Наступіў купальны сезон, на Магілёўшчыне вызначана 61 месца для купання.

На цёплы перыяд года рашэннямі адміністрацый раёнаў і гарадоў Магілёўскай вобласці вызначана 61 месца адпачынку каля водных аб’ектаў з арганізацыяй купання – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Для параўнання: у 2022 годзе такіх месцаў было 50. 

Сярод дадаткова абсталяваных 11 месцаў адпачынку з арганізацыяй купання значацца наступныя.

Сажалкі ў раёне Брады ў Магілёве, у в. Ольніца Глускага, в. Красуліна Глускага, «Мікалаеўскія сажалкі» Круглянскага, у в.Путнікі Шклоўскага раёнаў, па вуліцы Казлоўскай у г. Асіповічы. Участак прыбярэжнай зоны заліва Дняпро ў раёне магілёўскай вуліцы Фаціна. На Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа Кіраўскага раёна. Палужскае вадасховішча каля в. Дзярновая Краснапольскага раёна. Пляж на р.Бясядзь «Ластаўка» ў раёне вуліцы Берагавой у г.п.Хоцімск. Вадасховішча Рудэя, Чавускі раён.

Па стане на 31 мая дазволы на працу пляжаў падпісаны на 55 зон рэкрэацыі: 6 – у Бялыніцкім раёне, 5 –  у Магілёве, па 4 – у Бабруйску, Горацкім, Быхаўскім, Касцюковіцкім раёнах,  па 3 – у Крычаўскім, Чэрыкаўскім, па 2 –у  Магілёўскім, Глускім,  Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Круглянскім, Мсціслаўскім, Хоцімскім, Шклоўскім, па 1 – у   Бабруйскім, Клічаўскім, Асіповіцкім, Чавускім раёнах. 

У купальны сезон,  з 1 чэрвеня, установамі дзяржсаннагляду ўведзены штотыднёвы адбор пробаў вады з вадаёмаў з мэтай лабараторнага кантролю якасці вады. Інфармацыя аб выніках праведзеных даследаванняў будзе размяшчацца на сайтах цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Мсціславам у возера выпусцілі паўтонны карпа

Было праведзена зарыбленне сажалкі, размешчанай каля вёскі Сапрынавічы Мсціслаўскага раёна.

Для гэтых мэтаў прадпрыемства “Кастрычнік” закупіла 500 кілаграм карпа аднагадовага ўзросту. Зарыбленне ажыццяўлялася спецыяльнай камісіяй, у якую ўвайшлі прадстаўнікі раённай структуры рэспубліканскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”.

Фота: “Святло Кастрычніка”

Пад Шкловам закапаюць самавольную сажалку, за якую некалькі гадоў змагаюцца мясцовыя жыхары

Жыхары вёскі Вялікая Камароўка, што знаходзіцца ў Шклоўскім раёне, не змаглі адстаяць сваю сажалку.

Штучны вадаём быў злучаны з бліжэйшай рачулкай для зарыблення, аднак размешчаны ён – на сельскагаспадарчых землях філіяла РУП “Магілёўаблгаз” СП “Газавік-Сіпакава”. 

На нядаўна праведзеным сельскім сходзе жыхароў вёскі  Вялікая Камароўка з прадстаўнікамі ўлады было прынята рашэнне аб ліквідацыі самавольна выкапанай сажалкі – піша раённая газета “Ударны фронт”.

Яшчэ ў 2021 годзе дзеянні сялян былі прызнаныя незаконнымі, спецыялістамі райінспекцыі Мінпрыроды вынесена папярэджанне. Тады працы былі спыненыя. Але ў 2022 годзе, нягледзячы на забарону, мясцовыя жыхары працы аднавілі. Са сваімі просьбамі захаваць сажалку мясцовыя жыхары дагрукаліся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама, але і на прыёме ў губернатара ім было адмоўлена ў захаванні вадаёма.

На сельскім сходзе сяльчанам было даведзена, што ў 2023 годзе “Белводгас” завершыць работы па праектаванні аб’екта “Асушэнне высокаўрадлівых зямель у суседняй вёсцы Літоўск, на землях СП “Газавік-Сіпакава”. Праектам прадугледжваецца будаўніцтва магістральнага меліяратыўнага канала, які будзе праходзіць праз самавольную сажалку.

Акрамя таго, сяльчанам паведамілі, што іх самавольныя дзеянні па ўзвядзенні сажалкі на чужым зямельным участку з’яўляюцца парушэннем зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства і, паколькі, яны незаконныя, то прыводзяць да адміністрацыйнай адказнасці. Штрафаў, аднак, не вынесена, але жыхарам давядзецца аднавіць ранейшы выгляд самавольна занятага ўчастка прадпрыемства СП «Газавік-Сіпакава» і ліквідаваць сажалку.

Фота ілюстрацыйнае.