Як калядны звычай нямецкіх пратэстантаў стаў дарагі сэрцу кожнаму беларусу – наш забаўляльны лонгрыд.
У Заходняй Еўропе гэты звычай існуе з XVІ ст., а на нашых землях традыцыя ўкаранілася толькі ў ХІХ ст., прычым яна прыйшла разам з нямецкім пратэстантызмам. Ёлачны звычай выклікаў адмаўленне ў праваслаўнай царквы і ў савецкай улады, яго доўга не прымалі жыхары беларускай вёскі.
Зараз жа на плошчах гарадоў, у крамах, офісах зіхацяць святочныя ялінкі. Ім радуюцца і дзеці, і дарослыя. Шмат хто падчас калядных і навагодніх святаў ставяць жывую ёлку ў сваіх кватэрах і дамах. Але адкуль пайшоў звычай яе ставіць?
Вечнае сусветнае дрэва
Навагодняе шанаванне елкі распачалося на тэрыторыі германскіх земляў, дзе елка ў часы паганства атаясамлялася з сусветным дрэвам. Менавіта тут, у старажытных германцаў, яна і стала спачатку навагоднім дрэўцам, а пазней – сімвалам Раства. Цікава, што найдаўнейшае апісанне звычаю ісці на Новы год у лес па ялінку даследчыкі знаходзяць якраз у германскіх народаў.
Першапачаткова хрысціянская царква ставілася да елкі не вельмі добра, таму што такі звычай мае карані ў язычніцтве – гэтакі працяг культу пакланення дрэвам. Пасля хрышчэння звычаі і абрады, звязаныя з ушанаваннем елкі, пачалі паступова набываць хрысціянскі сэнс, і яе сталі выкарыстоўваць як дрэўца – сімвал Раства.
На сённяшні дзень лічыцца, што звычай ставіць калядную ёлку паўстаў у XVІ стагоддзі ў Германіі падчас пратэстанцкай рэфармацыі. Вечназялёнае дрэва з аднаго боку сімвалізавала Дрэва Адама і Евы з кнігі Быцця, а з другога – вечнасць, бясконцасць. Нездарма ёсць загадка пра елку: «зімой і летам адным цветам». У снягі і віхуры яна нагадвае пра хуткую вясну і непазбежнасць перамогі лета над зімою, жыцця над смерцю.
З часам, калі рэфармацыя пачала пашырацца на іншыя краіны Еўропы, ідэя ставіць ёлку, як знак Божага нараджэння і рэфармацыі, таксама пайшла ў народ. А калі эмігранты паехалі ў Амерыку, яны прывезлі гэту вясёлую традыцыю з сабой. У тыя часы не было адмысловых цацак, таму ёлку ўпрыгожвалі садавіной, арэхамі і свечкамі, а на верх ставілі зорку, якая сімвалізавала Віфліемскую, а таксама анёла, які рэпрэзентаваў арханёла Гаўрыіла.
Такім чынам відавочна, што карані звычаю ўпрыгожваць ялінку сягаюць у еўрапейскае сярэднявечча і звязваюцца яшчэ з пракаветнымі дахрысціянскімі традыцыямі, якія гарманічна спалучыліся з хрысціянскімі звычаямі і ўяўленнямі.
Нямецкія пратэстанты прыносяць калядную традыцыю
У Рэчы Паспалітай ёлачны звычай пашырыўся на рубяжы ХVІІІ – ХІХ стагоддзяў дзякуючы нямецкім пратэстантам, якія даволі масава рассяляліся ў беларускіх гарадах. Напрыклад, свая лютэранская абшчына існавала ў XVIII стагоддзі ў Магілёве, і ёй была пабудавана лютэранская кірха ў горадзе – на тым месцы, дзе зараз перасякаюцца вуліца Ленінская і завулак Мігая. Наогул, гэтая традыцыя пашыралася з захаду на ўсход.
Прыблізна ў гэты ж час ёлачны звычай з’явіўся і ў Расійскай імперыі, аднак выключна сярод вышэйшых слаёў насельніцтва, якія часта мелі нямецкае паходжанне. Не трэба забываць, што княгіня Аляксандра Фёдараўна, цар Пётр ІІІ і Кацярына ІІ нарадзіліся і выраслі ў Германіі ў лютэранскіх сем’ях з іх традыцыямі.
Паступова на працягу ўсяго XIX стагоддзя ёлка ў Расійскай імперыі, куды ўваходзіла і Беларусь, набывае хрысціянскую сімвалічнасць, хоць дагэтуль успрымалася як мілая нямецкая забава, якая выконвала эстэтычную функцыю.
Як і ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, расійская ёлка, паступова становіцца «хрыстовым дрэвам». А ўжо да пачатку ХХ стагоддзя ёлка трывала заняла сваё месца ў дамах розных слаёў гарадскога насельніцтва.
Што цікава, праваслаўная царква напачатку не вітала гэту ідэю, а кіруючы Сінод наогул заклікаў насельніцтва не ставіць ёлкі ў сябе дома, бо яны лічылі, што праваслаўны люд не павінен мець нічога агульнага з гэтай пратэстанцкай традыцыяй немцаў. Але, нягледзячы на ўсю крытыку, калядныя ёлкі вельмі моцна ўкараніліся ў дарэвалюцыйнай Расіі.
З часам вечназялёнае дрэва пачалі ставіць на галоўных плошчах гарадоў, на чыгуначных вакзалах і ў іншых грамадскіх будынках. Такім чынам, канчаткова ёлачны звычай на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, быў замацаваны ўжо ў ХІХ стагоддзі.
З каляднай у навагоднюю і савецкую
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сітуацыя карэнным чынам змянілася. Савецкая ўлада забараніла калядныя ёлкі, абвясціўшы іх буржуазнай традыцыяй, павязанай з хрысціянствам.
З той пары ёлка атрымала нелегальны статус. У 1929 годзе дайшло да таго, што камсамольскія патрулі хадзілі і зазіралі ў вокны людзей, правяраючы на наяўнасць там упрыгожанага вечназялёнага дрэва.
І раптам, на сыходзе 1935 года ў газеце «Правда» з’яўляецца нататка кандыдата ў члены Палітбюро ЦК ВКП(б) Паўла Постышава: “Давайце арганізуем да Новага году дзецям добрую ёлку!”
У выніку дарэвалюцыйны звычай быў нібыта адроджаны. Але цяпер ёлка называлася не каляднай, а навагодняй або проста – савецкай. Такім чынам, быў зроблены, так бы мовіць, рэбрэндынг каляднай ёлкі.
Свята і яго атрыбутаў чалавек прагне ў любы час, і ў савецкі прагнуў таксама. Вяртанне і рэабілітацыя ёлкі маглі паслужыць савецкаму рэжыму, вяртаючы людзям звыклыя радасці жыцця. Але старая традыцыя была хутчэй не адроджана, а выкарыстана для стварэння новага свята. Для савецкага кіраўніцтва заданне было простае: засланіць святкаванне Раства, якое ў першую чаргу звязвалася з ёлкай, прапанаваўшы людзям новае грандыёзнае свята – Новы Год.
Ёлка рэкамендавалася ў новай якасці – як дзіцячая забава, прыдатная для юных будаўнікоў камунізму. Нездарма ў тыя часы казалі, што навагодняя ёлка – гэта свята радаснага і шчаслівага дзяцінства ў савецкай краіне.
Да свята Раства ёлачны звычай больш не меў прамога дачынення, у яго трэба было ўдыхнуць зусім новы сэнс. Віфлеемскую зорку замянілі на чырвоную савецкую, а сама ёлка стала знакам новага камуністычнага свята – Новага Года.
Дуалістычная ёлка беларускай культуры
Нягледзячы на тое, што ў беларускіх гарадах ёлкі ставілі ў дамах і цэнтральных плошчах яшчэ пачынаючы з ХІХ стагоддзя, у вясковым асяродку такую традыцыю доўгі час масава не падтрымлівалі.
Запытайцеся нават сёння ў старэйшых вясковых жыхароў, калі пачалі ставіць ялінкі, дык пачуеце ў адказ, што толькі ў пасляваенныя гады. А так да Калядаў ці Вялікадня як святаў, з якіх у розныя часы распачынаўся Новы год, у хаце вешалі саламяных павукоў, што гэтаксама сімвалічна пазначалі колаварот часу.
Непрыняцце ёлачнага звычаю ў вясковым асяродку звязанава ў першую чаргу з тым, што елка ў беларускай народнай культуры мела дуалістычную сімволіку.
Менавіта ялінка ў балта-славянскай традыцыi лiчыцца за дрэва, звязанае са светам памерлых. Яе галінкі і сёння выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах – з іх робяць вянкі, іх кідаюць на дарогу памерламу і г.д.
Гэта звязваецца ў першую чаргу з вечнай зелянiнай елкі, што не магло не асацыявацца з вечнасцю жыцця, з магчымасцю працягваць iснаванне ў іншых яго вымярэннях.
Варта адзначыць, што беларускія сяляне не садзілі яліну ў межах сядзібы, бо ў міфалагічным плане “калючасць”, “адмоўнасць” елкі адлюстроўвалася ў сувязі яе з дэманалагічным светам. Акрамя таго, елка як дрэва, што расце ў сырых, цёмных месцах, лічыцца недобранадзейнай, чорнай.
Разам з тым у беларускай традыцыі існуе ўяўленне пра елку як пра дрэва «свянцонае». У яе ніколі ня бʼе Пярун, таму падчас навальніцы найлепей было хавацца менавіта пад елкай.
Гэтыя асаблівасці тлумачыць этыялягічная легенда, у якой апавядаецца, што калі слугі цара Iрада хацелі забіць немаўля Хрыста, то Божая Маці, уцякаючы, хавалася пад елку. Дрэва само апускала сваё галлё, каб прыкрыць іх. За гэта Бог асвяціў елку і прызначыў заўжды яе ставіць у хаце або затыкаць за абразы на Каляды і Вялікдзень.
Елка гэтаксама займае значнае месца ў вясельным комплексе беларусаў. Упрыгожаная ў Зборную суботу «елачка» сімвалiзавала дзявоцкасць маладой, яе хараство. Атрыбут уяўляў сабой невялiкае дрэўца, нават яго вершалiну або галiнку, прычым толькi зiмой – яловую, летам жа ў якасцi «елачкi» выступалi галiнкi пладовых дрэў.
«Елачку» ўторквалi ў каравай цi ставiлi на спецыяльную падстаўку, упрыгожвалi стужкамі i кветкамi. Такое выкарыстанне яліны ўпiсвалася ў больш агульную iдэю пераходу, асноўную i для вясельнага, i для пахавальнага абрадаў.
Хоць падчас калядных і новагодніх святаў у беларускіх вёсках не было традыцыі ставіць яліну ў хаце, аднак елка была неад’емных атрыбутам масленкавых, велікодных ды юр’еўскіх звычаяў.
Дарэчы, да ведама
У беларускай мове:
Елка – дрэва ў лесе.
Ёлка – упрыгожаная на Новы год і Каляды ялінка.
Фота: nokta.md, fakeoff.org, catholic.by, aif.ru, radzima.org