Сёння ў Мінску быў вынесены прысуд беларускім праваабаронцам – лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, а таксама праваабаронцам і яго паплечнікам Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.
Справа яшчэ аднаго праваабаронцы, Змітра Салаўёва разглядалася завочна. Алесь Бяляцкі атрымаў турэмны тэрмін на 10 гадоў, Стэфановіч – 9 гадоў, Лабковіч сем гадоў калоніі.
Абвінавачаным ставіліся ў віну кантрабанда грашовых сродкаў і фінаансаванне пратэстнай актыўнасці ў 2020 годзе. Ніхто з асуджаных сваёй віны не прызнаў – паведамляюць СМІ.
Ракіроўка прайшла ў Магілёўскіх чынавенскіх адміністрацыях: намеснік старшыні гарвыканкама Ала Галушка сышла ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна, а на яе месца прыйшоў Алег Стэльмашонак з вобласці. Наш жартаўлівы агляд.
Новы мэр Магілёва Аляксандр Студнеў паступова фарміруе сваю каманду. Вось і прышлося Але Галушка пайсці на паніжэнне ў раённую адміністрацыю. А на яе месца даслалі чыноўніка з абласной культуры Алега Стэльмашонка.
Ала Галушка адпрацавала “на галерах” намесніцы мэра 7 гадоў. А нарадзілася яна ў 1973 годзе ў Горках. У 1995 годзе скончыла МДУ імя Куляшова, у 2005 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце РБ. Папрацавала Галушка на розных кіруючых пасадах у ідэалогіі, культуры горада і вобласці, курыравала сацыяльную сферу. Цяпер будзе рабіць тое ж самае ў Кастрычніцкім раёне.
Запомнілася пані Галушка сваім спецыфічным падыходам да рашэння вытворчых пытанняў, які часта называюць “жаночым”. Яе каляжанкі адзначалі яе добразычлівасць і адначасова часам невытлумачальную неабавязковасць, забыўлівасць, зацягванне рашэння самых простых рабочых пытанняў. Яле з іншага боку, яе жаночае абаянне дапамагала ёй разруліваць многія складаныя пытанні, не даводзіць іх да канфліктаў.
Сказалася на яе характары відаць радавое прозвішча. Галушкі ў народнай кулінарыі гэта мяккія смачныя кавалачкі цеста, якія звараны ў кіпні. Таму Ала такая жаноцкая і адначасова гатовая да самых вірлівых выпрабаванняў, яна ж “у кіпені нарадзілася”.
Лінію ўлады Ала Галушка заўжды праводзіла аддана, але ў 2020 годзе напачатку наважвалася нават заступацца за сваіх падначаленых, спрабавала змякчыць будучыя рэпрэсіі ў адносінах да некаторых з іх. З-за гэтага работнікі міліцыі ў тыя часы нават казалі, што сярод магілёўскіх чыноўнікаў аказаўся толькі адзін мужык, ды і той “баба Галушка”.
Алег Стэльмашонак – супрацьлегласць сваёй папярэдніцы. Хаця іх біяграфіі і вельмі падобныя. Алег нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. У 1998 годзе ён таксама скончыў МДУ імя Куляшава (факультэт педагогікі), а ў 2013 годзе – Акадэмію кіравання.
Пачынаў ён сваю працу настаўнікам фізкультуры ў пачатковых класах СШ №32 і запомніўся калегам з самага лепшага боку: малады перспектыўны добразычлівы педагог. Надалей ён займаў самыя розныя кіруючыя пасады: ад дырэктара школы-інтэрната для дзяцей са скаліёзам да намесніка кіраўніка абласнога аддзела адукацыі. Амаль паўсюль былыя калегі пра яго казалі пераважна станоўча.
Перад прызначэннем у гарвыканкам ён працаваў кіраўніком аддзела культуры абласнога выканаўчага камітэта. Вось там за Стэльмашонкам пачалі заўважацца першыя прыкметы зорнай хваробы. Чыноўнік узмужнеў, ён стаў больш патрабавальным і рэзкім.
Магчыма, з гадамі пачало сказвацца ягонае радавое прозвішча. А яно састаўное. Першае частка “стэль” паходзіць ад слова “стэла”, якое сімвалізуе мужчынскую моц, мужнасць. Менавіта таму на магілках воінаў ставяць стэлы, якія нагадваюць фаласы. Другая частка прозвішча ”машонка” кажа за сябе сама. Яна сімвалізуе мужчынскую плоднасць. Ну і па трэцяе, ён і фізіялагічна мужчына. Цяпер магілёўцы маюць намесніка мэра, які тройчы мужчына.
Перастаноўкі ў магілёўскіх чыноўнічых кабінетах ідуць перманентна і збольшага носяць тэхнічны характар. Змены імён на шыльдах кабінетаў мала што мяняюць у працы сістэмы ўлады. І тым не менш, магілёўцы кожным разам спадзяюцца, што хаця б гэты штосьці зменіць да лепшага. Паглядзім, ці зможа “тройчы мужык” узняць ідэалогію, культуру, адукацыю і сацыяльную сферу горада.
Нечаканы прыезд амерыканскага прэзідэнта на сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім у сталіцу Украіны ўзарваў сусветную інфармацыйную прастору. З раніцы 20 лютага ў украінскай інфармацыйнай прасторы пачалі паяўляцца навіны пра магчымы высокі візіт у сталіцу краіны. Агенцтвы здзіўляліся перакрыццю дарог у Кіеве, звязвалі гэта з прыездам прадстаўнікоў ізраільскага парламента, хоць некаторыя журналісты намякалі на самых нечаканых гасцей. А аднымі з першых пра візіт Джо Байдэна ва Украіну паведамілі журналіст і адвакат Марк Фейгін а таксама карэспандэнт Bild Юліян Ропке.
Джым Ла Порта з Rolling Stone са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што прыезду Байдэна папярэднічаў цэлы “масіў планаў” што да яго паездкі ва Украіну. Так, прапрацоўвалася сустрэча Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага на украінска-польскай мяжы, альбо ў Львове.
Аднак, як паведамляецца, Байдэн настойваў на тым, каб ён наведаў менавіта ўкраінскую сталіцу, якая стала сімвалам супраціву расійскаму ўварванню падчас бітвы за Кіеў у першыя тыдні вайны, калі Расія спрабавала захапіць горад.
Сімвалічным таксама з’яўляецца дзень візіта – 20 лютага ва Украіне адзначаецца гадавіна масавага расстрэлу на Майдане – Дзень Нябеснай сотні.
У заяве Белага дома гаворыцца, што Байдэн знаходзіцца ў Кіеве, каб пацвердзіць «непахісную і нязменную прыхільнасць Амерыкі дэмакратыі, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны».
Белы дом заявіў, што Байдэн абвесціць аб чарговай пастаўцы абсталявання ва Украіну, у тым ліку артылерыйскіх боепрыпасаў, бранябойных сістэм і радараў паветранага назірання, і што пазней на гэтым тыдні ён абвесціць аб дадатковых санкцыях супраць кампаній, звязаных з ваеннай машынай Расіі – піша The Guardian.
Дзіцячы садок і планы нешта пачаць і штосьці працягнуць у 2023 годзе – вынікі сходу бабруйскага гарадскога актыву ў гэтую пятніцу.
Пафасныя падвядзенні вынікаў года заўжды патыхаюць савецкім нафталінам і мала цікавяць людзей. Але пад час такіх імпрэзаў агучваюцца і планы на будучыню, якая ў Бабруйска, як высвятляецца, не надта вясёлая.
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2022 года былі падведзены ў Бабруйску. Урачыстая сустрэча з гэтай нагоды адбылася 17 лютага ў палацы мастацтваў і сабрала ўвесь актыў горада на Беразіне, пра што паведаміў bobr.by. Перадавікі былі абазначаны, граматы ўручаны, гімн і песні спеты. Практычны сэнс імпрэзы ў магчымасці прэміравання калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія падалі лепшыя справаздачы начальству.
Нашмат цікавей паглядзець, якія перспектывы чакаюць горад і рэгіён. Пра гэта, хаця і сярод іншага, узгадалі і “губернатар”, і “мэр” горада.
Па словах губернатара Ісачанкі, горад Бабруйск аднесены да тэрыторыі паскоранага развіцця альбо так званых гарадоў “80+”. Але нічога акрамя пабудовы дзіцячага садку, пачатку праектавання шэрагу аб’ектаў ды бягучага рамонту вуліц Чангарскай, Урыцкага, Берагавой і Мінскай не было названа.
Старшыня выканаўчага камітэта горада Бабруйска Ігар Кісель быў больш канкрэтны і назваў “знакавыя праекты”, якія будуць ажыццяўляцца ў Бабруйску ў 2023 годзе.
Ён адзначыў, што бягучы год будзе адзначаны – ўводам дзіцячага садка для 240 месцаў у мікрараёне Кісялевічы, пачаткам будаўніцтва новага хірургічнага корпуса гарадской бальніцы хуткай дапамогі, праектаваннем базы веславання, праектаваннем трэнажорнай залы для гульнявых відаў спорту, працягам рэканструкцыі маставых канструкцый, будаўніцтвам кацельнай на вуліцы Сямёнава.
А яшчэ старшыня гарвыканкама паставіў задачу знайсці больш за 350 мільёнаў інвестыцый для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы.
Калі перавесці з чыноўнічай мовы на чалавечую, то ў Бабруйску будзе шмат планаў, размоў і праектавання, а рэальным з’яўляецца дзіцячы садок, ды яшчэ павольная рэканструкцыя моста праз Беразіну, а таксама магчымы пачатак будаўніцтва кацельнай і хірургічнага корпусу. Дай Божа веры, што пачнуць, бо праз дзесяцігоддзі пакутлівага праектавання новай базы веславання ў Бабруйску mogilev.media ўжо пісалі.
Такім чынам, асноўным знакавым аб’ектам Бабруйска стане ўвод у дзеянне дзіцячага садку. Для 200-от тысячнага горада – гэта правал ці, як мінімум, затрымка ў развіцці, кажуць эксперты.
У апублікаваным рэйтынгу беларускіх гарадоў абласны і тры раённыя цэнтры Магілёўшчыны трапілі ў канец спісу, як самыя дэпрэсіўныя і безініцыятыўныя.
Даследчы “Цэнтр новых ідэй” правёў статыстычны і сацыялагічны аналіз 40 гарадоў Беларусі з усіх рэгіёнаў. Па такіх крытэрыях, як дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця і грамадска-палітычныя практыкі горад Магілёў трапіў на 18-е месца ў спісе. Гэта самы нізкі вынік сярод усіх абласных цэнтраў краіны, перадапошні, Гомель ідзе дзявятым.
Раённыя цэнтры Магілёўшчыны – а ў спіс патрапілі гарады з насельніцтвам больш чым 20 000 чалавек – размясціліся на наступных месцах: Горкі 22-я, Асіповічы 35-я, Бабруйск і Крычаў занялі 28 і 39 месцы з 40.
“У 2023-ым годзе мы сумняваемся, што ідэя “найлепшага горада Беларусі”, вакол якой мы і рабілі гэты рэйтынг раней, працуе. – адзначаюць аўтары даследавання – Ва ўмовах штораз мацнейшых рэпрэсій, эканамічнага спаду, саўдзелу Беларусі ў расійскай вайне супраць Украіны канцэпцыя “найлепшага горада”, хутчэй, ператварылася ў “горад, куды можна перабрацца для лепшага жыцця, калі не хочаш эміграваць”. Гэта балюча для нас як для даследчыкаў і для беларусаў, але, ацэньваючы гэты рэйтынг, кожны з чытачоў мусіць памятаць пра гэты нюанс.”
Найгоршы сярод абласных цэнтраў – Магілёў
Паводле метадалогіі даследавання, найлепшым горадам, “куды можна перабрацца”,выступае горад з найбольш устойлівым, але адначасова дынамічным жыццём. Гэта горад, у якім – зыходзячы з мноства фактараў – людзям прасцей гадаваць дзяцей і зарабляць годныя грошы. Або сюды можна прыехаць, каб здабыць вышэйшую адукацыю.
І пры гэтым тут пры неабходнасці можна лёгка атрымаць сацыяльныя і медыцынскія паслугі. І, вядома, важна быць упэўненым, што ты можаш паўплываць на рашэнні мясцовай улады, ці хаця б мець поўную інфармацыю аб яе дзейнасці.
Складзены рэйтынг паводле крытэрыяў, якія выкарыстоўваюцца для шматлікіх аналагічных рэйтынгаў гарадоў свету. Улічваюцца адкрытыя статыстычныя дадзеныя – напрыклад, для крытэрыя дэмаграфічнай устойлівасці за аснову бярэцца натуральны прырост насельніцтва на тысячу жыхароў і доля людзей, якія перакрочылі прадукцыйны век, ад агульнай колькасці насельніцтва. Крытэрый “годнасць жыцця” ўключае ў сябе: колькасць злачынстваў на тысячу жыхароў, колькасць лекараў на тысячу жыхароў, колькасць студэнтаў дзённай формы навучання на тысячу жыхароў а таксама экспертны рэйтынг славутасцяў. Верагодна, менавіта колькасць студэнтаў вывела Горкі на лепшы вынік сярод усіх раённых цэнтраў вобласці.
Першыя тры месцы ў агульным рэйтынгу чакана занялі Мінск, Гродна і Брэст. Магілёў разам з Віцебскам і Гомелем патрапіў у кампанію “абласных цэнтраў, якія адстаюць.
“Сярод абласных “уломкаў” традыцыйна вылучаюцца Гомель, Віцебск і Магілёў. – гаворыцца ў даследаванні – Калі зірнуць на дадзеныя, то гэтыя тры гарады мала дзе абганяюць нават некаторыя раённыя цэнтры ў плане заробкаў ды прыросту насельніцтва. Падобная сітуацыя назіраецца з інвестыцыямі ў асноўны капітал. Трэнд, вызначаны ў развіцці гэтых гарадоў у мінулым рэйтынгу, не змяніўся, і для пералому сітуацыі неабходная зусім іншая гарадская і рэспубліканская палітыка развіцця.”
“Усходняя бездань”
Разам з некаторымі гарадамі Віцебшчыны і Гомельшчыны, Горкі, Асіповічы і Крычаў былі ўключаныя ў дэпрэсіўную катэгорыю “Усходняя бездань”.
“Як і ў выпадку з адсталымі абласнымі цэнтрамі, дно нашага рэйтынга амаль прабілі раённыя цэнтры, якія знаходзяцца на ўсходзе Беларусі. – адзначаюць даследчыкі – Гэтыя гарады вельмі розныя, напрыклад, у Рэчыцы (за кошт нафты) і ў Оршы (як у буйным транспартным вузле) сярэдні заробак вышэйшы, чым у большасці раённых цэнтраў. Адначасова гэтыя гарады знаходзяцца моцна ніжэй паводле якасці жыцця: праблемы з адукацыяй і лекарамі, слабая грамадская актыўнасць. Усход Беларусі па-ранейшаму застаецца рэгіёнам, якому патрэбная дадатковая дапамога, каб забяспечыць прывабны ўзровень жыцця.”
Жыхары вёскі Вялікая Камароўка, што знаходзіцца ў Шклоўскім раёне, не змаглі адстаяць сваю сажалку.
Штучны вадаём быў злучаны з бліжэйшай рачулкай для зарыблення, аднак размешчаны ён – на сельскагаспадарчых землях філіяла РУП “Магілёўаблгаз” СП “Газавік-Сіпакава”.
На нядаўна праведзеным сельскім сходзе жыхароў вёскі Вялікая Камароўка з прадстаўнікамі ўлады было прынята рашэнне аб ліквідацыі самавольна выкапанай сажалкі – піша раённая газета “Ударны фронт”.
Яшчэ ў 2021 годзе дзеянні сялян былі прызнаныя незаконнымі, спецыялістамі райінспекцыі Мінпрыроды вынесена папярэджанне. Тады працы былі спыненыя. Але ў 2022 годзе, нягледзячы на забарону, мясцовыя жыхары працы аднавілі. Са сваімі просьбамі захаваць сажалку мясцовыя жыхары дагрукаліся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама, але і на прыёме ў губернатара ім было адмоўлена ў захаванні вадаёма.
На сельскім сходзе сяльчанам было даведзена, што ў 2023 годзе “Белводгас” завершыць работы па праектаванні аб’екта “Асушэнне высокаўрадлівых зямель у суседняй вёсцы Літоўск, на землях СП “Газавік-Сіпакава”. Праектам прадугледжваецца будаўніцтва магістральнага меліяратыўнага канала, які будзе праходзіць праз самавольную сажалку.
Акрамя таго, сяльчанам паведамілі, што іх самавольныя дзеянні па ўзвядзенні сажалкі на чужым зямельным участку з’яўляюцца парушэннем зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства і, паколькі, яны незаконныя, то прыводзяць да адміністрацыйнай адказнасці. Штрафаў, аднак, не вынесена, але жыхарам давядзецца аднавіць ранейшы выгляд самавольна занятага ўчастка прадпрыемства СП «Газавік-Сіпакава» і ліквідаваць сажалку.
З пачатку гэтага стагоддзя амаль кожны год чыноўнікі радуюць жыхароў радаснай навіной пра хуткі пачатак будаўніцтва базы веславання і іншых спартыўных аб’ектаў.
Вось і ў новым 2023 годзе кіраўнік аддзела спорту і турызму абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Новікаў парадаваў светлымі перспектывамі будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў жыхароў Магілёўшчыны. Патрапіла ў спіс і шматпакутная бабруйская база веславання. Што праўда, а што летуценне – добра бачна на яе прыкладзе.
Што плануюць чыноўнікі ў 2023 годзе
У Магілёўскім рэгіёне сёлета пачнуць распрацоўваць праекты будаўніцтва трох новых басейнаў: у Кіраўску, Круглым і Слаўгарадзе. Акрамя таго, у гэтым годзе будзе завершана абсталяванне басейна ў Хоцімску – паабяцаў Новікаў.
У чарговы раз чыноўнік паабяцаў таксама і распрацоўку дакументацыі будаўніцтва сучаснага комплекаў бабруйскай базы па веславанню і фітнэс-цэнтру.
Чакае абнаўлення і стайня цэнтра Алімпійскага рэзерву для коннага спорту і сучаснага пяціборства. Тут адбудзецца рэканструкцыя памяшканняў для ўтрымання коняў.
Акрамя таго, у Магілёве ў гэтым годзе пройдзе рэканструкцыя ў зале мастацкай гімнастыкі.
Як варта чытаць падобныя абяцанні чыноўнікаў.
Кідаецца ў вочы маламаштабнасць і малалікасць новых спартыўных будоўляў. Да таго ж, з усіх абяцаных для вобласці аб’ектаў, рэальна працы ўжо ідуць толькі ў Палацы гімнастыкі ў Магілёве. Там толькі што былі перанесены тэрміны адкрыцця новага басейна, пра што пісалі mogilev.media. Усё астатняе – выглядае як пражэкты.
Чытаючы інтэрв’ю чыноўнікаў трэба разумець, што яны абавязаны паказваць станоўчую дынаміку ў развіцці той галіны, за якую яны адказваюць. Таму яны вельмі часта вымушаны паказваць не рэальныя дасягненні, а запланаваныя. Апошнімі гадамі яны, каб напрасткі не трапляцца на хлусні, часцей пішуць пра распрацоўку праектаў ці нават проста дакументацыі пэўных аб’ектаў і ствараюць у жыхароў вобласці ўражанне руху наперад. А ў рэальнасці праекты распрацоўваюцца шмат гадоў і часцяком увогуле не рэалізуюцца. Характэрны прыкад – бабруйская база веславання.
База веславання ў Бабруйску – бег па коле абяцанняў.
Пра праекты мінулага стагоддзя па развіццю веславання ў горадзе не варта згадваць у кароткім артыкуле, але дастаткова сказаць, што ўжо з 2005 года аб’ект знаходзіцца пад кантролем у адміністрацыі прэзідэнта. Упершыню размовы пра будаўніцтва базы веславання ў Бабруйску набылі канкрэтыку ў красавіку 2010 года.
А ў сакавіку 2013 года прадстаўнікі выканаўчага камітэта горада Бабруйска пазнаёміліся з праектам базы веславання, якую пабудавалі ў Гомелі. У цэлым праект іх задаволіў, і яго пачалі абмяркоўваць з дызайнерамі. Засмучалі толькі адсутнасць трэнажорнай залы і пытанні пра выдаткі на будаўніцтва.
Сама база ўяўляла сабой двухпавярховы будынак з гарышчам і трыма элінгамі. У той жа час яго будаўніцтва каштавала 20 мільярдаў рублёў, што адпавядала выдаткам на рэканструкцыю Бабрускага раддому.
У 2013 годзе праект быў адпраўлены на экспертызу і быў ужо заснаваны на праекце дзвюх існуючых баз веславання ў Жлобіне і Мазыры, як больш эканамічных. У чэрвені 2014 года Венгрыя была гатовая вылучыць крэдыт для Бабруйска на будаўніцтва базы веславання.
Новую базу веславання планавалася размясціць на вуліцы Талстога ў раёне санаторыя імя Леніна. Пляцоўка – выдатная. Прастора, пад’езд, спуск да вады. На праекце база выглядала як сціплы палац. Тут прадугледжана ўсё толькі самае неабходнае – гардэроб, залы агульнафізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі, элінгі для захоўвання лодак і памяшканне для іх рамонту. А таксама пакой адпачынку, трэнерскія і масажныя кабінеты, пяць раздзявальняў з цывілізаванымі шафамі і душавымі кабінамі.
У 2015 годзе дызайн і ацэнка дакументацыі базы былі гатовая, але канкурэнцыю яму складала будаўніцтва падобнай базы ў Магілёве. У выніку барацьбы двух гарадоў за новую базу, яна не была завершана ў Магілёве (перапрафілявана ў ФАК на Фаціна) і не пабудавана ў Бабруйску.
У 2021 годзе ўсё паўтарылася амаль па таму ж сцэнару, што было ў 2013 годзе. У выніку была паабяцана будоўля ў 2022-2023 гадах.
І вось у 2023 годзе зноў ідуць размовы пра распрацоўку праекту базы.
Высновы.
Беларускія чыноўнікі ўмеюць планаваць будаўніцтва амбітных праектаў і распрацоўваць іх праекты дзесяцігоддзямі.
Трэба ўлічваць, што функцыянеры распрацоўваюць праекты не толькі для ўтварэння прыгожай карцінкі развіцця спартыўнай базы вобласці. На праектах можна добра зарабляць. Справа ў тым, што калі на працягу трох гадоў распрацаваны праект не здзяйсняецца, то трэба прымаць новы праект і адпаведна выдаткоўваць грошы на гэта. А праектны складнік у агульным кошце любога беларускага аб’екта самы высокі ў Еўропе. Можа быць ён і самы высокі ў свеце, але дакладных дадзеных па ўсіх краінах проста няма.
Вось так прыманне амбіцыйных, але не падмацаваных фінансамі праектаў, такіх як база веславання ў Бабруйску, стварае карцінку клопату пра спорт і здароўе грамадзян, а насамрэч марнуе як народныя грошы, так і энергію людзей.
Афіцыйныя лічбы ў разы адрозніваюцца ад дадзеных ААН, забеспячэнне ўкраінскіх бежанцаў горшае, чым тых, хто атакаваў польскую мяжу.
Вярхоўны камісар па справах бежанцаў ААН Філіпа Грандзі 12 студзеня 2023 года падзякаваў Беларусь за падтрымку, што аказваецца бежанцам з Украіны, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў, піша Спутнік.
У матэрыяле прыводзяцца лічбы, згодна з якімі з лютага 2022 года ў Беларусь, паводле статыстыкі Дзяржпагранкамітета, прыбылі звыш 75 тысяч грамадзян Украіны.
200 000, 70 000 ці 17 000? Ці 7 000?
Але гэтыя лічбы ніяк не суадносяцца з дадзенымі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў па стане на 6 снежня 2022 года – ААН кажа толькі аб 17 260 бежанцах, якія прыбылі ў Беларусь (дадзеных аб колькасці выбыўшых няма), гэта амаль у 5 разоў ніжэй за дадзеныя памежных служб Беларусі.
Пры гэтымМУС Беларусі ўстанавіла размеркавальныя квоты рэгістрацыі хадайніцтваў на 2023 год агульнай колькасцю 2 500. Адпаведная пастанова ведамства №305 ад 21 снежня 2022 года афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Размяркоўваюцца квоты наступным чынам:
Віцебская і Гомельская вобласці – па 500 чалавек;
Брэсцкая і Гродзенская вобласці – па 380 чалавек;
Мінская – 350 чалавек;
Магілёўская – 390 чалавек.
Вось гэтыя лічбы ўжо стасуюцца з дадзенымі ААН.
Нагадаем, што 18 сакавіка 2022 года, А. Лукашэнка агучыў агульную колькасць украінскіх бежанцаў, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі. Паводле яго слоў, пачынаючы з узброенага канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе “ў краіну ўехала больш за 200 тысяч украінцаў” – паведамляла БелТА.
Лукашэнка пракаментаваў гэты факт наступным чынам: «Нехта лічыць 170-180 тысяч, нехта — 200 тысяч. Але ў гэтых межах. Адзінкі пасля гэтага з’ехалі. Цяпер назад вярнуліся».
Па дадзеных апошніх перапісаў насельніцтва Беларусі 2019 і 2009 года, доля ўкраінцаў застаецца нязменнай на адзнацы 1,7% ад агульнай колькасці жыхароў краіны: у 2009 годзе пражывала 158 723, у 2019 годзе –159 656 (для параўнання: у 1999 годзе – 237 014).
Эксперты сцвярджаюць, што дадзеныя перапісаў цалкам абвяргаюць дадзеныя А. Лукашэнкі аб уездзе 170-200 тысяч украінцаў з 2014 года. Калі ў такой колькасці яны і заязджалі, што мала верагодна, то тут жа ў сваёй большасці яны з’ехалі ў іншыя краіны.
У верасні 2014 года СМІ пісалі аб прыбыцці ў Беларусь “больш за 25 тысяч уцекачоў з Украіны”. Адкуль узяліся яшчэ 145-175 тысяч, невядома.
З мэтай вызначэння колькасці ўкраінскіх мігрантаў, Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Рэспубліцы Беларусь у супрацоўніцтве з МУС, агенцтвамі ААН і Беларускім Чырвоным Крыжам запусцілі Матрыцу ўліку перамяшчэнняў – інструмент, які дазваляе збіраць і аналізаваць дадзеныя аб мабільнасці, уразлівасцях і патрэбах мігрантаў, у тым ліку для таго, каб асобы, якія прымаюць рашэнні і рэагуюць на міграцыйныя выклікі, маглі аказваць гэтым групам насельніцтва больш эфектыўную дапамогу.
Паводле апублікаванай справаздачы ААН у Беларусі застаюцца каля 7200 грамадзян Украіны – што ў 30 разоў менш агучаных Лукашэнкай лічбаў – і 1100 грамадзян трэціх краін. У асноўным яны прыязджаюць з Данецкай вобласці, а таксама з Луганскай, Харкаўскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей.
Амаль палова з іх уехала ў Беларусь напрамую з Украіны, 33% з Польшчы, 19% з Расіі і менш за 1% з Літвы і Латвіі.
Большасць украінскіх мігрантаў – мужчыны ад 19 да 39 гадоў. Каля паловы з іх плануе застацца ў Беларусі, у той час як іншая палова мае намер патрапіць у Нямеччыну, Іспанію, Францыю, Польшчу і іншыя краіны ці вярнуцца ў краіны свайго паходжання.
Большасць апытаных украінцаў плануюць пакуль заставацца ў Беларусі – ў асноўным, таму што тут у іх ёсць сваякі і сябры. Пры гэтым кожны трэці хацеў бы вярнуцца на радзіму, калі гэта будзе магчыма і бяспечна.
Восенню 2022 года МУС паведаміла аб выдачы грамадзянства 7,3 тысячы выхадцаў з Украіны. Але працэдура грамадзянства – працяглая і гэта не закранула тых, хто прыбыў у 2022 годзе.
Роўныя правы з беларусамі?
Украінцам, якія прыбылі ў Беларусь, з верасня 2022 года сталі прадастаўляць дадатковыя льготы і пашырылі іх правы. Гэта прадугледжана адпаведным указам.
У новай рэдакцыі выкладзены ўказ ад 30 жніўня 2014 года “Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. “Прадугледжана прадастаўленне названай катэгорыі асоб правоў нароўні з беларускімі грамадзянамі, а менавіта на дашкольную, агульную і спецыяльную адукацыю; атрыманне прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў або на ўмовах аплаты; даступнае медыцынскае абслугоўванне; прызначэнне дапамог на дзяцей і пенсій” – гаворыцца ў паведамленні.
Дакумент вызваляе грамадзян Украіны ад выплаты дзяржпошлін за рэгістрацыю часовага знаходжання, выдачу дазволу на часовае пражыванне, разгляд заявы аб выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне ў рэспубліцы, выдачу біяметрычнага віду на жыхарства.
Усё так. Але, каб здзяйсняць усе астатнія адміністрацыйныя працэдуры неабходна кожны раз выплачваць па ½ базавай велічыні, і гэтыя выдаткі значна вышэйшыя пазначаных ільгот. Уцекачам, калі афармляюць афіцыйна сваё бежанства, даюць толькі дапамогу ў 1 базавую велічыню (32 рублі ў 2022 годзе, 37 – у 2023).
Якія бежанцы лепш?
Самі супрацоўнікі міграцыйных службаў зазначаюць, што такая падтрымка не задавальняе большасць бежанцаў і яны імкнуцца выехаць у іншыя краіны. Бо трэба акрамя харчавання, адзення, аплачваць жыллё, транспарт, камунальныя паслугі, паслугі сувязі.
ДзяржСМІ пішуць, што амаль кожны апытаны мігрант і бежанец атрымаў гуманітарную дапамогу ў Беларусі – у асноўным ад міжнародных арганізацый.
Пры гэтым ўсе бежанцы яшчэ маюць патрэбу ў падтрымцы – фінансавай дапамозе, прадуктах харчавання, сродках гігіены, адзенні, доступу да паслуг аховы здароўя. Міжнародная арганізацыя па міграцыі аказвае гэтыя віды дапамогі, а таксама дапамагае з пражываннем, транспартам і працаўладкаваннем.
Большасць бежанцаў і мігрантаў паведамляюць: дапамога была. Выдалі аднаразова пакет з прадуктамі харчавання: 0,5 кг макарон, 0,7 кг рысу, сушкі, пітную ваду, пачак перапечкаў «Мінскія», намазка на хлеб Namazka, 3 пачкі печыва, рулон туалетнай паперы, сурвэткі, папяровыя ручнікі, шампунь, дэзінфікуючую вадкасць, зубную пасту, зубную шчотку, галеты, слоік 0,3 кг мясных кансерваў.
Цяпер параўнаем, што выдавалі беларускія ўлады на беларуска-польскай мяжы бежанцам з краін Азіі і Афрыкі штодня(!) ў канцы 2021 года: малако, кансервы, хлеб, пюрэ хуткага прыгатавання, салодкае, садавіну. Аб гэтым паведамляў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
Тады было зазначана, што 2 000 бежанцам штодзень дастаўляюць каля 8 т прадуктаў. Гарачае харчаванне – гарбату і кашы – рыхтуюць ваенныя. Валанцёры раздаюць сфарміраваныя загадзя прадуктовыя пакеты: 2 л малака, хлеб, два слоікі мясных кансерваў, два слоікі рыбных кансерваў, пюрэ хуткай падрыхтоўкі, каўбасу, кандытарскія вырабы, садавіну. “Штодня фарміруем каля 4 тон такіх набораў” – казаў Дзмітрый Шаўцоў.
А што ў суседніх краінах?
Параўнаем беларускую дапамогу з дапамогай у суседніх краінах, не вельмі заможных.
У Літве ў 2022 годзе стандартны прадуктовы кошык, што для незаможных літоўцаў, што для бежанцаў з Украіны, складаецца з дзевяці розных прадуктаў: аўсянка хуткага прыгатавання, мясныя і агароднінныя кансервы і кансерваваныя супы, малако, алей, печыва. Дапамогу размяркоўваюць самакіраванні і дзве няўрадавыя арганізацыі: фонд Maisto Bankas і Літоўскі Чырвоны Крыж.
Атрымаць харчовы паёк можна ў 600 пунктах па ўсёй Літве. Дапамогу раздаюць раз на 1-2 месяцы, напрыклад ў другім паўгоддзі 2022 года рэалізовывалася ў чэрвені, жніўні, кастрычніку і снежні.
У Латвіі, напрыклад, у Даўгаўпілсе, бясплатнае гарачае харчаванне бежанцы могуць атрымаць на супавай кухні Сацыяльнай службы, у сталовай Арміі выратавання з панядзелка па пятніцу.
Акрамя таго, у Латвійскім Чырвоным Крыжы можна атрымаць пакеты дапамогі ад ЕС: прадукты харчавання, сродкі гігіены і бытавой хіміі, неабходнае для дзяцей, канцылярскія тавары і іншае.
Улады ў судовым парадку ліквідуюць грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій 1920 – 1980-х гадоў». Вярхоўны суд пачне разглядаць пазоў Мінюста аб гэтым 3 лютага.
Арганізацыя існуе з 1992 году, ставіць сваёй мэтай аказанне прававой, матэрыяльнай, сацыяльна-бытавой і іншай дапамогі пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, займаецца ўшанаваннем памяці ахвяр рэпрэсій і асветніцкай дзейнасцю.
Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году і да канца снежня 2022 года грамадскі сектар Беларусі пазбавіўся самае малае 1 173 некамерцыйных арганізацый – абʼяднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.
Большасць арганізацый закрываюцца рашэннем уладаў. Апошнім часам Mogilev.media паведамлялі пра скасаванне таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Бялізну з штампамі дзяржаўных арганізацый, радыёактыўныя рэчывы і эратычную прадукцыю нельга будзе прадаваць на рынках. І тварог.
Савет міністраў Беларусі прыняў пастанаўленне №964, якое змяняе правілы гандлю – расказваем у якіх сферах будуць новаўвядзенні
Не будзе алкаголя на касах, новыя меню
Згодна пастановы Савета міністраў у крамах з 22 студзеня алкаголь нельга будзе размяшчаць на касах і на гандлёвым абсталяванні, што знаходзіцца побач. Такая забарона не будзе распаўсюджаацца толькі на алкамаркеты, duty free, аўталаўкі, сельскія крамы, крамы плошчай да 400 квадратаў і ўстановы грамадскага харчавання.
Пастанова таксама зацвердзіла новыя правілы да інфармацыі, якая знаходзіцца ў меню ўстановаў грамадскага харчавання. У іх павінна быць дакладна прапісана наступная інфармацыя: найменне, порцыя, кошт за порцыю, краіна паходжання тавара. Пры продажы алкагольных напояў у меню і віннай карце ўстаноў грамадскага харчавання павінны быць указаны найменні алкагольных напояў, краіна іх паходжання, ёмістасць спажывецкай ўпакоўкі і іх кошт, аб’ём і кошт порцыі.
На рынках нельга будзе прадаваць тварог і масла
У пералік забароненых тавараў для продажу на рынках увайшло ажно сорак дзве пазіцыі. Пад забарону трапілі твораг і тварожныя вырабы, масла з каровінага малака, маргарынавая прадукцыя, не расфасаваныя вытворцамі ў адпаведную спажывецкую ўпакоўку. Выключэнне зроблена толькі для фермераў або фізасоб, якія прадаюць прадукцыю ўласнай вытворчасці.
Гэтаксама нельга будзе прадаваць алкаголь, насенне мака, воцат і воцатную кіслату (уключна з растворамі на яе аснове), разрэзанныя дыні і кавуны пры адсутнасці індывідуальнай упакоўкі, вяленае і сыравяленае мяса, рубленыя мясныя паўфабрыкаты, а таксама недаведзеныя да кулінарнай гатоўнасці вырабы з мяса хатняй вытворчасці.
Бялізна са штампамі дзяржаўных арганізацый – усё
Акрамя таго, нельга будзе прадаваць на рынках – выбуховыя, атрутныя і радыёактыўныя рэчывы, скуры жывёлаў без маркіроўкі, канфіскаваныя з абароту тавары, бялізну са штампамі дзяржаўных арганізацый, дзяржаўныя ўзнагароды і ганаровыя знакі, бланкі каштоўных папер і дакументаў з пэўнай ступенню абароны, а таксама каштоўныя металы і камяні, вырабы з іх ва ўсіх відах, гадзіннікі з карпусамі з каштоўных металаў і нават жэмчуг з бурштынам.
Больш за тое, у гандлёвых кропках рынкаў нельга будзе прадаваць бытавую тэхніку, гадзіннікі, фотатавары, тэлефоны, кампутары і аргтэхніку, тытунёвыя вырабы, лекавыя сродкі (як вырабы для медыцынскага прызначэння, так і ветэрынарнага), дзіцячае і спартовае харчаванне, пестыцыды, адзенне з натуральнага футра і скуры, а таксама эратычную прадукцыю.
Толькі чыстыя аўто
Новая пастанова Савета міністраў абавязвае ўладальнікаў камісійных аўтакрамаў аператыўна паведамляць па тэлефоне ў органы ўнутраных спраў аб выпадках выяўлення пры прыёме аўто на камісію відавочных прыкмет змянення ідэнтыфікацыйнага нумара або аб выпадках яго адсутнасці, ці неадпаведнасці прадстаўленым дакументам.
Акрамя таго, у дагаворы аб прыёмцы аўто на камісію давядзецца ўказваць інфармацыю аб адсутнасці звестак аб абмежаванні і забароне на здзяйсненне здзелак з транспартным сродкам, у тым ліку аб тым, што яно нікому не падорана, не прададзена, не закладзена, не перададзена ў арэнду, не арыштавана, а таксама па ёй няма судовых спрэчак і тавар вольны ад любых прэтэнзій з боку трэціх асоб.
Больш падрабязна з новай пастановай Саўміна можна пазнаёміцца на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале