Дзень ў гісторыі. 19 мая. Ганна Французская. Ордэн Ганаровага легіёна. Конкурс “Міс СССР”. Асуджэнне М. Чыгіра. Катастрофа Як-130. Нарадзіўся пілот-ас Д. Макіёнак.

Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)

Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.

Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.

Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.

Цікавыя факты.

Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.

Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.

Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.

Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.

Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.

1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).

Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.

Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.

1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).

Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.

Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.

1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).

Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.

У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад  Магілёвам.

Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў. 

З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).

1802 год. Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.

Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».

Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.

1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).

Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.

Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.

Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.

Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.

У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.

1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.

Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.

Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.

З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.

1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).

Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.

Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.

У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.

Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом  Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.

Г. Пех (у цэнтры) з юнымі краязнаўцамі.

1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).

Пераможцай стала Ю. Суханава.

На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.

На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).

Марыя Кежа.

2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.

Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.

У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.

На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).

У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.

Дзень у гісторыі. 3 мая. Дзень Сонца, вольнага друку. Першая ў Еўропе Канстытуцыя. Нарадзіўся артыст У. Галубок. Дзень памяці Станіслава Шушкевіча.

Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).

Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.

Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.

Цікавыя факты.

Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.

Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.

На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.

Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.

Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.

Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.

Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.

Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.

Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.

Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.

Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.

Сонца абсалютна газападобнае.

Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.

Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.

Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.

1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).

Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.

1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.

Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.

Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.

У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.

3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.

Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.

Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.

Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).

Паўстанцы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Белавежская пушча.

1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.

1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.

Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.

Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць  з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.

У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.

1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.

Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 13 кніг прозы.

2022 год. Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне. 

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын. Нарадзіліся літаратар В. Маракоў, гісторык П. Урбан.

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.