Чытачы выдання Reform.news заўважылі, што ў вёсцы Касцюшкава Горацкага раёна з памятнага каменя знікла шыльда, устаноўленая тут яшчэ ў савецкія часы ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Вёска знаходзіцца недалёка ад Леніно, дзе ўпершыню ўступілі ў бой баявыя часткі польскай дывызіі імя Касцюшкі падчас Другой Сусветнай вайны. У Леніно размяшчаецца Музей савецка-посльскай баявой садружнасці, і нядаўна ў ім праходзілі ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі, якія цалкам праігнараваў польскі бок, але затое наваднілі прадстаўнікі “шматнацыянальнага рускага міру” – пісалі mogilev.media.
Вёскі Касцюшкава раней называлася Трыгубава. У гонар Тадэвуша Касцюшкі яна была перайменаваная ў 1969 годзе. Верагодна, у гэты ж час на ўскрайку вёскі была ўстаноўленая мемарыяльная шыльда ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Як дакладна яна выглядала раней і што на ёй было напісана – невядома. Цяпер жа яна знікла цалкам. «Ці прыбралі, ці не ўзнавілі, хаця бачна, што помнікі побач прыводзілі ў парадак» – так пракаментавалі чытачы Reform.news знікненне шыльды.
У Мастацкім музеі імя Паўла Масленікава сёння, 2 траўня 2025 года, пачне працу выставачны праект «Віцебскі мастак», арганізаваны сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем.
Паводле слоў арганізатараў, віцебская мастацкая школа мае свае традыцыі і вызначаецца шматвектарнасцю развіцця. Мастацкія творы дэманструюць стылёвую разнастайнасць і багацце тэхнічных прыёмаў.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца а 16:00 (уваход на выставу будзе бясплатны да 16:30). Працаваць праект будзе да 15 чэрвеня, паведамляе mogilevnews.
Як піша «Віцебскі гарадскі партал», «Віцебскі мастак» – гэта штогадовы праект Мастацкага музея, мэта якога – паказаць шматгранную творчасць мастакоў, што фарміруюць адметны імідж горада Віцебска. Большасць удзельнікаў праекта – члены Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, выпускнікі і выкладчыкі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Гістарычны будынак першай магілёўскай электрастанцыі быў узведзены ў 1900-х, прастаяў вайну, а цяпер пайшоў пад знос.
Будынак першай электрастанцыі ў Магілёве быў узведзены ў 1900-х гадах, а сама станцыя была запушчаная ў эксплуатацыю 7 лютага 1910 года. Пабудова доўгі час была часткова закінутая, з выбітымі вокнамі, аднак захоўвала цэласнасць канструкцыі. Раней яго адмовіліся прызнаваць гісторыка-культурнай каштоўнасцю – пісалі mogilev.media тры гады таму, але нядаўна раптам пафарбавалі.
Пра планы гарадскіх уладаў знесці гістарычны будынак заяўлялася яшчэ год таму. На яго месцы будзе ўзводзіцца шараговы жылы дом. Цяпер жа працы па зносе будынка ўжо пачаліся – паведамілі падпісчыкі суполкі “Магілёў – горад, які быў…” у Facebook.
XIX Міжнародны пленэр па кераміцы «Арт-Жыжаль» пройдзе з 10 па 30 ліпеня 2025 года ў вёсцы Вербкі пад Бабруйскам. У ім возьмуць удзел 20 мастакоў-керамістаў з розных краін, якія на працягу трох тыдняў будуць ствараць унікальныя творы з гліны, абменьвацца вопытам і ўдзельнічаць у майстар-класах. Мерапрыемства стане не толькі творчай пляцоўкай, але і культурнай падзеяй для рэгіёна, збіраючы аматараў керамікі і мастацтва з усяго свету. Выставачныя пляцоўкі па выніках пленэра будуць адкрытыя не толькі ў Бабруйску, але і ў Магілёве і Мінску. Фінальным акордам фестываля традыцыйна чакаецца відовішчнае стварэнне вогненнай скульптуры, вышынёй каля двух метраў (на фота).
У Бабруйску працягваецца тэндэнцыя аднаўлення гістарычнага аблічча будынкаў: з фасадаў старой забудовы здымаюць пласт штукатуркі, адкрываючы арыгінальную цагляную кладку.
Ачышчэнне фасадаў: вяртанне да вытокаў
На плошчы Перамогі, насупраць танка-монумента, з двухпавярховых дамоў часткова была змыта штукатурка. Другі паверх цяпер выглядае, як сто гадоў таму, з насычаным чырвона-цагляным колерам, які мастакі называюць «сіенна».
Цікава, што ачышчэнне фасадаў адбываецца фрагментарна, не цалкам. Гэта надае будынкам асаблівы шарм і падкрэслівае іх гістарычную каштоўнасць.
Іншыя прыклады аднаўлення
Гэта не адзіны прыклад вяртання старых фасадаў да першапачатковага выгляду за апошнія некалькі гадоў. Напрыклад, часткова ачышчаны фасад яслей-саду № 42 на вуліцы Пушкіна, 116. Таксама частка фасада дома па вуліцы К. Лібкнехта, 35 была вызвалена ад штукатуркі падчас падрыхтоўкі да адкрыцця кафэ «Голден».
Гэтыя дзеянні сведчаць пра імкненне захаваць і падкрэсліць гістарычную спадчыну Бабруйска, вяртаючы будынкам іх аўтэнтычны выгляд.
Чыноўнікі нарэшце заўважылі, у якім жахлівым стане знаходзяцца гістарычныя пахаванні на гарадскіх могілках у Магілёве. Раней падобныя талакі арганізоўвалі толькі актывісты.
У Музеі гісторыі Магілёва, што размяшчаецца ў ратушы, прайшло пасяджэнне ініцыятыўнай групы па добраўпарадкаванні старажытных пахаванняў у нашым горадзе. Як паведамляе Тэлеграм-канал “Магілёў – мой горад”, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Галіна Бяляева праявіла ініцыятыву па прывядзенні ў парадак фамільнага захавання старажытнага шляхетнага рода Гартынскіх на Успенскіх могілках. Самым знакамітым прадстаўніком гэтай дынастыі з’яўляецца гісторык Мікалай Гартынскі, які пераклаў і выдаў “Магілёўскую хроніку” Сурты і Трубніцкіх у ХІХ стагоддзі.
Галіна БяляеваХарактэрна, што на заклік магілёўскай дэпутаткі адгукнуліся прадстаўнікі ўлады – на мерапрыемстве ў прэзідыўме прысутнічала намесніца старшыні Магілёўскага гарвыканкама Вікторыя Амялюсік, а выступаў таксама старшыня гарадскога савета дэпутатаў Максім Гурын.
Раней актыўную працу па рэстаўрацыі старажытных пахаванняў у Магілёве праводзілі хіба што неабыякавыя грамадзяне і актывісты. Так, каманда адмыслоўцаў раней праводзіла талакі на Лютэранскіх, Петрапаўлаўскіх могілках, а прадстаўнікі яўрэйскай грамады сваімі сіламі ўпарадкавалі старажытныя пахаванні на Яўрэйскіх.
Увага гарадскіх чыноўнікаў да гаротнага стану старажытных гістарычных пахаванняў на магілёўскіх могілках не можа не радаваць, асабліва, калі гэтая праца будзе мець сістэмны характар, а не ператворыцца ў фармальнасць альбо чысты піар. Рашаць гэтае пытанне, аднак, неабходна не падобнымі – цалкам сімпатычнымі, але ўсёж прыватнымі ініцыятывамі – а на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. Справа ў тым, што паводле дзейснага заканадаўства гарадскія ўлады не абавязаныя займацца пахаваннямі, што не маюць статуса гістарычнага помніка, альбо статуса воінскага пахавання. А даваць такі статус не зацікаўленыя ўжо самі гарадскія ўлады, каб не несці потым за гэта адказнасць. Атрымліваецца, што клопат за магілы людзей, што жылі ў ХІХ, XVIII, XVII стагоддзях фармальна кладзецца выключна на іх прамых нашчадкаў. Лішне казаць, што такіх людзей у горадзе практычна няма, а значыць, і гістарычныя пахаванні па-сутнасці збольшага лічацца “безгаспадарчымі”, за лёс якіх ніхто не нясе ніякай адказнасці.
Магілёўская мастачка выйграла конкурс “Ёлка-FEST. Запальваем святочны настрой па-роднаму, па-беларуску!”, арганізаваны прафсаюзам работнікаў культуры. Усяго ў спаборніцтве ўдзельнічалі больш за 70 майстраў з розных рэгіёнаў краіны. Па выніках галасавання ў конкурсе выйграла мастак-афарміцель з Магілёўскага раённага цэнтра культуры Караліна Зубкова. За перамогу яна атрымала ад прафсаюза ноўтбук.
Памятную дошку ў гонар першага беларускага патрыярха праваслаўнай царквы ў часы незалежнасці ўсталявалі на гімназіі №3 Бабруйска. З 2023 года гэтая гімназія носіць імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).
Мемарыяльную дошку з барэльефам асвяцілі днём 25 снежня, урачыстасці ўзначаліў патрыяршы экзарх Беларусі, мітрапаліт Веніамін – піша bobr.by.
Мітрапаліт Філарэт з’яўляўся прадстаяцелем Беларускай праваслаўнай царквы з 1978 па 2013 год. Пры ім у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Мінску адкрыўся курс багаслоўя, пачаліся службы на беларускай мове. Уладыка памёр у студзені 2021 года пасля таго, як быў шпіталізаваны з каранавірусам.
Рэканструкцыя будынка канчаткова яшчэ не завершаная. Над праектам працавалі дрэваапрацоўшчыкі з бабруйскага “ФанДОКа”.
У Клімавічах завяршылася аднаўленне сядзібы Мяшчэрскіх – адзінай гісторыка-культурнай славутасці на ўвесь горад. Помнік драўлянага дойлідства быў цалкам знішчаны падчас падрыхтоўкі да рэгіянальных “Дажынак” – пісалі mogilev.media. Матывуючы знос арыгінальнага будынка, будаўнікі сцвярджалі, што яго канструкцыі мелі знос на 80%.
“Пры правядзенні работ па рэканструкцыі перад спецыялістамі стаіць задача захаваць элементы драўлянага дойлідства 19-га стагоддзя і аднавіць гэты будынак у тым жа выглядзе, у якім ён быў першапачаткова ўзведзены.” – так каментавала правядзенне работ загадчыца сектара культуры Клімавіцкага райвыканкама Наталля Герасімава.
Якія менавіта “элементы драўлянага дойлідства” былі захаваныя падчас рэканструкцыі – незразумела. Па фотаздымках аб’екта можна пабачыць, што ўсе дэталі аздаблення зробленыя занава. Аконныя і дзвярныя блокі, падваконнікі, вітражныя вокны, поручні, разьба – усё гэта рэплікі, зробленыя спецыялістамі бабруйскай мэблевай фабрыкі “ФанДОК”, піша выданне bobr.by.
Можна заўважыць, што работа над будынкам былой сядзібы Мяшчэрскіх у Клімавічах яшчэ не завершаная. Так, яшчэ адсутнічаюць элементы дэкора на франтоне.
Дапоўнена: Аўтар тэлеграм-канала “Спадчына” ўжо назваў вынікі рэканструкцыі “пазорышчам”, звяртаючы ўвагу на халтурную работу з дахам. “Першае што кідаецца ў вочы – не змаглі паўтарыць глыбіню акон, іх уставілі прама ў зруб, пры тым што звычайна аконная каробка выступае вонкі зруба, а перапад закрываецца шалёўкай. – адзначае аўтар – А пасля пабачыў як зрабілі дах і проста падох.Ттэхналогіі продкаў мінулага стагоддзя беззваротна страчаны. “.
21 верасня ў палацы ў Жылічах прайшоў другі «Вераснеўскі фэст». Падзея сабрала каля 300 танцораў з розных гарадоў Беларусі. У праграме былі бальныя танцы ў палацавых залах, канцэрты і майстар-класы па танцах, а таксама кірмаш, катанне на конях і дзіцячыя забавы ў парку. Падзея скончылася гала-канцэртам з удзелам салістаў Мінскага опернага тэатра.