Расліна-паразіт пачала трывожыць жыхароў Магілёўшчыны, але стоп – яна ў Чырвонай кнізе

Амяла пакуль амаль не сустракаецца ў Магілёўскім рэгіёне, але з паступовым пацяпленнем клімата яна становіцца ўсё бліжэй.

Continue reading “Расліна-паразіт пачала трывожыць жыхароў Магілёўшчыны, але стоп – яна ў Чырвонай кнізе”

Па цэнтры Магілёва бегала казуля – відэа

Проста ў цэнтры горада Магілёва мінакі заснялі дзікую казу. Жывёла грацыёзна пранеслася па схіле гары, на якой размешчана плошча Арджанікідзэ, праскочыла лесвіцу Падмікольскага парка і знікла ў хмызах у накірунку рэчкі Дзебры.

Варта адзначыць, што пойма Дняпра на працягу ўсёй працягласці ракі ў Магілёве з’яўляецца натуральным зялёным калідорам для дзікіх жывёл. Захаваць гэты некрануты ўчастак горада неаднаразова заклікалі грамадскія актывісты.

У прытулку пад Асіповічамі ратуюць лебедзяў – адзін умерз у лёд, у другога адмовілі лапы

Трох лебедзяў з-пад Мінска перавезлі на лячэнне ў прыватны прытулак у Асіповіцкім раёне. Пра двух хворых лебедзяў на водасховішчы Дразды паведамілі мясцовыя жыхары. Калі выратавальнікі вызвалілі іх з ледзянога палону, аказалася, што ў аднаго пашкоджана шыя, а ў другога не дзейнічаюць лапы. Прычыну таго, што лебедзі не паляцелі ў вырай, спецыялісты звязваюць з чалавечым фактарам. Мінакі часта кормяць лебедзяў хлебам, з-за чаго птушкі тлусцеюць і не могуць падняцца ў паветра. 

Яшчэ аднаго лебедзя ў крытычным стане заўважылі на вадасховішчы каля санаторыя “Беларусачка”. Ён умёрз у лёд і так аслабеў, што не мог рухацца. Для выратавання выкарыстоўвалася судна “Марс” на паветранай падушцы. Спецыялісты выратавальнай станцыі разбівалі лёд вакол птушкі, а потым за ёй у ваду спускаўся вадалаз – расказвае газета “Асіповіцкі край”. У страваводзе лебедзя знайшлі рыбалоўны кручок з грузікам.

Усіх трох выратаваных лебедзяў адвезлі ў прыватны прытулак пад Асіповічамі, які спецыялізуецца на дапамозе птушкам. Тут лебедзяў выходжваюць. Першага пацярпелага з вадасховішча Дразды туды даставілі яшчэ ў 2021 годзе – у яго было некалькі пераломаў шыі.

Фота: БелТА

Зона радыяцыйнага забруджвання ў Беларусі пасля аварыі на ЧАЭС скарацілася ў два разы – Мінпрыроды

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС чвэрць тэрыторыі Беларусі – 25% усіх зямель былі забруджаныя радыяцыяй. Цяпер жа колькасць забруджаных тэрыторый складае 12,5% ад агульнай плошчы краіны, што роўна напалову менш. Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Мінпрыроды Таццяна Кананчук.

Паводле слоў Кананчук, падрыхтавана новая праграма, у якой “радыяцыйнаму маніторынгу будзе ўдзелена асаблівая ўвага, тым больш у галіне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння праграмнага забеспячэння і доследных узораў… Гэта будзе дастаткова сур’ёзны крок у развіцці розных відаў маніторынгу, у тым ліку і радыяцыйнага”.

Фота: realt.onliner.by

Баравікоў і лісічак стане менш? Змены ў клімаце памяняюць густы грыбнікоў, кажуць кліматолагі

У бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў грыбнікі, верагодна, будуць вымушаны цягнуцца да іншых відаў грыбоў, якія сужываюцца з дрэвамі, якія заменяць хвою. Напрыклад, гэта будзе чырвонагаловік сеткавы, які сустракаецца пад букамі, дубамі і грабамі – мяркуе доктар Марта Куяўска з Інстытута дэндралогіі Акадэміі Навук Польшчы.

Паступовае павелічэнне тэмператур у доўгатэрміновай перспектыве павінна будзе адбіцца на зменах у лясной зоне Усходняй Еўропы. Замест хваёвых дрэваў будуць больш распаўсюджвацца ліставыя лясы, аж да паяўлення на Беларусі граба і бука. Заходнія рэгіёны нашай краіны зблізяцца па сваім клімаце з суседнімі рэгіёнамі Польшчы і Украіны. Падобны на украінскі клімат можна чакаць і на Падняпроўі – мяркуюць кліматолагі.

Марта Куяўска, сцвярджае, што ў нашым рэгіёне незайздросны лёс чакае лісічкі і баравікі. Пры гэтым, паводле даследаванняў, агульная колькасць грыбоў у лясах Усходняй Еўропы можа павялічыцца.

Развіццё пладовых цел лясных ядомых грыбоў у 2016-2100 гадах, верагодна, вырасце на 23-93 працэнты ў параўнанні з мінулым перыядам. Гэта адбудзецца, у асноўным, з-за падаўжэння сезона плоданашэння, павелічэння колькасці ападкаў у яго пачатку і больш высокіх тэмператур у канцы. Простымі словамі, лета стане даўжэй, а дажджы будуць больш багатыя, што дасць грыбам больш часу на размнажэнне.


Але ад пацяплення ў першую чаргу, пацерпяць яловыя лясы. Змяненне клімату азначае, што лясы з хвоі, елкі будуць скарачацца. Бярозавыя таксама не будуць актыўна расці. Затое ў новым, цяплейшым клімаце мы часцей будзем сустракаць дубы.


Папулярныя лісічкі і падбярозавікі, а таксама маслякі, якія ў асноўным асацыююцца з дрэвамі сямейства сасновых, верагодна, будуць станавіцца ўсё больш рэдкімі. Таксама ўраджаі аднаго з самых высакародных грыбоў – баравікоў – могуць скараціцца з-за яго вялікай залежнасці ад іглічных лясоў.

Для таго, каб зразумець, якія грыбы будуць у сярэдзіне і канцы стагоддзя царамі беларускіх лясоў, трэба паглядзець на тыя віды, што любяць ліставыя лясы, а яшчэ лугі і стэпы.

У такіх месцах, лёгка сустрэць усе разнавіднасці сыраежак – сіне-жоўтую, зялёную, харчовую, прыгожую, ломкую. А яшчэ хвалюшку ружовую і белую, грыбы-парасоны, грузды, радоўкі і гаварушкі. Ну і апенькі.

радоўка

А з грыбоў, якія растуць на адкрытых лугах і палях, найбольш вядомыя шампіньёны. Іх зараз можна сустрэць на агародах, паблізу стайняў, на месцах выпасу жывёлы. І іх колькасць будзе толькі расці – піша Telegraf.

Фота з адкрытых крыніц

Глабальнае пацяпленне выйшла з-пад кантролю – ААН

Свет пабачыў самы гарачы тыдзень за ўсю гісторыю метэаралічных назіранняў.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заявіў, што «змены клімату выйшлі з-пад кантролю», паколькі неафіцыйны аналіз дадзеных паказаў, што сярэднія сусветныя тэмпературы за сем дзён да мінулай серады былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіранняў – піша The Guardian.

«Я думаю, што мы рухаемся да катастрафічнай сітуацыі, як дэманструюць два апошнія тэмпературныя рэкорды» – сказаў Антоніу Гутэрыш, маючы на ​​ўвазе сусветныя тэмпературныя рэкорды, пабітыя ў панядзелак і аўторак.

Сярэдняя глабальная – па ўсім свеце – тэмпература паветра ў аўторак склала 17,18 градусаў па Цэльсію, перасягнуўшы 17,01, адзначаныя ў панядзелак.

«Хутчэй за ўсё, ліпень будзе самым цёплым за ўвесь час, а разам з ім і самым гарачым месяцам за ўвесь час… «за ўвесь час», гэта значыць з часоў Ээмія [міжледавіковага перыяду], які адбыўся каля 120 000 гадоў таму» – сказаў доктар Карстэн Хаўштэйн, навуковы супрацоўнік у галіне атмасфернай радыяцыі ў Лейпцыгскім універсітэце.

Самыя розныя часткі свету перажываюць хвалі спякоты, і ў чацвер служба маніторынгу клімату ЕС заявіла, што ў мінулым месяцы ў свеце быў самы гарачы чэрвень за ўсю гісторыю.

Выключна мяккая зіма ў Антарктыцы найбольш спрыяла рэкордам цяпла на гэтым тыдні. Тэмпература некаторых частак кантынента і блізкага акіяна была на 10-20 градусаў вышэй, чым у сярэднім з 1979 па 2000 год.

«На гэтым тыдні тэмпература над акіянам і асабліва вакол Антарктыкі была незвычайнай, таму што франты ветру над Паўднёвым акіянам моцна штурхаюць цёплае паветра глыбей на поўдзень» – сказаў Рагу Муртугудэ, прафесар навукі аб атмасферы, акіяне і зямных сістэмах з Універсітэта Мэрыленда. 

Фота: BBC

Што будзе з астраўнымі дзяржавамі, калі іх цалкам паглыне акіян з-за глабальнага пацяплення?

Тэрыторыя такой дзяржавы як Тувалу падымаецца над узроўнем акіяна ўсяго на 2 метры. Калі гіганцкі ляднік Туэйтс у Антарктыдзе абрынецца ў ваду, то адно толькі гэта прывядзе да павышэння ўзроўню сусветнага акіяна на 1,5 метры.

Канечне, гэты працэс зацягнецца на дзесяцігоддзі, і па меркаванні даследчыкаў, наўрадці да пачаткку ХХІІ стагоддзя Тувалу цалкам знікне пад марскімі хвалямі. Але ўжо цяпер Форум Ціхаакіянскіх астравоў праводзіць кансультацыі, каб вызначыцца з асноўнымі выклікамі для малых астраўных дзяржаў і спосабамі абароны правоў свах грамадзян – паведамляе Guardian.

Малыя астраўныя дзяржавы складаюць каля 25% ад агульнай колькасці краін. Пры гэтым на іх прыходзіцца ўсяго 1% вуглекіслых выкідаў у свеце, з-за якіх яшчэ мінімум цэлае стагоддзе будзе адбывацца пад’ём узроўню сусветнага акіяна. Што чакае гэтыя краіны ў будучыні, калі іх народы проста згубяць сваю тэрыторыю? 

На дадзены момант вызначэнне дзяржаўнасці ў адпаведнасці з міжнародным правам знайшло сваё адлюстраванне ў Канвенцыі Мантэвідэа, якая ўстанаўлівае чатыры крытэры: фізічная тэрыторыя, насельніцтва, урад і здольнасць уступаць у адносіны з іншымі краінамі. 

– Калі мы прымаем гэтае вызначэнне, то Тувалу магло б страціць свой статус дзяржавы, калі згубіць сваю фізічную тэрыторыю. Або мы будзем вымушаныя пераехаць у іншае месца. – пракаментаваў сітуацыю міністр замежных спраў Тувалу Сайман Кофе – Такім чынам, мы проста ўяўляем сабе гэты найгоршы сцэнар – калі да гэтага ўсё ж дойдзе, мы хацелі б, каб свет працягваў прызнаваць нашу дзяржаўнасць як пастаянную.

Сваю заяву на форуме COP26 Сайман Кофе рабіў стоячы па калена ў вадзе

На канферэнцыі па гэтай тэме на Фіджы ў гэтым годзе прэм’ер- міністр Астравоў Кука Марк Браўн сфармуляваў шэраг экзістэнцыяльных пытанняў: 

– Што стане з нашым суверэнітэтам, калі нашы берагі раз’ядаюцца павышэннем узроўню мора? Што будзе з нашымі асноўнымі правамі і свабодамі, гарантаванымі нашымі канстытуцыямі і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека? Як мы можам рэалізаваць наша агульнае бачанне, калі сам наш статус «дзяржавы» пастаўлены пад сумнеў? Як мы можам выканаць свой абавязак перад нашымі народамі, калі ў іх забіраюць дамы і сродкі да існавання? Гэтыя пытанні складаныя, але рэальныя. Яны патрабуюць рашэнняў.

Тувалу і іншыя астраўныя дзяржавы нядаўна пачалі ўмацоўваць некаторыя свае берагавыя лініі бетоннымі бар’ерамі супраць паводак, але гэта толькі частковая абарона, якая з цягам часу слабее і заўсёды будзе ўразлівай да цунамі або іншых буйных паводак, а таксама ад уздымаў грунтавых вод.

Сутыкнуўшыся з гэтымі пагрозамі цэласнасці нацыі, Форум ціхаакіянскіх астравоў заклікаў да міжнародных гарантый існуючых марскіх зон – і рэсурсаў у іх – нават калі сухапутная тэрыторыя размываецца.

Выгляд са спадарожніка атола Фунафуці, на якім знаходзіцца сталіца астраўной дзяржавы Тувалу. Фота: Universal Images Group North America LLC/Alamy

На сённяшні час некалькі краін свету ўзялі на сябе абавязацельства прызнаваць дзяржаўнасць астраўных краін нягледзячы на стан іх берагавой лініі, гэта Венесуэла, Багамы, Сент-Кітс, Сент-Люсія, Вануату, Ніуэ, Палаў, Габон і Тайвань. Тувалу таксама абмяркоўвае гэтае пытанне з вялікімі суседзямі, такімі як Новая Зеландыя і Аўстралія.

Тувалу таксама адлічбоўвае свой урад, каб палегчыць перамяшчэнне грамадзян і інстытуцый, у той час як навукоўцы-правазнаўцы разглядаюць пытанне аб тым, ці можна захаваць дзяржаўнасць шляхам арэнды зямлі ў іншай краіне.

Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, ці зможа насельніцтва захаваць свае законныя правы і культурную згуртаванасць як пастаянная дыяспара. Міжнароднае права не мае спецыяльнай юрыдычнай катэгорыі для кліматычных бежанцаў або людзей, якія пацярпелі ад павышэння ўзроўню мора. Таму, могуць узнікнуць складанасці, калі людзі эвакуіруюцца ў іншую краіну, якая не дазваляе падвойнае грамадзянства або рэгістрацыю нараджэння замежных грамадзян.

Адным з рашэнняў, прапанаваных Сусветным банкам, было б аб’яднанне з іншай дзяржавай, як гэта зрабілі Занзібар і Танганьіка ў 1964 годзе, каб утварыць Танзанію.

Фота з адкрытых крыніц

Каб нагадаць пра экалогію, мастак намаляваў гіганцкую пластыкавую бутэльку ў швейрцарскім парку

Вялізарная карціна выканана ў стылі ленд-арт і выяўляе бутэльку для хатніх жывёл, якую выкінулі на траву ў парку Луі-Буржэ ў швейцарскай Лазане. 

Швейцарска-французскі мастак намаляваў гіганцкі мурал са змятай пластыкавай бутэлькай проста на траве швейцарскага парка, каб прыцягнуць увагу да забруджвання навакольнага асяроддзя.

34-гадовы творца пад мянушкай SAYPE выкарыстоўваў крэйду і вугаль для стварэння вялізнай карціны, якая па даўжыні і шырыні прыкладна роўная тром тэнісным кортам. Выява размяшчаецца ў парку Луі-Буржэ ў Лазане на беразе Жэнеўскага возера.

Гіганцкі мурал яшчэ будзе дадаткова пафарбаваны, што можа заняць у мастака шмат часу ад двух да трох тыдняў – паведамляе інфармацыйнае агенства Reuters.  

Фото Reuters

Экстранная акцыя – міністэрства прыроды заклікае беларусаў паліваць дрэвы

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб’явіла экстраную акцыю “Палівай дрэва – захавай яму жыццё!” –  гаворыцца на афіцыйным сайце ведамства.

З прычыны працяглай адсутнасці ападкаў на тэрыторыі краіны пад пагрозай высыхання аказаліся дрэвы і хмызы, высаджаныя вясной гэтага года, а таксама ў папярэднія гады. Без дапамогі чалавека большасць маладых дрэў і кустоў асуджаныя на хуткую гібель.

Фота ілюстрацыйнае

Маніторынг выявіў забруджанасць паветра ў Магілёве на працягу некалькіх дзён запар

Аналіз стану атмасфернага паветра ў гарадах Беларусі дэманструе стабільна высокія паказчыкі забруджанасці ў Магілёве – паведаляе Белгідрамет. Так, па стане з 30 мая да 2 чэрвеня станцыя фонавага маніторынга паветра, размешчаная на завулку Крупскай у Магілёве, паказвала перавышэнне норм па ўзроўні забруджанасці ў 1,1 – 1,5 разоў. 

Горш чым у Магілёве абстаноўка з чысцінёй паветра складалася на працягу мінулага тыдня толькі ў Брэсце.

Фота: mogilev.media, графіка: Белгідрамет