Пад Горкамі загінулі двое – верагодна, з-за неасцярожнага курэння

Жанчына крыху за сорак і яе мужчына 47-мі гадоў жылі ўдвох у прыватным доме ў аграгарадку Рудкоўшчына Горацкага раёна. Суседзі ахарактаразавалі лад іх жыцця як даволі пасярэдні – заўважае прэс-служба МНС.

Увечары 22 сакавіка суседзі заўважылі, што дом ахапіла полымя. Калі прыехалі ратавальнікі, дом практычна згарэў, пачалі абвальвацца канструкцыі пабудовы. На месцы пажара былі знойдзеныя парэшткі двух чалавек. Папярэдняя выснова – неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

Рамонт на Камсамольскай, ордэр на арышт Пуціна і стрэлы ў Гродна – дайджэст мінулага тыдня

Самай гучнай міжнароднай навіной мінулага тыдня стала інфармацыя пра тое, што за злачынствы супраць украінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна.

Падзеяй тыдня на Беларусі стала інфармацыя пра забойства ў Гродна “замежніка, які планаваў тэрарыстычны акт” і нібыта адстрэльваўся і кідаў гранаты ў спецназ КДБ.

Магілёў на мінулым тыдні пачаў жыць крыху па-новаму – тут перакрылі вуліцу Камсамольскую на рамонт, з-за чаго ў горадзе пачала дзейнічаць іншая схема грамадскага транспарту.

Рамонт Камсамольскай вуліцы пры гэтым падараваў магілёўцам турыстычную цікавостку – адкрыўся выкшталцоны дарэвалюцыйны брук.

У Магілёве адбылася жуткаватая аварыя – ад удару таксі вылецела на тратуар. Мы сабралі поўнае відэа з розных крыніц.

У магілёўскім інтэрнаце па вуліцы Куцепава паскардзіліся на жахлівыя ўмовы – кішыць тараканамі і завоблачная камуналка.

У Магілёве і Магілёўскім раёне абвясцілі водную амністыю.

БелАЗ прыняў рашэнне сур’ёзна ўкласца ў развіццё вытворчасці на магілёўскім заводзе імя Кірава.

На мінулым тыдні стала вядома, колькі дарог адрамантуюць у Магілёўскім раёне за год – 2%.

У цэнтры Горак цалкам высеклі бярозавы гай, бо людзям перашкаджалі птушкі.

На мінулым тыдні старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў вазілі на стрэльбы пад Асіповічамі і ў магілёўскую турму для выхавання. 

Пад Асіповічамі была зафіксавана найбуйнейшая папуляцыя зуброў у рэгіёне.

У магілёўскім заасадзе прэзентавалі новых жывёл і абвясцілі пра вялікую рэканструкцыю.

Прыгажуні на конкурсе “Міс Крычаўцэментнашыфер” разарвалі TikTok.

Славутыя літоўскія шакоцісы былі заўважаныя ў адной з гандлёвых сетак на Магілёўшчыне.

А наогул на Беларусі пачалася вясна і прачнуліся кляшчы.

Фота: mogilev.media

У Горках цалкам высеклі бярозавы гай, таму што перашкаджалі птушкі

На вуліцы Гастэла ў Горках, каля райвыканкама цалкам высеклі бярозавы гай – паведамляюць horki.info. Раней мясцовая раённая газета тлумачыла неабходнасць вырубкі даволі арыгінальна: “Замест месца, якое раней абыходзілі бокам, каб не быць запэцканымі птушкамі, тут будзе зона адпачынку!”

Паведамляецца, што на месцы старых дрэў будуць пасаджаны маладыя саджанцы. Таксама запланаваны добраўпарадкаванне і ўстаноўка лаваў, кветнікаў і абсталяванне пешаходных дарожак.

Фота: horki.info

 

Апавяшчальнік не дапамог – пад Горкамі мужчына загінуў на пажары

Увечары 13 сакавіка пажар здарыўся ў двухпавярховым доме на некалькі кватэр у аграгарадку Рэкта Горацкага раёна. Жанчына, што пражывае на першым паверсе, пачула запах дыму і спрацоўку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка на другім паверсе, дзе ў сваёй кватэры жыў яе сусед 1977 года нараджэння. Нажаль, ён гук апавяшчальніка не пачуў. Прычына смерці мужчыны, папярэдне – неасцярожнае курэнне, піша “Горацкі веснік”.

Фота: “Горацкі веснік”

Пратэсты, украінскі герой і Клайпеда ў топ-5 – дайджэст мінулага тыдня

Расстрэл украінскага палоннага вайскоўца, што выгукнуў забойцам “Слава Украіне!” перад самай смерцю – стаў адной з самых рэзанансных падзей тыдня. Праз некалькі дзён пошукаў і сумненняў, імя воіна было канчаткова ўстаноўленае, гэта Аляксандр Маціеўскі. 

Амаль увесь тыдзень у Грузіі праходзілі і перамаглі праеўрапейскія пратэсты, а ў Малдове пачаліся прарасійскія.

На Магілёўшчыне навіны асабліва не радавалі. Палова Крычава заставалася без вады з-за прарыва трубы.

Пад Горкамі была зарэгістраваная ўспышка шаленства – хворая ліса прабралася ў вёску, заразіла сабаку.

Пад Чэрыкавам зграя ваўкоў загрызла касулю і паядала яе некалькі дзён на самым ускрайку вёскі.

Адразу ў трох калодзежах вёскі Дубінка пад Магілёвам забаранілі браць пітную ваду.

Горад-пабрацім Магілёва, літоўская Клайпеда ўвайшла ў топ-5 лепшых гарадоў у свеце.

У Даніі знайшлі самую старажытную ўзгадку бога Одзіна.

Горацкаму краязнаўчаму музею перадалі карціны вядомага земляка Якава Сімкіна.

Пад Горкамі ўспышка шаленства

У вёсцы Котлева Горацкага раёна гаспадар сядзібы знайшоў на ўласным падворку памерлую лісу. Праверка паказала, што драпежнік хварэў на шаленства. Пры гэтым ліса кантактавала з гаспадарскім сабакам, які пазней паводзіў сябе агрэсіўна. Усім асобам, што маглі атрымаць заражэнне, прапісаныя антырабічныя прывіўкі – паведамляе “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

Музею ў Горках перадалі карціны вядомага земляка Якава Сімкіна

Работы знакамітага ўраджэнца вёскі Леніно Горацкага раёна знайшоў і перадаў у музей пляменнік мастака.

Якаў Сімкін нарадзіўся ў вёсцы Леніно Горацкага раёна ў 1921 годзе. Прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, а ў сталым узросце заняўся жывапісам. Ён не атрымаў прафесійнай адукацыі, але заняткі ў вучня Казіміра Малевіча М. Хазанава далі яму дастатковы досвед, каб дасягнуць прызнання. У 1969 годзе ён стаў сябрам Саюза мастакоў СССР, быў удзельнікам шматлікіх персанальных і ўсесаюзных выставаў. Мастацтвазнаўцы адзначалі, што галоўным у працы мастака з’яўляецца духоўнасць, прыгажосць навакольнага свету і асаблівае колерабачанне і таму называлі Я. Сімкіна “цветаносным” мастаком.

8 работ мастака – сем малюнкаў і адна жывапісная карціна – былі перададзены ў Горацкі музей пляменнікам мастака Леанідам Сімкіным, які пражывае ў Ізраілі. Ён знайшоў гэтыя працы ў сваіх далёкіх сваякоў у Маскве. Паведамляецца, што перадачы карцін у музей паспрыяў іншы вядомы ўраджэнец Горак – Уладзімір Ліўшыц.

Фота: “Горацкі веснік”

Вось з такой вадой жыхарам Горацкага раёна прыйдзецца пачакаць да цёплых дзянькоў – фотафакт

Стан вадаправоднай вады ў вёсцы Мацюты Горацкага раёна – на фота. Вада перыядычна становіцца брудна-рудой, хоць у вёсцы функцыянуе станцыя абезжалезвання вады. 

Сітуацыю “Горацкамі весніку” пракаментаваў начальнік участка водаканала Сяргей Дольнікаў. Паводле яго словаў, з надыходам станоўчых тэмператур на вуліцы адразу будзе праведзена прамыванне водаправодных сетак у в. Мацюты. Пакуль для таго, каб паправіць сітуацыю, працаўнікі ўчастку падрэгулявалі сістэмы станцыі, а таксама прамылі фільтры ва ўстаноўцы. Але, як бачна на фота, гэтыя меры дапамагаюць толькі часова – жыхарам вёскі прыходзіцца набіраць у дом ваду з калонак, альбо вазіць бутэляваную з Горак.

Фота: “Горацкі веснік”

Асфальт на мосце ў Горках латалі ўжо пяць разоў за зіму і ніяк не адрамантуюць

“Пагнулі дыск – едзем у суд”. “Не дарога, а галандскі сыр” – так каментуаюць у сацсетках дарожнае пакрыццё на мосце па вуліцы Савецкай у Горках. 

Кожная спроба залатаць ямы на мосце па вуліцы Савецкай у Горках дазваляе вырашыць праблему толькі на некалькі дзён – прызналіся спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ямачны рамонт не дапамагае, ён праводзіўся ўжо пяць разоў за гэты год – расказаў намеснік старшыні горацкага райвыканкама па пытаннях ЖКГ і будаўніцтва Сяргей Котаў. Пра сітуацыю з асфальтам па Савецкай вуліцы ў Горках пісалі mogilev.media.

Спецыялісты адзначаюць, што для якаснага рамонта дарогі патрэбна тэхніка для зразання фрэзой старога асфальтавага пакрыцця. Такой тэнікі ў Горках няма, яе трэба прасіць у Магілёўскім аблвыканкаме. Акрамя таго, падобныя работы паводле тэхналогіі дапускаецца праводзіць толькі пры плюсавой тэмпературы. А гэта значыць, што ямы на праблемным вучастку дарогі па вуліцы Савецкай застануцца яшчэ на нявызначаны тэрмін.

Фота: “Горацкі веснік”

Сакавік – месяц святла, і няўстойлівага надвор’я, здольны прыпаднесці сюрпрызы

Сакавік – першы каляндарны вясновы месяц. Але феналагічная вясна пачынаецца ў Магілёўскай вобласці толькі ў апошняй дэкадзе месяца.  

За пачатак вясны бярэцца дзень, калі зацвітае арэшнік. Па сярэдніх дадзеных назіранняў, гэта адбывецца ў Бабруйску 25 сакавіка, у Магілёве 27 сакавіка, у Горках 31 сакавіка. У Магілёве раз на 20 гадоў дата пачатку вясны прыпадае на 10 сакавіка, адзін раз на 20 гадоў – пазней за 10 красавіка. 

Вясна на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, па сутнасці, укладваецца ў адзін месяц – красавік, бо па сярэдніх датах “укладваецца” у Бабруйску да 1 мая, у Магілёве – да 2 мая, у Горках – да 5 мая. 

Сакавік  – месяц святла. 

21 сакавіка ў дзень роўнадзенства дзень роўны 12 гадзінам, у канцы месяца амаль 13 гадзін, гэта азначае, што ў параўнанні з лютым ён прырасце на 2 гадзіны. Сонца падымаецца над гарызонтам на 36° (22 снежня ў Магілёве і на яго шырыні – 12,5°), сонечная радыяцыя павялічваецца ўдвая ў параўнанні з лютым, рэзка падымаецца тэмпература паветра – на 4°С. Аднак у межах Магілёўскай вобласці яна застаецца на адмоўным узроўні.

Сярэдняя тэмпература сакавіка ў Бабруйску   -1,6°С, у Горках  -3,3°С. Але анамальныя амплітуды тэмператур сакавіка вельмі значныя – да 55°С. Так, у Магілёве на пачатку сакавіка 1964 года тэрмометр паказваў  -35°С, а ў 1913 годзе  +19,8°С.

У сакавіку выпадае каля 40 мм ападкаў. Розніца паміж рознымі часткамі Магілёўскай вобласці па ападках неістотная, а па гадах значная: у 1950 годзе сакавіцкія ападкі ў Бабруйску склалі 2 мм, а у 1912 годзе ў Магілёве выпала 110 мм.

Як правіла, снегавое покрыва дэградуе  ў сярэднім 14 сакавіка на паўднёвым захадзе, 23 – на паўночным усходзе вобласці, у Магілёве – 22 сакавіка. Адхіленні ад сярэдніх паказчыкаў налічваюць тыдні.

Адносная вільготнасць паветра памяншаецца да 80%, узрастае доля яснага неба – да 26% дзён, скарачаецца колькасць пахмурнага – да 14%. Звычайна 3–6 дзён з туманамі, 2 дні з галалёдам, 2 – з крышталічнай намараззю.

Часцей за ўсё на рэках пачынаецца крыгалом, у асобныя гады назіраецца разводдзе. Скарачаецца глыбіня прамярзання глебы. Гатовы да абуджэння дрэвы, першацветы.

З зімовых кватэр накіроўваюцца ў месцы гняздоўяў амялушкі, снегіры, чачоткі. Ажываюць гракоўнікі.

Пачынаецца новы сезон у дачнікаў. Сакавік – самы адказны перыяд для садавода – час абразання, а ў раннія дні вясны і прышчэплівання дрэў. Прышчэпліванне трэба рабіць да набухання пупышак.

Папярэдні прагноз надвор’я на сакавік 2023.

Паводле папярэдніх мадэляў, сакавік у гэтым 2023 годзе будзе дастаткова суровы. Ён пацвердзіць статус вельмі няўстойлівага месяца з традыцыйнымі вяртаннямі халадоў, узмацненнем маразоў, арктычнымі ўварваннямі і зарадамі снегу, але сярэднямесячная тэмпература ўсё ж чакаецца вышэй за норму на 2-4°С.

Пры ўсім гэтым нагадваем, што да доўгатэрміновых прагнозаў трэба ставіцца філасофскі: дакладнасць вагаецца ў межах 60-70%.