Дзесяцігадовы хлопчык загінуў пад аўтамабілем у Магілёве

Трагедыя адбылася вечарам 24 студзеня. На пешаходным пераходзе на перасячэнні вуліц Крупскай і Грышына ў Магілёве кіроўца аўтамабіля Aura не прапусціў 10-гадовага хлопчыка. Малы практычна завяршыў пераход, калі яго насмерць збіла машына. Праваахоўнікі адзначаюць, што светлафор на пераходзе, магчыма, не працаваў. Супраць кіроўцы, 61-гадовага мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Фота: УУС

Жахлівая аварыя пад Крычавам, загінулі двое

На трасе пад Крычавам адбылося смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне. Паводле папярэдняй інфармацыі кіроўца аўтамабіля МАЗ з цыстэрнай не справіўся з кіраваннем і выехаў на сустрэчную паласу. Там ён у лабавую сутыкнуўся з аўтамабілем Lada. Кіроўца і пасажырка легкавога аўтамабіля загінулі на месцы. Ім было па 42 гады. Яшчэ адна пасажырка, 38-гадовая жанчына, дастаўленая ў шпіталь – піша прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Дзве жанчыны загінулі, сутыкнуліся тры легкавушкі і аўтобус – падрабязнасці аварыі пад Чавусамі

З’явіліся падрабязнасці сур’ёзнай аварыі на трасе паміж Чавусамі і Чэрыкавам, пра якую сёння раніцай пісалі Магілёў медыя. Сёння каля 9:20 на аўтадарозе Р-122 пры выездзе за межы горада Чавусы ў напрамку Чэрыкава, паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца Fiat не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль занесла, ён выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з рэйсавым аўтобусам МАЗ. Кіроўцы аўтамабіляў Toyota і Lada, якія ехалі за “Фіатам”, не паспелі спыніць свае машыны і таксама сталі ўдзельнікамі аварыі.

Дзве жанчыны – кіроўца і пасажыр аўтамабіля Fiat загінулі на месцы – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Фота: ДАІ