Шаленне на ваенную тэматыку становіцца прыкметнай рысай магілёўскай глыбінкі. Mogilev.media не змаглі прайсці міма абсурдных карцінак з гарадской прасторы раённых цэнтраў.
Ці не кожны раённы цэнтр Магілёўшчыны можа пахваліцца сваімі недарэчнымі і абсурднымі лакацыямі. Напрыклад, незабыўнае ўражанне пакідае выгляд Касцюковіцкага краязнаўчага музея, які больш падобны на непрыступную фартэцыю, што рыхтуецца да абароны, чым на ўстанову культуры. Музей “ахоўваюць” дзве гарматы, адзін танк і тры бронемашыны. Ад вайсковага аб’екта ўстанову культуры адрознівае толькі надпіс “Краязнаўчы музей”, хоць і ён у спалучэнні з вайсковай тэхнікай глядзіцца абсурдна.
А вось у Слаўгарадзе вырашылі нестандартна “ўпрыгожыць” уваход на тэрыторыю мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Перад уваходам на тэрыторыю паставілі імправізаванае жалезнае дрэўца з інсталяцыяй – савецкія каскі, фрагменты зброі і снарадаў часоў Другой сусветнай вайны.
Сюррэалістычна і абсурдна выглядае пляцоўка каля аўтастанцыі ў Крычаве – самаходка “СУ-100” каля стэлы “Манумент Міра”. Мясцовыя ўлады планавалі, што гэта месца стане гарадской адметнасцю, а атрымаўся шок-кантэнт.
Вішанька на торце – слаўгарадскі партызан у “доміку” на загалоўным фота. Ды там і ўвесь дзіцячы парк – той яшчэ трэш, пра які пісалі mogilev.media
За мінулыя суткі на Магілёўшчыне адбыліся некалькі пажараў. Гарэлі дамы ў Магілёўскім, Бабруйскім, Асіповіцкім раёнах, пажар у Касцюковіцкім раёне скончыўся трагедыяй. Тут у аграгарадку Белая Дуброва ратавальнікі выявілі цела пенсіянера 1954 года нараджэння. Як паведамілі родныя ахвяры і сацыяльны работнік, мужчына часта кідаў запалкі міма сметніцы. Верагодна, гэта і стала прычынай пажару – адзначае прэс-служба МНС.
У Магілёве 21-гадовы мантажнік “Будаўнічага трэста №12” атрымаў апёкі 12% цела на вытворчасці. Ён мыў рукі растваральнікам, і адначасова курыў – у выніку лёгкаўзгаральная вадкасць успыхнула на ім.
Пракуратура Касцюковіцкага раёна ўстанавіла, што ў раёне не прынята вычарпальных мер па выпраўленні сітуацыі ў жывёлагадоўлі – паведамляе golk.by.
Нягледзячы на адсутнасць негатыўнай дынамікі, у студзені 2023 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна адбыўся падзёж 42 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 12 па прычынах безгаспадарлівасці.
Гэта адбываецца з прычыны грубых парушэнняў умоў кармлення, утрымання, вакцынацыі, лячэнні жывёлы, жахлівага стану памяшканняў.
У прыватнасці ўстаноўлена, што на філіяле № 1 “Цэмагра” Беларускага цэментнага завода дапускаюцца грубыя парушэнні тэхналагічных рэгламентаў для жывёлагадоўлі, адсутнічае эфектыўнае выкарыстанне сховішчаў травяных кармоў, 12 рулонаў сена на 276 рублёў згнілі.
Службовымі асобамі парушаліся нормы ветэрынарнай дзейнасці пры пахаванні і знішчэнні трупаў жывёл, прадуктаў жывёльнага паходжання, ветэрынарна-санітарных правілаў, што дазваляла жывёлам пранікаць на тэрыторыю жывёламагільніка.
Пракурор раёна вынесены прадпісанні ў адрас гендырэктара Беларускага цэментнага завода аб устараненні парушэнняў заканадаўства і кампенсацыі прычыненага ўрону.
Праверка Камітэта дзяржкантроля выявіла ў Касцюковіцкай раённай бальніцы незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму ў 200 000 рублёў – паведамляе “Голас Касцюкоўшчыны”. Гэта стала вынікам парушэнняў пры налічэнні заработнай платы, некампенсацыі ў поўным аб’ёме бюджэтных расходаў пры аказанні платных паслуг, і нават залішняй выдачы малака пры рабоце са шкоднымі ўмовы працы.
Зараз Дзяржкантроль высвятляе вінаватых і вызначае парадак вяртання сродкаў у бюджэт.
1836 год. Сэмюэл Кольт атрымаў у ЗША першы патэнт на аўтаматычны рэвальвер.
Гэта быў 6-зарадны рэвальвер 45-га калібра, хуткастрэльнасць якога ў пяць разоў перавышала хуткастрэльнасць “папярэднікаў”. Праз 10 дзён Кольт адчыніў уласную вытворчасць.
Інавацыя Кольта заключалася ў тым, што ён “укараніў” у рэвальвер сістэму вярчэння барабана, які па чарзе падстаўляў пад баёк некалькі загадзя зараджаных патронаў.
“Аўраам Лінкальн даў людзям свабоду, а палкоўнік Кольт зраўнаваў іх шанцы”.
1875 год. Нарадзіўся Рыгор Міранскі.
Беларускі майстар мастацкай фатаграфіі, адзін з піянераў беларускай мастацкай фатаграфіі, першых фотарэпарцёраў Мінска, служачы пажарнай аховы.
Яго творчасць – частка культурнай спадчыны Беларусі. «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска» (1913).
Быў уладальнікам фотаатэлье ў цэнтры Мінска, Слуцку. Служыў у пажарнай ахове шэраговым, начальнікам атрада трубнікаў.
Экспанаваў фатаграфіі прафесійнай тэматыцы ў Пецярбургу, Зальцбургу.
У савецкі час працаваў намеснікам старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства.
Працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, архітэктурнай фатаграфіі, фотарэпартажа.
Зрабіў шмат фотавыяў гарадской забудовы Мінска, выканаў серыю твораў з выявамі разбураных падчас польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках.
Яго фатаграфіі выкарыстоўваліся для вытворчасці паштовак, якія выходзілі серыямі з некалькіх дзясяткаў сюжэтаў.
Фатаграфічныя творы знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, музеі Максіма Багдановіча ў Гродна, у прыватных зборах.
Памёр пасля 1926 года.
1879 год. Нарадзіўся Гасан Канапацкі.
Беларускі ваенны і нацыянальны дзеяч, палкоўнік, камандзір беларускіх ваенных часцей ў польскім войску (1919–1921).
Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання.
Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу. Служыў у Мінску, на Далёкім Усходзе, Калузе. Удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах руска-японскай вайны, у Першай сусветнай вайне, палкоўнік. За гераізм стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу.
У верасня 1919 года кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, кіраваў рэдакцыяй часопіса «Беларускі радны».
У 1941–1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».
У чэрвені 1946 года разам з сям’ёй выехаў у польскі Быдгашч, дзе і памёр 11 мая 1953 года.
1909 год. Нарадзіўся Сяргей Дарожны.
Беларускі паэт, грамадскі і культурны дзеяч.
Выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі – аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча.
Аўтар вершаў, кніг паэзіі. Член літаб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Выключаўся з БДУ «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, але пазней аднавіўся.
Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, часопісаў, на радыё, адкуль быў звольнены за «сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак.., паклёп на палітыку партыі на вёсцы».
Арыштаваны ДПУ у жніўні 1936 года, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за быццам бы падрыхтоўку замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу.
Загінуў 19 ліпеня 1943 года ў ГУЛАГу на будаўніцтве Камсамольска-на-Амуры.
1910 год. Адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні.
Праходзіла ў клубе чыгуначнікаў. Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю беларускага прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва.
Арганізавана А. Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газеты «Наша ніва». Удзельнічала каля 100 чалавек, прысутнічала каля 1 000 гледачоў.
У праграме спектакль «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага (пастаноўка А. Бурбіса), харавыя творы «А хто там ідзе?» (музыка Л. Рагоўскага на словы Я. Купалы), «Чаму ж мне не пець» і іншыя беларускія народныя песні (дырыжор Л. Рагоўскі), народныя танцы пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага, якія мелі каласальны поспех.
1935 год. Нарадзіўся Генадзь Лыч.
Вучоны ў галіне эканомікі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі беларускі вучоны ў галіне эканомікі, публіцыст. Акадэмік акадэміі навук, доктар эканамічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.
Працаваў у сістэме Мінлясгаса БССР, Мінвадгаса СССР, першым намеснікам дырэктара БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Дзяржаграпрома БССР, дырэктарам Інстытута эканомікі Акадэміі навук, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, у Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі.
Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій.
Прымаў удзел у правядзенні фундаментальных эканамічных даследаванняў па сацыяльна-эканамічных праблемах забеспячэння экалагічнай бяспекі жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку мінімізацыі негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
З 2009 г. займаўся даследаваннем праблем аграрнай эканомікі.
1947 год. Нарадзіўся Яўген Шатохін.
Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».
Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах.
Аўтар шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Peronne – ville sur Somme», «Chemin de mémoire», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».
Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медалём Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,
Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска,Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.
Памёр 22 студзеня 2012 года ў Пінску.
У маі 2018 года Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» прапанавала ўладам Пінска і мясцоваму Савету дэпутатаў надаць імя Яўгена Шатохіна гарадской мастацкай школе. Ініцыятыва не атрымала падтрымку чыноўнікаў.
1953 год. Нарадзіўся Васіль Касцючэнка.
Беларускі мастак-жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Валагодскай карціннай галерэі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.
Персанальныя выставы праходзілі ў шведскай Galleri Kretsen, у Вільнюсе, Гродна, Маскве, Мінску.
1956 год. Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў выступіў з сенсацыйным дакладам “Аб кульце асобы і яго наступствах”.
Чатырохгадзінны выступ адбыўся на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС, аб’яўленая праграма якога была ўжо вычарпана.
У пачатку сакавіка даклад быў разасланы ў партыйныя арганізацыі ў выглядзе брашуры з грыфам “не для друку”: меркавалася, што з яго зместам азнаёмяцца толькі камуністы. Аднак ужо 16 сакавіка змест “сакрэтнага” дакладу пераказала “Нью-Ёрк Таймс”, а 4 чэрвеня яго поўны тэкст апублікаваў дзярждэпартамент ЗША – праўда, СССР не прызнаў сапраўднасць гэтага тэксту.
У СССР даклад Хрушчова быў упершыню адкрыта надрукаваны толькі праз 33 гады пасля таго, як ён прагучаў са з’ездаўскай трыбуны, у 1989 годзе, а ў эйфарычную эпоху гарбачоўскай галоснасці яго апублікаваў часопіс “Известия ЦК КПСС”.
1957 год. У в. Іванаўка Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў.
Беларускі паэт, эсэіст.
Працаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Вожык», сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР.
Аўтар вершаў, шэрагу кніг паэзіі, кніг для дзяцей, сатырычных твораў, нарысаў, эсэ, перакладаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.
Па словах прафесара А. Бельскага, А. Пісьмянкоў з’яўляецца „паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання“, які вызначаўся надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага глыбокага роздуму».
Галоўны герой паэта – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, які адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна, які ганарыцца прыналежнасцю да зямлі Беларусі.
Па меркаваннях крытыка В. Русілкі “…для А. Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі”.
Неаднаразова выступаў з вершамі на розных пляцоўкаў у Магілёве.
Памёр 23 красавіка 2004 года ў Мінску на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу.
1959 год. Памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог.
Аўтар эскіза сучаснага бел–чырвона–белага сцяга.
У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.
Працаваў у Белнацкаме, у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.
Эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас), дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком. Адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак».
Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.
Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.
У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.
У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.
Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.
1960 год. Пайшла з жыцця Уладзіслава Луцэвіч (Станкевіч).
Беларуская літаратуразнаўца, стваральніца музэю Я.Купалы, жонка Янкі Купалы (з 1916 года). Заслужаны дзеяч культуры.
Скончыла Віленскую гімназію, педагагічныя курсы ў Варшаве. Працавала выхавацелькай дзіцячага прытулку ў Вільні. Разам з Алаізай Пашкевіч стварыла некалькі нелегальных беларускіх школ.
За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы прыцягвалася да суда. Прапагандавала беларускую літаратуру, друкавала вершы ў «Нашай ніве».
3а савецкім часам працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацелькай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё.
Стваральніца і дырэктар (1944–1960) Літаратурнага музея Янкі Купалы.
Складальніца зборнікаў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы «Янка Купала», «Любімы паэт беларускага народа», «Янка Купала ў беларускім мастацтве», «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы».
Аўтарка артыкулаў і ўспамінаў пра Янку Купалу, успамінаў пра Зм. Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі», склала «Дашкольны спеўнік», «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх», апрацоўвала народныя казкі.
1990 год. На плошчы Леніна ў Мінску адбыўся выбарчы мітынг Беларускага Народнага Фронта.
У ім бралі ўдзел да 100 000 чалавек. Мітынг закончыўся паходам да будынка рэспубліканскага тэлебачання, кіраўніцтва якога па патрабаванні мітынгоўцаў прадаставіла прамы эфір лідарам Фронту.
Аднак апарат КПБ(б) кантраляваў выбарчыя камісіі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Камуністычная партыя, адміністрацыйныя структуры вялі кампанію, скіраваную супраць кандыдатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Кандыдаты ад Беларускага дэмакратычнага блока вылучаліся ў 150 акругах з 310, з іх сталі дэпутатамі 60 чалавек.
Пра тое, што камяніца з багатым дэкорам у Касцюковічах была знішчана, рупліўцы даведаліся толькі па зменах на Google-мапах.
У Касцюковічах да верасня 2019 года незаўважна для ўсіх знішчылі руінаваную гістарычную камяніцу з вельмі складаным і багатым дэкорам фасадаў – піша Telegram-канал aktahon. Будынак размяшчаўся па адрасе Юнацкая вуліца, 16, недалёка ад цэнтральнай плошчы. Знос быў выяўлены выпадкова пры аналізе спадарожнікавых здымкаў у Google Earth.
Фотаздымкаў страчанай архітэктурнай каштоўнасці захавалася вобмаль, і ўсе яны – дзесяцігадовай даўніны. Будынак не ўваходзіў у спіс прызнаных дзяржавай гісторыка-культурных помнікаў. Але гэта агульная бяда ўсіх гістарычных аб’ектаў у Касцюковіцкім раёне – у Дзяржаўны спіс тут унесены толькі дзве брацкія магілы (якія і так знаходзяцца пад аховай паводле іншых заканадаўчых актаў).
“То бок на тэрыторыі ўсяго раёна не знайшлося ніводнага пацверджання жыцця людзей: ні археалагічных помнікаў, ні архітэктурных. – са скрухай піша aktahon – Тут людзі выключна паміралі. Толькі да такой высновы можна прыйсці, праглядаючы аб’екты, унесеныя па гэтым раёне ў Спіс.”
Мясцовую “Блакітную крыніцу” адродзяць каля вёскі Клеявічы Касцюковіцкага раёна – піша golk.by. 24 лютага будзе праведзена экалагічная акцыя, далучыцца да якой Беладубраўскі сельвыканкам запрашае ўсіх неабыякавых.
Па ваду з мясцовай крыніцы прыязджаюць жыхары з усёй акругі. Вада тут заўсёды смачная і чыстая, па сваім хімічным складзе яна вельмі падобная на ваду з Блакітнай крыніцы пад Слаўгарадам. Вада адпавядае ўсім санітарным нормам і прыдатная для піцця.
Па падліках старшыні Беладубраўскага сельвыканкама М. Кажамякіна, добраўпарадкаванне крыніцы адным днём не абмяжуецца, бо трэба высекчы вакол дзікарослыя хмызнякі, зрабіць падсыпку грунта і выраўняць пляцоўку, уладкаваць стаянку для аўтамабіляў, усталяваць лаўкі, сталы, падстрэшкі. А яшчэ ў планах – будоўля хрысцільні.
31-гадовы жыхар Касцюковіцкага раёна здзейсніў крадзёж электрарухавіка на малочна-таварнай ферме, дзе працаваў жывёлаводам. Гэта адбылося яшчэ ў красавіку 2022 года і з таго часу мужчына знаходзіўся пад падпіскай аб невыездзе і добрых паводзінах. У жніўні 2022 года ён, аднак, уцёк у Расію. У дачыненні да яго завочна абралі меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту і аб’явілі вышук. У верасні 2022 года мужчына быў затрыманы ў Расіі і экстрадаваны ў Беларусь. Цяпер яму прызначаны штраф у 40 базавых велічынь – піша “Родная ніва”.
Ёсць альтэрнатыва – траса пройдзе праз Чавусы або ў абыход.
У Чавускім раёне правялі папярэдняе інфармаванне грамадзян аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па рэканструкцыі аўтадарогі Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы, паведамляе газета “Іскра”.
Калі дарога будзе рэканструявана, то яна пераўтворыцца ў чатырохпалосную шашу.
Планам-графікам па правядзенню ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, рашэнне па рэканструкцыі аб’екта павінна быць прынята не пазней за 31 мая 2023 года
Пры абмеркаванні рэканструкцыі плануецца і разгляд «праектнай» альтэрнатывы. Прапануюцца два варыянты праходжання трасы на ўчастку 40,2 км – 52,6 км існуючай аўтадарогі: альбо траса праходзіць праз Чавусы па існуючым напрамку з павелічэннем радыусаў да гранічна дапушчальных у плане, альбо траса праходзіць у абыход Чавусаў з паўднёвага боку на выдаленні каля 5,5 км ад цэнтра горада.
На аўтадарозе Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы рэспубліканскага значэння плануецца рэканструкцыя ўчастка з чатырма палосамі руху. Акрамя пашырэння дарогі плануецца ўладкаванне транспартных развязак і шмат іншага.
У Касцюковічах хутка з’явіцца другі ў горадзе элетрадом, паведамляе рэсурс golk.by.
Плануецца ўвод 40 кватэр агульнай плошчай 2488 квадратных метраў у пяціпавярховіку па вуліцы Камсамольскай. Дом будзе абсталяваны ліфтам, а ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне и кухонныя пліты будуць працаваць толькі ад электраэнергіі. У новабудоўлі прадугледжана сацыяльнае і арэнднае жыллё.
Акрамя гэтага, у 2023 годзе ў раённым цэнтры будзе праведзены капітальны рамонт жылых дамоў па вуліцах Ленінская, 123 і Мікрараён Маладзёжны, 30. Капітальны рамонт чакаюць у бягучым годзе трохпавярховы дом у аграгарадку Шарэйкі.