Сусветны дзень барацьбы супраць гепатыта (World Hepatitis Day, з 2008 года).
Праводзіцца па ініцыятыве Міжнароднага альянсу па барацьбе з гепатытам у гонар дня нараджэння амерыканскага лекара Баруха Блумбэрга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі, які адкрыў вірус гепатыта B.
Гепатыт – віруснае захворванне печані, якое наносіць зруйнавальны ўдар па ўсім арганізме. Захворванне прызнана глабальна небяспечнай праблемай аховы здароўя. На гепатыт віруснай мадыфікацыі хварэе больш за 2 мільярды чалавек – кожны чацвёрты жыхар Зямлі.
У гэты дзень ладзяцца асветніцкія акцыі, прафілактычныя мерапрыемствы: правядзенне дыягностыкі, вакцынацыя.
Гепатыты B і C у сукупнасці штогод забіраюць жыцці да 1,5 мільёнаў чалавек. А на фоне пандэміі COVID-19 колькасць смерцяў ад віруснага гепатыту павялічылася.
2348 год да н.э. Ной упершыню адчыніў акно ў каўчэгу і паслаў галубку на пошукі зямлі.
Вада меншала да 10-га месяца. У 11-ы месяц, у 1 дзень Ной адчыніў вакенца, і паслаў крумкача, каб даведацца, ці адступіла вада. Птушка накінулася на целы мёртвых і не вярнулася да Ноя.
Ной паслаў галубку. Яна, не знайшоўшы апоры нагам сваім, палятала і вярнулася да Ноя. Праз 7 дзён, другі раз даслаў галубку. Птушка вярнулася да Ноя і прынесла ў дзюбе галінку алівы. Так Ной зразумеў, што адступіла вада. Яшчэ праз 7 дзён, паслаў галубку, і яна не вярнулася ў каўчэг, бо сышла вада з улоння зямлі. Ной жа дабраславіў птушку, хай будзе чыстай і наймудрэйшай сярод усіх птушак. Крумкача ж пракляў, залічыў да нячыстых птушак.
Было Ною 601-е лета яго жыцця. Працягваўся патоп на зямлі 20 месяцаў.
Праваслаўныя цэрквы шануюць памяць роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Дзень хрышчэння Русі.
Хрышчэнне адбылося ў 988 годзе.
Лічыцца, што полацкія крывічы хрысціліся ў Дзвіне, радзімічы – у Блакітнай Крыніцы.
1586 год. У Англію з Калумбіі сэрам Томасам Хэрыётам прывезены клубні бульбы.
На Беларусь бульбу (гульбу) ў Гродна завезлі ў 1600-я гады шатландцы, а распаўсюджвацца яна пачала па ВКЛ з 1664 года з Бярозы – уладанняў Францішка Сапегі.
Бульба выратавала беларусаў ад голаду пасля вайны 1654-1667 гадоў.
Прыніжальная назва беларусаў “бульбаш” з боку рускіх спачатку адносілася толькі да ўніятаў, потым – да навабранцаў з літоўска-беларускіх губерняў.
У Расійскай імперыі па пасяўных плошчах і зборах бульбы выдзялялася Магілёўская губерня.
У СССР беларусы больш за іншых вырошчвалі і спажывалі бульбу. Хаця бульба – адзін з сімвалаў Беларусі, яе часта імпартуюць з Афрыкі, Азіі.
1812 год. Нарадзіўся Юзаф Крашэўскі (1812-1887).
Беларускі і польскі пісьменнік, “польскі Дзюма”.
Гісторык, фалькларыст, рэдактар, выдавец, публіцыст, музыка, мастак, акадэмік. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы, аўтар больш за 600 тамоў твораў.
У Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы. Паўплываў на творчасць шматлікіх аўтараў, у тым ліку Э. Ажэшкі, Я. Купалы.
1890 год. Нарадзіўся Язэп Рэшаць (1890-1958).
Дзеяч беларускай эміграцыі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, навуковец, пісьменнік, драматург і публіцыст.
Доктар філасофіі і тэалогіі. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.
У 1938 годзе выехаў у ЗША да ксяндза Яна Тарасевіча ў Ліс-Ілінойс каля Чыкага, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў.
Аўтар рэлігійных і навуковых кніг “З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі”, “Сьвятыя”, “Асновы хрысціянскай веры для беларускага народа”, “Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў”. Адзін з распрацоўшчыкаў статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў.
Пад псеўданімам Язэп Рушчанец выдаў п’есы “Першыя Ластаўкі”, “Зорка-ідэя”.
1897 год. Памёр Янка Лучына (Неслухоўскі, 1857-1897).
Беларускі паэт, перакладчык.
Псеўданімам Лучына падпісваў толькі творы на беларускай мове. Пісаў на польскай, рускай, беларускай мовах і ў розных жанрах.
Аўтар аднаго з першых твораў пра паўстанне 1863-1864 гадоў.
1914 год. Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі.
Пачалася Першая сусветная вайна (28 ліпеня 1914-11 лістапада 1918), якая знішчыла чатыры вялікія імперыі Старога Свету – Германскую, Расійскую, Аўстра-Венгерскую і Асманскую.
У 38 краінах-удзельніцах загінула 10 млн. чалавек. Страты Беларусі склалі ад 600 тысяч да 1 мільёна жыхароў.
Магілёў з 1915 да 1918 года з’яўляўся ваеннай сталіцай Расіі, у 1915-1917 гадах знаходзілася царская Стаўка.
1917 год. У Магілёў прыбыў новы галоўнакамандуючы рускімі ўзброенымі сіламі генерал Л. Карнілаў.
Разагнаў усе мясцовыя “саветы” і партыі, закрыў газету “Молат”, навёў парадак у вайсковых часцях.
1920 год. Памёр Алесь Гарун (Прушынскі, 1887-1920).
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч.
Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года, сустваральнік БНР, рэдактар газеты «Беларускі шлях», адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай арміі.
У 1907 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць, асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працаваў у Іркуцкай губерні, на баржы на рацэ Лене, на залатых прыісках у Якуціі.
Публікаваўся ў газеце «Наша ніва». Аўтар вершаў, паэм, паэтычных водгукаў на вершы сучаснікаў, зборніка «Матчын дар», які з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў ХХ стагоддзя.
Памёр у Кракаве па дарозе на курорт Закапанэ.
У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.
1944 год. Часцямі 1-га Беларускага фронта маршала К. Ракасоўскага ад нямецкіх войск вызвалены Брэст.
Беларусь цалкам вызвалена з-пад варожай акупацыі.
1945 год. Нарадзіўся Рыгор Белацаркоўскі.
Беларускі акцёр, Народны артыст.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
З 1985 года працуе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, вядучы акцёр.
1997 год. Памёр Лявон Луцкевіч (1922-1997).
Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст.
Сын прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча.
Скончыў Віленскую беларускую гімназію.
У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі.
Арыштаваны НКДБ у Польшчы ў канцы 1945, быў асуджаны на судовым працэсе над кіраўніцтвам Беларускай Незалежніцкай Партыі.
У 1988 годзе стварыў віленскае беларускае культурнае таварыства. З канца 1980-х г. актыўна падтрымліваў беларускі адраджэнскі рух. Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.
2000 год. У Катыні пад Смаленскам адкрыты мемарыял польскіх і расійскіх ахвяр НКУС – першы ў Расіі міжнародны помнік ахвярам сталінізму.
Адкрыты да 60-годдзя расстрэлу палонных афіцэраў польскага войска – усяго 21 857 чалавек, у тым ліку ўраджэнцаў Беларусі.
У 2010 годзе пад Катынню адбылася авіакатастрофа, у якой загінула польская дэлегацыя на чале з Прэзідэнтам Польшчы, якая ляцела на 70-годдзе Катынскага расстрэлу. Расійскія ўлады зараз імкнуцца да закрыцця мемарыяла.
2007 год. У Шклове адкрыты помнік агурку.
Аўтар помніка скульптар Андрэй Вараб’ёў.
Шклоў – рэгіянальная агурковая сталіца, радзіма самага смачнага ў свеце, смарагдава-зялёнага і пурпурна-хрумсткага агурка.
З 2006 года ў Шклове ладзяць сваё свята – Дзень агурка.