З’явілася петыцыя ў абарону традыцыі драўлянага дойлідства ў Магілёве

З’явілася петыцыя ў абарону традыцыі драўлянага дойлідства ў Магілёве

Унікальная магілёўская традыцыя ўпрыгожвання драўляных дамоў пад пагрозай з-за вынішчэння сектароў прыватнай забудовы ў горадзе. Магілёўскія драўляныя цуды прапануюць зрабіць філіялам Музея народнага дайлідства.

Багаты драўляны архітэктуры дэкор горада вылучаецца навукоўцамі ў асобны стыль, так званую «магілёўская разьбу» – адзначаюць стваральнікі петыцыі. Разьба ў выглядзе геаметрычнага і расліннага арнаменту (краявая, скразная i прапіловачная) паярусна размяшчаецца на фасадах драўляных дамоў. 

Найбольш багата аздабляліся франтоны, дзе разьба ўтварала некалькі па-рознаму вырашаных радоў. Разьба ўзбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную пабудову, кантрастна вылучае найбольш значныя элементы, падкрэслівае тэктоніку збудаванняў. У некаторых будынках разныя элементы на фоне сцен вылучаюцца светлым колерам.

Тым часам сітуацыя ў Магілёве складаецца так, што праз 20 гадоў новае пакаленні магілёўцаў не будзе мець уяўлення пра тое, як выглядаў горад век таму – каштоўныя драўляныя будынкі будуць або знесены, або згніюць без догляду, або дэградуюць пад сайдынгам і сіняй металачарапіцай. 

На дадзены момант горад разрастаецца і забудоўваецца шмат у чым за кошт зносу драўлянай забудовы без уліку яе мастацка-эстэтычных вартасцей. Падобнае можна назіраць у былым прадмесці (да вайны – суцэльна драўляным) Лупалава, на схілах рэк Дубравенкі і Дзебры. З заўважных страт – дамы па вуліцы Катоўскага, 11 і па Першмавайскай, 60а. Апошні будынак прапаноўвалася перавезці ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, але той адмовіўся, таму што на ўсю тэрыторыю, якую ён займае пад Мінскам, накладзены рэгламенты, якія не дазваляюць новае будаўніцтва. Супрацоўнікамі магілёўскага музея былі выратаваны некаторыя побытавыя рэчы і фрагменты дэкору, але казаць пра паўнавартаснае захаванне не даводзіцца.

Для вырашэння гэтай праблемы аўтары петыцыі прапануюць разгледзець магчымасць стварэння ў Магілёве філіі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Падпісаць зварот можна тут.

Фота: Telegram-канал aktahon