Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня

Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня. Вяртанне Смаленска. Тбіліская трагедыя. Памёр Аляксандр Македонскі.

323 да нашай эры. У Вавілоне памёр Аляксандр III Вялікі, Македонскі.

Найбуйны палкаводзец старажытнага свету, цар. Памёр на 33-м годзе жыцця ад малярыі (а быць можа, і ад атруты) ў росквіце сіл і ў разгар падрыхтоўкі да новага вайсковага паходу.

Трэці па ліку Аляксандр на пасадзе цара Македоніі, воін “ад бога”, які атрымаў бліскучую адукацыю пад кіраўніцтвам Арыстоцеля.

У 338 годзе да н.э. разам з бацькам падпарадкаваў сабе ўсю Эладу, а за 13 наступных гадоў стварыў велізарную імперыю, якая распасціралася ад Істра (Дуная) да Ганга. Але спадчынніка Аляксандр не пакінуў, і з яго сыходам з жыцця дзяржава распалася на шэраг варожых адзін аднаму ўтварэнняў.

Па іншых дадзеных, вялікі палкаводзец памёр 10 чэрвеня.

1508 год. З Ліды выйшла Паспалітае рушэнне ВКЛ для дзеянняў супраць маскоўскіх войскаў.

Паспалітае рушэнне – мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, апалчэнне, агульны паход у Польшчы і ВКЛ.

Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя паспалітае рушэнне складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.

Шляхецкае апалчэнне на карціне Юзафа Бранта, 1880.

1611 год. Войскі Рэчы Паспалітай пасля працяглай аблогі і генеральнага штурма вярнулі Смаленск – важны стратэгічны горад па шляху на Маскву.

Горад быў у аблозе 20 месяцаў, з 26 верасня 1609 года. Голад і эпідэміі выкасілі большую частку 80-тысячнага горада. У Смаленску засталося 8 000 чалавек, у гарнізоне – 200 ваяроў. 

Горад удалося ўзяць пры дапамозе аднаго са смаленскіх баярскіх сыноў, які паказаў слабое месца ў абароне. Насупраць слабага месца ў крэпасной сцяне былі пастаўлены некалькі батарэй. Пасля некалькіх дзён абстрэлу сцяна павалілася. 

У ноч на 3 чэрвеня 1611 года нашы войскі пайшлі на штурм з чатырох напрамкаў.

Смаленск гарэў. Апошнія абаронцы замкнуліся ў саборнай царкве Багародзіцы. Калі ў сабор ўварваліся вялікалітоўскія войскі, то пасадскі чалавек А. Беляніцын узяў свечку і залез у склеп, дзе захоўваўся запас пораху. Выбух быў магутным, шмат людзей загінула. 

Параненага маскоўскага ваяводу Шэіна ўзялі ў палон. Пад Смаленскам нашы ваяры згубілі каля 30 000 жаўнераў – 2/3 войска.

1702 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў ласкавае слова “рыбанька”.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні, адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

Памёр 15 мая 1762 года.

1746 год. Прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753).

Адбылося ў нясвіжскай летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба. 

Уршуля – першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

1834 год. Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын (1834-1903).

Беларускі аграном, педагог, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Удзельнік літаратурнага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 26 жніўня 1903 года.

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

1888 год. Нарадзіўся Антон Аўсянік (1888-пасля 1933).

Беларускі палітык і дыпламат, дзеяч БНР, сакратар Рады БНР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клуба. У пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР, быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

На фота дзеячоў БНР – 2-гі справа стоячы – Антон Аўсянік

1889 год. Нарадзіўся Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, журналіст.

Скончыў Слуцкую гімназію (у ёй з Фабіянам Шантырам ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру), вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік І Сусветнай вайны, служыў у Палтаве, Туркестане, на Румынскім фронце. Быў старшынёй палкавога камітэта. Ад амаль 100 000 беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску.

Працаваў юрысконсультам Слуцкага павятовага зямельнага аддзела. У 1918 годзе ў складзе камісіі правяраў дзейнасць Слуцкай ЧК і выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату за гэта быў арыштаваны ЧК, сядзеў у Слуцкай, Бабруйскай, Смаленскай турмах.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Арыштоўваўся ДПУ БССР у 1930 і 1937 гадах, асуджаны да лагераў.

Памёр у ГУЛАГу.

1943 год. Польскімі падпольшчыкамі забіты Юльян Саковіч (1906-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў канспірацыйнай Беларускай незалежніцкай партыі і кіраўнік Беларускай Народнай Грамады.

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў членам Беларускага студэнцкага саюза, КПЗБ, Таварыства беларускай школы. Актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, выдаваў разам з Г. Вялецкім у Вільні часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва.

Вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, савецкіх турмаў.

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады ў Беларускай народнай самапомачы.

1956 год. Нарадзіўся Леанід Тараненка.

Беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён свету.

Уладальнік 19 сусветных рэкордаў, прычым два з іх – 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і – застаюцца неперасягнутымі і сёння.

2015 год. У Тбілісі адбылася трагедыя.

У грузінскай сталіцы Тбілісі пайшоў звычайны дождж. 

Тбілісцы раскрылі парасоны і працягнулі займацца сваімі штодзённымі справамі. У той момант яшчэ ніхто не ведаў, што 14 чэрвеня горад чакае самы цяжкі світанак за апошнія дзясяткі гадоў.

Экстраннае паведамленне аб паводцы прагучала толькі ў 23:00. Паводка адбылася з-за сходу апоўзня ў раку Веры, якую звычайна пераплюнуць можна, яна працякае вышэй за Тбілісі. 

На горад рушылі масы вады, уперамешку з зямлёй і выдранымі з каранямі дрэвамі. Раз’юшаная Веры, накіраваўшыся да ракі Кура, зносіла ўсё на сваім шляху… 

Горад ахоплівала паніка – на вуліцах на волі аказаліся львы, тыгры, ваўкі і гіены, бегемот з заапаркаў. Адзін з супрацоўнікаў заапарка быў загрызены насмерць белым тыграм.

Да гэтага часу невядомы лёс трох жыхароў горада. Ахвярамі апоўзня лічацца 19 чалавек.

2019 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд +30,7°С.

Рэкорднай да гэтага лічылася тэмпература 30,5°С 13 чэрвеня 1959 года.