24 снежня. Дзень у гісторыі. Вігілія ў каталікоў. Каляднае перамір’е на Заходнім фронце. Адкрыццё магілёўскіх “Чырвонай Зоркі” і музея В. Бялыніцкага-Бірулі. Нарадзіліся Адам Міцкевіч, Алесь Дудар

Вігілія (каталіцкі каляндар).  Посная куцця. Святкі (рускі Cочельник). 

Вігілія Божага Нараджэння, посная куцця – традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння. Апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.

Вігілія мае падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. 

На вячэру збіраюцца пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. 

Перад пачаткам вячэры гаспадар дому дзяліўся з сям’ёй асвечанымі ў касцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабой астатнія члены сям’і. 

Па выцягнутых з-пад абруса сцяблінках варажылі аб тым, які будзе будучы год; пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. 

На Вігілію плялі саламяных “павукоў”, якіх вешалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі (“каляду”). У залежнасці ад дабрабыту сям’і,  падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. 

Асноўнымі кампанентамі вігілійных страў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. 

Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой часта называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушонай садавіны, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі. 

У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты (“цукры”), арэхі, віно. 

1777 год. Капітан Джэймс Кук на караблях “Рэзалюшн” і “Дыскаверы” адкрывае востраў, які 2 студзеня называе востравам Раства. 

Востраў Раства – атол у архіпелагу Лайн, належыць дзяржаве Кірыбаці, знаходзіцца за  2500 км ад Ганалулу (Гаваі), за 2700 км ад Таіці. Самы вялікі ў свеце атол плошчай 321 км². На ім адна з самых высокіх канцэнтрацый марскіх птушак у свеце.

1798 год. Нарадзіўся Адам Міцкевіч

Ураджэнец Беларусі, польскі паэт, публіцыст, асветнік. Дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.

Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

Сябар дзекабрыстаў К. Рылеева, А.Бястужава, пісьменнікаў і паэтаў А. Пушкіна, А. Дэльвіга, І.  Кірэеўскага, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, А. Янушкевіча, П. Вяземскага і іншых.

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам.

Памёр у Канстантынопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

1904 год. Нарадзіўся Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч). 

Беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій “Маладняка”, член аб’яднання “Полымя”. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў сышоў з вучобы ў БДУ.

У сакавіку 1929 года арыштаваны ДПУ за верш «Пасеклі наш край папалам…», высланы ў Смаленск, арыштоўваўся і ў 1930, 1936 гадах. Паводле Загаду № 33 1937 года «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» усе творы Алеся Дудара трэба было спальваць. 28 кастрычніка 1937 года асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў мінскай турме НКУС («амерыканка») у ноч масавага расстрэлу беларускіх дзеячаў з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Аўтар 5 зборнікаў паэзіі, шэрагу паэм. У 1959 годзе выйшлі Выбраныя творы, у 1984 годзе – зборнік вершаў і паэм «Вежа».

Перакладчык з рускай, нямецкай, французскай моў. Пераклаў раман «Еўгеній Онегін» і некаторыя творы А. Пушкіна, А. Блока, Ё.Гётэ, С.Ясеніна і іншых.

У гонар паэта названа вуліца ў Мінску (раён Лошыца).

 1907 год. Нарадзіўся Анатоль Шыбнёў. 

Беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Сын мастака Даміяна Шыбнёва, бацька мастака Яўгена Шыбнёва.

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе і накіраваны на працу ў Брэст (1940).

З 1944 года жыў і працаваў у Мінску. Удзельнік мастацкіх выставак з 1936 года. Працаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.

Памёр 19 сакавіка 1990 года.

1914 год. Негалоснае Каляднае перамір’е на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. 

Сімвалічны момант чалавечнасці на фоне адной з самых драматычных падзей сучаснай гісторыі. Выпадкі кароткага, але даволі шырока распаўсюджанага неафіцыйнага спынення баявых дзеянняў, якія мелі месца на Заходнім фронце на куццю (вягілія, сочельник) і на Каляды.

За тыдзень да Калядаў частка англійскіх і германскіх салдат пачалі абменьвацца каляднымі віншаваннямі і песнямі праз акопы. У асобных выпадках напружанасць была зніжана да такой ступені, што салдаты пераходзілі лінію фронту, каб пагаварыць са сваімі супернікамі і абмяняцца з імі падарункамі. 

На Куццю і Каляды салдаты абодвух бакоў, а таксама, у меншай ступені, французы, самастойна выходзілі на нейтральную паласу, дзе змешваліся, абменьваючыся прадуктамі харчавання і сувенірамі. Праводзіліся таксама сумесныя цырымоніі пахавання загінулых, некаторыя сустрэчы заканчваліся сумеснымі каляднымі спевамі. 

Войскі абодвух бакоў бывалі настолькі прыязныя адзін з адным, што часам нават гулялі паміж сабой у футбол на нейтральнай паласе.

 1915 год. У в. Каменка Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Трухан. 

Эканомгеограф, кандыдат геаграфічных навук, прафесар.

З 1949 года з невялікімі перарывамі працаваў у БДУ: заснавальнік і загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі СССР, дэкан геаграфічнага факультэта. Рэктар Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (1962-1965), дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (1965-1967).

Аўтар больша за 100 навуковых прац, якія ў асноўным прысвечаны пытанням размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнай геаграфіі Беларусі, геаграфіі гаспадаркі Гомельскай вобласці, Беларускага Палесся, асобных эканамічных раёнаў і рэспублік СССР. Прымаў удзел у складанні першага Атласа БССР (1958).

Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана некалькі дзесяткаў аспірантаў, 6 кандыдатаў і 2 доктары навук (С. Сідор, І. Пірожнік).

Памёр 16 чэрвеня 2000 года.

1932 год. Урачыстае адкрыццё магілёўскага кінатэатра “Чырвоная Зорка” і прагляд першай гукавой кінапраграмы “Пераварот” рэжысёра “Беларусьфільм” Юрыя Тарыча. 

Дэманстрацыя ажыццяўлялася на апараце фірмы “Патэ” – самай вядомай на той момант у свеце.

Першае знаёмства жыхароў Магілёва з дзіўным светам кіно адбылося 10 жніўня 1903 года. Першы стацыянарны “сінематограф” атрымаў у Магілёве пастаянную прапіску ў 1909 годзе, калі на Дняпроўскім праспекце (зараз вуліца Першамайская), 42 адчыніўся тэатр «электрабіёграф» пад назвай «Чары». Сама назва ўжо падкрэслівала “фантастычны” характар незвычайнага відовішча – кіно. Будынак кінатэатра “Чары” у 1930-1932 гадах быў рэканструяваны і стаў належыць “Чырвонай Зорцы”.

1942 год. У канцлагеры Трасцянец загінуў Вінцэнт Гадлеўскі. 

Беларускі грамадскі дзеяч і публіцыст.

Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік Усебеларускага з’езда. Член Рады БНР.

У 1920-я гады шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю на Віленшчыне, за якую арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў асуджаны на 2 гады турмы.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет. Заснаваў газету «Беларускі фронт».

За крытыку нямецкай палітыкі ў дачыненні да беларускага народа быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і адпраўлены ў канцлагер Трасцянец.

1982 год. Адкрыты Магілёўскі мастацкі музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі. 

Філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIIІ стагоддзя. Экспазіцыя музея знаёміць з жыццём і творчасцю беларускага мастака, акадэміка жывапісу В. Бялыніцкага-Бірулі. Фонд музея налічвае 114 твораў жывапісу, 39 прадметаў этнаграфіі і побыту, 81 адзінку фотаматэрыялаў. Агульная плошча музея 712 м², плошча экспазіцыйных памяшканняў 484 м².

У мансардзе музея знаходзіцца выставачная зала, дзе адбываюцца выстаўкі выяўленчага мастацтва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Саюза мастакоў Беларусі, дзіцячай творчасці.

1997 год. Памёр ураджэнец в. Галачоўка Чавускага раёна Міхал Манышаў. 

Вядомы савецкі і беларускі географ, педагог-дэфектолаг, аўтар сусветна вядомых падручнікаў па геаграфіі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Заслужаны настаўнік БССР.

Скончыў Чавускую сямігодку, Княжыцкую (Магілёўскі раён) школу рабочай моладзі, Шклоўскую школу ФЗН, геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута (1940). Удзельнік абароны Магілёва (1941), вызвалення Польшчы, Прагі, узяцця Берліна.

Настаўнічаў ў школах Клімавіцкага, Бялыніцкага, Чавускага, Магілёўскага раёнаў, быў інспектарам школ Чэрыкаўскага раёна, намеснікам дырэктара Мсціслаўскага педвучылішча (1945–1948), Мсціслаўскай спецыялізаванай школы глуханямых дзяцей (1948–1976).

Аўтар спецыялізаваных падручнікаў, распрацоўшчык шэрагу пытанняў дэфекталогіі, аўтар падручнікаў па прыродазнаўству (3-6 класы), геаграфіі (6–9 класы), якія ў розны час былі перакладзены на шматлікія мовы народаў СССР, Еўропы.

Дзень у гісторыі. 23 снежня. Першая ў Еўропе парцалянавая мануфактура. Пахаладанне з +7 да -49°С. Пачала працаваць Лукомская ДРЭС. Дзень памяці Эміліі Плятэр

Міжнародны дзень почырку. Дзень ручнога ліста (International Handwriting Day. Handwriting Day). 

У гэты дзень нарадзіўся адзін з вядомых амерыканскіх дзяржаўных дзеячаў – Джон Хэнкок, які першым паставіў свой подпіс пад Дэкларацыяй Незалежнасці ЗША (1774). Подпіс Хэнкока быў буйным і размашыстым, што і дадало аўтарытэту яе аўтару.

Папулярнасць кампутараў, электроннай пошты, СМС і іншых сродкаў хуткіх зносін паступова адводзяць сучаснага чалавека ад магчымасці выказаць свае думкі, напісаўшы іх уласнаручна. І, магчыма, у недалёкай будучыні ліст ці паштоўка, напісаныя “ад рукі”, стануць жаданым набыццём.

Мастацтва ручнога ліста актыўна развівалася на працягу тысяч гадоў. Аб сувязі почырку з духоўным светам і характарам чалавека выказваўся яшчэ Арыстоцель. 

У 1875 годзе французскі абат Жан Іпаліт Мішанер ужыў тэрмін “графалогія”, які пазначае вобласць ведаў аб почырку і метадах яго даследавання ў сувязі з псіхічным станам асобы. Па ручным пісьме можна вызначыць індывідуальныя здольнасці чалавека,  характар асобы, яе моцныя і слабыя бакі, настрой, стаўленне да наваколля і шмат іншага.

Почырк кожнага чалавека непаўторны. Ён не паддаецца імітацыі. Ад рукі пры напісанні нічога не залежыць, яна толькі прылада мозгу. Таму ў век шаблонных SMS і камп’ютарных сродкаў зносін рукапісны тэкст – гэта напамін пра ўнікальнасць кожнага з нас.

403 год. Згодна з легендай скончаны першы адрэзак Вялікай Кітайскай Сцяны. 

Наступнай раніцай на ёй з’явіліся непрыстойныя словы. 

Чангхенг, літаральна “Доўгая сцяна”, або «Доўгая сцяна ў 10 000 лі» – раздзяляльная сцяна даўжынёй амаль 9000 км (поўная даўжыня – 21200 км) пры вышыні 5-8 метраў, пабудаваная ў старажытным Кітаі з вапняку. 

Найбуйнейшы помнік сусветнай архітэктуры. Згадваецца ў Дзяржаўным гімне КНР. Будавалася  з ІІІ стагоддзя да нашай эры да 1644 года, потым неаднаразова дабудоўвалася, рэканструявалася. 

Помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, адно з сучасных цудаў свету.

1710 год. Курфюрст саксонскі, польскі кароль, вялікі князь ВКЛ Аўгуст Моцны выдаў дэкрэт аб заснаванні славутай цяпер парцалянавай (фарфоравай) мануфактуры ў горадзе Мейсене на Эльбе.

Поспех перасягнуў усялякія чаканні: еўрапейцы здолелі дакапацца да патаемнага кітайскага сакрэту і з 1720-х гадоў пачалася эпоха мейсенскага фарфору, які адразу стаў для свецкай Еўропы сімвалам раскошы і вытанчанасці.

На Нёмане, каля Свержаня ёсць да гэтай пары Фарфурніцкі брод на коласаўскай сцяжыне (хадзіў тут Якуб Колас). Гэта напамін пра фаянсавую мануфактуру, якую тут заснаваў у XVIII стагоддзі Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Фаянсавы посуд так жа выпускалі ў Цяляханах, Гродна. 

Сёння ў краіне фаянсам на прамысловай аснове ніхто не займаецца. Адзіны парцалянавы завод працуе ў Добрушы. Быў яшчэ мінскі, але яго ў 2009 годзе зачынілі. 

1831 год. Памерла Эмілія Плятэр. 

Беларуская фалькларыстка. Сімвал паўстання 1830-1831 гадоў.

Збірала і апрацоўвала беларускія народныя песні, выконвала на фартэпіяна народныя мелодыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы.

Шмат вандравала па гістарычных мясцінах Інфлянтаў, Літвы, Беларусі і Польшчы.

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў стварыла і ўзначала атрад з 280 пехацінцаў, 60 конных воінаў і некалькіх соцень касінераў. Удзельнічала ў некалькіх баях. Была прызначана камандзірам роты 25-га пяхотнага палка, атрымала званне капітана.

Пад канец паўстання яна захварэла і памерла 23 снежня 1831 года.

Стала адным з сімвалаў паўстання. А. Міцкевіч увекавечыў Эмілію ў сваім вершы «Смерць палкоўніка», свае творы ёй прысвяцілі многія паэты, пісьменнікі, мастакі.

У час Другой сусветнай вайны быў створаны Першы асобны жаночы батальён імя Эміліі Плятэр.

1916 год. Самае рэзкае пахаладанне ў свеце, якое адбылося на працягу сутак, было зарэгістравана ў амерыканскім штаце Мантана. 

Яно склала 56°С: з +7 да -49°С.

Таксама, з рэзкім пахаладаннем звязана іншае назіранне: у 1911 годзе 10 студзеня ў Рапід-Сіці, у штаце Паўднёвая Дакота, ЗША. Цягам 15 хвілін тэмпература апусцілася на 26 °С.

Надвор’е дае нам такія хітрыкі не толькі з рэзкім пахаладаннем, але і з рэзкім пацяпленнем.

Самае рэзкае зафіксаванае пацяпленне было 22 студзеня 1943 года ў амерыканскім мястэчку Спірфіш у Паўднёвай Дакоце. Усяго за 2 хвіліны, з 7:30 да 7:32 тэмпература паветра павысілася на фенаменальныя 27 градусаў, ад -20 да +7°С.

Даволі цікавым фактам з’яўляецца тое, што большасць такіх рэзкіх скокаў тэмператур была зафіксаваная на тэрыторыі Злучаных Штатаў. На пытанне, чым гэта можа быць выклікана, у вучоных і метэаролагаў няма дакладнага адказу. Па адной з тэорый такое ашаламляльнае ваганне тэмпературы можна растлумачыць тым, што ЗША знаходзіцца паміж двума найбуйнымі акіянамі, а таксама высокай “кантраснасцю” рэльефу.

1922 год. Нарадзілася Вольга Ладыгіна. 

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар. Нарадзілася ў сям’і інжынера Барыса Ладыгіна і Арыядны  Александроўскай – сястры беларускай спявачкі Ларысы Александроўскай

Працавала архітэктарам, галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, у Белдзяржпраекце, Дзяржбудзе, старшынёй праўлення Саюза архітэктараў БССР (1961-1965). Удзельнік кангрэсаў Міжнароднага саюза архітэктараў у Гаване, Мадрыдзе), Міжнароднага кангрэса жанчын (Масква).

Аўтар праектаў  Мінскай абласной бальніцы ў Бараўлянах, галоўнага корпуса Беларускага тэхналагічнага ўніверсітэта, вадаскідных збудаванняў і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы, Кіраўскага моста у Віцебску, жылых дамоў па шматлікіх мінскіх вуліцах, праспектах, многіх адміністрацыйна-вытворчых будынкаў, Палаца воднага спорту і іншых, а таксама моста праз р. Дняпро (1955) і Палаца культуры вобласці (1976) у Магілёве.

Памерла 3 студзеня 2008 года. 

Ладыгіна Вольга Барысаўна - Беларусь у асобах i падзеях

1952 год. Памёр Васіль Ерашэнка. 

Пісьменнік-сімваліст, паэт, музыкант, вядомы ў свеце эсперантыст. Літаратурныя творы пісаў на эсперанта і японскай мове.

Страціў зрок у дзяцінстве. Вывучэнне міжнароднай мовы эсперанта дала яму штуршок да творчасці. Вучыўся ва ўстановах для сляпых у Маскве, Лондане, Токіа. У Японіі, Кітаі меў шматлікіх знаёмых сярод вядомых літаратараў, журналістаў. На японскай мове публікаваў свае казкі і нарысы.

Працаваў таксама ў  Сіаме, Бірме (Мьянма), Індыі, Кітаі, Германіі. Выкладаў эсперанта ў Пекінскім універсітэце. Па прыездзе ў СССР, у 1924 годзе, жыў у Маскве, падарожнічаў па Чукотцы, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, заснаваў першую ў Туркменістане школу для сляпых, настаўнічаў у Маскоўскай школе для сляпых дзяцей, у Ташкенце.

Творы Ерашэнкі, створаныя ў Японіі і Кітаі, якія зрабілі яго вядомым у гэтых краінах, у СССР не перакладалі да 1962 года. З вялікай колькасці яго твораў, 24 вышлі на японскай, 15 – на рускай, 2 – на ўкраінскай, па адной на кітайскай.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Сомаў. 

Магілёўскі фатограф, мастак, падпалкоўнік, грамадскі актывіст, актывіст веларуху.

Чалавек нераўнадушны, няпросты, суровы, прамы, прынцыповы і надзейны – сапраўдны вайсковец і афіцэр. Але сярод дысцыпліны, руціны і прадвызначасці армейскага жыцця, было нешта такое, што непакоіла яго, выходзіла за рамкі уставаў, службовай іерархіі ды казённага патрыятызму. Нейкая частка душы цягнулася да шырокага свету, да новых даляглядаў і адкрыццяў і проста да прыгажосці, мастацтва.

Скончыў вышэйшую артылерыйскую вучэльню, служыў у Магілёве. Прайшоў шлях ад інжынера рамонтнага цэха да намесніка камандзіра часці па якасці, ад лейтэнанта да падпалкоўніка. 

Пачаў фатаграфаваць з канца 1970-х гадоў, з 1980-х уваходзіў у склад народнага фотаклуба “Вясёлка”.

Пасля выхаду ў адстаўку заняўся жывапісам, захапляўся гісторыяй, удзельнічаў у шматлікіх праектах мясцовай яўрэйскай абшчыны па пошуках месцаў знішчэння яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны, у веласіпедным руху Магілёва.

Загінуў 12 мая 2019 года пры адкрыцці веласезона.

1961 год. Памёр Лукаш Бэндэ. 

Беларускі літаратурны крытык і літаратуразнаўца.

Працаваў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, Дзяржаўным выдавецтве ў Ленінградзе і ў Ленінградскім тэатральным інстытуце, у Інстытуце рускай літаратуры, у педагагічных і настаўніцкіх інстытутах Даўгаўпілса, Ленінграда, Выбарга, Жытоміра.

Аўтар кніг «Янка Купала: Крытычны нарыс» (1932), «Андрэй Александровіч» (1932), шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у перыядычным друку. Склаў шэраг чытанак, хрэстаматый па беларускай літаратуры для школ.

Фота: Платон Галавач і Лукаш Бэндэ сярод слухачоў менскай партшколы. Галавач другі справа ў верхнім шэрагу, Бэндэ крайні справа ў другім шэрагу

1969 год. Напярэдадні Новага 1970 года, да 100-годдзя з дня нараджэння У. Леніна ўведзены ў дзеянне 1-ы энергаблок Лукомскай ДРЭС. 

Гэтая дзяржаўная раённая (старая назва з часоў рэалізацыі плана ГОЭЛРО 1920-х гадоў) цеплавая электрастанцыя размешчана ў горадзе Новалукомль Чашніцкага раёна. 

Самая магутная ў краіне – 2890 МВт (8 энергаблокаў па 300 МВт кожны). Выпрацоўка электраэнергіі, без уліку БелАЭС, складае 60% у летні перыяд і 40 % у зімовы ад ўсёй энергасістэмы Беларусі. 

Працуе з выкарыстаннем мазута і прыроднага газа. 

Будаўніцтва станцыі было пачата ў 1964 годзе. Апошні блок здадзены ў эксплуатацыю ў 1974 годзе. 

Пры будаўніцтве ДРЭС каля Лукомльскага возера на р. Лукомка сфарміраваўся горад Новалукомль (узнік у 1964 годзе як п. Піянерны). На прадпрыемстве працуюць каля 1900 чалавек.

1987 год. Нарадзілася Любоў Чаркашына

Беларуская гімнастка. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Трэнер.

Чэмпіёнка Беларусі, Прызёр Кубку свету па мастацкай гімнастыцы (2011 год, 1 золата, 2 срэбра, 2 бронзы),  Прызёр Еўропы, Бронзавая прызёрка на Летніх алімпійскіх гульнях у Лондане.

На прэзідэнтскіх выбарах 2015 года з’яўлялася даверанай асобай Лукашэнкі.

Дзень у гісторыі. 22 снежня. Заснаваны дамініканскі ордэн. Скінуты рэжым Чаўшэску. Цунамі ў Інданезіі. Дзень ўшанавання ксяндза Уладзіслава Чарняўскага

Дзень сонцастаяння. 

У паўночным паўшар’і – зімовае сонцастаянне (самы кароткі дзень года), у паўднёвым – летняе сонцастаянне (самы доўгі дзень). Наступае 21 снежня у 21:48 па Сусветнаму часу, і 22 снежня у  00:48 па Мінскаму. У Магілёве дзень усяго толькі 7 гадзін і 24 хвіліны.

Ганны (славянскі народны каляндар).  

«Ганкі — сядайце на санкі».

Русіны Букавіны лічылі, што з гэтага дня пачынаецца Новы год, а беларусы — што здзяйсняецца паварот на лета.

Ва ўсходніх славян прынята ў гэты дзень маліцца святой Ганне пры бясплоднасці. Цяжарным загадвалася пасціцца, а таксама на працягу сутак забаранялася прымацца за якую-небудзь істотную працу, не сыходзіць з хаты.

Казалі, што з гэтага дня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі: «На Зачацце Святой Ганны ваўкі становяцца, а пасля Вадохрышча разбягаюцца». Ганны – прыбавіцца багата дня.

Калі снег прываліць ушчыльную да агароджы – дрэннае лета, а калі ёсць прамежкі ураджайнае.

1216 год. Папа Ганорый III зацвердзіў ордэн вандроўных прапаведнікаў ― дамініканцаў. 

Члены ордэна называлі сябе «божымі сабакамі», а на іх сцягу былі намаляваныя сабакі, якія раздзіраюць на часткі цела ерэтыкоў.

Прасоўванне ордэна на Усход пачалося з Кіева, пры князі Уладзіміры Рурыкавічы, калі адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і пачала дзейнічаць у 1233 годзе дамініканская місія.

У Беларусі першы дамініканскі манастыр заснаваны ў Любчы ў 1250 годзе. У першай палове XVII стагоддзя тут заснавана 10 дамініканскіх манастыроў, у другой палове – 25, у XVIII стагоддзі – 6, у XIX – 1. У Навагрудку знаходзіўся манастыр сясцёр-дамініканак.

Дамініканскі манастыр быў заснаваны ў 1681 годзе ў Княжыцах пад Магілёвам, дамініканцы размясціліся і ў Мсціславе, Клімавічах.

Фота: Былы княжыцкі дамініканскі сабор Святога Антонія. Пераўтвораны ў 1865 годзе у царкву Аляксандра Неўскага. Зачынена ў 1965 годзе. Разбураецца.

1264 год. Заключаны мірны і гандлёвы дагавор полацкага князя Гердзеня з Рыгай і Лівонскім ордэнам. 

Полацк адмовіўся ад экспансіі ў ніжнім Падзвінні і латгальскіх зямель, Ордэн гарантаваў непарушнасць Полацкіх зямель. Былі агавораны правы нямецкіх і полацкіх купцоў у Рызе і Полацку.

Фота: Полацк

1888 год. Нарадзіўся Леан Уладзіслаў Радзівіл

Апошні нясвіжскі і клецкі ардынат, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы.  Ахвяра рэпрэсій.

Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.

У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.

За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нсявіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.

Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абменяны на вязняў рэжыму  Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.

Памёр 8 красавіка 1959 года ў Парыжы.

Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.

1895 год. У мястэчку Горы пад Горкамі нарадзіўся Даніла  Пагуляеў. 

Савецкі геолаг, географ, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Удзельнік Першай сусветнай вайны (прапаршчык), грамадзянскай, Вялкай Айчыннай войн. Усё сваё жыццё выкладаў у Смаленскім педінстытуце: загадчык кафедраў геологіі, фізічнай геаграфіі і геалогіі, дэкан прыродазнаўчага факультэта, прарэктар, кіраўнік Заходнім абласным навукова-даследчым інстытутам геалогіі.

Даследчык прыродных умоў, рэсурсаў, карысных выкапняў Смаленскай вобласці.

Узначальваў Смаленскую абласную арганізацыю таварыства «Веды».

Памёр 19 верасня 1974 года. 

1917 год. Ва ўмовах падполля ў Мінску быў створаны Выканаўчы камітэт 1-га Усебеларускага з’езду. 

Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд, які пачаў сваю працу 18 снежня, быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.

Частка дэлегатаў сышла ў падполле і абрала Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.

Язэп Варонка

1918 год. У Мінску заснаваны Беларускі савецкі тэатр. 

Ён узнік з удзельнікаў Таварыства драмы і камедыі, “Беларускай хаткі” і хору У. Тэраўскага. Прапрацаваў да сакавіка 1919 года. На яго базе і пад яго ўплывам узніклі першы тэатр рэвалюцыйнай сатыры (Тэрэвсат, Віцебск), БДТ-1 (тэатр імя Я. Купалы), БДТ – 2 (тэатр імя Я. Коласа). 

Хор У. Тэраўскага

1922 год. Нарадзілася Алена Васілевіч

Беларуская пісьменніца. Заслужаны работнік культуры.

Працавала ў Курскім абласным выдавецтве, часопісе «Работніца і сялянка», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва».

Аўтар аповесцей, 10 кніг апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, аўтабіяграфічнай тэтралогіі, кніг нататкаў, эсэ, эцюдаў, шэрагу кніг для дзяцей.

Яе творы дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая народная мова.

Перакладчыца на беларускую мову, у тым ліку рамана Д. Дэфо «Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза».

Памёрла 8 жніўня 2021 года. 

1932 год. Афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай асветы, створанае ў Вільні.   

Культурна-асветная арганізацыя Заходняй Беларусі. Арганізатары і кіраўнікі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч  і іншыя. Выдавала газету «Родны край». 

Пры арганізацыі ўтвараліся гурткі, адкрываліся бібліятэкі-чытальні, наладжваліся лекцыі, спектаклі вандроўных тэатраў, разгортвалася выдавецкая дзейнасць. ТБА дамагалася адкрыцця беларускіх школ, выступала супраць паланізацыі, асуджала палітычныя рэпрэсіі ў БССР.

Кіраўніцтва ТБА імкнулася не дапусціць моладзь да ўдзелу ў палітычнай барацьбе, за што жорстка крытыкавалася дзеячамі кампартыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 

Забаронена польскімі ўладамі 20 жніўня 1937 года.

Фота: На «літаратурнай гарбатцы» ў гасцях у інжынера Антона Неканды-Трэпкі. Стаяць (злева направа): Пётра Сергіевіч, М. Мілючанка, Станіслаў Станкевіч, А. Неканда-Трэпка; сядзяць: Янка Шутовіч, Максім Танк, Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч, Рыгор Шырма, Г. Трэпчыха. Вільня, 1937 год.

1937 год. Расстраляны НКУС  Янка Вярсоцкі

Беларускі рымска-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч.

Скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу (1915). Падчас вучобы наведваў культурна-асветны гурток беларускіх студэнтаў-клерыкаў.

Служыў вікарыем парафій Святой Тройцы ў Мінску і Смаленску. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25 мая 1917). Член Саюза ксяндзоў-беларусаў. Быў адміністратарам парафіі Забелы Дрыса-Себежскага дэканата Віцебскай губерні.

Арыштаваны ДПУ ў 1927 годзе, адбываў пакаранне ў Салавецкім лагеры. У 1932 годзе зноў арыштаваны і сасланы ў Казахстан. Пасля трэцяга арышту прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. Расстраляны НКУС  Раман Семашкевіч

Беларускі мастак-жывапісец, графік, скульптар.

Яшчэ студэнтам маскоўскага Вышэйшага мастацка-тэхнічнага інстытута стаў прызнаным мастаком. Яго творы набывалі Пушкінскі музей, Траццякоўская галерэя і іншыя ўстановы.

Пісаў партрэты, пейзажы, сцэны з гарадскога жыцця, жанравыя кампазіцыі. Аўтар партрэтаў М. Галадзеда, М. Гікалы, А. Александровіча, В. Таўлая, А. Грыневіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, скульптурнай кампазіцыі «Юны змагар».

Яго мастацтва высока цанілі яго сучаснікі.

У 1990 годзе ў Маскве адбылася першая пасмяротная выстаўка яго прац.

1989 год. У Румыніі скінуты рэжым Нікалае Чаўшэску

Н. Чаушэску (1918-1989) – генеральны сакратар ЦК Румынскай камуністычнай партыі (1965-1989), Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія (1974-1989). 

Рэжым сканаў літаральна праз тыдзень пасля пачатку антыўрадавых хваляванняў. Дыктатар, які пазбавіўся падтрымкі арміі, паліцыі, пад радасныя воклічы дэманстрантаў на верталёце пакінуў прэзідэнцкі палац у Бухарэсце, але потым быў арыштаваны вайскоўцамі. 

Да ўлады часова прыйшоў апазіцыйны Фронт нацыянальнага выратавання.

25 снежня Чаўшэску і яго жонка Алена былі расстраляныя паводле пастановы Надзвычайнага ваеннага трыбунала. 

Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі.

Фота: Затрыманне Мікалае і Алены Чаушэску.

1995 год. У ЗША памёр Мікола Шчорс

Беларускі палітычны дзеяч.

Медык, грамадскі актывіст, кіраўнік Беларускага студэнцкага саюза (1935-1937), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве.

19 чэрвеня 1941 года выбраны старшынёй Беларускага нацыянальнага цэнтра, які разглядаўся як урад будучай Беларусі пад пратэктаратам Германіі. Аднак праз тры тыдні, пасля наведвання Беларусі, адмовіўся ад палітычнай дзейнасці. Вярнуўся ў Варшаву, дзе узначальваў Беларускі камітэт.

У Германіі узначальваў Беларускае праваслаўнае аб’яднанне, быў другім віцэ-прэзідэнт адноўленай Беларускай цэнтральнай рады (1948-1952).

У ЗША узначальваў Злучаны беларуска-амерыканскі дапамаговы камітэт, стаў стваральнікам і старшынёй Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, сустваральнік Камітэта незалежнай Беларусі, Беларуска-амерыканскага саюза. 

Супрацоўнічаў з камісіяй па даследаваннях бальшавіцкіх рэпрэсій у дачыненні нерускіх народаў СССР (камісія кангрэсмена Чарльза Керстена): прадставіў шматлікія дакументы рэпрэсій беларусаў.

У ЗША меў уласную клініку, з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Займаўся дабрачыннасцю: адзін з асноўных фундатараў падчас пабудовы царквы ў Саўт-Рыверы.

2001 год. Памёр Уладзіслаў Чарняўскі

Беларускі ксёндз. Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Скончыў беларускую настаўніцкую школу ў Барунах, гімназію пры друйскім кляштары марыянаў,  Віленскую духоўную семінарыю. Член ордэна марыянаў.

Ксяндзом служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Пахаваны ў Вішневе. На стагоддзе з дня народзінаў (2016) у Вішневе адкрыўся музей святара.

2018 год. Цунамі ў Зондскім праліве стала адным з самых разбуральных у гісторыі Інданезіі.  

Цунамі абрынулася на абодва бакі Зондскага праліва, як мяркуюць, яно было выклікана вывяржэннем вулкана Анак Кракатау. Загінула, па меншай меры 429 чалавек, больш за 1400 былі паранены.

На думку навукоўцаў, абвалілася падводная частка вулканічнага конусу, гэта і выклікала магутную хвалю.

Сярод ахвяр апынуліся ўдзельнікі папулярнай у Інданезіі мясцовай групы Seventeen. Хвалі накрылі музыкаў і іх гледачоў проста падчас выступу ў курортным горадзе Танджунг-Лесунг.

Дзень у гісторыі. 21 снежня. Карачун (Чарнабог). З’яўленне крыжаванкі. Створаны Першы беларускі полк. Нарадзіліся Тамаш Зан, маршал двух краін Канстанцін Ракасоўскі

Карачун. Дзень паганскага ўшанавання Карачуна (Чарнабога). 

Прыпадае на дзень зімовага сонцавароту – самы кароткі дзень у годзе і адзін з самых халодных дзён зімы, у які, паводле павер’яў, і лютуе Карачун. 

Карачун – боства смерці, падземны бог, загадвае зімой і маразамі і кароціць светлы час сутак. Слугі грознага Карачуна – мядзведзі-шатуны, якія абарочваюцца ў бураны, і завеі-ваўкі. Лічылася, што па мядзведжаму жаданню і зіма сцюдзёная доўжыцца: павернецца мядзведзь у сваім бярлогу на іншы бок, значыць, і зіме роўна палову шляху да вясны прайсці засталося. Адсюль і прымаўка: “На Сонцавароту мядзведзь у бярлозе паварочваецца з аднаго боку на другі”. 

У народзе паняцце “карачун” у сэнсе пагібелі, смерці выкарыстоўваецца да гэтага часу. Кажуць, напрыклад: “прыйшоў яму карачун”, “чакай карачуна”, “задаць карачуна”, “хапіў карачун”.

Паступова ў народнай свядомасці Карачун зблізіўся з Марозам, які скоўвае сцюжай зямлю, нібы апускаючы яе ў смяротны сон. Але Мароз – проста валадар зімовых халадоў і больш бяскрыўдны вобраз, чым суровы Карачун.

1796 год. Нарадзіўся Тамаш Зан

Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху, даследчык прыроды, музеязнавец.

Даследчык прыродных багаццяў Урала, вынаходнік залатых радовішчаў, аўтар карты Прыўральскага краю, справаздачаў для геаграфічнага таварыства. 

Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў, сябра А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі. 

Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў  Гродне.

Памёр 19 ліпеня 1855 года.

1804 год. Прыняты Закон аб габрэях, якім нададзена свабода веравызнання, але вызначана мяжа аселасці ў заходніх губерніях Расійскай імперыі. 

Габрэі маглі жыць толькі на пэўнай тэрыторыі ў 1 224 008 км² – значнай часткі Царства Польскага, Літвы, Беларусі, Бесарабіі, Латгаліі, якая была часткай Віцебскай губерні, а таксама часткі тэрыторыі сучаснай Украіны, якая адпавядае паўднёвым губерніям Расійскай імперыі, у Астраханскай і Каўказскай губерніях (да 1835 года). 

Паводле закона загадвалася ўсім габрэям запісвацца ў адзін з “станаў”: земляробаў, фабрыкантаў і рамеснікаў, купецтва, мяшчанства.

Фота: карта губерняў, якія ўвайшлі ў мяжу аселасці габрэяў.

1879 год. Нарадзіўся Іосіф Сталін. 

Савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Генеральны сакратар ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі (з 1922), кіраўнік савецкага ўрада, генералісімус. 

Сталін ствараў магутны культ ўласнай асобы і займаўся гэтым як прыярытэтнай тэмай усе гады свайго кіравання. 

Культ ствараўся шляхам правак біяграфіі, знішчэння сведкаў, стварэння новых падручнікаў, умяшання ў любыя навукі, мастацтва і культуру. Ідэя культу заключалася ў тым, каб увесь савецкі народ ўсім быў абавязаны партыі, дзяржаве і правадыру. І адным з аспектаў гэтай сістэмы «падарункаў» з’яўлялася неабходнасць выразы падзякі Сталіну, напрыклад, за сацыяльныя паслугі і наогул за ўсё, што ў цябе ёсць.

Памёр  5 сакавіка  1953 года.

Культ Сталіна развенчаны на ХХ з’ездзе КПСС (1956).

1890 год. Нарадзіўся Мікалай Аладаў. 

Беларускі кампазітар. Народны артыст БССР.

Скончыў Пецярбургскю кансерваторыю. Выкладаў у Дзяржаўным інстытуце музычнай культуры ў Маскве, Саратаўскай кансерваторыі, суарганізатар Беларускай кансерваторыі (1924), яе рэктар, прафесар. Член Беларускай песеннай камісіі.

Адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, кантатнага, харавога, камерна-інструментальнага і камерна-вакальнага жанраў беларускай музыкі. Аўтар опер, кантаты «Над ракой Арэсай», дзесяці сімфоній, вакальных цыклаў на вершы Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Танка, іншых музычных твораў.

Яго імем названа музычная школа ў Мінску. Усталявана мемарыяльная дошка.

Памёр 4 лютага 1972 года.

1896 год. У беларускіх Целяханах нарадзіўся Канстанцін Ракасоўскі. 

Савецкі военачальнік, адзіны ў гісторыі маршал двух краін – СССР і Польшчы. Двойчы Герой Савецкага Саюза. Кавалер Ордэна Перамогі, вышэйшых узнагарод СССР, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых краін.

Са шляхецкага роду герба Гляўбіч або Окша. Герой Першай і Другой сусветных, грамадзянскай  войн. Георгіеўскі кавалер.

З кастрычніка 1917 года ў Чырвонай Арміі. У 1937-1940 гадах быў у турме пад следствам па  абвінавачванні ў сувязях з польскай і японскай разведкамі.

Вялікую Айчынную вайну сустрэў камандзірам 9 механізаванага корпуса, генерал-маёрам. Камандаваў 4-й, 16-й  арміямі Заходняга фронту. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай, Курскай бітваў, вызвалення Беларусі (правёў Бабруйскую, Мінскую і Люблін-Брэсцкую аперацыі), Польшчы, Берлінскай аперацыі,  камандаваў Бранскім, Данскім, Цэнтральным, 1-м, 2-м Беларускімі франтамі.

Камандуючы Парадам Перамогі ў Маскве (24 чэрвеня 1945 года). Міністр нацыянальнай абароны Польшчы (1949-1956), стваральнік польскай арміі, намеснік старшыні Савета Міністраў Польшчы.

Памёр 3 жніўня 1968 года. Урна з прахам пахаваная ў Крамлёўскай сцяне.

У гонар маршала ўстаноўлены помнікі у Маскве,  Валгаградзе і яшчэ 9 гарадах Расіі, каля польскага горада Лягніца, названы вуліцы, плошчы ў многіх гарадах Расіі (36), Беларусі (12, у тым ліку ў Бабруйску, Мінску), Украіны (8).

У Польшчы перайменавана былая нямецкая вёска Рогзаў у Ракасова, у горадзе Кашалін яго імя носіць раён.

1913 год. Упершыню надрукавана крыжаванка. 

З’явілася ў газеце “New York World”  за аўтарствам Артура Уіна. 

Мела ромбападобную форму і не мела звыклых нам пустых клетак – словы чыталіся як па вертыкалі, так і па гарызанталі. Поспех крыжаванкі быў ашаламляльным. Чытачы засыпалі рэдакцыю варыянтамі новай галаваломкі. 

У 1923 годзе ў ЗША тыражом у 750 тысяч экземпляраў выйшаў першы зборнік крыжаванак, а праз год першая “еўрапейская” крыжаванка выйшла ў адной з лонданскіх газет. 

Даследчыкам сустракаліся знаходкі, падобныя на крыжаванку, датаваныя яшчэ I-IV стагоддзямі на нашай эры. У прыватнасці, падчас раскопак у Пампеях, была выяўлена галаваломка, якая дзіўна нагадвае сучасную крыжаванку. Датуецца  79 годам н. э.

1918 год. У Гродна ў складзе літоўскіх узброеных сіл створаны Першы беларускі полк.

Першыя камандзіры палка – палкоўнікі М. Лаўрэнцьеў, К. Езавітаў. 

Меў 1057 чалавек, у тым ліку 600 стралкоў, батальён пры гарадской камендатуры, кавалерыйскі эскадрон, кулямётны ўзвод, узвод грэнадзёраў. 

Служылі беларусы, рускія, літоўцы, фарміравалася  яўрэйская нацыянальная рота.

Да мундзіра беларусы прыладжвалі бела-чырвона-белыя стужкі ў колер беларускага нацыянальнага сцяга

Фота: Кавалерыя Першага беларускага палка каля камендатуры Гродна.

1934 год. У в. Вялікі Бор  Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Іван Чыгрынаў. 

Беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, публіцыст. Народны пісьменнік.

Працаваў у газеце «Прыпяцкая праўда», у выдавецтве Акадэміі Навук, часопісе «Полымя»,  сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў, старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры, галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына».

Член Дзяржаўнай камісіі па расследванні злачынстваў у Курапатах.

Аўтар вершаў, кніг апавяданняў і аповесцей, п’ес,  пенталогіі раманаў: «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем» (1996).

Адзін з аўтараў сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).

Пераклаў з рускай мовы «Аптымістычную трагедыю» У. Вішнеўскага.

Памёр 5 студзеня 1996 года.

У яго гонар на будынку СШ № 6 г. Магілёва ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1979 год. Нарадзіўся Вадзім Махнеў. 

Беларускі вясляр. 

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2004 у Афінах атрымаў бронзавы медаль у дыстанцыі 2500 м у каяку сярод мужчын у пары з Раманам Петрушэнкам.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне заваяваў залаты медаль у дыстанцыі 1000 м у каяку сярод мужчын у чацвёрцы з Р. Петрушэнкам, А. Абалмасавым і А.Літвінчуком, а таксама бронзавы медаль у дыстанцыі 2500 м у каяку сярод мужчын у пары з Р.Петрушэнкам.

1981 год. Пайшоў з жыцця  Міхаіл Забэйда-Суміцкі. 

Беларускі спявак, педагог.

Кар’еру пачаў у Харбінскай оперы. Выступаў у Міланскай оперы, «Ла Скала», актыўна гастраляваў па гарадах Заходняй Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхаславакіі, Германіі.

Не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно права – звацца беларускім. Запісаў грампласцінкі з апрацоўкамі беларускіх народных песень. У 1963 годзе даў аншлагавыя канцэрты ў шматлікіх гарадах БССР, у тым ліку ў Магілеве.

Пахаваны на пражскіх Ольшанскіх могілках.

У яго гонар названа вуліца ў Маладзечне.

1991 год. Кіраўнікі 11 былых савецкіх рэспублік у Алма-Аце прынялі Дэкларацыю аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Спыненне існавання СССР. 

На першай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД, якая прайшла 30 снежня 1991 года ў Мінску, было падпісана «Часовае пагадненне аб Савеце кіраўнікоў дзяржаў і Савеце кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў», паводле якога засноўваўся вышэйшы орган арганізацыі — Савет кіраўнікоў дзяржаў. У далейшым у сталіцы Беларусі размясціліся каардынуючыя органы СНД.

Арганізацыйны этап стварэння СНД завяршыўся ў 1993, каля 22 студзеня ў Мінску быў прыняты «Статут Садружнасці Незалежных Дзяржаў» – асноватворны дакумент арганізацыі.  

2012 год. Апошні дзень календара майя

Калі б не была гэтая індзейская цывілізацыя знішчана еўрапейцамі, яны растлумачылі б, чаму цыклічнасць створанага імі календара ніяк не звязана з канцом свету. 

Дзень у гісторыі. 20 снежня. Нарадзіўся Яўхім Карскі. ЗША набылі Луізіяну. Ноч расстрэлаў дзеячоў беларушчыны

Міжнародны дзень салідарнасці людзей (International Human Solidarity Day, з 2006 года). 

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у рэзалюцыі, якая была прысвечаная правядзенню першага Дзесяцігоддзя ААН па барацьбе за ліквідацыю галечы. У Дэкларацыі тысячагоддзя адзначаецца, што салідарнасць у ХХІ стагоддзі стане адной з фундаментальных каштоўнасцей чалавецтва.

Салідарнасць – адзінства перакананняў і дзеянняў, узаемадапамога і падтрымка членаў сацыяльнай групы, якія грунтуюцца на агульнасці інтарэсаў і неабходнасці дасягнення агульных групавых мэт, сумесная адказнасць.

У гэтым годзе дзень салідарнасці людзей – гэта дзень салідарнасці ў першую чаргу з народам Украіны.

Дзень супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі (Беларусь)

У гэты дзень у 1917 годзе Савет народных камісараў РСФСР выдаў Дэкрэт аб утварэнні Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК) пры СНК РСФСР для барацьбы з контррэвалюцыяй і сабатажам у Савецкай Расіі. Першым старшынёй ВЧК стаў ураджэнец Беларусі Фелікс Дзяржынскі, які стаў іконай гэбістаў.

У савецкай гарадской тапаніміцы імя беларускага шляхціча Ф. Дзяржынскага – самае папулярнае ў назвах вуліц, плошчаў, гарадоў, пасёлкаў з усіх ураджэнцаў Беларусі, куды больш пашыранае за імя О. Шмідта ці Ф. Скарыны.

1803 год. ЗША зрабілі найбуйное ў гісторыі зямельнае набыццё. У Напалеона Банапарта набыта французская Луізіяна

Луізіяна – велізарная тэрыторыя паміж ракой Місісіпі і Скалістымі гарамі, што ўключае сучасныя штаты Луізіяна, Місуры, Небраска, Аёва, Арканзас, Паўночная і Паўднёвая Дакота, Канзас, Мінесота, Мантана, Ваёмінг, Каларада, Аклахома. Пасля здзелкі плошча ЗША адразу павялічылася ў 2 разы. Набыццё абышлося ЗША у 15 мільёнаў долараў, што амаль удвая танней (за гектар), чым пры пазнейшай пакупцы Аляскі ў Расіі. ЗША даказалі, што можна тэрытарыяльна пашырацца не пад час захватніцкіх воін, а цывілізавана, за грошы.

1840 год. Нарадзіўся Казімір Альхімовіч

Беларускі і польскі мастак.

Як удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, быў сасланы на Урал.

Пасля ссылкі вучыўся ў Варшаве, Мюнхене, Парыжы.

Яго творчасці характэрная гістарычная і міфалагічная тэматыка, пейзажы Літвы, Татраў, рэлігійныя палотны, жанравыя сцэнкі.

Ствараў карціны на тэмы беларускай, польскай і літоўскай гісторыі: «Пахаванне Гедыміна», «Ліздзейка з дачкой на руінах царквы Пяруна», «Абарона Ольштына», «Смерць Глінскага ў турме» і іншыя.

У творах, створаных пад уплывам ссылкі, гучыць пратэст супраць царскага самадзяржаўя: «Смерць у выгнанні», «Пахаванне на Урале», «На этапе» і іншыя.

Захапляўся роспісам фарфору і фаянсу, разьбой па дрэве.

Ілюстратар твораў Ю. Славацкага,  А. Міцкевіча.

Вялікая колькасць прац мастака захоўваецца ў варшаўскім Народным музеі.

Памёр 31 снежня 1916 года.  

1860 год. Нарадзіўся Яўхім Карскі. 

Беларускі філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф. Акадэмік Пецярбургскай і Чэшскай акадэмій навук, член Інбелкульта.

Абараніў дысертацыю па беларускім мовазнаўстве «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі» (1893). Працаваў прафесарам універсітэтаў Варшаўскага (загадчык кафедрай, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, рэктар, 1905-1910), Растоўскага  (1915-1916, былы Варшаўскі), Мінскага педінстытута.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху, ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда, старшыня камісіі па адкрыцці БДУ.

Аўтар  больш за 1000 прац, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекгалогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры, сямітомнай працы «Беларусы» – энцыклапедыі беларусазнаўства. Прарадзімай славян  лічыў Палессе, даказваў, што беларусы – аўтахтоны на сваіх землях, склаў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ стагоддзя

На радзіме вучонага, на будынку сярэдняй школы ў в. Лаша апрацуе з 1964 года мемарыяльны музей, яго імя носіць Гродзенская абласная бібліятэка.

Памёр 29 красавіка 1931 года.

1890 год. Нарадзіўся Юзаф Ядкоўскі. 

Краязнавец, заснавальнік гісторыка-археалагічнага музея ў Гродна.

У 1910-1914 гадах падарожнічаў па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях, рабіў раскопкі, у тым ліку ў Міры.

Стварыў  музей у Гродне (зараз гісторыка-археалагічны музей) і ўзначальваў яго ў 1922-1936 гадах.

Вёў раскопкі ў Ваўкавыску (1925), даследаваў княжацкі хорам (церам), Верхнюю і Ніжнюю цэрквы на тэрыторыі Старога замка ў Гродне.

Аўтар прац «Гродна» (1923), «Гарадзішча Ваўкавыска» (1925), «Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.», «Абарончы храм на Каложы ў Гродне» (1936).

Засталася нявыдадзенай яго шматтомная праца «Польскія рэліквіі ў Расіі».

Памёр 2 студзеня 1950 года.

1910 год. Нарадзіўся Вітаўт Тумаш

Беларускі грамадскі дзеяч, скарыназнаўца.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцці, быў старшынёй Лодзінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы, членам створанага ў Берліне (19 чэрвеня 1941) Беларускага нацыянальнага цэнтра. У ліпені-лістападзе 1941 г. бургамістр Мінска. Пасля пераезду ў Германію, займаўся лекарскай практыкай і працаваў у берлінскім аддзеле Самапомачы, рэдагаваў газету «Раніца».

Адзін з заснавальнікаў і шматгадовы (1955-1982) старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША, член Беларуска-амерыканскага задзіночання, старшыня Фундацыі імя П. Крэчэўскага. Даследчык спадчыны Ф. Скарыны.

Памёр 27 красавіка 1998 годзе. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў Нью-Джэрсі (ЗША).

1937 год. Расстраляны ўраджэнец в. Бяседавічы Хоцімскага раёна Іван Сурта. 

Педагог, дзяржаўны дзеяч, акадэмік, прэзідэнт акадэміі навук.

Пасля рэвалюцыі працаваў старшынёй Клімавіцкага павятовага, Гомельскага губвыканкама, служыў у ВЧК і ДПУ, быў наркамам (1933-1936) аховы здароўя, членам ЦВК БССР

Арыштаваны ў жніўні 1937 года ДПУ, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў адну ноч з Я. Афанасьевым, В. Дружчыцам, А.Ляшчынскім, М. Матусевічам, Ф. Сулкоўскім, І.Валадзько, Д. Турбовіч, С. Некрашэвіча, М. Піятуховічам і іншымі (усяго больш за 200 чалавек)

1937 год. Расстраляны Сцяпан Некрашэвіч

Беларускі навуковец і грамадскі дзеяч, акадэмік. Заснавальнік, разам з Я.  Карскім і І. В. Воўк-Левановічам,  сучаснай літаратурнай беларускай мовы.

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, працаваў у  наркамасветы БССР, старшынёй Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Удзельнік арганізацыі Інбелкульта, акадэміі навук, яе віцэ-прэзідэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, правапісу спрэчных дзеяслоўных форм.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, у 1931 годзе прыгавораны да высылкі ў Удмурцію. Зноў арыштаваны ў  1937 годзе, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. Расстраляны Міхаіл Піятуховіч. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.

Даследчык беларускай літаратуры. Член навукова-тэрміналагічнай камісіі, Інбелкульта, акадэмік, прафесар і дэкан педагагічнага факультэта БДУ.

З прычыны грубых палітычных абвінавачванняў яго навуковых апанентаў, пераехаў на Каўказ, дзе працаваў у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах.

Арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу і расстраляны ў Мінску.

Даследчык заходнееўрапейскай, у тым ліку французскай, беларускай літаратуры, творчасці Якуба Коласа.

Аўтар “Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры…”, даследаванняў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і іншых. Рэдактар-укладальнік хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі», рэдактар і аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса.

1939 год. Адбыўся першы спектакль Гомельскага рускага драмтэатра. 

Ставілі «Рэвізора» М. Гогаля. Тэатр існаваў у 1939-1941, 1945-1946 гадах. У 1946 годзе быў пераведзены ў Магілёў і пераўтвораны ў Магілёўскі абласны рускі драматычны тэатр (1946-1949).

Сённяшні Гомельскі абласны драматычны тэатр створаны ў 1954 годзе, а сучасны будынак тэатра адкрыўся ў 1956 годзе на плошчы Леніна.

1945 год. Выйшаў першы нумар  «Настаўніцкай газеты» накладам 20 000 паасобнікаў.

Выходзіць на беларускай мове, спачатку (1945-1957) як штотыднёвік, потым 2 разы (1958-1998), 3 разы (1998-2022), з  ліпеня 2022 года зноў 2 разы на тыдзень.

Галоўнай праблемай, якую на пачатку свайго існавання вырашала «Настаўніцкая газета», было “адраджэнне нацыянальнай школы, аб’яднанне і папулярызацыя перадавога педагагічнага досведу”. Аднымі з першым рубрык на той час сталі рубрыкі «Метадычная старонка» і «У дапамогу настаўніку».

Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні  педагогікі і практыкі, адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, бацькам.

1962 год. На Гомельскім суднарамонтна-суднабудаўнічым заводзе пабудаваны першы ў Беларусі цеплаход на падводных крылах.

У 1918 годзе ў Гомелі былі заснаваны суднарамонтныя майстэрні, якія забяспечвалі патрэбы Дняпроўскай ваеннай флатыліі. На іх базе ў 1935 годзе з’явіўся суднарамонтны завод. 

У 1941-1944 гадах завод працаваў у эвакуацыі ў Сталінградзе. Вырабляў як суднабудаўніча-суднарамонтны (1959-2012, банкрут з 2002 года) пасажырскія цеплаходы на падводных крылах «Палессе», судны розных мадыфікацый, грузавыя цеплаходы класа “рака-мора” “Надзея”.

Загалоўнае фота: Цеплаход на падводных крылах «Палессе» ў Будапешце.

1982 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва надана Аркадзю  Гушчыну, генерал-лейтэнанту. 

У 1944 годзе намеснік камандзіра 6-го гвардейскага штурмавога інжынерна-сапернага батальёна забяспечыў фарсіраванне рэк Проні, Басі, пераправу праз Дняпро пры вызваленні Магілёва.

Дзень у гісторыі. 19 снежня. Мікола зімовы. Першая згадка пра казакаў. Нарадзіліся Леанід Брэжнеў, Валянціна Лемцюгова. Чацвёртыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Міжнародны дзень дапамогі бедным (International Day to Assist the Poor, з 1995 года). 

Устаноўлены ААН. Амаль кожны чацвёрты жыхар Зямлі цягне жабрацкае існаванне. У сувязі з гэтым ААН прынята некалькі праграм, якія ставяць за мэту выкараненне галечы.

Першыя праграмы па ліквідацыі галечы пачалі дзейнічаць у пачатку 2000 года, аднак пакуль колькасць тых, хто жыве за рысай беднасці, не змяншаецца.

ААН разглядае беднасць як “стан працяглай вымушанай адсутнасці неабходных рэсурсаў для забеспячэння здавальняючага ладу жыцця”. Беднасць азначае не толькі недахоп грошай, але і адсутнасць годнай працы, зручнага жылля, доступу да добрай адукацыі і аховы здароўя. Праблема беднасці актуальная і для Беларусі – самай беднай краіны Еўропы, разам з Малдовай і Украінай, у якой ідзе вайна, але гэта не прызнаецца тут на афіцыйным узроўні.

Памагаты сіратам і бедным – Святы Мікалай.

Мікола зімовы (праваслаўны каляндар)

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». Праўда, надвор’е не заўсёды слухалася ўлюбёнага народам святога, таму казалі яшчэ і так: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі».

На Беларусі Мікола самы любімы і народны святы: Мікалай Цудатворац, Мікалай Угоднік, Свяціцель Мікалай.  

Мікалай шанаваўся як хуткі памагаты маракам, падарожнікам, купцам, несправядліва асуджаным і дзецям. На Захадзе Святы Мікалай  трансфармаваўся ў Санта-Клаўса.

Дзень святога Мікалая – свята, якое з нецярпеннем чакаюць дзеці, бо ў ноч з 18 на 19 снежня яны абавязкова знойдуць пад падушкай салодкія падарункі, доўгачаканую цацку, адзенне, гульню, білет на забаўляльнае мерапрыемства, кнігу.

Здаўна лічылася, што пасля 19 снежня пачынаюцца моцныя маразы. У гэты дзень абавязкова трэба запальць свечку на добры ўраджай у наступным годзе, памаліцца аб здароўі дзяцей, дапамозе ў дарозе і падарожжы, дабрабыце, дапамозе сіротам і бедным, вылячэнні ад хвароб.

Гаспадыні пяклі пірагі, накрывалі святочныя сталы і запрашалі суседзяў у госці, каб разам адзначаць свята.

Галоўнае ў Дзень Мікалая неабходна быць у добрым здароўі і добрым настроі, ні ў якім разе не лаяцца, а толькі цешыцца і дзякаваць святому за тое, што адбываецца ў вашым жыцці.

1492 год. У лісце літоўскага князя Аляксандра крымскаму хану Менглі Гірэю ўпершыню змяшчаецца пісьмовая згадка аб казаках.

Казакоў як асобны субэтнас вылучаў Леў Гумілёў. У склад казакоў у бытнасць іх саслоўем уваходзілі і групы беларусаў, паўднёвых славян, грэкаў, асецін, татараў, мардвы-эрзя, башкір, калмыкаў, бурат і іншых народаў – у Расійскай імперыі ўсе прадстаўнікі сярэднявечных воінскіх саслоўяў залічваліся ў казакі. У выпадку з беларусамі гэта былі служылых сяляне – панцырныя баяры і інш.

Упершыню слова «казак» у значэнні «вартаўнік» сустракаецца ў перакладным слоўніку куманскай (старакыпчацкай) мовы ў 1303 годзе.

Казак: 1) цюркскае, «вольны качэўнік, вольны чалавек, валацуга», той жа этымалогіі, што і этнонім казах. 2) мангольскае: “ко/ка” – “браня” і “зах” – “рубеж”. Ва Ўсходняй Еўропе да канца XVIII стагоддзя мелі назву таксама чаркасы.

Рускі ўрад часта выкарыстоўваў казакоў для сваіх мэт супраць ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, у 1654 годзе рускія даручылі магілёўскаму шляхціцу К. Паклонскаму стварыць беларускі казацкі полк у Радамскім замку з беларускай шляхты, гараджан і сялян Магілёўскага, Мсціслаўскага і Чавускага паветаў (каля 6 000 чалавек). Палкоўнік Паклонскі па ўзяцці Магілёва абрабаваў яго, зншчыў амаль усё габрэйскае насельніцтва. Па легендзе, удалося выратавацца толькі адной пары, ад якой і працягнулася яўрэйскае насельніцтва горада. А самы першы ў гісторыі габрэйскі пагром у Магілёве зладзілі казакі С. Налівайкі ў 1595 годзе.

1906 год. Нарадзіўся Леанід Брэжнеў. 

Кіраўнік СССР (1964-1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966-1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960-1964, 1977-1982).

Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Парада Перамогі. Маршал Савецкага Саюза.

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна).

Памёр 10 лістапада 1982 года.

1906 год. У Клімавічах нарадзіўся Мікалай Клаўс. 

Беларускі  дырыжор, кампазітар і піяніст.

Падчас вучобы ў музычным тіэхнікуме займаўся ледзь не па 24 гадзіны ў суткі. Як піяніст-канцартмайстар быў запрошаны ў беларускую оперную студыю, працаваў са спеваком, зоркай Вялікага імператарскага тэатра А. Баначычам, з заснавальнікам опернага тэатра І. Гітгарцам, зрабіў запісы на грампласцінкі з цымбалістам І. Жыновічам.

У 1939-1941 гадах з’яўляўся галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта. Пад яго кіраўніцтвам ставіліся і агучваліся ў жывым эфіры буйнейшыя музыкальна-сцэнічныя творы.

Еўрапейскай знакамітасцю яго зрабіла аўтарства музыкі да першай дзіцячай оперы па казцы Г. Андэрсена «Салавей». 

У вайну не здолеў эвакуіравацца з Мінска і працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра гарадскога тэатра, паставіў оперы «Вяселле Фігара», «Кармэн», «Севільскі цырульнік», «Цыганскі барон». Ратаваў яўрэяў з гета, прыкрываў аркестрантаў, якія былі звязаны з падполлем.

У 1948 годзе быў арыштаваны, прыгавораны  да расстрэлу, які заменены на 25 год лагераў. У лагеры сачыняў музыку, аднавіў па памяці шматлікія творы, партытуру оперы Лысенкі «Наталка-полтавка» і сіламі зняволеных у 1950 годзе паставіў яе.

Пасля вызвалення працаваў у Рэспубліцы Комі галоўным дырыжорам тэатра, потым 30 год працаваў канцэртмайстрам ў калужскай філармоніі. Пад канец жыцця канчаткова аслеп.

Памёр ў 2001 годзе.

1934 год. Нарадзіўся Аляксей Мікуліч. 

Беларускі антраполаг. Доктар біялагічных навук

Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў у Міністэрстве сацыяльнага забеспячэння БССР, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Вывучаў заканамернасць зменлівасці генетыка-антрапалагічных і адаптыўных тыпаў, генадэмаграфічных працэсаў сярод насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый.

Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі», «Антрапалогія Беларускага Палесся», «Біялагічнае і сацыяльнае у фарміраванні антрапалагічных асаблівасцяў», «Спадчынныя і сацыяльна-гігіенічныя фактары даўгалецця».

Аўтар працы “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу” (2005).

Памёр 12 студзеня 2021 года.

1935 год. Нарадзілася Валянціна Лемцюгова. 

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) стаў выступаць адзін магілёўскі чыноўнік у снежні гэтага года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікненьня і эвалюцыйнага развіцьця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 тысячы айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апэлятыўнага паходжання». Пад яе кіраўніцтвам, удзеле створаны «Спіс населеных месцаў Расейскай імпэрыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Памерла 3 сакавіка 2018 года.

1989 год. Памёр Кірыл Мазураў. 

Беларускі савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Першы сакратар ЦК КПБ (1956-1965), Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР (1965-1978). Герой сацыялістычнай працы.

Стваральнік камсамольскага падполля на тэрыторыі Беларусі падчас вайны, удзельнік партызанскуга руху.

Пасля вайны ўзначальваў ЦК ЛКСМБ, працаваў першым сакратаром Мінскага гаркама, абкама партыі.

Пасля смерці Сталіна быў старшынёй Савета міністраў БССР (1953-1956).

З імем Мазурава звязаны шматлікія поспехі беларускага народу ў развіцці эканомікі, навукі і культуры, рэабілітацыя рэпрэсаваных. Стаў праваабаронцай незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Былі пабудаваны Наваполацкія нафтаперапрацоўчы завод і хімкамбінат «Палімір». Намагаўся аднавіць беларусізацыю.

У гонар Мазурава усталяваны мемарыяльныя шыльды ў Мінску (К. Маркса, 36), названы вуліцы ў Мінску і Гомеле.

Фота: Мурал у Гомеле

2008 год. Памерла Ніна Мацяш. 

Беларуская паэтэса і перакладчыца

Працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрску.

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў паэзіі і казак, п’ес для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнараў пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі, Р. Кента.

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Куляшова, імя У. Калесніка, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі

2010 год. Чацвёртыя Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый. 

На  выбары былі высунуты 19 кандыдатаў, удзельнічала 10, у тым ліку Р. Кастусёў, У. Няклаеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч – найбольшая колькасць кандыдатаў за ўсю гісторыю беларускіх выбараў.

Пасля агалошання папярэдніх вынікаў (паводле афіцыйных крыніц перамог А. Лукашэнка з 83% галасоў, паводле расійскага Агенцтва эфектыўных камунікацый «Inside» за Лукашэнку прагаласавалі 37,8%) прыхільнікі апазіцыйных кандыдатаў сабраліся на мітынг на плошчы Незалежнасці. 

Пасля нападаў і збівання мітынгоўцаў міліцыяй, большасць удзельнікаў пакінула плошчу. Каля 5 тысяч з іх засталіся, разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы і яны былі разагнаны сілавікамі. 

Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Някляеў, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч, Вус і іншыя – усяго 639 асоб. 

Былі асуджаныя кандыдаты ў прэзідэнты У. Някляеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч, Дз. Вус, В. Рымашэўскі да пазбаўлення волі на розныя тэрміны ад 2 да 6 гадоў.

Фота: Мінск, 19 снежня 2010

Дзень у гісторыі. 18 снежня. Першыя на Беларусі тэлефонныя лініі. Пачаўся Першы Усебеларускі з’езд. Нарадзіліся мастак Бонч-Асмалоўскі, гісторык Загарульскі. Памёр Пятро Глебка

Міжнародны дзень мігранта (International Migrant Day, з 1990 года). 

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у гонар прыняцця Міжнароднай канвенцыі аб абароне правоў мігрантаў і членаў іх сем’яў.

Да нападу Расіі на Украіну кожны 35-ы зямлянін быў мігрантам. Да іх дадалася амаль 8 мільёнаў з Украіны. Мігранты ёсць сярод насельніцтва ўсіх краін.

Больш за 200 мільёнаў чалавек жывуць і працуюць не ў сваёй краіне. Часта яны сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі, нягледзячы на тое, што ўзбагачаюць абшчыны, якія іх прымаюць, вопытам, ведамі і людскімі рэсурсамі. 

Штогод эмігранты пераводзяць у краіны свайго паходжання 300 мільярдаў долараў. Такія пераводы з’яўляюцца для многіх краін адной з асноўных крыніц замежнай валюты і важным складальнікам іх валавога нацыянальнага прадукту.

Міжнародны дзень арабскай мовы (International Day of the Arabic Language, з 2012 года).  

Заснаваны ААН «для святкавання шматмоўя і культурнай разнастайнасці, а таксама для садзейнічання раўнапраўнага выкарыстання ўсіх шасці афіцыйных моў Арганізацыі».

З 8 мільярдаў жыхароў Зямлі, арабская мова з’яўляецца роднай 310 мільёнам, другой мовай – яшчэ 270 мільёнам чалавек. Гэта афіцыйная мова ААН.

Дзень Савы (народны каляндар). 

Міколін бацька. «Сава мосьце, а Мікола цвікі забівае». 

Даўней на Саву надвор’е даведваліся не выходзячы з хаты: чырвоны агонь у печы ды дровы трашчаць,  на двары сцюжа лютая.

Калі дым слупам – да марозу, калі дым поцягам – да непагадзі, калі дым без ветра б’е да зямлі – чакай снягі.

З Савы ўсталёўваецца трывалы санны шлях і нельга лаяцца таму гаспадару, у каго ёсць конь.

На дзень Савы працаваць грэх, святога пакрыўдзіш.

 

1542 год. Памёр  Станіслаў Гаштольд

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, ваявода новагародскі, троцкі.

Быў жанаты на Барбары Радзівіл, якая пазней стала жонкай караля Жыгімонта II Аўгуста.

Са смерцю Станіслава род Гаштольдаў згас. Родавыя маёнткі перайшлі да вялікіх князёў літоўскіх, на іх аснове былі створаны Трабскае, Радашковіцкае, Валожынскае і Любчанскае староствы.

Паводле М. Улашчыка, найбольш верагодны ініцыятар стварэння легендарнай гісторыі пра пачаткі ВКЛ, запісанай у беларуска-літоўскіх летапісах.

Фота: Герб Гаштольдаў

1842 год. Створана Ковенская губерня. 

У яе ўвайшлі паветы Віленскай губерні з пераважна балтамоўным сялянскім насельніцтвам.  Губерня існавала да 1917 года і мела неафіцыйную назву  «Самагіція» («Жамойць», «Жмудзь»). 

Мела плошчу 40 641,36 км². У склад гэтай адзінкі ўваходзіла 7 паветаў, у тым ліку Новааляксандраўскі, які да 1836 года меў назву Браслаўскі. Зараз на частцы павета знаходзіцца Браслаўскі раён Віцебскай вобласці.

1882 год. Пачалі працаваць першыя на Беларусі тэлефонныя лініі. 

Яны  запрацавалі ў Гомелі і злучылі гомельскі маёнтак князя Ф. Паскевіча з яго палацам, фабрыкамі і фальваркамі. Гэта адбылося праз 6 гадоў пасля атрымання патэнту А. Бэлам на вынаходніцтва тэлефона (1876). 

У Мінску  першая тэлефонная станцыя пабудавана ў 1890 годзе на вуліцы Губернатарскай (зараз Леніна). Першая міжгародная сувязь з’явілася толькі ў 1908 годзе паміж Мінскам, Смалявічамі і Барысавам. 

Есць непадцверджаныя даныя, што першы телефон з’явіўся ў Магілёве ў 1878 годзе. Але, у энцыклапедычным даведніку “Магілёў” (1990) даецца дата – 1905 год.

1883 год. Нарадзіўся Мікалай Бонч-Асмалоўскі

Беларускі і расійскі савецкі мастак і расійскі мастак-манументаліст, жывапісец, графік.

Паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Аўтар жанравых, пейзажных («Мінск. Рака Свіслач»), партрэтных прац, працаваў у жанры ню. Вынаходнік запатэнтаваных новых відаў фарбаў.

Займаўся і кніжнай ілюстрацыяй. У яго афармленні выйшла некалькі твораў класікаў рускай літаратуры: «Дэман» М. Ю. Лермантава, а таксама казкі А. Пушкіна і П. Яршова. Займаўся сцэнаграфіяй.

Вядомы яго эскізы да опер А. Барадзіна, М. Рымскага-Корсакава, А. Сярова.

У 1936 годзе рэпрэсаваны НКУС. Знаходзіўся ў Сегежлагу, у сібірскай ссылцы.

Карціны мастака прадстаўлены ў Траццякоўскай галерэі, мастацкім музеі імя А. Пушкіна.

Памёр 23 жніўня 1968 года.

1917 год. У Мінскім гарадскім тэатры распачаўся Першы Усебеларускі з’езд. 

Праходзіў 18 снежня па новым стылі, 5-га па старым. Прысутнічала 1872 дэлегаты пераважна сацыялістычнай арыентацыі ад усіх населеных беларусамі губерняў.

З’езд абвясціў права на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду, прызнаў савецкую ўладу, рэспубліканскі лад, цэнтральны ўрад бальшавікоў у Маскве. Патрабаванняў незалежнасцi Беларусі не агучвалася.

Былі абраны Рада Кангрэсу і Выканаўчы Камітэт, утвораны Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў.

Нягледзячы на падтрымку У. Леніна і І. Сталіна, з’езд быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі А. Мясніковым, В. Кнорыным, К. Ландэрам.

Рада сышла ў падполле. На адным з падпольных пасяджэнняў быў выбраны Выканаўчы камітэт Рады з’езду з 17 чалавек на чале з Язэпам Варонкам. Пазней гэтыя структуры адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

31 студзеня 1918 года паводле дэкрэта Леніна ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах на чале са Сталіным, стварылі Беларускі нацыянальны камісарыят, які адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасцці.

1928 год. Нарадзіўся Эдуард Загарульскі. 

Беларускі гісторык, археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар. Заслужаны работнік вышэйшай школы.

Даследчык гісторыі старажытных гарадоў, замкаў і курганных магільнікаў перыяду ранняга і развітога Сярэднявечча, этнічнай гісторыі Беларусі і праблем паходжання і рассялення славян.

Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, БДУ, загадчыкам кафедры археалогіі, дэканам гістарычнага факультэта

Падчас раскопак Мінска даследаваў яго абарончыя збудаванні і забудову, зрабіў рэканструкцыю ўсходняй часткі замчышча і жылых будынкаў, даследаваў раннефеадальны замак Вішчын, пры раскопках якога выяўлены ўнікальны на тэрыторыі Беларусі грашова-рэчавы скарб XII-XIII стагоддзяў.

Аўтар звыш 100 навуковых работ, у тым ліку 10 манаграфій і брашур.

1935 год. Памёр Альбрэхт Антоні Радзівіл. 

Палітычны дзеяч, шаснаццаты нясвіжскі ардынат. Палітычны дзеяч, адзін з лідараў «віленскіх кансерватараў». Падтрымліваў БНР.

Прыхільнік беларускай нацыянальнай ідэі, выдатна ведаў беларускую мову. Сябе вызначаў як «тутэйшы».

Падчас Першай сусветнай вайны дазволіў на тэрыторыі Нясвіжскага замка размясціць шпіталь, штаб 2-й рускай арміі. Арганізатар у Нясвіжы з’езда Радзівілаў (1915), на якім было вырашана фінансаваць стварэнне польскіх вайсковых часцей у расійскай арміі.

У 1926 годзе на яго жыццё зрабіў замах з засады будучы Герой Савецкага Саюза і старшыня кіраўскага калгаса “Рассвет” Кірыл Арлоўскі.

З’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці. Фінансава падтрымліваў школы, студэнтаў, артыстаў, касцёлы. Займаўся аднаўленнем Нясвіжскага замка

 Пахаваны ў радавой спачывальні.

У дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх людзей, якія прыехалі развітацца з Радзівілам. Перад жалобным картэжам салдаты 27-га Нясвіжскага ўланскага палка неслі вянкі ад былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, прэзідэнта Італіі, кіраўнікоў іншых дзяржаў.

1969 год. Памёр Пятро Глебка. 

Беларускі грамадскі дзеяч, навуковец, паэт, драматург, перакладчык. Акадэмік АН БССР. К. Чорны пісаў: “Ён самы асвечаны і культурны з усіх сённяшніх жывых беларускіх пісьменнікаў і самы большы абладальнік яснай думкі… Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам”. 

Узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка», інстытуты мовазнаўства, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

П. Глебка стаіць крайні справа

2019 год. У Магілёўскай вобласці адноўлены рэкорды па станоўчых тэмпературах:  

Магілёў       +6°С (да гэтага рэкорд +5,2°С 18 снежня 1972),

Бабруйск     +6,7°С (+5,8°С, 2011 год),

Горкі       +5,3°С (+4,7°С, 1932 год),

Мсціслаў      +5,7°С (+4,2°С, 2011 год),

Слаўгарад +6,1°С (+5,4°С, 1972 год). 

Дзень у гісторыі. 17 снежня. Гудагайскі землятрус на месцы БелАЭС. Знойдзены каляндар ацтэкаў. Нарадзіліся краязнавец Даніла Васілеўскі і папа Францыск I

Міжнародны дзень абароны секс-працаўніц ад гвалту і жорсткасці (International Day to End Violence Against Sex Workers, з 2003 года) закліканы звярнуць увагу грамадства на праблемы, звязаныя з жорсткасцю і гвалтам, якім нярэдка падвяргаюцца работнікі сферы сэксуальных паслуг.

Абыякавасць да праблем работнікаў гэтай сферы выклікана своеасаблівай філасофіяй “яны самі выбралі свой лёс і атрымалі па заслугах”. Прыкладам падобнага ханжаскага светапогляду, можна прывесці некаторыя выказванні на інтэрнэт-парталах нават пасля пажару ў клубе расійскай Пермі, сутнасць якіх зводзілася да таго, што “нармальныя людзі па начных клубах не ходзяць”.

У Еўрапейскім саюзе Міжнародны камітэт па правах сэкс-работнікаў, з 2005 года выкарыстоўвае чырвоны парасон як сімвал супраціўлення дыскрымінацыі сэкс-работнікаў. Традыцыйнымі сталі «Маршы чырвоных парасонаў».

Дзень беларускага кіно. 

У гэты дзень у 1924 годзе было ўтворана прафесійнае аб’яднанне беларускіх кінематаграфістаў і фатографаў “Белдзяржкіно”, якое было перайменавана ў “Савецкая Беларусь”. Дзейнічала да пераезда ў Мінск у 1939 годзе ў Ленінградзе. Першым фільмам аб’яднання стала драма “Лясная быль” (1926) – аб гісторыі барацьбы беларусаў з палякамі. Фільм зняў ураджэнец Полацка, заснавальнік беларускага кіно рэжысёр Юрый Тарыч.

У даваенны час на студыі створаны некалькі дзясяткаў мастацкіх фільмаў, у тым ліку “Кастусь Каліноўскі” (1928), “Гатэль “Савой” (1930), “Палескія рабінзоны” (1935).

Студыя аднавіла сваю працу ў 1946 годе і атрымала сваю сучасную назву – “Беларусьфільм”. Выпускае фільмы мастацкія і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакументальныя і навукова-папулярныя, анімацыйныя.

Многія фільмы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнародных кінафестывалях.

У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў. Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра.

Варвары, Барбары (народны каляндар). «Мікола і Варвара ноч урвалі».

Кліча Варвару Спірыдон (25 снежня): “Ты б, Варвара, дня наддала!»

Варвара не прымусіць доўга чакаць, з ледзяной імглой, з сонечнай ніткай да Спірыдона на парог, а з парога – ды ў чырвоны кут.

Зорнае неба – да халадоў, да цяпла – цьмянае, сляпое.

На Барбару заход чырвоны – дзень будзе ясны, заход у аблоках – чакай снягі.

На Барбару зіма дарогу заварыць, масты замасціць.

Трашчыць Варуха, беражы нос і вуха.

Варвара масціць, Сава цвікі вострыць, Мікола прыбівае.

Да гэтага дня становіцца як быццам крыху святлей, і бабулькі кажуць: “Варвара ад ночы ўкрала, ды да дня дадала”.

 

1790 год. У Мексіцы знойдзены  вялізны базальтавы дыск з легендарным ацтэкскім календаром. 

Ён быў знойдзены пры раскопках гісторыкам Антоніа дэ Леон-і-Гама. Мае дыяметр 3,66 м, вагу 24 тоны.

У цэнтры дыска з разьбянымі выявамі намалявана аблічча бога Сонца Танатыу. Навуковец ведаў пра дыск толькі па апісаннях у старажытных дакументах. Калі ён апублікаваў аб гэтым паведамленне, іспанскае духавенства высмеяла даследчыка. Служыцелі царквы былі ўпэўненыя, што камень – проста ахвярны алтар, а складаныя малюнкі і арнаменты – чыста дэкаратыўныя.

Гіпотэза вучонага падцвердзілася толькі праз 20 гадоў, калі ў Мексіку прыбыў Гумбальта. Ён не толькі пацвердзіў меркаванне Леон-і-Гама аб тым, што восем трыкутнікаў-“прамянёў”, якія ідуць ад цэнтра, азначаюць дзяленне часовых адзінак, але і выявіў шмат сімвалаў, якімі ацтэкі пазначалі свае 18-дзённыя месяцы. Аснову ацтэкскага календара складаў 52-гадовы цыкл – спалучэнне 260-дзённай рытуальнай паслядоўнасці, якая складалася з камбінацыі тыднёвага (13 дзён) і месячнага (20 дзён) цыклаў, з сонечным або 3 дзённым годам (18-20-дзённых месяцаў і 5 так званых нешчаслівых дзён). Цяпер Камень Сонца захоўваецца ў музеі антрапалогіі.

1908 год. Адбыўся Гудагайскі землятрус

Пра гэта здарэнне напісаў невядомы аўтар у “Нашай Ніве” ў студзені 1909 года: “17 снежня а пятай гадзіне зрання, яшчэ было цёмна, жонку арандатара фальварку Сяржанты разбудзіў страшэнны гром. Звінела шкло ў вокнах і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё сціхла. Хутка прыбег гаспадар, што быў пры скаціне ў хляве, і таксама расказаў, што і ён чуў гул: быццам бы гром праляцеў па небе, і зямля задрыжэла, і жывёлы падалі на калені. Выбегшы з хлява, ён убачыў недалёка быццам роў глыбокі, куторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўздоўж з Поўначы на Паўднёвы Усход.

Думаюць, што гэта водгалас таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэты землятрус, як кажуць, адазваўся ў некалькіх месцах Віленскай губерні”.

У раёне землятрусу ў 2013-2020 гадах пабудавана Беларуская АЭС. 

1889 год. Нарадзіўся Даніла Васілеўскі. 

Беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец, педагог.

Актыўны прыхільнік беларусізацыі. Арганізатар Віцебскага губернскага бюро краязнаўства, намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства, заснавальні і рэдактар зборніка «Аршаншчына» (1926). Член Аршанскай філіі “Маладняка”

З 1930 года пачаў выкладаць у Магілёўскім педінстытуце, першы дэкан геаграфічнага факультэта. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж.

Арыштаваны 9 снежня 1936 года прама на рабочым месцы пры студэнтах і выкладчыках. Высланы на Поўнач.

Аўтар артыкулаў у часопісах «Маладняк», «Наш край», «Працы навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі», газетах.

Даследаваў гісторыю рэвалюцыйнага руху, беларускай літаратуры XIX стагоддзя, беларускага кнігадрукавання, развіцця мясцовай прэсы, краязнаўчыя, гістарычныя, этнаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы.

Апошнія гады жыў у Феадосіі, дзе і памёр 28 снежня 1963 года.

1919 год. Канец свету, якога многія чакалі не адбыўся. 

Сейсмолаг і метэаролаг з Сан-Францыска Альберт Порта ўпершыню прадказаў на гэты дзень канец свету ў сувязі з так званым парадам планет, калі шэсць планет Сонечнай сістэмы павінны былі выстраіцца па ўмоўнай прамой лініі.

Паводле прадказальніка, магутная магнітная віхура павінна была выклікаць выбліскі на Сонцы, у полымі якіх згарыць усё жывое на Зямлі. Па ўсім свеце была адзначана масавая істэрыя і шматлікія самагубствы.

1934 год. Праз 16 дзён пасля забойства С.М. Кірава, ленінградскі завод “Чырвоны пуцілавец” перайменаваны ў Кіраўскі. Пачалася чарада перайменаванняў па ўсяму СССР. 

У Магілёве і раённых цэнтрах з’явіліся вуліцы Кірава, магілёўскі паселак імя Кірава, на тэрыторыі якога ў 1935 годзе пачаў працаваць завод імя Кірава, Качарычы перайменаваная ў пасёлак Кірава – сённяшні горад Кіраўск і раённы цэнтр Магілёўскай вобласці.

 

1926 год. У СССР пачаўся Першы Ўсесаюзны перапіс насельніцтва.

У перапісным лістку акрамя губерні, вобласці, акругі стаяла і такая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка як кантон. 

Згодна з перапісам насельніцтва БССР склала 4 мільёны 986 тысяч чалавек. У гарадах жыла  848 000 (17%), у сельскай мясцовасці – 4 138 000 (83%). 

Насельніцтва па гарадах і мястэчках (тысяч чалавек), якія зараз уваходзяць у склад Магілёўскай вобласці: 

Бабруйск – 51,3, 

Магілёў – 50,2, 

Быхаў – 11,9, 

Мсціслаў – 8,0, 

Шклоў – 7,4, 

Клімавічы – 7,0, 

Горкі – 6,7, 

Чавусы – 5,8,  

Крычаў – 5,6, 

Чэрыкаў – 5,0, 

Асіповічы – 4,0, 

Глуск – 4,0, 

Прапойск (Слаўгарад) – 3,7, 

Краснаполле – 3,5,  

Хоцімск – 2,9, 

Касцюковічы – 2,7, 

Бялынічы – 2,4, 

Клічаў – 1,7, 

Круглае – 1,6, 

Дрыбін – 0,9.

1926 год. У СССР пачаўся Першы Ўсесаюзны перапіс насельніцтва

1936 год. Нарадзіўся Францыск I (Хорхе Марыё Бергольё). 

266-ы Папа рымскі. Першы ў гісторыі папа з Новага Свету і першы за больш за 1200 гадоў папа не з Еўропы, першы папа-езуіт. Абраны 13 сакавіка 2013 года.

Нарадзіўся ў Буэнас-Айрэсе. Па адукацыі хімік-тэхнолаг. Вольна размаўляе на іспанскай, італьянскай і нямецкай мовах. У 1969 годзе пасвечаны ў святары. У 2011 годзе стаў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.

У лютым 2016 года Францыск сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Такога ўзроўню сустрэча стала першай за ўсю гісторыю цэркваў. 

1970 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена заслужанай настаўніцы Алене Казлоўскай, Героям Савецкага Саюза генерал-маёру Мікалаю Каралёву, генерал-лейтэнанту Дзмітрыю Смірнову.

А. Казлоўская (1897-1978) скончыла магілёўскі педінстытут, працавала да 1974 года ў школах горада.

Мікалай Каралёў (1906-1972) – ураджэнец в. Амінавічы (зараз Асіповіцкі раён),  адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго імем названа вуліца ў Магілёве, на доме па Першамайскай, 67, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Смірноў Дзмітрый (1901-1975) камандзір 121-га стралковага корпуса 50-й арміі, які вызваляў Магілёў, Шклоў, Быхаў.

 Фота: генера-маёр М. Каралёў

1980 год. Памёр Антон Антановіч

Беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт і працаваў у ім.

Першы даследчык помнікаў старога беларускага пісьменства, якія ўзніклі на тэрыторыі Літвы.

Даследаваў помнікі татарска-мусульманскай пісьменнасці на беларускай мове. Аўтар кнігі «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма».

Антановічам выяўлены 24 вядомыя і невядомыя дагэтуль татарсія рукапісы XVII – пачатку XX стагоддзяў, з іх 10 хамаілаў (дапаможнікаў дзеля служыцеляў рэлігійнага культу), 8  кітабаў, тэфсіры, тэджвід, беларуска-турэцкі слоўнік 1836 года.

Вучоны пакінуў багатую навуковую бібліятэку і многа каштоўных навуковых матэрыялаў – усё гэта захоўваецца ў Віленскім універсітэце. 

1988 год. Адбыўся І з’езд Беларускага аб’яднання студэнтаў (БАС)

БАС – беларуская грамадская арганізацыя студэнтаў у Польшчы, якая займаецца грамадска-культурнай, асветнай, выдавецкай, турысцкай дзейнасцю. Заснавана ў 1988 годзе.

Гурткі БАС дзейнічаюць у ВНУ Беластока, Варшавы, Гданьска, Любліна, Ольштына, адзін у ЗША. На некамерцыйнай аснове каля мястэчка Гарадок Беластоцкага павета з 1990 да 2019 года праводзіўся штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі «Басовішча».

2006 год. Памёр Іван Навуменка (1926-2006). 

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнік камсамольскага падполля, партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў, ваяваў у складзе Чырвонай Арміі.

Працаваў ў газетах, часопісе «Маладосць», загадчыкам кафедры беларускай літаратуры БДУ, дырэктарам Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР,  віцэ-прэзідэнт АН БССР, Старшынём Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990).

Аўтар апавяданняў, каля 20 кніг апавяданняў, аповесцей,  раманаў, п’ес, Збора твораў у 6 тамах, літаратуразнаўчых прац пра творчасць Якуба Коласа, пісьменнікаў-дэмакратаў, Янкі Купалы і іншых. 

2008 год Міністэрства юстыцыі Беларусі выдала пасведчанне аб рэгістрацыі Руху «За свабоду»

Аб’яднанне грамадзян Беларусі для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў было заснавана ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў кандыдатам у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сіл А. Мілінкевічам. 19 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў рух «За свабоду» рэгістрацыі.

Стратэгічнымі мэтамі аб’яднання былі свабодныя выбары ў краіне, абарона незалежнасці, давядзенне ўзроўню жыцця ў Беларусі да еўрапейскіх стандартаў, з канчатковай мэтай інтэграцыі ў ЕС.

А. Мілінкевіч
А. Мілінкевіч

2015 год. Памёр ураджэнец Полацка Барыс Супруновіч (1933–2015). 

Савецкі і расійскі вучоны, кандыдат геаграфічных навук, прафесар.

Працаваў дэканам, прафесарам Маскоўскага фінансавага інстытута.

Аўтар падручнікаў “Эканоміка прадпрыемства”, “Знешнеэканамічная дзейнасць”, “Расія ў сучаснай сусветнай гаспадарцы. Энцыклапедыя рынкавай гаспадаркі”, “Міжнародныя эканамічныя адносіны”.

Памёр 17 снежня 2015 года ў Маскве.

У яго гонар у Фінансавым універсітэце існуе аўдыторыя яго імя.

Дзень у гісторыі. 16 снежня. Першая згадка пра Маладзечна. Нарадзіліся Леў Альпяровіч, Іван Ахрэмчык, Валяр’ян Янушкевіч. Дзень памяці Эліэзера Бэн-Егуды

1388 год. Першая згадка пра Маладзечна. 

Змяшчаецца ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу. 

Знаходзіцца на рацэ Уша, за 73 км на паўночны захад ад Мінска. Назва ад ракі Маладзечанка. Насельніцтва цяпер – 90 000 чалавек. 

Адзіны ў краіне горад, дзе ў 1991-1994 гадах была праведзена дэкамунізацыя гарадской тапанімікі – па ініцыятыве мэра Генадзя Карпенкі. 

У горадзе працуюць Мінскі абласны краязнаўчы музей, драмтэатр, праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца», Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993 года). 

Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі – адзіны завод парашковай металургіі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.

1672 год. Памёр Ян Казімір Ваза. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі  (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Вазаў.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1874 год. Нарадзіўся Леў Альпяровіч. 

Беларускі мастак.

Скончыў Віленскую мастацкую школу акадэміка Івана Трутнева, Адэскую рысавальную школу і Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Вучань І. Рэпіна.

Выкладаў у Мінскім прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы.

Пісаў  партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі. Адстойваў прынцыпы рэалізму.

Яго творы найбольш поўна – 230 работ – былі прадстаўлены на персанальнай выставе ў Мінску ў 1939 годзе.

Памёр у 1913 годзе ў Мінску.

1903 год. Нарадзіўся Іван Ахрэмчык. 

Беларускі мастак-жывапісец.  Народны мастак, прафесар.

Выкладаў у Беларускім дзяржаўным мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Пачаў удзельнічаць у выставах у 1921 годзе.

Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манументальнага мастацтва.

Адзін з першых у беларускім жывапісе звярнуўся да тэм сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення Савецкай улады.

У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у выданні ЦК КПБ «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944).

Творчасці І. Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, ўласціва глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка.

Памёр 9 сакавіка 1971 года.

Фота: аўтапартрэт І. Ахрэмчыка.

1905 год. Нарадзіўся Мікалай Сярдобаў. 

Беларускі оперны спявак. Народны артыст БССР, Заслужаны артыст Арменіі.

Працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска, з 1946 года ў якасці саліста Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

У 1960-1975 гадах выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Беларускай кансерваторыі, адначасова ў 1960-1987 гадах кіраўнік Мінскай народнай опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа.

1922 год. У Іерусаліме памёр ураджэнец Глыбоччыны  Эліэзер Бэн-Егуда. 

Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.

Скончыў полацкую ешыву, дзвінскае рэальнае вучылішча, вывучыў фрацузскую, нямецкую і рускую мовы. У Сарбонскім універсітэце Парыжа вывучаў медыцыну, гісторыю і палітыку Блізкага Усходу, пазнаёміўся з сіянісцкім рухам.

У 1881 годзе іміграваў у Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.

Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.

Аўтар 17-тамовай працы  «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.

Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.

У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.

На радзіме ў Лужках Глыбоцкага раёна ўсталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.

1934 год. Нарадзіўся Леанід Анцімонаў. 

Беларускі мастак   

Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута,  прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.

Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.

Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.

Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.

Памёр 16 лютага 2012 года ў Віцебску. 

1951 год. Заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку. 

Грамадская навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955 года) і Канадзе (Таронта, з 1967 года). Выдае навуковы штогоднік «Запісы». Акрамя гэтага ў 1950-1960-х гадах выдаваліся часопісы «Конадні», «Абежнік».

Падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі свету, асабліва з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку.

У розны час інстытут узначальвалі У. Тамашчык, Я. Ліманоўскі, В. Тумаш, А. Адамовіч, у 1982-2022 гадах – В. Кіпель.

Вітаўт Кіпель
Вітаўт Кіпель

1962 год. Нарадзіўся Валяр’ян Янушкевіч. 

Беларускі скульптар. Брат Ф. Янушкевіча і Я. Янушкевіча.

Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры, жывапісе.

Аўтар помнікаў А. Міцкевічу ў Лідзе і Навагрудку, харты князя Радзівіла ў замкавым парку ў г. Нясвіж, Ф. Скарыне ў Лідзе, І. Падарэўскаму ў г. Кракаў (1995), М. Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца, Б. Івановай у г. Уроцлаў, Я. Скрыгану ў г. Йыхві (Эстонія), К. Каліноўскаму ў г. Шальчынінкай (Літва), М. К. Агінскаму ў г. Маладзечна  і іншых.

Аўтар мемарыяльных дошак Ф. Скарыну ў Кракаве, Падуі, Мінску, М. Агінскаму ў г. Фларэнцыі, С. Манюшку і шмат іншых.

Ён з’яўляўся афарміцелем касцёлаў Св. Роха ў Мінску, Св. Андрэя Баболі ў Полацку, надмагілляў.

Выканаўца серый рэльефаў для Музея камянёў у Мінску, Музея М. Багдановіча і іншых, станковых кампазіцый вядомых дзеячаў, у тым ліку  Ягайлы, Вітаўта, Т. Касцюшкі, Янкі Купалы». Працуе і ў жывапісе.

1977 год. Нарадзіўся  Максім Пятруль. 

Беларускі скульптар і дызайнер.

Скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава,

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Мастак сучаснага светапогляду, для якога творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету – правакацыйная гульня, дыялог з гледачом.

Яго працы незвычайныя як па форме, так і па змесце, маюць асаблівы філасофскі сэнс і незвычайную метафарычнасць.

Яго скульптурныя творы ўсталяваны ў кітайскіх гарадах Фучжоу, Куньмін, Чанчунь.

Аўтар твораў візуальнага мастацтва, інтэграваных у грамадскую прастору некалькіх станцый мінскага метрапалітэна.

Стваральнік помніка ахвярам Мінскага гета.

Творы аўтара знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Райнольда Вюрта Кунцельзау ў Германіі, Музеі алімпійскага мастацтва ў Пекіне, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у музеях, галерэях, прыватных калекцыях і грамадскіх прасторах Беларусі, Расіі, Літвы, Нідэрландаў, Германіі, Кітая і ЗША.

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена Івану Макараву. 

Партыйны, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. 

У 1939-1941 гадах – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны праводзіў вялікую работу па арганізацыі абароны Магілёва, эвакуацыі насельніцтва і каштоўнага абсталявання, стварэнню партыйнага падполля. 

Пры ім знік Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

У 1943-1946 гадах  – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б.

Яго імем названы вуліца і завулак у Магілёве.

2006 год. На Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму. 

В. Іваноўскі  (1880–1943) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі яго як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі – як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. 

Дзень у гісторыі. 15 снежня. Дзень гарбаты. Нарадзіліся Мікалай Судзілоўскі, Станіслаў Шушкевіч. Памерла першая ледзі Тайваня – беларуска Фаіна Вахрава

Міжнародны дзень гарбаты (International Tea Day, з 2005 года). 

Прымеркаваны да прыняцця “Сусветнай Дэкларацыі Правоў работнікаў чайнай індустрыі”.

Лічыцца, што чай, як напой, быў адкрыты другім імператарам Кітая Шэнам Нунгам у 2737 годзе да н.э.

Самая «чайная» краіна ў ЕС – Турцыя: выкарыстоўваюць па 3,2 кг на чалавека ў год. Другой ідзе Ірландыя (2,2 кг), потым – Вялікабрытанія (1,0 кг).

Наперадзе беларусаў (0,5 кг) – Расія (0,9 кг), Нідэрланды (0,8 кг) і Германія (0,7 кг). Ва Украіне спажываюць таксама 0,5 кг. Ззаду беларусаў па гарбаце Чэхія, Славакія, Швейцарыя (0,4 кг), аўстрыйцы, венгры і нарвежцы (0,3 кг), Данія, Францыя і Іспанія (0,2 кг).

Але добрай гарбаты ў крамах становіцца з-за санкцый усё меней і ёсць пагроза, што спажыванне можа знізіцца ў 2-3 разы.

Міжнародны дзень эсперанта Zamenhofa Tago, у гонар дня нараджэння стваральніка штучнай мовы Заменгофа.

1859 год. У Беластоку нарадзіўся Людвіг Лазар Заменгоф.  

Акуліст, сваральнік штучнай мовы эсперанта. У 1893 – 1897 гадах жыў і працаваў у Гродна.

Пад псеўданімам Доктар Эсперанта у 1887 годзе выдаў кнігу “Міжнародная мова”. Так упершыню ў свеце жыхары Зямлі даведаліся пра штучную мову “эсперанта” (“надзея”). У якасці прыкладаў у кнізе былі прыведзены тэксты на эсперанта: малітва Ойча наш, урывак з Бібліі, прыклад ліста, арыгінальныя вершы Заменгофа, пераклад верша Г. Гейнэ. Зараз на эсперанта размаўляюць у свеце каля 2 млн чалавек. У Беларусі валодаюць гэтай мовай лічаныя спецыялісты.

Памёр 14 красавіка 1917 года ў Варшаве.

У гонар вучонага названы вуліцы ў Валенсіі, Варшаве, Гродна, Іерусаліме, Канах, Каўнасе, Кракаве, Лодзі, Нетаніі, Познані, Тэль-Авіве, Франкфурце-на-Майне, Руэй-Мальмезоне і іншых, названы астэроід № 1462, усталяваны бюсты ў Беластоку, Вейсеяе, Вене, Адэсе.

1836 год. Нарадзіўся Валерый Урублеўскі. 

Беларускі і польскі рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года. 

Начальнік штаба паўстанцаў, камандуючы сіламі Гародзенскага, Люблінскага і Падляшскага ваяводстваў. 

Генерал, камандуючы арміяй Парыжскай Камуны (1871). Сябар К. Маркса, Ф. Энгельса. Член Генеральнага савета I Інтэрнацыяналу. 

Памёр 5 жніўня 1908 года. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, каля сцены Камунараў. 

На надмагіллі надпіс: «Гераічнаму сыну Польшчы – народ Парыжа». У Гродне і Катавіцах імем Урублеўскага названы вуліцы.

1850 год. У Магілёве нарадзіўся Мікалай Судзілоўскі. 

Філосаф, прыродазнаўца, рэвалюцыянер, удзельнік грамадcка-палітычных рухаў Беларусі, Расіі, Еўропы, Азіі, ЗША. 

Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў. «Першы і апошні энцыяклапедыст XX стагоддзя».

Падарожнік-географ, аўтар публіцыстычных твораў, спецыяліст у галіне этнаграфіі, энтамалогіі, хіміі, біялогіі, аграноміі.

Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў.

Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хвароб. Яму належаць некалькі важных прац па медыцыне.

Валодаў 8 еўрапейскімі мовамі, японскай і кітайскай.

Памёр 30 красавіка 1930 года ў Кітаі. 

У яго гонар у Магілёве каля раёна “Спадарожнік” названа вуліца.

1862 год. Пачалася эксплуатацыя першай чыгункі на тэрыторыі Беларусі. 

Частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.  На тэрыторыі сучаснай Беларусі ўключала ўчастак Парэчча – Гродна – Ласосна (30 км).

1896 год. Нарадзіўся Канстанцін Юхневіч

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст.

Пасля Першай сусветнай вайны займаўся на Браслаўшчыне беларускай асветнай працай, арганізацыяй кааперацыі. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, партыі «Беларускі сялянскі саюз».

Друкаваўся ў газеце «Сялянская ніва», часопісе «Новы шлях».

За беларускую патрыятычную дзейнасць арыштоўваўся, сядзеў у Лукішскай турме ў Вільні (1928). З’яўляўся паслом польскага сейма.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Пасля вяртання з лагераў жыў у Браславе. Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 14 жніўня  1971 года.

1913 год. Памёр Яўстафій Арлоўскі

Беларускі краязнавец, гісторык, педагог.

Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут. Выкладаў гісторыю ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі. Прыхільнік заходнерусізму. Член Гродзенскага археалагічнага камітэта і Паўночна-Заходняга адзела Рускага геаграфічнага таварыства.

Даследаваў гісторыю Гродна і даказаў яго тоеснасць з летапісным Гарадзенам. Аўтар аднаго з першых даследаванняў гісторыі горада Гродна – «Гродненская старина».

Унёс значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці Гродна.

 

1921 год. Нарадзіўся  Сцяпан Александровіч

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, крытык, краязнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX – XX стагоддзяў, развіццё нацыянальнага кнігадрукавання і перыядычнага друку, літаратурныя сувязі, у тым ліку беларуска-ўкраінскія. Надаваў значную ролю вывучэнню творчасці Тараса Шаўчэнкі.

Вывучаў дзейнасць Ф. Скарыны, Янкі Купалы, літаратурна-гістарычную біяграфію Цішкі Гартнага. Стварыў літаратурныя партрэты П. Багрыма, Ф. Савіча, Ф. Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага.

Памёр 1 мая 1986 года. Пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам

1934 год. Нарадзіўся  Станіслаў Шушкевіч. 

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. 

Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998-2018). 

У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986—1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  

Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне. 

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый. 

Памёр 3 мая 2022 года ў Мінску пасля перанесенага каранавіруса і рэанімацыі.

1937 год. Нарадзіўся Яўген Ждан. 

Беларускі тэатральны мастак, жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч культуры.

Працаваў галоўным мастаком Рэспубліканскай дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва і Тэатра музычнай камедыі Беларусі. Афармляў спектаклі Г. Вагнера, С. Манюшкі, Дж. Вердзі, А. Рубінштэйна, Ш. Гуно, І. Штраўса і іншыя.

Аўтар многіх прац ў жанры духоўнага жывапісу, у тым ліку «Жыццё Іісуса Хрыста», «Спаленне першых хрысціян у Рыме», гістарычна-партрэтнага жывапісу, у тым ліку, «Францыск Скарына», «Еўфрасіння Полацкая», «Рагнеда», «Усяслаў Чарадзей», твораў па гісторыі Беларусі, пейзажаў.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музеі А. Бахрушына і Траццякоўскай галерэі (Масква)

У Снове ў 2005 годзе створаны Дом-музей Яўгена Ждана з карціннай галерэяй – зараз філіял Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Памёр 5 снежня 2016 года ў Мінску. 

1937 год. Нарадзіўся Герман Кірылаў

Беларускі пісьменнік. Лаўрэат прэміі імя А. Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра

Працаваў у раённых газетах Шаркаўшчынскага, Мёрскага, Полацкага раёнаў, абласной газеце «Віцебскі рабочы», газеце Полацкага «Шкловалакно».

Аўтар апавяданняў, аповесцяў, кніг апавяданняў, раманаў.

1994 год. Памёр Уладзімір Калеснік

Беларускі літаратар. Заслужаны работнік вышэйшай школы. Кандыдат філалагічных навук, прафесар.

Працаваў загадчыкам кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута (1952-1954), Брэсцкага педінстытута.

Аўтар каля 10 кніг крытыкі з аналізам творчасці Максіма Танка, Уладзіміра Жылкі, Янкі Брыля, складальнік зборнікаў паэзіі Заходняй Беларусі.

Даследаваў заходнебеларукую літаратуру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у беларускай літаратуры 1920-х гадоў.

Адзін з аўтараў дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі…» (1975, з А. Адамовічам і Я. Брылём).

Яго працы вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літаратурных дзеячаў.

2004 год. Памерла  першая ледзі Тайваня ў 1978-1988 гадах Цзян Фанлян. 

Нарадзілася пад беларускай Оршай як Фаіна Вахрава ў сям’і пуцявога абходчыка ў 1916 годзе.

У Свярдлоўску ва ўзросце 16 гадоў на “​​Уралмашы” пазнаёмілася з Цзян Цзінго — сынам Чан Кайшы. Яны пажаніліся 15 сакавіка 1935 года. У 1936 годзе пераехала у Кітай.

Памерла ў 2004, была пахавана ў прысутнасці прэзідэнта і іншых афіцыйных асоб Рэспублікі Кітай (Тайваня).