Дзень у гісторыі. 4 красавіка. Дзень інтэрнэту. Перамога Т. Касцюшкі пад Рацлавіцамі. Створана NATO. Нарадзіліся канцлер Л. Сапега, кампазітар М. Шчаглоў-Куліковіч, блаславёны Ю. Кашыра, музыка А. Хаменка.

Міжнародны дзень асветы па пытаннях міннай небяспекі і дапамогі ў дзейнасці, звязанай з размініраваннем (International Day for Mine Awareness and Assistance in Mine Action, з 2006 года).

Устаноўлены 8 снежня 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

У 2023 годзе Дзень праходзіць у межах кампаніі «Размініраванне не можа чакаць» і прыцягвае ўвагу да дзесяцігоддзяў забруджвання выбухованебяспечнымі боепрыпасамі тэрыторыі розных краін. Кампанія ясна дае зразумець, што знішчэнне ўсіх наземных мін не можа чакаць. Будзь то новае забруджванне ў Калумбіі, М’янме, Украіне ці Емене, або старое забруджванне ў Камбоджы, Лаосе, Іраку ці В’етнаме, расчыстка павінна быць завершана суб’ектамі супрацьміннай дзейнасці і дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб забароне мін.

Галоўнай мэтай Дня стане распаўсюджванне ведаў аб тых раёнах свету, якія застаюцца забруджанымі праз шмат гадоў, і дзе пакаленні змянілі сваё жыццё, каб пазбегнуць пагрозы.

Забруджванне выбухованебяспечнымі боепрыпасамі пагражае жыццю людзей, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, пазбаўляе доступу да ворных земляў, усяляе страх, вядзе да адсутнасці бяспекі і тэрарызуе насельніцтва. Больш за ўсё ад яго пакутуюць самыя ўразлівыя жыхары абшчын.

Міжнародны Дзень інтэрнэту. Дзень Святого Ісідара – апекуна Інтэрнэта.

Святы Ісідар – апякун вучняў і студэнтаў. У 2003 годзе папа Ян Павел II афіцыйна назваў святога Ісідара апекуном карыстальнікаў камп’ютараў і інтэрнэту, бо Сусветная сетка – гэта вялізная скарбніца практычных і тэарэтычных ведаў.

Ісідар Севільскі, біскуп Севільскі, атрымаў вядомасць не толькі дзякуючы сваёй набожнасці, але і дзякуючы любві да навук. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Этымалогія”,  па сутнасці, першай ў свеце энцыклапедыі, першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў.

1538 год. Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай ў Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

1557 год. Нарадзіўся Леў Сапега (1557–1633).

Адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго ўладанняў – Цяцерын і Круглае, староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Помнік у Лепелі

1794 год.  Войскі Тадэвуша Касцюшкі перамаглі расійскія войскі пад Рацлавіцамі каля Кракава.

Сілы Тадэвуша Касцюшкі складалі каля 2 400 жаўнераў, 2 000 сялян-касінераў і 12 гармат, а рускага генерала Тормасава – каля  3 000 – 5 000 жаўнераў і ад 12 да 30 гармат.

Бітва мела вялікае значэнне для падняцця баявога духа паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве паказалі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Касцюшка, карыстаючыся ярамі, употай падвёў атрад з 320 касінераў да рускай батарэі і асабіста павёў яго ў атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых, касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. 

Адным з вядомых герояў гэтай атакі стаў селянін Войцех Бартас. Яшчэ адна атака касінераў зламіла супраціўленне рускіх акупантаў і вымусіла іх  да адступлення.

Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі

1846 год. Памёр Лявон Бароўскі (1784–1846).

Літаратуразнавец, педагог і публіцыст, адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Член таварыства шубраўцаў.

Скончыў гімназію ў Паставах, Віленскі ўніверсітэт.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першы назваў геніям.

Яго лекцыямі захапляліся будучыя пісьменнікі С. Даўкантас, С. Станявічус, Ю.Славацкі і іншыя.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам.

Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову.

1893 год. Нарадзіўся Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969)

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы и балета

1896 год. Нарадзіўся Васіль Русак.

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, фалькларыст, выдавец.

Удзельнік І Сусветнай вайны, Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатараў «Саюза абароны краю».

Член прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні – камандзір Другога Грозаўскага палка. Інструктар Беларускай вайсковай камісіі, у 1922 годзе ў Коўне займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў супраць палякаў.

Жыў у Чэхаславакіі, удзельнічау у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, узначальваў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», на нямецкай мове брашуру «Bielarus – Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі, паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Ф. Скарыны (сонца з маладзіком), фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny».

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве габрэйскія сям’і.

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай,  асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года.

1904 год. Нарадзіўся Юрый Кашыра.

Рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1999 годзе.

У 1923 годзе ўступіў у Друйскі манастыр марыянаў. Пастрыжаны ў манахі ў 1926 годзе.

Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі. Пераследаваўся польскімі ўладамі за прабеларускую дзейнасць, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.

У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу Дрысенскага (зараз – Верхнядзвінскага) раёна, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. 18 лютага 1943 года адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы

1949 год. Па ініцыятыве ЗША створаны ваенна-палітычны саюз  – блок NATO.

Блок пачаў сваю дзейнасць у разгар “халоднай вайны”, на аснове Паўночнаатлантычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 года прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Канады, Італіі, Партугаліі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. 

У 1952 годзе да дамовы далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 годзе – ФРГ, 1982 – Іспанія, у 1999 – Чэхія, Венгрыя і Польшча, 2004 – Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія, у 2009 – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія, у 2023 – Фінляндыя. Імкнуцца далучыцца да блока Швецыя і Украіна.

Артыкул 5 – найважнейшы артыкул Паўночнаатлантычнага дагавора – устанаўлівае, што ў выпадку “ўзброенага нападу” на аднаго або некалькіх яго ўдзельнікаў іншыя члены НАТА неадкладна акажуць дапамогу краіне або краінам, якія падвергліся нападу, шляхам ажыццяўлення такога дзеяння, якое яны “лічаць неабходным, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы”.

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дэлегат Усебеларускага з’езда.

У лютым – ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

У снежні 1918 – красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

З 1923 года жыў на эміграцыі ў ЗША. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк», «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд».

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся».

Пахаваны на могілках Элмвуд у Рывер-Гроўв каля Чыкага.

1967 год. Нарадзіўся Алег Хаменка.

Беларускі музыка, лідар гурта «Палац», радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай музыцы.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт «Палац». Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча», «Рок-каранацыя», «Славянскі базар», фальклорных фестывалях Еўропы.

Быў аўтарам і вядучым праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад», радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў», вядучы фестывалю «Камяніца», стваральнік фестываля «Bela music».

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Т.Лісіцкай і Л. Рыжковай выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».

У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба».

1973 год. У Нью-Йорку адбылося ўрачыстае адкрыццё дзелавога і адміністрацыйнага комплексу Сусветнага гандлёвага цэнтра (World Trade Centre).

Сусветны гандлёвы цэнтр (СГЦ) – так называўся комплекс з сямі будынкаў, спраектаваных Мінору Ямасакі, амерыканскім архітэктарам японскага паходжання.

Архітэктурнай дамінантай комплексу былі дзве вежы, кожная па 110 паверхаў – Паўночная (417 м, з улікам устаноўленай антэны – 526,3 м) і Паўднёвая (415 м). 

11 верасня 2001 года комплекс СГЦ быў разбураны ў выніку тэрарыстычных нападаў. Некаторы час пасля заканчэння будаўніцтва вежы былі найвышэйшымі хмарачосамі ў свеце.

2016 год. Памёр Уладзімір Казбярук (1923-2016).

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладаў у Полацкім педінстытуце, працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў.  Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры: ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII – XVIII стагоддзях, беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і іншых.

Дзень у гісторыі. 2 красавіка. “План Маршала” Нарадзіліся Г.Х. Андэрсан, этнограф П.Баброўскі, кампазітар А. Рашчынскі. Памёрлі П. Панчанка, Папа Ян Павел II.

Міжнародны дзень дзіцячай кнігі (International Children’s Book Day, з 1967 года). 

Праводзіцца ў дзень нараджэння вялікага казачніка з Даніі Ганса Хрысціяна Андэрсана. Ініцыятарам правядзення гэтага свята стала выбітная дзяячка сусветнай дзіцячай літаратуры, нямецкая пісьменніца Йела Лепман.

Яшчэ ў 1953 годзе Лепман прапанавала заснаваць “маленькую нобелеўскую прэмію” па дзіцячай літаратуры – Міжнародную прэмію імя Ганса Хрысціяна Андэрсана. З 1956 года прэмія прысуджаецца аўтару найлепшай дзіцячай кнігі. З 1966 года яе пачалі ўручаць і найлепшаму мастаку-ілюстратару.

Прэмія імя вялікага казачніка з уручэннем залатога медаля – самая прэстыжная ўзнагарода ў сваёй вобласці. Яна прысуджаецца раз на два гады, праходзіць 2 красавіка, як і Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.

Сусветны дзень распаўсюджання інфармацыі па праблемах аўтызму.

Дата была ўстаноўлена рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН і адзначаецца з 2008 года. У Беларусі адзначаецца з 2016 года.

Мэта дня – падкрэсліць неабходнасць дапамагаць людзям, якія пакутуюць непапраўным парушэннем развіцця, каб павысіць узровень іх жыцця.

Колер свята – сіні, бо большасць аўтыстаў – хлопчыкі.

Аўтызм часта называюць захворваннем, але гэта, хутчэй, асаблівасць псіхічнага развіцця чалавека. Расстройства па-рознаму адбіваецца на розных людзях: некаторыя могуць жыць параўнальна незалежным жыццём, у той час як іншыя маюць дастаткова сур’ёзныя парушэнні і патрабуюць пажыццёвай падтрымкі з боку навакольных. Як правіла, людзі з аўтызмам адрозніваюцца гіпер- альбо гіпаадчувальнасцю да гукаў, дотыкаў, смаку, пахаў, асвятлення і колераў.

Сярод аўтыстаў шмат знакамітых і таленавітых людзей, у тым ліку акцёры Энтані Хопкінс, Дэн Эйкройд, пісьменнік Цім Бёртан, аўтар Пакемонаў Сатошы Таджыры, спявачка Кортні Лав, шведская дзяўчына-эколаг, двойчы намінантка на Нобелеўскую прэмію Грэта Тунберг

1805 год. Нарадзіўся Ганс Хрысціян Андэрсан (1805–1875).

Дацкі казачнік, пісьменнік і паэт, аўтар сусветна вядомых казак для дзяцей і дарослых: «Брыдкае качаня», «Новая світка караля», «Цень», «Прынцэса на гароху».

У Даніі існуе легенда аб каралеўскім паходжанні Андэрсена, бо ў дзяцінстве гуляў з прынцам Фрыцам, пасля – каралём Фрэдэрыкам VII, і ў яго не было сяброў сярод вулічных хлопчыкаў – толькі прынц. Пасля смерці Фрыца, за выключэннем сваякоў, адзін толькі Андэрсен быў дапушчаны да труны нябожчыка.

З дзяцінства захапляўся лялечным тэатрам. Баяўся фізічнага пакарання, таму маці аддала яго ў яўрэйскую школу, дзе фізічныя пакаранні ў дачыненні да дзяцей былі забаронены.

Аўтар 170 казак, шматлікіх раманаў, п’ес. Стаў вядомым пісьменнікам яшчэ пры жыцці.

Памяць аб Андэрсене ўвекавечаная шэрагам скульптур і іншых выбітных мясцін: у Капенгагене ў гонар Андэрсена ўсталявана статуя Русалачкі. Статуя казачніка таксама ёсць у Нью-Ёрку і Браціславе. У Любліне існуе лялечны тэатр імя Андэрсена.

1832 год. Нарадзіўся Павел Баброўскі.

Беларускі гісторык і этнограф, генерал ад інфантэрыі, сенатар.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Дваранскі полк (Канстанцінаўскае ваеннае вучылішча), Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба. Удзельнік вайны з Турцыяй (1853–1854), быў начальнікам некалькіх юнкерскіх вучылішчаў, Ваенна-юрыдычнай акадэміі. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Аўтар больш за 100 прац па гісторыі, правазнаўстве, археаграфіі, геаграфіі, біялогіі, педагогіцы, этнаграфіі, статыстыцы, эканоміцы, краязнаўстве, у тым ліку «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі… Гродзенская губерня», нарысаў пра Гродна, Слонім, Зэльву i іншыя, па гісторыі лейб-гвардыі Эрыванскага і Праабражэнскага палкоў.

Добра ведаў беларускую мову, захапляўся гісторыяй роднага края і ўніяцкай царквы.

Памёр 16 лютага 1905 года.

1836 год. Зацвярджаецца праект будаўніцтва першай рускай чыгункі Пецярбург – Царскае Сяло.

У Беларусі першая чыгунка (участак Парэчча–Гродна дарогі Пецярбург–Варшава) пачала дзейнічаць 27 снежня 1862 года. На тэрыторыі сучаснай Магілёўскай вобласці чыгунка пачала дзейнічаць з верасня 1873 года, яна прайшла праз Асіповічы (заснаваны ў 1872) і Бабруйск.

Праз Магілёў першая чыгунка прайшла ў канцы 1902 года, рух адкрыты ў студзені 1903 года.

Чыгуначная станцыя Парэчча.

1933 год. Нарадзіўся Віктар (Вікенці) Шымук.

Беларускі пісьменьнік і перакладчык.

Скончыў БДУ. Працаваў у дзятлаўскай газеце «За новую вёску», газетах «Калгасная праўда», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё.

Аўтар шматлікіх аповесцей, апавяданняў, зборнікаў прозы, вершаў, сатыры, нарысаў, твораў для дзяцей, перакладаў. На шэраг яго вершаў напісаныя песні.

Памёр 18 верасня 1998 года.

1943 год. Створаны Магілёўскі падпольны абкам кампартыі.

Пастаянным месцам дыслакацыі падпольнага абкама партыі сталі Усакінскія лясы ў Клічаўскім раёне. Першым яго сакратаром стаў камандзір партызанскага злучэння Дзмітрый Маўчанскі (1901–1979). Яго імя носяць  вуліцы ў Магілёве і Маладзечна.

1948 год. Кангрэс ЗША прымае “план Маршала” аб дапамозе еўрапейскім краінам.

Пачаў ажыццяўляцца з 4 красавіка 1948 года.

“План Маршала”, “Праграма аднаўлення Еўропы” – праграма дапамогі Еўропе пасля Другой сусветнай вайны. Прапанаваны амерыканскім дзяржаўным сакратаром Дж. Маршалам. У ажыццяўленні плана ўдзельнічалі 17 еўрапейскіх краін, уключаючы Заходнюю Нямеччыну. Пазней план Маршала быў ужыты таксама да Японіі і некаторых іншых краін Усходняй Азіі. 

СССР ад плана і дапамогі адмовіўся.

План Маршала садзейнічаў устанаўленню пасляваеннага міру ў Заходняй Еўропе, аб’яднанню Еўропы. Прамысловасць была адноўлена ў кароткія тэрміны. Эканоміка еўрапейскіх краін хутка акрыяла ад наступстваў вайны. Еўрапейскія краіны атрымалі магчымасць выплаціць знешнія даўгі, у тым ліку даўгі па ленд-лізу або рэстытуцыі і рэпарацыі. Быў адноўлены і ўмацаваны еўрапейскі сярэдні клас – гарант палітычнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця.

1949 год. Нарадзіўся Алесь Рашчынскі.

Беларускі кампазітар, фалькларыст, дырыжор, педагог.

Аўтар больш за 400 апрацовак народных песень, 8 фальклорных зборнікаў, музычны кіраўнік ансамбля «Харошкі», квартэта «Купалінка», групы–капэлы аўтэнтычнага фальклору «Агмень».

Памёр 10 жніўня 2016 года.

У 2016 годзе ў Мінску створаны народны хор імя А.Рашчынскага.

1966 год. Нарадзіўся Андрэй Кавалёў.

Беларускі хакеіст і трэнер. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці, чэмпіянатаў свету 1995 года у групе С, 1996 у групе В, 1997 у групе B, 1998, 1999, 2000, 2001 і 2003 гадоў у складзе зборнай Беларусі.

За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1994 па 2003 год. Правёў 89 матчаў.

Выступаў за нацыянальную зборную СССР, згуляў 35 гульняў, закінуў 13 шайбаў.

Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля здушэння народных пратэстаў у 2020 годзе.

1995 год. Памёр Пімен Панчанка (1917-1995).

Народны паэт Беларусі. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі СССР.

Юнаком жыў у Бабруйску, працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, першыя вершы надрукаваў у кіраўскай раёнцы «Кіравец».

Аўтар 31 зборніка паэзіі, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, перакладаў паасобных твораў Ф. Шылера, А. Міцкевіча, Я. Райніса, А. Пракоф’ева, А. Суркова, Т. Масэнкі і іншых.

Многія яго вершы пакладзены на музыку.

У сваіх творах Панчанка – шчыры патрыёт Беларусі, нястомны змагар за захаванне прыроды, за культываванне ў грамадстве высокіх маральных ідэалаў, выкрывальнік партыйнай і ўрадавай бюракратыі.

Пад канец жыцця ён пачаў бескампрамісны суд над самім сабою. Цяжка знайсці другога такога паэта, хто быў бы здольны ўзяць усю віну на сябе за тое бязладдзе ў Беларусі канца 1980-х гадоў, хто б так шчыра каяўся, хоць асабіста ні ў чым не быў вінаваты. 

Імя паэта носіць вуліца і СШ №199 у Мінску.

2005 год. Памёр Ян Павел II (Караль Вайтыла, 1920–2005).

264-ы Папа Рымскі (1981–2005).

Святар з 1946 года. Быў арцыбіскупам-мітрапалітам кракаўскім, кардыналам. Удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. Выжыў пасля замаху на яго жыццё 13 мая 1981 года.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ вядомы адкрытым дыялогам: ён пасярэднічаў ў міжнародных канфліктах, выступаў са зваротамі аб міры, праводзіў супольныя малітвы з прадстаўнікамі іншых канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі.

Папа правёў 104 замежныя падарожжы, наведаў 129 краін. Беатыфікаваў 1343, кананізаваў 482 асобы. Прызначыў на пасады 321 епіскапа і 232 кардыналы. Выдаў 14 Энцыклік, 15 Апостальскіх адартацый, 11 Апостальскіх канстытуцый, 45 Апостальскіх пасланняў, 30 дакументаў у форме «motu proprio», тысячы папскіх лістоў.

Па працягласці свайго пантыфікату ён саступае толькі Апосталу Пятру і Папу Пію IX (1846–1878).

Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека, шматлікіх энцыклік, вершаў, паэм, п’ес.

Яго верш «Юдэйская пустыня» пераклала на беларускую мову Х. Лялько.

Ян Павал ІІ стаў першым пантыфікам у гісторыі, які пачаў звяртацца да беларускіх вернікаў па-беларуску ў сваіх святочных віншаваннях з нагоды Вялікадня і Нараджэння Хрыстовага, а таксама падчас сустрэч з дэлегацыямі беларусаў.

Святому прысвечаны шматлікія помнікі ў многіх каталіцкіх краінах. У 2013 годзе ў Магілёве на тэрыторыі касцёла Успення Панны Марыі і Святога Станіслава ўстаноўлена скульптура.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 31 сакавіка. Эйфелева вежа. СССР папрасіўся ў НАТА. Нарадзіліся паэт А. Мінкін, хакеіст П. Бурэ. Першая ахвяра СОVID – акцёр В. Дашкевіч.

1697 год. Маскоўскі дыпламат, стольнік Пётр Талсты пабываў у магілёўскім Брацкім манастыры. 

Ён  прыбыў у Магілёў напярэдадні. «У тым манастыры царква саборная вялікая, будынак у царкве ладнай разьбяной працы пазалочаны. Тая царква ўся падпісана насценным лістом ладным, іканастас разны пазалочаны, вялікі, ладнай працы».

Брацкі манастыр (1620–1940-я).

1785 год. Памёр ураджэнец Наваельні граф Антоній Тызенгаўз (1733–1785).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Заснавальнік першага на Беларусі перыядычнага выдання – «Gazeta Grodzieńska». Адміністратар каралеўскіх эканомій: Гарадзенскай, Брэсцка-Кобрынскай, Шавельскай, Аліцкай і Магілёўскай.

Яго намаганнямі Гродна зрабілася месцам працы розных дзяржаўных устаноў: Скарбовай камісіі, Вярхоўнага Трыбунала, задворнага асэсарскага суда. 

Заснаваў у горадзе і яго ваколіцах шэраг мануфактур, адчыніў гарадскі тэатр,  кадэцкі корпус, гандлёвую, землямерную, медыцынскую, тэатральную і іншыя школы, друкарню.

У 1775 годзе набыў у Вільні друкарню, выдаваў календары, часопіс «Gazety Wileńskie».

Палымяны прыхільнік асветы, усталявання роднай мовы. Прапаноўваў Ж.-Ж. Русо  пераехаць жыць у Гродна або ў Белавежскую пушчу.

Пахаваны ў фамільным склепе ў Жалудоцкім касцёле.

Помнікі Тызенгаўзу ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным касцёле, Паставах, яго імем названа плошча ў Гродне.

1889 год. У Парыжы ўрачыста адкрыта Эйфелева вежа.

Сімвал Парыжа, кахання ў закаханых парачак з усяго свету. Першапачаткова задумвалася як часовая канструкцыя і была пабудавана ўсяго за 2 гады на Марсавым полі ў якасці ўваходнай аркі на тэрыторыю экспазіцыі Сусветнай выставы 1889 года. Пазней названа ў гонар свайго канструктара Г. Эйфеля.

Ажурнае збудаванне складаецца з 18 000 металічных дэталяў, для злучэння якіх было выкарыстана 2,5 мільёны заклёпак. Металічныя канструкцыі важаць 7300 тон, а агульная вага, уключаючы неметалічныя элементы, складае 10000 тон.

15 мая 1889 года на вежу падняліся першыя наведвальнікі.

324 мятровая вежа была самай высокай ў свеце да 1930 года.

1904 год. На браняносцы «Петрапаўлаўск» падчас руска-японскай вайны загінуў ураджэнец Мінска Андрэй Валковіч (1870–1904).

Ваенны ўрач. Доктар медыцыны.

Скончыў Імператарскую Ваенна-медыцынскую акадэмію. Прымаў удзел у барацьбе з эпідэміямі тыфа, халеры ў Вяцкай губерні.

Служыў урачом у розных флоцкіх экіпажах. Аддаваў перавагу не практычнай, а эксперыментальнай медыцыне, якой ён з захапленнем заняўся па прапанове і пад кіраўніцтвам І. Паўлава.

Удзельнік руска-шведскай экспедыцыі (1899–1901) па градусным вымярэнні на архіпелагу Шпіцберген. На востраве збіраў гідралагічны і заалагічны матэрыял.

Удзельнік руска-японская вайны.

У яго гонар названа гара на ўсходзе Зямлі Тарэля вострава Заходні Шпіцберген.

1910 год. Пад Браславам нарадзіўся Юзаф Буйноўскі (1910–2001).

Польскі паэт, гісторык літаратуры, літаратурны крытык, эсэіст.

Скончыў Дзісенскую гімназію, Віленскі ўніверсітэт.

Выкладаў у Браслаўскай прыватнай гімназіі, выдаў у мясцовай друкарні два зборнікі вершаў. Перад вайной працаваў у Вільні.

Пасля пачатку ІІ Сусветнай вайны быў мабілізаваны ў польскую армію і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях пад Львовам. У 1939–1941 гадах быў зняволеным ў савецкім лагеры, з якога ўцёк у Вільню. У 1941 годзе быў арыштаваны НКУС і адпраўлены ў канлагер на Урал, зноў уцёк і ўступіў у армію генерала Андэрса, удзельнічаў у баявых дзеяннях 2-га корпуса на тэрыторыі Італіі. 

У 1946 годзе стаў сузаснавальнікам польскага ПЭН клуба і пераехаў на пастаяннае жыхарства ў Англію.

У Вялікабрытаніі займаўся выдавецкай, літаратурнай дзейнасцю, кіраваў выдавецтвам Польскага літаратурнага таварыства, утрымліваў уласную друкарню. Як доктар і прафесар выкладаў ва ўніверсітэтах Англіі, Амстэрдама, Гайдэльберга.

1952 год. У в. Чарняўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Алег Мінкін.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Узнагароджаны літаратурнымі прэміямі «Гліняны Вялес» за кнігу вершаў «Пенаты», імя М. Стральцова за паэтычную творчасць.

Скончыў Бабруйскую школу-інтэрнат № 1, Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці.

Працаваў у Бураціі, на нафтаправодзе «Дружба» ў Наваполацку, у «Галоўтранснафце» (Гомель), на нафтаправодах Цюменскай вобласці.

Жыве ў Вільнюсе. Выдаваў газету «Рунь».

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, прозы, дзіцячых кніг.

Пераклаў вершы Ц. Норвіда, Б.  Лесьмяна, Л. Стафа, М. Зэрава, П. Грабоўскага.

1954 год. СССР звярнуўся да НАТА з просьбай прыняць яго ў сябры арганізацыі.

НАТА просьбу не задаволіла.

1964 год. Нарадзіўся Ян Збажына

Беларускі паэт і празаік.

Працаваў у школах і ўніверсітэце ў Баранавічах. Заснавальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы, адзін з заснавальнікаў Баранавіцкага філіяла БАЖ.

Аўтар, сааўтар кніг, зборнікаў паэзіі, апавяданняў, афарызмаў, вершаў, эсэ, якія друкаваліся ў многіх газетах, часопісах «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў».

Памёр 10 лютага 2011 года.

1969 год. Памёр Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893-1969).

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы и балета

1971 год. У 3-й гарадской бальніцы Мінска нарадзіўся Павел Бурэ.

У пасведчанні аб нараджэнні месцам нараджэння запісана Масква па месцы прапіскі бацькоў.

Савецкі і расійскі хакеіст. Заслужаны майстар спорту СССР. Правёў у НХЛ 12 сезонаў у складзе каманд «Ванкувер Кэнакс», «Фларыда Пантэрз» і «Нью-Ёрк Рэйнджэрс». За сваю хуткасць атрымаў мянушку “Руская ракета”.

У рэгулярных сезонах НХЛ правёў 702 гульні, у якіх набраў 779 ачкоў (437 шайб і 342 перадачы). Па сярэдняй колькасці шайб за матч (0.623) займае пятае месца ў гісторыі НХЛ. Шэсць разоў удзельнічаў у матчах усіх зорак, а ў 2000 годзе атрымаў прыз самаму каштоўнаму гульцу матчу ўсіх зорак.

Член залы славы Міжнароднай федэрацыі хакея і Залы хакейнай славы. Уваходзіць у спіс 100 найвялікшых хакеістаў за ўсю гісторыю НХЛ.

2020 год. Першай афіцыйнай ахвярай каронавіруса на Беларусі стаў Віктар Дашкевіч (1945–2020).

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст. Уладальнік медаля Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў акцёрам, загадчыкам трупы ў Нацыянальным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, дырэктарам Беларускага тэатра «Лялька» (Віцебск).

Сыграў больш за 40 ролей у тэатры, у тым ліку ў пастаноўках «Несцерка» В. Вольскага, «Прымакі» Янкі Купалы, «Званы Віцебска» У.  Караткевіча, «Чорная нявеста» А. Дударава, «Апошнія сведкі» С.  Алексіевіч.

Дзень у гісторыі. 28 сакавіка. Аварыя на АЭС “Тры-Майл-Айленд”. Нарадзіліся “бацька педагогікі” Я.-А. Каменскі, акцёр І. Смактуноўскі, паэт К. Цвірка. Памёр Марк Шагал.

1584 год. Памёр Іван IV Грозны (Жахлівы, Тыран, 1530–1584).

Першы вянчаны цар усяе Русі. Маці ягоная Алена Глінская з беларуска-літоўскага роду.

У 1572 годзе прыняў удзел у каралеўскіх выбарах у Рэчы Паспалітай, але пасля адмовіўся ад стальца. Войскамі Івана Грознага падчас Лівонскай вайны 1558–1583 гадоў былі спустошаны многія беларускія гарады, у тым ліку амаль 100-тысячны (паводле звестак У. Арлова) Полацк.

1592 год. Нарадзіўся Ян Амос Каменскі (1592–1670).

Чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч, заснавальнік педагогікі, сістэматызатар і папулярызатар класна-ўрочнай сістэмы.

Каменскі пры наведванні Беларусі мог азнаёміцца са “Статутам Слуцкай школы” (адкрыта ў 1617 годзе Янушам VI Радзівілам), які, верагодна, скарэкціраваў яго погляды, што адлюстраваныя ў пазнейшым трактаце “Вялікая дыдактыка” (напісана паміж 1627 і 1638 гадамі).

1611 год. Пачатак аблогі гарнізона Рэчы Паспалітай у Маскоўскім Крамлі рускім апалчэннем пад кіраўніцтвам атамана Заруцкага, Трубяцкога і Ляпунова.

27 жніўня 1610 года Масква цалавала крыж Уладзіславу, які стаў Маскоўскім царом, а ў ноч на 21 верасня у Маскву увайшлі войскі Рэчы Паспалітай, быў сфарміраваны гарнізон у Крамлі. Камандуючымі гарнізона былі Жалкеўскі, А. Гансеўскі.

Першае апалчэнне пад кіраўніцтвам Дз. Трубяцкога, казакоў І. Заруцкага і П. Ляпунова было падтрымана маскоўскімі паўстанцамі Дз. Пажарскага. Паўстанне было задушана, унутраная розніца паміж казакамі і дваранамі, якая завяршылася забойствам Ляпунова, прывяла да ўцёкаў дваран і фактычнага распаду апалчэння.

1902 год. У в. Расохавічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Сцяпан Маргелаў.

Беларускі эканаміст, географ. Кандыдат эканамічных навук, прафесар.

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Падчас вучобы ў аспірантуры НДІ сельскай і лясной гаспадаркі ўваходзіў у Прэзідыум Савета, дзе працаваў разам са А. Смолічам і Г. Гарэцкім.

З 1931 працаваў у Інстытуце эканомікі АН БССР: вучоны сакратар інстытута, загадчык секцыі эканамічнай геаграфіі. Адначасова выкладаў у Інстытуце народнай гаспадаркі.

Распрацоўваў тэорыю размяшчэння ў БССР тэхнічных сельскагаспадарчых культур і перапрацоўчай прамысловасці. Адзін з кіраўнікоў групы па складанні Вялікага атласа БССР.

Арыштаваны ў студзені 1937 года. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 або 16 чэрвеня 1938 года.

1925 год. Нарадзіўся Інакенцій Смактуноўскі (Смактуновіч).

Рускі акцёр беларускага паходжання. Народны артыст СССР. Герой Сацыялістычнай працы.  

Нарадзіўся ў с. Таццянаўка Томскай вобласці ў сям’і беларуса М. Смактуновіча. Ягонага дзеда-егера Белавежскай пушчы ў 1861 годзе саслалі з сям’ёй у Сібір.

Выявы, створаныя Смактуноўскім на сцэне – князь Мышкін у Вялікім драматычным тэатры, цар Фёдар Іаанавіч у Малым, чэхаўскі Іваноў і Парфіры Галаўлёў – увайшлі ў «залаты фонд» тэатральнага мастацтва.

Яго звалі першым інтэлектуальным акцёрам савецкага кінематографа; лепшыя свае ролі ён сыграў у фільмах «Салдаты», «Дзевяць дзён аднаго года», «Гамлет», «Чайкоўскі», «Дамскі кравец» і ў лірычнай камедыі Э. Разанава «Сцеражыся аўтамабіля».

Памёр 3 жніўня 1994 года.

1934 год. Нарадзіўся Кастусь Цвірка.

Беларускі паэт, перакладчык, фалькларыст, этнограф, мовазнавец, гісторык. Кандыдат гістарычных навук. Сустваральнік, кіраўнік і галоўны рэдактар праекта «Беларускі кнігазбор».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў Капыльскім раёне, працаваў у газеце «Рудзенская праўда», на Беларускім радыё, у Доме народнай творчасці, у Міністэрстве сувязі, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР , у выдавецтве «Юнацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі , кнігі «Слова пра Сыракомлю: Быт і культура беларусаў у творчасці „вясковага лірніка“», кніг вершаў і казак для дзяцей, мастацкіх нарысаў, звязаных з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, манаграфіі «Слова пра Сыракомлю». Суаўтар кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму», складальнік тома «Вяселле. Абрад», кнігі ўспамінаў пра З.Бядулю, зборніка твораў Я.Чачота, «Філаматы і філарэты».

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Мархель.

Беларускі літаратуразнавец і паэт, перакладчык. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Працаваў у калгасе, на шахце ў Растоўскай вобласці, настаўнічаў, працаваў у газеце «Мінская праўда», у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Аўтар вершаў, літаратуразнаўчых прац.

Даследаваў беларускую літаратуру ХІХ стагоддзя, беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі.

Аўтар кніг «Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні», «Вяшчун славы і волі», «Крыніцы памяці: Старонкі беларуска-польскага літаратурнага сумежжа»,  “«Ты як здароўе…»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры” і іншых.

Укладальнік кніг твораў В. Каратынскага, Я. Лучыны, А. Міцкевіча, С. Манюшкі, анталагічнага зборніка «Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польскамоўная паэзія XIX ст.», дзе сабраны творы больш як 70 паэтаў, якія апявалі нашу Бацькаўшчыну па-польску.

Выдаў кнігу выбраных перакладаў з польскай мовы «Водгулле» (2000), зборнік санетаў «Згадкі Нясвіжа» У. Сыракомлі і «Зніч любові» Я. Купалы (абедзве 2002).

Памёр 26 жніўня 2013 года.

1972 год. Памёр ураджэнец Магілёва Рувім Фраерман (1891–1972).

Савецкі дзіцячы пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн, ваенны карэспандэнт на Заходнім фронце.

Працаваў карэспандэнтам на Далёкім Усходзе, на Каўказе, Маскве.

Аўтар многіх аповесцей, пераважна для дзяцей, раманаў.

Найбольш вядомы твор – «Дзікі сабака дзінга, або Аповесць пра першае каханне» (1939), па якім пастаўлены мастацкі фільм (1962) і радыёспектакль (1971).

1979 год. Адбылася самая цяжкая аварыя ў дачарнобыльскай гісторыі ядзернай энергетыкі – аварыя на амерыканскай АЭС “Тры-Майл-Айленд”.

Была сур’ёзна пашкоджана актыўная зона рэактара, частка ядзернага паліва расплавілася.

Насельніцтва не эвакуіравалася, але было прапанавана пакінуць пяцімільную (8 км) зону цяжарным жанчынам і дзецям дашкольнага ўзросту. Работы па ліквідацыі наступстваў аварыі вяліся ў 1979–1993 гадах і абышліся ў 975 мільёнаў долараў ЗША. Была праведзена дэзактывацыя тэрыторыі станцыі, паліва было выгружана з рэактара. Аднак частка радыеактыўнай вады ўвабралася ў бетон ахоўнай абалонкі, і гэтую радыеактыўнасць практычна немагчыма выдаліць.

1982 год. У Крычаве нарадзілася Аксана Мянькова.

Беларуская лёгкаатлетка.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне атрымала залаты медаль у кіданні молату. Але, у 2016 годзе пазбаўлена гэтага медаля па прычыне ўжывання допінгу.

Пераможца нацыянальнага адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2008» у Беларусі ў намінацыі «Спартсменка года».

Падпісала адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.

1985 год. Памёр уражэнец Лёзна Марк Шагал (1887–1985).

Сусветна вядомы беларускі, расійскі і французскі мастак.

Існуе версія, што яго продкі Сегалы жылі на Школішчы ў Магілёве, а прадзед мастак Хаім Сегал распісаў драўляную Халодную сінагогу ў Магілёве.

Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы, афарміцель спектакляў маскоўскага Камернага яўрэйскага тэатра. Жыў у Парыжы, ЗША.

У Віцебску працуе мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала, ёсць вуліца і праезд яго імя, у Іерусаліме названа плошча.

1991 год. У Магілёве зноў асвечана Ануфрыеўская царква (1798) у Свята-Мікольскім манастыры.

Будаўніцтва храма было распачата ў 1793 годзе пры Георгіі Каніскім.

У гады савецкай улады царква выкарыстоўвалася пад кніжны склад.

5 жніўня 1993 года ў храме адбылося паседжанне Сінода, на якім было вырашана прылічыць да ліку мясцовашанаваных святых свяціцеля Георгія Каніскага, арцыбіскупа Магілёўскага і Беларускага.

У царкве знаходзіцца спіс Баркалабаўскай іконы Божай Маці.

 

Дзень у гісторыі. 27 сакавіка. Другі падзел Рэчы Паспалітай. Загінуў Ю. Гагарын. Нарадзіліся літаратар В. Маракоў, гісторык П. Урбан.

Міжнародны дзень тэатра (International Theater Day, з 1962 года).

Прафесійнае свята дзеячаў тэатральнага мастацтва і мільёнаў гледачоў. Заснаванае ў 1961 годзе ў Вене на IX кангрэсе Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА.

Згадка аб першай тэатральнай пастаноўцы датуецца 2500 годам да нашай эры. Першая тэатральная ігра адбылася ў Егіпце, сюжэтам паслужылі вобразы егіпецкай міфалогіі – гісторыі бога Асірыса.

У старажытнай Грэцыі тэатр стаў фармавацца як мастацтва, усталёўваліся выразныя азначэнні трагедыі і камедыі, а таксама іншых тэатральных формаў.

Традыцыйна ў тэатры іграюць два найбольш папулярныя жанры – камедыя і трагедыя, сімваламі якіх сталі тэатральныя маскі.

Мэта свята – папулярызаваць відовішчнае мастацтва, умацаваць і наладзіць культурныя сувязі. Дэвіз урачыстасці: “Тэатр як сродак узаемаразумення і ўмацавання міру паміж народамі”.

Вытокі беларускага тэатральнага мастацтва – у народных абрадах і гульнях, творчасці вандроўных акцёраў-скамарохаў. У ХVI стагоддзі ўзнік лялечны тэатр батлейка. У XVI-XVIII стагоддзях шырокае распаўсюджванне атрымаў школьны тэатр, у XVI–XX – народная драма. У XVIII – 1-й палове XIX стагоддзя ў нашых гарадах і маёнтках працавалі магнацкія і сядзібныя тэатры.

Сярод іх асабліва шырокую вядомасць атрымалі Нясвіжскі і Слуцкі тэатры Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Ружанскі тэатр Сапегаў, тэатры Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску, Слонімскі тэатр Агінскага, Свіслацкі тэатр Тышкевіча.

Цяпер дзейнічаюць 28 дзяржаўных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры ( 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных), 1 – сістэмы Міністэрства абароны – Драматычны тэатр Беларускай Арміі. 

1111 год. Аб’яднанае войска рускіх князёў пад камандаваннем Уладзіміра Манамаха атрымала верх над полаўцамі ў бітве на рацэ Салніца.

Дакладнае месцазнаходжанне Салніцы не ўстаноўлена, мяркуюць, што каля горада Ізюм на мяжы Харкаўскай і Данецкай абласцей Украіны.

Пачалася бітва яшчэ 24 сакавіка са спусташэння палавецкіх стойбішчаў пад Сугравым. І ніколі яшчэ з часоў паходаў Святаслава (X стагоддзе) старажытнарускія ваяры не заходзілі так далёка ва ўсходнія стэпавыя раёны. Гэтая перамога спрыяла росту папулярнасці Уладзіміра Манамаха, вестка аб якім, як пісаў С.М. Салаўёў, “дайшла нават да Рыма”.

1793 год. Расія і Прусія абвясцілі акты аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай.

Абвешчаны на падставе заключанай 23 студзеня 1793 года ў Пецярбургу таемнай канвенцыі аб ліквідацыі Канстытуцыі 3 мая і аб сумесным падаўленні ўзброенага супраціўлення з боку Рэчы Паспалітай.

Да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выключэннем Мазавецкага ваяводства. 

Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія Падолле і Валынь. На далучаных да Расіі беларускіх землях  была ўтворана Мінская губернія.

З 23 на 24 верасня 1793 года гэтае рашэнне было праведзенае праз сабраны канфэдэратамі сойм у гарадзенскім замку.

У другім падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імпэрыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1909 год. Нарадзіўся Валеры Маракоў.

Беларускі паэт, перакладчык. Яго хросным бацькам быў Янка Купала.

Працаваў у  часопісах «Піянер Беларусі», «Маладосць», «Чырвоная Беларусь», газетах  «Чырвоная Полаччына», «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва».  Член «Маладняка».

У сакавіку 1935 году і лістападзе 1936 года арыштоўваўся ДПУ. Паводле Загада Галоўліта БССР 1937 года №33, «усе кнігі» Маракова прадугледжвалася «спальваць».

Расстраляны 29 кастрычніка 1937 года разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Аўтар вершаў, зборнікаў вершаў «Пялёсткі» (у 17 гадовым узросце), «На залатым пакосе», «Вяршыні жаданняў», «Права на зброю», нізкі вершаў «Мая паэма», паэм, кнігі «Лірыка».

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны, кітайскага паэта Эмі Сяо, польскага паэта В. Бранеўскага.

1923 год. Нарадзіўся Алесь Рылько.

Беларускі празаік, драматург, публіцыст.

Настаўнічаў на Аршаншчыне, Пастаўшчыне, быў разведчыкам, мінёрам у партызанскай брыгадзе К. Заслонава.

Працаваў у газетах «Савецкі селянін», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення Саюза пісьменнікаў.  

Аўтар апавяданняў, нарысаў, аповесцей для дзяцей, п’ес, камедый, сцэнак, раманаў, кнігі «Выбранае».

Яго творы перакладзены на балгарскую, польскую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько – лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

Рылько распавядаў Янку Брылю, што ў 1930-я гады ён, «начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам». Калгасны конюх прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. «Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Загінуў ад няшчаснага выпадку 16 красавіка 1967 года.

Фота С. Плыткевіча. Краявіды Рыдамлі. Радзіма А. Рылько.

1924 год. Нарадзіўся Павал Урбан.

Беларускі гісторык, грамадскі дзеяч. Абараніў дысертацыю «Вялікае Княства Літоўскае ў часы вялікага князя Аляксандра (1492–1506)».

Шматдзетная сям’я Урбанаў нацярпелася падчас калектывізацыі, вайны, і ад немцаў і ад партызанаў. Каб уратавацца ад вывазу ў Германію, вымушаны быў служыць у беларускай паліцыі, патрапіў у Германію.

Скончыў беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, Лёвенскі ўніверсітэт. Жыў на эміграцыі ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Італіі, Германіі. Удзельнік студэнцкіх арганізацый, Саюза Беларусаў Бельгіі.

Сябраваў з А. Надсанам, спеваком П. Конюхам, айцом П. Татарыновічам.

Працаваў у Мюнхенскім Інстытуце вывучэння СССР, на радыё «Свабода». Рыхтаваў матэрыялы і пісаў артыкулы для газеты «Бацькаўшчына»,  адміністраваў выдавецтва «Бацькаўшчына».

Аўтар многіх гістарычных прац, сярод якіх, «Кастусь Каліноўскі й «Мужыцкая Праўда», «Пра нацыянальны характар Вялікага Княства Літоўскага й гістарычны тэрмін «Літва», «Ці імкнецца беларускі народ (беларусы ў БССР) да незалежнасці?», «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў» (Мінск, 1994), «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (Мінск, 2001,  2003).

Памёр 31 студзеня 2011 года ў Мюнхене.

1927 год. Нарадзілася Аляксандра Данілава.

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работы ў Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

Памерла 11 студзеня 2001 года.

1968 год. Загінуў Юрый Гагарын (1934–1968).

Савецкі лётчык-касманаўт, першы чалавек, які здзейсніў арбітальны касмічны палёт.

Загінуў падчас трэніровачнага палёта сумесна з лётчыкам-інструктарам У. Сярогіным.

Самалёт МіГ-15 УТІ і наземны комплекс назірання былі старанна падрыхтаваны да палёту, медыцынскі кантроль абодва лётчыкі прайшлі паспяхова. 

У заключэнні Урадавай камісіі гаварылася, што пры выкананні навучальнага палёту самалёт сарваўся ў штопар і, здзейсніўшы некалькі віткоў пры выхадзе з крутога пікіравання, урэзаўся ў зямлю. Але з-за чаго МіГ-15, пілатуемы такім дасведчаным лётчыкам, як Сярогін, зваліўся ў штопар, дагэтуль невядома.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1979 год. У ЗША памёр Рыгор Крушына (1907–1979).

Беларускі паэт, празаік, крытык.

Скончыў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Сябра літаб’яднання «Маладняк». Арыштоўваўся ДПУ у 1925 годзе.

У даваенны час выдаў тры паэтычных зборнікі, у тым ліку «Паэзія чырвонаармейца».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі. З 1944 жыў у Германіі, працаваў у Мюнхене ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», потым выехаў у ЗША.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс «Конадні».

Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы («Барыс Мікуліч», «Сымон Будны», «Паўлюк Шукайла»), склаў 8 зборнікаў паэзіі, кнігу «Паэзія геолагаў» (пра рэпрасаваных беларускіх аўтараў).

Займаўся форматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша як паліндром, туюг, газэлі, канцона, японскія танкі, пісаў санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам.

Стаў першым беларускім пісьменнікам, якога прынялі ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба.

2011 год. Беларусь услед за Расіяй перайшла на пастаянны летні час з адменай пераходу на зімовы. 

Краіна стала жыць па маскоўскім часе, хоць наш гадзінны пояс – пояс Хельсінкі, Таліна, Вільнюса, Рыгі, Кіева, Кішынёва, Анкары, Каіра, Кейптаўна.

Дзень у гісторыі. 26 сакавіка. Егіпецкі каляндар. Прэм’ера оперы «Усяслаў Чарадзей». Шэнгенскае пагадненне. Нарадзіліся паэт В.Шніп, палітык Ф. Вячорка.

4241 год да нашай эры. Увядзенне ў Егіпце календара з годам у 365 дзён.

Ужо ў XLIII ст. да н.э. жыхары Дэльты ўстанавілі год у 365 дзён і ўвялі ў 4241 годзе да н. э. каляндарны год такой даўжыні, які пачынаўся ў дзень, калі ўзыход Сірыўса супадаў з усходам сонца на шыраце Паўднёвай Дэльты, з летнім сонцастаяннем і папярэднічаў разліву Ніла.

Год у егіпцян ужо тады складаўся з 365,25 сутак. Аднак у даўжыню свайго года егіпцянамі быў пакладзены цэлы лік дзён – 365. 

Такім чынам, за кожныя 4 гады сезонныя з’явы адставалі ад календара на 1 суткі. Пры адсутнасці высакосных гадоў Новы год праходзіў за 1460 (365×4) гадоў усе сезоны і вяртаўся на пачатковую дату. Перыяд у 1460 гадоў зваўся сотычным перыядам, цыклам, ці Вялікім годам Соціса.

Год дзяліўся на 3 сезоны па 4 месяцы кожны: Час паводкі – ахет – з сярэдзіны ліпеня да сярэдзіны лістапада, Час ўсходаў – пярэць – з сярэдзіны лістапада да сярэдзіны сакавіка, Час засухі – шыму  – з сярэдзіны сакавіка да сярэдзіны ліпеня.

Трэба нагадаць, што старажытны славянскі каляндар таксама меў толькі тры сезоны: вясну, лета і зіму: “Колькі лет, колькі зім!”, “Ад вясны да вясны”. Восень (“пад сень лета”) з’явілася значна пазней.

У 25 годзе да н.э.  устаноўлены Александрыйскі каляндар, сінхранізаваны з юліянскім календаром. Ён захаваў ранейшыя назвы месяцаў, а кожны чацвёрты, высакосны год у канцы дабаўляўся адзін дзень. Да старажытнаегіпецкага календара ўзыходзяць копцкі і эфіёпскі календары, якія да гэтага часу прымяняюцца мясцовымі цэрквамі. Структура егіпецкага календара была запазычаная французскім рэвалюцыйным календаром.

1923 год. У Маскве скончыўся працэс над клерыкаламі-«антысаветчыкамі».

Магілёўскі каталіцкі арцыбіскуп Ян Цепляк (1857–1926) разам з петраградскім К. Буткевічам прыгавораны да смяротнага пакарання. 13 ксяндзоў атрымалі розныя тэрміны зняволення.

К. Буткевіч быў расстраляны, а пад напорам міжнароднай грамадскасці смяротны прысуд Цепляку быў заменены на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1924 годзе ён быў вызвалены з Бутырскай турмы і высланы ў Польшчу, адкуль пераехаў у Рым, затым у ЗША, дзе і памёр у 1926 годзе.

Ян Цепляк у 1908–1917 гадах быў кіраўніком Магілёўскай архідыяцэзіі.

1932 год. Памёр Зігмунд Лазінскі (1870–1932).

Беларускі каталіцкі рэлігійны дзеяч, біскуп  мінскі (1918–1925) і пінскі (1925–1932).

Святар з 1895 года. Быў пробашчам кафедральнага сабора ў Мінску,  прафесарам Магілёўскай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, кіраўніком адноўленай Мінскай архідыяцэзіі (1917–1920), першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі (1925–1932).

У 1909-1911 гадах суправаджаў магілёўскага біскупа Яна Цепляка ў наведванні парафій Расійскай імперыі.

Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. Арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (пазней пераведзена ў Навагрудак, затым у Пінск).

У 1920 годзе арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь.

1940 год. Нарадзіўся Міхаіл Касцюк.

Беларускі гісторык, акадэмік, доктар гістарычных навук, прафесар. Ганаровы архівіст Беларусі. Ганаровы грамадзянін Навагрудскага раёна.

Скончыў Гродзенскі педінстытут.

З 1969 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР (дырэктар у 1989–1999 гадах), Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Займаўся даследаваннем сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Вывучаў гісторыю дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, пытанні ўсталявання і функцыянавання савецкай сістэмы ўлады, праблемы гістарыяграфіі, крыніцазнаўства.

Аўтар звыш 300 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій.

З’яўляўся галоўным рэдактарам «Нарысаў гісторыі Беларусi», «Гісторыі Беларусi» ў 6-ці тамах.

Памёр 5 лютага 2019 года.

1942 год. Нарадзіўся Іван Арабейка.

Беларускі паэт.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут.

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам», «Асенні ранак». Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка за кнігу вершаў «Сказаць хачу».

Яго вершы друкаваліся ў перакладах на рускую, ўкраінскую і грузінскую мовы.

Ягоная ўнучка Яна Арабейка была арыштаваная 12 лістапада 2020 года ў межах крымінальнай справы разам з 10 іншымі актывістамі студэнцкага руху ў рамках справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Прызнаная палітычнай зняволенай.

1944 год. У Мінску ў гарадскім тэатры адбылася прэм’ера оперы «Усяслаў Чарадзей» М. Шчаглова-Куліковіча на вершы Н. Арсенневай.

Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969) – вядомы беларускі кампазітар, музыколаг, этнограф, паэт і дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, вдзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы і балета

1958 год. Заснавана Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН.

Беларусь з’яўляецца заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і беларуская дэлегацыя ў ліку іншых дэлегацый, якія прадстаўляюць першапачатковых членаў Арганізацыі, падпісала ў кастрычніку 1945 года ў Сан-Францыска Статут ААН.

Прыняцце Беларусі ў ствараемую глабальную арганізацыю стала прызнаннем міжнароднай супольнасцю ўкладу, які ўнёс беларускі народ у перамогу над фашызмам у Другой сусветнай вайне.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі адкрылася ў 1992 годзе.

1960 год. Нарадзіўся Віктар Шніп.

Беларускі паэт, празаік, перакладчык. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Працаваў у часопісе «Беларусь», газетах «Наша слова» і «Літаратура і мастацтва», намеснікам дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўным рэдактарам часопіса «Полымя».

Аўтар каля 30 кніг паэзіі і прозы, суаўтар многіх зборнікаў, зборніка казак «Нявеста для Базыля».

Пісаў тэксты для рок-гуртоў, бардаў, эстрадных выканаўцаў.

Віктар Шніп і яго жонка, Людміла Рублеўская

1988 год. У Варшаве ўтвораны заснавальніцкі камітэт Беларускага Аб’яднання Студэнтаў (БАС) у Польшчы.

БАС – беларуская грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культурнай, асветнай, выдавецкай, турысцкай дзейнасцю.

БАС быў зарэгістраваны 29 лістапада 1988, 17 снежня 1988 года адбыўся першы з’езд. Гурткі дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША.

На лясной паляне Борык каля мястэчка Гарадок Беластоцкага павета з 1990 да 2019 год БАС праводзіў штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

Выступ гурта «Крама» на «Басовішчы-2007»

1988 год. Нарадзіўся Франак Вячорка.

Беларускі грамадзкі дзеяч, журналіст, палітык. Палітычны дарадца С. Ціханоўскай. Сын Вінцука Вячоркі.

Кіраваў укладаннем некалькіх музычных праектаў, каардынаваў праект па дубляваньні замежных фільмаў на беларускую мову, у межах якога былі перакладзеныя «Шрэк 2», «Шрэк 3», «Крымінальнае чытво», «Любоў насамрэч».

Аўтар кнігі «Падарожны Дапаможнік для беларусаў», адзін з ініцыятараў кампаніі «Народны журналіст», вядучы курсаў беларускай мовы «Мова ці кава».

Супрацоўнічаў з Радыё Рацыя, Радыё Свабода, БелаПАН, каардынаваў прасоўванне тэлеканалу Белсат, працаваў у Агенцтве ЗША па глабальных медыях у Вашынгтоне, выкладае ў Еўрапейскім каледжы ў Варшаве, удзельнічаў у праектах дакументальных фільмаў, кінаспектакляў, фільмаў.

1989 год. Упершыню на альтэрнатыўнай аснове ў СССР адбыліся выбары народных дэпутатаў.

Сярод абраных ад БССР (усяго больш за 20) – пісьменнік Алесь Адамовіч (1927–1994), дзяцінства і юнацкасць якога прайшла ў п. Глуша Бабруйскага раёна. У Глушы 9 лістапада 2019 года ўсталяваны помнік А. Адамовічу.

У дэпутаты ВС СССР балатаваўся і А. Лукашэнка, але прайграў В. Кебічу.

1995 год. Пачынае дзейнічаць Шэнгенскае пагадненне.

Пагадненне аб скасаванні пашпартнага і мытнага кантролю шэрагу дзяржаў Еўрапейскага Саюза.

Першапачаткова падпісана 14 чэрвеня 1985 года пяццю еўрапейскімі дзяржавамі (Бельгіяй, Нідэрландамі, Люксембургам, Францыяй, Германіяй). Уступіла ў сілу 26 сакавіка 1995 і спыніла існаванне 1 мая 1999 года, замешчана Шэнгенскім заканадаўствам ЕС.

Сукупная тэрыторыя дзяржаў, якія цалкам ўжываюць Шэнгенскае заканадаўства, і ўдзельнікаў дэ-факта, за вылікам выняткаў складае так званую Шэнгенскую зону, гэта значыць, прастору, на якой перамяшчэнне людзей адбываецца максімальна бесперашкодна, без праводжанага на пастаяннай аснове пашпартнага кантролю.

На сёння ў Шэнгенскай зоне 26 краін.

Дзень у гісторыі. 25 сакавіка. Дзень Волі. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта, БНР. Выгнанне езуітаў. Нарадзіліся пісьменнік У.Папковіч, артыст Я. Шыфрын

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці (неафіцыйнае свята).  

Гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года. У Беларусі святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Першая афіцыйная назва свята – Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі».

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода» у 1990 годзе.

Публічныя святкаванні ў Беларусі сталі праводзіцца з 1989 года, з перформанса мастака А. Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу і да 2020 года ў краіне  праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка.

Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

Дзень Зямлі (апошняя субота сакавіка). Гадзіна Зямлі.

У рамках Дня Зямлі з 20:30 да 21:30 па мясцовым часе праводзіцца акцыя “Гадзіна Зямлі”. Асноўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да наступстваў змены клімату, неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды і рэсурсаў планеты. 

Арганізатары акцыі просяць на гадзіну выключыць электраэнергію, у тым ліку ў грамадскіх будынках, падсветку славутасцяў. 

Упершыню гэтае мерапрыемства было праведзена ў аўстралійскім Сіднэі 31 сакавіка 2007 года. Ужо праз год акцыю падтрымала 35 дзяржаў і звыш 400 гарадоў. У Беларусі акцыя пройдзе ўжо 15-ы раз.

Рыгор і Тэафан, Дабравешчанне або Звеставанне і Гуканне вясны (народны каляндар). 

Былы Новы год у Еўропе.

На Рыгора зіма ідзе ў мора. І птушка гнязда не кладзе.

Прылёт бусла.

1820 год. У Магілёве аб’яўлены ўказ цара Аляксандра I аб выгнанні езуітаў з Расіі. 

Магілёўскія езуіты былі высланы ў Аўстрыю. У Полацку зачынена езуіцкая акадэмія (універсітэт, 1812–1820).

У ВКЛ езуіты з’явіліся пры Стэфане Баторыі. У 1569 годзе віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч запрасіў у ВКЛ 13 прадстаўнікоў Ордэна. На ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай езуіты на працягу XVI–XVIII стагоддзяў стварылі 153 апорныя пункты, звыш паловы з іх (79) знаходзілася ў Беларусі.

Пасля роспуску ордэна рашэннем папы Клімента XIV у 1773 годзе і выгнанні іх з большасці краін Еўропы, свае пазіцыі яны захавалі толькі ў Расійскай імперыі. На працягу 30-ці гадоў, пакуль ордэн быў пад забаронай, генераламі Ордэна былі нашы суайчыннікі: Станіслаў Чарневіч, Гаўрыіл Лянкевіч, Францыск Карэ (з сям’і англійскіх перасяленцаў у Оршы).

Пасля сябе езуіты пакінулі ў Беларусі не толькі іншы погляд на адукацыю, але і багатую архітэктурную спадчыну – будынкі касцёлаў, калегій, манастыроў.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878-1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1917 год. У Мінску пачала работу канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), якая аб’явіла сябе З’ездам нацыянальных партый і арганізацый.

На форуме члены партыі выступілі ў падтрымку Часовага ўрада, выставілі патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі, выказаліся за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень.

У выніку працы з’езда ў Мінску з’явіўся палітычны цэнтр у форме Беларускага нацыянальнага камітэта, які адводзіў сабе ролю часовага агульнакраёвага органа ўлады, прызванага забяспечыць абвяшчэнне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. БСГ атрымала 10 месцаў у камітэце.

Грамада пашырала свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых. Яе арганізацыі ўзніклі  ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і іншых. Да сярэдзіны 1917 года БСГ налічвала каля 5000 членаў.

Дзеяч БСГ Аркадзь Смоліч

1918 год. У Мінску а 8:00 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

БНР праіснавала да 3 снежня 1918 года ў межах этнаграфічнай тэрыторыі, у складзе Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, беларускіх частак Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў, у 300 000 квадратных кіламетраў.

Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яго ўмовы. Пацвярджаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай з 12 красавіка 1918 года – беларуская. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Роўна праз два гады пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 – 25.III.1920. Гадаўшчына – памінкі»:

Не свята светлае спраўляці

Сягоння будзе наш народ.

А трызну па айчыне-маці

Ён справе ў гэты цяжкі год

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвяцілі свае вершы В. Адважны, А. Змагар, М.  Машара, Н. Арсеннева, Р. Барадулін, Н. Гілевіч.

1935 год. Нарадзіўся Уладзімір Папковіч.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педінстытут замежных моў. Працаваў у інстытуце замежных моў, інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды, у Мінскім вышэйшым інжынерна-радыётэхнічным вучылішчы, на Мінскім оптыка-механічным заводзе, у Віцебскім педінстытуце, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя У. Караткевіча.

З 1962 года друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выданнях у Мінску і Віцебску: часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», альманахах «Дзень паэзіі», «Далягляды», «Братэрства», «Дзвіна», «Ратуша».

Памёр 10 красавіка 2021 года ў Віцебску.

1937 год. Памёр Зыгмунт Нагродскі (1866–1937).

Беларускі паэт і культурны дзеяч. Належаў да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёўцаў».

Праводзіў культурна-асветную работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Ф. Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 годзе перавыдаў гэты зборнік.

Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы».

На ўласныя сродкі заснаваў «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання.

Аўтар напісанай на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле п’есы «На каляды» (пастаўлена ў Вільні ў 1936), вершаў, успамінаў пра Ф. Багушэвіча.

Яго творы зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Дом З. Нагродскага, Вільня, вул. Піліма, 9

1956 год. Нарадзіўся Яфім Шыфрын.

Расійскі артыст эстрады, акцёр і рэжысёр, гумарыст, спявак, тэлевядучы.

Нарадзіўся ў сям’і рэпрэсаваных выхадцаў з Магілёўшчыны. Яго бацька родам з Дрыбіна, маці – з мястэчка Ляды (“Орша, Копысь і Ляды – усё вялікія гарады”).

1957 год. Створана Еўрапейская эканамічная супольнасць у складзе 6 дзяржаў (Бельгія, Германія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Францыя).

Еўрапейская эканамічная супольнасць – міжнародная арганізацыя, якая існавала з 1957 па 1993 год.

З часам супольнасць уключыла ў сябе яшчэ шэсць краін, і з 1967 года яе органы таксама рэгулявалі Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі пад агульнай назвай Еўрапейскія супольнасці. Пасля стварэння Еўрапейскага саюза ў 1993 годзе ЕЭС была пераназвана ў Еўрапейскую супольнасць, стаўшы асноўнай супольнасцю адной з трох апораў Еўрасаюза, а інстытуты супольнасці сталі інстытутамі Саюза.

2004 год. Памерла Валянціна Пашкевіч (Жукоўская, 1916–2004).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

У Другую Сусветную вайну жыла ў Берліне. З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, арганізавала і кіравала танцавальным гуртком, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Дзень у гісторыі. 24 сакавіка. Пачатак паўстання Касцюшкі. Патоплены рускі ваенны карабль “Саратаў”. Нарадзіліся палітык скульптар А. Глебаў, акцёр М. Кірычэнка.

Сусветны дзень барацьбы з сухотамі (туберкулёзам).

24 сакавіка 1882 года ў Берліне нямецкі вучоны Р. Кох аб’явіў аб адкрыцці ўзбуджальніка сухотаў, а праз год ён выявіў і ўзбуджальніка халеры. У 1905 годзе Кох быў ушанаваны Нобелеўскай прэміяй па фізіялогіі і медыцыне.

Кветка белага рамонка абрана эмблемай барацьбы з сухотамі, сімвалам здароўя і чыстага дыхання лёгкіх.

2023 год праходзіць пад лозунгам «Так! Мы можам ліквідаваць сухоты!».

Сухоты – адно з самых небяспечных інфекцыйных захворванняў, вядомае са старажытнасці. Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу, ён займае першае месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў у свеце. Прагназуецца, што смяротнасць ад сухотаў можа павялічыцца на 13%, што можа даць дадатковыя 1 400 000 ахвяр да 2025 года.

Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам прадастаўляе платформу для пацыентаў, членаў іх сем’яў, неабыякавых да гэтай праблемы грамадзян, арганізацый грамадзянскай супольнасці, медыцынскіх работнікаў, уцягнутых у аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з туберкулёзам, асоб, якія фарміруюць палітыку ў галіне аховы здароўя, партнёраў у галіне развіцця і іншых зацікаўленых бакоў і абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні ў арганізацыі дыягностыкі і лячэння туберкулёзу.

Міжнародны дзень барацьбы з дэпрэсіяй (International Depression Day).

Дэпрэсія – адзін з магчымых сімптомаў парушэння абмену рэчываў у мозгу. Яна заключаецца ў пачуцці абыякавасці, дрэнным настроі, прыгнечанасці, нізкай самаацэнцы, адсутнасці накіраванасцяў.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за 350 мільёнаў чалавек у розных краінах свету пакутуюць ад дэпрэсіі. 

Па статыстыцы, кожны дзясяты пасля 40 гадоў сутыкаецца з рознымі формамі дэпрэсіўнага засмучэнні псіхікі, пры гэтым большую частку з іх складаюць жанчыны. Захворванне сустракаецца ў 5% дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў, а большая доля суіцыдаў здараецца ў перыяд юнацкай дэпрэсіі. Кожная пятая жанчына пакутуе ад дэпрэсіі пасля нараджэння дзіцяці. Развіццё хваробы могуць справакаваць некаторыя групы лекавых прэпаратаў, сардэчна-сасудзістыя і эндакрынныя захворванні.

Дэпрэсія – гэта хвароба, якая паддаецца лячэнню, але патрабуе кваліфікаванай дапамогі спецыялістаў. Адсутнасць своечасовага тэрапеўтычнага ўмяшання можа прывесці да цяжкіх наступстваў для здароўя.

1794 год.  Пачатак паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

Касцюшка ўрачыста абвясціў у Кракаве пачатак антырускага вызвольнага паўстання, і тады ж быў апублікаваны Акт паўстання, які абвясціў лозунгі аднаўлення ў поўным аб’ёме суверэнітэту Рэчы Паспалітай, вяртання анэксаваных тэрыторый. Акт аб’яўляў, што паўстанне будзе змагацца за непарушнасць межаў Рэчы Паспалітай, устанаўленне народнай улады і ўсеагульнай свабоды.

У кастрычніку 1794 года паўстанне было задушана. Параненага Касцюшку змясцілі ў Петрапаўлаўскую крэпасць, адкуль яго вызвалілі па загадзе імператара Паўла I у 1796 годзе.

1889 год. Нарадзіўся Алесь Сташэўскі (Сташэўскі-Стасевіч). 

Беларускі савецкі палітык.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. 

Удзельнік Першай сусветнай вайны, падпаручнік, служыў у Чырвонай арміі.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху, сябра Яраслаўскай арганізацыі бежанцаў «Маладая Беларусь», сакратар прэзідыума педагагічнай рады Мінскага педінстытута. У 1920-я гады быў сакратар ЦВК і СНК БССР, старшынёй Полацкага акруговага выканкама, народным камісарам унутраных спраў, юстыцыі, пракурорам БССР.

Садзейнічаў правядзенню беларусізацыі на далучаных да БССР усходніх беларускіх тэрыторыях.

У канцы 1930 года быў неабгрунтавана абвінавачаны як удзельнік «антыпартыйнай» групы Ігнатоўскага – Жылуновіча, зняты з пасады. Працаваў старшынёй Бабруйскага райвыканкама, загадчыкам рабфака БДУ, дырэктарам Гомельскага сельскагаспадарчага педагагічнага інстытута.

Арыштаваны ў 1937 годзе. Расстраляны 11 снежня 1938 года.

1891 год. Нарадзіўся Сяргей Вавілаў.

Савецкі фізік, заснавальнік навуковай школы фізічнай оптыкі ў СССР, акадэмік і прэзідэнт Акадэміі навук СССР, лаўрэат чатырох Сталінскіх прэмій. Ганаровы акадэмік АН БССР, Пражскай, Балгарскай, Харвацкай, Індыйскай і іншых акадэмій навук. Малодшы брат М.  Вавілава, рускага вучонага-генетыка.

Папулярызатар навукі, ініцыятар стварэння Усесаюзнага таварыства «Знание» і першы яго старшыня праўлення.

Яго імя носяць Мінскі механічны завод  у складзе “БелОМА”, вуліцы ў шматлікіх гарадах, у тым ліку ў Магілёве (паміж 2-м Кузнецкім завулкам і вул. Касманаўтаў, паралельна вул. Лазарэнка, перасякааецца з вуліцай імя Лысенка), пастаўлены помнік на тэрыторыі Мінскага механічнага завода.

Памёр 25 студзеня 1951 года

1896 год. Нарадзілася Вера Маслоўская (Матэйчук).

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.

Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).

У 1920–1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). 

Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.

Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе у Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951–1958 гадах працавала у Супраслі загадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.

Памерла 23 студзеня  1981 года.

Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.

1908 год. Нарадзіўся Аляксей Глебаў.

Беларускі скульптар, народны мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Адзін з арганізатараў у Віцебску Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі.

З 1955 года выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Працаваў у галіне партрэтнай, сюжэтна-кампазіцыйнай і манументальнай пластыкі. Лепшыя работы адметныя тонкай мадэліроўкай формаў, пластычнасцю і эмацыйнай выразнасцю, майстэрствам выканання ў матэрыяле.

Удзельнічаў у афармленні Дома ўраду БССР, Дома Чырвонай Арміі і Палаца піянераў і школьнікаў у Мінску, скульптуры «Лявоніха» і «Крыжачок» для будынка Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве.

Шмат гадоў працаваў над помнікам Ф. Скарыну для Полацка (Дзяржаўная прэмія), але адліць з бронзы скульптуру не паспеў, што зрабілі за яго яго вучні – скульптары І. Глебаў і А. Заспіцкі.

Аўтар, суаўтар твораў: Манумент Перамогі ў Мінску, конная статуя Л. Даватара, партрэт У. Уладамірскага, помнікі Сталіну ў Мінску, Якубу Коласу ў Мікалаеўшчыне, «Максім Горкі і Янка Купала», «Пасля працы. Улікоўшчыца», група «Сустрэча У. Леніна на Фінляндскім вакзале ў красавіку 1917», рэльеф «Партызаны Беларусі» для помніка воінам Савецкай Арміі і партызанам у Мінску, статуі «Юнацтва», «Плаўчыха».

Памёр 2 кастрычніка 1968 года.

А. Глебаў. Вяртанне з працы. 1957.

1943 год. Пачала выдавацца газета падпольнага Магілёўскага абкама КП(б)Б “За Радзіму”.

Пад гэтай назвай яна выходзіла да 1956 года. З 12 жніўня 1956 года выходзіць пад назвай “Магілёўская праўда”.

Газета «Магілёўская праўда» адлічвае сваю гісторыю з 23 студзеня 1918 года, калі сталі выходзіць «Весткі Магілёўскай Рады… дэпутатаў». У 1918-1941 гадах 6 разоў мяняла сваю назву, у тым ліку выходзіла як “Соха і молат” (1919-1925), ” Магілёўскі селянін” (1925-1929), “Камунар Магілёўшчыны” (1929-1941). З 1984 г. выходзіць дадатак «Дняпроўскі тыдзень».

1946 год. Нарадзіўся Мікалай Кірычэнка.

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. Лаўрэат прэміі імя І. Буйніцкага.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў акцёрам у Брэсцкім тэатры, акцёрам і генеральным дырэктарам тэатра імя Янкі Купалы, прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва.

Сыграў галоўныя ролі ў шматлікіх спектаклях, у тым ліку «Ажаніцца не журыцца» М. Чарота, «Дзвон – не малітва» І. Чыгрынава, «Гамлет» У. Шэкспіра, «Князь Вітаўт», «Чорная панна Нясвіжа», «Вечар», «Ядвіга» А. Дударава, «Сны аб Беларусі» У. Караткевіча, «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Дзве душы» М.  Гарэцкага, «Не мой» А. Адамовіча.

Зняўся ў больш за 40 фільмах. Прызёр і лаўрэат міжнародных тэатральных і кінафестываляў.

Памёр 14 жніўня 2018 года.

1980 год. Памёр Пятрусь Броўка (1905-1980).

Беларускі грамадскі дзеяч, празаік, паэт і перакладчык. Народны паэт, Герой Сацыялістычнай працы, акадэмік АН БССР.

Галоўны рэдактар часопіса “Полымя” і выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”. Аўтар 3-х дзясяткаў кніг паэзіі, шматлікіх аповесцей, лібрэта опер, перакладаў.

Яго творы перакладзены на 27 моў, імя прысвоена выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя”, вуліцам у Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах.

У Мінску працуе літаратурны музей Петруся Броўкі, у  Пуцілкавічах Ушацкага раёна — хата-музей.

2001 год. Памёр ураджэнец в. Шчаглоўка Касцюковіцкага раёна Антон Бархаткоў (1917–2001).

Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні першай выстаўкі беларускага мастацтва ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю ўтварэння БССР, у арганізацыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.

Вучань і прадаўжальнік традыцый В. Бялыніцкага-Бірулі. Сыны А. Бархаткова – Вітольд (у гонар Бялыніцкага-Бірулі) і Ігар – таксама сталі прафесійнымі мастакамі-рэалістамі.

Аўтар шырокавядомых карцін «Партрэт В. Бялыніцкага-Бірулі», «Ганачак», «Першая песенька», «Вясна на Нёмане», «Любімыя дубы Якуба Коласа. Мікалаеўшчына» і шматлікіх іншых. Удзельнік выставак у СССР, Бельгіі, Італіі, Нідэрландах.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музеях Магілёва, Гродна, Гомеля, Бялынічаў, Касцюковічаў, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і іншых.

Памёр 24 сакавіка 2001 года ў Мінску.

2022 год. Узброеныя сілы Украіны патапілі расійскі вялікі дэсантны карабель “Саратаў”.

Патоплены ў порце Бердзянск пасля ўдару ракетай  “Кропка-У”. Кошт карабля 75 мільёнаў долараў. «Саратаў» удзельнічаў у анэксіі Крыма ў 2014 годзе. Падняты з дна 1 ліпеня 2022 года.

Дзень у гісторыі. 23 сакавіка. Дзень метэаролага. Нараджэнне выраза “О.К.” Другі З’езд БНФ. У Самалі збіты беларускі Іл-76.

Сусветны метэаралагічны дзень (World Meteorological Day, з 1950 года). Дзень працаўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі.

Метэаралогія – навука аб будове і ўласцівасцях зямной атмасферы, фізічных працэсах у ёй.

Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) бярэ свой пачатак ад Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі, якая была створана ў 1873 годзе. У 1951 годзе СМА стала спецыялізаванай установай ААН у галіне метэаралогіі (надвор’е і клімат), аператыўнай гідралогіі і сумежных геафізічных навук.

Асноўны напрамак дзейнасці СМА – аказанне краінам падтрымкі ў прадастаўленні метэаралагічных і гідралагічных паслуг.

Сусветны метэаралагічны дзень праводзіцца з мэтай павышэння дасведчанасці шырокай грамадскасці аб магчымых наступствах змены клімату. Бо сёння хуткая змена клімату – адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем, з якімі сутыкаецца чалавецтва.

Дзень нараджэння выраза “O.K.” – “о’кей”.

ОК упершыню з’явіўся 23 сакавіка 1839 года на старонках газеты “Бостан монінг пост”. Гэта быў час, калі амерыканцы захапляліся абрэвіятурамі і скарачалі ўсё што можна. Сэнсам жарту была насмешка над непісьменнасцю аматараў скарачэнняў.

Словы “all correct” ператварыліся ў ОК, бо людзі часта пісалі “oll korrect”.

Газетай былі дапушчаны адразу дзве наўмысным арфаграфічныя памылкі. Такім чынам, правільным было б утварыць ангельскую абрэвіятуру “А.С.”, адпаведна, у беларускай транскрыпцыі – “эй сі”.

1662 год. Памёр Адам Саковіч.

Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, з роду герба Корвін. Падваявода віленскі, староста ашмянскi, ваявода смаленскі (1658-1662). Маршалак Трыбунала ВКЛ.

Удзельнік вайны 1654-1667 гадоў, быў паручнікам у гусарскай харугве Вінцэнта Гасеўскага. Адзін з героеў у рамане Г. Сянкевіча «Патоп».

Фота. Герб Корвін.

1895 год. Нарадзіўся Васіль Сташэўскі.

Беларускі драматург, перакладчык, празаік.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Удзельнічаў у Першай сусветнай, польска-савецкай вайне, настаўнічаў, працаваў сакратаром Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчыкам  Менскага павятовага аддзела народнай асветы, адказным сакратаром аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газеце «Савецкая Беларусь».

Аўтар больш чым 20 п’ес, некаторыя з якіх ставіліся ў тэатрах, 5 кніг нарысаў, перакладаў на  беларускую мову творы І. Мікітэнкі, М. Ірчана, А. Афінагенава, А. Карнейчука, І. Качаргі, І. Ле, І. Сенчанкі і іншых.

Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, расстраляны 29 лістапада 1937 года.

1903 год. У Віцебску нарадзілася Алена Кабішчар-Якерсон (1903-1990).

Савецкі жывапісец і графік.

Вучылася ў мастацкай студыі Ю. Пэна, Віцебскім мастацкім вучылішчы, у Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве.

Працавала ў Дзяржаўным Цэнтральным музеі народазнаўства, фальклорным кабінеце Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у Маскоўскім аддзяленні Мастацкага фонду СССР.

Выконвала скульптурныя, жывапісныя і манекенавыя працы для розных устаноў.

Будынак Віцебскага народнага мастацкага вучылішча

1906 год.  У г. Чэрыкаве нарадзіўся Ісак Любан.

Беларускі кампазітар, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Мастацкі кіраўнік Беларускага радыё (1928–1936), Ансамбля песні і танца Беларускай філармоніі (1937–1941), старшыня Саюза кампазітараў БССР.  Сталінская прэмія за музыку да спектакля «Несцерка».

У пасляваенны час працаваў у Маскве: мастацкі кіраўнік Ансамбля песні і танца Цэнтральнага Дома культуры чыгуначнікаў.

Складальнік зборніку «Беларускія народныя і рэвалюцыйныя песні для харавога і сольнага выканання» (1938).

Аўтар шматлікіх музычных твораў – сюіт, музыкі для сімфанічнага аркестра, для салістаў, хору і аркестра народных інструментаў, п’ес, песен, у тым ліку на словы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, К. Крапівы, М. Рудэрмана, А. Астрэйкі, А. Сафронава, Л. Ашаніна, А. Жарава,  Я. Далматоўскага, А. Бачылы,  М. Андронава,  М. Лужаніна, А. Русака (у тым ліку «Бывайце здаровы»), музыкі да драматычных спектакляў, да фільмаў, у тым ліку «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

У 1942 годзе, калі знаходзіўся пасля ранення ў шпіталі, напісаў музыку да песні «Наш тост». Яе выконвала народная артыстка СССР Л. Александроўская і з той пары «Наш тост» уключылі ў свой рэпертуар шматлікія вядомыя артысты і франтавыя ансамблі.

Памёр 7 лістапада 1975 года.

1948 год. Нарадзіўся Генадзь Пашкоў.

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

Скончыў БДУ. Пацаваў на Беларускім радыё, у часопісах «Полымя», «Тэатральная Беларусь», у «Цэнтральнай газеце»,  у апараце ЦК КПБ, дырэктарам (1996–2008) выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі, першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар 9 зборнікаў  паэзіі, 3 зборнікаў паэзіі для дзяцей, 2 кніг нарысаў, суаўтар  дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так…». 

Пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена выданне шматлікіх энцыклапедый, у тым ліку 18-томная “Беларуская энцыклапедыя”, 2-х томная “Энцыклапедыя ВКЛ”.

1942 год. Памёр у ГУЛАГу Антон Луцкевіч (1884–1942).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, навуковец, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

У снежні 1919 – лютым 1920 года старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Грамадска-палітычны дзеяч ў Заходняй Беларусі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1927, 1928 гадах, абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай выведкай.

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні, перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў.

Памёр у лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

1942 год. Загінуў у ГУЛАГу Сяргей Ракіта (Законнікаў, 1909–1942).

У 1920-я гады быў камсамольскім актывістам, працаваў у гомельскай абласной газеце «Палеская праўда», у рэдакцыях мінскіх газет, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Аўтар допісаў у аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях», нарысаў, вершаў, двух зборнікаў паэзіі.

1978 год. Пайшоў з жыцця Рыгор Шырма (1892–1978).

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Дзеяч беларускага культурнага і палітычнага руху ў Заходняй Беларусі, арганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939–1970).

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі М. Васілька, М. Танка, С. Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў А. Салагуба і В.Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме. У час нападу Германіі на СССР калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль паехалі на Каўказ, а пасля ў Краснаярск. Тут ён быў арыштаваны НКУС і сядзеў у турме да сакавіка 1942 года. Пасля перавезены на Лубянку, дзе допыты ладзіліся да жніўня. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа перад П. Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан.

Ён прыцягнуў да мастацкай апрацоўкі народных песень беларускіх кампазітараў М. Аладава, А. Багатырова, Я. Цікоцкага, П. Падкавырава, Р. Пукста, У. Алоўнікава і шматлікіх іншых.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964). Па ўспамінах Зянона Пазняка, у сярэдзіне 1970-х Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1990 год. Заснаванне Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі ў Мінску.

Музей мае 10 экспазіцыйных і адну выставачную залу, два філіялы: «Музей гісторыі беларускага кіно» і «Гасцёўня Уладзіслава Галубка».

Спачатку музей змяшчаўся ў будынку па  вуліцы Старавіленская (сёння там знаходзіцца «Гасцёўня Уладзіслава Галубка»). У 2001 годзе пераехаў ў адрэстаўраваны будынак, так званы «Дом масонаў», у Музычным завулку.

Музей ладзіць лялечны спектакль у батлейцы, музычныя вечарыны.

1991 год. У Мінску пачаўся II з’езд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (23-24 сакавіка).

У палітычным спавешчанні, з якім выступіў З. Пазняк, было падкрэслена, што савецкая імперыя вычарпала свае рэсурсы, і альтэрнатывы незалежнасці няма. Камуністычны рэжым не паддаецца рэфармаванню, таму рух за два гады прайшоў шлях ад спадзяванняў на супрацоўніцтва з «лепшымі сіламі КПСС» да прынцыповага антыкамунізму. 

Праца БНФ мусіць скіроўвацца на інтэграцыю грамадства рэспублікі, на адраджэнне нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці.

Базай для дэмакратыі з’яўляецца прыватная ўласнасць, культурны, свядомы і свабодны чалавек. З’езд прыняў Праграмную заяву «Свабода – Незалежнасць – Адраджэнне». 3 назвы руху скасаваныя словы «за перабудову». Падкрэслена, што праз здабыццё суверэнітэту рэспубліка зможа вярнуцца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, аднавіць маральныя, культурныя і сацыяльныя каштоўнасці.

Дэкларавана, што БНФ застаецца шырокім грамадска-палітычным рухам, што апора БНФ – мільён жыхароў рэспублікі, якія адказалі на пытанне рэферэндуму па захаванню СССР «не».

Вызначаны статус сяброў і прыхільнікаў БНФ. У БНФ арганізацыйна ўвайшлі Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Ліга жанчын Беларусі, Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт беларускамоўных класаў.

Старшынёй БНФ быў выбраны З. Пазняк, яго намеснікамі – В. Голубеў, У. Заблоцкі, Ю. Хадыка.

Мітынг БНФ супраць эканамічнай палітыкі савецкай улады. Мінск, красавік 1991

2007 год. У Самалі збіты самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт». 

Загінулі 11 лётчыкаў і авіятэхнікаў, якія дэмантавалі авіяцыйнае абсталяванне Іл-76, абстралянага 9 сакавіка.

9 сакавіка іншы Іл-76, які перавозіў два БТР з Уганды ў Самалі, пры заходзе на пасадку ў Магадзіша, быў абстраляны з перанаснога зенітна-ракетнага комплекса. На борце паўстаў моцны пажар, аднак пілотам удалося пасадзіць самалёт і пазбегнуць ахвяр. Самалёт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні.

Борт, якi пацярпеў крушэнне 23 сакавіка, перавозіў абсталяванне, дэмантаванае з пацярпелага 9 сакавіка самалёта.

Самалійскія ўлады заявілі, што аварыя адбылася ў выніку няшчаснага выпадку, адмаўляючы iнфармацыю аб атацы з боку радыкалаў.

З красавіка 2007 года Федэральнае авіяцыйнае ўпраўленне ЗША забараніла амерыканскiм авіякампаніям лятаць над самалійскай паветранай прасторай ніжэй за 7900 м, з-за магчымай пагрозы з боку гранатамётаў і зенітна-ракетных комплексаў.

Дзень у гісторыі. 22 сакавіка. Брэсцкі манетны двор. Пакараны К. Каліноўскі. Хатынская трагедыя. M.@rt.кантакт. Нарадзіліся кароль Ян Казімір, паэт А. Пысін.

Сусветны дзень вады (World Water Day, з 1993 года).

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН.

У рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі прапанавана дзяржавам праводзіць у гэты дзень мерапрыемствы, прысвечаныя захаванню і засваенню водных рэсурсаў.

Па велічыні водных рэсурсаў рэк Беларусь займае чацвёртае месца ў Еўропе пасля Нарвегіі. 

Патэнцыял водных рэсурсаў Беларусі: 20 000 рэк і ручаёў, 11 000 азёр, 85 вадасховішчаў, 1 500 сажалак.

Разведаныя запасы прэсных падземных вод – 6,35 млн куб.м/суткі (609 радовішчаў).

Міжнародны дзень Балтыйскага мора (Baltic Sea Day, з 1986 года).

Абвешчаны ў 1986 годзе на 17-м пасяджэнні Хельсінкскай Канвенцыі ў гонар падпісання самой канвенцыі па Балтыйскаму мору ў 1974 годзе.

49% тэрыторыі Беларусі адносіцца да басейна Балтыйскага мора, рачных басейнаў Нёмана, Заходняй Дзвіны, Заходняга Буга.

Рака Заходняя Дзвіна

Сорак сарокаў (народны каляндар). 

Прыход вясны пасля раўнадзенства і сустрэча птушак з цёплых месцаў. “Жаўрукі прыляцелі, на галоўку дзецям селі”.

У хрысціянстве шануюць памяць сарака пакутнікаў Севастыйскіх – воінаў-хрысціян, якія прынялі пакутніцкую смерць. Усе яны былі родам з Кападокіі і служылі ў рымскім войску. Ваеначальнік запатрабаваў, каб хрысціяне разам з астатнімі салдатамі прынеслі ахвяру паганскім багам. Пасля адмовы іх падвергнулі катаванням, а потым распранулі і прымусілі стаяць у пакрытым лёдам возеры на працягу ночы. Да раніцы адзін з воінаў не вытрымаў – і пабег да цёплай лазні. Аднак яго месца сярод пакутнікаў заняў рымлянін Аглай, якога ўразіла стойкасць духу хрысціян.

У народзе гэты дзень лічыўся днём другой сустрэчы вясны (першая была на Грамніцы, трэцюю чакаюць на Дабравешчанне), адным з самых вялікіх свят у годзе. Сяляне казалі, што “на Сарокі дзень з ноччу мераецца, зіма канчаецца, вясна пачынаецца”. А прадвеснікамі вясны былі жаўрукі (хоць на Сарокі, па павер’і, з-за мора прыляталі 40 розных птушак).

Гаспадыні загадзя выпякалі з цеста печыва ў выглядзе птушак, як правіла, 40 штук – па колькасці загінулых пакутнікаў.

У гэты дзень вернікі прыходзяць у храм і ставяць 40 свечак у памяць аб загінуўшых.

Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце,

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела,

Нам хлебушак пераела.

1609 год. Нарадзіўся Ян Казімір Ваза (1609–1672).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Ваза.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1619 год. Кароль Жыгімонт III Ваза перадаў усе магілёўскія праваслаўныя цэрквы уніятам.

Гэта адбылося па скарзе уніяцкага арцыбіскупа І. Кунцэвіча на бясчынствы часткі гараджан супраць уніатаў. 

Указам караля прадпісвалася ўдзельнікаў узброенага выступу ў Магілёве ў 1618 годзе супраць уніятаў пакараць смерцю, на жыхароў накласці штраф, усе праваслаўныя цэрквы перадаць уніятам.

1659 год. Пастанова Сойма Рэчы Паспалітай аб біцці меднага шэлега (барацінкі) і заснаванні Брэсцкага манетнага двара.

Падчас правядзення грашовай рэформы 1659–1666 гадоў для выпуску меднага соліда (барацінкі) пачалося будаўніцтва манетнага двара ў Брэсце. Ён працаваў з 4 снежня 1665 да 16 снежня 1666 года і выбіў каля 241 мільёна медных солідаў на суму 2 674 268 злотых 10 грошаў.

На аверсе размяшчаўся бюст Яна II Казіміра Вазы, пад якім ініцыялы TLB (арандатара меднага двара). На рэверсе быў герб ВКЛ “Пагоня”, пад ім манаграма І. Кіршэнштэйна. Соліды брэсцкага двара падобныя на медныя соліды Віленскага меднага двара. 

Ёсць меркаванне, што большая частка тыражу мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.

1864 год. Публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні Кастусь Каліноўскі (1838–1864).

Палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў удзел у таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі З. Серакоўскі і Я. Дамброўскі. 

На Гародзеншчыне ствараў рэвалюцыйныя арганізацыі, у 1862 годзе з паплечнікамі распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» – першай у гісторыі газеты на беларускай мове. У 1862 годзе ачоліў Літоўскі правінцыяльны камітэт па падрыхтоўцы паўстання, у студзені 1863 распачаў паўстанне, 1 лютага 1863 года узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі.

29 студзеня 1864 года выдадзены царскім уладам камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам. 

Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.

Урачыстае перапахаванне К. Каліноўскага і іншых паўстанцаў адбылося 22 лістапада 2019 года на могілках Росы у Вільні.

Адзін з першых беларускіх мастацкіх фільмаў быў «Кастусь Каліноўскі» (1928). У 1943 годзе ў гонар героя была названая савецкая партызанская брыгада, якая дзейнічала каля Гродна і Беластока.

У гонар деяча названыя вуліцы ў Мінску, Гродна, Магілёве, Пінску і іншых гарадах Беларусі, гімназія № 1 у г. Свіслач. Адзіны беларускі помнік усталяваны ў Свіслачы. Бюст усталяваны ў Нью-Ёрку.

Указ прэзідэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 года № 26 зацвердзіў Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода не выкарыстоўваецца, але не выходзіла і адпаведнай пастановы аб яе скасаванні.

У 2022 годзе ва Украіне створаны беларускі полк імя Каліноўскага.

1865 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, Стары Улас.

Беларускі паэт.

Дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ў «Нашай ніве». Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969).

У 1990 годзе выйшла яго кніга вершаў і публіцыстыкі «Год беларуса».

Памёр 30 верасня 1939 года.

1882 год. Нарадзіўся Эдуард Будзька.

Беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік.

Аўтар і папулярызатар «Нашай нівы». Член  прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта,  член Вялікай беларускай рады, сакратар Камісіі па стварэнні БДУ.

Удзельнічаў у стварэнні беларускіх школ, Будслаўскай беларускай гімназіі. Удзельнік беларускага нацыянальнага руху ў Літве, Латвіі, ЗША.

У час Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі Беларусі, працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

Цяжка хворы выехаў у Канаду, потым у ЗША. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў ЗША. Апублікаваў свае ўспаміны ў месячніку «Бацькаўшчына».

Памёр 14 жніўня 1959 года ў Чыкага.

1920 год. У в. Высокі Барок (цяпер Краснапольскі раён) нарадзіўся Аляксей Пысін.

Беларускі паэт. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР працаваў у газэце ў Бельску на Беласточчыне. Удезльнік Другой сусветнай вайны.

Працаваў у краснапольскай газеце «Чырвоны сцяг», у чэрыкаўскай раённай газеце, магілёўскіх абласных «За Радзіму», «Магілёўская праўда». З 1974 года да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза Пісьменнікаў.

Аўтар 12 кніг паэзіі, 4 зборнікаў вершаў для дзяцей, кніг вершаў і паэм, кнігі пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот». Двойчы выходзілі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля, зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам».

Памёр 27 жніўня 1981 года ў Магілёве. Пахаваны на каталіцкіх могілках.

У яго гонар названа школа (у ёй мемарыяльны музей паэта) у Палужы Краснапольскага раёна, вуліца ў Магілёве. На доме, у якім ён жыў па праспекце Міра, 35А ўсталявана мемарыяльная дошка. Магілёўская абласная бібліятэка арганізуе Пысінскія чытанні.

1943 год. Разам з жыхарамі спалена Хатынь.

У гэты дзень 149 жыхароў вёскі былі спалены жыўцом або расстраляны нямецкімі салдатамі і дапаможным паліцэйскім батальёнам за аказанне жыхарамі вёскі дапамогі партызанам. 

У карнай аперацыі ўдзельнічалі 118-ы батальён шуцманшафта і асобны карны батальён СС «Дырлевангер».

Апошні сведка трагедыі, Віктар Жалабковіч, памёр у 2020 годзе.

У 1969 годзе створаны мемарыял у памяць аб 9200 беларускіх вёсках, знішчаных нацыстамі.

1998 год. Памёр Пятро Шасцерыкаў (1919–1998).

Беларускі пісьменнік. Выхаванец магілёўскага педінстытута (1941), сакратар Магілёўскага аддзялення  Саюза пісьменнікаў, аўтар твораў на мясцовую тэматыку.

Яго пяру належаць шматлікія кнігі, аповесці, апавяданні. Ён з’яўляецца аўтарам літаратурнай апрацоўкі кніг успамінаў “Салдатамі былі ўсе”, “Арлы”, тэкстаў да фотаальбомаў “Магілёў”, “Магілёўская вобласць”.

Яго імем названа вуліца ў Магілёве.

2006 года. У Магілёве стартаваў Першы Міжнародны маладзёжны тэатральны форум M.@rt.кантакт.

У першы год у ім прынялі ўдзел 10 тэатраў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.

Мінулым годам, у сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, тэатральны форум з міжнароднага ператварыўся ў форум тэатраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Сёлета з 20 па 27 сакавіка праводзіцца XVI Міжнародны форум. У асноўнай праграме запланавана 19 спектакляў калектываў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Балгарыі.