140 валанцёраў з Клайпеды, карэнныя літоўцы і бежанцы-украінцы, дапамагаюць Украіне, што змагаецца з расійскай агрэсіяй. Яны ткуць маскіровачныя сеткі і шыюць з рэштак тканін пасцельную бялізну для ўкраінскіх бальніц – паведамляе atviraklaipeda.
Усе валанцёры працуюць на грамадскіх пачатках, у свой вольны час, без ніякага ўласнага бюджэту, толькі за кошт дабрачыннасці і з выкарыстаннем абрэзкаў тканіны аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў. Ва Украіну ўжо адпраўлены 35 маскіровачных сетак, больш за 500 пашытых камплектаў пасцельнай бялізны.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
– Мы выкарыстоўваем вольны час, вольныя рукі і вольныя сэрцы валанцёраў – кажа кіраўнік валанцёраў, супрацоўнік суднарамонтнай кампаніі і былы дырэктар Міжнароднай украінскай школы ў Клайпедзе Я. Краўчанка.
Валанцёры працуюць нягледзячы на шматлікія праблемы, каб толькі паспрыяць перамозе Украіны. Напрыклад, яны не маюць свайго памяшкання пад працу. Да гэтага часу ім бясплатна выдзяляў вольнае месца адзін з гатэляў, цяпер наступіў турыстычны сезон і месца страчана.
Зараз валанцёры шукаюць новы прытулак, новае памяшкане ў 100-200 квадратных метраў, бо трэба недзе арганізаваць рабочыя месцы, устанавіць рамкі для пляцення сетак і падораныя бізнэсмэнамі чатыры швейныя машынкі, каб выконваць шматлікія заказы з Украіны на іх прадукцыю.
Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.
27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.
Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
На фота: Я.Краўчанка на цырымоніі адкрыцця Міжнароднай украінскай школы. Фота Пальміры Март.
Міжнародны дзень цыган. Зацверджаны Першым Сусветным кангрэсам цыган (8 красавіка 1971, Лондан, прысутнічалі дэлегаты з 30 краін).
У гэты дзень у многіх краінах праводзяцца Міжнародныя цыганскія фестывалі, ладзяцца фотавыставы, кінапаказы, працуюць спецыяльныя класы па тэатральным мастацтве, спевах і танцах, праходзяць канцэрты.
Цыганы не маюць сваёй дзяржавы, але маюць свой сцяг – двукалёр па гарызанталі; сіняе (неба) поле зверху, зялёнае (зямля) – знізу, на іх фоне – чырвонае кола, якое ўвасабляе качавы лад жыцця.
Першая ўзгадка пра цыганоў на Беларусі датаваная 1501 годам, калі цыганскі важак Васіль з Міра атрымаў ахоўную грамату ад літоўскага князя Аляксандра Ягелончыка.
Цыгане – гэта 80 этнічных груп. Жывуць яны па ўсім свеце. Іх каля 18 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў краінах ЕС ад 10 да 12 мільёнаў.
Згодна з перапісам 2019 года, у Беларусі жыве каля 7 000 цыган (у 1989 годзе – 10 800) – беларуска рома (мінчаны, віцебшчукі, ліпенцы, халадорэ і інш.), бежанцытка рома, халадытка рома, польска рома (бернікі, курсакі, удзейкі), літоўска рома (бучкі, флюкі), лотфітка рома, сэрвы, кэлдэлары, цыгане-мусульмане – люлі (мугат).
У Віцебскім і Жлобінскім раёнах да вайны нават існавалі цыганскія калгасы. У Магілёўскай вобласці цыганы кампактна жывуць ў бабруйскай Цітоўцы, магілёўскіх Грабянёва і Чапаеўцы.
Ураджэнец Віцебска цыган Вальдэмар Калінін – вядомы ў свеце пісьменнік, паэт, аўтар першага поўнага пераклада Бібліі на цыганскую мову.
Цыганскія карані маюць Пабла Пікасо, Элвіс Прэслі, Чарлі Чаплін, Роні Вуд, Галіна Вішнеўская, Ганна Нятрэбка, Філіп Кіркораў, Златан Ібрагімавіч.
Дзень арханёла Гаўрыіла-Дабравесніка. Сабор Арханёла Гаўрыіла.
У народзе яго так ахрысцілі за тое, што ён не раз з’яўляўся да людзей з добрымі весткамі.
Сабор – “сход”. Людзі збіраюцца разам і славяць Арханёла Гаўрыіла, яго імя азначае “крэпасць Божая”.
Гаўрыіл натхняў сваёй прысутнасцю прарока Майсея, калі той пісаў Быццё, адкрыў будучыню іудзейскага народа прароку Данілу, паўстаў перад святой Ганнай і расказаў, што тая народзіць дачку Марыю, і стане Марыя маці Ісуса Збавіцеля.
З таго моманту, як Марыя ўвайшла ў храм Ерусаліма, ён неадступна знаходзіўся побач з ёй усё яе зямное жыццё. Арханёл Гаўрыіл распавёў святару Захара аб нараджэнні Іаана – Хрысціцеля Гасподняга.
Гаўрыіл падтрымліваў Ісуса, калі той маліўся ў садзе Гефсімана перад пакутамі. Ён жа абвясьціў жанчын аб Уваскрашэнні Хрыстовым, і тыя прыйшлі памазаць Яго цела мірам.
1891 год. Нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі (1891–1959).
Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог, архітэктар. Аўтар эскіза сучаснага бел-чырвона-белага сцяга.
У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.
Працаваў у Белнацкаме,у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.
Эміграваў у Літоўскую рэспубліку, дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак». Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскімлацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.
Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.
У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.
У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе,Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.
Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.
1921 год.У.Ленін даў загад аказаць дапамогу па ўдасканаленню вынаходніцтва ў галіне радыё і тэлебачання Міхаілу Бонч-Бруевічу (1888–1940).
Міхаіл Бонч-Бруевіч – рускі і савецкі радыётэхнік, заснавальнік расійскай радыёлямпавай прамысловасці. Член-карэспандэнт АН СССР, прафесар Маскоўскага вышэйшага тэхнічнага вучылішча, Ленінградскага інстытута інжынераў сувязі, доктар тэхнічных навук. Унёс значны ўклад у развіццё радыёфізікі. Аўтар падручнікаў, навуковых прац, а таксама каля 60 патэнтаў на вынаходніцтвы ў галіне радыётэхнікі.
Выхадзец з шырокага і вядомага на паўднёвым захадзе Расійскай імперыі дваранскага роду Бруевічаў, выхадцаў са шляхецтва Рэчы Паспалітай, заснавальнікам якога лічыцца У. Бруевіч, які валодаў з 1561 года сялом Саматэвічы (цяпер Касцюковіцкі раён).
1946 год. У Жэневе прайшло апошняе паседжанне Лігі Нацыяў – “маці” ААН.
Ліга Нацый была заснавана ў выніку Версальскага пагаднення ў 1919–1920 гадах як аснова Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. У 1934–1935 гадах у Лігу Нацый ўваходзіла 58 дзяржаў-удзельнікаў. Мэты Лігі Нацый ўключалі ў сябе: раззбраенне, прадухіленне ваенных дзеянняў, забеспячэнне калектыўнай бяспекі, урэгуляванне спрэчак паміж краінамі шляхам дыпламатычных перамоў, а таксама паляпшэнне якасці жыцця на планеце.
Афіцыйнымі мовамі Лігі Нацый былі французская, англійская і іспанская
14 снежня 1939 года СССР быў выключаны з Лігі Нацый за напад на Фінляндыю.
1949 год. Памёр Фёдар Дамінікоўскі (1905–1949).
Беларускі глебазнавец, гісторык, географ, геолаг, даследчык фасфатавых радовішчаў Магілёўскай вобласці, папулярызатар геаграфіі.Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Скончыў Варонежскі ўніверсітэт, у якім быў сакратаром беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варонежы. Працаваў у Беларускім доследым інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі, ва Усесаюзным інстытуце сельскай гаспадаркі ў Саратаве, маскоўскім Інстытуце паўночнай збожжавай гаспадаркі, загадчыкам кафедры геалогіі і глебазнаўства БДУ (з 1943), вучоным сакратаром Савета ўніверсітэта. Даследчык гісторыі навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945–1947), вялікай колькасці артыкулаў для часопіса “Беларусь”.
1956 год. Адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. Другое адкрыццё.
Тэатр быў створаны ў Мінску ў 1931 годзе М. Кавязіным. Спыніў сваё існаванне ў 1941 годзе.
Займае будынак 1936–1937 гадоў пабудовы, які быў адноўлены ў 1952–1954 гадах.
Комплексу Тэатра юнага гледача і Палаца піянераў і школьнікаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння.
У 2011–2015 гадах будынак быў на рэканструкцыі.
Рэпертуар тэатра складаецца з пастановак для дзяцей і падлеткаў.
1959 год. У Парыжы памёр Леан Уладзіслаў Радзівіл (1888–1959).
Вайсковец, мецэнат, апошні ардынат нясвіжскі, ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польшчы. Ахвяра рэпрэсій.
Служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку, у генштабе рускай арміі, у тым ліку пры Стаўцы ў Магілёве.
У польскай арміі служыў у выведвальным аддзеле Генеральнага штаба. У 1935 годзе стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам, пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся замкам, заснаваў агурочны завод.
За некалькі дзён да захопу Чырвонай Арміяй Нясвіжу, у верасні 1939 года вывез і схаваў значныя каштоўнасці нясвіжскага замка.
Быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў турмах Мінска, Масквы. Быў абмяняны на вязняў рэжыму Мусаліні і пераехаў у Італію, потым Вялікабрытанію, у Парыж.
Яго ўнучка Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах і ўздымала пытанне аб перапахаванні Леана ў радавой спачывальні.
1966 год. Генеральным сакратаром ЦК КПСС абраны Леанід Брэжнеў (1906–1982).
Кіраўнік СССР (1964–1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966–1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960–1964, 1977–1982). Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы. Маршал.
Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).
Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна), наведваў Оршу, Талачын, Шклоў, Друцк, Смальяны, Стараселле.
1991 год. Камісія Вярхоўнага Савета РСФСР зацвердзіла вяртанне да трыкалёра ў якасці дзяржаўнага сцяга.
Трыкалёр быў адменены ў 1918 годзе.
Сцяг у Расіі аднавілі нягледзячы на тое, што яго выкарыстоўвалі калабаранты ў 1941–1945 гадах. Не менш за 400 000 рускіх служылі ў фашыстаў, ад 80 000 да 135 000 казакоў служылі у Вафен-СС, паліцыі. Вядомы 15-ы казачы кавалерыйскі корпус СС, некалькі рускіх дывізій СС, брыгады СС “Дружына”, 1-я гвардзейская Руская Вызвольная армія, Руская Вызвольная Армія Вермахта (12 корпусаў, 13 дывізій, 30 брыгад), Руская Вызвольная Народная Армія, Руская Нацыянальная Народная Армія, Руская Нацыянальная Армія, авіяцыйны корпус і іншыя.
2011 год. У ЗША Памёр Станіслаў Галактыёнаў (1937–2011).
Беларускі савецкі і амерыканскі навуковец, адзін з заснавальнікаў малекулярнага мадэлявання. Доктар біялагічных навук.
Скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут, аспірантуру Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.
Працаваў у Інстытуце арганічнага сінтэзу АН Латвійскай ССР, інстытуце біялогіі АН БССР (да 1991), у Цэнтры малекулярнага дызайну Вашынгтонскага ўніверсітэта, дзе стаў міжнародна вядомым. Займаўся малекулярнай біялогіяй. Адзін з заснавальнікаў малекулярнага мадэлявання.
Аўтар больш сотні навуковых прац, якія перакладзены на еўрапейскія мовы.
Скончыў БДУ. Працаваў дацэнтам кафедры эксперыментальнай фізікі і фізічнай электронікі БДУ, намеснікам дэкана фізічнага факультэта, вядучым навукоўцам радыёфізічнага аддзялення, першымдэканамфакультэта радыёфізікі і электронікі БДУ. Займаўся даследаваннямі плазмавай тэматыкі.
2022 год. З тэрыторыі ДНР нанесены ракетны ўдар па чыгуначным вакзале ва ўкраінскім Краматорску.
Загінулі 52 чалавекі, у тым ліку 5 дзяцей, паранена больш за 100 чалавек. Адна ракета патрапіла ў часовую залу чакання на вакзале, калі на ім знаходзілася каля 4 000 чалавек, якія чакалі эвакуацыі, другая ракета не разарвалася – на ёй быў надпіс “За детей”.
Краматорск з 12 красавіка па 5 ліпеня 2014 года быў захоплены сепаратыстамі ДНР, потым вызвалены. У кастрычніку 2014 года у Краматорск пераехала украінская Данецкая абласная ваенна-грамадзянская адміністрацыя. Краматорск стаў адміністрацыйным цэнтрам Данецкай вобласці.
Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці за грубейшыя парушэнні заканадаўства прыпынена работа гандлёвага аб’екта сеткі «Марцін»
Як паведамляе БелТА, камітэтам дзяржкантролю былі выяўлена рэалізацыя пратэрмінаваных тавараў, у тым ліку кулінарнай прадукцыі ўласнай вытворчасці больш чым на 120 беларускіх рублёў. Акрамя таго, у продажы знаходзіліся падгнілыя таматы і звыш 30 найменняў тавараў без маркіроўкі. У спісе такіх прадуктаў – каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, рыбная прадукцыя і замарожаная гародніна.
У гэтым жа гандлёвым аб’екце прадстаўнікі дзяржкантролю знайшлі парушэнні заканадаўства аб маркіроўцы ўніфікаванымі кантрольнымі знакамі, парадку распрацоўкі пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы. У дадатак крама завышала кошты на паўфабрыкаты з мяса птушкі.
Нават у краінах Еўрасаюза беларусам цалкам дасягальная нерухомасць на марскім узбярэжжы. Напярэдадні курортнага сезона, mogilev.media падабралі некалькі варыянтаў, дзе жыхары рэгіёна могуць дазволіць сабе кватэру па тых жа коштах, што і ў Магілёве.
Па сярэдніх коштах на квадратны метр жылой плошчы Беларусь займае 68 радок у сусветным рэйтынгу нерухомасці. Побач з нашай краінай апынуліся такія еўрапейскія дзяржавы, што маюць выхад да мора, як Албанія, Балгарыя і Боснія і Герцэгавіна. Значна ніжэй у рэйтынгу Грузія і Азербайджан, хоць за апошні год тут назіраецца значны рост коштаў на нерухомасць, але ён не вельмі крытычны.
Мы выбралі для разгляду і параўнання з магілёўскімі коштамі менавіта гэтыя краіны, таму што яны камфортныя не толькі па цэнавых дыяпазонах, але і па дасягальнасці. Калі ж для вас адлегласць не праблема, то раім прыглядзецца да такіх краін, як Эквадор, Трынідад і Табага, Мексіка – усе яны дэманструюць нізкія кошты на жыллё і адначасова маюць высокі рэйтынг па Індэксе чалавечага развіцця.
Албанія
Краіна з высокім узроўнем сацыяльнага развіцця і адначасова ў гэтую дзяржаву беларусам не патрабуецца віза пры ўмове знаходжання ў Албаніі тэрмінам да 30 дзён і не больш за 90 дзён у год.
Улічваючы, што кошт на стандартнае жыллё ў Магілёве – за аснову бярэм двушку ў спальным раёне – складаюць 30 000 – 35 000 долараў, будзем шукаць адпаведныя варыянты з відам на мора.
Двухпакаёўку за 35 000 – 36 000 долараў вы зможаце знайсці ў прыморскім горадзе Дурэс – другім па велічыні і найбольш прыцягальным па архітэктурных каштоўнасцях у Албаніі. Вось, напрыклад, двухпакаёўка за 33 тысячы еўра (35 000$), а вось за 34 тысячы (амаль 37 000$). Адна агаворка – яны знаходзяцца недалёка ад марскога ўзбярэжжа, у некалькіх хвілінах, але гэта ўсё ж не першая лінія.
Самая танная кватэра з відам на мора пацягне на 38 500 еўра (больш за 41 000$), і гэта таксама двушка.
Амаль што ў такую самую цэну прадаецца таксама аднапакаёўка з вось такім пейзажам за вакном.
Балгарыя
Самыя танныя двушкі з відам на мора ў Балгарыі пацягнулі на 44 500 і 46 000 еўра (гэта пад 50 000$) – вось і вось.
А вось па коштах, вельмі блізкіх да магілёўскіх, можна дазволіць сабе вось такую кватэру-студыю ў горадзе Ахелой альбо такую ў горадзе Сазаполь. Абедзьве па 29 900 еўра – гэта крыху больш за 32 000 долараў.
Але варта ўлічваць, што для наведвання Балгарыі беларусам патрабуецца віза.
Боснія і Герцэгавіна
Пры адносна невысокім сярэднім кошце на квадратны метра жылля ў Босніі і Герцэгавіне (1 466$ за метр у параўнанні з беларускімі 1 509$) набыць кватэру з відам на мора будзе вялікай праблемай. У краіне ўсяго адзін горад размешчаны на марскім узбярэжжы, гэта Неум, і кошты тут у разы адрозніваюцца ад сярэдніх па краіне. Нам удалося знайсці толькі аб’яву пра продаж васьмікватэрнага дома з відам на мора за 243 тысячы еўра, але з абвесткі вынікае, што гэта кошт усяго дома, і тады сярэдняя цана за кватэру набліжаецца да камфортных 30 000, але ж наўрадці кватэры ў гэтым доме прадаюцца паштучна. Адзначым, што ў суседняй Харватыі, якая выцягнулася здоўж марскога ўзбярэжжа, кошты на жыллё нашмат вышэйшыя.
Грузія
Від на мора і на горы адкрываецца з вось такога жылога комплекса ў Батумі пры цане за двухпакаёвыя кватэры за 16 500 еўра альбо крыху менша за 20 000. А гэта прыкладна на 10 000$ – 15 000$ менш за кошт кватэры ў Магілёве.
Але варта ўлічваць, што грузінскі вектар пачалі выбіраць многія расіяне і беларусы пасля рэпрэсій у нашай краіне пачынаючы з 2020 года і пасля нападу Расіі на Украіну. Пагэтаму аналітыкі назіраюць тут рост коштаў на жыллё за мінулы год на 14,3%, а бягучым прадказваюць рост у 18%. Але і пры такіх характарыстыках кошт кватэры на беразе мора ў Грузіі не толькі суадносны з банальнай магілёўскай двухпакаёўкай а нашмат меншы.
Азербайджан
Кавалачак мора можна будзе разглядзець з балкона вось гэтай двухпакаёўкі ў Баку за 53 000 азербайджанскіх маната што адпавядае крыху больш чым 31 тысячы долараў ЗША. Гэта самая танная прапанова, знойдзеная ў аб’явах па гэтай краіне з умовай наяўнасці віду на мора.
А вось такі від адкрываецца з вакон апартаментаў у Баку памерамі ў 70 квадратных метраў і коштам 80 000 еўра. Адпаведна, у вызначаным гэтымі двума пазіцыямі дыяпазоне магілёўцы могуць разлічваць на курортнае жытло ў Азербайджане.
Магілёвец залез праз дах у чужы гараж і скраў у пенсіянера рэчы на 1100 рублёў.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Ленінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёва Алена Сіманава, у міліцыю звярнуўся 87-гадовы мужчына, які расказаў, што ў яго з гаража быў выкрадзены паўпрычэп, касілка, а таксама сокавыціскалка і металічная бочка на агульную суму каля 1100 рублёў.
Следчыя высветлілі, што чужую маёмасць краў 20-гадовы хлопец, які нідзе не працуе. Больш за тое, раней ён ужо быў судзімы за крадзяжы.
Праходзячы міма гаражнага масіва, малады чалавек звярнуў увагу на пашкоджаны дах у адным з чужых памяшканняў. Злачынца праз дах забраўся ўнутр гаража, незаўважна вынес адтуль каштоўную маёмасць, якую пасля перапрадаў на метал, а грошы патраціў на асабістыя патрэбы.
У дачыненні да фігуранта злачынства распачата крымінальная справа.
8 красавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці пройдзе Другі міжнародны харэаграфічны конкурс “Танцавальная карусель”.
У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 50 канкурсантаў з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама з Санкт-Пецярбурга, Смаленска і Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Яны прадэманструюць сваё майстэрства ў 5 намінацыях: народна-сцэнічны танец, народна-стылізаваны танец, эстрадны танец, сучасная харэаграфія, класічны танец – піша БелТА.
Сусветны дзень здароўя (World Health Day, з 1950 года).
Устаноўлены ў гонар стварэння ў 1948 годзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У арганізацыю ўваходзіць 191 дзяржава свету.
Сусветная арганізацыя створана на падставе прынцыпу, які заключаецца ў тым, што ўсе людзі павінны мець магчымасць для рэалізацыі свайго права на валоданне найвышэйшым дасягальным узроўнем здароўя. І была пераемніцай Міжнароднага бюро грамадскай гігіены (1907 год).
Здароўе – гэта самае каштоўнае, што мае чалавек у жыцці. Каб нагадаць аб гэтым грамадскасці і прыцягнуць увагу да самых актуальных праблем і праходзіць святкаванне дня здароўя ва ўсім свеце.
Дабравешчанне, Благавешчанне або Звеставанне.
Праваслаўныя вернікі адзначаюць Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы.У гэты дзень пасланец Бога Архангел Гаўрыіл абвясціў Дзеве Марыі, што яна атрымала Боскую ласку і народзіць Сына Божага.
У католікаў і пратэстантаў святкуецца 25 сакавіка. У праваслаўі ўваходзіць у лік дванадзясятых святаў.
1348 год. Імператар Святой Рымскай імперыі Карл IV заснаваў у Празе першы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе ўніверсітэт.
Прадметы выкладаюцца на чэшскай і англійскай мовах. Ва ўніверсітэце вучацца больш за 47 000 студэнтаў з усяго свету.
Найбольшую папулярнасць ў Карлавым універсітэце маюць медыцынскі (8 000 студэнтаў), філасофскі (6 500) і юрыдычны (4 000) факультэты. Акрамя іх працуюць факультэты – фармацэўтычны, фізіка-матэматычны, педагагічны, сацыяльных навук (эканоміка, менеджмент, журналістыка, дызайн, міжнародныя адносіны), прыродазнаўчы, фізічнай культуры і спорту, гуманітарных навук.
У міжваенны перыяд (1918–1939) нешматлікія ў агульнай масе беларускай эміграцыі студэнты-гуманітарыі вучыліся на філасофскім факультэце ўніверсітэта. Яго скончылі з атрыманнем дыплома доктара філософіі 8 беларусаў: І. Дварчанін, Я.Станкевіч, Т. Грыб, М. Ільяшэвіч, Л. Вернікоўская, М. Чарнецкі, Л. Краскоўская, Ф. Грышкевіч. Скончылі ўніверсітэт і беларускія дзеячы М. Абрамчык, П. Бакач, Я. Геніюш, А. Клімовіч, А. Орса.
1860 год. Памёр Караль Падчашынскі (1790–1860).
Архітэктар, прадстаўнік класіцызму, прафесар Віленскага ўніверсітэта.
Аўтар рэканструкцыі касцёла Святых Янаў у Вільні, праектаў палацаў у Яшунах, Тускуленах, Жылічах, будынкаў гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім і Свіслачы, вучылішчаў у Бабруйску, Невелі, Мазыры і іншых.
Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелічна-рэфармацкая царква ў Вільні.
Аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі», артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.
Памёр 7 красавіка 1860 года.
1897 год. Нарадзіўся Юрый Лістапад.
Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.
Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.
Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933.
Расстраляны НКУС 5 ліпеня 1938 года у Байкала-Амурскім канцлагеры.
1918 год.УМагілёве на Каталіцкіх могілках адбылося перапахаванне эксгумаваных цел ксяндза Святаполк-Мірскага (1876–1918) і двух польскіх афіцэраў, якія былі расстраляны бальшавікамі 28 лютага.
Ксёндз Яўген паходзіць з дваран Святаполк-Мірскіх. У 1896 годзе пасвечаны ў святара магілёўскім біскупам Ф. Сымонам. Служыў святаром у Табольску, Краснаярску, Пецярбургу. У 1912–1918 гадах быў пробашчам кафедральнага сабора і дэканам у Магілёве. 8 лютага 1918 года арыштаваны бальшавікамі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання, 28 лютага прыгавораны да расстрэла.
Падчас вынясення прысуду прыхаджане, якія прысутнічалі пры гэтым, паднялі шум і паспрабавалі сілай адбіць святара, у выніку адкрытага салдатамі агню было паранена і забіта некалькі вернікаў. У той жа дзень святара і яшчэ двух асуджаных вывезлі за горад і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі, па ўспамінах відавочцаў у святара пад катаваннямі патрабавалі адрачэння ад каталіцкай веры, на што ён адказваў: “Цела можаце забіць, але душы не заб’яце”.
На наступны дзень цела святара было знойдзена з пяццю агнястрэльнымі і чатырма нажавымі ранамі, разбітай галавой і зламанымі рукамі. Улады забаранілі праводзіць адпяванне, дазволіўшы толькі пахаваць цела на месцы расстрэлу.
Пасля прыходу ў горад польскіх войскаў генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага цела святара было эксгумавана і з ушанаваннямі пахавана на мясцовых каталіцкіх могілках.
1926 год. Прынята пастанова аб увядзенні ў БССР абавязковай пачатковай адукацыі.
Да гэтага, у 1922 годзе былі ўведзены пачатковая чатырохгодка і школа-сямігодка. Ужо ў 1931/1932 навучальным годзе 98 % дзяцей ва ўзросце 8-11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем. За 4 гады пачатковай школы вывучаўся увесь спектр прадметаў, у тым ліку сусветная гісторыя, эканамічная геаграфія замежных краін.
1927 год. Нарадзіўся Валерый Міронаў (1927–2008).
Беларускі артыст балета, педагог. Народны артыст.
Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. Служыў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выкладаў у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.
Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамантычнай накіраванасцю. Мастацтва Міронава вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутранага свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца.
У нацыянальных балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В. Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г. Вагнера).
Да найбольш значных творчых дасягненняў артыста належаць партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А. Хачатурана) і іншыя.
1947 год. Нарадзіўся Валерый Славук.
Беларускі мастак, педагог, прафесар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.
Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Шырока вядомыя яго ілюстрацыі да беларускіх народных казак «Удовін сын», «Піліпка-сынок», «Алёнка», да кніг «Айвенга» В. Скота, «Чорны млын» Ю. Брэзана, «Шляхціц Завальня» Я. Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» У. Караткевіча, да кнігі «Чароўны свет» і мноства іншых. Вялікую папулярнасць набылі ілюстрацыі В. Славука да двухтамомнага энцыклапедычнага выдання «Беларускі фальклор». Сярод станковых работ: «Казкі летняга дня», «Пасля навальніцы», «Збор ягад», «На выпасе».
1973 год. Памёр Язэп (Восіп) Дыла (1880–1973).
Беларускі пісьменнік і культурны дзеяч.
Вучыўся у Слуцкай гімназіі, сябраваў з Альгердам Абуховічам. Выключаны з Юр’еўскага ветінстытута за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.
Працаваў у газеце «Северо-Западный край» (Мінск), у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У снежні 1917 удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе.
Быў камісарам працы ў Часовым урадзе БССР, на розных кіраўнічых пасадах у Мінску, членам ЦВК БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва, дырэктарам тэатра імя Янкі Купалы, намеснікам загадчыка Белдзяржкіно, інспектарам наркамата асветы. Правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацаваў статут Інбелкульта.
Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1938 гадах, высылаўся на Урал, на Волгу.
Аўтар апавяданняў, гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі», аповесцей, п’ес, публіцыстычных артыкулаў, мемуараў, успамінаў пра Цішку Гартнага, Я. Райніса.
Даследваў узнікненне беларускага тэатра, вступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў – «Кастусь Каліноўскі» (1928).
Памёр у Саратаве.
1983 год. Памерла Ларыса Геніюш (Міклашэвіч, 1910–1983).
Беларуская паэтэса, грамадскі дзеяч беларускага адраджэння.
Працавала Генеральным сакратаром ураду БНР.
Была рэпрэсавана і ўтрымліваліся ў савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве, нягледзячы на нагляд КДБ, прыцягваў літаратараў, мастакоў, навукоўцаў.
Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў пра ГУЛАГ. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, яна апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські», «Добрай раніцы, Алесь». Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.
Яе вершы меладычныя, прасякнуты фальклорнымі ўплывамі. На яе вершы напісаны песні.
У яе гонар у 2003 годзе пастаўлены помнік пры Зэльвенскай царкве Святой Жываначальнай Тройцы, але ён знік 30 сакавіка 2023 года.
2010 год. Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манеты «Грунвальдская бітва. 600 год» па прапанове Таварыства беларускай мовы (зачынена ў 2021 годзе).
Ліст у рэдакцыю – “Абаронцаў мовы, культуры, традыцый ужо амаль няма. Іх прыціскнулі, выціснулі, знішчылі”. Mogilev.media дзеліцца разважаннямі аднаго з чытачоў рэсурса.
“Беларускія культурная самабытнасць, нацыянальная ідэнтычнасць атрымліваюць удар за ўдарам ад прыхільнікаў рускага свету пры абыякавасці большасці насельніцтва, іх маўчання. – дзеліцца сваімі роспачнымі разважаннямі чытач mogilev.media – Выцясненне беларушчыны на Беларусі – адзін з сучасных горкіх трэндаў. Змагароў, абаронцаў мовы, культуры, традыцый ужо амаль няма. Іх прыціскнулі, выціснулі, знішчылі. А калі нехта і застаўся, то перавёў сваю дзейнасць у плоскасць фальклору і этнаграфіі.
Цяпер беларускія аб’екты засталіся без напісання традыцыйнай беларускай лацінкай. Бяда. Яшчэ большая бяда ў тым, што значна паменела беларускіх інфармацыйных шыльдаў, указальнікаў.
У Магілёве пры замене старых інфармацыйных шыльдаў на прыпынках грамадскага транспарту на новыя, прайшло і выцясненне з іх беларускай мовы. Цяпер усе яны – толькі рускамоўныя. Паўсюдна па горадзе надпісы “Могилев – мой город”. Рускамоўныя прыватызавалі беларускі Магілёў. Нешта не заўважана і славутае беларускае двумоўе, якое гарантуецца Канстытуцыяй.”
Інфармацыйныя шыльды, якія былі на гарадскіх прыпынках
Новыя інфармацыйныя шыльды.
Чытач абураецца – дзе ў Магілёве знайсці белараскамоўныя асяродкі? Ці засталіся яны?
У Магілёўскай вобласці актывізаваліся кляшчы: да медыкаў звярнуліся больш за 50 пацярпелых, больш за ўсе ў Магілёве і Магілёўскім раёне – паведаміў загадчык аддзела эпідэміялогіі Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Максім Саковіч.
Адзіночныя выпадкі ўкусаў кляшчоў пачалі рэгістравацца ўжо з пачатку сакавіка. Штодня пацярпелых становіцца ўсё больш. На пачатак красавіка па дапамогу медыкаў ужо звярнуліся больш за 50 чалавек у Бабруйскім, Быхаўскіма, Касцюковіцкім, Круглянскім, Слаўгарадскім раёнах. Больш за ўсё – у Магілёве і Магілёўскім раёне.
Як падкрэсліў Максім Саковіч, у Магілёўскай вобласці рэгіструецца рост захворвання на лайм-барэліёз – гэта каля 300 новых выпадкаў штогод. Усяго рэгіструецца каля 4 000 выпадкаў укусаў кляшчэй. “І 99% хворых – гэта пацыенты, якіх укусіў клешч, але да медыкаў па дапамогу яны не звярталіся і курсу антыбактэрыйнай прафілактыкі не праходзілі”.
На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць павышэнне сярэднесутачных тэмператур – ноччу +5 +8°С, днём – ад +11°С да +15°С. Будзе пераважаць пахмурнае, месцами з праясненнямі і з ападкамі ў некаторых месцах надвор’е.
З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 9 хвілін з 13 гадзін і 25 хвілін 7 красавіка, на Дабравешчанне, да 13 гадзін 34 хвілін на каталіцкі Вялікдзень 9 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 6:31, зойдзе а 19:37.
Сінаптычны прагноз надвор’я на Дабравешчанне і каталіцкі Вялікдзень, праваслаўную Вербную Нядзелю наступны. 7 красавіка, пятніца, раніцай да +6 +8°С, удзень да +12 +14 °С, увечары да +7°С. Цэлы дзень воблачна, месцамі з праясненнямі. Вецер на працягу сутак усходні, хуткасцю да 3-6 м/с. Поўня на небе.
Суботняе, 8 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, з магчымымі праясненнямі. Раніцой тэмпература можа дасягнуць паказчыкаў +7 +11°С, днём вырасце да +12 +15°С, у ноч на нядзелю +6 +9°С.
У нядзелю, на каталіцкі Вялікдзень, 9 красавіка, раніцай тэрмометры пакажуць +6 +8°С, удзень +11 +14°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя вятры хуткасцю да 2-3 м/с. Пахмурна, дажджы.
Ранак панядзелка 10 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, месцамі з дажджамі, з усходнімі вятрамі хуткасцю да 5 м/с, тэмпературай да +5°С. Днём тэмпература да +13°С.