Новы землятрус у Турцыі

У Турцыі 7 лютага адбыўся новы землятрус магнітудай 5,6 балаў. Пагроза цунамі на міжземнаморскім узбярэжжы пры гэтым адсутнічае.

Ахвярамі ўчорашняга стыхійнага бедства ў Турцыі сталі 3 381 чалавек, колькасць параненых 20 426, у Сірыі адпаведна загінула больш за 1300, паранена звыш 1 400. У Турцыі больш за 7 300 чалавек выратаваны з-пад завалаў у ходзе пошукава-выратавальных работ, якія працягваюцца ўжо больш за суткі – інфармуе БЕЛТА. Гэта не канчатковыя дадзеныя, паводле экспертаў канчатковая лічба ахвяр можа вырасці ў разы.

У сірыйскіх правінцыях Алепа, Ідліб, Латакія і Хама дзясяткі людзей пакуль застаюцца пад заваламі, бо выратавальным работам перашкаджае штармавое надвор’е і праліўны дождж. На поўначы краіны спынены чыгуначныя зносіны. Мясцовыя ўлады называюць сітуацыю, якая склалася ў краіне, гуманітарнай катастрофай.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган назваў учорашні землятрус найбуйнейшым стыхійным бедствам для краіны  з 1939 года. Тады землятрус забраў жыцці 17 500 чалавек. У Турцыі аб’яўлена агульнанацыянальная жалоба да 12 лютага.

Сотні загінулых і параненых у выніку моцнага землятруса ў Турцыі і Сірыі

Ратавальнікі шукаюць тых, хто выжыў пад абломкамі разбураных будынкаў у многіх гарадах у Турцыі і Сірыі.

Уранні 6 лютага магутны землятрус магнітудай 7,8 ускалыхнуў поўдзень Турцыі і поўнач Сірыі. Землятрус адчуваўся нават у егіпецкім Каіры, на тэрыторыі Ізраіля, у Грэцыі, Іраку, Румыніі і Грузіі – паведамляе The Times of Israel.

Разбураны дзясяткі будынкаў па ўсім рэгіёне. Па папярэдніх дадзеных больш за 360 чалавек загінулі і многія сотні параненыя. Чакаецца, што колькасць ахвяр узрасце. 

Ратавальнікі і мясцовыя жыхары працягваюць пошукі тых, хто выжыў пад абломкамі разбураных будынкаў у некалькіх гарадах па абодва бакі мяжы, прабіраючыся праз нагрувашчванні металу і кавалкі бетону.

На дадзены момант ад землятрусу магнітудай 7,7 бала загінула як мінімум 912 чалавек, параненых каля 5385. Гэтыя лічбы істотна павялічацца пасля разбору ўсіх завалаў. На поўдні Турцыі не засталося неразбураных дамоў. 

Абноўлена: Новы яшчэ больш магутны землятрус магнітудай 7,8 бала зафіксаваны ў цэнтральнай частцы Турцыі ў 13:24.

У Турцыі навукоўцы заклікаюць мясцовыя улады неадкладна праверыць плаціны рэгіёну на наяўнасць расколін, каб прадухіліць патэнцыйна катастрафічныя паводкі. У Ізраілі затрыманы рэйсы з аэрапорта Бэн-Гурыён у Стамбул.

На “Магатэксе” жанчыне заціснула руку ў сушыльны станок

Ратавальнікам прыйшлося пры дапамозе спецыяльных інструментаў дэблакаваць руку работніцы прадпрыемства “Магатэкс” 1991 года нараджэння – паведамляе прэс-служба МНС. Руку жанчыне заціснула ў аддзелачным цэху, у станку сушыльна-шырыльнай стабілізацыйнай машыны. Здарэнне адбылося вечарам 3 лютага. Жанчына шпіталізаваная з траўмамі.

Фота: МНС

Каля Воршы раварыст патрапіў пад цягнік, яму адрэзала ногі

Трагедыя адбылася вечарам 23 студзеня на чыгунцы каля вёскі Пагост Аршанскага раёна. 55-гадовы жыхар горада Барань, які нідзе не працаваў, ляжаў на рэйках побач са сваім веласіпедам – паведамляе БелТА. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён быў цвярозы.

У 19.35 яго пераехаў таварны поезд, які рухаўся па маршруце Баранавічы – Орша – Смаленск. Машыніст заўважыў на пуцях мужчыну, падаў гукавы сігнал, спрабаваў экстрана затармазіць састаў, але сутыкнення пазбегнуць не ўдалося. Мужчына атрымаў смяротныя раненні, у тым ліку цягніком яму адрэзала ногі.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Белы мядзведзь разарваў маці з дзіцём на Алясцы

У самым заходнім населеным пункце ЗША Уэльсе, побач з Палярным кругам у штаце Аляска, белы мядзведзь накінуўся на 24-гадовую Самер Міёмікі яе гадавалага сына Клайда Онгтаварука – паведамляе Metro. 

Жанчына з-за моцнай завеі не бачыла драпежніка, які непрыкметна падышоў практычна ўпрытык да людзей і напаў на ахвяр за 100 метраў ад мясцовай школы. Дзеці, якія знаходзіліся ўнутры будынка, сталі сведкамі нападзення.

ахвяры – маці Самер Міёмікі  і яе сын Клайд Онгтаварук

Адміністратару школы цудам удалося зачыніць дзверы школы за некалькі секунд да таго, як жывёла паспрабавала пракрасціся ў памяшканне.

Відавочцы трагедыі спрабавалі адпудзіць мядзведзя рыдлёўкамі і клікалі на дапамогу. На іх крыкі прыбег мужчына са стрэльбай з суседніх дамоў і застрэліў драпежніка, які раздзіраў ахвяр.

Навукоўцы ў апошні час канстатуюць павялічэнне колькасці канфліктных сітуацый паміж мядзведзямі і чалавекам на фоне скарачэння харчовай базы жывёл.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Невядомыя напалі на магілёўскі касцёл святога Станіслава – што вядома

Як паведамляе партал Каталіцкага касцёла на Беларусі catholic.by у ноч з 19 на 20 студзеня быў здзейснены акт вандалізму супраць адной з галоўных каталіцкіх святынь у краіне. Невядомымі былі пабітыя вокны катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве.

Былі пашкоджаныя вокны прэзбітэрыя, таксама разбітыя наскрозь шыбы капліцы Маці Божай Бялыніцкай і святога Антонія Падуанскага, у тым ліку пашкоджаныя вокны памяшканняў, дзе адбываюцца сустрэчы Легіёна Марыі і групы АА. Разбітыя вокны падвальных памяшканняў пад капліцай Маці Божай Бялыніцкай.

Парафія звярнулася з адпаведнай заявай у РАУС Ленінскага раёна горада Магілёва для расследвання акта вандалізму і прыцягнення да адказнасці невядомых зламыснікаў, якія яго ўчынілі.

“Хрысціянская візія” звяртае ўвагу на тое, што за апошнія гады выпадкі вындалізму супраць каталіцкіх храмаў пачасціліся. У красавіку 2021 г. невядомыя праніклі ў касцёл у Навалукомлі і напісалі зняважлівыя словы на сценах прэзбітэрыя. Гэта быў адзіны выпадак, калі вінаватыя былі знойдзены. 

У маі 2021 г. невядомыя пералезлі праз агароджу курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і пашкодзілі дамафон, выбілі шыбу ў аўто, перавярнулі кветкі, зламалі ліхтар. У ліпені 2021 г. быў абакрадзены касцёл св. Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Невядомыя праніклі ў будынак і скралі правады электраправодкі і акустычнай сістэмы. Злачынцы не былі знойдзены.

Фота: catholic.by

Магілёўскі дальнабой, экс-баец без правілаў загінуў у Падмаскоўі

Яўген Дваракоў знік у ноч з 7 на 8 снежня пад Нара-Фамінскам. Там, на стаянцы мытні “Сяляціна” знайшлі яго грузавік з усімі дакументамі, асабістымі рэчамі і тэлефонам, а сам кіроўца адсутнічаў. 

У мінулым Яўген Дваракоў трэніраваўся разам са знакамітым магілёўскім байцом Мікітай Варажбітавым і меў дачыненне да каляфутбольнага руху. Цяпер жа працаваў дальнабойшчыкам.

Доўгі час пошукі былі беспаспяховымі. Як аказалася, большасць відэакамер на трасах Маскоўскай вобласці проста не працуюць. Разглядалася нават версія, што атлета маглі затрымаць па мабілізацыі ў расійскае войска – такое цяпер у Расеі здараецца рэгулярна.

Аднак 14 студзеня стала вядома, што хлопец загінуў. Разглядаецца версія забойства. Яўгену было 29 гадоў, ён вёў здаровы лад жыцця, быў жанаты, меў дзіця.

Падзенне верталёта на дзіцячы садок пад Кіевам – загінула кіраўніцтва МУС, а ўсяго 18 чалавек, трое з іх дзеці

Раніцай 18 студзены ў горадзе Бравары пад Кіевам адбылася катастрофа з верталётам міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ён упаў на дзіцячы садок, у якім знаходзіліся выхаванцы і дарослыя. Паводле апошняй інфармацыі ў выніку катастрофы загінулі 9 чалавек, што знаходзіліся ў верталёце, і яшчэ 9 чалавек, якія знаходзіліся на зямлі – трое з іх дзеці. 

У верталёце знаходзіўся міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі, яго першы намеснік і дзяржаўны сакратар службы – паведаміў на сваёй старонцы кіраўнік Нацпаліцыі Украіны Ігар Кліменка.

Дзяніс Манастырскі вяртаўся з Чарнігава, дзе сустракаўся з нацгвардзейцамі, якія праявілі асабістую мужнасць і адвагу пры выкананні воінскага абавязку пры адбіцці і стрымліванні ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі. 

Фота з адкрытых крыніц.

Пілаваў дрэва і забіў чалавека – трагедыя ў Магілёўскім раёне

Неасцярожныя працы па спілоўванні дрэваў у адным з лясных масіваў Магілёўскага раёна 36-гадовы мясцовы жыхар ажыццяўляў у кастрычніку 2022 года – паведамляе “Прыдняпроўская ніва”. 

У выніку ствол спілаванага дрэва ўдарыўся аб зямлю, разламаўся, і адламаны кавалак нанес траўмы іншаму мужчыне, імя якога не называецца. Ад атраманых траўмаў ён сканаў на месцы. За грамадска небяспечныя дзеянні, якія прывялі да смерці іншага чалавека, супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да трох год няволі.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Удар па жылому дому ў Дняпры – 20 ахвяр, ракету не збівалі

14 студзеня расійскія войскі нанеслі авіяцыйны ўдар па тэрыторыі Украіны.

У выніку ракетнай атакі пацярпелі энергетычныя аб’екты ў Харкаўскай, Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Запарожскай, Вінніцкай і Кіеўскай абласцях.

У горадзе Днепр ракета трапіла ў шматпавярховы жылы будынак і разбурыла адзін з пад’ездаў дома. На дадзены момант вядома пра 20 ахвяр, сярод якіх адзін дзіцёнак. Яшчэ 40 чалавек лічацца зніклымі без вестак. На фота – выратаваная непаўналетняя дзяўчынка сядзіць на руінах таго, што калісьці было яе кватэрай.

Фота: hromadske

Камандуючы Паветраных Сіл Узброеных Сіл Украіны генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук, каментуючы ўдар па Дняпры, патлумачыў, што ракета не збівалася украінскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны:

– 14 студзеня 2023 г. з пяці далёкіх бамбавікоў Ту-22м3 ВКС РФ па тэрыторыі Украіны было выпушчана пяць крылатых ракет Х-22. Пускі ажыццяўляліся з Курскай вобласці і з акваторыі Азоўскага мора. Адна з ракет Х-22, запушчаная з раёна Курскай вобласці каля 15 гадзін. 30 мін. 14 студзеня 2023 года, трапіла ў шматпавярховік у г. Дняпро (па вул. Набярэжная Перамогі). Ва Узброеных Сілах Украіны няма агнявых сродкаў, здольных збіваць гэты тып ракет. З пачатку ваеннай агрэсіі Расіі па тэрыторыі Украіны было выпушчана больш за 210 ракет гэтага тыпу. Ні адна – не збітая сродкамі супрацьпаветранай абароны.

У горадзе Днепр абвешчаны трохдзённы траур.

Фота з адкрытых крыніц.