9 ліпеня ў гісторыі. Карлаў мост. Пераварот Кацярыны II. Адчынены МаАЗ, дзіцячая чыгунка. Нарадзіўся У. Някляеў.

Міжнародны дзень знішчэння стралковай зброі (Small Arms Destruction Day, з 2001 года).

Заснаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый каб нагадаць аб пагрозе, якую нясе празмернае і дэстабілізуючае назапашванне і незаконны абарот стралковай зброі і лёгкіх узбраенняў для міру і бяспекі.

Міжнародная супольнасць прызнала неабходнасць скарачэння незаконных патокаў зброі ў якасці ключавой задачы для дасягнення міру, справядлівасці і моцных інстытутаў у якасці мэты ўстойлівага развіцця.

1357 год. У Празе кароль Карл IV (1316-1378) заклаў арачны мост праз Влтаву.

Спраектаваны на 16 магутных апорных быках, пабудаваны ў 1357-1402 гадах чэшскім архітэктарам і скульптарам Пятром Парлержам на месцы старога Юдыфінінага моста, які быў разбураны ў 1342 годзе.

Мост з’яўляецца адной з самых вядомых славутасцяў горада. У 1683 годзе паабапал яго ўсталявалі скульптурныя групы, якія ілюструюць гісторыю Прагі па ўзоры рымскага маста св. Анёла. З канца XIX стагоддзя мост стаў называцца Карлавым.

Працягласць моста 516 м у даўжыню і каля 10 м у шырыню, мае тры вежы, дзве з якіх знаходзяцца ў Старым горадзе. Упрыгожаны 30 статуямі святых і заступнікаў багемскіх скульптараў М. Браун, Я. Брокафа і яго сыноў Юзафа і Фердынанда.

У 1965 годзе ўсё статуі заменены копіямі, а арыгіналы перавезены ў Нацыянальны музей Чэхіі.

У беларускай паэзіі Карлаваму мосту прысвечаны верш В. Болбаса «На Карлавым мосьце музыка іграе на шклянках…».

1762 год. У Пецярбургу ўчынены палацавы пераварот, у выніку якога на сталец узышла Кацярына II.

У ноч на 9 ліпеня, калі расійскі імператар Пётр III знаходзіўся ў Араніенбаўме, яго жонка Кацярына таемна прыбыла ў Пецярбург і ў казармах Ізмайлаўскага палка была абвешчана самадзяржаўнай імператрыцай. Да паўстанцаў далучыліся салдаты іншых палкоў, а сама вестка аб перавароце была з захапленнем сустрэта пецябруржцамі.

Кацярына ўступіла на сталец, маючы цалкам пэўную палітычную праграму, заснаваную, з аднаго боку, на ідэях Асветы і, з другога, яна ўлічвала асаблівасці гістарычнага развіцця Расіі.

У першыя гады свайго валадарання яна ажыццявіла рэформу Сената, правяла секулярызацыю царкоўных зямель, ліквідавала гетманства ва Украіне, заснавала шэраг новых навучальных устаноў. Лічыла неабходным замацавацца на Чорным моры, далучыць Паўночнае Прычарнамор’е, Крым, Прыкубанне, Каўказ, знішчыць Рэч Паспалітую.

1883 год. Нарадзіўся Аляксандр Дубах (1883-1942).

Беларускі навуковец у галіне меліярацыі і гідралогіі, пачынальнік сучаснай гідралесамеліярацыі.

Акадэмік АН БССР, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар.

Працаваў ва ўпраўленні земляробства і дзяржмаёмасці ў Магілёве, прафесарам Горацкай акадэміі, займаўся асушэннем лясных сельскагаспадарчых земляў. Рэпрэсаваны ў 1930 і 1937 гадах, пазбаўлены звання акадэміка.

Памёр 21 красавіка 1942 года.

1906 год. У наднёманскай в. Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд Мінскай губерні.

Разагнаны паліцыяй. На сходзе былі выказаны думкі пра неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму.

Удзельнікі з’езда былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя, як К. Міцкевіч (Якуб Колас) адсядзелі ў турме. 13 настаўнікаў былі звольнены з працы, у тым ліку І. Фёдараў (Янка Маўр).

На фота сюжэт “праз дваццаць гадоў”, 1926 год. Праз 20 гадоў з’езда. Сядзяць (злева направа) у ніжнім радзе: Сямён Матковіч, Іван Голас, Якуб Колас; у верхнім радзе: Язэп Пашчыцкі, Андрэй Дуб, Янка Яхімовіч, на плячо Якуба Коласа абапіраецца Тарас Гушча.

1935 год. Пачаў працу Магілёўскі аўтарамонтны завод.

Перад вайной перапрафіліраваны ў авіяцыйны, у 1941 годзе эвакуіраваны ў Куйбышаў, дзе асвоіў вытворчасць рухавікоў для штурмавікоў Іл-2 (цяпер Самарскае авіяракетнае аб’яднанне).

Пасля вайны завод вернуты ў Магілёў і выпускаў лакамабілі, парасілавыя ўстаноўкі, маставыя краны і маслазапраўшчыкі на шасі ГАЗ-51.

У 1958 годзе на завод пад’ёмна-транспартнага абсталявання імя С. Кірава ў Магілёве была перададзена вытворчасць аднавосевых цягачоў МАЗ-529.

У 1960 годзе з МАЗа была пераведзена група канструктараў, якая стала асновай тэхнічных службаў завода. З гэтага часу МаАЗ стаў адным з найбуйнейшых вытворцаў землярыйна-транспартнай тэхнікі ў СССР.

У 1966 годзе завод перайменаваны ў аўтамабільны. На ім створаны аднавосевыя цягачы, паўнапрывадныя аўтамабілі МаАЗ-7411, кар’ерныя самазвалы, самазвальныя аўтацягнікі для працы ў падземных шахтах і выпрацоўках.

У 2006 годзе завод стаў філіялам БелАЗа.

Унікальная прадукцыя – магілёўскі скрэпер

1944 год. У Магілёве адбыўся першы агульнагарадскі мітынг прысвечаны вызваленню горада і вобласці і парад партызан і войск гарнізона.

Мерапрыемствы адбыліся на часткова разбуранай Савецкай плошчы (зараз – Славы).

У мітынгу прынялі ўдзел больш за 25 000 чалавек.

А 13:00 мітынг адкрыў старшыня выканкама Магілёўскага абласнога Саветаў дэпутатаў генерал-маёр І. Кардовіч.

Сакратар Магілёўскага абкама і гаркама КП(б)Б І. Макараў адзначыў, што за гады вайны партызаны Магілёўшчыны знішчылі больш за 148 000 варожых салдат і афіцэраў, больш за 1 600 узялі ў палон, разграмілі 133 гарнізона, знішчылі 167 варожых танкаў, 78 бронемашын, 46 самалётаў, 232 гарматы. Народныя мсціўцы знішчылі 1 793 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага, узарвалі 53 чыгуначныя масты.

Пасля мітынгу адбыўся парад партызан і воінскіх часцей. Каля трыбуны прайшло каля 9 000 партызан.

Пасля заканчэння парада на плошчы выступіў франтавы ансамбль песні і танца.

1946 год. Нарадзіўся Уладзімір Някляеў.

Беларускі паэт, празаік, эсэіст, грамадска-палітычны дзеяч.

Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, палітычны зняволены.

Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

Някляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады.

1947 год. Памёр ураджэнец Беларусі Люцыян Жалігоўскі (1865-1947).

Польскі генерал, дзяржаўны і ваенны дзеяч.

Удзельнік руска-японскай, Першай Сусветнай войн. Камандзір 1-й літоўска-беларускай дывізіі (1920). Ваенны міністр Польшчы, інспектар арміі. Член Нацыянальнай рады польскага ўрада ў Вялікай Брытаніі.

1955 год. Адкрыта Мінская дзіцячая чыгунка імя К. Заслонава.

Працуе з 1 мая да канца верасня і на зімовых канікулах па пэўнаму раскладу. Галоўная станцыя «Заслонава». Працуюць два цеплавоза і 12 вагонаў з сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсій.

1987 год. Памёр ўраджэнец в. Улукі Слаўгарадскага раёна Іван Цішчанка (1912-1987).

Беларускі хімік, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР, дэкан хімфаку БДУ.

Аўтар прац па арганічнаму сінтэзу і рэакцыйнай здольнасці арганічных рэчываў. Распрацаваў метады сінтэзу поліфункцыянальных арганічных рэчываў, выявіў шэраг заканамернасцей рэакцыйнай здольнасці замешчаных ненасычаных злучэнняў у адносінах да малекулярнага кіслароду, перакісу вадароду і іншых акісляльнікаў. Сінтэзаваў ацыклічныя, карбацыклічныя і гетэрацыклічныя злучэнні з некалькімі функцыянальнымі групамі, некаторыя з іх біялагічна актыўныя.

Аўтар больш 130 навуковых прац, шэраг вынаходніцтваў.

2012 год. Памёр Аляксей Гусак (1927-2012).

Беларускі матэматык, прафесар.

Скончыў БДУ, у якім потым прапрацаваў усё жыццё.

Аўтар звыш 200 навуковых прац. Сярод іх 36 кніг, якія перакладаліся на венгерскую, іспанскую і французскую мовы, у тым ліку манаграфія «Тэорыя набліжэння функцый. Гістарычны нарыс», падручнік «Вышэйшая матэматыка», «Зборнік задач і практыкаванняў па дыферэнцыяльнай геаметрыі».

Адбываецца спроба дзяржаўнага перавароту ў Судане

У суботу раніцай, 15 красавіка, у некалькіх частках сталіцы Судана Хартума раздаліся стрэлы і выбухі – паведамляе news.pn.

Сутыкненні адбыліся пасля некалькіх тыдняў росту напружанасці паміж Суданскай арміяй, якую ўзначальвае генерал Абдэль Фаттах аль-Буран, і Сіламі аператыўнай падтрымкі, магутнай ваенізаванай групоўкай, якую ўзначальвае генерал-лейтэнант Махамед Хамдан.

Ваенныя, якія захапілі ўладу ў выніку перавароту 25 кастрычніка 2021 года, у гэтым месяцы пагадзіліся перадаць гэтую ўладу грамадзянскаму ўраду. Але ў пачатку красавіка ў чарговы раз было адкладзенае падпісанне палітпагаднення паміж пераходнай суверэннай радай Судана і прадстаўнікамі апазіцыйных арганізацый.

ААН атрымала паведамленні аб баявых дзеяннях амаль ва ўсіх раёнах Хартума.

Пасля абеда баі працягнуліся і перамясціліся ў раён аэрапорта. З-за гэтага фактычна заложнікамі сталі ўсе рэйсавыя самалёты і іх экіпажы, якія знаходзіліся ў аэрапорце, у тым ліку украінскія і расійскія, паколькі зараз вылет з’яўляецца небяспечным – дадае 24tv.ua.

24 снежня. Дзень у гісторыі. Вігілія ў каталікоў. Каляднае перамір’е на Заходнім фронце. Адкрыццё магілёўскіх “Чырвонай Зоркі” і музея В. Бялыніцкага-Бірулі. Нарадзіліся Адам Міцкевіч, Алесь Дудар

Вігілія (каталіцкі каляндар).  Посная куцця. Святкі (рускі Cочельник). 

Вігілія Божага Нараджэння, посная куцця – традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння. Апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.

Вігілія мае падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. 

На вячэру збіраюцца пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. 

Перад пачаткам вячэры гаспадар дому дзяліўся з сям’ёй асвечанымі ў касцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабой астатнія члены сям’і. 

Па выцягнутых з-пад абруса сцяблінках варажылі аб тым, які будзе будучы год; пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. 

На Вігілію плялі саламяных “павукоў”, якіх вешалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі (“каляду”). У залежнасці ад дабрабыту сям’і,  падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. 

Асноўнымі кампанентамі вігілійных страў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. 

Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой часта называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушонай садавіны, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі. 

У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты (“цукры”), арэхі, віно. 

1777 год. Капітан Джэймс Кук на караблях “Рэзалюшн” і “Дыскаверы” адкрывае востраў, які 2 студзеня называе востравам Раства. 

Востраў Раства – атол у архіпелагу Лайн, належыць дзяржаве Кірыбаці, знаходзіцца за  2500 км ад Ганалулу (Гаваі), за 2700 км ад Таіці. Самы вялікі ў свеце атол плошчай 321 км². На ім адна з самых высокіх канцэнтрацый марскіх птушак у свеце.

1798 год. Нарадзіўся Адам Міцкевіч

Ураджэнец Беларусі, польскі паэт, публіцыст, асветнік. Дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.

Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

Сябар дзекабрыстаў К. Рылеева, А.Бястужава, пісьменнікаў і паэтаў А. Пушкіна, А. Дэльвіга, І.  Кірэеўскага, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, А. Янушкевіча, П. Вяземскага і іншых.

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам.

Памёр у Канстантынопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

1904 год. Нарадзіўся Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч). 

Беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій “Маладняка”, член аб’яднання “Полымя”. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў сышоў з вучобы ў БДУ.

У сакавіку 1929 года арыштаваны ДПУ за верш «Пасеклі наш край папалам…», высланы ў Смаленск, арыштоўваўся і ў 1930, 1936 гадах. Паводле Загаду № 33 1937 года «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» усе творы Алеся Дудара трэба было спальваць. 28 кастрычніка 1937 года асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў мінскай турме НКУС («амерыканка») у ноч масавага расстрэлу беларускіх дзеячаў з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Аўтар 5 зборнікаў паэзіі, шэрагу паэм. У 1959 годзе выйшлі Выбраныя творы, у 1984 годзе – зборнік вершаў і паэм «Вежа».

Перакладчык з рускай, нямецкай, французскай моў. Пераклаў раман «Еўгеній Онегін» і некаторыя творы А. Пушкіна, А. Блока, Ё.Гётэ, С.Ясеніна і іншых.

У гонар паэта названа вуліца ў Мінску (раён Лошыца).

 1907 год. Нарадзіўся Анатоль Шыбнёў. 

Беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Сын мастака Даміяна Шыбнёва, бацька мастака Яўгена Шыбнёва.

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе і накіраваны на працу ў Брэст (1940).

З 1944 года жыў і працаваў у Мінску. Удзельнік мастацкіх выставак з 1936 года. Працаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.

Памёр 19 сакавіка 1990 года.

1914 год. Негалоснае Каляднае перамір’е на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. 

Сімвалічны момант чалавечнасці на фоне адной з самых драматычных падзей сучаснай гісторыі. Выпадкі кароткага, але даволі шырока распаўсюджанага неафіцыйнага спынення баявых дзеянняў, якія мелі месца на Заходнім фронце на куццю (вягілія, сочельник) і на Каляды.

За тыдзень да Калядаў частка англійскіх і германскіх салдат пачалі абменьвацца каляднымі віншаваннямі і песнямі праз акопы. У асобных выпадках напружанасць была зніжана да такой ступені, што салдаты пераходзілі лінію фронту, каб пагаварыць са сваімі супернікамі і абмяняцца з імі падарункамі. 

На Куццю і Каляды салдаты абодвух бакоў, а таксама, у меншай ступені, французы, самастойна выходзілі на нейтральную паласу, дзе змешваліся, абменьваючыся прадуктамі харчавання і сувенірамі. Праводзіліся таксама сумесныя цырымоніі пахавання загінулых, некаторыя сустрэчы заканчваліся сумеснымі каляднымі спевамі. 

Войскі абодвух бакоў бывалі настолькі прыязныя адзін з адным, што часам нават гулялі паміж сабой у футбол на нейтральнай паласе.

 1915 год. У в. Каменка Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Трухан. 

Эканомгеограф, кандыдат геаграфічных навук, прафесар.

З 1949 года з невялікімі перарывамі працаваў у БДУ: заснавальнік і загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі СССР, дэкан геаграфічнага факультэта. Рэктар Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (1962-1965), дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (1965-1967).

Аўтар больша за 100 навуковых прац, якія ў асноўным прысвечаны пытанням размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнай геаграфіі Беларусі, геаграфіі гаспадаркі Гомельскай вобласці, Беларускага Палесся, асобных эканамічных раёнаў і рэспублік СССР. Прымаў удзел у складанні першага Атласа БССР (1958).

Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана некалькі дзесяткаў аспірантаў, 6 кандыдатаў і 2 доктары навук (С. Сідор, І. Пірожнік).

Памёр 16 чэрвеня 2000 года.

1932 год. Урачыстае адкрыццё магілёўскага кінатэатра “Чырвоная Зорка” і прагляд першай гукавой кінапраграмы “Пераварот” рэжысёра “Беларусьфільм” Юрыя Тарыча. 

Дэманстрацыя ажыццяўлялася на апараце фірмы “Патэ” – самай вядомай на той момант у свеце.

Першае знаёмства жыхароў Магілёва з дзіўным светам кіно адбылося 10 жніўня 1903 года. Першы стацыянарны “сінематограф” атрымаў у Магілёве пастаянную прапіску ў 1909 годзе, калі на Дняпроўскім праспекце (зараз вуліца Першамайская), 42 адчыніўся тэатр «электрабіёграф» пад назвай «Чары». Сама назва ўжо падкрэслівала “фантастычны” характар незвычайнага відовішча – кіно. Будынак кінатэатра “Чары” у 1930-1932 гадах быў рэканструяваны і стаў належыць “Чырвонай Зорцы”.

1942 год. У канцлагеры Трасцянец загінуў Вінцэнт Гадлеўскі. 

Беларускі грамадскі дзеяч і публіцыст.

Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік Усебеларускага з’езда. Член Рады БНР.

У 1920-я гады шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю на Віленшчыне, за якую арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў асуджаны на 2 гады турмы.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет. Заснаваў газету «Беларускі фронт».

За крытыку нямецкай палітыкі ў дачыненні да беларускага народа быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і адпраўлены ў канцлагер Трасцянец.

1982 год. Адкрыты Магілёўскі мастацкі музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі. 

Філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIIІ стагоддзя. Экспазіцыя музея знаёміць з жыццём і творчасцю беларускага мастака, акадэміка жывапісу В. Бялыніцкага-Бірулі. Фонд музея налічвае 114 твораў жывапісу, 39 прадметаў этнаграфіі і побыту, 81 адзінку фотаматэрыялаў. Агульная плошча музея 712 м², плошча экспазіцыйных памяшканняў 484 м².

У мансардзе музея знаходзіцца выставачная зала, дзе адбываюцца выстаўкі выяўленчага мастацтва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Саюза мастакоў Беларусі, дзіцячай творчасці.

1997 год. Памёр ураджэнец в. Галачоўка Чавускага раёна Міхал Манышаў. 

Вядомы савецкі і беларускі географ, педагог-дэфектолаг, аўтар сусветна вядомых падручнікаў па геаграфіі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Заслужаны настаўнік БССР.

Скончыў Чавускую сямігодку, Княжыцкую (Магілёўскі раён) школу рабочай моладзі, Шклоўскую школу ФЗН, геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута (1940). Удзельнік абароны Магілёва (1941), вызвалення Польшчы, Прагі, узяцця Берліна.

Настаўнічаў ў школах Клімавіцкага, Бялыніцкага, Чавускага, Магілёўскага раёнаў, быў інспектарам школ Чэрыкаўскага раёна, намеснікам дырэктара Мсціслаўскага педвучылішча (1945–1948), Мсціслаўскай спецыялізаванай школы глуханямых дзяцей (1948–1976).

Аўтар спецыялізаваных падручнікаў, распрацоўшчык шэрагу пытанняў дэфекталогіі, аўтар падручнікаў па прыродазнаўству (3-6 класы), геаграфіі (6–9 класы), якія ў розны час былі перакладзены на шматлікія мовы народаў СССР, Еўропы.

Левы папуліст, былы вясковы настаўнік арыштаваны за спробу стаць дыктатарам Перу – прэзідэнтам дзяржавы ўпершыню стала жанчына

Прэзідэнт Пэдра Кастыльо каб пазбегнуць імпічменту вырашыў зрабіць ваенны пераварот, распусціць парламент і ўсталяваць дыктатуру. Аднак паліцыя і армія засталіся вернымі канстытуцыі і арыштавалі яго.

Да змены ўлады прывялі канфлікт паміж Кастыльо і парламентам, які кантралююць яго апаненты – правыя партыі. Спробу распусціць парламент Кастыльо прадпрыняў усяго за некалькі гадзін да таго, як заканадаўцы павінны былі галасаваць па працэдуры яго імпічменту. Тады Кастыльо паведаміў, што распускае парламент, што выклікала шок у краіне. Аднак перуанская паліцыя і ўзброеныя сілы ў сумесным заяўленні падкрэслілі, што будуць паважаць канстытуцыю краіны.

Прэзідэнт Пэдра Кастыльо, чые прыхільнікі выйшлі на вуліцу і арганізавалі сутыкненні з паліцыяй, уцёк са свайго палаца і спрабаваў укрыцца ў пасольстве Мексікі, але быў затрыманы. Вестка пра няўдалую спробу ваеннага перавароту ў Перу ўскалыхнула інфармацыйныя агенцтвы свету, бо змена ўлады адбылася менш чым за суткі. 

Перу перажывае палітычную нестабільнасць ужо не першы год. У 2020 годзе ў краіне ўсяго за пяць дзён змянілася тры прэзідэнты, а з 2016-га змянілася ўжо шэсць лідараў дзяржавы.

Тым часам парламент у якасці часовага лідэра прывёў да прысягі дзеючага віцэ-прэзідэнта Дзіну Болуартэ, якая неадкладна заклікала да палітычнага перамір’я ў інтарэсах пераадолення нацыянальнага крызісу. Яна стала першай жанчынай-прэзідэнтам Перу.

Шлях былога прэзідэнта ад народнага лідара да няўдалага дыктатара і крымінальніка аказаўся вельмі кароткім. Кастыльо – прыхільнік левых ідэй і школьны настаўнік – быў абраны прэзідэнтам Перу ў чэрвені 2021 года. 

У час перадвыбарчай кампаніі ён пераканаў сваіх прыхільнікаў у тым, што «у багатай краіне больш не будзе бедных». Сам Кастыльо паабяцаў, што адмовіцца ад прэзідэнцкай зарплаты і будзе, як і раней, жыць на настаўніцкія даходы. Аднак у час праўлення супраць яго высунулі абвінавачанні ў карупцыі, якія прэзідэнт абвяргаў і называў часткай замовы па яго адхіленні ад улады.

Такім чынам, у Перу адбылася вельмі знаёмая гісторыя. Левы папуліст карыстаючыся падтрымкай бедных аграрыяў стаў прэзідэнтам і пачаў усталёўваць дыктатуру. Паколькі ў краіне мелася легальная апазіцыя, спроба аказалася няўдалай, а на змену яму ўпершыню ў гісторыі краіны прыйшла жанчына. 

На фота: Адхілены прэзідэнт Перу (на фота – злева) пасля імпічменту паўстаў перад пракурорамі.

Рыгор Кастусёў напісаў Лукашэнку адкрыты ліст

Асуджаны на 10 гадоў зняволення старшыня партыі БНФ накіраваў на імя Аляксандра Лукашэнкі адкрыты ліст, у якім выказаўся пра сваю поўную невінаватасць. 

– Як старшыня Партыі БНФ я быў запрошаны для ўдзелу ў ЗУМ-канферэнцыях экспертна-аналітычнага характару, дзе мелася адбыцца абмеркаванне пытання санкцыйнай палітыкі краін Захаду ў дачыненні да Беларусі. Як паслядоўны праціўнік санкцый супраць нашай краіны, я пагадзіўся ўдзельнічаць, каб данесці сваю пазіцыю. – сказана ў дакуменце.

Кастусёў адзначае, што толькі пасля арышту яму стала вядома пра сапраўдныя намеры іншых удзельнікаў што да падрыхтоўкі дзяржперавароту.

– Нажаль, мая пазіцыя і аргументы не былі пачутыя як падчас папярэдняга, так і судовага следства. У выніку я атрымаў пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення свабоды. Тым не менш, я настойваю на сваёй поўнай невінаватасці паводле прад’яўленага абвінавачання і ў дадзены момант накіраваў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд”. – перадае Sputnik.by словы Рыгора Кастусёва.

Магілёў.media пісалі пра асуджэнне старшыні партыі БНФ на 10-гадовага тэрміну, а таксама пра тое, што падчас судовага працэсу палітык адпрэчыў абвінавачванні ў змове дзеля захопу ўлады.

фота: аккаунт Григория Костусева в Facebook