Закладваючы новую паліклініку ў Крычаве, чыноўнікі кідалі ў фундамент манеты

На месцы будавання новай паліклінікі адбыўся магічны рытуал з удзелам кіраўніцтва Крычаўскага раёна і праваслаўнай царквы, які мясцовая прэса акрэсліла як “старадаўні абрад”.

Дзейства ачолілі прадстаўнікі мясцовай праваслаўнай царквы і крычаўскія чыноўнікі. Яно адбылася на месцы будаўніцтва новай паліклінікі, побач з тэрыторыяй цэнтральнай раённнай бальніцы. 

Мерапрыемства пачалося з выступлення старшыні райвыканкама Седукова, пасля перацякло ў малебны і акрапленні вадой месца будучай паліклінікі настаяцелям Свята-Уваскрасенскай царквы пратаіерэям Сяргеем Карасцялёвым. 

А потым было кіданне манет у фундамент будучай здраўніцы. Гэты “старадаўні абрад”, як апісвае раённая газета “Крычаўскае жыццё”, адбыўся нібыта дзеля спрыяння будаўніцтву паліклінікі.

Яшчэ прадстаўнік Свята-Уваскрасенскай царквы Карасцялёў падараваў дырэктару раённай бальніцы абраз для палікнілікі. Хацелася б, аднак, спадзявацца, што ў новай ўстанове аховы здароўя будуць лекаваць таксама і з дапамогай сучасных дасягненняў медыцынскай навукі. 

Фота: “Крычаўскае жыццё”. 

Эксперты ААН распрацавалі кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва

Міжурадавая група экспертаў па зменах клімату пад эгідай ААН апублікавала даследаванне пад назвай “кіраўніцтва па выжыванні для чалавецтва”, піша UN News. 

Вучоныя лічаць, што ключавы парог глабальнага пацяплення ў 1,5°С будзе пройдзены ўжо ў 2030-х гадах. “Кіраўніцтва” тлумачыць, як выкарыстоўваць чыстую энергію і тэхналогіі, каб пазбегнуць кліматычнай катастрофы. 

Навукоўцы занепакоеныя тым, што ключавая глабальная мэта па тэмпературы, верагодна, ужо недасяжная. Свет пацяплеў на 1,1°С, а ў 2030-х гадах ён, верагодна, перавысіць парог, які лічыўся недапушчальным, у 1,5°С. Ад змены клімату і далейшых паводак, паводле прагнозаў, мацней за ўсё пацерпяць прыбярэжныя раёны і невялікія астравы ў Ціхім акіяне.

Аўтары даклада падкрэсліваюць, што ў чалавецтва ёсць шанец прадухіліць кліматычную катастрофу, калі прыняць тэрміновыя меры па дэкарбанізацыі (змяншэння выкідаў вуглякіслага газа) эканомікі. Аўтары “кіраўніцтва” прапануюць пераход на сонечную і ветравую энергію, змену рацыёну харчавання, разумнае абыходжанне з адыходамі і выкарыстанне нізкавугляроднага транспарту.

Нядаўна навукоўцы высветлілі, што плошча лёду вакол Антарктыды паменшылася да рэкорднага ўзроўню.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Каровы дохнуць і не хочуць цяліцца. У Клімавіцкім раёне зменшыўся каровін статак амаль на 2 тысячы галоў

Кіраўніцтва раёну патрабуе карміць і даглядаць жывёлаў згодна з існуючымі нормамі і правіламі. Чыноўнікі ўпікаюць аграрыям, што тыя не выконваюць працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Па стану на 1 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёну буйной рагатай скаціны было 22870 галоў. Гэта на 1862 жывёлы менш, чым летась.

Асноўнымі прычынамі зніжэння пагалоўя ската называецца «недаатрыманне прыплоду і павелічэнне выбыцця жывёлаў», піша газета Клімавіцкага райвыканкаму «Родная ніва».

За першыя сёлетнія паўгода ў сельгаспрадпрыемствах надаілі 7964,7 тоны малака (гэта 64,5% да ўзроўню мінулага года).

Малако гатунку «Экстра» прадаюць толькі з трох ферм сельгасарганізацыяў.

Старшыня райвыканкаму Дзмітрый Хайноўскі патрабуе ад кіраўнікоў «калгасаў» выправіць сітуацыю і арганізаваць кармленне і догляд жывёлы згодна з існуючымі нормамі і правіламі.

Паводле яго, некаторыя спецыялісты “па-ранейшаму не выконваюць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну, што наўпрост адбіваецца на выніках працы”.

“Гаспадаркі недаатрымліваюць фінансавыя сродкі”, – наракае ён.