22 ліпеня ў гісторыі. Бітва пад Салтанаўкай. Новы ўрад БНР. Уведзены працадні. Створаны МВФ. Тэракты ў Нарвегіі.

1773 год. У складзе Магілёўскай правінцыі створаны 12 паветаў.

Сярод іх: Бабінавіцкі (скасаваны ў 1840), Беліцкі (у 1852 перайменаваны ў Гомельскі), Клімавіцкі, Копыскі (у 1861 годзе пераўтвораны ў Горацкі), Магілёўскі, Мсціслаўскі, Аршанскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Старабыхаўскі (у 1852 перайменаваны ў Быхаўскі).

1795 год. Прэм’ерай оперы Осіпа Казлоўскага ў Маскве адкрыўся тэатр-палац “Астанкіна” М. Шарамецева.

Оперу на словы А. Пацёмкіна “Узяцце Ізмаіла або Вельміра і Смелон” напісаў ураджэнец засценка Казлоўскі каля Прапойска (зараз – Слаўгарад) Осіп (Юзаф) Казлоўскі (1757-1831).

Казлоўскі вучыўся ў Варшаўскай капэле пры касцёле Св. Яна. Быў настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага. 

У 1780-я гады па запрашэнні Р. Пацёмкіна пераехаў у Пецярбург, дзе хутка заваяваў усеагульнае прызнанне і аўтарытэт як кампазітар і арганізатар музычнага жыцця расійскай сталіцы, як “інспектар”, “дырэктар музыкі” імператарскіх тэатраў. Пасля вяртання на радзіму, працаваў у Прапойску кіраўніком хору і аркестра графа Мурамцава.

1812 год. Салтанаўская бітва пад Магілёвам. 

Адбылася 22-23 ліпеня (па стараму стылю 11-12) паміж вёскамі Салтанаўка і Фатава паміж атрадамі 7-га пяхотнага корпуса М. Раеўскага і французскімі войскамі пад камандаваннем маршала Даву.

У 9-гадзіннай бітве французы страцілі ад 1 000 да 4 200, рускія – да 2 500 чалавек.

Гарматная страляніна была чутна ў Магілёве. Значная частка корпуса Даву знаходзілася на бівуаках за Віленскай заставай.

У сувязі з боем пад Салтанаўкай вядома гісторыя пра тое, як Раеўскі ў адну з атак ішоў наперадзе палка са сваімі сынамі. Гэтая атака намалявана на знакамітай карціне Самакіша. Нягледзячы на шырокую вядомасць гэтага факта, ён з’яўляецца не больш за патрыятычнай выдумкай журналістаў, якія апісвалі ход вайны ў расійскіх газетах. Дастаткова нагадаць, што малодшаму сыну Раеўскага было ўсяго 11 год, старэйшаму –  16.

Сам Раеўскі абвяргаў гэтую гісторыю: ён сапраўды вадзіў полк у атаку са шпагай у руках, але побач з ім ішлі не сыны, а ад’ютанты і ардынарцы.

У 1912 годзе з нагоды 100-годдзя бітвы ў Салтанаўцы пабудавана мемарыяльная капліца.

1878 год. Нарадзіўся Януш Корчак (1878-1942).

Польскі педагог, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Педагог-наватар, пачынальнік дзейнасці па абароне правоў дзяцей. Лічыцца прадвеснікам сучасных педагагічных тэндэнцый.

Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 сваімі выхаванцамі загінуў у нацысцкім канцлагеры.

1918 год. Сфармаваны Трэці Урад БНР на чале з І. Серадой.

Гэта адбылося пасля адстаўкі кіраўніка Другога Ураду БНР Р. Скірмунта, у складанай геаплітычнай абстаноўцы.

Працаваў да лістапада 1918 года, калі быў утвораны чацвёрты Урад БНР на чале з А. Луцкевічам.

І. Серада сядзіць другі злева

1919 год. У в. Маслакі Горацкага раёна нарадзіўся Міхаіл Булахаў (1919-2012).

Беларускі мовазнавец. Заслужаны дзеяч навукі, доктар філалагічных навук, прафесар. Выхаванец Магілёўскага педінстытута.

Даследчык праблем сучаснай беларускай мовы, мовы старажытных беларускіх помнікаў, аўтар прац «Прыметнік у беларускай мове», «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы”, «Усходнеславянскія мовазнаўцы».

Памёр 4 мая 2012 года.

1930 год. У СССР уведзена сістэма працадзён для калгаснікаў.

У залежнасці ад цяжкасці працы, калгаснік мог за дзень мець 0,5-4,0 працадні (на іх налічваліся да 50% грошы, астатняе – натурай).

Але часта яны налічваліся неаб’ектыўна. Найбольш выгаднымі былі адміністрацыйныя пасады.

Працадні праіснавалі 35 гадоў ібылі заменены заробкамі.

Калгаснікам упершыню налічылі пенсіі толькі ў 1964 годзе, большасць сельскіх пенсіянераў у 1970-1980-я гады мелі ад 12,50 да 27,00 рублёў пенсіі – следства працадзён.

1932 год. У Чэрыкаве нарадзіўся Леанід Яўменаў (1932-2019).

Беларускі філосаф, пісьменнік. Доктар філасофскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт НАНБ.

Аўтар прац па філасофіі, этыцы і эстэтыцы, зборнікаў паэзіі  “Чужая планета”, “Блізкія далі”. Тэма радзімы, Беларусі, хараства роднай зямлі моцна гучаць у творах паэта. Перакладаў сучасную французскую і франкамоўную паэзію.

Памёр 6 лістапалда 2019 года.

1944 год. Заснаваны Міжнародны валютны фонд.

Мэта – садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў грашова-крэдытнай сферы, стабілізацыя валютных курсаў, прадстаўленне фінансавых сродкаў партнерам. 

Фінансавыя сродкі МВФ фарміруюцца галоўным чынам за кошт падпіскі яго членаў – 190 дзяржаў свету. За 30 гадоў членства (з 1992), Беларусь ад МВФ атрымала падтрымку на 3,8 мільярдаў долараў ЗША. 

1994 год. Першым Прэм’ер-міністрам прэзідэнцкай і другім ў незалежнай Беларусі стаў Міхаіл Чыгір.

У лістападзе 1996 года гучна сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць абвешчанага А. Лукашэнкам рэферэндуму.

У 1999 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, спадзяючыся такім шляхам вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

М. Чыгір – палітвязень, вязень сумлення.  

2011 год. Тэракты ў Нарвегіі.

Адбыліся два тэрарыстычныя акты, скіраваныя супраць асоб выканаўчай улады, грамадскага маладзёжнага лагера і цывільнага насельніцтва. 

Першым нападам быў выбух бомбы ва ўрадавым квартале Осла перад офісам прэм’ер-міністра Енса Столтэнберга і іншых урадавых будынкаў – загінулі 7 чалавек і 15 паранена.

Наступны больш жорсткі напад адбыўся праз 2 гадзіны ў лагеры кіруючай Працоўнай партыі Нарвегіі на востраве Уцёя. Узброены чалавек, пераапрануты ў паліцэйскага, адкрыў страляніну па ўдзельніках лагера, забіўшы 86 чалавек

Забойцай аказаўся 32-гадовы нарвежац А. Брэйвік.

Від на ўрадавы квартал адразу пасля выбуху

Фота з адкрытых крыніц.

15 ліпеня ў гісторыі. Грунвальдская бітва. Вывяржэнне Этны. Бухенвальд. Нарадзіліся Цётка, У. Дубоўка. Памёр чалавек-велікан.

1410 год. Адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ – з другога адбылася вырашальная бітва “Вялікай вайны” 1409-1411 гадоў.

У выніку гэтага пабоішча польска-літоўска-рускія войскі пад камандаваннем польскага караля Уладзіслава II Ягайлы разграмілі галоўныя сілы Ордэна, якія ўзначальваў вялікі магістра Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход, на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 22-23 ліпеня 2023 года пройдзе чарговы маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».

1606 год. Мяшчане Магілёва ўварваліся ў ратушу і разагналі старую раду.

Была абрана новая, у складзе якой пераважалі незаможныя рамеснікі.

Падзея адбылася падчас гарадскога паўстання 1606-1610 гадоў, якое распачалося 20 чэрвеня 1606 года пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча.

Новая рада кіравала Магілёвам больш за два гады, асаблівая ўвага надавалася інтарэсам гарадскіх нізоў.

Нагадаем, што ў гэты час Магілёў налічваў 15 000 жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў, меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў.

1669 год. Скончылася вывяржэнне вулкана Этна на Сіцыліі.

Яно цягнулася з 11 сакавіка. Падчас катаклізму загінула 50 мястэчак і гарадоў, 100 000 чалавек.

Вулкан нарадзіўся 600 000 гадоў таму і з’яўляецца галоўнай славутасцю вострава Сіцылія. Гэта самы высокі з дзеючых у Еўропе і адзін з самых актыўных вулканаў у свеце.

1861 год. Памёр Адам Ежы Чартарыйскі (1770-1861).

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў у расійскім конна-гвардзейскім палку, камер-юнкерам і ад’ютантам Аляксандра I, пасланнікам у Сардзініі, міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага, сенатар-ваявода і член Адміністрацыйнай рады ў Варшаве.

Падчас Паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў.

1876 год. Нарадзілася Алаіза Пашкевіч (Цётка, 1876-1916).

Беларуская паэтэса, адна са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады,  адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара», «Гасцінец для малых дзяцей», вершаў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра.

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

Памерла 18 лютага 1916 года.

1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Дубоўка (1900-1976).

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.

Памёр 20 сакавіка 1976 года.

1925 год. Адноўлена дзейнасць Беларускага камітэта ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.

Лявон Дубейкаўскі

1937 год.  Адчынены канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд.

Афіцыйна створаны ў 1937 у наваколлях Веймара, аднак першыя зняволеныя з’явіліся тут яшчэ ў 1933, калі лагер называўся Этэрсберг. За 8 гадоў каля 250 000 чалавек будуць вязнямі Бухенвальда, з іх памруць або будуць забітыя больш за 56 000 чалавек.

Спачатку нямецкія антыфашысты, а потым, у гады Другой сусветнай вайны, прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей утрымліваліся тут. Асабліва шмат зняволеных загінула ў філіяле Бухенвальда “Дора”, дзе ў падземных цэхах вырабляліся самалёты-снарады “Фаў”.

Лагер вызвалены 10 красавіка 1945 года амерыканскімі войскамі.

Надпіс на браме лагера Бухенвальд “Jedem das Seine” – “Кожнаму сваё”.

1938 год. У Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе калектыў пераехаў у Мінск.

У 2008 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Ставяцца спектаклі для дзяцей, вячэрнія спектаклі для дарослых.

Тэатр гастраляваў у шматлікіх еўрапейскіх краінах.

1940 год. Памёр самы высокі мужчына ў свеце.

Роберт Першінг Уодлоу нарадзіўся ў 1918 годзе ў Олтане, штат Ілінойс.

Калі 27 чэрвеня 1940 года яму ў апошні раз вымяралі рост, ён быў роўны 2,72 м пры размаху рук 2,88 м. Яго максімальная вага дасягала 222,7 кг. Да апошняга дня ён працягваў расці, і да дня смерці яго рост цалкам мог дасягнуць 2,74 м.

1949 год. Нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. 

Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 300 навуковых прац.

Аўтар баек для «Вожыка».

8 ліпеня ў гісторыі. Шлях у Індыю. Палтаўская бітва. Паланенне Дз Карбышава. Нарадзілася спявачка Дз. Арбеніна.

1497 год. Васка да Гама адплыў з Лісабона на чале марской экспедыцыі да берагоў Індыі.

Ён павёў флот з чатырох караблёў з экіпажам у 170 чалавек. Назад вярнуліся толькі 55 матросаў і два караблі.

Партугальцы сталі першымі вядомымі еўрапейцамі, якія 20 мая 1498 года дасягнулі Калікута. Марскі шлях у Індыю быў вынайдзены.

Назад Васка да Гама вярнуўся 29 жніўня 1499 года.

1709 год. Адбылася Палтаўская бітва.

Найбуйнейшая бітва Паўночнай вайны (1700-1721) паміж рускімі войскамі пад камандаваннем Пятра I і шведскай арміяй Карла XII. 

Адбылася за 6 вёрст ад Палтавы. Перамога рускай арміі прывяла да пералому ў вайне на карысць Расіі і спыніла панаванне Швецыі ў Еўропе.

Да таго моманту, калі армія Карла падышла да Палтавы, ён страціў да траціны арміі, яго тылы былі атакаваны лёгкай конніцай Пятра – казакамі і калмыкамі, перад самай бітвай Карл ХІІ быў паранены. Бітва Карлам была прайграна і ён бег у Асманскую імперыю.

У бітве пад Палтавай шведы страцілі звыш 9 000 забітымі і 19 000 палоннымі. Страты рускіх – 1 345 чалавек.

Да гэтага, 9 кастрычніка 1708 года, адбылася першая пераможная бітва рускіх войск над шведамі, пры Лясной, пад Прапойскам (Слаўгарад) – “Маці Палтаўскай бітвы”.

1861 год. Нарадзілася Магдалена Радзівіл (Завіша, 1861-1945).

Арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху, мецэнатка, падарожніца.

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», адкрывала беларускамоўныя школы.

Памерла 6 студзеня 1945 года ў Швейцарыі.

У ліпені 2017 года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Св. Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.

1910 год. Асобнай кнігай у Пецярбургу выходзіць паэма Янкі Купалы «Адвечная песня».

Першая яго драматычная паэма.

Напісаная пад уплывам народна-песеннай сімволікі і кніжных крыніц. Складаецца з 12 часткаў-праяваў, кожная з якіх распачынаецца і заканчваецца аўтарскай рэмаркай.

Змест паэмы – аналіз жыццёвага лёсу Мужыка, які выступае як галоўны герой паэмы, трагізму яго існавання ў тагачасным грамадстве.

Паэма – твор высокага трагедыйнага гучання. Напісаная песенна-народным складам верша.

1929 год. Нарадзіўся Канстанцін Ціхановіч.

Беларускі графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Беларусь». Ілюстраваў творы беларускіх і замежных аўтараў у беларускім пэрыядычным друку. 

Выканаў многія станковыя кампазыцыі, у тым ліку «Дом I з’езда РСДРП», «Ад’езд Я. Коласа ў семінарыю», трыпціхі «Памяць», «Хатынь».

Аўтар мемарыяльных медалёў, значкоў, экслібрысаў, дыяфільма «Францыск Скарына».

1941 год. Пад Магілёвам патрапіў у фашысцкі палон генерал Дз. Карбышаў (1880-1945).

Фартыфікатар, найбуйнейшы ваенны інжынер, генерал царскай і генерал-лейтэнант Чырвонай Арміі, доктар ваенных навук, прафесар Акадэміі Генштаба.

Патрапіў у палон параненым пад Магілёвам, каля в. Дабрэйка Шклоўскага раёна. Закатаваны 18 лютага 1945 года ў канцлагеры Маўтхаўзен.

1949 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Завальнюк.

Каталіцкі святар, беларускі рэлігійны і культурны дзеяч.

Гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст. Магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.

Быў членам Рады ТБМ. Змагар за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску, паслядоўна праводзіў беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі.

1967 год. Магілёўская вобласць узнагароджана ордэнам У Леніна.

Узнагароджана Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за актыўны супраціў насельніцтва ў Вялікай Айчыннай вайне і дасягненні ў пасляваеннай працы народнагаспадарчага комплекса.

Узнагарода ўручана П. Машэравам ў лістападзе 1967 года.

Арка ў Магілёве з ордэнамі Айчыннай вайны і Леніна.

1974 год. Нарадзіўся Андрэй Мезін.

Беларускі хакеіст.  Заслужаны майстар спорту Беларусі.

Удзельнік Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лейк-Сіці, 11 чэмпіянатаў свету (1998-2009).

Лепшы брамнік Лігі Антарыа (1995) і Каланіяльнай Лігі (1996). Чэмпіён CoHL (1996) і IHL (1997). Срэбны прызёр чэмпіянату Германіі (1999). Лепшы хакеіст Беларусі (1998, 1999, 2005, 2006).

1974 год. У Валожыне нарадзілася Дзіяна Арбеніна.

Беларуская і расійская спявачка, паэт, музыка, мастачка.  Заслужаная артыстка Чачэнскай Рэспублікі.

Сустваральніца групы “Начныя снайперы”. Аўтар больш за 250 песень, больш за 150 вершаў.

З 2014 года мае статус “амбасадара Сусветнага фонду дзікай прыроды у Расіі”, удзельнічала ў творчым дабрачынным праекце “Пакаленне”, адукацыйным праекце “Татальная дыктоўка”.

Асудзіла ўварванне Расіі ва Украіну, неаднаразова выказвалася супраць вайны, з-за чаго ў некалькіх гарадах Расіі былі адменены канцэрты пасля даносаў. У красавіку 2022 года выйшла яе антываенная песня „Не маўчы”.

1993 год. У Мінску, у будынку Тэатра оперы і балета, распачаў працу I з’езд беларусаў свету (8-10 ліпеня).

Арганізаваны Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Мэта – аб’яднанне беларусаў свету і арганізацыйнае афармленне сусветнай беларускай супольнасці на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы. 

Прысутнічала 996 дэлегатаў ад беларускіх арганізацый з Беларусі і беларускіх суполак 22 краін замежжа. На з’ездзе прынята Дэкларацыю аб прынцыпах дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, шматлікія дакументы. Прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» быў абраны Радзім Гарэцкі, старшынёй Рады Ганна Сурмач.

24 верасня 2021 года Вярхоўны суд ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

2008 год. Тэлеканал польскага тэлебачання з трансляцыямі на беларускай і рускай мовах “БЕЛСАТ” пачаў вяшчанне са спадарожніка Sirius.

27 ліпеня 2021 года інфармацыйныя рэсурсы “Белсата” прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкімі”, распаўсюджанне інфармацыі з іх цягне адміністрацыйную адказнасць.

3 лістапада 2021 года прызнаны “экстрэмісцкімі” і інтэрнэт-рэсурсы рэсурсы “Белсата”.

5 ліпеня ў гісторыі. Аб’яднанне цэркваў. Першае турагенства. «Хатынь». Помнік Э. Севеле. Нарадзіліся У. Вараксін, Л. Рублеўская.

1439 год. Падпісана Фларэнційская царкоўная унія аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай папы рымскага.

Мітрапаліт Ісідар Кіеўскі разам з грэчаскім арцыбіскупам Васілём Бесарыёнам падпісаў царкоўную унію аб аб’яднанні праваслаўнай і каталіцкай цэркваў пад уладай рымскага папы. Іх рашэнне было прадыктавана жаданнем аб’яднаць хрысціянскія цэрквы перад пагрозай туркаў, якія ўварваліся ў Візантыю.

Аднак у дзеянне гэтая унія не ўступіла, так і застаўшыся на паперы. Па вяртанні ў Маскву мітрапаліт Ісідар быў варожа сустрэты царом Васілём II, паўстаў перад царкоўным судом і быў заключаны ў турму. 

Праз 3 гады Ісідар уцёк, дабраўся да Рыма, стаў кардыналам і атрымаў ганаровы тытул канстанцінопальскага патрыярха. Але да таго часу Канстанцінопаль ужо быў захоплены туркамі.

1818 год. Нарадзіўся Антон Яленскі (1818-1874).

Грамадскі дзеяч, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў на Міншчыне. 

Пакараны 15 гадамі катаргі ў Сібіры.

Паўтарыў грамадзянскі подзвіг свайго старэйшага брата Яна (1809-да1848), які браў удзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, шматлікіх сваіх сваякоў.

1847 год. Адкрыта першае ў свеце турыстычнае агенцтва і арганізавана першая турпаездка.

33-гадовы баптысцкі прапаведнік і актыўны змагар з павальным у тагачаснай Англіі п’янствам Томас Кук арганізаваў турыстычнае таварыства і першую ў свеце групавую турыстычную паездку. Па яго замове чыгуначная кампанія Midland Counties Railway прадаставіла спецыяльны цягнік з 9 адкрытымі вагонамі для “безалкагольных” 570 працоўных па маляўнічым маршруце паміж гарадамі Лейстэр і Лафбара ў Сярэдняй Англіі.

У далейшым у рэкламных мэтах чыгункі сталі прадастаўляць Куку скідкі, якія дазвалялі арганізоўваць забаўляльныя паездкі і для людзей з самымі абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі. Таму кліентаў былі тысячы. Яго экскурсіі засноўваліся на прынцыпе: “Атрыманне максімальнай выгады для максімальнай колькасці людзей па мінімальным кошце”. Так быў пакладзены пачатак сусветнаму групавому турызму.

Лічыцца, што Томас Кук быў першым мэнэджэрам у галіне турызму. Кук распрацаваў маршруты па многіх еўрапейскіх гарадах. У 1865 годзе ён адкрыў для суайчыннікаў Новы Свет, а для амерыканцаў – радзіму іх продкаў. Дзейнасць ажыццяўлялася праз агенцтва “Томас Кук і сын”. Адным з першых амерыканскіх кліентаў фірмы стаў Марк Твен.

Кук быў прызнаны “вынаходнікам турызму”, а заснаванае ім турыстычнае агенцтва Thomas Cook and Son заваявала сусветную вядомасць. Праз пяць дзясяткаў гадоў яго фірма валодала 84 аддзяленнямі, 85 агенцтвамі, і яе паслугамі скарысталіся больш за 3 мільёны чалавек.

1901 год. Нарадзіўся Уладзімір Вараксін (1901-1980).

Беларускі савецкі архітэктар, педагог. Заслужаны будаўнік.

Скончыў омскі мастацка-прамысловы тэхнікум, Ленінградскі інстытут інжынераў камунальнага будаўніцтва. Працаваў у Белдзяржпраекце, выкладаў у Беларускім політэхнічным, Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытутах.

Сярод асноўных даваенных прац –  будынак педтэхнікума ў Крычаве (1937, цяпер блок СШ № 1 за палацам Пацёмкіна), будынак ЦК КПБ (з А. Воінавым) у Мінску, кінатэатр «Радзіма», комплекс будынкаў прамкамбіната (1939), жылы пасёлак аўтарамонтнага завода (1941) у Магілёве.

Пасля вайны спраектаваў будынкі Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, Белкамунбанка, жылыя дамы па вул. К. Маркса, Маскоўскай, Захарава, А. Кашавога ў Мінску, тыпавыя праекты будынкаў раённых камітэтаў КПБ для Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей.

Памёр 2 студзеня 1980 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Юрый Лістапад (1897-1938).

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933 гадах.

Расстраляны ў Байкала-Амурскім канцлагеры.

1938 год. У Магілёве створаны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці і Цэнтральны гістарычны архіў.

У 1956-1960 гадах Цэнтральны гістарычны архіў размяшчаўся ў касцёле Св. Станіслава, потым – пераехаў у Мінск, а замест яго ў будынак сабора пераехаў Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. У гэты перыяд храм страціў частку роспісаў, быў беззваротна страчаны арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

Зараз галоўным архівам вобласці з’яўляецца Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці (знаходзіцца ў канцы вуліцы Чалюскінцаў, на выездзе у бок Бабруйска).

1941 год. Пачалася нямецка-фашысцкая акупацыя Клічаўскага раёна.

Пад акупацыяй раён знаходзіўся да 28 чэрвеня 1944 года. Радзіма партызаншчыны на Магілёўшчыне. Цэнтрам партызанскага базіравання сталі Усакінскія лясы.

Тут з’явілася першая партызанская зона ў Беларусі – на тэрыторыі Клічаўскага і Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага раёнаў.

Зона з’явілася па выніках нарады пад кіраўніцтвам маршала К. Варашылава, якая адбылася 1 ліпеня 1941 года ў штабе Заходняга фронту пад Магілёвам. 3 красавіка 1942 года партызаны абвясцілі, што на тэрыторыі Клічаўскага раёна адноўлена Савецкая ўлада.

Клічаўскую партызанскую зону (у розны час ад 2 да 3 тыс. кв. км) абараняла 18 тысяч чалавек, якія былі аб’яднаны ў 5 брыгад і 16 атрадаў. У вялікіх сёлах партызаны стварылі 40 узброеных атрадаў самаабароны.  На тэрыторыі дзейнічаў Магілёўскі падпольны абкам партыі і абкам камсамола, штаб Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы, Бялыніцкі, Бярэзінскі, Магілёўскі і Клічаўскі падпольныя райкамы партыі і камсамола, іншыя ваенныя фарміраванні і органы грамадзянскай улады. У лясной друкарні выдаваліся падпольныя газеты: абласная “За Радзіму”, клічаўская “Голас партызана”.

У «партызанскай сталіцы» – Усакіна дзейнічае мемарыяльны комплекс.

1969 год. Адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплекса «Хатынь».

Ён паўстаў на месцы знішчанай 22 сакавіка 1943 года разам з жыхарамі нямецкімі карнымі падраздзяленнямі пры ўдзеле 118-га паліцэйскага батальёна вёскі Хатынь.

Комплекс “Хатынь” – ушанаванне памяці аб спаленых разам з жыхарамі 186 беларускіх весак, якія не аднавіліся пасля вайны, аб ахвярах 66 найбуйнейшых лагераў (з 270) смерці і месцаў масавай загубы грамадзян, аб 433 вёсках, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны.

Аўтары: скульптар С. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін.  Ленінская прэмія 1970 года.

1965 год. Нарадзілася Людміла Рублеўская (Шніп).

Беларуская паэтэса, пісьменніца, літаратурны крытык.

Працавала ў газетах «Наша слова», «Літаратура і мастацтва». 

Аўтарка папулярнай серыі раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Яе гісторыяцэнтрычныя творы параўноўваюць з «меладраматычнымі інтэрпрэтацыямі» мастацкіх ідэй Ул. Караткевіча.

1970 год. Нарадзіўся Андрэй Лукашэвіч.

Беларускі гісторык, картограф. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Даследчык ваеннай і палітычнай гісторыі Беларусі, Расіі і Польшчы XVIII-пачатку XX стагоддзяў, аўтар прац па вайне 1812 года,  1-й сусветнай вайны.

1994 год. Памёр Барыс Сачанка (1936-1994).

Беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец.

Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар больш за 20 кніг.

У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

1996 год. Памёр Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны прааваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам  «Літаратура і мастацтва», «Вясёлка».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак  для дзяцей,  п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

2005 год. Памёр Яўген Ціхановіч (1911-2005).

Беларускі мастак мастак і мемуарыст. 

Аўтар дзесяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, сотняў графічных твораў, краявідаў, ілюстрацый да кніг.

2016 год. У Бабруйску ўсталяваны помнік Эфраіму Севеле (Яфім Драбкін, 1928-2010).

Беларускі, рускі, амерыканскі, ізраільскі пісьменнік, акцёр, кінарэжысёр і сцэнарыст.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1928 года ў Бабруйску ў сям’і кадравага афіцэра, пасля – трэнера па класічнай барацьбе. Падчас вайны з маці і малодшай сястрой паспеў эвакуіравацца з Бабруйска, аднак падчас бамбёжкі быў скінуты выбуховай хваляй з платформы цягніка. Бадзяжнічаў, у 1943 стаў «сынам палка» і з артпалком дайшоў да Германіі. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Скончыў БДУ, працаваў карэспандэнтам газеты “Моладзь Літвы”, затым пераехаў у Маскву. Дэбютаваў кінасцэнарыем да карціны “Нашы суседзі”, знятай на “Беларусьфільме” ў 1957 годзе.

Пад псеўданімам Севела ўпершыню быў згаданы як адзін са сцэнарыстаў фільма «Пакуль не позна» (Літоўская кінастудыя). Пад ім жа напісаў сцэнарыі да камедыйных фільмаў на франтавую тэматыку, у тым ліку «Моцны арэшак» (1967) і «Годны да нестраявой» (1968, рэжысёр, сцэнарыст, акцёр).

У 1971 годзе высланы з СССР. У 45 гадоў, праз два гады пасля прыезду ў Ізраіль, удзельнічаў у вайне Суднага дня, і на другі дзень вайны «падбіў з савецкай „базукі“ два танкі Т-54 і супрацьтанкавую гармату», быў паранены. 

У 1977-1990 гадах жыў у ЗША, часта выязджаў працаваць у Лондан, Заходні Берлін, Парыж. У Парыжы  напісаў кнігу апавяданняў «Легенды Інваліднай вуліцы» (пра даваенны Бабруйск, бабруйчан). 

Да кінематографа зноў звярнуўся ў 1986 годзе, зняўшы ў Польшчы фільм «Калыханка», які складаецца з трох лірычных кінанавел, аб’яднаных тэмай жыцця ў гета падчас Другой сусветнай вайны.

З 1990 года жыў у Расіі, паставіў пяць фільмаў па ўласных сцэнарах – “Папугай, які гаворыць на ідыш”, “Ноеў каўчэг” і іншыя.  У 1995 годзе зняў свой апошні аўтадакументальны фільм «Госпадзе, хто я?».

Памёр 18 жніўня 2010 года ў Маскве.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 11 красавіка. Выбух у мінскім метро. Нарадзіліся старшыня Рады БНР І. Сурвіла, архіепіскап Сафроній, алімпіец І. Басінскі, “афганец” А. Мельнікаў. Загінуў Цішка Гартны

Міжнародны дзень вызвалення вязняў канцэнтрацыйных лагераў (International Day for the Liberation of Concentration Camp Prisoners).

Уведзены паводле рашэння ААН у памяць пра міжнароднае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера “Бухенвальд”.

Падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Нямеччыны і акупаваных ёй краінах было больш за 14 000 канцлагераў. Праз іх прайшло звыш 20 мільёнаў чалавек.

На тэрыторыі Беларусі ў 1944 годзе налічвалася больш за 260 канцлагераў. Самыя вялікія знаходзіліся ў Мінску, Гомелі, Бабруйску і Полацку. У іх было знішчана звыш 1,5 мільёна чалавек.

Сусветны дзень барацьбы з хваробай Паркінсана (World Parkinson’s Day).

Устаноўлены Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Паркінсан – адно з самых жахлівых прозвішчаў, якое можна пачуць у кабінеце неўролага. Яго насіў ангельскі лекар, які падрабязна апісаў загадкавую хваробу. У дзень нараджэння Джэймса Паркінсана ўстаноўлены гэты Сусветны дзень.

Сусветным сімвалам хваробы стаў Чырвоны цюльпан. Справа ў тым, што ў 1980 годзе галандскі садоўнік Ван дэр Веральд, які пакутаваў на хваробу Паркінсана, вывеў новы эфектны гатунак цюльпана ў чырвона-белых танах і назваў яго «Цюльпан доктара Паркінсана».

Хвароба ўзнікае з-за парушэння выпрацоўкі дофаміна – аднаго з нейрамедыятараў (рэчываў, якія служаць для перадачы імпульсаў у галаўным мозгу). Гэта вядзе да парушэння функцый клетак у аддзелах мозгу, якія адказваюць за рухі чалавека. З-за гэтага парушаецца рэгуляцыя рухаў і тонус, што выяўляецца характэрным трэмарам (дрыготкай), агульнай скаванасцю і парушэннем паставы і рухаў.

1927 год. Прынята Канстытуцыя БССР – другая з чатырох.

Першая канстытуцыя БССР была прынята ў 1919 годзе, трэцяя і чацвёртая – у 1937 і 1978 гадах. 

Канстытуцыя развіла агульныя палажэнні Канстытуцыі 1919 года, разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасці. Было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстання роднай мовай, нацыянальным меншасцям забяспечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове, усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай (ідыш) і рускай моў. 

На тэрыторыі ВКЛ Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў фактычна з’яўляліся канстытуцыяй і на большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 года, а ў Гродзенскай, Мінскай i Вiленскай губернях Расійскай імперыі – да 1840 года.

Акрамя таго, 3 мая 1791 года Вялікі сойм прыняў першую канстытуцыю ў Еўропе.

Ян Матэйка, Канстытуцыя 3 мая. 1891 год

1936 год. Нарадзілася Івонка Сурвіла (Шыманец).

Беларуская грамадска-палітычная дзеячка ў эміграцыі, мовазнавец, мастак, старшыня (з 1997) Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

На эміграцыі з 1944 года – Данія, Францыя, Іспанія, Канада.

Скончыла філалагічны факультэт Сарбоны. Працавала ў Беларускай рэдакцыі Іспанскага нацыянальнага радыё, выкладала французскую мову ў школах Іспаніі, была перакладчыцай у Канадскім федэральным бюро перакладаў.

У Канадзе ўзначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, уваходзіла ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай рады, сузаснавальніца «Канадскага фонда дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі».

Удзельнічала ў мастацкіх выстаўках як жывапісец.

1937 год. У магілёўскай псіхлячэбніцы загінуў Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч, 1887–1937).

Беларускі грамадскі і дзяржаўны дзеяч, кіраўнік ураду ССРБ (1919), пісьменнік, паэт, перакладчык, Акадэмік АН БССР.

Удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905–1907 гадоў, культурна-выдавецкай суполкі «Знание» у Пецярбургу.

Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камісарыята (1918), рэдактарам бальшавіцкіх газет «Дзянніца»,«Савецкая Беларусь», аўтарам маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Першы кіраўнік БССР (1 студзеня – 3 лютага 1919), удзельнік грамадзянскай вайны.

Узначальваў Дзяржвыдавецтва,  выдавецтва «Адраджэнне», Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, членам прэзідыума Інбелкульта, рэдактарам часопіса «Полымя», у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук.

У 1922 годзе пры наведванні Берліна наладзіў там выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг.  Удзельнік Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925 год, Берлін). У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Выключаны з ВКП(б) у студзені 1931 года «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны ў 1936 годзе, у красавіку 1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу.

Пахаваны на ўскрайку Пячэрскага лесапарку ў Магілёве. Тут яму пастаўлены сціплы помнік (1989).

1951 год. Нарадзіўся архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі (з 2002 года) Сафроній (Юшчук).

Скончыў Ленінградскую духоўную акадэмію. У 1987 годзе пастрыжаны ў манахі ў Жыровіцкім манастыры.

Служыў пры Жыровіцкім, Лядзенскім манастырах.

У 2000 годзе стаў біскупам Брэсцкім і Кобрынскім, у 2002 годзе – біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім.

23 жніўня 2009 года на біскупа Сафронія быў учынены напад перад пачаткам літургіі ў кафедральным саборы ў імя Трох Свяціцеляў у Магілёве.

1 лютага 2018 года ўзведзены ў сан арцыбіскупа.

1963 год. Нарадзіўся Ігар Басінскі.

Беларускі спартсмен па стральбе з пісталета. Заслужаны майстар спорту СССР.

Уладальнік Кубка свету, шматразовы чэмпіён свету, чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў Еўропы, СССР і Беларусі ў асабістым і камандным заліках, бронзавы прызёр у складзе зборнай СССР на Алімпіядзе-88 у Сеуле, сярэбраны прызёр алімпіяды-96 у Атланце, сярэбраны і бронзавы – алімпіяды 2000 года ў Сіднеі.

Лепшы спартсмен БССР 1986 і 1987, Беларусі ў 2000 годзе.

1968 год.  У Магілёве нарадзіўся Андрэй Мельнікаў (1968–1988).

Герой Савецкага Саюза, гвардыі радавы 9-й парашутна-дэсантнай роты 345 палка. Загінуў у  Афганістане ў баі на «вышыні 3234» у правінцыі Хост.

Да арміі працаваў трактарыстам у саўгасе “Дняпроўскі”.

Удзельнічаў у шасці баявых аперацыях у Афганістане.

У Магілёве яго імем названа вуліца, СШ №28, у музеі вайсковай часці экспануецца яго кулямёт. На магіле на Польскіх могілках усталяваны помнік з бронзавым бюстам.

Мельнікаў стаў прататыпам аднаго з герояў фільма “9-я рота”.

1986 год. Памёр Міхаіл Ганчарык (1899–1986).

Беларускі навуковец у галіне фізіялогіі раслін і фотасінтэзу, пісьменнік. Доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі.

Скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (1924), дзе ўзначальваў Беларускую секцыю студэнтаў. Кіраўнік Аршанскага філіяла «Маладняка».

Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, намеснікам дырэктара Інстытута біялогіі, дырэктарам Ігарскай доследнай станцыі Інстытута сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы, Інстытута эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Арыштоўваўся (1933, 1949). Вязень ГУЛАГ, ссыльны ў Сібіры.

Распрацоўваў навуковыя асновы палярнага земляробства. Устанавіў розную патрабавальнасць бульбы да вільготнасці глебы ў антагенезе, даследаваў фотасінтэз у бульбе, адток асімілятаў, уплыў іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіялагічныя працэсы раслін.

1995 год. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у парламенце Беларусі абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць ініцыянаванага А. Лукашэнкам рэферэндуму па змене дзяржаўнай сімволікі і статусу беларускай мовы.

У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў чорных масках – падраздзяленне КДБ «Альфа» – збілі 19 дэпутатаў ад фракцыі БНФ «Адраджэньне» і выцягнулі іх з будынка.

2011 год. У 17:56 адбыўся выбух у мінскім метрапалітэне на станцыі «Кастрычніцкая».

Падчас выбуху на станцыі знаходзілася каля 300 чалавек. Непасрэдна ў выніку выбуху загінула 11 чалавек, пазней ад атрыманых траўм яшчэ два чалавекі памерлі ў бальніцы. За медыцынскай дапамогай звярнуліся 204 чалавекі.

Выбух быў прызнаны тэрактам.

Акцыі шанавання ахвяр выбуху ў мінскім метро прайшлі  ў шматлікіх беларускіх гарадах. У Магілёве такая акцыя адбылася 13 красавіка на пл. Леніна каля знака «нулявога кіламетра» і каля Вечнага агню на пл. Савецкай (зараз – Славы).

 

Дзень у гісторыі. 3 сакавіка. Дзень пісьменніка. Бітва на Нямізе. Брэсцкі мір. Нарадзіўся касманаўт У. Кавалёнак. Забіты Ф. Аляхновіч.

Сусветны дзень пісьменніка (World Writer’s Day, з 1986 года).

Адзначаецца па рашэнні 48-га кангрэса Міжнароднага ПЭН-клуба 1986 года.

ПЭН-клуб – міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў. Ён узнік у 1921 годзе ў Лондане па  ініцыятыве Дж. Голсуорсі і Кэтрын Эмі Доўсан-Скот. 

Назва клуба ўтварылася ад першых літар англійскіх слоў Poets – паэты, Essayists – эсэісты і Novelists – раманісты. Абрэвіятура супадае са словам Pen – асадка.

Мэта свята – супрацьстаяць ціску на прэсу, падтасоўцы і скажэнням інфармацыі, парушэнням свабоды слова.

У 1923 годзе цэнтры ПЭН-клуба былі створаны ў 11 краінах, сёння такія цэнтры дзейнічаюць у 130 краінах.

Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у 1989 годзе. Яго прэзідэнтамі былі Р. Барадулін (1990–1999), В. Быкаў (1999–2003), Л. Баршчэўскі (2003–2005), У. Някляеў (2005–2008), А.  Хадановіч (2008–2017), Т. Нядбай (2017–2019), зараз яго ўзначальвае С. Алексіевіч.

Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў у 1901 годзе французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудам, шостым у свеце (1905 год) і першым з беларускіх зямель і з літоўска-беларускімі і літоўска-татарскімі каранямі – Генрых Сянкевіч (1846–1916). Нобелеўскім Лаўрэатам (1980) быў „ліцвін польскай культуры“ Чэслаў Мілаш – пляменік французскага паэта, ураджэнца Беларусі Оскара Мілаша. 

У 2015 годзе яе лаўрэатам стала беларуская пісьменніца, журналістка Святлана Алексіевіч (адна з 17 жанчын – лаўрэатаў).

1067 год. Адбылася бітва на Нямізе паміж злучанымі дружынамі кіеўскіх Яраславічаў і войскам полацкага князя  Усяслава Брачыславіча Чарадзея. 

Першая летапісная згадка пра Менеск (Мінск).

Дата разрабавання і зруйнавання горада ўзята за адлік яго гісторыі.

У сакавіку 1499 года каралём Аляксандрам Ягелончыкам даравана гораду Магдэбургскае права. Мінск багацеў і павольна пераўтвараўся ў буйны гандлёвы, эканамічны, транспартны цэнтр. 

З 1919 года – сталіца Беларусі. 

29 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР сваёй пастановай змяніў беларускую назву горада Менск на прынятую ў Расійскай імперыі паланізаваную форму Мінск. 

Зараз Мінск – двухмільённы горад, буйны эканамічны, культурны і палітычны цэнтр краіны.

1718 год. Нарадзіўся Казімір Галоўка (1718–1787).

Вялікалітоўскі географ, аўтар падручнікаў па геаграфіі, педагог, езуіт.

Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Варшаве, Любчы, Пінску. 

Выдаў падручнікі па геаграфіі, нарысы па геаграфіі Рэчы Паспалітай (на лацінскай і польскай мовах), «Геаграфічныя карты Галіі, Нямеччыны, Польшчы і ВКЛ», «Гістарычныя календары».

Фота. Віленскі ўніверсітэт 

1850 год. Нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Лада-Заблоцкі.

Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.

Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1868–1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу.

Жыў і падарожнічаў у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі.

Перапісваўся па-беларуску з украінскім вучоным М. Драгманавым, ліставаўся з Я. Карловічам, М. Канапніцкай, А. Ельскім і іншымі.

Аўтар сатырычнай паэмы, аповесцей, драм, беларускіх вершаў, нарысаў, беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў.

Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі.

Памёр 3 лютага 1893 года.

1890 год. Нарадзіўся Лявон (Леанард) Заяц.

Беларускі палітык, дзеяч БНР, дыпламат, публіцыст, мемуарыст.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках.

З 1916 года ў Мінску, удзельнік беларускага руху, сябруе з М. Багдановічам. Удзельнік З’ездза беларускіх нацыянальных арганізацый, Усебеларускага з’езда 1917 года, член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраўнік спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, народны сакратар юстыцыі БНР, дзяржаўны кантралёр Рады Народных Міністраў.

У 1926 годзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Працаваў у Наркамаце фінансаў БССР.

18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, асуджаны і сасланы ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны. Памёр у турме ў час следства 23 верасня 1935 года.

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.

1900 год. У в. Паддуб’е Магілёўскага раёна нарадзіўся Герасім Якушка (1900-1942).

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве па яго праекту пабудаваны  5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

Пабудаваў будынкі, якія паўплывалі на фарміраванне аблічча сучаснага Мінска, у тым ліку па праекту забудовы праспекта Незалежнасці паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа.

1918 год. Паміж Германіяй і Савецкай Расіяй заключаны Брэсцкі мір.

Падпісаны ў Брэст-Літоўску ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці, ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 года. 

Ад Расіі аддзяліліся Прыбалтыка, частка Беларусі, Каўказа. 

Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. 

Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 000 000 км² з насельніцтвам больш за 50 000 000 чалавек.  

Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана. 

Мірная дамова прывяла да пачатку Грамадзянскай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Белы палац, месца падпісання Брэсцкага міру (фота 1930-х гг.)

1941 год. Памёр ураджэнец в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) Клім Грыневіч (1912–1941).

Беларускі паэт.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929–1930).

Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.

Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які прыхільна сустрэты крытыкай.

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.

Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя.

1942 год. Нарадзіўся Уладзімір Кавалёнак.

Беларускі, савецкі касманаўт. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ГДР, Герой Манголіі, уладальнік польскага Крыжа Грунвальда. Генерал-палкоўнік авіацыі. Кандыдат ваенных навук, прафесар.

Двойчы быў у космасе ў якасці камандзіра карабля: у 1977 і 1978 (устанавіў рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін і 47 хвілін) гадах.

Служыў намеснікам начальніка ўпраўлення падрыхтоўкі касманаўтаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.  Гагарына, намеснікам камандуючага 37-й паветранай арміяй стратэгічнага прызначэння, намеснікам начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, начальнікам Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Жукоўскага.

У 1989–1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі.

1944 год. Забіты Францішак Аляхновіч (1883-1944).

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцлагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны,  атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Падчас вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілкі Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

2018 год. Памерла Валянціна Лемцюгова (1935-2018).

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) сталі выступаць некаторыя чыноўнікі са снежня 2022 года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 000 айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання». 

Пад яе кіраўніцтвам створаны «Спіс населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

24 снежня. Дзень у гісторыі. Вігілія ў каталікоў. Каляднае перамір’е на Заходнім фронце. Адкрыццё магілёўскіх “Чырвонай Зоркі” і музея В. Бялыніцкага-Бірулі. Нарадзіліся Адам Міцкевіч, Алесь Дудар

Вігілія (каталіцкі каляндар).  Посная куцця. Святкі (рускі Cочельник). 

Вігілія Божага Нараджэння, посная куцця – традыцыйная вячэра ў каталікоў 24 снежня, напярэдадні свята Божага Нараджэння. Апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта.

Вігілія мае падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста. 

На вячэру збіраюцца пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. 

Перад пачаткам вячэры гаспадар дому дзяліўся з сям’ёй асвечанымі ў касцёле аплаткамі, якія потым ламалі між сабой астатнія члены сям’і. 

Па выцягнутых з-пад абруса сцяблінках варажылі аб тым, які будзе будучы год; пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. 

На Вігілію плялі саламяных “павукоў”, якіх вешалі ў доме ці перад уваходам, упрыгожвалі дом або падворак хваінкай або ялінкай (з XVIII ст.), дарылі членам сям’і і слугам падарункі (“каляду”). У залежнасці ад дабрабыту сям’і,  падавалі 5, 7, 9, 11 або 13 (няцотны лік) посных страў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. 

Асноўнымі кампанентамі вігілійных страў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. 

Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой часта называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушонай садавіны, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп), грыбная поліўка, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушаная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі. 

У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з мігдалаў, розныя дэсерты (“цукры”), арэхі, віно. 

1777 год. Капітан Джэймс Кук на караблях “Рэзалюшн” і “Дыскаверы” адкрывае востраў, які 2 студзеня называе востравам Раства. 

Востраў Раства – атол у архіпелагу Лайн, належыць дзяржаве Кірыбаці, знаходзіцца за  2500 км ад Ганалулу (Гаваі), за 2700 км ад Таіці. Самы вялікі ў свеце атол плошчай 321 км². На ім адна з самых высокіх канцэнтрацый марскіх птушак у свеце.

1798 год. Нарадзіўся Адам Міцкевіч

Ураджэнец Беларусі, польскі паэт, публіцыст, асветнік. Дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.

Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

Сябар дзекабрыстаў К. Рылеева, А.Бястужава, пісьменнікаў і паэтаў А. Пушкіна, А. Дэльвіга, І.  Кірэеўскага, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, А. Янушкевіча, П. Вяземскага і іншых.

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам.

Памёр у Канстантынопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

1904 год. Нарадзіўся Алесь Дудар (сапраўднае імя Аляксандр Дайлідовіч). 

Беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Адзін з заснавальнікаў мінскай, віцебскай і полацкай філій “Маладняка”, член аб’яднання “Полымя”. У выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў сышоў з вучобы ў БДУ.

У сакавіку 1929 года арыштаваны ДПУ за верш «Пасеклі наш край папалам…», высланы ў Смаленск, арыштоўваўся і ў 1930, 1936 гадах. Паводле Загаду № 33 1937 года «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» усе творы Алеся Дудара трэба было спальваць. 28 кастрычніка 1937 года асуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў мінскай турме НКУС («амерыканка») у ноч масавага расстрэлу беларускіх дзеячаў з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

Аўтар 5 зборнікаў паэзіі, шэрагу паэм. У 1959 годзе выйшлі Выбраныя творы, у 1984 годзе – зборнік вершаў і паэм «Вежа».

Перакладчык з рускай, нямецкай, французскай моў. Пераклаў раман «Еўгеній Онегін» і некаторыя творы А. Пушкіна, А. Блока, Ё.Гётэ, С.Ясеніна і іншых.

У гонар паэта названа вуліца ў Мінску (раён Лошыца).

 1907 год. Нарадзіўся Анатоль Шыбнёў. 

Беларускі жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Сын мастака Даміяна Шыбнёва, бацька мастака Яўгена Шыбнёва.

Скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе і накіраваны на працу ў Брэст (1940).

З 1944 года жыў і працаваў у Мінску. Удзельнік мастацкіх выставак з 1936 года. Працаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў.

Памёр 19 сакавіка 1990 года.

1914 год. Негалоснае Каляднае перамір’е на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны. 

Сімвалічны момант чалавечнасці на фоне адной з самых драматычных падзей сучаснай гісторыі. Выпадкі кароткага, але даволі шырока распаўсюджанага неафіцыйнага спынення баявых дзеянняў, якія мелі месца на Заходнім фронце на куццю (вягілія, сочельник) і на Каляды.

За тыдзень да Калядаў частка англійскіх і германскіх салдат пачалі абменьвацца каляднымі віншаваннямі і песнямі праз акопы. У асобных выпадках напружанасць была зніжана да такой ступені, што салдаты пераходзілі лінію фронту, каб пагаварыць са сваімі супернікамі і абмяняцца з імі падарункамі. 

На Куццю і Каляды салдаты абодвух бакоў, а таксама, у меншай ступені, французы, самастойна выходзілі на нейтральную паласу, дзе змешваліся, абменьваючыся прадуктамі харчавання і сувенірамі. Праводзіліся таксама сумесныя цырымоніі пахавання загінулых, некаторыя сустрэчы заканчваліся сумеснымі каляднымі спевамі. 

Войскі абодвух бакоў бывалі настолькі прыязныя адзін з адным, што часам нават гулялі паміж сабой у футбол на нейтральнай паласе.

 1915 год. У в. Каменка Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Трухан. 

Эканомгеограф, кандыдат геаграфічных навук, прафесар.

З 1949 года з невялікімі перарывамі працаваў у БДУ: заснавальнік і загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі СССР, дэкан геаграфічнага факультэта. Рэктар Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (1962-1965), дырэктар НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (1965-1967).

Аўтар больша за 100 навуковых прац, якія ў асноўным прысвечаны пытанням размяшчэння сельскагаспадарчай вытворчасці, эканамічнай геаграфіі Беларусі, геаграфіі гаспадаркі Гомельскай вобласці, Беларускага Палесся, асобных эканамічных раёнаў і рэспублік СССР. Прымаў удзел у складанні першага Атласа БССР (1958).

Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана некалькі дзесяткаў аспірантаў, 6 кандыдатаў і 2 доктары навук (С. Сідор, І. Пірожнік).

Памёр 16 чэрвеня 2000 года.

1932 год. Урачыстае адкрыццё магілёўскага кінатэатра “Чырвоная Зорка” і прагляд першай гукавой кінапраграмы “Пераварот” рэжысёра “Беларусьфільм” Юрыя Тарыча. 

Дэманстрацыя ажыццяўлялася на апараце фірмы “Патэ” – самай вядомай на той момант у свеце.

Першае знаёмства жыхароў Магілёва з дзіўным светам кіно адбылося 10 жніўня 1903 года. Першы стацыянарны “сінематограф” атрымаў у Магілёве пастаянную прапіску ў 1909 годзе, калі на Дняпроўскім праспекце (зараз вуліца Першамайская), 42 адчыніўся тэатр «электрабіёграф» пад назвай «Чары». Сама назва ўжо падкрэслівала “фантастычны” характар незвычайнага відовішча – кіно. Будынак кінатэатра “Чары” у 1930-1932 гадах быў рэканструяваны і стаў належыць “Чырвонай Зорцы”.

1942 год. У канцлагеры Трасцянец загінуў Вінцэнт Гадлеўскі. 

Беларускі грамадскі дзеяч і публіцыст.

Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Мінску. Браў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.

Член Беларускага нацыянальнага камітэта, удзельнік Усебеларускага з’езда. Член Рады БНР.

У 1920-я гады шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю на Віленшчыне, за якую арыштоўваўся польскімі ўладамі, быў асуджаны на 2 гады турмы.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (1928).

Пераклаў на беларускую мову Новы запавет. Заснаваў газету «Беларускі фронт».

За крытыку нямецкай палітыкі ў дачыненні да беларускага народа быў арыштаваны нямецкай паліцыяй і адпраўлены ў канцлагер Трасцянец.

1982 год. Адкрыты Магілёўскі мастацкі музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі. 

Філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIIІ стагоддзя. Экспазіцыя музея знаёміць з жыццём і творчасцю беларускага мастака, акадэміка жывапісу В. Бялыніцкага-Бірулі. Фонд музея налічвае 114 твораў жывапісу, 39 прадметаў этнаграфіі і побыту, 81 адзінку фотаматэрыялаў. Агульная плошча музея 712 м², плошча экспазіцыйных памяшканняў 484 м².

У мансардзе музея знаходзіцца выставачная зала, дзе адбываюцца выстаўкі выяўленчага мастацтва з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Саюза мастакоў Беларусі, дзіцячай творчасці.

1997 год. Памёр ураджэнец в. Галачоўка Чавускага раёна Міхал Манышаў. 

Вядомы савецкі і беларускі географ, педагог-дэфектолаг, аўтар сусветна вядомых падручнікаў па геаграфіі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Заслужаны настаўнік БССР.

Скончыў Чавускую сямігодку, Княжыцкую (Магілёўскі раён) школу рабочай моладзі, Шклоўскую школу ФЗН, геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута (1940). Удзельнік абароны Магілёва (1941), вызвалення Польшчы, Прагі, узяцця Берліна.

Настаўнічаў ў школах Клімавіцкага, Бялыніцкага, Чавускага, Магілёўскага раёнаў, быў інспектарам школ Чэрыкаўскага раёна, намеснікам дырэктара Мсціслаўскага педвучылішча (1945–1948), Мсціслаўскай спецыялізаванай школы глуханямых дзяцей (1948–1976).

Аўтар спецыялізаваных падручнікаў, распрацоўшчык шэрагу пытанняў дэфекталогіі, аўтар падручнікаў па прыродазнаўству (3-6 класы), геаграфіі (6–9 класы), якія ў розны час былі перакладзены на шматлікія мовы народаў СССР, Еўропы.