Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня. Вяртанне Смаленска. Тбіліская трагедыя. Памёр Аляксандр Македонскі.

323 да нашай эры. У Вавілоне памёр Аляксандр III Вялікі, Македонскі.

Найбуйны палкаводзец старажытнага свету, цар. Памёр на 33-м годзе жыцця ад малярыі (а быць можа, і ад атруты) ў росквіце сіл і ў разгар падрыхтоўкі да новага вайсковага паходу.

Трэці па ліку Аляксандр на пасадзе цара Македоніі, воін “ад бога”, які атрымаў бліскучую адукацыю пад кіраўніцтвам Арыстоцеля.

У 338 годзе да н.э. разам з бацькам падпарадкаваў сабе ўсю Эладу, а за 13 наступных гадоў стварыў велізарную імперыю, якая распасціралася ад Істра (Дуная) да Ганга. Але спадчынніка Аляксандр не пакінуў, і з яго сыходам з жыцця дзяржава распалася на шэраг варожых адзін аднаму ўтварэнняў.

Па іншых дадзеных, вялікі палкаводзец памёр 10 чэрвеня.

1508 год. З Ліды выйшла Паспалітае рушэнне ВКЛ для дзеянняў супраць маскоўскіх войскаў.

Паспалітае рушэнне – мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, апалчэнне, агульны паход у Польшчы і ВКЛ.

Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя паспалітае рушэнне складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.

Шляхецкае апалчэнне на карціне Юзафа Бранта, 1880.

1611 год. Войскі Рэчы Паспалітай пасля працяглай аблогі і генеральнага штурма вярнулі Смаленск – важны стратэгічны горад па шляху на Маскву.

Горад быў у аблозе 20 месяцаў, з 26 верасня 1609 года. Голад і эпідэміі выкасілі большую частку 80-тысячнага горада. У Смаленску засталося 8 000 чалавек, у гарнізоне – 200 ваяроў. 

Горад удалося ўзяць пры дапамозе аднаго са смаленскіх баярскіх сыноў, які паказаў слабое месца ў абароне. Насупраць слабага месца ў крэпасной сцяне былі пастаўлены некалькі батарэй. Пасля некалькіх дзён абстрэлу сцяна павалілася. 

У ноч на 3 чэрвеня 1611 года нашы войскі пайшлі на штурм з чатырох напрамкаў.

Смаленск гарэў. Апошнія абаронцы замкнуліся ў саборнай царкве Багародзіцы. Калі ў сабор ўварваліся вялікалітоўскія войскі, то пасадскі чалавек А. Беляніцын узяў свечку і залез у склеп, дзе захоўваўся запас пораху. Выбух быў магутным, шмат людзей загінула. 

Параненага маскоўскага ваяводу Шэіна ўзялі ў палон. Пад Смаленскам нашы ваяры згубілі каля 30 000 жаўнераў – 2/3 войска.

1702 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў ласкавае слова “рыбанька”.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні, адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

Памёр 15 мая 1762 года.

1746 год. Прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753).

Адбылося ў нясвіжскай летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба. 

Уршуля – першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

1834 год. Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын (1834-1903).

Беларускі аграном, педагог, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Удзельнік літаратурнага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 26 жніўня 1903 года.

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

1888 год. Нарадзіўся Антон Аўсянік (1888-пасля 1933).

Беларускі палітык і дыпламат, дзеяч БНР, сакратар Рады БНР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клуба. У пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР, быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

На фота дзеячоў БНР – 2-гі справа стоячы – Антон Аўсянік

1889 год. Нарадзіўся Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, журналіст.

Скончыў Слуцкую гімназію (у ёй з Фабіянам Шантырам ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру), вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік І Сусветнай вайны, служыў у Палтаве, Туркестане, на Румынскім фронце. Быў старшынёй палкавога камітэта. Ад амаль 100 000 беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску.

Працаваў юрысконсультам Слуцкага павятовага зямельнага аддзела. У 1918 годзе ў складзе камісіі правяраў дзейнасць Слуцкай ЧК і выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату за гэта быў арыштаваны ЧК, сядзеў у Слуцкай, Бабруйскай, Смаленскай турмах.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Арыштоўваўся ДПУ БССР у 1930 і 1937 гадах, асуджаны да лагераў.

Памёр у ГУЛАГу.

1943 год. Польскімі падпольшчыкамі забіты Юльян Саковіч (1906-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў канспірацыйнай Беларускай незалежніцкай партыі і кіраўнік Беларускай Народнай Грамады.

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў членам Беларускага студэнцкага саюза, КПЗБ, Таварыства беларускай школы. Актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, выдаваў разам з Г. Вялецкім у Вільні часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва.

Вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, савецкіх турмаў.

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады ў Беларускай народнай самапомачы.

1956 год. Нарадзіўся Леанід Тараненка.

Беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён свету.

Уладальнік 19 сусветных рэкордаў, прычым два з іх – 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і – застаюцца неперасягнутымі і сёння.

2015 год. У Тбілісі адбылася трагедыя.

У грузінскай сталіцы Тбілісі пайшоў звычайны дождж. 

Тбілісцы раскрылі парасоны і працягнулі займацца сваімі штодзённымі справамі. У той момант яшчэ ніхто не ведаў, што 14 чэрвеня горад чакае самы цяжкі світанак за апошнія дзясяткі гадоў.

Экстраннае паведамленне аб паводцы прагучала толькі ў 23:00. Паводка адбылася з-за сходу апоўзня ў раку Веры, якую звычайна пераплюнуць можна, яна працякае вышэй за Тбілісі. 

На горад рушылі масы вады, уперамешку з зямлёй і выдранымі з каранямі дрэвамі. Раз’юшаная Веры, накіраваўшыся да ракі Кура, зносіла ўсё на сваім шляху… 

Горад ахоплівала паніка – на вуліцах на волі аказаліся львы, тыгры, ваўкі і гіены, бегемот з заапаркаў. Адзін з супрацоўнікаў заапарка быў загрызены насмерць белым тыграм.

Да гэтага часу невядомы лёс трох жыхароў горада. Ахвярамі апоўзня лічацца 19 чалавек.

2019 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд +30,7°С.

Рэкорднай да гэтага лічылася тэмпература 30,5°С 13 чэрвеня 1959 года.

Дзень у гісторыі. 16 мая. Забойства А. Баболі. Кароль Ян III Сабескі. “Тарас на Парнасе”. Першы “Оскар”. Нарадзіліся пісьменнік В. Вітка, гімнастка В. Корбут.

Успамін святога Андрэя Баболі (Каталіцкі каляндар)

Андрэй Баболя (30.11.1591 – 16.5.1657) – рэлігійны каталіцкі дзеяч, місіянер. Святар і мучанік. Святы, апякун Пінскай дыяцэзіі. 

Андрэй Баболя праславіўся як знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы і здольны прамоўца, што дазваляла яму перамагаць прадстаўнікоў праваслаўя ў дыспутах і схіляць іх да каталіцызму. Быў празваны «душахватам», «апосталам Піншчыны».

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў схоплены і закатаваны ў Янаве-Палескім (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобл.) атрадам казакаў палкоўніка А. 3дановіча.

Цела Андрэя Баболі пазней перавезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, у 1702 годзе крыпта была эксгумавана і цела знойдзена нятленным. Культ Андрэя Баболі пачаў пашырацца ў Рэчы Паспалітай, потым у Аўстрыі і Германіі. 

Беатыфікаваны ў 1853, кананізаваны ў 1938 годзе. У 1808 яго цела перавезена ў Полацк, у 1924 – у Рым, у 1938 – у Варшаву.

16 мая 2002 года святы Андрэй Баболя абвешчаны патронам Польшчы. Ён таксама ёсць патронам Пінскай дыяцэзіі. У Полацку з 1997 года працуе касцёл Св. Андрэя Баболі.

Дзень памяці ахвяраў вайны 1654-1667 гадоў.

У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у параўнанні з 1648 годам, насельніцтва краіны паменшылася ўдвая. На Магілёўшчыне і Смаленшчыне існаваў партызанскі рух супраць захопнікаў – рух “шышэй”.

1674 год. Абранне каралём і вялікім князем ВКЛ Яна III Сабескага (1629-1696).

Удзельнічаў у войнах супраць Масковіі, казакоў Хмяльніцкага, шведаў у Паўночнай вайне 1655-1660, Асманскай імперыі. Перамог турак і татар пад Хоцінам (1673), выратаваў Еўропу ад турак, разбіўшы іх пад Венай (1683). Мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

1762 год. Нарадзіўся Юзаф Копаць (1762-1827).

Удзельнік паўстання 1794 года, генерал, падарожнік, даследчык Камчаткі, мемуарыст, аўтар «Дзённіка падарожжа ўздоўж усёй Азіі па сушы да порта Ахоцк, акіянам праз Курыльскія астравы да Ніжнекамчацка…» (1817). 

З павагай пісаў пра камчадалаў, чукчаў, якутаў, буратаў i прыводзіў пра ix этнаграфічныя звесткі. Кніга мае навукова-этнаграфічную каштоўнасць, некалькі разоў перавыдавалася (Берлін, 1863; Парыж, 1867; Львоў, 1867), перакладзена на французскую і рускую мовы. Рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

1889 год. Упершыню апублікавана паэма “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына (1834-1903) у газеце “Минскій листок”.

На працягу 1890-х-1910-х гадоў перавыдаваўся неаднаразова, у перыёдыцы і асобна, пад рознымі назвамі, і актыўна распаўсюджваўся ў спісах. Этнограф Е. Раманаў, які падрыхтаваў адно з першых выданняў, сцвярджаў у 1896 годзе, што Тараса “ва ўсякай хаце знайсці можна”.

“Тарас на Парнасе” ўваходзіць ва ўсе праграмы вывучэння беларускай літаратуры, перакладаўся на многія мовы, ілюстраваўся і інсцэніраваўся.

1911 год. Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны працаваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва», «Вясёлкі».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак для дзяцей, п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Памёр 5 ліпеня 1996 года.

1929 год. У ЗША адбылася першая цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”.

Заснавана ўраджэнцам Мінска Лазарам Маерам. Квіток на цырымонію каштаваў 5 даляраў, цягнулася яна 15 хвілін. Першы “Оскар” прайшоў сціпла і сабраў усяго 270 гасцей.

Акцёры і актрысы, якія перамаглі, былі ўзнагароджаны не за канкрэтны праект, а за ўсе фільмы, у якіх яны здымаліся на працягу года.

Першай лепшай актрысай у гісторыі кінематографа стала Джанет Гейнар (“Сёмае неба”, “Вулічны анёл” і “Узыход сонца: песня двух людзей”), а нямецкі кінаакцёр Эміль Янінгс (“Апошні загад” і “Шлях усякай плоці”) стаў першым мужчынай, які атрымаў прэмію кінаакадэміі.

Першы “Оскар” за лепшую рэжысуру быў уручаны Люісу Майлстоуну (“Два аравійскіх рыцара”). Лепшымі карцінамі 1927-1929 гадоў былі прызнаны дзве – “Узыход сонца” і “Крылы”.

Статуэткі таксама атрымалі сцэнарыст Бэн Хэтч і прадзюсер Джэк Уорнер. Чарлі Чаплін, акцёр, рэжысёр і прадзюсер стужкі “Цырк”, быў удастоены прэміі “За выдатныя дасягненні ў кінематографе”. Аналагічную статуэтку атрымала кампанія Warner Brothers за гукавы фільм “Спявак джаза”.

Першая цырымонія ўручэння Оскараў была адзінай цырымоніяй, якая ніяк не транслявалася ў СМІ ці на радыё.

1955 год. У Гродна нарадзілася Вольга Корбут.

Беларуская і савецкая гімнастка. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Занесена ў Міжнародную залю славы гімнастыкі.

У 15 гадоў стала чэмпіёнкай СССР і ўвайшла ў зборную СССР. Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР, шматразовая чэмпіёнка СССР. У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету.

3 1991 года жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл. Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

1986 год. У Гродна адкрыўся Дом-музей Максіма Багдановіча.

Месціцца ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. У гэтым доме з чэрвеня 1892 па кастрычнік 1896 года разам з бацькамі жыў беларускі паэт.

Між іншых у стварэнні калекцыі музея паўдзельнічала беларуская паэтэса Л. Геніюш, музею былі перададзены яе вышыванкі, якія вельмі падабаліся Максіму Багдановічу. Рарытэтны зборнік «Вянок» (1913) музею перадаў яе сын Юрый.

1995 года. Кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў сарваў дзяржаўны сцяг Беларусі.

Ціцянкоў – ураджэнец в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Пасля завяршэння рэферэндуму па дзяржаўнай сімволіцы, ён сарваў з даху Дому ўраду і разарваў на кавалкі гістарычны нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг – дзяржаўны ў 1991-1995 гадах.

1999 год. Памёр Мікола Ганько (1923-1999).

Беларускі дзеяч на эміграцыі. Брат старшыні Саюза беларускай моладзі Міхася Ганько.

У час нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, у 1944 годзе быў на курсах сярэдніх кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі.

З лета 1944 года ў эміграцыі. Быў адным з заснавальнікаў парафіі Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, шматгадовым кіраўніком Згуртавання беларусаў у Канадзе. Адзін з ініцыятараў стварэння таварыства дапамогі дзецям – ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта.

2001 год. Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама званне Ганаровы грамадзянін горада было прысвоена спартсменам і пісьменніку, Герою СССР.

Званне прысвоена алімпійскім чэмпіёнам Святлане Баітавай (гімнастыка), Аляксандру Масяйкову (веславанне), Герою Савецкага Саюза Аляксандру Мініну, тульскаму пісьменніку, аўтару кнігі аб абароне Магілёва ў 1941 года Мікалаю Дружыніну.

Фота. С. Баітава.

2021 год. Памёр Яўген Анішчанка (1955-2021).

Беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, адзін з арганізатараў “Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў”, даследчык гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, гісторыі Беларусі XVII-XIX стст.

Аўтар 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў. Працаваў у інстытуце культуры, Інстытуце гісторыі НАНБ.

У 2004 годзе  абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК. 

На думку аўтара, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя.

Пасля звальнення з НАНБ у 2004 годзе працаваў дворнікам, галоўным архівістам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, у Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце.

24 снежня. Дзень у гісторыі. Вігілія ў каталікоў. Каляднае перамір’е на Заходнім фронце. Адкрыццё магілёўскіх “Чырвонай Зоркі” і музея В. Бялыніцкага-Бірулі. Нарадзіліся Адам Міцкевіч, Алесь Дудар

Вігілія (каталіцкі каляндар).  Посная куцця. Святкі (рускі Cочельник). 

Вігілія Божага Нараджэння, посная куцця – традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння. Апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.

Вігілія мае падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. 

На вячэру збіраюцца пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. 

Перад пачаткам вячэры гаспадар дому дзяліўся з сям’ёй асвечанымі ў касцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабой астатнія члены сям’і. 

Па выцягнутых з-пад абруса сцяблінках варажылі аб тым, які будзе будучы год; пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. 

На Вігілію плялі саламяных “павукоў”, якіх вешалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі (“каляду”). У залежнасці ад дабрабыту сям’і,  падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. 

Асноўнымі кампанентамі вігілійных страў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. 

Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой часта называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушонай садавіны, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі. 

У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты (“цукры”), арэхі, віно. 

1777 год. Капітан Джэймс Кук на караблях “Рэзалюшн” і “Дыскаверы” адкрывае востраў, які 2 студзеня называе востравам Раства. 

Востраў Раства – атол у архіпелагу Лайн, належыць дзяржаве Кірыбаці, знаходзіцца за  2500 км ад Ганалулу (Гаваі), за 2700 км ад Таіці. Самы вялікі ў свеце атол плошчай 321 км². На ім адна з самых высокіх канцэнтрацый марскіх птушак у свеце.

1798 год. Нарадзіўся Адам Міцкевіч

Ураджэнец Беларусі, польскі паэт, публіцыст, асветнік. Дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.

Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

Сябар дзекабрыстаў К. Рылеева, А.Бястужава, пісьменнікаў і паэтаў А. Пушкіна, А. Дэльвіга, І.  Кірэеўскага, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, А. Янушкевіча, П. Вяземскага і іншых.

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам.

Памёр у Канстантынопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

1904 год. Нарадзіўся Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч). 

Беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій “Маладняка”, член аб’яднання “Полымя”. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў сышоў з вучобы ў БДУ.

У сакавіку 1929 года арыштаваны ДПУ за верш «Пасеклі наш край папалам…», высланы ў Смаленск, арыштоўваўся і ў 1930, 1936 гадах. Паводле Загаду № 33 1937 года «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» усе творы Алеся Дудара трэба было спальваць. 28 кастрычніка 1937 года асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў мінскай турме НКУС («амерыканка») у ноч масавага расстрэлу беларускіх дзеячаў з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Аўтар 5 зборнікаў паэзіі, шэрагу паэм. У 1959 годзе выйшлі Выбраныя творы, у 1984 годзе – зборнік вершаў і паэм «Вежа».

Перакладчык з рускай, нямецкай, французскай моў. Пераклаў раман «Еўгеній Онегін» і некаторыя творы А. Пушкіна, А. Блока, Ё.Гётэ, С.Ясеніна і іншых.

У гонар паэта названа вуліца ў Мінску (раён Лошыца).

 1907 год. Нарадзіўся Анатоль Шыбнёў. 

Беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Сын мастака Даміяна Шыбнёва, бацька мастака Яўгена Шыбнёва.

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе і накіраваны на працу ў Брэст (1940).

З 1944 года жыў і працаваў у Мінску. Удзельнік мастацкіх выставак з 1936 года. Працаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.

Памёр 19 сакавіка 1990 года.

1914 год. Негалоснае Каляднае перамір’е на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. 

Сімвалічны момант чалавечнасці на фоне адной з самых драматычных падзей сучаснай гісторыі. Выпадкі кароткага, але даволі шырока распаўсюджанага неафіцыйнага спынення баявых дзеянняў, якія мелі месца на Заходнім фронце на куццю (вягілія, сочельник) і на Каляды.

За тыдзень да Калядаў частка англійскіх і германскіх салдат пачалі абменьвацца каляднымі віншаваннямі і песнямі праз акопы. У асобных выпадках напружанасць была зніжана да такой ступені, што салдаты пераходзілі лінію фронту, каб пагаварыць са сваімі супернікамі і абмяняцца з імі падарункамі. 

На Куццю і Каляды салдаты абодвух бакоў, а таксама, у меншай ступені, французы, самастойна выходзілі на нейтральную паласу, дзе змешваліся, абменьваючыся прадуктамі харчавання і сувенірамі. Праводзіліся таксама сумесныя цырымоніі пахавання загінулых, некаторыя сустрэчы заканчваліся сумеснымі каляднымі спевамі. 

Войскі абодвух бакоў бывалі настолькі прыязныя адзін з адным, што часам нават гулялі паміж сабой у футбол на нейтральнай паласе.

 1915 год. У в. Каменка Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Трухан. 

Эканомгеограф, кандыдат геаграфічных навук, прафесар.

З 1949 года з невялікімі перарывамі працаваў у БДУ: заснавальнік і загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі СССР, дэкан геаграфічнага факультэта. Рэктар Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (1962-1965), дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (1965-1967).

Аўтар больша за 100 навуковых прац, якія ў асноўным прысвечаны пытанням размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнай геаграфіі Беларусі, геаграфіі гаспадаркі Гомельскай вобласці, Беларускага Палесся, асобных эканамічных раёнаў і рэспублік СССР. Прымаў удзел у складанні першага Атласа БССР (1958).

Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана некалькі дзесяткаў аспірантаў, 6 кандыдатаў і 2 доктары навук (С. Сідор, І. Пірожнік).

Памёр 16 чэрвеня 2000 года.

1932 год. Урачыстае адкрыццё магілёўскага кінатэатра “Чырвоная Зорка” і прагляд першай гукавой кінапраграмы “Пераварот” рэжысёра “Беларусьфільм” Юрыя Тарыча. 

Дэманстрацыя ажыццяўлялася на апараце фірмы “Патэ” – самай вядомай на той момант у свеце.

Першае знаёмства жыхароў Магілёва з дзіўным светам кіно адбылося 10 жніўня 1903 года. Першы стацыянарны “сінематограф” атрымаў у Магілёве пастаянную прапіску ў 1909 годзе, калі на Дняпроўскім праспекце (зараз вуліца Першамайская), 42 адчыніўся тэатр «электрабіёграф» пад назвай «Чары». Сама назва ўжо падкрэслівала “фантастычны” характар незвычайнага відовішча – кіно. Будынак кінатэатра “Чары” у 1930-1932 гадах быў рэканструяваны і стаў належыць “Чырвонай Зорцы”.

1942 год. У канцлагеры Трасцянец загінуў Вінцэнт Гадлеўскі. 

Беларускі грамадскі дзеяч і публіцыст.

Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік Усебеларускага з’езда. Член Рады БНР.

У 1920-я гады шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю на Віленшчыне, за якую арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў асуджаны на 2 гады турмы.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет. Заснаваў газету «Беларускі фронт».

За крытыку нямецкай палітыкі ў дачыненні да беларускага народа быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і адпраўлены ў канцлагер Трасцянец.

1982 год. Адкрыты Магілёўскі мастацкі музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі. 

Філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIIІ стагоддзя. Экспазіцыя музея знаёміць з жыццём і творчасцю беларускага мастака, акадэміка жывапісу В. Бялыніцкага-Бірулі. Фонд музея налічвае 114 твораў жывапісу, 39 прадметаў этнаграфіі і побыту, 81 адзінку фотаматэрыялаў. Агульная плошча музея 712 м², плошча экспазіцыйных памяшканняў 484 м².

У мансардзе музея знаходзіцца выставачная зала, дзе адбываюцца выстаўкі выяўленчага мастацтва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Саюза мастакоў Беларусі, дзіцячай творчасці.

1997 год. Памёр ураджэнец в. Галачоўка Чавускага раёна Міхал Манышаў. 

Вядомы савецкі і беларускі географ, педагог-дэфектолаг, аўтар сусветна вядомых падручнікаў па геаграфіі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Заслужаны настаўнік БССР.

Скончыў Чавускую сямігодку, Княжыцкую (Магілёўскі раён) школу рабочай моладзі, Шклоўскую школу ФЗН, геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута (1940). Удзельнік абароны Магілёва (1941), вызвалення Польшчы, Прагі, узяцця Берліна.

Настаўнічаў ў школах Клімавіцкага, Бялыніцкага, Чавускага, Магілёўскага раёнаў, быў інспектарам школ Чэрыкаўскага раёна, намеснікам дырэктара Мсціслаўскага педвучылішча (1945–1948), Мсціслаўскай спецыялізаванай школы глуханямых дзяцей (1948–1976).

Аўтар спецыялізаваных падручнікаў, распрацоўшчык шэрагу пытанняў дэфекталогіі, аўтар падручнікаў па прыродазнаўству (3-6 класы), геаграфіі (6–9 класы), якія ў розны час былі перакладзены на шматлікія мовы народаў СССР, Еўропы.