Адлігай на Магілёўшчыне адрэзала дзве вёскі, жыхарам прапануюць перасяліцца

Жыхарам вёскі Калодліва Ў Касцюковіцкім раёне рэкамендуюць назапасіцца прадуктамі харчавання, медыкаментамі і балонным газам – яна фактычна адрэзаная ад “вялікай зямлі”.

Continue reading “Адлігай на Магілёўшчыне адрэзала дзве вёскі, жыхарам прапануюць перасяліцца”

Бярэзіна ў Бабруйску паднялася вышэй за небяспечна высокую адзнаку

У бліжэйшыя дні на Прыпяці, у ніжнім цячэнні Дняпра, Бярэзіны і Сожа рост узроўняў вады вясновай паводкі захаваецца – паведамляе Белгідрамет. На астатніх рэках ужо адбываецца спад узроўняў вады, у першую чаргу на Заходняй Дзвіне. На прытоку Сожа рацэ Віхра каля г. Мсціслаў вада хутка ўвойдзе ў рэчышча.

Сярод населеных пунктаў Магілёўскай вобласці вада перавышае небяспечна высокую адзнаку толькі ў Бабруйску.

Фота: “Вячэрні Бабруйск”.

Ядзерная зброя ў Беларусі, надзвычайная адліга і скарачэнне насельніцтва ніжэй за мільён – дайджэст мінулага тыдня

Дзве галоўныя тэмы мінулага тыдня – абмеркаванне планаў размяшчэння на Беларусі ядзернай зброі і надзвычайная паводка на рэках рэгіёна ў выніку адлігі.

З-за адлігі на Магілёўшчыне Чэрыкаў адрэзала ад левага берага Сожа, у Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары а ў Крычаве абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча. У дадатак у рэгіён прыходзіў шторм і вярнулася зіма. Затапіла мост пад Мсціславам, а ў Клімавічах прыватны сектар.

Ад непагадзі ў Быхаве легкавушку выкінула на слуп і ледзь не разарвала напалам.

У Магілёве ў парушэнне ахоўных норм перад будынкам музея імя П. Масленікава паставілі вертыкальную паркоўку.

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніуш.

У Санкт-Пецярбургу ўзарвалі прапагандыста Уладлена Татарскага.

На мінулым тыдні статыстычны камітэт абвясціў, што насельніцтва Магілёўскага рэгіёна стала складаць менш за мільён чалавек.

На мінулым тыдні было абвешчана, што культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе стануць Бялынічы.

Пад Асіповічамі выпрабавалі беларускую сістэму залпавага агня “Шквал”.

Украінскія вайскоўцы паказалі, колькі тэхнікі рыхтуецца да контрнаступу. Таксама адзначалася гадавіна вызвалення Бучы.

Смяротная пастка ў ваннай забрала жыцці двух бабруйчанак.

На “Белшыну” і ў тры раёны вобласці прызначылі новых кіраўнікоў.

На Магілёўшчыне пачаўся нераст, які працягнецца да канца мая – нельга лавіць рыбу іначай як з берага на адну вудку, нельга плаваць на лодках.

Толькі каб застацца начаваць з дзяўчынай, хлопец у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў рабаванне.

Магілёў і Бабруйск атрымалі новыя тралейбусы з аўтаномным ходам.

Мсціслаўскія малочнікі вырабілі рэкордную галоўку сыру.

Фота: mogilev.media

Паглядзіце, як разліўся Дняпро – відэа

Чытачы mogilev.media дзеляцца відэа – як уражліва разліўся Днепр. Відэа знята з фацінскага маста.

Відэа дасланае чытачамі mogilev.media

Эксперт растлумачыла, чым небяспечная зімняя адліга для глыбінкі

Падчас зімняй адлігі для рэгіёнаў, дзе няма цэнтралізаванага вадаправода, вялікай праблемай становіцца якасць пітной вады.

Зімняя паводка – падобная той, што склалася на Магілёўшчыне – можа выклікаць непрыемныя наступствы для чалавека. У такі час павялічваецца каламутнасць вады не толькі ў вадаёмах, але і ў крыніцах нецэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння, адбываецца масавае забруджванне вады ў студнях, крыніцах, дробных свідравінах – расказала памочнік урача-гігіеніста Наталля Лаўрэнава выданню “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Ваду забруджваюць бруд і гной з ферм, ачышчальных збудаванняў, са сметнікаў, з гаспадарчых двароў і туалетаў. А таксама ў верхавыя грунтавыя воды паступаюць сцёкі з палёў, з  прысядзібных участкаў, якія змяшчаюць як хімічныя элементы, якія ўваходзяць у склад мінеральных угнаенняў, так і арганічныя забруджванні (той жа гной, змесціва выграбных ям). 

Фільтраванне праз глебу з ападкамі такіх забруджванняў прыводзіць да пагаршэння якасці пітной вады па органалептычных (мутнасць, пах, прысмак), мікрабіялагічных і па санітарна-хімічных паказчыках (па нітратах), што ў сваю чаргу ўплывае на здароўе чалавека.

Фота ілюстрацыйнае

На Галодную Куццю і Вадохрышча адліга, тэмпература да +7°С. Дажджы

Любаты і замілавання ад пацяплення мы, аднак, не адчуем.

18 студзеня, у сераду, перад Вадохрышчам, на большай частцы тэрыторыі Магілёўскай вобласці прагназуецца воблачнае надвор’е з плюсавымі тэмпературамі. 

Тэмпература ноччу  -2 +3°С, удзень +2 +7°С. Але жыхары вобласці не адчуюць любаты і радасці ад гэтага падвышэння тэмпературы, ад адлігі. Будзе вельмі некамфортна – нізкія аблокі, на працягу дня ападкі – мокры снег раніцой і дождж на працягу дня. 

Месцамі туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. З прычыны супрацьстаяння розных барычных сістэм будзе месцамі ўзмацненне ветра. Вецер паўднёва-ўсходні хуткасцю да 10 м/с, месцамі да 11-15 м/с.

Народныя прыкметы

Калі ў гэты дзень мяцеліца, снег або пазёмка – быць ураджаю

Калі снег пагне сукі на дрэвах, будзе добры ўраджай, пчолы стануць добра раіцца

Мала снегу на галінах дрэў – летам ні грыбоў, ні ягад не шукай

Калі ў вадохрышчанскі вечар зоркі блішчаць і гараць, то старыя прадказвалі ўрадлівасць ягнят, тады яны казалі: “Яркі зоркі спародзяць белыя яркі”.

Калі ў гэты дзень будзе мяцеліца – тое ж самае будзе і на Масленіцу

Калі моцныя паўднёвыя вятры – будзе лета навальнічнае.

Калі раніцай ідзе снег, то ўраджай хлеба будзе добры.

На Галодную куццю быў снег – уродзіцца грэчка.

Чыстае неба ў Вадохрышчанскую ноч, быць добраму ўраджаю гароху.

Калі на небасхіле поўны месяц на Вадохрышчанскую куццю – да вялікага разліву рэк.

Калі шмат брэшуць сабакі, то будзе ў лесе шмат дзічыны і звера.

 

19 студзеня, чацвер, захаваецца прыкладна такое ж надвор’е, як і напярэдадні.. “Вадохрышчанскіх марозаў” не будзе. У ноч чакаецца тэмпература да -1   +4°С, днём слупок тэрмометра падымецца да +1  +6°С. На працягу дня пройдзе дождж. Вецер паўднёва-заходні хуткасцю 4-9 м/с, ноччу пры парывах да 14 м/с.

Прыметы на Вадохрышчанскі вечар, Галодную Куццю

На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі : “Трэшчы не трэшчы, прыйшлі вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру”. Маўляў, большых маразоў ужо не будзе.

Прыкметы на Вадохрышча

На Вадохрышча вельмі сцюдзёна – у жніво вельмі горача

Калі воблачнае неба, то хлеб на вясну ўрадзіцца, а яснае – чакаць неўраджайнага года.

Цеплыня, адліга, смуга, снег, іней – спрыяльныя для будучыні ўраджая: “На Вадохрышча дзень цёплы – хлеб будзе цёмны (высокі)”.

Яснае і добрае надвор’е ў дзень прадвесціць засуху і ўраджай гароху, пахмурнае і снежнае – багаты ўраджай, асабліва на грэчку; мяцеліца – пчолы добра будуць раіцца.

Калі неба паўсюль будзе пахмурнае, дык усякаму хлебу род; калі ж толькі на адным усходнім баку – добра ўродзіцца жыта; на заходняй – авёс; на паўднёвай – проса; на паўночнай – грэчка.

“На Вадохрышча снег шматкамі, завіруха – да ўраджаю, ясны дзень – да неўраджаю”.

Аблокі апоўдні – да добрай будучыні ўраджаю. Калі ноч будзе зорнай – урадзяцца гарох і ягады. “На Вадохрышча шмат зорак – чырвоных ягад будзе шмат і чарніц”.

“Хрышчэнне пад поўны месяц – быць вялікай вадзе”

“Калі ў гэты дзень палонка поўная – быць вялікаму разліву рэк”.

20 студзеня, у пятніцу, прагназуецца воблачнае надвор’е, з ападкамі і днём і ноччу – дождж. У асобных раёнах слабы туман і галалёд, на дорогах галаледзіца. Тэмпературныя паказчыкі захаваюцца на ўзроўні 19 студзеня: ад -1  +4°С уноч да +1  +6°С у дзень. Вецер памяняе свой напрамак на паўночна-усходні, усходні. Хуткасць ветра 4-5, месцамі да 7-9 м/с. Месцамі туман.

Студзень 2023 года ў Магілёўскай вобласці – доўгатэрміновы прагноз, народныя прыкметы

У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай –  Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581). 

Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».

Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. 

Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень бо дужа сцюдзёна»).

Іахім фон Зандрарт, Студзень, 1642.

“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.

За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).

У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.

Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.

Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года  -0,9ºС).

Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.

У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады. 

17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС. 

А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.

У студзені менш за ўсё адліг.  Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.

За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.

Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.

Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.

Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі: 

Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.

Народныя прыкметы

Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.

Студзень пагодны – будзе год плодны.

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.

Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

Студзень мяце – ліпень залье.

Снежань прагназуецца мяккім, снежным, пахмурным. Сюрпрызаў не чакаецца

Снежань – першы месяц календарнай зімы і апошні месяц года.

Папярэдні прагноз надвор’я на снежань такі.

Ясныя дні найбольш верагодныя 1, 7, 8, 9, 12 снежня, пераменна ясныя  2, 3, 13, 15, 24, 26, 27 снежня, астатнія 19 дзён – пахмурныя, што укладваецца ў сярэднія паказчыкі месяца

Снежань вуха марозам ірве. 

Зрэдку ў снежні 2022 года начныя тэмпературы апусцяцца да  -9  -10°С, месцамі да -14 -16°С і  гэта верагодна адбудзецца ноччу 2-га, з 5 па 8 снежня. У астатнія дні, галоўным чынам, тэмпературы ў ноч будуць не ніжэй за -5°С, у асобных раёнах вобласці да -7° С.

Дзённыя тэмпературы  ў -4 -8°С чакаюцца з 1 па 8 снежня, у межах -1  -3°С з 14 да 31 снежня, у асобных месцах да 0°С.

Дні з адлігамі прагназуюцца 9-13 снежня і 26-27 снежня. У гэтыя дні чакаюцца мокры снег, снег з дажджом.

11 снежня магчымы ледзяны дождж.

назва месяца снежань у Еўропе, officelife.media

Снежань – месяц самых кароткіх дзён. 22 снежня светлы час сутак у Магілёве працягваеца толькі  7 гадзін 24 хвіліны. 

Снжань яшчэ і самы цёмны, пахмурны месяц – у сярэднім 22 дні без сонца і толькі 3 ясныя. А вось у 1966 годзе ў снежні былі ўсе дні пахмурнымі, а ў 1963 – толькі 12 пахмурных і 19 ясных.

У Магілёве сярэдняя, за шматгадовы перыяд назіранняў, тэмпература снежня -4,9°С, у Бабруйску – 4,2°С. Самая высокая сярэдняя тэмпература снежня адзначана ў Магілёве ў 1960 годзе, калі склала +1,6°С, а мінімальная -12,9°С у 1890 годзе.

Абсалютная максімальная тэмпература снежня ў Магілёве дасягала +10,4° у 1903 годзе, а мінімальная – 33,1° у 1959.

Снежань вочы снегам цешыць. Сярэдняя шматгадовая колькасць ападкаў у Магілёве каля 50 мм максімальная – 112 мм (1935 год), мінімальная – 6 мм (1946 год).

Паўсюдна ўсталёўваецца ўстойлівае снегавое покрыва – у Магілёве 7 снежня, у Бабруйску – 16.

Літаратурныя крыніцы фіксуюць кароткія характэрыстыкі зім Магілёўшчыны ХІХ стагоддзя. 

Зіма 1821/1822 года на Магілёшчыне стаяла на рэдкасць мяккая, з частымі адлігамі.

А незвычайна суровай была зіма 1833/1834 года.

Яшчэ больш халоднай была зіма 1839/1840 гадоў, калі ў некаторых мястэчках загінула да трэці жывёлы.

Зіма 1850/1851 была няўстойлівая. Маразы змяняліся адлігамі.

Незвычайна мяккай і шматснежнай на Магілёўшчыне была зіма 1852/1853 года. Але прыйшла халодная і дажджлівая вясна. Загінулі азімыя. У вёсках губерні “немагчыма было адшукаць кавалка хлеба”.

Зіма 1859/1860 была надзвычай марознай. Халады суправаджаліся моцнымі бурамі і снегападамі, якія прычынілі вялікія бедствы.

Надзвычай суровай была зіма 1870/1871. Са снежня па люты стаялі лютыя маразы. Ад маразоў загінула каля 120 чалавек.

Зіма 1883/1884 была даволі цёплай

Зіма 1890/1891 у Магілёўскай губерні была адзначана як шматснежная і вельмі марозная. Халады аказаліся небывала ўстойлівымі. Такіх працяглых халадоў, як адзначаюць афіцыйныя дакументы, не было з 1813 г. Ураджай азімых поўнасцю загінуў.

Да студзеня 1897 года паўсюдна выпалі моцныя снягі, якія суправаджаліся моцнымі снежнымі бурамі.

У снежні 1899 года здарылася “велізарная тэрмічная анамалія” – небывалыя халады ахапілі тэрыторыю губерні.