«Куток былога» – новы музейны аб’ект у глыбінцы Касцюковіцкага раёна

У Муравільскай сярэдняй школе Касцюковіцкага раёна адкрыўся музейны пакой «Куток былога», паведамляе golk.by. 

Сама школка невялічкая – усяго 65 вучняў. Пад адным з ею дахам прытуліўся і дзіцячы садок з 16 выхаванцамі.

У аграгарадку Муравілле 249 двароў і 556 жыхароў (амаль траціна насельніцтва сельскага савета, другі па велічыні населены пункт апасля аграгарадка Шарэйкі). У пасяленне падведзены прыродны газ, працуюць пошта, аддзяленне банка, АТС, урачэбная амбулаторыя, цэнтр культуры, дом сацыяльных паслуг, бібліятэка, міні-маркет “Родны кут”. Цяпер яшчэ адным элементам культурнай інфраструктуры стаў«Куток былога».

Калісьці ў школе быў пакой з экспанатамі, а не музей. А зараз дзякуючы намаганням кіраўніка па ваенна-патрыятычнаму выхаванню Мікалаю Данілаву тут з’явіўся краязнаўчы куток з разнастайнымі экспанатамі – фатаздымкі, грашовыя купюры, манеты, сельскагаспадарчы інструмент, прадметы побыту, якія выраблены мясцовымі майстрамі ў мінулых стагоддзях, адзенне і абутак, тэхніка… 

Сабраныя экспанаты адлюстроўваюць мясцоваю даўніну і сялянскі побыт, савецкую эпоху, гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё акцябратаў, піянераў.  

Ёсць надзея, што зборы будуць паступова папаўняцца новымі рарытэтамі.

Амаль цэлы год пайшоў у М. Данілава на ўладкаванне музейнага пакоя, і на «здабычу» экспанатаў. Да гэтай працы былі прыцягнуты і педагогі, і самі вучні: вялася пошукавая дзейнасць, ствараліся стэнды, раздрукоўваліся фотаздымкі выдатных землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, юных партызан. 

На адкрыцці музея выступіла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Манушэнка: 

– Мне спадабалася, што педагогі і вучні гэтай школы неабыякавыя да гісторыі. Не сумняваюся, гэта абавязкова станоўча адаб’ецца на далейшым выхаванні і адукацыі дзяцей, яны атрымаюць карысны досвед падчас знаёмства з гісторыяй сваёй радзімы. Музей мае патэнцыял. Тут можна ладзіць урокі па гісторыі Беларусі, вывучаць на мясцовым матэрыяле гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, роднага краю.

Наш каментар. Адкрыццё  краязнаўчага пакойчыка «Куток былога» – выдатная падзея. Маем пажаданне, каб тут была  адлюстравана таксама і гісторыя пасялення з наваколіцамі дарэвалюцыйнага часу, каб з’явіліся матэрыялы пра паданні ўзнікнення назваў рэк, балот, лясоў і пасяленняў, пра старажытныя паселішчы, падзямеллі, мясцовыя таржкі, мануфактуры, храмы, пра герояў-паўстанцаў, выбітных адраджэнцаў беларушчыны.

Наша даведка. Назву сённяшняга аграгарадка Муравілле Пралетарскага сельсавета мала хто ўзгадае ў краіне, Магілёўскай вобласці, нешмат пра яе гісторыю ведае і большасць жыхароў Касцюковіцкага раёна. А тым часам пасяленне ўзнікла больш за 500 гадоў назад, вядома па летапісных звестках з ХVІ стагоддзя як вёска Мар’янвілле, Мар’янвіль, Лістапады, але насельніцтва тут з’явілася на 1000 гадоў раней, аб чым сведчаць старажытныя курганы. 

У 1786 годзе тут пабудавана драўляная царква Раства Багародзіцы (Св. Дзевы Марыі – Мар’яны). Тут захаваліся рэшткі падземных хадоў былога манастыра. Да 1930-х гадоў вёска была вядома пілігрымкамі, якія  ладзіліся да Абраза Святой Марыі з немаўляткам. У ХVІІІ-ХІХ стагоддзях на мясцовай мануфактуры вырабляліся цудоўныя керамічныя вазы, у ХІХ стагоддзі праводзіўся штогадовы таржок. Тут нарадзіўся А. Галавінскі, дзеяч беларускага адраджэння, прадстаўнік Рады БНР на Украіне, супрацоўнік Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі БССР.

Фота: газета “Голас Касцюкоўшчыны”

Памілаваны Лукашэнкам чыноўнік-карупцыянер курыруе ідэалогію і натхняе моладзь да патрыятызму

14 верасня намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва Яўген Дуплеўскі адкрыў гарадскую Вахту памяці і ў сваёй прамове гаварыў пра патрыятызм.

У 2014 годзе Дуплеўскага абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Ён, быўшы начальнікам упраўлення адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму, чатыры гады быў аформлены ў школе па сумяшчальніцтве настаўнікам факультатыўных заняткаў. Пры гэтым ніякіх заняткаў не праводзіў, але атрымліваў заробак. Ва ўчыненні злачынства Дуплеўскі, якому пагражала 7 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўся. Аляксандр Лукашэнка задаволіў яго прашэнне аб памілаванні, калі карупцыянер кампенсаваў суму шкоды.

Сёння Дуплеўскі ўдзельнічаў у адкрыцці штогадовай Вахты памяці. Яе прыдумалі для вучняў магілёўскіх школ. Яны стаяць па вайсковаму ля вечнага агню на плошчы Славы. Вахту памяці Дуплеўскі назваў «марафонам патрыятызму».

«Мы пэўныя, што тут стаяць маладыя людзі, на якіх радзіма можа разлічваць, бо яны сапраўдныя ўнукі і праўнукі сапраўдных герояў, якія баранілі наш горад, нашу краіну і не дазволілі чужой варожай назе застацца тут надоўга», – прамаўляў чыноўнік, які па памілаванні працягнуў працу ў сістэме адукацыі.

Яго прызначалі дырэктарам гімназіі №4. Бацькі вучняў пратэставалі супраць таго, каб навучальнай установай кіраваў службовец абвінавачаны ў карупцыі, але гэта не дало плёну. У 2021 годзе Дуплеўскі стаў намеснікам старшыні адміністрацыі Ленінскага раёну. Ён курыруе ідэалогію.

фота: t.me/mogilevnewsby