27 ліпеня ў гісторыі. 200 гусараў супраць 30 000 маскавітаў. Суверэнітэт Беларусі. Заснаванне Скідзеля, геаграфічнага саюза.

Дзень нараджэння гамбургера. 

27 ліпеня 1900 года  амерыканскі гастраном Луі Лесінг прадаў першы гамбургер.

Ён атрымаўся выпадкова, калі скончыліся стэйкі. Лесінг пасмажыў катлету з рэшткаў мяса і паклаў яе паміж двума круглымі булачкамі, дадаў соус і лісцік салаты. Бутэрброд спадабаўся кліенту.

Гамбургеры атрымалі шырокую вядомасць у 1904 годзе на Сусветнай выставе ў Сэнт-Луісе. А пачалі распаўсюджвацца па свеце з 1948 года разам з заснаванай сеткай McDonald’s.

Гамбургер нароўні з джынсамі застаецца сімвалам амерыканскай культуры і самай дэмакратычнай ежай.

1320 год. Войска Вялікага княства Літоўскага перамагло ў бітве пад Меднікамі рыцараў Тэўтонскага ордэна.

Крыжакі страцілі ўсіх 40 братоў-рыцараў і іх дапаможны кантынгент. І гэта адбылося за 90 гадоў да Грунвальдскай бітвы, пасля якой ордэн перастаў існаваць.

1581 год. Да Магілёва падышлі маскоўскія акупанты і спалілі неўмацаваныя пасады. 200 гусараў абаранілі горад.

Гэта адбылося пад час Лівонскай вайны (1558-1583). Маскоўскае войска на чале з М. Катыровым-Растоўскім, А. Хварасцініным. і іншымі ваяводамі скарысталася перамір’ем паміж ваюючымі бакамі і раптоўна напала на ВКЛ, выбраўшы аб’ектам нападу Беларускае Падняпроўе.

Былі выпалены  пасады за Дубравенкай, Лупалава, Падміколле. Сярод рускіх быў «ваявода данскіх казакоў Ярмак Цімафеевіч – атаман казацкі…» – будучы заваёўнік Сібіры.

Рускія войскі аблажылі магілёўскі замак, але, нягледзячы на перавагу ў сіле, яны не змаглі захапіць горад.

Каля 200 гусараў разам з гараджанамі на працягу 7 гадзін абаранялі Магілёў ад 30-тысячнага маскоўскага-татарскага войска. Гусары абаранялі не на сценах, біліся ў чыстым полі. У вырашальны момант бою да Магілёва падышлі атрады ВКЛ на чале з Троцкім, Казаноўскім і Цемруком. Маскоўскім ваяводам падалося, што ім супрацьдзейнічаюць галоўныя сілы ВКЛ, і яны загадалі перапраўляцца праз Дняпро.

У момант пераправы ліцвіны нанеслі вялікія страты ворагу, шмат маскоўскіх салдат было забіта і паранена. Летапісец паведамляў: «Страшно было трупу московского гледети, реку Днепр силным трупом язовища загородили, иж колко недель днепровое рыбы не ядали и воды не пивали, для великого гнюсу…». Пераправіўшыся на левы бераг Дняпра, маскоўскія акупанты спалілі на сваім шляху ўсе вёскі.

1644 год. Паводле прывілея караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы заснаваны горад Скідзель.

Сёння – горад у Гродзенскім раёне, 9,7 тысяч чалавек, на р. Скідзелька. Вядомы сваімі  цукровым камбінатам і племптушкарэпрадуктарам «Юбілейны».

1697 год. Памёр Дамінік Мікалай Радзівіл (1648/1653-1697).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

Удзельнічаў у бітве з туркамі пад Хоцінам (1673), у вайне 1683 года. Падскарбі надворны літоўскі, падканцлер літоўскі, вялікі канцлер літоўскі, маршалак Трыбунала Літоўскага, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі, ардынат клецкі.

Пасол на шматлікія соймы.

1909 год. У Магілёве нарадзіўся Ілля Сяргееў (1909-1991).

Герой Сацыялістычнай Працы.

У 1944-1965 гадах – старшыня прыгараднага Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга калгаса “Камінтэрн” (зараз – ААТ “Палыкавічы”)

Памёр 27 мая 1991 года.

У 2021 годзе на будынку канторы ААТ “Палыкавічы” у яго гонар адкрыта мемарыяльная ўыльда.

1910 год. Памёр Уладзіслаў Дыбоўскі (1838-1910).

Прыродазнавец, палеантолаг, фалькларыст.

Збіраў беларускі фальклор. У штогодніку «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета», «Беларускія загадкі з Мінскай губерні».

Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых мясцін Расійскай імперыі.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў адседзеў у турме.

1922 год. У Бруселі заснаваны Міжнародны геаграфічны саюз.

Міжнароднае навуковае аб’яднанне географаў. Месца размяшчэння Сакратарыята – Дэлі, Індыя. Першы Міжнародны геаграфічны кангрэс прайшоў у 1871 годзе ў Антверпене.

Геаграфічны саюз аб’ядноўвае больш 88 краін.

7 сакавіка 2022 году прыпынена членства Рускага геаграфічнага таварыства з прычыны расійскай агрэсіі ва Украіну.

Беларускае геаграфічнае таварыства – член Міжнароднага геаграфічнага саюзу з 1991 году.

Першы тэрытарыяльны (абласны) аддзел Беларускага гаеаграфічнага таварыства – Магілёўскі, створаны ў 1959 годзе.

1923 год. Нарадзілася Таццяна Карпінская (1923-1943).

Магілёўская камсамолка-падпольшчыца.

У Вялікую Айчынную вайну член падпольнай групы К. Мэтэ. Кватэра Карпіпскіх па вуліцы Вялікая Грамадзянская была асноўнай яўкай падпольшчыкаў. Тут Таня і яе маці друкавалі ўначы па пішучай машынцы падпольную газету «За Родину» (пазней – «За Советскую Родину»), лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, захоўвалі боепрыпасы і медыкаменты для партызан, данясенні разведкі. У сакавіку 1943  нацысты арыштавалі Карпінскіх і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі ў ліпені 1943 года.

Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступепі. Яе імем названы завулак у Магілёве і карабель. На будынку СШ №1 (да рэвалюцыі – прыватная Марыінская жаночая гімназія) г. Магілёва, якую яна скончыла (1941), усталявана мемарыяльная дошка.

1941 год. Пачала выдавацца «Менская газэта».

Да 5 лютага 1942, потым да 28 чэрвеня 1944 як “Беларуская газета”. Выдавалася на беларускай мове. Самае буйное беларускае антысавецкае перыядычнае выданне ў перыяд Другой сусветнай вайны. Рэдактары: А. Сянькевіч, У. Казлоўскі, А. Дземчанка, М. Шкялёнак.

Інфармавала пра дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Беларускай краёвай абароны, Беларускай цэнтральнай рады, Саюза беларускай моладзі. Шмат увагі аддавала праблемам моўнай палітыкі, выкладання ў пачатковай школе, падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці, арганізацыі культурнага жыцця на месцах.

Друкавала папулярныя нарысы па гісторыі і культуры Беларусі. На старонках газеты змешчаны ўспаміны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны, матэрыялы пра сталінскія злачынствы – артыкулы пра Катынскі расстрэл, лагеры НКУС, успаміны Ф. Аляхновіча, сведчанні былых вязняў, творы Н. Арсенневай, Л. Геніюш, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Загорскага, літаратурна-крытычныя артыкулы, рэцэнзіі.

Выйшла 272 нумары.

Сядзяць (злева направа): У. Казлоўскі, Н. Арсеннева, А. Сянкевіч. Стаяць (злева направа): У. Кушаль, А. Адамовіч, Караленка. Мінск, 1942

1955 год. Нарадзіўся Барыс Лазука.

Мастацтвазнавец, педагог. Кандыдат мастацтвазнаўства (1989).

Даследчык беларускага мастацтва XVII–XVIII стагоддзяў, барока.

Працаваў у Віцебскім педінстытуце, Міністэрстве культуры, прарэктарам і загадчыкам кафедры Беларускай акадэміі мастацтваў, загадчыкам аддзела старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ, дырэктарам Музею старажытнабеларускай культуры.

Даследчык беларускага мастацтва XVII-XVIII стагоддзяў, праблем барока. Аўтар вучэбнага дапаможкіка «Гісторыя мастацтваў».

1969 год. Памёр ураджэнец в. Байлюкі (зараз – Глускі раён) Яўхім Кіпель (1895-1969).

Педагог, дзеяч беларускай эміграцыі.

Член Навукова-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасвеце БССР, сакратар аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі Інстытуту беларускай культуры.

Двойчы арыштоўваўся савецкімі органамі ўнутраных спраў. Быў фігурантам сфальсіфікаванай крымінальна-палітычнай справы «Саюзу вызвалення Беларусі». Рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988.

Аўтар кнігі ўспамінаў пра савецкія лагеры «З іхняга раю».

Стваральнік Аб’яднання беларускіх вязняў савецкіх лагераў.

Член Беларускага кангрэсавага камітэту Амерыкі. Публікаваўся ў беларускай эмігранцкай прэсе. Успаміны Яўхіма Кіпеля захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

1981 год. Нарадзіўся Арцём Арашонак.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Фіналіст літаратурнага конкурса імя Н. Арсенневай Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар кніг сэнр’ю, танка, кароткай прозы, прозы.

Друкаваўся ў «Нашай ніве», «Літаратуры і мастацтве», «Дзеяслове», «ARCHE», ўматлікіх альманахах, зборніках.

Адзін са 198 перакладчыкаў, што прымалі ўдзел у стварэнні фундаментальнай анталогіі беларускага перакладу «Галасы з-за небакраю».

Аўтар перакладаў на беларускую мову Г. Гесэ, Э. Фрыда, Э. Рэмарка, Г. Бёля, К. Нёстлінгер, І. Бадмерсгоф, Р. Лінке, Х. Крупы, Г. Айгі і іншых.

Яго творы перакладзены на англійскую, польскую і рускую мовы.

1984 год. Памёр Зіновій Бабій (1935-1984).

Украінскі і беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у ансамбле песні і танца Прыкарпацкай ваеннай акругі, оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў — Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

1990 год. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

Ініцыятыва належала Сойму Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне». За прыняцце Дэкларацыі прагаласавала 229 дэпутатаў.

25 жніўня 1991 году пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў Савецкім Саюзе Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце набыла статус канстытуцыйнага закона і захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 году.

Ад 1991 да 1996 году галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці, быў прымеркаваны да даты прыняцця «Дэкларацыі». 

У 1996 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, у выніку якога Дзень незалежнасці быў перанесены на 3 ліпеня.

1991 год. Адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць аб загінуўшых вязнях канцлагера на тэрыторыі магілёўскага завода «Строммашына».

Дошка адкрыта па адрасе вуліца Першамайская, 83 (дарэвалюцыйны дом генерала М.  Цынамзгварава, зараз – будынак тэлерадыёкампаніі).

У 1941 годзе на тэрыторыі завода імя Дзімітрава (пасля вайны – «Строммашына») СС быў створаны лагер прымусовай працы для абслугоўвання сваіх падраздзяленняў на акупаваных тэрыторыях.

У працоўны лагер накіроўвалі ўсялякага роду майстравых людзей, як з цывільнага насельніцтва, так і з ваеннапалонных.

2008 год. Памёр Валерый Міронаў (1927-2008).

Беларускі артыст балета, педагог. Народны артыст.

Вядучы саліст Дзяржаўнага тэатру оперы і балета Беларусі, выканаўца роляў у шматлікіх пастаноўках «Князь-возера», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня».

Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. Служыў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выкладаў у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.

Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамантычнай накіраванасцю. Мастацтва Міронава вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутранага свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца.

У нацыянальных балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В. Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г. Вагнера).

Лідзія Ражанава і Валер Міронаў.

2018 год. Назіралася самае доўгае месяцавае зацьменне XXI стагоддзя.

Зацьменне было цалкам бачна ва Усходняй Афрыцы, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, у Антарктыдзе. У Паўднёвай Амерыцы, Заходняй Афрыцы і Еўропе зацьменне пачалося пры ўзыходзе Месяца, ва Усходняй Азіі і Аўстраліі — наадварот, пры захадзе.

25 ліпеня ў гісторыі. Аблога Марыенбурга. Нарадзіліся Дз. Смольскі, А. Мілінкевіч. Дзень памяці У. Караткевіча, У. Высоцкага, Н. Арсенневай, Я. Брыля.

Дзень пажарнай аховы Беларусі. 

25 ліпеня 1853 года Мінская гарадская дума і губернскае праўленне зацвердзілі рашэнне аб утрыманні пажарнай часткі ў Мінску.

У гэты ж час, былі арганізаваны пажарныя часці ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.

Пры гэтым вядома, што яшчэ ў пачатку 1830 года ў Магілёве вызначылі часовыя памяшканні пад казармы і стайні, гарадскія ўлады прыступілі да камплектавання пажарнай каманды, прадставілі план і каштарысы на пабудову пастаяннай казармы і стайні для пажарнай часткі.

У гонар Дня пажарніка, 25 ліпеня 2014 года на Пажарным завулку Магілёва ў будынку XIX стагоддзя, дзе раней размяшчалася пажарная частка, адкрыўся Музей пажарнай службы Магілёўскай вобласці.

1410 год. Войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу Марыенбурга – сталіцы Тэўтонскага ордэна.

Каб замацаваць перамогу пасля Грунвальдскай бітвы, войскі акружылі сталіцу ордэна. 

Горад на р. Ногат у дэльце Віслы, заснаваны ў 1276 годзе як ордэнскі замак. Умацаваны замак быў самай вялікай крэпасцю ў Еўропе, пабудаванай ў гатычным стылі. Зараз польскі горад Мальбарк.

1434 год. На польскі сталец каранаваны Уладзіслаў III Варненчык (1424-1444).

Кароль польскі (1434-1444) і венгерскі (1440-1444), князь літоўскі (1434-1440) з дынастыі Ягелонаў.

У 1443 годзе разам з Янашам Хуньядзі ўзначаліў аб’яднанае польска-венгерскае войска ў вайне з асманамі, у 1444 заключыў перамір’е, якое спыніла наступленне туркаў на Балканы.

Загінуў у бітве пад Варнай (адсюль пасмяротная мянушка).

1840 год. Нарадзіўся Юльян Крачкоўскі (1840-1903).

Беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца І. Крачкоўскага (1883-1951).

Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, але адмовіўся ад духоўнага сану, займаўся педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішч Тульскай губерні і Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі.

У 1884 высланы з Туркестанскай настаўніцкай семінарыі з-за выяўлення там падазроных беларускіх гурткоў. Вярнуўся ў Вільню, у 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі.

Аўтар «Нарысаў быту заходнерускага селяніна» – першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей, зборніка «Быт заходнерускага селяніна», дзе змешчана больш за 200 песень, 90 прыказак, народных паданняў і казак, звесткі пра народную медыцыну, народныя стравы і народны каляндар беларусаў, пра пахавальныя абрады, «К истории старой Вильны» і «Топография г. Вильны в XVI и XVII века».

Памёр у 25 ліпеня 1903 года. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1877 год. У Мсціславе памёр ураджэнец в. Гразівец (зараз – Чавускі раён) Іван Насовіч (1788-1877).

Беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 000 слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 года.

1910 год. Нарадзіўся Генадзь Цітовіч (1910-1986).

Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф. Народны артыст СССР.

Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя, скончыў Віленскую кансерваторыю. 

Працаваў рэдактарам абласнога радыё, кансультантам Дома народнай творчасці ў Баранавічах, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор, рэарганізаваны ў Дзяржаўны народны хор БССР, яго кіраўнік да 1974 года.

Запісаў больш за 3 000 беларускіх (пераважна), украінскіх, польскіх, літоўскіх і іншых народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. 

Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.

Яго імя носіць Нацыянальны акадэмічны народны хор.

Памёр 21 чэрвеня 1986 года.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Астрэйка (1913-1937).

Беларускі паэт, перакладчык.

У 1928 годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Восенню 1931 года разам з З. Астапенкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе выключаны з тэхнікума як «нацдэм».

Працаваў літрэдактарам выданняў БелНДІ прамысловасці, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН, у Камісіі па складанні слоўнікаў. 

Арыштаваны ДПУ БССР у 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У 1937 годзе зноў арыштаваны, 13 верасня, на наступны дзень, вынесены смяротны прысуд і 14 верасня расстраляны.

Вершы пачаў пісаць у час вучобы ў школе. У 1928 годзе па рэкамендацыі Цішкі Гартнага яго вершы з’явіліся ў газеце «Чырвоная змена». Паэму «Бенгалія» ўхваліў Янка Купала. У свае часы яе называлі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, Астрэйка меў на ўвазе непасрэдна Беларусь.

У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, рукапіс не збярогся.

1922 год. У Краснаполлі нарадзіўся Ісаак Ваксман (1922-1943).

Герой Савецкага Саюза, камандзір артбатарэі, старшы лейтэнант

У 1938-1940 гадах працаваў настаўнікам у Краснаполлі, адначасова вучыўся завочна ў Днепрапятроўскім транспартным інстытуце.

У 1942 годзе скончыў курсы малодшых лейтэнантаў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Украіне.

Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні Дняпра восенню 1943 года. У баях за плацдарм у Запарожскай вобласці яго батарэя знішчыла 15 кулямётаў, танк, дзве аўтамашыны, больш за сотню гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Загінуў у баі 19 снежня1943 года у Запарожскай вобласці.

Яго імя прысвоена Беразнякоўскай СШ Краснапольскага раёна, вуліцы ў Краснаполлі. На доме ў райцэнтры, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1937 год. Нарадзіўся Дзмітрый Смольскі (1937-2017).

Беларускі кампазітар і педагог, Народны артыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Лаўрэат Дзяржпрэміі, Кавалер Ордэна Ф. Скарыны, прафесар Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шматлікіх сімфоній, опер, у тым ліку «Сівая легенда», «Францыск Скарына» і іншых.

Дыск з запісамі яго сімфоній, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.

Бацька вядомага музыканта-мультыінструменталіста Віктара Смольскага.

Памёр 29 верасня 2017 года.

1947 год. Нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.

Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец. Кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл і заняў 2-е месца. Узначальваў Рух «За Свабоду». Паводле Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, Мілінкевіч – прыклад беларуска-польскага інтэлігента.

1954 год. Нарадзілася Валянціна Аколава (1954-2013).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Скончыла Полацкае музычна-педагагічнага вучылішча імя Ф. Скарыны, працавала настаўніцай у Ветрына Полацкага раёна, у наваполацкім Палаца культуры нафтавікоў, карэспандэнтам газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд», у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага аб’яднання «Палімір», у выдавецтве «Юнацтва», у газеце «Знамя юности». Пачала пісаць вершы ў 8-гадовым узросце, паэтычны дар пераняла ад песеннага таленту сваёй маці. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, паэмы-п’есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны». 

Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Памерла 24 снежня 2013 года.

1980 год. Памёр Уладзімір Высоцкі (1938-1980).

Савецкі і рускі паэт, артыст і спявак. Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 ў кіно.

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна.

Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста. Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі.

Летам 1965 года ён даў некалькі канцэртаў на прыватных сядзібах Магілёва (падчас здымак у Бабруйску фільма “Я родам з дзяцінства”), у жніўні 1969, пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой», ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 годзе ў ім усталяваны помнік Высоцкаму).

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

1984 года. Памёр Уладзімір Караткевіч (1930-1984).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»..

Па яго творах пастаўлены шматлікія спектаклі, знята 9 мастацкіх фільмаў, напісаны музычныя творы.

1997 год. У Нью-Ёрку памерла Наталля Арсеннева (1903-1997).

Беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург.

Вязень ГУЛАГу. Дзеяч беларсукай эміграцыі ў ЗША.

На яе верш «Малітва» была напісана музыка кампазітарам Міколам Равенскім – з’явіўся гімн «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве.

У 1995 годзе гэтую песню прапаноўвалася зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.

Н. Арсеннева і Максім Танк, Вільня, 1936

2006 год. Памёр Янка Брыль (1917-2006).

Народны пісьменнік Беларусі. Ганаровы член НАНБ.

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, старшынёй Беларускага таварыства «СССР – Канада», член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…».

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.

20 ліпеня ў гісторыі. Герастрат і Македонскі. Высадка на Месяц. Даву ў Магілёве. “Гарачы дзень”. Забойства П. Шарамета.

Міжнародны дзень торта (International Cake Day, з 2011 года). 

Прысвечаны сяброўству і міру паміж людзьмі, краінамі, народамі. Ён праходзіць пад дэвізам “I cake you” –  “Я прыйду да цябе з тортам”, што, увогуле, лагічна – як, калі не тортам з гарбатай, адсвяткаваць мір і сяброўства?

Каля вытокаў салодкага свята стаяў “Міланскі Клуб” Каралеўства Любові – супольнасць сяброў, членамі якога з’яўляюцца музыкі, кулінары і іншыя захопленыя творчыя натуры. Менавіта гэты творчы саюз у 2009 годзе пачаў традыцыю стварэння сумесных музычных торцікаў, якая затым была падтрымана і іншымі краінамі. 

Міжнародны дзень шахмат (International Chess Day, з 1966 года). 

Устаноўлены ў гонар заснавання ў 1924 годзе Міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЕ, Federation Internationale des Echecs). 

Беларусь у ФІДЕ з 1992 года. За нашу краіну выступаюць 22 міжнародных грасмайстра і 32 міжнародных майстра.

Шахматы прыйшлі да нас з Індыі. Паводле археалагічных даных гульня ў Беларусі вядома не пазней за XI стагоддзе: шахматныя фігуры знойдзены ва ўсіх буйных нашых гарадах і іх колькасць – наибольшая ва Усходняй Еўропе.

356 год да нараджэння Хрыстова. У той жа дзень, калі Герастрат спаліў цудоўны храм Артэміды ў Эфесе, у Пеле, сталіцы Македоніі, нарадзіўся Аляксандр III Вялікі (Аляксандр Македонскі, 356-323 гг. да н.э.).

Адзін з найбуйных палкаводцаў і дзяржаўных дзеячаў Старажытнага свету.

1636 год. Памёр Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл (1589-1636). 

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын Мікалая Крыштафа «Сіроткі».

3 1609 года на чале ўласных атрадаў удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай са Швецыяй, Масковіяй, у аблозе ў 1611 годзе Пскова-Пячэрскага манастыра і ў выправах у 1611-1612 на Маскву.

Стольнік, крайчы ВКЛ, кашталян трокскі, віленскі.

Быў адным з багацейшых магнатаў ВКЛ.

Мецэнат, клапаціўся пра пашырэнне галерэі партрэтаў у Нясвіжы, фундаваў алтар Святога Міхаіла і ўсіх Анёлаў касцёла Святога Міхаіла, разбудаваў замак у Шыдлоўцы.

1812 год. Войскі напалеонаўскага маршалу Даву без боя ўвайшлі ў Магілёў.

За дзень да гэтага з горада ўцяклі адміністрацыя губерні, частка святароў, акрамя праваслаўнага архібіскупа Варлаама – які пазней прысягнуў Напалеону – найбольш заможныя грамадзяне.

Напярэдадні быў аддадзены загад начальніку рускага гарнізонага батальёна Колену не пускаць ворага. Але пасля першай невялікай сутычкі з французамі на вале каля Віленскай заставы, руская пяхота і інваліды адступілі ў бок Быхава. 

Французскія часці адразу занялі плошчу перад ратушай, дзе адбылася сустрэча маршала Даву са світай з кіраўніком губернскага дваранства Кроерам.

1852 год. Дараваны герб Лепелю.

«У чырвоным полі Пагоня». У сучаснай Беларусі афіцыйны статус герб атрымаў 2 чэрвеня 2009 года.

17 тысячны горад, вядомы з 1439 года. У горадзе працуюць ГЭС, малочна-кансервавы камбінат, заводы хлебны, электрамеханічны, камбікормавы, рамонтна-механічны, ільнозавод.

1880 год. Нарадзіўся Гальяш Леўчык (1880-1944).

Беларускі паэт, беларусазнавец, публіцыст, перакладчык, музыкант.

Аўтар «Нашай нівы», зборніка вершаў «Чыжык беларускі». Збіральнік музейных экспанатаў, кніг, меў найбагацейшыя беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме.

Блізкі сябар Янкі Купалы.

Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

1931 год. Нарадзіўся Гай дэ Пікарда (1931-2007).

Англійскі даследчык беларускай гісторыі і культуры, музыколаг.

Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт, універсітэт у Сарбоне.

У канцы 1950-х адправіўся з экспедыцыяй на Падляшша, дзе збіраў старажытныя беларускія царкоўныя спевы. Вывучаў творчасць беларускіх кампазітараў М. Равенскага, М. Куліковіча (Шчаглова), жыццё і дзейнасць Ф. Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі ВКЛ.

Займаўся пошукам старажытных беларускіх царкоўных спеваў і іх выданнем. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі – рукапісныя музычныя зборнікі XVI ст. рэлігійнага зместу.

Выкладаў музыку і спевы ў беларускай школе імя Кірылы Тураўскага ў Лондане. Выдаў зборнікі беларускіх спеўнікаў, склаў даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф. Скарыны ў Лондане.

У 1997- 2007 гадах выдаваў англамоўны часопіс «Byelorussian Chronicle».

Памёр 20 красавіка 2007 года.

Яго парэшткі пахаваныя ў крыпце Чырвонага касцёла ў Мінску.

1941 год. Першае паведамленне ў савецкім друку аб баях пад Магілёвам.

Гэта быў нарыс К. Сіманава “Гарачы дзень” у газеце “Известия”.

«Полк, якім камандуе палкоўнік Куцепаў, ужо шмат дзён абараняе горад Д.

– Снарадаў і патронаў у нас дастаткова, а ісці назад мы ўсё роўна не збіраемся. – кажа т. Куцепаў. І калі заязджаеш у размяшчэнне палка, то адразу бачыш, што байцы тут вырашылі хутчэй памерці, чым адступіць».

Палкоўніку Куцепава на момант гэтай публікацыі заставалася жыць менш за тыдзень, а «Горад Д.» – гэта Магілёў. Такой была практыка савецкай ваеннай журналістыкі: згадваць канкрэтныя геаграфічныя аб’екты забаранялася з меркаванняў бяспекі, бо нямецкіх дыверсантаў хапала і ў тыле, і на перадавой, а падстаўляць сваіх нікому не хацелася.

1941 год. У Брэсцкай крэпасці, у раёне Беластоцкіх варот у заходняй частцы Цэнтральнай выспы, быў зроблены апошні надпіс.

“Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма”. Лічыцца, што надпіс зроблены Фёдарам Рабавым.

Апошнія абаронцы Брэсцкай крэпасці працягвалі змагацца нават тады, калі немцы былі ўжо за Смаленскам.

А роўна праз 3 гады, 20 ліпеня 1944 года, савецкая армія выйшла на Буг.

1969 год. А 20:17 па сярэднееўрапейскім часе, пілатуемую пасадку на Месяц здзейсніў модуль Eagle карабля «Апалон-11» з астранаўтамі Нілам Армстрангам і Базам Олдрынам.

У ноч на 21 ліпеня Ніл Армстранг першым з зямлян ступіў на паверхню Месяца, праз 20 хвілін месяцовы грунт пад нагамі адчуў і Олдрын.

1970 год. Памёр Алесь Астапенка (1920-1970).

Беларускі паэт, перакладчык. Меў псеўданім Мсьціслаўцы (разам з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным).

Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», рэдактарам і дыктарам беларускай рэдакцыі Усесаюзнага радыёкамітэта, загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», аддзелам піянерскага жыцця часопіса «Бярозка».

Аўтар 4-х зборнікаў паэзіі. Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, грузінскія казкі.

1971 год. Нарадзіўся Зміцер Вайцюшкевіч.

Беларускі спявак, музыкант, кампазітар.

Удзельнік гуртоў “KRIWI», «Палац», «WZ-Orkiestra», папулярных супольных праектаў “Я нарадзіўся тут”, “Budzma The Best Rock” і іншых.

Запісаў больш за 20 альбомаў.

1977 год. У ЗША памёр Іван Любачка (1915-1977).

Беларускі гісторык.

Выкладаў у Галоўчынскай СШ Бялыніцкага раёна. У 1943 годзе вывезены на працы ў Германію.

Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. Аўтар даследавання «Беларусь пад савецкай уладай, 1917-1957». Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.

2004 год. У Магілёве адкрыўся новы рынак – Віленскі.

Знаходзіцца на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя ваенгарадка №5, па былой вуліцы Віленскай (зараз – Лазарэнкі).

2016 год. У Кіеве загінуў Павел Шарамет (1971-2016).

Беларускі журналіст. Узарваны ў прыватным аўтамабіле.

Працаваў у Беларусі, Расіі і Украіне, на тэлеканалах, у газетах, адзін з заснавальнікаў вэб-сайта «Беларускі партызан», сузаснавальнік «Российского антифашистского фронта», суаўтар кнігі «Случайный президент», аўтар шэрагу дакументальных фільмаў на злабадзённыя тэмы.

Пераследаваўся сілавымі ведамствамі.

23 ліпеня 2016 года быў пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам.

У гонар журналіста названы сквер ў Кіеве.

14 ліпеня ў гісторыі. Штурм Іерусаліма. Узяцце Бастыліі. Бітва пад Галоўчынам. Дэманстрацыя дынаміту, “Кацюш”. Нарадзіўся гісторык Г. Штыхаў.

1099 год. На досвітку ўдзельнікі першага крыжовага паходу пачалі штурм Іерусаліма.

Войска крыжакоў пад кіраўніцтвам французскага герцага Готфрыда Булёнскага складалася з 1200-1300 рыцараў і 12 000 пяхоты.

Крыжакі спрабавалі прысунуць да сцен Іерусаліма аблогавыя вежы, аднак ім замінаў глыбокі роў. Штурм працягваўся ўвесь дзень, але горад трымаўся. Калі настала ноч, абодва бакі працягвалі не спаць – мусульмане баяліся, што рушыць услед новая атака, а хрысціяне асцерагаліся, што абложаным атрымаецца нейкім чынам падпаліць аблогавыя прылады. Раніцай 15 ліпеня, калі роў быў засыпаны, крыжакі змаглі нарэшце бесперашкодна наблізіць вежы да крэпасных сцен.

Яны перакінулі на сцены драўляныя масткі і накіраваліся ў горад. Убачыўшы, што горад паў, эмір гарнізона вежы Давіда здаўся і адкрыў вароты горада. Пасля таго, як пераможцы ўварваліся ў горад, пачалася разня. Крыжакі разілі мячом усіх запар – мусульман, яўрэяў, і нават тых нямногіх хрысціян, што жылі ў горадзе.

Пасля падзення Іерусаліма кіраўніком новаўтворанага Іерусалімскага Каралеўства стаў Готфрыд Булёнскі. Ён не пажадаў называцца каралём у горадзе, дзе Хрыстос быў увянчаны цярновым вянком, і прыняў тытул Абаронцы Труны Гасподняй. 

Пасля гэтай перамогі воіны Хрыстовыя палічылі свой абавязак выкананым, і большасць з іх з багатай здабычай вярнулася на радзіму.

1708 год. Бітва пад Галоўчынам.

Пад час Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721), каля мястэчка Галоўчын (зараз – Бялыніцкі раён) адбыўся бой паміж расійскімі і шведскімі войскамі, які скончыўся ўпэўненай перамогай апошніх. 

Галоўчын быў зруйнаваны.

1789 год. Узяцце Бастыліі.

Бастылія – крэпасць і дзяржаўная турма ў прадмесці Сэнт-Антуан у Парыжы, пабудаваная ў 1382 годзе.

За 400 гадоў сярод вязняў Бастыліі было нямала знакамітых асоб Францыі. Для многіх пакаленняў французаў крэпасць была сімвалам усеўладдзя і дэспатызму каралёў.

Прычынай аблогі Бастыліі сталі чуткі аб рашэнні караля Людовіка XVI разагнаць утвораны 9 ліпеня 1789 года Устаноўчы сход і аб зняцці з пасады дзяржаўнага кантралёра фінансаў рэфарматара Жака Нэкера.

Абураныя парыжане выйшлі на вуліцы. Перш за ўсё паўстанцы захапілі арсенал Дома Інвалідаў – 25 000 стрэльбаў і 5 гармат. Узброіўшыся, натоўп рушыў да Бастыліі. Гарнізон Бастыліі налічваў 110 салдат. Са сцен прагучалі першыя стрэлы, але яны толькі распалілі гараджан. Некалькі герояў перабраліся праз равы, рассеклі ланцугі пад’ёмнага маста, і парыжане ўварваліся ў крэпасць. Штурм крэпасці доўжыўся каля 4 гадзін. У хуткаплынных сутычках паўстанцы страцілі каля 100 чалавек.

Ніхто з паўстанцаў не думаў пра штурм Бастыліі як пра сімвалічную падзею. Традыцыйна лічыцца, што штурм быў зроблены з мэтай вызвалення палітвязняў Бастыліі. Але такіх там не было. Сярод 7 вязняў былі чацвёра фальшываманетчыкаў, двое псіхічна хворых і адзін забойца.

1867 год. Шведскі хімік і прадпрымальнік Альфрэд Нобель упершыню прадэманстраваў дынаміт.

Дынаміт – пастападобнае выбуховае рэчыва, прыгатаванае з кізельгура, прасякнутага трынітратам гліцэрына.

Наіўны вынаходнік паверыў у тое, што дынаміт прынясе мір усім народам планеты: “Хто ж будзе ваяваць, калі адным снарадам можна забіць цэлы ўзвод?”

1911 год. У в. Стары Дзедзін (зараз – Клімавіцкі раён) нарадзіўся Павел Пруднікаў (1911-2000).

Беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры.

Стрыечны брат паэта Алеся Пруднікава.

Працаваў карэспандэнтам шматлікіх газет, на будаўніцтве шаўковай фабрыкі ў Магілёве, ў БелТА. Рэпрэсаваны ў 1937 годзе.

Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў аб беларускіх літаратарах, пачынаючы са Зм. Жылуновіча (Цішкі Гартнага) і канчаючы Іванам Мележам, твораў на тэму сталінскіх рэпрэсій

У Клімавіцкім і Браслаўскім краязнаўчых музеях працуюць экспазіцыі, прысвечаныя пісьменніку.

1913 год. У Вільні заснавана Беларускае выдавецкае таварыства ў мэтах духоўнага адраджэння беларускага народа.

Створана на базе выдавецтва «Нашай Нівы» Б. Даніловічам, І. Луцкевічам, К. Шпакоўскім, пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады.

Існавала ў 1913-1915 і 1919-1930 гадах, выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры, у т.л. Я. Коласа, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К. Буйло, Я. Лёсіка, «Беларускія календары».

У 1913-1914 сакратаром выдавецтва працаваў Янка Купала. Спыніла дзейнасць у пачатку 1930-х гадоў пасля забароны ўрадам Польшчы легальных форм вызваленчага руху.

1920 год. Нарадзіўся Алесь Астапенка (1920-1970).

Беларускі паэт, перакладчык. Меў псеўданім Мсьціслаўцы (разам з А. Куляшовым і Ю. Таўбіным).

Працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», рэдактарам і дыктарам беларускай рэдакцыі Усесаюзнага радыёкамітэта, загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», аддзелам піянерскага жыцця часопіса «Бярозка».

Аўтар 4-х зборнікаў паэзіі. Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, нямецкіх паэтаў, грузінскія казкі.

Сябрукі-Мсьціслаўцы: А. Астапенка, Ю. Таўбін, А. Куляшоў

1927 год. Нарадзіўся Георгій Штыхаў (1927-2018).

Беларускі археолаг, гісторык-медыявіст. 

Доктар гістарычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Лаурэат Дзяржаўнай прэміі.

Даследчык старажытных гарадоў Полацкай зямлі, вытокаў беларускай народнасці. Падрыхтаваў 2 дактароў і 19 кандыдатаў навук.

Аўтар амаль 500 прац. Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій.

1941 год. На беразе Дняпра пад Оршай савецкае войска ўпершыню ўжыла ракетную ўстаноўку “Кацюша”.

У выніку магутнага агнявога ўдару адначасова 112 рэактыўнымі снарадамі былі знішчаны варожыя эшалоны, боепрыпасы і пераправа цераз раку Аршыцу. Так, пераправа суперніка была сарваная і развіць поспех на гэтым кірунку яму не ўдалося. Першы вопыт прымянення новай ракетнай зброі паказаў яе высокую баявую эфектыўнасць, што і стала адной з прычын найхутчэйшага яе ўводу ў строй і аснашчэння ёй Сухапутных войскаў Чырвонай Арміі. 

Фашысты гэтую страшную прыладу з жаночым імем з-за гуку снарада, які вые, называлі сталінскім арганам.

А тым часам пачалася нямецкая акупацыя Мсціслаўскага раёна.

1968 год. Памёр Канстанцін Паустоўскі (1892-1968).

Рускі пісьменнік, які значную частку жыцця пражыў ва Украіне.

Абаронца дысідэнтаў. Яго творы ўвайшлі ў праграму савецкіх, беларускіх школ па літаратуры.

Чатыры разы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

У 1915 годзе служыў на Беларусі. Іграў ў більярд з Радзівіламі ў Нясвіжы. У «Аповесці пра жыццё» шмат раздзелаў прысвяціў  Беларусі: «Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і іншыя.

Яго творы на беларускую мову пераклалі Я. Брыль, А. Кучар, А. Марціновіч і іншыя. Блізкі сябар ураджэнца Магілёва пісьменніка Рувіма Фраермана.

1992 год. Памёр Аляксей Карпюк (1920-1992).

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Гродненскай вобласці. Заслужаны работнік культуры, Лаўрэат Літаратурнай прэміі.

Удзельнік вайны: падпольшчык, вязень канцлагера Штутгоф (з яго уцёк), камандзір партызанскага атрада імя К. Каліноўскага.

Працаваў на кіраўнічых пасадаў ва ўстановах адукацыі, культуры, турызму, у газетах. Актывіст БНФ, адзін з заснавальнікаў ЗБС «Бацькаўшчына».

За сувязь з дысідэнтамі пераследваўся КДБ, быў зволены з працы (аднавілі па загаду П. Машэрава). У яго абарону пісаў В. Быкаў. Iмя А. Карпюка носiць адна з вулiц Гродна, усталявана Мемарыяльная шыльда па вуліцы Э. Ажэшкі ў Гродне.

1994 год. У ЗША памёр Пётр Конюх (1910-1994).

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”.

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна.

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах.

Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 годзе прыязджаў у Беларусь.

13 ліпеня ў гісторыі. 12 апосталаў. Бітва пад Оршай. Надпіс Hollywood. Сіманаў на Буйніцкім полі. Першае “Басовішча”.

Сабор дванаццаці апосталаў.

Свята прысвечана апосталам Пятру, Андрэю, Якаву Зевядзееву, Іаану Багаслову, Філіпу, Варфаламею, Фаме, Левію Матфею, Якаву Алфееву, Іудзе Тадэю, Сімону Кананіту, а таксама апосталу Матфею, абранаму замест Іуды Іскарыёта. 

У гэты дзень прынята наведваць храмы і маліцца за сябе і сваю сям’ю, чытаць малітву 12 апосталам дома, прасіць адно ў аднаго прабачэння, мірыцца і забываць усе крыўды.

1508 год. Адбылася бітва пад Оршай.

Бітва войска ВКЛ і Каралеўства Польскага супраць войска Маскоўскага княства ў ходзе пятай літоўска-маскоўскай вайны (1507-1508).

Атрымаўшы звесткі пра падыход літоўскага войска, князь маскоўскі Васіль III зняў аблогу Смаленска і рушыў на Оршу. Калі высветлілася, што К. Астрожскі набліжаецца да маскоўскіх пазіцый, Васіль III пастанавіў адступіць за Дняпро, каб ударыць у момант пераправы літвінаў праз раку.

Астрожскі накіраваў вялікі аддзел праз неахоўваны брод на Дняпры з заданнем нападу на абоз маскалёў, а галоўнымі сіламі выканаў адцягвальны манеўр. Выдзелены аддзел, пераправіўшыся праз раку, быў аточаны пераважаючымі маскоўскімі сіламі, аднак здолеў з цяжкасцямі прабіцца на правы бераг. Бітву перарваў надыход цемры. Астрожскі намерваўся атакаваць адразу пасля ўзыходу сонца, аднак маскоўскае войска ноччу адышло з занятых пазіцый на ўсход.

1868 год. Памёр Канстанцін Тышкевіч (1806-1868).

Беларускі гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. Член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана.

Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі.

Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў.

У памяць аб вучоным з 2007 года праводзіцца водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» па Віліі.

1897 год. Нарадзіўся Міхась Міцкевіч (1897-1991).

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 года на эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопіса «Беларус», рэдактар часопіса «Голас Царквы». Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

У яго гонар Якуб Колас назваў свайго малодшага сына Міхася (1926-2020).

1923 год. На схіле гары Маунт-Лі над каліфарнійскімі ўзгоркамі з’явіўся надпіс Hollywood.

Першапачаткова яна была напісана як Hollywoodland, не мела ніякага дачынення да кіно і азначала рэкламу новага жыллёвага раёна, але адразу ж стала прывабліваць да сябе турыстаў.

Устаноўка надпісу абышлася яе заказчыку, выдаўцу “Лос-Анджэлес таймс” Гары Чандлеру ў 21 000 долараў. Слова “Hollywoodland” уначы падсвятлялася электрычнымі лямпачкамі, днём жа белыя літары былі бачныя за  40 км. Вышыня іх была 13 м, шырыня – 9. Па перыметры кожнай літары віселі рознакаляровыя лямпачкі, якія падсвятлялі надпіс у цемры. Аднак усе 4 000 лямпачак былі расцягнуты мясцовымі жыхарамі менш чым за год. Па дамове рэклама была разлічана на 1,5 гады, але аж да 1949 года жадаючых дэмантаваць надпіс не знаходзілася.

У 1949 годзе надпіс адрамантавалі і выдалілі 4 апошнія літары. Да таго часу Hollywood ужо ператварыўся ў сімвал Лос-Анджэлеса і ўсёй індустрыі забаў. Клопат аб надпісе ўзяла на сябе Гандлёвая палата Галівуду.

У 1973 годзе надпіс абвясцілі нацыянальным гістарычным помнікам.

Да канца 1970-х надпіс здрахлеў, і ў 1978 годзе літары былі дэмантаваныя. У тым жа годзе дабрачынны фонд, узначалены Х’ю Хэфнерам, заснавальнікам часопіса “Playboy”, сабраў сродкі на капітальны рамонт славутасці.

Цяперашні надпіс, складзены з белых літар 15-метровай вышыні і 12-метровай шырыні, з’явіўся ў лістападзе 1978 года. На выраб кожнай літары спатрэбілася 27 500 долараў. З таго часу ўсе рэстаўрацыйныя работы выконваліся пры дапамозе прыватных ахвяраванняў.

1930 год. Першы ў гісторыі Чэмпіянат свету па футболе.

Выбар Уругвая ў якасці месца правядзення спартыўнага спаборніцтва не быў выпадковым. Зборная гэтай краіны перамагла на VIII Алімпійскіх гульнях 1924 года ў Парыжы і IX Алімпійскіх гульнях 1928 года ў Амстэрдаме.

Спецыяльна да гэтых спаборніцтваў у Монтавідэа пабудавалі новы стадыён, які ў гонар юбілею незалежнасці назвалі “Сентэнарыё” – “стагоддзе”.

У турніры прынялі ўдзел 13 каманд з Францыі, Югаславіі, Румыніі, Бельгіі, Перу, ЗША, Аргенціны, Бразіліі, Балівіі, Чылі, Мексікі, Парагвая і Уругвая.

У першых паядынках сышліся зборныя Францыі і Мексікі, а таксама каманды Бельгіі і ЗША. Першы ў гісторыі чэмпіянатаў свету гол забіў француз Л. Ларан. Аднак перамогу ў першынстве свету 30 ліпеня атрымала зборная Уругвая, якая перамагла ў фінальным матчы каманду Аргенціны з лікам 4:2.

Урачыстасці з нагоды перамогі ў чэмпіянаце не спыняліся ў Монтавідэа некалькіх дзён.

1938 год. Нарадзіўся Юрый Марухін (1938-2001).

Беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў на «Беларусьфільм», старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў. Рэжысёр шэрагу фільмаў, у тым ліку “Маці Урагану”, аператар шматлікіх карцін, уключна “Магіла льва”, “Час выбраў нас”.

1941 год. Пачалася акупацыя Горацкага, Дрыбінскага і Слаўгарадскага раёнаў нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

А 13-14 ліпеня на Буйніцкім полі пад Магілёвам сярод воінаў 172-й стралковай дывізіі знаходзіўся ваенкар газеты “Известия” – пісьменнік К. Сіманаў і фотакарэспандэнт той жа газеты П. Трошын. Першы раз Сіманаў патрапіў у Магілёў 28 чэрвеня.

К. Сіманаў пісаў: «Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыцца, – поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашыя на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў …».

Абароне Магілёва прысвечаны яркія старонкі трылогіі «Жывыя і мёртвыя» (палкоўнік Куцепаў стаў правобразам генерала Серпіліна), «Салдатамі не нараджаюцца», «Апошняе лета», дзённіка ўспамінаў «Розныя дні вайны».

1941 год. 63 стралковы корпус 21-й арміі Заходняга фронта пачаў контрудар (13 ліпеня-17 жніўня) на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку.

У выніку гэтага былі вызвалены Жлобін і Рагачоў.

1942 год. Нарадзіўся Харысан Форд.

Амерыканскі акцёр кіно і тэлебачання, прадзюсер.

Намінант на прэмію «Оскар», BAFTA, чатырохразовы намінант і ўладальнік спецыяльнай прэміі “Залаты глобус”, ганаровага «Сезара». Найбольш вядомы па ўдзеле ў серыі фільмаў «Зорныя войны», «Індыяна Джонс», «Самалёт прэзідэнта» і іншых.

Дзед і бабуля акцёра – ураджэнцы Мінска.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч (1952-2017).

Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст.

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатра песні (і студыі пры ім; з 2003 г. – прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), музычны кіраўнік беларускага канала «Сталічнае тэлебачанне».

Аўтар папулярных эстрадных песень.

Памёр 28 студзеня 2017 года.

1970 год. Нарадзіўся Андрэй Цівончык.

Беларускі і нямецкі атлет (скакун з шастом), бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1996 года ў Атланце.

У 1995 годзе пабіў нямецкі нацыянальны рэкорд у скачках з шастом (скокнуў на 5,80 м). Трэнер па скачках з шастом зборнай Катара па лёгкай атлетыцы.

1990 год. На лясной паляне Борык каля мястэчка Грудак на Беласточчыне пачаўся І Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Арганізаваны Беларускім аб’яднаннем студэнтаў і гмінным асяродкам культуры. 

Мерапрыемства праводзілася 30 разоў (1990-2019) штогадова, на працягу двух дзён, як фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі. 

Арганізатары вырашылі, што 30-е па ліку «Басовішча» стане апошнім. 

Традыцыйна на фестывалі ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў, якія паспяхова прайшлі адбор. Штогод на фестываль прыязджала да 15 000 чалавек.

1990 год. Абшчыне магілёўскіх вернікаў-католікаў перададзены Касцёл Святога Станіслава.

А праз 6 гадоў, у гэты ж дзень, пачаў дзейнічаць зноў асвячоны, адрэстаўраваны касцёл. Удзел у рэстаўрацыі прымаў знакаміты мастак Алесь Пушкін (1965-2023).

2020 год. Афіцыйна адкрыты мост цераз раку Сож у Слаўгарадскім раёне.

З’явіўся на шашы Слаўгарад-Краснаполле, вядзе да Блакітнай крыніцы. Раней праз раку працаваў паром. Мост мае даўжыню 500 метраў.

Аўтамабільны рух па мосце быў адкрыты 2 снежня 2019 года.

Дзень у гісторыі. 14 чэрвеня. Дэпартацыя прыбалтаў. Катастрофа Іл-103. Нарадзіліся М. Доўнар-Запольскі, М. Забэйда-Суміцкі, Чэ Гевара.

Сусветны дзень донара крыві (World Blood Donor Day, з 2005 года).

Устаноўлены Сусветнай асамблеяй аховы здароўя ў гонар дня нараджэння Карла Ландштэйнера (1868-1943) – аўстрыйскага лекара і імунолага, Нобелеўскага лаўрэата, які адкрыў групы крыві ў чалавека.

Слова донар паходзіць ад лацінскага “donare” – “дарыць”.

Сусветны Дзень донара крыві дае магчымасць выказаць удзячнасць людзям, якія добраахвотна здаюць сваю кроў, не атрымліваючы за гэта асаблівай узнагароды, тым, хто робіць гэта на рэгулярнай аснове – два, тры або больш разоў у годзе.

Праблема донарства крыві і яе кампанентаў з’яўляецца адной з найбольш важных для дзяржавы і ключавых для айчыннай аховы здароўя. Ад яе вырашэння залежыць сама магчымасць і якасць аказання высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў мірны час і ў надзвычайных сітуацыях.

Дарослы чалавек без небяспекі для свайго жыцця можа страціць каля літра крыві. На станцыі пералівання крыві бяруць 400 мл. Гэтая колькасць крыві аднаўляецца арганізмам вельмі хутка. Заадно атрымліваюць магутны стымул да працы эндакрынная і імунная сістэмы арганізма.

Заўважана, што людзі, якія доўга здаюць кроў, не схільныя прастудным захворванням і грыпу, радзей пакутуюць анкалагічнымі і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Дабратворна ўплывае донарства і на псіхічнае здароўе чалавека.

1792 год. Наданне каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім герба Барысаву.

У сучаснай Беларусі гістарычны герб Барысава атрымаў афіцыйны статус 29 студзеня 1999 года.

 “У сярэбраным полі барочнага шчыта на зялёнай зямлі сярэбраная сцяна паміж дзвюма вежамі з чырвонымі купаламі, над якою на сярэбраным воблаку стаіць Святы Пётр з двума ключамі ў руцэ”.

1867 год. Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934)

Беларускі гісторык, этнограф, эканаміст, прафесар шэрагу ВНУ Украіны, Азербайджана, Расіі, Беларусі, у тым ліку БДУ.

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі, Літвы і Беларусі, па этнаграфіі Беларусі.

Актыўна падтрымліваў БНР. Сустваральнік Археаграфічнай камісіі Інбелкульту. Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 годзе па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней – на англійскай мове. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы.

Аўтар забароненай кнігі «Гісторыя Беларусі». Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці.

Памёр 30 верасня 1934 года.

Межы БНР і этнічная тэрыторыя беларусаў на падставе прац М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага.

1900 год. Нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі (1900-1981).

Беларускі спявак, педагог.

Кар’еру пачаў у Харбінскай оперы. Выступаў у Міланскай оперы, «Ла Скала», актыўна гастраляваў па гарадах Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхаславакіі, Германіі.

Не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно сваё права – звацца беларускім.

Запісаў грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень. У 1963 годзе даў аншлагавыя канцэрты ў шматлікіх гарадах БССР, у тым ліку Магілеве.

Памёр 21 снежня 1981 года ў Празе. Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

У гонар Забэйды-Суміцкага названа вуліца ў Маладзечне. 

1903 год. Памёр Ян Карловіч (1836-1903).

Беларускі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнаўца.

Займаўся гісторыяй і музыкай у Парыжы, Гайдэльбергу, Бруселі. 

Аўтар этнаграфічных даследаванняў, сабраў і апублікаваў некалькі сотняў беларускіх і літоўскіх паданняў, казак, песень.

Супрацоўнічаў з Міхалам Федароўскім, аўтарам шматтомнай працы «Люд беларускі». Сябраваў з Аляксандрам Ельскім і Францішкам Багушэвічам.

1928 год. Нарадзіўся Чэ Гевара (1928-1967).

Лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, удзельнік рэвалюцыйна-вызваленчай вайны на Кубе, падарожнік па краінах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Еўропы, сусветны кумір “бунтарскай моладзі”.

Расстраляны 9 кастрычніка 1967 года «рэйнджэрамі» ў Балівіі. Яго цела з адрэзанымі рукамі было выстаўлена на ўсеагульны агляд.

У 1997 годзе прах Чэ Гевары перавезены з Балівіі на Кубу і пахаваны ў маўзалеі г. Санта-Клара. 

1937 год. У  Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед (1894-1937).

Беларускі палітычны дзеяч, трэці па ліку старшыня СНК БССР (1927-1937).

На пачатку 1920-х гадоў – старшыня Горацкага выканкама, член бюро па першаму ўзбуйненню тэрыторыі БССР.

Прычыніўся да рэпрэсій акадэмікаў В. Ластоўскага, У. Пічэты, Я. Лёсіка, С. Некрашэвіча, Г. Гарэцкага, А. Дубаха.

У 1933 годзе быў членам Палітычнай камісіі для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правіл беларускай мовы.

Паводле афіцыйнай версіі, выкінуўся з акна 5-га паверха ў часе допытаў у будынку НКУС БССР. Па неафіцыйных звестках, быў забіты 21 чэрвеня 1937 года, а потым супрацоўнікі дзяржбяспекі інсцэнавалі самагубства. Або  расстраляны. 

1941 год. Пачалася дэпартацыя грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі ў аддаленыя рэгіёны Расіі.

17 ліпеня 1940 года Латвія, Літва, Эстонія згодна з Пактам Молатава-Рыбентропа былі ўключаны ў склад СССР. 

У ноч з 13 на 14 чэрвеня 1941 года было запушчана даўно запланаванае дзеянне, якое праводзілася савецкай сакрэтнай службай НКУС, мэтай якой было ачысціць прыбалтыйскую прастору ад актыўных антысавецкіх сіл. На працягу тыдня органы НКУС арыштавалі або выслалі каля 34 000 мужчын, жанчын і дзяцей (часта цэлымі сем’ямі) з Літвы, 15 500 з Латвіі (з якіх 2400 дзяцей ва ўзросце да дзесяці гадоў) і 10 000 з Эстоніі.

Агульны лік ахвяр усіх відаў савецкіх рэпрэсій (агульная сітуацыя ў дэталях адрознівалася ў кожнай краіне) у 1940-1941 гады ацэньваецца ў 34 000 чалавек у Латвіі, 60 000 – у Эстоніі і 75 000 – у Літве.

На сёння ў Эстоніі, Латвіі і Літве дзень 14 чэрвеня абвешчаны Днём нацыянальнай жалобы.

1951 год. Нарадзіўся Міхаіл Кучарэнка.

Шклоўскі грамадкі актывіст, краязнавец, намеснік старшыні Шклоўскага аддзялення таварыства аховы помнікаў і культуры, армейскі падпалкоўнік.

Даследык паганскіх капішчў, старажытнага Шклова.

Яго намаганнямі знойдзены і перанесены на пляцоўку каля Спаса-Праабражэнскай царквы Шклова каменны крыж.

Спаса-Праабражэнская царква, Шклоў.

2015 год. Катастрофа Іл-103 пад Брэстам.

Катастрофа адбылася падчас выканання экіпажам самалёта «Беллесавія» вучэбнага задання. Загінулі абодва члены экіпажа.

У выніку расследавання выяўлена, што ў самалёта адмовіў рухавік.

Дзень у гісторыі. 30 мая. Спалена Жанна д’Арк. Трагедыя на Нямізе. Нарадзіліся спявак С. Мігай, навуковец В. Кіпель. Памёр паэт Г. Бураўкін.

1431 год. У Руане спалена Жанна д’Арк (1412-1431).

Нацыянальная гераіня Францыі, адна з галоўных камандуючых французскіх войскаў у Стогадовай вайне.

Каб цалкам падпарадкаваць Францыю, ангельцам трэба было ўзяць Арлеан.

Жанну наведвалі бачанні яшчэ ў дзяцінстве, а ў 17 гадоў ёй з’явіліся Святыя, пераконваючы ісці да законнага караля Карла VII і выратаваць краіну. Увесну 1429 года яна прыбыла ў замак Шынон, дзе знаходзіўся Карл VII, і абвясціла яму, што яе “галасы” паведамілі ёй: яна абрана Богам, каб зняць аблогу з Арлеана, а затым узвесці Дафіна на трон і выгнаць захопнікаў з каралеўства.

Карл пасля ваганняў перадаў Жанне камандаванне войскамі, з якімі яна адправілася ў Арлеан. Пагалоска, што Жанна – менавіта тая панна, што выратуе Францыю, натхніла войска, і ў выніку шэрагу бітваў, аблога Арлеана была знята, і за гэтым рушыла серыя перамог французскіх войскаў. Яны пераканалі французаў, што Бог лічыць іх справу правым і дапамагае ім.

23 траўня 1430 года Жанна патрапіла ў палон да ангельцаў. На царкоўным судзе ў Руане яна была абвінавачана ў ерасі і вядзьмарстве, асуджана на смерць.

У 1455-1456 гадах у Буржы прайшоў працэс пасмяротнай рэабілітацыі Жаны д’Арк, а 16 мая 1920 года яна была прылічана каталіцкай царквой да святых.

1780 год. Адбылася закладка Кацярынай ІІ і Іосіфам ІІ Іосіфаўскага кафедральнага сабора ў Магілёве.

Будаваўся з цэглы ў 1780-1798 гадах архітэктарам Мікалаем Львовым. 

Адзін з найбольш ранніх помнікаў класіцызму ў культавай архітэктуры Беларусі. Зруйнаваны ў 1937 годзе ў адпаведнасці з ажыццяўленнем генеральнага плана забудовы сталічнага Магілёва. На яго месцы пабудавалі гатэль “Дняпро”. 

У кастрычніку 2011 года агучваліся планы гарвыканкама аб аднаўленні сабора

1888 год. У Магілёве нарадзіўся Сяргей Мігай (1888-1959).

Артыст оперы (барытон), спявак Вялікага тэатра, Ленінградскай оперы, прафесар Маскоўскай кансерваторыі, Народны артыст РСФСР.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка.

Скончыў Магілёўскую гімназію, Адэскае музычнае вучылішча, Оперную студыю К. Станіслаўскага.

Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна) і іншыя.

Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў С. Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.

У Магілёве яго імем названы завулак.

Памёр 8 снежня 1959 года ў Маскве. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Ленінградзе (Пецярбургу).

1896 год. У Рагачове нарадзіўся Канстанцін Саннікаў (1896-1965).

Беларускі і савецкі рэжысёр, акцёр, Народны артыст БССР, Лаўрэат двух Сталінскіх прэмій. Дзед Андрэя Саннікава, палітычнага і грамадскага дзеяча, кандыдата у прэзыдэнты на выбарах 2010 года.

На сцэне з 1916 года. Скончыў Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працаваў у коласаўскім тэатры, кіраваў 3-м беларускім тэатрам, быў мастацкім кіраўніком купалаўскага тэатра, прафесарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Памёр 12 ліпеня 1965 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

К. Саннікаў у фільме “Несцерка”.

1927 год. Нарадзіўся Вітаўт Кіпель (1927-2022).

Беларуска-амерыканскі грамадскі дзеяч і публіцыст, намеснік Старшыні Рады БНР, доктар мінералогіі, ганаровы доктар Гродзенскага ўніверсітэта, адзін з кіраўнікоў скаўцкага руху беларусаў у эміграцыі і амерыканскага скаўцкага руху.

Разам з жонкай Зорай Кіпель сабраў і сістэматызаваў найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе.

У 1933-1942 гадах разам з бацькамі знаходзіўся ў высылцы ў Расіі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся ў Мінску, пакуль у 1944 годзе не выехаў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы, Лювенскі ўніверсітэт (Бельгія) са спецыяльнасцю геолага.

З 1955 года жыў у ЗША.  Працаваў у Балтымарскім універсітэце, бібліятэкарам у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, выкладаў у беларускай школе ў Брукліне, супрацоўнічаў з радыё «Свабода». Перадаў на захаванне ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку 171 скрыню з матэрыяламі па беларусістыцы, якія збіраў і сістэматызаваў.

Памёр 3 снежня 2022 года. Пахаваны ў Іст-Брансуіку, штат Нью-Джэрсі на беларускіх могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ў ЗША, быў сябрам многіх арганізацый, у тым ліку Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшынём Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар шэрагу грунтоўных бібліяграфічных даведнікаў, а таксама дзясяткаў публікацый, у т. л. артыкулаў беларусазнаўчай тэматыкі ў амерыканскіх энцыклапедыях. У 1993 годзе ў Мінску выйшла яго манаграфія  “Беларусы ў ЗША”.

1946 год. У Віцебску нарадзіўся Вальдо Калінін.

Беларускі цыган, падданы Вялікабрытаніі, паэт (на цыганскай і беларускай мовах), перакладчык.

Скончыў Калінінскі педінстытут (зараз – Цвярскі ўніверсітэт), Біблейскі каледж у ірландскім Белфасце.

Служыў у паветрана-дэсантных войсках. Працаваў у Віцебску настаўнікам, загадчыкам кафедры замежных моў Інстытута ўдасканалення настаўнікаў, перакладчыкам рэлігійнай літаратуры. У Ірландыі зацікавіўся старажытнымі яўрэйскай і грэчаскай мовамі, у віцебскай сінагозе вывучыў ідыш.

Перакладчык Бібліі на цыганскую мову.

Пра пераезд у Вялікабрытанію кажа: “Я не лічу сябе эмігрантам, і я не эмігрант. Я паехаў працаваць… беларусы, пакінуўшыя Бацькаўшчыну, якія ніколі ў жыцці не размаўлялі па-беларуску, там, у Лондане, усе пачалі размаўляць паміж сабой на роднай мове.  Мы шануем толькі бел-чырвона-белы сцяг, спяваем гімн “Магутны Божа”… Я ўсюды кажу, што мая Радзіма – Беларусь”.

1933 год. Памёр ураджэнец Пружанаў Сямён Гершгорын (1901-1933).

Матэматык. Прафесар. Працаваў у галіне дастасоўнай матэматыкі.

Скончыў Петраградскі тэхналагічны інстытут. Працаваў у Ленінградскім політэхнічным інстытуце. Займаўся працамі па алгебры, тэорыі функцый, набліжаных і колькасных мэтадах (тэарэма Гершгорына для малых ваганняў у мэтадах функцыянальнага аналізу), колькасным і механічным інтэграванні дыфэрэнцыйных раўнанняў з частковымі вытворнымі.

Аўтар кругавой тэарэмы па тэорыі матрыцаў. Яго даследванні паспрыялі з’яўленню новага класу аналагавых вылічальных машын.

1975 год. У Магілёве нарадзіўся Зміцер Грумо.

Дырэктар Інстытута эксперыментальнай батанікі НАНБ, геабатанік, эксперт міжнародных праектаў Глабальнага экалагічнага фонду і праграмы развіцця ААН па пытаннях стварэння асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, развіцця экатурызма, другаснага забалочвання.

Выхаванец біялагічнага факультэта МДУ імя А. Куляшова (1997).

Аўтар першай кнігі па асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях Магілёўскай вобласці.

1990 год. Да Магілёва дайшлі хвалі карпацкага землятруса.

У Магілёве адбываліся землятрусы 29 жніўня 1893 года, 4 балы, 12 лістапада 1896 года, 4 балы. Фіксаваліся хвалі карпацкага землятруса і 4 сакавіка 1977 года ў 4-5 балаў.

Карта праяваў сейсматэктанічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі.

1999 год. Адбылася трагедыя на станцыі метро Няміга.

У пераходзе станцыі мінскага метрапалітэну “Няміга” адбылася масавая таўкатня, у якой загінулі 53 чалавекі і пацярпела больш за 250 чалавек – яны хаваліся ад дажджу з градам. 

Трагедыя адбылася на праваслаўную Тройцу, пры правядзенні “Аліварыяй” піўнога фэсту. Большасць загінулых – асобы 14-20 гадоў, уключаючы 42 дзяўчыны і 2 супрацоўнікаў міліцыі. Большасць загінула ад удушша і траўм. Свята было прыпынена толькі праз гадзіну пасля трагедыі. У краіне была абвешчана трохдзённая жалоба.

На месцы трагедыі, 30 мая 2002 года ўсталяваны помнік у выглядзе 53 ружаў, раскіданых па прыступках, малая каплічка з крыжом. 

Крымінальная справа спынена 25 сакавіка 2002 года ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці. Вінаватых у трагедыі не назвалі. 

2001 год. Адкрыццё для наведвальнікаў філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў в. Яхімоўшчына.

Створаны 24 студзеня 1997 года. У Яхімоўшчыне ў 1906-1907 гадах Янка Купала працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары. Тут паэт напісаў многія свае славутыя вершы, сярод якіх “А хто там ідзе?”, “Ворагам беларушчыны”, “Дайце мне волю”, “Гэта крык, што жыве Беларусь…”, якія пазьней склалі першы зборнік “Жалейка”.

Плошча экспазыцыі філіяла больш за 100 м²: у двух пакоях размяшчаюцца экспазыцыйныя залы, а трэці пакой-кабінет, дзе жыў Янка Купала – мемарыяльны.

2009 год. У ЗША памёр ураджэнец Беларусі Аба Шагаловіч (1922-2009).

Беларускі шахматыст, майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР, старшыня шахматнай федэрацыі БССР і член прэзідыуму шахматнай федэрацыі СССР. 

Падрыхтаваў каля 20 гросмайстраў, у тым ліку В.Купрэйчыка, В.Дыдышка, міжнародных майстраў Л. Басіна, А.Капенгута, Дз. Навіцкага.

А. Шагаловіч справа.

2014 год. Памёр Генадзь Бураўкін (1936-2014).

Беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч. Cтapшыня Дзяpжкaмiтэтa БССР пa тэлeбaчaннi i paдыёвяшчaннi, дэпyтaт Bяpxoўнaгa Сaвeтa БССР, пacтaянны пpaдcтaўнiк Бeлapyci ў ААН, нaмecнiк мiнicтpa кyльтypы і друку.

У 2000 годзе, сумесна з Р. Гарэцкім і Р. Барадуліным, стаў ініцыятарам і арганізатарам Усебеларускага з’езда за незалежнасць.

Член Беларускага ПЭН-Цэнтра. Быў кіраўніком назіральнага савета тэлеканала “Белсат”.

Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей, дакументальных аповесцяў, сцэнарыяў для фільмаў, літаратурна-крытычных артыкулаў, перакладаў вершаў рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў. Укладальнік кнігі «Наш Быкаў».

На яго вершы напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). «Калыханку» на яго словы кожны вечар у тэлеперадачы пяюць малым Беларусі.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 12 красавіка. Пакарэнне космаса. Самы моцны вецер. Нараджэнне беларускага рок-н-рола. Нарадзіліся асветнік І. Пацей, падарожнік М. Пржавальскі, акцёр Я. Капелян

Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.

Абвешчаны 8 красавіка 2011 года на 65-й сесіі Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар таго, што 12 красавіка 1961 года грамадзянін СССР Ю. Гагарын на касмічным караблі “Усход” за 108 хвілін упершыню ў свеце здзейсніў арбітальны аблёт Зямлі, адкрыўшы эпоху пілатуемых касмічных палётаў.

У космас зляталі 5 беларусаў, у тым ліку першая жанчына-касманаўт В. Церашкова. У бліжэйшы час плануецца палёт у космас яшчэ адной беларускі. 

У Магілёве ёсць вуліца і плошча Касманаўтаў, вуліцы Гагарына, Камарова, завулак Цітова.

1541 год. Нарадзіўся Іпацій Пацей (1541–1613).

Царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст, асветнік, фундатар школ. Прамовы вёў у асноўным на беларускай мове. 

Абаронца царкоўнай уніі, змагар за канфесійную талерантнасць, першым у беларускай літаратуры сфармуляваў ідэю роўнасці грамадзянскіх і палітычных правоў для людзей свецкага і духоўнага станаў.

1633 год. У Рыме пачаўся працэс над Галілеа Галілеям.

Галілей (1564–1642) быў абвінавачаны ў прызнанні “ілжывага вучэння” Мікалая Каперніка аб тым, што “Сонца, а не Зямля, знаходзіцца ў цэнтры свету, і што апошняя рухаецца, у тым ліку здзяйсняе абарачэнне вакол Сонца за адзін год”.

Навукоўца трымалі ў зняволенні ў Палацы святой інквізіцыі. Ён карыстаўся незвычайнымі прывілеямі – займаў тры пакоі, меў у сваім распараджэнні слугу, атрымліваў ад сяброў перадачы, вёў перапіску. На допытах Галілей доўга спрабаваў лавіраваць, але пад пагрозай катавання 22 чэрвеня змушаны быў зрачыся ад “ерасі, выкліканай яму д’яблам”.

1827 год. Зацверджана паштова-дыліжансная лінія Пецярбург–Радзівілаў (зараз у Ровенскай вобласці Украіны).

Лінія праходзіла праз Віцебск, Шклоў, Магілёў.

1839 год. Нарадзіўся Мікалай Пржавальскі (1839–1888).

Сусветна вядомы падарожнік, географ, кліматолаг, даследчык Цэнтральнай Азіі, асветнік, ганаровы член Пецярбургскай Акадэміі навук, генерал-маёр.

Належаў да беларускага шляхецкага роду Перавальскіх, герба Лук, што быў дараваны каралём Стэфанам Баторыем.

Ажыццявіў вялікія экспедыцыі: Усурыйскую, Мангольскую, Лабнорскую, Джунгарскую, Тыбецкія. Даследаваў горныя сістэмы Цэнтральнай і Усходняй Азіі,  адкрыў цэлы шэраг новых форм жывёл: дзікі вярблюд, конь Пржэвальскага.

Імператарская Санкт-Пецярбургская акадэмія навук узнагародзіла яго медалём «Першаму даследчыку прыроды Цэнтральнай Азіі».

Пахаваны паводле ўласнага запавету на беразе возера Ісык-Куль, Кыргызстан.

1890 год. Нарадзіўся Янка Нёманскі.

Беларускі пісьменнік, празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік І Сусветна вайны,  прапаршчык. Загадваў выдавецкім аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята, разам з Цішкам Гартным выдаваў газету «Дзянніца».

Працаваў у планава-эканамічных органах, намеснікам старшыні Дзяржплана, у праўленні літаб’яднання «Полымя», у Інбелкульце, загадчыкам аддзела эканомікі НДІ прамысловасці, дырэктарам Інстытута эканомікі БелАН, загадчыкам кафедры ў інстытуце народнай гаспадаркі. Акадэмік акадэміі навук, яе неадменны сакратар.

Аўтар апавяданняў, няскончанага рамана «Драпежнікі».

Арыштаваны 26 красавіка 1937 года, асуджаны НКУС 29 кастрычніка 1937 года да расстрэлу і на наступны дзень расстраляны.

1912 год. У Рэчыцы нарадзіўся Яфім Капелян (1912–1975).

Акцёр тэатра і кіно, адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. Народны артыст СССР.

Скончыў Рэчыцкую школу. Працаваў мастаком пры Рэчыцкім кінатэатры, у Вялікім драматычным тэатры імя М. Горкага. У гады вайны быў акцёрам франтавога Тэатра народнага апалчэння.

Адначасова шмат здымаўся ў кіно, выканаў мноства яркіх характэрных роляў у фільмах «Няўлоўныя мсціўцы», «Інтэрвенцыя», «Даўрыя», «Вечны кліч», «Саламяны капялюшык». Адна з найбольш вядомых работ – аўтарскі тэкст у тэлесерыяле “Семнаццаць імгненняў вясны”. 

Браў удзел у дубляжы замежных фільмаў на кінастудыі “Ленфільм”, агучыў адну з роляў у фільме “Паласаты рэйс”. Спрабаваў сябе ў рэжысуры, паставіў некалькі спектакляў на Ленінградскім тэлебачанні.

1934 год. На амерыканскай метэастанцыі Маунт-Вашынгтон зафіксаваны самы моцны наземны вецер у свеце.

Хуткасць склала 371,75 км у гадзіну. Увогуле гэтаму месцу ўласцівыя моцныя вятры. Напрыклад, вецер хуткасцю 112 км у гадзіну тут лічыцца “лёгкім брызам”.

Максімальная хуткасць ветра ў Беларусі – 40 м/с (144 км/гадз.) рэгістравалася ў Докшыцах (1967, 1969 гг.), у Слуцку (1959).

1938 год. У Парыжы памёр Фёдар Шаляпін (1873–1938).

Рускі оперны спявак. У розны час саліст Вялікага і Марыінскага тэатраў, Метрапалітэн Опера, першы савецкі народны артыст  (1918–1927).

Выступаў у міланскім тэатры «Ла Скала», у шматлікіх тэатрах і операх Еўропы, ЗША. Пад час знаходжання царскай Стаўкі ў Магілёве (1915–1917), неадноўчы выступаў на сцэне мясцовага тэатра.

Свае грошы накіроўваў на падрымку рабочых у 1905 годзе, на адкрыццё двух ваенных лазарэтаў, на падтрымку эмігрантаў.

У 1922 годзе выехаў на гастролі за мяжу. У 1927 годзе Пастановай СНК РСФСР яго пазбавілі звання Народнага артыста і права вяртання ў СССР.

1962 год.  Нарадзіўся Міхаіл Турэцкі.

Расійскі спявак, музычны прадзюсер, хормайстар і шоумен. Заснавальнік і прадзюсар арт-групы “Хор Турэцкага” і жаночага музычнага калектыву “Soprano”. Народны артыст Расіі.

Нарадзіўся ў Маскве ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Магілёўскай губерні.

1968 год. Распачаўся Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска.

Першы беларускі рок-фестываль, першы рок-фестываль у СССР працаваў 12-14 красавіка 1968 года ў актавай зале Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Праводзіўся дзеля папулярызацыі сучаснай эстраднай музыкі, эстэтычнага выхавання моладзі. Музычны крытык Сяргей Будкін лічыць 12 красавіка 1968 года днём нараджэння рок-н-рола ў Беларусі.

Пачынаючы з 1965 года ў Мінску ўтварылася крытычная маса гуртоў, якія гралі блюз, рок-н-рол і самы модны тады напрамак – біг-біт. Амаль кожны інстытут, школа, прадпрыемства, установа мелі як мінімум адзін свій вакальна-інструментальны ансамбль.

1969 год. У Вялікабрытаніі памёр Сяргей Малафееў (1901–1969).

Беларускі ўрач, дзеяч беларускага руху.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1920). Закончыў медыцынскі факультэт Універсітэта. Працаваў дырэктарам павятовага шпіталя ў Свянцянах, хірургам.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, трапіў у лагер пад Архангельск.

У час ІІ Сусветнай вайны трапіў у Армію генерала Андэрса, ваяваў пад Табрукам.

З 1947 года жыў у Вялікабрытаніі, працаваў у польскім шпіталі ў Пэнлі, урачом на параходах.

Фота. Віленскі ўніверсітэт.

1984 год. Нарадзіўся Алег Касцючэнка.

Сучасны беларускі мастак-жывапісец, манументаліст

Паходзіць з дынастыі беларускіх жывапісцаў.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускую акадэмію мастацтваў.

Працуе ў галіне манументальнаяга і станковага жывапісу. Творы мастака часта маюць філасофскі падтэкст і метафарычны змест.

Актызна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, міжнародных мастацкіх выставах Беларусі, Расіі, Германіі, Швецыі, Польшчы.

А. Касцючэнка, “Сняданак N”

1986 год. Памёр Тамілоўскіх Віталь (1910–1986).

Старшы сержант, Герой Савецкага Саюза.

У ліку першых 27 чэрвеня 1944 года пераправіўся праз Дняпро каля в. Палыкавічы. Умела арганізаваўшы абарону, надзейна ўтрымліваў захопленыя пазіцыі, чым спрыяў пераправе іншых падраздзяленняў палка. Удзельнічаў у баях за вызваленне г. Магілёва.

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.

Дзень у гісторыі. 27 лютага. Стварэнне друкарні ў Любчы, Літбел. Нарадзіліся магнаты Людвіка і Караль Радзівіл, сувязіст Д. Сарноў.

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя (International polar bear day, з 2008 года).

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя праводзіцца з ініцыятывы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі Polar Bears International, якая змагаецца за захаванне папуляцыі белых мядзведзяў.

Белы мядзведзь – самы буйны прадстаўнік атрада драпежных сысуноў, якія насяляюць сушу.

Па дадзеных Сусветнага Фонду Дзікай Прыроды, у свеце налічваецца менш за 25 000 асобін белага мядзведзя (каля 60% папуляцыі – у Канадзе).

Белы мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды.

1612 год. Пачалася дзейнасць друкарні ў Любчы.

Заснавана выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам. 

Выдала больш за 80 кніг лацінай і польскай па гісторыі, медыцыне, філасофіі, некалькі паэтычных твораў. Сярод выданняў: «Эпітоме» С. Рысінскага, «Апафеграмы» С. Буднага, «Навагрудскі дыспут» Я. Зыгроўскага, «Гісторыя іудзейскай вайны» І. Флавія, «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх»  М. Стрыйкоўскага, «Статут Слуцкай школы». 

Абслугоўвала патрэбы пратэстантаў, але зрэдку прымала заказы і католікаў. 

З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў вядомы гравёр К. Гётке.

Ю. Пешка. Любча, пачатак XIX стагоддзя

1667 год. Нарадзілася Людвіка Караліна Радзівіл.

Рэлігійная дзеячка, мецэнатка.

Дачка Багуслава Радзівіла. Рана асірацела. У спадчыну атрымала вялікія маёнткі.

Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінісцкія зборы ў Літве і Беларусі, плаціла стыпендыі студэнтам, якія вучыліся ў пратэстанцкіх універсітэтах. Паводле яе загаду ў 1684 у Караляўцы быў надрукаваны малітоўнік на літоўскай мове для сялян-кальвіністаў.

Утрымлівала Слуцкую друкарню. У 1690 годзе выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена.

Пасля смерці Людвікі Караліны 25 сакавіка 1695 года, яе латыфундыі сталі аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і нямецкімі князямі.

1734 год. Нарадзіўся  Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Патрыёт.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў. З іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

Памёр 21 лістапада 1790 года.

1919 год. Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на І З’ездзе Саветаў Літвы ў Вільні.

Літбел была створана на занятых Чырвоным войскам тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. Утварэнне праіснавала да 19 ліпеня 1919 года, калі СНК Літбела прыняў пастанову аб перадачы ўсіх спраў Мінскаму губернскаму камітэту. Неўзабаве пасля прыняцця згаданай пастановы, пасля 40 дзён абароны, польскімі войскамі быў заняты і Мінск (8 жніўня). 

Літбел уключала 5 губерняў: Віленскую, Гродзенскую, Ковенскую, Мінскую, Сувалкскую. У красавіку 1919 года Рэчыцкі павет Мінскай губерні быў перададзены Гомельскай губерні РСФСР.

1888 год. Нарадзіўся Яфім Бялевіч.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны, штабс-капітан.

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920–1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення. Памёр 13 снежня 1942 года ў Магаданскім канцлагеры.

1891 год. Ва Узлянах (цяпер – Пухавіцкі раён) нарадзіўся Давід Сарноў.

Амерыканскі сувязіст і бізнесмен беларускага яўрэйскага паходжання, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы доктар Калумбійскага, Нью-Ёркскага і іншых універсітэтаў, брыгадны генерал.

Працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі», прэзідэнтам Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (RCA). 14 красавіка 1912 года прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 1920-х гадоў з’яўляўся саветнікам 10-і прэзідэнтаў ЗША.

Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай, зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп’ютарызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Кенсіка ў Вальхале, штат Нью-Ёрк.

1906 год. Нарадзілася Рыта (Рэбека) Млодак.

Беларуская оперная спявачка (лірыка-драматычнае сапрана), народная артыстка Беларусі.

Скончыла Віцебскі музычны тэхнікум, Беларускую студыю оперы і балета. Працавала салісткай Беларускага тэатра оперы і балета. Пад час вайны працавала ў оперных тэатрах Свярдлоўска, Пярмі, удзельнічала ў канцэртах франтавых брыгад.

Сярод галоўных партый: Таццяна, Ліза, Тамара, Маргарыта, Мікаэла, Аксана ў пастаноўцы «Чаравічкі», Марыся – у «Міхась Падгорны» і іншыя. Выступала і як канцэртная спявачка.

Памерла 3 снежня 1969 года.

1935 год. Нарадзіўся  Фёдар Клімчук.

Беларускі мовазнавец, дыялектолаг, гісторык. Кандыдат філалагічных навук. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі ў складзе аўтарскага калектыву за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Скончыў гістарычныя факультэты Пінскага настаўніцкага і Мінскага педінстытутаў.

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Старшыня «Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства „Загароддзе“.

Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескім дыялекце.

Памёр 22 кастрычніка 2018 года.

2005 год. У Францыі памёр Віктар Жаўняровіч (1913-2005).

Беларускі мастак і спявак.

Нарадзіўся ў Чыце ў сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з Друі.

Скончыў гімназію імя Л. Сапегі ў Друі, вучыўся ў віленскай Кансерваторыі, адначасова займаўся маляваннем, удзельнічаў у выставах Таварыства незалежных мастакоў. Быў знаёмы з Ф. Рушчыцам, Я. Драздовічам, П. Сергіевічам.

Другая сусветная вайна перапыніла навучанне. 

У 1945 годзе апынуўся ў Францыі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Спяваў і маляваў прыватна. З часам стаў удзельнікам найважнейшых мастацкіх выставаў, што ладзіліся ў Парыжы, атрымоўваў узнагароды. Меў пэрсанальную выставу, ладжаную БІНіМам у Нью-Ёрку. Тэмы твораў у яго былі ў асноўным беларускія.