Іран атакаваў Ізраіль больш чым 300 ракет і беспілотнікаў, амаль усе былі збітыя, адна жанчына параненая

Беспрэцэдэнтная па сваёй масавасці атака Ірана на Ізраіль адбылася ў ноч на 14 красавіка. Персідская дзяржава запусціла 185 беспілотнікаў, 110 ракет класа “зямля-зямля”, 36 крылатых ракет. Таксама Ізраіль быў атакаваны з тэрыторыі Лівана, Емена і Ірака. Афіцыйныя прадстаўнікі Ірана заявілі, што гэтая атака стала адказам на ізраільскі ўдар па іранскаму консульству ў Сірыі, у выніку якога загінуў прадстаўнік вышэйшага камандавання іранскай арміі.

Атака ажыццяўлялася некалькімі хвалямі і працягвалася каля 5-6 гадзін. Прэс-сакратар ізраільскай арміі Авічай Адраі так пракаментаваў вынік іранскага ўдару: “З прыкладна 170 запушчаных Іранам беспілотнікаў – ні адзін з іх не пранік у Дзяржаву Ізраіль, бо баявыя самалёты і сістэмы супрацьпаветранай абароны нашы і нашых саюзнікаў перахапілі дзясяткі з іх. З больш чым 30 крылатых ракет, запушчаных Іранам, ні адна ракета не прабілася на тэрыторыю Ізраіля. Нашы баявыя самалёты перахапілі за межамі краіны 25 ракет. З больш чым 120 балістычных ракет вельмі малая колькасць прарвалася праз ізраільскую мяжу, а астатнія ракеты былі перахопленыя. Гэтая невялікая колькасць упала на базу ВПС у Нафаціме і нанесла невялікі ўрон інфраструктуры.”

Таксама паведамляецца, што ў выніку падзення ашчэпкаў збітых ракет у ізраільскім горадзе Негеў была параненая маладая жанчына. 30 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу ў Ізраілі пасля сігналаў трывогі.

Фота: The Guardian

Ад падпольных начных пратэстаў да сямейных сходаў – як іранская моладзь працягвае сваё супраціўленне

16 верасня прайшоў год з дня забойства іранскай паліцыяй нораваў 22-гадовай студэнткі Махсы Аміні за “няправільнае” нашэнне хусткі. Гэта выклікала буйнейшыя акцыі пратэсту ў краіне. The Guardian расказвае, чым жыве моладзевы пратэст у Іране праз год пасля пачатку хваляванняў.

Маладыя іранцы перавялі свае пратэсты супраць аўтарытарнага рэжыму ў падполле праз год пасля смерці ў зняволенні 22-гадовай Махсы Аміні. Яе смерць 16 верасня мінулага года прывяла да найбуйнейшай за апошнія гады хвалі народных пратэстаў у Іране і іх жорсткага разгону спецслужбамі, у выніку чаго сотні мужчын, жанчын і дзяцей былі забітыя і тысячы атрымалі раненні.

Маладыя іранцы, якія размаўлялі з выданнем, кажуць, што працягваюць таемна пратэставаць. «Магчыма, мы часова сышлі з вулічных пратэстаў, але мы не сышлі [наогул] з пратэстаў» – кажа Рэза, тэгеранскі ды-джэй і студэнт універсітэта, які грае «рэвалюцыйную» музыку, каб падтрымліваць «імпульс».

«Я пратэставаў першыя два месяцы і неяк здолеў не трапіць пад раздачу. Неўзабаве пасля таго, як мы даведаліся пра першы расстрэл, нас папярэдзілі бацькі і выкладчыкі, каб мы кінулі пратэставаць на вуліцах. Вось тады ў нас і ўзнікла ідэя начных пратэстаў».

Рэза і яго калегі па ўніверсітэце, хлопцы і дзяўчаты, арганізавалі ў сталіцы падпольную акцыю. «Адзін з нашых любімых спосабаў пратэсту – хадзіць каля дзяржаўных установаў і пакрываць сцены плакатамі свабоды. Мы вяртаемся і граем музыку, асабліва песні, якія не ўспрымае рэжым.

«У нас быў пратэст Шэрвіна Хаджыпура [іранскага спевака, арыштаванага пасля таго, як яго песня пратэсту стала віруснай] увечары пасля таго, як ён выйграў прэмію «Грэмі», каб адзначыць нашу барацьбу за свабоду. Усё, што мы робім у гэтых начных акцыях пратэсту, лічыцца нармальным для падлеткаў на Захадзе – напрыклад, жанчыны танцуюць, спяваюць, не носяць шалік – але мы павінны рабіць гэта таемна.

«Гэтыя сустрэчы аб’ядноўваюць нас і матывуюць працягваць змагацца ўсімі магчымымі спосабамі».

Голназ, 19-гадовая студэнтка эканомікі з Ісфахана, рэгулярна наведвае падпольныя акцыі пратэсту. Яна накіравала сваю любоў да мастацтва ў форму нязгоды. «Многія думаюць, што тусоўкі адбываюцца толькі ў дамах, на гарышчах ці ў гаражах. Мы выходзім на вуліцу і пратэстуем рознымі спосабамі» – кажа яна.

«Рызыкуючы быць злоўленай, я ездзіла на ровары без хіджаба і паспяхова пакрывала сцены графіці. Затым мы вяртаемся дамоў да аднаго з нашых сяброў, не спім, танцуем, спяваем і спрабуем вярнуць нашых універсітэцкіх калегаў на вуліцы ў знак пратэсту.»

«Ад падпольных пратэстаў да сямейных сходаў, мы зразумелі, што менавіта гэтыя невялікія пратэсты ў прыватных колах падтрымліваюць жаданне свабоды сярод моладзі Ірана»  – кажа Саед, студэнт з горада Мехшэда. «Дзякуй тым жанчынам і дзяўчатам, якія настолькі адважныя, што ўсё яшчэ пратэстуюць на адкрытым паветры, здымаючы хусткі. Яны сапраўдныя героі, за якіх мы працягваем змагацца. Паколькі свабодзе слова няма месца ў Іране, людзі павінны выкарыстоўваць кожны форум, каб выказаць сваю барацьбу за свабоду».

Фота: Guardian

Талібы абвясцілі Ірану вайну з-за права на ваду

Ваенныя Афганістана ўварваліся ў Іран і пачалі баі з памежнікамі, з’яўляецца інфармацыя аб першых загінуўшых.

Талібан аб’явіў вайну Ірану, пра гэта паведаміў лідэр Талібана Абдулхамід Хорасані. 

– Не правярайце нашу сілу, вы знаходзіцеся за кулісамі з заходнікамі, а мы сапраўдныя мусульмане, і калі нам дазволяць старэйшыны Ісламскіх Эміратаў, мы заваюем Тэгеран – заявіў Хорасані.

На дадзены момант, па словах Іранскага кіраўніка нацыянальнай камісіі па бяспецы Хасана Хэмаці, вядома, што з афганскім бокам сутыкнуліся тры іранскія памежныя пункты. Канфлікт пачаўся з памежных войскаў Талібана, а затым была задзейнічана артылерыя Арміі Ісламскай Рэспублікі Іран.

На гэты час вядома, што Талібы захапілі іранскую ваенную базу ў правінцыі Німруз. Аддзел па сувязях з грамадскасцю Талібана сцвярджае, што іх баевікі знішчылі ў агульнай складанасці 18 іранскіх памежных збудаванняў.

Па дадзеных СМІ, канфлікт выліўся за права на ваду на афганскай мяжы. Рака Гільменд працякае ад афганскіх гор да іранскай правінцыі Сістан, дзе ўпадае ў возера, якое рэгулярна высыхае. Правінцыя Сістан перажывае пры гэтым засуху, і Іран абвінавачвае талібаў у будаўніцтве новых дамбаў на рацэ і перанакіраванні вады – паведамляе Exclusive.kz. Талібы абвінавацілі іранцаў у правакацыях на мяжы.

Фота: tengrinews.kz

Атакі на ваенныя аб’екты Ірана: што вядома

Ноччу з 28 на 29 студзеня іранскія СМІ паведамілі пра серыю выбухаў на ваенных аб’ектах у Іране – у тым ліку на тых, дзе збіраюць беспілотнікі. Афіцыйныя іранскія крыніцы заяўляюць, што атакавалі міні-дроны і ўсе яны былі збітыя.

На дадзены момант дакладна вядома пра выбух у горадзе Ісфахан – відэа з ім апублікавалі мясцовыя СМІ. Па дадзеных Брытанскага інстытута абаронных даследаванняў, паблізу Ісфахана знаходзіцца іранскае прадпрыемства Shahed Aviation Industries, звязанае з вытворчасцю дронаў-камікадзэ Shahed 131/136. Такія беспілотнікі Расія выкарыстоўвае ва Украіне. Таксама мяркуецца, што ў Ісфахане знаходзіцца завод па перапрацоўцы ўрана і некалькі цэнтраў ядзерных даследаванняў.

Паводле заявы Мінабароны Ірана, міні-дроны атакавалі адзін з цэнтраў ведамства. Адзін беспілотнік быў нібыта збіты сродкамі СПА, два іншыя «трапілі ў абарончыя пасткі і ўзарваліся».

Iran International са спасылкай на паведамленні ў сацсетках піша таксама пра выбухі і пажары у гарадах Карадж, Тэбрыз, Дэзфул і Хамадан. Акрамя таго, пажар адбыўся на прадпрыемстве па перапрацоўцы маторнага масла ў горадзе Шахід-Салімі ў правінцыі Усходні Азербайджан. Ці звязаныя гэтыя падзеі паміж сабой, невядома.

У дадзены момант за атаку ніхто не ўзяў адказнасць на сябе. Як піша The New York Times, некаторыя каналы Telegram, у тым ліку канал Sepah Cyberi, звязаны з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі, абвінавацілі Ізраіль і яго агентаў у краіне ў тым, што яны стаяць за атакай. 

The New York Times таксама адзначае, што Іран і Ізраіль вялі ценявую вайну на сушы, на моры, у паветры і ў кіберпрасторы на працягу апошніх трох гадоў, пры гэтым Ізраіль наносіў удары па іранскіх ваенных і ядзерных аб’ектах, забіваў вучоных і высокапастаўленых ваенных чыноўнікаў.

Варта ўлічваць, што на фоне шматмесячных пратэстаў у Іране існуюць праблемы з доступам да інтэрнэта, пагэтаму атрымаць дакладную інфармацыю з месца падзеяў сусветным СМІ вельмі складана.

Фота: iranintl.com

Дзень у гісторыі. 11 студзеня. Міжнародны дзень “дзякуй”. Ягайла атрымаў у жонкі каралеву Ядвігу. Забарона газета «Наша доля». Нарадзіўся мастак Аляксандр Ісачоў

Міжнародны дзень “дзякуй”. 

Свята ініцыявана з падачы міжнародных міратворчых супольнасцяў. Словы ўдзячнасці, якія сказаны з добрымі намерамі, валодаюць магутнай энергетыкай і здольныя матэрыялізавацца ў добрае самаадчуванне, здымаюць дэпрэсіўнае пачуццё і прымушаюць зноў і зноў здзяйсняць добрыя ўчынкі.

Слова “дзякуй” сугучнае ў літоўскай, заходнеславянскіх, украінскай, беларускай, германскіх (ангельскае “thank”, нямецкае “danke”) мовах і звязана са словам з санскрыту “daihya” – “тое, што знаходзіцца ў целе”, “душа”. 

Дзякаваць – аддаваць частку душы: “дзякаваць ад усёй душы”, “вельмi дзякаваць”. 

Слова “дзякаваць” у помніках нашай мовы сустракаецца з XV стагоддзя. 

Псіхолагі лічаць, што словы падзякі – гэта “вусныя пагладжванні”, якія здольныя супакоіць і сагрэць сваёй цеплынёй. Галоўнае, каб словы падзякі вымаўляліся ад чыстага сэрца. 

Невыпадкова здаўна ў народзе існавала вельмі мудрае павер’е – не вымаўляй словы падзякі ў стане раздражнення, у такім выпадку, магічныя словы не дасягнуць мэты і не прынясуць радасці ні вам, ні таму, каму кажаце. Цікава, што і карані таксама сыходзяць значна глыбей простай падзякі.

1386 год. Прадстаўнікі Польшчы ў Ваўкавыску перадалі вялікаму князю Ягайлу акт аб перавыбранні яго каралём польскім і аддачы яму ў жонкі малалетняй польскай каралевы Ядвігі.

Ядвіга (1374-1399) – дачка караля венгерскага і польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Босніяцкай. На каралеўскі сталец абрана пасля смерці бацькі — у 1384 годзе.

У 1385 годзе заключыла Крэўскую унію. Пасля заключэння шлюбу з Ягайлам, той падарыў Ядвізе ў якасці вясельнага падарунка Магілёў.

Памерла падчас родаў. Доўгі час неафіцыйна ўшаноўвалася ў Польшчы як святая. Беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам ў 1986, кананізавана ў 1997 годзе. Дзень успаміну 17 ліпеня.

1395 (1397) год. Памёр Скіргайла Альгердавіч. 

Князь полацкі, троцкі і, магчыма, кіеўскі. 

Удзельнік паходаў супраць крыжакоў (1374-1375). 

Пасля выгнання Андрэя Альгердавіча, княжыў у Полацку (1377-1381). У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Стаў князем Троцкім і другой уплывовай асобай у дзяржаве. 

У час заключэння Крэўскай уніі (1385) забяспечыў сабе права застацца праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве (1386) перамог смаленскага князя Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў Смаленскае княства, на наступны год авалодаў Полацкам і захапіў свайго брата Андрэя Альгердавіча. 

Валодаў Троцкім, Полацкім княствамі, Менскам, Свіслаччу, Бабруйскам, Прапошаскам і іншымі гарадамі, захапіў Віцебск, авалодаў Кіевам. Атручаны ў Кіеве. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

1864 год. У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.

Вучыўся ў Віленскай гімназіі, дзе сябраваў з Ф. Багушэвічам. 

Удзельнічаў у рэвалюцыйным студэнцкім руху ў Маскве і Пецярбургу. 

Паплечнік К. Каліноўскага. Паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны ў снежні 1863 года. 

Пакараны смерцю на Лукішскай плошчы.

1867 год. У в. Карытнае (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Сцяпан Рункевіч.

Беларускі гісторык царквы, архівіст, дзеяч Рускай Праваслаўнай Царквы, грамадскі дзеяч.

Выхаванец і выкладчык Пецярбургскай духоўнай акадэміі, сакратар Сіноду. 

Выдаў 5 выпускаў «Матэрыялаў для гісторыі Мінскай епархіі», «Кароткі гістарычны нарыс стагоддзя Мінскай епархіі…», «Гісторыю Мінскай архіепіскапіі (1793-1832)».

Даследчык гісторыі ўніяцкай царквы і Мінскай епархіі праваслаўнай царквы, гісторыі Рэчы Паспалітай напярэдадні яе падзелу.

Памёр 12 сакавіка 1924 года.

1907 год. Пастановаю Віленскай судовай палаты забаронена газета «Наша доля». 

Рэдактар-выдавец І. Туркенес засуджаны на 1 год крэпасці. 

Поўная назва газеты «Наша Доля. Першая белоруская газэта для вёсковаго і местоваго рабочаго народу. Выходзіць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» – штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, першая легальная газета на беларускай мове. 

Выдавалася ў Вільні з 1(14) верасня да 1(14) снежня 1906 года. Разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова – лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 000 асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзілі браты Луцкевічы, А. Пашкевіч (Цётка) і іншыя. 

Газета мела рубрыкі: “Дзеянні ўрада”, “Палітычны агляд”, “Жыццё вёскі”, “Жыццё горада”, “Найноўшыя творы беларускай літаратуры”, “Што чуваць на Белай Русі”, “Новыя кнігі”, “З мінулага Беларус” і іншыя.

1908 год. Нарадзіўся Віктар Заўрыеў. 

Беларускі географ, падарожнік, педагог, прафесар, доктар геаграфічных навук, стваральнік і загадчык кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін БДУ. 

Вывучаў Урал, Сібір, Каўказ, Іран, В’етнам, Беларусь. 

Даследчык праблем Палесся, дынамікі палескіх азёр. З  яго імем звязана станаўленне лабараторыі возеразнаўства, кафедраў агульнага землязнаўства, геадэзіі і картаграфіі. Чытаў лекцыі ў розных універсітэтах СССР, Сафійскім, Белградскім, Кракаўскім. 

Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх дысертацый. 

Памёр 14 сакавіка 1976 года.

1937 год. Нарадзіўся Віктар Кухта. 

Беларускі біяхімік. Доктар медыцынскіх навук. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў прафесарам, загадчыкам кафедры біялагічнай хіміі Беларускага медуніверсітэта.

Аўтар і суаўтар манаграфій, падручнікаў для студэнтаў-медыкаў, 215 навуковых прац. Падрыхтаваў 3 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

1947 год. Нарадзіўся Валянцін Яцухна. 

Беларускі географ, ландшафтны эколаг, глебазнавец. 

Працаваў у інстытуце “Белгіпразем”, факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ дацэнтам, загадчыкам лабараторыі экалогіі ландшафтаў. 

Спецыяліст у галіне рацыянальнага выкарыстання, экалагічнай ацэнкі і тэрытарыяльнай арганізацыі аграландшафтаў, прыкладных геаграфічных даследаванняў, планавання землекарыстання, экасістэмных паслуг.

Аўтар больш за 550 навуковых прац. Навуковы эксперт Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем / дэградацыяй зямель.

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ісачоў. 

Беларускі жывапісец, графік.

Прымаў удзел у двух выстаўках ленінградскіх мастакоў авангардных кірункаў (1974, 1975). 

З 1975 года працаваў у класічнай манеры пісьма. Асноўнымі сюжэтамі яго карцін былі міфалагічныя і біблейскія сюжэты. У стылявым кірунку мастак пачаў арыентавацца на традыцыі еўрапейскага акадэмічнага жывапісу сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Пісаў іконы для Рэчыцкай царквы, выканаў роспіс сцен храма ў г. Мазыры.

У лістападзе 1987 года ў Рэчыцы адбылася персанальная выстаўка мастака, якую паглядзела каля 20 000 чалавек. Праз тры дні пасля заканчэння выстаўкі мастак памёр ад сардэчнага прыступу.

Аўтар каля 500 карцін, большасць з якіх былі вывезены за мяжу ў Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль і ЗША.

Памёр 5 снежня 1987 года.

1983 год. Памёр Ціхан Кісялёў. 

Беларускі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Герой Сацыялістычнай Працы.

Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у партыйных органах, першым сакратаром Брэсцкага абкама, старшынёй Савета Міністраў БССР (1959-1978),  намеснікам Старшыні Савета Міністраў СССР (1978-1980), пасля смерці П. Машэрава стаў першым сакратаром ЦК КПБ.

Пад час яго дзейнасці ажыццяўляліся працэсы аднаўлення пасляваеннай эканомікі, будаўніцтва сучасных гігантаў прамысловасці.

Яго імём названы вуліцы ў Мінску, Гомелі. У Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

2001 год. Памерла Аляксандра Данілава. 

Заслужаны архітэктар БССР.

Жыла і працавала ў Віцебску. Сярод асноўных работ у Віцебску: забудова вуліцы Кірава, плошчы Перамогі, цэнтральных і паўднёвых раёнаў, плошчы Тысячагоддзя Віцебска. 

Прымала ўдзел у забудове жылых мікрараёнаў у Наваполацку, Оршы. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка, Наваполацка, Віцебска, Оршы.

 

У Іране адбыўся першы публічны расстрэл удзельніка пратэстаў

У ісламскай рэспубліцы ўжо трэці месяц працягваюцца масавыя пратэсты. І ўпершыню ўлады публічна расстралялі чалавека, які быў асуджаны за траўму ахоўніка нажом.

Як паведамляе SOURCE: NEWS AGENCIES, 23-гадовы Шэкары быў арыштаваны 25 верасня, праз тыдзень пасля таго, як у Іране адбыліся акцыі пратэсту пасля смерці 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымалі нібыта за  тое, што яна не прытрымлівалася абавязковага ў Іране дрэс-кода для жанчын.

Пратэсты і масавыя беспарадкі супраць дзяржаўнага ладу Ірану пачаліся 16 верасня 2022 года, пасля навіны аб гібелі Махсы Аміні, якая была забітая камянямі Павучальным патрулём за “неналежнае нашэнне хіджабу”.

Расстраляны Мохсен Шэкары быў асуджаны за “вядзенне вайны супраць Бога”, а канкрэтна за тое, што нібыта напаў на супрацоўніка службы бяспекі з доўгім нажом і параніў яго ў плячо, а затым дапамагаў перакрыць вуліцу ў цэнтры Тэгерана. 20 лістапада Шэкары атрымаў свой смяротны прысуд, які быў здзейснены неўзабаве пасля таго, як быў падтрыманы Вярхоўным судом краіны.

Апошні смяротны прысуд, які звязаны з пратэстамі, адбыўся ў аўторак, калі пяць чалавек былі асуджаныя на расстрэл нібыта за забойства члена ваенізаванай прыўладнай структуры. Яшчэ 11, у тым ліку трое непаўналетніх атрымалі працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. Іранскія ўлады паабяцалі хутка разглядаць справы, звязаныя з “беспарадкамі”. Так яны апісваюць інцыдэнты, звязаныя з пратэстамі. 

Amnesty International папярэдзіла ў пачатку гэтага месяца, што па меншай меры 28 чалавек могуць сутыкнуцца з расстрэлам у Іране ў сувязі з пратэстамі, заявіўшы, што “улады выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне як інструмент палітычных рэпрэсій, каб спыніць папулярнае паўстанне”.

У мінулым месяцы Савет па правах чалавека ААН прагаласаваў за стварэнне місіі па высвятленні фактаў пераследу ў Іране ўдзельнікаў пратэстаў, але Тэгеран заявіў, што не будзе супрацоўнічаць з ёй з-за яе “палітычнага” характару.

«Уласцівая еўрапейцам абавязковасць не заўсёды ўласцівая нашым усходнім партнёрам», кіраўнік бабруйскага прадпрыемства пра адносіны з новымі пакупнікамі, якімі яно разжылося ва ўмовах санкцыяў

Амаль 90 працэнтаў прадукцыі бабруйскага прадпрыемства «ФанДОК» трапіла пад еўрапейскія санкцыі – фанера, мэблевы шчыт, піламатэрыялы. Да вайны ва Ўкране «ФанДОК» прадаваў сваю прадукцыю ў тры дзясяткі краінаў.

У інтэрв’ю выданню KOMKUR.info генеральны дырэктар «ФанДОКа» Андрэй Парцянкоў кажа, што «даводзіцца перабудоўваць працу з улікам сітуацыі».

Паводле яго, цяпер 50 працэнтаў экспартных паставак накіроўваецца ў Азербайджан і Іран.

«Але, праўда, тут не без нюансаў, шмат чаму даводзіцца вучыцца нанова», – заўважае ён.

«Уласцівая еўрапейцам абавязковасць не заўсёды ўласцівая нашым усходнім партнёрам, – тлумачыць кіраўнік бабруйскага прадпрыемства. – Але і да гэтага паступова прызвычайваемся. Галоўнае, што кліенцкая база ўвесь час павялічваецца. Цяпер вырашаецца пытанне аб адгрузцы фанеры па моры ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Гэта абʼёмы, непараўнальныя з тымі, што пастаўляюцца па чыгунцы. Разавая пастаўка можа даходзіць да 5000 кубаметраў».

Па словах Андрэя Парцянкова, «Фандок» спрабуе замацавацца на расійскім рынку. На яго збіраецца пастаўляць прадукцыю аналагічнай той, якую вырабляла «IKEA», якая сышла з Расіі і Беларусі.

«Што да Кітая, то гэта другі пасля Расіі сусветны вытворца фанеры, і калі ісці туды, то толькі з мэбляй ці піламатэрыяламі. Вядуцца перамовы з Індыяй», – даводзіць ён.

«З улікам роскіду коштаў на кантэйнеры кошт дастаўкі ад завадскіх варот да порта Дурбан у ПАР (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, ММ) можа варʼявацца да 10 да 30 тысяч еўра”, – ілюструе Парцянкоў сытуацыю.

“Таму, – працягвае ён, –  даводзіцца шукаць прыймальныя варыянты сярод перавозчыкаў, што таксама патрабуе намаганняў».

Паводле яго, з еўрапейскіх пакупнікоў прадукцыі «ФанДОка» засталіся кампаніі ў Германіі.

«Раней у нас там быў адзін стратэгічны партнёр, цяпер – тры. Мэбля – адзіны наш прадукт, які не трапіў пад санкцыі. Таму сам лёс прымушае нас паглыбляць перапрацоўку», – адзначае кіраўнік бабруйскага прадпрыемства.

Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну «ФанДОК» прадаваў прадукцыю ў звыш 30 краін.