Сёння – гадавіна “Трубяцкой разні”, калі было знішчана амаль усё насельніцтва Мсціслава

22 ліпеня 1654 года ў самым пачатку вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай войска расійскага князя Аляксея Трубяцкога штурмам узяло горад Мсціслаў і здзейсніла масавае забойства мясцовых жыхароў, якое ўвайшло ў гістарычную памяць як “Трубяцкая разня”. Паводле ацэнак сучаснікаў, акупантамі было знішчана ад 10 000 да 15 000 чалавек. Шматлюдны і росквітны горад на ўсходзе Магілёўшчыны ў выніку катастрофы заняпаў і больш ужо не вярнуў сваю былую веліч.

Беларускі гісторык Міхаіл Без-Карніловіч пісаў пра тое, што памяць пра «разню Трубяцкога» ў Мсціславе захоўвалася ў народных паданнях нават у сярэдзіне XIX стагоддзя. Расійскі гісторык Аляксей Лобін мяркуе, што прычына, па якой рускія войскі здзейснілі настолькі маштабнае забойства, звязаная з тым, што горад аказаў моцнае супраціўленне.

На выяве: Разня манахаў-кармелітаў рускімі салдатамі, фрагмент фрэскі з Кармеліцкага касёла ў Мсціславе.

Аб’яўлены даты Мсціслаўскага рыцарскага фэста

Рыцарскі фэст у Мсціславе сёлета пройдзе 3 і 4 жніўня – расказала начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. Як і заўсды, ён пройдзе на Замкавай гары, некаторыя лакацыі будуць размеркаваныя на ўсім горадзе. Чакаецца гандаль сувенірамі ручной работы, рок-фестываль, бугурты, тэатралізаваны штурм замка, вогненнае шоў. Госці фестываля – у асноўным расійскія клубы рэканструкцыі з Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў.

Фота: “Святло Кастрычніка”, архіў

Трох чалавек выратавалі на вадзе на Магілёўшчыне, двое патанулі

Карціна здарэнняў аднолькавая – адважныя мужчыны заплывалі за буйкі, а потым іх пакідалі сілы, рухі станавіліся хаатычнымі.

Задуха на выхадных і ў панядзелак прывяла да цэлай серыі здарэнняў на вадзе па ўсёй Магілёўскай вобласці. Жаданне ахаладзіцца прывяло да трагедыі ў Мсціславе – тут у рацэ Віхра на вуліцы Лясной патануў малады хлопец 2006 года нараджэння. У Бабруйску трое маладых хлопцаў вечарам 1 ліпеня вырашылі пераплыць Бярэзіну ў раёне Рачнога порта. Двое з іх вярнуліся на бераг, а трэці, 2007 года нараджэння, патануў.

Адразу трох чалавек выцягнулі з вады ратавальнікі – на Святым возеры ў Магілёве, на пляжы ў Палыкавічах і ў Бабруйску на Бярэзіне. Кожны раз супрацоўнікі выратавальнай службы канстатавалі адну і тую ж карціну. Мужчына пайшоў плаваць, заплыў далёка за буйкі, а сілаў каб вярнуцца не хапіла. 

У Палыкавічах, напрыклад, ахвярай вады ледзь не стаў 51-гадовы мужчына. Да будынка выратавальнага паста падбег мужчына і паведаміў, што яго таварыш паплыў на супрацьлеглы бок, але ні на беразе, ні на паверхні вады яго не відаць. Прыкладна ў 15 метрах ад зрэзу вады ратавальнік заўважыў мужчыну, які стараўся плыць. Рухі яго рук і галавы былі хаатычнымі. Мужчыну дасталі на бераг.

Такая самая карціна назіралася на пляжы на Святым возеры ў Магілёве і на Бярэзіне ў Бабруйску, дзе выратавалі 26-гадовага хлопца і пенсіянера адпаведна.

Фота: mogilev.media

Пад Мсціславам будуць давывучаць радовішча фасфарытаў – усё з-за санкцый

Кааліны, базальты, туфы, фасфарыты – каб замяніць імпартную мінеральную сыравіну, недасягальную для беларускіх прадпрыемстваў з-за санкцый, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя анансавала паўторнае вывучэнне ўжо вядомых радовішчаў.

Гэта радовішчы гіпсу і ангідрыту “Брынеўскае”, даўсаніт-баксітавых руд “Заазёрнае” ў Гомельскай вобласці, фасфарытаў “Мсціслаўскае” на Магілёўшчыне, базальтаў і туфаў “Навадворскае”,  кааліну “Сітніца” ў Брэсцкай вобласці, бентанітавых глін “Астражанскае” на Міншчыне.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк у сваім інтэрв’ю рэсурсу БелТА патлумачыў, што новыя выведкі на ўжо вядомых радовішчах вымушаныя, яны праводзяцца з-за санкцыйнага ціску, разрыву гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з былымі краінамі-партнёрамі.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Мсціславам згарэла вясковая крама

Ноччу 29 траўня пажар ахапіў сельскую краму ў вёсцы Лютня Мсціслаўскага раёна, паведамляе прэс-служба МНС. У выніку пажару згарэў дах, пашкоджана ўнутранае начынне, пагарэла многа тавару. Прычына высвятляецца, пацярпелых няма.

Фота: МНС

Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Мсціславе

Дзве сям’і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957 года нараджэння і яго жонка 1977 года прымалі ў гасцях сястру з пляменніцай. Усе яны загінулі падчас начнога пажару, які адбыўся каля трэцяй гадзіны ночы, паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны трагедыі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Мсціславам знайшлі больш за 200 боепрыпасаў

У Мсціслаўскім раёне правялі суцэльную расчыстку тэрыторыі ад боепрыпасаў – піша “Святло Кастрычніка”.

Каля адной з вёсак пад Мсціславам сапёры знайшлі 220 боепрыпасаў – мінамётныя міны і артылерыйскія снарады савецкага ўзору. Пра тое, што вялікая колькасць боепрыпасаў можа захоўвацца ў зямлі каля населенага пункта, у ваенны камісарыят паведамілі мясцовыя жыхары. Работы па суцэльнай расчыстцы тэрыторыі праводзіла 188-я інжынерна-сапёрная брыгада.

Фота: “Святло кастрычніка”

Жыхар Мсціслаўшчыны хацеў заначаваць у лазні і атрымаў штраф

На жыхара Мсціслаўскага раёна быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, калі ён збіраўся заначаваць у лазні сваёй былой жонкі. Пра незвычайны званок у дзяжурную службу міліцыі піша “Святло Кастрычніка”. Да праваахоўнікаў звярнулася жыхарка адной з вёсак Мсціслаўшчыны і папрасіла выратаваць яе былога мужа. 

Continue reading “Жыхар Мсціслаўшчыны хацеў заначаваць у лазні і атрымаў штраф”

Мужчына загінуў на пажары ў Мсціслаўскім раёне

Трагедыя адбылася позна вечарам 28 лютага ў вёсцы Лютня Мсціслаўскага раёна. Прыватны дом на вуліцы Паўночнай гарэў адкрытым полымем, унутры ратавальнікі знайшлі цела 52-гадовага мужчыны, гаспадара. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Рэкі пачалі выходзіць з берагоў на Магілёўшчыне

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамляе пра затапленне некалькіх участкаў дарог і мастоў у Мсціслаўскім, Бялыніцкім, Чавускім і Слаўгарадскім раёнах. 

Continue reading “Рэкі пачалі выходзіць з берагоў на Магілёўшчыне”