы Савецкай улады прызначаны намеснікам галоўнага камісара Дзяржаўнага банка. Яго рукой былі падпісаны першыя савецкія грошы.

Пасол у Германіі (1921-1930), удзельнічаў у Генуэзскай канферэнцыі. У 1930 годзе прызначаны першым намеснікам народнага камісара замежных спраў СССР.

У 1937 годзе арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

У яго гонар названа вуліца ў Екацярынбургу.

2000 год. У Мінску прайшоў «Марш свабоды».

Масавая вулічная акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі, правоў чалавека і дэмакратыі, супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі.

Намер прэзідэнтаў Б. Ельцына і А. Лукашэнкі стварыць Саюзную дзяржаву быў сустрэты масавымі вулічнымі акцыямі пратэсту. 

Першы «Марш свабоды», арганізаваны апазіцыяй 17 кастрычніка 1999 года, адзначыўся брутальнымі сутыкненнямі ўдзельнікаў з міліцыяй і АМАПам.

Другі «Марш свабоды» 2000 года быў  прымеркаваны да дня прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Міжнародная супольнасць салідарызавалася ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, што стрымала А. Лукашэнку, які за суткі да пачатку маршу пагражаў, што ад удзельнікаў акцыі «паляціць шмаццё».

У вулічнай акцыі ў Мінску ўзялі ўдзел да 40 000 чалавек, у тым ліку ў маршы – 15 000.

У Магілёве на марш выйшла каля 150 чалавек.

2013 год. 10 год таму назад на Беларусь абрынуўся цыклон «Хаўер».

Ад стыхіі таксама пацярпелі Венгрыя, поўнач Украіны і захад Расіі.

«Хаўер» – наймацнейшы падобны прыродны катаклізм у гісторыі Беларусі. 

Падчас цыклону пачаўся вялікі снегапад пры моцным ветры да 28 м/с. Па ўсёй краіне стаў транспарт, прыкметна павялічылася колькасць аварый, адбыўся транспартны калапс (аўтазаторы дасягалі 20 км), без святла засталіся 1728 трансфарматарных падстанцый, 558 населеных пунктаў, было перанесена святкаванне Масленіцы, скарэктаваны расклад заняткаў у навучальных установах.

12 сакавіка Белгідрамет спрагназаваў пагаршэнне надвор’я, 14 сакавіка быў абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі і штармавое папярэджанне. Але інфармацыя аб шкале ўзроўняў небяспекі да «Хаўера» давалася Белгідраметам толькі ў МНС, і шырокія слаі насельніцтва не маглі ацаніць ступень рэальнай небяспекі ўмоў надвор’я.

Па збегу абставінаў напярэдадні катаклізму кіраўнікі дзяржавы адбылі на пасяджэнні ў Пецярбург і Маскву. З вышэйшых асоб застаўся толькі другі намеснік прэм’ера А. Калінін.

Месцамі таўшчыня снежнага покрыва склала 57 см, а ў выніку моцнай завеі, што актыўна пераносіла снежныя масы, у многіх месцах гурбы дасягалі 1 м і вышэй. У Слаўгарадскім раёне выпала 26 мм ападкаў.

Для барацьбы са снегам у Мінску і іншых гарадах 19 сакавіка былі праведзены суботнікі.

2017 год. У Мінску, абласных цэнтрах, буйных гарадах прайшлі масавыя маршы пратэсту вядомыя як “Маршы недармаедаў” у адказ на Дэкрет №3. 

Дзень 15 сакавіка аб’яўлены нацыянальным днём барацьбы з падаткам на беспрацоўе.

Гэта быў 8-ы пратэст недармаедаў з пачатку года. Першы адбыўся 17 лютага. Усяго за год адбылося 22 маршы, апошні – 21 кастрычніка.

Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны 2 красавіка 2015 года. Самі акцыі пратэсту выліліся толькі пасля атрымання грамадзянамі «ліста шчасця» – ліста ад падатковай інспекцыі з прад’яўленнем аб выплаце «падатку на дармаедства».

Усяго падатковыя органы разаслалі каля 470 000 апавяшчэнняў на выплату падатку. 20 лютага 2017 года павінен быў скончыцца апошні тэрмін выплаты гэтага збору.

Дзень у гісторыі. 28 студзеня. Варшаўская канфедэрацыя. Трэці статут ВКЛ. Загінула сем астранаўтаў «Чэленджэра». Нарадзіўся рэжысёр Міхаіл Пташук. Дзень памяці Аляксандра Ціхановіча

1573 год – 450 год з дня абвяшчэння Варшаўскай канфедэрацыі. 

Яна тычылася забеспячэння свабоды вызнання і вызначыла асновы рэлігійнай памяркоўнасці шляхты і вольных людзей у Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. 

Лічыцца пачаткам узаконенай рэлігійнай свабоды ў дзяржаве, з’яўляецца першым падобным дакумэнтам у Еўропе. Скасавала рэлігійныя матывацыі ў якасці адмазкі за злачынства: забіў ці скраў – ідзеш па крымінальцы і без розніцы пан ці халоп і якой веры. Дыскутуй, непрымай – але рукі не распускай.

У 2003 годзе тэкст канфедэрацыі ўнесены ў спіс Памяць свету ЮНЕСКА. 

1577 год. Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права і герб. 

Горад вядомы з 1155 года, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час быў у складзе Тураўскага княства. Уваходзіў у склад Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага, з 1569 года далучыўся да Менскага ваяводства ВКЛ. 

Рэгіянальны цэнтр базыльянаў, цыстэрыянаў, марыявітак, езуітаў. 

У 1793-1917 гадах быў у складзе Расійскай імперыі, у БССР з 1919 года. У 1938-1954 быў цэнтрам Палескай вобласці. 

Сёння ў сталіцы Мазырскага Палесся, горадзе над Прыпяццю жыве 105 тысяч жыхароў, дзейнічаюць нафтаперапрацоўчы, машынабудаўнічы завод, «Мазырсельмаш», «Беларускабель», «Мазырсоль», іншыя прадпрыемствы. Адзін з 4-х беларускіх гарадоў з трамваем. Працуюць драмтэатр, філармонія, педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна.

1588 год. Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Трэці статут Вялікага княства Літоўскага. 

Звод законаў феадальнага права, які закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. 

Да канца 1584 работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы доўгі час не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай.

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Дашчынскі

Беларускі піяніст і кампазітар. Капітан нацыянальнай віленскай гвардыі.

Выкладчык ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце, дырыжор аркестра мінскага губернскага маршалка Л. Ракіцкага, з якім ён выступаў у розных гарадах Беларусі.

Аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве, у тым ліку вальсы, паланэзы. Таксама аўтар літургічнага твора – Вастрабрамская літанія.

За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І.

Памёр 10 верасня 1844 года.

1889 год. Нарадзіўся Язэп Мамонька. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, публіцыст.

Стваральнік першага беларускага вайсковага аб’яднання ў Рызе (1917), адзін з заснавальнікаў і каіраўнікоў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра прэзідыума Народнай Рады БНР. Удзельнік Першай і Другой Усебеларускіх канферэнцый.

У 1920-х гадах жыў у Чэхаславакіі і Латвіі. 

На хвалі беларусізацыі пераехаў у БССР і адразу 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ, у 1929 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў, 2 верасня 1937 – да расстрэлу.

Расстраляны 10 верасня 1937 года ў Карэліі. 

Рэабілітаваны Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 года.

Палута Бадунова і Язэп Мамонька, 1921 г.

1919 год. Нарадзіўся Павел Кармунін. 

Народны артыст Беларусі.

Акцёр франтавых брыгад мастацкай самадзейнасці, тэатра Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне, Казанскага тэатра, Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.

Акцёр запомніўся гледачам па ролях Лявона Зябліка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), дзеда Цярэшкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Торгалы («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Кудасава («Пагарэльцы» А. Макаёнка), Аўдзея («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева) і іншых, па кінастужцы «Рагаты бастыён».

Памёр 1 красавіка 2002 года.

1919 год. Афіцыйнае адкрыццё заснаванага Марка Шагалам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 

Вучылішча пачало працу ў памяшканні былога дому банкіра Вішняка па вуліцы Бухарынскай, 10 (цяпер вуліца Газеты «Праўда»). 

Мэтр запрасіў на працу вядомых мастакоў Івана Пуні, Ксенію Багуслаўскую, Надзею Любавіну, Івана Цільбергза, Мсціслава Дабужынскага, Аляксандра Рома, Казіміра Малевіча, Юдаля Пэна і іншых. 

Першым дырэктарам ўстановы стаў М. Дабужынскі. 

Асобнае месца ў рабоце школы займала «Вольная майстэрня» Марка Шагала, арганізаваная на манер парыжскіх акадэмій. Асноўны ўпор у ёй рабіўся на самастойную працу навучэнцаў.

1940 год. У в. Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна нарадзіўся Леанід Дайнэка. 

Беларускі пісьменнік, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К.Каліноўскага і Літаратурнай прэміі імя І.Мележа. 

Адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў.

Працаваў у часопісе «Маладосць», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Заснавальнік фірм «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя).

Аўтар гістарычных раманаў часоў Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага – «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды», «Назаві сына Канстанцінам», зборнікаў вершаў.

Некаторыя вершы пакладзены на музыку.

Памёр 21 жніўня 2019 года.

1943 год. Нарадзіўся Міхаіл Пташук. 

Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар. Народны артыст БССР.

Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, на кінастудыі «Беларусьфільм».  

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна), «Чорны замак Альшанскі» (У. Караткевіч), «Знак бяды» (паводле В. Быкава). Сярод фільмаў 1980-1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд», “Кааператыў «Палітбюро», «У жніўні 44-га…».

Лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагарод на прэстыжных кінафестывалях.

Загінуў у аўтакатастрофе 26 красавіка 2002 года ў Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

1986 год. Узарваўся амерыканскі касмічны карабель «Чэленджэр». Загінула сем астранаўтаў. 

Гэта адбылося ў 14:01 на 73-й секундзе пасля старту з мыса Канавэрал. Да гэтага часу выказваюцца розныя меркаванні аб прычынах гэтай катастрофы, якая забрала жыццё сямі астранаўтаў.

Большасць экспертаў схіляюцца да той версіі, што выбух мог адбыцца з-за пашкоджанняў у паскаральніку першай ступені з цвёрдым палівам.

2003 год. У Вялікабрытаніі пачаўся продаж новага віду паліва – GlobalDiesel. 

Часткова складаецца з тых жа элементаў, што і маргарын, а таксама маянэз. Продаж арганізаваны ў супермаркетах сеткі Sainsbury’s. Вытворца – кампанія Greenwich. 

У GlobalDiesel, якое мае вельмі нізкае ўтрыманне серы, дададзены адпрацаваны рапсавы алей. Прымяненне новага паліва зніжае выкід вуглякіслага газу на 5%. Паліва эканамічнае і таннае ў вытворчасці.

2017 год. Памёр Аляксандр Ціхановіч. 

Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст Беларусі. 

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатра песні (і студыі пры ім; з 2003 г. – прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), музычны кіраўнік беларускага канала «Сталічнае тэлебачанне». 

Аўтар папулярных эстрадных песень.

2018 год. Памерла Нэлі Багуслаўская. 

Беларуская спявачка, адна з першых зорак беларускай эстрады. Заслужаная артыстка БССР.

Салістка ансамбля «Арбіта-67» (разам з У. Мулявіным), Беларускай філармоніі.

Пераможца Усесаюзнага конкурса песні ў Маскве (1966).

Яе выканальніцкая манера вылучалася мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый — песні «Белая Русь» Ю.Семянякі, «Спадчына» І. Лучанка.

Памёрла 28 студзеня 2018 года. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках каля мужа Ізмаіла Капланава.

І. Капланаў і Н. Багуслаўская

Дзень у гісторыі. 16 студзеня. Сусветны дзень “The Beatles”. Расія адабрала землі БССР. Нарадзіліся генерал Рамуальд Траўгут, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Памёр скульптар Уладзімір Жбанаў

Сусветны дзень “The Beatles” (World Beatles Day). 

Устаноўлены па рашэнні ЮНЭСКА.

Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў Ліверпулі адкрыўся ў былым бомбасховішчы клуб “The Cavern” (“Пячора”), дзе дэбютаваў музычны калектыў. Самі “бітлы” бяруць адлік гісторыі калектыву з 1956 года, калі Джон Ленан стварыў гурт “Quarrymen”.

9 лютага 1961 года музыкі выйшлі на сцэну клуба пад назвай “The Beatles” (beetle “жук” з намёкам на beat “біт-музыка”). З 19 жніўня 1962 года да самага распаду ансамбля ў 1970 годзе быў нязменны склад: Джон Ленан (рытм гітара, фартэпіяна, вакал), Пол Макартні (бас-гітара, фартэпіяна, вакал), Джордж Харысан (сола-гітара, вакал), Рынга Стар (бубнач, вакал).

Дыскаграфія “The Beatles” уключае ў сябе 13 студыйных альбомаў і 211 песень, якія былі запісаны і выдадзены ў 1963-1970 гадах. На рахунку групы 10 прэстыжных узнагарод “Грэмі” і ў кожнага ўдзельніка па ордэну Брытанскай імперыі.

Пасля распаду групы кожны з музыкаў працягнуў сваю сольную кар’еру. 50 гадоў таму агульны аб’ём продажаў альбомаў “цудоўнай чацвёркі” па ўсім свеце перавысіў мільярд экзэмпляраў.

Джон Ленан у 1980 годзе быў застрэлены музычным фанатам каля ўласнага дома, Джордж Харысан памёр у 2001 годзе ад раку. Пол Макартні і Рынга Стар працягваюць займацца музычнай творчасцю.

“The Beatles” займае першае месца ў спісе найвялікшых выканаўцаў усіх часоў па версіі часопіса “Rolling Stone”.

1593 год. Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэнне для здушэння казацкага паўстання. 

Паспалітае рушэнне – усеагульная мабілізацыя, агульная выправа ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памер вайсковай павіннасці вызначала велічыня зямельнага надзелу. Ухвалу аб скліканні рушэння мог прыняць толькі Вальны сойм.

Вялікі князь Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 году засведчыў беспасрэдную повязь тагачаснай назвы паспалітага рушэння з дзяржаўным гербам Пагоня. Тлумачэнні пра рушэнне паспалітае змешчана і ў тэксце Літоўскага статуту.

1708 год. Нарадзіўся Юзаф Станіслаў Сапега. 

Рымска-каталіцкі дзеяч ВКЛ, біскуп.

Хроснік караля Станіслава Ляшчынскага.

Святар з 1732 года. У 1746 годзе выступіў супраць прымусовага адабрання маёмасці праваслаўнай царквы – як рэакцыі на пераследы каталіцтва на захопленай Расіяй Смаленшчыне.

Пасля вялікага пажару ў Вільні ў 1748 годзе стварыў новы план горада, які мусіў перадухіляць падобныя катастрофы ў будучыні.

Валодаў вялікай уласнай бібліятэкай, перапісваў кнігі, даследаваў і ўпарадкоўваў архівы Сапегаў. Фундаваў тэлескоп для Віленскай Акадэміі.

Памёр 4 снежня 1754 года. Пахаваны ў Віленскай кафедры.

1826 год. Нарадзіўся Рамуальд Траўгут. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал.

Служыў у рускай арміі, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. 

Далучыўся да паўстання, у красавіку 1863 году ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. З кастрычніка 1863 года стаў кіраўніком Нацыянальнага ўраду ў Варшаве, фактычна дыктатарам паўстання. 

Арыштаваны 30 сакавіка, паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года.

У г. Свіслачы яму пастаўлены помнік.

1829 год. Нарадзіўся Уладзімір Спасовіч. 

Грамадcкі дзеяч, публіцыст, крытык, гуманіст.

Доктар права, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэце. Аўтар «Падручніка крымінальнага права».

Лічыў, што пакаранне не павінна быць помстай і застрашваннем, a выкарыстоўваецца дзяржавай з папераджальнай і выхаваўчай мэтамі. Выступаў супраць цялесных пакаранняў, смяротнай кары.

Патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, заснавання інстытутаў адвакатуры i пракурорскага нагляду, роўнасці ўсіх перад законам, выбарнасці суддзяў – усё тое, што зараз так актуальна для Белаарусі.

Пасля пераходу ў адвакатуру стаў яе «каралём», «першым адвакатам Пецярбурга». Часцей за ўсё выступаў абаронцам па палітычных справах.

Аўтар прац па міжнародным, крымінальным і крымінальнапрацэсуальным праве, гісторыі, мастацтвазнаўстве (суаўтар «Агляду гісторыі славянскіх літаратур»), крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў. 

Яго працы ў 10 тамах былі выдадзены ў 1882-1902 гадах. 

Спасовіч паслужыў правобразам адваката Міці Карамазава ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы». 

Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

Памёр 26 кастрычніка 1906 года ў Варшаве.

1893 год. Памёр Іван Берман. 

Беларускі этнограф і краязнавец, праваслаўны святар. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Служыў святаром у Валожыне, Антопалі, Вільні, выкладчыкам валожынскага прыходскага вучылішча, Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, Віленскай 2-й гімназіі.

Вывучаў беларускія народныя абрады, прыкметы, вераванні, забабоны; збіраў матэрыялы пра народны каляндар і метэаралогію беларусаў.

Ад заснавання «Віленскага календара» загадваў у выданні царкоўна-рэлігійным раздзелам.

Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1916 год. Нямецкі фельдмаршал Гіндэнбург сваім загадам надаў беларускай мове статус афіцыйнай. 

Беларуская мова займела раўназначныя правы з іншымі краёвымі мовамі на акупаванай нямецкай арміяй тэрыторыі беларускіх губерняў.

1919 год. Маскоўскія бальшавікі адабралі са складу БССР усходнія землі. 

На 16 дзень пасля абвяшчэння ў Смаленску БССР (ССРБ) ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з беларускім урадам адлучыла з складу Савецкай Беларусі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 

31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расіі прызнаў незалежнасць ССРБ без яе усходніх тэрыторый.

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Алоўнікаў. 

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Народны артыст. 

Прафесар, рэктар Беларускай кансерваторыі. Бацька кампазітара Ігара Алоўнікава.

Аўтар кантаты і араторыі, сімфанічных паэм, харавой і камерна-інструментальнай музыкі, песень, балад, рамансаў, музыкі да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Девочка ищет отца», «Улица младшего сына», «Баллада о матери» і іншых.

Асаблівае месца ў яго творчасці займалі песні, якія прынеслі кампазітару шырокую вядомасць. Пачатковы матыў адной з іх – «Радзіма, мая дарагая» – стаў пазыўнымі Беларускага радыё.

Памёр 31 ліпеня 1996 года.

1940 год. Нарадзіўся Іван Лагвіновіч. 

Беларускі паэт.

Першы верш напісаў у 3-м класе. Калі працаваў шахцёрам на Данбасе, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, у Беларусі толькі па-беларуску. Аўтар 6 кніг паэзіі.

Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў зборнік выбранай беларускай паэзіі «Агледзіны», у альманахі паэзіі брэсцкіх і баранавіцкіх аўтараў, у калектыўны зборнік «Верш на Свабоду», у анталогію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за кнігу паэзіі «Палыновыя кветкі».

Памёр 29 сакавіка 2011 года.

2012 год. Памёр Уладзімір Жбанаў. 

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Служыў у Афганістане. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур у Мінску (“Дзяўчына на лаўцы”, шырока вядомыя “Курыльшчык”, “Дзяўчынка з парасонам”, “Фатограф”, “Экіпаж”, “Дойлід”), Магілёве – “Дама з сабачкам”, “Астролаг (Зорнік)” – Бабруйску, Лідзе, Віцебску, Гомеле, Светлагорску, Глыбокім, Маладзечне, Дзюсельдорфе, украінскім Паўлаградзе («Паручнік Ржэўскі») і іншыя.