У крамах гандлёвай сеткі “Суседзі” пачалі прадаваць знакамітыя прысмакі “Шакоціс”, занесеныя ў нацыянальны фонд літоўскай кухні.
Мучная слодыч «Шакоціс» у сетцы крам «Суседзі» – гэтай набор з шасці-сямі кавалачкаў торта, якія спакаваны ў аднаразовыя пластыкавыя кантэйнеры. Прычым выпякаюцца яны ва ўласных пякарнях гандлёвай сеткі. Адзначым, што гэта першы выпадак шырокага продажу шакоцісаў у беларускіх крамах.
Шакоцісам лічыцца традыцыйны літоўскі торт незвычайнай формы з яечнага цеста, выпечаны на адкрытым агні. У перакладзе з літоўскага “шакоціс” азначае “галіністы”, бо мучная слодыч нагадвае дрэва. Гэты незвычайны торт нават занесены ў Літоўскі нацыянальны фонд кулінарнай спадчыны.
Што цікава – аналагічная кулінарная традыцыя была зафіксавана беларускімі этнографамі і ў Заходняй Беларусі, толькі там падобны торг называюць банкуха.
12 сакавіка ў цэнтры горада на Першамайскай кіроўца Volkswagen Polo пры павароце налева каля рэстарана «Вінтаж» не саступіў дарогу сустрэчнай легкавушцы пад кіраваннем 29-гадовага магілёўца. Ад удару машына таксі вылецела на тратуар перад самым прыпынкам “Чырвоная зорка”. Відовішчнае відэа аварыі, сабранае з фрагментаў запісаў з відэарэгістратараў і камер назірання глядзіце на нашым Youtube-канале.
Відэа: https://youtu.be/xikTy61BGI8
Падчас аварыі цудам ніхто не пацярпеў, улічваючы, наколькі ажыўлены тратуар Першамайскай каля “Чырвонай зоркі”, на які вынесла машыну таксі.
Аператыўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Ленінскага РУУС Магілёва падчас агляду адной з кватэр дома па вуліцы Ленінскай выявілі каля 300 флаконаў вадкасцей да электронных парагенератараў, 50 прылад для курэння і ўпаковак з камплектуючымі да іх – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Устаноўлена, што 18-гадовы ўладальнік гаджэтаў купіў іх у адной з краін-суседак каб потым прадаць у інтэрнэце. Дакументаў на тавар у яго не аказалася, як і статусу прадпрымальніка.
Хлопцу пагражае штраф да 50 базавых велічыняў. Маёмасць на агульную суму каля 20 000 рублёў канфіскавана.
Сталі вядомы планы па рамонту аўтадарог на тэрыторыі Магілёўскага раёна – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”
Тут плануецца адрамантаваць 19,058 км дарог. Гэта 2,06% ад агульнай працягласці дарог альбо 5,4% ад агульнай працягласці дарог з цвёрдым пакрыццем. Астатнія ўчасткі дарог, верагодна, знаходзяцца ў ідэальным стане.
Начальнік філіяла “Магілёўаблдарбуда” Дзмітрый Канцавы паведаміў, што яго прадпрыемства ДРБУ №128 абслугоўвае 921 км мясцовых аўтадарог, з якіх 351 км асфальтабетонных і цэментабетонных. У 2023 годзе на бягучы рамонт мясцовых раённых дарог выдзелена з рэспубліканскага бюджэту 5 814 300 рублёў, а на ўтрыманне дарог з абласнога бюджэту – 1 973 400 рублёў.
Планамі прадугледжаны рамонт участкаў дарог Завадская Слабада – Каменка – Арлянка (3,14 км), Вендараж – Бярозаўка (0,63 км), на якіх жвіровае пакрыццё будзе заменена на асфальт. Яшчэ будуць адрамантаваны 3 км дарог з жвіровым пакрыццём, дарога ў в. Сафіеўка. Усяго асфальтабетоннае пакрыццё будзе пакладзена на 16,06 км аўтадарог.
Акрамя таго, плануецца паставіць новыя прыпынкі на аўтадарозе да аг. Раманавічы, на аўтадарозе Сідаравічы – Днепр, правесці ямачны рамонт, замяніць дарожныя знакі, афарбаваць і абнавіць гарызантальную разметку дарог.
Магілёўскае Агенцтва рэгіянальнага развіцця сумесна з Беларуска-Расійскім універсітэтам адкрываюць бясплатныя курсы ў межах IT-лабараторыі. На працягу трох месяцаў можна атрымаць базавыя веды ў галіне web-распрацоўкі, HTML і CSS – паведамляе Агенцтва на сваёй старонцы ў Facebook. Для навучання дастаткова толькі жадання, але таксама вітаецца аналітычны склад розуму. Заняткі будуць праводзіцца ў вячэрні час адзін раз на тыдзень
Таксама ІТ-лабараторыя запрашае на курсы “Інтэрнэт-тэхналогіі: JavaScript”. Тут навучанне платнае, для ўдзелу неабходна валодаць базавымі ведамі ў галіне web-распрацоўкі.
Выйшла новая серыя Youtube-праекта Правая Дубравенка, што знаёміць з адметнымі героямі сучаснай магілёўскай гісторыі. Папярэдні ролік быў прысвечаны легендарнаму гадзіннікаваму майстру Генадзю Галоўчыку. Гэтым разам у серыі “Парадоксы памяці” гісторык Яўген Балбераў сам становіцца героем сюжэта і расказвае пра самы старажытны артэфакт у Магілёве.
Пліта з гербам рода Валовічаў была выяўленая на Успенскіх могілках горада яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму. Артэфакт, які па меркаванні даследчыкаў быў створаны ў XVI стагоддзі – самы старажытны элемент сучаснай гарадской прасторы. На пліце выяўлены асабісты герб, які адпавядае гербу канцлера ВКЛ, аднаго са стваральнікаў Статута ВКЛ Астафея Валовіча.
Цяперашні стан пліты гаротны – яна паступова разбураецца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя, а калісьці можа быць страчаная назаўсёды. Гісторык Яўген Балбераў зладзіў чарговую ўборку гастарычнай каштоўнасці і падзяліўся сваімі меркаваннямі на конт унікальнага аб’екта.
У апошні месяц долар і еўра упэўнена даражэлі. Еўра сягнуў праз адзнаку ў 3 рублі, а долар узяў вышыню у 2,84. Mogilev.media прайшліся па абменніках Магілёва і даведаліся, як магілёўцы распараджаюцца сваімі вольнымі сродкамі ў беларускіх рублях і замежнай валюце.
Грамадзянам банкі цяпер прапаноўваюць такую фішку: можна зафіксаваць выгадны курс абмену валюты на 2 гадзіны з дапамогай новага сервісу Myfin.by. Курс не зменіцца за час вашага шляху ў банк.
Першымі наведалі абменнікі “Тэхнабанк” ГЦ “Грын” на Астроўскага, ГЦ “Арбат”.
Чэргі ў пункты абмену валют невялікія: 2-3 чалавекі. Чарга ідзе хутка. За 10 хвілін прайшло праз абменнікі 8 і 10 чалавек. Мянялі галоўным чынам невялікія сумы ад 20 да 50 доллараў і ад10 да 50 еўра на беларускія рублі. Адзін грамадзянін купіў 100 еўра, дзяўчына набыла 200 долараў. Абодва яны лічаць, што курс будзе падымацца, але не так моцна як год назад. Максімум для долара яны вызначылі у 3 рублі, еўра ў 3,3-3,5.
У аддзяленнях “Беларусбанка” на Астроўскага, Пажарным, Шмідта, у “БТА-Банку” і “Банк Решение” на Пажарным завулку, долары, еўра не здавалі і не куплялі ў час нашага наведвання.
Дастаткова актыўна аперацыі па куплі-продажы валюты праходзілі ў аддзяленнях “Беларусбанк” ў “кітайскай сцяне” і каля гатэля “Магілёў”, у “Тэхнабанк” у ГЦ “Атрыум”. Тут здавалі расійскія рублі, еўра, долары, набывалі долары і еўра, прычым апошнія неяк больш актыўна.
Больш маладыя нашыя грамадзяне, з якімі прыйшлося сутыкнуцца, пры набыцці валюты (расійскія рублі не ў лік) аддавалі перавагу еўра (60%), некаторыя набываюць і долары і еўра, а вось у асоб 50+ больш даверу долару (75%). Грамадзяне купляюць валюту, “каб не згубіць уласныя сродкі з прычыны інфляцыі”.
Асобы да 45 гадоў акумулюць сродкі ў валюце для будучых адпачынку, падарожжаў, набыцця аўтамабіля, бытавой тэхнікі, на вяселле.
80% асоб да 40-45 гадоў лічаць, што рост курсу валют прагназуемы і долар, і еўра
будуць далей расці, а расійскі рубель будзе падаць.
Людзі больш маладога ўзроста кажуць, што апошнім часам яны часцей набываюць валюту, чым здаюць, бо думаюць, што курсы валют будуць расці. Яны асабліва не здзівяцца летнім курсам 3,0 за долар і 3,5 за еўра, а ў канцы года – 4,0 і 5,0 рублёў.
Моладзь рост курсу валют звязваюць з сітуацыяй у свеце, з вонкавымі палітыкай і эканомікай.
Супрацоўнікі банкаў сведчаць, што з новага года і да 8 сакавіка большасць нашых грамадзян больш здавалі валюты, чым яе набывалі, што ў апошні час неяк крыху больш актыўна набываюць еўра, чым долары.
Беларускі і польскі літаратар, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
Вядомы за свой найбуйнейшы твор «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле якога на “Беларусьфільме” зняты фільм В. Туравым.
Аўтар вершаў на беларускай мове, паэм, балад, аповесцей, «Нарыса паўночнай Беларусі». Яго вершы «Дзеванька», «Гарэліца» пакладзены на музыку А. Абрамовічам.
Скончыў Полацкі езуіцкі калегіум. Падарожнічаў па наваколлях возера Нешчарда, па Беларусі, у тым ліку па Мсціслаўшчыне. Збіраў беларускі фальклор, апісваў курганы і гарадзішчы.
Выкладаў на Беларусі, у Пецярбургу. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі і Фінляндыі. Сябраваў з А. Міцкевічам, Т. Шаўчэнкам, Г. Шапялевічам.
Займаўся выданнем штогадовага альманаха «Niezabudka» (1840-1844).
Па запрашэнні польскага пісьменніка Г. Жавускага пераехаў у г. Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай, дзе таксама жыў мастак-графік Напалеон Орда. Ва Украіне збіраў матэрыялы пра археалагічныя аб’екты, падарожнічаў.
Памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Чуднаве.
У красавіку 2019 года ў Чудніве была ідэнтыфікаваная магільная пліта Я. Баршчэўскага, яна месцілася на адным з прыватных падворкаў, куды была калісьці перанесеная з разрабаваных за савецкім часам каталіцкіх могілак. На надмагіллі надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў».
У гонар пісьменніка пастаўлены помнікі на беразе возера Нешчарда, у Чуднаве.
1868 год. У в. Студзянец сённяшняга Клімавіцкага раёна нарадзіўся Панцеляймон Лепяшынскі (1868-1944).
Выхаванец магілёўскай гімназіі. Прафесійны рэвалюцыянер, доктар гістарычных навук. Паплечнік У. Леніна. Стваральнік Ліцвінавіцкай школы-камуны.
Працаваў у наркамасветы, Маскоўскім універсітэце і Камуністычнай Акадэміі, дырэктарам гістарычнага музея, Музея рэвалюцыі ў Маскве. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б).
Аўтар драм, рамана, аповесці, апавяданняў, успамінаў, навуковых прац па гісторыі, народнай асветы, пра А. Грыбаедава, М. Салтыкова-Шчадрына і іншых.
Памёр 30 верасня 1944 года.
У Беларусі існуе Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Лепяшынскага за лепшы публіцыстычны твор.
Яго імя носіць вуліца ў Магілёве. У Чэрыкаве таксама ёсць вуліца Лепяшынскага, але ў гонар его брата – Мадэста, стваральніка Леменскай школы-камуны каля Чэрыкава.
У 1986 годзе зняты мастацкі фільм «Нетерпение души» аб стварэнні Ліцвінавіцкай школы-камуны, дзе ў ролі Лепяшынскага зняўся В. Ціханаў. У аграгарадку Ліцвінавічы Кармянскага раёна працуе мемарыяльны музей П. Лепяшынскага.
1871 год. У Парыжы памёр Леанард Ходзька (1800-1871).
Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец.
Сябра таварыства філарэтаў, паплечнік А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, быў сакратаром кампазітара М. Агінскага.
З 1822 года на эміграцыі, жыў у Парыжы.
Аўтар паэм, біяграфіі Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы», выдаў зборнікі твораў А. Міцкевіча, І. Красінскага, мемуары М. Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у тым ліку «Польшча», у якой шмат матэрыялаў пра Беларусь.
Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны.
1922 год. Памёр пры загадкавых абставінах Кузьма Цярэшчанка (1888-1922).
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.
Скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. У час вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка.
Старшыня Пскоўскай беларускай рады, дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску і Усебеларускага з’езда ў Мінску, член Віленскай беларускай рады.
У 1919 годзе быў камісарам Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай тарыбы ў Беластоку, Гродне, міністр унутраных спраў БНР.
З восені 1919 года старшыня Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ўМінску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага Беларускага саюза сельскай гаспадаркі. Член Найвышэйшай Рады БНР.
Працаваў на адказных пасадах у Цэнтральным Беларускім саюзе сельскай гаспадаркі.
1932 год. Заснавана Краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг. Краснаполле».
З моманту заснавання называлася “Чырвоны сцяг”, затым – “Голас Краснапольшчыны”.
Перыядычнасць выхаду: серада, субота. За час выдання выйшла 10784 нумары.
1940 год. Падпісанне мірнага дагавору паміж СССР і Фінляндыяй. Канец савецка-фінскай вайны(30 лістапада 1939 – 12 сакавіка 1940).
Вайна фармальна не аб’яўлялася, але СССР афіцыйна разарваў дыпламатычныя адносіны з Фінляндыяй.
Прычынай для вайны быў названы інцыдэнт артылерыйскага абстрэлу тэрыторыі СССР. Праз шмат гадоў М. Хрушчоў пісаў, што гэты абстрэл быў арганізаваны савецкім камандармам 1-га рангу Р. Куліком.
Стратэгічнае становішча СССР па выніках вайны пагоршылася: быў падарваны яго міжнародны аўтарытэт, Ліга Нацый выключыла яго са сваіх членаў, Фінляндыя адышла ад палітыкі нейтралітэту і зблізілася з Германіяй.
У захопніцкай, вельмі непапулярнай у народзе вайне СССР паказаў сваю слабасць: 131 476 забітымі і згінуўшымі без весткі (страты фінаў – 22 830), 200 000 параненых, 51 000 захварэўшых. Страты 406 самалётаў супраць 62 фінскіх, 653 танкаў супраць 50 фінскіх.
За баявыя подзвігі ў савецка-фінляндскай вайне 20 беларусам і ўраджэнцам Беларусі было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, у тым ліку В. Кучараваму з Чэрыкава, І. Саламонікаву з-пад Магілёва, А. Целешаву з-пад Чавус.
1944 год. Нямецкімі захопнікамі створаны тры Азарыцкія лагеры смерці ў Даманавіцкім (зараз Калінкавіцкі) раёне ў якасці жывой заслоны на шляху наступу Чырвонай арміі.
Створаны па загаду камандзіра 9-й армііЁ. Гарпэ. У лагеры прыгналі каля 50 000 жыхароў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей БССР, Смаленскай і Арлоўскай РСФСР.
Папярэдне ў лагеры завезлі хворых на сыпны тыф, каб сарваць наступ Чырвонай арміі за кошт эпідэміі сярод вайскоўцаў.
19 сакавіка 1944 года наступаючыя часткі Чырвонай арміі знайшлі гэтыя лагеры на балотах. Подступы да іх былі замінаваныя. Ніякіх пабудоваў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лагераў не было. Зняволеныя размяшчаліся на зямлі. Ім было забаронена разводзіць вогнішчы, збіраць галлё для падсцілкі.
З трох лягераў вызвалілі 33 480 чалавек, з іх 15 960 (48 %) дзяцей да 13 гадоў і 13 072 (39 %) жанчынаў, 4 448 (13 %) старых.
У 1965 годзе на месцы лагераў узвялі мемарыяльны комплекс, у 2004 годзе ў Азарычах адчынілі Музей памяці.
2006 год. На Замкавай плошчы ў Варшаве прайшоў першы канцэрт пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю».
Праведзены напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
“Салідарныя з Беларуссю” – серыя канцэртаў, праведзеных польскай грамадскай арганізацыяй Ініцыятыва «Вольная Беларусь» у Варшаве на Замкавай плошчы. На канцэртах выступалі польскія і беларускія музыкі Л. Вольскі, Зм. Вайцюшкевіч, А. Кулінковіч, Руся і іншыя.
Другі канцэрт быў праведзены 25 сакавіка 2007, трэці – 30 сакавіка 2008 года.
1988 год. Нарадзілася Марына Літвінчук (Паўтаран).
Беларуская вяслярка на байдарцы. Трохразовая чэмпіёнка свету, шасьціразовая чэмпіёнка Еўропы, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (2012, 2016).
Чэмпіёнка Еўропы 2011 году ў гонцы-адзіночцы на 5000 м, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы.
1999 год. У блок НАТА ўступілі Чэхія, Польшча і Венгрыя.
Гэта было 4-е пашырэнне ваенна-палітычнай арганізацыі краін Паўночнай Амерыкі і Еўропы, створанай на падставе Паўночнаатлантычнага дагавора ад 4 красавіка 1949 года. І першы выпадак уступлення былых сацыялістычных краін, былых членаў Варшаўскай дамовы 1955-1991 гадоў.
У 2004 годзе да НАТА далучыліся Балгарыя, Эстонія, Латвія, Літва, Румынія, Славакія, Славенія, у 2009 годзе – Албанія, Харватыя, у 2017 – Чарнагорыя, у 2020 – Паўночная Македонія.
Перамовы аб магчымым далучэнні вядуцца з Грузіяй, Сербіяй, Босніяй і Герцэгавінай, Украінай. Імкнецца ў НАТА і Малдова.
18 мая 2022 года прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі перадалі ў штаб-кватэру НАТА афіцыйныя заяўкі на далучэнне да Альянсу.
Беларусь удзельнічае ў Савеце еўраатлантычнага партнёрства з 1992 года, у праграме «Партнёрства дзеля міру» – з 1995 года. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТА адкрыта ў 1998 годзе.
Адносіны Беларусі з НАТА застаюцца складанымі. Першае сур’ёзнае абвастрэнне адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Наступны віток супрацьстаяння адбыўся ў 2020-2021 гадах на фоне беларускіх пратэстаў, інцыдэнта з самалётам Ryanair і інструменталізацыі нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.
У сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, у Беларусі нечакана заявілі аб гатоўнасці супрацоўнічаць з НАТА.
У Міжнародны жаночы дзень, што адзначаўся на гэтым тыдні, у Клайпедзе не толькі дарылі цюльпаны і самаробныя паштоўкі мамам. Па ўсталяванай традыцыі, тут на 8 Сакавіка ўспаміналі выдатных жанчын у гісторыі Клайпеды і Клайпедскага краю.
Клайпеда сваю самую вядомую дзяўчыну – знакамітая скромніца старога Мемеля стала сімвалам Клайпеды, прайшоўшы праз амплуа музы паэта Сімона Даха.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Сімон Дах упершыню ўбачыў яе, калі яна выходзіла замуж за святара Ёхана Партацыя, і закахаўся ў чужую нявесту з першага позірку. Пра сваё нязбытнае каханне Дах напісаў верш “Анхен з Таравы”.
Аніке, як яе называюць абывацелі, перажыла трох сваіх мужоў і нарадзіла 11 дзяцей. Яе першынец Фрыдрых Партацый перакладаў Біблію і псалмы на літоўскую, і таму згадваецца як адзін з родапачынальнікаў літоўскага пісьменства.
У сваю чаргу нашчадкамі Анхен аказаўся знакаміты пісьменнік Э. Гофман і журналістка і паэтка Агнес Мігель.
Хаця са смерці Аніцы прайшло ўжо больш за 300 гадоў, памяць аб ёй жывая. У разгар летняга сезона можна пачуць, як турысты з Германіі напяваюць песню пра Аніке з Таравы, складзеную на вершы паэта і прафесара Кёнігсбергскага ўніверсітэта Сімона Даха.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
28 зваротаў са скаргамі на няякасны разгляд заявак службай 115 паступіла на “гарачую лінію” Камітэта дзяржкантроля па Магілёўскай вобласці. Праверка выявіла неналежны кантроль мясцовых органаў улады за выкананнем заявак, няякасны разгляд выканаўцамі ЖКГ заявак і неабгрунтаванае зняцце іх з кантролю, неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на ўтрыманне службы 115. Праца службы таксама аказалася стратнай для бюджэта. Яшчэ 55 такіх зваротаў з вобласці паступіла падчас правядзення Камітэтам дзяржкантроля аналагічнай прамой лініі па ўсёй Беларусі.