13 ліпеня ў гісторыі. 12 апосталаў. Бітва пад Оршай. Надпіс Hollywood. Сіманаў на Буйніцкім полі. Першае “Басовішча”.

Сабор дванаццаці апосталаў.

Свята прысвечана апосталам Пятру, Андрэю, Якаву Зевядзееву, Іаану Багаслову, Філіпу, Варфаламею, Фаме, Левію Матфею, Якаву Алфееву, Іудзе Тадэю, Сімону Кананіту, а таксама апосталу Матфею, абранаму замест Іуды Іскарыёта. 

У гэты дзень прынята наведваць храмы і маліцца за сябе і сваю сям’ю, чытаць малітву 12 апосталам дома, прасіць адно ў аднаго прабачэння, мірыцца і забываць усе крыўды.

1508 год. Адбылася бітва пад Оршай.

Бітва войска ВКЛ і Каралеўства Польскага супраць войска Маскоўскага княства ў ходзе пятай літоўска-маскоўскай вайны (1507-1508).

Атрымаўшы звесткі пра падыход літоўскага войска, князь маскоўскі Васіль III зняў аблогу Смаленска і рушыў на Оршу. Калі высветлілася, што К. Астрожскі набліжаецца да маскоўскіх пазіцый, Васіль III пастанавіў адступіць за Дняпро, каб ударыць у момант пераправы літвінаў праз раку.

Астрожскі накіраваў вялікі аддзел праз неахоўваны брод на Дняпры з заданнем нападу на абоз маскалёў, а галоўнымі сіламі выканаў адцягвальны манеўр. Выдзелены аддзел, пераправіўшыся праз раку, быў аточаны пераважаючымі маскоўскімі сіламі, аднак здолеў з цяжкасцямі прабіцца на правы бераг. Бітву перарваў надыход цемры. Астрожскі намерваўся атакаваць адразу пасля ўзыходу сонца, аднак маскоўскае войска ноччу адышло з занятых пазіцый на ўсход.

1868 год. Памёр Канстанцін Тышкевіч (1806-1868).

Беларускі гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.

На аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. Член навуковых таварыстваў Вільні, Кракава, Масквы, Прагі, Парыжа, Лондана.

Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, член Віленскай археалагічнай камісіі.

Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў.

У памяць аб вучоным з 2007 года праводзіцца водная экспедыцыя «Шляхам Тышкевіча» па Віліі.

1897 год. Нарадзіўся Міхась Міцкевіч (1897-1991).

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху, дэлегат 1-га Усебеларускага кангрэсу, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 года на эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопіса «Беларус», рэдактар часопіса «Голас Царквы». Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

У яго гонар Якуб Колас назваў свайго малодшага сына Міхася (1926-2020).

1923 год. На схіле гары Маунт-Лі над каліфарнійскімі ўзгоркамі з’явіўся надпіс Hollywood.

Першапачаткова яна была напісана як Hollywoodland, не мела ніякага дачынення да кіно і азначала рэкламу новага жыллёвага раёна, але адразу ж стала прывабліваць да сябе турыстаў.

Устаноўка надпісу абышлася яе заказчыку, выдаўцу “Лос-Анджэлес таймс” Гары Чандлеру ў 21 000 долараў. Слова “Hollywoodland” уначы падсвятлялася электрычнымі лямпачкамі, днём жа белыя літары былі бачныя за  40 км. Вышыня іх была 13 м, шырыня – 9. Па перыметры кожнай літары віселі рознакаляровыя лямпачкі, якія падсвятлялі надпіс у цемры. Аднак усе 4 000 лямпачак былі расцягнуты мясцовымі жыхарамі менш чым за год. Па дамове рэклама была разлічана на 1,5 гады, але аж да 1949 года жадаючых дэмантаваць надпіс не знаходзілася.

У 1949 годзе надпіс адрамантавалі і выдалілі 4 апошнія літары. Да таго часу Hollywood ужо ператварыўся ў сімвал Лос-Анджэлеса і ўсёй індустрыі забаў. Клопат аб надпісе ўзяла на сябе Гандлёвая палата Галівуду.

У 1973 годзе надпіс абвясцілі нацыянальным гістарычным помнікам.

Да канца 1970-х надпіс здрахлеў, і ў 1978 годзе літары былі дэмантаваныя. У тым жа годзе дабрачынны фонд, узначалены Х’ю Хэфнерам, заснавальнікам часопіса “Playboy”, сабраў сродкі на капітальны рамонт славутасці.

Цяперашні надпіс, складзены з белых літар 15-метровай вышыні і 12-метровай шырыні, з’явіўся ў лістападзе 1978 года. На выраб кожнай літары спатрэбілася 27 500 долараў. З таго часу ўсе рэстаўрацыйныя работы выконваліся пры дапамозе прыватных ахвяраванняў.

1930 год. Першы ў гісторыі Чэмпіянат свету па футболе.

Выбар Уругвая ў якасці месца правядзення спартыўнага спаборніцтва не быў выпадковым. Зборная гэтай краіны перамагла на VIII Алімпійскіх гульнях 1924 года ў Парыжы і IX Алімпійскіх гульнях 1928 года ў Амстэрдаме.

Спецыяльна да гэтых спаборніцтваў у Монтавідэа пабудавалі новы стадыён, які ў гонар юбілею незалежнасці назвалі “Сентэнарыё” – “стагоддзе”.

У турніры прынялі ўдзел 13 каманд з Францыі, Югаславіі, Румыніі, Бельгіі, Перу, ЗША, Аргенціны, Бразіліі, Балівіі, Чылі, Мексікі, Парагвая і Уругвая.

У першых паядынках сышліся зборныя Францыі і Мексікі, а таксама каманды Бельгіі і ЗША. Першы ў гісторыі чэмпіянатаў свету гол забіў француз Л. Ларан. Аднак перамогу ў першынстве свету 30 ліпеня атрымала зборная Уругвая, якая перамагла ў фінальным матчы каманду Аргенціны з лікам 4:2.

Урачыстасці з нагоды перамогі ў чэмпіянаце не спыняліся ў Монтавідэа некалькіх дзён.

1938 год. Нарадзіўся Юрый Марухін (1938-2001).

Беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, аператар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў на «Беларусьфільм», старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў. Рэжысёр шэрагу фільмаў, у тым ліку “Маці Урагану”, аператар шматлікіх карцін, уключна “Магіла льва”, “Час выбраў нас”.

1941 год. Пачалася акупацыя Горацкага, Дрыбінскага і Слаўгарадскага раёнаў нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

А 13-14 ліпеня на Буйніцкім полі пад Магілёвам сярод воінаў 172-й стралковай дывізіі знаходзіўся ваенкар газеты “Известия” – пісьменнік К. Сіманаў і фотакарэспандэнт той жа газеты П. Трошын. Першы раз Сіманаў патрапіў у Магілёў 28 чэрвеня.

К. Сіманаў пісаў: «Я не быў салдатам, быў усяго толькі карэспандэнтам, аднак у мяне ёсць кавалачак зямлі, які мне век не забыцца, – поле пад Магілёвам, дзе я ўпершыню ў ліпені 1941 года бачыў, як нашыя на працягу аднаго дня падбілі і спалілі 39 нямецкіх танкаў …».

Абароне Магілёва прысвечаны яркія старонкі трылогіі «Жывыя і мёртвыя» (палкоўнік Куцепаў стаў правобразам генерала Серпіліна), «Салдатамі не нараджаюцца», «Апошняе лета», дзённіка ўспамінаў «Розныя дні вайны».

1941 год. 63 стралковы корпус 21-й арміі Заходняга фронта пачаў контрудар (13 ліпеня-17 жніўня) на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку.

У выніку гэтага былі вызвалены Жлобін і Рагачоў.

1942 год. Нарадзіўся Харысан Форд.

Амерыканскі акцёр кіно і тэлебачання, прадзюсер.

Намінант на прэмію «Оскар», BAFTA, чатырохразовы намінант і ўладальнік спецыяльнай прэміі “Залаты глобус”, ганаровага «Сезара». Найбольш вядомы па ўдзеле ў серыі фільмаў «Зорныя войны», «Індыяна Джонс», «Самалёт прэзідэнта» і іншых.

Дзед і бабуля акцёра – ураджэнцы Мінска.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Ціхановіч (1952-2017).

Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст.

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатра песні (і студыі пры ім; з 2003 г. – прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), музычны кіраўнік беларускага канала «Сталічнае тэлебачанне».

Аўтар папулярных эстрадных песень.

Памёр 28 студзеня 2017 года.

1970 год. Нарадзіўся Андрэй Цівончык.

Беларускі і нямецкі атлет (скакун з шастом), бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 1996 года ў Атланце.

У 1995 годзе пабіў нямецкі нацыянальны рэкорд у скачках з шастом (скокнуў на 5,80 м). Трэнер па скачках з шастом зборнай Катара па лёгкай атлетыцы.

1990 год. На лясной паляне Борык каля мястэчка Грудак на Беласточчыне пачаўся І Фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».

Арганізаваны Беларускім аб’яднаннем студэнтаў і гмінным асяродкам культуры. 

Мерапрыемства праводзілася 30 разоў (1990-2019) штогадова, на працягу двух дзён, як фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі. 

Арганізатары вырашылі, што 30-е па ліку «Басовішча» стане апошнім. 

Традыцыйна на фестывалі ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў, якія паспяхова прайшлі адбор. Штогод на фестываль прыязджала да 15 000 чалавек.

1990 год. Абшчыне магілёўскіх вернікаў-католікаў перададзены Касцёл Святога Станіслава.

А праз 6 гадоў, у гэты ж дзень, пачаў дзейнічаць зноў асвячоны, адрэстаўраваны касцёл. Удзел у рэстаўрацыі прымаў знакаміты мастак Алесь Пушкін (1965-2023).

2020 год. Афіцыйна адкрыты мост цераз раку Сож у Слаўгарадскім раёне.

З’явіўся на шашы Слаўгарад-Краснаполле, вядзе да Блакітнай крыніцы. Раней праз раку працаваў паром. Мост мае даўжыню 500 метраў.

Аўтамабільны рух па мосце быў адкрыты 2 снежня 2019 года.

4 ліпеня ў гісторыі. Незалежнасць ЗША. Пошукі Зямлі Саннікава. Разгон Цяньаньмэнь. Тэракт у Мінску. «Мядзведзіроўка» Беларусі.

1695 год. «4 липня… выпал великий снег и пролежал в Могилеве несколько дней» – гарадская хроніка.

1776 год. У амерыканскай Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе аднагалосна прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Паводле дакумента, брытанскія калоніі у Паўночнай Амерыцы абвясцілі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Гэты дзень святкуецца ў ЗША як Дзень незалежнасці – дзень, калі Злучанымі Штатамі сталі называцца 13 калоній (13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць іх), якія ў выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання адстаялі сваю свабоду і права на дзяржаўнасць.

1783 год. На рынкавай плошчы ў французскім Аноне адбылася першая публічная дэманстрацыя паветранага шара братоў Мангальф’е.

Створаны імі паветраны шар уяўляў сабою злеплены з трывалай і тонкай паперы востраканечны мех з адкрытай гарлавінай у ніжняй частцы дыяметрам каля 11 м.

На ніжняй адтуліне была ўмацавана рашотка з вінаградных лоз, якая ўсталёўвалася на падмосткі. Пад падмосткамі было разведзена вогнішча з саломы. Гарачае паветра падняло шар аб’ёмам 600 кубаметраў на вышыню 2 000 м. Перш, чым апусціцца на зямлю, шар праляцеў больш за 1,6 км.

1890 год. Перапахаванне ў Вавельскім саборы у Кракаве Адама Міцкевіча (1798-1855).

Міцкевіч – самы  вядомы польскі паэт,  адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец в. Завоссе (зараз Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі ў Канстантынопаль.

У Навагрудку, Стамбуле працуюць дамы-музеі А. Міцкевіча; яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі  ў шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, стаіць помнік у Парыжы.

Дом-музей А. Міцкевіча ў Навагрудку.

1900 год. Пачалася першая руская палярная экспедыцыя Э. Толя на шхуне “Зара” (1900-1903) па пошуках Зямлі Санікава.

У ёй удзельнічалі беларусы – зоагеограф Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864-1937), пазней – член-карэспандэнт АН СССР, геолаг Канстанцін Валасовіч (1869-1919). У якасці гідрофа працаваў лейтэнант Аляксандр Калчак, які стаў вядомым палітычным дзеячам, адміралам. 

У гонар беларусаў названы пяць геаграфічных аб’ектаў на поўначы Еўразіі.

Удзельнікі экспедыцыі. У верхнім радзе: трэці злева над Толем – Калчак (лічба 3). Другі рад: М. Каламійцаў, Ф. Матысен, Э. Толь, Г. Вальтар, Ф. Зееберг, А. Бяльніцкі-Біруля (5)

1922 год. У в. Бахацец (цяпер – Чавускі раён) нарадзіўся Ціхан  Жучкоў (1922-1987).

Савецкі лётчык-ас знішчальнай авіяцыі Ваенна-Марскога флота. Герой Савецкага Саюза. Падпалкоўнік.

З 1930 года жыў у Магілёве, у в. Нядашава, скончыў школу ў в. Амхавая Магілёўскага раёна. Працаваў на розных заводах Магілёва, скончыў аэраклуб.

З чэрвеня 1941 года ў войску. Скончыў Ваенна-марское авіявучылішча імя І. Сталіна. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у Ленінградска-Наўгародскай, Выбаргскай і Прыбалтыйскай аперацыях. Збіў асабіста 14 і ў складзе групы 11 самалётаў ворага, патапіў 1 катэр і спаліў 6 аўтамашын.

Пасля вайны служыў у ВМФ, у Кіеўскай ваеннай акрузе, у Групе савецкіх войскаў у Германіі і ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Памёр 9 сакавіка 1987 года.

1944 год. Савецкія войскі праз 4 дні баёў вызвалілі Полацк – найстаражытны горад краіны, “калыску” беларускай дзяржаўнасці, ад якога “пачаўся свет”.

31 вайсковае злучэнне атрымала назву “Полацкі”, больш за 30 воінаў – званне Герой Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праявілі 23 воіны-гвардзейцы 51-й стралковай дывізіі на чале з лейтэнантам А. Грыгор’евым. Іх гераізму прысвечана песня Ю. Візбара “Цана жыцця”.

1950 год. Пачало вяшчанне Радыё Свабодная Еўропа.

Першыя перадачы ішлі на чэшскай мове, потым колькасць моў паступова павялічвалася. 

Зараз у эфір радыёстанцыі выходзяць праграмы больш як на 20 мовах. Беларуская служба бярэ пачатак ад 20 мая 1954 года. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў.

1952 год. У ЗША памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

1989 год. Разгон кітайскімі вайсковымі падраздзяленнямі студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Паводле заявы мэра Пекіна падчас “контррэвалюцыйнага мецяжу” загінулі больш за 200 чалавек з цывільнага насельніцтва, уключаючы 36 студэнтаў. Па дадзеных праваабаронцаў, аперацыя кітайскіх вайскоўцаў па “навядзенні канстытуцыйнага парадку” каштавала жыцця 3 500 жыхарам Пекіна, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Адны студэнты патрабавалі дэмакратычных рэформаў, другія абураліся беспакаранасцю партнаменклатуры, трэція выступалі супраць інфляцыі і беспрацоўя. Але ўсіх аб’ядноўвала ідэя барацьбы з карупцыяй і лозунг “Далоў прадажных чынуш!”.

Сімвалам гэтых падзей сталі не ахвяры, а просты кітаец з авоськамі, які спыніў танкі на плошчы Цяньаньмэнь і ўтрымліваў іх на працягу паўгадзіны.

2008 год. А 00:25 у Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся тэракт.

Узрыў выбухнуў на гала-канцэрце пад час выступлення на сцэне Таісіі Павалій, каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Ад узрыву самаробнай прылады ў літровым пакеце з-пад соку “Садачок”, якая была начыненая балтамі і гайкамі, ніхто не загінуў, але пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

У серыі тэрактаў (2005, 2008, 2011) былі абвінавачаны і пакараны смерцю ўраджэнцы Віцебска Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

2012 год. У Беларусі адбыўся “Плюшавы дэсант” альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія  перасяклі межы беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом і даляцелі да мінскага Сухарава. 

Яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзведзяў з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Беларусі.

27 чэрвеня ў гісторыі. Пакаранне З. Серакоўскага. Званне Героя – О. Шміту. Утварэнне ТБМ. Беларускамоўная Гайнаўка. Помнік Альгерду.

Сусветны дзень рыбалоўства (World Fisheries Day, з 1985 года).

Рыбалка – адно з самых масавых захапленняў чалавека, актыўны від адпачынку, які спрыяе ўмацаванню фізічных сіл, здароўя і псіхалагічнага стану. 

Чалавек пачаў займацца рыбалоўствам у далёкім мінулым. Яшчэ ў старажытных людзей з’явіліся гарпуны і гаплікі. А першую вуду змайстравалі недзе 16 000 гадоў назад з палкі і прымацаванай да яе ліяны. У Старажытным Егіпце вынайшлі сеткі і сачкі

Па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, у цяперашні час аб’ём прадукцыі сусветнага прамысловага рыбалоўства штогод складае каля 90 мільёнаў тон, з іх вылаў у морах – прыкладна 90%, астатняе – ва ўнутраных вадаёмах. Рыбалоўныя промыслы забяспечваюць прамую і ўскосную занятасць да 120 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце, з’яўляюцца магутным фактарам развіцця тэрыторый, садзейнічаючы вырашэнню праблемы занятасці і дабрабыту насельніцтва.

1581 год. Магілёў адбіваецца ад маскоўскіх акупантаў.

Падчас Лівонскай вайны, горад у чарговы раз абложвала рускае войска ваяводаў Дз. Хварасцініна і Катырова-Растоўскага. Штурм адбіты з вялікімі стратамі для ворага.

1697 год. Каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ абраны Аўгуст II Моцны (1670-1733).

Курфюрст саксонскі (1694-1733), кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь ВКЛ (1697-1706, 1709-1733). Імкнуўся да абсалютнай улады і да пераўтварэння ВКЛ у незалежную дзяржаву, больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі. Саюзнік Пятра I, пры ім пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай.

Скараціў войска з 80 000 да 18 000 у Рэчы Паспалітай і да 6 000 у ВКЛ. 

1707 год. Расійскае войска ўзяло Быхаў.

Гэта адбылося ў другі раз падчас Паўночнай вайны (1700-1721).

Першы раз Быхаў быў захоплены рускімі 5 кастрычніка 1702 года з прычыны пераходу уладальнікаў горада Сапегаў на бок Швецыі. Тады Пётр I зруйнаваў горад і замак. У 1707 годзе горад і замак заняты, каб не дапусціць туды шведскія войскі.

1784 год. Нарадзіўся Лявон Бароўскі (1784-1846).

Беларускі і польскі літаратуразнаўца, публіцыст, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, першы хто распазнаў у ім нацыянальнага генія.

1863 год. Рускія карнікі павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні Зігмунта Серакоўскага (1826-1863).

Серакоўскі – адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў. Капітан расійскага Генштаба, супрацоўнік часопісаў «Колокол» і «Современник».

Быў у ссылцы разам з Т. Шаўчэнкам. Саратнік М. Дабралюбава, М. Чарнышэўскага, А. Герцана, Дж. Гарыбальдзі. Яшчэ ў 1857 годзе стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, куды ўваходзілі і браты Каліноўскія. Месца яго пахавання да 2017 года было невядомым.

Пасля апоўзня на гары Гедыміна ў Вільнюсе была знойдзена магіла мужчыны са звязанымі ззаду рукамі і з залатым пярсцёнкам на пальцы з выгравіраваным на ім надпісам па-польску «Zygmónt Apolonija», які дазволіў індэнтыфікаваць яго як З. Серакоўскага (Апалонія – імя ягонай жонкі).

1905 год. Пачалося паўстанне на браняносцы “Князь Пацёмкін Таўрычаскі”.

Абураныя гнілой ежай, паўсталі матросы браняносца, які знаходзіўся ў Тэндроўскай затоцы пад Адэсай. Часткай перабіўшы, часткай арыштаваўшы афіцэраў, яны прывялі карабель у ахопленую стачкай Адэсу.

Але ні насельніцтва, ні іншыя караблі паўстанне не падтрымалі, і, не маючы магчымасці папоўніць запасы вугалю і харчавання, пацёмкінцы сышлі ў Канстанцу і здаліся румынскім уладам. Вернуты Расіі браняносец быў перайменаваны ў “Святога Панцеляймона”. У 1917 году ён ізноў стаў “Пацёмкіным”, а ў 1918-м – у пазбяганне захопу інтэрвентамі ўжо пад імем “Змагар за волю” быў падарваны бальшавікамі.

1925 год. Нарадзілася Лідзія Арабей (1925-2015).

Беларускі празаік, крытык, літаратуразнавец, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук.

Даследчыца творчасці А. Пашкевіч (Цёткі). Аўтар шмалікіх твораў, у тым ліку «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы», «Пошукі кахання», «Ісці ў разведку».  

1929 год. Камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР раскрытыкавала дзейнасць беларускай творчай інтэлігенцыі, кіраўніцтва.

Камісія працавала з 9 мая 1929 года. Пасля крытыкі пачалася барацьба з нацыянал-дэмакратызмам, сфабрыкавана справа гэтак звананага “Саюза вызвалення Беларусі”, пачаліся арышты дзеячаў навукі і культуры, праводзіцца палітыка абмежавання беларускай мовы. А ў 1933 годзе праведзена рэформа правапісу, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

1937 год. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена ўраджэнцу Магілёва Ота Шмідту (1891-1956).

Першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза. Савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном. Даследчык Паміру, Поўначы, галоўны рэдактар першай Вялікай савецкай энцыклапедыі.

Акадэмік АН СССР, Украінскай АН, акадэміі навук ЗША. Распрацаваў касмаганічную гіпотэзу ўтварэння целаў Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі каласонечнага газава-пылавага воблака.

Яго імем названы першы савецкі навуковы ледакол, вуліцы, плошчы у 1 200 населенных пунктах былога СССР.

У Магілёве ёсць праспект імя славутага ўраджэнца. У 1956 годзе былі прапановы па перайменаванню Магілёва ў Шмідт-на-Дняпры. У адным з інтэрнатаў па праспекце Шмідта размешчаны мемарыяльны куток вучонага, да 1990-х гадоў працаваў музей пры магілёўскім Палацы піянераў.

1941 год. НКУС распачаў масавыя расстрэлы палітзняволеных у Віцебску.

За 3 дні было забіта каля 2 000 чалавек. Было зроблена ўсё, каб вязняў не змаглі вызваліць немцы.

1941 год. На станцыю Лупалава прыбылі першыя эшалоны са штабам 61-га корпуса і 110-й стралковай дывізіі, якім ставілася задача па абароне Магілёва.

У Магілёўскі абкам партыі  прыбылі прадстаўнікі Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага маршалы Савецкага Саюза К. Варашылаў і Б. Шапашнікаў. Яны 1 ліпеня прынялі ўдзел ў першай нарадзе пад Магілёвам, каля в. Малая Бароўка, па абароне Дняпроўскага рубяжа і стварэнні падпольных атрадаў у тыле ворага.

1944 год. Падчас аперацыі “Баграціён” войскамі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага пачалося вызваленне ад нямецкіх войск Бабруйска.

Знаходзіўся пад акупацыяй з 28 чэрвеня 1941 года. Поўнасцю вызвалены 29 чэрвеня.

1989 год. На Устаноўчым з’ездзе заснавана «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ).

За гады сваёй дзейнасці ТБМ дасягнула значных поспехаў у пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў сучасным беларускім грамадстве.

8 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі.

2007 год. Рада горада Гайнаўка (Польшча) прыняла закон аб выкарыстанні беларускай мовы як дапаможнай у мясцовай адміністрацыі.

У Гайнаўцы самая вялікая ўдзельная вага беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы.

У шэрагу школ і гімназій сотні дзяцей як дадатковы прадмет вывучаюць беларускую мову. Акрамя таго, дзейнічаюць гімназія і ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы, дзе гэты прадмет з’яўляецца абавязковым.

Гайнаўка – адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Тут у 1990 годзе была адкрыта першая экспазіцыя Гайнаўскага музея помнікаў беларускай культуры. Цяпер музей мае 3 будынкі, 6 экспазіцыйных залаў, кіназалу, бібліятэку, гатэль. У музейнай экспазіцыі прадстаўлены сельскагаспадарчыя прылады працы, творы народнага мастацтва і культурныя здабыткі беларусаў у Польшчы.

Царква Святой Тройцы – месца правядзення штогадовага міжканфесійнага фестывалю царкоўнай музыкі, лаўрэатамі якога шматразова станавіліся калектывы з Беларусі.

2014 год. У Віцебску на Рыначнай адкрыты помнік Альгерду.

Першы і адзіны помнік вялікаму князю ВКЛ у Беларусі, другі конны помнік у краіне – пасля помніка Усяславу Чарадзею ў Полацку. Усталяваны на Рыначнай плошчы ў Віцебску насупраць Свята-Васкрасенскай царквы.

Адкрыццё прымеркавана да 1040-годдзя Віцебска.

Вага 3,5 тоны, вышыня скульптуры 3,6 м, пастамента — 2,8 м.

Дзень у гісторыі. 7 чэрвеня. Закладзены Тадж-Махал, Наваполацк. Гібель Порт-Раяля. Нарадзіліся дзеяч БНР В. Іваноўскі, гісторык П. Дзмітрачкоў, бард С. Кулягін.

1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.

Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.

Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.

Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам  – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.

Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.

Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.

1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.

Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль. 

І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян. 

Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.

Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.

1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года. 

Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

Э. Паўлоўскі. Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848

1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.

Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.

Віленскі ўніверсітэт.

1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).

Беларускі гісторык, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны. 

Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.

Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959). 

Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе. 

Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).

Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).

1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.

Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.

1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.

Дасягнута самая буйная перамога ў гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.

А вось 30 сакавіка 2021 года разгромна саступіла Бельгіі (0:8) – набуйнейшае паражэнне у гісторыі зборнай Беларусі.

Дзень у гісторыі. 1 чэрвеня. Памёр Ягайла. Хваляванні ў Новачаркаску. Нарадзіліся кампазітар М. Глінка, мастакі А. Кузьміч, А. Сувораў, акцёр С. Журавель

Міжнародны дзень дзяцей (International Children’s Day, з 1949 года). Дзень абароны дзяцей.

Прыпадае на першы дзень лета. Адно з самых старых міжнародных святаў. 

1 чэрвеня 1925 года ў Жэневе праходзіла І Міжнародная канферэнцыя, падчас якой абмяркоўваліся праблемы дзяцей. Так выйшла, што Генеральны консул Кітая ў Сан-Францыска сабраў групу кітайскіх дзяцей-сірот, якія прыехалі ў ЗША з Паднябеснай, і арганізаваў для іх урачыстасці з нагоды нацыянальнага кітайскага свята, якое сімвалізуе сабой пачатак лета – Дуань-у цзе (Фестываль лодак-драконаў). 

Задума дыпламата з Кітая вельмі спадабалася сусветнай супольнасці. Лічыцца, што гэтая падзея і спрыяла зараджэнню ідэі заснаваць спецыяльнае свята для дзяцей, дата якога якраз прыпала на 1 чэрвеня. Па шчаслівай выпадковасці, дзень супаў і з часам правядзення “дзіцячай” канферэнцыі ў Жэневе.

У лістападзе 1949 года ў Парыжы адбылася спецыяльная сесія Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын, на якой і было прынятае рашэнне заснаваць Дзень абароны дзяцей. 

У Міжнароднага дня дзяцей ёсць сцяг. На зялёным фоне, які сімвалізуе рост, гармонію, урадлівасць, вакол знака Зямлі размешчаны стылізаваныя фігуркі – чырвоная, жоўтая, сіняя, белая і чорная, якія сімвалізуюць разнастайнасць. Знак Зямлі – сімвал нашага агульнага дома.

У Беларусі каля 1,9 мільёна дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў.

Больш за палову нараджэнняў звязаны з нараджэннем жанчынай другога, трэцяга і наступных дзяцей. Штогод нараджаецца больш хлопчыкаў.

Топ-10 самых папулярных дзіцячых імёнаў у Беларусі: Максім, Міхаіл, Мацвей, Аляксандр, Арцём, Сафія, Марыя, Ганна, Ксенія, Дар’я.

Сусветны дзень малака (World Milk Day, з 2001 года).

Адзначаецца па ініцыятыве Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН.

Мэта свята – папулярызацыя малака і малочных прадуктаў сярод людзей, а таксама інфармаванне насельніцтва аб дзейнасці, звязанай з малаком і малочнай вытворчасцю.

Цікавыя факты.

Малако – самадастатковы прадукт: не напой, а ежа, у народзе так і кажуць – “паесці малака”.

Вымя каровы здольна змясціць да 23 л малака.

На год чалавеку патрэбна да 300 кг малочных прадуктаў.

У 50% дарослых на планеце малако не засвойваецца з прычыны зніжэння актыўнасці лактозы пры пераходзе на дарослы тып харчавання.

Кабылінае малако ўтрымлівае шмат лактозы і мала бялкоў і тлушчаў, за кошт гэтага яно лягчэй засвойваецца арганізмам. У ім больш вітамінаў А і С, чым у каровіным. Такое малако трэба ўжываць пры гастрытах, язвах, дысбактэрыёзе, розных жаночых захворваннях.

У казінага малака саладзейшы смак, чым у каровінага, у ім вышэй утрыманне вітамінаў, бялкоў. Гэтае малако здольна ўсмоктвацца без удзелу жоўці – гэты працэс адбываецца праз вянозную сетку, абыходзячы лімфатычныя капіляры.

Шклянка цёплага, лепш парнога малака з мёдам, за гадзіну да сну – выдатны сродак ад бяссоння.

Малако кісне падчас навальніцы.

Бялкі каровінага малака здольныя звязваць таксіны ў арганізме: тыя, хто працуе на шкодных вытворчасцях, атрымлівае бясплатнае малако.

Для вытворчасці 1 кг натуральнага сметанковага масла патрабуецца аж 21 л малака. 1 кг сыра атрымліваецца з 10 л малака.

Самае тлустае малако ў цюленяў – больш за 50% і кітоў – каля 50%.

1434 год. Памёр Ягайла Альгердавіч (~1350-1434).

Князь віцебскі, вялікі князь літоўскі (1377-1392), кароль польскі (1386-1434, каранаваны пад імем Уладзіслаў II Ягайла) і вярхоўны князь літоўскі (1392-1434).

У 1410 годзе разам з Вітаўтам кіраваў саюзным войскам у час Грунвальдскай бітвы, пасля якой Тэўтонскі ордэн ужо не здолеў аднавіць сваю былую магутнасць.

Ягайла заклаў падмурак для шматвяковай польска-літоўскай уніі, заснаваў дынастыю Ягелонаў – адну з самых уплывовых у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

1804 год. Нарадзіўся Міхаіл Глінка (1804-1857).

Рускі кампазітар, заснавальнік рускай класічнай музыкі. Па выразу У. Стасава Пушкін і Глінка “стварылі новую рускую мову – адзін у паэзіі, другі ў музыцы”.

Яго прадзед, які паходзіў са старажытнага каталіцкага шляхецкага рода гербу Тшаска, пры захопу Смаленска рускімі ў 1654 годзе вымушаны быў прыняць маскоўскае падданства.

Найбольш вядомыя творы: оперы «Жыццё за цара», «Руслан і Людміла», «Вальс-фантазія», скерца для аркестра «Камарынская».

Апошнія гады жыцця правеў у Іспаніі, Аўстрыі і Германіі.

Памёр 15 лютага 1857 года ў Берліне. Перапахаваны ў Пецярбурзе.

У 1982 годзе ў радавой сядзібе кампазітара Наваспаскае ў Смаленскай вобласці адчынены Дом-музей М. Глінкі.

У Беларусі імя Глінкі носяць Мінскі музычны каледж, вуліцы ў Віцебску, Гомелі, Гродна, Бабруйску, завулак у Магілёве.

1838 год. У Магілёве-на-Дняпры пачалі выдавацца “Магілёўскія губернскія ведамасці”.

Першая газета ў рэгіёне. Выходзіла да 1918 года.

Наклад ад некалькіх соцен да 2 000 паасобнікаў. Да сярэдзіны XIX стагоддзя – штотыднёвік, потым друкавалася двойчы, у 1904 годзе – нават тройчы на тыдзень.

Газета друкавала не толькі афіцыйную інфармацыю, навіны, але з выпуску ў выпуск змяшчаліся дадзеныя аб цэнах на асноўныя прадукты харчавання, аб базарных днях, надвор’і, рэпертуары гарадскіх тэатра і кінатэатраў, аб чыноўніках і прыватных асобах, якія прыбылі ў горад, з указаннем гасцініц, дзе яны спыніліся, аб тарыфах на білеты на экіпажы, цягнікі і параходы, якія адпраўляюцца з Магілёва, і шматлікае іншае. Сярэднестатыстычны магілёвец мог адкінуцца на канапу з суботнім нумарам газеты і даведацца не толькі пра чытанні ці вечары ў гарадскіх гімназіях, пра рэальную вучэльню, фельчарскую школу, але як, напрыклад, праходзіць англа-бурская вайна, да якога горада ўжо дамчаўся сфармаваны ў Магілёве мясцовым таварыствам Чырвонага крыжа санітарны цягнік для салдат, параненых на сопках Манчжурыі.

1943 год. Наразіўся Андрэй Майсяёнак.

Беларускі вучоны ў галіне біяхіміі, гісторык медыцыны, вітамінолаг, грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт НАНБ, доктар біялагічных навук, прафесар.

Аўтар больш за 450 навуковых прац, 7 манаграфій, 20 патэнтаў і пасведчанняў на вынаходніцтвы. Мае навуковыя працы ў галіне біяхіміі чалавека і жывёл, нутрыцыялогіі, па гісторыі медыцыны на Беларусі.

Адзін з заснавальнікаў беларускага фонду А. Міцкевіча. 3 1991 года актыўна займаецца стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Я. Храптовіча.

1945 год. Нарадзіўся Аляксей Кузьміч (1945-2013).

Беларускі мастак-жывапісец.

Пісаў навакольны свет, людзей. Займалі праблемы філасофскага плана – аб сэнсе прысутнасці чалавека на Зямлі, пра маральны абавязак, аб прызначэнні жанчыны-маці (Мадонны), аб духоўнай ролі славянскіх народаў у эвалюцыі ўсяго чалавецтва.

Галоўнай гераіняй яго жывапісу заўсёды была Жанчына. Сам мастак характарызаваў сваё крэда наступным дэвізам: «Хто любіць жанчыну, хто любіць свет, хто піша жанчыну, таму дапамагае бог». У стылістыцы твораў на тэму Мадонны стала праступаць некаторая іконная вобразнасць, якая мае значнае мастацкае ўздзеянне.

Напісаў шэраг партрэтаў вядомых дзеячаў культуры, у тым ліку Стэфаніі Станюты, Галіны Макаравай, Здзіслава Стомы, Міхаіла Пташука.

Памёр 31 кастрычніка 2013 года.

А.Кузьміч. Плач Еўфрасінні Полацкай. 1992 год.

1954 год. Нарадзіўся Сяргей Журавель (1954-2015).

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі. Лаўрэат прэміі імя І. Буйніцкага.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, Беларускім дзяржаўным моладзевым, Купалаўскім тэатрах.

Быў мастацкім кіраўніком тэатральнага праекта «Нікаля-тэатр», мастацкім кіраўніком «Альфа радыё», вядучым дакументальнага серыяла «Лёс чалавека» на тэлеканале «Лад».

Здымаўся ў фільмах і серыялах: «Батанічны сад», «Зорка Венера», «Каменская», «Гатэль „Выкананне жаданняў“», «Неба і зямля», «Вар’яцкае каханне».

Памёр 14 жніўня 2015 года.

1957 год. Нарадзіўся магілёўскі мастак Аляксандр Сувораў.

Скончыў аддзяленне графічнага дызайну Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Працуе ў станковым жывапісе, графіцы і графічным дызайне, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Для твораў характэрны філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, сувязь з гісторыяй і культурнай спадчынай. Сярод работ: палотны “Адвечнае”, “Метафізічны матыў”, “Зацьменне”, “Узыходжанне”, “Пастараль”, “Крыжовы шлях”, “Міндаўгава кола”, «Мадэль у ружовых танах», «Прастора сімвалаў», «Палёт» (2014), «Вяртанне», «Іра», «Горад сонца», трыпціх «Гармонія і рух» і іншыя); серыя графічных лістоў “Краявіды зямлі маёй”.

Аўтар серыі карцін, якія прысвечаны Магілёву: «Беларускае барока», «Хроніка аднаго горада», «Вячэрні шпацыр у бок Ратушы», «Гульні ў падкіднога», «Вяртанне блуднага сына». Паганскія матывы выявіліся ў творах: “Абуджэнне паганства”, “Вайдалот”, “Лірнік”, “Міфалагічны матыў”.

Выканаў роспіс капліцы мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».

А. Сувораў. Горад Сонца. 2017 год.

1962 год. Першы дзень хваляванняў працоўных у г. Новачаркаску Растоўскай вобласці.

Працоўныя пачалі пратэсты супраць павышэння коштаў. Былі выкліканы войскі, пралілася кроў: 24 чалавекі загінулі, 39 паранены. Сямёра расстраляны па пастанове Вярхоўнага суда РСФСР.

Распачата і расследавана 57 крымінальных спраў, па якіх былі асуджаныя 114 чалавек. Герой Савецкага Саюза, франтавік, генерал-лейтэнант танкавых войск М. Шапашнікаў (1906-1994) адмовіўся выконваць злачынны загад: “Не бачу перад сабой такога суперніка, якога варта было б атакаваць нашымі танкамі”. Каб пазбегнуць выпадковых інцыдэнтаў Шапашнікаў загадаў салдатам разрадзіць аўтаматы і карабіны і здаць боепрыпасы. За гэты грамадзянскі подзвіг генерал быў выключаны з КПСС і звольнены з арміі, супраць яго КДБ распачаў крымінальную справу з абвінавачаннямі ў антысавецкай прапагандзе.

На помніку на магіле генерала надпіс: “У кожнага ёсць свая вайна і свой Новачаркаск, але не кожны выходзіць з іх як…” (і ніжэй ініцыялы супругаў Шапашнікавых)

Каб сябе паводзілі так усе вайсковыя камандзіры, як Шапашнікаў, не было б трагедый у Тбілісі, Вільнюсе, у Мінску…

2009 год. Памёр Аляксандр Патупа (1945-2009).

Савецкі, беларускі фізік, філосаф, пісьменнік, папулярызатар навукі.

Скончыў фізічны факультэт МДУ імя М. Ламаносава. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар філасофіі, прафесар.

Працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, БДУ, дырэктарам Цэнтра даследаванняў будучыні.

Аўтар прац у вобласці квантавай тэорыі, фізікі высокіх энергій, касмалогіі, электрадынамікі, праблем прагназавання, сацыялогіі, паліталогіі, эканомікі, права, мастацкіх кніг «Фантакрим-CCI», «Ловушка в цейтноте», «Нечто невообразимое», больш за 300 артыкулаў публіцыстыкі.

Арганізатар і генеральны дырэктар выдавецка-паліграфічнай кампаніі «Эридан», найстарэйшага прыватнага выдавецтва Беларусі.

З’яўляўся старшынёй Назіральнага камітэта Беларускай Праваабарончай Канвенцыі і Назіральнага Сойма «Хельсінкі-CCI», прэзідэнтам Беларускага Саюза прадпрымальнікаў, віцэ-старшынёй Беларускай Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і удзельнікам шматлікіх грамадскіх арганізацый і ініцыятыў 3-га сектара.

Дзень у гісторыі. 12 мая. Першая на Русі каменная царква. БССР у ЮНЭСКА. Сычуаньскі землятрус. Нарадзіўся Аўгуст ІІ Моцны, памёр генерал У. Андэрс.

Міжнародны дзень медыцынскай сястры (International Nurse’s Day, з 1974 года).

Ідэя ўшаноўвання медсясцёр з’явілася ў 1953 годзе. Першыя масавыя ўрачыстасці пачаліся з 1965 года.

Устаноўлены ў гонар дня нараджэння англійскай медсястры Флорэнс Найтынгейл (1820-1910). У Лондане працуе музей, прысвечаны ёй.

У Крымскую вайну Флорэнс арганізавала ў Турцыі догляд за параненымі салдатамі саюзнікаў. Таксама ёю быў арганізаваны штаб сясцёр міласэрнасці, куды ўступалі ўсе жадаючыя. Жанчыны даглядалі параненых салдат і дапамагалі ўрачам на аперацыях. Пры гэтым, ні ў кога з іх не было медыцынскай адукацыі. У тыя часы лічылася, што ўсе жанчыны ад прыроды ўмелі дапамагаць тым, хто мае патрэбу. Так і з’явілася новая прафесія.

У 1912 годзе Чырвоным Крыжом устаноўлена медаль Флорэнс Найтынгейл – найвышэйшая у свеце для медсясцёр. Узнагароджанне ею праводзіцца раз на два гады. У СССР было вядома 45 узнагароджанняў, у тым ліку 6 беларусак-удзельніц вайны. Першай уладальніцай медаля стала Герой Савецкага Саюза, легендарная медсястра Зінаіда Тусналобава-Марчанка (1920-1980), потым – Соф’я Голухава, Яўгенія Шаўчэнка, Кацярына Сірэнка, Соф’я Кунцэвіч і Марыя Гарачук.

На сёння 14 медыцынскіх сясцёр з Беларусі ўдастоены медаля. Падчас апошняга ўзнагароджання ў 2021 годзе медаль атрымалі медсёстры службы “Дапамога” Беларускага Чырвонага Крыжа Людміла Бузель і Лідскай дарожнай арганізацыі чыгункі Эльвіра Шабанава.

996 год. У Кіеве асвечана першая на Русі каменная царква Святой Багародзіцы.

Другая назва  – Дзесяцінная (будоўля ажыццяўлялася на падаткавую дзесяціну). Мела памеры 35 на 37 метраў.

У царкве знаходзілася княжацкая пахавальня. У ёй былі пахаваны хрысціянская жонка Уладзіміра – візантыйская царэўна Ганна, якая памерла ў 1011 годзе, а затым і сам Уладзімір, які памёр у 1015 годзе. Таксама сюды былі перанесены з Вышгарада парэшткі першага хрысціянскага кіраўніка Русі – княгіні Вольгі.

У 1044 годзе Яраслаў Мудры пахаваў у царкве пасмяротна “хрышчоных” братоў Уладзіміра – Яраполка і Алега Дрэўлянскага.

У 1169 годзе царкву разрабавалі войскі Андрэя Багалюбскага, у 1203 годзе – войскі Рурыка Расціславіча. 

Дзесяцінная царква прастаяла да 1240 года, калі была разбурана пры ўзяцці Кіева войскамі Батыя: абвалілася – ці то нападаючыя пастараліся, ці то народу набілася столькі, што яго цяжару храм не вытрымаў.

Асвячэнне Дзесяціннай царквы. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу

1364 год. Кароль Казімір III Вялікі выдаў прывілей на ўтварэнне Кракаўскай акадэміі (універсітэта).

Пашыраны каралевай Ядвігай і князем Ягайлам. У розныя часы меў назвы  Studium Generale, Akademia Krakowska, Галоўная каронная школа. У XIX стагоддзі атрымаў сваю сучасную назву Ягелонскі, якая падкрэслівае сувязь з родам Ягелонаў. Ягелонскі ўніверсітэт – аўтарытэтная навуковая установа Польшчы, Рэчы Паспалітай і ВКЛ.

Сярод вядомых выпускнікоў літаратары Я. Вісліцкі, С. Лем, першадрукар Ф. Скарына, вучоныя В. Агрыпа, К. Куманецкі, Б. Папроцкі, Б. Маліноўскі, кампазітар Ц. Базылік, педагог С. Любіч-Маеўскі.

1670 год. Нарадзіўся Аўгуст ІІ Моцны, Фрыдрых Аўгуст I (1670-1733).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1697-1706, 1709-1733), курфюрст саксонскі

Мянушку «Моцны» атрымаў з прычыны выключнай фізічнай сілы і шматлікіх любоўных прыгод. Карыстаўся папулярнасцю сярод дробнай шляхты.

Імкнучыся да абсалютнай улады збіраўся ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай уладай, у чым яго падтрымалі Радзівілы, Вішнявецкія і іншыя магнаты і шляхта. 

Уцягнуў краіну ў Паўночную вайну (1700-1721) як  саюзнік Пятра I, аслабіў дзяржаву. Яго няўдалая палітыка прывялаа да таго, што пачалося актыўнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай не толькі Расіі, але і Прусіі, Аўстрыі і Францыі.

Аўгуст Моцны больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам. Намагаючыся ўзмацніць сваю ўладу ў Польшчы і ВКЛ ён абапіраўся на дапамогу суседніх дзяржаў, на карысць якіх збіраўся аддаць частку тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

1775 год. Заснавана Гродзенская медыцынская акадэмія.

Першая на Беларусі вышэйшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы медыцынскага персаналу. Існавала ў 1775-1781 гадах.

Адкрыта па ініцыятыве А. Тызенгаўза. Арганізатарам і кіраўніком акадэміі быў французскі ўрач, вучоны-натураліст Ж. Э. Жылібер.

Мела 3 аддзяленні: падрыхтоўкі «сучасных урачоў для гарадоў», падрыхтоўкі правінцыяльных урачоў і хірургаў, аддзяленне павітух.

Навучэнцы ўтрымліваліся за кошт казны.

Пры акадэміі дзейнічалі шпіталь на 60 ложкаў, анатамічны тэатр і музей, кабінет прыродазнаўства, аптэка, бібліятэка, батанічны сад (першы на тэрыторыі Беларусі і ў Рэчы Паспалітай).

Н. Орда. Медыцынская акадэмія ў Гродна.

1842 год. У Парыжы пайшоў з жыцця Валенцій Ваньковіч (1800-1842).

Беларускі мастак, акадэмік жывапісу, выдатны майстар партрэта першай паловы XIX ст.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум, Віленскі ўніверсітэт, Акадэмію  мастацтваў у Пецярбургу.

У доме яго брата Эдварда ў Мінску часта гасцявалі мастакі, кампазітары, літаратары, у тым ліку Я. Дамель, М. Кулеша, Ч. Манюшка, С. Манюшка, В. Дунін-Марцінкевіч.

У паўстанні 1830-1831 гадоў не ўдзельнічаў з прычыны хваробы, хаця такі намер меў – набыў зброю і каня.

З 1839 года жыў на эміграцыі. У 1841 пасяліўся ў Парыжы. Жыў у А. Міцкевіча.

Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу.

Памёр ад сухотаў на руках у А. Міцкевіча. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні.

У Мінску дзейнічае дом-музей Ваньковічаў, каля якога ўсталяваны помнік мастаку.

1909 год. Нарадзіўся Язэп Найдзюк (1909-1984).

Беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец, вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, аўтар  нарысу “Беларусь учора і сяння”.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Вільні. Працаваў друкаром і дырэктарам Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, рэдагаваў папулярны часопіс «Шлях моладзі».

У 1939 годзе быў арыштаваны і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер. Пасля вызвалення часцямі Чырвонай Арміі  ў верасні вярнуўся ў Вільню.

У час II Сусветнай вайны жыў у Мінску, працаваў у школьным інспектараце, выдаваў часопіс «Беларуская школа», быў тэхнічным кіраўніком «Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі», намеснікам члена Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы. Улетку 1944 выехаў у Германію. 

Пасля вайны, хаваючыся ад савецкай дзяржбяспекі, пераехаў у Польшчу, дзе жыў у Інаўроцлаве пад імем Юзафа Александровіча, працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, займаўся краязнаўствам. Пісаў артыкулы ў беларускую эмігранцкую прэсу, сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у Амерыцы. Вёў ліставанне з Л. Геніюш, Ю. Туронкам, К. Грынкевічам і іншымі дзеячамі.

Аўтар успамінаў, дзённікаў, падручніка для моладзі «Пазнавайма гісторыю беларускага народу», папулярнага нарысу «Беларусь учора і сяння».

У яго гонар на будынку друкарні ў польскім Інаўроцлаве адкрыта памятная шыльда.

1935 год. Памёр Юзэф Пілсудскі (1867-1935).

Польскі дзяржаўны, палітычны, вайсковы дзеяч, першы кіраўнік незалежнай Польшчы, першы яе маршал, двойчы прэм’ер (1926-1928 і 1930), дыктатар. Падарожнік па Амерыцы, Еўропе, Японіі. Са старажытнага беларускага роду Гінятавічаў.

У маладосці займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Пілсудскі – асоба, заслугі якой перад незалежнаю Польшчаю паўсюдна прызнаныя.

Пра беларусаў пісаў, што трэба “адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў”. Беларусаў з заходніх губерняў ставіў вышэй за жыхароў усходу Беларусі, бачыў розніцу паміж беларусамі-праваслаўнымі і беларусамі-каталікамі.

У постаці Пілсудскага выяўляліся пэўныя рысы беларускасці, якія ставілі яго ў лепшае святло ў параўнанні з беларускімі савецкімі дзеячамі. Нарадзіўся ён на Віленшчыне, ведаў беларускую мову, карыстаўся ёю, меў кантакты з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння, у свой час нават займаўся кантрабандным увозам “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча.

Пахаванне Пілсудскага стала вялікай маніфестацыяй нацыянальнага адзінства. Была абвешчана нацыянальная жалоба. 13 мая 1935 года з цела былі выняты мозг і сэрца. Цела было змешчана ў крыпце святога Леанарда ў Вавелі. У 1936 годзе сэрца Пілсудскага палажылі ў труну яго маці на могілках Росы ў Вільні (маўзалей Маці і сэрца сына).

Кавалер вялікай колькасці ордэнаў і ганаровых адзнак, як польскіх, так і замежных, ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў міжваеннай Польшчы.

У міжваенны час, а таксама пасля Другой Сусветнай вайны, вакол асобы маршала будаваўся пэўны культ. Пасля падзення камунізму ў Польшчы, Пілсудскі лічыцца адной з найважнейшых асоб у гісторыі польскай дзяржавы.

У яго гонар названыя многія вуліцы, плошчы і школы, пастаўлены помнікі.

1954 год. БССР прынята ў ЮНЭСКА.

На працягу амаль 70 гадоў краіна падтрымлівае з гэтай міжнароднай арганізацыяй плённыя, дынамічныя адносіны. З дапамогай ЮНЕСКА рэалізуецца шмат цікавых праектаў у сферы адукацыі, навукі, інфармацыі, камунікацый, культуры.

У кастрычніку 1988 года Беларусь далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, прынятай ЮНЕСКА ў 1972 годзе. І сёння ўжо 4 аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, замкавы комплекс “Мір”, архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ.

1970 год. Памёр Уладыслаў Андэрс (1892-1970).

Генерал броні (генерал-лейтэнант), стваральнік Польскіх Узброеныя Сіл у СССР, у 1944-1945 Вярхоўны Галоўнакамандуючы Польскіх Сіл.

Войска набіраў з этнічных палякаў, беларусаў, вязняў ГУЛАГу. Камандуючы Польскай Арміі ў Іране, Палестыне, у італьянскай кампаніі пры бітве пад Монтэ-Касіна,

У 1913-1917 гадах служыў у расійскім войску, удзельнічаў у І Сусветнай вайне, быў тройчы паранены, скончыў Акадэмію Генеральнага штаба ў Пецярбургу. 

Браў удзел у фарміраванні Першага Польскага Корпуса Ю. Доўбар-Мусніцкага.

Шэф штабу Арміі Велікапольскай у велікапольскім паўстанні 1919 года. Падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 года камандаваў 15 Палком познаньскіх уланаў.

Быў камендантам Варшавы, камандзірам Крэсовай, Навагрудскай Брыгады Кавалерыі, камандзірам гарнізона Баранавічы.

Удзельнік ІІ Сусветнай вайны. У якасці камандуючага аператыўнай групай кавалерыі быў двойчы паранены і трапіў у савецкі палон. Утрымліваўся ў львоўскіх шпіталі, вязніцы. 22 месяцы правёў у вязніцы НКУС на Лубянцы. Адмовіўся ад прапановы аб службе ў Чырвонай арміі.

З 4 жніўня 1941 года ствараў Польскія Узброеныя Сілы ў СССР. Пасля эвакуацыі летам 1942 войска і 20 тысяч грамадзянскіх (уратаваных з вязніц і лагероў) да Ірана, стаў камандуючым Польскай Арміі на Усходзе (Іран, Палесціна) і 2 Польскага Корпуса, якім кіраваў у італьянскай кампаніі (бітва пад Монтэ-Касіна). З 2 кастрычніка 1944 да 5 мая 1945 года выконваў абавязкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Польскіх Сіл.

2006 год. У Магілёве на вуліцы 30 год Перамогі адкрыты спартовы комплекс “Алімпіец”.

Спецыялізуецца на правядзенні заняткаў па лёгкай атлетыцы і спартыўных гульняў.

“Алімпіец” – адно з найбуйнейшых збудаванняў у краіне. Мае неабходную інфраструктуру для правядзення спартыўна-масавых і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў рознага ўзроўню і маштаба.

2008 год. Разбуральны Сычуаньскі землятрус.

Магнітуда – 8.0. Яго адчулі і ў суседніх краінах: Індыі, Пакістане, Тайландзе, В’етнаме, Бангладэш, Непале, Манголіі і Расіі.

Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што загінула 69 197 чалавек, прапала без вестак каля 18 000 чалавек, 288 431 пацярпела.

Дзень у гісторыі. 4 красавіка. Дзень інтэрнэту. Перамога Т. Касцюшкі пад Рацлавіцамі. Створана NATO. Нарадзіліся канцлер Л. Сапега, кампазітар М. Шчаглоў-Куліковіч, блаславёны Ю. Кашыра, музыка А. Хаменка.

Міжнародны дзень асветы па пытаннях міннай небяспекі і дапамогі ў дзейнасці, звязанай з размініраваннем (International Day for Mine Awareness and Assistance in Mine Action, з 2006 года).

Устаноўлены 8 снежня 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН.

У 2023 годзе Дзень праходзіць у межах кампаніі «Размініраванне не можа чакаць» і прыцягвае ўвагу да дзесяцігоддзяў забруджвання выбухованебяспечнымі боепрыпасамі тэрыторыі розных краін. Кампанія ясна дае зразумець, што знішчэнне ўсіх наземных мін не можа чакаць. Будзь то новае забруджванне ў Калумбіі, М’янме, Украіне ці Емене, або старое забруджванне ў Камбоджы, Лаосе, Іраку ці В’етнаме, расчыстка павінна быць завершана суб’ектамі супрацьміннай дзейнасці і дзяржавамі-ўдзельніцамі Канвенцыі аб забароне мін.

Галоўнай мэтай Дня стане распаўсюджванне ведаў аб тых раёнах свету, якія застаюцца забруджанымі праз шмат гадоў, і дзе пакаленні змянілі сваё жыццё, каб пазбегнуць пагрозы.

Забруджванне выбухованебяспечнымі боепрыпасамі пагражае жыццю людзей, абмяжоўвае свабоду перамяшчэння, пазбаўляе доступу да ворных земляў, усяляе страх, вядзе да адсутнасці бяспекі і тэрарызуе насельніцтва. Больш за ўсё ад яго пакутуюць самыя ўразлівыя жыхары абшчын.

Міжнародны Дзень інтэрнэту. Дзень Святого Ісідара – апекуна Інтэрнэта.

Святы Ісідар – апякун вучняў і студэнтаў. У 2003 годзе папа Ян Павел II афіцыйна назваў святога Ісідара апекуном карыстальнікаў камп’ютараў і інтэрнэту, бо Сусветная сетка – гэта вялізная скарбніца практычных і тэарэтычных ведаў.

Ісідар Севільскі, біскуп Севільскі, атрымаў вядомасць не толькі дзякуючы сваёй набожнасці, але і дзякуючы любві да навук. Ён з’яўляецца аўтарам кнігі “Этымалогія”,  па сутнасці, першай ў свеце энцыклапедыі, першым прадставіў працы Арыстоцеля ў Іспаніі, быў рэфарматарам і чалавекам шырокіх поглядаў.

1538 год. Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай ў Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

1557 год. Нарадзіўся Леў Сапега (1557–1633).

Адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Арганізатар стварэння Трыбунала ВКЛ, распрацоўшчык і фундатар выдання трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ (1588), канцлер ВКЛ на працягу 34 гадоў.

Сярод яго ўладанняў – Цяцерын і Круглае, староствы Свіслач, Магілёў. Багацці Л. Сапегі дазвалялі яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.

Помнікі Л. Сапегу пастаўлены ў Лепелі, Слоніме.

Помнік у Лепелі

1794 год.  Войскі Тадэвуша Касцюшкі перамаглі расійскія войскі пад Рацлавіцамі каля Кракава.

Сілы Тадэвуша Касцюшкі складалі каля 2 400 жаўнераў, 2 000 сялян-касінераў і 12 гармат, а рускага генерала Тормасава – каля  3 000 – 5 000 жаўнераў і ад 12 да 30 гармат.

Бітва мела вялікае значэнне для падняцця баявога духа паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве паказалі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Касцюшка, карыстаючыся ярамі, употай падвёў атрад з 320 касінераў да рускай батарэі і асабіста павёў яго ў атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых, касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. 

Адным з вядомых герояў гэтай атакі стаў селянін Войцех Бартас. Яшчэ адна атака касінераў зламіла супраціўленне рускіх акупантаў і вымусіла іх  да адступлення.

Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі

1846 год. Памёр Лявон Бароўскі (1784–1846).

Літаратуразнавец, педагог і публіцыст, адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х гадоў, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю. Член таварыства шубраўцаў.

Скончыў гімназію ў Паставах, Віленскі ўніверсітэт.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першы назваў геніям.

Яго лекцыямі захапляліся будучыя пісьменнікі С. Даўкантас, С. Станявічус, Ю.Славацкі і іншыя.

Адзін з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам.

Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову.

1893 год. Нарадзіўся Мікалай Шчаглоў-Куліковіч (1893–1969)

Беларускі кампазітар, этнограф, паэт, музыколаг, дзеяч беларускага руху ў эміграцыі, аўтар музыкі гімна на словы М. Багдановіча “Пагоня”, адзін з арганізатараў Тэатра оперы і балета Беларусі, дырыжор яго сімфанічнага аркестра, дырыжор сімфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту, музычны рэдактар Беларускага радыё.

У красавіку 1944 года ў Мінскім гарадскім тэатры паставіў оперу «Усяслаў Чарадзей» на вершы Н. Арсенневай.

Заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе і Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну.

Тэатр оперы и балета

1896 год. Нарадзіўся Васіль Русак.

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага паўстання, фалькларыст, выдавец.

Удзельнік І Сусветнай вайны, Беларускага вайсковага з’езда ў Віцебску, Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, арганізатараў «Саюза абароны краю».

Член прэзідыума Рады Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім паўстанні – камандзір Другога Грозаўскага палка. Інструктар Беларускай вайсковай камісіі, у 1922 годзе ў Коўне займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў супраць палякаў.

Жыў у Чэхаславакіі, удзельнічау у грамадска-палітычным жыцці беларускай эміграцыі, узначальваў Пражскі Беларускі нацыянальны камітэт, выдаў на беларускай лацінцы «Biełaruski śpieŭnik», на нямецкай мове брашуру «Bielarus – Weissruthenien» з этнаграфічнай картай Беларусі, паштоўкі з гербам Пагоня, які спалучаў беларускага вершніка і імянны знак Ф. Скарыны (сонца з маладзіком), фундаваў выданне часопіса «Iskry Skaryny».

У часе нацысцкай акупацыі Прагі хаваў у сябе дзве габрэйскія сям’і.

У 1945 годзе арыштаваны ў Празе савецкай контрвыведкай,  асуджаны на 10 гадоў лагераў. Памёр у лагеры 23 жніўня 1954 года.

1904 год. Нарадзіўся Юрый Кашыра.

Рыма-каталіцкі манах-марыянін (іераманах), прылічаны да ліка блажэнных. Уваходзіць у лік 108 блаславёных мучанікаў Другой сусветнай вайны, беатыфікаваных Папам Рымскім Янам Паўлам II у 1999 годзе.

У 1923 годзе ўступіў у Друйскі манастыр марыянаў. Пастрыжаны ў манахі ў 1926 годзе.

Працаваў у Вільні і Друйскай гімназіі. Пераследаваўся польскімі ўладамі за прабеларускую дзейнасць, вандраваў па розных манастырах Беларусі і Літвы.

У 1942 годзе разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам выехаў у Росіцу Дрысенскага (зараз – Верхнядзвінскага) раёна, дзе распачаў місіянерскую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. 18 лютага 1943 года адмовіўся пакінуць вернікаў і быў спалены разам з вялікай групай каталікоў і праваслаўных пад час нямецкай карнай аперацыі ў Росіцы.

Ікона блаславёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы

1949 год. Па ініцыятыве ЗША створаны ваенна-палітычны саюз  – блок NATO.

Блок пачаў сваю дзейнасць у разгар “халоднай вайны”, на аснове Паўночнаатлантычнай дамовы, падпісанай у Вашынгтоне 4 красавіка 1949 года прадстаўнікамі ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга, Канады, Італіі, Партугаліі, Нарвегіі, Даніі і Ісландыі. 

У 1952 годзе да дамовы далучыліся Грэцыя і Турцыя, у 1955 годзе – ФРГ, 1982 – Іспанія, у 1999 – Чэхія, Венгрыя і Польшча, 2004 – Балгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія і Эстонія, у 2009 – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 годзе – Паўночная Македонія, у 2023 – Фінляндыя. Імкнуцца далучыцца да блока Швецыя і Украіна.

Артыкул 5 – найважнейшы артыкул Паўночнаатлантычнага дагавора – устанаўлівае, што ў выпадку “ўзброенага нападу” на аднаго або некалькіх яго ўдзельнікаў іншыя члены НАТА неадкладна акажуць дапамогу краіне або краінам, якія падвергліся нападу, шляхам ажыццяўлення такога дзеяння, якое яны “лічаць неабходным, уключаючы прымяненне ўзброенай сілы”.

1952 год. Памёр Язэп Варонка (1891–1952).

Беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Да снежня 1917 года ўзначальваў камітэт Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дэлегат Усебеларускага з’езда.

У лютым – ліпені 1918 года старшыня Народнага сакратарыята Беларусі і народны сакратар замежных спраў, адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.

У снежні 1918 – красавіку 1920 года міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі, старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, старшыня таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

З 1923 года жыў на эміграцыі ў ЗША. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, выдаваў газету «Белорусская трибуна», вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историко-политический очерк», «Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд».

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння – Расіі і Польшчы. Ухваляў абвяшчэнне БНР, а ўтварэнне БССР разглядаў як палітычны манеўр, з дапамогай якога бальшавікі імкнуліся «авалодаць розумамі элементаў, што нацыянальна адрадзіліся».

Пахаваны на могілках Элмвуд у Рывер-Гроўв каля Чыкага.

1967 год. Нарадзіўся Алег Хаменка.

Беларускі музыка, лідар гурта «Палац», радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, стваральнік фолк-мадэрну – новага кірунку ў сучаснай музыцы.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Працаваў метадыстам-інспектарам па Мінску і Мінскай вобласці Міжсаюзнага дома самадзейнай творчасці Аблсаўпрафа.

У 1992 годзе стварыў гурт «Палац». Неаднаразова ўдзельнічаў у фестывалях «Басовішча», «Рок-каранацыя», «Славянскі базар», фальклорных фестывалях Еўропы.

Быў аўтарам і вядучым праграмы «Настаўніцкая» на тэлеканале «Лад», радыёвядучым радыёверсіі хіт-параду «Тузін Гітоў», вядучы фестывалю «Камяніца», стваральнік фестываля «Bela music».

У 2008 годзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ, сумесна з Т.Лісіцкай і Л. Рыжковай выпусціў для дзяцей серыю аўдыёказак «Беларускія народныя казкі».

У складзе гурта «Палац» здымаўся ў мастацкім фільме «Анастасія Слуцкая», эпізадычнай ролі «самога сябе» ў серыяле «Вышэй неба».

1973 год. У Нью-Йорку адбылося ўрачыстае адкрыццё дзелавога і адміністрацыйнага комплексу Сусветнага гандлёвага цэнтра (World Trade Centre).

Сусветны гандлёвы цэнтр (СГЦ) – так называўся комплекс з сямі будынкаў, спраектаваных Мінору Ямасакі, амерыканскім архітэктарам японскага паходжання.

Архітэктурнай дамінантай комплексу былі дзве вежы, кожная па 110 паверхаў – Паўночная (417 м, з улікам устаноўленай антэны – 526,3 м) і Паўднёвая (415 м). 

11 верасня 2001 года комплекс СГЦ быў разбураны ў выніку тэрарыстычных нападаў. Некаторы час пасля заканчэння будаўніцтва вежы былі найвышэйшымі хмарачосамі ў свеце.

2016 год. Памёр Уладзімір Казбярук (1923-2016).

Беларускі літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук.

Скончыў БДУ. Настаўнік у Навагрудскім раёне, выкладаў у Полацкім педінстытуце, працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

Вывучаў беларуска-польскія літаратурныя сувязі, беларускі рамантызм ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў.  Аўтар даследаванняў па гісторыі Беларусі і беларускай культуры: ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай свядомасці ў XVII – XVIII стагоддзях, беларускае нацыянальнае адраджэнне ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, утварэнне БНР, жыццё і літаратурная дзейнасць Ф. Скарыны, Г. Пельгрымоўскага, С. Тшашчкоўскай, К. Каліноўскага, А. Гаруна і іншых.

Дзень у гісторыі. 14 лютага. Першая згадка пра Літву. Зняцце праклёну з Магілёва. Пераход на новы каляндар. Нарадзіліся мастакі В. Ваньковіч, В. Цвірка, гісторык М. Улашчык, паэт А. Звонак

Трыфан. 

На Трыфана зорна – вясна позняя”. “Які Трыфан, такія і астатнія дні лютага”. Люты – месяц вяселляў, дзяўчыны маліліся Трыфану, каб ён паслаў ім жаніха.

Дзень Святога Валянціна, Дзень закаханых.

У некаторых каталіцкіх дыяцэзіях у гэты дзень адзначаюць памяць Святога Валянціна. Свята, аднак, мае свецкі характар. У гэты дзень дораць каханым і дарагім людзям кветкі, паштоўкі ў форме сардэчка, часта з паэтычнымі, любоўнымі тэкстамі – валянцінкі.

Дзень Св. Валянціна адзначаецца ў гонар раннехрысціянскага святога, што насіў гэтае імя, але паходзіць ад рымскіх Луперкалій. Луперкаліі былі фестывалем эратызму. Луперк – адна з мянушак Фаўна, бога мілавання і заступніка статкаў. Штогод 15 лютага ў Рыме праводзілася свята, падчас якога ў ахвяру прыносіліся жывёлы. З іх скур вырабляліся бізуны. У часе Луперкалій голыя хлопцы з папругамі з казлінай скуры бегалі між жанчынамі і сцябалі іх. Жанчыны ахвотна падстаўлялі сябе пад удары, лічачы, што гэта дасць ім плоднасць і лёгкія роды. У канцы абраду жанчыны таксама раздзяваліся дагала.

У 494 годзе Папа Геласій I паспрабаваў забараніць Луперкаліі. Святу, якое прыйшло ім на замену, быў прызначаны нябесны заступнік – святы Валянцін, які 14 лютага 269 года быў забіты па загаду рымскага імператара Клаўдзія II за прапаведніцкую дзейнасць сярод моладзі.

У познім сярэднявеччы ў Францыі і Англіі жыццё Св. Валянціна паступова пачало абрастаць легендамі, звязанымі з таемным шлюбам закаханых пар. Паводле легенды, імператар лічыў, што самотны мужчына – без сям’і, жонкі і абавязкаў – лепш змагаецца на полі бітвы, і забараніў маладым мужчынам жаніцца. Святы Валянцін употай асвячаў шлюбы. Святара кінулі ў турму, асудзілі на смерць. У турме святы Валянцін пазнаёміўся з дачкой наглядчыка – Юліяй. Закаханы святар перад смерцю напісаў ёй прызнанне ў каханні – валянцінку.

Раней у беларусаў-католікаў Валянцін быў звычайным прысвяткам земляробчага календара.

У Заходняй Еўропе Дзень святога Валянціна стаў шырока адзначацца з XIII стагоддзя, у ЗША – з 1777 года. 

У Масковіі было сваё свята закаханых – на пачатку лета. Яно звязана з легендарнай гісторыяй кахання Пятра і Фяўронні.

Адзіная краіна, дзе свята Св. Валянціна забаронена – Саудаўская Аравія.

Дзень камп’ютаршчыка (Geek day). 

Неафіцыйны дзень, які шырока адзначаецца ў прафесійным свеце. Дата прымеркаваная да прэзентацыі 14 лютага 1946 года ў ЗША першага кампутара ENIAC I (Electrical Numerical Integrator And Calculator) – прататыпа сучаснага.

У спецыялістаў камп’ютарнай сферы некалькі прафесійных свят за год. У 256-ы дзень года (13 ці 12 верасня) адзначаецца Дзень праграміста, у апошнюю пятніцу ліпеня – Дзень сістэмнага адміністратара, 9 верасня – Дзень тэсціроўшчыка.

Праграмісты, як сапраўдныя прафесіяналы, вылічылі дату свайго свята матэматычна. Лік 256 – гэта колькасць лікаў, якую можна прадставіць з дапамогай аднаго байта інфармацыі. І таму 256-ы дзень з пачатку года, а менавіта 13 верасня, супольнасць камп’ютаршчыкаў і праграмістаў таксама лічыць сваім прафесійным святам.

Сімвал @ называюць у Беларусі – слімаком, у Польшчы – малпачкай, у Расіі – сабакам.

1009 год. Упершыню ў гістарычных крыніцах зафіксаваны тапонім Літва. 

У Кведлінбургскіх аналах зафіксавана, што ў гэты дзень быў забіты на мяжы Русі і Літвы місіянер Брунон Баніфацый – святы, апостал Прусіі, граф.

1666 год. Праклён, якому Магілёў быў падвергнуты за паўстанне 1661 года супраць рускіх войск, адменены. 

Адмяніў праклён кіеўскі мітрапаліт Іосіф і блаславіў Магілёў са словамі: “Неналежныя маскоўскія архіерэі былі ўторгнуліся ў маю епархію, то ад іх праклёну вызваляю, а наадварот бласлаўляю”.

1800 год. Нарадзіўся Валянцін Ваньковіч. 

Беларускі мастак рамантычнага кірунку. Акадэмік жывапісу.

Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум, Віленскі ўніверсітэт, Акадэмію  мастацтваў у Пецярбургу.

У доме брата Эдварда ў Мінску часта гасцявалі мастакі, кампазітары, літаратары, у тым ліку Я. Дамель, М. Кулеша, Ч. Манюшка, С. Манюшка, В. Дунін-Марцінкевіч.

У паўстанні 1830–1831 гадоў не ўдзельнічаў з прычыны хваробы, хаця такі намер меў – набыў зброю і каня.

З 1839 года жыў на эміграцыі. У 1841 пасяліўся ў Парыжы. Жыў у А. Міцкевіча.

Аўтар партрэтаў А. Міцкевіча, А. Гарэцкага, М. Шыманоўскай, К. Ліпінскага, А. Тавяньскага, А. Манюшкі і іншых. 

Характарныя карціны «Подзвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе», «Міцкевіч на скале Аю-Даг», «Напалеон каля вогнішча». Сярод работ, літаграфіі «Аўтапартрэт», «Галава старога», малюнкі «Від руін у Італіі», «Пейзаж» і іншыя. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыжскім касцёле Сен-Севярын.

Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу.

Памёр 12 мая 1842 года ад сухотаў на руках у А. Міцкевіча. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сен-Дэні.

У Мінску дзейнічае дом-музей Ваньковічаў, каля якога ўсталяваны помнік мастаку.

1906 год. Нарадзіўся Мікалай Улашчык. 

Беларускі гісторык і археограф, празаік, перакладчык, мемуарыст. Доктар гістарычных навук. Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Удзельнік нацыянальна-культурнага, краязнаўчага руху 1920-х гадоў.

Чатыры разы арыштоўваўся НКУС і КДБ (1930, 1932, 1941, 1950), быў вязнем лагераў. Паміж адсідкамі працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі, у Маскоўскім універсітэце. Вызвалены 25 сакавіка 1955 года.

Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР.

Даследаваў праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання.

Асноўнымі працамі з’яўляюцца «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду», «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі».

Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца». Складальнік і рэдактар 32 і 35-га тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай».

Навуковую значнасць маюць і яго меркаванні пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных беларускіх летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага.

Памер 14 лістапада 1986 года.

1907 год. Нарадзіўся Алесь Звонак. 

Беларускі паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец. Лаўрэат  Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. 

Працаваў у газетах «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва», на Беларускім радыё, у часопісе «Маладняк», у Акадэміі навук, узначальваў полацкую філію «Маладняка».

У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, сасланы ў лагеры Магаданскай вобласці. Пасля лагераў працаваў геолагам на Далёкім Усходзе, у 1955 годзе вярнуўся ў Мінск.

Аўтар вершаў, п’ес, крытычных артыкулаў, больш дзесяці зборнікаў вершаў, кнігі ўспамінаў. Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах і «Сябрына: Выбраныя творы».

Яго п’еса «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» ставілася ў тэатрах. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Якуб Колас», «Вобразы і думы».

Перакладаў на беларускую мову А.Чэхава, А.Фадзеева, Ш. Руставелі,  Д. Кугульцінава, А.Пушкіна, М. Някрасава, М.Бажана, П.Тычыны, У.Сасюры,  Р.Гамзатава, Ю.Славацкага і іншых.

Памёр 2 лютага 1996 года.

1913 год. Нарадзіўся Віталь Цвірка. 

Беларускі жывапісец.

Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум, Маскоўскі мастацкі інстытут.

Выкладаў ў школах Мінска, ва эвакуацыі ў Самаркандзе, Мінскім мастацкім вучылішчы, загадваў кафедрай і быў рэктарам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Займаўся пейзажам і «тэматычным жывапісам»: гістарычным і побытавым. Шматлікія падарожжы па Беларусі становяцца неабходнасцю як пошук тэм для будучых краявідаў, якія амаль цалкам выціснулі астатнія жанры жывапісу з яго творчасці. Толькі ў апошняе дзесяцігоддзе жыцця ён звяртаецца да нацюрморта. 

Пачынаючы з 1970-х гадоў, разам з алейным жывапісам працуе ў акварэлі. Большасць твораў захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Памер 11 чэрвеня 1993 года.

1918 год. У РСФСР і БССР перайшлі на грыгарыянскі каляндар (новы стыль).

24 студзеня 1918 года дэкрэтам СНК БССР быў уведзены грыгарыянскі каляндар, у адпаведнасці з якім была ўведзена папраўка ў 13 сутак. Пасля 31 студзеня 1918 года адразу наступіў дзень 14 лютага.

1984 год. Памёр Язэп Найдзюк. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Вільні. Працаваў друкаром і дырэктарам Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, рэдагаваў папулярны часопіс «Шлях моладзі».

У 1939 годзе быў арыштаваны і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер. 

У час II Сусветнай вайны жыў у Мінску, працаваў у школьным інспектараце, выдаваў часопіс «Беларуская школа», тэхнічным кіраўніком «Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі», намеснікам члена Галоўнай рады Беларускай народнай самапомачы. Улетку 1944 выехаў у Германію. 

Пасля вайны, хаваючыся ад савецкай дзяржбяспекі, пераехаў у Польшчу дзе жыў у Інаўроцлаве пад імем Юзафа Александровіча, працаваў дырэктарам Куяўскай друкарні, займаўся краязнаўствам. 

Пісаў артыкулы ў беларускую эмігранцкую прэсу, сувязь з беларускім рухам падтрымліваў праз свайго брата Чэслава Найдзюка, які жыў у Амерыцы. Вёў ліставанне з Л. Геніюш, Ю. Туронкам, К. Грынкевічам і іншымі дзеячамі.

Аўтар успамінаў, дзённікаў, падручніка для моладзі «Пазнавайма гісторыю беларускага народу», папулярнага нарысу «Беларусь учора і сяння».

У яго гонар на будынку друкарні ў польскім Інаўроцлаве адкрыта памятнай шыльда.

1989 год. Памёр Вінцэнт Жук-Грышкевіч. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, шосты старшыня Рады БНР (1971–1982).

Скончыў Пражскі ўніверэсітэт. Выкладаў у беларускай гімназіі,  Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-нацыянальным жыцці.

У верасня 1939 года быў арыштаваны ДПУ і зняволены ў лагерах у Туркменістане. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Служыў у Іраку, Палестыне, Егіпце, Італіі, удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна.

Пасля вайны выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі і Вялікабрытаніі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і яго кіраўнік, член Рады БНР.

У Атаўскім універсітэце ЗША абараніў доктарскую дысертацыю «Лірыка Янкі Купалы». Адзін з заснавальнікаў Радыё «Вызваленне», першы кіраўнік беларускай рэдакцыі (1954–1956), адзін з заснавальнікаў Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады.

Памёр 14 лютага 1989 года ў Канадзе.

2014 год. Памёр Гаўрыла Вашчанка. 

Беларускі жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Выкладчык, загадчык кафедрай манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, акварэлі, манументальнай размалёўкі і вітражу. Аўтар станковых і манументальных твораў пра гераізм савецкага народа ў гады Айчыннай вайны і пасляваеннай стваральнай працы, пра жыццё сучаснага Палесся.

Сярод твораў: «Непакораная», «Косцік», «Юнацтва», «Маё Палессе», «Дума пра хлеб», «Балада пра мужнасць», «Мацярынскія крылы», «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» і іншыя. Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва», трыпціх пра паўстанне К. Каліноўскага «За зямлю, за волю», «Балада пра мужнасць» і іншыя.

Аўтар мазаічнага пано ў мінскім Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, размалёвак Палаца культуры хімікаў у Светлагорску, вітражоў і люстры ў касцёле Сымона і Алены.

Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўна-палітычных дзеячаў Беларусі, у тым ліку Янкі Купалы, Якуба Коласа, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К. Астрожскага, С. Буднага, В. Цяпінскага.

Яго персанальная карцінная галерэя дзейнічае ў Гомелі.

Гаўрыла Вашчанка, Генадзь Бураўкін, Васіль Шаранговіч

Дзень у гісторыі. 13 лютага. Вынаходніцтва радыё беларусам. Мангола-татары на Беларусі. Нарадзіліся першая жанчына-драматург Францішка Уршуля Радзівіл, літаратары Ю. Корсак, А. Хадановіч

Сусветны дзень радыё (World Radio Day, з 2013 года). 

Абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА у гонар стварэння ў 1946 годзе Радыё ААН. Ініцыятыва заснавання Дня належыць прэзідэнту Іспанскай акадэміі радыё Хорхе Альварэсу.

Для развіцця сучаснага радыё ўнеслі свой ўклад з 1820 года дзясяткі вучоных, такіх як Г. Эрстэд, Ф. Генры, М. Фарадэй, Дж. Максвел, М. Луміс, Д. Хьюз, Т. Эдзісан, Г. Герц, М. Тэсла, Т. Марконі, Э. Рэзерфорд і іншыя.

У 1890 годзе беларускі вучоны Я. Наркевіч-Ёдка вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму злектрамагнітных хваляў на адлегласці – першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае яго прыярытет – пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898). 

Рускі вучоны А. Папоў сваё вынаходніцтва прадставіў толькі 7 мая 1895 года. А першым падаў на атрыманне патэнту на вынаходніцтва радыё 2 чэрвеня 1896 года італьянец Т. Марконі.

1241 года. Параза польскіх войск пад Турскам ад мангола-татараў.

У студзені 1241 года мангольскія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы і сённяшняй Беларусі. Адзін атрад пад кіраўніцтвам Байдара праз Люблін дайшоў да Завіхоста, а другі – праз Брэст да Драгічына.

Частка мангольскіх войскаў дайшла да Навагрудка, а на зваротным шляху ў лютым узялі Сандамір. Вялікія страты несла насельніцтва. Польскія войскі рушылі да Сандаміра, манголы пачалі адступаць пад Турск-Вельке.

Паводле Яна Длугаша, у выніку першай атакі палякам удалося прымусіць манголаў адступіць, а таксама вызваліць палонных. Аднак неўзабаве аказалася, што гэта была толькі стратэгічная хітрасць манголаў, накіраваная на парушэнне баявога парадку суперніка. Мангольская конніца перайшла ў атаку, пераадолела цяжка браніраваных малапольскіх рыцараў і нанесла польскім войскам паражэнне.

1705 год. Нарадзілася Францішка Уршуля Радзівіл. 

Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург Вялікага Княства Літоўскага, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.

Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”

Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Аднак пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся ў 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядомае шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе у свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы  на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.

Памерла 23 мая 1753 года ў Навагрудку.

1806 год. Нарадзіўся Юльян Корсак. 

Беларускі паэт і перакладчык. Блізкі сябар А. Міцкевіча і А. Адынца.

Аўтар двух зборнікаў вершаў, якія змяшчаюць і творы беларускай тэматыкі: «Да Нёмана», «Да І. Дамейкі» i іншыя.

Развіваў рамантычны стыль лірычнай паэзіі, у якой выкарыстоўваў класічныя i беларускія фальклорныя матывы.

Перакладчык на польскую Дантэ, Ф. Шылера, Дж.  Байрана, У. Шэкспіра. Некаторыя вершы пакладзены на музыку С. Манюшкам.

Памёр 30 жніўня 1885 года.

1824 год. У Маскве выйшаў зборнік «Беларускі архіў старажытных грамат». 

Першы зборнік гістарычных дакументаў беларускіх земляў. 

Уключаў 57 актаў пра палітычныя сувязі князёў і феадалаў дзеля падтрымкі і ўмацавання праваслаўнай царквы ў Беларусі. Змяшчаў дакументы пра развіццё беларускіх местаў і гандлю, дзейнасць царкоўных брацтваў. З архіўных сховішчаў Магілёва паходзіла 55 актаў, па аднаму з Аршанскага мужчынскага і Мсціслаўскага Пустынскага манастыроў. 

Папярэдне сабраў рукапісы ў Магілёве і Мсціславе ўраджэнец Прапойска І. Грыгаровіч (1792–1852), пасля чаго падрыхтаваў зборнік у Гомелі. 

Выданне ажыццявілі на сродкі графа М. Румянцава.  Зборнік адкрыў перад тагачаснымі даследчыкамі шматвяковую гісторыю Беларусі.

Іван Грыгаровіч

1863 год. Падчас Нацыянальна-вызвольнага паўстання на пэўны час вызвалены Пружаны з-пад расійскага панавання. 

Вызвалілі мястэчка аддзелы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага – каля 100 чалавек пад кіраўніцтвам С. Сангіна і Р. Рагінскага. Жыхары места спачувальна паставіліся да паўстанцаў, і мясцовыя ўлады не далі рады даць адпор «каліноўцам».

Н. Орда. Пружанскі палацык

1873 год. Нарадзіўся Фёдар Шаляпін. 

Сусветна вядомы рускі оперны спявак. Першы савецкі народны артыст  (1918–1927). Ён злучыў у сваёй творчасці «прыроджаную музычнасць, яркія вакальныя дадзеныя, незвычайнае акцёрскае майстэрства». Займаўся таксама жывапісам, графікай і скульптурай. 

Аказаў вялікі ўплыў на сусветнае опернае мастацтва. У кінафільме “Цар Іван Васільевіч Грозны» (1915) выканаў галоўную ролю.

Меў узнагароды Расіі, Бухарскага эмірату, Прусіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Францыі.

Выступаў у міланскім тэатры «Ла Скала», у шматлікіх тэатрах і операх Еўропы, ЗША. Падчас знаходжання царскай Стаўкі ў Магілёве (1915–1917), неадноўчы выступаў на сцэне мясцовага тэатра.

Свае грошы накіроўваў на падрымку рабочых, на адкрыццё ваенных лазарэтаў, на падтрымку эмігрантаў.

У 1922 годзе выехаў на гастролі за мяжу. У 1927 годзе Пастановай СНК РСФСР яго пазбавілі звання Народнаго артыста і права вяртання ў СССР.

Памёр 12 красавіка 1938 года ў Парыжы.

1895 год. Браты Луі і Агюст Люм’ер запатэнтавалі камбінаваную кінакамеру для здымак.

Луі Люм’ер сцвярджаў, што вынайшаў кінематограф за адну бяссонную ноч, калі яго мучыў галаўны боль. У праектары новай прылады быў усталяваны кулачковы механізм падачы перфараванай плёнкі.

Ужо 28 снежня 1895 года браты прадставілі парыжскай публіцы сваё новае вынаходства на першым публічным платным кінасеансе ў мурах “Гран кафэ” на Бульвары Капуцынаў. Менавіта з камерцыйнага паказу авангарднага фільма “Прыбыццё цягніка на вакзал Ла Сьёта” пачалася гісторыя сусветнага кіно.

1902 год. Нарадзіўся Сымон Хурсік. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педтэхнікум, БДУ. Настаўнічаў на Дрысеншчыне, Полацку, працаваў у  газеце «Чырвоная Полаччына».

Аўтар апавяданняў, аповесцей, вершаў, зборнікаў апавяданняў.

Двойчы быў рэспрэсаваны (1930, 1947), сасланы ў Паволжжа, Казахстан. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, двойчы кантужаны.

Пасля вяртання са зняволення да пісьменніцкай працы не вярнуўся.

Памёр 31 сакавіка 1972 года.

1973 год. Нарадзіўся Андрэй Хадановіч. 

Беларускі літаратар, паэт, перакладчык.

Аўтар вершаў, лімерыкаў, 13 кніг. Друкуецца ў часопісах «Arche», «Дзеяслоў», газеце «Наша Ніва». Ягоныя вершы перакладаліся на рускую, польскую, англійскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы.

Па меркаванні крытыкаў, яго паэзія – прыкметная з’ява сучаснай беларускай літаратуры, у яго творчасці, якая адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю мовы, стылістычнымі эксперыментамі, дасягненні ўсходнееўрапейскай «кніжнай» паэзіі спалучаюцца з элементамі «нізавой» культуры (рок, рэп, гарадское прастамоўе).

Перакладае на беларускую мову з англійскай, польскай, рускай, украінскай, французскай, у тым ліку Ч. Мілаша, З. Гербэрта, С. Жадана, Ш. Бадлера, А. Рэмбо, С. Алексіевіч, С. Ханіна.

Лаўрэат шматлікіх беларускіх, польскіх прэмій, у тым ліку «Залаты апостраф», «Залатая літара» (двойчы), імя К. Шэрмана, Н. Арсенневай, Е. Гедройца.

1974 год. Памерла Паўліна Мядзёлка (1893–1974). 

Дзеяч беларускай культуры, артыстка, педагог, мемуарыстка. Заслужаны дзеяч культуры.

У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы. Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, БССР. Працавала ў школах, Інбелкульце, Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.

Арыштоўвалася польскімі ўладамі і ДПУ БССР (1930), саслана ў Казань.

Аўтар мемуараў «Сцежкамі жыцця».

Дзень свайго сыходу яна вызначыла сама, не вытрымала апошняга выпрабавання – выпрабавання адзінотай. Пахавана ў Будславе.

2009 год. Памёр Валянцін Тарас.

Беларускі  паэт, перакладчык, публіцыст.

Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Неман». У 1968 годзе звольнены з працы «за антысавецкія размовы» і на працягу 8 гадоў яго не друкавалі, не дазвалялі здымаць фільм паводле яго сцэнарыя, не выпускалі за мяжу.

З пачаткам перабудовы быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, членам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, член Беларускага ПЭН-клуба. Адзін з стваральнікаў Хартыі-97.

Аўтар вершаў, шматлікіх зборнікаў паэзіі і кніг аповесцей і апавяданняў, мемуараў, літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры». Па яго творах здымаліся фільмы на Кіеўскай кінастудыі імя А. Даўжэнкі і на «Беларусьфільме».

Перакладаў п’есы для купалаўскага тэатра, на рускую мову пераклаў шматлікія творы, кнігі, у тым ліку Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Р. Барадуліна, М. Стральцова, К. Чорнага, Я. Брыля, В. Быкава і іншых.

Дзень у гісторыі. 23 студзеня. Самы разбуральны землятрус. Памерлі герой Чылі Ігнат Дамейка і «імператар рэпартажу» Рышард Капусцінскі. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі

Дзень почырку, Дзень ручнога ліста (Handwriting Day)

Заснаваны па ініцыятыве Асацыяцыі вытворцаў пішучых прылад з мэтай нагадаць усім нам аб унікальнасці ручнога ліста, аб непаўторнасці почырку кожнага чалавека і зірнуць на стварэнне рукапіснага тэксту, як на спосаб самавыяўлення. 

Дата гэтага свята абрана не выпадкова – у гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў, Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774 год). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.

Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу многіх тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваліся і Арыстоцель, і вялікія італьянцы эпохі Адраджэння. А ў 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Графалогія лічыцца адной з найважнейшых навук, здольнай толькі па ручным пісьме вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека.

Па почырку можна пазнаць характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, у якім настроі чалавек пісаў, яго стаўленне да навакольных і нават аптыміст ці песіміст аўтар.

1556 год. У кітайскай правінцыі Шаньсі адбыўся самы разбуральны землятрус з усіх сусветных сейсмічных катастроф

Яго цэнтр знаходзіўся ў горадзе Сіань, які размешчаны на берагах вялікай ракі Хуанхэ. 

Па сведчанні відавочцаў, цэлыя гарады апускаліся ў грунт за лічаныя секунды, колькасць ахвяр гэтай трагедыі налічвала больш за 830 000 чалавек. Па колькасці загінулых – гэта трэцяя катастрофа за ўсю пісьмовую гісторыю чалавецтва, а з землятрусаў – наймацнейшы ў гісторыі па колькасці ахвяр і адзін з наймацнейшых па магнітудзе (8,4)

На карце чырвоным колерам адзначана правінцыя Шэньсі, охравым –  закранутыя землятрусам раёны.

1793 год. У Санкт-Пецярбургу падпісана пагадненне паміж Расіяй і Прусіяй аб ІІ падзеле Рэчы Паспалітай. 

Кацярына II і Фрыдрых Вільгельм II падпісалі трактат пра падзел, паводле якога да Прусіі адышлі землі, населеныя этнічнымі палякамі: Данцыг, Торунь, Вялікая Польшча, Куявія і Мазовія, за выняткам Мазавецкага ваяводства. Расія атрымала літоўскія землі да лініі Дзвінск (сёння Даўгаўпілс) – Пінск – Збруч, усходнюю частку Палесся, украінскія вобласці Падолле і Валынь.

У гэтым падзеле не брала ўдзелу Аўстрыйская імперыя, занятая вайной з рэвалюцыйнай Францыяй.

1783 год. Нарадзіўся Стэндаль (Анры-Мары Бейль). 

Французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў французскага рэалістычнага раману, аўтар знакамітага рамана «Чырвонае і чорнае». Аўтар слова «турыст». 

Удзельнік пахода Напалеона на Расію ў 1812 годзе. Праз Оршу, Смаленск дайшоў да Маквы. 

Падчас панавання французскіх войскаў на беларускай тэрыторыі, служыў ваенным інтэндантам у Оршы.

1849 год. У ЗША упершыню ўручаны дыплом урача жанчыне Элізабет Блэквел. 

А вось першай жанчынай на Беларусі і ў Расіі з дыпломам доктара медыцыны ў 1867 годзе стала ураджэнка Чавус Варвара Руднева-Кашаварава (па нараджэнню – Нафанова).

1889 год. Памёр ураджэнец Беларусі Ігнат Дамейка. 

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг. Нацыянальны герой Чылі.

У 14-гадовым узросце стаў адным з самых юных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Член таварыства філаматаў разам з Я. Чачотам, А. Міцкевічам. 

Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў, быў ад’ютантам 25 пяхотнага палка. 

Пасля сканчэння Горнай школы ў Парыжы атрымаў запрашэнне на працу ў Чылі. Працаваў прафесарам горнай школы (зараз універсітэт яго імя) у Кікімба (1838-1846), прафесарам, загадчыкам кафедры хіміі, рэктарам (1867-1883) універсітэта Сант’яга. Чылійскі “Гранд дэ адукатар”, фактычны заснавальнік прародазнаўчых даследаванняў, сучаснай адукуацыі, увёў метрычную сістэму, арганізаваў метэаралагічную службу.

Склаў з каментарамі геаграфічную, геалагічную і эканамічную карту былых земляў Рэчы Паспалітай.

У 1884 годзе наведаў сяброў і калег у Кракаве, Варшаве, Вільні, на радзіме ў Мядзведцы, у Міры і Навагрудку.

Памёр 23 студзеня 1889 года. Дзень пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы Чылі.

Імем вучонага названы малая планета, мінерал, шматлікія расліны, выкапнёвыя жывёлы, роды дыназаўраў, птэразаўраў, рыб, падвід лісіц, названы горад, універсітэт і вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі і яшчэ ў 9 гарадах Чылі, у Вільнюсе, Навагрудку. Таксама – горны хрыбет у Андах, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, шэраг навучальных і навуковых устаноў у Чылі. Ёсць музей і стаіць абеліск у в. Крупава Лідскага раёна. У Мядзведкаўскай школе адкрыты музей, а ў вёсцы Мядзведка ўстаноўлены бюст і памятны камень, помнік усталяваны і ў Сант’яга.

1901 год. Нарадзіўся Станіслаў Калеснік. 

Беларускі, савецкі географ, доктар геаграфічных навук, акадэмік АН СССР, прафесар, палярнік, заснавальнік савецкай гляцыялогіі, Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства СССР (1964-1977).

У аўтабіяграфіі месца нараджэння – г. Віцебск.

Скончыў геаграфічны факультэт ЛДУ.

Удзельнік і кіраўнік шматлікіх геамарфалагічных даследаванняў горных раёнаў, ледавікоў, арктычных экспедыцый.

У Ленінградскім універсітэце прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара і загадчыка кафедры, дэкана геаграфічнага факультэта, прарэктара.

Працаваў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага геаграфічнага саюза, з’яўляўся Ганаровым членам Польскага, Сербскага, Харвацкага, Амерыканскага геаграфічных таварыстваў; Ганаровым доктарам Кракаўскага і Фінскага (Турку) універсітэтаў.

Рэдактар Энцыклапедычнага слоўніка геаграфічных назваў.

Памёр 13 верасня 1977 года.

Яго імем названы: пік у Забайкальскім Алатау, два пікі на Паміры, ледавікі – на Каўказе, Палярным Урале.

1916 год. Самае рэзкае у свеце  пахаладанне на працягу сутак: падзенне на 56 градусаў

Адбылося ў амерыканскім штаце Мантана: тэмпература знізілася з  з +6,7 да -48,8°С.

1938 год. Расстраляны Вацлаў Ластоўскі. 

Беларускі пісьменнік, грамадскі і палітычны дзеяч, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, акадэмік.

Рэдактар, выдавец  беларускіх газет, часопісаў, кніг, падручнікаў.

Кіраўнік Кабінета міністраў Народнай рады БНР.  

Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце, сакратаром Інбелкульта, у Камісіі жывой беларускай мовы, Камісіі па ахове помнікаў старасветчыны, арганізатарам этнаграфічных экспедыцый, у час адной з якіх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі.

Аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі» (1910) – першай кнігі, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага, «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» (1924), фантастычнай аповесці «Лабірынты», сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі»). Таксама – апрацовак гістарычных легенд, апавяданняў, артыкулаў пра знакамітых беларускіх дзеячаў, па гісторыі Беларусі, перакладаў з рускай, англійскай, польскай, дацкай і іншых моў.

21 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, знаходзіўся ў ссылцы. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937, 23 студзеня 1938 прыгавораны да расстрэлу і ў гэты ж дзень расстраляны. 

1960 год. У склад Магілёўскай вобласці ўключаны Глускі раён. 

Гэта адзіны палескі раён у складзе вобласці і адзіны са здабычай нафты, у басейне р. Прыпяць. Самы цёплы, з самым працяглым вегетатыўным перыядам, адзіны раён, дзе пануе ветравая эрозія глебаў.  

У 1938-1944 гадах уваходзіў у склад  Палескай, у 1944-1954 – Бабруйскай, у 1954-1960 – Мінскай вобласці. Зараз у раёне каля 12 000 жыхароў.

1981 год. Памерла Вера Маслоўская. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, паэтэса.

Арганізатар беларускай школьнай працы ў Заходняй Беларусі, настаўнічала на Міншчыне, была школьным інструктарам Барысаўскага, Дзісенскага паветаў. Сузаснавальніца і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак (1920).

У 1920-1921 гадах стварала падпольныя паўстанцкія арганізацыі на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Удзельніца І Усебеларускай канферэнцыі (Прага). Арыштавана ў 1923 годзе, цэнтральная фігура «Працэсу 45-ці», прыгаворана да 6 гадоў турмы.

Пры прыходзе Саветаў, займалася школьнай справай на радзіме, у Агароднічках, якую працягвала і пры нямецкай акупацыі. У 1946 годзе ў Сілезіі арганізавала дзіцячы сад, у 1951-1958 гадах працавала ў Супраслі загадчыцай гарадской бібліятэкі, у Лізе жанчын, у беластоцкай Павятовай радзе. Аўтар вершаў.

Вера Маслоўская сярод членаў фракцыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў на І Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе, 1921.

2007 год. Памёр ураджэнец Пінска  Рышард Капусцінскі. 

Польскі сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, «імператар рэпартажу».

Дэбютаваў як паэт у 17 гадоў. У 24 гады атрымаў Залаты Крыж Заслугі за газетны рэпартаж. Працаваў у выданнях “Polityka”, “Kultura”, Польскім прэс-агенцтве (PAP) як замежны карэспандэнт у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі.

Удзельнік руху «Салідарнасць».

Па яго кнізе «Імператар» пра ўпадак рэжыму ў Эфіопіі, у  1987 годзе лонданскі Royal Court Theatre паставіў сцэнічную адаптацыю.

Ганаровы доктар Слянскага, Уроцлаўскага, Ягелонскага, Гданьскага ўніверсітэтаў. Лаўрэат каля 40 прэмій і узнагарод.

Двойчы намінаваўся на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Памёр 23 студзеня 2007  года.

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі, ўсталявана мемарыяльная дошка.