Дзень у гісторыі. 16 студзеня. Сусветны дзень “The Beatles”. Расія адабрала землі БССР. Нарадзіліся генерал Рамуальд Траўгут, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў. Памёр скульптар Уладзімір Жбанаў

Сусветны дзень “The Beatles” (World Beatles Day). 

Устаноўлены па рашэнні ЮНЭСКА.

Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў Ліверпулі адкрыўся ў былым бомбасховішчы клуб “The Cavern” (“Пячора”), дзе дэбютаваў музычны калектыў. Самі “бітлы” бяруць адлік гісторыі калектыву з 1956 года, калі Джон Ленан стварыў гурт “Quarrymen”.

9 лютага 1961 года музыкі выйшлі на сцэну клуба пад назвай “The Beatles” (beetle “жук” з намёкам на beat “біт-музыка”). З 19 жніўня 1962 года да самага распаду ансамбля ў 1970 годзе быў нязменны склад: Джон Ленан (рытм гітара, фартэпіяна, вакал), Пол Макартні (бас-гітара, фартэпіяна, вакал), Джордж Харысан (сола-гітара, вакал), Рынга Стар (бубнач, вакал).

Дыскаграфія “The Beatles” уключае ў сябе 13 студыйных альбомаў і 211 песень, якія былі запісаны і выдадзены ў 1963-1970 гадах. На рахунку групы 10 прэстыжных узнагарод “Грэмі” і ў кожнага ўдзельніка па ордэну Брытанскай імперыі.

Пасля распаду групы кожны з музыкаў працягнуў сваю сольную кар’еру. 50 гадоў таму агульны аб’ём продажаў альбомаў “цудоўнай чацвёркі” па ўсім свеце перавысіў мільярд экзэмпляраў.

Джон Ленан у 1980 годзе быў застрэлены музычным фанатам каля ўласнага дома, Джордж Харысан памёр у 2001 годзе ад раку. Пол Макартні і Рынга Стар працягваюць займацца музычнай творчасцю.

“The Beatles” займае першае месца ў спісе найвялікшых выканаўцаў усіх часоў па версіі часопіса “Rolling Stone”.

1593 год. Жыгімонт Ваза склікаў паспалітае рушэнне для здушэння казацкага паўстання. 

Паспалітае рушэнне – усеагульная мабілізацыя, агульная выправа ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памер вайсковай павіннасці вызначала велічыня зямельнага надзелу. Ухвалу аб скліканні рушэння мог прыняць толькі Вальны сойм.

Вялікі князь Ягайла ў сваёй грамаце ад 20 лютага 1387 году засведчыў беспасрэдную повязь тагачаснай назвы паспалітага рушэння з дзяржаўным гербам Пагоня. Тлумачэнні пра рушэнне паспалітае змешчана і ў тэксце Літоўскага статуту.

1708 год. Нарадзіўся Юзаф Станіслаў Сапега. 

Рымска-каталіцкі дзеяч ВКЛ, біскуп.

Хроснік караля Станіслава Ляшчынскага.

Святар з 1732 года. У 1746 годзе выступіў супраць прымусовага адабрання маёмасці праваслаўнай царквы – як рэакцыі на пераследы каталіцтва на захопленай Расіяй Смаленшчыне.

Пасля вялікага пажару ў Вільні ў 1748 годзе стварыў новы план горада, які мусіў перадухіляць падобныя катастрофы ў будучыні.

Валодаў вялікай уласнай бібліятэкай, перапісваў кнігі, даследаваў і ўпарадкоўваў архівы Сапегаў. Фундаваў тэлескоп для Віленскай Акадэміі.

Памёр 4 снежня 1754 года. Пахаваны ў Віленскай кафедры.

1826 год. Нарадзіўся Рамуальд Траўгут. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, генерал.

Служыў у рускай арміі, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. 

Далучыўся да паўстання, у красавіку 1863 году ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад. З кастрычніка 1863 года стаў кіраўніком Нацыянальнага ўраду ў Варшаве, фактычна дыктатарам паўстання. 

Арыштаваны 30 сакавіка, паводле прыгавору ваеннага суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі 5 жніўня 1864 года.

У г. Свіслачы яму пастаўлены помнік.

1829 год. Нарадзіўся Уладзімір Спасовіч. 

Грамадcкі дзеяч, публіцыст, крытык, гуманіст.

Доктар права, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэце. Аўтар «Падручніка крымінальнага права».

Лічыў, што пакаранне не павінна быць помстай і застрашваннем, a выкарыстоўваецца дзяржавай з папераджальнай і выхаваўчай мэтамі. Выступаў супраць цялесных пакаранняў, смяротнай кары.

Патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, заснавання інстытутаў адвакатуры i пракурорскага нагляду, роўнасці ўсіх перад законам, выбарнасці суддзяў – усё тое, што зараз так актуальна для Белаарусі.

Пасля пераходу ў адвакатуру стаў яе «каралём», «першым адвакатам Пецярбурга». Часцей за ўсё выступаў абаронцам па палітычных справах.

Аўтар прац па міжнародным, крымінальным і крымінальнапрацэсуальным праве, гісторыі, мастацтвазнаўстве (суаўтар «Агляду гісторыі славянскіх літаратур»), крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў. 

Яго працы ў 10 тамах былі выдадзены ў 1882-1902 гадах. 

Спасовіч паслужыў правобразам адваката Міці Карамазава ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы». 

Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

Памёр 26 кастрычніка 1906 года ў Варшаве.

1893 год. Памёр Іван Берман. 

Беларускі этнограф і краязнавец, праваслаўны святар. Член Рускага геаграфічнага таварыства.

Служыў святаром у Валожыне, Антопалі, Вільні, выкладчыкам валожынскага прыходскага вучылішча, Марыінскага вышэйшага жаночага вучылішча, Віленскай 2-й гімназіі.

Вывучаў беларускія народныя абрады, прыкметы, вераванні, забабоны; збіраў матэрыялы пра народны каляндар і метэаралогію беларусаў.

Ад заснавання «Віленскага календара» загадваў у выданні царкоўна-рэлігійным раздзелам.

Пахаваны на Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні.

1916 год. Нямецкі фельдмаршал Гіндэнбург сваім загадам надаў беларускай мове статус афіцыйнай. 

Беларуская мова займела раўназначныя правы з іншымі краёвымі мовамі на акупаванай нямецкай арміяй тэрыторыі беларускіх губерняў.

1919 год. Маскоўскія бальшавікі адабралі са складу БССР усходнія землі. 

На 16 дзень пасля абвяшчэння ў Смаленску БССР (ССРБ) ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання з беларускім урадам адлучыла з складу Савецкай Беларусі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні. 

31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расіі прызнаў незалежнасць ССРБ без яе усходніх тэрыторый.

1919 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Алоўнікаў. 

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў, Народны артыст. 

Прафесар, рэктар Беларускай кансерваторыі. Бацька кампазітара Ігара Алоўнікава.

Аўтар кантаты і араторыі, сімфанічных паэм, харавой і камерна-інструментальнай музыкі, песень, балад, рамансаў, музыкі да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Девочка ищет отца», «Улица младшего сына», «Баллада о матери» і іншых.

Асаблівае месца ў яго творчасці займалі песні, якія прынеслі кампазітару шырокую вядомасць. Пачатковы матыў адной з іх – «Радзіма, мая дарагая» – стаў пазыўнымі Беларускага радыё.

Памёр 31 ліпеня 1996 года.

1940 год. Нарадзіўся Іван Лагвіновіч. 

Беларускі паэт.

Першы верш напісаў у 3-м класе. Калі працаваў шахцёрам на Данбасе, пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, у Беларусі толькі па-беларуску. Аўтар 6 кніг паэзіі.

Некаторыя яго вершы ўвайшлі ў зборнік выбранай беларускай паэзіі «Агледзіны», у альманахі паэзіі брэсцкіх і баранавіцкіх аўтараў, у калектыўны зборнік «Верш на Свабоду», у анталогію выбранай беларускай паэзіі ХХ стагоддзя «Краса і сіла».

Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. Калесніка за кнігу паэзіі «Палыновыя кветкі».

Памёр 29 сакавіка 2011 года.

2012 год. Памёр Уладзімір Жбанаў. 

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Служыў у Афганістане. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур у Мінску (“Дзяўчына на лаўцы”, шырока вядомыя “Курыльшчык”, “Дзяўчынка з парасонам”, “Фатограф”, “Экіпаж”, “Дойлід”), Магілёве – “Дама з сабачкам”, “Астролаг (Зорнік)” – Бабруйску, Лідзе, Віцебску, Гомеле, Светлагорску, Глыбокім, Маладзечне, Дзюсельдорфе, украінскім Паўлаградзе («Паручнік Ржэўскі») і іншыя.