Пяць пажараў за адзін святочны дзень адбылося ў Магілёўскім рэгіёне

25 снежня па Магілёўскай вобласці пракаціліся адразу некалькі пажараў – у Магілёве, Краснаполлі, Асіповіцкім і Круглянскім раёнах. У Магілёве вечарам на каталіцкае Раство загарэўся дом на вуліцы Лагоды, а таксама гараж на вуліцы Сіманава. У першым выпадку дом захапіўся полымем ад награвальнага катла. Ніхто з жыхароў не пацярпеў – пабачыўшы дым, гаспадар сабраў рэчы і дакументы і вывеў сям’ю на вуліцу. 

пажар
Фота: МНС

У Асіповіцкім раёне пажарам быў знішчаны дом пенсіянеркі ў аграгарадку Каменічы. 75-гадовая жанчына пачула трэск за вакном і патэлефанавала суседзям. Тыя пабачылі, што гарыць хата і пачалі ратаваць пенсіянерку. Паколькі шляхі для эвакуацыі былі ўжо задымленыя, жанчыну прыйшлося выцягваць праз вакно паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

“Дым шалёны, але хтосьці адазваўся” – на пажары ў Горках выратавалі мужчыну

Позна вечарам 22 снежня ў Горках на вуліцы Савецкай адбыўся пажар. У ратавальную службу патэлефанаваў жыхар пяціпавярхоўкі і распавёў, што ў суседняй кватэры “дым шалёны, нічога не відно, але хтосьці адазваўся” – паведамляе прэс-служба МНС. Калі прыехаў экіпаж пажарнай службы, у кватэры гарэў матрас у ванным пакоі, а гаспадар 1974 года нараджэння знаходзіўся ў суседнім пакоі, яшчэ жывы. Мужчыну вынеслі на свежае паветра і шпіталізавалі. Папярэдняя версія здарэння – неасцярожнасць пры курэнні плюс некалькі бутэлек спіртнога, што можна пабачыць на фотаздымках.

Фота, відэа: МНС

Мсціслаўская пенсіянерка грэла рукі над плітой і спаліла хату

У доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе 73-гадовая пенсіянерка не справілася з агнём. Жанчына абагравала памяшканне, запаліўшы камфорку на пліце і грэла над ёй рукі. У нейкі момант на пенсіянерцы загарэўся рукаў курткі. Жанчына скінула яе з плеч, але агонь імгненна ахапіў і саму куртку, і іншыя прадметы на падлозе. На момант, калі прыехалі ратавальнікі, кватэра пенсіянеркі палала адкрытым агнём, а сама жанчына выскачыла на вуліцу паведамляе прэс-служба МНС. 

Фота: МНС

Дзяцей з Херсонскай вобласці забаўлялі магілёўскія ратавальнікі – спрычыніўшыся да ваенных злачынстваў

Да злачынстваў па дыскрымінацыі ўкраінскіх дзяцей далучылася магілёўскае аддзяленне службы МНС.

Прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паказала, як у магілёўскім Цэнтры бяспекі на Пажарным завулку праводзілі экскурсію для жыхароў Херсонскай вобласці. 

“Сем’і з Херсонскай вобласці, якія прыехалі на аздараўленне ў санаторны лагер «Дубравенка», кожны дзень усё больш і больш даведваюцца аб сінявокай Беларусі.” – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МНС. Характэрна, што ў гэтым матэрыяле падкрэсліваецца быццам бы сямейны адпачынак і аздараўленне жыхароў Украіны, вывезеных з акупаваных Расіяй тэрыторый Херсонскай вобласці.

Разам з тым, калі ўважліва паглядзець на фотаздымкі, прадстаўленыя прэс-службай, можна пабачыць, што ўдзельнікі “аздараўленчага тура”, гэта ў першую чаргу менавіта дзеці. На кадрах фотасправаздачы і відэа бачныя каля 20 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх суправаджае пара дарослых.

Нагадаем, што ў кастрычніку гэтага года міжнародныя праваабарончыя арганізацыі абвясцілі два санаторыі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці датычнымі да дыскрымінацыі ўкраінскіх дзяцей – гэта лагер “Дубравенка”, які ўваходзіць у структуру Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, і лагер “Зара”, падпарадкаваны булачна-кандытарскай кампаніі “Дамачай”. Гаворка вялася пра даказаныя выпадкі “палітычнай індактрынацыі і мілітарызаванага перавыхавання”. Гэтыя формы ўздзеяння на псіхіку дзяцей разглядаюцца як інструменты выкаранення ідэнтычнасці. Гэтыя формы ўздзеяння адносяцца да парушэння правоў дзіцяці і ўваходзіць у спіс ваенных злачынстваў.

Фота: МНС

Пажар у Магілёве – сям’я паспела пакінуць дом, але старэйшы сын застаўся ўнутры

Ноччу 30 лістапада ў Магілёве на вуліцы Грышына адбыўся пажар у прыватным доме. Гаспадар будынка, яго жонка і малодшы сын паспелі выйсці на вуліцу і выклікаць ратавальнікаў паведамляе прэс-служба МНС. Старэйшы сын, аднак, застаўся ў доме. Цела мужчыны 1976 года нараджэння было выяўлена на месцы трагедыі. Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнае курэнне.

Фота: МНС

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін у вёсцы Дубна суседзі заўважылі агонь у хаце пенсіянера 1957 года нараджэння. Калі прыехалі ратавальнікі, мужчына ўжо не падаваў прыкмет жыцця. У вёсцы Усакіна таго ж Клічаўскага раёна позна вечарам, каля 24.00 на пажары загінуў пенсіянер 1958 года нараджэння – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны абодвух пажараў яшчэ высвятляюцца. 

Фота: МНС

Калі зайшоў муж, вопратка на жанчыне гарэла – у Бабруйску загінула пенсіянерка

Жанчына згарэла зажыва ў Бабруйску ў сваёй кватэры на вуліцы Каменскага. Днём 13 кастрычніка муж пенсіянеркі 1958 года нараджэння калоў дровы ў двары іх гаспадаркі. Калі ён вярнуўся ў дом, то пабачыў сваю жонку, ахопленую полымем. На жанчыне загарэлася вопратка, калі яна стаяла каля кухоннай пліты. Мужчына пагасіў агонь і выклікаў хуткую дапамогу, але медыкі канстатавалі смерць жанчыны, паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Трое дзяцей атруціліся ўгарным газам пад Кіраўскам

У вёсцы Збышын Кіраўскага раёна былі шпіталізаваныя трое дзяцей – 2014, 2015 і 2017 гадоў нараджэння. Усе яны атруціліся ўгарным газам у выніку заўчаснага закрывання дымахода печкі – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Трылер у Бабруйску – як выратавалі хворую пенсіянерку, якой агонь адрэзаў усе выхады

Жанчына не магла самастойна выбрацца з пажару, таму што ледзь рухалася з-за хваробы. 

Выратаванне 74-гадовай пенсіянеркі стала для жанчыны сапраўдным цудам. Жыхарка Бабруйска пратаплівала печку ў сваёй кватэры ў аднапавярховым доме на вуліцы Бахарава. У нейкі момант яна заўважыла, што на пячы пачала загарацца мяккая цацка – плюшавы мішка. Пенсіянерка не прыдумала нічога лепшага, як выкінуць мішку ў калідор, на драўляную падлогу, а потым наогул забылася пра яго. Ад цацкі дом і загарэўся.

Калі праз нейкі час жанчына пабачыла, што яе калідор палае, выбрацца з дому самастойна было ўжо немагчыма. Агонь перакрыў выхад, акрамя таго жанчына толькі што перанесла хваробу і ледзь рухалася. Дазваніўшыся да ратавальнікаў, 74-гадовая бабруйчанка заставалася ў ахопленай агнём кватэры да свайго вызвалення. Машына пажарных была на месцы ўсяго праз некалькі хвілін – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Два хлопчыкі загарэліся ў гаражы ў Асіповічах

Адзін чысціў калодкі бензінам, а другі гуляўся з газавай гарэлкай. Каб пагасіць на сабе вопратку, дзеці каталіся па падлозе і выкаціліся на вуліцу.

Надзвычайнае здарэнне адбылося вечарам 27 жніўня ў гаражным кааператыве “Аўтааматар” у Асіповічах. Два хлопчыкі 12 і 14 гадоў рамантавалі там веласіпед. Адзін з іх наліў бензін у пластыкавую бутэльку і чысціў ім тармазныя калодкі. Другі стаў гуляцца побач з газавым балонам і гарэлкай – паведамляе прэс-служба МНС. Адбыўся выбух і на хлопцах загарэлася вопратка. Каб пагасіць яе на сабе, падлеткі калаліся і круціліся па падлозе, выкаціліся на вуліцу, дзе ім дапамог сусед – загасіў полымя вадой і адвёз пацярпелых у лякарню.

гараж осиповичи

Фота: МНС