Беспрычынна ўдарыў у твар на “Купаллі” – у Круглым вынеслі прысуд 16-гадоваму хулігану

У Круглянскай школе №1 прайшло выязное пасяджэнне суда, на якім разглядалася справа 16-гадовага школьніка. Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны падчас правядзення народнага свята «Купалле» ў цэнтральным парку культуры і адпачынку горада Круглае, беспадстаўна ўдарыў кулаком па твары раней незнаёмага яму мужчыну. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны як хуліганства.

Да хлопца прыменены прымусовыя меры ў выглядзе папярэджання і абмежавання волі тэрмінам на 6 месяцаў. На падлетка ўскладзены абавязак у вольны ад вучобы час не наведваць відовішчныя мерапрыемствы і месцы масавага адпачынку грамадзян без суправаджэння бацькоў або педагогаў, а таксама знаходзіцца па месцы жыхарства з 22.00 да 6.00 – піша раённая газета “Сельскае жыццё”.

Фота: “Сельскае жыццё”

На мехдвары пад Круглым згарэў трактар МТЗ – фотафакт

Трактар МТЗ-3522 загарэўся раніцай 3 верасня на мехдвары прадпрыемства “Круглянскі Рассвет”. На фота можна пабачыць, што трактар практычна новы. У залежнасці ад камплектацыі, трактар гэтай маркі можа каштаваць 300 000 – 500 000 рублёў. У выніку пажару пашкоджаны сам трактар, сеялка, знішчана дэкаратыўнае пакрыццё будынка – піша газета “Сельскае жыццё”. Пацярпелых няма. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: “Сельскае жыццё”

На Магілёўшчыне затрыманы двое закладчыкаў

Аператыўнікі наркакантролю затрымалі 18-гадовага жыхара Круглянскага раёна, які набыў і захоўваў альфа-PVP – паведамляе прэс-служба МУС.

Праз пару дзён быў затрыманы яго “калега” – 16-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. У 10-класніка знойдзена і канфіскавана амаль 100 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС.

Хлопцы менш за месяц прапрацавалі закладчыкамі на адзін і той жа віртуальны наркашоп, распаўсюджваючы “тавар” на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Да моманту затрымання частку псіхатропаў яны паспелі раскласці па тайніках.

Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.

Фота: скрыншот МУС

У Круглым хлопчыку так заціснула нагу ў дрэве, што прыйшлося выклікаць ратавальнікаў

Вечарам 20 ліпеня ў Круглым 9-гадовы школьнік засеў на дрэве. Нагу заціснула на вышыні аднаго метра ад зямлі, але дарослыя не змаглі яго вызваліць – маці прыйшлося выклікаць ратавальнікаў, паведамляе прэс-служба МНС. Пасля вызвалення, медыцынская дапамога хлопчыку не спатрэбілася.

Фота: МНС

У Круглянскім раёне на пліце разарвала афганскі казан, двух чалавек шпіталізавалі

Днём 30 чэрвеня ў вёсцы Засіцце Круглянскага раёна ў прыватным доме падчас гатоўкі ежы на пліце разарвала афганскі казан – паведамляе прэс-служба МНС. Двух чалавек абдала гарачай парай – жонку гаспадара дома і яго брата. Абое былі шпіталізаваныя з апёкамі.

Фота ілюстрацыйнае

Вось гэты алей, выяўлены на Магілёўшчыне, аказаўся небяспечным

Спецыялісты выявілі перавышэнне прадуктаў акіслення – амаль у чытыры разы.

У Магілёўскай вобласці Дзяржстандарт пры праверцы прыватнага прадпрыемства з Круглага выявіў у продажы няякасны алей. Дзве гандлёвыя маркі не адпавядалі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы і маркіроўцы.

– Па выніках выпрабаванняў анізідзінавая колькасць, якая паказвае на колькасць другасных прадуктаў акіслення ў маслах або тлушчах, перавышала дапушчальныя нормы – расказалі агенцтву БелТА спецыялісты Дзяржстандарта – Так, пры рэгламентаваным значэнні для алеяў сланечнікавых рафінаваных дэзадараваных вышэйшага гатунку яно павінна складаць не больш за 3, а ў выніку паказала”. значэнне 3,7 для алею з маркіроўкай “Мирра” і 11,7 для гандлёвай маркі “Алия”.

Фота з адкрытых крыніц

На Цяцерынскім водасховішчы пройдзе чэмпіянат па рыбнай лоўлі

10 чэрвеня на Цяцерынскім вадасховішчы ў Круглянскім раёне каля плаціны гідраэлекстрастанцыі адбудзецца адкрыты чэмпіянат раёна па рыбнай лоўлі на паплавочную вуду. Пачатак спаборніцтва – а 5-й раніцы, паведамляе круглянская раённая газета “Сельскае жыццё”. 

Гэта ўжо не першае падобнае спраборніцтва па рыбнай лоўлі, якое праходзіць на Кругляншчыне. Чемпіянаты раёна адбываюцца з пэўнай перыядычнасцю на розных вадаёмах і ў розных відах рыбнай лоўлі. Турніры па летняй рыбалцы часта адбываюцца менавіта на Цяцерынскім вадасховішчы, а вось спаборніцтвы па спартыўнай лоўлі рыбы на мармышку з лёду адбываюцца на рацэ Друць. 

Фота ілюстрацыйнае

У аграгарадок на Кругляншчыне правялі газ і адсвяткавалі гэта з помпай

Аграгарадок Цяцерына ў Круглянскім раёне падключылі да прыроднага газу. На ўрачыстую цырымонію запуска сістэмы прыехалі міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Цырымонію правялі з помпай – запальвалі сімвалічны факел, правялі канцэрт.

Цяцерына стала 150-м населеным пунктам на Магілёўшчыне з 230-ці, што атрымаў газ. Працягласць новага газаправода склала 13 кіламетраў, работы над ім занялі чатыры месяцы. У аграгарадку да газу мяркуецца падключыць 165 дамоў – піша газета “Сельскае жыццё”.

Фота: “Сельскае жыццё”

Затрыманай у Круглым Аліне Горавай не аказваюць медыцынскую дапамогу, яе здароўе пагоршылася

Праваабаронцы і СМІ паведамляюць, што ў Круглым пасля выпускнога была затрыманая Аліна Горава. 20-гадовая дзяўчына вучылася ў Барысаўскім політэхнічным каледжы, і 27 сакавіка, ў дзень атрымання дыплома яе проста на аўтобусным прыпынку пасля вяртання ў Круглае затрымала міліцыя.

Паведамляецца, што ў круглянскім ІЧУ, куды была адпраўлена Аліна, было вельмі халодна. Дзяўчыне не выдалі матрац, ёй давялося спаць на голых дошках, забаранілі накрывацца нават уласнымі рэчамі. 

Праз тры дні Аліне стала дрэнна. У дзяўчыны паднялася тэмпература, а таксама абвастрылася хранічнае захворванне нырак і жаночых органаў. Ёй выклікалі хуткую, але забаранілі шпіталізацыю, матывуючы гэта тым, што ў турме № 4 у Магілёве, куды яе мусяць перавесці, ёсць лякарня.

Але, наколькі вядома, пасля этапу нічога не змянілася. Турэмны лекар, па словах праваабаронцаў, не прапісаў дзяўчыне антыбіётыкаў, нягледзячы на дрэнныя аналізы. На дзясятыя суткі, наколькі вядома, стан яе пагоршыўся, болі ўзмацніліся, запаленне прагрэсавала.

Фота з соцсетак.

Па тры дзіцячых пляцоўкі пабудуюць у Круглым і Чавусах

Сёлета ў Круглым і Чавусах з’явяцца па тры новыя дзіцячыя пляцоўкі – пішуць круглянскае “Сельскае жыццё” і чавуская “Іскра”.

Раней абсталяванне дзіцячых пляцовак было звычайнай справай жыльцоў дамоў, жылкамгасаў, а цяпер справа знаходзяцца пад асабістым патранатам кіраўнікоў раёнаў. 

У раённных Круглым і Чавусах з жыхарамі прайшлі абмеркаванні будаўніцтва дзіцячых пляцовак. 

Яны будуць пабудаваны ў Круглым у дварах дамоў па вул. Энгельса, 1, Савецкай, 94, Жуніна, 10, у Чавусах у дварах па вуліцах Сіманава, 6, 60 гадоў СССР, 90, Піянерская, 14.

Ва ўсіх выпадках будуць добраўпарадкаваны сапраўдныя гульнявыя комплексы з горкамі, міні-каруселямі, спартыўнымі ўстаноўкамі. Прадугледжваецца і добраўпарадкаванне тэрыторый з устаноўкай лаваў і азеляненнем.

Фота ілюстрацыйнае