Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня. Вяртанне Смаленска. Тбіліская трагедыя. Памёр Аляксандр Македонскі.

323 да нашай эры. У Вавілоне памёр Аляксандр III Вялікі, Македонскі.

Найбуйны палкаводзец старажытнага свету, цар. Памёр на 33-м годзе жыцця ад малярыі (а быць можа, і ад атруты) ў росквіце сіл і ў разгар падрыхтоўкі да новага вайсковага паходу.

Трэці па ліку Аляксандр на пасадзе цара Македоніі, воін “ад бога”, які атрымаў бліскучую адукацыю пад кіраўніцтвам Арыстоцеля.

У 338 годзе да н.э. разам з бацькам падпарадкаваў сабе ўсю Эладу, а за 13 наступных гадоў стварыў велізарную імперыю, якая распасціралася ад Істра (Дуная) да Ганга. Але спадчынніка Аляксандр не пакінуў, і з яго сыходам з жыцця дзяржава распалася на шэраг варожых адзін аднаму ўтварэнняў.

Па іншых дадзеных, вялікі палкаводзец памёр 10 чэрвеня.

1508 год. З Ліды выйшла Паспалітае рушэнне ВКЛ для дзеянняў супраць маскоўскіх войскаў.

Паспалітае рушэнне – мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, апалчэнне, агульны паход у Польшчы і ВКЛ.

Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя паспалітае рушэнне складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.

Шляхецкае апалчэнне на карціне Юзафа Бранта, 1880.

1611 год. Войскі Рэчы Паспалітай пасля працяглай аблогі і генеральнага штурма вярнулі Смаленск – важны стратэгічны горад па шляху на Маскву.

Горад быў у аблозе 20 месяцаў, з 26 верасня 1609 года. Голад і эпідэміі выкасілі большую частку 80-тысячнага горада. У Смаленску засталося 8 000 чалавек, у гарнізоне – 200 ваяроў. 

Горад удалося ўзяць пры дапамозе аднаго са смаленскіх баярскіх сыноў, які паказаў слабое месца ў абароне. Насупраць слабага месца ў крэпасной сцяне былі пастаўлены некалькі батарэй. Пасля некалькіх дзён абстрэлу сцяна павалілася. 

У ноч на 3 чэрвеня 1611 года нашы войскі пайшлі на штурм з чатырох напрамкаў.

Смаленск гарэў. Апошнія абаронцы замкнуліся ў саборнай царкве Багародзіцы. Калі ў сабор ўварваліся вялікалітоўскія войскі, то пасадскі чалавек А. Беляніцын узяў свечку і залез у склеп, дзе захоўваўся запас пораху. Выбух быў магутным, шмат людзей загінула. 

Параненага маскоўскага ваяводу Шэіна ўзялі ў палон. Пад Смаленскам нашы ваяры згубілі каля 30 000 жаўнераў – 2/3 войска.

1702 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў ласкавае слова “рыбанька”.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні, адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

Памёр 15 мая 1762 года.

1746 год. Прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753).

Адбылося ў нясвіжскай летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба. 

Уршуля – першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

1834 год. Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын (1834-1903).

Беларускі аграном, педагог, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Удзельнік літаратурнага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 26 жніўня 1903 года.

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

1888 год. Нарадзіўся Антон Аўсянік (1888-пасля 1933).

Беларускі палітык і дыпламат, дзеяч БНР, сакратар Рады БНР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клуба. У пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР, быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

На фота дзеячоў БНР – 2-гі справа стоячы – Антон Аўсянік

1889 год. Нарадзіўся Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, журналіст.

Скончыў Слуцкую гімназію (у ёй з Фабіянам Шантырам ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру), вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік І Сусветнай вайны, служыў у Палтаве, Туркестане, на Румынскім фронце. Быў старшынёй палкавога камітэта. Ад амаль 100 000 беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску.

Працаваў юрысконсультам Слуцкага павятовага зямельнага аддзела. У 1918 годзе ў складзе камісіі правяраў дзейнасць Слуцкай ЧК і выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату за гэта быў арыштаваны ЧК, сядзеў у Слуцкай, Бабруйскай, Смаленскай турмах.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Арыштоўваўся ДПУ БССР у 1930 і 1937 гадах, асуджаны да лагераў.

Памёр у ГУЛАГу.

1943 год. Польскімі падпольшчыкамі забіты Юльян Саковіч (1906-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў канспірацыйнай Беларускай незалежніцкай партыі і кіраўнік Беларускай Народнай Грамады.

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў членам Беларускага студэнцкага саюза, КПЗБ, Таварыства беларускай школы. Актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, выдаваў разам з Г. Вялецкім у Вільні часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва.

Вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, савецкіх турмаў.

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады ў Беларускай народнай самапомачы.

1956 год. Нарадзіўся Леанід Тараненка.

Беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён свету.

Уладальнік 19 сусветных рэкордаў, прычым два з іх – 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і – застаюцца неперасягнутымі і сёння.

2015 год. У Тбілісі адбылася трагедыя.

У грузінскай сталіцы Тбілісі пайшоў звычайны дождж. 

Тбілісцы раскрылі парасоны і працягнулі займацца сваімі штодзённымі справамі. У той момант яшчэ ніхто не ведаў, што 14 чэрвеня горад чакае самы цяжкі світанак за апошнія дзясяткі гадоў.

Экстраннае паведамленне аб паводцы прагучала толькі ў 23:00. Паводка адбылася з-за сходу апоўзня ў раку Веры, якую звычайна пераплюнуць можна, яна працякае вышэй за Тбілісі. 

На горад рушылі масы вады, уперамешку з зямлёй і выдранымі з каранямі дрэвамі. Раз’юшаная Веры, накіраваўшыся да ракі Кура, зносіла ўсё на сваім шляху… 

Горад ахоплівала паніка – на вуліцах на волі аказаліся львы, тыгры, ваўкі і гіены, бегемот з заапаркаў. Адзін з супрацоўнікаў заапарка быў загрызены насмерць белым тыграм.

Да гэтага часу невядомы лёс трох жыхароў горада. Ахвярамі апоўзня лічацца 19 чалавек.

2019 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд +30,7°С.

Рэкорднай да гэтага лічылася тэмпература 30,5°С 13 чэрвеня 1959 года.

Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч.

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. 

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах. 

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі. 

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

 

10 чэрвеня ў гісторыі. Сусветны дзень мадэрну. Палон Усяслава. Трагедыя Лідзіцэ. Нарадзіўся бард В. Аўраменка.

Сусветны дзень мадэрну (World Art Nouveau Day, з 2013 года).

Устаноўлены для прапаганды мастацтва высокага стылю мадэрн ў архітэктуры, жывапісу, паэзіі, музыцы, а таксама захавання яго спадчыны. Дата прымеркавана да дня скону выдатных прадстаўнікоў мадэрну Антоніа Гаўдзі і Эдэна Лехнера.

У Магілёве стыль мадэрн прадстаўлены будынкам сялянскага зямельнага банка, у якім зараз месціцца мастацкі музей імя П. Масленікава.

Міжнародны дзень геральдыкі (International Day of Heraldry).

Геральдыка, гербазнаўства – спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, развіццё, грамадска-прававое значэнне і фармаванне герба і інстытут яго карыстання. 

Інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года, калі 47 найбольш знатных родаў Княства атрымалі гербы.

У ХVІІ стагоддзі распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

1067 год. Кіеўскія Яраславічы захапілі ў палон полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1029-1101) і двух яго сыноў.

Гэта адбылося падчас сустрэчы “на Ршы”. Першая пісьмовая згадка пра Оршу. 

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула сваёй магутнасці, быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. 

Праз 4 месяцы пасля бітвы на Нямізе (1067), Яраславічы запрасілі Усяслава на перамовы, цалавалі крыж, што не зробяць благога. Але, як толькі Усяслаў пераплыў у чоўне Дняпро для перамоваў, Яраславічы парушылі цалаванне крыжа і схапілі князя з сынамі, адвезлі ў Кіеў і кінулі ў земляную турму. Праз 14 месяцаў, падчас паўстання 1068 года, кіеўляне вызвалілі Усяслава з поруба і абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

1633 год. У Магілёве на Троіцу на Дняпры патапілася шмат людзей.

Гэта адбылося падчас пераправы праз раку з Магілёва ў Лупалава. Затануў паром разам з шматлікімі гараджанамі, святарамі.

1794 год. У Гродне ўтворана Цэнтральная дэпутацыя ВКЛ.

Выканаўчы органа паўстання 1794 года.

Заклікі Т. Касцюшкі да простага народа змагацца за незалежнасць выклікалі недавер сялян і сабатаж памешчыкаў. У сялян на працягу стагоддзяў выхоўвалася рабская псіхалогія. Яны, пакорлівыя сваім панам, не былі гатовыя да актыўных дзеянняў у якасці свядомых барацьбітоў за свае правы, за сваю свабоду. Усё гэта ўлічваў Касцюшка і ў кожным звароце да народа стараўся абудзіць яго свядомую актыўнасць, умацаваць веру ў перамогу.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1883 год. Нарадзіўся Язэп Гапановіч (1883-1961).

Беларускі грамадскі дзеяч, прадпрымальнік

Быў членам Беларускага гуртка ў Варшаве. У пачатку 1920-х гадоў дзеяч беларускай кааперацыі на Віленшчыне, з ліпеня 1925 года стаў намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве.

Быў уласнікам цагельні. Заснавальнік і старшыня Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве (1937-1939), аплочваў памяшканне таварыства, дапамагаў незаможным беларускім студэнтам.

Выдаў зборнік вершаў С. Станкевіча «З майго ваконца» (1928). Дзеяч Беларускага камітэту ў Варшаве (1940-1944). Пасля 1956 года ўдзельнічаў у працы Варшаўскага аддзелу Беларускага грамадска-культурнага таварыства, спяваў у хоры таварыства.

Памёр 20 мая 1961 года.

1910 год. Памёр Мікалай Нікіфароўскі (1845-1910).

Беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, сябра геаграфічнага таварыства, таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Рэдактар часопіса “Этнографическое обозрение”, паплечнік па даследаваннях магілёўца Паўла Шэйна (1826-1900).

Аўтар грунтоўных “Нарысаў Віцебскай Беларусі” (8 частак), “Нарысаў простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”, “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (змяшчае 2307 народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў). 

1917 год. У Менску выйшаў першы нумар газеты «Вольная Беларусь».

Беларускамоўная грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка.

Выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам, потым Таварыствам беларускай культуры да лістапада 1918 года.

Газета закрылася па заняцці Менска бальшавікамі.

1919 год. У Вільні ўтворана Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны.

Гэта адбылося падчас працы Беларускага  з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (9-10 чэрвеня). 

Рада – орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху Заходняй Беларусі на чале К. Дуж-Душэўскім і М. Кахановічам. Рада выступала ў абарону правоў беларусаў, спрыяла развіццю беларускай культуры, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР.

Удзельнікі з’езда. Пасярэдзіне стаіць К. Дуж-Душэўскі.

1923 год. Памёр Міхал Федароўскі (1853-1923)

Беларускі і польскі фалькларыст, этнограф, археолаг.

Сабраў каля 1 500 беларускіх песенных і танцавальных мелодый, 5 000 беларускіх народных песень, каля 10 000 прыказак, сотні казак, загадак, якія выдадзеныя у 8-томнай працы “Люд беларускі”. Аўтар этнаграфічнай працы “Пружана і яе ваколіцы”.

1942 год. Нямецкімі войскамі сцёртая з твару зямлі чэшская вёска Лідзіцэ.

Непасрэднай падставай для расправы стала забойства Рэйнхарда Гейдрыха, пратэктара Багеміі і Маравіі, учыненае 27 мая 1942 года ў Празе. Жыхары вёскі былі абвінавачаныя ва ўкрывальніцтве чэхаславацкіх патрыётаў, якія здзейснілі замах.

Усё мужчынскае насельніцтва старэйшае за 15 гадоў, а гэта 172 чалавекі, было расстраляна, 195 жанчын былі адпраўленыя ў канцэнтрацыйны лагер Равенсбрук. З 98 дзяцей было пакінута 13 дзяцей узростам да аднаго года і прыдатныя для анямечвання. Астатнія дзеці былі забітыя ў газавай камеры ў лагеры смерці каля Хелмна. Усе будынкі вёскі былі спаленыя.

Трагедыя Лідзіцэ.

1958 год. Нарадзіўся Васіль Аўраменка.

Магілёўскі паэт, бард, пісьменнік, урач-неўрапатолаг па прафесіі.

Сталы аўтар часопіса “ARCHE”, удзельнік праекту “Радыё Свабода” “Барды Свабоды”, бардаўскіх канцэртаў, сябра клубу аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, аўтар паэтычных зборнікаў, кнігі пра інтымнае жыццё, неафіцыйнага гімну Магілёва.

1972 год. Нарадзіўся Пітэр Серафіновіч.

Брытанскі акцёр беларускага паходжання.

Пачаў працу на радыё BBC Radio 1, прымаў удзел у розных шоў на радыё і тэлебачанні, у тэлесерыялах на брытанскім і амерыканскім тэлебачанні.

Вядомы і ў якасці акцёра агучання, працаваў у рэкламе, дубляжы.

Яго брат Джэймс Серафіновіч – сцэнарыст і рэжысёр, сястра Хелен – замужам за сцэнарыстам Грэгэмам Лінеганам.

2020 год. Памёр Валерый Гаркуноў (1947-2020).

Беларускі глебазнавец, краязнавец, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

Член геаграфічнага таварыства і таварыства глебазнаўцаў, галоўны рэдактар часопіса “Магілёўскі мерыдыян”.

Даследчык глеб Магілёўскай вобласці, аўтар 50 прац па структуры глебавага покрыва вобласці і ўсходняй Беларусі.

Дзень у гісторыі. 7 чэрвеня. Закладзены Тадж-Махал, Наваполацк. Гібель Порт-Раяля. Нарадзіліся дзеяч БНР В. Іваноўскі, гісторык П. Дзмітрачкоў, бард С. Кулягін.

1492 год. Памёр Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Бацька 13 дзяцей. Пры ім дзяржава “прырасла” землямі ў выніку разгрома крыжакоў у трынаццацігадовай вайне, Тэўтонскі ордэн стаў васалам.

Ім аказвалася матэрыяльная дапамога студэнтам з дзяржаўнага скарбу, выдадзены першы Судзебнік, ліквідаваны ўдзельныя княствы (1471), пакладзены пачатак палітычнага панавання шляхецкага стану.

1630 год. Закладзены маўзалей Тадж-Махал.

Закладзены ў Агры – тагачаснай сталіцы індыйскай імперыі Вялікіх Маголаў у памяць аб гібелі падчас родаў (нараджала 14-е дзіця) Арджуманд Бану, якая пры каранацыі атрымала імя Мумтаз-Махал, або “Абранніца Палаца” – каханай жонкі імператара Шах-Джахана.

Будаўніцтва працягвалася 22 гады і было скончана ў 1652 годзе.

Аўтарам праекту шэдэўра сусветнай архітэктуры быў сам Шах-Джахан, галоўным архітэктарам  – Устад-Іса. На будоўлі бралі ўдзел больш за 20 000 чалавек, акрамя індыйскіх майстроў, удзельнічалі лепшыя дойліды з Персіі, Малой Азіі, Самарканда, Венецыі.

Тадж-Махал поўнасцю пабудаваны з белага мармуру. Яго архітэктурны дызайн заснаваны на араба-мусульманскай канцэпцыі абсалютнай сіметрыі, дзе кожны элемент гарманічна ўпісваецца ў галоўную структуру збудавання. Будынак стаіць на высокай квадратнай платформе. Галоўны купал падымаецца на 64 м і акружаны чатырма малымі купаламі. Усю кампазіцыю завяршаюць чатыры мінарэты. Знутры і звонку маўзалей упрыгожаны цудоўным раслінным арнаментам, а скляпеністыя пераходы – арабскай вяззю, якая захавала ў камені тэксты некаторых сур з Карана.

Архітэктурны ансамбль маўзалея ўключае таксама мячэць, гасцявы дом і парк.

1692 год. У 11:43 хвіліны ўсе прыродныя стыхіі абрынуліся разам на Порт-Раяль, горад-сталіцу на Ямайцы.

Бязлітасныя піраты, куфры са скарбамі, караблі пад пірацкімі сцягамі, пах пораху, разбой, п’янлівы смак рому – усё гэта знакамітая пірацкая сталіца – Порт-Раяль. 

І вось Усявышні вырашыў пакараць жыхароў Порт-Раяля за разгул і бясчынствы. Землятрус практычна цалкам разбурыў 10-тысячны горад з некалькімі цэрквамі, чатырма рынкамі, сінагогай, каралеўскімі пакгаўзамі, складамі, з больш за сотню корчмамі, звярынцам, ваеннымі пляцамі і мастамі, а затым 2/3 гарады затапіў акіян. 

Хваля цунамі разам з апоўзнямі змыла ў мора большую частку горада з 5 000 жыхарамі. У гавані Порт-Раяля затанула каля 50 караблёў, 1800 гарадскіх будынкаў было разбурана.

Порт-Раяль быў хутка адбудаваны нанова. Але яго быццам хтосьці пракляў: праз 11 гадоў амаль усе пабудовы ў горадзе знішчыў моцны пажар, а “дабілі” пірацкую сталіцу ўраганы.

1825 год. Нарадзіўся Эдвард Паўловіч (1825-1909).

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжа па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года. 

Памёр 10 лютага 1909 года ў Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

Э. Паўлоўскі. Траецкі касцёл у Ішкалдзі. 1848

1880 год. Нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва — суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільне. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў Мінскім беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Падчас вайны кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Вільні, быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач. Падтрымліваў сувязь з прадстаўнікамі Арміі Краёвай. У Вільні дапамагаў у выратаванні габрэяў.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. Пахаваны на мінскіх Кальварыйскіх могілках.

1908 год. Нарадзіўся Уладзімір Галубовіч (1908-1962).

Беларускі і польскі археолаг, этнограф, тапаніміст.

У 1935-1939 гадах вёў раскопкі на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Навагрудскага, Лідскага і іншых раёнаў. Склаў археалагічныя карты даследаваных тэрыторый. Вывучаў старажытныя Вільню, Мінск, Гродна. Працаваў ў Вільні, у Інстытуце гісторыі АН БССР, Торуньскім і Уроцлаўскім універсітэтах.

Памёр 7 красавіка 1962 года ў Стакгольме.

Віленскі ўніверсітэт.

1937 год. У в. Ганаўка Хоцімскага раёна нарадзіўся Пётр Дзмітрачкоў (1937-2021).

Беларускі гісторык, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута, дэкан геаграфічнага і дэкан гістарычнага факультэтаў МДУ імя А.Куляшова (1975-2005).

Заслужаны работнік адукацыі, уладальнік медаля Ф. Скарыны. 

Даследчык пытанняў зараджэння і развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, этнічнай гісторыі Беларусі.

1958 год. Пачалося будаўніцтва горада Наваполацка.

Пастаўлена першая палатка будаўнікоў будучага Наваполацка. Горад узнік у сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода, спачатку як рабочы пасёлак Полацкі (1959). 

Сучасную назву атрымаў у 1963 годзе. 

Уваходзіў у лік гарадоў-“стотысячнікаў”, але зараз насельніцтва 96,3 тысячы (2023 год).

Працуюць прадпрыемствы нафтахіміі ААТ “Нафтан”, будматэрыялаў, харчовай прамысловасці, ЦЭЦ, трамвай (як і ў Віцебску, Мінску, Мазыры).

1972 год. Нарадзіўся Сяржук Кулягін.

Беларускі журналіст, краязнавец, паэт, бард, уладальнік аграсядзіб.

Сузаснавальнік фестываля “Вялікая бард-рыбалка” (з 2010 года, Чыгірынскае вадасховішча, Быхаўскі раён), член Беларускага геаграфічнага таварыства, клуба аматараў беларускай гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, актыўны дзеяч “Зялёнага турызму”.

1976 год. Памёр Міхась Машара (1902-1976).

Беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Мае багатую творчую біяграфію: рэдагаваў у Вільні газету “Наша воля”, працаваў у дзіцячым часопісе “Заранка”, у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”, на радыё.

Аўтар зборнікаў вершаў, паэм, п’ес, раманаў, кнігі ўспамінаў.

Вершы, напісаныя пад час зняволення ў віленскіх Лукішках тайна вынесла і выдала асобным зборнікам “Малюнкі” Зоська Верас.

Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля, “Апавяданні” Г. Сянкевіча, “Уральскія сказы” П. Бажова, “Калевалу” і інш.

Памёр 7 чэрвеня 1976 года.

1998 год. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе перамагла літоўскую каманду 5:0.

Дасягнута самая буйная перамога ў гісторыі беларскага футбола. Гульня адбылася на мінскім стадыёне “Дынама”. Трэнерам быў Г. Кандарацьеў.

А вось 30 сакавіка 2021 года разгромна саступіла Бельгіі (0:8) – набуйнейшае паражэнне у гісторыі зборнай Беларусі.

Дзень у гісторыі. 3 чэрвеня. Першы парашут, першая ахвяра Мураўёва-вешальніка. Бой пад Мілавідамі. “Курапаты – дарога смерці”.

Сусветны дзень ровара (World Bicycle Day, з 2018 года). 

Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН. З ініцыятывай заснавання даты выступілі прадстаўнікі Туркменістана. На французкай “velocipede” – “хуткая нага”.

Ровар быў вынайдзены ў 1817 годзе нямецкім прафесарам фон Дрэзам, але тады яшчэ не меў педаляў. Блізкі да сучаснага выгляду сродак перасоўвання быў вынайдзены ў 1884 годзе англічанінам Дж. Кемпам Старлі і атрымаў назву “rover” – “вандроўнік”, якая перайшла у польскую, украінскую, беларускую мовы.

Роварныя рэкорды хуткасці: 268,83 км/г – Фрэд Ромпельберг (Нідэрланды) на саляной раўніне штата Юта, ЗША, 1995 год. У 2010 годзе Маркус Штольц з’ехаў з гары ў Чылі з хуткасцю 210 км/г.

Ровар на Беларусі з’явіўся ў Віцебску ў 1870-я гады. Першай спартовай роварнай арганізацыяй у Беларусі было Менскае таварыства аматараў спорту, заснаванае ў 1892 годзе. Група раварыстаў у 1894 годзе ажыццявіла прабег па маршрутах: Берасце -Кобрын-Вялікарыта-Брэст (145 км) і Брэст-Старая Жабінка-Камянец-Чарноўцы- Брэст (141 км). У 1898 годзе на Беларусі адбыліся першыя спаборніцтвы на роварах.

Ужо ў 2012 годзе ў 26 з 28 краінаў Еўрасаюза продажы ровараў перавысілі продажы аўтамабіляў. У Беларусі зараз больш за 3 мільёны ровараў.

Дзень роўнаапостальных цара Канстанціна і маці яго царыцы Алены. 

Святы імператар Канстанцін, які атрымаў ад Царквы найменне Роўнаапостальны, а ў сусветнай гісторыі найменаваны Вялікім, быў сынам цэзара Канстанцыя Хлора, які кіраваў Галіяй і Брытаніяй.

Святая царыца Алена, маці імператара Канстанціна, была хрысціянкай. Будучы кіраўнік усёй Рымскай імперыі – Канстанцін – быў выхаваны ў павазе да хрысціянскай рэлігіі. Бацька яго не пераследваў хрысціян у кіраваных ім краінах, у той час, як ва ўсёй астатняй Рымскай імперыі хрысціяне падвяргаліся жорсткім ганенням з боку імператараў.

1757 год. У Нясвіжы памёр Ян Пашакоўскі (1684-1757).

Педагог і выдавец, гісторык, тэолаг, член ордэна езуітаў, доктар філасофіі,  рэктар Слуцкага і Нясвіжскага калегіумаў, стваральнік і выдавец календароў. Быў папулярызатарам гістарычнай навукі ў ВКЛ.

У адрозненні ад календарнай традыцыі выключыў са сваіх выданняў астралогію, прагностыку і іншыя забабоны, а запоўніў звесткамі з гісторыі і культуры ВКЛ, чым жадаў заахвоціць моладзь да чытання гістарычных прац.

Выкладаў паэтыку і рыторыку ў Коўне, Крожах, быў прэфектам школы ў Коўне. Выкладаў філасофію ў Вільні, быў выхавальнікам Гераніма Фларыяна Радзівіла, сына Міхала Радзівіла Рыбанькі.

План аднаўлення Нясвіжскага калегіума.

1785 год. Першае выкарыстанне парашута для скачкоў.

Французскі паветраплавальнік Франсуа Бланшар прадэманстраваў у Лондане сканструяваны ім парашут для скачкоў з паветранага шара.

Сам Бланшар апрабаваць сваё вынаходства не вырашыўся і з вышыні 300 м скінуў на парашуце сабаку.

Першы эскіз парашута намаляваў Леанарда да Вінчы ў 1483 годзе. “Калі ў чалавека ёсць шацёр з накрухмаленага палатна шырынёй у 12 локцяў і вышынёй у 12 – пісаў геніяльны вучоны – то ён зможа кідацца з любой вышыні, без небяспекі для сябе”.

Парашут Леанарда быў падобны на сучасны, аднак адсутнасць практычнай патрэбы ў яго прымяненні служыла перашкодай для вырабу падобных прыладаў. Толькі развіццё паветраплавання праз 200 гадоў і частыя катастрофы заахвоцілі вынаходнікаў ушчыльную заняцца стварэннем апарата для паспяховага спуску чалавека з вялікай вышыні.

Упершыню пабудаваў і выпрабаваў такую прыладу французскі фізік Ленорман, які і даў яму назву – “парашут” (ад грэцкага “пара” – супраць і французскага “шуце” – падзенне).

1786 год. Нарадзіўся Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853).

Прыродазнавец, арнітолаг, асветнік. Заснавальнік беларускай арніталогіі. Усё жыццё марыў пра аднаўленне ВКЛ.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, у Варшаве атрымаў урокі малявання ў Норбліна і Арлоўскага. Меў мастацкія здольнасці, што дапамагала яму і ў навуковай дзейнасці: большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна. У Пастаўскім палацы ім была створана галерэя карцін, якая налічвала больш за 300 палотнаў вядомых мастакоў.

Таксама меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах, стварыў музычныя школы і аркестры ў Паставах і Ракішках.

У 1812 годзе ўзначаліў 19-ы пяхотны французскі полк, пазней быў шэфам 3-й кампаніі польскай ганаровай гвардыі, палкоўнікам войск Варшаўскага княства. Удзельнік Лейпцыгскай бітвы. Узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. 

Патрапіў пад амністыю імператара Аляксандра І і пасяліўся ў 1814 годзе ў Паставах.

У 1831 годзе падтрымаў вызваленчае паўстанне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю. Быў арыштаваны, сядзеў у турме.

Распрацаваў сістэму класіфікацыі птушак, якой карыстаюцца сучасныя вучоныя. У Паставах стварыў арніталагічны музей (у калекцыі 3000 птушак з усяго свету і значная колькасць птушыных яек), карцінную галерэю, бібліятэку. Ён упершыню адкрыў гнездаванне ў Беларусі некаторых відаў птушак.

Аўтар больш 20 навуковых прац, у тым ліку “Усеагульная арніталогія, ці апісанне птушак усіх частак свету”, “Каталог птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага”.

Памёр 1 студзеня 1853 года.

1863 год. Пад Мілавідамі (зараз Баранавіцкі раён) паўстанцы далі бой расійскім карнікам.

Аб’яднаныя сілы паўстанцаў пад камандаваннем Ф. Юндзіла, І. Лукашэвіча, А. Лянкевіча, Л. Нарбута і агульным кіраўніцтвам К. Каліноўскага далі бой расійскім войскам. Сярод удзельнікаў бітвы былі Ф. Багушэвіч і М. Андрыёлі.

У гэты дзень расійскія войскі з розных бакоў атакавалі паўстанцкі лагер. Бой ішоў з 12 гадзін дня да цемры.

Паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі, але мелі вялікія страты.

На месцы пахавання паўстанцаў усталяваны капліца-помнік (1930-я гады), у 1990 – камень з мемарыяльнай плітой. У 1993 годзе Мілавідскай школе прысвоена імя А. Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

1863 год. За падтрымку паўстання расійскія карнікі расстралялі ў Вільні ксяндза Станіслава Ішору (1838-1863).

Першая ахвяра М. Мураўёва-вешальніка.

8 лютага 1863 года ён зачытаў у касцёле маніфест паўстанцаў. Сам святар пайшоў у паўстанцкі аддзел Л. Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касцёла. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфеста, да чаго ён не меў дачынення.

Ішору спачатку пакаралі 5 гадамі катаргі, але асабіста Мураўёў замяніў пакаранне на расстрэл.

Пакараны смерцю ў Лукішскай турме ў Вільні. Сведкі пакарання ўспаміналі, што святар звярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца і не падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны». 

У 2003 годзе ў Лідзе адкрыта мемарыяльная шыльда, прысвечаная расстраляным у 1863 годзе ксяндзам.

1935 год. Нарадзіўся Васіль Зуёнак.

Беларускі паэт, перакладчык з розных славянскіх моў, крытык, літаратуразнаўца. Лаўрэат прэміі ЛКСМБ, Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук.

Аўтар многіх зборнікаў паэзіі, зборніка гумарыстычных вершаў, кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, кніг выбраных вершаў, вершаў і паэм, двухтомніка выбраных твораў, кніг нарысаў і замалёвак, перакладаў.

Гімнам прыродна-вясковаму свету, роднаму краю і беларускаму народу ўвогуле стала яго ліра-эпічная пенталогія «Пяцірэчча».

Яго кніга «Нача» пабывала ў космасе: у 1978 годзе яна была дастаўлена касманаўту У. Кавалёнку на арбітальную станцыю «Саюз-6».

1988 год. У газеце “Літаратура і мастацтва” надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”.  

Першая праца пра Курапаты.

Колькасць расстраляных НКУС у 1937-1941 гадах у Курапатах па розных ацэнках ад 30 да 102 і нават, да 220-250 тысяч

З 1993 года Курапаты занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў.

4 красавіка 2019 года ўладамі дэмантаваны 70 драўляных, 13 красавіка – усе металічныя крыжы, што былі пастаўлены на знак памяці ахвяраў сталінскіх расстрэлаў.

30 ліпеня 2004 года Мінскі гарвыканкам перайменаваў вуліцу Бэзавую (Цна) у Курапацкую, але менш чым праз год гэта рашэнне было адменена. 

1993 год. Памерла Юдзіф Арончык (1908-1993).

Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка (1938).

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Працавала ў Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР, Тэатры драмы і камедыі пра Белдзяржэстрадзе, мастацкім кіраўніком Мінскага народнага тэатра мімікі і жэсту Беларускага таварыства глухіх.

Мастацтва Арончык вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. 

2017 год. Памёр Генадзь Шутаў (1939-2017).

Беларускі мастак-графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў

Жыў у Віцебску. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную педагагічную вучэльню, Маскоўскі паліграфічны інстытут.  У 1976-1986 гадах быў  старшынём Праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў.

28 мая ў гісторыі. Нарадзіліся паэты О. Мілаш, А. Аркуш, географ А. Ісачанка, археолаг Л. Побаль. Дзень Полацка

Дзень пагранічніка Беларусі. 105 гадоў пагранічнай службы.

Адзначаецца з 28 мая 1918 года, калі быў прыняты Дэкрэт аб стварэнні пагранічных войскаў.

У Беларусі ў гонар пагранічнікаў узведзена нямала помнікаў і абеліскаў, у тым ліку ў Быхаве, Бялынічах.

Імёнамі праслаўленых пагранічнікаў названы падраздзяленні граніцы.

Памежныя войскі Беларусі ўключаюць Брэсцкую, Смаргонскую, Гродзенскую, Гомельскую групы, Лідскі, Пінскі, Полацкі, Мазырскі атрады і іншыя адзінкі. Кадры рыхтуе Інстытут памежнай службы. 

1836 год. Нарадзіўся Ян Карловіч (1836-1903).

Беларускі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнаўца.

Вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, займаўся гісторыяй і музыкай у Парыжы, Гайдэльбергу, Бруселі.

Аўтар этнаграфічных даследаванняў, сабраў і апублікаваў некалькі сотняў беларускіх і літоўскіх паданняў, казак, песень. Супрацоўнічаў з М. Федароўскім, аўтарам шматтомнай працы «Люд беларускі». Сябраваў з А. Ельскім і Ф. Багушэвічам.

Памёр 14 чэрвеня 1903 года ў Варшаве.

1863 год. У баі пад Уладыкамі з расійскімі карнікамі загінуў Вінцэнт Козел-Паклеўскі (1837-1863).

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў на Вілейшчыне і Маладзечаншчыне.

У Пецярбургу належаў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якой кіравалі Я. Дамброўскі і З. Серакоўскі. Служыў ваенным інжынерам у Вільні, Свеаборгу, штабс-капітан.

У сакавіку 1861 года стварыў рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце, у студзені 1863 года стаў ваенным кіраўніком Вілейскага павета, у маі ў яго атрадзе было каля 250 чалавек. Яго атрад стаў апошнім, які працягваў змагацца.

Пахаваны ў брацкай магіле каля Уладык. Максім Танк згадваў, што пад канец 1930 года на месцы пахавання паўстанцаў стаяў крыж. У гонар загінуўшых у 1930 годзе ў Іллі на сродкі пана М.Багдановіча быў узведзены помнік.

Магіла паўстанцаў захавалася да нашых дзён.

Міхал Эльвіра Андрыёлі. Вылазка паўстанцаў.

1877 год. У мястэчку Чарэя Сененскага павета Магілёўскай губерні (зараз Чашніцкі раён) нарадзіўся Оскар Мілаш (1877-1939).

Французскі паэт, дзядзька і настаўнік лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1980 года Чэслава Мілаша.

У 1889-1904 жыў у Парыжы, навучаўся ў ліцэі Жансон-дэ-Саі, вывучаў асірыйскую мову і іўрыт у Школе ўсходніх моў.

У 1904 годзе вярнуўся ў Чарэю, займаўся гаспадаркай.

Пасля І Сусветнай вайны прапагандаваў ідэю стварэння незалежнай літоўскай дзяржавы, стаў першым прадстаўніком Літвы ў Францыі. У 1931 атрымаў французскае грамадзянства.

Аўтар вершаў, паэм, драматычных сачыненняў, містычных трактатаў-паэм. Выдаў зборнік літоўскіх песняў і казак ва ўласным перакладзе на французскую мову.

Памёр 2 сакавіка 1939 года.

1922 год. У Гомеле нарадзіўся Анатоль Ісачанка (1922-2018).

Сусветна вядомы фізіка-географ, ландшафтазнаўца, картограф, Ганаровы прафесар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ганаровы член Рускага, Славацкага геаграфічных таварыстваў, заслужаны дзеяч навукі, доктар геаграфічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса “Известия Русского географіческого общества”.

Скончыў геаграфічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта. З 1964 прафесар кафедры фізічнай геаграфіі геаграфічнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадчык кафедрай, загадчык лабараторыяй ландшафтнага і тэматычнага картаграфавання НДІ геаграфіі Ленінградскага ўніверсітэта.

1924 год. Нарадзіўся Леанід Побаль (1924-2004).

Беларускі археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, член Міжнароднай вуніі славянскай археалогіі, Польскага археалагічнага таварыства. Вывучаў гісторыю старажытных славянаў у Еўропе і Беларусі.

У час 2-й сусветнай вайны сувязны і баец партызанскага атрада. Скончыў Інстытут фізкультуры, БДУ. Працаваў ва ўстановах народнай асветы, у Інстытуце гісторыі АН БССР, галоўным захавальнікам фондаў Музея гісторыі НАНБ.

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці – вывучэнне старажытнай гісторыі славян на тэрыторыі Беларусі ў агульным кантэксце гісторыі славян Усходняй Еўропы.

Аўтар 6 манаграфій, больш за 200 навуковых публікацый.

1942 год. Нарадзіўся Стэнлі Прузінер.

Амерыканскі Нобелеўскі лаўрэат па медыцыне 1997 года беларускага паходжання, прафесар неўралогіі і біяхіміі.

Адкрыў новы клас інфекцыйных самаўзнаўляльных патагенаў – прыёнаў.

Продкі навукоўца жылі ў шматлікіх гарадах ВКЛ, у тым ліку Шклове і Магілёве.

1960 год. Нарадзіўся Алесь Аркуш.

Беларускі паэт, эсэіст, выдавец, сябра беларускага ПЭН-Цэнтра.

Уваходзіў у літаратурнае таварыства «Тутэйшыя». З 1989 выдаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». У 1993 годзе стварыў Таварыства Вольных Літаратараў і выдавецкую суполку «Полацкае ляда». 

Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаху «Калосьсе». Старшыня арганізацыйнага камітэта літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес».

Аўтар 10 зборнікаў паэзіі, 3-х зборнікаў эсэістыкі, шэрагу раманаў, тэксту гімна Полацка і песень рок-гуртоў “Мясцовы час”, “RIMA”.

2001 год. Памёр ураджэнец Віцебска Мікалай Яроменка-малодшы (1949-2001).

Беларускі і расійскі акцёр тэатра і кіно, кінарэжысёр. Народны артыст Расіі.

Сын народных артыстаў М. Яроменкі і Г. Арловай.

Здымаўся ў кіно з 1970 года. Яго акцёрскі талент атрымаў прызнанне пасля фільма «Чырвонае і чорнае». Трыумф акцёру прынёс выхад на экраны фільма «Піраты XX стагоддзя», калі па выніках апытання, праведзенага часопісам «Советский экран», ён быў прызнаны лепшым акцёрам года.

У 1995 годзе паставіў фільм «Сын за бацьку…», дзе галоўныя ролі выконвалі ён сам і яго бацька. Здымаўся і ў фільмах «Царскае паляванне», «Снайпер», «Крыжаносец», «Абяцанне кахання». Адна з апошніх работ акцёра – фільм «Рыцарскі раман».

2003 год. Памёр Ілля Прыгожын (Рувімовіч, 1917-2003).

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі, адзін з 23 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі. Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ураджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынамікі і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

2018 год. Памёр Арсень Ліс (1934-2018).

Беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, фалькларыст. Доктар філалагічных навук.

Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Даследаваў фальклор, літаратуру, краязнаўства, гісторыю і перыядычны друк Заходняй Беларусі, жыццё і дзейнасць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, гісторыю культуры.

Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў шматтомнага акадэмічнага збору «Беларуская народная творчасць», актыўны аўтар універсальнай і галіновых беларускіх энцыклапедый, аўтар і суаўтар падручнікаў для ВНУ.

Аўтар шматлікіх манаграфій, у тым ліку «Браніслаў Тарашкевіч», «Мікола Шчакаціхін: Хараство непазнанай зямлі», «Пётра Сергіевіч», «Вечны вандроўнік: нарыс пра мастака Язэпа Драздовіча», кнігі «Цяжкая дарога свабоды», нарысаў пра творчасць мастакоў, навукоўцаў. ,

Аўтар і сааўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў пра Р. Шырму, М. Гарэцкага, Б. Тарашкевіча, А. Смоліча, А. Уласава, М. Доўнар-Запольскага.

Занесены ў беларускую Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».

2023 год. Дзень Полацка.

1161-ы юбілей паводле рускіх летапісаў. Упершыню згадваецца пад 862 годам, але яму не менш як 1500 год, а то і ўсе 2000.

У адпаведнасці з ісландскімі сагамі, Полацк заснаваны да 1 ст. н.э. У ХІ ст. Полацк займаў 180 га. Калыска беларускай дзяржаўнасці, адукацыі, культуры. 

Знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. 

Галоўныя помнікі архітэктуры: Сафійскі сабор (ХІ-ХVІІ стст.), Багаяўленская царква, будынак Брацкай школы, будынкі езуіцкага калегіума, магістрату, дамы губернатара, віцэ-губернатара, кляштар францысканцаў, лютэранская кірха, комплекс будынкаў жаночага манастыра (1128 г.), у тым ліку Спаса-Праабражэнская царква (1161 г.). 

Радзіма Еўфрасінні Полацкай, першадрукара Ф. Скарыны, больш за 300 значных дзеячаў культуры, навукі, вайскоўцаў. 

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 27 мая. Маскоўскае паўстанне. “Палянаўскі мір”. Нарадзіліся этнограф І. Сербаў, паэт У. Жылка, гісторыкі М. Біч, А. Латышонак.

1606 год. У Маскве выбухнула паўстанне.

Яно было скіравана супраць цара (1605-1606) Дзмітрыя Самазванца I (кан. XVI ст.-1606) і шляхцянкі, царыцы Марыны Мнішак (1588-1614). У выніку паўстання былі забіты Дзмітрый і 524 выхадцы з Рэчы Паспалітай, галоўным чынам, з Беларусі.

Марына Мнішак – адзіная каранаваная жанчына ў Расіі да Кацярыны I. Яна пазней стала жонкай цара (1607-1610) Дзмітрыя Самазванца II. У выніку гэтай і наступных падзей, на маскоўскі трон быў абраны кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў ІV Ваза. 

Карл Веніг. Апошнія хвіліны жыцця Ілжэдзмітрыя I, 1879 год.

1634 год. Пачатак перамоў між прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай і Масковіяй аб заканчэнні Смаленскай вайны 1632-1634 гадоў.

Перамовы праходзілі ў с. Сямлёва на р. Палянаўцы.

“Палянаўскі мір” быў заключаны 4 (14) чэрвеня 1634 года. Рускія апетыты на Смаленск не спраўдзіліся. Да Масковіі адыйшоў толькі Сярпейск, Масальск, Ахтырка, Трубчэўск. 

Па дамове кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) адмовіўся ад далейшых прэтэнзій на рускі трон. Ён быў маскоўскім царом у 1610-1634 гадах.

1780 год. Адбылася ўрачыстая імша ў магілёўскім касцёле Святога Станіслава для каранаваных асоб.

Прысутнічалі Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ, якія прыехалі ў Магілёў дамовіцца аб умовах Другога раздзелу Рэчы Паспалітай. У гэты ж дзень каранаваныя асобы наведалі і царкву Святога Спаса.  

1871 год. У в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) нарадзіўся Ісак Сербаў (1871-1943).

Этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры. 

У Кульшыцах існавала традыцыя даваць немаўлятам біблейскія імёны, а не габрэйскія, як на першы погляд. 

Настаўнічаў ў шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск. У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў. 

Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ. Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951). Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.

1895 год. Нарадзіўся Ігнат Дварчанін (1895-1937).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, скарыназнаўца, навуковец, паэт, пісьменнік, доктар філасофіі.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны, падпаручнік, з’яўляўся членам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратаром культурна-асветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве, Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнай беларускай школьнай рады. З’яўляецца ўкладальнікам “Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры”. У 1930 годзе рэпрэсаваны польскімі ўладамі (8 год турмы), але ў 1932 годзе трапіў пад абмен палітвязнямі паміж СССР і Польшчай.

Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэньню Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства. Арыштаваны ў 1933 г., высланы на Салаўкі, расстраляны 8 снежня 1937. Загінуў у лагерах і ягоны родны брат Іларыён Дварчанін, беларускі грамадзкі дзеяч.

1931 год. У в. Раздзел-2 Мсціслаўскага раёна нарадзіўся Васіль Жураўлёў.

Беларускі літаратуразнаўца, крытык.

Скончыў Мінскі педінстытут. З 1956 года працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук.

Аўтар манаграфіі «Структура твора» (1978), сааўтар «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры», «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «История белорусской дооктябрьской литературы», «Праблемы сучаснай беларускай прозы», «Пытанні паэтыкі».

1896 год. Нарадзіўся Міхась Філіповіч (1896-1947).

Беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог, адзін з першых айчынных мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі. Вялікую значнасьць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі.

Творы М. Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю.

1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Жылка (1900-1933)

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года жыў у Заходняй Беларусі. Вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

19 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр 1 сакавіка 1933 года ад туберкулёзу лёгкіх. 

1937 год. Нарадзіўся Міхась Біч (1937-1999).

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў настаўнікам у  школах Пастаўскага і Мастоўскага раёнаў, у Інстытуце гісторыі НАНБ.

Даследчык гісторыі рабочага, народніцкага рухаў, перыядычнага друку Беларусі і праблем нацыянальнага Адраджэння. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі 6 даследчыкаў.

Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, раздзелаў у 7 калектыўных кнігах, 4 вучэбных дапаможнікаў. Аўтар і суаўтар “Гісторыя БССР. Т. 2” (1972), “Гістарычныя карані сяброўства і яднання ўкраінскага і беларускага народаў” (1978), ”Гісторыя рабочага класа БССР” (у 4-х т), “Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. (1985), “Полацк: гістарычны нарыс” (1987) і інш.

1957 год. Нарадзіўся Алег Латышонак.

Беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук.

Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, аўтар і суаўтар кніг і падручнікаў “Гісторыя Беларусі ад паловы XVIII да канца XX ст.”, “Ад белых русаў да беларусаў” (аб фарміраванні беларускай народнай тоеснасці), “Жаўнеры БНР”, “Нацыянальнасць – Беларус” (асвятляюцца пытанні этнагенэзу беларусаў).

Узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы. 

1997 год. Памерла Зінаіда Канапелька (1918-1997).

Беларуская актрыса. Народная артыстка, Ганаровы грамадзянін г. Віцебска.

На хутары Шыркі непадалёк ад Багушэўска жылі ўсяго тры сям’і, у тым ліку Канапелькі і Машэравы.  П. Машэраў і З. Канапелька –  аднагодкі. Іх сяброўства і павага адзін да аднаго працягваліся ўсё жыццё.

З 1934 года творчае жыццё звязана з тэатрам імя Якуба Коласа (Віцебск). Сярод асноўных тэатральных роляў – Паўлінка ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. Сябравала з Купалам з часоў гастроляў у Мінску: “Я вельмі хвалявалася, ідучы да Янкі Купалы.  Сустрэлі мяне на дзіва проста і гасцінна…. Цётка Уладзя глядзела на мяне вельмі ласкава, а Янка Купала сказаў: “Цудоўная дзяўчына, жадаю табе сыграць гэту ролю на сцэне”. Сустрэча з такім чалавекам, такім знакамітым паэтам стала для мяне сапраўднай падзеяй”.

У яе гонар у Віцебску па вул. Урыцкага, 19 усталявана мемарыяльная шыльда.

23 мая ў гісторыі. Прапойск стаў Слаўгарадам. Адраджэнне магілёўскай ратушы. Аварыя Су-27. Перахоп Ryanair. Спачыла Еўфрасіння Полацкая.

1173 год. У Ерусаліме спачыла Еўфрасіння Полацкая (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, прылічаная да святых, асветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца.

У паломніцтва ў 1167 годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва. Штогод 5 чэрвеня адзначаецца як Дзень Святой Еўфрасінні, ладзяцца пілігрымкі ў Полацк.

1753 год. У Навагрудку памерла  Францішка Уршуля Радзівіл (1705-1753).

Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург у ВКЛ, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.

Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”

Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся з 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядома шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе ў свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы  на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.

1761 год. Шчучыну нададзены герб.

Амаль 16-тысячны раённы цэнтр Гродзенскай вобласці, вядомы з І паловы XV стагоддзя, адзін з цэнтраў піярскага ордэна. 

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. Сярод выхаванцаў Шчучынскай школы піяраў вядомыя І. Дамейка, М. Догель, К. Нарбут, А. Петрашкевіч, Ю. Корсак. 

У 1921-1939 гадах у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 года – у БССР, у Баранавіцкай (да 1962), Гродзенскай абласцях. 

Знакаміты сваім ваенным аэрадромам (у розны час у раёне знаходзілася каля 20 авіяцыйных частак). Цікава, што на пачатку 1990-ых тут былі сканцэнтраваныя амаль усе знішчальнікі-перахватчыкі тыпу МіГ-25БМ, якія былі выраблены ў СССР.

У горадзе зараз працуюць ААТ «Аўтапровад», прадпрыемствы сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудавання, харчовай прамысловасці.

1842 год. Нарадзілася Марыя Канапніцкая (1842-1910).

Пісьменніца, паэтэса, перакладчыца, буйнейшы майстар польскай рэалістычнай літаратуры.

Змагарка за правы жанчын. Блізкая сяброўка Элізы Ажэшкі. Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я. Лучынай.

Аўтар цыклаў вершаў, эпічных паэм, зборнікаў апавяданняў,  цыклаў народных песняў «З лугоў і палёў», «На жалейцы», кнігі «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899).

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці. 

1871 год. Памёр Яраслаў Дамброўскі (1836-1871).

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал Парыжскай камуны. Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, служыў у Санкт-Пецярбургскім Дваранскім палку, у артбрыгадзе, якая ўдзельнічала ў Каўказскай вайне. Вучыўся ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба.

Быў членам і кіраўніком гуртка апазіцыйна настроеных афіцэраў, вёў у Варшаве падпольную працу ў складзе Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта. Распрацаваў план паўстання.

Быў арыштаваны і зняволены ў Варшаўскую цытадэль, адкуль кіраваў паўстаннем. Асуджаны да 15 гадоў катаржных работ, але ў 1864 здолеў уцячы з маскоўскай перасыльнай турмы.

З 1865 года жыў у Парыжы, удзельнік Аб’яднання польскай эміграцыі.

Актыўны ўдзельнік Парыжскай камуны: камандзір легіёна, камендант Парыжскага ўмацаванага раёна і камандуючы войскамі заходняга сектара абароны Парыжу, генерал.

Атрымаў цяжкае кулявое раненне ў баі і памёр у парыжскім шпіталі Ларыбуазьер.

1910 год. Янка Купала закончыў сваю паэму-баладу «Курган».

У паэме паказаны вобраз гусляра, які не прадаўся князю за грошы, не стаў ягоным песняром. Гусляр не здрадзіў сабе і свайму народу. Ён застаўся сапраўдным мастаком, вольным і незалежным духоўна. Гусляр загінуў, але перамог князя ў гэтым паядынку. Курган – гэта не магіла старца-гусляра, а помнік чыстаму сумленню, годнасці і таленту.

1938 год. Нарадзіўся Аляксей Мацвееў.

Доктар геолага–мінералагічных навук, прафесар, акадэмік НАНБ. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў у Белдзіправадгас Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, Інстытуце геалагічных навук (дырэктар), у БДУ

Даследчык ледавіковых адкладаў, геалогіі антрапагена, рэльефу, карысных выкапняў, неатэктонікі Беларусі, стваральнік серыю геамарфалагічных карт,

Аўтар каля 400 надрукаваных работ, у тым ліку 23 манаграфій і кніг.

1945 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР г.п. Прапойск перайменаваны ў г. Слаўгарад.

Вядомы з 1136 года. Назва Прапойск паходзіць ад упадзення р. Проня ў р. Сож.

Паводле папулярнай легенды, перайменаваны ў сувязі з прысваеннем дывізіі, якая вызваляла горад, звання гвардзейскай – найменне «Гвардзейская Прапойская дывізія» аказалася немілагучным. Але ніякіх вайсковых падраздзяленняў і злучэнняў з назвамі «Прапойскі» ці «Слаўгарадскі» ніколі не існавала, а легенда з’явілася, верагодна, на падставе мемуараў генерала А. Гарбатава. 

Па іншай легендзе, новае імя Прапойску – Слаўгарад – асабіста даў Сталін, упісаўшы яго ў спіс гарадоў, у гонар якіх давалі салют Перамогі ў Маскве. Сталін нібыта вырашыў, што «Прапойск» – не надта мілагучная для такога гістарычнага моманту назва.

Зараз у горадзе 7,8 тысяч жыхароў, працуюць філіялы ААТ “Дамачай”, “Бабушкіна крынка”, “Чырвоны харчавік”.

1946 год. Кастусь Езавітаў загінуў у мінскай турме НКУС (1893-1946).

Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дзеяч БНР, арганізатар беларускай дзейнасці ў міжваеннай Латвіі.

Удзельнік З’езда, Камітэта воінаў-беларусаў Паўночнага фронту, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Усебеларускага з’езда.

Браў удзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, народны сакратара ваенных спраў ва ўрадзе БНР,  палкоўнік.

У 1921-1941 гадах жыў Латвіі, дзе займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў, арганізацыяй школьнай справы. За беларускую нацыянальную дзеянасць арыштоўваўся латвійскімі ўладамі ў 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах.

Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў у Рызе Беларускім цэнтральным камітэтам, які займаўся арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі, удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска,  міністрам ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады.

У красавіку 1944 года затрыманы СМЕРШам. Загінуў 23 мая 1946 года ў мінскай турме.

Аўтар многіх кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, вершаў, школьных дапаможнікаў. Падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы М. Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

1954 год. Нарадзіўся Алесь Грудзіна.

Грамадскі дзеяч са Шклова, краязнавец, педагог.

1959 год. Нарадзіўся Аляксандр Смалянчук.

Беларускі гісторык беларускі, доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, стажыраваўся ў Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах.

Працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе, навуковым супрацоўнікам Рэспубліканскага музея гісторыі рэлігіі і Гродзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ.

Асноўныя тэмы даследаванняў: гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў XIX – пачатку XX стагоддзяў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі XIX – XX стагоддзяў і яе адлюстраванне ў памяці жыхароў Беларусі (вусная гісторыя), краязнаўства.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1986 год. Ткачыха магілёўскай стужкаткацкай фабрыкі Ніна Дзянісенка стала першым у горадзе поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.

Яна стала 277-м поўным кавалерам у СССР.

На фабрыцы “Стужка“ прапрацавала з 1961 года да выхада на пенсію ў 1996. Ахвотна і з цікавасцю авалодвала прафесіяй ткачыхі, актыўна пераймала вопыт старэйшых, стала перадавіком вытворчасці. Асабістыя заданні некалькіх пяцігодак выконвала датэрмінова, дабіваючыся завяршэння за 5 гадоў сямі гадавых планаў.

Узнагароджвалася ордэнамі Працоўнай Славы 3-й і 2-й ступеняў у 1975 і 1981 гадах.

Дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР (1980-1985).

Н. Дзянісенка другая справа.

1987 год. Памёр ураджэнец в. Гарадзец Быхаўскага раёна Канстанцін Лукашоў (1907–1987).

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства (1954) і яго прэзідэнт (1957–1960), акадэмік, віцэ–прэзідэнт АН БССР, рэктар БДУ (1956–1969), дырэктар Інстытута геалагічных навук.

У 24 гады стаў загадчыкам кафедры, у 25 – дэканам, потым – рэктарам Ленінградзскага ўніверсітэта. Падчас вайны прадстаўляў СССР у ЗША, дзе адказваў за набыццё па “ленд–лізу” бронетэхнікі, самалётаў, узбраення.

Апублікаваў больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 55 манаграфій і кніг.

1990 год. На вайсковай базе «Лясная» ў Баранавіцкім раёне ліквідавалі апошнюю балістычную ракету тыпу Р-12 (СС-4) з Пружан.

Гэта адбылося ў межах дамоўленнасцяў 1987 года паміж СССР і ЗША. 

У Беларусі былі знішчаны ўсе ракеты дальнасцю 500-5500 км. Пасля развалу СССР Беларусь была 8-ай краінай у свеце па запасах ядзернага ўзбраення: 1120 ядзерных боезапасаў на ўзбраенні 180 часцей агульнай колькасцю 40 тыс. чалавек.

1992 год. Закладзены і асвечаны арцыбіскупам Максімам першы камень новай будучай магілёўскай ратушы.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова яна была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, і яе месцазнаходжанне мянялася.

4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе. Вышыня 8-граннай 5-яруснай вежы са шпілем была роўная 47 метрам – самы высокі будынак у горадзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны ратуша была моцна пашкоджана. 28 снежня 1952 года на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні, аднак рэстаўрацыя ратушы так і не была распачатая, а ў ліпені 1957 года яна была ўзарвана.

Аднаўленне ратушы пачалі толькі ў 2007 годзе. У 2008 годзе ў дзень горада адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.

1996 год. Пад Баранавічамі разбіўся Су-27 ВПС Беларусі.

Загінуў падпалкоўнік і начальнік баранавіцкай базы Уладзімір Карват (1958-1996), які пасмяротна стаў першым Героем Беларусі.

Загінуў пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта.

2021 год. Авіяцыйны інцыдэнт з рэйсам Ryanair 4978 у Беларусі.

Выконваўся міжнародны рэгулярны пасажырскі рэйс авіякампаніі Ryanair з Афін у Вільнюс. Калі самалёт знаходзіўся над Беларуссю, ён быў перанакіраваны ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у суправаджэнні ваеннага знішчальніка. Тут быў затрыманы беларускі апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, пасля борт вылецеў з Мінска і прызямліўся ў Вільнюсе.

27 мая 2021 года Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі абвясціла аб пачатку расследавання ў сувязі з сітуацыяй з рэйсам Ryanair FR4978. 20 ліпеня 2022 года апублікавана канчатковая справаздача аб інцыдэнце з лайнерам. Паводле яе высноваў, віна за захоп самалёта ляжыць на беларускіх уладах.

 

Дзень у гісторыі. 21 мая. Салідарнасць з палітзняволенымі. Вышэйшая народная рада. “Паўночны полюс-1”. Нарадзіліся кампазітары Д. Стэфановіч, М. Чуркін, К. Кіслы, канструктар С. Туманскі.

Сусветны дзень культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця (World Day for Cultural Diversity for Dialogue and Development).

Устаноўлены па пастанове Генеральнай Асамблеі ААН 20 снежня 2002 года. 

Мэта – інфармаваць грамадскасць аб каштоўнасці і важнасці разнастайнасці культур і, у прыватнасці, садзейнічаць з дапамогай асветы і сродкаў масавай інфармацыі ўсведамленню пазітыўнай ролі культурнай разнастайнасці.

Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

У гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай вязніцы пры невысветленных абставінах памёр палітзняволены актывіст Вітольд Ашурак (1970-2021).

Станам на 17 траўня 2023 года з палітычных матываў у беларускіх вязніцах утрымліваецца 1480 чалавек.

1794 год. Загадам Тадэвуша Касцюшкі ўтворана Вышэйшая народная рада Рэчы Паспалітай.

Найвышэйшы орган паўстання 1794 года.

У склад Рады ўваходзілі начальнік паўстання, 8 радцаў, якія ўзначальвалі аддзелы, і 32 іх намеснікі, па 4 на аддзел. У Вышэйшай радзе былі ўтвораны аддзелы парадку, бяспекі, справядлівасці, фінансаў, харчовы, ваеннага забеспячэння, замежных спраў, народнай інструкцыі, які наглядаў за школамі, газетамі, прапагандай.

Галоўнай задачай рады была мабілізацыя ўсіх сіл на барацьбу за вызваленне, камплектаванне і забеспячэнне паўстанцкай арміі, арганізацыя новых мясцовых органаў кіравання, стварэнне новай судовай сістэмы, правядзенне ў жыццё пастаноў, распараджэнняў, загадаў Начальніка паўстання і самой рады, вядзенне дыпламатычных спраў, вызначэнне падаткаў. 

Дзейнасць рады лічылася тымчасовай, да вызвалення краіны і ўсталявання пастаянных органаў дзяржаўнага кіравання. 

Рада займалася і рэлігійнымі справамі. Мясцовымі органамі ўлады былі ваяводскія камісіі парадку, у склад якіх мелі ўваходзіць па восем землеўладальнікаў, восем домаўладальнікаў мяшчан і па пяць духоўных асоб. Ніжэйшымі судовымі і адміністрацыйнымі органамі павінны былі стаць дазорныя ўпраўленні, якія ўтвараліся ваяводскімі камісіямі з разліку адзін дазор на 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. У кожнае дазорнае ўпраўленне назначаўся наглядчык, які разглядаў скаргі сялян на паноў, а таксама скаргі пана на непадпарадкаванне сялян. Ён таксама мог разглядаць спрэчкі паміж сялянамі.

А. Арлоўскі. Паўстанцы Т. Касцюшкі.

1797 год. Нарадзіўся Дамінік Стафановіч (1797-1870).

Беларускі музыкант, педагог, дырыжор. У 1820-1837 гадах кіраўнік Мінскага гарадскога аркестра. 

Выкладаў музыку i харавыя спевы ў Мінскай гімназіі i прыватным узорным жаночым пансіёне. Пачынальнік беларускага піянізму, адзін з актыўных прапагандыстаў музычнага мастацтва на Беларусі, які садзейнічаў пашырэнню музычнай адукацыі на беларускіх землях.

У гісторыю сусветнай музычнай культуры ён увайшоў як таленавіты педагог, настаўнік выдатнага кампазітара С. Манюшкі. Хоць вучань хутка пераўзышоў свайго настаўніка ў выканаўчым майстэрстве, але Стафановіч умеў прапанаваць Манюшку адпаведныя творы i зацікавіць яго незнаёмымі песнямі i тым самым умацаваць імправізатарскі талент юнака.

Сярод вучняў Стафановіча вялікай папулярнасцю на Беларусі i за яе межамі карысталіся піяніст i кампазітар Ф. Міладоўскі, піяністка i педагог Каміла Марцінкевіч.

1841 год. Памёр гісторык, пісьменнік, палітычны дзеяч Юльян Нямцэвіч (1757-1841).

Палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык.

Удзельнік распрацоўкі Канстытуцыі 3 мая 1791 года, член Адукацыйнай камісіі (міністэрства адукацыі). Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам і сакратаром Т. Касцюшкі. Трапіў у палон і быў зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Пасля вяртання ў Варшаву ў 1807 годзе, займаў пасады сакратара Сената Варшаўскага княства, Царства Польскага, старшыні Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў увайшоў у склад Часовага ўрада. Пасля задушэння паўстання яго маёмасць была канфіскавана, у тым ліку і багатая бібліятэка. На эміграцыі ў Парыжы заснаваў Польскую бібліятэку.

Адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў. Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (7 тамоў). Яго камедыя «Пан Навіна» ставілася ў Віцебску ў 1820 годзе. У падарожжах па Беларусі апісваў помнікі.

1869 год. Нарадзіўся Мікалай Чуркін (1869-1964).

Беларускі кампазітар і фалькларыст, Народны артыст Беларусі.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1898 год. Нарадзіўся Канстанцін Кіслы (1898-1980).

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў у Марыупалі, працаваў кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. 

Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. 

Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1901 год. У Мінску нарадзіўся Сяргей Туманскі (1901-1973).

Савецкі авіяканструктар, акадэмік АН СССР. Лаурэат Ленінскай, Сталінскай прэміі, Герой Сацыялістычнай Працы.

Зрабіў вялікі ўнёсак у стварэнне высокатэмпературных турбін авіяцыйных рухавікоў, правёў фундаментальныя даследаванні па стварэнні рэактыўных рухавікоў з двухкаскадным кампрэсарам, прапанаваў рэкамендацыі па ўхіленні небяспечных вібрацыйных напружанняў лапатак кампрэсараў і турбін.

У Мінску ўпершыню зацікавіўся авіяцыяй, калі разам са старэйшымі братамі наведваў паказальныя палёты на Камароўскім полі.

Удзельнік грамадзянскай вайны, аперацый супраць басмачоў, камандзір бамбавіка.

Пасля вайны скончыў Ваенна-паветраную акадэмію.

Працаваў у Цэнтральным інстытуце авіяцыйнага маторабудавання, у Лётна-даследчым інстытуце.

1937 год. Палярная паветраная экспедыцыя АН СССР дасягае Паўночнага полюса.

Пасля гэтага ў 11:35 высадзіла дрэйфуючую навуковую станцыю “Паўночны полюс-1”. Кіраваў экспедыцыяй ураджэнец Магілёва акадэмік Ота Шміт.

Станцыю ўзначаліў І. Папанін (яго імя да вайны насіў Магілёўскі педінстытут), яе супрацоўнікамі сталі гідролаг П. Шыршоў, геафізік-астраном Я.Фёдараў і радыст Э. Крэнкель. Пілотам флагманскага самалёта быў Герой Савецкага Саюза М. Вадап’янаў.

1963 год. На пасаду прэзідэнта Ізраіля заступіў Залман Шазар (Рубашоў, 1889-1974).

Ураджэнец беларускага мястэчка Мір, яўрэйскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт, трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).

Дзверы яго прэзідэнцкай рэзідэнцыі заўсёды былі адчынены ізраільскім навукоўцам, пісьменнікам, дзеячам мастацтва і яўрэйскім інтэлектуалам з усяго свету.

Заснавальнік фонда «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу, пераклады на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш, мемуары пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры, паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні.

Адзін з піянераў біблеістыкі на іўрыце. Зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.

Памёр 5 кастрычніка 1974 года.

1974 год. Пушчаны наваполацкі трамвай.

Самы першы электрычны трамвай у Расійскай імперыі пушчаны ў Кіеве (1896), на Беларусі – у Віцебску (1898, праклаў Фернан Гільён) – на год раней, чым ў Маскве і на 9 – за Пецярбург.

Мінскі трамвай працуе з 1929 года. Апошняя трамвайная лінія пабудавана ў Мазыры ў 1988 годзе. Планы на магілёўскі трамвай 1920-1930-х гадоў не былі ажыццёўлены, але Магілёў некалі меў конны трамвай.

Віцебскі трамвай.

2000 год. Памерла  Барбара Картленд (1901-2000)

Англійская пісьменніца. Занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы паспяховы англійскі аўтар.

Напісала 723 кнігі, якія прададзены ў колькасці 1 мільярда паасобнікаў. пасля смерці засталося яшчэ больш за 100 ненадрукаваных раманаў.

Стала знакамітай дзякуючы сваім шматлікім любоўным раманам. Друкавалася і пад імем Барбара Мак-Каркадэйл.

У 1990 годзе ўзведзена ў ранг Дамы-камандора Ордэна Брытанскай імперыі. Дачка Картленд ад першага шлюбу стала мачахай прынцэсы Дыяны. Вядома, што сама Дыяна захаплялася раманамі Барбары Картленд.

Уваходзіць у лік самых перакладаемых пісьменнікаў, паводле базы дадзеных ЮНЕСКА, знаходзіцца на 7-м месцы па колькасці ўлічаных ЮНЕСКА перакладных выданняў.

Яе творы неаднаразова экранізаваны.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень ў гісторыі. 19 мая. Ганна Французская. Ордэн Ганаровага легіёна. Конкурс “Міс СССР”. Асуджэнне М. Чыгіра. Катастрофа Як-130. Нарадзіўся пілот-ас Д. Макіёнак.

Міжнародны дзень дыназаўраў (International Dinosaur Day)

Дыназаўры ўзніклі ў трыасавым перыядзе 243 мільёны гадоў таму і сталі дамінантнымі наземнымі пазваночнымі.

Палеантолагі выявілі больш за 900 розных родаў і 1000 відаў дыназаўраў. Дыназаўры занялі шматлікія экалагічныя нішы і асвоілі разнастайныя тыпы харчавання. Усе дыназаўры – яйкакладучыя.

Першыя скамянелыя косці дыназаўраў былі апазнаны і прызнаны ў пачатку XIX стагоддзя, іх выкапнёвыя шкілеты сталі галоўнымі славутасцямі музеяў па ўсім свеце, а дыназаўры ператварыліся ў неад’емную частку папулярнай культуры.

Цікавыя факты.

Самымі вялікімі дыназаўрамі былі заураподы, якія дасягалі даўжыні 30 метраў – гэта вышыня дзевяціпавярховага дома. Гэта былі раслінаедныя жывёлы з доўгай шыяй і нагамі як у сланоў.

Дыназаўры жылі на Зямлі на працягу 160 мільёнаў гадоў. Вымерлі ў канцы мелавога перыяду каля 65 мільёнаў гадоў таму.

Слова “дыназаўр” у перакладзе з грэчаскай мовы азначае “страшны, жудасны”, “яшчар”.

Дыназаўры з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Амерыкі і затым распаўсюдзіліся па ўсёй сушы.

Продкамі дыназаўраў былі архазаўры. У нашы дні прадстаўнікамі архазаўра з’яўляюцца кракадзілы.

1051 год. Кароль Францыі Генрых І ажаніўся з Ганнай Кіеўскай (1030-1075).

Ганна – дачка Вялікага князя Кіеўскага Яраслава I Мудрага і яго другой жонкі Інгігерды – дачкі караля Шатландыі і Швецыі, унучка па маці Олава III Шатконунга, унучка полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000). Каралева Францыі, маці караля Філіпа I, прабабуля 30 французскіх каралёў.

Ганна прывезла ў Францыю каштоўны пасаг і высокую культуру, за што яе паважалі і шанавалі. Папы Мікалай II і Грыгорый VII пісалі ёй лісты, у якіх выказвалі павагу. Папа Мікалай II адзначаў дабрыню, дабрачыннасць, пабожнасць Ганны, прасіў яе ўплываць на Генрыха I.

1125 год. памёр Уладзімір Манамах (1053-1125).

Вялікі князь Кіеўскі, унук полацкай княжны Рагнеды Рагвалодаўны (960-1000), дзяржаўны дзеяч, военачальнік, пісьменнік, мысляр.

Сын князя Усевалада Яраславіча. Празваны Манамахам па назве роду маці – дачцэ візантыйскага імператара Канстанціна IX Манамаха.

1782 год. Нарадзіўся Іван Паскевіч (1782-1856).

Рускі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч. Сваяк А. Грыбаедава. З палтаўскіх казакаў.

У ліку войск М. Раеўскага ўдзельнічаў у бітве пры Салтанаўцы пад  Магілёвам.

Душыцель горцаў, паўстанняў у Польшчы і Беларусі 1831, у Венгрыі 1849 гадоў. 

З 1834 года ўладальнік гомельскага палаца Магілёўскай губерні. У 1917 годзе палац (Палац Румянцавых-Паскевічаў) канфіскаваны, калекцыі яго сталі асновай для краязнаўчага музея (1919).

1802 год. Напалеон Банапарт зацвердзіў ордэн Ганаровага легіёна.

Арганізацыя па прыкладзе рыцарскіх ордэнаў. Згодна з кодэксам Ганаровага легіёна і воінскага медалю, гэтая ганаровая арганізацыя валодае статусам і правамі юрыдычнай асобы. Прыналежнасць да ордэна з’яўляецца найвышэйшым знакам адрознення, пашаны і афіцыйнага прызнання асаблівых заслуг у Францыі. Па сцвярджэнні генерала Дэ Голя, «Ганаровы легіён – гэта супольнасць эліты жывых».

Сярод беларусаў, якія былі ўдастоены залічэння ў ордэн: міністр абороны БНР генерал Кіпрыян Кандратовіч, начальнік Генштабу СССР падчас Вялікай Айчыннай вайны генерал Аляксей Антонаў, Нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў.

1890 год. У Дрысенскім павеце (зараз – Верхнядзвінскі раён) нарадзіўся Данат Макіёнак (1890-1941).

Ас авіяцыі Першай Сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер.

Падчас вайны збіў 8 варожых самалётаў. Адзіны ас, які належыць польскаму этнасу і змагаўся супраць блока Цэнтральных дзяржаў. За час службы ў Расійскім імператарскім ваенна-паветраным флоце здзейсніў каля 600 баявых вылетаў і ўдзельнічаў у больш за 30 паветраных бітвах.

Пасля вайны ўступіў у Паветраныя сілы Польшчы і ўдзельнічаў у стварэнні Польскай вайсковай авіяцыі.

Падчас Савецка-польскай вайны камандаваў 3-й польскай эскадрылляй. Пасля вайны быў камендантам авіяцыйнага парку лётнай школы ў Быдгашчы.

У 1941 годзе арыштаваны немцамі, трапіў у лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў, дзе праз месяц загінуў.

1929 год. Нарадзіўся Раман (Рувім) Шацаў.

Беларускі педагог, музыка, Заслужаны работнік культуры.

Выпускнік геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Працаваў ў школах географам, педагогам па вакалу ў музвучылішчы імя М. Рымскага-Корсакава, у Палацы піянераў. Стварыў дзіцячы ансамбль песні і танца, які стаў чатырохразовым дыпламантам ВДНГ СССР, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў. Ансамбль гастраляваў па СССР, 20 краінах свету.

З 1990-х гадоў жыве на эміграцыі ў ЗША.

1969 год. Памёр Георгі Пех (1897-1969).

Беларускі краязнавец, археолаг, заснавальнік Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, калекцыянер і мастак.

Чыгуначнік-самавучка, прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Мінска, Слоніма, Турыйска.

У міжваенны перыяд на працягу 16 гадоў збіраў краязнаўчы матэрыял – аддаваў палову са свайго беднага заробку, часам пакідаючы на паўгалодным існаванні жонку і дзяцей. У 1940 годзе яго прыватная калекцыя стала асновай для стварэння дзяржаўнага Ваўкавыскага краязнаўчага музея, а збіральнік стаў першым яго дырэктарам.

Пасля вайны ў разбураным горадзе прыкмеціў ацалелы будынак – Дом  Баграціёна, куды пераехаў музей у 1948 годзе пасля судовых цяжбаў з райвыканкамам і пагрозы сыходу Пеха ў адстаўку. У 1946 годзе па даручэнні Якуба Коласа, віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, Пеху былі выдзелены першыя сродкі ў памеры 500 рублёў на аднаўленне музея.

Г. Пех (у цэнтры) з юнымі краязнаўцамі.

1989 год. У Маскве распачаўся першы конкурс “Міс СССР” (19-21 мая).

Пераможцай стала Ю. Суханава.

На другім конкурсе, 1990 года, перамагла прадстаўніца Беларусі – студэнтка Віцебскага тэхналагічнага інстытута Марыя Кежа.

На апошнім, трэцім конкурсе ў 1991 годзе, тытул “Міс фота СССР” атрымала мінчанка Ліка Ялінская (Агурбаш).

Марыя Кежа.

2000 год. Асуджаны да пазбаўлення волі экс-прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір.

Другі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь (1994-1996), першы – у прэзідэнцкай Беларусі, сябра Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, палітвязень і вязень сумлення паводле Amnesty International.

У 1995 годзе прадстаўляў краіну на сусветным эканамічным форуме ў Давосе.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка быў арыштаваны і змешчаны на 8 месяцаў ў мінскі СІЗА. Пасля прысуду 2000 года, быў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска ў 2002 годзе на 3 гады пазбаўлення волі.

Прымаў удзел у парламенцкіх выбарах у Палату прадстаўнікоў Народнага сходу (кастрычнік 2000), у кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001, на выбарах у 2010 годзе быў даверанай асобай Я. Раманчука.

2021 год. Катастрофа самалёта Як-130 у Баранавічах.

У выніку трагедыі загінулі лётчыкі 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы ў Лідзе маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка, адзін з мясцовых жыхароў атрымаў раненні.

На аэрадроме «Баранавічы» выконваліся вучэбна-трэніровачныя палёты на вучэбных самалётах Як-130. З прычыны тэхнічнай няспраўнасці, машына загінуўшых рэзка пайшла ўніз, і яе пачало круціць. Дыспетчар не менш за 10 разоў падаў каманду катапультавацца, але лётчыкі разумелі, што гэта небяспечна – пад імі жылыя кварталы. Самалёт упаў каля двухпавярховак у раёне вуліцы Розы Люксембург, пашкодзіўшы тры дамы (на загалоўным фота – момант крушэння, засняты відэарэгістратарам).

У гонар загінулых летчыкаў названы вуліцы ў Баранавічах. Пілотам пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусі». 20 мая 2022 года ў Баранавічах адкрылі мемарыял у гонар загінулых лётчыкаў.