Замест віна ў Мсціславе пачнуць выпускаць газіроўку

Замест віна ў Мсціславе пачнуць выпускаць газіроўку

Лінію па вытворчасці слабаалкагольных і безалкагольных напояў адкрыюць у мсціслаўскім філіяле булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”.

Да нядаўняга часу мсціслаўскі хлебзавод выпускаў пладовае віно, вытворчасць якога стала нерэнтабельнай.

Каб не дапусціць звальнення сотні працаўнікоў, Мсціслаўскім райвыканкамам і кіраўніцтвам кампаніі «Дамачай» было прынята рашэнне аб перапрафіляванні вытворчасці віна і ўстаноўцы аўтаматызаванай лініі па вытворчасці слабаалкагольных і безалкагольных напояў – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. На дадзены момант частка абсталявання для выпуска новай прадукцыі набыта і ўстаноўлена.

Выйсці на рынак мсціслаўцы плануюць з шасцю відамі слабаалкагольных напояў і чатырма відамі безалкагольных. Цяпер прапрацоўваецца пытанне брэндавання і пазнавальнасці новай прадукцыі. Дарэчы, новае абсталяванне дазволіць таксама разгледзець магчымасць вытворчасці і пітной вады высокай якасці. 

Фота: mogilevnews.by