У Магілёўскім раёне адрамантуюць 2% дарог

Сталі вядомы планы па рамонту аўтадарог на тэрыторыі Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”

Тут плануецца адрамантаваць 19,058 км дарог. Гэта 2,06% ад агульнай працягласці дарог альбо 5,4% ад агульнай працягласці дарог з цвёрдым пакрыццем. Астатнія ўчасткі дарог, верагодна, знаходзяцца ў ідэальным стане.

Начальнік філіяла “Магілёўаблдарбуда” Дзмітрый Канцавы паведаміў, што яго прадпрыемства ДРБУ №128 абслугоўвае 921 км мясцовых аўтадарог, з якіх 351 км асфальтабетонных і цэментабетонных. У 2023 годзе на бягучы рамонт мясцовых раённых дарог выдзелена з рэспубліканскага бюджэту 5 814 300 рублёў, а на ўтрыманне дарог з абласнога бюджэту – 1 973 400 рублёў.

Планамі прадугледжаны рамонт участкаў дарог Завадская Слабада – Каменка – Арлянка (3,14 км), Вендараж – Бярозаўка (0,63 км), на якіх жвіровае пакрыццё будзе заменена на асфальт. Яшчэ будуць адрамантаваны 3 км дарог з жвіровым пакрыццём, дарога ў в. Сафіеўка. Усяго асфальтабетоннае пакрыццё будзе пакладзена на 16,06 км аўтадарог.

Акрамя таго, плануецца паставіць новыя прыпынкі на аўтадарозе да аг. Раманавічы, на аўтадарозе Сідаравічы – Днепр, правесці ямачны рамонт, замяніць дарожныя знакі, афарбаваць і абнавіць гарызантальную разметку дарог.

Фота мае ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц