На агракамбінаце “Усход” парушалі правы працоўных. Яны не страйкавалі, а напісалі ананімку

Работнікі магілёўскага «Агракамбіната «Усход» дагрукаліся да “вярхоў” з дапамогай калектыўнай ананімнай скаргі на свайго наймальніка – апавядае mogilev.1prof.by.

Работнікі агракамбіната скардзіліся, што кіраўніцтва беспадстаўна звальняе, ігнаруе прававыя нормы пры пераводзе на іншыя пасады і незаконна пазбаўляе людзей стымулюючых выплат, парушае правілы ўнутранага працоўнага распарадку, калектыўнага дагавора, палажэнняў аб аплаце працы, Працоўны кодэкс.

Аказалася, са снежня 2022 года ад халатнасці і некампетэнтнасці наймальніка, на агракамбінаце пацярпела шмат падначаленых.

Прыціскалі правы не толькі шараговых работнікаў, але і намесніка дырэктара, галоўнага бухгалтара, якім былі “зрэзаны” надбаўкі за складанасць і напружанасць працы.

З парушэнямі заканадаўства працоўныя адклікаліся з працоўнага адпачынку, прыцягваліся да працы ў выходныя, святочныя дні, да звыштэрміновай працы, звальняліся быццам бы па вытворчай неабходнасці. Але пра такую “неабходнасць” працоўныя не ведалі, з загадамі не былі азнаёмленыя.

Да таго ж, пры ўскладанні абавязкаў работнікаў пэўнай кваліфікацыі на работнікаў іншай кваліфікацыі ў розных падраздзяленнях агракамбіната нідзе не абазначаны прычыны, з-за якіх павінна выконвацца дадзенае даручэнне начальства.

Фота ілюстрацыйнае

Дзясяткі работнікў сельскіх гаспадарак Слаўгарадскага раёна прыцягнуты да адказнасці

У Слаўгарадскім раёне 61 работнік аграпрамысловага комплекса пакараны за халатныя адносіны да сваіх абавязкаў, крадзеж  – паведамляе “Прысожскі Край”.

Па выніках сямі пракуратурорскіх праверак сельскагаспадарчых арганізацый раёна ўнесена 9 прадстаўленняў, вынесена 20 прадпісанняў, 31 асоба прыцягнута да дысцыплінарнай, 5 – да адміністрацыйнай, 25 – да матэрыяльнай адказнасці.

Работнікі працягваюць парушаць працоўную, тэхналагічную дысцыпліну, правілы ўтрымання жывёлы, ветэрынарнага дабрабыту, вытворчасці прадукцыі, крадуць жывёлу. Страты ад крадзяжу ў ААТ “Слаўгарадрайаграпрамтэхніка” і КСУП “Заранскі”  складаюць 6 418,65 рублёў.

Пракурор раёна А. Пухоўскі лічыць, што неабходна прыняць у 2023 годзе “у раёне дадатковыя арганізацыйна-практычныя меры па забеспячэнні законнасці і правапарадку”. Але відавочна, што такі стан спраў захаваецца на дзяржаўных фермах і надалей, будуць новыя “абасраныя” каровы, новыя крадзяжы паліва, кармоў, малака, жывёл, пакуль не будзе прыватнай маёмасці і асабістай зацікаўленнасці сялян у выніках сваёй працы.

Фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар