Дзень у гісторыі. 9 сакавіка. Абвяшчэнне БНР. Крывавае пахаванне Сталіна. Першая Barbie. Нарадзіліся Т. Шаўчэнка, Ф. Аляхновіч, Ю. Гагарын

Міжнародны дзень ды-джэя (International DJ Day, з 2001 года) святкуецца па пастанове ЮНЕСКА.

Арганізатары фонду World DJ Day Foundation заклікаюць ды-джэяў ахвяраваць усе заробленыя ў гэтую ноч грошы дзіцячым дамам і дабрачынным арганізацыям.

Свята па маштабах гучней за ўсіх адзначаецца ў Вялікабрытаніі. Вядучыя ды-джэі і клубы на працягу тыдня бесперапынна іграюць музыку. Усе сабраныя сродкі пасля такога маштабнага свята паступаюць дзецям-сіротам.

Штогод у акцыі бяруць удзел не менш за 3 000 ды-джэяў з 82 краін свету.

Стварэнне клубнай музыкі – цэлая навука. Ёсць нават школы ды-джэяў. Проста ставіць кампазіцыю – гэтага ўжо мала. Ды-джэю трэба зрабіць рытм, пад які будуць танчыць сотні людзей.

1497 год. Польскі манах Мікалай Капернік (1473-1543) зрабіў першае са сваіх 27 планетарных назіранняў.

Вынікі яго назіранняў былі скарыстаны ў трактаце “Аб зваротах нябесных сфер”, які змяніў карціну свету. Ён з’яўляецца стваральнікам геліяцэнтрычнай сістэмы.

Навуковыя доследы Каперніка былі падтрыманы кардыналам М. Шэнбергам, нашчадак якога, Гергард Шэнберг (1875-1954) працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры геаграфіі (1946-1954) Магілёўскага педінстытута.

1652 год. Дэпутат ад ВКЛ Уладзіслаў Сіцінскі ўпершыню выкарыстаў права liberum veto у Сейме Рэчы Паспалітай і спыніў працу сейма.

«Вольнае вета», Liberum veto – прынцып парламенцкага ладу ў Рэчы Паспалітай, які дазваляў любому дэпутату сейма спыніць абмеркаваньне пытання ў сейме і працу сейма наогул, выступіўшы супраць.

1814 год. Нарадзіўся Тарас Шаўчэнка (1814-1861).

Вядомы ўкраінскі мастак і літаратар. Нацыянальны герой Украіны.

Праехаў па Беларусі ў 1829 годзе, у час прыезду свайго ўладніка П. Энгельгарта ў Вільню.

У 1843 годзе, здабыўшы волю, Шаўчэнка па дарозе з Пецярбурга да Украіны наведаў Віцебск, Магілёў, Гомель. Гэтым жа шляхам вяртаўся ў Пецярбург у 1847 годзе. Падрымліваў сувязі са многімі беларускімі літаратарамі, удзельнікамі вызваленчага руху.

У 1863 годзе ў Вільні быў выдадзены «Кабзар» Шаўчэнкі на польскай мове ў перакладзе У. Сыракомлі.

Да пачатку XX стагоддзя адносяцца пераклады Шаўчэнкі на беларускую мову, якія зрабілі зрабілі Янка Купала, А. Гурло, А. Паўловіч. Першым даследчыкам паэтыкі Т. Шаўчэнкі ў Беларусі быў М. Багдановіч. У аснове паэмы Янкі Купалы “Тарасава доля” адлюстраваны жыццёвы шлях вялікага Кабзара.

Перакладалі Шаўчэнку і беларускія паэты міжваеннага і паваеннага часу, у іхнім ліку – Рыгор Барадулін.

У яго гонар у Беларусі усталяваны помнікі ў Брэсце, Слуцку, Гомелі, Мінску, Магілёве (2005). У 2015 годзе помнік у Магілёве быў пашкоджаны вандаламі.

Выява Шаўчэнкі разам з Гогалем і Пушкіным размешчана на мемарыяльнай дошцы на будынку па Ленінскай, 33 у Магілёве.

У Беларусі вуліцы Шаўчэнкі ёсць у шматлікіх гарадах, у тым ліку Бабруйску, Магілёве.

1831 год. У Алжыры заснаваны Французскі замежны легіён.

Ваеннае фарміраванне, якое спачатку прыцягвала замежных наймітаў. Першапачаткова фармаванне прызначалася для аперацый у афрыканскіх уладаннях Францыі. Салдаты кляліся “служыць не Францыі, але Легіёну”, і лацінская формула “Legio patria nostra” (“Легіён – наша Айчына”) была іх неафіцыйным дэвізам.

Сёння Замежны легіён – высокапрафесійны і дысцыплінаваны наёмны спецназ, які здолеў захаваць свой рамантычны арэол для шукальнікаў прыгод. Яго афіцэрамі з’яўляюцца толькі французы. Іншаземцы ж, якія добрасумленна адслужылі радавымі не менш за адзін пяцігадовы тэрмін, могуць прэтэндаваць на французскае грамадзянства.

Да 1 000 беларусаў і выхадцаў з Беларусі, не менш за 30 магіляўчан, служылі ў шэрагах Легіёна.

1838 год. Памёр Іасафат Булгак (1758-1838).

Грэка-каталіцкі царкоўны дзеяч.

Яго смерць зняла апошнюю перашкоду для скасавання Берасцейскай уніі 1596 года.

Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры і ў Рыме.

Член ордэна базыльян. Доктар тэалогіі і кананічнага права. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы, Жыровічах.

Падчас царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе.

Епіскап брэсцкі, архіепіскап полацкі, мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817-1838).

У канцы жыцця яго акружалі епіскапы, прыхільнікі аб’яднання з праваслаўнай царквой – І. Сямашка, А. 3убко, В. Лужынскі і іншыя, што вяло да змяншэння яго ўплыву.

1858 год. У амерыканскай Філадэльфіі выдадзены патэнт на вулічную паштовую скрыню.

У Рэчы Паспалітай паштовыя скрыні вядомы з 1633 года. На радзіму паштовай скрыні прэтэндуе Легніца. 

1883 год. Нарадзіўся Францішак Аляхновіч.

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны, атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Пад час вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілках Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

1918 год. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда прымае Другую Устаўную грамату, абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка ў этнічных межах.

Першая Грамата была выдадзена 21 лютага, у якой Выканкам аб’явіў сябе часовай уладай у Беларусі. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, Рада . Яназаяўляла, што ўлада ў краіне павінна фармавацца згодна з воляй народаў, якія насяляюць краіну, шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм.

Трэцяя Статутная грамата была выдадзена 25 сакавіка 1918 года а 8:00 у будынку мінскага сялянскага пазямельнага банка на вуліцы Серпухоўскай (цяпер – Валадарскага, 9). Яна аб’явіла аб абвяшчэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

БНР мела тэрыторыю 300 000 квадратных кіламетраў.

1934 год. Нарадзіўся Юрый Гагарын (1934-1968).

Першы ў свеце касманаўт, Герой Савецкага Саюза.

У юнага Гагарына любімым творам быў верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”, які, верагодна, абумовіў выбар прафесіі.

У Магілёве ў гонар першага касманаўта Зямлі названа вуліца ў Задняпроўі.

1953 год. У бяльгійскім Лёвене памёр Мікола Равенскі (1886-1953).

Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.

Працаваў рэгентам у Навагрудку, Чэрвені, хормайстрам мінскага гарадскога тэатра, выкладчыкам у музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі.

3 1944 года на эміграцыі ў Германіі, Бельгіі. Працаваў у Лёвенскі універсітэце, дзе стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі, кіраваў хорам беларускіх студэнтаў Бельгіі, з якім гастраляваў па Еўропе. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Музычная і кампазітарская творчасць цесна звязана з беларускім фальклорам.

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, К. Буйло, Ц. Гартнага, З. Бядулі, оперы «Браніслава» (лібрэта У. Дубоўкі; у 1930 годзе канфіскавана), першай беларускай аперэты на словы В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», музыкі для «Пагоні», на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку «Магутны Божа» (на словы Н. Арсенневай).

Аўтар даследавання «Характэрныя рысы беларускай народнай песні».

1953 год. Пахаванне І. Сталіна і тысячы загінулых. 

Цела Сталіна хаваюць у Маўзалеі, над галоўным уваходам якога змяшчаецца вялізны маналіт чорнага лабрадора са словамі: Ленін, Сталін.

Пазней цела Сталіна будзе вынесена з Маўзалея.

Сталін памёр 5 сакавіка. На чатыры дні ў СССР была аб’яўлена ўсенародная дзяржаўная жалоба. Тры дні запар жывая шматкіламетровая чалавечая рака, выгінаючыся па вуліцах Масквы, накіроўвалася да Калоннай залы Дома Саюзаў, да труны з целам нябожчыка.

З-за шматтысячнай вялікай колькасці людзей утвараліся цісканіны. Многія памерлі далёка на подступах. Па сведчаннях відавочцаў, усе раздушаныя целы складалі на грузавікі і вывозілі за горад. Сярод раздушаных былі такія, якія прыходзілі ў сябе, прасілі дапамогі. Але хуткая медыцынская дапамога практычна не працавала: па цэнтральных вуліцах забаранялася ездзіць. Параненыя нікога не цікавілі. На многіх вуліцах разыгрываліся сапраўдныя трагедыі. Цісканіна была такой моцнай, што людзей проста ўціскалі ў сцены дамоў. Абвальваліся платы, ламаліся брамы, разбіваліся вітрыны крам. Людзі залазілі на жалезныя ліхтарныя слупы і, не ўтрымаўшыся, падалі адтуль, каб ужо ніколі не падняцца. Некаторыя ў роспачы наадварот спрабавалі пралезці пад грузавікамі, але іх туды не пускалі. Па іх тапталіся, напіралі ззаду. Натоўп гушкаў хвалямі то ў адзін бок, то ў другі. Аб колькасці загінуўшых у тым страшным гармідары забаранялася нават казаць. І толькі праз некалькі гадоў, ужо ў гады выкрыцця культу асобы, сталі з’яўляцца сведчанні ўдзельнікаў тых падзей аб тысячах загінуўшых.

Колькасць ахвяр магчыма была куды большая за Хадынскую трагедыю, калі 30 траўня 1896 года ў дні ўрачыстасцяў з нагоды каранацыі Мікалая II загінула ад 1 389 да 4 000 чалавек.

1959 год. У продаж паступаюць першыя лялькі Барбі па 3 долары.

Амерыканская фірма “Матэл” прадставіла на выставе цацак у Нью-Йорку сваю ляльку “Барбі”, якая стала кумірам дзяцей ва ўсім свеце.

Барбі – самая папулярная ў свеце цацка. Кожны тыдзень у свеце прадаецца каля мільёна лялек, кожную секунду – дзве лялькі. У амерыканскай дзяўчынкі ва ўзросце 3-10 гадоў у сярэднім 8 такіх лялек, у італьянкі – 7, у францужанкі, немкі і англічанкі – па 5.

Адна з лялек, набытых у 1959 годзе за 3 долары, у 2004 годзе была прададзена на аўкцыёне eBay за 3 552 долары, а ў 2006 на аўкцыёне Christie’s у Лондане яе кошт вырас да 17 000.

1992 год. Памёр ураджэнец Брэста Менахем Бегін (Мечыслаў Бягун, 1913–1992).

Шосты прэм’ер-міністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

20 верасня 1940 года ў Вільні быў арыштаваны НКУС і заключаны ў Лукішскую турму як «агент брытанскага імперыялізму», быў этапаваны ў лагер у Комі АССР. У 1941 годзе ўступіў у войска Андэрса і ў траўні 1942 года апынуўся ў Палестыне.

Бегін – актыўны ўдзельнік Вайны за незалежнасць Ізраіля. Рэфарматар.

Аўтар артыкулаў і трох кніг мемуарнага характару, у тым ліку пра савецкую турму і лагер.

У Брэсце ў яго гонар усталяваны бюст.

Дзень у гісторыі. 5 лютага. Святы заступнік Інтэрнету. Нарадзіліся мастак Леанід Шчамялёў, артыст Расціслаў Янкоўскі. Дзень памяці паэта Масея Сяднёва

Агата. Каровіна свята. Апякунства над свойскай жывёлай.

У гэты дзень свяцілі соль, хлеб, ваду, студні. Казалі: «Хлеб святой Агаты ня пусціць бяды да хаты», «Соль святой Агаты бароніць ад агню хаты».

У Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Агата ў каталікоў – 5, у праваслаўных 18 лютага (Святая Агафія).

251 год. Памерла ў вязніцы Святая Агата.

Хрысціянская святая мучаніца з сіцылійскай Катаніі. У маладосці прыняла хрысціянства і захоўвала цноту. Аднак у яе закахаўся нехта Квінтыліян, які пачаў судовы пераслед святой. Агата вытрымала зневажэнне публічным домам, вязніцай і катаваннямі, у тым ліку разарванне і адразанне грудзей. Яе падтрымлівалі малітвы і бачанні Святога Пятра.

Пад час чарговага катавання пачаліся вывяржэнне вулкана Этна і землятрус. Насельнікі Катаніі запатрабавалі спыніць здзекі. Святая Агата вярнулася ў вязніцу, дзе і памерла з малітвай на вуснах.

З пачатку IV стагоддзя Агата шануецца ўсімі хрысьціянамі і лічыцца заступніцай жанчын, якія церпяць ад сэксуальных дамаганняў, ахоўвае ад пажараў, апякунка ад хваробаў свойскай жывёлы.

1637 год. Памёр Іосіф Руцкі.

Беларускі пісьменнік, уніяцкі мітрапаліт Iосіф IV (1613), філосаф, педагог, тэолаг.

Выхадзец з кальвінісцкай шляхецкай сям’і герба «Букраба».

Пад уплывам І. Кунцэвіча перайшоў ва ўніацтва. Значна ўмацаваў пазіцыі Уніяцкай Царквы ў ВКЛ, пастарскія кадры з адукацыяй еўрапейскага ўзроўню. Дамогся ў заснаваных ім духоўных школах навучання на пяці мовах, у тым ліку на беларускай, і тых правоў, якія мелі езуіцкія калегіумы.

У 1613-1637 быў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. Разам з І. Кунцэвічам з’яўляецца заснавальнікамі сённяшняга Базыльянскага Ордэна.

Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх уладаў у краіне.

Пісьменнік-палеміст, паслядоўна адстойваў ідэю паяднання ўсіх «вернікаў адзінага народа» на грунце грамадзянскасці. Абураючыся фактамі міжканфесійнай канфрантацыі, ён заклікаў да паразумення, супольнага і мірнага вырашэння спрэчных пытанняў.

1904 год. Нарадзіўся Віктар Кардовіч.

Польскі педагог, грамадскі дзеяч, гісторык.

Працаваў настаўнікам у сярэдніх школах у Заходняй Беларусі, быў дзеячом Саюза вясковай моладзі ў Навагрудку і Саюза вясковай вучнёўскай моладзі ў Вільні.

Аўтар прац па гісторыі асветніцкай і педагагічнай думкі, грамадска-палітычнага руху ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, кнігі «Канстанцін Каліноўскі: Польская рэвалюцыйная дэмакратыя ў студзеньскім паўстанні ў Літве і Беларусі».

Памёр 5 чэрвеня 1982 года.

1916 год. Нарадзілася Валянціна Пашкевіч (Жукоўская).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Памерла 25 сакавіка 2004 года.

1923 год. Нарадзіўся Леанід Шчамялёў.

Беларускі жывапісец, народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі, Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі і іншых.

Памёр 14 студзеня 2021 года.

1930 год. Нарадзіўся Расціслаў Янкоўскі.

Беларускі акцёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Брат акцёраў Алега і Мікалая Янкоўскіх. Член Міжнароднай акадэміі тэатра. Ганаровы грамадзяні Мінска.

З 1957 года служыў у Нацыянальным драматычным тэатры імя Максіма Горкага, у 1995-2010 год – старшыня мінскага  Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

У якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990) выступіў у падтрымку замацавання статусу беларускай мовы як дзяржаўнай.

Яго мастацтва адметна актыўнасцю творчага пошуку, вострым драматызмам, сцэнічным тэмпераментам, яркасцю характарыстыкі вобразаў.

Сыграў больш за 160 вядучых роляў у класічным, сучасным і замежным тэатральным рэпертуары, больш за 60 роляў у кіно, у тым ліку, “Служылі два таварышы”, “Я, Францыск Скарына…”, “Корцік”, “Атланты і карыятыды”, “Дзяржаўная граніца. Чырвоны пясок”, “Стацкі саветнік”, “У чэрвені 41-га”.

Памёр 26 чэрвеня 2016 года ў Мінску.

Алег і Расціслаў Янкоўскія

1964 год. Нарадзіўся Уладзімір Ляхоўскі.

Беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук.

Даследаваў праблемы гісторыі культуры і адукацыі, развіцця беларускага нацыянальнага руху, БНР, гісторыю беларускай даваеннай эміграцыі, сацыяльна-палітычныя і гуманітарныя наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі, геапалітычныя і геаэканамічныя аспекты глабальнай і рэгіянальнай інтэграцыі.

Адзін з укладальнікаў зборнікаў «Слуцкі збройны чын 1920…», «Национальная академия наук Беларуси», суаўтар манаграфіі «Гісторыя Пінска: да 915-й гадавіны…».

Выдаў манаграфіі «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.» і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый…».

Памёр 6 верасня 2021 года.

2001 год. Ватыкан прызначыў святога заступніка Інтэрнету.

Разглядаліся кандыдатуры святой Рыты Каскійскай, айца Пія, апостала Піліпа, архангела Гаўрыіла, але зацвердзілі Святога Ісідара Севільскага. Раней яго лічылі настаўнікам вучняў і студэнтаў. Дзень гэтага святога – 4 красавіка.

Святы Ісідар жыў у раннесярэднявечнай Іспаніі і быў адным з першых энцыклапедыстаў. З-пад яго пяра выйшла 20-томная праца «Этымалогія», якая стала першай у свеце энцыклапедыяй. У сваёй працы біскуп упершыню прымяніў сістэму крыжаваных спасылак, якая ў некаторым сэнсе – прабацька гіпертэксту.

Карыстачам інтэрнэту, якія вызнаюць каталіцызм, святы Ісідар напэўна бліжэй, чым рунэтчыкам. Так, на сайце Сatholic Online, напрыклад, апублікаваная “Малітва перад выхадам у інтэрнэт”, у якой згадваецца святы.

2001 год. У ЗША памёр ураджэнец в. Мокрае Касцюковіцкага раёна Масей Сяднёў.

Беларускі паэт, празаік. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Свабода».

Скончыў Мсціслаўскім педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім педінстытуце, але яго не скончыў з прычыны арышту 21 кастрычніка 1936 года за дэклямацыю верша Якуба Коласа падчас абмеркавання праекту сталінскай канстытуцыі.

Cасланы на Калыму. У чэрвені 1941 года прывезены ў Мінск на перагляд справы, з набліжэннем нямецкай арміі быў адпушчаны канвоем каля Чэрвеня.

Выкладаў у беларускай гімназіі ў Міхэльсдорфе, у Індыянскім і Норвіскім універсітэтах ЗША, працаваў у Мюнхене галоўным рэдактарам радыёстанцыі «Свабода» (1950-1968).

Аўтар вершаў, перакладаў Гётэ, Рыльке, Гёльдэрліна, раманаў, зборнікаў вершаў, успамінаў, кнігі «Ахвяры бальшавізма».

У 1990-х гадах наведваў Беларусь, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выдаў кнігі : «Патушаныя зоры» (1992) і «Масеева кніга» (1994).

2003 год. Памёр Нічыпар Пашкевіч.

Беларускі крытык і літаратуразнавец, журналіст. Кандыдат філалагічных навук. Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за кнігу крытычных артыкулаў «На шырокіх шляхах жыцця».

У гады вайны партызан, камісар партызанскага атрада.

Працаваў у розных СМІ, часопісах, намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы акадэміі навук, рэктарам Мінскага інстытута культуры, галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

Аўтар навуковых, літаратуразнаўчых артыкулаў, публіцыстыкі, кніг.

2020 год. Памёр Барыс Луцэнка.

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст Беларусі.

Працаваў у Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, галоўным рэжысёрам Тэатра-студыі кінаакцёра, Дзяржаўнага рускага тэатра імя М. Горкага, яго мастацкім кіраўніком.

Паставіў шматлікія спектаклі, у тым ліку рок-оперу А. Еранькова «Анджэла і іншыя» па творах А. Пушкіна, спектаклі «Перад захадам сонца» Г. Гауптмана, «Паведамленне Марыі» П. Кладэля, па творах беларускіх і еўрапейскіх аўтараў.

Ставіў спектаклі ў тэатрах Берліна, Вільнюса, Жэневы.
Зняў кінастужку «Раскіданае гняздо», ажыццявіў пастаноўку фільмаў-спектакляў «Зацюканы апостал» і «Вяртанне ў Хатынь».

Займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, быў у аргкамітэце Грамадзянскай (Аб’яднанай грамадзянскай) партыі.