Сталі вядомыя імёны супрацоўнікаў магілёўскай калоніі, датычных да смерці палітзняволенага Дзмітрыя Шлетгаўэра

Дзмітрый Шлетгаўэр памёр у магілёўскай калоніі №15 23 лістапада 2023 года, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Пасля таго, як яго былыя сукамернікі выйшлі на волю і звязаліся з прадстаўнікамі рэсурса dissidentby, сталі вядомыя імёны людзей, фактычна адказных за гібель палітзняволенага. 

Гэта аператыўныя работнікі выпраўленчай калоніі №15 у Магілёве Юрый Арлоў і Ілля Кіслякоў – паведамляе рэсурс. Менавіта яны, дзейнічаючы пад кіраўніцтвам начальніка калоніі Аляксея Лазарэнкі, ажыццяўлялі на Дзмітрыя Шлетгаўэра сістэматычны псіхалагічны і фізічны ціск, рэгулярна змяшчалі яго ў ШІЗА нягледзячы на наяўнасць хранічнага захворвання.

Арлоў Кіслякоў
Фота: dissidentby

Прычынай жорсткага абыходжання, па звестках крыніц рэсурса dissidentby, было тое, што Дзмітрый Шлетграўэр адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі, “не здаваў” іншых і адкрыта выказваў нязгоду з дзеяннямі адміністрацыі. “Ён трымаўся, але яны рабілі ўсё, каб зламаць” – паведамілі сведкі.

1 лістапада 2024 года праваабарончы праект “Вясна” паведаміў, што ў калоніі ў Магілёве памёр 22-гадовы грамадзянін Расіі, ураджэнец Алтая Дзмітрый Шлетгаўэр. У пасведчанні аб смерці напісалі “механічная асфіксія”. Раней Брэсцкі абласны суд прызнаў Шлетгаўэра вінаватым па артыкулах аб шпіянажы і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, прыгаварыўшы да 12 гадоў. Сутнасць абвінавачанняў невядомая да гэтага часу – працэс праходзіў у закрытым рэжыме. 

Трагедыя ў Асіповічах – загінула палутарамесячная дзяўчынка

Бацькі спрабавалі зрабіць выгляд, што яны ні пры чым.

Следчы камітэт Беларусі раскрыў таямніцу трагедыі, што адбылася ў Асіповічах. Тут ад чэрапна-мазгавой траўмы загінула палутарамесячная дзяўчынка. Як высветлілі следчыя, бацькі дзяўчынкі ў той вечар, калі гэта здарылася, выпівалі разам са сваяком. Потым яны вярнуліся ў дом, каб супакоіць малую, і калі займаліся дзіцёнкам, дзяўчынка ўпала і атрымала смяротную траўму галавы. 

Першапачаткова, паводле следчых, бацькі спрабавалі пераканаць, што траўма адбылася без іх удзелу. Узбуджаная крымінальная справа за прычыненне смерці па неасцярожнасці.

Фота: Следчы камітэт

Гэта не пакістанцы! – з’явілася нервовая рэакцыя сілавікоў на гучную бойку ў Гомелі

Аб’яўленае Лукашэнкай запрашэнне 150 000 пакістанцаў працаваць у Беларусь выклікала відавочнае напружанне ў грамадстве, якое спрабуюць пагасіць прапагандысты і сілавікі. 

Днямі Лукашэнка выказаўся, што наша краіна гатовая прыняць 100-150 тысяч работнікаў з Пакістана. У беларускім грамадстве гэта выклікала штосьці падобнае на шок – навіну з яўнай трывогай абмяркоўваюць у калектывах, паміж знаёмымі, дома. У адказ на гэтую рэакцыю, некаторыя прапагандысты пачалі дружна тушыць абурэнне беларусаў – заўважыла “Наша ніва”. 

Так, Азаронак выказаўся на гэты конт, што сітуацыю разгойдваюць “беглыя”, якія нібыта масава закідваюць “нацыянальную нянавісць” дзяўчынкам-падлеткам. “Яны (дзяўчынкі-падлеткі) чамусьці ўсе думаюць, што іх цяпер згвалцяць. Яны чамусьці думаюць, што ў нас пачнуцца цяпер нейкія нормы шарыяту. І пачаліся, прабачце, ну не масавыя, але маштабныя праявы гэтага ў сацсетках” – прызнае Азаронак.

Іншы характэрны выпадак – у сацыяльных сетках завірусілася відэа з бойкай замежнікаў у Гомелі.  Амаль што ігненнай рэакцыяй на гэта сталі каментарыі, маўляў – глядзіце, што робяць пакістанцы. “Прекратите делать преждевременные выводы!” – нервова адрэагаваў на гэта звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал і патлумачыў, што бойку зладзілі студэнты-мараканцы. Двое з іх, нібыта, пабіліся з-за дзяўчыны, а пра трэцяга, які непрытомны ляжыць на асфальце, узгадаць забылі. Акрамя таго, сілавікі прыгразілі каментатарам, што да іх “ужо выехалі”.

Фота: скрыншот

Расія абвясціла пра перамір’е на Вялікдзень – рэакцыі

Пачынаючы з 18.00 сённяшняга дня і да 00.00 21 красавіка (з нядзелі на панядзелак). Пра гэта заявіў Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Крамлі з кіраўніком Генштаба Расійскай Федэрацыі Валерыем Герасімавым. У заяве прэс-службы Крамля гаворыцца пра загад спыніць усе баявыя дзеянні на час святкавання Вялікдня.

У адказ на заяву Уладзіміра Пуціна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што гаворка ідзе пра “чарговую спробу Пуціна пагуляцца з чалавечымі жыццямі”.
Свой аналіз сітуацыі прапанаваў вядомы украінскі журналіст Юрый Бутусаў. Прыводзім яго меркаванне цалкам:

“1. Аднабаковая заява, якая не спыняе вайну, але мае на мэце згуляць з Трампам, дэманструючы нібыта мірную ініцыятыву, каб паказаць, што заявы Трампа не былі марнымі. Пуціну важна падтрымліваць адносіны з Трампам, бо ён выкарыстоўвае іх, каб раскалоць агульную пазіцыю краін NATO па Украіне.

2. Гэта не крок да міру, таму што спыненне агню было абвешчана Пуціным самастойна, а не ў выніку мірных пагадненняў. Ні пра якія сістэмы маніторынгу і кантролю за захаваннем рэжыму спынення агню не гаворыцца. А такія «перамір’і», як вучыць вопыт вайны на Данбасе, заўсёды ператвараюцца ў перастрэлку. І Пуцін, як заўсёды, абвінаваціць у парушэнні Украіну.

3. Адначасова гэта сведчыць аб слабасці пазіцый Расіі ў вайне; Пуцін хоча аслабіць падтрымку Украіны, таму што разумее, што не можа дабіцца перамогі на полі бою. І таму, каб працягваць вайну, ён спрабуе скараціць падтрымку Украіны ЗША.

4. Пуцін ухіляўся ад заяў аб рэальных кроках па спыненні вайны – правядзенні афіцыйных перамоваў, дамоўленасці аб спыненні агню.”

Фота: t.me/official24ombr

Кар’ерны ліфт паехаў уніз – Руслана Страхара прызначылі кіраваць “Магілёўліфтмашам”

Алаксандр Лукашэнка падпісаў прызначэнне былога намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслана Страхара, адказнага за сферу эканомікі, на пасаду генеральнага дырэктара прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”.

“Кар’ерны ліфт паехаў зверху ўніз” – так коратка пракаментаваў гэтую навіну гарадскі паблік “Могилев Live”. Сапраўды, прызначэнне падобнага характару варта ўспрымаць як паніжэнне, нягледзячы на тое, што “Магілёўліфтмаш” лічыцца самым паспяховым дзяржаўным прадпрыемствам нашага рэгіёна. Адначасова, гэта можа ўказваць на схаваныя ад шырокай публікі праблемы на гэтым прадпрыемстве.

Не першы раз “пажарны”?

Руслан Страхар пачаў працаваць у Магілёўскім аблвыканкаме ў 2007 годзе, прычым адразу памочнікам старшыні, а неўзабаве галоўным дарадцай. З 2012 па 2014 гады ён выканаў своеасаблівую функцыю “пажарнага”, калі быў пераведзены на пасаду намесніка генеральнага дырэктара ледзь жывой “Строммашыны”. Намаганні Руслана Барысавіча асабліва не дапамаглі – “Строммаш” ледзь дажыў да 2020-х, трапіў пад ускосныя санкцыі, збанкрутаваў і нарэшце быў прададзены. 

З 2014 года Руслан Страхар – зноўку працуе ў кабінетах аблвыканама, а з 2019 года займае пасаду намесніка старшыні, курыруючы пытанні эканомікі. Крыніцы mogilev.media у Магілёўскім аблвыканкаме характарызуюць Руслана Барысавіча як даволі адэкватнага чалавека з шырокімі поглядамі, якога з цягам часу пачаў “з’ядаць” чыноўнік. Гэтая трансфармацыя ўвасаблялася ў тым, што замест рашэння праблем, можна было заўважыць імкненне прыкрыць іх маніпуляцыямі са статыстыкай.

Год таму mogilev.media зрабіў заўвагу, калі падобныя маніпуляцыі сталі відавочнымі – у аблвыканкаме расказвалі, як цудоўна развіваецца эканоміка рэгіёна, але гэтаму супярэчылі заявы прадстаўнікоў Дзяржкантроля. Руслан Страхар у адказ на публікацыю нашага рэсурса разразіўся дзесяціхвілінным ролікам, каб даказаць, што верыць трэба менавіта чыноўнікам аблвыканкама. Але і тут не ўтрымаўся ад маніпуляцый. 

“Усяго 74 прамысловыя прадпрыемствы з 1600 спрацавалі ў мінулым годзе «ў мінус»” – паведаміў чыноўнік, не ўказваючы, аднак, што гэта за 74 прадпрыемствы. Мы разбіралі гэтыя выказванні вось тут, а потым асобна прысвяцілі вялікі матэрыял “Магілёўліфтмашу”, флагману сярод дзяржаўных прадпрыемстваў.

Чытаць:  Як складваецца сітуацыя на “Магілёўліфтмашы” – наш вялікі разбор

Цяпер Руслан Страхар накіраваны з пасады намесніка старшыні аблвыканкама менавіта на прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”. Такія прызначэнні складана ўспрыняць як шараговую ратацыю. Магчыма, гэта прыкмета таго, што дзейнасцю кіраўніка эканомікай рэгіёна былі незадаволеныя, раз яго адправілі на падпарадкаванае яму прадпрыемства. І, магчыма, гэта звязана з сітуацыяй на самім прадпрыемстве, якое, нягледзячы на бравурныя заявы афіцыйных асобаў, часам падае трывожныя званочкі.

Чытаць: На “Магілёўліфтмашы” скарачаюцца заробкі, людзі разбягаюцца – крыніцы

Фота: Магілёўскі аблвыканкам

Верагоднасць 99,7% – навукоўцы знайшлі прыкметы пазазямнога жыцця

Навукоўцы Кембрыджскага ўніверсітэта знайшлі “самыя важкія доказы” існавання жыцця на далёкай планеце за ўсю гісторыю назіранняў – піша ВВС. 

У атмасферы планеты K2-18b, што знаходзіцца ў 120 светлавых гадах ад нас, каманда даследчыкаў лабараторыі Інстытута астраноміі Кембрыджскага ўніверсітэта на чале з прафесарам Ніку Мадхусудханам выявіла сляды злучэнняў серы, якія ўтвараюцца на Зямлі толькі ў біялагічных працэсах. Даследчыкі патлумачылі, аднак, што назіранняў, зробленых да гэтага часу, недастаткова, каб канчаткова заявіць пра адкрыццё пазазямнога жыцця.

Для гэтага даследчыкі павінны быць на 99,99999% упэўнены, што іх вынікі правільныя, а не выпадковасць. На навуковым жаргоне гэта называецца як “вынік пяці сігм”.

Вынікі назіранняў за планетай K2-18b складаюць толькі тры сігмы, то бок – 99,7%. Што гучыць шмат, але гэтага ўсё роўна недастаткова, каб пераканаць навуковую супольнасць.

пазазямное жыццё

Для назірання за K2-18b навукоўцы выкарыстоўвалі касмічны тэлескоп Джэймса Уэба (JWST). Калі планета праходзіла перад сваёй бацькоўскай зоркай, яны глядзелі на асветлены спектр яе атмасферы. Прыбор сярэдняга інфрачырвонага дыяпазону MIRI паказаў магчымую прысутнасць дыметыласульфіду (DMS) або дыметылдысульфіду (DMDS) – злучэнняў, якія на Зямлі выпрацоўваюцца толькі марскім фітапланктонам і бактэрыямі.

Прычым у атмасферы K2-18b канцэнтрацыя гэтых злучэнняў у тысячы разоў большая, чым на Зямлі. Гэта азначае, што калі такія газы насамрэч выпрацоўваюцца толькі жывымі арганізмамі, то на гэтай планеце не проста ёсць жыццё – а яна проста кішыць жыццём.

Але нават калі каманда Кембрыджа атрымае вынік пяці сігм, гэта не будзе канчатковым доказам таго, што жыццё існуе на планеце, паводле прафесара Кэтрын Хейманс з Эдынбургскага ўніверсітэта і Каралеўскага астранома Шатландыі, якая не належыць ад даследчай групы.

– Нават з такой упэўненасцю ўсё яшчэ застаецца пытанне аб паходжанні гэтага газу. – сказала яна – На Зямлі ён выпрацоўваецца мікраарганізмамі ў акіяне, але нават з дасканалымі дадзенымі мы не можам з упэўненасцю сказаць, што гэта біялагічнае паходжанне ў іншапланетным свеце, таму што ў Сусвеце адбываецца мноства дзіўных рэчаў, і мы не ведаем, якая іншая геалагічная актыўнасць можа адбывацца на гэтай планеце.

Выява ілюстрацыйная, з адкрытых крыніц

Другую БелАЭС могуць пабудаваць на Магілёўшчыне, але незразумела, для чаго

Пачатак праекта другой АЭС у Беларусі хочуць ажыццявіць да сярэдзіны 2025 года, хоць і з першай АЭС яшчэ не вырашаны ўсе праблемы.

Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі плануюць скончыць да сярэдзіны бягучага года. Магчыма, яна будзе пабудавана на Магілёўшчыне. Праўда, не факт, што гэта патрэбна Расіі.

Як паведаміў надоечы у інтэрв’ю “РИА Новости” дырэктар Другога дэпартамента краін СНД МЗС Расіі Аляксей Палішчук, адным з асноўных варыянтаў размяшчэння новай АЭС з’яўляецца Магілёўская вобласць. Будаваць яе плануюць, зразумела, расіяне і за расійскі крэдыт. Хаця канчаткова яшчэ не вырашана, ці ўвогуле пачнецца такое будаўніцва на Магілёўшчыне, бо другім варыятам пашырэння атамнага атрыманя электраэнэргіі разглядаецца пабудова трэцяга энергаблока на пляцоўцы дзеючай БелАЭС у Астраўцы.

Для прапрацоўкіі ўсіх аспектаў створана сумесная экспертная рабочая група, якая ўжо абмеркавала тэхнічныя і фінансавыя параметры будучага праекта: выбар месца, тып рэактараў, кошт і тэрміны рэалізацыі.

Па меркаванні беларускага дыктатара, якое ён выказаў у кастрычніку 2023 года, другая АЭС была б выгадным крокам для краіны, умацоўваючы яе энергетычную бяспеку і эканамічную стабільнасць.

У Расіі крыху іншы погляд

У Маскве ведаюць, што сапраўдная мэта павелічэння магутнасцяў па выпрацоўцы электраэнэргіі ў Беларусі – зніжэнне імпарту расійскага газу. Пра гэта піша расійскае інтэрнэт-выданне “Взгляд”.

Заяўляецца, што першая АЭС ужо змяніла энергетычны баланс: доля атамнай генерацыі вырасла да 37%, а патрэба ў газе значна зменшылася. Другая станцыя магла б удвая павялічыць эканомію – да 10 млрд кубаметраў газу ў год. Для «Газпрома» гэта азначае страты на фоне і без таго скарачэння экспарту ў Еўропу. 

Таму для Масквы ініцыятыва пакуль выглядае сумнеўна: стары крэдыт яшчэ не вернуты, новыя рынкі збыту не гарантуюцца, а Мінск хоча выкарыстаць рэшткі ад першай крэдытнай лініі. Пры гэтым рэальнай патрэбы ў дадатковай электраэнергіі для памежных рэгіёнаў Расіі сёння няма.

А што з першай БелАЭС?

Замена газу на электраэнергію – ідэя добрая. Але няясна, як будзе выглядаць гэта  тэхналагічна. А таксама – хто будзе купляць лішкі электраэнергіі. У прафесійнай супольнасці энергетыкаў у Беларусі нярэдка гучаць заявы, што нашай краіне і адной АЭС замнога, не кажучы пра дзве. Таксама, аналітыкі адзначаюць, што статыстыка эфектыўнасці першай АЭС у Беларусі зусім не такая радасная, а частку праблем так і не вырашылі дагэтуль.

Справа ў тым, што да гэтага часу не ўдалося прымусіць працаваць першую АЭС на поўную магутнасць – адзначае рэсурс udf. Яна вырабляе ў 2,5 разы менш электраэнергіі, чым абяцалі чыноўнікі. Пасля запуску станцыі яе каэфіцыент выкарыстання склаў каля 50 працэнтаў, палову часу яна прастойвала. Напрыклад, толькі ў 2022 годзе першы энергаблок не працаваў паўгода. Бо ў АЭС шмат недаробак. Рамонт на многія месяцы спыняў працу станцыі.

Калі першая АЭС яшчэ будавалася, чыноўнікі абяцалі, што яе запуск дазволіць скараціць спажыванне газу ў Беларусі на 4,5 мільярда кубаметраў за год. Аднак гэтага не адбылося. Імпарт газу застаўся на ўзроўні 19-20 мільярдаў кубаметраў, як і да ўводу станцыі.

Чыноўнікі, у прыватнасці віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, паабяцалі, што пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю тарыфы на электраэнергію значна знізяцца. Але да канца 2023 года электраэнергія падаражэла на 21-22 працэнты.

Фотаздымак ілюстрацыйны, з адкрытых крыніц (Tochka.by)

Расія нанесла ракетны ўдар па Сумах – што вядома

13 красавіка 2025 года расійскія войскі нанеслі адзін з самых смяротных удараў па ўкраінскім горадзе Сумы за гады вайны. У выніку ракетнага абстрэлу загінулі 32 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, і яшчэ 99 атрымалі раненні, сярод якіх 10 дзяцей.

Ход атакі

Паводле звестак украінскіх уладаў, каля 10:15 раніцы па мясцовым часе расіяне выпусцілі дзве балістычныя ракеты тыпу «Іскандэр-М» па цэнтры Сум. Удар адбыўся ў Вербную нядзелю, калі людзі збіраліся на рэлігійныя службы. 

Пад абстрэл трапілі жылыя дамы, тролейбус, цэнтр правоў чалавека і кангрэс-цэнтр Сумскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які часта выкарыстоўваўся для заняткаў з дзецьмі.

Украінскія чыноўнікі сцвярджаюць, што ў атацы былі выкарыстаны касетныя боепрыпасы, што сведчыць пра наўмыснае імкненне нанесці максімальныя страты сярод мірнага насельніцтва.

Рэакцыя ўкраінскіх уладаў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў атаку «свядомым тэрорам» і заклікаў міжнародную супольнасць да больш жорсткай рэакцыі на дзеянні Расіі. Ён падкрэсліў, што «размовы ніколі не спынялі балістычныя ракеты і бомбы», і падкрэсліў неабходнасць узмацнення ціску на Маскву.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга ахарактарызаваў атаку як «абсалютнае зло» і звярнуўся да міжнародных партнёраў з просьбай аб узмацненні сістэм супрацьпаветранай абароны.

Міжнародная рэакцыя

Атака выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў да «моцных мер» для забеспячэння спынення агню. Прадстаўніца Еўрасаюза Кая Калас назвала напад «жахлівым прыкладам эскалацыі Расіі» на фоне гатоўнасці Украіны да безумоўнага спынення агню.

вайна

Кіраўнік гуманітарнай місіі ААН ва Украіне Маттыяс Шмале асудзіў атаку «ў самых моцных выразах» і нагадаў, што міжнароднае гуманітарнае права забараняе напады на мірных жыхароў і грамадзянскую інфраструктуру.

Ваенна-стратэгічны кантэкст

Сумы знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад расійскай мяжы і маюць стратэгічнае значэнне. У апошнія тыдні расійскія войскі ўзмацнілі паветраную актыўнасць у рэгіёне, у тым ліку пасля таго, як украінскія сілы былі вымушаныя адступіць з пазіцый у суседняй Курскай вобласці. Некаторыя населеныя пункты ў Сумскай вобласці ўжо знаходзяцца пад расійскай акупацыяй.

Атака на Сумы адбылася праз некалькі дзён пасля падобнага ракетнага ўдару па Крывым Рогу, у выніку якога загінулі 20 чалавек. Гэтыя дзеянні выклікаюць трывогу наконт магчымай вясновай наступальнай аперацыі Расіі на фоне застойных мірных перамоваў.

Атака на Сумы 13 красавіка 2025 года стала чарговым сведчаннем таго, што Расія працягвае выкарыстоўваць тактыку наўмыснага тэрарызавання мірнага насельніцтва. Удар па горадзе падчас рэлігійнага свята выклікаў шырокі міжнародны рэзананс і падкрэсліў неабходнасць узмацнення падтрымкі Украіны з боку сусветнай супольнасці.

Фота: Reuters

Мы зноўку з вамі, дарагія сябры!

Рэдакцыя mogilev.media шчаслівая абвясціць, што невялікая паўза, неабходная нам для распрацоўкі мадэляў устойлівасці, завяршылася, і цяпер мы вяртаемся да сваіх чытачоў і ў інфармацыйны парадак дня на Магілёўшчыне! 

Нагадаем вам, што нелегетымнымі беларускімі чыноўнікамі наш інфармацыйны рэсурс быў абвешчаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Нічога дзіўнага – ў сучаснай лукашэнкаўскай сістэме журналістамі лічацца хіба што прапагандысты, тады як сапраўдныя прафесіяналы, і наогул усе людзі, што паважаюць свабоду слова, турбуюцца пра даставернасць і агульнадасягальнасць інфармацыі – абвяшчаюцца злачынцамі.

Пагэтаму, калі вы ў Беларусі, то паклапаціцеся, калі ласка, пра сваю бяспеку. Таксама паведамляем, што беларускія дзяржаўныя органы заблакавалі доступ да самага папулярнага канала нашага рэсурса ў сацыяльных сетках – на VK. Таму доступ да нашых навінаў на гэтай платформе для чытачоў з Беларусі і Расійскай Федэрацыі магчымы толькі з уключаным VPN.

Нягледзячы на ўсе перашкоды ў працы нашага выдання, рэдакцыя mogilev.media лічыць сваім абавязкам і гонарам працягваць славутую традыцыю незалежнай журналістыкі ў Магілёўскім рэгіёне.

Калі Вы хочаце і можаце далучыцца да стварэння навін, маеце карысную інфармацыю пра падзеі на Магілёўшчыне, то вось наш Тэлеграм чат-бот: @magmedia_bot 

Таксама неўзабаве тут паявіцца наша новая паштоўная скрыня для зваротнай сувязі.

Калі ласка, пішыце нам толькі ў такі спосаб, які цалкам бяспечны для Вас!

З’явілася відэа з пралётам “шахеда” над Магілёвам учора вечарам

Чытачы mogilev.media даслалі ў рэдакцыю кароткі ўрывак з відэа, знятага падчас пралёту “шахеда” ўчора вечарам у Магілёве ў раёне ліфтавага завода. На роліку выразна чуваць характэрны гук беспілотніка-камікадзэ, але сам ён застаўся нябачны ў кадры з-за цемры. У цэнтры кадра можна пазнаць вежу “Магілёўліфтмаша”. Светлая кропка, якая мятляецца ў верхняй частцы кадра – верагодна, гэта блік на фотакамеры. Як паведамляюць сведкі, арыентуючыся па гуку, дрон ляцеў ва ўсходнім кірунку. Відэа было знята 11 сакавіка ў 22:32.

Фота: скрыншот