П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

На “Магілёўэнерга” выявілі карупцыйную схему – Дяржкантроль

Прадпрыемства “Магілёўэнерга” разам з “Мінскэнерга” і “Нафтанам” патрапіла пад расследаванне Камітэта дзяржкантроля, які выявіў у дзеяннях вышэйшых чыноўнікаў гэтых арганізацый карупцыйныя схемы.

– Узбуджаны крымінальныя справы па фактах атрымання і дачы хабару ў адносінах да службовых асоб РУП “Мінскэнерга”, РУП “Магілёўэнерга”, ААТ “Нафтан”. – перадае БелТА словы кіраўніка Камітэта дзяржкантроля Васіля Герасімава – Вінаватыя асобы ўзяты пад варту. Падчас вобыскаў у іх канфіскаваны сотні тысяч долараў і еўра, накладзены арышт на дарагія аб’екты нерухомасці і аўтамабілі.

Фота з адкрытых крыніц.

Запрацавала платная паркоўка ў цэнтры Магілёва

На вуліцы Міронава і бульвары Леніна ў Магілёве былі абноўлены інфармацыйныя стэнды і пачаўся перыяд платнай паркоўкі на ўзбочынах і тратуарах гэтых вуліц.

Нагадаем, што ў 2022 годзе сістэма платнай паркоўкі тут працавала ў тэставым рэжыме. Цяпер жа тарыф на першую гадзіну складае 1 рубель, а на кожную наступную 50 капеек. Аплата бярэцца за паркоўку з 8.00 да 18.00 у буднія дні.

Варта адзначыць, што новыя інфармацыйныя стэнды відавочна недапрацаваныя. Так, адсутнічае QR-код у адпаведным вакенцы, у тэксце дапушчана шмат памылак.

Магілёў стаў першым абласным цэнтрам, у якім рэалізаваная падобная сістэма аплаты за паркоўку. Раней падобную навацыю адпрацавалі ў Мінску.

Фота: mogilev.media

Рамонт на Камсамольскай, ордэр на арышт Пуціна і стрэлы ў Гродна – дайджэст мінулага тыдня

Самай гучнай міжнароднай навіной мінулага тыдня стала інфармацыя пра тое, што за злачынствы супраць украінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна.

Падзеяй тыдня на Беларусі стала інфармацыя пра забойства ў Гродна “замежніка, які планаваў тэрарыстычны акт” і нібыта адстрэльваўся і кідаў гранаты ў спецназ КДБ.

Магілёў на мінулым тыдні пачаў жыць крыху па-новаму – тут перакрылі вуліцу Камсамольскую на рамонт, з-за чаго ў горадзе пачала дзейнічаць іншая схема грамадскага транспарту.

Рамонт Камсамольскай вуліцы пры гэтым падараваў магілёўцам турыстычную цікавостку – адкрыўся выкшталцоны дарэвалюцыйны брук.

У Магілёве адбылася жуткаватая аварыя – ад удару таксі вылецела на тратуар. Мы сабралі поўнае відэа з розных крыніц.

У магілёўскім інтэрнаце па вуліцы Куцепава паскардзіліся на жахлівыя ўмовы – кішыць тараканамі і завоблачная камуналка.

У Магілёве і Магілёўскім раёне абвясцілі водную амністыю.

БелАЗ прыняў рашэнне сур’ёзна ўкласца ў развіццё вытворчасці на магілёўскім заводзе імя Кірава.

На мінулым тыдні стала вядома, колькі дарог адрамантуюць у Магілёўскім раёне за год – 2%.

У цэнтры Горак цалкам высеклі бярозавы гай, бо людзям перашкаджалі птушкі.

На мінулым тыдні старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў вазілі на стрэльбы пад Асіповічамі і ў магілёўскую турму для выхавання. 

Пад Асіповічамі была зафіксавана найбуйнейшая папуляцыя зуброў у рэгіёне.

У магілёўскім заасадзе прэзентавалі новых жывёл і абвясцілі пра вялікую рэканструкцыю.

Прыгажуні на конкурсе “Міс Крычаўцэментнашыфер” разарвалі TikTok.

Славутыя літоўскія шакоцісы былі заўважаныя ў адной з гандлёвых сетак на Магілёўшчыне.

А наогул на Беларусі пачалася вясна і прачнуліся кляшчы.

Фота: mogilev.media

Дзень у гісторыі. 20 сакавіка. Дзень шчасця і вераб’я. Забілі Жыгімонта. Адкрыты гатэль «Турыст». Заснаваны Узброеныя сілы Беларусі.

Міжнародны дзень шчасця (International Day of Happiness, з 2012 года). 

Заснаваны Генеральнай Асамблей ААН па ініцыятыве Каралеўства Бутан пры падтрымцы прадстаўнікамі ўсіх 193 дзяржаў-членаў ААН. Мэта святкавання – звярнуць увагу людзей на задаволенасць жыццём і падтрымаць іх імкненне быць шчаслівымі.

Дата прымеркавана да вясновага раўнадзенства (у гэтым годзе выпадае на 21 сакавіка), калі дзень становіцца роўны ночы па працягласці. Такім чынам, заснавальнікі свята хацелі падкрэсліць, што ўсе людзі планеты маюць роўныя правы на шчасце.

Навукоўцы Універсітэта Мінесоты высветлілі, што шчасце залежыць на 50% ад генаў, на 10% – ад умоў жыцця (праца, сям’я) і на 40% – ад думак.

Навукоўцы лічаць, што лепшы колер для шчасця – жоўты.

Згодна з Сусветным дакладам шчасця, самыя шчаслівыя Фінляндыя (6-ы год запар, раней – Данія), Данія, Ісландыя, Швейцарыя, Нідэрланды. Люксембург, Ізраіль і Новая Зеландыя. Расія ў 2022 годзе перамясцілася з 60 га на 80-е месца (у 2017 годзе – 47 месца). Беларусь займае 65 месца паміж Кыргызстанам і Калумбіяй.

Сусветны дзень вераб’я.

Да 2022 года святочныя мерапрыемствы ў Беларусі арганізоўвала “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Але 19 сакавіка 2022 года Вярхоўны суд прызнаў яе экстрэмісцкай і ліквідаваў за тое, што “пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак… ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі”. АПБ абвінавачвалі за выказванне “Птушкі з народам”.

1440 год.  Змоўшчыкамі забіты Жыгімонт Кейстутавіч (1365-1440)

Вялікі князь літоўскі (1432–1440), брат Вітаўта.

Падчас барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зняволены апошнім. Прымаў удзел у перамовах і заключэнні пагадненняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422, 1431 гадах, уній з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле (1399), Грунвальдскай бітве (1410).

У выніку змовы каталікоў, князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша забіты ў Троцкім замку.

1664 год. Кароль Ян II Казімір Ваза (1609–1672) падчас вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў прыбыў у Магілёў. 

Ян II Казімір –  апошні, трэці кароль польскі і вялікі князь літоўскі з дынастыі Ваза, брат Уладзіслава IV, знаходзіўся ў горадзе да 8 красавіка і з’ехаў у сувязі з вялікім пажарам у горадзе. 

У горадзе вырашаў пытанні ваенна-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага характару, інспектаваў тэрыторыі.

1690 год. Людвіка Караліна Радзівіл, уладальніца абшырных зямель, у тым ліку Копысі, выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным.

Яна  гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена. Яе спадкаемцы прытрымліваліся гэтага акта.

1876 год. Памёр  Януар Сухадольскі (1797–1876).

Беларускі жывапісец-баталіст.

Удзельнічаў у руска-іранскай вайне (1826–1828), знаходзіўся пры штабе фельдмаршала І. Паскевіча, на заказ якога стварыў цыкл карцін прысвечаны кампаніі.

Удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў.

Па запрашэнні імператара Мікалая I, у Пецярбурзе напісаў цыкл карцін па сцэнах  руска-французскай вайны 1812 года.

Частка карцін захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску, у Гомельскім краязнаўчым музеі.

Я. Сухадольскі. Бітва пад Самасьерай. 1860.

1896 год. Нарадзіўся Майсей (Мойшэ) Кульбак.

Яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык. 

Працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўны, настаўнікам у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні, Берліне, лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах, старшынёй віленскага «яўрэйскага ПЭН-клуба», у мінскіх рэдакцыях перыядычных выданняў, у яўрэйскім сектары АН БССР.

Арыштаваны НКУС БССР у 1937 годзе. Расстраляны ноччу з 29 на 30 кастрычніка.

Аўтар вершаў на іўрыце, ідыш, зборнікаў вершаў, паэм, раманаў, казкі «Вецер, які гняваўся», драм,  п’ес «Разбойнік Бойтра» (пастаўлена Маскоўскім, Беларускім яўрэйскімі, тэль-авіўскім камерным тэатрам, драматычным калектывам у Вільнюсе).

Яго верш «Зорачка» («Штэрндл») стаў народнай песняй.

Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923),

Пераклаў на мову ідыш паасобныя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Гогаля, рамана М. Астроўскага “Як гартавалася сталь”.

Творы Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся ў СССР, Аргенціне, ЗША, Ізраілі, Францыі і іншых краінах.

Яго творы на беларускую мову перакладалі В. Вольскі, Ф. Баторын, Э. Агняцвет, А.Хадановіч і іншыя.

1922 год. Памёр Алесь Бурбіс (1885–1922).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.

Аўтар манаграфіі «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі»

Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У студзені 1906 года ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў Беларускую Рэспубліку («Мейшагольская рэспубліка»).

Удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (1917). Консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. Намеснік народнага камісара замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Сябра ЦВК БССР у 1921–1922 гадах.

Памёр ад сухотаў.  Пахаваны на мінскіх Старажоўскіх могілках, якія ў 1950-х гадах былі зруйнаваныя бульдозерам.

1952 год. У в. Забалацце Чавускага раёна нарадзіўся Алесь Емяльянаў.

Беларускі паэт, перакладчык, адзін з заснавальнікаў БНФ «Адраджэнне».

Скончыў Чавускую СШ № 1, Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, БДУ.

Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Піянер Белаpyci», на Беларускім тэлебачанні, літкансультантам Саюза пісьменнікаў, У 1990-1991 гадах з’яўляўся старшынёй Каарданацыйнай рады Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Аўтар вершаў, зборнікаў паэзіі.

Сусастваральнік тэлечасопіса «Літаратурная Беларусь». Курыраваў выхад у эфір літаратурна-мастацкага часопіса «Буг» Брэсцкай студыі тэлебачання. Пад яго рэдакцыяй выходзілі штомесячныя перадачы «Сугучча» аб перакладзе на беларускую мову твораў замежных пісьменнікаў.

Пісаў пра жыццё сучасніка, яго любоў да Радзімы, роднай мовы, прыроды.

Памёр 6 кастрычніка 2005 года.

1953 год. У  в. Расна Дрыбінскага раёна нарадзіўся Уладзімір Бутрамееў.

Выпускнік магілёўскага геафака, вядомы расійскі і беларускі пісьменнік, празаік і драматург, перакладчык, літаратуразнаўца.

Працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў, Слоніма, у Слонімскім тэатры.

Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў на рускай і беларускай мовах, зборнікаў прозы.

Вядомасць як драматургу прынёс спектакль на сцэне тэатра імя Янкі Купалы «Страсці па Аўдзею» («Крык на хутары», 1989). П’еса «Ізноў Несцерка» створана паводле фальклорных крыніц.

Аўтар кінасцэнараў, многіх гісторыка-публіцыстычных твораў, у тым ліку, «Мифы и легенды древних славян», «Древо бытия Омара Хайяма», літаратуразнаўчых прац, літаратурных апрацовак, перакладаў, твораў для дзяцей, у тым ліку 10-цітомнага «Детский Плутарх. Всемирная история в лицах». Удзельнік больш 50 выдавецкіх праектаў у розных выдавецтвах.

Многія з яго кніг удастоены прэміі «Кніга года» Рускага біяграфічнага інстытута, Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі і іншых. Кніга «Амар Хайям і персідскія паэты X-XVI стагоддзяў» удастоена дыплома ЮНЕСКА «Лепшае выданне, якое ўносіць значны ўклад у дыялог культур».

1963 год. Нарадзілася Кацярына Анціпава (Перапяліца).

Беларускі эканоміка-географ і дэмограф, доктар геаграфічных навук, прафесар БДУ, эксперт Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусь па пытаннях геаграфіі насельніцтва, дэмаграфіі і ўстойлівага развіцця.

Усё жыццё прысвяціла працы ў альма-матэр – БДУ: прайшла шлях ад лабаранта да загадчыка кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін.

Займаецца пытаннямі дэмаграфіі, рассялення Беларусі.

З’яўлялася распрацоўшчыкам дзяржаўных мэтавых праграм, у тым ліку Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030».

1976 год. Памёр Уладзімір Дубоўка (1900–1976).

Паэт, класік беларускай паэзіі, празаік, перакладчык, крытык. Старэйшы брат Язэпа Дубоўкі.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

Творы Уладзіміра Дубоўкі вабяць хараством і дасканаласцю мастацкай формы, нечаканасцю вобразных асацыяцый, глыбіннай сувяззю з традыцыяй і здольнасцю да смелых авангардных эксперыментаў. Яны маюць свой эстэтычны код і выяўляюць няпросты – палемічны і сімвалічны – дыялог паэта са сваёй эпохай.

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.

1986 год. У Магілёве адчыніў дзверы для гасцей горада гатэль «Турыст».

Зараз гатэльны комплекс катэгорыі “тры зоркі”. Размешчаны на левым беразе Дняпра, у старажытным прадмесці – Лупалава. 

Гатэль мае 7-павярховы корпус са 135 нумарамі катэгорый  “Стандарт”, “Камфорт”, “Люкс” і “Студыя” на 237 месцаў.

1992 года. Заснаванне Узброенных сіл Беларусі.

Сфарміраваны на базе Беларускай ваеннай акругі Узброенных Сіл СССР пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці.

У 1992-1996 гадах былі скарочаныя або перафарміраваны 250 воінскіх часцей, якія засталіся з эпохі СССР, завершана ракетна-ядзерная дэмілітарызацыя.

У кастрычніку 2022 года Узброеныя сілы Беларусі разам з расійскімі фармаваннямі, якія знаходзяцца ў краіне, у поўным складзе былі ўключаны ў Рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расіі.

Ва Узброеныя Сілы ўваходзяць Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, Сілы спецыяльных аперацый, спецыяльныя войскі (службы), органы тылу.

Колькасць Узброеных Сіл каля 50 000, у запасе – 290 000. Бюджэт каля 640 мільёнаў долараў (2021 год).

Дзень у гісторыі. 19 сакавіка. Прывелей Магілёўскаму брацтву. Магілёўскі полк у Парыжы. Заснавана геаграфічнае таварыства. Трэція прэзідэнцкія выбары. Нарадзіўся гісторык Я. Юхо.

1441 год. Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, Папскі легат для Польшчы, ВКЛ і Інфлянтаў грэк Ісідар (1380-1463) прыбыў у Маскву.

Праз тры дні быў узяты пад варту і зняволены ў Чудаў манастыр. Уцёк з Масквы і прыбыў у Літву ў 1442 годзе. Падарожнічаў па Беларусі.

Удзельнік Ферара-Фларэнційскага сабора, актыўны прыхільнік уніі з Рымскай каталіцкай царквой. Кардынал Рымскай царквы, арцыбіскуп Нікасіі (1456-1463), тытулярны патрыярх Канстанцінопальскі (1458-1463), дэкан Свяшчэннай калегіі кардыналаў.

У маі 1453 года ўдзельнічаў у абароне Канстанцінопаля, быў узяты ў палон асманамі, але пазбег смерці, збег у Рым. У 1458 годзе перадаў уладу над мітраполіяй Кіеўскай і ўсяе Русі свайму вучню Рыгору (Балгарыну).

1612 год. Памерла Соф’я Слуцкая (1585-1612).

Княгіня, праваслаўны дзеяч з роду Алелькавічаў, апошні яго прадстаўнік.

У 1592 годзе да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.

У 11 гадоў сасватана, у 15 гадоў выйшла замуж  за нясвіжскага князя Януша Радзівіла. 

Апекавала праваслаўе ў ВКЛ, фундавала сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Соф’і ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.

Памерла ў час родаў, пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.

Персанаж рамана Ю. Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» і гістарычнай драмы У.  Сыракомлі «Магнаты і сірата».

1633 год. Каралеўскім Прывелеем Уладзіслава IV Магілёўскаму праваслаўнаму брацтву дадзена права на адкрыццё друкарні і друкаванне кніг на беларускай, польскай, лацінскай і грэчаскай мовах.

Фота. Богаяўленская царква і званіца манастыра. Магілёў, 1909 год.

1814 год. Рускія войскі ўвайшлі ў Парыж.

Сярод іх і 26 Магілёўскі пяхотны полк. Салдаты і афіцэры былі ўзнагароджаны медалём “За ўзяцце Парыжа 9 сакавіка 1814 года” (9 – па старым стылі). 

Для ўвекавечання памяці аб вайне, у пабудаваным маскоўскім Храме Хрыста Збавіцеля, на сцяну было занесена імя Магілёўскага пяхотнага палка з абазначэннем забітых і параненых афіцэраў.

Полк сфарміраваны 5 жніўня 1805 года ў Навагрудку як мушкецёрскі, складаўся з грэнадзёрскага батальёна і 2 мушкецёрскіх батальёнаў 4-ротнага складу. З 1806 года ўвашоў у 5-ю дывізію. 

Як пехотны полк ўдзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года, Замежных кампаніях 1813 і 1814 гадоў, у кампаніі 1828-1829 гадоў супраць туркаў, у падаўленні паўстання 1830-1831, у прыватнасці ў аблозе Замосця. У кампаніі 1849 супраць венграў і ў Крымскай вайне, у Першай Сусветнай вайне, у тым ліку ў Нарачскай аперацыі 1916 года. Расфарміраваны ў 1918 годзе.

1887 год. У Жэневе памёр Юзаф Крашэўскі (1812-1887).

Беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст. “Польскі Дзюма”.

Лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы. Член Польскай Акадэміі навук у Кракаве, Ганаровы член Чэшскай акадэміі. У Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы. Брат Люцыяна і Каятана Крашэўскіх.

Удзельнік паўстання 1830 – 1831 гадоў.

Аўтар больш за 600 тамоў твораў: 223 раманы і аповесці, навуковыя працы па розных галінах ведаў, падарожныя нарысы «Пінск і Піншчына», «Успаміны пра Палессе, Валынь і Літву», «Карціны з жыцця і падарожжаў», «Друскенікі», этнаграфічны нарыс «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан», гістарычныя працы «Вільня ад яе пачатку да 1750 г.», «Старажытная Літва. Яе гісторыя, законы, мова, вера, звычаі, песні…», «Барысаў», «Польшча ў час трох падзелаў».

Быў прафесійным мастаком, музыкантам.

Паўплываў на творчасць Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Г. Сянкевіча, Я. Купалы. Два вершы Юзафа Крашэўскага пераклаў на беларускую мову Янка Купала. На беларускую мову яго творы таксама перакладалі П. Бітэль, В. Сёмуха, М. Кенька, Л. Казлоў, М. Папека.

1895 год. Нарадзіўся Тамаш Грыб.

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Прататып аднаго з галоўных герояў дакументальна-аўтабіяграфічнага рамана В. Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам». Выведзены ў рамане Г. Далідовіча «Свой дом» пад імем Баравік.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

Памёр 25 студзеня 1938 года.

1900 год. Нарадзіўся Севярын Віславух.

Польскі гісторык, даследчык гісторыі Беларусі. Доктар габілітаваны, прафесар.

Служыў у Літоўска-Беларускай дывізіі генерала Л. Жалігоўскага, удзельнічаў у баях за Гродна, у польскай арміі.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, выкладаў у ім і ў Віленскай беларускай гімназіі. Загадваў кафедрамі ў Лодзінскім, Уроцлаўскім універсітэтах, быў прарэктарам, дэканам факультэта ўніверсітэта Уроцлава.

Заснавальнік і дырэктар Уроцлаўскага філіяла Заходняга інстытута, адзін з заснавальнікаў Сілезскага інстытута ў Аполе.

Вывучаў гісторыю ВКЛ, рэлігійныя адносіны, працэсы русіфікацыі і паланізацыі ў Заходняй Беларусі. Крытыкаваў урадавую палітыку асіміляцыі, выступаў у друку ў абарону беларускай культуры, выкладаў гісторыю ў беларускіх школах.

Памёр 28 лютага 1968 года ва Уроцлаве.

1921 год. Нарадзіўся Язэп Юхо.

Беларускі правазнаўца, гісторык права, заснавальнік беларускай навуковай школы дзяржавы і права. Доктар юрыдычных навук, прафесар. Сябар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекту Канстытуцыі 1994 года. Адзін з ініцыятараў перавыдання Статута ВКЛ 1588 года.

Памёр 29 ліпеня 2004 года.

1931 год. Нарадзіўся Генадзь Кісялёў

Беларускі літаратуразнавец, архівіст, пісьменнік, гісторык, археограф. Доктар філалагічных, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у архіўных установах Літоўскай ССР, у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР.

Аўтар зборнікаў гісторыка-літаратурных нарысаў, гісторыка-літаратурных матэрыялаў, літаратуразнаўчых даследаванняў, гістарычных нарысаў.

Даследаваў беларускую літаратуру, гісторыю грамадскай думкі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі XIX стагоддзя, жыццё і дзейнасць К. Каліноўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыгі-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы.

Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе».

Працаваў і над скарыназнаўчымі тэмамі.

Памёр 14 лістапада 2008 года.

1954 год. Заснавана Беларускае геаграфічнае таварыства (1954-1991 – Геаграфічнае таварыства БССР). Дзень геаграфічнага таварыства.

Геаграфічнае таварыства вядзе сваю гісторыю ад 18 жніўня 1845 года, калі было створана Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства. Адным з 17 чальцоў-заснавальнікаў быў ураджэнец Беларусі, выпускнік Магілёўскай гімназіі Міхал Урончанка (1801–1855).

У 1867–1876 і ў 1910–1917 гадах дзейнічаў Паўночна-Заходні аддзел геаграфічнага таварыства (г. Вільня) з якім супрацоўнічалі магілёўцы Я. Раманаў, І. Насовіч, П. Шэйн, М. Азбукін, К. Анікіевіч, Г. Аненкаў, Н. Арнольд, А. Казлоўскі, П. Мурамцаў, І. Сілініч, А. Смоліч, К. Чалоўскі і многія іншыя даследчыкі.

19 студзеня 1959 года быў заснаваны першы рэгіянальны аддзел – Магілёўскі. Найбуйнейшы па колькасці членаў – Гомельскі. Працуюць таксама аддзелы ў Брэсце, Віцебску, Мінску.

Усяго ў Таварыстве каля 600 географаў, эканамістаў, прыродазнаўцаў, краязнаўцаў, гісторыкаў.

1990 год. Нарадзіўся Сяргей Астапчук.

Беларускі хакеіст, левы нападнік.

Выхаванец наваполацкага  «Хіміка», гуляў у «Дынама Масква», «Спартак», «Лакаматыў», «Rouyn-Noranda Huskies», «Лока».

Загінуў 7 верасня 2011 года ў катастрофе Як-42 пад Яраслаўлем пры ўзлёце з аэрапорта «Тунашна» разам з камандаю «Лакаматыў Яраслаўль».

2001 год. Зацверджаны Том 1 выпуск 1 новага рэгіянальнага геаграфічнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян” Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства.

Найбольш вядомае беларускае геаграфічнае выданне ў свеце. За 20 гадоў выдадзена 20 тамоў і 52 выпускі часопіса. 

2004 год. У Магілёўскім музеі этнаграфіі адкрыта экспазіцыя “Магілёў губернскі”, прысвечаная жыццю гарадскіх саслоўяў.

Музей этнаграфіі – філіял абласнога гісторыка-краязнаўчага музея.  Адкрыты ў 1981 годзе.

Мае плошчу экспазіцыі 760 м², 5 000 прадметаў асноўнага фонду. Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя гарадскога побыту магілёўцаў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў. Сярод экспанатаў – прылады працы, прадметы побыту, нацыянальнае адзенне магілёўскіх і краснапольскіх касцюмаў, калекцыя сапраўдных магілёўскіх ручнікоў, абразы, кафля і драўляная скульптура XVII – XIX стагоддзяў, царкоўныя кнігі, часопісы XIX – пачатку XX стагоддзяў.

Будынак музея стаіць на падмурку Магілёўскага езуіцкага калегіума. Унутраная сцяна, якая выходзіць у двор музея, з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII стагоддзя, былой часткай калегіума.

2006 год. Адбыліся трэція Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Уладу захаваў А. Лукашэнка (афіцыйна нібыта 83% галасоў).

Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падавалі А. Вайтовіч, С. Гайдукевіч, А. Казулін, А. Лукашэнка, А. Мілінкевіч, З. Пазняк, С. Скрабец, В. Фралоў. Мелі намер балатавацца, але адмовіліся ад удзелу П. Краўчанка і Н. Машэрава (дачка П. Машэрава).

У бюлетэні для галасавання патрапілі 4 прозвішчы: С. Гайдукевіча, А. Лукашэнкі, А, Казуліна і А. Мілінкевіча.

Уладныя структуры арганізавалі ціск на сваіх супернікаў. Перад выбарамі былі зачыненыя многія незалежныя газеты, арганізавана інфармацыйная вайна супраць апазіцыі.

А. Мілінкевіч і А. Казулін адмовіліся прызнаваць вынікі галасавання. Увечары каля Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска пачалі збірацца іх прыхільнікі. У мітынгу ўзялі ўдзел ад 5-8 да 30 тысяч удзельнікаў.

У Мікалаеве абмяркоўваюць пяць праектаў па пасляваенным аднаўленні горада

Мікалаеву прапануюць пяць праектаў, якія дапамогуць аднавіць горад, пачынаючы ад жылых раёнаў да набярэжнай – паведамляе news.pn. 

Міжнародная каманда экспертаў адначасова з генпланам Мікалаева распрацоўвае пяць пілотных праектаў для  рэалізацыі – “Жылы мікрараён”, “Культурная спадчына”, “Прамысловасць і набярэжная”, “Інавацыйны раён”, “Зялёныя і грамадскія прасторы”.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Жылы мікрараён

Ён уключае рэканструкцыю і мадэрнізацыю існуючых жылых дамоў і ўвядзенне новых жылых элементаў у схему забудовы. Пры рэгенерацыі будуць выкарыстаны палепшаная ізаляцыя для павышэння энергаэфектыўнасці, мадэрнізаваныя модульныя надбудовы для павелічэння колькасці паверхаў, абноўленая вертыкальная цыркуляцыя і актыўная генерацыя аднаўлення энергіі на ўзроўні кварталаў.

Рэканструкцыя жылля будзе адбывацца з ужываннем цыклічнага падыходу з выкарыстаннем мясцовай прамысловасці і перапрацоўкі смецця.

Культурная спадчына

Праект засяроджаны на рэканструкцыі цэнтра Мікалаева, на вяртанні гораду тэрыторыі, якая з’яўляецца асабліва значнай з гістарычнага і культурнага пункту гледжання.

Прамысловасць і набярэжная

Праект накіраваны на рэгенерацыю двух прамысловых аб’ектаў у прыбярэжнай зоне, на стварэнне новых грамадскіх прастор, аб’ектаў інфраструктуры, паркаў і іншых аб’ектаў змешанага выкарыстання для стымулявання эканамічнага развіцця і забяспячэння свабоднага доступу насельніцтва горада да набярэжнай.

Інавацыйны раён

Ён аб’яднае інавацыйны патэнцыял навуковых паркаў з сучаснымі падыходамі да стварэння мікрараёна. Будуць створаны новыя жылыя схемы, гнуткія шматкватэрныя будынкі, якія будуць садзейнічаць эканамічнаму развіццю горада дзякуючы інавацыйным даследчым кампаніям. 

Зялёныя і грамадскія прасторы

Праект накіраваны на перапланіроўку трох прыбярэжных тэрыторый са стварэннем новых грамадскіх паркаў, якія дапамогуць падтрымаць сетку зялёных зон, забяспечыўшы грамадзянам лепшы доступ да рэк, новых грамадскіх зон, новых месцаў для адпачынку каля набярэжнай. Горад атрымае стратэгію пераўтварэння набярэжнай у зялёную зону, якая будзе садзейнічаць пешаходнай даступнасці і актыўнай мабільнасці.

Архітэктары, інжынеры і міжнародныя кансультанты будуць распрацоўваць праекты, а потым маштабаваць вопыт на астатнюю тэрыторыю горада.

Замест дошкі ў гонар Пушкіна – новы мурал.

Пакуль гараджане абмяркоўваюць праекты рэканструкцыі пасляваеннага Мікалаева, у горадзе з’явіўся новы чарговы мурал – гэта анёл-захавальнік, які пралятае над горадам – піша інтэрнет-часопіс NikLife. 

Мурал намалявалі мастачкі Я. Кручыніна і А. Маркітан па эскізе 10-гадовай Е.Казярэвіч. Малюнак з’явіўся на месцы, дзе раней знаходзілася мемарыяльная дошка Пушкіну. Яна была дэмантаваная.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Зацверджаны графік адключэнняў гарачай вады ў Магілёве

Гарачую ваду ў абласным цэнтры пачнуць адключаць з 10 траўня. 

Першымі мікрараёнамі стануць Рабочы пасёлак, Ямніцкі, Мір-1 і Мір-2, Спадарожнік, Казіміраўка, а таксама вуліцы Мянжынскага, Чалюскінцаў, Будаўнікоў, Касманаўтаў, праспект Міра ад гасцініцы “Магілёў” да Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. Гарачая вада ў гэтай частцы горада будзе адсутнічаць 3 10 да 22 траўня.

З 4 па 16 чэрвеня планавыя адключэнні закрануць вуліцы Грышына, Крупскую (да жылых дамоў №№ 62б, 64, 51, 51а, 70), Ленінскую, Піянерскую, Першамайскую, астатнюю частку праспекта Міра да гасцініцы “Магілёў”, а таксама мікрараёна Юбілейны.

На бульвары Непакораных, вуліцах Астроўскага, Сіманава, Куцепава, Алтайскай, імя Лізы Чайкінай, Габраўскай, Паўлава, Сасновай, Маўчанскага, Фаціна, Цярохіна, Залатавустаўскага, праспектах Шмідта, Пушкінскім, Дзімітрава, Віцебскім, завулках Восеньскі, Паўднёвы, на вуліцах Гомельская шаша і Слаўгарадская шаша гарачай вады не будзе з 12 па 24 ліпеня.

З 6 па 18 жніўня будзе адсутнічаць гарачая вада ў мікрараёне Саломінка, на вуліцах Крупскай – да вул. Кірава – 30 гадоў Перамогі, Жамчужнай, Каштанавай, Турава, Крывуліна, Кулібіна – паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.

На вуліцы Камсамольскай у Магілёве знайшлі дарэвалюцыйную брукаванку

Магілёўскія камуністы ў пачатку 1980-х “прыватызавалі” амаль усю брукаванку з вуліцы Камсамольскай (былая Дваранская), але цудам захавалася адна лінза, якую яшчэ можна ўратаваць. 

Работы па рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай у Магілёве выявілі цудам захаваны кавалачак дарэвалюцыйнай брукаванкі, якую не выкарысталі для сваіх мэтаў камуністычныя ўлады горада 40 гадоў таму. 

У сацыяльных сетках і чатах краязнаўчай накіраванасці магілёўцы жвава абмяркоўваюць адкрыццё сапраўднага бруку і яго далейшы лёс. Работнікі музея гісторыі горада таксама зацікавіліся брукам. Гісторыя яго ўзнікнення і знікнення па-свойму павучальная і безумоўна цікавая. 

У Савецкі час падручнікі і гістарычныя нарысы апісвалі дарэвалюцыйны Магілёў як драўляны брудны горад, якому толькі Савецкая ўлада прынесла сучасныя даброты. Насамрэч, горад у цэнтры быў забудаваны мураванымі шматпавярховымі будынкамі. Ён меў тэлефон, тэлеграф, электрастанцыю, конку, водаправод і г.д. Цэтральныя гарадскія вуліцы былі пакрыты якасным каменным брукам. 

У савецкі час доўга было не да брукавання дарог. Толькі з 1950-х гадоў пачалося масавае асфальтаванне гарадскіх вуліц. Са з’яўленнем цяжкога аўтамабільнага транспарту брукаваныя вуліцы пачынаюць мець даволі глыбокія каляіны з-за неглыбокай падсыпкі. 

У еўрапейскіх краінах гэтая праблема вырашалася шляхам здымання дарагога бруку, рэканструкцыі асновы дарогі і ўкладкі бруку нанава. У СССР звычайна або паверх бруку клалі асфальт, або брук папросту прыбіралі.

У 1982 годзе камуністы дабудоўвалі мемарыяльны комплекс на Савецкай плошчы “Змагарам за Савецкую ўладу”. Для комплексу перад вечным агнём вырашылі пакласці прыгожую брукаваную маставую. Замест вырабкі новага бруку камень узялі з вуліцы Камсамольскай. А частку бруку паклалі перад абласным камітэтам камуністычнай партыі – зараз гэта гарвыканкам.  

Яшчэ адно месца выкарыстання дарэвалюцыйнага бруку з вуліцы Камсамольскай – пляцоўка перад абласным ДАІ. 

Учора пры рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай выявілася, што застаўся яшчэ адзін невялікі лапік брукаванкі на рагу з вуліцай Першамайскай. Яна ўжо прыцягнула ўвагу магілёўцаў і выклікала гарачыя спрэчкі. 

Што рабіць з брукам пакуль не вырашана. Найбольш рэальнымі і карыснымі выглядаюць прапановы пакінуць яе на пешаходным пераходзе праз вуліцу Камсамольскую ад драмтэатра да касцёла. Гэта стала б праявай павагі да працы нашых продкаў, цікавым турыстычным і гістарычным аб’ектам. 

Рамонт вуліцы Камсамольскай – дзе шукаць новыя прыпынкі

Рамонт асфальтавага пакрыцця па вуліцы Камсамольскай у Магілёве ідзе хуткімі тэмпамі. За пару дзён практычна цалкам на вуліцы знялі стары асфальт.

Звыклыя прыпыначныя пункты “Драмтэатр” і “Каледж мастацтваў”, як і прадбачылі mogilev.media былі перанесеныя ў тры кропкі. Для ўсяго транспарту, што рухаеца з цэнтра горада ў Задняпроўе і ў бок Буйніч, новым прыпынкам стала стаянка для турыстычных аўтобусаў каля Філармоніі.

Прыпынак для маршрутак, якія едуць з Задняпроўя і Буйніч у бок цэнтра перанесены на пляцоўку каля помніка Георгію Каніскаму. Варта ўдакладніць, што тут цяпер спыняюцца практычна ўсе маршруткі, акрамя №1. Ад гэтага прыпынка далей іх шлях ляжыць праз Пажарны завулак.

Астатні транспарт, што едзе з Задняпроўя і з боку Буйніч у цэнтр – аўтобусы і маршрутка №1 – спыняюцца каля Педагагічнага каледжа па вуліцы Піянерскай.

Фота: mogilev.media