68 кіламетраў чавускай трасы плануюць рамантаваць амаль 25 гадоў

З Апавяшчэння аб грамадскіх абмеркаваннях аб’екта «Аўтамабільная дарога Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы», якое размешчана чавускай раённай газетай “Іскра”, сталі вядомымі тэрміны рэканструкцыі трасы. 

Рэканструкцыі падлягае ўчастак трасы Р-122  ад 13,508 км да 81,480 км (амаль 68 км), які праходзіць па тэрыторыі Магілёўскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў.

Уражваюць запланаваныя тэрміны ажыццяўлення дзейнасці: 1 этап –  з 13-га па 44 кіламетры – з уводам у эксплуатацыю ў 2027 годзе, 2 этап – з 44-га кіламетра па 81-шы – з уводам у эксплуатацыю ў 2036 годзе. 3 этап – узвядзенне абходу г. Чавусы – з уводам у эксплуатацыю ў 2047 годзе. Атрымліваецца, што агулам будаўніцтва 68 кіламетраў трасы і аўтаабхода Чавус расцягнецца на 24 гады.

Неверагодна, але факт – на працягу 10-13 гадоў будаўнікі плануюць рамантаваць участак у 37 км (ад 44 да 81), або па 3 км на год.  

Пакуль Р-122 будзе рэканструявацца, у свеце ўжо будуць іншыя транспартныя сродкі, іншыя транспартныя шляхі, інўшыя будаўнічыя тэхналогіі. І наогул невядома, колькі застанецца насельніцтва у Чавусах, Чэрыкаве да сярэдзіны ХХІ стагоддзя.

Фота з адкрытых крыніц, носіць ілюстрацыйны характар

Будаўніцтва чатырохпалоснай шашы абмяркуюць у Чавускім раёне

Ёсць альтэрнатыва – траса пройдзе праз Чавусы або ў абыход.

У Чавускім раёне правялі папярэдняе інфармаванне грамадзян аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па рэканструкцыі аўтадарогі Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы, паведамляе газета “Іскра”. 

Калі дарога будзе рэканструявана, то яна пераўтворыцца ў чатырохпалосную шашу. 

Планам-графікам па правядзенню ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, рашэнне па рэканструкцыі аб’екта павінна быць прынята не пазней за 31 мая 2023 года

Пры абмеркаванні рэканструкцыі плануецца і разгляд «праектнай» альтэрнатывы. Прапануюцца два варыянты праходжання трасы на ўчастку 40,2 км – 52,6 км існуючай аўтадарогі: альбо траса праходзіць праз Чавусы па існуючым напрамку з павелічэннем радыусаў да гранічна дапушчальных у плане, альбо траса праходзіць у абыход Чавусаў з паўднёвага боку на выдаленні каля 5,5 км ад цэнтра горада. 

На аўтадарозе Р-122 Магілёў – Чэрыкаў – Касцюковічы рэспубліканскага значэння плануецца рэканструкцыя ўчастка з чатырма палосамі руху. Акрамя пашырэння дарогі плануецца ўладкаванне транспартных развязак і шмат іншага.

Фота ілюстрацыйнае.