25 ліпеня ў гісторыі. Аблога Марыенбурга. Нарадзіліся Дз. Смольскі, А. Мілінкевіч. Дзень памяці У. Караткевіча, У. Высоцкага, Н. Арсенневай, Я. Брыля.

Дзень пажарнай аховы Беларусі. 

25 ліпеня 1853 года Мінская гарадская дума і губернскае праўленне зацвердзілі рашэнне аб утрыманні пажарнай часткі ў Мінску.

У гэты ж час, былі арганізаваны пажарныя часці ў Віцебску, Магілёве і іншых беларускіх гарадах.

Пры гэтым вядома, што яшчэ ў пачатку 1830 года ў Магілёве вызначылі часовыя памяшканні пад казармы і стайні, гарадскія ўлады прыступілі да камплектавання пажарнай каманды, прадставілі план і каштарысы на пабудову пастаяннай казармы і стайні для пажарнай часткі.

У гонар Дня пажарніка, 25 ліпеня 2014 года на Пажарным завулку Магілёва ў будынку XIX стагоддзя, дзе раней размяшчалася пажарная частка, адкрыўся Музей пажарнай службы Магілёўскай вобласці.

1410 год. Войскі Польшчы і ВКЛ пачалі аблогу Марыенбурга – сталіцы Тэўтонскага ордэна.

Каб замацаваць перамогу пасля Грунвальдскай бітвы, войскі акружылі сталіцу ордэна. 

Горад на р. Ногат у дэльце Віслы, заснаваны ў 1276 годзе як ордэнскі замак. Умацаваны замак быў самай вялікай крэпасцю ў Еўропе, пабудаванай ў гатычным стылі. Зараз польскі горад Мальбарк.

1434 год. На польскі сталец каранаваны Уладзіслаў III Варненчык (1424-1444).

Кароль польскі (1434-1444) і венгерскі (1440-1444), князь літоўскі (1434-1440) з дынастыі Ягелонаў.

У 1443 годзе разам з Янашам Хуньядзі ўзначаліў аб’яднанае польска-венгерскае войска ў вайне з асманамі, у 1444 заключыў перамір’е, якое спыніла наступленне туркаў на Балканы.

Загінуў у бітве пад Варнай (адсюль пасмяротная мянушка).

1840 год. Нарадзіўся Юльян Крачкоўскі (1840-1903).

Беларускі фалькларыст, этнограф, гісторык, педагог. Бацька вядомага савецкага ўсходазнаўца І. Крачкоўскага (1883-1951).

Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, але адмовіўся ад духоўнага сану, займаўся педагагічнай дзейнасцю. Працаваў выкладчыкам Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам народных вучылішч Тульскай губерні і Віленскай навучальнай акругі, дырэктарам Полацкай настаўніцкай семінарыі і Віленскага настаўніцкага інстытута, Туркестанскай настаўніцкай семінарыі.

У 1884 высланы з Туркестанскай настаўніцкай семінарыі з-за выяўлення там падазроных беларускіх гурткоў. Вярнуўся ў Вільню, у 1888-1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі.

Аўтар «Нарысаў быту заходнерускага селяніна» – першага падрабязнага даследавання сямейных і каляндарна-аграрных абрадаў беларусаў і выхавання дзяцей, зборніка «Быт заходнерускага селяніна», дзе змешчана больш за 200 песень, 90 прыказак, народных паданняў і казак, звесткі пра народную медыцыну, народныя стравы і народны каляндар беларусаў, пра пахавальныя абрады, «К истории старой Вильны» і «Топография г. Вильны в XVI и XVII века».

Памёр у 25 ліпеня 1903 года. Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1877 год. У Мсціславе памёр ураджэнец в. Гразівец (зараз – Чавускі раён) Іван Насовіч (1788-1877).

Беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст.

Стваральнік «Слоўніка беларускай мовы», «Слоўніка беларускай гаворкі» (больш за 30 000 слоў), «Зборніка беларускіх прыказак».

Аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў.

Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 года.

1910 год. Нарадзіўся Генадзь Цітовіч (1910-1986).

Беларускі кампазітар, дырыжор, фалькларыст, этнограф. Народны артыст СССР.

Вучыўся ва Універсітэце Стэфана Баторыя, скончыў Віленскую кансерваторыю. 

Працаваў рэдактарам абласнога радыё, кансультантам Дома народнай творчасці ў Баранавічах, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Стварыў у в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна народны хор, рэарганізаваны ў Дзяржаўны народны хор БССР, яго кіраўнік да 1974 года.

Запісаў больш за 3 000 беларускіх (пераважна), украінскіх, польскіх, літоўскіх і іншых народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. 

Складальнік фальклорных зборнікаў. Аўтар 12 песень на ўласныя словы і вершы беларускіх паэтаў, больш за 60 апрацовак беларускіх народных мелодый.

Яго імя носіць Нацыянальны акадэмічны народны хор.

Памёр 21 чэрвеня 1986 года.

1913 год. Нарадзіўся Сяргей Астрэйка (1913-1937).

Беларускі паэт, перакладчык.

У 1928 годзе паступіў у Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Восенню 1931 года разам з З. Астапенкам, У. Дудзіцкім, Л. Калюгам, С. Русаковічам, У. Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіранні мерзлай бульбы ў калгасе выключаны з тэхнікума як «нацдэм».

Працаваў літрэдактарам выданняў БелНДІ прамысловасці, навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН, у Камісіі па складанні слоўнікаў. 

Арыштаваны ДПУ БССР у 1933 годзе па справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. У 1937 годзе зноў арыштаваны, 13 верасня, на наступны дзень, вынесены смяротны прысуд і 14 верасня расстраляны.

Вершы пачаў пісаць у час вучобы ў школе. У 1928 годзе па рэкамендацыі Цішкі Гартнага яго вершы з’явіліся ў газеце «Чырвоная змена». Паэму «Бенгалія» ўхваліў Янка Купала. У свае часы яе называлі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганне бенгальцаў з брытанскімі каланізатарамі, Астрэйка меў на ўвазе непасрэдна Беларусь.

У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А. Пушкіна, рукапіс не збярогся.

1922 год. У Краснаполлі нарадзіўся Ісаак Ваксман (1922-1943).

Герой Савецкага Саюза, камандзір артбатарэі, старшы лейтэнант

У 1938-1940 гадах працаваў настаўнікам у Краснаполлі, адначасова вучыўся завочна ў Днепрапятроўскім транспартным інстытуце.

У 1942 годзе скончыў курсы малодшых лейтэнантаў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, Украіне.

Вызначыўся ў баях пры фарсіраванні Дняпра восенню 1943 года. У баях за плацдарм у Запарожскай вобласці яго батарэя знішчыла 15 кулямётаў, танк, дзве аўтамашыны, больш за сотню гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Загінуў у баі 19 снежня1943 года у Запарожскай вобласці.

Яго імя прысвоена Беразнякоўскай СШ Краснапольскага раёна, вуліцы ў Краснаполлі. На доме ў райцэнтры, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1937 год. Нарадзіўся Дзмітрый Смольскі (1937-2017).

Беларускі кампазітар і педагог, Народны артыст. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Лаўрэат Дзяржпрэміі, Кавалер Ордэна Ф. Скарыны, прафесар Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шматлікіх сімфоній, опер, у тым ліку «Сівая легенда», «Францыск Скарына» і іншых.

Дыск з запісамі яго сімфоній, выдадзены брытанскай фірмай «Алімпія», быў прызнаны лепшым на конкурсе ў ЗША ў 1992 годзе.

Бацька вядомага музыканта-мультыінструменталіста Віктара Смольскага.

Памёр 29 верасня 2017 года.

1947 год. Нарадзіўся Аляксандр Мілінкевіч.

Беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык, краязнавец. Кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта (Алжыр), быў дацэнтам Гродзенскага ўніверсітэта. Яго кандыдатура разглядалася на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

У 2006 годзе ўдзельнічаў у выбарах прэзідэнта Беларусі ў якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл і заняў 2-е месца. Узначальваў Рух «За Свабоду». Паводле Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, Мілінкевіч – прыклад беларуска-польскага інтэлігента.

1954 год. Нарадзілася Валянціна Аколава (1954-2013).

Беларуская паэтэса, перакладчыца.

Скончыла Полацкае музычна-педагагічнага вучылішча імя Ф. Скарыны, працавала настаўніцай у Ветрына Полацкага раёна, у наваполацкім Палаца культуры нафтавікоў, карэспандэнтам газеты «Знамя новостройки» трэста № 16 «Нафтабуд», у рэдакцыі радыёвяшчання Наваполацкага аб’яднання «Палімір», у выдавецтве «Юнацтва», у газеце «Знамя юности». Пачала пісаць вершы ў 8-гадовым узросце, паэтычны дар пераняла ад песеннага таленту сваёй маці. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, паэмы-п’есы «Палачанка Інгрэна, альбо Вяртанне Скарыны». 

Паасобныя вершы пакладзены на музыку.

Памерла 24 снежня 2013 года.

1980 год. Памёр Уладзімір Высоцкі (1938-1980).

Савецкі і рускі паэт, артыст і спявак. Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 ў кіно.

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна.

Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста. Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі.

Летам 1965 года ён даў некалькі канцэртаў на прыватных сядзібах Магілёва (падчас здымак у Бабруйску фільма “Я родам з дзяцінства”), у жніўні 1969, пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой», ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 годзе ў ім усталяваны помнік Высоцкаму).

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

1984 года. Памёр Уладзімір Караткевіч (1930-1984).

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»..

Па яго творах пастаўлены шматлікія спектаклі, знята 9 мастацкіх фільмаў, напісаны музычныя творы.

1997 год. У Нью-Ёрку памерла Наталля Арсеннева (1903-1997).

Беларуская паэтэса, перакладчыца, драматург.

Вязень ГУЛАГу. Дзеяч беларсукай эміграцыі ў ЗША.

На яе верш «Малітва» была напісана музыка кампазітарам Міколам Равенскім – з’явіўся гімн «Магутны Божа», у гонар якога названы фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве.

У 1995 годзе гэтую песню прапаноўвалася зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі.

Н. Арсеннева і Максім Танк, Вільня, 1936

2006 год. Памёр Янка Брыль (1917-2006).

Народны пісьменнік Беларусі. Ганаровы член НАНБ.

Служыў у польскай марской пяхоце, быў беларускім партызанам. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Полымя», рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі, старшынёй Беларускага таварыства «СССР – Канада», член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала створаная Я. Брылём разам з А. Адамовічам і У. Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогненай вёскі…».

Брылю належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».

У гонар пісьменніка названы вуліцы ў Мінску і польскай Гдыні.

24 ліпеня ў гісторыі. Распушчальная кава. Падзенне метэарыта. Першы Буквар. Нарадзіўся артыст Г. Гарбук.

Дзень нараджэння распушчальнай кавы.

24 ліпеня 1938 года дзякуючы швейцарскаму хіміку Максу Моргенталеру з кампаніі Nestle на рынку з’явілася першая папулярная марка гэтага напою – Nescafe. 

Такая кава стала абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.

Распушчальная кава карыстаецца вялікім попытам з-за лёгкасці прыгатавання. 

Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,5 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай. 

У скандынаўскіх краінах, ФРГ больш за 70% насельніцтва п’юць заварную каву, а бразільцы, амерыканцы, беларусы, наадварот, больш любяць распушчальную.

1618 год. У Еўе (цяпер Вевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…».

Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай “Буквар”. А другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль (1631).

1790 год. Упершыню ў гісторыі дакументальна зафіксавана падзенне метэарыта на Зямлю.

Метэарыт упаў у Паўднёва-Заходняй Францыі, каля гасконскага гарадка Барбатан.

Хоць гэтае здарэнне было афіцыйна засведчана мясцовымі ўладамі, адзін з акадэмікаў Клод Бертолле заявіў: “Як сумна, што цэлы муніцыпалітэт заносіць у пратакол народныя казкі, выдаючы іх за сапраўды бачанае, тады як не толькі фізічным чыннікам, але і наогул нічым разумным гэта нельга растлумачыць”.

Будучы ўпэўненымі, што “гасконцы заўсёды былі вялікімі фантазёрамі і выхвалякамі”, навукоўцы прынялі пастанову, якая заклікала суграмадзян надалей не рэагаваць на падобныя “забабоны”.

У той час навукоўцы яшчэ не верылі, што метэарыты падаюць на Зямлю з касмічнай прасторы. Толькі ў 1803 годзе рэальнасць “нябеснага” паходжання метэарытаў была імі афіцыйна прызнана. Калі ў мястэчку Эгле выліўся жудасны “каменны дождж”, які ўсыпаў зямлю аскепкамі і быў засведчаны мноствам узбуджаных відавочцаў, Французская акадэмія навук змушаная была пагадзіцца, што гэта сапраўды былі “камяні з неба”.

1820 год. Нарадзіўся Люцыян Крашэўскі (1820-1892).

Беларускі і польскі мастак, фатограф, прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў.

Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.

Памёр 2 лютага 1892 года.

1884 год. У Магілёве створана губернская паштова-тэлеграфная кантора 3-га класа.

Да 1890 года ў Магілёўскай губерні дзейнічалі паштова-тэлеграфныя канторы: Магілёўская, Гомельская, Аршанская, Шклоўская, Рагачоўская, Горы-Гарэцкая, Чэрыкаўская, Мсціслаўская, Быхаўская, Сенненская, Дубровенская, Клімавіцкая, паштова-тэлеграфныя аддзяленні: Чавускае, Прапойскае, Веткаўскае, Копыскае, Ляднянскае, Хаславіцкае, Бабрскае, Чачэрскае, Касцюковіцкае, Краснапольскае, Любавіцкае, Руднянскае, Добрушскае, Коханаўскае, Талачынскае і Смальянскае; паштовыя аддзяленні: Бялыніцкае, Манастыршчынскае, Раснянскае, Пятровіцкае, Шамаўскае і Кармянскае. 

Да пачатку XX стагоддзя дзейнічала 29 паштова-телеграфных і 35 паштовых аддзяленняў, у самім Магілёве было 12 паштовых скрынь.

Кантора ў Оршы

1896 год. Нарадзіўся Аляксандр Орса (1896-1959).

Беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч.

Скончыў настаўніцкія курсы ў Навагрудку, Карлаў ўніверсітэт у Празе.

Выкладаў у навагрудскіх беларускай гімназіі, школах, педвучылішчы. Падчас Другой сусветнай вайны быў школьным інспектарам Навагрудскай акругі.

Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. У 1944 выехаў у Германію, дзе быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу (Міхельсдорф).

З 1949 года ў Нью-Ёрку. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытута навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы).

Памёр 2 лістапада 1959 года.

1911 год. Нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка (1911-1978).

Беларускі паэт, журналіст.

Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У 1948-1953 гадах – адказны сакратар часопіса «Вожык».

Аўтар вершаў, зборнікаў, кніг вершаў, вершаванай казкі «Елка», паэмы для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда», тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».

Памёр 23 жніўня 1978 года.

1921 год. Падчас аперацыі ў Маскве памёр Сцяпан Булат (1894-1921).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст. Працаваў загадчыкам аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы.

Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».

Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай. На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Зм. Бядуля.

1934 год. Нарадзіўся Генадзь Гарбук (1934-2018).

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР.

Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

1941 год. Абаронцы Магілёва з 394-га палка палкоўніка Я. Слепакурава на заходнім беразе Дняпра захапілі 3 нямецкіх штабных аўтамашыны і штабнога афіцэра.

У машынах былі ўзнагародныя знакі, сцягі, падарункі для нямецкіх салдат, якія павінны былі ўзяць Маскву.

Магілёў быў цалкам акружаны 16 ліпеня, аднак абаронцы працягвалі ўпарта змагацца.

У гэты ж дзень Заходні фронт падзелены на Заходні і Цэнтральны.

1976 год. Нарадзіўся Іван Ціхан.

Беларускі атлет, кідальнік молата, чэмпіён Беларусі, Еўропы, трохразовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра (2016), шматразовы рэкардсмэн. 

Заслужаны майстар спорту Беларусі. Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

1984 год. Адкрыты для наведвальнікаў Клімавіцкі краязнаўчы музей.

Створаны паводле рашэння ЦК КПБ 11 ліпеня 1978 года. Размяшчаецца ў асабняку князёў Мяшчэрскіх.

Асноўны фонд музея налічвае каля 6 000 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 8 000.

Найбольш цікавыя прадметы з калекцый музея: бівень маманта, каменныя прылады працы 3-2-га тыс. г. да н.э., кнігі ХІХ стагоддзя, прадметы нумізматыкі, ткацтва, народнага побыту, узоры зброі, творы выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя музея размешчана ў 6 залах: «Прырода раёна», «Далёкае мінулае», «Сацыялістычная рэвалюцыя», «Вялікая Айчынная вайна», «Прамысловасць раёна», «Знакамітыя землякі».

2009 год. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовы зварот марку “350 гадоў Баркалабаўскай іконе Божай Маці”.

Ікона з’явілася ў Баркалабаўскім жаночым манастыры (заснаваны 24 чэрвеня 1641 года Б. Статкевічам каля мястэчка Баркалабава) у 1659 годзе.

Паводле падання з манастырскага архіва рускі князь Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне.

Фота з адкрытых крыніц.

4 ліпеня ў гісторыі. Незалежнасць ЗША. Пошукі Зямлі Саннікава. Разгон Цяньаньмэнь. Тэракт у Мінску. «Мядзведзіроўка» Беларусі.

1695 год. «4 липня… выпал великий снег и пролежал в Могилеве несколько дней» – гарадская хроніка.

1776 год. У амерыканскай Філадэльфіі на Другім Кантынентальным кангрэсе аднагалосна прынята Дэкларацыя незалежнасці ЗША.

Паводле дакумента, брытанскія калоніі у Паўночнай Амерыцы абвясцілі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Гэты дзень святкуецца ў ЗША як Дзень незалежнасці – дзень, калі Злучанымі Штатамі сталі называцца 13 калоній (13 палос на сцягу ЗША сімвалізуюць іх), якія ў выніку дзесяцігадовага супрацьстаяння і лютага змагання адстаялі сваю свабоду і права на дзяржаўнасць.

1783 год. На рынкавай плошчы ў французскім Аноне адбылася першая публічная дэманстрацыя паветранага шара братоў Мангальф’е.

Створаны імі паветраны шар уяўляў сабою злеплены з трывалай і тонкай паперы востраканечны мех з адкрытай гарлавінай у ніжняй частцы дыяметрам каля 11 м.

На ніжняй адтуліне была ўмацавана рашотка з вінаградных лоз, якая ўсталёўвалася на падмосткі. Пад падмосткамі было разведзена вогнішча з саломы. Гарачае паветра падняло шар аб’ёмам 600 кубаметраў на вышыню 2 000 м. Перш, чым апусціцца на зямлю, шар праляцеў больш за 1,6 км.

1890 год. Перапахаванне ў Вавельскім саборы у Кракаве Адама Міцкевіча (1798-1855).

Міцкевіч – самы  вядомы польскі паэт,  адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.

Меў беларускае паходжанне, ураджэнец в. Завоссе (зараз Баранавіцкі раён). Парэшткі перавезлі ў Канстантынопаль.

У Навагрудку, Стамбуле працуюць дамы-музеі А. Міцкевіча; яго імем названы вуліцы, пастаўлены помнікі  ў шматлікіх гарадах Беларусі, Польшчы, Літвы, стаіць помнік у Парыжы.

Дом-музей А. Міцкевіча ў Навагрудку.

1900 год. Пачалася першая руская палярная экспедыцыя Э. Толя на шхуне “Зара” (1900-1903) па пошуках Зямлі Санікава.

У ёй удзельнічалі беларусы – зоагеограф Аляксей Бялыніцкі-Біруля (1864-1937), пазней – член-карэспандэнт АН СССР, геолаг Канстанцін Валасовіч (1869-1919). У якасці гідрофа працаваў лейтэнант Аляксандр Калчак, які стаў вядомым палітычным дзеячам, адміралам. 

У гонар беларусаў названы пяць геаграфічных аб’ектаў на поўначы Еўразіі.

Удзельнікі экспедыцыі. У верхнім радзе: трэці злева над Толем – Калчак (лічба 3). Другі рад: М. Каламійцаў, Ф. Матысен, Э. Толь, Г. Вальтар, Ф. Зееберг, А. Бяльніцкі-Біруля (5)

1922 год. У в. Бахацец (цяпер – Чавускі раён) нарадзіўся Ціхан  Жучкоў (1922-1987).

Савецкі лётчык-ас знішчальнай авіяцыі Ваенна-Марскога флота. Герой Савецкага Саюза. Падпалкоўнік.

З 1930 года жыў у Магілёве, у в. Нядашава, скончыў школу ў в. Амхавая Магілёўскага раёна. Працаваў на розных заводах Магілёва, скончыў аэраклуб.

З чэрвеня 1941 года ў войску. Скончыў Ваенна-марское авіявучылішча імя І. Сталіна. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда, у Ленінградска-Наўгародскай, Выбаргскай і Прыбалтыйскай аперацыях. Збіў асабіста 14 і ў складзе групы 11 самалётаў ворага, патапіў 1 катэр і спаліў 6 аўтамашын.

Пасля вайны служыў у ВМФ, у Кіеўскай ваеннай акрузе, у Групе савецкіх войскаў у Германіі і ў Далёкаўсходняй ваеннай акрузе. Памёр 9 сакавіка 1987 года.

1944 год. Савецкія войскі праз 4 дні баёў вызвалілі Полацк – найстаражытны горад краіны, “калыску” беларускай дзяржаўнасці, ад якога “пачаўся свет”.

31 вайсковае злучэнне атрымала назву “Полацкі”, больш за 30 воінаў – званне Герой Савецкага Саюза. Асаблівы гераізм праявілі 23 воіны-гвардзейцы 51-й стралковай дывізіі на чале з лейтэнантам А. Грыгор’евым. Іх гераізму прысвечана песня Ю. Візбара “Цана жыцця”.

1950 год. Пачало вяшчанне Радыё Свабодная Еўропа.

Першыя перадачы ішлі на чэшскай мове, потым колькасць моў паступова павялічвалася. 

Зараз у эфір радыёстанцыі выходзяць праграмы больш як на 20 мовах. Беларуская служба бярэ пачатак ад 20 мая 1954 года. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў.

1952 год. У ЗША памёр Язэп Варонка (1891-1952).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. Першы старшыня Народнага сакратарыята БНР.

Міністр беларускіх спраў і сябра кабінета міністраў Літоўскай Рэспублікі (1918-1920), старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, таварыства «Беларуская грамада ў Коўне».

У 1923 годзе з’ехаў у Чыкага. Узначальваў Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету “Беларуская трыбуна”, вёў праграмы на чыкагскім радыё.

Займаўся выдавецкай і публіцыстычнай дзейнасцю. Аўтар брашур “Беларускае пытанне на момант Версальскай мірнай канферэнцыі. Гістарычна-палітычны нарыс”, “Беларускі рух ад 1917 да 1920 году. Кароткі агляд”.

Прытрымліваўся канцэпцыі «двух ворагаў» беларускага адраджэння — Расіі і Польшчы. вёў беларускія і рускія праграмы на чыкагскім радыё.

1989 год. Разгон кітайскімі вайсковымі падраздзяленнямі студэнцкай дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне.

Паводле заявы мэра Пекіна падчас “контррэвалюцыйнага мецяжу” загінулі больш за 200 чалавек з цывільнага насельніцтва, уключаючы 36 студэнтаў. Па дадзеных праваабаронцаў, аперацыя кітайскіх вайскоўцаў па “навядзенні канстытуцыйнага парадку” каштавала жыцця 3 500 жыхарам Пекіна, некалькі тысяч атрымалі раненні.

Адны студэнты патрабавалі дэмакратычных рэформаў, другія абураліся беспакаранасцю партнаменклатуры, трэція выступалі супраць інфляцыі і беспрацоўя. Але ўсіх аб’ядноўвала ідэя барацьбы з карупцыяй і лозунг “Далоў прадажных чынуш!”.

Сімвалам гэтых падзей сталі не ахвяры, а просты кітаец з авоськамі, які спыніў танкі на плошчы Цяньаньмэнь і ўтрымліваў іх на працягу паўгадзіны.

2008 год. А 00:25 у Мінску падчас святкавання Дня незалежнасці адбыўся тэракт.

Узрыў выбухнуў на гала-канцэрце пад час выступлення на сцэне Таісіі Павалій, каля стэлы “Мінск – горад-герой”. Ад узрыву самаробнай прылады ў літровым пакеце з-пад соку “Садачок”, якая была начыненая балтамі і гайкамі, ніхто не загінуў, але пацярпелі 54 чалавекі, шпіталізавана – 47.

У серыі тэрактаў (2005, 2008, 2011) былі абвінавачаны і пакараны смерцю ўраджэнцы Віцебска Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.

2012 год. У Беларусі адбыўся “Плюшавы дэсант” альбо «мядзведзіроўка».

Акцыя шведскіх лётчыкаў, якія  перасяклі межы беларускай паветранай прасторы, праляцелі над Івянцом і даляцелі да мінскага Сухарава. 

Яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзведзяў з улёткамі, што заклікалі да выканання свабоды слова ў Беларусі.

28 чэрвеня ў гісторыі. Разгром рускіх захопнікаў. Памідоры – ядомыя. Дэтанатар І Сусветнай. Таямнічая смерць Песняра. Вызваленне Магілёва. Герой з 9-й роты.

1615 год. У Еўропу з Кітая прывезены першы чай.

У партугальскім порце прышвартаваўся карабель, на борце якога ў ліку іншага заморскага тавара была дробна пасечаная чорная пацяруха з Кітая – чай. 

Яе яшчэ звалі “кітайскай травой”, але мала хто тады ўяўляў, што гэта такое і як яна выглядае: еўрапейцам прыходзілася здавольвацца апавяданнямі вандроўцаў, мараплаўцаў і гандляроў. Звязана гэта было з тым, што чай у Кітаі лічыўся нацыянальным здабыткам, яго забаранялася вывозіць пад страхам смяротнага пакарання.

Стагоддзямі ён быў даступны толькі эліце і манахам. Заварачныя чайнікі з’явіліся ў XIV стагоддзі ў Кітаі разам з чайнай цырымоніяй. З развіццём гандлю і таварна-грашовых адносін манаполія Кітая на чай і чаяванне ўпала.

1660 год. Войскі Рэчы Паспалітай разграмілі рускіх захопнікаў пад Палонкай каля Навагрудка.

Войскі Рэчы Паспалітай – дывізія С. Чарнецкага (4 000 чалавек), харугвы П. Сапегі, А. Палубінскага і С. Кміціча (6 000) разбілі маскоўскае войска на чале з І. Хаванскім (быў царскім ваяводам у Магілёве ў 1656-1658 гг.).

Палонкаўская бітва – першая буйная перамога Рэчы Паспалітай на канцавым этапе вайны 1654-1667 гадоў, якая спыніла маскоўскую аблогу Ляхавіцкага замка і прывяла да вызвалення зямель ВКЛ па Дняпры і Дзвіне. 

У 1994 годзе на месцы бітвы быў усталяваны памятны камень, у 2010 адбыўся фестываль з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў.

Гетман С. Чарнецкі (1599-1665).

1820 год. Даказана, што памідоры ядомыя. Да гэтага яны адназначна лічыліся атрутнымі.

Так, у кнізе “Поўнае кіраўніцтва па садоўніцтве”, выдадзенай у Даніі ў 1774 годзе, паведамлялася, што памідоры “вельмі шкодныя, бо зводзяць з розуму тых, хто іх есць”.

А ў 1776 годзе асабісты кухар Дж. Вашынгтона Джэймс Бэстлі спрабаваў атруціць будучага прэзідэнта, падаўшы яму на абед смажаніну, якая была багата ўпрыгожана свежымі памідорамі. Вашынгтон забабонамі не пакутаваў і з апетытам з’еў усё, тады як кухар быў настолькі ўпэўнены ў поспеху сваёй задумы, што адразу ж данёс камандуючаму ангельскімі войскамі аб хуткай смерці галоўнакамандуючага каланістаў.

Вашынгтон пражыў яшчэ 23 гады, а ліст Бэстлі чамусьці не патрапіў да адрасата і праляжаў у тайніку больш за 40 гадоў, пакуль не быў знойдзены ў тым жа 1820 годзе. Але калі крыху раней раскрытая таямніца патрэсла б уяўленне сучаснікаў жахлівасцю плана выкарыстання памідораў-забойцаў, то зараз яна выклікае толькі ўсмешкі.

1914 год. У Сараеве сербскім студэнтам Гаўрылам Прынцыпам забіты аўстра-венгерскі эрцгерцаг Франц Фердынанд.

Гэта паслужыла нагодай да пачатку 1 жніўня 1914 года Першай Сусветнай вайны (1914-1918).

Падчас гэтай вайны ў рускае войска былі прызваныя 900 000 беларусаў, з якіх загнула каля 70 000. 

У 1915-1918 гадах пад нямецкай акупацыяй была палова Беларусі, яшчэ палова была прыфрантавой зонай. Колькасць бежанцаў-беларусаў склала ад 1,5 да 2,2 мільёнаў. У 1915-1918 гадах у Магілёве знаходзілася руская Стаўка галоўнакамандуючага.

1919 год. Падпісаны Версальскі мірны дагавор: афіцыйна завершылася Першая Сусветная вайна і ўтворана Ліга Нацый.

Ліга Нацый – пэўны правобраз ААН.

Ліквідавана ў 1946 годзе. Мэты Лігі Нацый: раззбраенне, прадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі, паляпшэнне якасці жыцця на планеце.

1923 год. Нарадзіўся Уладзімір Чантурыя (1923-1988).

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, доктар архітэктуры, прафесар.

Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект», у Беларускім політэхнічным інстытуце.

Аўтар навуковых прац, прысвечаных даследаванню і прапагандзе архітэктурнай спадчыны Беларусі, фундаментальных «Гісторыі архітэктуры Беларусі да 1917 г.», «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» і іншых.

Кіраваў абмерамі помнікаў беларускай архітэктуры (1954-1970) і абследаваннем гістарычных гарадоў БССР (1970-1982).

1941 год. Без сур’ёзных перашкод нямецкія танкі і мотапяхота ўвайшлі ў Мінск, Мар’іну Горку, Бабруйск.

З 28 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 года сталіца БССР знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У горадзе і наваколлях было створана 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш за 400 000 чалавек.

1942 год. Пры цьмяных абставінах у Маскве загінуў народны паэт Беларусі Янка Купала (1882-1942).

Упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха гасцініцы «Масква».

Існуе тры версіі – няшчасны выпадак, самагубства, і найбольш верагодная, забойства. Афіцыйнай версіяй была абвешчана першая – няшчасны выпадак, быццам Купала ўпаў выпадкова. Аднак вышыня парэнчаў у гасцініцы “Масква” гэтаму пярэчыць. Папулярнай была таксама версія пра самазабойства, аднак яна не стыкуецца з паводзінамі паэта перад смерцю – у бадзёрым настроі, ён пакінуў сваіх сяброў у нумары гатэля, каб “кое з кім пагаваыць”. На забойства і супраціўленне Купалы перад смерцю ўказвае тое, што на месцы, адкуль адбылося падзенне, застаўся адзін яго туфель. 

Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

Неаднаразова з 1921 года падвяргаўся рэпрэсіям і ганенням з боку савецкіх уладаў.

Лесвічны пралёт у гасцініцы “Масква”

1944 год. Савецкія войскі пад час аперацыі “Баграціён” вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх войск Магілёў, Быхаў, Асіповічы, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Старыя Дарогі.

1947 год. У памяць аб Янку Купале імем народнага паэта названа беларуская гімназія ў нямецкім Рэгенсбургу.

Гэта адбылася ў 5-ю гадавіну трагедыі.

8-класная гімназія адчынілася 10 снежня 1945 года ў лагеры для перамешчаных асоб з мэтай падрыхтоўкі беларускай моладзі для паступлення ў ВНУ. Працавала да 1950 года: у 1947/1948 у Міхельсдорфе, у 1949/1950 – у Розенгайме, у астатнія – у Рэгенсбургу.

Пры гімназіі існавала вучнёўская бурса, дзе жылі дзеці без бацькоў, дзейнічала скаўцкая арганізацыя, працавалі літаратурны, драматычны, спартыўны гурткі.

Адбылося 5 выпускаў. У розны час гімназію ўзначальвалі А. Орса, М. Рагажэцкі, А. Вініцкі.

Аўген Калубовіч. Выкладчык беларускай мовы і літаратуры гімназіі, прэм’ер-міністр Урада БНР.

1988 год. Ураджэнцу г. Магілёва Андрэю Мельнікаву (1968-1988) пасмяротна прысвоена званне Герой Савецкага Саюза.

Гераічна загінуў у Афганістане.

Прататып галоўнага героя расійскай кінастужкі “9 рота” (2005).

СШ №28 г. Магілёва носіць яго імя. У школьным музее экспануецца яго кулямёт.

1991 год. Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ) спыніў свае існаванне.

Гэта адбылося на 46-й сесіі арганізацыі ў Будапешце.

СЭУ (1949-1991) – адказ на амерыканскі “план Маршала” па адбудове пасляваеннай Еўропы. У розны час у СЭУ уваходзіла 11 сацыялістычных краін. У рамках СЭУ рэалізаваны праекты: нафтаправод “Дружба”, адзіная энергасістэма “Мір”, вытворчасць “Ікаруса” і іншыя.

Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч.

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. 

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах. 

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі. 

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

 

23 мая ў гісторыі. Прапойск стаў Слаўгарадам. Адраджэнне магілёўскай ратушы. Аварыя Су-27. Перахоп Ryanair. Спачыла Еўфрасіння Полацкая.

1173 год. У Ерусаліме спачыла Еўфрасіння Полацкая (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, прылічаная да святых, асветніца і апякунка Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе падарожніца.

У паломніцтва ў 1167 годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў.

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва. Штогод 5 чэрвеня адзначаецца як Дзень Святой Еўфрасінні, ладзяцца пілігрымкі ў Полацк.

1753 год. У Навагрудку памерла  Францішка Уршуля Радзівіл (1705-1753).

Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург у ВКЛ, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.

Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”

Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся з 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядома шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе ў свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы  на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.

1761 год. Шчучыну нададзены герб.

Амаль 16-тысячны раённы цэнтр Гродзенскай вобласці, вядомы з І паловы XV стагоддзя, адзін з цэнтраў піярскага ордэна. 

З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. Сярод выхаванцаў Шчучынскай школы піяраў вядомыя І. Дамейка, М. Догель, К. Нарбут, А. Петрашкевіч, Ю. Корсак. 

У 1921-1939 гадах у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 года – у БССР, у Баранавіцкай (да 1962), Гродзенскай абласцях. 

Знакаміты сваім ваенным аэрадромам (у розны час у раёне знаходзілася каля 20 авіяцыйных частак). Цікава, што на пачатку 1990-ых тут былі сканцэнтраваныя амаль усе знішчальнікі-перахватчыкі тыпу МіГ-25БМ, якія былі выраблены ў СССР.

У горадзе зараз працуюць ААТ «Аўтапровад», прадпрыемствы сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудавання, харчовай прамысловасці.

1842 год. Нарадзілася Марыя Канапніцкая (1842-1910).

Пісьменніца, паэтэса, перакладчыца, буйнейшы майстар польскай рэалістычнай літаратуры.

Змагарка за правы жанчын. Блізкая сяброўка Элізы Ажэшкі. Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я. Лучынай.

Аўтар цыклаў вершаў, эпічных паэм, зборнікаў апавяданняў,  цыклаў народных песняў «З лугоў і палёў», «На жалейцы», кнігі «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899).

Асноўныя матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці. 

1871 год. Памёр Яраслаў Дамброўскі (1836-1871).

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал Парыжскай камуны. Скончыў Брэсцкі кадэцкі корпус, служыў у Санкт-Пецярбургскім Дваранскім палку, у артбрыгадзе, якая ўдзельнічала ў Каўказскай вайне. Вучыўся ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба.

Быў членам і кіраўніком гуртка апазіцыйна настроеных афіцэраў, вёў у Варшаве падпольную працу ў складзе Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэта. Распрацаваў план паўстання.

Быў арыштаваны і зняволены ў Варшаўскую цытадэль, адкуль кіраваў паўстаннем. Асуджаны да 15 гадоў катаржных работ, але ў 1864 здолеў уцячы з маскоўскай перасыльнай турмы.

З 1865 года жыў у Парыжы, удзельнік Аб’яднання польскай эміграцыі.

Актыўны ўдзельнік Парыжскай камуны: камандзір легіёна, камендант Парыжскага ўмацаванага раёна і камандуючы войскамі заходняга сектара абароны Парыжу, генерал.

Атрымаў цяжкае кулявое раненне ў баі і памёр у парыжскім шпіталі Ларыбуазьер.

1910 год. Янка Купала закончыў сваю паэму-баладу «Курган».

У паэме паказаны вобраз гусляра, які не прадаўся князю за грошы, не стаў ягоным песняром. Гусляр не здрадзіў сабе і свайму народу. Ён застаўся сапраўдным мастаком, вольным і незалежным духоўна. Гусляр загінуў, але перамог князя ў гэтым паядынку. Курган – гэта не магіла старца-гусляра, а помнік чыстаму сумленню, годнасці і таленту.

1938 год. Нарадзіўся Аляксей Мацвееў.

Доктар геолага–мінералагічных навук, прафесар, акадэмік НАНБ. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Працаваў у Белдзіправадгас Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР, Інстытуце геалагічных навук (дырэктар), у БДУ

Даследчык ледавіковых адкладаў, геалогіі антрапагена, рэльефу, карысных выкапняў, неатэктонікі Беларусі, стваральнік серыю геамарфалагічных карт,

Аўтар каля 400 надрукаваных работ, у тым ліку 23 манаграфій і кніг.

1945 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР г.п. Прапойск перайменаваны ў г. Слаўгарад.

Вядомы з 1136 года. Назва Прапойск паходзіць ад упадзення р. Проня ў р. Сож.

Паводле папулярнай легенды, перайменаваны ў сувязі з прысваеннем дывізіі, якая вызваляла горад, звання гвардзейскай – найменне «Гвардзейская Прапойская дывізія» аказалася немілагучным. Але ніякіх вайсковых падраздзяленняў і злучэнняў з назвамі «Прапойскі» ці «Слаўгарадскі» ніколі не існавала, а легенда з’явілася, верагодна, на падставе мемуараў генерала А. Гарбатава. 

Па іншай легендзе, новае імя Прапойску – Слаўгарад – асабіста даў Сталін, упісаўшы яго ў спіс гарадоў, у гонар якіх давалі салют Перамогі ў Маскве. Сталін нібыта вырашыў, што «Прапойск» – не надта мілагучная для такога гістарычнага моманту назва.

Зараз у горадзе 7,8 тысяч жыхароў, працуюць філіялы ААТ “Дамачай”, “Бабушкіна крынка”, “Чырвоны харчавік”.

1946 год. Кастусь Езавітаў загінуў у мінскай турме НКУС (1893-1946).

Беларускі палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог. Актыўны ўдзельнік беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, дзеяч БНР, арганізатар беларускай дзейнасці ў міжваеннай Латвіі.

Удзельнік З’езда, Камітэта воінаў-беларусаў Паўночнага фронту, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Усебеларускага з’езда.

Браў удзел у абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, народны сакратара ваенных спраў ва ўрадзе БНР,  палкоўнік.

У 1921-1941 гадах жыў Латвіі, дзе займаўся грамадска-палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю сярод беларусаў, арганізацыяй школьнай справы. За беларускую нацыянальную дзеянасць арыштоўваўся латвійскімі ўладамі ў 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах.

Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў у Рызе Беларускім цэнтральным камітэтам, які займаўся арганізацыяй беларускіх школ у Латвіі, удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў генеральным інспектарам Беларускага вызваленчага войска,  міністрам ваенных спраў Беларускай Цэнтральнай Рады.

У красавіку 1944 года затрыманы СМЕРШам. Загінуў 23 мая 1946 года ў мінскай турме.

Аўтар многіх кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве, вершаў, школьных дапаможнікаў. Падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы М. Багдановіча. Укладальнік біяграфічнага слоўніка дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, апекаваўся стварэннем архіва беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

1954 год. Нарадзіўся Алесь Грудзіна.

Грамадскі дзеяч са Шклова, краязнавец, педагог.

1959 год. Нарадзіўся Аляксандр Смалянчук.

Беларускі гісторык беларускі, доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, стажыраваўся ў Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах.

Працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе, навуковым супрацоўнікам Рэспубліканскага музея гісторыі рэлігіі і Гродзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў ЕГУ.

Асноўныя тэмы даследаванняў: гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў XIX – пачатку XX стагоддзяў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі XIX – XX стагоддзяў і яе адлюстраванне ў памяці жыхароў Беларусі (вусная гісторыя), краязнаўства.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1986 год. Ткачыха магілёўскай стужкаткацкай фабрыкі Ніна Дзянісенка стала першым у горадзе поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.

Яна стала 277-м поўным кавалерам у СССР.

На фабрыцы “Стужка“ прапрацавала з 1961 года да выхада на пенсію ў 1996. Ахвотна і з цікавасцю авалодвала прафесіяй ткачыхі, актыўна пераймала вопыт старэйшых, стала перадавіком вытворчасці. Асабістыя заданні некалькіх пяцігодак выконвала датэрмінова, дабіваючыся завяршэння за 5 гадоў сямі гадавых планаў.

Узнагароджвалася ордэнамі Працоўнай Славы 3-й і 2-й ступеняў у 1975 і 1981 гадах.

Дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР (1980-1985).

Н. Дзянісенка другая справа.

1987 год. Памёр ураджэнец в. Гарадзец Быхаўскага раёна Канстанцін Лукашоў (1907–1987).

Заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства (1954) і яго прэзідэнт (1957–1960), акадэмік, віцэ–прэзідэнт АН БССР, рэктар БДУ (1956–1969), дырэктар Інстытута геалагічных навук.

У 24 гады стаў загадчыкам кафедры, у 25 – дэканам, потым – рэктарам Ленінградзскага ўніверсітэта. Падчас вайны прадстаўляў СССР у ЗША, дзе адказваў за набыццё па “ленд–лізу” бронетэхнікі, самалётаў, узбраення.

Апублікаваў больш за 500 навуковых прац, у тым ліку 55 манаграфій і кніг.

1990 год. На вайсковай базе «Лясная» ў Баранавіцкім раёне ліквідавалі апошнюю балістычную ракету тыпу Р-12 (СС-4) з Пружан.

Гэта адбылося ў межах дамоўленнасцяў 1987 года паміж СССР і ЗША. 

У Беларусі былі знішчаны ўсе ракеты дальнасцю 500-5500 км. Пасля развалу СССР Беларусь была 8-ай краінай у свеце па запасах ядзернага ўзбраення: 1120 ядзерных боезапасаў на ўзбраенні 180 часцей агульнай колькасцю 40 тыс. чалавек.

1992 год. Закладзены і асвечаны арцыбіскупам Максімам першы камень новай будучай магілёўскай ратушы.

У 1578 годзе, праз год пасля атрымання горадам граматы на магдэбургскае права, у Магілёве пачалося ўзвядзенне гарадской ратушы. Першапачаткова яна была драўлянай, таму неаднаразова згарала дашчэнту, і яе месцазнаходжанне мянялася.

4 верасня 1679 года гараджане прыступілі да будаўніцтва каменнай ратушы, асноўны корпус якой быў узведзены да 1681 года, а поўнасцю будаўніцтва завяршылі ў 1698 годзе. Вышыня 8-граннай 5-яруснай вежы са шпілем была роўная 47 метрам – самы высокі будынак у горадзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны ратуша была моцна пашкоджана. 28 снежня 1952 года на нарадзе архітэктараў БССР па ахове помнікаў архітэктуры, было прынята рашэнне аб яе аднаўленні, аднак рэстаўрацыя ратушы так і не была распачатая, а ў ліпені 1957 года яна была ўзарвана.

Аднаўленне ратушы пачалі толькі ў 2007 годзе. У 2008 годзе ў дзень горада адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.

1996 год. Пад Баранавічамі разбіўся Су-27 ВПС Беларусі.

Загінуў падпалкоўнік і начальнік баранавіцкай базы Уладзімір Карват (1958-1996), які пасмяротна стаў першым Героем Беларусі.

Загінуў пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта.

2021 год. Авіяцыйны інцыдэнт з рэйсам Ryanair 4978 у Беларусі.

Выконваўся міжнародны рэгулярны пасажырскі рэйс авіякампаніі Ryanair з Афін у Вільнюс. Калі самалёт знаходзіўся над Беларуссю, ён быў перанакіраваны ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у суправаджэнні ваеннага знішчальніка. Тут быў затрыманы беларускі апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф’я Сапега, пасля борт вылецеў з Мінска і прызямліўся ў Вільнюсе.

27 мая 2021 года Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі абвясціла аб пачатку расследавання ў сувязі з сітуацыяй з рэйсам Ryanair FR4978. 20 ліпеня 2022 года апублікавана канчатковая справаздача аб інцыдэнце з лайнерам. Паводле яе высноваў, віна за захоп самалёта ляжыць на беларускіх уладах.

 

Дзень у гісторыі. 1 сакавіка, або 16 лютага 7531. Прароцтвы Настрадамуса. Трыбунал ВКЛ. Нарадзіўся акцёр Ф. Шмакаў. Забойства мастака І. Пэна

Сусветны дзень камплімента (World Compliment Day).

Няма дакладных звестак аб тым, кім і калі заснавана гэта свята, але галоўнае вядома, што гэта было спантаннае жаданне простых людзей зрабіць адзін з дзён у годзе больш яркім, цёплым, запамінальным і збліжальным.

Французскае “compliment” – асаблівая форма пахвалы, выказванне адабрэння, прызнання, ветлівыя, прыемныя словы. Пры дапамозе кампліменту можна лёгка паказаць канкрэтнаму чалавеку сваю павагу, выказаць захапленне, прадэманстраваць сімпатыю.

Камплімент – просты, але магутны сродак, які дапамагае ўсталёўваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Камлімент, які своечасова прагучаў, можа разрадзіць абстаноўку, пераламаць напружаную сітуацыю і нават паўплываць на асабістае жыццё і кар’еру. Нядзіўна, што мастацтва рабіць кампліменты даўно ўжо стала неад’емнай часткай бізнэс-культуры.

Найважнейшая ўмова эфектнага кампліменту – гэта шчырасць.

Цікавы эксперымент праводзілі японскія генетыкі. Двум галінкам сакуры цэлы тыдзень казалі: адной, што яна – “гадасць, пачвара”, а другой: “прыгажуня, разумніца!” Да канца эксперыменту першая зачахла, а другая зацвіла пышным колерам.

Гэтае свята лішні раз нагадвае нам аб вялікай сіле слова, якое сказана шчыра і ад чыстага сэрца! 

Цікавыя факты. 

41% жанчын лічаць, што камплімент гэта найлепшы падарунак, што здольны надоўга ўзняць настрой.

Для мозгу атрыманне кампліменту – такая ж грамадская ўзнагарода, як узнагароджанне грашыма.

Сусветны дзень грамадзянскай абароны ( World Civil Defense Day, з 1990 года).

Заснаваны па рашэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны (МАГА) ў мэтах прыцягнення грамадскай увагі да важных задач, якія выконваюцца нацыянальнымі службамі грамадзянскай абароны і абароны – выратавання жыцця і навакольнага асяроддзя.

Датай свята выбраны дзень уступлення ў сілу ў 1972 годзе статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.

Сярод напрамкаў дзейнасці МАГА: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва; прапаганда досведу і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый.

Дзень «Нуль дыскрымінацыі» (Zero Discrimination Day, з 2014 года)

У гэты дзень святкуецца індывідуальнасць і непаўторнасць кожнага. Дзень «Нуль дыскрымінацыі» – гэта магчымасць аб’яднацца супраць дыскрымінацыі і адзначыць права кожнага жыць з годнасцю паўнавартасным і прадуктыўным жыццём. Пол, нацыянальнасць, узрост, асаблівыя патрэбы, паходжанне, рэлігія, мова, колер скуры або любая іншая прыкмета не павінна быць прычынай для дыскрымінацыі.

Сімвалам нулявой дыскрымінацыі з’яўляецца малюнак матыля як знака пераўтварэнняў.

5509 год да нашай эры. Пачатак старажытнай эры ад “стварэння свету” па ўльтрасакавіцкім стылі. 

Ультрасакавіцкі стыль – гэта гістарычны каляндарны стыль, які ўжываўся ў даўніну разам з вераснёўскім і сучасным студзеньскім. Пачатак года тут прыпадаў на 1 сакавіка. Выкарыстоўваўся ў старажытных беларускіх княствах, Маскоўскай дзяржаве і Венецыянскай рэспубліцы, у Паўночнай Італіі і Англіі. 

Стыль ужываўся з летазлічэннем «ад стварэння свету» (Канстанцінопальская эра), а таксама і «ад Раства Хрыстовага». У ўсходнеславянскіх народаў існаваў да 1492, у гарадах Паўночнай Італіі і Англіі да 1752 года.

Пачатак года 1 сакавіка паходзіць са старажытнарымскага рэспубліканскага календара Нумы Пампілія. Паколькі год пачынаўся з сакавіка, нумары месяцаў з верасня (“сёмы”) па снежань (“дзесяты”) адпавядалі іх назвам. Толькі пасля рэформы Юлія Цэзара яны зрушыліся на дзве пазіцыі, бо год пачаў пачынацца са студзеньскіх календ (1 студзеня).

З 1492 (7000–7001) года пераважным стаў вераснёўскі год.

Сёння 1 сакавіка 2023 года адпавядае “ультрасакавіцкаму” 16 лютага 7531 года.

Стварэнне свету. Мініяцюра сярэднявечнага рукапісу, XIII стагоддзе

1555 год. У Ліёне апублікавана кніга прароцтваў Настрадамуса.

Мішэль дэ Нотрдам апублікаваў свае першыя прадказанні ў кнізе пад назвай “Прароцтвы Мішэля Настрадамуса” у форме рыфмаваных чатырохрадкоўяў (катрэны), якія былі згрупаваны ў цэнтурыі (сотні ці стагоддзі). Акрамя гэтага ўсе свае прадказанні Настрадамус старанна зашыфраваў і запісаў на міксе чатырох моў – лацінскай, старафранцузскай, італьянскай і грэцкай.

У кнізе практычна не ўказвалася ніякіх дат, часовая паслядоўнасць не выконвалася, ды і самі катрэны былі пераблытаныя. І, тым не менш, даследнікамі творчасці Настрадамуса прыкмячаецца даволі шмат цікавых і дакладных гістарычных супадзенняў.

Настрадамус звяртаўся пры складанні прадказанняў да планетарных схем, якія, паводле некаторых меркаванняў, лічаць, што нябесныя целы аказваюць уплывы на справы людзей. З пункта гледжання сучаснай навукі дадзенае сцвярджэнне малаверагодна.

Вялікая частка крытыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што працы Настрадамуса ўяўляюць сабой толькі асабістыя здагадкі і інтуітыўныя прагнозы.

Некаторыя з прадказанняў Настрадамуса.

2016. Еўропа амаль бязлюдная.

2018. Новай сусветнай дзяржавай становіцца Кітай. Краіны, якія развіваюцца, ператвараюцца з эксплуатуемых у эксплуататараў.

2028. Стварэнне новай крыніцы энергіі. Голад паступова пераадольваецца. Стартуе пілатуемы касмічны карабель да Венеры.

2046. Вырошчваюцца любыя органы. Замена органаў становіцца адным з найлепшых метадаў лячэння.

2066. Падчас нападу на мусульманскі Рым ЗША ўжываюць новы від зброі – кліматычны. Рэзкае пахаладанне.

2480. Сутыкнуцца два штучныя Сонцы. Зямля ў прыцемках.

1581 год. У Вільні створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Вышэйшы апеляцыйны суд, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма, пачаў працу ў 1582 годзе. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на адзін год (з 1588 яшчэ выбіраліся тры дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).

Трыбунал разглядаў апеляцыі на рашэні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэні павятовай адміністрацыі. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асоб; пры разглядзе такіх спраў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.

Сесіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Сесіі трыбуналу праходзілі ў Вільні, Менску, Наваградку, Троках, Гродна.

1881 год. Ігнат Грынявіцкі бомбай смяротна параніў рускага цара Аляксандра II. І сам атрымаў смяротнае раненне.

Рэвалюцыянер-царазабойца нарадзіўся ў 1856 годзе ў фальварку Басін (цяпер у складзе в. Калінаўка Клічаўскага раёна) у сям’і каталіцкага шляхціца. 

Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута ўдзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, быў членам партыі «Народная воля», сузаснавальнікам яе беларускай фракцыі.

У. Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)». У 1975-1998 гадах яго імя насіў мост у Санкт-Пецярбургу (цяпер Нова-Канюшанны мост).

1917 год. Нарадзіўся Фёдар Шмакаў.

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве, з 1941 года, больш за 60 год, працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. 

На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», «Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

Памёр 2 мая 2009 года.

1933 год. Памёр у ссылцы Уладзімір Жылка (1900-1933).

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

У 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках.

1936 год. Нарадзілася Лідзія Савік.

Беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Працавала ў школах, у акадэмічных Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа, Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага, С. Баранавых, Б. Мікуліча і іншых, нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў, у тым ліку В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, У. Караткевіча, Л. Геніюш.

Аўтар, суаўтар манаграфій, кніг, у тым ліку «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта».

1937 год. У Віцебску забіты Іегуда Пэн. (1854-1937). 

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя. Уладальнік першай у Расіі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку В. Цадкін, Л. Лейтман, М. Шагал, С. Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка забіты ў сваёй віцебскай хаце. Існуе версія, што да забойства  датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску адчынена  мемарыяльная дошка.

2014 год. Памёр Леанід Левін (1936-2014).

Беларускі архітэктар, скульптар. Заслужаны архітэктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у Інстытуце «Мінскпраект», кіраваў Майстэрняй па забудове цэнтра Мінска, «Творчай майстэрняй архітэктара Л. Левіна».

Член Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын, Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», гістарычнага таварыства «Трасцянец», Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.

Аўтар, суаўтар мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, ахвярам халакоста «Яма», у п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён),, «Прарыў» каля г.п. Ушачы і іншых, шматлікіх помнікаў, у тым ліку Я. Купале, Я. Коласу ў Мінску, К. Заслонаву, «Кацюша» ў Оршы, М. Гастэлу ў Радашковічах.

Аўтар праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска, рэгенерацыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада, Нямігі, Ракаўскага прадмесця

Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам».

Аўтар кнігі «Хатынь».

2015 год. Памерла ураджэнка Магілёва Вікторыя Мазур (1946-2015).

Беларуская артыстка аперэты, лірыка-драматычнае сапрана, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Народная артыстка.

Скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча, Беларускую кансерваторыю.

Больш за 30 гадоў служыла ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з самага пачатку яго заснавання, першая яго прыма. Згуляла больш за 40 роляў у аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, выступала на шматлікіх канцэртах перад гледачамі Беларусі і замежных краін.

2021 год. Памёр Барыс Нешатаеў (1947-2021). 

Расійскі, украінскі і беларускі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў г. Кудымкар Пермскага края. 

У 1958–1963 гадах з бацькамі жыў у Магілёве. Пасля сканчэння Пермскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, у Пермскім, Сумскім, Смаленскім універсітэтах. У 1995-1996 – прафесар кафедры біялогіі і хіміі, стваральнік і загадчык (1996-2002) кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, браў удзел у мерапрыемствах Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, даследчык Магілёўскай вобласці, рэчышных працэсаў. 

Пахаваны ў г. Сумы (Украіна).

Дзень у гісторыі. 13 лютага. Вынаходніцтва радыё беларусам. Мангола-татары на Беларусі. Нарадзіліся першая жанчына-драматург Францішка Уршуля Радзівіл, літаратары Ю. Корсак, А. Хадановіч

Сусветны дзень радыё (World Radio Day, з 2013 года). 

Абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА у гонар стварэння ў 1946 годзе Радыё ААН. Ініцыятыва заснавання Дня належыць прэзідэнту Іспанскай акадэміі радыё Хорхе Альварэсу.

Для развіцця сучаснага радыё ўнеслі свой ўклад з 1820 года дзясяткі вучоных, такіх як Г. Эрстэд, Ф. Генры, М. Фарадэй, Дж. Максвел, М. Луміс, Д. Хьюз, Т. Эдзісан, Г. Герц, М. Тэсла, Т. Марконі, Э. Рэзерфорд і іншыя.

У 1890 годзе беларускі вучоны Я. Наркевіч-Ёдка вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму злектрамагнітных хваляў на адлегласці – першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае яго прыярытет – пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898). 

Рускі вучоны А. Папоў сваё вынаходніцтва прадставіў толькі 7 мая 1895 года. А першым падаў на атрыманне патэнту на вынаходніцтва радыё 2 чэрвеня 1896 года італьянец Т. Марконі.

1241 года. Параза польскіх войск пад Турскам ад мангола-татараў.

У студзені 1241 года мангольскія войскі ўступілі на тэрыторыю Польшчы і сённяшняй Беларусі. Адзін атрад пад кіраўніцтвам Байдара праз Люблін дайшоў да Завіхоста, а другі – праз Брэст да Драгічына.

Частка мангольскіх войскаў дайшла да Навагрудка, а на зваротным шляху ў лютым узялі Сандамір. Вялікія страты несла насельніцтва. Польскія войскі рушылі да Сандаміра, манголы пачалі адступаць пад Турск-Вельке.

Паводле Яна Длугаша, у выніку першай атакі палякам удалося прымусіць манголаў адступіць, а таксама вызваліць палонных. Аднак неўзабаве аказалася, што гэта была толькі стратэгічная хітрасць манголаў, накіраваная на парушэнне баявога парадку суперніка. Мангольская конніца перайшла ў атаку, пераадолела цяжка браніраваных малапольскіх рыцараў і нанесла польскім войскам паражэнне.

1705 год. Нарадзілася Францішка Уршуля Радзівіл. 

Беларуская і польская пісьменніца, першая вядомая жанчына-драматург Вялікага Княства Літоўскага, мастак. Жонка Міхала Радзівіла Рыбанькі.

Аўтар каля 80 паэтычных твораў, п’ес, камедый, трагедый і опер, у аснове якіх ляжаць вядомыя літаратурныя або фальклорныя сюжэты.

Яе драматычныя творы былі падрыхтаваны да друку Якубам Побугам Фрычынскім і надрукаваны ў Жоўкве ў 1754 годзе – “Камедыі і трагедыі…”

Пастаноўкі п’ес адбываліся на сцэнах розных радзівілаўскіх сядзібаў. Аднак пасля смерці мужа п’есы ставіліся ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя. Чарговы ўздым нясвіжскага тэатра пачаўся ў 1777 годзе, калі з эміграцыі вярнуўся яе сын Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку».

Доўгі час імя Францішкі Уршулі было невядомае шырокаму чытачу. Толькі ў 2003 годзе у свет выйшла кніга выбраных твораў у беларускім перакладзе. Пераклад шэрагу твораў пісьменніцы  на беларускую мову здзейснілі Н. Русецкая, Н. Гардзіенка, А.Хадановіч, Ж. Некрашэвіч-Кароткая, Л. Баршчэўскі і іншыя.

Памерла 23 мая 1753 года ў Навагрудку.

1806 год. Нарадзіўся Юльян Корсак. 

Беларускі паэт і перакладчык. Блізкі сябар А. Міцкевіча і А. Адынца.

Аўтар двух зборнікаў вершаў, якія змяшчаюць і творы беларускай тэматыкі: «Да Нёмана», «Да І. Дамейкі» i іншыя.

Развіваў рамантычны стыль лірычнай паэзіі, у якой выкарыстоўваў класічныя i беларускія фальклорныя матывы.

Перакладчык на польскую Дантэ, Ф. Шылера, Дж.  Байрана, У. Шэкспіра. Некаторыя вершы пакладзены на музыку С. Манюшкам.

Памёр 30 жніўня 1885 года.

1824 год. У Маскве выйшаў зборнік «Беларускі архіў старажытных грамат». 

Першы зборнік гістарычных дакументаў беларускіх земляў. 

Уключаў 57 актаў пра палітычныя сувязі князёў і феадалаў дзеля падтрымкі і ўмацавання праваслаўнай царквы ў Беларусі. Змяшчаў дакументы пра развіццё беларускіх местаў і гандлю, дзейнасць царкоўных брацтваў. З архіўных сховішчаў Магілёва паходзіла 55 актаў, па аднаму з Аршанскага мужчынскага і Мсціслаўскага Пустынскага манастыроў. 

Папярэдне сабраў рукапісы ў Магілёве і Мсціславе ўраджэнец Прапойска І. Грыгаровіч (1792–1852), пасля чаго падрыхтаваў зборнік у Гомелі. 

Выданне ажыццявілі на сродкі графа М. Румянцава.  Зборнік адкрыў перад тагачаснымі даследчыкамі шматвяковую гісторыю Беларусі.

Іван Грыгаровіч

1863 год. Падчас Нацыянальна-вызвольнага паўстання на пэўны час вызвалены Пружаны з-пад расійскага панавання. 

Вызвалілі мястэчка аддзелы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага – каля 100 чалавек пад кіраўніцтвам С. Сангіна і Р. Рагінскага. Жыхары места спачувальна паставіліся да паўстанцаў, і мясцовыя ўлады не далі рады даць адпор «каліноўцам».

Н. Орда. Пружанскі палацык

1873 год. Нарадзіўся Фёдар Шаляпін. 

Сусветна вядомы рускі оперны спявак. Першы савецкі народны артыст  (1918–1927). Ён злучыў у сваёй творчасці «прыроджаную музычнасць, яркія вакальныя дадзеныя, незвычайнае акцёрскае майстэрства». Займаўся таксама жывапісам, графікай і скульптурай. 

Аказаў вялікі ўплыў на сусветнае опернае мастацтва. У кінафільме “Цар Іван Васільевіч Грозны» (1915) выканаў галоўную ролю.

Меў узнагароды Расіі, Бухарскага эмірату, Прусіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Францыі.

Выступаў у міланскім тэатры «Ла Скала», у шматлікіх тэатрах і операх Еўропы, ЗША. Падчас знаходжання царскай Стаўкі ў Магілёве (1915–1917), неадноўчы выступаў на сцэне мясцовага тэатра.

Свае грошы накіроўваў на падрымку рабочых, на адкрыццё ваенных лазарэтаў, на падтрымку эмігрантаў.

У 1922 годзе выехаў на гастролі за мяжу. У 1927 годзе Пастановай СНК РСФСР яго пазбавілі звання Народнаго артыста і права вяртання ў СССР.

Памёр 12 красавіка 1938 года ў Парыжы.

1895 год. Браты Луі і Агюст Люм’ер запатэнтавалі камбінаваную кінакамеру для здымак.

Луі Люм’ер сцвярджаў, што вынайшаў кінематограф за адну бяссонную ноч, калі яго мучыў галаўны боль. У праектары новай прылады быў усталяваны кулачковы механізм падачы перфараванай плёнкі.

Ужо 28 снежня 1895 года браты прадставілі парыжскай публіцы сваё новае вынаходства на першым публічным платным кінасеансе ў мурах “Гран кафэ” на Бульвары Капуцынаў. Менавіта з камерцыйнага паказу авангарднага фільма “Прыбыццё цягніка на вакзал Ла Сьёта” пачалася гісторыя сусветнага кіно.

1902 год. Нарадзіўся Сымон Хурсік. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педтэхнікум, БДУ. Настаўнічаў на Дрысеншчыне, Полацку, працаваў у  газеце «Чырвоная Полаччына».

Аўтар апавяданняў, аповесцей, вершаў, зборнікаў апавяданняў.

Двойчы быў рэспрэсаваны (1930, 1947), сасланы ў Паволжжа, Казахстан. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, двойчы кантужаны.

Пасля вяртання са зняволення да пісьменніцкай працы не вярнуўся.

Памёр 31 сакавіка 1972 года.

1973 год. Нарадзіўся Андрэй Хадановіч. 

Беларускі літаратар, паэт, перакладчык.

Аўтар вершаў, лімерыкаў, 13 кніг. Друкуецца ў часопісах «Arche», «Дзеяслоў», газеце «Наша Ніва». Ягоныя вершы перакладаліся на рускую, польскую, англійскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы.

Па меркаванні крытыкаў, яго паэзія – прыкметная з’ява сучаснай беларускай літаратуры, у яго творчасці, якая адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю мовы, стылістычнымі эксперыментамі, дасягненні ўсходнееўрапейскай «кніжнай» паэзіі спалучаюцца з элементамі «нізавой» культуры (рок, рэп, гарадское прастамоўе).

Перакладае на беларускую мову з англійскай, польскай, рускай, украінскай, французскай, у тым ліку Ч. Мілаша, З. Гербэрта, С. Жадана, Ш. Бадлера, А. Рэмбо, С. Алексіевіч, С. Ханіна.

Лаўрэат шматлікіх беларускіх, польскіх прэмій, у тым ліку «Залаты апостраф», «Залатая літара» (двойчы), імя К. Шэрмана, Н. Арсенневай, Е. Гедройца.

1974 год. Памерла Паўліна Мядзёлка (1893–1974). 

Дзеяч беларускай культуры, артыстка, педагог, мемуарыстка. Заслужаны дзеяч культуры.

У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы. Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, БССР. Працавала ў школах, Інбелкульце, Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.

Арыштоўвалася польскімі ўладамі і ДПУ БССР (1930), саслана ў Казань.

Аўтар мемуараў «Сцежкамі жыцця».

Дзень свайго сыходу яна вызначыла сама, не вытрымала апошняга выпрабавання – выпрабавання адзінотай. Пахавана ў Будславе.

2009 год. Памёр Валянцін Тарас.

Беларускі  паэт, перакладчык, публіцыст.

Працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Неман». У 1968 годзе звольнены з працы «за антысавецкія размовы» і на працягу 8 гадоў яго не друкавалі, не дазвалялі здымаць фільм паводле яго сцэнарыя, не выпускалі за мяжу.

З пачаткам перабудовы быў у Назіральнай радзе Беларускага Фонду Сораса, членам Назіральнай рады Беларускага Хельсінкскага Камітэта, член Беларускага ПЭН-клуба. Адзін з стваральнікаў Хартыі-97.

Аўтар вершаў, шматлікіх зборнікаў паэзіі і кніг аповесцей і апавяданняў, мемуараў, літаратурна-драматычнай кампазіцыі і тэкстаў большасці песень для канцэртнай праграмы «Праз усю вайну» ансамбля «Песняры». Па яго творах здымаліся фільмы на Кіеўскай кінастудыі імя А. Даўжэнкі і на «Беларусьфільме».

Перакладаў п’есы для купалаўскага тэатра, на рускую мову пераклаў шматлікія творы, кнігі, у тым ліку Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, Р. Барадуліна, М. Стральцова, К. Чорнага, Я. Брыля, В. Быкава і іншых.

Дзень у гісторыі. 27 снежня. Асвяшчэнне Сафійскага сабора ў Канстанцінопалі. Нарадзіўся паўстанец, дзед і прадзед грэчаскіх прэм’ер-міністраў Зыгмунт Мінейка. Дзень памяці Мялеція Сматрыцкага

Дзень памяці пакутнікаў Фірса, Леўкія і Калініка (праваслаўны каляндар). 

У народзе верылі, што 27 снежня розная нечысць гуляе па зямлі. Лічылася, што яна не чапае добрых гаспадароў, таму ў хаце чысценька прыбіралі і мыліся самі.

Калі ў гэты дзень пераменлівае надвор’е, будзе адліга. Цёплы дзень прадвяшчае гарачае лета. Калі крумкачы збіраюцца ў чароды і громка крычаць, варта чакаць маразоў. 

537 год. У Канстанцінопалі асвечаны Сабор Святой Сафіі.

Галоўны храмі Візантыйскай імперыі і ўсёй Усходняй хрысціянскай царквы, самы высокі ў хрысціянскім свеце на працягу 1000 гадоў. Імператар Візантыі Юстыніян I Вялікі, па загадзе якога архітэктары з Малой Азіі Анфімій Тралскі і Ісідар Мілецкі ўзвялі гэты сабор, сам заклаў першы камень у яго падмурак і строга кантраляваў будаўніцтва. Пры асвячэнні храма Юстыніян, абышоўшы яго вакол, усклікнуў: “Слава Богу, які прызнаў мяне годным здзяйснення такога цуду. Я перамог цябе, о, Саламон!”.

Вышыня Сафійскага сабора – 55,6 метраў, дыяметр купала – 31 метр. У 1453 годзе султан Мехмед II, які заваяваў Канстанцінопаль, загадаў ператварыць сабор у мячэць, стварыўшы пры гэтым асабіста першую малітву на славу Алаха. Да сабора прыбудавалі чатыры мінарэты, і сабор ператварыўся ў Вялікую мячэць Айя-Сафія, аднак большасць фрэсак і мазаік засталіся цэлымі. У 1935 годзе паводле дэкрэта Атацюрка Ая Сафія стала музеем. Помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (2020). З 2020 года зноўў мячэць. Усе мячэці ў свеце пабудаваны на ўзор Айя-Сафіі. 

1633 год. Памёр Мялецій (Максім) Сматрыцкі.

Беларускі пісьменнік і рэлігійны дзеяч, праваслаўны архіепіскап Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі (1620-1628). Вучыўся у Астрожскай, Віленскай, Лейпцыгскай, Вітэнбергскай акадэміях.

Адзін з набольш вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, рэформы ўніяцкай царквы.

Спачатку быў зацятым абаронцай праваслаўя, членам Віленскага праваслаўнага брацтва, рэктарам кіеўскай брацкай школы, але пасля паломніцтва ў Іерусалім і Канстанцінопаль, прыняў Унію. Папа Урбан VIII у 1631 годзе прызначыў яго архібіскупам. Мялецій лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях.

Аўтар палемічных твораў на рэлігійную тэматыку, найбольш аўтарытэтнага падручніка па славянскім мовазнаўстве “Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619) – узор для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык, неаднаразова перавыдавалася да XIX стагоддзя.

«Граматыка» Сматрыцкага. Выданне 1721 года. Масква

1827 год. Памёр Ян Голанд. 

Беларускі кампазітар нямецкага паходжання, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Вядомы гамбургскі кампазітар, аўтар опер, сімфоній, кантат, музычных п’ес.

На пачатку 1780-х гадоў стаў дырыжорам нясвіжскай капэлы, ставіў у оперна-балетным тэатры Нясвіжа класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў.

17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Я. Голанда «Агатка, або Прыезд пана» – адной з першых опер, што створаны і пастаўлены ў Беларусі ў XVIII стагоддзі, больш за 40 гадоў ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.

У Нясвіжы ім напісаны опера «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» («Арфей у пекле»).

Пасля 20-гадовай працы ў Нясвіжы, 23 гады выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, напісаў падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі».

На сёння творы Голанда адноўлены на беларускай мове.

1906 год. Нарадзілася Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Уваходзіла ў кіраўніцтва Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

1923 год. Нарадзіўся Анатоль Вялюгін

Беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар больш 20 зборнікаў вершаў.

Па яго сцэнарыях пастаўлены два мастацкіх, 40 дакументальных фільмаў, у тым ліку «Бацька Нёман», «Генерал Пушча», «Белая вежа», «Я – крэпасць, вяду бой», «Магілёў – дні і ночы мужнасці».

Перакладчык на беларускую мову твораў М.Лермантава,  Ю. Тувіма, Э. Межэлайціса і іншых, паасобных вершаў У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага, М. Ціханава, Л. Украінкі і іншых. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем», «Крывёю сэрца».

Памёр 24 кастрычніка 1994 года. 

1931 год. Нарадзіўся Юрый Карачун. 

Беларускі мастак-графік, мастацтвазнаўца. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі (1977-1997).

Асноўныя працы: малюнкі «Сосны», «Крым. Місхор», «Гурзуф»; акварэлі «Першы снег», «Прага».

З’яўляўся аўтарам-складальнікам альбомаў «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў», аўтарам кнігі пра народнага мастака БССР Яўгена Зайцава.

Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Літаратурным музеі Якуба Коласа.

Памёр 11 чэрвеня 1997 года.

1925 год. Памёр Зыгмунт Мінейка. 

Кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Ашмянскім павеце. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Лектар генуэзскай ваеннай школы. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павета, камандзір атрада. Быў палонены і прыгавораны рускімі карнікамі да расстрэлу. Адбываў катаргу ў Сібіры, з якой збег.

Скончыў акадэмію генштаба ў Парыжы, жыў у Асманскай імперыі і 20 гадоў будаваў чыгункі, масты, каналы ў Балгарыі, Фракіі  Фесаліі і Эпіры. Удзельнік вайны Грэцыі з Турцыяй за Крыт (1891). Папулярызатар Алімпійскіх гульняў у Афінах. Аўтар успамінаў.

Яго зяць – Георгіяс Папандрэу-старэйшы (1888-1968) быў прэм’ер-міністрам Грэцыі, унук – Андрэас Папандрэу (1919-1996), быў прэм’ерам Грэцыі (1981-1989, 1993-1996), праўнук – Георгіяс Папандрэу-малодшы, быў прэм’ер-міністрам Грэцыі ў 2009-2011 гадах.

У гонар Мінейкі названыя сярэдняя школа пры пасольстве Польшчы ў Афінах, вуліца ў Ашмянах.

1932 год. Увядзенне пашпартнай сістэмы

Падпісана пастанова ЦВК і Саўнаркама “Аб устанаўленні адзінай пашпартнай сістэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапіскі пашпартоў”. Усе грамадзяне СССР ад 16 гадоў, якія пастаянна пражывалі ў гарадах, рабочых пасёлках, якія працавалі на транспарце, у саўгасах, абавязаны былі мець пашпарты. Сельскае насельніцтва краіны пашпартамі не забяспечвалася, за выключэннем тых, хто пражываў у 10 кіламетровай памежнай зоне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пашпарты ўнутры краіны былі адменены, пашпартная сістэма ліквідавана. Усім грамадзянам было дадзена права свабоднага перамяшчэння па ўсёй тэрыторыі краіны. Дэкрэт ад 20 ліпеня 1923 года “Аб пасведчанні асобы” забараняў патрабаваць ад грамадзян абавязковае прад’яўленне пашпартоў і іншых відаў на жыхарства, якія абмяжоўваюць іх права перамяшчацца.

У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў дзяржава канчаткова вярнула сабе кантрольныя функцыі, у тым ліку і кантроль за перамяшчэннем насельніцтва. Пашпарты не выдаваліся вайскоўцам, інвалідам і жыхарам сельскай мясцовасці.

1938 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР уведзена званне Героя Сацыялістычнай Працы. 

Першым Героем Сацыялістычнай Працы стаў Іосіф Сталін. Усяго званне прысвоена 20 613 дзеячам, у тым ліку 201 – двойчы і 15 – тройчы. БССР была на 7 месцы па ўзнагародам – 549. Сярод трохразовых Герояў Сацыялістычнай Працы – ураджэнец Мінска акадэмік Я.  Зяльдовіч, сярод двойчы Герояу – палітычны дзеяч А. Грамыка, авіканструктар П. Сухі, сярод 11 Героеў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы – П. Машэраў, К. Арлоўскі. Героямі Сацыялістычнай працы былі пісьменнікі  К. Крапіва, І. Шамякін, В. Быкаў,  П. Броўка, аграрнікі У. Бядуля, У. Ралько і іншыя.

 

1956 год. Нарадзіўся Аляксандр Рогалеў

Беларускі мовазнавец, краязнавец, даследчык гісторыі тапаніміі Гомельшчыны. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Аўтар звыш 2000 навуковых, навукова-папулярных і краязнаўчых публікацый, у тым ліку шэрагу кніг.

Вывучае паходжанне геаграфічных назваў Беларусі, гісторыю беларускай мовы і этнаса, праводзіць краязнаўчыя даследаванні Гомеля і Гомельшчыны, а разам з тым займаецца «эзатэрычнай лінгвістыкай».

1964 год. Памёр Мікалай Чуркін. 

Беларускі кампазітар і фалькларыст. Адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. Народны артыст.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1979 год. Памёр Іван Ралько. Беларускі літаратуразнавец, крытык, паэт.

Настаўнічаў, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Аўтар вершаў, зборніка паэзіі, крытычных даследаванняў. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі беларускага вершаскладання. Асобнымі выданнямі выйшлі працы «Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі» – першае ў беларускім літаратуразнаўстве гісторыка-тэарэтычнае даследаванне праблем беларускага верша, «Вершаскладанне: Даследаванне і матэрыялы», «Верш і мова: Праблема тэорыі і гісторыі беларускага верша».

Перакладчык з украінскай і польскай моў.

1998 год. Памёр Навум Кіслік. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Выкладаў у Дрысе, працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар вершаў, кніг паэзіі, перакладаў, выбранай паэзіі.

Пераклаў на рускую мову раман І. Мележа «Людзі на балоце», творы А. Карпюка, У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», зборнікаў паэзіі Я. Купалы, творы Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Р. Барадуліна і іншых.

У 1982 годзе выдаў кнігу перакладаў беларускай паэзіі «Спелый бор».

Дзень у гісторыі. 15 лістапада. Заснаваны першы магілёўскі музей. Упершыню ў эфіры прагучалі словы«Гаворыць Мінск!..». Дзень памяці Генрыка Сянкевіча. Нарадзілася Меліціна Станюта

1415 год.  У Наваградку адбыўся падзел Рускай Царквы на мітраполіі Маскоўскую і Кіеўскую. 

Падзел адбыўся на Саборы ўсіх праваслаўных епіскапаў ВКЛ і Польшчы пад ціскам вялікага князя літоўскага Вітаўта і нягледзячы на анафемы канстанцінопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція. 

На чале Маскоўскай мітраполіі застаўся грэк Фоцій, стаўленнік канстанцінопальскага патрыярха з 1409 года, а ў сан мітрапаліта кіеўскага – усіх паўднёва-заходніх зямель – Саборам у Наваградку быў прысвечаны балгарын Рыгор Цамблак.

Рашэнне аб аддзяленні аргументавалася нежаданнем падпарадкоўвацца “царам грэцкім” – пры захаванні вернасці канстанцінопальскаму патрыярху і нядбайнасцю Фоція справамі паўднёвага захаду. 

Зрэшты, падзел цэркваў не стаў канчатковым: у 1419 па смерці Рыгора, Вітаўт пагадзіўся, каб Фоцій зноў прыняў пад сваю апеку паўднёва-заходнія епархіі.

1867 год. У Магілёве пры губернскім статыстычным камітэце заснаваны першы музей.  

Зараз гэта абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава. 

На час адкрыцця ўстановы было каля 1 500 экспанатаў, сярод іх – кальчуга і ўпрыгожванні з раскопак Анелінскага кургана Быхаўскага павета, арыгінальныя граматы польскіх каралёў Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста, рукапіснае Евангелле XV стагоддзя; Лексікон Славянароскі з друкарні Куцеінскага манастыра 1654 года,  калекцыя манет X – XIX стст., троннае крэсла Кацярыны II з магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, якія ён кінуў падчас уцёкаў з Расіі.

У 1918 годзе музей аб’яднаны з царкоўна-археалагічным (працаваў з 18 снежня 1904 у былым Бернардынскім касцёле) у адзін – губернскі. У 1919 г. пераехаў у будынак былога сялянскага банка (вул. Міронава, зараз абласны мастацкі музей), у 1932 – у двухпавярховы будынак па вул. Ленінскай, №40. У 1934-1938 гадах меўся філіял – у будынку Іосіфаўскага сабора, дзе дзейнічала экспазіцыя гісторыі рэлігіі і атэізму. Існаваў, у канцы 1930-х гадоў і яшчэ адзін філіял – мемарыяльны музей С. Аржанікідзэ ў доме, дзе ў 1919 г. ён жыў і працаваў як член Рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту (кут вул. Віленскай і зав. Крутога).

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Магілёва гістарычны музей на вул. Ленінскай і яго філіял на Віленскай згарэлі разам з экспанатамі.  Пасля вайны, толькі ў 1949 годзе., калі ў Доме Саветаў выдзелілі невялікія памяшканні, музей аднавіў сваю дзейнічаць. 1 ліпеня 1961 года атрымлівае ўласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы (зараз – Славы), у якім ён размяшчаецца і ў наш час.

museums.by

1898 год. Нарадзіўся Піліп Кізевіч.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Сябра Гродзенскай гарадской, Галоўнай управы, скарбнік акруговага і павятовага праўленняў Таварыства беларускай школы, член кіраўніцтва Беларускага сялянска-работніцкага саюзу, уладальнік беларускай кнігарні ў Гродна.

Арыштоўваўся польскай паліцыяй у 1929 годзе.

Пасля Другой сусветнай вайны з’яўляўся членам праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, дырэктарам беластоцкіх вадаправодаў.

Памёр 17 студзеня 1985 года. Пахаваны на могілках каталіцкай парафіі Усіх Святых у Беластоку.

На фота: Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першыму радзе: М. Пяткевич, Ф. Стацкевіч, С.Паўловіч, М. Кепель; у другіму: Р. Шырма, П. Кізевіч, М. Мартынчык.

wikimedia.org

 1907 год. Памёр Юзаф Каліноўскі. 

Каталіцкі рэлігійны дзеяч, мемуарыст. Святы. Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў.

Скончыў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Служыў тапографам на будаўніцтве чыгункі Адэса-Курск, інжынер-капітанам у Брэсцкай крэпасці.

З чэрвеня 1863 года ўзначаліў ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы, быў памочнікам у свайго сваяка Кастуся Каліноўскага.

Арыштаваны ў 1864 годзе. Асуджаны на смерць. Прысуд быў заменены на 10-гадовую сібірскую катаргу.

Удзельнік навуковых даследаванняў Сібіры.

У 1877 годзе ўступіў у Ордэн кармелітаў босых. З 1899 года служыў  генеральным вікарыем кармелітаў босых у Галіцыі.

Аўтар успамінаў пра паўстанне 1863 – 1864 гадоў, рэлігійна-філасофскіх трактатаў.

Кананізаваны каталіцкай царквой 17 лістапада 1991 года.

wikimedia.org

 1916 год. Памёр Генрык Сянкевіч.  

Польскі пісьменнік. Першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1905) беларускага паходжання.

Паходзіў з вонкавай шляхты. Бацька са служылых  татараў, якія пасяліліся на тэрыторыі ВКЛ пры Вітаўце, маці – з беларускай шляхты.

Падарожнік па ЗША («Лісты з вандравання», 1876-1878), Еўропе, Азіі, Афрыцы. Палітычны прыхільнік партыі «Народная дэмакратыя», марыў пра аўтаномію Польскага каралеўства ў складзе Расійскай імперыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны з’ехаў у Швейцарыю, дзе ўзначаліў Камітэт дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы.

Аўтар многіх аповесцей, зборнікаў  гумарэсак, вядомых гістарычных раманаў «Агнём і мячом» (падзеі вайны 1648-1654), «Патоп» (1655-1656), «Пан Валадыёўскі» (барацьба з туркамі, 1672-1673), «Quo vadis?» (Нобелеўская прэмія),  «Крыжакі», «Віры» (рэвалюцыя 1905-1907 гадоў), псіхалагічных раманаў «Без догмату», «Сям’я Паланецкіх». 

Шматлікія творы пісьменіка экранізаваны ў розных краінах.

Пахаваны ў швейцарскім Вевэ. У 1924 годзе цела перанесена ў Варшаву і пахавана ў падмурках кафедральнага сабора Святога Яна.

wikimedia.org

 1918 год.  Нарадзіўся Францішак Бартуль.  

Беларускі грамадскі дзеяч. Член Рады БНР.

Падчас Другой сусветнай вайны ў 1940 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў Шчэціне, быў прызначаны перакладчыкам. Вучыўся ў Мінскай афіцэрскай школе БКА (1944).

З 1944 года – на эміграцыі ў Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША.

З’яўляўся старшынёй Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, сябрам Згуртавання беларускіх камбатантаў, сустваральнікам Беларускага хрысціянскага акадэміцкага аб’яднання «Жыццё» і Беларускага акадэміцкага каталіцкага таварыства «Рунь».

З 1956 года актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ЗША: сябра рэдкалегіі газеты «Беларус», старшыня Рады дырэктароў Фундацыі імя П. Крэчэўскага, членам Рады БНР.

Памёр 4 снежня 2005 года. Пахаваны на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай ў Іст-Брансуіку.

1925 год. У эфір выйшаў Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё: у 18:30 у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!..». 

Агульнанацыянальны радыёканал, які ўваходзіь  у структуру Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Дэвіз «Будзем разам!».

Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. У эфіры гучалі музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансліраваць свае перадачы ў радыусе толькі 300 вёрст і ўсяго 30 хвілін на суткі. Не наладжана была яшчэ і серыйная вытворчасць радыёпрыёмнікаў.

Цяпер Беларускае радыё ўключае ў сябе два агульнанацыянальныя каналы і тры радыёстанцыі. Адным з галоўных прыярытэтаў вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё з’яўляецца папулярызацыя нацыянальнай і сусветнай культуры.

З мая 1962 г. вядзецца рэгулярнае вяшчанне на краіны далёкага замежжа. Праграмы выходзяць у эфір на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё выходзіць на частотах у FM-дыяпазоне: Мінск — 106,2, Брэст — 100,0, Віцебск — 100,5, Гомель — 105,1, Гродна — 103,0, Магілёў — 105,9 МГц; а таксама на хвалях, што трансліруюцца перадатчыкамі і радыёвузламі абласцей.

Перадачы ў дыяпазоне доўгіх і кароткіх хваль былі спынены з 1 красавіка 2016 года. Магчымасці перадаючых прыладаў забяспечваюць устойлівы прыём праграм не толькі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але і ў прыгранічных раёнах Польшчы, Літвы і Латвіі.

З 15 чэрвеня 1998 г. Беларускае радыё пачало рэтрансліраваць перадачы на рэгіёны Расійскай Федэрацыі.

1938 год. У в. Дрожджаніцы Крычаўскага раёна  нарадзіўся Віктар Цітоў. 

Беларускі этнолаг і гісторык культуры. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянавання Беларусі. Даследаваў тыпалогію культурных ландшафтаў, гістарычныя стасункі Беларусі і сумежных тэрыторый, беларускую дыяспару, этнічную гісторыю і геаграфію Беларусі, традыцыйную народную культуру, гісторыю народнай адукацыі, праблемы нацыянальных узаемаадносін.

Суаўтар і аўтар прац «Праблемы рассялення ў БССР», «Помнікі этнаграфіі», «Промыслы і рамёствы Беларусі», «Адраджэнне традыцыйнай мастацкай культуры Палесся», «Беларусы», «Гісторыя сялянства Беларусі» і іншых.

Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў аховы помнікаў, арганізацыі музеяў-скансэнаў, у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі».

Памёр 20 лістапада 2020 года.

1947 год. Нарадзіўся Анатоль Ярмоленка. 

Беларускі спявак, мастацкі кіраўнік гурту «Сябры». Народны артыст Беларусі.

Выступаў у складзе ВІА «Сувенир» (1969-1971, разам з А. Градзкім, А. Буйновым), «Песни над Сожем» (1971-1973). З 1974 года мастацкі кіраўнік гурту «Сябры».

Першым выканаў песні шматлікіх папулярных беларускіх і расійскіх кампазітараў: Я. Глебава, І.Лучанка, М. Сацуры, Э. Ханка.

wikimedia.org

 1951 год. Нарадзіўся Віктар Скорабагатаў

Беларускі оперны спявак і педагог. Заслужаны артыст.

Саліст Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі,  прафесар Беларускай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капелы».

Адзін з найбуйнейшых камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусветнай класікі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў.

У 1988-1994 гадах ажыццявіў першы ў беларускім выканаўчым мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX стагоддзяў».

Даследуе старадаўнюю беларускую музыку, творчасць малавядомых беларускіх кампазітараў. Аўтар кніг па гісторыі беларускага музычнага мастацтва. Галоўны рэдактар серый нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор».

Мастацкі кіраўнік штогодняга фэсту «Адраджэнне беларускай капэлы» (з 1991 года).

belarus.by

 1955 год. Нарадзіўся Сяргей Войчанка

Беларускі мастак і дызайнер. Разам з Ул. Цэслерам распрацоўваў  дасціпныя рэклямныя постэры і плакаты на сацыяльныя тэмы.

Аўтар плакатаў «Нержавеющий Сталин», «1939, начало войны в Польше», «Карл Маркс 1990-х», «Афганистан», «Good morning, Belarus!», «От международного года мира — к миру без войн и оружия», «Война несет людям…», «Афган, Forbidden Fruit», «Contemporary art+centre „VITA NOWA“» і іншых.

Праца «Вудсток. 30 лет. — Levi`s» знаходзіцца ў калекцыі Луўра.

Работы Цэслера і Войчанкі выстаўляліся на шматлікіх выставах і атрымлівалі ўзнагароды ў многіх краінах Еўропы.

Уладальнік больш за 40 узнагарод міжнародных конкурсаў, біенале і фэстываляў плакату.

За месяц да смерці адбылася выстава на Манмартры ў Парыжы.

Памёр 9 снежня 2004 года.

1993 год. Нарадзілася Меліціна Станюта. Беларуская гімнастка. 

Праўнучка народнай артысткі Стэфаніі Станюты, унучка літаратуразнаўца  Аляксандра Станюты.

Яе адрознівае элегантнасць і грацыёзнасць выступленняў.

Пачаўшы выступаць сярод сеньёрак, Меліціна адразу ж увайшла ў лік лепшых гімнастак свету. У 15 гадоў яна выйграла бронзавы медаль у практыкаваннях з абручом на чэмпіянаце свету. 

На чэмпіянаце свету 2010 года выйграла два бронзавых медалі — у практыкаваннях са скакалкай і ў мнагабор’і.

18 жніўня 2020 года падпісала адкрыты ліст прадстаўнікоў спартыўнай галіны з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года.

wikimedia.org