Самы буйны на планеце айсберг А23а, які сеў на мелізну 30 гадоў таму, пачаў актыўны дрэйф з хуткасцю звыш 150 кіламетраў у месяц уздоўж Антарктыды – паведамляе прэс-служба Арктычнага і Антарктычнага навукова-даследчага інстытута Расійскай акадэміі навук.
Спецыялісты інстытута назіраюць за ходам руху айсберга. У цяперашні час ён рухаецца па моры Уэдэла ўздоўж берагоў Антарктыды – гаворыцца ў паведамленні.
Айсбергі ўяўляюць патэнцыйную небяспеку для судоў, таму навукоўцы стала сочаць за іх перасоўваннем.
Паводле наменклатуры Нацыянальнага лядовага цэнтра ЗША, айсберг А23а – найбуйнейшы ў свеце. Яго плошча складае каля 4,17 тысячы квадратных кіламетраў, што ў 12 разоў перавышае плошчу двухмільённай беларускай сталіцы.
У верасні 1986 года адбыўся адкол знешняга краю шэльфавага ледніка Фільхнера.
У месцы адколу ўтварыліся тры гіганцкія айсбергі.
Пазней найбуйнейшы з айсбергаў сеў на мель паблізу паўднёвай ускраіны падводнай банкі Беркнера, якая размешчаецца ў паўднёвай частцы мора Уэдэла, тым самым фактычна ператварыўшыся ў ледзяны востраў на доўгія дзесяцігоддзі.
Найбліжэйшая будучыня айсберга А23а залежыць ад шматлікіх фактараў: уздзеянне плыняў, выступаў падводнага рэльефу, метэаралагічных фактараў, але ў канчатковым выніку дні жыцця айсберга палічаныя – ён будзе вынесены на “чыстую ваду”, верагодней за ўсё, ужо ў гэтым годзе.
Сангкран на санскрыце азначае “пераход”, змена пор года.
Адзначаецца з 13 па 15 красавіка. Змена года па старажытнаіндыйскім астралагічным календары, у час, калі сонца пераходзіць з сузор’я Рыб у сузор’е Авена.
У гэты дзень прынята падносіць вытанчаныя стравы будыйскім святарам у знак павагі да будыйскай філасофіі. Хатняя статуя Буды абмываецца чыстай вадой з пялёсткамі руж і язмінам. Тайская моладзь у гэты дзень аблівае равеснікаў вадой.
Сусветны дзень рок-н-ролу.
З датай урачыстасці ў прыхільнікаў да гэтага часу ўзнікаюць некаторыя рознагалоссі. Афіцыйны заснавальнік жанру – Біл Хэйлі ў 1954 годзе напісаў мелодыю “Rock Around The Clock” (“Рок круглыя суткі”), якую пасля музычныя крытыкі прызналі першым у свеце творам новага музычнага жанру. Паколькі завяршыў ён сваю працу ноччу, то некаторыя знаўцы лічаць, што гэта адбылося 12-га красавіка, але ўсё ж большасць прыхільнікаў рок-н-ролу схільна прыняць за дату заснавання накірунка менавіта 13 красавіка.
Музычны тэрмін “рок-н-рол” уведзены ва ўжытак Аланам Фрыдам з Кліўленда, які шмат зрабіў для папулярызацыі новай музыкі.
Сярод заснавальнікаў напрамку быў і легендарны Элвіс Прэслі.
У пачатку 1960-х з’явіўся новы стыль у рок-н-роле – поп-рок. Ліверпульская чацвёрка сваімі кампазіцыямі запусціла ў свет эпідэмію “бітламаніі”. У 1964 годзе з’явіліся “Rolling Stones”, якія адрозніваліся хуткім, магутным і тэхнічным гукам.
У 1970-я гады нарадзіўся псіхадэлічны рок – “Pink Floyd”, “Deep Purple”, “Led Zeppelin”, “Black Sabbath”. Гэтае дзесяцігоддзе лічаць залатой эпохай у развіцці рок-культуры.
У 1986 годзе была названа першая дзясятка “бацькоў-заснавальнікаў” руху – Чак Бэры, Джэймс Браўн, Рэй Чарльз, Фэтс Даміно, The Everly Brothers, Джэры Лі Льюіс, Літл Рычард, Сэм Кук, Бадзі Холі і Элвіс Прэслі.
А вось днём нараджэння рок-н-рола у Беларусі з’яўляецца дзень 12 красавіка 1968 года, калі ў Мінску распачаўся Першы фестываль біт-ансамбляў Мінска.
У дзень Сусветнага дня рок-н-ролу праходзяць фестывалі, канцэрты, танцавальныя вечарыны.
1538 год (па іншых дадзеных 4 красавіка). Памерла Алена Глінская (1508–1538).
Вялікая княгіня Маскоўская. Маці Івана Грознага, удава Васіля ІІІ, першая руская кіраўніца пасля княгіні Вольгі і Соф’і Вітаўтаўны. Дачка князя Васіля Львовіча з літоўскага роду Глінскіх і яго жонкі Ганны Якшыч, якая была родам з Сербіі, дачкі сербскага ваяводы.
Дзядзька Алены, князь Міхаіл Львовіч, быў буйным дзяржаўным дзеячам ВКЛ. Пасля паражэння мецяжу Глінскіх збег разам са сваякамі і Аленай у Маскву.
Па адной з легенд Глінскія вядуць паходжанне ад Мамая, па іншай – ад Вольгавічаў, адной з галін Рурыкавічаў.
У 1537 годзе заключыла з каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам I мір, які завяршыў руска-літоўскую вайну 1534–1537 гадоў (Старадубская вайна). Пры Алене была пабудавана Кітайгарадская сцяна, праведзена грашовая рэформа.
Пахавана ў Крамлі, ва Узнясенскім жаночым манастыры.
1756 год. Папа Рымскі падпісаў булу аб каранацыі абраза Бялыніцкай Маці Божай.
Урачыстая каранацыя абраза адбылася 20 верасня 1761 года. Свята іконы – 25 (12) красавіка.
Бялыніцкі абраз Божай Маці – Каралевы Беларусі – абраз Багародзіцы, які шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам усходняй Беларусі як цудатворны.
Існуюць дзве розныя традыцыі тлумачэння паходжання абраза – праваслаўная і каталіцкая, якія апавядаюць сва врсіі пра гісторыю абраза.
Першае праваслаўнае паданне кажа, што пасля разгрому Кіева войскамі Батыя некалькі манахаў, узяўшы з сабой старажытны абраз візантыйскага пісання, сышлі на поўнач, дашлі да ўзвышша ля ракі Друць, дзе і заснавалі царкву Св. Іллі Прарока і мужчынскі манастыр. Ужо ў першую ноч на абраным месцы ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае ззянне. Цуд паўтараўся і ў наступныя ночы, якія сталі ад ззяння белымі. У памяць аб гэтым цудзе мястэчка, дзе быў заснаваны манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы. Пазней абраз перайшоў да манахаў-кармелітаў.
Па іншай версіі праваслаўных ікона была выкрадзена каталікамі з варот праваслаўнага Аршанскага Куцеінскага манастыра і перададзена ў кармеліцкі манастыр. Бялыніцкі касцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэна кармелітаў абутых быў заснаваны Л. Сапегам у 1622 годзе, лічыцца, што фундацыя была знакам падзякі Богу за перамогу ў 1618 годзе над войскамі маскоўскага цара.
Абедзве версіі каталіцкага падання гавораць, што абраз з’явіўся ў кармеліцкім Бялыніцкім кляштары цудоўным чынам. Па адной версіі ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы. Па іншай – абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці. Жывапісец завяршыў сваю працу да моманту сканчэння спеваў. Жывапісцам быў анёл.
Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634–1635 гадах невядомым мастаком.
1934 год. Скончылася аперацыя па выратаванні чалюскінцаў, якую ўзначальваў ураджэнец Магілёва О. Шмідт. Летчыкамі былі выратаваны ўсе 104 удзельнікі дрэйфу на ільдзіне.
Летам 1933 года пачалася навуковая экспедыцыя пад кіраўніцтвам О. Шмідта на параходзе “Чалюскін” з мэтай праверкі магчымасці праходу Паўночным марскім шляхам транспартнымі караблямі. Экспедыцыя прайшла пяць мораў Ледавітага акіяна, але ў Берынгавым моры “Чалюскін” аказаўся заціснуты льдамі.
Члены экспедыцыі вымушаны былі пакінуць судна і перайсці на лёд. 13 лютага 1934 года параход быў раздушаны льдамі і затануў. На дрэйфуючай крызе быў створаны лядовы лагер, у якім аказаліся 104 чалавекі, уключаючы 10 жанчын і дзвюх маленькіх дзяўчынак, якія нарадзіліся падчас плавання. Гэты лагер праіснаваў 2 месяцы. На выратаванне чалюскінцаў былі кінуты палярная авіяцыя і караблі.
За выратавальную аперацыю чалюскінцаў (5 сакавіка – 13 красавіка 1934 года) сем лётчыкаў сталі першымі Героямі Савецкага Саюза.
У Магілёве ў гонар чалюскінцаў названа вуліца.
1940 год. Адбыўся Другі этап сталінскай дэпартацыі з Заходняй Беларусі “вызваленага” насельніцтва.
Былі дэпартаваны асобы, якія былі абвінавачаны ў “адданасці польскаму ўраду і падрыхтоўцы ваенных дзеянняў супраць СССР”. Больш за 24 000 чалавек вывезена ў Сібір і Казахстан.
Першы этап дэпартацыі адбыўся 10 лютага, трэці – 29 чэрвеня 1940 года, яшчэ два ў 1941 годзе.
1943 год.Германскае радыё паведаміла аб знойдзеных рэштках польскіх афіцэраў, якія былі знішчаны ў Катыні.
Эксгумацыя ў Катыні, якой кіраваў прафесар Герхард Бутц, працягвалася да 7 чэрвеня.
З 8 брацкіх магіл выцягнута і зноўку пахавана 4 143 рэшткаў цел. У 70% выпадкаў іх удалося ідэнтыфікаваць. На ўсіх трупах з магіл 1-7 была зімовая вопратка, у прыватнасці шынялі, футравыя і скураныя курткі, швэдры і шалікі. Трупы з магілы № 8 былі ў летнім адзенні. З гэтым узгадняецца факт, што ў магілах 1-7 былі знойдзены фрагменты газет за сакавік-красавік 1940 года, а ў магіле № 8 – газеты за пачатак траўня. На трупах не было слядоў казурак (трупных мух), што пацвярджае, што пахаванні вырабляліся ў халодную пару года.
У 2007 годзе польскі кінарэжысёр Анджэй Вайда зняў пра гэтыя падзеі фільм, заснаваны на сведчаннях відавочцаў тых трагічных падзей. Ахвярай злачынства быў і бацька рэжысёра.
1966 год. Нарадзіўся Юрась Барысевіч.
Беларускі эсэіст, перакладчык і мастак.
Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
Працаваў перакладчыкам, карэспандэнтам БелТА, рэдактарам у НВА «Інтэграл», газеце «Культура», Мінскім інстытуце кіравання, часопісах «Мастацтва» і «The Green Cross Optimist».
Удзельнік мастацкіх суполак «Другі фронт мастацтваў», «Schmerzwerk», «pARTisan». Адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў («камісараў») авангарднай суполкі «Бум-Бам-Літ». Займаецца даследчыцкай і перакладчыцкай працай, жывапісам і перформансам.
Аўтар кніг пра сучаснае мастацтва і літаратуру, зборніка філасофскіх тэкстаў «Alter Nemo», эсэ пра балет, жывапіс, тэатр, кінематограф, камп’ютарную графіку, шматлікіх артыкулаў. Яго некаторыя працы перакладаліся на польскую, славенскую, англійскую, украінскую, латышскую, нямецкую мовы.
Перакладчык з французскай, англійскай, польскай і нямецкай. Пераклаў на французскую мову санеты Янкі Купалы.
У якасці мастака з 1988 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах у Беларусі, Польшчы, Францыі, у фестывалях перформансу – «Нутраная Амерыка» у в. Амерыка Круглянскага раёна, у Беларсі, Латвіі, Польшчы, Украіне. Чытаў лекцыі па сучасным беларускім мастацтве ў Варшаўскім універсітэце, Любліне і Беластоку.
1990 год. ТАСС надрукавала паведамленне аб прызнанні СССР адказнасці НКУС за трагедыю ў Катынскім лесе.
Гэта адбылося падчас візіту ў Маскву прэзідэнта Польшчы В. Ярузэльскага. У паведамленні гаварылася: “Выяўленыя архіўныя матэрыялы ў сваёй сукупнасці дазваляюць зрабіць выснову аб непасрэднай адказнасці за злачынствы ў катынскім лесе Берыі, Мяркулава і іх падручных. Савецкі бок, выказваючы глыбокае шкадаванне ў сувязі з катынскай трагедыяй, заяўляе, што гэта адно з цяжкіх злачынстваў сталінізму”.
26 лістапада 2010 года Дзярждума Расіі прыняла заяву «Аб Катынскай трагедыі і яе ахвярах», у якой прызнала Катынскі растрэл злачынствам, учыненым па прамым указанні Сталіна і іншых савецкіх кіраўнікоў.
На сёння ў Расіі імкнуцца да рэвізіі гэтых паведамленняў і заяў, да перагляду гісторыі пытання.
24 чэрвеня 2022 года з мемарыяльнага комплексу ў Катыні знялі сцяг Польшчы. Мэр Смаленска А. Барысаў заявіў, што такое рашэнне было прынятае міністэрствам культуры.
1991 год. Утвораны Мінска-Магілёўская каталіцкая архідыяцэзія і Гродзенская дыяцэзія.
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія ўтворана шляхам аб’яднання Мінскай і Магілёўскай архідыяцэзій.
Першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім быў прызначаны Казімір Свёнтак (1914–2011). У 2007 годзе Папа Бенедыкт XVI прызначыў архібіскупам Мінска-Магілёўскім Тадэвуша Кандрусевіча, з верасня 2021 года Папа Францыск прызначыў архібіскупам-мітрапалітам Іосіфа Станеўскага.
У склад архідыяцэзіі уваходзяць дэканаты: Бабруйскі, Барысаўскі, Валожынскі, Вілейскі, Магілёўскі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі, два ў Мінску.
1995 год. Пастановай Вярхоўнага Савета Беларусі заснаваны ОрдэнФранцыска Скарыны.
Адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння.
Ордэнам узнагароджваюцца грамадзяне за значныя поспехі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі, дасягненні ў галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва, а таксама прапаганды культурнай спадчыны беларускага народа; за адмысловыя заслугі ў гуманітарнай, дабрачыннай дзейнасці, у справе абароны чалавечае годнасці і правоў грамадзян, за міласэрнасць і іншыя высакародныя ўчынкі.
Сярод узнагароджаных – Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» і больш за 30 асоб. Сярод асоб – Нобелеўскі лаўрэат Ж. Алфёраў, экзарх Філарэт, беларускія гісторыкі, мовазнаўцы, мастакі, спявакі.
У паловы з тых, хто узнагароджаны Ордэнам Ф. Скарыны, вельмі сумнеўныя дасягненні “у галіне нацыянальнай мовы, літаратуры, мастацтва…, у прапагандзе культурнай спадчыны беларускага народа” – журналіст А. Зімоўскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II, рускія спявакі Н. Бабкіна, М. Баскаў, расійскія дзяржаўныя дзеячы П. Барадзін, Б. Ельцын, Ю. Лужкоў, Г. Селязнёў, В. Матвіенка, а яшчэ французскі мадэльер – П’ер Кардэн.