Дзень у гісторыі. 9 мая. Свята Перамогі. Нарадзіўся графік Л. Асецкі. Наступ на беларушчыну. Часопіс «Маладосць». Мсціслаўскі музей. Буйніцкі заасад.

Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

Вялікая Айчынная вайна – частка Другой сусветнай вайны 1939–1945 гадоў, пачалася досвіткам 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія напала на СССР. На баку Нямеччыны выступілі Румынія, Італія, 23 чэрвеня да іх далучылася Славакія, 25 чэрвеня – Фінляндыя, 27 чэрвеня – Венгрыя, 16 жніўня – Нарвегія.

Вайна доўжылася амаль чатыры гады і стала самым буйным узброеным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. На фронце, які распасціраўся ад Баранцава да Чорнага мораў, абапал у розныя перыяды вайны адначасова ваявалі ад 8 мільёнаў да 13 мільёнаў чалавек, ужывалася ад 6 тысяч да 20 тысяч танкаў, ад 85 да 165 тысяч гармат і мінамётаў, ад 7 тысяч да 19 тысяч самалётаў.

Падчас вайны ў Беларусі загінула больш за 2,3 мільёны жыхароў, былі разбураны і разрабаваны 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.

Улада і апазіцыя адзіны ў тым, што свята – усенароднае. Іх пазіцыі, аднак, адрозніваюцца ў падыходах да “напаўнення” свята, да таго, хто павінен быць у калонах на парадах. Так, 9 мая 1994 года АМАП не прапусціў на мінскую плошчу Перамогі народнага пісьменніка, франтавіка, пісьменніка Васіля Быкава.

У Дзень Перамогі выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб заснаванні медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” на георгіеўскай стужцы. Ён стаў самым масавым медалём: 14,9 млн. узнагароджаных. Асобы, якія атрымалі медаль, мелі права на ўзнагароды юбілейнымі медалямі да 20, 30, 40, 50, 60, 65, 70, 75 год Перамогі.

1878 год. У сям’і беларуса – выхадца з Чавускага павета нарадзіўся сын, географ Міхаіл Самбікін (1878–1968).

Вядомы савецкі  фізіка-географ, метэаролаг, прафесар, член-карэспандэнт Галоўнай геафізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук.

У 1934–1941 гадах працаваў прафесар і загадчыкам кафедры метэаралогіі  Беларускай сельгасакадэміі, прафесарам кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

1913 год. Нарадзіўся Васіль Івашын (1913–2009).

Беларускі літаратуразнаўца, акадэмік НАНБ, АПН СССР, Расійкай акадэміі адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык літаратурнай спадчыны Янкі Купалы.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў у Віцебскім педвучылішчы, у Інстытуце літаратуры АН БССР, дырэктарам НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі БССР (зараз – Нацыянальны інстытут адукацыі).

Аўтар навуковых прац па пытаннях тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, літаратурных сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання літаратуры ў школе. Аўтар падручніка па беларускай літаратуры для 8-9 класаў.

1929 год. У в. Продзвіна Бабруйскага раёна нарадзіўся Людвіг Асецкі (1929–2005).

Беларускі графік, заслужаны дзеяч мастацтваў. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у ім, быў старшынём Мастацкага фонду БССР.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, манументальнага жывапісу, графіцы.

Стварыў ілюстрацыі да кніг «Мы раскажам пра Мінск», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І. Мележа і іншыя.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча падрыхтаваў серыю «Ад родных ніў».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Літаратурным музеі імя Я. Купалы, Беларускім музеі Вялікай Айчыннай вайны, музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

1929 год. Пачала працу камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР.

Камісія 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа так званага “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія з іх былі асуджаны. 

З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

1953 год. У Мінску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосць».

Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс Саюза пісьменнікаў Беларусі на беларускай мове.

Публікуе прозу, паэзію, публіцыстыку, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады. Тыраж на канец 2022 года склаў 460 экзэмпляраў.

Выйшла больш за 830 нумароў.

У 2002-2012 гадах уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, затым у складзе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. З 2021 года ўваходзіць у склад выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

У часопісе друкаваліся В. Быкаў – “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост”, У. Караткевіч – “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, І. Шамякін – “Ах, Міхаліна, Міхаліна”, І. Чыгрынаў – «Плач перапёлкі» і іншыя.

1986 год. У Мсціславе адкрыты мемарыяльны комплекс Курган Славы.

Прысвечаны землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

1995 год. Адчынены Мціслаўскі гістарычна-археалагічны музей – адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны.

Створаны ў чэрвені 1988 года. Значная частка экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. Аляксеева, М. Ткачова, А. Трусава.

Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: “Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай”, “З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”, “Павятовы горад Мсціслаў”. Колькасць экспанатаў музея перавышае 20 000, з іх болей за 12 000 уваходзіць у асноўны фонд.

Найбольш цікавай калекцыяй з’яўляецца “Археалогія”.

З 2007 года музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”.

2002 год. Апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па змене клімату.

Сярэднія тэмпературы на Беларусі павялічаліся амаль на 1С, клімат памякчэў, стаў менш кантынентальным, зіма ў сярэднім стала цяплей на 5-6С у параўнанні з 1960-мі  гадамі.

2005 год. У Магілёве на плошчы Славы адкрыта першая чарга Алеі Славы “Гонар і слава Магілёўшчыны”.

На ёй 137 дошак з імёнамі Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Магілёўскай вобласці.

Першым Героем Савецкага Саюза стаў акадэмік О. Шміт ў 1937 годзе, апошнім – воін-“афганец” А. Мельнікаў у 1988 годзе пасмяротна.

2005 год. У Буйнічах Магілёўскага раёна адчыніўся заасад.

Заснаваны ў 2004 годзе пры Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя К. Арлоўскага яго дырэктарам Г. Маліноўскім.

Размяшчаецца на правым беразе Дняпра на плошчы ў 124 га. Асноўную частку заасада займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў і экзатычныя для Беларусі звяры.

Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Тут можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.

2009 год. Свой першы рэйс здзейсніў цягнік на чыгуначнай міні-дарозе ў заасадзе ў Буйнічах.

Першымі пасажырамі сталі ветэраны вайны і школьнікі Буйніцкай школы.

Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/г. Працягласць дарогі складае 2 км і дазваляе пазнаёміцца бліжэй з насельнікамі заасада: зубрамі, еўрапейскай ланню і плямістым аленем, казулямі.

Падарожнічаючы па чыгунцы, можна назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі заасаду ў ледніковы перыяд. У зоне інтэнсіўнага наведвання заасада частка каньёна ператворана ў штучны вадаём, на якім жывуць прадстаўнікі вадаплаўнай фаўны краіны – качкі і лебедзі.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 8 мая. Дні памяці і прымірэння. Магілёў – сталіца БССР. Расправа партызан у Налібаках. Капітуляцыя Германіі. Брэсцкая крэпасць – герой. Буйніцкі мемарыял.

Сусветны Дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (з 1953 года).

Святкуецца ў дзень нараджэння заснавальніка міжнароднага таварыства “Чырвонага Крыжа”, швейцарскага гуманіста, грамадскага дзеяча, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Анры Дзюнана.

У 1859 годзе ён арганізаваў аказанне дапамогі параненым у бітве пры Сальферына падчас аўстра-італа-французскай вайны, ахвярамі якой сталі 40 000 чалавек. Афіцыйна назва Міжнародны Чырвоны Крыж была зацверджана ў 1928 годзе на 13-й міжнароднай канферэнцыі ў Гаазе, дзе быў прыняты статут арганізацыі. У 1986 годзе была зацверджана новая назва арганізацыі – Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Задача арганізацыі – аказанне дапамогі параненым, хворым і ваеннапалонным падчас узброеных канфліктаў, дапамога ахвярам стыхійных бедстваў. Асноўныя прынцыпы дзейнасці руху – гуманнасць, бесстароннасць, добраахвотнасць, адзінства, універсальнасць.

У 1872 годзе было створана Мінскае мясцовае ўпраўленне Расійскага таварыства апекі аб параненых і хворых воінах, пасля чаго былі адкрыты Віцебскае, Магілёўскае, Віленскае і Полацкае ўпраўленні.

Зараз структуры Беларускага Чырвонага крыжа працуюць ва ўсіх гарадах і раёнах Беларусі.

Дні памяці і прымірэння (8 і 9 мая).

Прысвечаны памяці ахвяр і загінуўшых у Другой сусветнай вайне. Абвешчаны 22 лістапада 2004 года Генеральнай Асамблеей ААН.

Адзначаюцца з 2005 года.

У Другой сусветнай вайне загінула 71,2 мільёны чалавек, у тым ліку: у СССР – 26,6 (у БССР – 2, 22), Кітаі – 15,5, Германіі – 8,4, Польшчы – 6,2, Інданзэзіі – 4,0, Індыі – 3,0, Японіі – 2,5, у Філіпінах, Югаславіі, Бірме (М’янма) – больш як па мільёну жыхароў. 

1243 год. Памерла Еўфрасіння Пскоўская (Еўпраксія, 1170-я – 1243).

Князёўна полацкая, княгіня пскоўская, святая праваслаўнай царквы. Ігумення пскоўскага Спаса-Прадцечанскага манастыра.

Дачка князя Рагвалода-Васіля, унучка вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча, сястра князя Глеба Рагвалодавіча.

Выхоўвалася ў полацкім Спаскім манастыры. Выйшла замуж за пскоўскага князя Яраслава Уладзіміравіча.

Фундавала пабудову Прадцечанскай царквы ў Пскове, заснаванне  манастыра Іаана Хрысціцеля. Прыняла манаскі пострыг, стала ігуменняй.

Забіта пасынкам князя Яраслава. Пахавана ў Спаса-Прадцечанскім манастыры.

1551 год. Памерла Барбара Радзівіл (1520-1551).

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.

Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў, а таксама свякроў – каралева Бона Сфорца.

Насуперак ўсім апанентам, Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года, памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.

Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

1883 год. У фальварку Данілаўка Бабруйскага павету (зараз – Светалагорскі раён) нарадзіўся Сцяпан Некрашэвіч (1883-1937).

Адзін з бацькоў-заснавальнікаў, разам з Я. Карскім і І. Воўк-Левановічам, сучаснай беларускай дзяржаўнасці, ініцыятар стварэння і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры, акадэмік, дырэктар Інстытуту мовазнаўства. 

Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, працаваў у наркамасветы БССР, старшынёй Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Удзельнік арганізацыі Інбелкульта, акадэміі навук, яе віцэ-прэзідэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялекталагічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, правапісу спрэчных дзеяслоўных форм.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, у 1931 годзе прыгавораны да высылкі ў Удмурцію. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу, расстраляны на наступны дзень.

1939 год. Пачала працаваць урадавая камісія па пераводзе сталіцы БССР у Магілёў.

Камісію ачоліў намеснік старшыні СНК БССР І. Захараў. 

У першы дзень працы былі разгледжаны каляндарны план работ па будаўніцтве Дома ўрада і праект размяшчэння наркаматаў і цэнтральных устаноў, якія пераводзяцца з Мінска, заслухана інфармацыя аб забеспячэнні Магілёўскага будтрэста рабочай сілай.

Праект рэканструкцыі пл. Славы (тады – Савецкай).

1943 год. Савецкія партызаны ўчынілі расправу над жыхарамі в. Налібакі.

У вёсцы, якая находзіцца ў Налібоцкай пушчы былі забіты 128 чалавек, у тым ліку 3 жанчыны, некалькі падлеткаў і 10-гадовы хлопчык. Прычына нападу –  супрацоўніцтва вяскоўцаў з польскай Арміяй Краёвай (АК).

Мясцовай ячэйцы АК ва ўльтыматыўнай форме была прапанавана падпарадкавацца партызанскаму цэнтру ў Маскве, але яна адмовіліся. Адказам стаў карны рэйд. Пасля масавага забойства партызаны выкралі з вёскі 100 кароў і 70 коней.

У справаздачы савецкіх партызан было ўказана, што ў баі ў Налібаках разбіты нямецкі гарнізон.

Трагічныя падзеі ў Налібаках прыцягнулі ўвагу грамадскай думкі ў пачатку XXI стагоддзя ў сувязі са стварэннем галівудскага фільма “Выклік” (2008) пра яўрэйскіх партызанаў Бельскіх, якіх падазравалі ў расправе над мірнымі жыхарамі.

Помнік ахварям ад эмігрантаў.

1945 год. У прадмесці Берліна Карлсхорсце падпісаны канчатковы Акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі і яе ўзброеных сіл. 

Гэта адбылося 8 мая а 22:43 па цэнтральна-еўрапейскаму, а 23:43 па мінскаму часу, 9 мая а 0:43 па маскоўскаму. У Берліне не знайшлося ніводнага ацалелалага будынка, дзе б можна было годна правесці падпісанне капітуляцыі.

Дзень афіцыйнай аб’явы капітуляцыі – 8 траўня ў Еўропе і Амерыцы, 9 траўня ў СССР – стаў святкавацца як Дзень Перамогі.

Акт аб капітуляцыі ад імя германскага вермахта падпісалі генерал- фельдмаршал У. Кейтель, галоўнакамандуючы ВМС адмірал Фон Фрыдэбург, генерал-палкоўнік авіяцыі Г. Штумпф. СССР прадстаўляў намеснік Вярхоўнага галоўнакамандуючага маршал Савецкага Саюза Г. Жукаў, саюзнікаў – галоўны маршал авіяцыі Вялікабрытаніі А. Тэдэр. У якасці сведкаў прысутнічалі генерал арміі ЗША Спаатс і галоўнакамандуючы французскай арміяй генерал Тасіньі.

1949 год. На тэрыторыі Трэптаў-парка ў Берліне адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка “Воінам Савецкай Арміі, якія загінулі ў баях з фашызмам”. 

Там пахавана каля 5 000 тысяч савецкіх воінаў, у тым ліку некалькі сотняў ураджэнцаў Беларусі.

У сутарэннях помніка размешчаны маўзалей. Агульная вышыня манумента складае каля 30 м. Перад помнікам – мемарыяльнае поле з брацкімі магіламі, сімвалічнымі саркафагамі, чарамі для вечнага агню, двума чырвонымі сцягамі з граніту, скульптурамі укленчаных салдат.

Для будаўніцтва выкарыстоўвалі граніт з рэйхсканцылярыі Гітлера. Фігуру Воіна-вызваліцеля вырабілі ў Ленінградзе – 13-метровы помнік адлілі з бронзы вагой 72 тоны. У Берлін яго перапраўлялі часткамі водным шляхам.

1965 год. Магілёўскаму падпольшчыку, партызану атрада №600 Леаніду Лорчанка пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Падарваў 2 чыгуначныя масты і варожы эшалон. 18 ліпеня 1943 года каля в. Антонава Буда пры выхадзе з акружэння застаўся ў групе прыкрыцця, якая раніцай ўступіла ў бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка каля р. Рудня. Застаўшыся ў жывых адзін, калі скончыліся боепрыпасы, падарваў сябе і ворагаў гранатай. Пахаваны каля в. Антонава Буда Бялыніцкага раёна.

У гонар героя ўстаноўлены бюст у г. Бялынічы, названы вуліцы ў Бялынічах і Магілёве.

1965 год. Прысвоена званне крэпасць-герой Брэсцкай крэпасці.

Да 22 чэрвеня 1941 года ў крэпасці дыслакавалася 8 стралковых батальёнаў,  разведвальны, артылерыйскі палкі і 2 артылерыйскіх дывізіёна, некаторыя спецпадраздзяленні – усяго каля 9 000 чалавек, не лічачы членаў сем’яў.

Штурмавала крэпасць з 4:45, пасля артпадрыхтоўкі, 22 чэрвеня 45-я пяхотная дывізія (да 16 тысяч чалавек), якой было даведзена авалодаць аб’ектам да 12:00 у першы дзень вайны.

Моцнае супраціўленне немцы сустрэлі на Валынскім і Кобрынскім умацаваннях.

Да 7:00 22 чэрвеня некаторыя падраздзяленні 42 і 6-й савецкіх стралковай дывізіі змаглі з баямі пакінуць крэпасць і горад Брэст і з вялікімі стратамі перадыслакавацца.

Да вечара 24 чэрвеня немцы авалодалі Валынскім і Цярэспальскім умацаваннем, а рэшткі гарнізона пераправіліся ў Цытадэль. Штодня абаронцам крэпасці прыходзілася адбіваць 7-8 атак. 29 чэрвеня арганізаваная абарона крэпасці скончылася – заставаліся толькі ізаляваныя групы і адзіночныя байцы.  Да 7 000 абаронцаў трапіла ў нямецкі палон.

Адзін з надпісаў у крэпасці абвяшчае: «Я паміраю, але не здаюся. Бывай, Радзіма. 20/VII-41».

23 ліпеня 1941 года, на 32-гі дзень вайны, у палон быў узяты камандуючы абаронай Усходняга форта маёр П. Гаўрылаў, паводле афіцыйных звестак, апошні абаронца Брэсцкай крэпасці.

1995 год. На Буйніцкім полі адкрыта першая чарга мемарыяльнага комплекса.

Адкрыты капліца (27 м вышынёй), мемарыяальная алея і Возера Слез.

Комплекс прысвечаны геараічнай абароне Магілёва. Баі тут адбываліся з 10 да 22 ліпеня 1941 года.

13-14 ліпеня на Буйніцкім полі знаходзіліся карэспандэнт газеты «Известия» К. Сіманаў і фотакарэспандэнт П. Трошкін, які сфатаграфаваў падбітыя на Буйніцкім полі нямецкія танкі

Падзеі на полі знайшлі адлюстраванне ў рамане Сіманава «Жывыя і мёртвыя» і дзённіку «Розныя дні вайны».

«Буйніцкае поле» – гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі (з 2002 г.). Аўтар праекта архітэктар У. Чаленка.

Над Буйніцкім полем, паводле завяшчання пісьменніка, у верасні 1979 года развеяны прах К. Сіманава.

2005 год. Памёр Пятро Драчоў (1937-2005).

Беларуск і графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. 

Працаваў мастацкім рэдактарам часопісу «Бярозка», у «Беларускім гістарычным часопісе». Працаваў у кніжнай станковай графіцы. Сярод яго шматлікіх твораў: «Францыск Скарына трымае экзамэн перад прафэсарамі ў Падуанскі ўнівэрсытэце», «Да 500-годдзя Міколы Гусоўскага», панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700-1721 гг.», серыі акварэляў «Помнікі архітэктуры Беларусі», «Бярэзінскі запаведнік», «Асветнікі», ілюстрацыі да кніг У. Дубоўкі, П. Броўкі, У. Караткевіча і іншыя.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 1 мая. Рымскія маёўкі. Дзень працы. Узрыў полацкай Сафіі. Першыя паштовыя маркі. Пашырэнне ЕС. Нарадзіліся Соф’я Слуцкая, П. Галавач, Я. Паплаўская, А. Глеб.

Маёўкі. У Старажытным Рыме ў гэты дзень прыносілі ахвяры ў гонар багіні Зямлі Маі.

Свята ўстаноўлена ў гонар старажытнарымскай багіні Маі (Майесты), жонкі Вулкана і маці Меркурыя (Гермеса). Апошні вясновы месяц май названы рымлянамі ў гонар менавіта гэтай багіні.

Кожную вясну, акурат у першы дзень месяца, рымляне ладзілі ахвярапрынашэнні з далейшымі святкаваннямі ў гонар гэтай суровай жыхаркі неба. Не прынесці багіні ахвяру азначала застацца без ураджаю ў бліжэйшы год.

Рымляне і сталі ладзіць святы з шэсцямі, і стала гэта традыцыяй. Калі старажытнага Рыма не стала, традыцыя адышла ў нябыт, але была адноўлена нараджаючымся пралетарыятам. У канцы ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі 1 мая рэвалюцыйна настроеныя рабочыя ладзілі нелегальныя мітынгі на прыродзе.

Дзень салідарнасці працоўных. Дзець працы.

Свята, якое адзначаюць у шматлікіх краінах Еўропы, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі вядома пад некалькімі назвамі – Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, Дзень Вясны і Працы, Дзень працы, Дзень вясны.

Гэта дата звязана з адной са старонак гісторыі барацьбы пралетарыята з капіталам – з падзеямі, якія адбыліся ў Чыкага. 1 мая 1886 года ў горадзе пачаліся маштабныя мітынгі і дэманстрацыі працоўных з патрабаваннем васьмігадзіннага працоўнага дня. Акцыя скончылася кровапралітным сутыкненнем з паліцыяй, наступныя мітынгі прывялі да Хеймаркецкай бойні 4 мая (на загалоўнай выяве).

У ліпені 1889 года Парыжскі кангрэс прыняў рашэнне аб правядзенні 1 мая штогадовых працоўных дэманстрацый.

Упершыню дзень міжнароднай салідарнасці працоўных быў адзначаны ў 1890 годзе ў Аўстра-Венгрыі, Бельгіі, Германіі, Даніі, Іспаніі, Італіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі, Швецыі і некаторых іншых краінах. Доўгі час Першамай быў сімвалам рэвалюцыі, непрымірымай класавай барацьбы.

У Расійскай імперыі Першамай як дзень міжнароднай салідарнасці ўпершыню адзначылі ў 1890 годзе ў Варшаве правядзеннем стачкі 10 000 рабочых.

У 1917 годзе свята было ўпершыню свабодна адзначана ў рэвалюцыйнай Расіі. 

З 1918 года свята стала афіцыйным.

Першамай святкаваўся на акупаваных немцамі тэрыторыях Беларусі ў 1942-1944 гадах як галоўнае свята германскага пралетарыята.

Першамай у Магілёве падчас нямецкай акупацыі

1555 год. Нарадзілася княгіня Соф’я Слуцкая (1585–1612).

Беларуская святая і асветніца ВКЛ. Праваслаўны дзеяч з роду Алелькавічаў, апошні яго прадстаўнік.

У 1592 годзе да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.

У 11 гадоў яна была сасватана, у 15 гадоў выйшла замуж за нясвіжскага князя Януша Радзівіла. Апекавала праваслаўе ў ВКЛ, фундавала сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.

Памерла ў час родаў, пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Персанаж рамана Ю. Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» і гістарычнай драмы У.  Сыракомлі «Магнаты і сірата».

1710 год. Напярэдадні адыходу з Полацку, салдаты расійскага цара Пятра I узарвалі Сафійскі сабор.

Пасля гэтага Сафійскі сабор быў цалкам разбураны і праляжаў у руінах да 1738 года.

11 ліпеня 1705 года сабор быў зачынены расійскай арміяй. Пётр I перадаў сабор праваслаўнай абшчыне, але яна адмовілася прыняць яго, асцерагаючыся, што пасля таго як рускія войскі пакінуць горад, супраць іх пачнуцца рэпрэсіі.

Паводле польскага гісторыка XIX стагоддзя Ф. Духінскага, п’яны Пётр I уварваўся разам з салдатамі ў Сабор, які належаў уніятам, асабіста забіў настаяцеля і чатырох манахаў-базыльян, а целы загадаў утапіць у Дзвіне.

1840 год. На лонданскім паштамце ў продаж паступілі першыя ў свеце паштовыя маркі з партрэтам каралевы Вікторыі.

Чорная каштавала адзін пені, сіняя – два пенсы. Гэта былі першыя афіцыйныя паштовыя маркі, якія маюць клеявы адваротны бок.

З 6 мая гэтыя маркі дазволілі наклейваць на канверты і выкарыстоўваць пры перасыланні лістоў.

Аўтарам ідэі выкарыстання марак для аплаты паштовых адпраўленняў быў Роўлэнд Хіл, які ў 1854 годзе стаў галоўным паштмайстрам Брытаніі. 

1903 год. У в. Пабокавічы (зараз Бабруйскі раён) нарадзіўся Платон Галавач (1903–1937).

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Быў рэпрэсаваны.

Адзін з арганізатараў камсамольскага руху на Бабруйшчыне, у Барысаўскім павеце, першы сакратар ЦК ЛКСМБ, намеснік наркама асветы БССР (1929–1930), рэдактар газеты «Чырвоная змена», часопісаў «Маладняк», «Полымя», адзін з лідараў літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і БелАПП.

Арыштаваны 11 жніўня 1937 года, асуджаны 29 кастрычніка да вышэйшай меры пакарання, расстраляны праз некалькі гадзін пасля прысуду. Сям’і было абвешчана, што памёр 25 снежня 1944 года ў лагеры ад паралічу сэрца.

Аўтар апавяданняў, кніг, зборнікаў апавяданняў, аповесцей, рамана, нарысаў, якія перакладаліся на рускую, польскую, украінскую, чэшскую, ідыш ды iншыя мовы.

Многія яго творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстанне 1863–1864 гг. і Кастуся Каліноўскага.

1915 год. Нарадзіўся Іван Любачка.

Беларускі гісторык. Доктар гісторыі, прафесар шэрагу ўніверсітэтаў ЗША.

Скончыў Віцебскі педінстытут. Выкладаў у Галоўчынскай СШ Бялыніцкага раёна, служыў у войску.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны спаткаў у чыне капітана каля Брэста, адкуль адступаў да Палтаўшчыны, дзе трапіў у палон, потым быў выпушчаны. Вярнуўся на Беларусь, прымусова вывезены на працы ў Германію.

Пасля вайны застаўся ў Германіі, працаваў настаўнікам у беларускіх школах. У пачатку 1950-х гадоў эміграваў у ЗША. Скончыў Калумбійскі ўніверсітэт. Працаваў у шэрагу ўніверсітэтаў.

Аўтар многіх публікацый, у тым ліку «Беларусь пад савецкай уладай, 1917–1957».

Заснавальнік стыпендыяльнага фонду падтрымання доследаў у галіне беларусазнаўства.

Памёр 20 ліпеня 1977 года.

1922 год. Нарадзіўся Алесь Салавей (Альфрэд Радзюк, Альберт Кадняк).

Беларускі паэт.

У Дзяржынскай сярэдняй школе вучыўся разам з вядомым у будучым гісторыкам М. Ермаловічам.

Працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына», пад час вайны – у рэдакцыі мінскай «Беларускай газеты», рыжскай «Новы шлях».

У 1944 годзе выехаў на Захад. У Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне.

У 1949 годзе пераехаў у Аўстралію. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Мае песні», вершаў-мініяцюр, паэм, зборнікаў паэзіі, якія прысвечаны беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, Ф. Скарыне, С. Буднаму, В. Цяпінскаму, М. Багдановічу.

Памёр 21 студзеня 1978 году ў Мельбурне.

1931 год. Нарадзіўся Алег Лойка.

Беларускі паэт, пісьменнік і літаратуразнавец. Член-карэспандэнт акадэміі навук Беларусі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Стылістычную адметнасць лекцый А. Лойкі адзначалі студзнты БДУ, Варшаўскага, Іенскага універсітэтаў.

Аўтар дапаможнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд», «Старабеларуская літаратура». Адзін са складальнікаў хрэстаматыі для ВНУ «Беларуская літаратура XIX стагоддзя».

Пад яго кіраўніцтвам абаронена 15 дысертацый.

Аўтар больш як 450 навуковых публікацый, у тым ліку шасці манаграфій, якія прысвечаны творчасці Якуба Коласа, А.Міцкевіч, М. Багдановіча, паэзіі пачатку XX стагоддзя:

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі, аповесцей, раманаў, эсэ – усяго  100 кніг.

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (1990).

Перакладчык на беларускую мову П. Верлена, І. Гётэ, Ф. Шылера, асобных твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў.

Памёр 19 лістапада 2008 года.

1942 год. Нарадзіўся Міхаіл Басалыга.

Беларускі савецкі графік. Брат Уладзіміра Басалыгі.

У 1970 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працуе пераважна ў галіне кніжнай графікі. Вылучаюцца афармленнем: альбом «Гравюры Францыска Скарыны», кніга «Вершы пяці кніг» Г. Бураўкіна, «Дзень добры, мама», «Ave Maria» М. Танка, «Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча.

У 2006 годзе стварыў ілюстрацыі для выдання трылогіі «На ростанях» Я. Коласа, таксама працаваў над ілюстрацыямі паэмы «Курган», верша «Хлопчык і лётчык» і іншых Я. Купалы.

Творы знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурных музеях Я. Купалы і Я. Коласа, Слуцкім краязнаўчым музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Выява: Міхаіл Басалыга, Бітва на Сініх Водах, 2005 г.

1949 год. Нарадзілася Ядвіга Паплаўская.

Савецкая і беларуская эстрадная спявачка, клавішніца, кампазітар, удзельніца першага складу ансамбля “Верасы”. Народная артыстка. Жонка А. Ціхановіча.

Скончыла Беларускую кансерваторыю.

Сузаснавальніца і ўдзельніца ВІА “Верасы” (1971–1987), удзельніца Дзяржаўнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М. Фінберга, групы «Шчаслівы выпадак».

Суарганізатар (1988) Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў — Аляксандр Саладуха, гурт «Ляпіс Трубяцкой» і іншыя.

1981 год. Нарадзіўся Аляксандр Глеб.

Беларускі футбаліст, паўабаронца. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі, адзін з самых паспяховых футбалістаў у гісторыі Беларусі.

Гуляў за БАТЭ, у нямецкім «Штутгарт», лонданскім «Арсенале», іспанскай «Барселоне», англійскім «Бірмінгем Сіці», «Вольфсбургу» і іншых.

У 2021 годзе ўвайшоў у новаўтвораны савет дырэктараў жодзінскага клуба «Тарпеда-БелАЗ».

1986 год. Памёр Сцяпан Александровіч (1921–1986).

Беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, краязнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX–XX стагоддзяў, развіццё нацыянальнага кнігадрукавання і перыядычнага друку, літаратурныя сувязі, у тым ліку беларуска-ўкраінскія. Надаваў значную ролю вывучэнні творчасці Тараса Шаўчэнкі.

Вывучаў дзейнасць Ф. Скарыны, Янкі Купалы, літаратурна-гістарычную біяграфію Цішкі Гартнага. Створыў літаратурныя партрэты П. Багрыма, Ф. Савіча, Ф. Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага ды іншым.

2004 год. Адбылася самае вялікае пашырэнне за гісторыю ЕС.

У выніку пятага пашырэння ў склад ЕС увайшлі 10 краін: Венгрыя, Кіпр, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Чэхія і Эстонія.

2018 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд 1977 года.

У Дзень працы ў абласным цэнтры тэмпература ўзнялася да 27,5 градуса цяпла. У выніку было абноўлена дасягненне 41-гадовай даўнасці ў +26,7 градуса.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 22 красавіка. Дзень Маці-Зямлі. Закладзена Бастылія. Выкарыстанне хімічнай зброі. Нарадзіліся У. Ленін, анархіст М. Сака. Застрэліўся беларусізатар Я. Адамовіч.

Міжнародны дзень Маці-Зямлі (International Mother Earth Day, з 2009 года).

Абвешчаны па ініцыятыве Балівіі Генеральнай Асамблеяй ААН.

Зямля і яе экасістэмы з’яўляюцца нашым домам і для дасягнення справядлівага балансу паміж эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі патрэбамі цяперашняга і будучых пакаленняў неабходна садзейнічаць гармоніі з прыродай і планетай Зямля.

Тэрмін “Маці-Зямля” з’яўляецца агульнапрынятай назвай планеты Зямля ў шэрагу краін і рэгіёнаў і адлюстроўвае ўзаемазалежнасць, якая існуе паміж чалавекам, іншымі жывымі істотамі і планетай.

У Паўночным паўшар’і Дзень Зямлі адзначаецца вясной, а ў Паўднёвым паўшар’і – восенню. Асноўнай мэтай гэтай сусветнай акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадства і кожнага чалавека планеты да праблем Зямлі, да праблем яе навакольнага асяроддзя.

1370 год. Закладзены першы камень Бастыліі.

Знакаміты парыжскі замак-турма быў закладзены французскім каралём Карлам V і за некалькі стагоддзяў Бастылія ператварылася ў сімвал абсалютызму і тыраніі. Першапачаткова задуманая як крэпасць, у якасці турмы стала выкарыстоўвацца з часоў праўлення Людовіка ХІ, ў другой палове XV стагоддзя.

 

Узяцце Бастыліі – галоўная падзея Вялікай французскай рэвалюцыі. Крэпасць-турму Бастылія штурмавалі 14 ліпеня 1789 года. Сімвалізм узяцця Бастыліі палягае ў сцаерджанні, што ўсе дыктатуры падуць ад волі і імкнення народаў да свабоды.

1529 год. У Сарагосе была падпісана дамова паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер уплыву ва Усходнім паўшар’і.

Гэты дакумент стаў свайго роду дадаткам да знакамітага Тардэсільяскага пакта 1494 года. Пактам была вызначана аналагічная мяжа на захадзе.

Новая лінія падзелу прайшла трохі ўсходней Малуцкіх астравоў, пры гэтым усе моры і землі – як выяўленыя, так і “гіпатэтычныя”, – на ўсход ад яе адыходзілі іспанцам, а на захад – партугальцам.

У выніку гэтай падзеі зямны шар канчаткова падзяляўся на дзве няроўныя часткі: Іспанія атрымала 45% тэрыторый, Партугалія – 55%.

Гэты дагавор аформіў таксама пагадненне аб продажы Іспаніяй Партугаліі за 350 000 дукатаў правоў на Малуцкі архіпелаг, які быў адкрыты Магеланам.

Толькі ў 1777 годзе бакі прызналі сарагоскі дакумент страціўшым сілу.

1794 год. У ноч з 22 на 23 красавіка Якуб Ясінскі ўзначаліў паўстанне ў Вільні. 

Ясінскі (1759–1794) – вялікалітоўскі і польскі ваенны і палітычны дзеяч, інжынер, паэт. Генерал-лейтэнант.

Галоўнакамандуючы Літоўскім паўстанцкім войскам. Яго радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстання лічыла Ясінскага «ліцвінскім» сепаратыстам.

У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове.

Удзельнік абароны варшаўскай Прагі.

Аўтар вершаў, паэм. Некаторыя рамантычныя песні Ясінскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасцю.

1870 год. Нарадзіўся Уладзімір Ульянаў (Ленін, 1870–1924).

Стваральнік савецкай ідэалогіі і дзяржаўнасці. 

Самы папулярны персанаж на Беларусі – чэмпіён па колькасці помнікаў, назваў вуліц і плошчаў, прадпрыемстваў у яго гонар. У Магілёве – тры помнікі, плошча, вуліца

1891 год. Нарадзіўся Мікола Сака (1891–1927), амерыканскі шавец, рабочы-анархіст італьянскага паходжання. 

Амерыканскія рабочыя-анархісты Сака і Ванцэці сталі шырока вядомыя, пасля таго як у 1920 годзе ў ЗША ім было прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве касіра і двух ахоўнікаў абутковай фабрыкі ў горадзе Саўт-Брэйнтры. На судовых працэсах, якія праходзілі ў Плімуце 14 ліпеня 1921 года, суд прысяжных, вынес вердыкт аб вінаватасці Сака і Ванцэці і прыгаварыў іх да смяротнага пакарання. Усе хадайніцтвы былі адхіленыя судовымі органамі штата Масачусэтс. 

Сака і Ванцэці пакаралі смерцю на электрычным крэсле 23 жніўня 1927 года. Працэс і спробы дамагчыся перагляду справы выклікалі шырокі рэзананс у свеце. Многія людзі былі ўпэўненыя ў невінаватасці пакараных, і гэты працэс стаў для іх сімвалам беззаконня і палітычных рэпрэсій.

У гонар Мікола Сака і ягонага паплечніка Барталамеа Ванцэці ў Магілёве названы завулкі Сака, Ванцэці паміж вуліцамі Касманаўтаў і Будаўнікоў.

1909 год. Нарадзілася Рыта Леві-Мантальчыні (1909–2012).

Італьянскі нейрабіёлаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне. Пажыццёвы сенатар Італьянскай Рэспублікі.

На свой 100-гадовы юбілей яна сказала: “Для паляпшэння стрававання я п’ю піва, пры адсутнасці апетыту я п’ю белае віно, пры нізкім ціску – чырвонае, пры падвышаным – каньяк, пры ангіне – гарэлку. А ваду? Такой хваробы ў мяне яшчэ не было…”, “Нягледзячы на тое, што мне спаўняецца 100 гадоў, цямлю я зараз – дзякуй вопыту – значна лепш, чым тады, калі мне было 20, у 20 мы ўсе такія дурні».

Скончыла Турынскі ўніверсітэт. Працавала прафесарам Вашынгтонскага ўніверсітэта, у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нацыянальным даследчым савеце, яе дырэктарам.

Аўтар навуковых прац па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нервовай тканкі.

Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Італьянскай Нацыянальнай АН, Папскай акадэміі навук.

1915 год. Адбылося першае выкарыстанне хімічнай зброі.

Германія выкарыстала хлор супраць англа-французскіх войск каля бельгійскага горада Іпр.

На працягу 5 хвілін было выпушчана 180 тон хлору з 6 000 балонаў. Жаўтлява-зялёнае воблака рушыла на пазіцыі суперніка, за ім у марлевых павязках наступала германская пяхота. Англійскія салдаты задыхаліся і падалі мёртвымі. Іх пазіцыі без бою займалі германскія салдаты.

Ад хлору пацярпела 15 000 чалавек, 5 000 з якіх памерлі.

Праз 2 гады ў тым жа раёне немцамі была праведзена яшчэ адна газавая атака, толькі зараз у якасці паражаючага быў выкарыстаны гарчычны газ, названы іпрытам ад горада Іпр.

1937 год. Застрэліўся Язэп Адамовіч (1897–1937).

Беларускі палітычны дзеяч, старшыня СНК БССР (1924–1927), актыўны дзеяч палітыкі беларусізацыі ў БССР, удзельнік узбуйненняў тэрыторыі БССР.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер. Вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат.

У 1918 годзе фармаваў палкі дзеля спынення нямецкіх войск, удзельнік падаўлення антысавецкіх выступленняў ў Гомелі, у Віцебскай, Смаленскай губернях, камендант Смаленска, ваенны камісар Смаленскай губерні, Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў.

У 1920–1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР, ваенны камісар Менскай губерні, старшыня Менскага гарнізона, народны камісар па вайсковых справах БССР і адначасова народны камісар унутраных спраў БССР, старшыня СНК БССР.

Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР

У 1924 годзе разам з А. Чарвяковым і У. Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Пасля канфлікта з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б А. Крыніцкім быў пераведзены ў Маскву. Працаваў на розных пасадах у Маскве, на Далёкім Усходзе.

У атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў застрэліўся ў цягніку Уладзівасток-Масква.

1954 год. Памёр Сяргей Сахараў (1880–1954).

Беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.

Дырэктар Люцынскай і Дзвінскай гімназій. Старшыня беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына», кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі.

Збіральнік беларускага фальклору Латгаліі, аўтар прац «Православные церкви в Латгалии», «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў».

Даследчык беларускай дуды.

Арыштаваны ў 1945 годзе. Пакаранне адбываў у лагерах у Казахстане.

1961 год. Нарадзілася Алена Спірыдовіч.

Дыктар беларускага тэлебачання. Заслужаная артыстка.

Пасля сканччэння БДУ працуе ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Вядучая нацыянальных і міжнародных фестываляў: «Славянскі Базар у Віцебску», кінафестываляў краін СНД «Лістапад» і расійскага «Кінатаўр», фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі», тэлефестывалю песні «На перакрыжаваннях Еўропы», конкурсу маладых артыстаў эстрады «Зорная ростань».

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.

2011 год. Загінуў у аўтакатастрофе Сяргей Лагун (1988–2011).

Беларускі цяжкаатлет.

Спартсмен-інструктар зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы, чэмпіён свету і Еўропы сярод юніёраў, удзельнік Алімпійскіх гульняў, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету.

Дзень у гісторыі. 13 красавіка. Тайскі новы год. Абраз Бялыніцкай Маці Божай. Выратаванне чалюскінцаў. Дэпартацыя з Беларусі. Катынскае пытанне. Утворана Мінска-Магілёўская дыяцэзія. Заснаваны Ордэн Скарыны

Сангкран – тайландскі новы год.

Сангкран на санскрыце азначае “пераход”, змена пор года.

Адзначаецца з 13 па 15 красавіка. Змена года па старажытнаіндыйскім астралагічным календары, у час, калі сонца пераходзіць з сузор’я Рыб у сузор’е Авена.

У гэты дзень прынята падносіць вытанчаныя стравы будыйскім святарам у знак павагі да будыйскай філасофіі. Хатняя статуя Буды абмываецца чыстай вадой з пялёсткамі руж і язмінам. Тайская моладзь у гэты дзень аблівае равеснікаў вадой.

Сусветны дзень рок-н-ролу.

З датай урачыстасці ў прыхільнікаў да гэтага часу ўзнікаюць некаторыя рознагалоссі. Афіцыйны заснавальнік жанру – Біл Хэйлі ў 1954 годзе напісаў мелодыю “Rock Around The Clock” (“Рок круглыя суткі”), якую пасля музычныя крытыкі прызналі першым у свеце творам новага музычнага жанру. Паколькі завяршыў ён сваю працу ноччу, то некаторыя знаўцы лічаць, што гэта адбылося 12-га красавіка, але ўсё ж большасць прыхільнікаў рок-н-ролу схільна прыняць за дату заснавання накірунка менавіта 13 красавіка.

Музычны тэрмін “рок-н-рол” уведзены ва ўжытак Аланам Фрыдам з Кліўленда, які шмат зрабіў для папулярызацыі новай музыкі.

Сярод заснавальнікаў напрамку быў і легендарны Элвіс Прэслі.

У пачатку 1960-х з’явіўся новы стыль у рок-н-роле – поп-рок. Ліверпульская чацвёрка сваімі кампазіцыямі запусціла ў свет эпідэмію “бітламаніі”. У 1964 годзе з’явіліся “Rolling Stones”, якія адрозніваліся хуткім, магутным і тэхнічным гукам.

У 1970-я гады нарадзіўся псіхадэлічны рок –  “Pink Floyd”, “Deep Purple”, “Led Zeppelin”, “Black Sabbath”. Гэтае дзесяцігоддзе лічаць залатой эпохай у развіцці рок-культуры.

У 1986 годзе была названа першая дзясятка “бацькоў-заснавальнікаў” руху – Чак Бэры, Джэймс Браўн, Рэй Чарльз, Фэтс Даміно, The Everly Brothers, Джэры Лі Льюіс, Літл Рычард, Сэм Кук, Бадзі Холі і Элвіс Прэслі.

А вось днём нараджэння рок-н-рола у Беларусі з’яўляецца дзень 12 красавіка 1968 года, калі ў Мінску распачаўся Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска.

У дзень Сусветнага дня рок-н-ролу праходзяць фестывалі, канцэрты, танцавальныя вечарыны.

1538 год (па іншых дадзеных 4 красавіка). Памерла Алена Глінская (1508–1538).

Вялікая княгіня Маскоўская. Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўтаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.

Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай у Маскву.

Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.

У 1537 годзе заключыла з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.

Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.

1756 год. Папа Рымскі падпісаў булу аб каранацыі абраза Бялыніцкай Маці Божай.

Урачыстая каранацыя абраза адбылася 20 верасня 1761 года. Свята іконы – 25 (12) красавіка.

Бялыніцкі абраз Божай Маці – Каралевы Беларусі – абраз Багародзіцы, які шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам усходняй Беларусі як цудатворны.

Існуюць дзве розныя традыцыі тлумачэння паходжання абраза – праваслаўная і каталіцкая, якія апавядаюць сва врсіі пра гісторыю абраза. 

Першае праваслаўнае паданне кажа, што пасля разгрому Кіева войскамі Батыя некалькі манахаў, узяўшы з сабой старажытны абраз візантыйскага пісання, сышлі на поўнач, дашлі да ўзвышша ля ракі Друць, дзе і заснавалі царкву Св. Іллі Прарока і мужчынскі манастыр. Ужо ў першую ноч на абраным месцы ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае ззянне. Цуд паўтараўся і ў наступныя ночы, якія сталі ад ззяння белымі. У памяць аб гэтым цудзе мястэчка, дзе быў заснаваны манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы. Пазней абраз перайшоў да манахаў-кармелітаў.

Па іншай версіі праваслаўных ікона была выкрадзена каталікамі з варот праваслаўнага Аршанскага Куцеінскага манастыра і перададзена ў кармеліцкі манастыр. Бялыніцкі касцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэна кармелітаў абутых быў заснаваны Л. Сапегам у 1622 годзе, лічыцца, што фундацыя была знакам падзякі Богу за перамогу ў 1618 годзе над войскамі маскоўскага цара.

Абедзве версіі каталіцкага падання гавораць, што абраз з’явіўся ў кармеліцкім Бялыніцкім кляштары цудоўным чынам. Па адной версіі ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы. Па іншай – абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці. Жывапісец завяршыў сваю працу да моманту сканчэння спеваў. Жывапісцам быў анёл.

Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634–1635 гадах невядомым мастаком.

1934 год. Скончылася аперацыя па выратаванні чалюскінцаў, якую ўзначальваў ураджэнец Магілёва О. Шмідт. Летчыкамі былі выратаваны ўсе 104 удзельнікі дрэйфу на ільдзіне.

Летам 1933 года пачалася навуковая экспедыцыя пад кіраўніцтвам О. Шмідта на параходзе “Чалюскін” з мэтай праверкі магчымасці праходу Паўночным марскім шляхам транспартнымі караблямі. Экспедыцыя прайшла пяць мораў Ледавітага акіяна, але ў Берынгавым моры “Чалюскін” аказаўся заціснуты льдамі. 

Члены экспедыцыі вымушаны былі пакінуць судна і перайсці на лёд. 13 лютага 1934 года параход быў раздушаны льдамі і затануў. На дрэйфуючай крызе быў створаны лядовы лагер, у якім аказаліся 104 чалавекі, уключаючы 10 жанчын і дзвюх маленькіх дзяўчынак, якія нарадзіліся падчас плавання. Гэты лагер праіснаваў 2 месяцы. На выратаванне чалюскінцаў былі кінуты палярная авіяцыя і караблі.

За выратавальную аперацыю чалюскінцаў (5 сакавіка – 13 красавіка 1934 года) сем лётчыкаў сталі першымі Героямі Савецкага Саюза.

У Магілёве ў гонар чалюскінцаў названа вуліца.

1940 год. Адбыўся Другі этап сталінскай дэпартацыі з Заходняй Беларусі “вызваленага” насельніцтва.

Былі дэпартаваны асобы, якія былі абвінавачаны ў “адданасці польскаму ўраду і падрыхтоўцы ваенных дзеянняў супраць СССР”. Больш за 24 000 чалавек вывезена ў Сібір і Казахстан. 

Першы этап дэпартацыі адбыўся 10 лютага, трэці – 29 чэрвеня 1940 года, яшчэ два ў 1941 годзе.

1943 год. Германскае радыё паведаміла аб знойдзеных рэштках польскіх афіцэраў, якія былі знішчаны ў Катыні.

Эксгумацыя ў Катыні, якой кіраваў прафесар Герхард Бутц, працягвалася да 7 чэрвеня. 

З 8 брацкіх магіл выцягнута і зноўку пахавана 4 143 рэшткаў цел. У 70% выпадкаў іх удалося ідэнтыфікаваць. На ўсіх трупах з магіл 1-7 была зімовая вопратка, у прыватнасці шынялі, футравыя і скураныя курткі, швэдры і шалікі. Трупы з магілы № 8 былі ў летнім адзенні. З гэтым узгадняецца факт, што ў магілах 1-7 былі знойдзены фрагменты газет за сакавік-красавік 1940 года, а ў магіле № 8 – газеты за пачатак траўня. На трупах не было слядоў казурак (трупных мух), што пацвярджае, што пахаванні вырабляліся ў халодную пару года.

У 2007 годзе польскі кінарэжысёр Анджэй Вайда зняў пра гэтыя падзеі фільм, заснаваны на сведчаннях відавочцаў тых трагічных падзей. Ахвярай злачынства быў і бацька рэжысёра.

Пачатак эксгумацыі немцамі

1966 год. Нарадзіўся Юрась Барысевіч.

Беларускі эсэіст, перакладчык і мастак.

Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Працаваў перакладчыкам, карэспандэнтам БелТА, рэдактарам у НВА «Інтэграл», газеце «Культура», Мінскім інстытуце кіравання, часопісах «Мастацтва» і «The Green Cross Optimist».

Удзельнік мастацкіх суполак «Другі фронт мастацтваў», «Schmerzwerk», «pARTisan». Адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў («камісараў») авангарднай суполкі «Бум-Бам-Літ». Займаецца даследчыцкай і перакладчыцкай працай, жывапісам і перформансам.

Аўтар кніг пра сучаснае мастацтва і літаратуру, зборніка філасофскіх тэкстаў «Alter Nemo», эсэ пра балет, жывапіс, тэатр, кінематограф, камп’ютарную графіку, шматлікіх артыкулаў. Яго некаторыя працы перакладаліся на польскую, славенскую, англійскую, украінскую, латышскую, нямецкую мовы.

Перакладчык з французскай, англійскай, польскай і нямецкай. Пераклаў на французскую мову санеты Янкі Купалы.

У якасці мастака з 1988 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах у Беларусі, Польшчы, Францыі, у фестывалях перформансу – «Нутраная Амерыка» у в. Амерыка Круглянскага раёна, у Беларсі, Латвіі, Польшчы, Украіне. Чытаў лекцыі па сучасным беларускім мастацтве ў Варшаўскім універсітэце, Любліне і Беластоку.

1990 год. ТАСС надрукавала паведамленне аб прызнанні СССР адказнасці НКУС за трагедыю ў Катынскім лесе.

Гэта адбылося падчас візіту ў Маскву прэзідэнта Польшчы В. Ярузэльскага. У паведамленні гаварылася: “Выяўленыя архіўныя матэрыялы ў сваёй сукупнасці дазваляюць зрабіць выснову аб непасрэднай адказнасці за злачынствы ў катынскім лесе Берыі, Мяркулава і іх падручных. Савецкі бок, выказваючы глыбокае шкадаванне ў сувязі з катынскай трагедыяй, заяўляе, што гэта адно з цяжкіх злачынстваў сталінізму”.

26 лістапада 2010 года Дзярждума Расіі прыняла заяву «Аб Катынскай трагедыі і яе ахвярах», у якой прызнала Катынскі растрэл злачынствам, учыненым па прамым указанні Сталіна і іншых савецкіх кіраўнікоў.

На сёння ў Расіі імкнуцца да рэвізіі гэтых паведамленняў і заяў, да перагляду гісторыі пытання.

24 чэрвеня 2022 года з мемарыяльнага комплексу ў Катыні знялі сцяг Польшчы. Мэр Смаленска А. Барысаў заявіў, што такое рашэнне было прынятае міністэрствам культуры.

1991 год. Утвораны Мінска-Магілёўская каталіцкая архідыяцэзія і Гродзенская дыяцэзія.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія ўтворана шляхам  аб’яднання Мінскай і Магілёўскай архідыяцэзій.

Першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім быў прызначаны Казімір Свёнтак (1914–2011). У 2007 годзе Папа Бенедыкт XVI прызначыў архібіскупам Мінска-Магілёўскім Тадэвуша Кандрусевіча, з верасня 2021 года Папа Францыск прызначыў архібіскупам-мітрапалітам Іосіфа Станеўскага.

У склад архідыяцэзіі уваходзяць дэканаты: Бабруйскі, Барысаўскі, Валожынскі, Вілейскі, Магілёўскі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі, два ў Мінску.

Архібіскуп-мітрапаліт Іосіф Станеўскі

1995 год. Пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі заснаваны Ордэн Францыска Скарыны.

Адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння.

Ордэнам узнагароджваюцца грамадзяне за значныя поспехі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа; за адмысловыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, у справе абароны чалавечае годнасці і правоў грамадзян, за міласэрнасць і іншыя высакародныя ўчынкі.

Сярод узнагароджаных – Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» і больш за 30 асоб. Сярод асоб – Нобелеўскі лаўрэат Ж. Алфёраў, экзарх Філарэт, беларускія гісторыкі, мовазнаўцы, мастакі, спявакі.

У паловы з тых, хто узнагароджаны Ордэнам Ф. Скарыны, вельмі сумнеўныя дасягненні “у галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва…, у прапагандзе культурнай спадчыны беларускага народа” – журналіст А. Зімоўскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II, рускія спявакі Н. Бабкіна, М. Баскаў, расійскія дзяржаўныя дзеячы П. Барадзін, Б. Ельцын, Ю. Лужкоў, Г. Селязнёў, В. Матвіенка, а яшчэ французскі мадэльер – П’ер Кардэн.

Дзень у гісторыі. 3 сакавіка. Дзень пісьменніка. Бітва на Нямізе. Брэсцкі мір. Нарадзіўся касманаўт У. Кавалёнак. Забіты Ф. Аляхновіч.

Сусветны дзень пісьменніка (World Writer’s Day, з 1986 года).

Адзначаецца па рашэнні 48-га кангрэса Міжнароднага ПЭН-клуба 1986 года.

ПЭН-клуб – міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў. Ён узнік у 1921 годзе ў Лондане па  ініцыятыве Дж. Голсуорсі і Кэтрын Эмі Доўсан-Скот. 

Назва клуба ўтварылася ад першых літар англійскіх слоў Poets – паэты, Essayists – эсэісты і Novelists – раманісты. Абрэвіятура супадае са словам Pen – асадка.

Мэта свята – супрацьстаяць ціску на прэсу, падтасоўцы і скажэнням інфармацыі, парушэнням свабоды слова.

У 1923 годзе цэнтры ПЭН-клуба былі створаны ў 11 краінах, сёння такія цэнтры дзейнічаюць у 130 краінах.

Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у 1989 годзе. Яго прэзідэнтамі былі Р. Барадулін (1990–1999), В. Быкаў (1999–2003), Л. Баршчэўскі (2003–2005), У. Някляеў (2005–2008), А.  Хадановіч (2008–2017), Т. Нядбай (2017–2019), зараз яго ўзначальвае С. Алексіевіч.

Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў у 1901 годзе французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудам, шостым у свеце (1905 год) і першым з беларускіх зямель і з літоўска-беларускімі і літоўска-татарскімі каранямі – Генрых Сянкевіч (1846–1916). Нобелеўскім Лаўрэатам (1980) быў „ліцвін польскай культуры“ Чэслаў Мілаш – пляменік французскага паэта, ураджэнца Беларусі Оскара Мілаша. 

У 2015 годзе яе лаўрэатам стала беларуская пісьменніца, журналістка Святлана Алексіевіч (адна з 17 жанчын – лаўрэатаў).

1067 год. Адбылася бітва на Нямізе паміж злучанымі дружынамі кіеўскіх Яраславічаў і войскам полацкага князя  Усяслава Брачыславіча Чарадзея. 

Першая летапісная згадка пра Менеск (Мінск).

Дата разрабавання і зруйнавання горада ўзята за адлік яго гісторыі.

У сакавіку 1499 года каралём Аляксандрам Ягелончыкам даравана гораду Магдэбургскае права. Мінск багацеў і павольна пераўтвараўся ў буйны гандлёвы, эканамічны, транспартны цэнтр. 

З 1919 года – сталіца Беларусі. 

29 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР сваёй пастановай змяніў беларускую назву горада Менск на прынятую ў Расійскай імперыі паланізаваную форму Мінск. 

Зараз Мінск – двухмільённы горад, буйны эканамічны, культурны і палітычны цэнтр краіны.

1718 год. Нарадзіўся Казімір Галоўка (1718–1787).

Вялікалітоўскі географ, аўтар падручнікаў па геаграфіі, педагог, езуіт.

Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Варшаве, Любчы, Пінску. 

Выдаў падручнікі па геаграфіі, нарысы па геаграфіі Рэчы Паспалітай (на лацінскай і польскай мовах), «Геаграфічныя карты Галіі, Нямеччыны, Польшчы і ВКЛ», «Гістарычныя календары».

Фота. Віленскі ўніверсітэт 

1850 год. Нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Лада-Заблоцкі.

Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.

Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1868–1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу.

Жыў і падарожнічаў у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі.

Перапісваўся па-беларуску з украінскім вучоным М. Драгманавым, ліставаўся з Я. Карловічам, М. Канапніцкай, А. Ельскім і іншымі.

Аўтар сатырычнай паэмы, аповесцей, драм, беларускіх вершаў, нарысаў, беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў.

Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі.

Памёр 3 лютага 1893 года.

1890 год. Нарадзіўся Лявон (Леанард) Заяц.

Беларускі палітык, дзеяч БНР, дыпламат, публіцыст, мемуарыст.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках.

З 1916 года ў Мінску, удзельнік беларускага руху, сябруе з М. Багдановічам. Удзельнік З’ездза беларускіх нацыянальных арганізацый, Усебеларускага з’езда 1917 года, член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраўнік спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, народны сакратар юстыцыі БНР, дзяржаўны кантралёр Рады Народных Міністраў.

У 1926 годзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Працаваў у Наркамаце фінансаў БССР.

18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, асуджаны і сасланы ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны. Памёр у турме ў час следства 23 верасня 1935 года.

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.

1900 год. У в. Паддуб’е Магілёўскага раёна нарадзіўся Герасім Якушка (1900-1942).

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве па яго праекту пабудаваны  5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

Пабудаваў будынкі, якія паўплывалі на фарміраванне аблічча сучаснага Мінска, у тым ліку па праекту забудовы праспекта Незалежнасці паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа.

1918 год. Паміж Германіяй і Савецкай Расіяй заключаны Брэсцкі мір.

Падпісаны ў Брэст-Літоўску ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці, ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 года. 

Ад Расіі аддзяліліся Прыбалтыка, частка Беларусі, Каўказа. 

Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. 

Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 000 000 км² з насельніцтвам больш за 50 000 000 чалавек.  

Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана. 

Мірная дамова прывяла да пачатку Грамадзянскай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Белы палац, месца падпісання Брэсцкага міру (фота 1930-х гг.)

1941 год. Памёр ураджэнец в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) Клім Грыневіч (1912–1941).

Беларускі паэт.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929–1930).

Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.

Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які прыхільна сустрэты крытыкай.

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.

Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя.

1942 год. Нарадзіўся Уладзімір Кавалёнак.

Беларускі, савецкі касманаўт. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ГДР, Герой Манголіі, уладальнік польскага Крыжа Грунвальда. Генерал-палкоўнік авіацыі. Кандыдат ваенных навук, прафесар.

Двойчы быў у космасе ў якасці камандзіра карабля: у 1977 і 1978 (устанавіў рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін і 47 хвілін) гадах.

Служыў намеснікам начальніка ўпраўлення падрыхтоўкі касманаўтаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.  Гагарына, намеснікам камандуючага 37-й паветранай арміяй стратэгічнага прызначэння, намеснікам начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, начальнікам Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Жукоўскага.

У 1989–1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі.

1944 год. Забіты Францішак Аляхновіч (1883-1944).

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцлагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны,  атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Падчас вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілкі Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

2018 год. Памерла Валянціна Лемцюгова (1935-2018).

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) сталі выступаць некаторыя чыноўнікі са снежня 2022 года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 000 айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання». 

Пад яе кіраўніцтвам створаны «Спіс населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Спякотны люты ў Еўропе

Рэха спякоты адгукнецца на беларускіх выходных, праўда, у значна мяккай форме

Магілёўцаў, як і усіх беларусаў, магчыма, уразілі маразы апошніх двух сутак. А вось Еўропу ўразіла зімовая спякота. 

У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе – як паведамляе climatebook, з сярэдзіны лютага ўсталяваліся экстрэмальна высокія для зімы тэмпературы паветра. 

У Германіі 18 лютага тэмпература паветра перавысіла +20°C нават у раёнах з адноснай вышынёй больш за 700 м над узроўнем мора. 

У Аўстрыі, у Інсбруку тэмпература паветра дасягнула +21,7 °C  – рэкорд зімы, самы гарачы зімовы дзень у гісторыі Ціроля. 

Францыі слупок тэрмометра падняўся вышэй за +23°C, гэта адзін з самых засушлівых перыядаў у гісторыі краіны.

Першая хваля зімовай цеплыні ў Еўропе прыйшла пад Новы 2023 год.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і яе надвор’е фарміруецца пад ўздзеяннем паветраных мас, якія прыходзяць, як з Захаду, у большай ступені, так і з Усходу, Поўначы і Поўдня. Амаль, як у палітыцы.

Дзень у гісторыі. 11 лютага. Заснаванне Японіі і Ватыкана. Ялцінская канферэнцыя. Нарадзіліся мастак Н. Орда, тэлевядучы Ю. Жыгамонт

Сусветны дзень хворага (World Day of the Sick, з 1993 года). 

Дзень заснаваны 13 мая 1992 года па ініцыятыве Папы Рымскага Іаана Паўла II. Пантыфік мэту Дня вызначыў так: “даць адчуць супрацоўнікам шматлікіх медыцынскіх каталіцкіх арганізацый, вернікам, усёй грамадзянскай супольнасці неабходнасць забеспячэння лепшага догляду хворых і нямоглых, аблягчэння іх пакут”.

Дата была абраная ў сувязі з тым, што менавіта ў гэты дзень у французскім мястэчку Лурд шмат стагоддзяў таму адбылася з’ява Маці Божай. Святая Дзева, Лурдская Маці Божая, якая ацаліла хворых і стала сімвалам выратавальніцы хворых.

Ігнат (народны каляндар). 

«Ігнат Грамніцам рад», «падае руку грамнiцам», радуецца пералому зімы.

660 год да нашай эры. Дзень заснавання японскай дзяржавы.

Ураджэнец вострава Кюсю Дзіму (? – 585 да н. э.), які лічыў сваёй прамаці багіню сонца Аматэрасу, заваёўвае краіну Ямата і займае яе пасад.

Ён прымае тытул Сына Неба і засноўвае імператарскую дынастыю, якая кіруе ў Японіі і дагэтуль. Гэты дзень лічыцца датай заснавання японскай дзяржавы. З 1336 святкуецца як самурайскае свята “Кігэнсэцу” – Дзень заснавання дзяржавы.

Сёння Японія – адзіная ў свеце імперыя, член “Вялікай сямёркі”, вялікая эканамічная дзяржава, што займае 3-4 месцы ў свеце па ВУП, 4-е – па аб’ёму экспарта і 6-е па імпарту, 11-е па колькасці насельніцтва (125 мільёнаў чалавек), з вельмі высокім узроўнем жыцця і з самай высокай сярэдняй працягласцю жыцця (85 гадоў). 

Адзіная краіна ў свеце, супраць якой была выкарыстана ядзерная зброя.

1661 год. У Магілёве адбылося славутае паўстанне гараджан супраць расійскай улады – калі лічыць па новым стылі.

Паводле Магілёўскай хронікі Сурты і Трубніцкіх, у 1661 годзе “месяца лютага 1-га дня на святога Трыфана высеклі ў Магілёве гараджане магілёўцы маскоўскі гарнізон.” 1 лютага – гэта 11 лютага па грыгарыянскім календары. 

У верасні 1654 г. Магілёў перайшоў без боя на бок маскоўскага войска. Гараджане прысягнулі на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу, але хутка паміж магістратам і расійскай вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці, якія выліліся ў паўстанне 1661 года.

У звычайны рынкавы дзень царскія вайскоўцы пачалі крыўдзіць і зневажаць гандлярак. Паводле легенды, умоўны заклік «Пара!» тады вымавіў ля ратушы бурмістр Язэп Левановіч, што кіраваў падрыхтоўкай паўстання. На гукі звону збегліся гараджане, неўзабаве ім на дапамогу прыйшлі выпушчаныя з турмы ваеннапалонныя, і за некалькі гадзін напружанага бою была знішчаная практычна ўся маскоўская залога (па розных ацэнках, ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч чалавек). Уцяклі толькі некалькі чалавек, якія, дабегшы да Рослава, паведамілі, што «могилевские мещане… изменили… ратных людей в Могилеве всех порубили». Тры ваяводы і некалькі афіцэраў былі захоплены ў палон і адпраўлены ў Варшаву.

1807 год. Нарадзіўся Напалеон Орда. 

Беларускі і пoльскі мастак, кампазітар, піяніст і педагог.

Скончыў Свіслацкую гімназію. За ўдзел у тайным студэнцкім таварыстве быў арыштаваны і выключаны з Віленскага універсітэта. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. 

Жыў на эміграцыі ў Францыі. Браў урокі музыкі ў Ф. Шапена. Аўтар твораў для фартэпіяна – рамансаў, паланэзаў, серэнад, мазурак. Працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы.

Наведаў шмат мясцін Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы. Замалёўваў пейзажы і будынкі, звязаныя з жыццём вядомых людзей. Даў абяцанне намаляваць усе замкі Беларусі, пакуль яны не разбурыліся.

Яго выявы Мірскага і Нясвіжскага замкаў, былі выкарыстаны дзеля афармлення беларускіх грашовых купюраў (узору 2000 года).

Памёр 26 красавіка 1883 года.

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Брэсце і Гродне, Пінская мастацкая школа. Працуе раённы музейны комплекс Н. Орды ў в. Варацэвічы Іванаўскага раёна, у Іванава пастаўлены адзіны ў Еўропе помнік. Адноўлена сядзіба, у якой нарадзіўся мастак.

1877 год. Нарадзіўся Антон Неканда-Трэпка. 

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, педагог.

Удзельнік пецярбургскага Беларускага гуртка народнай прасветы, студэнцкага руху. Сустваральнік Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца».

У Мінску працаваў у польскай гімназіі, у наркамасветы БССР, намеснікам дырэктара Мінскага беларускага педагагічнага інстытута, уваходзіў у склад прэзідыума Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. У сакавіку 1919 года арыштаваны ВЧК і інтэрніраваны ў Смаленск.

З лета 1920 года жыў у Вільні, выкладчык і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, Беларускім выдавецкім таварыстве, Беларускім музеі імя І. Луцкевіча. Выдаў падручнікі па фізіцы і матэматыцы для сярэдніх школ.

У кастрычніку 1939 года арыштаваны НКУС, сасланы ў Сібір. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса. Памёр 12 лютага 1942 года на наступны дзень апасля 65-годдзя па дарозе да месца дыслакацыі вайсковай часці.

Фота: А. Неканда-Трэпка з жонкай Юліяй

1924 год. Памёр урадэнец Полацка Дзміцер Кайгародаў (1846–1924)

Прыродазнавец, падарожнік, аўтар феналагічных карт, заснавальнік рускай феналогіі, аўтар першых радыёперадач па прыродазнаўстве, прафесар. 

Пасля выйсця ў адстаўку з армейскай службы, заняўся навукай. У 1875-1905 гадах узначальваў кафедры лясной тэхналогіі, ляснога інжынернага мастацтва ў Пецярбургскім лясным інстытуце.

Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-папулярных работ, дапаможнікаў, падручнікаў, у тым ліку «Кароткі агляд расліннага царства па кліматычных паясах»,  комплекснай праграмы па прыродазнаўстве. Распрацоўшчык экскурсійнага метаду, першых календароў назіранняў для школы, заснавальнік Дня птушак.

Стварыў феналагічную сетку для правядзення біякліматычнага раянавання еўрапейскай часткі Расіі, сярод яго карэспандэнтаў былі і жыхары Беларусі, у тым ліку навучэнцы магілёўскіх школ.

Як папулярызатар прыроды, мноства сваіх артыкулаў, казак прыродазнаўчага зместу рэгулярна размяшчаў у дзясятках часопісаў.

Лічыў прыроду крыніцай музычнай, мастацкай, паэтычнай творчасці, натхнення. Аўтар некалькіх рамансаў.

Імя Кайгародава носіць Феналагічная камісія Рускага Геаграфічнага таварыства, вуліца ў Пецярбургу.

Ягоны ўнучаты пляменнік – А. Кайгарадаў (1881-1951) – беларускі акадэмік, кліматолаг, рэктар БДСГА, сустваральнік гідраметэаралагічнай службы, першы кіраўнік Беларускай навукова-даследчай геафізічнай абсерваторыі.

1929 год. Утварэнне суверэннай дзяржавы Ватыкан. 

Ватыкан стаў суверэнным у выніку Латэранскіх (па назве палаца) пагадненняў паміж Італьянскім каралеўствам  і Апостальскай Сталіцай, паміж прадстаўніком караля Віктара Эмануіла III прэм’ер-міністрам Б. Мусаліні і кардыналам П’етра Гаспары. 

Пагадненнямі скончыўся канфлікт паміж бакамі, які цягнуўся з 1870 года.

Ватыкан – карлікавая дзяржава, самая маленькая ў свеце, размешчана ў заходняй частцы Рыма, на Ватыканскім пагорку(“vaticinia” – “прадказанне”), на плошчы ў 44 гектары. Насельніцтва каля 900 чалавек. 

Гэта – абсалютная тэакратычная манархія на чале з Папай Рымскім. 

Значную частку тэрыторыі займае сабор святога Пятра і аднайменны пляц, якія з’яўляюцца цэнтрам пакланення каталікоў усяго свету, акрамя іх тут яшчэ месцяцца саборы Санта-Марыя-Маджорэ, Латэранскі, Ватыканская абсерваторыя. 

Практычна ўвесь перыметр краіны – каля 3200 метраў – абмежаваны сцяной, якая спыняе незаконныя пранікненні.

Ватыкан мае сваю армію са 117 швейцарскіх гвардзейцаў. Грашовая адзінка – еўра. Чаканіцца абмежавана і ватыканскі еўра (у асноўным для нумізматаў).

1945 год. Завяршылася Крымская (Ялцінская) канферэнцыя “вялікай тройкі”. 

Кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі быў прыняты план пасляваенага ўладкавання Еўропы, узгоднены дзеянні для дасягнення капітуляцыі Германіі. У «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» былі уключаны раздзелы пра разгром, акупацыю Германіі, рэпарацыі, аб Польшчы, Югаславіі, Кітаі і Японіі і іншыя. У выніку выканання СССР дамоў па Польшчы, БССР страціла Беластоцкую вобласць.

1952 год. У в. Ялізава Асіповіцкага раёна нарадзілася Людміла Паўлікава (Хейдарава). 

Беларуская паэтэса.

Працавала ў навукова-даследчых установах Мінска,  на Беларускім тэлебачанні.

Аўтар вершаў, многіх зборнікаў паэзіі, паэм, філасофскай кнігі, кніг апавяданняў, раманаў, перакладаў на беларускую мову асобных твораў  А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Ахматавай, М. Валошына, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з літоўскай, украінскай, польскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Адамовіча, часопіса “Дзеяслоў”, “Залаты апостраф”.

1959 год. У Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага цырку з першым паказам. 

Умяшчальнасць залы цырка – 1668 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў – ад воднай феерыі да паветраных нумароў. 

Першы ў Беларусі цырк «Цырк братоў Нікіціных» на 800 месцаў быў адкрыты ў Мінгску 16 лістапада 1884 года.

Будаўніцтва новага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года на беразе р. Свіслач. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара. 

Будынак рэканструяваны ў 2008–2010 гадах.

Зараз у Беларусі працуюць толькі Мінскі і Гомельскі цыркі.  А вось у 1930-я гады працавалі ў Віцебску, Мінску, Магілёве, Гомеле, Бабруйску.

1968 год. Нарадзіўся Юрый Жыгамонт. 

Беларускі акцёр і тэлевядучы.

Яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць. “Стопрацэнтны беларускі падарожнік” бо вандруе толькі ў межах Беларусі і аб гэтым ніколькі не шкадуе.

Акцёр тэатру і кіно, працуе ў Тэатры юнага гледача, прымае ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».

З 2006 года быў вядучым тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». З 2017 года «Падарожжа дылетанта» выходзіў на партале TUT.BY.

Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.

Дзень у гісторыі. 5 лютага. Святы заступнік Інтэрнету. Нарадзіліся мастак Леанід Шчамялёў, артыст Расціслаў Янкоўскі. Дзень памяці паэта Масея Сяднёва

Агата. Каровіна свята. Апякунства над свойскай жывёлай.

У гэты дзень свяцілі соль, хлеб, ваду, студні. Казалі: «Хлеб святой Агаты ня пусціць бяды да хаты», «Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты».

У Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Агата ў каталікоў – 5, у праваслаўных 18 лютага (Святая Агафія).

251 год. Памерла ў вязніцы Святая Агата.

Хрысціянская святая мучаніца з сіцылійскай Катаніі. У маладосці прыняла хрысціянства і захоўвала цноту. Аднак у яе закахаўся нехта Квінтыліян, які пачаў судовы пераслед святой. Агата вытрымала зневажэнне публічным домам, вязніцай і катаваннямі, у тым ліку разарванне і адразанне грудзей. Яе падтрымлівалі малітвы і бачанні Святога Пятра.

Пад час чарговага катавання пачаліся вывяржэнне вулкана Этна і землятрус. Насельнікі Катаніі запатрабавалі спыніць здзекі. Святая Агата вярнулася ў вязніцу, дзе і памерла з малітвай на вуснах.

З пачатку IV стагоддзя Агата шануецца ўсімі хрысьціянамі і лічыцца заступніцай жанчын, якія церпяць ад сэксуальных дамаганняў, ахоўвае ад пажараў, апякунка ад хваробаў свойскай жывёлы.

1637 год. Памёр Іосіф Руцкі.

Беларускі пісьменнік, уніяцкі мітрапаліт Iосіф IV (1613), філосаф, педагог, тэолаг.

Выхадзец з кальвінісцкай шляхецкай сям’і герба «Букраба».

Пад уплывам І. Кунцэвіча перайшоў ва ўніацтва. Значна ўмацаваў пазіцыі Уніяцкай Царквы ў ВКЛ, пастарскія кадры з адукацыяй еўрапейскага ўзроўню. Дамогся ў заснаваных ім духоўных школах навучання на пяці мовах, у тым ліку на беларускай, і тых правоў, якія мелі езуіцкія калегіумы.

У 1613-1637 быў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. Разам з І. Кунцэвічам з’яўляецца заснавальнікамі сённяшняга Базыльянскага Ордэна.

Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх уладаў у краіне.

Пісьменнік-палеміст, паслядоўна адстойваў ідэю паяднання ўсіх «вернікаў адзінага народа» на грунце грамадзянскасці. Абураючыся фактамі міжканфесійнай канфрантацыі, ён заклікаў да паразумення, супольнага і мірнага вырашэння спрэчных пытанняў.

1904 год. Нарадзіўся Віктар Кардовіч.

Польскі педагог, грамадскі дзеяч, гісторык.

Працаваў настаўнікам у сярэдніх школах у Заходняй Беларусі, быў дзеячом Саюза вясковай моладзі ў Навагрудку і Саюза вясковай вучнёўскай моладзі ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі асветніцкай і педагагічнай думкі, грамадска-палітычнага руху ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, кнігі «Канстанцін Каліноўскі: Польская рэвалюцыйная дэмакратыя ў студзеньскім паўстанні ў Літве і Беларусі».

Памёр 5 чэрвеня 1982 года.

1916 год. Нарадзілася Валянціна Пашкевіч (Жукоўская).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Памерла 25 сакавіка 2004 года.

1923 год. Нарадзіўся Леанід Шчамялёў.

Беларускі жывапісец, народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі, Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі і іншых.

Памёр 14 студзеня 2021 года.

1930 год. Нарадзіўся Расціслаў Янкоўскі.

Беларускі акцёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Брат акцёраў Алега і Мікалая Янкоўскіх. Член Міжнароднай акадэміі тэатра. Ганаровы грамадзяні Мінска.

З 1957 года служыў у Нацыянальным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, у 1995-2010 год – старшыня мінскага  Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

У якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990) выступіў у падтрымку замацавання статусу беларускай мовы як дзяржаўнай.

Яго мастацтва адметна актыўнасцю творчага пошуку, вострым драматызмам, сцэнічным тэмпераментам, яркасцю характарыстыкі вобразаў.

Сыграў больш за 160 вядучых роляў у класічным, сучасным і замежным тэатральным рэпертуары, больш за 60 роляў у кіно, у тым ліку, “Служылі два таварышы”, “Я, Францыск Скарына…”, “Корцік”, “Атланты і карыятыды”, “Дзяржаўная граніца. Чырвоны пясок”, “Стацкі саветнік”, “У чэрвені 41-га”.

Памёр 26 чэрвеня 2016 года ў Мінску.

Алег і Расціслаў Янкоўскія

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Ляхоўскі.

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

Даследаваў праблемы гісторыі культуры і адукацыі, развіцця беларускага нацыянальнага руху, БНР, гісторыю беларускай даваеннай эміграцыі, сацыяльна-палітычныя і гуманітарныя наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі, геапалітычныя і геаэканамічныя аспекты глабальнай і рэгіянальнай інтэграцыі.

Адзін з укладальнікаў зборнікаў «Слуцкі збройны чын 1920…», «Национальная академия наук Беларуси», суаўтар манаграфіі «Гісторыя Пінска: да 915-й гадавіны…».

Выдаў манаграфіі «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.» і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый…».

Памёр 6 верасня 2021 года.

2001 год. Ватыкан прызначыў святога заступніка Інтэрнету.

Разглядаліся кандыдатуры святой Рыты Каскійскай, айца Пія, апостала Піліпа, архангела Гаўрыіла, але зацвердзілі Святога Ісідара Севільскага. Раней яго лічылі настаўнікам вучняў і студэнтаў. Дзень гэтага святога – 4 красавіка.

Святы Ісідар жыў у раннесярэднявечнай Іспаніі і быў адным з першых энцыклапедыстаў. З-пад яго пяра выйшла 20-томная праца «Этымалогія», якая стала першай у свеце энцыклапедыяй. У сваёй працы біскуп упершыню прымяніў сістэму крыжаваных спасылак, якая ў некаторым сэнсе – прабацька гіпертэксту.

Карыстачам інтэрнэту, якія вызнаюць каталіцызм, святы Ісідар напэўна бліжэй, чым рунэтчыкам. Так, на сайце Сatholic Online, напрыклад, апублікаваная “Малітва перад выхадам у інтэрнэт”, у якой згадваецца святы.

2001 год. У ЗША памёр ураджэнец в. Мокрае Касцюковіцкага раёна Масей Сяднёў.

Беларускі паэт, празаік. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Свабода».

Скончыў Мсціслаўскім педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім педінстытуце, але яго не скончыў з прычыны арышту 21 кастрычніка 1936 года за дэклямацыю верша Якуба Коласа падчас абмеркавання праекту сталінскай канстытуцыі.

Cасланы на Калыму. У чэрвені 1941 года прывезены ў Мінск на перагляд справы, з набліжэннем нямецкай арміі быў адпушчаны канвоем каля Чэрвеня.

Выкладаў у беларускай гімназіі ў Міхэльсдорфе, у Індыянскім і Норвіскім універсітэтах ЗША, працаваў у Мюнхене галоўным рэдактарам радыёстанцыі «Свабода» (1950-1968).

Аўтар вершаў, перакладаў Гётэ, Рыльке, Гёльдэрліна, раманаў, зборнікаў вершаў, успамінаў, кнігі «Ахвяры бальшавізма».

У 1990-х гадах наведваў Беларусь, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выдаў кнігі : «Патушаныя зоры» (1992) і «Масеева кніга» (1994).

2003 год. Памёр Нічыпар Пашкевіч.

Беларускі крытык і літаратуразнавец, журналіст. Кандыдат філалагічных навук. Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за кнігу крытычных артыкулаў «На шырокіх шляхах жыцця».

У гады вайны партызан, камісар партызанскага атрада.

Працаваў у розных СМІ, часопісах, намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук, рэктарам Мінскага інстытута культуры, галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар навуковых, літаратуразнаўчых артыкулаў, публіцыстыкі, кніг.

2020 год. Памёр Барыс Луцэнка.

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст Беларусі.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаакцёра, Дзяржаўнага рускага тэатра імя М. Горкага, яго мастацкім кіраўніком.

Паставіў шматлікія спектаклі, у тым ліку рок-оперу А. Еранькова «Анджэла і іншыя» па творах А. Пушкіна, спектаклі «Перад захадам сонца» Г. Гауптмана, «Паведамленне Марыі» П. Кладэля, па творах беларускіх і еўрапейскіх аўтараў.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Берліна, Вільнюса, Жэневы.
Зняў кінастужку «Раскіданае гняздо», ажыццявіў пастаноўку фільмаў-спектакляў «Зацюканы апостал» і «Вяртанне ў Хатынь».

Займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, быў у аргкамітэце Грамадзянскай (Аб’яднанай грамадзянскай) партыі.

Дзень у гісторыі. 19 студзеня. Вадохрышча. Першы магілёўскі тралейбус і апошні “Фольксваген-жук”. Нарадзіліся падарожнік Міхал Урончанка, “Ляпіс” Сяргей Міхалок. Памёр краязнавец Міхаіл Без-Карніловіч

Вадохрышча, або Багаяўленне. Апошняе свята каляднага цыкла (з 7 па 19 студзеня). 

“Святое Хрышчэнне – Калядам прашчэнне”. У гэты дзень, які гістарычна звязваюць з хрэсьбінамі Ісуса Хрыста, людзі асвячалі ваду.

Адно з самых старажытных святаў хрысціянскай Царквы, адносіцца да часоў апосталаў. Старажытная назва свята – “Епіфанія” – з’ява, або “Тэафанія” – Багаяўленне, таксама яго называлі “свята Свету”. Бо Бог прыходзіць у свет у гэты дзень, каб явіць свету Святло.

Само слова “хрысціць” на мове арыгінала азначае “апускаць” (грэц. βάπτιση – “апусканне ў ваду”).

У памяць аб тым, што Хрыстос сваім Вадохрышчам асвяціў ваду, напярэдадні свята вада асвячаецца ў храмах, у само свята Богаяўлення – у рэках або іншых месцах, дзе бяруць ваду. Для подступу да вады напярэдадні свята мужчыны выразаюць у лёдзе вялікую палонку ў выглядзе крыжа – Іардань, а сам ледзяны крыж усталёўваюць побач. Над ракой каля крыжа адбываецца абрад Іарданскага водаасвячэння. Вакол палонкі, святары і мясцовыя жыхары здзяйсняюць хрэсны ход, служаць малебен і, тым самым, асвячаюць ваду. Асвечаная вада лічыцца гаючай.

Лічыцца, што Вадохрышчанская вада змывае ўсе грахі, таму на Вадохрышча людзі тры разы з галавой апускаюцца ў ваду. Гэтак жа лічыцца, што ў вадохрышчанскую ноч вада прыходзіць у рух, як бы, у памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста. І сіла вады становіцца цудадзейнай. З боскай дапамогай вады – вылечваліся хворыя, ваду давалі піць дзецям. У старажытнасці народ верыў, што на Богаяўленне свеціць сонца, а ў вадохрышчанскую ноч адкрываецца неба, што сімвалізуе адкрытыя зносіны з Богам.

Дзень ратавальніка Беларусі (з 2000 года).

Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях (МНС) было зацвероджана ў гэты дзень у 1999 годзе. 

МНС створана ў 1994 годзе на базе атрада службы выратавання – Рэспубліканскага спецатрада па правядзенні першачарговых аварыйна-выратавальных работ, які бярэ пачатак з 1991 года.

МНС выконвае шырокі спектр работ – гэта ліквідацыя пажараў, наступстваў стыхійных бедстваў, аварый на сістэмах жызнезабеспячэння, ратаванне людзей на вадзе і іншае.

Беларуская служба выратавання сёння – гэта каля 1 000 баявых падраздзяленняў, на ўзбраенні якіх знаходзіцца больш за 6 000 адзінак тэхнікі.

Сёння ў структуры МНС функцыянуюць 17 спецыяльных службаў, у тым ліку службы пажаратушэння і аварыйна-выратавальных работ, хімічнай і радыяцыйнай бяспекі, інжынерных работ, вадалазная, медыцынская, выбухатэхнічная, авіяцыйная, пошукава-выратавальная, парашутна-дэсантная, пантонная і іншыя.

Дзень Магілёўскага географа. 

У 1934 годзе адчынены кафедра фізічнай геаграфіі і геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута. 

Першым дэканам і загадчыкам кафедры стаў Даніла Васілеўскі. 

На геаграфічным факультэце працавалі дактары навук, прафесары, знакамітыя ў свеце і Еўропе географы, падарожнікі Г. Шэнберг, П. Бардакоў, М. Баднарскі, М. Мікалаеў, М. Самбікін, А. Мядзведзеў, А. Гожаў, Б. Бажэнаў, І. Сілініч, Б. Нешатаеў, С. Сідор, Р. Дулаева, М. Звераў, М. Клюкін, Ю. Шчарбакоў, Б. Крубіч-Лебедзеў, М. Плоткін, планавалася і праца ў даваенны час Аркадзя Смоліча.

Праз 25 гадоў, у гэты ж дзень у 1959 годзе зарэгістраваны першы ў Беларусі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства. Першым старшынёй стаў Мікалай Нешатаеў, вучоным сакратаром – Пятро Лярскі.

1630 год. Памёр Яўстах Валовіч. 

Дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат і бібліяфіл. Вялікі пісар, падканцлер вялікі літоўскі, біскуп віленскі. Удзельнік пасольства Рэчы Паспалітай да Папы рымскага і іншых пасольстваў.

У час яго біскупства пабудавана 26 касцёлаў, галоўным чынам на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі.

Шчодры мецэнат. Спрыяў утварэнню ў складзе Віленскай акадэміі факультэтаў права і медыцыны. Заснаваў на ўласныя сродкі лякарню Святых Нікадзіма і Язафата ў Вільні.

Уладальнік каштоўнай асабістай бібліятэкі. Асобныя кнігі з яго збору захоўваюцца ў бібліятэках Віленскага ўніверсітэту, Акадэміі навук Літвы і іншых бібліятэках.

1656 год. Памёр Казімір Леў Сапега. 

Вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Каралеўскі сакратар і пісар вялікі літоўскі, маршалак дворны літоўскі, падканцлер літоўскі, адміністратар Берасцейскай эканоміі.

Займаўся ўпарадкаваннем архіву Кароны. Удзельнічаў у заключэнні выгаднага для Рэчы Паспалітай Палянаўскага мірнага дагавора (1634).

Браў удзел у вайне з казакамі ва Украіне (1648-1653), заключэнні Збораўскага пагаднення, бітве пад Берастэчкам.

У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667) выставіў уласны полк. Восенню 1655 года пад Берасцем каардынаваў баявыя дзеянні супраць маскоўскіх і шведскіх войскаў.

Дамогся ад караля прывілеяў на магдэбургскае права і кірмашы для сваіх мястэчак, у тым ліку для Бялынічаў.

1802 год. Нарадзіўся Міхал Урончанка. 

Геадэзіст, картограф, усходазнаўца, кадравы разведчык, генерал-маёр, генерал-губернатар Тыфліса, першы падарожнік па Малой Азіі, аўтар паняцця меандраванне, літаратар, паліглот, першы перакладчык на рускую мову Т. Мура, У. Шэкспіра, Дж. Байрана, А Міцкевіча і іншых. 

Адзін з 17 заснавальнікаў Рускага геаграфічнага таварыства. Старшыня Камітэта па адукацыі яўрэяў.

Яго імя значыцца на мемарыяльнай дошцы ў гонар найлепшых выпускнікоў Магілёўскай гімназіі.

Сябар А.Пушкіна, Н. Языкава, А. Міцкевіча.

Правёў топагеадэзічныя здымкі ў Бесарабіі, на Балканах, у Беларусі, Малой Азіі, на Каўказе, у Прычарнамор’і, Цэнтральнай Расіі, у Наварасійскім краі і Паволжы.

Памёр 26 лістапада 1855 г. у Харкаве.

Яго імя ўшанавана ў Балгарыі, Турцыі, Расіі, Беларусі (у Магілёве – толькі на дошцы гімназіі; пры гэтым няма ні бюста, ні помніка, ні вуліцы яго імя).

1862 год. Памёр Міхаіл Без-Карніловіч. 

Беларускі тапограф і статыстык, гісторык, этнограф, краязнавец, генерал-маёр. Брат дзекабрыста Аляксандра Карніловіча.

Карніловіч стаў Без-Карніловічам у выніку бюракратычнай памылкі.

Праводзіў тапаграфічнае і ваенна-статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай і іншых губерняў, Беластоцкай акругі. Збіраў звесткі аб беларускіх старажытнасцях.

Аўтар ваенна-статыстычнага агляду Віцебскай губерніі, кнігі «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі…» (1855).

Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай i Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў нашчадкаў крывічоў, гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ.

Імкнуўся вывучаць гісторыю асобных гарадоў або мясцовасцей у непарыўнай сувязі з агульнадзяржаўнай і агульнаеўрапейскай гісторыяй.

1900 год. У Мінску нарадзіўся Віктар Баркоўскі. 

Мовазнавец, прафесар, доктар філалагічных навук, акадэмік АН СССР, Берлінскай акадэміі навук, ганаровы доктар філасофіі ГДР, член-карэспандэнт Акадэміі навук і літаратуры ў Майнцы (ФРГ). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.

Спецыяліст па гістарычным сінтаксісе рускай і беларускай моў, наўгародскіх берасцяных граматах, рускай дыялекталогіі.

З яго імем звязана развіццё даследаванняў у галіне параўнальна-гістарычнага сінтаксісу рускай і – шырэй – усходнеславянскіх моў. У гэтай галіне ён выступіў як даследчык, аўтар шырока вядомых прац, як арганізатар кірунку параўнальна-гістарычных даследаванняў усходнеславянскіх моў.

Пасля грамадзянскай вайны займаў пасады памочніка начальніка аддзела ўпраўлення вышэйшымі марскімі вучэбнымі ўстановамі, памочніка начальніка аддзела Штаба камандуючага марскімі сіламі РСФСР. Зяць акадэміка Яўхіма Карскага.

У 1930-1950 гады працаваў у шэрагу педінстытутаў і ўніверсітэтаў, у тым ліку, у першай палове 1930-х гадоў у Магілёўскім педінстытуце, дзе займаўся пытаннямі рэформы беларускага правапісу.

Аўтар прац па гісторыі вывучэння беларускай мовы, аналізу спадчыны Я. Карскага.

Памёр 26 студзеня 1982 года ў Маскве.

1910 год. Нарадзіўся Іван Ушакоў. 

Беларускі тэатральны мастак. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, у тым ліку ў якасці  галоўнага мастака.

У афармленні спектакляў шырока выкарыстоўваў выразныя сродкі жывапісу, сэнсавы і эмацыйны акцэнт рабіў на пейзажы. Стварыў дэкарацыі да спектакляў «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка, «Фландрыя» Э. Сарду, «Ірынка» К. Чорнага, «Хлопец з нашага горада» К. Сіманава.

Памёр 26 жніўня 1966 года.

1931 год. Нарадзілася Наталля Паплаўская. 

Беларуская мастачка. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працавала ў станковай, кніжнай графіцы, у тэхніцы акварэлі (цыкл «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»), літаграфіі (серыі «Палессе», «Героі беларускіх казак»), афорта, лінагравюры. Шмат працуе над афармленнем дзіцячай кнігі, школьных падручнікаў.

Яе работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, фондах Саюза Мастакоў, Міністэрства культуры Расіі, аб’яднанні «Цэнтральны дом мастака» у Маскве, мастацкім музеі г. Магілёва, галерэях Аполе і Варшавы, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і Еўропы.

1944 год. Загінуў Мікола Чарнецкі

Беларускі публіцыст, педагог, палітычны дзеяч. Доктар філасофіі.

Актывіст Грамады беларускай моладзі ў Гродне, студэнцкіх арганізацый у Празе, Пражскім універсітэце, Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны, член пражскага бюро Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

У 1929-1944 гадах працаваў у Заходняй Беларусі: выкладчык беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку, сурэдактар віленскага часопіса «Золак», дырэктар школы ў в. Крынкі, кіраўніком асветы Крынкаўскага раёна пры Саветах.

Арыштаваны НКУС, уцёк з-пад арышту. Падчас вайны працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку.

Па-зверску забіты польскімі тэрарыстамі. Пахаваны на Праваслаўных могілках у Беластоку.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Другі злева – Мікалай Чарнецкі

1970 год. Пуск першага тралейбуса ў Магілёве

Першыя тралейбусы паехалі па маршруце чыгуначны вакзал – завод імя Куйбышава. 

Зараз у Магілёве працягласць тралейбусных ліній складае каля 81 км. 

Плануецца будаўніцтва новых ліній, у тым ліку да мікрараёна “Спадарожнік”, у жылы раён “Казіміраўка”.

1972 год. Нарадзіўся Сяргей Міхалок. 

Беларускі спявак, аўтар музыкі і тэкстаў, акцёр. У 1990-2014 гадах вакаліст і галоўны ідэолаг гурта “Ляпіс Трубяцкі”, з 2014 года — вакаліст гурта “Brutto”.

Супрацоўнічаў з тэатрам «Бамбукі», гуртом «Крамбамбуля», працаваў арт-дырэктарам ў клубе «Аддис-Абеба», разам з Аляксеем «Хацонам» Хацкевічам удзельнічаў у комік-дуэце «Саша і Сірожа», сузаснавальнік творчага аб’яднання «Дети солнца».

У 2011 годзе за смелыя выказванні ў адрас уладаў, за асуджэнне за разгон акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, «Ляпіс Трубяцкі» трапіў у «чорны спіс» творчых калектываў.

Жыве ва Украіне з 2014 года. Заслужаны артыст Украіны (2020).

На фоне ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, аднавіў дзейнасць у групе “Ляпіс Трубяцкі” і запусціў тур па Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў падтрымку ўкраінскага боку.

1978 год. У Германіі выпушчаны апошні аўтамабмль “фольксваген-жук”, Volkswagen Käfer. 

Ён выпускаўся з 1938 года. Гэта самы масавы аўтамабіль у гісторыі. Усяго было выраблена 21 529 464 аўтамабіля. На зборачным канвееры аўтамабіль быў заменены мадэллю “Гольф”.

Зараз “Жукі” выпускаюць у Мексіцы і Бразіліі.

У 2021 годзе дызайн “Жука” без адпаведнага дазволу быў скапіяваны кітайскай кампаніяй “Great Wall” і прадстаўлены ў якасці ўласнага канцэпта кампактнага хэтчбэка.