Баравікоў і лісічак стане менш? Змены ў клімаце памяняюць густы грыбнікоў, кажуць кліматолагі

У бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў грыбнікі, верагодна, будуць вымушаны цягнуцца да іншых відаў грыбоў, якія сужываюцца з дрэвамі, якія заменяць хвою. Напрыклад, гэта будзе чырвонагаловік сеткавы, які сустракаецца пад букамі, дубамі і грабамі – мяркуе доктар Марта Куяўска з Інстытута дэндралогіі Акадэміі Навук Польшчы.

Паступовае павелічэнне тэмператур у доўгатэрміновай перспектыве павінна будзе адбіцца на зменах у лясной зоне Усходняй Еўропы. Замест хваёвых дрэваў будуць больш распаўсюджвацца ліставыя лясы, аж да паяўлення на Беларусі граба і бука. Заходнія рэгіёны нашай краіны зблізяцца па сваім клімаце з суседнімі рэгіёнамі Польшчы і Украіны. Падобны на украінскі клімат можна чакаць і на Падняпроўі – мяркуюць кліматолагі.

Марта Куяўска, сцвярджае, што ў нашым рэгіёне незайздросны лёс чакае лісічкі і баравікі. Пры гэтым, паводле даследаванняў, агульная колькасць грыбоў у лясах Усходняй Еўропы можа павялічыцца.

Развіццё пладовых цел лясных ядомых грыбоў у 2016-2100 гадах, верагодна, вырасце на 23-93 працэнты ў параўнанні з мінулым перыядам. Гэта адбудзецца, у асноўным, з-за падаўжэння сезона плоданашэння, павелічэння колькасці ападкаў у яго пачатку і больш высокіх тэмператур у канцы. Простымі словамі, лета стане даўжэй, а дажджы будуць больш багатыя, што дасць грыбам больш часу на размнажэнне.


Але ад пацяплення ў першую чаргу, пацерпяць яловыя лясы. Змяненне клімату азначае, што лясы з хвоі, елкі будуць скарачацца. Бярозавыя таксама не будуць актыўна расці. Затое ў новым, цяплейшым клімаце мы часцей будзем сустракаць дубы.


Папулярныя лісічкі і падбярозавікі, а таксама маслякі, якія ў асноўным асацыююцца з дрэвамі сямейства сасновых, верагодна, будуць станавіцца ўсё больш рэдкімі. Таксама ўраджаі аднаго з самых высакародных грыбоў – баравікоў – могуць скараціцца з-за яго вялікай залежнасці ад іглічных лясоў.

Для таго, каб зразумець, якія грыбы будуць у сярэдзіне і канцы стагоддзя царамі беларускіх лясоў, трэба паглядзець на тыя віды, што любяць ліставыя лясы, а яшчэ лугі і стэпы.

У такіх месцах, лёгка сустрэць усе разнавіднасці сыраежак – сіне-жоўтую, зялёную, харчовую, прыгожую, ломкую. А яшчэ хвалюшку ружовую і белую, грыбы-парасоны, грузды, радоўкі і гаварушкі. Ну і апенькі.

радоўка

А з грыбоў, якія растуць на адкрытых лугах і палях, найбольш вядомыя шампіньёны. Іх зараз можна сустрэць на агародах, паблізу стайняў, на месцах выпасу жывёлы. І іх колькасць будзе толькі расці – піша Telegraf.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 9 мая. Свята Перамогі. Нарадзіўся графік Л. Асецкі. Наступ на беларушчыну. Часопіс «Маладосць». Мсціслаўскі музей. Буйніцкі заасад.

Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

Вялікая Айчынная вайна – частка Другой сусветнай вайны 1939–1945 гадоў, пачалася досвіткам 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія напала на СССР. На баку Нямеччыны выступілі Румынія, Італія, 23 чэрвеня да іх далучылася Славакія, 25 чэрвеня – Фінляндыя, 27 чэрвеня – Венгрыя, 16 жніўня – Нарвегія.

Вайна доўжылася амаль чатыры гады і стала самым буйным узброеным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. На фронце, які распасціраўся ад Баранцава да Чорнага мораў, абапал у розныя перыяды вайны адначасова ваявалі ад 8 мільёнаў да 13 мільёнаў чалавек, ужывалася ад 6 тысяч да 20 тысяч танкаў, ад 85 да 165 тысяч гармат і мінамётаў, ад 7 тысяч да 19 тысяч самалётаў.

Падчас вайны ў Беларусі загінула больш за 2,3 мільёны жыхароў, былі разбураны і разрабаваны 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.

Улада і апазіцыя адзіны ў тым, што свята – усенароднае. Іх пазіцыі, аднак, адрозніваюцца ў падыходах да “напаўнення” свята, да таго, хто павінен быць у калонах на парадах. Так, 9 мая 1994 года АМАП не прапусціў на мінскую плошчу Перамогі народнага пісьменніка, франтавіка, пісьменніка Васіля Быкава.

У Дзень Перамогі выйшаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб заснаванні медаля “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” на георгіеўскай стужцы. Ён стаў самым масавым медалём: 14,9 млн. узнагароджаных. Асобы, якія атрымалі медаль, мелі права на ўзнагароды юбілейнымі медалямі да 20, 30, 40, 50, 60, 65, 70, 75 год Перамогі.

1878 год. У сям’і беларуса – выхадца з Чавускага павета нарадзіўся сын, географ Міхаіл Самбікін (1878–1968).

Вядомы савецкі  фізіка-географ, метэаролаг, прафесар, член-карэспандэнт Галоўнай геафізічнай абсерваторыі Пецярбургскай акадэміі навук.

У 1934–1941 гадах працаваў прафесар і загадчыкам кафедры метэаралогіі  Беларускай сельгасакадэміі, прафесарам кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута.

1913 год. Нарадзіўся Васіль Івашын (1913–2009).

Беларускі літаратуразнаўца, акадэмік НАНБ, АПН СССР, Расійкай акадэміі адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык літаратурнай спадчыны Янкі Купалы.

Скончыў Мінскі педінстытут. Працаваў у Віцебскім педвучылішчы, у Інстытуце літаратуры АН БССР, дырэктарам НДІ педагогікі Міністэрства адукацыі БССР (зараз – Нацыянальны інстытут адукацыі).

Аўтар навуковых прац па пытаннях тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры, літаратурных сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання літаратуры ў школе. Аўтар падручніка па беларускай літаратуры для 8-9 класаў.

1929 год. У в. Продзвіна Бабруйскага раёна нарадзіўся Людвіг Асецкі (1929–2005).

Беларускі графік, заслужаны дзеяч мастацтваў. Узнагароджаны медалём Ф. Скарыны.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у ім, быў старшынём Мастацкага фонду БССР.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, манументальнага жывапісу, графіцы.

Стварыў ілюстрацыі да кніг «Мы раскажам пра Мінск», «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І. Мележа і іншыя.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча падрыхтаваў серыю «Ад родных ніў».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Літаратурным музеі імя Я. Купалы, Беларускім музеі Вялікай Айчыннай вайны, музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

1929 год. Пачала працу камісія ЦК ВКП(б) па вывучэнні практыкі правядзення новай нацыянальнай палітыкі ў БССР.

Камісія 27 чэрвеня 1929 года зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа так званага “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія з іх былі асуджаны. 

З гэтага часу пачалася палітыка абмежавання мовы тытульнай нацыі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 года, якая штучна наблізіла беларускую мову да рускай.

1953 год. У Мінску выйшаў першы нумар часопісу «Маладосць».

Штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс Саюза пісьменнікаў Беларусі на беларускай мове.

Публікуе прозу, паэзію, публіцыстыку, крытычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады. Тыраж на канец 2022 года склаў 460 экзэмпляраў.

Выйшла больш за 830 нумароў.

У 2002-2012 гадах уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”, затым у складзе рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”. З 2021 года ўваходзіць у склад выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

У часопісе друкаваліся В. Быкаў – “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост”, У. Караткевіч – “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, І. Шамякін – “Ах, Міхаліна, Міхаліна”, І. Чыгрынаў – «Плач перапёлкі» і іншыя.

1986 год. У Мсціславе адкрыты мемарыяльны комплекс Курган Славы.

Прысвечаны землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

1995 год. Адчынены Мціслаўскі гістарычна-археалагічны музей – адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны.

Створаны ў чэрвені 1988 года. Значная частка экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. Аляксеева, М. Ткачова, А. Трусава.

Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: “Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай”, “З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя”, “Павятовы горад Мсціслаў”. Колькасць экспанатаў музея перавышае 20 000, з іх болей за 12 000 уваходзіць у асноўны фонд.

Найбольш цікавай калекцыяй з’яўляецца “Археалогія”.

З 2007 года музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў”.

2002 год. Апублікаваны канчатковы варыянт Рамкавай канвэнцыі ААН па змене клімату.

Сярэднія тэмпературы на Беларусі павялічаліся амаль на 1С, клімат памякчэў, стаў менш кантынентальным, зіма ў сярэднім стала цяплей на 5-6С у параўнанні з 1960-мі  гадамі.

2005 год. У Магілёве на плошчы Славы адкрыта першая чарга Алеі Славы “Гонар і слава Магілёўшчыны”.

На ёй 137 дошак з імёнамі Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Магілёўскай вобласці.

Першым Героем Савецкага Саюза стаў акадэмік О. Шміт ў 1937 годзе, апошнім – воін-“афганец” А. Мельнікаў у 1988 годзе пасмяротна.

2005 год. У Буйнічах Магілёўскага раёна адчыніўся заасад.

Заснаваны ў 2004 годзе пры Магілёўскім агралесатэхнічным каледжы імя К. Арлоўскага яго дырэктарам Г. Маліноўскім.

Размяшчаецца на правым беразе Дняпра на плошчы ў 124 га. Асноўную частку заасада займаюць прасторныя вальеры, у якіх жывуць насельнікі беларускіх лясоў і экзатычныя для Беларусі звяры.

Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» – музей пад адкрытым небам. Тут можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ стагоддзя. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах – майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.

2009 год. Свой першы рэйс здзейсніў цягнік на чыгуначнай міні-дарозе ў заасадзе ў Буйнічах.

Першымі пасажырамі сталі ветэраны вайны і школьнікі Буйніцкай школы.

Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/г. Працягласць дарогі складае 2 км і дазваляе пазнаёміцца бліжэй з насельнікамі заасада: зубрамі, еўрапейскай ланню і плямістым аленем, казулямі.

Падарожнічаючы па чыгунцы, можна назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі заасаду ў ледніковы перыяд. У зоне інтэнсіўнага наведвання заасада частка каньёна ператворана ў штучны вадаём, на якім жывуць прадстаўнікі вадаплаўнай фаўны краіны – качкі і лебедзі.

Фота з адкрытых крыніц

Марскія плыні запавольваюцца, магчыма пахаладанне па ўсёй Еўропе

Навукоўцы з Даследчага цэнтра змены клімату з аўстралійскага Ўніверсітэта Новага Паўднёвага Ўэльса прыйшлі да высновы, што хуткае раставанне антарктычных ільдоў выклікае рэзкае запаволенне глыбінных акіянскіх плыняў – піша часопіс Nature.

Марскія плыні абумоўлены рухам уніз халоднай і шчыльнай салёнай вады, але з-за раставання леднікоў ўзровень салёнасці зніжаецца. Гэта запавольвае натуральныя працэсы і можа мець катастрафічныя наступствы для клімату.

Навукоўцы канстатуюць, што марскія плыні былі адносна стабільнымі на працягу тысячагоддзяў, але пры бягучым тэмпе яны могуць скараціцца адразу на 40% да 2050 года.

Плыні нясуць цеплыню, кісларод, вуглярод і пажыўныя рэчывы па ўсім зямным шары, таму іх запаволенне можа прывесці да пахаладання ў Еўропе, а таксама зменшыць здольнасць акіяна паглынаць вуглякіслы газ з атмасферы.

Нядаўна навукоўцы ўстанавілі, што марскі лёд Антарктыды растаяў да рэкорднага ўзроўню. Папярэдні гістарычны мінімум быў устаноўлены ў мінулым годзе.

Фота носяць ілюстрацыйны характар.

Эксперты ААН распрацавалі кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва

Міжурадавая група экспертаў па зменах клімату пад эгідай ААН апублікавала даследаванне пад назвай “кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва”, піша UN News. 

Вучоныя лічаць, што ключавы парог глабальнага пацяплення ў 1,5°С будзе пройдзены ўжо ў 2030-х гадах. “Кіраўніцтва” тлумачыць, як выкарыстоўваць чыстую энергію і тэхналогіі, каб пазбегнуць кліматычнай катастрофы. 

Навукоўцы занепакоеныя тым, што ключавая глабальная мэта па тэмпературы, верагодна, ужо недасяжная. Свет пацяплеў на 1,1°С, а ў 2030-х гадах ён, верагодна, перавысіць парог, які лічыўся недапушчальным, у 1,5°С. Ад змены клімату і далейшых паводак, паводле прагнозаў, мацней за ўсё пацерпяць прыбярэжныя раёны і невялікія астравы ў Ціхім акіяне.

Аўтары даклада падкрэсліваюць, што ў чалавецтва ёсць шанец прадухіліць кліматычную катастрофу, калі прыняць тэрміновыя меры па дэкарбанізацыі (змяншэння выкідаў вуглякіслага газа) эканомікі. Аўтары “кіраўніцтва” прапануюць пераход на сонечную і ветравую энергію, змену рацыёну харчавання, разумнае абыходжанне з адыходамі і выкарыстанне нізкавугляроднага транспарту.

Нядаўна навукоўцы высветлілі, што плошча лёду вакол Антарктыды паменшылася да рэкорднага ўзроўню.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Навукоўцы склалі самую падрабязную геалагічную мадэль Зямлі

Па ёй можна прасачыць, як змянялася Зямля за апошнія 100 мільёнаў год.

Навукоўцы аўстралійскага ўніверсітэта Сіднэя склалі самую падрабязную мадэль геалагічных змен Зямлі пад назвай “Перспектыва Элерса” – паведамляе  часопіс Science. 

На відэа вучоныя паказалі, як ландшафт Зямлі мяняўся за апошнія 100 мільёнаў гадоў: ад змены ўзроўню Сусветнага акіяна да руху тэктанічных пліт.

На мадэлі ўлічаны такія фактары, як змена клімату і розныя прыродныя з’явы, у тым ліку, вывяржэнне вулканаў, землятрусы. 

На двух прадстаўленых відэа бачна, як перасоўваюцца кантыненты, мяняюцца рэчышчы, перамяшчаюцца тэктанічныя пліты.

Створаная мадэль у далейшым можа дапамагчы зразумець, як паверхня Зямлі будзе рэагаваць на змяненне клімату і тэктанічныя сілы, і вылічыць яшчэ толькі маючыя адбыцца змены планеты.

У Венецыі амаль перасохлі каналы

З прычыны моцнага адліву і паніжэння ўзроўню вады ў Венецыі практычна перасохлі каналы. У горадзе абцяжарана праца водных таксі, гандол і экстраных службаў, якія выкарыстоўваюць катэры, паведамляе pogoda.mail.ru са спасылкай на Bloomberg.

Сіноптыкі адзначылі, што праблемы ў Венецыі сталі непрамым вынікам засухі, якая ўмацавалася ў горадзе апошнія некалькі месяцаў. Па дадзеных экспертаў Centro Maree, узровень вады не вернецца па стану на 21 лютага.

Італія сутыкнулася з хваляй моцнай засухі пасля засушлівага лета і таму ў рэках і азёрах назіраецца драматычна нізкі ўзровень вады.

Акрамя таго, у Венецыі за апошнія гады пачасціліся моцныя прылівы. Гэта не столькі напаўняе каналы, як наносіць шкоду гораду з-за адліваў. Найбуйнейшы за 50 гадоў адліў 2019 года нанёс шкоду на 1 мільярд еўра і мясцовыя ўлады пачалі працаваць над праектам, які закліканы зменшыць шкоду ад стыхійных бедстваў. Работу над ім плануецца завяршыць да канца бягучага года.

У снежні 2020 года Венецыя таксама апыналася пад вадой. Наймацнейшы патоп за гісторыю назіранняў быў у 1966 годзе, калі ўзровень вады ў моры падняўся амаль на два метры.

У Арктыцы зафіксавалі самую зацяжную навальніцу, і гэта трывожны сігнал

Навукоўцы з расійскага Арктычнага і антарктычнага навукова-даследчага інстытута (ААНДІ) зафіксавалі самую зацяжную навальніцу ў высокашыротнай Арктыцы за ўсю гісторыю назіранняў – паведаміла прэс-служба інстытута.

Працягласць прыроднай з’явы склала 55 хвілін і адбылася яна ў ліпені 2022 года на расійскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі “Лядовая база “Мыс Баранава”.

Той факт, што навальнічныя аблокі дабраліся да высокіх шырот Арктыкі, з’яўляецца чарговым сведчаннем змен цыркуляцыі атмасферы. Раней навальніцы былі неўласцівыя для паўночных раёнаў Арктыкі. 

Першыя афіцыйныя дадзеныя аб навальніцы ў гэтым рэгіёне зарэгістраваны ў чэрвені 2019 года на востраве Бальшавік – тады навальніца доўжылася 40 хвілін.

Фота: Michał Mancewicz/CC0

Нечуваныя калядныя замаразкі, падобныя на сёлетнія, трыста гадоў таму падарвалі армію Карла ХІІ

У 1708-1709 гадах на Еўропу абрынуліся рэкордныя за пяцьсот гадоў маразы.  У Францыі, Вялікабрытаніі гэтую пару назвалі Вялікім Марозам, Вялікай Зімой

«Віцебская хроніка» згадвае, што 7 студзеня 1709 года «на захадзе былі бачныя тры сонцы», а 19 студзеня «на поўдні былі бачныя два слупы, а сонца было пасярэдзіне». Калі ўлічыць, што 6 студзеня 1709 года пачаліся вялікія халады па ўсёй Еўропе, то таямнічыя тры сонцы над Віцебскам, Полацкам, Оршай, Магілёвам 7 студзеня – прамое сведчанне нейкага прыроднага катаклізму.

Што гэта былі за слупы, што за тры сонцы? Яны з’явіліся ў выніку праламлення сонечных прамянёў у атмасферы зямлі, з-за незвычайна нізкіх тэмператур. У нечым гэта нагадвае эфект Гало, толькі аптычная ілюзія звязана не з ледзянымі крышталікамі, а менавіта з халаднечай. Прычынай жа суворых маразоў стаў эфект на Сонцы, які назваецца “мінімум Маўндэра” – памяншэнне колькасці сонечных плям.

Зіма 1708-1709 гадоў выдалася анамальна, незвычайна халоднай ў гісторыі Еўропы, суперхалоднай за апошнія 500 гадоў. У Вялікабрытаніі гэтая зіма вядомая як Вялікі Мароз – Great Frost. Яна выклікала самы моцны спад у эканоміцы за ўвесь час існавання дзяржавы. У Францыі – Вялікая Зіма, Le Grand Hiver.

Тэмпература ў 1709 годзе, як і ў 2023 годзе, пачала падаць у ноч на 6 студзеня. Англійскі вучоны Уільям Дэрхам 10 студзеня каля Лондана зафіксаваў тэмпературу −12°C – самую нізкую, якую ён вымераў за ўвесь час сваіх назіранняў за надвор’ем. 14 студзеня яго сучаснікі з Парыжа зафіксавалі тэмпературу −15°C.

Дэрхам адзначаў, што ў тую зіму глеба прамерзла больш чым на метр. Моры, азёры і рэкі змерзлі. На палях вымерз увесь ураджай, мароз знішчыў аліўкавыя дрэвы і вінаграднікі, а ў рэках і азёрах змерзла рыба. 

У Францыі зіма нанесла асабліва вялікія страты, бо пацягнула за сабой голад, з-за якога да канца 1710 года загінулі прыкладна 600 000 чалавек. У Парыжы загінула 24 000 чалавек.

Суровая зіма стала прычынай масавай эміграцыі з Цэнтральнай Еўропы жыхароў нямецкага рэгіёна Пфальц.

Гэтай жа зімой нямецкі фізік Габрыель Фарэнгейт, апускаючы тэрмометр у талую сумесь снегу з нашатыром і паваранай соллю, прыняў надзвычайна нізкую тэмпературу ў Гданьску −17,8°C за нуль для сваёй шкалы.

Пра глабальную халадэчу ў нашым рэгіёне згадвалі многія ўдзельнікі Паўночнай вайны (1700-1721). Напрыклад, афіцэры шведскай, саксонскай, расійскай армій. 

«У 1709 годзе была лютая зіма, стаяла доўга, снягі былі невыносныя і нечувана вялікія, што не толькі звяр’ё, птаства, але і людзі на дорогах мёрзлі» – згадвае «Магілёўская хроніка».

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што фактар амаль арктычнай зімы 1709 года ва Ўкраіне скараціў войска шведскага караля Карла XII ледзь не на траціну, што моцна паўплывала на яго паразу ад цара Пятра І у бітве пад Палтавай і прадвызначыла ўздым Расійскай дзяржавы, якая неўзабаве стала імперыяй.

На гэтай мапе можна пабачыць, на колькі градусаў халадней было зімой 1708/1709 гадоў у параўнанні з сярэднімі паказчыкамі клімата на 1971-2000 гады