Дзень у гісторыі. 18 сакавіка. Напад мангола-татараў. Рыжскі мірны дагавор. Наймагутны смерч. Нарадзіўся кампазітар М. Рымскі-Корсакаў

1241 год. У бітве пры Хмельніку пад Кракавам войска Залатой Арды перамагае польскае войска і мангола-татары працягваюць заваяванне Еўропы.

Перад гэтым частка войска мангола-татараў прайшлася па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне.

Кракаў быў амаль цалкам знішчаны манголамі.  У 1259 годзе горад зноў быў разрабаваны манголамі, у 1287 годзе мангольскі напад удалося адбіць.

1662 год. У Парыжы пачала дзейнічаць першая служба грамадскага транспарту.

Яна з’явілася па ідэі знакамітага вучонага Блеза Паскаля. 

Першыя транспартныя сродкі мелі восем сядзячых месцаў і курсіравалі па пэўным маршруце, у пэўныя гадзіны, нават калі яны не былі запоўнены пасажырамі. 

Такая карэта на пачатку XIX стагоддзя атрымала назву “омнібус”, што азначае “для ўсіх”.

1758 год. Памёр Тамаш Жэброўскі (1714–1758).

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкіх калегіумах, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

1844 год. Нарадзіўся Мікалай Рымскі-Корсакаў.

Расійскі кампазітар, педагог, дырыжор, музычны крытык, марскі афіцэр, удзельнік «Магутнай купкі». 

Паходзіць са старажытнага полацкага роду Корсакаў, з якім звязаны і Баркулаб Корсак (уласнік Баркалабава, заснавальнік Баркалабаўскага манастыра, дзе быў створаны Баркалабаўскі летапіс), і палітычныя і ваенныя дзеячы Рымскія-Корсакавы.

Аўтар 15 опер, 3 сімфоній, сімфанічных твораў, інструментальных канцэртаў, кантат, камерна-інструментальнай, вакальнай і духоўнай музыкі. 

У яго оперы «Казка пра цара Салтана» у 1916 годзе дэбютаваў у Марыінскім тэатры беларускі спявак Вячаслаў Селях-Качаньскі, які атрымаў сусветную вядомасць.  (Увага! Тут — важнае ўдакладненне)

Памёр 21 чэрвеня 1908 года.

1903 год. Нарадзіўся Міхась Маскалік.

Беларускі хрысціянскі дэмакрат, уніяцкі святар, культурна-грамадскі дзеяч у Заходняй Германіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX ст., душпастыр і педагог. Доктар філалогіі.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце,  берлінскай Вышэйшай тэхнічнай школе ў Шарлотэнбургу, мюнхенскім Калегіуме Св. Андрэя, заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Германіі».

Быў святаром у Вільні, здзяйсняў святарскія абавязкі сярод беларускіх і ўкраінскіх ваеннапалонных польскай арміі ў Баварыі. У 1943 годзе арыштаваны, некалькі месяцаў правёў у канцлагеры Заксенгаўзен. Вызвалены намаганнямі Папскай місіі ў Германіі. 

З’яўляўся дэканам для беларусаў-каталікоў у Заходняй Германіі, заснавальнік і кіраўнік Беларускай харытатыўнай службы, якая дапамагала беларускім і ўкраінскім бежанцам у Германіі.

Абараніў доктарскую дысертацыю «Янка Купала: Пясняр беларускага народа», выдадзеную на нямецкай мове ў 1961 годзе як манаграфія.

Памёр 25 верасня 1965 года.

Касцёл Св. Ганны у Вільні.

1904 год. Памёр Міхал Грушвіцкі, беларускі і польскі кампазітар (1828–1904).

Скончыў Шляхецкі інстытут у Вільні. Працаваў у канцылярыі Віленскага грамадзянскага губернатара, у Мінскім су­дзе, займаўся сельскай гаспадаркай у сваім маёнтку Выганічы пад Ракавам.

Напісаў кантаты паводле паэмы А. Міцкевіча «Дзяды» і твораў У. Сыракомлі. 

Выступаў з аўтарскімі канцэртамі ў Мінску.

1916 год. Памерла ўраджэнка Гомельшчыны Зінаіда Радчанка (1839–1916).

Беларуская і ўкраінская фалькларыстка і этнограф. Член Рускага геаграфічнага таварыства

Падрыхтавала кнігу «Зборнік маларускіх i беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу з акампанементам фартэпіяна», выдала зборнік «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)», які змяшчаў 676 песень і 83 прыказкі адной толькі воласці Гомельскага павета, этнаграфічную яго карціну. У прадмове да зборніка апісала побыт, абрады і звычаі сялян.

Усяго апублікавала каля 700 народных песень, у тым ліку 180 з мелодыямі.

Арнаменты Гомельшчыны.

1921 год. Падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж Польшчай і Савецкай Расіяй.

Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Граніца ўстанаўлівалася значна далей на усход ад «лініі Керзана». Да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь, тэрыторыя якой складала 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам 4,6 мільёны чалавек.

Польшча абавязвалася прадаставіць беларусам, рускім і ўкраінцам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Такія ж правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, БССР і УССР. 

Дагавор быў ратыфікаваны Прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 14 красавіка 1921 года, Ю. Пілсудскім на падставе паўнамоцтваў, дадзеных сеймам, – 16 красавіка 1921, ЦВК УССР – 17 красавіка 1921 года. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30 красавіка 1921 года. Усходнюю граніцу Польшчы, вызначаную дагаворам, дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі толькі ў 1923 годзе.

1925 год. Наймагутны з зарэгістраваных на тэрыторыі ЗША, а верагодна, і на ўсім зямным шары смерч пранёсся ў паўночна-ўсходнім напрамку праз штаты Місуры, Ілінойс і Індыяну. 

Да гэтага смерчы захопліваючы паласу шырынёй каля 400 м, рухаліся з хуткасцю парадку 70 км/г і, звычайна, кіламетраў праз 20 “выдыхаліся”. Але ж “трохштатны” (прыняты ў ЗША назоў) смерч імчаўся з хуткасцю звыш 100 км/г і на працягу 352 км буяніў у паласе шырынёй звыш 1 000 м.

Сумны вынік: загінулі 695 чалавек, каля 2 000 былі паранены, 50 000 пазбавіліся прытулку. Быў нанесены вялізны матэрыяльны ўрон – разбурана шмат дамоў і мастоў, пашкоджаны транспартныя сродкі.

1932 год. Нарадзіўся Эрнест Сабіла.

Беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадскі дзеяч, пастар Беларускай евангельскай царквы.

Маленства і юнацтва правёў у Бабруйску.  

У 1949 годзе на вучня Сабілу завялі крымінальную справу за імкненне стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, калі быў  студэнтам Мінскага медінстытута, арыштаваны за «актыўную агітацыю з ужываннем нацыянальных і рэлігійных забабонаў», прысуджаны да расстрэлу, але гэты прысуд заменены на 25 гадоў канцлагераў. Правёў 5 гадоў у турмах і лагерах, адкуль двойчы рабіў спробы ўцёкаў. Зноў стаў вязнем ГУЛАГ у 1957 годзе, у 1959 годзе абвінавачаны ў стварэнні няіснай Расійскай Прагрэсіўнай Партыі.

У 1964 годзе, праз 13 гадоў зняволення, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасці, хаця знаходзіўся пад наглядам КДБ. 

З 1988 года прасвітар Евангельскай Царквы ў Мінску, выступае ў СМІ, становіцца сустаршанём Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. У 1989 годзе асвяціў першы з’езд БНФ, узначальваў адзіную цалкам беларускамоўную баптысцкую грамаду, зарэгістраваную як Беларуская Евангельская Царква (забаронена ў 2006 годзе). 

Каля 20 гадоў будаваў царкву ў Асіповічах, у якой, акрамя набажэнстваў на беларускай мове, ладзіў сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкамі.

Памёр 5 лютага 2022 года.

1983 год. Нарадзіўся Віталь Воранаў.

Беларускі літаратар, перакладчык, выдавец. Папулярызатар беларускай дуды.

У 1996 разам з бацькамі эміграваў з Беларусі ў Польшчу. 

Сузаснавальнік і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага цэнтра ў Познані, заснавальнік выдавецтва «Белы крумкач». Адзін з рэдактараў літаратурнага часопісу «Паэтычныя Сшыткі».

Аўтар зборнікаў апавяданняў на матэрыялах фальклорных экспедыцыяў па Палессі і Падляшшы, кнігі «Дударская Глыбоччына».

Перакладчык з англійскай, чэшскай і польскай моў. 

Разам з брыт-поп гуртом «Hair Peace Salon» удзельнічаў у музычных праектах грамадскай кампаніі Будзьма Беларусамі! «Тузін. Перазагрузка», «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New», працаваў разам з Atlantica, Tanin Jazz ды іншымі.

1996 год. Адбылося здабыццё святых мошчаў арцыбіскупа Лукі, якія цяпер спачываюць у Свята-Траецкім кафедральным саборы Сімферопаля.

Арцыбіскуп Лука, у свеце Валянцін Война-Ясянецкі (1877–1961) – беларус, выхадзец са старажытнага беларускага роду, з сям’і ўраджэнцаў Магілёўскай губерні. 

Рэлігійны дзеяч, урач-хірург, вучоны і духоўны пісьменнік, аўтар прац па анестэзіялогіі і гнойнай хірургіі. Доктар медыцыны, доктар багаслоўя, прафесар. Лаўрэат Сталінскай прэміі першай ступені за манаграфію “Нарысы гнойнай хірургіі”.

Арцыбіскуп Сімферопальскі і Крымскі, арцыбіскуп Тамбоўскі і Мічурынскі, арцыбіскуп Краснаярскі і Енісейскі, біскуп Ялецкі, Ташкенцкі і Туркестанскі.

Быў рэпрэсіраваны і правёў у спасылцы 11 гадоў.

Сінодам Украінскай праваслаўнай царквы ў 1995 годзе прылічаны да ліку святых.

Дзень у гісторыі. 14 сакавіка. Дзень Пі. Стварэнне Магілёўскай праваслаўнай епархіі. Першая Шухаўская вежа. Пачатак вайны ў Малдове

Міжнародны дзень барацьбы супраць рачных плацін, за рэкі, ваду і жыццё (International Day Against Dams, з 1997 года). 

З’явіўся па ініцыятыве амерыканскай грамадскай арганізацыі “Міжнародная сетка рэк” падчас правядзення І Міжнароднай канферэнцыі супраць будаўніцтва буйных плацін у бразільскім горадзе Курытыба.

За апошнія паўстагоддзя ва ўсім свеце ў выніку будаўніцтва буйных плацін было пераселена 60 мільёнаў чалавек. З-за будаўніцтва плацін было затоплена ў агульнай складанасці больш за 400 000 кв. км самых урадлівых земляў і каштоўных лясоў. Плаціны – асноўная прычына таго, што адна пятая відаў прэснаводных рыб у свеце або знікла, або знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

З 177 найбуйных рэк свету толькі траціна не маюць дамбаў ці іншых збудаванняў на сваім галоўным рэчышчы. Будаўніцтва дамбаў на рэках – небяспечная тэндэнцыя, якая пагражае прыродзе ўсёй планеты.

У апошнія 11 гадоў на Беларусі пабудаваны плаціны Гродзенскай, Полацкай і Віцебскай ГЭС.

Гродзенскае вадасховішча, плошча 4 200 га
Гродзенскае вадасховішча, плошча 4 200 га

Міжнародны дзень ліку Пі (International day of pi, з 1988 года) адзначаецца аматарамі матэматыкі а 1:59:26.

Пі – матэматычная канстанта, адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра. У лічбавым выразе “Пі” пачынаецца як 3,141592 і мае бясконцую матэматычную працягласць.

Упершыню Дзень быў адзначаны ў 1988 годзе ў навукова-папулярным музеі “Эксплораторыум” у Сан-Францыска, бо дата 14.03 – гэта ў амерыканскім запісе 3/14, што супадае з  першымі разрадамі ліку “Пі” = 3,14…

Да свята, якое было прызнана амерыканскім кангрэсам, паступова далучыліся фізікі і матэматыкі з усяго свету. У гэты дзень праводзяцца мерапрыемствы, якія накіраваныя на павышэнне цікавасці да матэматыкі.

У англійскай мове словы pie (пірог) і pi (лік π) гучаць аднолькава, таму прыгатаванне і паяданне пірагоў стала вясёлай часткай свята.

Помнік ліку “Пі” у Сіэтле, на прыступках перад будынкам Музея мастацтваў

Аўдоцця-вясноўка і Гуканне вясны (народны каляндар). Новы год паводле сакавіцкага каляндарнага стылю – непрацоўны дзень.

На Аўдокі голы бокі.

Калі Аўдоцця чырвоная – і вясна чырвоная.

На Аўдоццю цёплы вецер – будзе лета цёплае і мокрае.

Калі Аўдоцця з дажджом – быць лету мокраму.

1167 год. Памёр Расціслаў Мсціславіч (1100/1110-1167).

Князь смаленскі (1125-1159), вялікі князь кіеўскі (1154, 1159-1167), заснавальнік дынастыі смаленскіх князёў, горада Мсціслаў (1136).

У гады яго княжання Смаленскае княства дасягнула росквіту і ахапіла тэрыторыі Верхняга Падняпроўя з Копыссю, Лучынам, Басеяй, Мірачыцамі, Вітрына, Прупоем, Крэчутам і Верхняга Паволжа, падпарадкаваў сабе радзімічаў. 

У 1158 годзе аказаў дапамогу полацкаму князю Рагвалоду Барысавічу ў барацьбе за полацкі сталец і падтрымліваў яго пазней.

Прылічаны да ўгоднікаў божых і ўваходзіць у Сабор беларускіх святых. Дзень святкавання памяці Расціслава Мсціславіча 14 (27) сакавіка.

1633 год. Кароль Уладзіслаў IV Ваза афіцыйна прызнаў Праваслаўную царкву на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. 

Яго прывілеем зацверджана праваслаўная епархія з цэнтрам у Магілёве, якая была выдзелена са складу Полацкай епархіі (створана ў 992 годзе) 11 лістапада 1632 года як Аршанская, Мсціслаўская і Магілёўская. 

Ліквідавана ў 1937 годзе, аднаўлялася пры немцах у 1943, зачынялася пры М. Хрушчове, адноўлена 6 ліпеня 1989 года. 

24 снежня 2004 года з яе складу выдзелена самастойная Бабруйская і Быхаўская епархія. 

1708 год. У Магілёўскі замак з пышнай світай дэлегацыі ад саюзнай дзяржавы ў вайне са Швецыяй прыбыў першы саветнік Пятра I князь Аляксандр Меньшыкаў. 

А 8 верасня 1708 года праваслаўны і саюзны Магілёў будзе спалены прадстаўнікамі “дружалюбных рускіх войскаў” і “рускага праваслаўнага свету”.

1850 год. Вядомы французскі пісьменнік Анарэ дэ Бальзак за 5 месяцаў да сваёй смерці абвянчаўся ў Бердзічаве (цяпер Жытомірская вобласць Украіны) з графіняй Эвелінай Ганскай (народжанай Ржавускай).

52-гадовая ўдава паходзіла са старажытнага ваяўнічага польскага роду. Адным са сведкаў быў граф Георг Мнішак, які быў у сваяцтве з “хуткацечнай” рускай царыцай Марынай Мнішак – жонкай Лжеідзмітрыя І, Лжэдзмітрыя ІІ, з уладальнікам Крычава Ежы Мнішак.

Пасля цырымоніі Бальзак заявіў Эве: “Ура! Я зрабіў тое, чаго не змог Банапарт!.. У тваёй асобе я пакарыў Расію”.

1920 год.  Пачалося будаўніцтва Шухаўскай вежы на Шабалаўцы ў Маскве.

Наватарская для XX стагоддзя гіпербалоідная канструкцыя, выкананая ў выглядзе апорнай сталёвай сеткаватай абалонкі. Пабудавана да 1922 года па праекце акадэміка У. Шухава.

Усяго ў свеце пабудавана 11 металічных гіпербалоідных канструкцый. Цікава, што чатыры з іх былі пабудаваны на Беларусі, захаваліся дзве: ваданапорныя вежы ў Барысаве і на чыгуначнай станцыі Коханава Талачынскага раёна. Апошняй, што пабудавана ў 1929 годзе, нададзены статус нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.

1931 год. Нарадзіўся Павел Місько.

Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.

Працаваў у розных газетах, у тым ліку «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя», у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар апавяданняў, зборнікаў апавяданняў і аповесцей, сатыры і гумару, вершаў, кніг нарысаў, раманаў, у тым ліку «Мора Герадота», рамана ў вершах, аднаактовых п’ес, вершаў, прыгодніцкіх кніг і кніг фантастыкі для дзяцей.

Яго творчасці ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Памёр 9 чэрвеня 2011 года.

1938 год. Нарадзіўся Мікалай Цішачкін.

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Усё жыццё служыў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа.

Выконваў вострахарактарныя ролі, якія вызначаліся выразным пластычным малюнкам. Іграў у спектаклях «Несцерка» В. Вольскага, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка), «Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча, па творах А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, Н. Думбадзе, К. Гальдоні, У. Караткевіча, У. Шэкспіра і іншых.

Памёр 30 красавіка 1993 года.

1943 год. У Празе памёр Васіль Захарка (1877-1943).

Прэзідэнт БНР (1928-1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898-1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Пахаваны на Альшанскіх могілках.

1954 год. Памёр у харвацкім Дуброўніку Людамір Рагоўскі (1881-1954).

Польскі кампазітар і дырыжор.

Вучыўся музыцы ў Варшаве, Лейпцыгу, Мюнхене, Рыме і Парыжы.

У 1909-1912 гадах кіраваў віленскім сімфанічным аркестрам, выкладаў у школе арганістаў, быў музычным крытыкам газеты «Літоўскі кур’ер».

Захапляўся беларускім фальклорам, сябраваў з Янкам Купалам, І. Луцкевічам і А. Уласавым. Паклаў на музыку верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

Кіраваў хорам у Беларускім музычна-драматычным гуртку, ствараў музычнае афармленне да спектакляў трупы І. Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў», які прапагандаваў беларускія нацыянальныя песні. Напісаў сімфанічную «Беларускую рапсодыю» для малога аркестра «Беларускі пейзаж». Адбіткі беларускага фальклору адчуваюцца і ў сімфанічным творы «Аблокі».

Напісаў 7 сімфоній, 7 опер, 3 балеты, у тым ліку «Купала», шэраг сімфанічных паэм, аркестравых сюіт, камерных і харавых твораў, кантаты і квартэты, музыку да спектакляў.

Падарыў музычныя інструменты ў калекцыю І. Луцкевіча, якая стала пазней асновай для Беларускага музея ў Вільні.

1976 год. Памёр Віктар Заўрыеў (1908–1976).

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ.

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. 

З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. 

Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый.

1992 год. Пачатак актыўных баявых дзеянняў урадавых войск Малдовы супраць сепаратыстаў з Прыднястроўя. 

Прыднястроўе, Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) – непрызнанае міжнароднай супольнасцю дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі усходняй Малдовы. Мяжуе з Украінай. Сталіца – Ціраспаль. Нацыянальны склад насельніцтва: малдаване 34%, рускія – 28%, украінцы – 26%. Сепаратысцкая рэспубліка – ачаг нестабільнасці ў рэгіне, яе актыўна падтрымлівае Масква.

2 верасня 1990 года Ціраспаль абвясціў незалежнасць ПМР ад Малдовы. Урад Малдовы не прызнаў гэтага рашэння і накіраваў у рэгіен паліцыю. Пачаліся сутыкненні паміж паліцыяй і прыднястроўскімі апалчэнцамі, якія перараслі 2 сакавіка 1992 года ў канфлікт, 14 сакавіка – у баявыя дзеянні, якія працягваліся да 21 ліпеня 1992 года. З абодвух бакоў загінула каля 2000 чалавек.

2006 год. Адкрыццё Палескага драматычнага тэатра ў Пінску.

29-ы прафесійны тэатр дзяржаўнага падпарадкавання ў краіне. 

Вытокі тэатра сыходзяць у 1939 год, калі быў створаны Палескі абласны драматычны тэатр. У 1949-1954 гадах працаваў як Пінскі абласны драмтэатр.

У 1954 годзе тэатр пераехаў у Магілёў, а будынак перадалі гарадскому дому культуры, і ў яго сценах працавала самадзейная тэатральная трупа.

Тэатр размяшчаецца ў былым будынку кінематографа «Казіно», помніку архітэктуры XIX стагоддзя. Тэатр працуе пяць дзён на тыдзень.

2020 год. Памёр Ігар Есьман (1932-2020).

Беларускі архітэктар, дызайнер, вынаходнік. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі архітэктуры, Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у інстытутах будаўніцтва і архітэктуры АН БССР, «Мінскпраект», дырэктарам Творчай майстэрні, у «Мэта-Інтэрнэшнл».

Сярод яго галоўных работ у Мінску – карпусы інстытутаў замежных моў, політэхнічнага, педагагічнага, народнай гаспадаркі, студэнцкіх інтэрнатаў, дашкольныя установы, жылыя дамы, вяслярная станцыя на Заслаўскім вадасховішчы, турысцкая гасцініца, станцыя метро «Пушкінская».

Дзень у гісторыі. 3 сакавіка. Дзень пісьменніка. Бітва на Нямізе. Брэсцкі мір. Нарадзіўся касманаўт У. Кавалёнак. Забіты Ф. Аляхновіч.

Сусветны дзень пісьменніка (World Writer’s Day, з 1986 года).

Адзначаецца па рашэнні 48-га кангрэса Міжнароднага ПЭН-клуба 1986 года.

ПЭН-клуб – міжнароднае аб’яднанне пісьменнікаў. Ён узнік у 1921 годзе ў Лондане па  ініцыятыве Дж. Голсуорсі і Кэтрын Эмі Доўсан-Скот. 

Назва клуба ўтварылася ад першых літар англійскіх слоў Poets – паэты, Essayists – эсэісты і Novelists – раманісты. Абрэвіятура супадае са словам Pen – асадка.

Мэта свята – супрацьстаяць ціску на прэсу, падтасоўцы і скажэнням інфармацыі, парушэнням свабоды слова.

У 1923 годзе цэнтры ПЭН-клуба былі створаны ў 11 краінах, сёння такія цэнтры дзейнічаюць у 130 краінах.

Беларускі ПЭН-цэнтр узнік у 1989 годзе. Яго прэзідэнтамі былі Р. Барадулін (1990–1999), В. Быкаў (1999–2003), Л. Баршчэўскі (2003–2005), У. Някляеў (2005–2008), А.  Хадановіч (2008–2017), Т. Нядбай (2017–2019), зараз яго ўзначальвае С. Алексіевіч.

Першым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стаў у 1901 годзе французскі паэт і эсэіст Сюлі-Прудам, шостым у свеце (1905 год) і першым з беларускіх зямель і з літоўска-беларускімі і літоўска-татарскімі каранямі – Генрых Сянкевіч (1846–1916). Нобелеўскім Лаўрэатам (1980) быў „ліцвін польскай культуры“ Чэслаў Мілаш – пляменік французскага паэта, ураджэнца Беларусі Оскара Мілаша. 

У 2015 годзе яе лаўрэатам стала беларуская пісьменніца, журналістка Святлана Алексіевіч (адна з 17 жанчын – лаўрэатаў).

1067 год. Адбылася бітва на Нямізе паміж злучанымі дружынамі кіеўскіх Яраславічаў і войскам полацкага князя  Усяслава Брачыславіча Чарадзея. 

Першая летапісная згадка пра Менеск (Мінск).

Дата разрабавання і зруйнавання горада ўзята за адлік яго гісторыі.

У сакавіку 1499 года каралём Аляксандрам Ягелончыкам даравана гораду Магдэбургскае права. Мінск багацеў і павольна пераўтвараўся ў буйны гандлёвы, эканамічны, транспартны цэнтр. 

З 1919 года – сталіца Беларусі. 

29 ліпеня 1939 года Вярхоўны Савет БССР сваёй пастановай змяніў беларускую назву горада Менск на прынятую ў Расійскай імперыі паланізаваную форму Мінск. 

Зараз Мінск – двухмільённы горад, буйны эканамічны, культурны і палітычны цэнтр краіны.

1718 год. Нарадзіўся Казімір Галоўка (1718–1787).

Вялікалітоўскі географ, аўтар падручнікаў па геаграфіі, педагог, езуіт.

Выкладаў граматыку, паэзію, рыторыку, філасофію, тэалогію маральную, геаграфію, гісторыю, матэматыку ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Варшаве, Любчы, Пінску. 

Выдаў падручнікі па геаграфіі, нарысы па геаграфіі Рэчы Паспалітай (на лацінскай і польскай мовах), «Геаграфічныя карты Галіі, Нямеччыны, Польшчы і ВКЛ», «Гістарычныя календары».

Фота. Віленскі ўніверсітэт 

1850 год. Нарадзіўся Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Лада-Заблоцкі.

Беларускі і польскі пісьменнік, паэт, публіцыст. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі.

Вучыўся ва ўніверсітэтах Прагі, Лейпцыга і Страсбурга.

Далучыўся да руху беларускага нацыянальнага адраджэння, у 1868–1870 гадах кіраваў «Крывіцкім вязком» у Санкт-Пецярбургу.

Жыў і падарожнічаў у Аўстра-Венгрыі, Германіі, Егіпце, Францыі, Бельгіі.

Перапісваўся па-беларуску з украінскім вучоным М. Драгманавым, ліставаўся з Я. Карловічам, М. Канапніцкай, А. Ельскім і іншымі.

Аўтар сатырычнай паэмы, аповесцей, драм, беларускіх вершаў, нарысаў, беларускамоўных і этнаграфічна-фальклорных матэрыялаў.

Рукапісная спадчына захоўваецца ў бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі.

Памёр 3 лютага 1893 года.

1890 год. Нарадзіўся Лявон (Леанард) Заяц.

Беларускі палітык, дзеяч БНР, дыпламат, публіцыст, мемуарыст.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За часамі вучобы ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім руху, сябра Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурга, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках.

З 1916 года ў Мінску, удзельнік беларускага руху, сябруе з М. Багдановічам. Удзельнік З’ездза беларускіх нацыянальных арганізацый, Усебеларускага з’езда 1917 года, член прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта, кіраўнік спраў у Народным Сакратарыяце Беларусі, народны сакратар юстыцыі БНР, дзяржаўны кантралёр Рады Народных Міністраў.

У 1926 годзе вярнуўся з Прагі ў Менск. Працаваў у Наркамаце фінансаў БССР.

18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ, асуджаны і сасланы ва Уфу. 25 ліпеня 1935 года паўторна арыштаваны. Памёр у турме ў час следства 23 верасня 1935 года.

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў і місій у еўрапейскіх краінах. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Берлін, кастрычнік 1919 г.

1900 год. У в. Паддуб’е Магілёўскага раёна нарадзіўся Герасім Якушка (1900-1942).

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве па яго праекту пабудаваны  5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

Пабудаваў будынкі, якія паўплывалі на фарміраванне аблічча сучаснага Мінска, у тым ліку па праекту забудовы праспекта Незалежнасці паміж плошчамі Перамогі і Якуба Коласа.

1918 год. Паміж Германіяй і Савецкай Расіяй заключаны Брэсцкі мір.

Падпісаны ў Брэст-Літоўску ў Белым палацы Брэсцкай крэпасці, ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерасійскім з’ездам Саветаў 15 сакавіка і германскім імператарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 года. 

Ад Расіі аддзяліліся Прыбалтыка, частка Беларусі, Каўказа. 

Украінская Народная Рэспубліка і Каралеўства Фінляндыя прызнаваліся самастойнымі дзяржавамі. 

Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 000 000 км² з насельніцтвам больш за 50 000 000 чалавек.  

Брэсцкі мір фармальна завяршыў перыяд удзелу Расіі ў Першай сусветнай вайне, з’явіўся вынікам няздольнасці Расіі працягваць вайну, краіна знаходзілася ў стане эканамічнага крызісу. Старая армія распалася, новая не была створана. 

Мірная дамова прывяла да пачатку Грамадзянскай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі.

Белы палац, месца падпісання Брэсцкага міру (фота 1930-х гг.)

1941 год. Памёр ураджэнец в. Шасцёраўка (зараз – Клімавіцкі раён) Клім Грыневіч (1912–1941).

Беларускі паэт.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы–Магілёў–Рослаў (1929–1930).

Скончыў Рагачоўскі педтэхнікум, вучыўся ў Мінскім, Ленінградскім педінстытутах. Працаваў у друкарні, у газетах «Рабочий» і «Сельгасрабочы», у ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.

Аўтар вершаў у газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», зборніка паэзіі «На бераг», які прыхільна сустрэты крытыкай.

Арыштаваны НКУС у 1933 годзе, сасланы ў Казахстан. Пасля ссылкі служыў у арміі, настаўнічаў у школах г. Балагое.

Клімавічы, пачатак ХХ стагоддзя.

1942 год. Нарадзіўся Уладзімір Кавалёнак.

Беларускі, савецкі касманаўт. Двойчы Герой Савецкага Саюза, Герой ГДР, Герой Манголіі, уладальнік польскага Крыжа Грунвальда. Генерал-палкоўнік авіацыі. Кандыдат ваенных навук, прафесар.

Двойчы быў у космасе ў якасці камандзіра карабля: у 1977 і 1978 (устанавіў рэкорд знаходжання чалавека ў космасе — 139 сутак 14 гадзін і 47 хвілін) гадах.

Служыў намеснікам начальніка ўпраўлення падрыхтоўкі касманаўтаў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.  Гагарына, намеснікам камандуючага 37-й паветранай арміяй стратэгічнага прызначэння, намеснікам начальніка кафедры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба, начальнікам Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Жукоўскага.

У 1989–1992 год з’яўляўся народным дэпутатам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Беларускай рэспубліканскай федэрацыі касманаўтыкі.

1944 год. Забіты Францішак Аляхновіч (1883-1944).

Беларускі драматург, празаік, паэт, публіцыст.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцлагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

Яго п’есы (17) актыўна ставіліся калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай У. Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

Супрацоўнічаў з «Нашай Нівай», удзельнічаў у беларускім нацыянальным руху, у тэатральных пастаноўках, арганізаваў віленскі тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, стварыў і паставіў дзіцячыя п’есы, ставіў пастаноўкі ў Менску, Вільні, меў сваю мінскую ўласную трупу, працаваў дырэктарам Беларускага савецкага тэатра, у Другім дзяржаўным тэатры ў Віцебску.

1 студзеня 1927 года арыштаваны,  атрымаў 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах.

У пачатку восені 1933 года быў абмяняны на арыштаванага ў Польшчы беларускага палітыка і філолага Б. Тарашкевіча.

Падчас вайны быў рэдактарам віленскай газеты «Беларускі голас», уваходзіў у Цэнтральны Камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ставіў у Мінску п’есы.

Увечары 3 сакавіка 1944 года быў застрэлены на сваёй кватэры. Яго забойства ўскалыхнула беларусаў Вільні. Яго застрэліць маглі і байцы Арміі Краёвай, і савецкія партызаны, і немцы.

З вялікаю ўрачыстасцю пахаваны на Кальвінскіх могілках у цэнтры Вільні, у 1989 годзе перапахаваны на могілкі Росы, дзе пастаўлены помнік.

Творы Ф. Аляхновіча зноў пачалі ставіць на беларускай сцэне ў 1990-х гадах.

2018 год. Памерла Валянціна Лемцюгова (1935-2018).

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) сталі выступаць некаторыя чыноўнікі са снежня 2022 года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 000 айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання». 

Пад яе кіраўніцтвам створаны «Спіс населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Дзень у гісторыі. 2 сакавіка. Цісканіна на мосце ў Гомелі. Першы CD. Нарадзіліся гетман К. Астрожскі, аўтар “Гіпікі” К. Дарагастайскі, паэт А. Бачыла. Дзень памяці Рыгора Барадуліна.

Міжнародны дзень запалкі (International Match Day).

Запалкі прыналежаць да ліку самых дзіўных вынаходстваў чалавечага розуму. Старажытныя людзі здабывалі агонь трэннем. У сярэднявеччы для гэтай мэты з’явілася крэсіва.

У канцы XVIII стагоддзя хімік Клод Бертоле даказаў, што полымя можа быць вынікам хімічнай рэакцыі. У прыватнасці, калі капнуць сернай кіслатой на хлорнаватыста-кіслы калій (берталетаву соль), узнікне полымя.

У 1805 годзе французскі хімік Жан Шансель вынайшаў першыя запалкі, якія самазапальваюцца – драўляныя палачкі з галоўкай з сумесі серы, берталетавай солі і кінавары. У сонечнае надвор’е такая запалка запальвалася пры дапамозе дваякавыпуклай лінзы, а ў іншых выпадках – пры судотыку з кропелькай канцэнтраванай сернай кіслаты. Першая мануфактура па вытворчасці такіх небяспечных запалак была зарэгістраваная ў Вене ў 1813 годзе.

У 1847 годзе аўстрыйскі хімік Антон Шрэтэр адкрыў неатрутны аморфны чырвоны фосфар. З гэтага часу ўзнікла жаданне замяніць ім небяспечны белы фосфар.

Нямецкі хімік Рудольф Бетгер прыгатаваў сумесь з серы і берталетавай солі, змяшаўшы іх з клеем, і нанёс яе на лучынку, якая была пакрытая парафінам. Лучынка запальваліся ад трэння аб шурпатую паверхню з асаблівым складам. Бетгер запатэнтаваў сваё вынаходства, якое зацікавіла шведскіх прамыслоўцаў братоў Лундстрэмаў. Яны ўдасканалелі тэхналогію і зрабілі бяспечныя “шведскія” запалкі.  Такія запалкі вырабляюцца і зараз.

Па стану на 1913 год у Беларусі працавала 10 запалкавых фабрык, у тым ліку «Прагрэс-Вулкан», «Вікторыя» у Барысаве, «Бярэзіна» ў Нова-Барысаве, «Везувій» у Нова-Беліцы, «Маланка» ў Мазыры, фабрыкі ў Пінску. Напярэдадні II Сусветнай вайны БССР вырабляла 26% запалак СССР. 

У апошнія дзесяцігоддзі запалкі выраблялі «Барысаўдрэў», «Гомельдрэў» і «Пінскдрэў».

Ветурач з Горацкага раёна Канстанцін Станкевіч сабраў больш за 7 300 запалкавых скрыначак. У іх запалкі – маленькія, вялікія, квадратныя і трохкутныя, газавыя, спіртавыя, паляўнічыя, камінныя, цыгарныя, турыстычныя і калекцыйныя. Сваю калекцыю ён падарыў музею Дома культуры аграгарадка Аўсянка.

1460 год. Нарадзіўся Канстанцін Астрожскі.

Вялікалітоўскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, мецэнат. Вялікі гетман літоўскі (1497–1500, 1507–1530). Выдатны палкаводзец, здабыў перамогу ў 63 бітвах, у тым ліку пад Оршай (1514).

Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі і ў маскоўска-літоўскай вайне (1492–1494). Паводле Попісу 1528 года, выстаўляў са сваіх зямель 426 вершнікаў, то бок  меў каля 41 000 падданых.

Апякун праваслаўя ў ВКЛ, будаваў цэрквы.

Валодаў 91 горадам і мястэчкам, у тым ліку на Магілёўшчыне  – часткай Глуска, Раманава, Копысем і Баранню. 

Бацька Ільі і Канстанціна-Васіля Астрожскіх.

Памёр 21 верасня 1530 года ў Тураве. Пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры.

У яго гонар названы вуліца ў Дняпры (Украіна), украінская 30-я асобная механізаваная брыгада, Літоўска-польска-украінская брыгада.

1562 год. Нарадзіўся Крыштаф Дарагастайскі.

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, доктар медыцыны. Стольнік літоўскі, райчы літоўскі, падчашы, надворны і вялікі маршалак літоўскі, стараста ваўкавыскі, шарашоўскі, вялёнскі, мсцібаўскі, навамлынскі, дынемундскі, арандатар ялоўскі і курылоўскі. Барон Свяшчэннай Рымскай імперыі. 

Падарожнік па Еўропе. Ганаровы грамадзянін Венецыі.

Герой  Лівонскай вайны – ваяваў у войсках свайго бацькі, полацкага ваяводы М. Дарагастайскага, і на чале ўласнай харугвы.

Непахісны абаронца свабод пратэстантаў.

Аўтар працы (4  кнігі) энцыклапедычнага зместу пра коней, па конегадоўлі, коннай яздзе, ветэрынарыі – «Гіпіка», эпіграм, вершаў, зборніка вершаў, прозы, перакладаў з лацінскай і грэцкай мовы.

Эпісталярная спадчына вялікага маршалка літоўскага – лісты да Радзівілаў, Я. Хадкевіча, Я. Замойскага, Жыгімонта Вазы, князя Е. Чартарыскага, кальвінскага дзеяча П. Гарайскага і іншых сучаснікаў – захоўваецца ў некалькіх польскіх буйных бібліятэках і архівах. Гэтыя лісты з’яўляюцца цэнным сведчаннем эпохі, асаблівасці тагачаснай мовы.

Памёр  3 жніўня 1615 года.

1859 год. Нарадзіўся Шолам-Алейхем (Шолам Рабіновіч).

Яўрэйскі пісьменнік. Пісаў на мовах іўрыт, ідыш і рускай. У раманах «Сэндэр Бланк і яго сямейка», «Стэмпеню», «Ёселе-салавей», «Патоп», «Блукаючыя зоркі», аўтабіяграфічнай кнізе «3 кірмашу», аповесцях, п’есах, цыклах апавяданняў, нарысах, сатырычных памфлетах крытыкаваў тагачасную рэчаіснасць, стварыў вобразы таленавітых людзей з народа, наследаваў дэмакратычныя і асветніцкія традыцыі рускай і еўрапейскіх літаратур.

У 1908 і 1914 гадах наведаў Беларусь. Яго выступленне ў Баранавічах адлюстравана ў апавяданні «Станцыя Баранавічы».

На беларускую мову яго творы перакладалі З. Бядуля,  А. Васілевіч, Ю. Канэ, В. Рубінчык, У. Саламевіч, Г. Шупенька і іншыя.

Памёр ў Нью-Ёрку 13 мая 1916 года.

1896 год. Нарадзіўся Станіслаў Глякоўскі.

Каталіцкі святар, беларускі рэлігійна-грамадскі дзеяч, выдавец. Доктар тэалогіі.

Скончыў Віленскую духоўную семінарыю, Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме. З 1927 года служыў у Заходняй Беларусі, Вільні, Коўна, выкладаў Закон Божы ў розных школах горада, у тым ліку ў Віленскай беларускай гімназіі.

У віленскім касцёле Святога Мікалая часта адпраўляў набажэнствы для беларусаў і велікодныя рэкалекцыі для вучнёўскай моладзі, апекаваўся скаўтынгам у беларускай гімназіі, працаваў у камісіі дапамогі беларускай студэнцкай моладзі, займаўся выдавецкай дзейнасцю.

Сумесна з Я. Найдзюком, выдаў на свой кошт тры зборнікі М. Машары, творы Вінцука Адважнага, фінансаваў выпуск часопіса для дзяцей «Пралескі». Друкаваўся ў беларускіх часопісах.

Падчас нямецкай акупацыі быў святаром у мінскім касцёле святых Сымона і Алены, займаўся рамонтам касцёлаў, арганізаваў беларускае каталіцкае душпастырства, пачаў выдаваць беларускамоўную каталіцкую літаратуру.

Арыштаваны паліцыяй 15 снежня 1941 года падчас канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Мінску. Дакладная дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.

1918 год. Нарадзіўся Алесь Бачыла. 

Беларускі паэт, драматург, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры.

Настаўнічаў на Міншчыне, з 1939 да 1945 года служыў у арміі, удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях па вызваленню СССР і Еўропы ад фашысцкіх захопнікаў.

Пасля вайны працаваў у «Настаўніцкай газеце», «Літаратуры і мастацтве», у «Литературной газете», у Дзяржаўным выдавецтве БССР, часопісе «Полымя», у выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, паэм, сатырычных твораў, кнігі пра М. Багдановіча «Дарогамі Максіма», твораў для дзяцей, перакладаў на беларускую мову рускіх, украінскіх, латышскіх паэтаў, такіх як «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А. Талстога, «Тарас Бульба» М. Гогаля, «Брэсцкая крэпасць» С. Смірнова і іншых.

Многія яго вершы пакладзены  на музыку, напрыклад, вядомая «Радзіма мая дарагая». Аўтар шэрагу лібрэта опер на музыку Ю. Семянякі.

Памёр 4 студзеня 1983 года.

1931 год. Нарадзілася Леніна Міронава.

Беларускі архітэктар, педагог, мастацтвазнаўца. Кандыдат архітэктуры, прафесартБеларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Працавала ў інстытуце «Мінгарпраект», Інстытуце будаўніцтва і архітэктуры Дзяржбуда БССР, у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Удзельнічала ў распрацоўцы праектаў серыі тыпавых жылых дамоў 1950-х гадоў.

Аўтар больш яка 100 артыкулаў па праблемах колеру ў выяўленчым мастацтве, падручнікаў «Каларыстыка», «Колеразнаўства», «Вучэнне аб колеры», «Колер у выяўленчым мастацтве».

Яе вучнямі былі вядомыя беларускія мастакі і дызайнеры У. Цэслер, Г. Балаш, С. Кірушчанка і іншыя.

Памерла 23 снежня 2022 года ў Мінску.

1975 год. Здарэнне з цісканінай на пешаходным мосце ў Гомелі.

Пад час агульнагарадскога святкавання «Провадаў зімы» на пешаходным мосце праз Сож утварыўся людскі затор, які прывёў да цісканіны, ускладненай галалёдзіцай. Па афіцыйных звестках у выніку цісканіны і падзення сур’ёзныя траўмы атрымалі 12 чалавек, у тым ліку 3 дзіцяці.

Па ўспамінах відавочцаў, на мосце было чутно храбусценне костак, бо людзей натоўп прыціскаў да парэнчаў. Народная пагалоска расказвала пра падзенне на сожскі лёд праз парэнчы некалькіх чалавек і нават дзіцячых вазкоў. Парадак на мосце быў адноўлены пасля прыцягнення дадатковых сіл міліцыі з іншых заслонаў, а пацярпелыя атрымалі медычную дапамогу.

1983 год. У Вялікабрытаніі кампаніі Philips, Sony і Polygram прадэманстравалі кампакт-дыск.

Яго дыяметр складаў 12 сантыметраў. На дыску была запісана Дзявятая сімфонія Бетховена. Працягласць запісу, што быў выкананы лазерам і счытваўся лазерным прайгравальнікам, складала 74 хвіліны. Для таго часу гэта была сапраўдная сенсацыя. Да шараговых карыстачоў CD дайшлі куды пазней, а ў якасці штатнай прылады на персанальных кампутарах яны з’явіліся толькі ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

2014 год. Памёр Рыгор Барадулін (1935–2014).

Беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Вядомы таксама як Дзядзька Рыгор. Апошні, хто атрымаў званне «Народны паэт Беларусі».

Адзін са стваральнікаў, прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, член Сойма БНФ, сукіраўнік Беларускага Фонду Сораса, суарганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць (2000 год).

Аўтар вершаў, паэтычных кніг, 100 зборнікаў, сатырычных і гумарыстычных твораў, эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва, шаржаў, перакладаў, твораў для дзяцей, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша», кнігі «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» (лепшая кніга 2013 года па версіі газеты «Наша Ніва»).

Перакладаў на беларускую мову Я. Райніса, Гарсія-Лорку, І. Драча, Г. Містрал, Амара Хаяма, «Слова пра паход Ігараў», Яна Паўла II, У. Шэкспіра, Дж. Байрана, П. Неруду, А.Міцкевіча і іншых.

Песні на яго вершы напісалі А. Камоцкі, І. Барсукоў, Г. Вагнер, З. Галубіцкая, Я. Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дз.Смольскі, М. Хаўхлянцаў і іншыя.

Узнагароджаны ордэнамі СССР, Латвіі, медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. У 2006 годзе быў намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Яму прысвечана аповесць «Ладдзя Роспачы» У. Караткевіча.

У яго гонар устаноўлены мемарыяльная дошка ў Мінску, помнік ва Ўшачах.

2018 год. Памёр Георгій Штыхаў (1927–2018).

Беларускі археолаг, гісторык-медыявіст. Доктар гістарычных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Лаурэат Дзяржаўнай прэміі. Заснавальнік ландшафтнай “школы Ісачанкі”.

Даследчык старажытных гарадоў Полацкай зямлі, вытокаў беларускай народнасці. Падрыхтаваў 2 дактароў і 19 кандыдатаў навук.

Аўтар амаль 500 прац.

Узначальваў Беларускую асацыяцыю ахвяр палітычных рэпрэсій.

2018 год. Памёр ураджэнец Гомеля Анатоль Ісачэнка (1922 – 2018). 

Сусветна вядомы фізіка-географ, ландшафтазнаўца, картограф, Ганаровы член Рускага, Славацкага геаграфічнага таварыстваў, доктар геаграфічных навук, прафесар, галоўны рэдактар “Известия РГО” (2002 – 2018). 

У дзяцінстве захапляўся кнігамі пра вандроўкі і беларускай літаратурай, вельмі любіў прыгодніцкія кнігі Янкі Маўра, у тым ліку “Беларускія рабінзоны”. Сабраў прыстойную бібліятэчку беларускіх пісьменнікаў, якая загінула падчас вайны. 

Скончыў Ленінградскі ўніверсітэт, у якім прапрацаваў ўсё жыцце: выкладчык, дацэнт, прафесар, загадчык кафедрай фізічнай геаграфіі, лабараторыі ландшафтнага і тэматычнага картаграфавання НДІ геаграфіі СПбДУ. 

У 1957–1959 гадах выкладаў у Пекінскім універсітэце і ўніверсітэце імя Сун-Ятсена (Гуанчжоў) і вывучаў ландшафты Кітая, заснаваў ландшафтна-геаграфічную палявую станцыю ў правінцыі Гуандун. Чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі.

Аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку больш за 30 манаграфій, шматлікіх падручнікаў. 

Яго экспедыцыйнымі даследаваннямі ахоплены Усходняя Арктыка, Урал, Еўрапейская Расія, Прыбалтыка, Палессе, Кітай. Ён распрацаваў агульныя заканамернасці фізіка-геаграфічнай дыферэнцыяцыі ландшафтаў, прынцыпы і метады іх класіфікацыі, картаграфавання. 

Пахаваны на Багаслоўскіх могілках Санкт-Пецярбурга. 

Дзень у гісторыі. 1 сакавіка, або 16 лютага 7531. Прароцтвы Настрадамуса. Трыбунал ВКЛ. Нарадзіўся акцёр Ф. Шмакаў. Забойства мастака І. Пэна

Сусветны дзень камплімента (World Compliment Day).

Няма дакладных звестак аб тым, кім і калі заснавана гэта свята, але галоўнае вядома, што гэта было спантаннае жаданне простых людзей зрабіць адзін з дзён у годзе больш яркім, цёплым, запамінальным і збліжальным.

Французскае “compliment” – асаблівая форма пахвалы, выказванне адабрэння, прызнання, ветлівыя, прыемныя словы. Пры дапамозе кампліменту можна лёгка паказаць канкрэтнаму чалавеку сваю павагу, выказаць захапленне, прадэманстраваць сімпатыю.

Камплімент – просты, але магутны сродак, які дапамагае ўсталёўваць добрыя адносіны з іншымі людзьмі. Камлімент, які своечасова прагучаў, можа разрадзіць абстаноўку, пераламаць напружаную сітуацыю і нават паўплываць на асабістае жыццё і кар’еру. Нядзіўна, што мастацтва рабіць кампліменты даўно ўжо стала неад’емнай часткай бізнэс-культуры.

Найважнейшая ўмова эфектнага кампліменту – гэта шчырасць.

Цікавы эксперымент праводзілі японскія генетыкі. Двум галінкам сакуры цэлы тыдзень казалі: адной, што яна – “гадасць, пачвара”, а другой: “прыгажуня, разумніца!” Да канца эксперыменту першая зачахла, а другая зацвіла пышным колерам.

Гэтае свята лішні раз нагадвае нам аб вялікай сіле слова, якое сказана шчыра і ад чыстага сэрца! 

Цікавыя факты. 

41% жанчын лічаць, што камплімент гэта найлепшы падарунак, што здольны надоўга ўзняць настрой.

Для мозгу атрыманне кампліменту – такая ж грамадская ўзнагарода, як узнагароджанне грашыма.

Сусветны дзень грамадзянскай абароны ( World Civil Defense Day, з 1990 года).

Заснаваны па рашэнні Генеральнай асамблеі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны (МАГА) ў мэтах прыцягнення грамадскай увагі да важных задач, якія выконваюцца нацыянальнымі службамі грамадзянскай абароны і абароны – выратавання жыцця і навакольнага асяроддзя.

Датай свята выбраны дзень уступлення ў сілу ў 1972 годзе статута Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай абароны.

Сярод напрамкаў дзейнасці МАГА: падрыхтоўка нацыянальных кадраў у галіне кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый; аказанне тэхнічнай дапамогі дзяржавам у стварэнні і ўдасканаленні сістэм папярэджання надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва; прапаганда досведу і ведаў па грамадзянскай абароне і пытаннях кіравання ў перыяд надзвычайных сітуацый.

Дзень «Нуль дыскрымінацыі» (Zero Discrimination Day, з 2014 года)

У гэты дзень святкуецца індывідуальнасць і непаўторнасць кожнага. Дзень «Нуль дыскрымінацыі» – гэта магчымасць аб’яднацца супраць дыскрымінацыі і адзначыць права кожнага жыць з годнасцю паўнавартасным і прадуктыўным жыццём. Пол, нацыянальнасць, узрост, асаблівыя патрэбы, паходжанне, рэлігія, мова, колер скуры або любая іншая прыкмета не павінна быць прычынай для дыскрымінацыі.

Сімвалам нулявой дыскрымінацыі з’яўляецца малюнак матыля як знака пераўтварэнняў.

5509 год да нашай эры. Пачатак старажытнай эры ад “стварэння свету” па ўльтрасакавіцкім стылі. 

Ультрасакавіцкі стыль – гэта гістарычны каляндарны стыль, які ўжываўся ў даўніну разам з вераснёўскім і сучасным студзеньскім. Пачатак года тут прыпадаў на 1 сакавіка. Выкарыстоўваўся ў старажытных беларускіх княствах, Маскоўскай дзяржаве і Венецыянскай рэспубліцы, у Паўночнай Італіі і Англіі. 

Стыль ужываўся з летазлічэннем «ад стварэння свету» (Канстанцінопальская эра), а таксама і «ад Раства Хрыстовага». У ўсходнеславянскіх народаў існаваў да 1492, у гарадах Паўночнай Італіі і Англіі да 1752 года.

Пачатак года 1 сакавіка паходзіць са старажытнарымскага рэспубліканскага календара Нумы Пампілія. Паколькі год пачынаўся з сакавіка, нумары месяцаў з верасня (“сёмы”) па снежань (“дзесяты”) адпавядалі іх назвам. Толькі пасля рэформы Юлія Цэзара яны зрушыліся на дзве пазіцыі, бо год пачаў пачынацца са студзеньскіх календ (1 студзеня).

З 1492 (7000–7001) года пераважным стаў вераснёўскі год.

Сёння 1 сакавіка 2023 года адпавядае “ультрасакавіцкаму” 16 лютага 7531 года.

Стварэнне свету. Мініяцюра сярэднявечнага рукапісу, XIII стагоддзе

1555 год. У Ліёне апублікавана кніга прароцтваў Настрадамуса.

Мішэль дэ Нотрдам апублікаваў свае першыя прадказанні ў кнізе пад назвай “Прароцтвы Мішэля Настрадамуса” у форме рыфмаваных чатырохрадкоўяў (катрэны), якія былі згрупаваны ў цэнтурыі (сотні ці стагоддзі). Акрамя гэтага ўсе свае прадказанні Настрадамус старанна зашыфраваў і запісаў на міксе чатырох моў – лацінскай, старафранцузскай, італьянскай і грэцкай.

У кнізе практычна не ўказвалася ніякіх дат, часовая паслядоўнасць не выконвалася, ды і самі катрэны былі пераблытаныя. І, тым не менш, даследнікамі творчасці Настрадамуса прыкмячаецца даволі шмат цікавых і дакладных гістарычных супадзенняў.

Настрадамус звяртаўся пры складанні прадказанняў да планетарных схем, якія, паводле некаторых меркаванняў, лічаць, што нябесныя целы аказваюць уплывы на справы людзей. З пункта гледжання сучаснай навукі дадзенае сцвярджэнне малаверагодна.

Вялікая частка крытыкаў сыходзіцца ў меркаванні, што працы Настрадамуса ўяўляюць сабой толькі асабістыя здагадкі і інтуітыўныя прагнозы.

Некаторыя з прадказанняў Настрадамуса.

2016. Еўропа амаль бязлюдная.

2018. Новай сусветнай дзяржавай становіцца Кітай. Краіны, якія развіваюцца, ператвараюцца з эксплуатуемых у эксплуататараў.

2028. Стварэнне новай крыніцы энергіі. Голад паступова пераадольваецца. Стартуе пілатуемы касмічны карабель да Венеры.

2046. Вырошчваюцца любыя органы. Замена органаў становіцца адным з найлепшых метадаў лячэння.

2066. Падчас нападу на мусульманскі Рым ЗША ўжываюць новы від зброі – кліматычны. Рэзкае пахаладанне.

2480. Сутыкнуцца два штучныя Сонцы. Зямля ў прыцемках.

1581 год. У Вільні створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.

Вышэйшы апеляцыйны суд, пастановы якога мелі сілу пастановаў сойма, пачаў працу ў 1582 годзе. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сойміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на адзін год (з 1588 яшчэ выбіраліся тры дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).

Трыбунал разглядаў апеляцыі на рашэні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэні павятовай адміністрацыі. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асоб; пры разглядзе такіх спраў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.

Сесіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў ВКЛ, соймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Сесіі трыбуналу праходзілі ў Вільні, Менску, Наваградку, Троках, Гродна.

1881 год. Ігнат Грынявіцкі бомбай смяротна параніў рускага цара Аляксандра II. І сам атрымаў смяротнае раненне.

Рэвалюцыянер-царазабойца нарадзіўся ў 1856 годзе ў фальварку Басін (цяпер у складзе в. Калінаўка Клічаўскага раёна) у сям’і каталіцкага шляхціца. 

Студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута ўдзельнічаў у польска-беларускіх і расійскіх рэвалюцыйных гуртках, быў членам партыі «Народная воля», сузаснавальнікам яе беларускай фракцыі.

У. Караткевіч прысвяціў Грынявіцкаму верш «Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)». У 1975-1998 гадах яго імя насіў мост у Санкт-Пецярбургу (цяпер Нова-Канюшанны мост).

1917 год. Нарадзіўся Фёдар Шмакаў.

Беларускі акцёр, рэжысёр. Народны артыст Беларусі і СССР. Ганаровы грамадзянін Віцебска.

Пасля заканчэння Ленініградскага тэатральнага інстытута, з 1939 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве, з 1941 года, больш за 60 год, працаваў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа. 

На яго творчым рахунку каля 200 роляў у тэатры і каля 30 роляў у кіно.

Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, прэміяй «За духоўнае адраджэнне», прызам «Крыштальная Паўлінка».

Самыя запамінальныя яго ролі ў тэатральных пастаноўках – «Несцерка», «Пяюць жаваранкі», «Сэрца на далоні», «Кастусь Каліноўскі», «А досвіткі тут ціхія…», «Гамлет», «Сямнаццаць імгненняў вясны». Сярод фільмаў трэба выдзеліць «Узнятая цаліна», «Мора ў вагні», «Доўгія вёрсты вайны», «Час выбраў нас»,  «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзяржаўная мяжа. Год сорак першы», «Плач перапёлкі».

Памёр 2 мая 2009 года.

1933 год. Памёр у ссылцы Уладзімір Жылка (1900-1933).

Беларускі паэт, перакладчык, крытык.

Працаваў у мінскай 21-й беларускай пачатковай школе, аграномам, наведваў клуб «Беларуская хатка», супрацоўнічаў з Ядвігіным Ш., Я. Купалам, З. Бядулем, М. Чаротам, Л. Родзевічам.

З 1920 года вёў падпольную, культурна-асветніцкую дзейнасць у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Працаваў у віленскай беларускай кнігарні, апекаваў  тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі, супрацоўнічаў з газетамі «Наша будучыня» і «Новае жыццё», рэдагаваў пражскі часопіс «Прамень».

У 1926 годзе пасля ўдзелу ў мінскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, застаўся ў БССР. Працаваў у Інбелкульце, газетах «Беларуская вёска», «Звязда», у Мінскім музычным тэхнікуме, на Белдзяржкіно. Член аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў вершаў, многіх артыкулаў, у тым ліку, «У справе ацэнкі беларускага адраджэння», артыкулаў пра месца беларускай культуры ў славянскім свеце, пра творчасць беларускіх паэтаў, рэцэнзій на творы сучаснікаў, гісторыка-філасофскага эцюда «Беларусь-Крыўя», перакладаў еўрапейскіх паэтаў.

У 1930 года арыштаваны ДПУ, у 1931 прыгавораны да 5 гадоў ссылкі. Адбываў яе ва Уржуме Кіраўскай вобласці.

Памёр ад туберкулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках.

1936 год. Нарадзілася Лідзія Савік.

Беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук. Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Працавала ў школах, у акадэмічных Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа, Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага, С. Баранавых, Б. Мікуліча і іншых, нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага.

Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў, у тым ліку В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, У. Караткевіча, Л. Геніюш.

Аўтар, суаўтар манаграфій, кніг, у тым ліку «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў», «Сыны і пасынкі Беларусі», «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы», «Культура беларускага замежжа», «Космас беларуса: жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта».

1937 год. У Віцебску забіты Іегуда Пэн. (1854-1937). 

Беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя. Уладальнік першай у Расіі віцебскай прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897–1918).

Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку В. Цадкін, Л. Лейтман, М. Шагал, С. Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка забіты ў сваёй віцебскай хаце. Існуе версія, што да забойства  датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску адчынена  мемарыяльная дошка.

2014 год. Памёр Леанід Левін (1936-2014).

Беларускі архітэктар, скульптар. Заслужаны архітэктар. Лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры.

Працаваў у Інстытуце «Мінскпраект», кіраваў Майстэрняй па забудове цэнтра Мінска, «Творчай майстэрняй архітэктара Л. Левіна».

Член Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын, Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», гістарычнага таварыства «Трасцянец», Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.

Аўтар, суаўтар мемарыяльных комплексаў “Хатынь”, ахвярам халакоста «Яма», у п. Красны Бераг Жлобінскага раёна, «Праклён фашызму» (Докшыцкі раён),, «Прарыў» каля г.п. Ушачы і іншых, шматлікіх помнікаў, у тым ліку Я. Купале, Я. Коласу ў Мінску, К. Заслонаву, «Кацюша» ў Оршы, М. Гастэлу ў Радашковічах.

Аўтар праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска, рэгенерацыі Траецкага прадмесця, Верхняга горада, Нямігі, Ракаўскага прадмесця

Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам».

Аўтар кнігі «Хатынь».

2015 год. Памерла ураджэнка Магілёва Вікторыя Мазур (1946-2015).

Беларуская артыстка аперэты, лірыка-драматычнае сапрана, салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Народная артыстка.

Скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча, Беларускую кансерваторыю.

Больш за 30 гадоў служыла ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з самага пачатку яго заснавання, першая яго прыма. Згуляла больш за 40 роляў у аперэтах, музычных камедыях, мюзіклах, выступала на шматлікіх канцэртах перад гледачамі Беларусі і замежных краін.

2021 год. Памёр Барыс Нешатаеў (1947-2021). 

Расійскі, украінскі і беларускі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар. Нарадзіўся ў г. Кудымкар Пермскага края. 

У 1958–1963 гадах з бацькамі жыў у Магілёве. Пасля сканчэння Пермскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам у школе, у Пермскім, Сумскім, Смаленскім універсітэтах. У 1995-1996 – прафесар кафедры біялогіі і хіміі, стваральнік і загадчык (1996-2002) кафедры геаграфіі і аховы прыроды Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, браў удзел у мерапрыемствах Магілёўскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, даследчык Магілёўскай вобласці, рэчышных працэсаў. 

Пахаваны ў г. Сумы (Украіна).

Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Дзень у гісторыі. 18 студзеня. Віленска-Радамская унія. Дэманстрацыя аэробуса A380. Нарадзіліся архітэктар Іосіф Лангбард, матэматык Лявон Більдзюкевіч, герой Монтэ-Касіна Пётр Сыч, перакладчык “Бібліі” Васіль Сёмуха

Вадохрышчанскі вечар, вечар перад Багаяўленнем, Галодная куцця, Вадзяная каляда, Вадохрышчанская каляда. 

Вечар напярэдадні Вадохрышча. У гэты дзень успамінаецца хрышчэнне Ісуса Хрыста Іаанам Прадцечам (Хрысціцелем) у рацэ Іардан.

Па традыцыі ўся сям’я збіраецца за святочным сталом. Пачынаць трапезу можна толькі, калі ў небе з’явіцца першая зорка. Спачатку чытаюць малітву, а затым спрабуюць святочныя посныя пачастункі. Пасля ўрачыстай трапезы хрысціяне адпраўляюцца ў храмы. Апоўначы, з надыходам свята Вадохрышча, праводзіцца вялікае асвячэнне вады. Звычайна людзі прыносяць крыху святой вады дадому, каб акрапіць ёю жыллё.

Вадохрышча таксама называецца і Богаяўленнем, бо ў гэты дзень Бог явіў Сябе свету ў трох асобах Свайго Бажаства: Бог Сын – Ісус Хрыстос прымаў хрышчэнне ў Іардане, Дух Святы сышоў на Яго ў выглядзе голуба, Бог Айцец засведчыў Ісуса Хрыста голасам з неба.

Вадохрышчанскі вечар з’яўляецца завяршэннем Калядных свят. Заканчваюць гадаць, варажыць, калядаваць.

1401 год. У Вільні вялікі князь Вітаўт выдаў першыя акты Віленска-Радамскай уніі. 

Заключана ў Вільні і ратыфікавана Кароннай Радай у Радаме. Па ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавалася кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў. У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

1892 год. Нарадзіўся Іосіф Лангбард. 

Беларускі савецкі архітэктар. Заслужаны дзеяч мастацтваў і архітэктуры БССР. Доктар архітэктуры, прафесар.

Адзін з выдатных архітэктараў Еўропы ХХ стагоддзя, чыя мастацкая спадчына аказвае значны ўплыў на развіццё сучаснай архітэктуры. Яго архітэктурныя шэдэўры ў вялізнай ступені паўплывалі на фарміраванне аблічча Мінска, Магілёва і з’яўляюцца пярлінамі беларускага дойлідства.

Яго асноўныя працы ў Беларусі: Мінскія Дзяржаўны тэатр оперы і балета, Дом урада БССР, Дом афіцэраў, галоўны корпус акадэміі навук, у Магілёве – Дом Саветаў. Акрамя гэтага – будынкі ў Кіеве, Ленінградзе, Маскве, Кастраме.

Адзін з аўтараў схемы генплана паваеннага Гомеля і эскіза планіроўкі Мінска.

У 1938 годзе меркавалася па яго планах пабудаваць хмарчос на магілёўскай плошчы Славы (тады Савецкай): старыя храмы знеслі, а гмах не пабудавалі. Засталіся ў эскізах і лангбардаўскі Драматычны тэатр і яго ж манументальны новы будынак ЦК КПБ(б) для Магілёва.

Прафесар Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе.

Памёр 3 студзеня 1951 года.

1895 год. Нарадзіўся Лявон (Леонт) Більдзюкевіч. 

Беларускі педагог, матэматык, грамадскі дзеяч.

Скончыў Мінскую гімназію, Кіеўскія ўніверсітэт і камерцыйны інстытут.

Друкаваў апавяданні ў газеце «Наша ніва», уваходзіў у кіеўскі беларускі культурна-асветны гурток «Зорка».

Загадваў Мінскай школай сляпых, дзе ў 1919 годзе перавёў навучанне на беларускую мову. Член Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта, Беларускай школьнай рады Міншчыны.

Выкладаў у Мінскай беларускай гімназіі, Бабруйскім, Рагачоўскім педтэхнікумах, у Беларускім політэхнічным інстытуце, БДУ, працаваў у Інстытуце торфу БССР.

Член Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па матэматыцы, касмаграфіі і фізіцы. Пераклаў на беларускую мову шэраг падручнікаў па матэматыцы.

У 1938 годзе арыштаваны ДПУ, высланы ў лагер на Калыму, дзе і загінуў 18 жніўня 1942 года.

1903 год. Нарадзіўся Аляксандр Фурсенка. 

Беларускі навуковец-палеантолаг. Член-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар.

Працаваў ва Усесаюзным геолагаразведачным інстытуце, загадчыкам лабараторый Інстытута геалагічных навук АН БССР, Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення АН СССР, прафесарам, загадчыкам кафедры БДУ.

Аўтар прац па мікропалеанталогіі і стратыграфіі.

Правёў палеанталагічныя вывучэнні даантрапагенавых парод у Беларусі, удзельнічаў у складанні геалагічных карт тэрыторыі рэспублікі.

Памёр 30 верасня 1975 года.

1912 год. Нарадзіўся Пётр Сыч. 

Беларускі пісьменнік, журналіст «Радыё Свабода», мемуарыст, герой Монтэ-Касіна.

Трапіў у савецкі палон як польскі жаўнер, вязень турмаў НКУС, лагера ў Комі. У 1942 г. патрапіў у армію генерала У. Андэрса. Паручнікам прымаў удзел у шматлікіх баях, у тым ліку пад Монтэ-Касіна. 

Актыўны дзеяч эмігранцкіх арганізацый Вялікабрытаніі, ФРГ, супрацоўнік часопіса «Беларус на чужыне», радыё «Свабода», член Рады БНР. Аўтар мемуараў пра Монтэ-Касіна.

Памёр 20 чэрвеня 1963 года ў Мюнхене.

1936 год. Нарадзіўся Васіль Сёмуха. 

Вядомы беларускі перакладчык з еўрапейскіх моў.

Працаваў рэдактарам у дзяржаўным выдавецтве, выкладчыкам нямецкай мовы ў школе, БДУ, у газэце «Літаратура і мастацтва», у выдавецтва «Мастацкая літаратура», у гуманітарным ліцэі.

У 1967 годзе напісаў запыт міністру замежных справаў Гурыновічу, спытаўшы, ці можа ён патрабаваць ад ураду Германіі кампенсацыі за страчаную маёмасць, каб выдаць пераклад «Фаўста». Выключаны з Саюзу пісьменьнікаў БССР з фармулёўкай: «…за зносіны з замежнымі пасольствамі і спробу выдаць „Фаўста“ ў Мюнхене». Супраць выключэння галасаваў толькі Васіль Вітка. 

Акрамя перакладаў класікаў, рабіў пераклады для драматычных тэатраў і да музычных твораў. Супрацоўнічаў з  кіраўніком «Беларускай капэлы» Віктарам Скарабагатавым. Пераклаў лібрэта да опер Радзівіла «Фаўст», «Маргер» Горскага, «Страшны двор» Манюшкі.

Пераклаў на беларускую мову «Найвышэйшую песню Саламонаву», «Новы Запавет. Псалтыр». Яго пераклад «Бібліі» выкарыстоўваецца ў набажэнствах розных беларускіх хрысціянскіх цэркваў.

Памёр 3 лютага 2019 года.

1984 год. Памёр Панцеляймон Панамарэнка. 

Беларускі і савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, генерал-лейтэнант. Старшыня Савета Міністраў БССР (1944-1948), начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху (1942-1944).

Як Першы сакратар ЦК КПБ (1938-1947) даваў згоду на арышт і асуджэнне дзяржаўных і партыйных работнікаў, з 15 верасня па 15 лістапада 1938 года ў якасці ўдзельніка «тройкі» НКУС вынес 4650 расстрэльных выракаў.

Ён у справаздачы І. Сталіну 1938 года «О Белорусском языке, литературе и писателях» абражаў культуру і мову, фактычна падпісваў смяротны прысуд літаратурным дзеячам, абвінаваціўшы іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай працы, ідэйна кіраваных заўсёды дзясяткам прафашысцкіх пісьменнікаў, у тым ліку Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Член Ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі, сукіраўнік войск, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пераканаў Сталіна ў далучэнні Палесся з Брэстам і Пінскам да БССР.

Пасля вызвалення БССР Сталін прапанаваў перадаць РСФСР Полацкую вобласць, але яе адстаяў Панамарэнка.

Пасля ад’езду з Беларусі працаваў міністрам нарыхтовак, культуры СССР, быў членам Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратаром ЦК Кампартыі Казахстана, амбасадарам у Польшчы, Індыі і Непале, Нідэрландах.

2005 год. Упершыню афіцыйна паказаны публіцы аэробус A380. 

Найбуйнешы авіялайнер у гісторыі. 

У паказе ў французскай  Тулузе, дзе вядзецца зборка самалёта, узяла ўдзел больш за 5 000 чалавек, кіраўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Іспаніі. 

Максімальная колькасць пасажыраў – 840, максімальная далёкасць палёту  15 000 км. Кошт аднаго самалёта складае да 500 мільёнаў долараў. 

Беларусь не мае ніводнага такога самалёта.

2008 год. Памерла Яўгенія Мальчэўская. 

Беларуская паэтэса. 

Скончыла Бабруйскі тэхнікум гумавай прамысловасці, філалагічны факультэт БДУ. Працавала рабочай на Бабруйскім заводзе гумавых вырабаў, у бабруйскай газеце «Камуніст», чашніцкай «Чырвоны прамень», у абласных выданнях «Віцебскі рабочы», «Выбар», у газеце «Белорусская нива», настаўнічала у Чэрвеньскім раёне, Талачыне, Віцебску.

Яе першыя вершы з’явіліся ў 1969 годзе ў газеце «Магілёўская праўда». Суаўтар паэтычных зборнікаў, аўтар паэтычнага цыкла «Святло асенняе зярнят», зборнікаў, кніг, апавяданняў.  

Дзень у гісторыі. 14 студзеня. Нарадзіліся дзеячы незалежнасці Адам Чартарыйскі, Алесь Лагвінец, літаратары Канстанцыя Буйло, Мікола Аўрамчык, Вера Вярба, сцэнарыст Андрэй Курэйчык

Стары Новы год. Гэты феномен з`явіўся ў Савецкай Расіі ў выніку каляндарнай рэформы 1918 года. 

24 студзеня 1918 года СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб увядзенні грыгарыянскага календара. Пасля 31 студзеня ў 1918 годзе, замест 1 лютага адразу ж наступіла 14 лютага. Ранейшая дата 1 студзеня па юліянскім календары ссунулася на 14 студзеня. Так узнікла новае неафіцыйнае свята, якое атрымала назву “стары Новы год”.

Традыцыя сустракаць стары Новы год захавалася і ў Беларусі, ва Украіне, у Сербіі (Сербскі Новы год, Малыя Каляды), Чарнагорыі (“правільны Новы год”), Македоніі, Грэцыі (Дзень Святога Васіля), Румыніі, у нямецкамоўных кантонах Швейцарыі (“стары дзень Святога Сільвестра”).

Цікава, што новы год у гэтыя дні сустракаюць берберы Алжыра, Марока, Туніса і іншых краін Паўночнай Афрыкі, якія жывуць па ўласным календары. Свята ў бербераў носіць назву Yennayer, вядомае таксама як “мараканскі Новы год”, але афіцыйным яно не з’яўляецца.

 1770 год. Нарадзіўся Адам Ежы Чартарыйскі. 

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў ад’ютантам и дарадцам Аляксандра I, расійскім міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. 

Падчас паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў. 

Памёр 15 ліпеня 1861 года.

1893 год. Нарадзілася Канстанцыя Буйло (Калечыц)

Беларуская паэтэса, Заслужаны дзеяч культуры. 

Яе дэбютны зборнік вершаў “Курганная кветка” (1914) рэдагаваў Янка Купала, афармляў Язэп Драздовіч. 

Аўтар шэрагу п’ес, зборнікаў вершаў, кніг для дзяцей. Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку, песня “Люблю” стала народнай. 

Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры” лічыў яе “найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай поэзіі”. 

Памерла 4 чэрвеня 1986 года.

1894 год. Нарадзіўся Пятро Юргялевіч. 

Беларускі мовазнавец.

Працаваў сакратаром Мсціслаўскага райкама партыі, рэдактарам Калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік» (Клімавічы), у Дзяржвыдавецтве, навуковым сакратаром Інстытуту мовазнаўства акадэміі навук, дацэнтам Менскага вышэйшага педінстытута. 

Даследаваў унармаванне беларускай літаратурнай мовы, гісторыю беларускай мовы і гаворак.

У лістападзе 1935 года арыштаваны. Вязень ГУЛАГу.

Працаваў дацэнтам у Гомельскім педінстытуце (1940-1941), дацэнтам і загадчыкам кафедры ў Магілёўскім (1944-1968) педінстытуце.

Аўтар і суаўтар «Вайсковага расейска-беларускага слоўніка» (1933), «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарамі», «Беларуская граматыка: марфалогія» (1958).

Памёр у 1973 годзе ў Магілёве.

1916 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Чарняўскі. 

Беларускі каталіцкі святар Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.

Член ордэна марыянаў.

Ксёндзам служыў у Крэве, Вільні, Вішневе Валожынскага раёна. У 1968 годзе Папам Рымскім прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.

Дабіўся папскага блаславення на правядзенне богаслужэнняў па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове.

Памёр 22 снежня 2001 года. Пахаваны ў Вішневе. У 2016 годзе ў Вішневе адкрыўся музей святара.

1920 год. У в. Плёсы (зараз – Бабруйскі раён) нарадзіўся Мікола Аўрамчык. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны пры акружэнні ў 1942 года трапіў у палон, вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 года вызвалены англічанамі.

Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса, працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Полымя», «Маладосць».

На літаратурную дзейнасць маладога паэта з Бабруйшчыны блаславілі Якуб Колас і Янка Купала.

Аўтар вершаў, больш за 10 кніг паэзіі, зборнікаў вершаў для дзяцей, выбраных твораў, кнігі «Знаёмыя постаці», прысвечанай беларускім дзеячам.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франко, М. Джаліля і іншых.

Друкаваўся ў перыядычных выданнях, у тым ліку часопісе «Дзеяслоў».

Разам з Н. Гілевічам суаўтар паэмы “Сказ пра Лысую гару”, у якой з’едлiва апiсвалiся норавы беларускіх лiтаратараў, занятых не творчасцю, а дзялёжкай зямельных участкаў.

Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску

1939 год. Нарадзіўся Васіль  Шаранговіч. 

Народны мастак Беларусі, творца ў галіне кніжнай і станкавай графікі. 

Працаваў у выдавецтве «Беларусь», рэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў, дырэктарам Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Яго працы ў кніжнай графіцы адметныя тонкім разуменнем структуры і ладу літаратурнага твора, паглыбленай пранікнёнасцю ў псіхалогію персанажа, вострым пачуццём гармоніі элементаў афармлення кнігі: «Віленскія камунары» М. Гарэцкага, «3 майго летапісу» і «Новая зямля» Якуба Коласа, «Дзесяць дзён, якія скаланулі свет» Дж. Рыда, «Збор твораў» М. Багдановіча, «Зямля навагрудская, краю мой родны…» і «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Старыя беларускія хронікі» У. Караткевіча і шматлікія іншыя.

Аўтар гравюр «Памяці вогненых вёсак» (1979-1985), станковых работ: «Смерць Гражыны» (паводле А. Міцкевіча), «Партрэт Ф. Скарыны», «А хто там ідзе», сэрыі «Край нарачанскі», «Блакада. 1943 год» і іншых.

Памёр 31 снежня 2021 годзе праз два дні пасля смерці жонкі.

1942 год. Нарадзілася Вера Вярба (Гертруда Сакалова). 

Беларуская паэтэса, якая атрымала вядомасць ў 20-гадовым узросце, перакладчыца.

Адна з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс, якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.

Працавала ва ўпраўленні кніжнага гандлю Дзяржкамітэта па друку, у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Работніца і сялянка», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх кніг, зборнікаў паэзіі. Яе творчасць высока ацэньвалі М. Аўрамчык, В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Лойка, захапляла Г. Бураўкіна, іншых літаратараў.

Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка быў пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў шлягерам «Песняроў».

Пра значнасць яе паэзіі ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на шматлікія мовы свету.

Памерла 15 ліпеня 2012 года.

На фота: Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў.1962 г.

1944 год. Нямецка-фашыскія карнікі спалілі разам з жыхарамі вёску Ала Шацілкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. 

Вёска не адноўлена пасля вайны, яе тэрыторыя уваходзіць у склад сучаснага Светлагорскага раёна. Стаяла на р. Ала. 

Загублена 1758 жыхароў (100 мужчын, 508 жанчын, 200 старых, 950 дзяцей). Па колькасці ахвяр на 2-м месцы ў Беларусі пасля в. Боркі Кіраўскага раёна. Уратавацца ўдалося толькі 8 жыхарам. 

У 2020 годзе пабудаваны мемарыял на месцы вёскі.

1947 год. Памёр Вацлаў Міхневіч. 

Літоўскі і беларускі архітэктар, прадстаўнік неаготыкі.

Працаваў гарадскім архітэктарам Вільні, заснаваў праектна-будаўнічае бюро Architekt“, быў галоўным інжынерам у міністэрстве шляхоў зносін Літвы.

Аўтар праектаў каля 30 будынкаў у Вільнюсе і каля 30 касцёлаў па ўсёй Літве і ў Беларусі, у тым ліку ў Відзах і ў Дзярэчыне. Найважнейшыя праекты: крыты рынак, Польскі тэатр на Пагулянцы, Зямельны банк. Суаўтар праекта мячэці ў Каўнасе.

На фота: Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах, 59 м. Спрачаецца аб чэмпіёнстве па вышыні з Геранёнскім касцёлам.

1962 год. Пачалася эксплуатацыя нафтаправода «Дружба». 

Па ім транспартуецца нафта з Волга-Уральскай нафтагазаноснай правінцыі ў краіны Усходняй Еўропы. 

Маршрут нафтаправода праходзіць ад расійскага Альмецьеўска да Мазыра, затым разгалiноўваецца: паўночны ўчастак – па Беларусі, Польшчы, Германіі, Латвіі і Літвы і паўднёвы – па тэрыторыі Украіны, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

У сістэму ўваходзіць 8900 км трубаправодаў (па Беларусі – 2910 км).

Па нафтаправодзе ў Еўропу да ўвядзення санкцый экспартавалася да  67 мільёнаў тон нафты.

1972 год. Нарадзіўся Алесь Лагвінец. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык.

Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, Польскую дыпламатычную акадэмію. 

Працаваў у Еўрапейскім гуманітарным унівэрсітэце, каледжы Саўт-Ўэстэрн (Канзас, ЗША), перакладчыкам у Эўрапарламенце, дарадцай старшыні Руху «За Свабоду» А. Мілінкевіча, намеснікам старшыні Руху.

Член Назіральнай рады Цэнтра беларускіх даследаванняў.  Сурэдактар кнігі «Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты», перакладчык кнігі «Бунт у імя свабоды: забыты беларускі ген?» (сумесна з В. Мазуркевіч).

Лаўрэат «Прэміі Еўропы» нямецкага фонда імя Г. Шварцкопфа «Маладая Еўропа», прэміі імя Льва Сапегі.

Жыве ў Варшаве.

1980 год. Нарадзіўся Андрэй Курэйчык.  

Беларускі і расійскі сцэнарыст, акцёр.

Працаваў памочнікам старшыні Беларускага Саюзу тэатральных дзеячоў, аглядальнікам “Белгазеты”, галоўным рэдактарам АНТ, на кінастудыях у Галівудзе.

Аўтар шматлікіх сцэнароў для беларускіх тэатраў на беларускай і рускай мовах, каля 30 сцэнараў для кіно. Друкаваў свае п’есы ў «Arche», «Полымя», «Нёман», «Першацвет», аўтар 2 кніг.

Movie Research прызнала яго самым паспяховым сцэнарыстам расійскага кіно 2006-2008 гадоў. 

Абладальнік 12 міжнародных прэмій, апошняя – у 2022 годзе – фінская KOURA за  радыё-спектакль пра беларускіх палітвязняў «Галасы новай Беларусі».

17 жніўня 2020 года ўвайшоў у Асноўны склад Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады ў Беларусі.

Увосень 2021 года ў сувязі з пераследам за палітычную дзейнасць, эмігрыраваў у Фінляндыю.

2021 год. Памёр Леанід Шчамялёў. 

Народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат дзяржаўнай прэміі БССР.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка, у Беларускім політэхнічным інстытуце, працаваў Першым сакратаром Праўлення Саюза мастакоў, старшынёй Праўлення Мастацкага фонду.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Яго творы вылучаюцца свабоднай пластычнай манерай выканання з выкарыстаннем гучнага колеру і святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю.

Шмат яго прац прысвечана гераізму народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку «Палявы трыбунал», «Генерал Даватар», «Першы дзень міру».

Сярод карцін, прысвечаных гістарычным асобам, дзеячам культуры і мастацтва: «Кастусь Каліноўскі», «Рэпін у Здраўнёве», «Леся Украінка».

Псіхалагічная глыбіня, шчырасць характарыстык уласцівы дзясяткам яго твораў пра сучаснікаў.

Не апошняе месца ў яго творчасці займаюць выразныя і маляўніча-пластычныя краявіды: «Вязынка», «Лошыца», «Вясна на Дзвіне», «Зіма ў Ракаве», «Зіма ў Пінску» і іншыя. Аўтар шматлікіх нацюрмортаў.

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, мастацкага цэнтра «Жыльбел», фондах Саюза мастакоў Беларусі  і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі, абласных краязнаўчых музеях Беларусі і іншых.

Дзень у гісторыі. 11 студзеня. Міжнародны дзень “дзякуй”. Ягайла атрымаў у жонкі каралеву Ядвігу. Забарона газета «Наша доля». Нарадзіўся мастак Аляксандр Ісачоў

Міжнародны дзень “дзякуй”. 

Свята ініцыявана з падачы міжнародных міратворчых супольнасцяў. Словы ўдзячнасці, якія сказаны з добрымі намерамі, валодаюць магутнай энергетыкай і здольныя матэрыялізавацца ў добрае самаадчуванне, здымаюць дэпрэсіўнае пачуццё і прымушаюць зноў і зноў здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Слова “дзякуй” сугучнае ў літоўскай, заходнеславянскіх, украінскай, беларускай, германскіх (ангельскае “thank”, нямецкае “danke”) мовах і звязана са словам з санскрыту “daihya” – “тое, што знаходзіцца ў целе”, “душа”. 

Дзякаваць – аддаваць частку душы: “дзякаваць ад усёй душы”, “вельмi дзякаваць”. 

Слова “дзякаваць” у помніках нашай мовы сустракаецца з XV стагоддзя. 

Псіхолагі лічаць, што словы падзякі – гэта “вусныя пагладжванні”, якія здольныя супакоіць і сагрэць сваёй цеплынёй. Галоўнае, каб словы падзякі вымаўляліся ад чыстага сэрца. 

Невыпадкова здаўна ў народзе існавала вельмі мудрае павер’е – не вымаўляй словы падзякі ў стане раздражнення, у такім выпадку, магічныя словы не дасягнуць мэты і не прынясуць радасці ні вам, ні таму, каму кажаце. Цікава, што і карані таксама сыходзяць значна глыбей простай падзякі.

1386 год. Прадстаўнікі Польшчы ў Ваўкавыску перадалі вялікаму князю Ягайлу акт аб перавыбранні яго каралём польскім і аддачы яму ў жонкі малалетняй польскай каралевы Ядвігі.

Ядвіга (1374-1399) – дачка караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Босніяцкай. На каралеўскі сталец абрана пасля смерці бацькі — у 1384 годзе.

У 1385 годзе заключыла Крэўскую унію. Пасля заключэння шлюбу з Ягайлам, той падарыў Ядвізе ў якасці вясельнага падарунка Магілёў.

Памерла падчас родаў. Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986, кананізавана ў 1997 годзе. Дзень успаміну 17 ліпеня.

1395 (1397) год. Памёр Скіргайла Альгердавіч. 

Князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі. 

Удзельнік паходаў супраць крыжакоў (1374-1375). 

Пасля выгнання Андрэя Альгердавіча, княжыў у Полацку (1377-1381). У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Стаў князем Троцкім і другой уплывовай асобай у дзяржаве. 

У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве (1386) перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства, на наступны год авалодаў Полацкам і захапіў свайго брата Андрэя Альгердавіча. 

Валодаў Троцкім, Полацкім княствамі, Менскам, Свіслаччу, Бабруйскам, Прапошаскам і іншымі гарадамі, захапіў Віцебск, авалодаў Кіевам. Атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

1864 год. У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Ф. Багушэвічам. 

Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу. 

Паплечнік К. Каліноўскага. Паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны ў снежні 1863 года. 

Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы.

1867 год. У в. Карытнае (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Сцяпан Рункевіч.

Беларускі гісторык царквы, архівіст, дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскі дзеяч.

Выхаванец і выкладчык Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сакратар Сіноду. 

Выдаў 5 выпускаў «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», «Кароткі гістарычны нарыс стагоддзя Мінскай епархіі…», «Гісторыю Мінскай архіепіскапіі (1793-1832)».

Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы і Мінскай епархіі праваслаўнай царквы, гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні яе падзелу.

Памёр 12 сакавіка 1924 года.

1907 год. Пастановаю Віленскай судовай палаты забаронена газета «Наша доля». 

Рэдактар-выдавец І. Туркенес засуджаны на 1 год крэпасці. 

Поўная назва газеты «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» – штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета на беларускай мове. 

Выдавалася ў Вільні з 1(14) верасня да 1(14) снежня 1906 года. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 000 асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. 

Газета мела рубрыкі: “Дзеянні ўрада”, “Палітычны агляд”, “Жыццё вёскі”, “Жыццё горада”, “Найноўшыя творы беларускай літаратуры”, “Што чуваць на Белай Русі”, “Новыя кнігі”, “З мінулага Беларус” і іншыя.

1908 год. Нарадзіўся Віктар Заўрыеў. 

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ. 

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. 

Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый. 

Памёр 14 сакавіка 1976 года.

1937 год. Нарадзіўся Віктар Кухта. 

Беларускі біяхімік. Доктар медыцынскіх навук. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры біялагічнай хіміі Беларускага медуніверсітэта.

Аўтар і суаўтар манаграфій, падручнікаў для студэнтаў-медыкаў, 215 навуковых прац. Падрыхтаваў 3 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

1947 год. Нарадзіўся Валянцін Яцухна. 

Беларускі географ, ландшафтны эколаг, глебазнавец. 

Працаваў у інстытуце “Белгіпразем”, факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дацэнтам, загадчыкам лабараторыі экалогіі ландшафтаў. 

Спецыяліст у галіне рацыянальнага выкарыстання, экалагічнай ацэнкі і тэрытарыяльнай арганізацыі аграландшафтаў, прыкладных геаграфічных даследаванняў, планавання землекарыстання, экасістэмных паслуг.

Аўтар больш за 550 навуковых прац. Навуковы эксперт Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем / дэградацыяй зямель.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў. 

Беларускі жывапісец, графік.

Прымаў удзел у двух выстаўках ленінградскіх мастакоў авангардных кірункаў (1974, 1975). 

З 1975 года працаваў у класічнай манеры пісьма. Асноўнымі сюжэтамі яго карцін былі міфалагічныя і біблейскія сюжэты. У стылявым кірунку мастак пачаў арыентавацца на традыцыі еўрапейскага акадэмічнага жывапісу сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Пісаў іконы для Рэчыцкай царквы, выканаў роспіс сцен храма ў г. Мазыры.

У лістападзе 1987 года ў Рэчыцы адбылася персанальная выстаўка мастака, якую паглядзела каля 20 000 чалавек. Праз тры дні пасля заканчэння выстаўкі мастак памёр ад сардэчнага прыступу.

Аўтар каля 500 карцін, большасць з якіх былі вывезены за мяжу ў Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль і ЗША.

Памёр 5 снежня 1987 года.

1983 год. Памёр Ціхан Кісялёў. 

Беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы.

Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у партыйных органах, першым сакратаром Брэсцкага абкама, старшынёй Савета Міністраў БССР (1959-1978),  намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР (1978-1980), пасля смерці П. Машэрава стаў першым сакратаром ЦК КПБ.

Пад час яго дзейнасці ажыццяўляліся працэсы аднаўлення пасляваеннай эканомікі, будаўніцтва сучасных гігантаў прамысловасці.

Яго імём названы вуліцы ў Мінску, Гомелі. У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

2001 год. Памерла Аляксандра Данілава. 

Заслужаны архітэктар БССР.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работ у Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. 

Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

 

Дзень у гісторыі. 10 студзеня. Першае ў свеце метро, першы перапіс насельніцтва на Беларусі. Жудаснае пахаладанне ў Дакоце, катастрафічная лавіна ў Перу. Нарадзіўся Пётр Магіла

1597 год. Нарадзіўся мітрапаліт Пётр Магіла. 

Рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай, епіскап Канстанцінопальскай праваслаўнай царквы, Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі, трэці Экзарх Канстанцінопальскага трону (1632-1647).

Быў прэтэндэнтам на малдаўскі трон, удзельнік Хоцінскай бітвы. 

У 1625 годзе прыняў манаскі пострыг у Кіева-Пячэрскім манастыры, у 1627 годзе стаў архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры.

Падтрымліваў друкарні Украіны і Беларусі, рабіў пераклады з грэцкай мовы, складаў, пісаў кнігі, у тым ліку першы праваслаўны катэхізіс – «Праваслаўнае вызнанне веры», займаўся  развіццём праваслаўнай адукацыі, прымірэннем праваслаўных і уніятаў. 

Уладзіслаў IV у 1632 годзе афіцыйна аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію ў складзе Канстанцінопальскага патрыярхату з утварэннем новай Мсціслаўскай епархіі і назначэннем мітрапалітам Пятра Магілы. 

У 1633 годзе Магіла атрымаў каралеўскі дазвол на збудаванне ў Магілёве царквы Святога Мікалая. Па распараджэнню мітрапаліта магілёўскім біскупам Сільвестрам (Косавым) у 1637 г. была пабудавана часовая драўляная Мікольская царква.

Памёр 11 студзеня 1647 года.

Кананізаваны 8 снежня 2005 года Архіерэйскім саборам Рускай праваслаўнай царквы.

1684 год. Памёр Крыштаф Жыгімонт Пац

Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Вялікі харунжы літоўскі, падканцлер, вялікі канцлер літоўскі (з 1658).

Атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю. Служыў у французскай, іспанскай і галандскай арміях.

Адзін з лідараў партыі, якая выступала за каранацыю Міхала Вішнявецкага і  супраць абрання Яна Сабескага.

У 1673 годзе дабіўся прыняцця закона, паводле якога кожны трэці сойм павінны быў праходзіць у Гродне (акрамя Варшавы і Кракава).

1863 год. У 6:00 раніцы ў Лондане пачало працаваць першае ў свеце метро. 

Зараз Лонданскае метро мае працягласць 402 км, яно ўключае 268 станцый і 11 ліній. 

Метро працуюць на усіх, акрамя Антарктыды, кантынентах, у 50 краінах. У Афрыцы яно ёсць толькі ў Алжыры, Егіпце, Нігерыі, Тунісе, Кот д’Івуары. 

Самыя буйныя метрапалітэны ў свеце: па колькасці станцый і ліній – Нью-Ёркскі (472 станцыі, 28 ліній), па даўжыні ліній – Шанхайскі (743 км) і Пекінскі (727 км), па гадавому пасажырапатоку – Пекінскі і Такійскі. 

Самыя кароткія лініі метро (меней за 9 км): у венесуэльскім Маракайба, індыйскім Ахмадабадзе, італьянскіх Катаніі і Генуі, украінскім Дняпры. Гётэборг, Лазана, італьянская Брэшыя, французскі Рэн – самыя маленькія гарады ў свеце, якія маюць метро. 

З 1984 года працуе метро ў Мінску: зараз гэта тры лініі працягласцю 41 км, 33 станцыі, будуецца 4-я лінія.

1890 год. Нарадзіўся Ільдэфонс Бобіч. 

Беларускі каталіцкі святар, пісьменнік, перакладчык, прыхільнік беларусізацыі касцёла. Доктар філасофіі.

Святар з 1915 года. Служыў ў прыходах Друі, Дісненшчыны, Іўі, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Супрацоўнічаў з беларускімі часопісамі «Беларус» і «Крыніца».

Аўтар апавяданняў, якія друкаваў у «Нашай ніве», у Першым беларускім календары «Нашай нівы», газеце «Biełarus» і іншых выданнях.

Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў каталіцкае богаслужэнне.

У гады Другой сусветнай вайны арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, памёр 28 красавіка 1944 года пасля вызвалення з турмы.

І. Бобіч на фотаздымку злева

1896 год. Нарадзіўся Георгій Лаўроў. 

Савецкі беларускі архітэктар.

У 1928-1934 гадах працаваў галоўным архітэктарам у наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР, потым пераведзены на працу ў Маскву.

Праекціроўшчык будынкаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, бібліятэкі і інтэрнатаў БДСГА ў Горках, ўніверсітэцкага гарадка і галоўнага корпуса БДУ, Політэхнічнага інстытута ў Менску, будынка драмтэатра і кінатэатра ў Оршы, будынкаў у Алушце, Албаніі, Алма-Аце, Ашхабадзе, Фрунзе, Сафіі, Бухарэсце.

Памёр 24 мая 1967 года.

1897 год. Пачаўся Першы Усерасійскі перапіс насельніцтва. 

Па даных гэтага перапісу насельніцтва Беларусі ў сучасных яе межах склала 6,38 мільёнаў чалавек. 

Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек): Менск – 90,9, Віцебск – 65,9, Гродна – 40,9, Гомель – 36,7, Полацк – 20,3; Асіповічы – 0,9, Бялынічы – 2,2, Бабруйск – 34,3, Быхаў – 6,4, Глуск – 5,3, Горкі – 6,7, Дрыбін – 1,2, Касцюковічы – 0,7, Клімавічы – 6,0, Клічаў – 0,6, Краснаполле – 3,2, Круглае – 1,6, Крычаў – 6,2, Магілёў – 43,1, Мсціслаў – 8,5, Прапойск – 1,0, Хоцімск – 3,0, Чавусы – 4,7, Чэрыкаў – 5,2, Шклоў – 9,7.

1905 год. Нарадзілася Таццяна Бірыч. 

Беларускі афтальмолаг, доктар медыцынскіх навук. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Герой Сацыялістычнай Працы. Заслужаны дзеяч навукі, заслужаны ўрач БССР.

Працавала загадчыкам кафедры хвароб вачэй Мінскага медінстытута, галоўным афтальмолагам краіны, старшынёй Навуковага таварыства афтальмолагаў БССР, намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967).

Аўтар 240 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, у галіне аксігенатэрапіі хвароб вачэй, лячэння сухотаў і апёкаў вачэй, выдалення катаракты з дапамогай нізкіх тэмператур (першая ў СССР), вывучэння кровазліцця ў сятчатку ў нованароджаных пры нармальных і паталагічных родах.

Упершыню ў Савецкім Саюзе ужыла метад крыяхірургіі пры захворваннях вачэй.

Памерла 26 лютага 1993 года.

1911 год. Жудаснае пахаладанне ў Дакоце за чвэрць гадзіны. 

У горадзе Рапід-Сіці амерыканскага штата Паўднёвая Дакота цягам 15 хвілін (ёсць сведчанні, што за 5 хвілін) тэмпература апусцілася адразу на 26°С з +16  да −11°C.

Фота: Рапід-Сіці, 1912 год

1956 год. Нарадзіўся Юры Малышэўскі. 

Беларускі майстар выцінанкі. Народны майстар.

З 1987 года працуе ў мастацкай майстэрні аддзелу культуры Пружанскага райвыканкаму. Кіруе дзіцячай студыяй народнай творчасці па мастацтве выцінанкі і разьбы па дрэве.

У яго творах адлюстроўваюцца тры тэмы: жыцьцё лесу і яго насельнікаў, гісторыя роднага мястэчка, дзейнасць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Акрамя выцінанкі, працуе таксама ў жывапісе, графіцы, рэстаўрацыі. Ружанскі краязнавец.

1962 год. У 18:13 адбылася найвялікшая ў гісторыі лавін катастрофа: абвал з Невада-Уаскаран (Перу).

Аб’ём масы снегу і лёду склаў прыблізна 3 мільёны кубаметраў, а да канца руху лавіны дасягнуў 10 мільёнаў. 

Гразевы паток імчаўся ўніз з хуткасцю 110 км/гадзіну і нёс на сабе каменныя груды памерам з трохпавярховы дом. 

Лавіна прайшла 10 км і за 7 хвілін сцёрла з твару зямлі гарадок Ранраірка, 6 мястэчак і часткова разбурыла яшчэ тры. Дакладная колькасць ахвяр невядомая. Па прыблізных падліках загінула 4 000 чалавек і 10 000 хатніх жывёл.

1966 год. Нарадзіўся Яраслаў Раманчук. 

Беларускі палітык і эканаміст. Быў кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выбарах 2010 года.

Працаваў выкладчыкам, журналістам, дырэктарам прадпрыемства, аналітыкам, галоўным спецыялістам Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага Савета 13-га склікання, у штотыднёвіку «Белорусская газета», кіраўніком «Навукова-даследчага цэнтра Мізэса», цэнтра «Стратэгія».

Лаўрэат многіх прэмій, у тым ліку Atlas Economic Research Foundation, імя сэра Энтані Фішэра за кнігі «Беларусь: дорога в будущее» і «Бизнес Беларуси: в круге первом».

Самы вядомы прадстаўнік і папулярызатар аўстрыйскай школы эканомікі ў Беларусі.

У 2000-2011 гадах быў намеснікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.