Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын. Нарадзіліся літаратар В. Маракоў, гісторык П. Урбан.

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.

Дзень у гісторыі. 23 сакавіка. Дзень метэаролага. Нараджэнне выраза “О.К.” Другі З’езд БНФ. У Самалі збіты беларускі Іл-76.

Сусветны метэаралагічны дзень (World Meteorological Day, з 1950 года). Дзень працаўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі.

Метэаралогія – навука аб будове і ўласцівасцях зямной атмасферы, фізічных працэсах у ёй.

Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) бярэ свой пачатак ад Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі, якая была створана ў 1873 годзе. У 1951 годзе СМА стала спецыялізаванай установай ААН у галіне метэаралогіі (надвор’е і клімат), аператыўнай гідралогіі і сумежных геафізічных навук.

Асноўны напрамак дзейнасці СМА – аказанне краінам падтрымкі ў прадастаўленні метэаралагічных і гідралагічных паслуг.

Сусветны метэаралагічны дзень праводзіцца з мэтай павышэння дасведчанасці шырокай грамадскасці аб магчымых наступствах змены клімату. Бо сёння хуткая змена клімату – адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем, з якімі сутыкаецца чалавецтва.

Дзень нараджэння выраза “O.K.” – “о’кей”.

ОК упершыню з’явіўся 23 сакавіка 1839 года на старонках газеты “Бостан монінг пост”. Гэта быў час, калі амерыканцы захапляліся абрэвіятурамі і скарачалі ўсё што можна. Сэнсам жарту была насмешка над непісьменнасцю аматараў скарачэнняў.

Словы “all correct” ператварыліся ў ОК, бо людзі часта пісалі “oll korrect”.

Газетай былі дапушчаны адразу дзве наўмысным арфаграфічныя памылкі. Такім чынам, правільным было б утварыць ангельскую абрэвіятуру “А.С.”, адпаведна, у беларускай транскрыпцыі – “эй сі”.

1662 год. Памёр Адам Саковіч.

Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, з роду герба Корвін. Падваявода віленскі, староста ашмянскi, ваявода смаленскі (1658-1662). Маршалак Трыбунала ВКЛ.

Удзельнік вайны 1654-1667 гадоў, быў паручнікам у гусарскай харугве Вінцэнта Гасеўскага. Адзін з героеў у рамане Г. Сянкевіча «Патоп».

Фота. Герб Корвін.

1895 год. Нарадзіўся Васіль Сташэўскі.

Беларускі драматург, перакладчык, празаік.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Удзельнічаў у Першай сусветнай, польска-савецкай вайне, настаўнічаў, працаваў сакратаром Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчыкам  Менскага павятовага аддзела народнай асветы, адказным сакратаром аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газеце «Савецкая Беларусь».

Аўтар больш чым 20 п’ес, некаторыя з якіх ставіліся ў тэатрах, 5 кніг нарысаў, перакладаў на  беларускую мову творы І. Мікітэнкі, М. Ірчана, А. Афінагенава, А. Карнейчука, І. Качаргі, І. Ле, І. Сенчанкі і іншых.

Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, расстраляны 29 лістапада 1937 года.

1903 год. У Віцебску нарадзілася Алена Кабішчар-Якерсон (1903-1990).

Савецкі жывапісец і графік.

Вучылася ў мастацкай студыі Ю. Пэна, Віцебскім мастацкім вучылішчы, у Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве.

Працавала ў Дзяржаўным Цэнтральным музеі народазнаўства, фальклорным кабінеце Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у Маскоўскім аддзяленні Мастацкага фонду СССР.

Выконвала скульптурныя, жывапісныя і манекенавыя працы для розных устаноў.

Будынак Віцебскага народнага мастацкага вучылішча

1906 год.  У г. Чэрыкаве нарадзіўся Ісак Любан.

Беларускі кампазітар, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Мастацкі кіраўнік Беларускага радыё (1928–1936), Ансамбля песні і танца Беларускай філармоніі (1937–1941), старшыня Саюза кампазітараў БССР.  Сталінская прэмія за музыку да спектакля «Несцерка».

У пасляваенны час працаваў у Маскве: мастацкі кіраўнік Ансамбля песні і танца Цэнтральнага Дома культуры чыгуначнікаў.

Складальнік зборніку «Беларускія народныя і рэвалюцыйныя песні для харавога і сольнага выканання» (1938).

Аўтар шматлікіх музычных твораў – сюіт, музыкі для сімфанічнага аркестра, для салістаў, хору і аркестра народных інструментаў, п’ес, песен, у тым ліку на словы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, К. Крапівы, М. Рудэрмана, А. Астрэйкі, А. Сафронава, Л. Ашаніна, А. Жарава,  Я. Далматоўскага, А. Бачылы,  М. Андронава,  М. Лужаніна, А. Русака (у тым ліку «Бывайце здаровы»), музыкі да драматычных спектакляў, да фільмаў, у тым ліку «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

У 1942 годзе, калі знаходзіўся пасля ранення ў шпіталі, напісаў музыку да песні «Наш тост». Яе выконвала народная артыстка СССР Л. Александроўская і з той пары «Наш тост» уключылі ў свой рэпертуар шматлікія вядомыя артысты і франтавыя ансамблі.

Памёр 7 лістапада 1975 года.

1948 год. Нарадзіўся Генадзь Пашкоў.

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

Скончыў БДУ. Пацаваў на Беларускім радыё, у часопісах «Полымя», «Тэатральная Беларусь», у «Цэнтральнай газеце»,  у апараце ЦК КПБ, дырэктарам (1996–2008) выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі, першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар 9 зборнікаў  паэзіі, 3 зборнікаў паэзіі для дзяцей, 2 кніг нарысаў, суаўтар  дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так…». 

Пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена выданне шматлікіх энцыклапедый, у тым ліку 18-томная “Беларуская энцыклапедыя”, 2-х томная “Энцыклапедыя ВКЛ”.

1942 год. Памёр у ГУЛАГу Антон Луцкевіч (1884–1942).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, навуковец, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

У снежні 1919 – лютым 1920 года старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Грамадска-палітычны дзеяч ў Заходняй Беларусі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1927, 1928 гадах, абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай выведкай.

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні, перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў.

Памёр у лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

1942 год. Загінуў у ГУЛАГу Сяргей Ракіта (Законнікаў, 1909–1942).

У 1920-я гады быў камсамольскім актывістам, працаваў у гомельскай абласной газеце «Палеская праўда», у рэдакцыях мінскіх газет, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Аўтар допісаў у аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях», нарысаў, вершаў, двух зборнікаў паэзіі.

1978 год. Пайшоў з жыцця Рыгор Шырма (1892–1978).

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Дзеяч беларускага культурнага і палітычнага руху ў Заходняй Беларусі, арганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939–1970).

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі М. Васілька, М. Танка, С. Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў А. Салагуба і В.Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме. У час нападу Германіі на СССР калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль паехалі на Каўказ, а пасля ў Краснаярск. Тут ён быў арыштаваны НКУС і сядзеў у турме да сакавіка 1942 года. Пасля перавезены на Лубянку, дзе допыты ладзіліся да жніўня. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа перад П. Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан.

Ён прыцягнуў да мастацкай апрацоўкі народных песень беларускіх кампазітараў М. Аладава, А. Багатырова, Я. Цікоцкага, П. Падкавырава, Р. Пукста, У. Алоўнікава і шматлікіх іншых.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964). Па ўспамінах Зянона Пазняка, у сярэдзіне 1970-х Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1990 год. Заснаванне Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі ў Мінску.

Музей мае 10 экспазіцыйных і адну выставачную залу, два філіялы: «Музей гісторыі беларускага кіно» і «Гасцёўня Уладзіслава Галубка».

Спачатку музей змяшчаўся ў будынку па  вуліцы Старавіленская (сёння там знаходзіцца «Гасцёўня Уладзіслава Галубка»). У 2001 годзе пераехаў ў адрэстаўраваны будынак, так званы «Дом масонаў», у Музычным завулку.

Музей ладзіць лялечны спектакль у батлейцы, музычныя вечарыны.

1991 год. У Мінску пачаўся II з’езд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (23-24 сакавіка).

У палітычным спавешчанні, з якім выступіў З. Пазняк, было падкрэслена, што савецкая імперыя вычарпала свае рэсурсы, і альтэрнатывы незалежнасці няма. Камуністычны рэжым не паддаецца рэфармаванню, таму рух за два гады прайшоў шлях ад спадзяванняў на супрацоўніцтва з «лепшымі сіламі КПСС» да прынцыповага антыкамунізму. 

Праца БНФ мусіць скіроўвацца на інтэграцыю грамадства рэспублікі, на адраджэнне нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці.

Базай для дэмакратыі з’яўляецца прыватная ўласнасць, культурны, свядомы і свабодны чалавек. З’езд прыняў Праграмную заяву «Свабода – Незалежнасць – Адраджэнне». 3 назвы руху скасаваныя словы «за перабудову». Падкрэслена, што праз здабыццё суверэнітэту рэспубліка зможа вярнуцца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, аднавіць маральныя, культурныя і сацыяльныя каштоўнасці.

Дэкларавана, што БНФ застаецца шырокім грамадска-палітычным рухам, што апора БНФ – мільён жыхароў рэспублікі, якія адказалі на пытанне рэферэндуму па захаванню СССР «не».

Вызначаны статус сяброў і прыхільнікаў БНФ. У БНФ арганізацыйна ўвайшлі Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Ліга жанчын Беларусі, Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт беларускамоўных класаў.

Старшынёй БНФ быў выбраны З. Пазняк, яго намеснікамі – В. Голубеў, У. Заблоцкі, Ю. Хадыка.

Мітынг БНФ супраць эканамічнай палітыкі савецкай улады. Мінск, красавік 1991

2007 год. У Самалі збіты самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт». 

Загінулі 11 лётчыкаў і авіятэхнікаў, якія дэмантавалі авіяцыйнае абсталяванне Іл-76, абстралянага 9 сакавіка.

9 сакавіка іншы Іл-76, які перавозіў два БТР з Уганды ў Самалі, пры заходзе на пасадку ў Магадзіша, быў абстраляны з перанаснога зенітна-ракетнага комплекса. На борце паўстаў моцны пажар, аднак пілотам удалося пасадзіць самалёт і пазбегнуць ахвяр. Самалёт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні.

Борт, якi пацярпеў крушэнне 23 сакавіка, перавозіў абсталяванне, дэмантаванае з пацярпелага 9 сакавіка самалёта.

Самалійскія ўлады заявілі, што аварыя адбылася ў выніку няшчаснага выпадку, адмаўляючы iнфармацыю аб атацы з боку радыкалаў.

З красавіка 2007 года Федэральнае авіяцыйнае ўпраўленне ЗША забараніла амерыканскiм авіякампаніям лятаць над самалійскай паветранай прасторай ніжэй за 7900 м, з-за магчымай пагрозы з боку гранатамётаў і зенітна-ракетных комплексаў.

Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Дзень у гісторыі. 13 сакавіка. Памёр Аляксандр Македонскі. “Дзядзечка Сэм”. Першае ўзбуйненне БССР. Пачатак татальнай русіфікацыі. Сель у Кіеве. Вынайдзены www. Фінал Варшаўскага Дагавора

323 да н.э. Памёр  Аляксандр Македонскі (356 год да н.э. – 323 год да н.э.).

Цар македонскі, адзін з найвядомейшых военачальнікаў і заваёўнікаў антычнасці.

Створаная ім у выніку ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад Дуная да Інду. Пасля смерці Аляксандра яна хутка развалілася і на яе тэрыторыі ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.

Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу. Сярод іх асаблівым захапленнем карыстаўся раман «Александрыя», які быў вельмі папулярны і на нашых землях, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у тым ліку і Ф. Скарына. Пры гэтым беларускі першадрукар рэкамендаваў чытаць не «Александрыю», а біблейскую кнігу Макавеяў, дзе ўзгадваецца Аляксандр.

У ВКЛ былі вядомы розныя варыянты «Александрыі» – і пераклад з лацінскай мовы, які нёс адбітак еўрапейскага рыцарскага раману, і пераклад з грэчаскай мовы, захаваны ў Візантыі. Некаторыя сюжэты з жыцця Аляксандра трапілі ў беларускія народныя казкі і ў рэпертуар батлейкі.

1852 год. Нью-Ёркская газета “NY Lantern Weekly” апублікавала першую выяву дзядзечкі Сэма. 

Аднак папулярнай гэтая графічная выява стала ў 1860–1870-х гадах, калі дзядзю Сэма стаў адлюстроўваць карыкатурыст Томас Наст.

“Дзядзечка Сэм” стаў абазначэннем персаніфікаванай выявы ЗША і яго ўрада, быў упершыню згаданы ў амерыканскай прэсе на старонках штотыднёвіка “The Troy Post” горада Троя штата Нью-Ёрк у артыкуле аб вайне ЗША з Англіяй 7 верасня 1813 года.

Менавіта ў выкананні мастака Т. Наста Дзядзечка Сэм здабыў белую бараду і гарнітур, упрыгожаны палоскамі і зоркамі. Лічыцца, што выраз “Дзядзечкаа Сэм” – гэта жартаўлівая расшыфроўка скарочанай назвы краіны: Uncle SАm – USА.

Існуе версія, што выраз увайшоў ва ўжыванне ў 1812 годзе як вытворнае ад імя мясніка з Троі. Сэм Уілсан пастаўляў мяса ў амерыканскае войска ў скрынках з надпісам U.S., што азначала скарочаную назву краіны. Гэтыя літары супадалі з ініцыяламі Ўілсана, таму салдаты жартам пачалі казаць, што мяса да іх прыбыла ад Дзядзечкі Сэма.

1720 год. Памёр Казімір Ян Павел Сапега (1637/1642-1720).

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, князь. Чашнік, падстолі вялікі літоўскі, падскарбі дворны літоўскі, гетман польны і вялікі літоўскі, ваявода полацкі, маршалак Трыбунала ВКЛ.

Валодаў шматлікімі беларускімі гарадамі і мястэчкамі, у тым ліку Старым і Новым Быхавам.

Удзельнічаў у выправах супраць туркаў у 1673 г. (камандаваў 3 харугвамі конніцы і 1 пяхоты, набранымі за кошт Сапегаў), 1674, 1683 (камандаваў 10-тысячным войскам), 1689, 1691, 1694 гадах (нанёс паражэнне каля Днястра).

На пачатку Вялікай Паўночнай вайны (1700-1721) быў на баку шведаў, на пераломе 1709–1710 перайшоў на бок Аўгуста Моцнага, застаўся ваяводай віленскім.

Памёр у Гродна. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

1922 год. Нарадзіўся Лявон Луцкевіч.

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст. Сын прэм’ер-міністра БНР А. Луцкевіча.

У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі, далучыўся да Беларускай Краёвай Абароны.

Арыштаваны савецкай дзяржбяспекай у Польшчы ў канцы 1945 года. Рэпрэсаваны па справе кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, сасланы на Калыму.

Пасля вызвалення жыў у Вільні, дзе ў 1988 годзе стварыў беларускае культурнае таварыства, удзельнічаў у беларускім адраджэнскім руху.

Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.

Памёр 28 ліпеня 1997 года.

Браты Юрка і Лявон Луцкевічы.

1924 год. Рэзалюцыяй VI Усебеларускага надзвычайнага з’езда Саветаў БССР і згодна з пастановай ЦВК РСФСР ад 3 сакавіка 1924 года, адбылося «першае ўзбуйненне» БССР.

У склад Беларусі былі вернуты шэраг паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, якія была прыхапіла РСФСР у 1919 годзе, у тым ліку Аршанскі, Быхаўскі, Горацкі, Калінінскі (Клімавіцкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі і сам горад Магілёў. 

Тэрыторыя БССР павялічылася ўдвая, з 52,4 да 110 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек.  70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. 

Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР (да 1926 года).

1935 год. Памёр Ян Міхал Развадоўскі (1867-1935).

Польскі мовазнавец-індаеўрапеіст, этнограф, тапаніміст. Член Кракаўскай, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэмій навук.

Прафесар Ягелонскага універсітэта, прэзідэнт Польскай Акадэміі навук.

Аўтар многіх прац па агульным, індаеўрапейскім, польскім мовазнаўстве, анамастыцы, этымалогіі, у тым ліку «Адносіны польскай мовы да іншых славянскіх», «Пра з’явы і развіццё мовы», «Даследаванні назваў славянскіх рэк».

1938 год. Руская мова ўведзена як абавязковы прадмет для вывучэння ва ўсіх школах СССР. Пачатак татальнай русіфікацыі.

З 1917 года савецкія грамадзяне абавязаны былі навучыцца пісьменнасці, але ў іх было права выбару мовы навучання. Развіваліся нацыянальныя школы: пікам стаў 1932 год, калі ў савецкіх школах выкладанне вялося на 104 мовах, у тым ліку некаторых сусветных.

Пад сцягам барацьбы з «вялікадзяржаўным шавінізмам» і «буржуазным нацыяналізмам», які загароджваў, паводле фармулёўкі Н. Крупскай, доступ беднякоў да рускай мовы, выкладанне родных моў сталі скарачаць.

Савецкія ўлады адштурхоўваліся ад трох асноўных прычын для ўвядзення абавязковага вывучэння мовы – руская мова ўвасабляла адзіны сродак зносін для шматнацыянальнай краіны, “садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росту народаў”, а таксама «веды рускай мовы забяспечвалі неабходныя ўмовы для паспяховага нясення ўсімі грамадзянамі СССР вайсковай службы».

Руская мова выступала як мова-«старэйшы брат» у сям’і савецкіх народаў. Тады як родныя мовы лічыліся “вясковымі”.

1940 год. Спектаклем «Каварства і каханне» Ф. Шылера ў Гродне адкрыўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР.

З лістапада 1939 года працаваў у Беластоку, потым у 1940-1941 гадах – у Гродна.

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік А. Вянгерка (1893–1941). Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г. Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А. Фрэдры, «Пігмаліён» Б. Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ.

А. Вянгерка.

1961 год. У Кіеве здарылася самая буйная да Чарнобыля тэхнагенная катастрофа: сотні людзей былі забітыя селевым патокам з плаціны.

Па неафіцыйных толькі загінула каля 1500 чалавек.

У пачатку 1950-х гадоў у сумна вядомы Бабіны Яр вырашана было звозіць адыходы ад вытворчасці цэглы. Гэтыя адыходы змешвалі з вадой, а затым змывалі па трубах. Надзейныя здавалася б земляныя дамбы павінны былі заступаць шлях назапашанаму бруду.

А 8:45 13 сакавіка, у гадзіну пік, калі людзі ішлі на працу, дамбу прарвала. Гразевы паток, які дасягаў у вышыню 14 м, з хуткасцю да 60 км/г, рынуўся на горад, хаваючы пад сабой усё жывое. 

Ён змыў трамвайнае дэпо, некалькі вуліц, стадыён, завод, бальніцу, 80 жылых дамоў раёна Куранёўкі. З-за ўзніклых з прычыны аварыі электрычных замыканняў тут і там узнікалі ўзгаранні. 

Праз некаторы час вада, змяшаная з глінай, пачала застываць. Яшчэ нядаўна рухомы паток ператвараўся ў камень. Людзей, жыўцом пахаваных пад пластом пульпы, даводзілася літаральна выкалупваць з яе. Каўшы экскаватараў, якія ліквідавалі наступствы трагедыі, разрывалі трупы на кавалкі. Плошча каля 30 гектараў аказалася пакрытай 3-х метровым каменным пластом.

1989 год. Вынайдзена Сусветная павуціна (World Wide Web, WWW ці www), больш вядомая як Інтэрнэт.

Вынаходнік Інтэрнэту англійскі вучоны Цім Бернерс-Лі з калегамі з Еўрапейскага савета па ядзерных даследаваннях (CERN) у гэты дзень перадалі начальніку свайго аддзела дакумент, які называўся «Інфармацыйны менеджмент: некаторыя прапановы», у якім былі закладзены асноўныя прынцыпы www.

1991 год. Фармальна спынена дзейнасць Аб’яднаных узброеных сіл дзяржаў-удзельніц Варшаўскага Дагавора і іх органаў кіравання.

Варшаўскі дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж Албаніяй, Балгарыяй, Венгрыяй, ГДР, Польшчай, Румыніяй, СССР і Чэхаславакіяй быў падпісаны на Варшаўскай нарадзе 14 красавіка 1955 года. Варшаўская Дамова – ваенна-палітычны абарончы саюз еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў. Ён быў заключаны на 20 гадоў з аўтаматычным падаўжэннем на наступныя 10 гадоў для тых дзяржаў, якія не дэнансуюць Дагавор за год да заканчэння гэтага тэрміну.

Зараз усе былыя краіны Варшаўскага Дагавора, акрамя правапрыемніцы СССР – Расіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Лагічны вынік эвалюцыі.

У 1967–1976 гадах Галоўнакамандуючым Аб’яднаных узброеных сіл краін-удзельніц Варшаўскага дагавора быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюза І. Якубоўскі, а начальнікам  штаба ў 1955-1962 гадах – ураджэнец Гродна, генерал арміі, кавалер ордэна Перамогі А. Антонаў (1896-1962).

генерал арміі А. Антонаў.

Дзень у гісторыі. 11 сакавіка. Тэракт у Мадрыдзе. Віленска-Радамская унія. Вывяржэнне Этны. Аварыя на Фукусіме. Нарадзіліся паэты А. Гарун, Т. Кляшторны, акадэмік А. Мігдал, коласветчык Я. Гвоздзеў

Еўрапейскі дзень памяці ахвяр тэрарызму.

У памяць аб тэрактах у Мадрыдзе 11 сакавіка 2004 года.

За 2 дні да выбараў у іспанскі парламент у мадрыдскіх электрычках узарваліся 10 бомб. 193 чалавекі загінулі, больш за 2 000 атрымалі раненні. 

Міжнародная тэрарыстычная арганізацыя “Аль-Каіда” з дапамогай відэазапісу апавясціла свет аб тым, што гэтая акцыя, праведзеная ёю роўна праз 2,5 гады пасля падзей у ЗША 11 верасня 2001 года, з’яўляецца помстай за ўдзел іспанскіх ваенных у аперацыях ЗША ў Іраку і Афганістане. 

Тэракт паўплываў на зыход  выбараў і прымусіў іспанцаў сысці з Ірака. 

106 год. Цай Лунь атрымлівае паперу з валокнаў бамбука.

Да яго паперу ў Кітаі рабілі з пянькі, а яшчэ раней з шоўку, які выраблялі з сапсаваных коканаў шаўкапрада. Цай Лунь раструшчыў валакно шаўкоўніцы, драўняны попел, анучы і пяньку. Усё гэта ён змяшаў з вадой і атрыманую масу выклаў на форму – драўляную раму і сіта з бамбука. Пасля сушкі на сонцы, ён гэтую масу разгладзіў з дапамогай камянёў. У выніку атрымаліся трывалыя аркушы паперы.

Пасля вынаходства Цай Луня, працэс вытворчасці паперы стаў хутка ўдасканальвацца. Сталі дадаваць для падвышэння трываласці крухмал, клей, натуральныя фарбавальнікі.

1401 год.  У Радаме каронная рада зацвердзіла  Віленска-Радамскую унію.

Перамовы па Уніі пачаліся ў снежні 1400 года ў Гродна. Унія была падпісаная ў трох асобніках: першы акт падпісаны Ягайлам, другі Вітаўтам і літоўскай шляхтай 18 студзеня 1401 года ў Вільні. Віленскую дамову пацвердзілі ў Радаме.

Унія ў пэўнай ступені зняла спрэчкі паміж Ягайлам і Вітаўтам за ўладу. 

Ва ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавала кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. 

У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Войцех Герсан. Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы

1669 год. Пачалося вывяржэнне вулкана Этна на італьянскай Сіцыліі. Працягвалася да ліпеня.

Рэкі расплаўленай лавы пахавалі 50 гарадоў, загінула ад 20 да 100 тысяч чалавек.

Мясцовыя жыхары называюць вулкан  «Монгібела» –  «Гара гор». Этна сапраўды ўзрушае сваімі памерамі: плошча 120 квадратных кіламетраў, а акружнасць вулкана складае 200 кіламетраў.

Пры вывяржэнні ў 1964 годзе Этна вырасла яшчэ на 50 м і зараз яе вышыня складае 3350 м. Масіў налічвае 270 кратараў, і лава выплюхваецца з расколін глыбінёй у адзін кіламетр. Гэтаму вулкану належыць першынство па колькасці вядомых чалавеку вывяржэнняў. З часоў хрысціянскага летазлічэння адбылося 150 магутных вывяржэнняў Этны.

1827 год. Нарадзіўся Каятан Крашэўскі.

Ураджэнец Беларусі, польскі пісьменнік, кампазітар, астраном-аматар. Брат пісьменніка Ю. Крашэўскага.

Скончыў Свіслацкую гімназію.

Аўтар гістарычных аповесцей, абразкоў і мемуараў, падзеі якіх адбываюцца пераважна на Беларусі, а таксама камедый, вершаў, гавэндаў.

Пісаў музыку: канцэрты, санаты, мініяцюры для фартэпіяна.

Меў бібліятэку з 10 000 тамоў, у тым ліку зборы Сапегаў. Заснавальнік прыватнай астранамічнай абсерваторыі.

Памёр 1 ліпеня 1896 года.

1872 год. Памёр Плацыд Янкоўскі (1810-1872).

Беларускі пісьменнік і перакладчык, публіцыст, уніяцкі і праваслаўны святар.

Валодаў 10 мовамі. З сялянамі размаўляў на беларускай мове. 

Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак, краязнаўчых, біяграфічных нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў больш дзесяці кніг прозы на польскай мове. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэкспіра, Гётэ і іншых. 

У «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях» з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.

У 2006 годзе ў Беларусі ўпершыню выдадзены яго «Записки сельского священника», дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця.

1887 год. Нарадзіўся Алесь Гарун (Прушынскі).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года, сустваральнік БНР, рэдактар газеты «Беларускі шлях», адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай арміі.

У 1907 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць, асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працаваў у Іркуцкай губерні, на баржы на рацэ Лене, на залатых прыісках у Якуціі.

Публікаваўся ў газеце «Наша ніва». Аўтар  вершаў, паэм, паэтычных водгукаў на вершы сучаснікаў, зборніка «Матчын дар», які з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў ХХ стагоддзя.

У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.

Памёр у Кракаве па дарозе на курорт Закапанэ 28 ліпеня 1920 года.

1899 год. Нарадзілася Вольга Галіна (па  мужу Александроўская, дзявочае Грудзінская).

Беларуская актрыса. Народная артыстка.

У 1923-1962 гадах служыла актрысай ў купалаўскім тэатры, пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Е. Міровіча. У 1948-1963 гадах выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Іграла ў пастаноўках па творах І. Папова, А. Астроўскага, М. Горкага, А. Чэхава, Я. Рамановіча, Лопэ дэ Вэга, У. Шэкспіра, Л. Талстога і іншых.

Выступала ў перыядычным друку з успамінамі пра дзеячаў беларускага тэатра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-разважаннямі пра сутнасць акцёрскага майстэрства.

Памерла 4 снежня 1980 года.

1903 год. Нарадзіўся Тодар Кляшторны.

Беларускі паэт.

Працаваў на радыё, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП.

Выдаў 5 зборнікаў паэзіі, многіх паэм. Аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофска-медытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў, твораў публіцыстычнай скіраванасці, баек, пародый, эпіграм, апавяданняў.

Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» К. Ванека, асобных твораў П.  Тычыны, В.  Брусава, І. Харыка, А. Кутатэлі, М. Асеева, У. Маякоўскага і іншых.

Яго творы перакладаліся на літоўскую, рускую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і М.Равенскі напісалі песні.

Арыштаваны НКУС у лістападзе 1936 года, асуджаны 29 кастрычніка 1937 года да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў тую ж ноч.

Імя паэта носіць вуліца ў в. Камень на Лепельшчыне. У вясковым Доме культуры дзейнічае бібліятэка-музей Т.  Кляшторнага.

1911 год. Нарадзіўся Леў Гарошка.

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. 

Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікабрытаніі. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопіса «Божым шляхам». Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.

Памёр 28 ліпеня 1977 года ў шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Святога Панкрата ў Лондане.

Яго багаты архіў захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. На думку гісторыка С. Абламейкі, спадчына Льва Гарошкі “змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне”.

1911 год. У г. Ліда нарадзіўся Аркадзь Мігдал.

Савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР.

Вучыўся у Ленінградскім ўніверсітэце, адкуль яго выгналі ў 1931 годзе за «непралетарскае паходжанне». У 1933 годзе быў арыштаваны, сядзеў у вязьніцы.

З канца 1930-х гадоў вывучаў праблемы ўзаемадзеяння нейтронаў з атамамі. У выніку ім быў развіты арыгінальны метад «устрэсвання», які прынёс аўтару заслужаную вядомасць.

Працаваў у Інстытуце фізічных праблем АН СССР, прафесарам Маскоўскага інжынерна-фізічнага інстытута, у Інстытуце атамнай энергіі, Інстытуце тэарытычнай фізікі. У 1947 годзе быў апанентам на абароне кандыдацкай дысертацыі А. Сахаравым.

Заснавальнік новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў. Даследаваў праблему палярызацыі і вакууму ў моцных магнітных палях.

У навуковы ўжытак увайшлі такія азначэнні, як асаблівасць Мігдала-Кона, скачок Мігдала, канстанта Мігдала.

Памёр у ЗША 9 лютага 1991 года.

1913 год. Памёр ураджэнец Беларусі Андрэй Вількіцкі (1858-1913).

Рускі гідрограф, геадэзіст, палярны даследчык, генерал корпуса гідрографаў, начальнік Галоўнага Гідраграфічнага ўпраўлення. 

З’яўляецца адным з найбольш паважаных спецыялістаў у асяроддзі ваенных гідрографаў.

Яго імем названыя мыс, ледавік, гара і заліў на архіпелагу Новая Зямля, востраў і астравы Вількіцкага ў Карскім і астравы ва Усходне-Сібірскім морах, праліў.

У Пецярбургу ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1934 год. Нарадзіўся ў Пінску Яўген Гвоздзеў. 

Самы вядомы адзіночны коласветчык з Беларусі, падарожнік і мараплаўца.

Пасля сканчэння мараходнай вучэльні ў Астрахані, плаваў суднавым механікам на буйных рыбалавецкіх судах Каспія. Займаўся ветразным спортам. Сам будаваў свае яхты.

Як яхтсмен перасёк Каспій у адзіночных і калектыўных паходах больш за 50 разоў.

Быў у двух коласветных падарожжах (1992-1996 – першае і адзінае ў гісторыі адзіночных кругасветак плаванне на звычайным шпацырным швертбоце; 1999-2003).

У трэцяе падарожжа вакол Зямлі 74-гадовы мораплавец адправіўся з Наварасійска 19 верасня 2008 года. Перасёк Чорнае мора, Басфор, дасягнуў Італьянскага берага і 30 лістапада апошні раз выйшаў на сувязь.

10 снежня 2008 года цела нашага земляка з глыбокай ранай на галаве было знойдзена на пляжы Кастэльпарцыяна на поўдні Італіі.

1938 год. Расстраляны ў ГУЛАГу айцец Іаан (Іван Пашын, 1881-1938).

Беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923-1926), Рыльскі (1929-1933).

Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў.

Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю. Служыў у цэрквах і настаўнічаў  у царкоўна-прыходскіх школах Гомельшчыны, Міншчыны

Арыштоўваўся НКУС у 1926, 1932 гадах, высылаўся ў Сібір, Комі АССР.

Расстраляны па абвінавачванню ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных».

У 2004 годзе Сінодам БПЦ далучаны да Сабора беларускіх святых.  Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы (на фота).

1941 год. Памёр у ГУЛАГу Аляксандр Уласаў (1874-1941).

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст, рэдактар-выдавец газеты «Наша ніва», польскі сенатар.

Прыцягнуў да супрацы ў “Нашай Ніве” Я. Коласа, Я. Купалу, З. Бядулю, Ядвігіна Ш. Член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Меў багатую бібліятэку, шмат архіўных матэрыялаў пра «нашаніўскі» перыяд, нацыянальную асвету ў Заходняй Беларусі. 

Яго рукапісная спадчына зберагаецца ў Літаратурным музеі Я. Купалы, цэнтральных навуковых бібліятэках акадэмій навук Беларусі, Літвы.

Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф. Скарыны.

У верасні 1939 года вітаў далучэнне Заходняй Беларусі да БССР, выказваўся за адкрыццё беларускай школы ў Радашковічах, а праз месяц арыштаваны НКУС, утрымліваўся ў вілейскай турме. 

У лістападзе 1940 года асуджаны на 5 гадоў зняволення ў сібірскіх лагерах.

1996 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Леанід Марчанка (1941-1996).

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнікам ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі –  характарыстыкі кожнай істотнай дэталі  раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

2011 год. Наймацнейшае ў гісторыі Японіі землетрасенне магнітудай 9,1.

Катаклізм выклікаў цунамі і аварыю на АЭС Фукусіма I, затапленне аэрапорта Сендай.

Тры працуючых энергаблока былі спынены дзеяннем аварыйнай абароны, усе аварыйныя сістэмы спрацавалі ў штатным рэжыме. Але,  на наступны дзень, на АЭС адбыўся выбух. Узровень радыяцыі каля станцыі перавысіў норму ў 20 разоў. Як і аварыі на Чарнобыльскай АЭС прысвоены 7, вышэйшы, узровень тэхнагеннай аварыі.

Наступнае землетрасенне на ўзбярэжжы прэфектуры Фукусіма магнітудай 7,3 адбылося праз 11 гадоў – 16 сакавіка 2022 года. Вучоныя лічаць гэты катаклізм афтэршокам землетрасення 2011 года. У выніку цунамі загінула 4 чалавека, 225 паранены.

Прычыны землетрасенняў – зрухі літасферных пліт.

У Тбілісі аднавіліся пратэсты, людзі зноў ідуць да парламента

У сталіцы Грузіі Тбілісі, як і абяцала ўранні апазіцыя, у 15:00 па мясцоваму часу пачалося шэсце пратэстоўцаў супраць закона аб «іншаагентах» – паведамляе news.pn са спасылкай на грузінскія СМІ.

У дадзены момант людзі ідуць па вуліцы да будынка парламента калонай, з расцяжкай і лозунгам “No Russian Law”.

Як вядома, 7 сакавіка ў Грузіі парламент падтрымаў у першым чытанні праект закона аб “замежных агентах”. У адказ на гэта пад будынкам грузінскага парламента сабраліся тысячы пратэстоўцаў, якія выступаюць супраць прыняцця законапраекта. Супраць іх грузінскія сілавікі прымянілі вадамёты і слёзатачывы газ, адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і паліцыяй.

Прэзідэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая зараз знаходзіцца  ў Нью-Йорку з афіцыйным візітам, падтрымала пратэстоўцаў супраць законапраекта аб «замежных агентах», заявіла, што тыя, хто сёння стаіць на праспекце Руставелі супраць закона прадстаўляюць свабодную Грузію і паабяцала накласці на яго вета, калі дакумент будзе прыняты ў парламенце рэспублікі. Яна дадала, што “закон нікому не быў патрэбны… акрамя дыктату Масквы… Сёння тыя, хто падтрымлівае гэты закон, і тыя, хто галасаваў за гэты закон, парушаюць Канстытуцыю…, адводзяць нас усіх з Еўропы». 

Паводле звестак МУС, да раніцы былі затрыманы 66 удзельнікаў акцыі, пацярпелі каля 50 праваахоўнікаў. Але ў Тбілісі палічылі, што пры разгоне дэманстрацыі, затрыманнях, паліцыя перавысіла паўнамоцтвы на акцыі. Пачатае расследаванне – паведамляе sputnik-georgia. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з ужываннем гвалту або зброі”, у Грузіі гэта караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў з пазбаўленнем права займаць пасады або займацца дзейнасцю на тэрмін да 3 гадоў.

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.

Дзень у гісторыі. 5 сакавіка. Лівонія – васал ВКЛ. Расстрэл польскіх афіцэраў. «Жалезная заслона». Нарадзіўся Кандрат Крапіва. Памерлі І. Сталін, гісторык В. Грыцкевіч, загінуў М. Ермаловіч.

Дзень нараджэння стэплера.

Стэплер – рэч універсальная, асабліва для офісных працаўнікоў.

У пачатку X стагоддзя чалавецтва навучылася звязваць разам неабходныя дакументы невялікімі тасёмкамі. У XVII стагоддзі ў кабінеце французскага караля Людовіка XV дакументы сталі змацоўвацца клямкамі ручной працы і з каралеўскай эмблемай.

5 сакавіка 1867 года амерыканец МакГіл атрымаў патэнт на прэс, які дазваляў змацоўваць аркушы паперы клямарамі. Гэты стэплер быў грувасткім, дарагім і не вельмі зручным у выкарыстанні. У яго ўстаўлялася ўсяго адна клямара. Але гэты механізм выкарыстоўваўся для змацавання кніг, папер, брашур, замацаванні дываноў і абіўкі мэблі.

У 1905 году амерыканская фірма Jahn Manufacturing Company распрацавала свой стэплер з блокам з 25 металічных клямараў.

Упершыню слова “stapler” з’явілася ў 1901 году ў амерыканскай газеце, у рэкламе навамодных сшывальнікаў. Да гэтага выкарыстоўвалі слова змацавальнік.

Бесскрэпачны стэплер быў вынайдзены Крысціянам Бергерам у 1997 годзе, а ў 1999 запатэнтаваны. З гэтага часу прыблізна стэплеры з’явіліся ў продажы і ў Беларусі.

1279 год. Перамога войска ВКЛ на чале з Трайдзенем над ордэнскім войскам у бітве пры Ашарадэне.

На пачатку 1279 года лівонскія войскі ўварваліся ў Літву, аблажылі Кернаву, але ўзяць не здолелі, разрабавалі ваколіцы і з вялікімі палонам у лютым вярнуліся ў Лівонію. Трайдзень нагнаў іх і 5 сакавіка разбіў.

Трайдзень – вялікі князь літоўскі (1270–1282). Вёў барацьбу з Тэўтонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, не павялічыў дзяржаўнай тэрыторыі, але здолеў утрымаць ВКЛ у ранейшых межах. Вывеў дзяржаву з залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства і ўмацаваў яе міжнароднае становішча, пакінуў яе мацнейшай, чым атрымаў.

Пры ім шмат прусаў ад нямецкага націску перасялілася ў ВКЛ, галоўным чынам, у ваколіцы Гародні і Слоніма.

У 1280 годзе Трайдзень заснаваў Коўна.

Пазнейшая «Хроніка Быхаўца» паведамляе, што ў 1782 годзе Трайдзеня забілі падасланыя забойцы. Паводле ж Галіцка-Валынскага летапісу, ён памёр сваёй смерцю.

М. Андрыёлі. Сустрэча Трайдзеня з будучай жонкай, мазавецкай князёўнай Ганнай

1562 год. Магістр Лівонскага ордэна Готхард Кетлер у Рыжскім замку прынёс ленную прысягу на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту, якога прадстаўляў канцлер вялікі літоўскі і ваявода віленскі Мікалай Радзівіл «Чорны». Перадаў пячатку Ордэна і ключы ад Рыгі, прызнаючы свае ўладанні часткай ВКЛ.

Каталіцкая дзяржава і ваенная арганізацыя рыцараў ва Усходняй Прыбалтыцы на латышскіх і  эстонскіх землях, якая была заснавана як Ордэн Мечаносцаў у 1202 годзе, перастала існаваць.

5 жніўня 1579 года ў лагеры польска-літоўскай арміі ў Дзісне пад Полацкам Кетлер прызнаў сваю васальную залежнасць ад новага караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя.

Разам з тэрыторыяй Лівоніі да ВКЛ перайшлі і лівонскія калоніі: востраў Джэймс у Гвінейскім заліве (сённяшняя афрыканская Гамбія) і востраў Табага ў Паўднёвай Амерыцы.

1777 год. Нарадзіўся Юзаф Маралёўскі.

Беларускі паэт і педагог.

Вучыўся ў Аршанскім і Полацкім езуіцкіх калегіумах. Выкладаў у езуіцкіх калегіумах Мсціслава, Магілёва, Оршы.

Яго творчасць выяўляла характэрныя рысы літаратуры часоў пераходу ад класіцызму да рамантызму. Адначасова з класіцыстычнымі трэнамі, элегіямі, эпіграмамі, панегірыкамі, наследаваннямі Гарацыю пісаў у перадрамантычным стылі лірычныя песні, у якіх з агульнагуманістычных і хрысціянскіх пазіцый разважаў пра выхаваўчае значэнне паэзіі. Выказваў замілаванне прыродай і родным краем.

Памёр 12 жніўня 1845 года.

Мсціслаў. Касцёл Святога Міхаіла Арханёла

1861 год. У Даравальную нядзелю 5 сакавіка зачытаны па ўсіх цэрквах маніфест Аляксандра II аб вызваленні сялян.

Маніфест  «Пра ўсяміласцівае дараванне прыгонным людзям правоў стану свабодных сельскіх абывацеляў» і «Палажэнне аб сялянах, якія выходзяць з прыгоннай залежнасці» быў падпісаны імператарам 3 сакавіка.

1896 год. Нарадзіўся Кандрат Крапіва (Атраховіч).

Беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат дзвюх Сталінскіх, Дзяржаўнай прэмій СССР. Акадэмік, доктар філалагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у Цэнтральным бюро краязнаўства, ў часопісах, газетах, дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР, віцэ-прэзідэнтам АН БССР.

Неаднаразова абіраўся дэпутатам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

Аўтар вершаваных фельетонаў, сатырычных вершаў, куплетаў, баек, прозы, крытычных, лінгвістычных артыкулаў, каля 20 кніг сатыры і гумару. Майстар  камедыйнага жанру, па п’есах зняты кінафільмы.

Яго творы перакладзены на многія мовы свету. Сам шмат пераклаў твораў рускай і замежнай класікі.

Адзін з навуковых рэдактараў «Русско-белорусского словаря», рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка», «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах. Узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Навуковы рэдактар «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы».

У яго гонар названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі наук, Уздзенская СШ № 2, названы вуліцы ў Мінску і Уздзе. У Мінску на доме па праспекце Незалежнасці, 76, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Памёр 7 студзеня 1991 года.

1910 год. Нарадзіўся Аўген Калубовіч (Каханоўскі).

Беларускі гісторык, палітычны дзеяч, настаўнік, дзеяч эміграцыі ў ЗША.

Рэпрэсаваны ў 1930 годзе па справе моладзевай “Беларускай Арганізацыі Альтруістых”. Вязень ГУЛАГу.

Пасля лагераў, з 1933 года настаўнічаў, быў звольнены, адноўлены на рабоце з дапамогай А. Чарвякова. Перад вайной працаваў у наркамасветы БССР.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваны ў армію. Трапіў пад Масквой у акружэнне, вярнуўся ў Мінск. Уваходзіў у склад Беларускай рады даверу, Беларускай Цэнтральнай Рады.

З 1944 года на эміграцыі. Выкладаў у Беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, быў прэм’ер-міністрам Урада БНР (1948-1953).

З 1950 года жыў у ЗША. Выдаваў «Бюлетэнь» Злучанага беларускага камітэта ў Кліўлендзе, бюлетэнь «Абежнік Цэнтральнага Камітэту Аб’яднання беларускіх нацыянал-дэмакратаў».

Аўтар успамінаў пра палітычныя рэпрэсіі 1930-х на Беларусі, прац «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», «Айцы БССР і іхны лёс». Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас. 1882-1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982). Даследаваў гісторыю Беларусі XX стагоддзя.

Памёр 25 мая 1987 года

https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%90%D1%9E%D0%B3%D0%B5%D0%BD_%D0%9A%D0%B0%D0%BB%D1%83%D0%B1%D0%BE%D0%B2%D1%96%D1%87

1940 год. Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло рашэнне аб расстрэле ваеннапалонных польскіх афіцэраў, якія знаходзіліся ў савецкіх турмах.

У верасні-кастрычніку 1939 года афіцэры польскай арміі – сярод іх і беларусы – былі інтэрніраваны Чырвонай Арміяй у час паходу ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну і зняволены ў лагерах Асташкаўскім, Казельскім, Старабельскім.

Масавае забойства адбылося ў Катыні пад Смаленскам вясной 1940 года. Паводле абнародаваных архіўных дакументаў, усяго былі расстраляныя 21 857 чалавек.

1946 год. Уінстан Чэрчыль у сваёй прамове называе мяжу з Усходнім блокам «Жалезнай заслонай».

Чэрчыль пад час выступу ў амерыканскім Фултане ужыў словазлучэнне “жалезная заслона”, якое мела хаджэнне ў Еўропе падчас абедзвюх сусветных войн. Але толькі пасля таго, як ім была вымаўлена знакамітая фраза: “Ад Шчэцына на Балтыцы да Трыеста на Адрыятыцы на кантынент апусцілася жалезная заслона…” – гэта словазлучэнне стала палітычным тэрмінам, які абазначае лінію падзелу Еўропы на зоны ўплыву і кантролю, пачатак “халоднай вайны”. 

Цікава, што абзац аб “жалезнай заслоне” Чэрчыль не ўключыў у папярэдне раздадзены прэсе тэкст. Стэнаграфісты і рэпарцёры, якія не чакалі, ад яго такой “адсябяціны”, ледзь не ўпусцілі гэты гістарычны абзац.

1953 год. Памёр Іосіф Сталін (1879-1953).

Савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Генеральны сакратар Цэнтральнага Камітэта Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў), кіраўнік савецкага ўрада, генералісімус Савецкага Саюза.

Сталіным была ўсталяваная асабістая дыктатура, якая абапіралася на магутныя партыйна-дзяржаўныя структуры, тэрор і гвалт, механізмы ідэалагічнай маніпуляцыі грамадствам. Ён валодаў большай палітычнай уладай, чым любая іншая фігура ў гісторыі, быў не проста сімвалам рэжыму, а лідарам, які прымаў прынцыповыя рашэнні і быў ініцыятарам усіх колькі-небудзь значных дзяржаўных мер.

Перамога ў апошняй вайне адбылася не дзякуючы, а насуперак Сталіну. У адкрытым лісце 25-ці дзеячаў савецкай навукі, літаратуры і мастацтва гаворыцца пра адказнасць Сталіна за негатоўнасць да вайны. У адкрытым лісце ад 20 красавіка 2010 года ветэраны таксама падвергнулі Сталіна крытыцы, ахарактарызаваўшы яго змову з Гітлерам як «злачынную».

1985 год. У Гданьску памёр Тодар Куніцкі (1899-1985).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюза ў Віленскім універсітэце, Беларускага сялянскага саюза.

Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, урачом на Беласточчыне.

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР Указам № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю»  «усе кнігі» Куніцкага прадугледжвалася «спальваць».

У час Другой сусветнай вайны працаваў у Вільні, пасля вайны працаваў урачом у Гданьску.

Сябры Беларускага студэнцкага саюза, 1930-я гады.

2000 год. Трагічна загінуў Мікола Ермаловіч (1921-2000).

Беларускі публіцыст, крытык, літаратуразнавец, брат магілёўскага тэатральнага рэжысёра Валянціна Ермаловіча (1925-2004).

Аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960–1980-х гадоў. Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. У прыватнасці, ён даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а ВКЛ з’яўлялася беларускай дзяржавай.

Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады, пераслед КДБ.

Выдаваў рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік» («Гутаркі», 1963-1976, каля 50 выпускаў) пад псеўданімам Сымон Беларус.

Аўтар кніг «Па слядах аднаго міфа», «Дарагое беларусам імя» (1970), «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі.

У апошні дзень жыцця амаль невідушчы 78-гадовы навуковец трапіў пад колы аўтамабіля ў Мінску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.

2013 год. Памёр Валянцін Пятровіч Грыцкевіч (1933-2013).

Беларускі ўрач, грамадскі дзеяч. Кандыдат медыцынскіх навук, доктар культуралогіі.

Скончыў Інстытут замежных моў, медыцынскі інстытут, гістарычны факультэт БДУ.

Працаваў урачом у Мінскай вобласці, Мінску, Ленінградзе, супрацоўнікам Ваенна‑медыцынскага музея, прафесарам Ленінградскага ўніверсітэта культуры.

Даследаваў гісторыю беларускай медыцыны («З факелам Гіпакрата», «Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая»), біяграфістыкі – «Падарожжы нашых землякоў», «Дзесяць шляхоў з Вільні», «Нашы славутыя землякі», «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна», «Эдуард Пякарскі» і іншыя, апісанні падарожжаў як гістарычнай крыніцы – «Шляхі вялі праз Беларусь».

Аўтар прац у галіне крыніцазнаўства, музеязнаўства і гісторыі турызму, «История музейного дела в мире: До конца XVIII в.», «История туризма в древности», «История музейного дела конца XVIII – начала ХХ вв.», «История и теория источниковедения».

Адзін з арганізатараў і неадменны старшыня Беларускага грамадска‑культурнага таварыства ў Пецярбургу, член Міжнароднага ПЭН‑цэнтра, ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, член Рускага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежны член Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны, член Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Дзень у гісторыі. 27 лютага. Стварэнне друкарні ў Любчы, Літбел. Нарадзіліся магнаты Людвіка і Караль Радзівіл, сувязіст Д. Сарноў.

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя (International polar bear day, з 2008 года).

Міжнародны дзень палярнага мядзведзя праводзіцца з ініцыятывы амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі Polar Bears International, якая змагаецца за захаванне папуляцыі белых мядзведзяў.

Белы мядзведзь – самы буйны прадстаўнік атрада драпежных сысуноў, якія насяляюць сушу.

Па дадзеных Сусветнага Фонду Дзікай Прыроды, у свеце налічваецца менш за 25 000 асобін белага мядзведзя (каля 60% папуляцыі – у Канадзе).

Белы мядзведзь занесены ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды.

1612 год. Пачалася дзейнасць друкарні ў Любчы.

Заснавана выдаўцом і друкаром Пятром Бластусам Кмітам. 

Выдала больш за 80 кніг лацінай і польскай па гісторыі, медыцыне, філасофіі, некалькі паэтычных твораў. Сярод выданняў: «Эпітоме» С. Рысінскага, «Апафеграмы» С. Буднага, «Навагрудскі дыспут» Я. Зыгроўскага, «Гісторыя іудзейскай вайны» І. Флавія, «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх»  М. Стрыйкоўскага, «Статут Слуцкай школы». 

Абслугоўвала патрэбы пратэстантаў, але зрэдку прымала заказы і католікаў. 

З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў вядомы гравёр К. Гётке.

Ю. Пешка. Любча, пачатак XIX стагоддзя

1667 год. Нарадзілася Людвіка Караліна Радзівіл.

Рэлігійная дзеячка, мецэнатка.

Дачка Багуслава Радзівіла. Рана асірацела. У спадчыну атрымала вялікія маёнткі.

Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінісцкія зборы ў Літве і Беларусі, плаціла стыпендыі студэнтам, якія вучыліся ў пратэстанцкіх універсітэтах. Паводле яе загаду ў 1684 у Караляўцы быў надрукаваны малітоўнік на літоўскай мове для сялян-кальвіністаў.

Утрымлівала Слуцкую друкарню. У 1690 годзе выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена.

Пасля смерці Людвікі Караліны 25 сакавіка 1695 года, яе латыфундыі сталі аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і нямецкімі князямі.

1734 год. Нарадзіўся  Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку”.

Дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Патрыёт.

Ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі. “Пане Каханку” яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і караля.

Генеральны маршалак Радамскай і Барскай канфедэрацый. Праціўнік гарантыйнага трактату (1768), паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам.

Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, быў вымушаны з’ехаць у Прусію. Да 1777 года знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.

Найзаможны магнат Рэчы Паспалітай і Еўропы ІІ паловы XVIII стагоддзя. Яму належала 16 гарадоў і 683 вёскі. Здабыў сабе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў. З іншага боку, вядомы дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.

Доўгі час па смерці хадзілі анекдоты аб дзіўных выпадках з ягонага жыцця. Караль Радзівіл – герой паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», твораў Г. Жэвускага, В. Поля, І. Ходзькі, Ю. Крашэўскага.

Памёр 21 лістапада 1790 года.

1919 год. Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на І З’ездзе Саветаў Літвы ў Вільні.

Літбел была створана на занятых Чырвоным войскам тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы. Утварэнне праіснавала да 19 ліпеня 1919 года, калі СНК Літбела прыняў пастанову аб перадачы ўсіх спраў Мінскаму губернскаму камітэту. Неўзабаве пасля прыняцця згаданай пастановы, пасля 40 дзён абароны, польскімі войскамі быў заняты і Мінск (8 жніўня). 

Літбел уключала 5 губерняў: Віленскую, Гродзенскую, Ковенскую, Мінскую, Сувалкскую. У красавіку 1919 года Рэчыцкі павет Мінскай губерні быў перададзены Гомельскай губерні РСФСР.

1888 год. Нарадзіўся Яфім Бялевіч.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, удзельнік Першай сусветнай вайны, штабс-капітан.

Член прэзідыума І Усебеларускага з’езда ад вайскоўцаў-беларусаў, міністр юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне.

У 1920–1930-я гады служыў у Гомелі ў чыгуначных войсках, быў упаўнаважаным Наркамфіна БССР, працаваў у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі.

Арыштаваны ў 1932 годзе, асуджаны да 5 гадоў і этапаваны ў Свірскі канцлагер. Зноў арыштаваны ў 1936, асуджаны да 5 гадоў зняволення. Памёр 13 снежня 1942 года ў Магаданскім канцлагеры.

1891 год. Ва Узлянах (цяпер – Пухавіцкі раён) нарадзіўся Давід Сарноў.

Амерыканскі сувязіст і бізнесмен беларускага яўрэйскага паходжання, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША. Ганаровы доктар Калумбійскага, Нью-Ёркскага і іншых універсітэтаў, брыгадны генерал.

Працаваў у «Кампаніі бесправаднога тэлеграфа Марконі», прэзідэнтам Радыёвяшчальнай карпарацыі Амерыкі (RCA). 14 красавіка 1912 года прыняў радыётэлеграму аб крушэнні лайнера «Тытанік» і трое сутак падтрымліваў сувязь з выратавальнікамі.

У 1926 годзе заснаваў Нацыянальную радыёвяшчальную кампанію (NBC). 3 пачатку 1920-х гадоў з’яўляўся саветнікам 10-і прэзідэнтаў ЗША.

Арганізаваў рэгулярнае тэлевяшчанне ў ЗША (з 1939). Пад яго кіраўніцтвам створана сістэма каляровага тэлебачання, сумяшчальная з чорна-белай, зроблены запіс тэлеперадачы на магнітную відэастужку (1956), зняты першы тэлевізійны мастацкі фільм (1964).

Удзельнічаў у стварэнні сістэм касмічнай сувязі, камп’ютарызацыі ЗША. Міжнародны інстытут інжынераў-электрыкаў заснаваў прэмію яго імя за дасягненні ў галіне электронікі (1959).

Памёр 12 снежня 1971 года. Пахаваны ў маўзалеі на могілках Кенсіка ў Вальхале, штат Нью-Ёрк.

1906 год. Нарадзілася Рыта (Рэбека) Млодак.

Беларуская оперная спявачка (лірыка-драматычнае сапрана), народная артыстка Беларусі.

Скончыла Віцебскі музычны тэхнікум, Беларускую студыю оперы і балета. Працавала салісткай Беларускага тэатра оперы і балета. Пад час вайны працавала ў оперных тэатрах Свярдлоўска, Пярмі, удзельнічала ў канцэртах франтавых брыгад.

Сярод галоўных партый: Таццяна, Ліза, Тамара, Маргарыта, Мікаэла, Аксана ў пастаноўцы «Чаравічкі», Марыся – у «Міхась Падгорны» і іншыя. Выступала і як канцэртная спявачка.

Памерла 3 снежня 1969 года.

1935 год. Нарадзіўся  Фёдар Клімчук.

Беларускі мовазнавец, дыялектолаг, гісторык. Кандыдат філалагічных навук. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі ў складзе аўтарскага калектыву за цыкл прац «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5-ці тамах.

Скончыў гістарычныя факультэты Пінскага настаўніцкага і Мінскага педінстытутаў.

Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці: дыялекталогія, лінгвагеаграфія, лексікаграфія, тапаніміка, міжмоўныя і міжэтнічныя кантакты, сацыялінгвістыка, фальклор, этнаграфія, этналінгвістыка.

Старшыня «Заходнепалескага навукова-краязнаўчага таварыства „Загароддзе“.

Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескім дыялекце.

Памёр 22 кастрычніка 2018 года.

2005 год. У Францыі памёр Віктар Жаўняровіч (1913-2005).

Беларускі мастак і спявак.

Нарадзіўся ў Чыце ў сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з Друі.

Скончыў гімназію імя Л. Сапегі ў Друі, вучыўся ў віленскай Кансерваторыі, адначасова займаўся маляваннем, удзельнічаў у выставах Таварыства незалежных мастакоў. Быў знаёмы з Ф. Рушчыцам, Я. Драздовічам, П. Сергіевічам.

Другая сусветная вайна перапыніла навучанне. 

У 1945 годзе апынуўся ў Францыі. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Спяваў і маляваў прыватна. З часам стаў удзельнікам найважнейшых мастацкіх выставаў, што ладзіліся ў Парыжы, атрымоўваў узнагароды. Меў пэрсанальную выставу, ладжаную БІНіМам у Нью-Ёрку. Тэмы твораў у яго былі ў асноўным беларускія.

 

Дзень у гісторыі. 25 лютага. Кольт усіх ураўняў. Першая беларуская вечарынка. Выкрыццё культу асобы. Выбарчы мітынг БНФ. Нарадзіліся піянер фатаграфіі Р. Міранскі, паэт А. Пісьмянкоў

1836 год. Сэмюэл Кольт атрымаў у ЗША першы патэнт на аўтаматычны рэвальвер.

Гэта быў 6-зарадны рэвальвер 45-га калібра, хуткастрэльнасць якога ў пяць разоў перавышала хуткастрэльнасць “папярэднікаў”. Праз 10 дзён Кольт адчыніў уласную вытворчасць.

Інавацыя Кольта заключалася ў тым, што ён “укараніў” у рэвальвер сістэму вярчэння барабана, які па чарзе падстаўляў пад баёк некалькі загадзя зараджаных патронаў.

“Аўраам Лінкальн даў людзям свабоду, а палкоўнік Кольт зраўнаваў іх шанцы”.

1875 год. Нарадзіўся Рыгор Міранскі.

Беларускі майстар мастацкай фатаграфіі, адзін з піянераў беларускай мастацкай фатаграфіі, першых фотарэпарцёраў Мінска, служачы пажарнай аховы. 

Яго творчасць – частка культурнай спадчыны Беларусі. «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска» (1913).

Быў уладальнікам фотаатэлье ў цэнтры Мінска, Слуцку. Служыў у пажарнай ахове шэраговым, начальнікам атрада трубнікаў.

Экспанаваў фатаграфіі прафесійнай тэматыцы ў Пецярбургу, Зальцбургу.

У савецкі час працаваў намеснікам старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства.

Працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, архітэктурнай фатаграфіі, фотарэпартажа.

Зрабіў шмат фотавыяў гарадской забудовы Мінска, выканаў серыю твораў з выявамі разбураных падчас польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках.

Яго фатаграфіі выкарыстоўваліся для вытворчасці паштовак, якія выходзілі серыямі з некалькіх дзясяткаў сюжэтаў.

Фатаграфічныя творы знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, музеі Максіма Багдановіча ў Гродна, у прыватных зборах.

Памёр пасля 1926 года.

1879 год. Нарадзіўся Гасан Канапацкі.

Беларускі ваенны і нацыянальны дзеяч, палкоўнік, камандзір беларускіх ваенных часцей ў польскім войску (1919–1921).

Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу. Служыў у Мінску, на Далёкім Усходзе, Калузе. Удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах руска-японскай вайны, у Першай сусветнай вайне, палкоўнік. За гераізм стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу.

У верасня 1919 года кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, кіраваў рэдакцыяй часопіса «Беларускі радны».

У 1941–1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».

У чэрвені 1946 года разам з сям’ёй выехаў у польскі Быдгашч, дзе і памёр 11 мая 1953 года.

1909 год. Нарадзіўся Сяргей Дарожны.

Беларускі паэт, грамадскі і культурны дзеяч.

Выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі – аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча.

Аўтар вершаў, кніг паэзіі. Член літаб’яднанняў «Маладняк»,  «Узвышша». Выключаўся з БДУ «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, але пазней аднавіўся.

Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, часопісаў, на радыё, адкуль быў звольнены за «сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак.., паклёп на палітыку партыі на вёсцы».

Арыштаваны ДПУ у жніўні 1936 года, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за быццам бы падрыхтоўку замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу. 

Загінуў 19 ліпеня 1943 года ў ГУЛАГу на будаўніцтве Камсамольска-на-Амуры.

Злева направа: В. Казлоўскі, М. Лужанін, С. Дарожны, Сімеіз, Крым, 1929

1910 год. Адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 

Праходзіла ў клубе чыгуначнікаў. Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю беларускага прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва.

Арганізавана А. Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газеты «Наша ніва». Удзельнічала каля 100 чалавек, прысутнічала каля 1 000 гледачоў. 

У праграме спектакль «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага (пастаноўка А. Бурбіса), харавыя творы «А хто там ідзе?» (музыка Л. Рагоўскага на словы Я. Купалы), «Чаму ж мне не пець» і іншыя беларускія народныя песні (дырыжор Л. Рагоўскі), народныя танцы пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага, якія мелі каласальны поспех.

І. Буйніцкі з дачкой Вандай у час выступлення на вечарынцы

1935 год. Нарадзіўся Генадзь Лыч.  

Вучоны ў галіне эканомікі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі беларускі вучоны ў галіне эканомікі, публіцыст. Акадэмік акадэміі навук, доктар эканамічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у сістэме Мінлясгаса БССР, Мінвадгаса СССР, першым намеснікам дырэктара БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Дзяржаграпрома БССР, дырэктарам Інстытута эканомікі Акадэміі навук, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, у Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі.

Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій.

Прымаў удзел у правядзенні фундаментальных эканамічных даследаванняў па сацыяльна-эканамічных праблемах забеспячэння экалагічнай бяспекі жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку мінімізацыі негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

З 2009 г. займаўся даследаваннем праблем аграрнай эканомікі.

1947 год. Нарадзіўся Яўген Шатохін.

Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».

Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах.

Аўтар шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Peronne – ville sur Somme», «Chemin de mémoire», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».

Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медалём Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,

Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска, Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

Памёр 22 студзеня 2012 года ў Пінску.

У маі 2018 года Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» прапанавала ўладам Пінска і мясцоваму Савету дэпутатаў надаць імя Яўгена Шатохіна гарадской мастацкай школе. Ініцыятыва не атрымала падтрымку чыноўнікаў.

1953 год. Нарадзіўся Васіль Касцючэнка.

Беларускі мастак-жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Валагодскай карціннай галерэі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Персанальныя выставы праходзілі ў шведскай Galleri Kretsen, у Вільнюсе, Гродна, Маскве, Мінску.

дырэктар Музею сучаснага мастацтва Н. Шаранговіч, В. Касцючэнка, Р. Несцераў

1956 год. Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў выступіў з сенсацыйным дакладам “Аб кульце асобы і яго наступствах”. 

Чатырохгадзінны выступ адбыўся на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС, аб’яўленая праграма якога была ўжо вычарпана.

У пачатку сакавіка даклад быў разасланы ў партыйныя арганізацыі ў выглядзе брашуры з грыфам “не для друку”: меркавалася, што з яго зместам азнаёмяцца толькі камуністы. Аднак ужо 16 сакавіка змест “сакрэтнага” дакладу пераказала “Нью-Ёрк Таймс”, а 4 чэрвеня яго поўны тэкст апублікаваў дзярждэпартамент ЗША – праўда, СССР не прызнаў сапраўднасць гэтага тэксту.

У СССР даклад Хрушчова быў упершыню адкрыта надрукаваны толькі праз 33 гады пасля таго, як ён прагучаў са з’ездаўскай трыбуны, у 1989 годзе, а ў эйфарычную эпоху гарбачоўскай галоснасці яго апублікаваў часопіс “Известия ЦК КПСС”.

1957 год. У в. Іванаўка Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў.

Беларускі паэт, эсэіст.

Працаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Вожык», сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР.

Аўтар вершаў, шэрагу кніг паэзіі, кніг для дзяцей, сатырычных твораў, нарысаў, эсэ, перакладаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.

Па словах прафесара А. Бельскага, А. Пісьмянкоў з’яўляецца „паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання“, які вызначаўся надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага глыбокага роздуму».

Галоўны герой паэта – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, які адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна, які ганарыцца прыналежнасцю да зямлі Беларусі.

Па меркаваннях крытыка В. Русілкі “…для А. Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі”.

Неаднаразова выступаў з вершамі на розных пляцоўкаў у Магілёве.

Памёр 23 красавіка 2004 года ў Мінску на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу.

1959 год. Памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. 

Аўтар эскіза сучаснага бел–чырвона–белага сцяга.

У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў у Белнацкаме, у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.

Эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас), дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком. Адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак». 

Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.

У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.

У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.

Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.

1960 год. Пайшла з жыцця Уладзіслава Луцэвіч (Станкевіч).

Беларуская літаратуразнаўца, стваральніца музэю Я.Купалы, жонка Янкі Купалы (з 1916 года). Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыла Віленскую гімназію, педагагічныя курсы ў Варшаве. Працавала выхавацелькай дзіцячага прытулку ў Вільні. Разам з Алаізай Пашкевіч стварыла некалькі нелегальных беларускіх школ.

За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы прыцягвалася да суда. Прапагандавала беларускую літаратуру, друкавала вершы ў «Нашай ніве».

3а савецкім часам працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацелькай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё.

Стваральніца і дырэктар (1944–1960) Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Складальніца зборнікаў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы «Янка Купала», «Любімы паэт беларускага народа», «Янка Купала ў беларускім мастацтве», «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы». 

Аўтарка артыкулаў і ўспамінаў пра Янку Купалу, успамінаў пра Зм. Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі», склала «Дашкольны спеўнік», «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх», апрацоўвала народныя казкі.

1990 год. На плошчы Леніна ў Мінску адбыўся выбарчы мітынг Беларускага Народнага Фронта. 

У ім бралі ўдзел да 100 000 чалавек. Мітынг закончыўся паходам да будынка рэспубліканскага тэлебачання, кіраўніцтва якога па патрабаванні мітынгоўцаў прадаставіла прамы эфір лідарам Фронту. 

Аднак апарат КПБ(б) кантраляваў выбарчыя камісіі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Камуністычная партыя, адміністрацыйныя структуры вялі кампанію, скіраваную супраць кандыдатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Кандыдаты ад Беларускага дэмакратычнага блока вылучаліся ў 150 акругах з 310, з іх сталі дэпутатамі 60 чалавек.